Калі Сабо заходзіў у Мартэнвільскую карчму, усе загадзя пачыналі смяяцца. Няўжо ж гэты памаўза Сабо быў такі блазан? Не, проста ён не любіў святароў! От не любіў дык не любіў! Цярпець іх не мог, весялун.
Сабо (Тэадзюль), сталяр, прадстаўнік у Мартэнвілі перадавой партыі, быў высокі хударлявы чалавек з шэрымі ўсмешлівымі вачыма, прылізанымі скронямі і тонкімі вуснамі. Калі ён казаў «Наш найсвяты айцец Попа» і рабіў адпаведны рух, усе падалі ад смеху. Па нядзелях падчас набажэнства ён браўся за работу. У панядзелак вербнага тыдня ён заўсёды калоў свінню і еў крывянку да велікоднай. А кожнага разу, як міма яго ў карчме праходзіў плябан, ён жартам казаў: «Яшчэ адзін глынуў свайго бога за стойкай».
Мажны і высокі плябан баяўся Тэадзюлевых досціпаў, бо яны надавалі таму папулярнасці. Святар Марыцім быў чалавек дабітны і закідваў свае сеткі. Дзесяць гадоў паміж імі цягнулася патаемная, бязлітасная і няспынная вайна. Сабо быў местачковы раднік. Усе лічылі, што ён стане мэрам, а гэта, напэўна, азначала канчатковы заняпад царквы.
Набліжаліся выбары. Мартэнвільскія багамольцы трэсліся. І вось адной раніцы плябан паехаў у Руан, сказаўшы пакаёўцы, што хоча сустрэцца з арцыбіскупам.
Ён вярнуўся праз два дні радасны і задаволены. А назаўтра ўсе ведалі, што царкоўныя хоры будуць аднаўляцца. Арцыбіскуп ахвяраваў шэсцьсот франкаў з свае скарбонкі.
Усе старыя сасновыя лавы ламалі і замянялі новымі з дубовых астрыжонкаў. Гэта быў буйны сталярны заказ, і цэлы вечар у кожнай хаце пра яго толькі і гаварылі.
Тэадзюль Сабо не смяяўся.
Калі на другі дзень ён выйшаў на вуліцу, суседзі — і сябры, і ворагі — жартам пыталіся ў яго:
— Ці не ты будзеш аднаўляць царкоўныя хоры?
Той нічога не мог адказаць і шалеў, ціха шалеў ад злосці.
Хітруны казалі:
— Але ж і добрая праца, можна зарабіць не менш за дзвесце-трыста манет.
Яшчэ праз два дні ўсе ведалі, што работу даручылі Сэлестэну Шамбрэляну, разьбяру з Першвіля. Пасля пайшла пагалоска, што ўсе царкоўныя лавы таксама будуць адноўлены. А гэта каштавала дзве тысячы франкаў, якіх папрасілі ў міністэрства. Народ хваляваўся.
Ад усяго Тэадзюль Сабо не спаў па начах. Ніколі на памяці людзей ніводзін мясцовы сталяр не рабіў гэтакай работы. Неўзабаве сталі шаптацца, што плябану не хочацца аддаваць работу майстру з іншай камуны, але ён усё ж не можа даручыць лавы Сабо за яго погляды.
Сабо даведаўся пра гэта. Шарай гадзінай ён пашыбаваў у плябанію. Пакаёўка адказала, што святар у царкве. Ён пайшоў туды.
Дзве манашкі — зброснелыя векавухі — пад кіраўніцтвам плябана аздаблялі алтар, рыхтавалі яго да траўня, месяца Маці Божай. Святар, выставіўшы вялізны жывот, высіўся на хорах і кіраваў жанчынамі, якія, стоячы на крэслах, раскладалі кветкі вакол дарахавальніцы.
Сабо чуўся тут ніякавата, быццам трапіў да заклятага ворага, але прага спажывы цвяліла яго сэрца. З капялюшыкам у руцэ, не звяртаючы ўвагі на манашак, якія ад здзіўлення разгублена аслупянелі на крэслах, ён падышоў і прамармытаў:
— Дзень добры, пан плябан.
Святар адказаў, не зірнуўшы на яго, заняты алтаром:
— Дзень добры, пан сталяр.
Збянтэжаны Сабо не ведаў, што рабіць далей. Ён памаўчаў і ўсё ж сказаў:
— Рыхтуецеся?
Плябан Марыцім азваўся:
— Ага, неўзабаве месяц Марыі.
Сабо кіўнуў: «Ага, ага» — і змоўк.
Яму ўжо захацелася павярнуцца і моўчкі пайсці, але, зірнуўшы на хоры, ён затрымаўся. Ён убачыў шаснаццаць ніш з разьблёнымі лавамі на замену — шэсць справа і восем злева, бо дзверы ў рызніцу займалі два месцы. Шаснаццаць дубовых лаваў каштавалі за трыста франкаў, а калі б ён вельмі пастараўся, яму б пэўна заплацілі яшчэ дзвесце за спраўную работу.
Ён загугнявіў:
— Я прыйшоў па работу.
Святар быццам здзівіўся. Ён спытаўся:
— Па якую работу?
Сабо разгублена вымавіў:
— Якую трэба зрабіць.
Тут святар павярнуўся і глянуў яму ў вочы:
— Вы хочаце ладзіць хоры ў маёй царкве?
Ад строгасці плябана Марыціма Тэадзюля Сабо пранялі дрыжыкі, і яму вельмі захацелася ўцячы. Але ён рахмана адказаў:
— Але, пане дабрадзею.
Святар склаў рукі на ёмістым бруху і быццам здранцвеў ад здзіўлення:
— І гэта вы... вы... вы, Сабо... просіце мяне. Вы... адзіны бязбожнік у маёй парафіі... Але ж гэта будзе скандал, такі выбухне скандал! Ягамосць арцыбіскуп дасць мне вымову і, можа, нават перавядзе мяне адсюль.
Некалькі хвілін ён растрывожана пыхкаў, а пасля ціха сказаў:
— Я разумею, вам цяжка глядзець, як такую адказную працу будзе выконваць сталяр з суседняй парафіі. Але я не магу зрабіць інакш, прынамсі... ну не... гэта нельга... Вы не дасцё згоды, а без яе — ніколі.
Сабо разглядаў рады лаваў, якія ішлі аж да самых дзвярэй. Чорт, а калі заменяць усё гэта?
І ён спытаўся:
— Што ж вам трэба? Скажыце.
Святар рашуча адказаў:
— Мне трэба ясны доказ вашай дабрамыснасці.
Сабо прашаптаў:
— Я не супраць. Я не супраць, можа, і дамовімся.
Плябан прапанаваў:
— Вы мусіце прылюдна прыняць прычасце на вялікім набажэнстве ў гэтую нядзелю.
Сталяр адчуў, што бялее, і, не адказаўшы, спытаўся:
— А лавы, іх таксама трэба аднаўляць?
Плябан цвёрда адказаў:
— Трэба, але пасля.
Сабо сказаў:
— Я не супраць, не супраць. Я ж не зацяты, я згодны з рэлігіяй, чаму ж, што мне не даспадобы, дык гэта абрад, але ў гэтым выпадку я не буду сваволіць.
Манашкі злезлі з крэслаў і схаваліся за алтаром, яны слухалі, бледныя ад хвалявання.
Бачачы, што сіла на яго баку, святар зрабіўся раптам лагодны і прыязны:
— Добра, вельмі добра. Вось разумныя, неблагія словы, паверце мне. Вы яшчэ самі ўбачыце.
Сабо сціпла ўсміхнуўся і спытаўся:
— Ці нельга трохі адкласці гэтае прычасце?
Але святар зноў спахмурнеў:
— Перад тым, як даверыць вам работу, я хачу пераканацца ў вашым далучэнні.
І мякка дадаў:
— Прыходзьце да споведзі заўтра, бо трэба, каб вы спавядаліся, прынамсі, двойчы.
Сабо перапытаў:
— Двойчы?
— Але.
Святар усміхаўся:
— Вы ж разумееце, што вам патрэбна грунтоўная чыстка, поўнае ачышчэнне. Значыць, буду чакаць вас заўтра.
Вельмі ўсхваляваны сталяр спытаўся:
— А дзе вы робіце гэта?
— У... у спавядальні.
— У... той шафе, там у куце? Ведаеце... усё ў тым, што... ваша шафа не па мне.
— Чаму гэта?
— Таму... таму, што мне гэта нязвычна, і таму, што я глухаваты.
Плябан аказаўся згодлівы:
— Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробім гэта ўдвух, сам-насам. Згода?
— Вось цяпер згода, а ў вашу шафу — нізашто.
— Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.
— Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае — сліняк!
І ён падаў сваю вялікую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.
Пляск падляцеў пад скляпенне і сціхнуў дзесьці высока за арганнымі трубамі.
Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоіўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцілася думка: «Сёння ўвечары мне спавядацца». І яго хісткая душа, душа нясталага атэіста, трэслася перад Божым таінствам.
Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанію. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малітоўнікам у руках. Ён быццам свяціўся і сустрэў яго з прыхільнаю ўсмешкаю:
— А, вось і вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.
Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:
— Калі вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.
Плябан адказаў:
— Калі ласка. Толькі апрану стыхар. Хвілінку, і я вас слухаю.
Сталяр, якому адняло мову ад хвалявання, глядзеў, як святар апранаў белы, у складках, убор. Ён зрабіў сталяру знак рукой:
— Укленчыце на гэту падушачку.
Сабо стаяў, саромеючыся апусціцца на калені. Ён прававуліў:
— Гэта абавязкова?
Але святар стаў урачысты:
— Толькі на каленях можна з'явіцца перад судом пакаяння.
І Сабо ўкленчыў.
Святар сказаў:
— Чытайце «Верую».
Сабо спытаўся:
— Што?
— «Верую». Калі не ведаеце, паўтарайце ўслед за мной кожнае слова.
І ён павольна, нараспеў прачытаў святую малітву, а сталяр слова ў слова паўтарыў яе. Пасля сказаў:
— А цяпер — спавядайцеся.
Але Сабо маўчаў, не ведаючы, з чаго пачаць.
Тады плябан Марыцім вырашыў памагчы яму:
— Сын мой, я буду звяртацца да вас з пытаннямі, бо вы, здаецца, мала што разумееце. Адзін за адным мы разбяром Божыя запаветы. Слухайце і не хвалюйцеся. Адказвайце шчыра і не бойцеся гаварыць шмат.
Толькі Госпада любі
І ўсяёй душой шануй.з
Ці любілі вы каго ці што болей за Бога? Ці ўсёй душой, усім сэрцам, усёй існасцю любілі вы яго?
Сабо ажно ўспацеў ад напругі. Ён адказаў:
— Не. О, не, пан плябан. Я люблю Божаньку, як магу. Што праўда, то праўда, я вельмі яго люблю. Сказаць, што я не люблю сваіх дзетак — не, не скажу. Сцвярджаць, што, калі б мне прыйшлося выбіраць паміж імі і Богам — не, не так. Уявіць, што я мушу страціць сто франкаў за любоў да Бога — нельга. Але ж я пэўна люблю яго, я ўсё-такі люблю яго.
Святар сур'ёзна казаў:
— Любіце яго больш за ўсё.
І Сабо, поўны добрых намераў, абяцаў:
— Буду старацца, айцец.
Марыцім зноў пачаў:
Пана Бога не судзі,
На людзей не злуйся.
Ці лаяліся вы калі-небудзь?
— Не! О, вось гэта — не. Я ніколі, ніколі не лаюся. Часам, калі злуюся, я, канечне, кажу: «Бадай цябе!» А ўвогуле я зусім не лаюся.
Святар крыкнуў:
— Дык гэта ж і ёсць лаянка! — і важка: — Не кажыце так больш. Далей:
Усе нядзелі ты, глядзі,
Сэрцам Госпаду слугуй.
Чым вы займаецеся па нядзелях?
На гэты раз Сабо пачухаў патыліцу:
— Дык, я слугую Госпаду як магу, вашэці. Я слугую яму... дома. Я раблю па нядзелях.
Святар велікадушна спыніў яго:
— Веру, што надалей вы будзеце паслухмяны. Прамінаю іншыя запаветы, верачы, што вы не саграшылі супраць іх. Разгледзім шосты і дзевяты. Слухайце:
Дабра чужога не вазьмі,
Хціва яго не вартуй.
Ці прысвойвалі вы якім-небудзь чынам чужое дабро?
Але Тэадзюль Сабо пакрыўдзіўся:
— Ой не! Ай не! Я — сумленны чалавек, айцец. Магу прысягнуць у гэтым. Сказаць, што я ніводнага разу не ўзяў больш за работу з заможных парафіян — не, не скажу. Я не скажу, што, калі рахую, не прыпісваю некалькі сантымаў, усяго пару сантымаў, не, не скажу. Але каб украсці — барані Бог!
Святар строга сказаў:
— Абрабаваць на адзін сантым — ужо крадзеж. Не рабіце так больш.
Паклёп на людзей не ўзвядзі,
Брахуном у жыцці не будзь.
Вы хлусілі?
— Што не, дык не. Я зусім не хлус. Такі ўжо я чалавек. Канешне, сказаць, што я ніколі не блазнаваў — не скажу. Сказаць, што я нікога ніколі не абуў у лапці, калі тое мне было на карысць, — таксама не скажу. Але каб хлусіць — не, я не хлус.
Святар проста сказаў:
— Сцеражыцеся гэтага надалей.
Ён прачытаў:
Жаночай плоці не жадай,
Толькі ў шлюбе яе май.
Ці вы жадалі ці валодалі іншай жанчынай, апроч жонкі?
Сабо шчыра запярэчыў:
— Вось тут — не. Што не — дык не, пан плябан. Здраджваць жонцы? Не! Не! Ні на хвіліну, ні душой, ні целам. Праўда.
Ён крыху памаўчаў, пасля цішэй, быццам у паняверцы, сказаў:
— Калі я бываю ў горадзе, сказаць, што я ніколі не завітаю ў дом, самі ведаеце, у дом распусты, каб пасмяяцца, ну, трохі пагуляць і паласавацца нечым іншым — не, не скажу. Але я плачу, пан плябан, заўсёды плачу, а як толькі грошы даў — ад мяне і след прапаў. І свет не чуў, і людзі не бачылі.
Святар больш не распытваў і адпусціў грахі.
Тэадзюль Сабо ладзіць хоры і прычашчаецца штомесяц.
Пераклад: Сяргей Мурашка