Горны гатэль

Падобны да ўсіх драўляных гатэльчыкаў, якіх шмат параскідана ў Верхніх Альпах, каля падножжа ледавікоў, у скалістых і голых калідорах між белых горных вяршыняў, гатэль Шварэнбах дае прытулак вандроўнікам, што перапраўляюцца цераз перавал Жэмі.

Шэсць месяцаў ён застаецца адчынены, у ім жыве сям'я Жана Хаўзэра, а пасля, калі навальвае столькі снегу, што ён забівае лагчыну і цалкам перакрывае спуск у Лёэш, Хаўзэры — жанчыны, бацька і тры сыны — адыходзяць, пакінуўшы сцерагчы будынак старога правадніка Гаспара Хары, маладога Ульрыха Кюнсі і Сэма, вялізнага горнага сабаку.

Два мужчыны і сабака застаюцца да вясны ў гэтай снежнай турме, маючы перад вачыма адно вялізны белы схіл Бальмхорна. З усіх бакоў іх акаляюць бледныя зіхатлівыя вяршыні, скаваныя, заваленыя, пахаваныя пад снегам, што грувасціцца вакол іх, ахутвае, душыць, расціскае маленькі дамок, навальваецца на дах, даходзіць аж да вокнаў і заносіць дзверы.

Таго дня сям'я Хаўзэраў збіралася вярнуцца ў Лёэш, бо набліжалася зіма і спуск рабіўся небяспечны.

Паперадзе тры сыны вялі трох мулаў, нагружаных розным ладункам. Маці, Жана Хаўзэр, і дачка Луіза селі на чацвёртага мула і таксама рушылі ў дарогу.

За імі ішоў бацька, а з ім разам абодва вартаўнікі, што павінны былі правесці сям'ю да месца, дзе пачынаецца спуск.

Спачатку яны ішлі берагам невялічкага, замерзлага ўжо возера, якое ляжала на дне вялізнай западзіны між скалаў, што распасцерлася перад гатэлем. Пасля яны выйшлі ў белую, як прасціна, лагчыну, над якой узвышаліся з усіх старон снежныя вяршыні.

Сонечныя промні шчодра ліліся на гэтую зіхатлівую застылую белую пустэльню, запальвалі яе асляпляльным і халодным полымем. Здавалася, што ў гэтым снежным акіяне не было ніякіх знакаў жыцця, у гэтай непамернай адзіноце не было ніводнага руху, ніводны гук не парушаў глыбокае цішы.

Малады праваднік Ульрых Кюнсі, высокі даўганогі швейцарац, пакінуў ззаду Хаўзэра-бацьку і старога Гаспара Хары і дагнаў мула, на якім сядзелі жанчыны.

Маладзейшая глядзела, як ён набліжаецца, і, здаецца, клікала яго сумным позіркам. Гэта была маленькая бялявая дзяўчына з бледнымі шчокамі і валасамі, нібы пабляклымі ад доўгага жыцця сярод ільдоў.

Дагнаўшы мула, ён паклаў руку яму на крыж і сцішыў хаду. Пані Хаўзэр пачала з ім размаўляць, пералічваючы да апошняе дробязі ўсе інструкцыі, што датычыліся зімавання. Ён заставаўся наверсе ўпершыню, а стары Хары перазімаваў ужо чатырнаццаць разоў пад снегам у гатэлі Шварэнбах.

Ульрых слухаў, але нічога не разумеў і толькі неадчэпна глядзеў на дзяўчыну. Часам ён адказваў: «Так, пані Хаўзэр». Але думкі яго былі недзе далёка, і яго спакойны твар заставаўся безуважны.

Яны падышлі да возера Доб. Вялізная лядовая роўнядзь распасціралася перад імі на дне лагчыны. Справа ўзнімаліся ўгору чорныя спічастыя скалы Добэрхорна, а побач з імі — вялізныя зломкі Лёмэрнскага ледавіка з велічным Вільдструбэлем.

Калі яны наблізіліся да перавалу Жэмі, дзе пачынаецца спуск у Лёэш, перад імі нечакана адкрыліся далягляды Валейскіх Альпаў, ад якіх аддзяляла іх глыбокая і шырокая даліна Роны.

Удалечыні віднеліся белыя вяршыні, няроўныя, абламаныя, вострыя, што зіхацелі ў сонечных промнях: двухрогі Мішабэль, магутны масіў Вайсхорна, цяжкі Брунэгхорн, высокая і злавесная людабойчая піраміда Сэрвэна і Дан-Блянш — Белы Зуб — падступны і пагрозлівы.

Пасля нарэшце яны ўбачылі далёка ўнізе, у вялізнай прорве, на дне страшнай бездані мястэчка Лёэш. Маленькія дамочкі здаваліся пясчынкамі, немаведама кім рассыпанымі на дне гэтай вялізнай цясніны, што была закрытая з аднаго боку перавалам Жэмі, а з другога, далёка ўнізе, выходзіла да самай Роны.

Мул спыніўся каля сцежкі, што вілася, як змяя, дзіўна і фантастычна выкручваючыся ўздоўж стромага схілу гары, і апускалася аж да падножжа, да маленькага, амаль нябачнага мястэчка. Жанчыны саскочылі ў снег.

Падышлі абодва старэйшыя мужчыны.

— Ну, — сказаў Хаўзэр-бацька, — трымайцеся, сябры, да пабачэння ў наступным годзе.

Хары кіўнуў:

— Да наступнага года.

Яны пацалаваліся. Пасля падставіла шчочку пані Хаўзэр, а за ёй — дзяўчына.

Калі чарга развітацца дайшла да Ульрыха, ён шапнуў на вуха Луізе: «Не забывайце тых, хто застаецца наверсе». Яна адказала: «Не забуду», але так ціха, што ён хутчэй здагадаўся, чым пачуў.

— Ну, да пабачэння, — паўтарыў Жан Хаўзэр. — Бывайце здаровыя.

І, мінуўшы жанчын, ён пачаў спускацца.

Хутка ўсе трое зніклі за першым паваротам.

Абодва праваднікі накіраваліся ў бок гатэля Шварэнбах.

Яны ішлі павольна, плячо ў плячо, і маўчалі. Усё скончана, яны застануцца адны, сам-насам, на чатыры ці пяць месяцаў.

Пасля Гаспар Хары пачаў апавядаць пра леташняе зімаванне. Ён быў тады разам з Мішэлем Канолем, які цяпер быў ужо занадта стары, каб заставацца тут на зіму, бо ці мала што можа здарыцца падчас гэткай доўгай адзіноты. Яны, зрэшты, не сумавалі. Галоўнае — добра пачаць з самага першага дня, тады ўсё пойдзе добра, знойдзецца і занятак, і гульні.

Ульрых слухаў яго, апусціўшы вочы, і заставаўся ў думках разам з тымі, хто цяпер спускаўся да мястэчка па серпантынах перавалу.

Хутка яны ўбачылі гатэль — маленькую чорную кропку на фоне бясконцай снежнай роўнядзі.

Калі яны расчынілі дзверы, Сэм, вялікі кудлаты сабака, пачаў скакаць вакол іх.

— Ну, сынку, — сказаў стары Гаспар, — жанчын у нас болей няма, трэба гатаваць вячэру самім. Ану, абяры бульбы.

І абодва, седзячы на драўляных услончыках, елі хлеб, мачаючы яго ў булён.

Наступная раніца здалася Ульрыху доўгаю. Стары Хары курыў і пляваў у камін, а маладзён глядзеў праз акно на гару, што сляпуча ззяла пад сонцам насупраць дома.

Па абедзе ён выйшаў з дому і, паўтараючы шлях, пройдзены днём раней, спрабаваў шукаць сляды капытоў мула, што вёз жанчын. Дайшоўшы да перавалу Жэмі, ён лёг на жывот каля краю прорвы і стаў глядзець на Лёэш.

У мястэчку, што ляжала нібы ў калодзежы сярод скалаў, снегу яшчэ не было. Снег абступіў яго з усіх бакоў, але сасновыя лясы надзейна баранілі мястэчка і ваколіцы ад белай навалы. Нізенькія дамы былі падобныя да каменьчыкаў, раскіданых па лузе.

Луіза Хаўзэр цяпер была недзе там, у адным з гэтых шэрых будынкаў. У якім? Ульрых быў занадта далёка, каб дэталёва разгледзець дамы. Як бы ён хацеў спусціцца, пакуль было яшчэ не позна!

Але сонца знікла за вялізнай вяршыняй Вільдструбэля, і хлопец вярнуўся. Дзядзька Хары курыў, як і раніцай. Заўважыўшы, што кампаньён вярнуўся, Хары прапанаваў яму згуляць у карты, і яны селі за стол.

Гулялі яны доўга, пасля, павячэраўшы, паклаліся спаць.

Наступныя дні, сонечныя, халодныя і бясснежныя, былі падобныя да першага. Стары Гаспар бавіў вечары, сочачы за арламі і іншымі рэдкімі птушкамі, што наважваліся залятаць на ледзяныя вяршыні, а Ульрых штодня прыходзіў да перавала, каб паглядзець на мястэчка. Пасля яны гулялі ў карты, у косці, у даміно, выйгравалі і прайгравалі адзін аднаму розныя дробныя рэчы, каб цікавей было гуляць.

Аднойчы раніцай Хары, які прачнуўся першы, абудзіў кампаньёна. Пышнае, глыбокае, лёгкае, рухомае воблака белага шуму бязгучна падала на іх, вакол іх, хаваючы іх пад тоўстай і цяжкай пярынаю. Так цягнулася чатыры дні і чатыры ночы. Трэба было вызваляць з-пад снегу дзверы і вокны, пракопваць калідор і высякаць прыступкі, каб выбрацца з гэтай ледзяной турмы, бо за дванаццаць гадзін марозу снег зрабіўся цвярдзейшы за граніт.

І яны сталі жыць, як вязні, не наважваючыся асабліва вылазіць са свайго жытла. Яны падзялілі між сабою ўсе абавязкі і старанна іх выконвалі. Ульрых прыбіраў, мыў, рабіў усё, што забяспечвала чысціню ў гатэлі. Ён таксама калоў дровы. Гаспар Хары шчыраваў на кухні і пільнаваў агонь. Іхняя заўсёдная нудлівая праца перарывалася часам партыяй у карты ці ў косці. Яны ніколі не сварыліся, абодва былі спакойныя і пакорлівыя. Ніколі не выказвалі нецярплівасці, благога настрою, ніколі не лаяліся, бо загадзя скарыліся лёсу перад гэтым зімаваннем сярод гор.

Часам стары Гаспар браў стрэльбу і ішоў паляваць на сарнаў, калі-нікалі прыносіў здабычу. Тады ў горным гатэлі Шварэнбах было свята і ладзіўся банкет са свежым мясам.

Аднойчы раніцай ён выйшаў як звычайна. Тэрмометр паказваў васемнаццаць градусаў ніжэй нуля. Сонца яшчэ не ўзышло, і стары меркаваў заспець дзічыну на подступах да Вільдструбэля.

Застаўшыся адзін, Ульрых спаў да дзесятай гадзіны. Ён увогуле любіў паспаць, але ніколі б на такое не адважыўся, калі б у доме застаўся стары праваднік, што ўставаў заўсёды вельмі рана.

Ён не спяшаючыся паснедаў з Сэмам, які таксама цэлыя дні і ночы спаў перад агнём. Пасля яму зрабілася сумна і нават боязна на адзіноце, ён засумаваў па штодзённай партыі ў карты.

Тады ён выйшаў з дому, каб пайсці насустрач свайму кампаньёну, які павінен быў вярнуцца а чацвёртай гадзіне.

Снег зраўнаваў усю глыбокую даліну, забіў расколіны, схаваўшы абодва возеры, ахутаўшы скалы. Цяпер паміж высачэзнымі вяршынямі засталася вялізная белая западзіна, аднастайная і сляпучая.

Ужо тры тыдні Ульрых не хадзіў да краю прорвы, адкуль ён глядзеў на мястэчка. І таму, перш чым палезці па стромых схілах Вільдструбэля, ён завярнуў туды. Лёэш цяпер патанаў у снезе, будынкі, схаваныя пад белым футрам, ужо немагчыма было разгледзець.

Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавіка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кійком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пільна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.

Каля ледавіка ён спыніўся, разважаючы, ці пайшоў стары менавіта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркім, неспакойным крокам.

Сонца садзілася, снег рабіўся ружовы. Сухі марозны вецер прабягаў раптоўнымі парывамі па крыштальнай роўнядзі. Ульрых моцна пагукаў. Голас паляцеў у мёртвую цішу, дзе спалі горы; ён панёсся далёка над нерухомымі і глыбокімі хвалямі лядовага шумавіння, як птушыны крык над марскімі хвалямі, і ўрэшце заціх. Ніхто не адазваўся.

Ён пайшоў далей. Сонца ўжо села за горнымі вяршынямі, яшчэ ружовымі ад апошніх водбліскаў. Тым часам дно ў лагчыне пачало шарэць, і хлопец раптам спалохаўся. Яму здалося, што цішыня, адзінота, смяротны холад гор авалодваюць ім, спыняюць і студзяць кроў, скоўваюць цела, робяць з яго нерухомую ледзяную істоту. І ён пабег у бок гатэля. Стары павінен быў ужо вярнуцца, пакуль ён хадзіў. Напэўна, ён прыйшоў другою дарогай і цяпер сядзіць каля агню, а побач ляжыць забітая сарна.

Хутка ён убачыў гатэль. Дыму не было. Ульрых пабег хутчэй, адчыніў дзверы. Сэм кінуўся яму насустрач. Гаспар не вярнуўся.

Напалоханы хлопец азірнуўся навокал, быццам спадзяваўся ўбачыць свайго кампаньёна ў адным з кутоў. Пасля ён распаліў агонь і згатаваў суп. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што стары вернецца.

Час ад часу ён выходзіў з дому, каб паглядзець, ці не вяртаецца Хары. Тым часам настала ноч, цьмяная, бледная горная ноч, з краю неба яе блякла асвятляў тонкі жоўты маладзік, што быў гатовы, здавалася, упасці з неба і знікнуць за вяршынямі.

Хлопец вяртаўся ў дом, садзіўся, грэў ногі і рукі, перабіраючы ў думках усе няшчасці, што маглі здарыцца.

Гаспар мог зваліцца ў яму, спатыкнуцца і падвярнуць ці нават зламаць нагу. Тады б ён застаўся ляжаць у снезе, пакуль не змерзне, з роспаччу ў душы, загублены ў белай пустэльні. Можа, ён будзе прасіць ратунку, гукаючы ў начной цішы.

Але дзе? Горы навокал такія вялікія, такія жорсткія, такія небяспечныя, асабліва гэтаю парою, што спатрэбілася б дзесяць ці нават дваццаць праваднікоў, якія шукалі б чалавека тыдзень у гэтым бязмежжы.

Ульрых Кюнсі вырашыў, аднак, пайсці шукаць разам з Сэмам, калі Гаспар Хары не вернецца да першае гадзіны ночы.

Ён пачаў збірацца.

Ён паклаў у наплечнік харчоў на два дні, узяў сталёвыя крукі, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай і моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кіёк і сякерку, якою высякаюць прыступкі ў лёдзе. Пасля ён стаў і азірнуўся. У каміне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, ціхенька сапучы, вялікі сабака. Гадзіннік пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.

Ён чакаў, уважліва прыслухоўваючыся да далёкіх гукаў, і ўздрыгваў кожнага разу, калі лёгкі вецер прабягаў па даху і сценах.

Прабіла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад і страх, ён паставіў на агонь ваду, каб перад адыходам папіць гарачай кавы.

Калі гадзіннік прабіў адну гадзіну, ён устаў, абудзіў Сэма, адчыніў дзверы і пайшоў у бок Вільдструбэля. Пяць гадзін ён узбіраўся на скалы з дапамогай крукоў, прасякаў лёд, ішоў наперад, часам падцягваючы на вяроўцы сабаку, які не мог сам адолець занадта стромыя схілы. Прыблізна а шостай гадзіне ён дабраўся да месца, дзе Гаспар звычайна паляваў на сарнаў.

Ён стаў чакаць, пакуль развіднее.

Неба ў яго над галавою пачало бляднець. Раптам нейкае дзіўнае святло, што ўзялося невядома адкуль, асвятліла ўвесь гэты велізарны лес бледных вяршыняў, што ўзвышаліся з усіх бакоў. Здавалася, што гэтае няяснае святло ішло ад самога снегу і разлівалася ў паветры. Паступова найвышэйшыя з далёкіх вяршыняў зрабіліся светла-ружовыя, і з-за цяжкіх волатаў Бернскіх Альпаў паказалася чырвонае сонца.

Ульрых пайшоў далей. Ён ішоў, як паляўнічы, прыгнуўшыся, высочваючы сляды, загадваючы сабаку: «Шукай, дарагі, шукай».

Цяпер ён ужо спускаўся з гары, углядаючыся ў цясніны, і часам моцна гукаў, але голас хутка гінуў у нямым бязмежжы. Тады ён прыкладаў вуха да зямлі і ўслухоўваўся. Яму здавалася, што ён чуе нечы голас, ён бег, зноў крычаў, але, не дачакаўшыся адказу, садзіўся ў роспачы і безнадзейнасці. Апоўдні ён паабедаў і пакарміў Сэма, таксама вельмі стомленага.

Пасля ён зноў падаўся на пошукі.

Калі настаў вечар, ён яшчэ ішоў, хоць за спінай было ўжо пяцьдзесят кіламетраў горных сцежак. Ён быў занадта далёка ад дому, каб вярнуцца, і занадта стомлены, каб ісці далей, таму ён выкапаў яму ў снезе і лёг у яе разам з сабакам, увярцеўшыся ў коўдру, якую ён нёс з сабой. Так яны і ляжалі, прытуліўшыся адзін да аднаго, чалавек і жывёліна, грэючы адзін аднаго сваім целам, і ўсё роўна страшэнна мерзлі.

Ульрых зусім не спаў, яго розум мучылі жахі, яго цела дрыжала ад холаду.

Калі ён устаў, пачынала днець. Ногі здранцвелі і зрабіліся цяжкія, як жалезныя бэлькі, душа так аслабела, што хацелася крычаць ад роспачы, сэрца так білася, што, пэўна, разарвалася б, калі б ён пачуў хоць які гук.

Раптам прыйшла думка, што і ён гэтаксама памрэ ад холаду ў гэтай снежнай пустэльні, і страх такой смерці абудзіў у ім энергію, аднекуль знайшлася сіла.

Ён пачаў спускацца ў кірунку гатэля, падаючы і паднімаючыся зноў, а далёка за ім кульгаў на трох лапах Сэм.

Яны давалакліся да Шварэнбаха толькі а чацвёртай гадзіне папаўдні. Дом быў пусты. Хлопец распаліў агонь, паеў і заснуў, ачмурэлы да таго, што ўжо ні пра вошта не думаў.

Спаў ён доўга, вельмі доўга, непрабудным сном. Але раптам нечы голас, нечы крык «Ульрых!» парушыў яго глыбокае зняменне, і ён ускочыў. Ці яму гэта прымроілася? Ці быў гэта той дзіўны вокліч, што час ад часу ўрываецца ў сны нервова неспакойнага чалавека? Не, ён усё яшчэ чуў гэты пранізлівы крык, што ўвайшоў праз вушы ў цела і, здавалася, запоўніў яго аж да кончыкаў пальцаў. Пэўная рэч, нехта крычаў, нехта клікаў: «Ульрых!» Нехта быў тут, побач з домам. Ён у гэтым не сумняваўся. Ён расчыніў дзверы і закрычаў што ставала моцы: «Гэта ты, Гаспар?»

Ніхто не адгукнуўся, ніякага гуку, ніякага шэпту, ніякага стогну, нічога. Стаяла цёмная ноч. Бледна пабліскваў снег.

Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбівае камяні і не пакідае нічога жывога сярод гэтых забытых Богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былі больш высушлівыя і смяротныя, чым пякучы вецер пустыні. Ульрых зноў закрычаў: «Гаспар! Гаспар! Гаспар!»

Ён пачакаў. Горы маўчалі! І тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачыніў дзверы, замкнуўся на замок і ўпаў у ліхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клікаў яго падчас канання.

Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два дні і тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокіх, некранутых яроў, бель якіх страшнейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два дні і тры ночы і памёр толькі што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькі вызвалілася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, і паклікала яго, падпарадкоўваючыся той таямнічай і страшнай сіле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развітання, апошні папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.

І Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусім блізка, за сцяною, за дзвярыма, якія ён толькі што зачыніў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б'ецца крыламі аб шыбіны асветленага акна, а хлопец, ужо зусім ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсці. Ён не наважваўся і больш ніколі не наважыцца выйсці, бо прывід будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень і ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога правадніка і не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлі на могілках.

Настаў дзень, узышло яркае сонца, і гэта надало Кюнсі адвагі. Ён паснедаў, накарміў сабаку і застаўся сядзець на крэсле, думаючы з болем у сэрцы пра старога, што застаўся недзе ляжаць у снезе.

Як толькі на горы апусцілася ноч, яго пачалі адольваць новыя страхі. Ён хадзіў па цёмнай кухні, ледзь асветленай полымем свечкі, хадзіў з кута ў кут шырокім крокам, прыслухоўваючыся, ці не парушыць зноў змрочную навакольную цішу нялюдскі крык мінулае ночы. Ён адчуваў самоту — пэўна, ніхто ніколі не быў такі самотны! Ён быў адзін у гэтай бясконцай снежнай пустэльні, адзін на вышыні дзвюх тысяч метраў над зямлёй, над дамамі, над шумным і мітуслівым жыццём, адзін у гэтых сцюдзёных нябёсах! Яго раздзірала дзікае жаданне ўцячы, усё роўна куды, усё роўна як, спусціцца ў Лёэш, кінуўшыся ў прорву. І ён зрабіў бы гэтак, але не адважыўся адчыніць дзверы. Ён баяўся, што той, мёртвы, не дасць яму ўцячы з-за боязі застацца аднаму ў гарах.

Каля апоўначы, стомлены хадою, ашалелы ад страху, ён урэшце заснуў на сваім крэсле, бо баяўся ложка, як месца, заселенага прывідамі.

І раптам пранізлівы крык зноў прарэзаў цішу. Ён быў такі гучны, што Ульрых выцягнуў рукі перад сабой, каб адпіхнуць прывіда, і ўпаў разам з крэслам.

Сэм, абуджаны шумам, пачаў выць, як выюць напалоханыя сабакі, ён бегаў па пакоі, шукаючы, з якога боку пагражае небяспека. Падышоўшы да дзвярэй, ён прынюхаўся, натапырыўся і пагрозліва завурчаў.

Ашалелы Кюнсі ўскочыў, схапіў крэсла за ножку і закрычаў: «Не ўваходзь! Не ўваходзь! Не ўваходзь, бо заб'ю!» І сабака, узбуджаны гэтай пагрозай, пачаў шалёна брахаць на нябачнага ворага, да якога звяртаўся гаспадар.

Сэм памалу супакоіўся і лёг каля агню, але трывога не прайшла. Ён ляжаў, падняўшы галаву, і сярдзіта вурчаў праз іклы.

Ульрых памалу апрытомнеў, але, адчуваючы, што зараз памрэ ад страху, дастаў з буфета бутэльку гарэлкі і выпіў адну за адной некалькі шклянак. Думкі яго пераблыталіся, зноў вярнулася адвага, гарачыня разлілася па жылах.

Наступнага дня ён нічога не еў, толькі піў гарэлку. Так ён пражыў некалькі дзён, п'яны да непрытомнасці. Як толькі ён згадваў Гаспара, ён зноў пачынаў піць, пакуль не падаў, збіты з ног дзеяннем алкаголю. Ён так і заставаўся ляжаць, тварам уніз, нерухома, як мёртвы, з разбітым целам, храпучы, прыціснуўшыся лбом да зямлі. Але як толькі пякучая дурманлівая вадкасць засвойвалася арганізмам, той самы крык «Ульрых!» зноў будзіў яго, упіваючыся ў мозг, як куля. Ён уставаў, хістаючыся, выстаўляючы рукі, каб не ўпасці, і клікаў Сэма на дапамогу. І сабака, які ўжо, як і гаспадар, таксама страціў розум, кідаўся да дзвярэй, пачынаў драпаць іх кіпцямі, грызці сваімі вялікімі белымі зубамі, а хлопец тым часам стаяў, задраўшы галаву, і прагна глытаў, нібы ваду пасля доўгага бегу, гарэлку, што на нейкі час зноў усыпляла яго думкі, яго памяць і яго неадчэпны страх.

За тры тыдні ён выпіў усё назапашанае спіртное. Але гэтае доўгае п'янства толькі часова ўсыпляла яго страх, што прачынаўся з новай лютасцю, як толькі канчалася дзеянне алкаголю. І тады неадчэпная думка аб памерлым, памоцненая месяцам апойства і абсалютнай адзіноты, уядалася ў яго, як свердзел. Тады ён пачынаў хадзіць па пакоі, як звер у клетцы, прыкладаў вуха да дзвярэй, прыслухоўваўся, ці той другі ўсё яшчэ там, і крычаў яму праз сцяну.

Пасля, як толькі ёп пачынаў засынаць, зможаны стомай, ён зноў чуў голас і ўскокваў на ногі.

Нарэшце аднае ночы ён, гатовы на ўсё ад роспачы і страху, падскочыў да дзвярэй і адчыніў, каб паглядзець на таго, хто яго кліча, каб прымусіць яго замаўчаць.

Сцюдзёны вецер шугануў яму ў твар і працяў наскрозь смяротным холадам. Ён хутка зачыніў дзверы і замкнуўся на засаўку, не заўважыўшы, што Сэм застаўся на дварэ. Пасля, дрыжучы, ён падкінуў дроў у агонь і сеў перад ім, каб сагрэцца, але раптам уздрыгнуў, бо пачуў, як нехта скрабецца ў сцяну і плача.

Ён ашалела закрычаў: «Ідзі адсюль!» У адказ пачуўся працяжны жаласны стогн.

І тады страх забраў рэшту розуму. Ён паўтараў: «Ідзі адсюль!» — і сам круіцўся на месцы, каб знайсці куток, куды схавацца. А той знадворку не пераставаў плакаць, хадзіць вакол дома і церціся аб сцены. Ульрых кінуўся да дубовага буфета, набітага посудам і харчамі, і, прыўзняўшы яго з нялюдскай сілай, заставіў ім дзверы. Пасля, сцягнуўшы ў кучу ўсё, што засталося ад мэблі, матрацаў, сеннікоў, крэслаў, ён заклаў акно, быццам баронячыся ад аблогі.

Знадворку чуліся журботныя стогны, на якія хлопец урэшце пачаў адгукацца такімі самымі стогнамі.

Так міналі дні і ночы, а яны ўсё вылі адзін у адказ другому. Адзін увесь час круціўся вакол дома, драпаў сцяну кіпцямі так моцна, што здавалася — сцяна не вытрымае, другі ж, у доме, прыслухоўваўся да кожнага руху знадворку, скурчыўшыся, прыклаўшы вуха да сцяны, адказваючы на кожны гук страшным крыкам.

Аднаго вечара Ульрых нічога не пачуў з-за сцяны. Ён сеў, разбіты стомай, і адразу заснуў.

Прачнуўся ён, нічога не памятаючы, ні пра вошта не думаючы, быццам галава яго спустошылася падчас гэтага цяжкага сну. Ён быў галодны і таму кінуўся есці.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Зіма скончылася. Перавал Жэмі зноў адкрыўся, і сям'я Хаўзэраў рушыла ў горы, каб на лета зноў пасяліцца ў сваім гатэлі.

Дайшоўшы да вяршыні перавалу, жанчыны ўзлезлі на мула і пачалі гаварыць пра двух праваднікоў, якіх яны хутка павінны былі ўбачыць.

Іх дзівіла тое, што ніводзін з іх не спусціўся на некалькі дзён раней, калі дарога ўжо адкрылася, каб расказаць пра сваё доўгае зімаванне.

Нарэшце яны заўважылі гатэль, яшчэ ўкрыты снегам. Дзверы і акно былі зачыненыя, але над дахам віўся дымок, і Хаўзэр-бацька супакоіўся. Але наблізіўшыся да дома, ён заўважыў на парозе шкілет нейкай жывёліны, якую разадралі арлы.

Усе разгледзелі яго. «Гэта напэўна Сэм», — сказала маці. Яна паклікала: «Гэй, Гаспар!» У адказ з дома пачуўся прарэзлівы крык, хутчэй звярыны, чым чалавечы. Хаўзэр-бацька паклікаў зноў: «Гаспар!» І зноў пачуўся той самы крык.

Бацька і сыны паспрабавалі адчыніць дзверы, але яны не даліся. Тады схадзілі ў пустую стайню, прынеслі бервяно і з усяе сілы стукнулі ім у дзверы. Дрэва хруснула, падалося, дошкі разляцеліся на кавалкі. Пасля ў доме пачуўся страшэнны грукат, і яны заўважылі за перакуленым буфетам чалавека з валасамі да плячэй, з барадою да пояса, з бліскучымі вачыма, з рызманамі на целе замест вопраткі.

Яны не пазналі яго, але Луіза Хаўзэр закрычала: «Гэта Ульрых, мама!» І маці згадзілася, што гэта Ульрых, хоць у яго былі сівыя валасы.

Ён падпусціў іх бліжэй, даў дакрануцца да сябе. Але ён не адказваў на пытанні, якія яму задавалі. Прыйшлося завесці яго ў Лёэш, і там лекары засведчылі, што ён звар'яцеў.

І ніхто ніколі не даведаўся, што сталася з яго кампаньёнам.

А маладзенькая Луіза ледзь не памерла гэтым летам ад нейкай хваравітай млявасці, якую ўсе тлумачылі ўплывам горнага холаду.


Пераклад: Сяргей Шупа

Загрузка...