Краю мой!
Я не знаю,
Як трэба пісаць пра цябе.
Але ведаю-знаю,
Як трэба табой даражыць.
Знаю: мне
Без тваіх даляглядаў
У вечнай журбе —
Ні спяваць,
Ні кахаць,
Ні аб будучым марыць,
Ні жыць!
1965
Як цяжка,
Як душна
Ад фальшу і бруду!
Душа — як на катарзе,
Хоць і не ў ссылцы.
I бачу —
Па злобнай чыноўнай
Ухмылцы, —
Што катаргі гэтай
Я век не адбуду.
1971
Падказка для нашчадкаў
Калі я жыў?
Адказ на гэта
Зусім не цяжка будзе даць,
Бо ёсьць дакладная прыкмета,
З усіх найверная, відаць.
О, невясёлыя гады
Майго жыцьця!
Я жыў тады,
Калі вучылі ў мове рускай
У нас і горад і сяло,
I на ангельскай, на французкай,
I на іспанскай — аж гуло,
На выкапнёвай стара-прускай,
На мове інкаў і этрускаў
Таксама хораша ішло,
I толькі роднай беларускай
У школах месца не было.
Ну, а калі не вучыць школа
I гоніць мову за парог —
То як жа ёй гучаць наўкола,
Ды так, каб сьвет прывеціць мог?
Калі пануюць запраданцы,
Што прадаюць свой родны край
За чужаземныя акрайцы, —
Ад іх спагады не чакай.
Даруе ўсё іх суд суровы —
Забойства, кражу, гвалт і зьдзек,
Адно любоў да роднай мовы
Вам не даруецца павек.
Такі — мой час!
Такім і ўзойдзе
Ён у гісторыю зямлі,
Дзе нашай мовай у стагодзьдзях
Калісь пісалі каралі.
1975
Каменьні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ нехапала чаго!
Есьць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных накут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на іх ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, надобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры.
Не бойся натхнёных хлусьнёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
I чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславеньне табе!»
1985