Зь інтэрвію, якое спэцыяльны карэспандэнт Гармонцкага радыё ўзяў у доктара Валянціна Пільмана з нагоды прысуджэньня апошняму Нобэлеўскай прэміі па фізыцы за 19… год.
— Верагодна, вашым першым сур’ёзным адкрыцьцём, доктар Пільман, варта лічыць так званы Радыянт Пільмана!
— Мяркую, што не. Радыянт Пільмана — гэта ня першае, не сур’ёзнае і, уласна, не адкрыцьцё. І не зусім маё.
— Вы, верагодна, жартуеце, доктар. Радыянт Пільмана — паняцьце, вядомае кожнаму школьніку.
— Гэта мяне не зьдзіўляе. Радыянт Пільмана і быў адкрыты ўпершыню менавіта школьнікам. На жаль, я ня памятаю, як яго звалі. Паглядзіце ў Стэтсана ў ягонай «Гісторыі Наведваньня» — там усё гэта падрабязна расказана. Адкрыў Радыянт упершыню школьнік, апублікаваў каардынаты ўпершыню студэнт, а назвалі Радыянт чамусьці маім імем.
— Так, з адкрыцьцямі адбываюцца часам дзіўныя рэчы. Не маглі б вы патлумачыць нашым слухачам, доктар Пільман…
— Паслухайце, зямляча. Радыянт Пільмана — гэта зусім простая штука. Уявіце сабе, што вы раскруцілі вялікі глёбус і пачалі паліць у яго з рэвальвэра. Дзіркі на глёбусе лягуць на нейкую плаўную крывую. Уся сутнасьць таго, што вы называеце маім першым сур’ёзным адкрыцьцём, заключаецца ў простым факце: усе шэсьць Зонаў Наведваньня разьмяшчаюцца на паверхні нашай плянэты так, нібы хтосьці даў па Зямлі шэсьць стрэлаў зь пісталета, разьмешчанага дзесьці на лініі Зямля-Дэнэб. Дэнэб — гэта альфа сузор’я Лебедзя, а пункт на нябесным схіле, зь якога, так бы мовіць, стралялі, і называецца Радыянт Пільмана.
— Дзякую вам, доктар. Дарагія гармонтцы! Нарэшце нам толкам патлумачылі, што такое Радыянт Пільмана! Дарэчы, заўчора споўнілася роўна трынаццаць гадоў з дня Наведваньня. Доктар Пільман, можа быць, вы скажаце сваім землякам некалькі слоў з гэтай нагоды?
— Што менавіта іх цікавіць? Майце на ўвазе, у Гармонце мяне тады не было…
— Тым больш цікава даведацца, што вы падумалі, калі ваш родны горад аказаўся аб’ектам нашэсьця іншаплянэтнай звышцывілізацыі…
— Шчыра кажучы, перш за ўсё я падумаў, што гэта вутка. Цяжка было сабе ўявіць, што ў нашым старым маленькім Гармонце можа здарыцца што-небудзь падобнае. Гобі, Ньюфаўндлэнд — гэта яшчэ туды-сюды, але Гармонт!
— Аднак у рэшце рэшт вам давялося паверыць.
— У рэшце рэшт — так.
— І што ж?
— Мне раптам прыйшло да галавы, што Гармонт і астатнія пяць Зонаў Наведваньня… зрэшты, вінаваты, тады было вядома толькі чатыры… Што ўсе яны кладуцца на вельмі гладкую крывую. Я падлічыў каардынаты радыянта і даслаў іх у «Нэйчур».
— І вас ніколькі не ўсхваляваў лёс роднага гораду?
— Ці бачыце, у той час я ўжо верыў у Наведваньне, але я ніяк ня мог прымусіць сябе паверыць панічным карэспандэнцыям пра ахопленыя пажарамі кварталы, пра пачвараў, што выбарча паглынаюць старых і дзяцей, і пра кровапралітныя баі паміж няўразьлівымі прышэльцамі і ў найвышэйшай ступені ўразьлівымі, але нязьменна доблеснымі каралеўскімі танкавымі часткамі.
— Вы мелі рацыю. Памятаецца, наш брат інфарматар тады шмат наблытаў… Аднак, вернемся да навукі. Адкрыцьцё Радыянта Пільмана было першым, але, верагодна, не апошнім вашым укладам у веды пра Наведваньне!
— Першым і апошнім!
— Але вы, бяз сумневу, уважліва сачылі ўвесь гэты час за ходам міжнародных дасьледаваньняў у зонах Наведваньня…
— Так… Час ад часу я гартаю «Даклады».
— Вы маеце на ўвазе «Даклады Міжнароднага інстытуту пазазямных культураў»?
— Так.
— І што ж, на вашую думку, зьяўляецца найважнейшым адкрыцьцём за ўсе гэтыя трынаццаць гадоў?
— Сам факт Наведваньня.
— Прабачце?
— Сам факт Наведваньня зьяўляецца найбольш важным адкрыцьцём ня толькі за мінулыя трынаццаць гадоў, але і за ўвесь час існаваньня чалавецтва. Ня так ужо важна, хто былі гэтыя прышэльцы. Няважна, адкуль яны прыбылі, навошта прыбылі, чаму так нядоўга прабылі і куды падзеліся потым. Важна тое, што цяпер чалавецтва цьвёрда ведае: яно не самотнае ў Сусьвеце. Баюся, што інстытуту пазазямных культураў ужо ніколі больш не пашанцуе зрабіць больш фундамэнтальнае адкрыцьцё.
— Гэта страшна цікава, доктар Пільман, але я, уласна, меў на ўвазе адкрыцьці тэхналягічнага парадку. Адкрыцьці, якія маглі б выкарыстоўваць наша зямная навука і тэхніка. Бо цэлы шэраг вельмі значных навукоўцаў мяркуе, што знаходкі ў зонах Наведваньня здольныя зьмяніць увесь ход нашае гісторыі.
— Н-ну, я не належу да прыхільнікаў гэтага пункту гледжаньня. А што тычыцца канкрэтных знаходак, то я не спэцыяліст.
— Аднак вы ўжо два гады зьяўляецеся кансультантам Камісіі ААH па праблемах Наведваньня…
— Так. Але я ня маю ніякага дачыненьня да вывучэньня пазазямных культураў. У КАПРАНА я разам са сваімі калегамі прадстаўляю міжнародную навуковую грамадзкасьць, калі заходзіць гаворка пра кантроль за выкананьнем рашэньня ААН адносна інтэрнацыяналізацыі Зонаў Наведваньня. Груба кажучы, мы сочым, каб іншаплянэтнымі цудамі, здабытымі ў зонах, распараджаўся толькі Міжнародны інстытут.
— А хіба на гэтыя цуды квапіцца яшчэ хто-небудзь?
— Так.
— Вы, верагодна, маеце на ўвазе сталкераў?
— Я ня ведаю, што гэта такое.
— Так у нас у Гармонце называюць адчайных хлопцаў, якія на свой страх і рызыку пранікаюць у Зону і цягнуць адтуль усё, што ім удаецца знайсьці. Гэта сапраўдная новая прафэсія.
— Разумею. Не, гэта па-за нашай кампэтэнцыяй.
— Яшчэ б! Гэтым займаецца паліцыя. Але было б цікава даведацца, што менавіта ўваходзіць у вашую кампэтэнцыю, доктар Пільман…
— Мае месца сталая ўцечка матэрыялаў з Зонаў Наведваньня ў рукі безадказных асобаў і арганізацыяў. Мы займаемся вынікамі гэтай уцечкі.
— Ці нельга ледзь паканкрэтней, доктар?
— Давайце лепш пагаворым пра мастацтва. Няўжо слухачоў не цікавіць маё меркаваньне аб непараўнальнай Гвадзі Мюлер?
— О, разумеецца! Але я хацеў бы спачатку скончыць з навукай. Вас, як навукоўца, не цягне самому заняцца іншаплянэтнымі цудамі?
— Як вам сказаць… Бадай.
— Значыць, можна спадзявацца, што гармонтцы аднаго цудоўнага дня ўбачаць свайго знакамітага земляка на вуліцах роднага гораду?
— Ня выключана.