КОЛЬЦЫ

СЬПЯРША


Сьпярша прывучаць вуха, вока

Да чужамоўя, а тады...

Тады ўжо будзе недалёка

Да непапраўнае бяды —

Калі па кроплі, як атрутай,

Чужым напоўніцца душа

I ўжо не ўспомніць у пакутах,

Якой была яна сьпярша.

1991, жнівень

ЦЯПЕР!


Цяпер! Цяпер! Цяпер — і толькі!

Або — або, народзе мой!

Або — цяпер, нязломна-стойкі,

У рукі лёс ты возьмеш свой,

Або — і ў далі найдалёкай,

З ярмом, узьдзетым на каўнер,

Ты будзеш жыць, як раб і лёкай...

Таму — цяпер! Цяпер! Цяпер!

1991, верасень

НА СЬМЕХ...


На сьмех браты мяне ўздымаюць,

Што я таксама захацеў

Павагу мець, якую маюць

Яны. Крычаць: «Ты звар'яцеў!

Хадзіць і дыхаць незалежна?

Ды гэта ж бунт і страшны грэх!..»

Браты! I праўда, будзе сьмешна,

Як сьвет падыме вас на сьмех.

1991, верасень

ВЫ, ШТО ПАЧАЛІ...


Вы, што пачалі ўжо зарыфмоўваць

Новае вяльможнае імя,

Да нябёс узносіць пышнай мовай,

У надзеі, што незадарма,

Помніце пра лёс неблаславёны

Тых няшчасных, што да вас жылі

I таксама ўладароў імёны

Рыфмаваць аднойчы пачалі.

1991, верасень

У ЗОЛЬ I СТЫНЬ


У золь і стынь гібелі людзі —

На будаўніцтве, на сяўбе,

А зоркі з золата на грудзі

Чаплялі выхапні сабе,

А плён іх кралі дармаеды

З нутром цынічным і пустым...

Адсюль — усе няшчасьці-беды

I ў шчырых душах — золь і стынь.

1991, верасень

I ДАБ'Е...


I даб'е цябе наіўнасьць.

I даб'е цябе насьмерць.

Дзе падступнасьць, дзе нявіннасьць —

Ты не здольны зразумець.

Непрыкметна абязьвечыць,

Крылы-мары абарве,

Абяскровіць, абязьверыць.

Абясьсіліць і... даб'е!

1991, верасень

Загрузка...