Частка першая ВЯСНА, ВЫПАКУТАВАНАЯ ЗА СТАГОДДЗІ

Мы належым да народу,

Што ад свету да заходу

Кожны з гора ўтрое гнецца,

Аднак гору не даецца.

Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,

A ўсё ж верыць зорцы яснай.

Наш народ наўздзіў трывалы!

Шмат прыдбаў чужынцам славы...

Аб сабе адно забыўся,

Толькі вось цяпер збудзіўся...

Цётка

Брацця! Ці зможам грамадскае гора?

Брацця! Ці хваце нам сілы?!

Максім Багдановіч

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ


1.

Чалавек ішоў адзін.

Шмат людзей — шукальнікаў шчасця i прыгод, наймітаў, валацуг, паломнікаў, салдат, старцаў i яшчэ нямала хто — рана-позна вяртаецца да бацькоўскага дома, але кожная жывая душа мае свае сцежкі-дарожкі, радасць i гора, сваё наканаванне.

Чалавек крочыў вуліцай па Засценку лютаўскай позняй часінаю. Родная веска, дзе ён ca сваіх дваццаці пяці вёсен пражыў дваццаць дзве (апошнія, лічы, тры гады тут не быў), сустрэла яго ўзбуджанай цемнатою, знаёмым прыемным дымам з комінаў, скупым, але вабным святлом з вокнаў, блізкімі i далёкімі чалавечымі галасамі ды маўклівай радасцю — ад яе аж захлыналася яго яшчэ маладое, але ўжо спакутаванае сэрца. Адлучка, на першы погляд, кароткая, нейкіх там пару гадоў, а на самай справе доўгая, спусташальная (за гэты час быў спачатку ў запасной вайсковай часці за Вільняю, а пасля — на Паўночным фронце i ў сібірскім шпіталі), усё ж не здолела агрубіць яго чулую душу, знішчыць у ёй пяшчотнае.

Падышоў на Сяле да хаты Сцяпана Супраневіча, адчуваючы, як часцей заштуршкавала сэрца: роўна тры гады таму, у лютаўскія марозныя вечары, ён пачаў праводзіць адгэтуль дадому тую, якая паланіла яго. Як нядаўна i як ужо даўно тое было! Не то ява, не то сон! I калі быў у акопах, i калі чапляўся за жыццё ў шпіталі, i вось цяпер, вярнуўшыся ў родную вёску, было ўсцешна, а заадно i балюча ды крышку сорамна пры ўспаміне пра Зосю, іхняе каханне: чамусьці сваё мінулае ўспамінаеш не толькі з лёгкаю ўсмешкай ды з радаснай уцехаю, а найчасцей — са шчымлівым сорамам ды болем. Цешыўся, што ўсё тое маладое не прымроілася, а было на самай справе i грэла сэрца, як можа грэць усё светлае i пяшчотнае, саромеўся, бо часамі няўдала паводзіўся, памыляўся, а то i ўвогуле вытвараў усялякія дурноты, а боль адчуваў ад вялікай страты: якое ні было шчырае, моцнае тое каханне, а любімая дзяўчына дасталася не яму, a іншаму, хірляваму Віцю Гарбацэвічу.

Гэтай суботняй часінаю ў хаце Сцяпана Супраневіча было цёмна i ціха — можа, цяпер у каго іншага збіраюцца маладыя, а можа, спрадвечныя янкавінскія вячоркі, попрадкі, забавы, адным словам, гульбішчы ўжо звяліся: ці да смеху, любошчаў, гуляў, калі трэці год спусташае свет, людскія душы вайна?

Не запыніўся, рушыў далей па Сяле i, падыходзячы да хаты Сцяпанавага стрыечнага брата, Юзіка Вайтковіча, прыемна здзівіўся: вузкі двор, невялічкі гародчык асветленыя, а з нізкай, з адным акном ад вуліцы хаты чуецца вясёлы гоман, смех. Значыць, старыя завядзёнкі не зніклі, а па-другое, падраслі Юзікавы дочкі — вячорнікі пачалі збірацца ўжо тут. Шумлівыя сходкі будуць да таго часу, пакуль гаспадаровы дзяўчаты не выйдуць замуж.

Вайтковічава хатка стаяла блізка ад вуліцы, дык ён, наблізіўшыся да плота, зірнуў у невялікае незавешанае акно: на лаве спінаю да гародчыка сядзелі дзяўчаты i вайскоўцы, валтузіліся — мужчыны спрабавалі абдымаць суседак, а тыя вішчэлі I выцярэбліваліся. Ён не здзівіўся, што бачыць тут салдат. З рэдкіх лістоў ад бацькі, з сённяшніх гутарак з людзьмі ведаў: непадалёку запыніўся фронт. Немцы яшчэ пазалетась узялі Новагародак, але далей прасунуцца не змаглі, дык Налібакі, Янкавіны, іншыя вёскі прыналібацкага краю засталіся неакупаваныя, i тут, як сказалі яму сёння падарожныя, раскватараваліся рускія тылавыя часці, лёгкапараненыя сёмай Туркестанскай дывізіі i трэцяга Сібірскага корпуса Другой арміі Заходняга фронту. Маючы вольны час, вайскоўцы i забаўляліся з тутэйшымі дзяўчатамі, як удыгалі некаторыя маладыя салдаты i афіцэры вакол міласэрных сёстраў, цывільных маладзіц там, дзе ваяваў i лячыўся ён.

Хто з маладзейшых дзяўчат з салдатамі? Адразу i не пазнаеш. Мусіць, ужо з тых, хто нядаўна быў падлетак, каго яны, сталейшыя, яшчэ не вельмі пускалі ў сваю кампанію, змушалі церціся пад вокнамі. Што ж, здзіўляцца ад гэтых перамен, можа, i не варта: для адных час гуляў i маладых уцех адыходзіць, для іншых — прыходзіць. На гэтым спрадвеку свет стаіць, род людскі трымаецца, і, мусіць, нікому не парушыць гэты просты, але мудры няпісаны закон. Бач ты, вунь ужо штурхаюцца i хіхікаюць, таўкуцца ў цесным гурце пад дворным акном зусім малыя жэўжыкі, стараючыся зазірнуць у хату i па нейкім магутным вечным поклічы прыроды цягнучыся да сакрэтаў сталага жыцця.

Чалавек, хоць нікім i не заўважаны, не запыніўся, пайшоў далей. З узрушэннем мінуў цёмную хату Зосінага бацькі, маўклівую воласць i гэтаксама неасветлены ўжо старшынёўскі, Сяргеенкаў дом, затым пакінуў за сабою дзядзькавы хаты i наблізіўся да роднага селішча. Асвойтваўся, забываў тое жорсткае існае, што не быў дома гэтулькі ўжо часу: былое, знаёмае хлынула на яго з усёю сілай дзіцячай i юнацкай памяці, уражлівасці, i ён зноў адчуў сябе на роднай зямлі. Здаецца, адлучаўся з дому зусім ненадоўга.

Іхняя старая, высокая, з глыбокім дуплом у камлі ліпа, плот, прысадзістая хата такія ж, якія i стаялі ўвесь час у вачах альбо нават i сніліся. Абзыўнуўся іхні сабака. Гаўкнуў радасна, пазнаўшы. Яму падтакнуў i суседскі, але непрыхільна, злосна, як на чужога чалавека.

Падарожны, запавольваючы крок, не заспяшаўся ўваходзіць у родны двор. Можа, таму, што вокны не свяціліся, значыць, усе ўжо спалі, можа, таму, што ў гэтую хвіліну ногі самі павялі да суседавага дома, дзе нявесткавала Зося — найдаражэйшы яму чалавек, найперш дзеля каго ён стараўся выжыць i вярнуцца сюды. Зосю ён не забываў, бадай, ні на адзін дзень, спадзеючыся, што яны зноў будуць сустракацца, кахаць адно аднаго. Яна ж некалі i на сваім вяселлі, i на яго праводзінах на вайну клялася: «Казала табе i яшчэ скажу: мяне змусілі пайсці замуж за Віцю, але не адвабілі ад цябе. Я толькі цябе, Яначак, люблю...»

У Гарбацэвічаў, як было відаць адгэтуль, з дарогі, зырка палала на камінку лучына, але ўбачыць тое, што робіцца ў хаце, было няможна: ніжнія шыбіны ў акне ад вуліцы былі завешаныя белымі фіранкамі. Бацькаў сабака, нібы здзівіўшыся, што ён абмінуў сваю хату, заціх, а вось гэты, суседаў гарлач, па-дурному зазвягаў, быццам на злодзея.

Палавінкі фіранак пасярод акна варухнуліся, падаліся ў бакі — i ён хітнуўся за шула. Заснежаны гародчык з кустамі парэчак i агрэсту, з ацярэбленым кустоўем кветак, новы плот высвеціліся, a ў незавешаным ужо акне паказалася кабета: сюды, на двор, затуліўшы далонькамі шчокі, зірнула гаспадыня, Вікця. Праўда, яе твару не было відаць: яго хаваў густы цень.

Вікця не засланіла сабою ўсё акно, бо стаяла збоку, дык ён убачыў палавінку першага, чорнага пакоя: у канцы яго, ля высокай белай грубкі, нагнуўшыся, знаходзіліся маладыя — Зося i Віця. Між імі, у пастаўленых на зэдлік шырокіх ночвах, сядзела голенькае дзіця. Вось Зося — у белай касынцы, у блузцы, рукавы якой былі загорнуты вышэй спрытных локцяў — зачэрпнула кубак вады, лінула зверху на светлавалосую дзяціную галоўку. Дзіця ад нечаканасці выпрастала спінку, заплюскала вочкамі, шырока разяўляючы роцік, а пасля зацерла-зацерла кулачкамі пад вачыма. Віця — падстрыжаны пад польку, ca светлай патыліцай, у зрэбнай кашулі з белым расшпіленым каўнерыкам, здаецца, памужнелы — заўсміхаўся, трымаючы ў руках, мусіць, загадзя нагрэтае ад стаяка вялікае белае прасцірадла. Усцешылася i Зося, лагодна пазіраючы i на малое, i на мужа, i ад гэтай іхняй бацькоўскай радасці, ад чужога шчасця яго раптоўна секанула па сэрцы тужлівасць.

Па-першае, уразіўся ад Зосінай весялосці, радасці, а па-другое, здзівіўся, што задаволены, шчаслівы i Віця: гэтае ж дзіця, можа, i не яго. Дык што — Зося не толькі прывыкла да Віці, але i пакахала яго? Забылася пра тое сваё «вернае» слова?

Зося падняла пад пахі дзіця, i яго, дзябёленькае, пунсовенькае, Віця абгарнуў прасцірадлам i панёс у суседні, белы пакой. Падарожны ж па-ранейшаму анямела пазіраў на ўсё: i на Зосю, i на дзіця, i на Віцю, добра не разумеючы, што ён бачыць i што адбываецца ў яго душы.

Праз міг новае, яшчэ цяжэйшае пачуццё хліснула па яго развярэджаным сэрцы: Зося выпрасталася, зірнула сюды, на свякроў i на незакрытае акно, прайшлася па хаце. За кароткі міг ён не паспеў агледзець яе твар, заўважыў толькі, што той быццам ужо не юны, а пасталелы, але па тым, як яна нязграбна ішла, была поўная, зразумеў іншае, для сябе вельмі пакутлівае: яна цяжарная...

Зося патупала цяжкаю гускай у лепшы пакой, да сына i мужа, a ў яго гэтым часам падранцвелі ногі: вось табе i Зося! Вось табе i іхняе каханне, i яе абяцанка! Ён адданы толькі ёй, а яна, бач, якая... Дзеля чаго тады ён ратаваўся на фронце ды ў шпіталі, чаго імкнуўся сюды? Каб бачыць такую нявернасць, чужое шчасце? Каб толькі злавацца альбо зайздросціць?

Вікця зашмаргнула фіранку, зноў схавала ад яго ўсё, што было ў іхняй хаце, змушаючы яго адчуць яшчэ болей адзінокую непрытульнасць i прыкрую сваю непатрэбнасць.

«Лепш сцёк бы я на тым чужым полі крывёю...— адчайна падумаў.— Каб не ведаў, не бачыў такога вечара...»

Гарбацэвічаў сабака не заціхаў, вар'яцеў ад злосці; ляснула клямка ў сенцах — i чалавек, схамянуўшыся, шуснуў ад суседавага плота i шпарка-шпарка пашыбаваў, але не да блізкага роднага дома, а па дарозе да цёмных Могліц. Толькі за панылаю карчмою запыніўся, адчуваючы, што далей ісці няма моцы: ад доўгай хады падбіліся ногі, баліць паранены плячук, ные, заходзіцца ад журбы душа, а па-другое, куды бегчы ад бацькоў? Да Гаспадара-каменя? Але што той, нямы валун, паможа? Запыніўся, адчуваючы, што сплылі ад яго радасць, узбуджэнне, а абрынулася бяссілле, знібее дух. Калі яшчэ засталася ў душы пяшчота, дык гэта толькі да дзіцяці, нядаўна ўбачанага праз акно...



2.

— Хто там? — запытаў з сянец бацька. Прыглухла, трывожна.

— Я, тата,— ціха адказаў ён, адчуваючы, як зноў устрапянулася абвялае сэрца.

Бацька замаўчаў, нязграбна зашкрэбаў каля вушака. Здаецца, не мог намацаць кручок. Урэшце адчыніў дзверы, паказаўся — у белай кашулі i сподніках, босы i, як здалося, зусім нізкі.

— Гэта ты, Янак? — здзівіўся, нейкую хвіліну пастаяў моўчкі, нібы разгубіўшыся, a пасля нечакана прытуліўся, цярнуў шчэццю i затрымцеў, як стары адзінокі ліст у познюю халодную восень.— Дзякуй богу, жывы...

Янка меў злосць i крыўду на бацьку (якраз ён не дазволіў перад вайною ўзяць замуж Зосю), але цяпер расчуліўся: стары, заўсёды скупы на ласку, нават суровы, у гэтую хвіліну быў нязвыкла аслабелы i пяшчотны.

— Жывы, як бачыце,— з камяком у горле прамовіў Янка, спрабуючы пажартаваць. Хоць i праз сілу,— А вы што — імшу па мне ўжо справілі?

— Справілі — не справілі, але...— бацька ў знак прывітання сціснуў яго за локці.— Які ўжо час ні слыху ні дыху...— Пасля, нібы апамятаўшыся, зашаптаў:— Пачакай, ці не ўцёк ты з фронту? У нас — чужыя людзі...

— Не, тата,— адказаў Янка.— Я не дэзерцір. Камісаваны.

— Тады хадзем у хату. О то зараз мітульгі, слёз будзе!

У цёмнай кухні бацька затупаў да камінка, абмацаў лучыну i пачаў выгортваць ёю з пліты вуголь. Янка, запыніўшыся ў парозе, скінуў пляцак i апусціў яго на лаву.

— Маці прадчувала, што будзе госць,— загаманіў бацька.— Удзень усё падала з яе рук. Цяпер нiяк не магла заснуць. Яшчэ зусім нядаўна гаварыла мне: «Чуеш, топчацца, ірвецца з ланцуга сабака? I брэша не злосна — не на чужога. Можа, кажа, нехта з нашых хлопцаў дадому ідзе. Выйдзі, стары, зірні...» А я аж зазлаваў: «Спі сама, i мне заснуць хоць сёння дай. Хто цяпер вернецца?» Не, маці — у адно: «А я табе гавару, што свой чалавек ідзе!» — «Чаму ж,— злуюся,— сабака з паўгадзіны танцуе ля будкі? Што — свой стаіць у двары, гуляе з сабакам, a ў хату не ідзе?! Не, гуляе наш Гуз. Можа, i з прыблуднаю якою паненкаю...»

Янка слухаў i здзіўляўся: якое чулае матчына сэрца!

Замёр: рыпнулі дзверы з белай хаты i з-за печы пачуўся матчын узбуджаны голас:

— Ясь, ты сам сабе ці з кім гамоніш?

— Хадзі-хадзі сюды, прарочніца! — лагодна прамовіў той.— Госць такі ў хаце!

Маці хуценька зашлэпала да ix — босая, у доўгай кашулі.

— Яначак! Сыночак! — таксама пазнала i без святла, кінулася, абцалавала.— Жывенькі... Дома...— Заплакала, i не то яе, не то ўжо i яго слязіны пацяклі па шчоках, салёна апяклі вусны.

— Каб прымела, дык i на рукі ўхапіла б! — зноў пажартаваў бацька, дзьмухаючы на вуголь i запальваючы на камінку лучыну.

Калі зацяпліўся агонь, скупа асвятліў гэтую, чорную, хату, Янка ў адзін міг агледзеў усё роднае, сваё: кволенькую, ссівелую маці, злыселага ды высахлага бацьку, хату—белую печ, чатырохкантовыя, у свой час выгабляваныя, а цяпер падрудзелыя бэлькі, дошкі на столі, цемнаватую, але знаёмую святую карціну «Судны дзень» у тым, дальшым куце. Калі ж апусціў вочы на дол, дык на току ад вулічнай сцяны i да сярэдзіны хаты ўбачыў разасланыя кулі саломы, а на ёй — пяць ці шэсць накрытых кажухамі i шынялямі чалавек. Па галовах, што тырчэлі з-пад накрывак, пазнаў: мужчыны. Значыць, салдаты-пастаяльцы.

Здаецца, хата стала меншая, ніжэйшая, як была раней, састарэла, як i яе гаспадары, а ён (калі пабыў на свеце i шмат чаго пабачыў) нібы ўжо старонні тут чалавек.

— Сыночак, дык ты ж мужчына, дзядзька ўжо!—таксама абгледзеўшы яго, здзівілася ці ўсцешылася маці.— Ці не валасэ сівыя абапал лоба? Маршчын вунь колькі! Л схуднеў як! Аж вочы запалі!

— Не з піру-балю ж вярнуўся,— разважліва сказаў бацька, i ў яго голасе пачулася вялікая павага, мужчынская ацэнка сынавай салдацкай долі: сам ён у свой час толькі салдачыў далека ад дому, на Каўказе, а сын, што ні кажы, пабыў на вайне, сербануў сапраўднага мужчынска-салдацкага ліха, хадзіў побач ca смерцю. Чалавек, які ваяваў i застаўся жыць,— адмысловы чалавек. Бывалы, сур'ёзны, загартаваны альбо, наадварот, з парушаным розумам i ca зламанай душою.

Калі Янка скінуў шынель, бацька, здаецца, аж зачараваўся:

— Ого, крыж маеш! Георгіеўскі кавалер! Фельдфебель!

Можа, захапляўся шчыра, можа, болей дзеля пастаяльцаў (во які наш сын! Во якія мы, Нямкевічы!), можа, усклікнуў з радасцю, каб падбадзёрыць жонку:

— З вёскі яшчэ ніхто такога не дабіўся!

— Сыночак, які глыбокі рубец у цябе на шыі...— не зважаючы на чужых людзей, якія ўжо ажывіліся ды з інтарэсам пазіралі на ix, а таксама нібы не чуючы мужавых захапленняў, усё агледжвала яго ды са слязьмі бедавала маці.— Гэта ж каб ледзь-ледзь, дык дало б па галаве... I так, можа, кантужаны... Хлопца Салвэся Гарбацэвіча з Прудоў дык кантузіла. Няцямлівы цяпер. Адбіўся ад розуму. Вар'ят.

— Я не кантужаны,— усміхнуўся ён, каб супакоіць маці.— Але не ведаю: набраўся розуму альбо страціў i той, што меў?!

Пажартаваў, каб цяпер не ўспамінаць пра сваё раненне, паказваць акрываўленыя за дарогу бінты на плечуку, што балюча пёк, як i не хацеў хваліцца, дзе i за што атрымаў узнагароду i унтэр-афіцэрскае званне. Каб крыху пабыў у акопах ці пааціраўся ў зацішку пры штабах, дык, можа, вабіла б пахваліцца, які ты герой альбо пакутнік. Калі бою, крыві, смерці не бачыў, здаровы i цэлы, дык што

застаецца?! Мані, мянці языком, хваліся, што ўсяго нагледзеўся-нацярпеўся, быў герой з герояў! Калі ж нямала сырэў i мёрз да касцей у зямлі, хадзіў у атакі i адступаў, не аднаго чалавека адправіў на той свет i сам быў на валасок ад пагібелі, адным словам, шмат зрабіў чорнай салдацкай работы, пабыў у пекле,— дык цягі да балбатні i пыхі вельмі не будзе. Ды як будзеш урэшце цешыцца, любавацца сабою, калі па-ранейшаму засталося ў акопах гэтулькі такіх жа, як i ты, людзей?!

Бацька пільна зірнуў на яго i, здаецца, здзівіўся яго глыбакадумнасці, засяроджанасці — таго, чаго ён раней не меў па маладосці, а цяпер назапасіў. Маці таксама шмат зразумела сваёй чуйнай жаночай душой i пазірала на яго з любоўю i ca шкадаваннем.

— Скажыце, што тут у вас чуваць? — запытаў Янка, сеўшы пры акне.

— Перамен ды змен усякіх, сынок, многа, але добрага мала...— уздыхнула маці. Выцерла рукавом слёзы, схамянулася.— Ой, што ж гэта я, старая бабця? Босая! У кашулі!

Засаромеўшыся, борздка шмыгнула адсюль у белую хату. Там зашамацела адзеннем, загаварыла — пэўне, будзіла дачку i нявестку.

— Извини, паря. Скажи, что слышно о Петрограде? [1] —улучыўшы хвілінку, падаў голас з ляжанкі чалавек, які быў з краю. Паджылы, русявы, вусаты.— Успокоился народ, чай, нет?

«Аднекуль з Расіі,— падумаў Янка.— I гарадскі. Вясковыя пра іншае пытаюць».

— Учора, у Маскве, казалі: цар выехаў з Петраграда. Падаўся ў Стаўку, у Магілёў,— адказаў ён.— A ў Петраградзе — як летам у вуллі...

— Неужели опять будет кровопролитие? — уздыхнуў пастаялец.— Неужели опять царь и генералы будут топить в крови свой народ? Да сейчас, в войну с кайзером?!

— Борони, мати божа, сохрани! — перажагнаўшыся, загаварыў сусед рускага. Таксама паджылы, але чорнавалосы, як вуголь.— Ти ж у нас великий, ти ж милостивый! За що се над нами таке безголов'ячко — лиха та біда?

«Недзе з-пад Кіева чалавек».

— Ну, а о конце войны ничего не слышно, паря? — пакуль «кіяўлянін» уздыхаў, жагнаўся, зноў запытаў рускі.

— Не.

— Ну а ты, чай, как — в отпуск, по ранению или как?

— Камісавалі,— прамовіў Янка.

— Ну и слава богу, паря,— парадаваўся за яго паджылы пастаялец.— Главное — живой, домой вернулся.

— Щасливы! — аж пазайздросціў «кіяўлянін». Астатнія салдаты маўчалі, хоць таксама пападымалі галовы.

Што ж, i Янка дагэтуль найперш хацеў аднаго — пакінуць акопы i вярнуцца дадому, у свае Янкавіны, да сям'і, да Зосі, да зямлі — араць, касіць, а не забіваць альбо марнець, гінуць самому, адным словам, займацца тым, што ўмее, любіць, па чым засумаваў i што, відаць, было i будзе яго асноваю ды апораю, як i ва ўсіх яго прадзедаў.

Болей нічога не паспеў запытаць у бацькі: сюды памкнулася Кастуся — не дзяўчынка-падлетак, як была да яго мабілізацыі, a ўжо сталая паненка. Па-ранейшаму нізкая, але акруглелая, з высокімі грудзьмі, з маладым бляскам у вачах. Ён падняўся — Кастуся, усміхаючыся, нечакана прыпала, абняла i смела пацалавала ў вусны.

— Вой, як ты пастарэў ужо! — здзівілася неўзабаве.— Сівізны вунь колькі!

— Хіба гэта сівізна? — усміхнуўся ён, як ніколі дагэтуль адчуваючы да сястры пяшчоту i дабрыню. Раней было іншае. Раней часцей гыркаліся, чым былі ветлівыя ды радыя адно аднаму.— Гэта ж — снег...

— Снег...— уздыхнула маці, пачуўшы яго адказ.— Але гэты снег ніколі ўжо не растане. Яго намяла вайна...

Ніхто нічога ёй не адказаў; маці таксама моўчкі пачала ўжо рыхтаваць вячэру. Нявестка Ядзя не паказвалася. Відаць, усё яшчэ апраналася, прыхарошвалася. Яна — чысцюха i франціха.

Неўзабаве маці падала на стол парэзаны качан кіслай капусты, вячэрнюю неабіраную бульбу, некалькі скрылікаў сала на талерцы; бацька прынёс з кладоўкі высокую манапольную пляшку, але не з чыстым, без асадку, вадзіцай-слязою, а з сіваватым пітвом.

— Выбачай, сынок, хлеба няма,— прамовіла маці.— Цяпер i мы рэдка хлеб пячом. Не самі яго ядзім — вайна есць...

Янка са здзіўленнем агледзеў запацелую пляшку, выструганы драўляны корак у ёй.

— Гадаеш, што гэта? — усміхнуўся бацька, адкаркаваў пляшку i наліў з яе ў невялікія чаркі. Падаў па чарцы i пастаяльцам, сынавым таварышам па нядолі.— Ну, за цябе, сын! Дай божа, каб сёлета вайна запынілася, каб лад на свеце настаў, каб усе маладыя мужчыны i хлопцы дадому вярнуліся, былі жывыя i здаровыя! — Павёў рукою з чаркай, прывечваючы i сваіх кватарантаў.

Янка здзівіўся, што селі за стол без нявесткі. Няўжо не ладзіць ca старымі?

— Дзе ж Ядзя? — асцярожна запытаў.

Маці i бацька перазірнуліся, паапускалі галовы.

— Яна цяпер у сваіх бацькоў,— прамовіла Кастуся.

«Пасварыліся-такі».

— Ну, на здароўе! — падспешыў бацька.

Янка даткнуўся па чарзе да бацькавай, матчынай i сестрыной чарак (у ix было па кроплі), кіўнуў салдатам i выпіў. Спачатку пітво апякло горла холадам (ведама, стаяла дагэтуль у сенцах), а пасля расцяклося ў жываце гарачынёю.

— Ну, дык якая наша растаранка? — усміхнуўся бацька.

— Моцная. Як агонь.

— Цяпер жа ў нас няма манапольнай гарэлкі,— патлумачыў бацька,— Цар забараніў яе i рабіць, i піць... Увёў...— запнуўся, зірнуў на дачку, каб тая падказала «вучоныя словы».

— ...сухі закон,— адразу ж памагла тая.

— А як увялі гэты «сухі закон», дык, кажу, гарэлка i прапала,— дадаў бацька.— То людзі навучыліся самі гнаць яе патроху. Спачатку гналі ў гаршках, а цяпер вот каторыя парабілі мудрыя апараты i гоняць апаратамі... Як кажуць: дзе голь бярэ? — Усміхнуўся.— Голі бог дае!



3.

Пра вясковыя навіны загаварылі ўжо ў белай хаце, калі леглі спаць.

Праўда, перад гэтым маці з Кастусяю ададралі на Янкавым плечуку закарэлыя бінты, абмылі, як казалі, «надта страшную рану» цёплай вадою i сваімі слязьмі, абклалі разрэзанымі папалавіне альясавымі галінкамі, абкруцілі беленькімі дзяцінымі полкамі.

Дагледжваючы, яны ўсё ж змусілі расказаць пра раненне, ён дагэтуль наўмысна ўсяго не пісаў ім у лістах, каб не палохаць, а цяпер мусіў прызнацца, як у студзені яны пайшлі ў наступленне пад Рыгаю — уночы, у палярную завіруху. Перлі па глыбокім снезе, пад выбухі i агонь нямецкіх снарадаў. Але паранілі яго не варожыя асколкі, а падбілі свае ж кулі. Адзін з рускіх аэрапланаў, што ляцеў на непрыяцельскія акопы, гупнуўся ад завірухі ды сустрэчнага ветру ззаду сваіх на зямлю i чамусьці застракатаў з кулямёта ў іхнія спіны... Многія рускія воіны i засталіся ў тых гурбах, сцяклі крывёю i замерзлі, а яго, на шчасце альбо на бяду, у час агледзелі i падабралі таварышы. Ужо ў сібірскім шпіталі даведаўся, што баі тыя ішлі крыху больш тыдня, пасля заціхлі, i вайна зноў перапынілася, пачала расцягвацца; па ўсёй даўжэзнай лініі руска-нямецкага фронту баёў, лічы, не ўсчыналася ўжо. Праціўнікі ці выдыхнуліся, ці хацелі перамагчы адзін аднаго змораю.

Цяпер Янка ляжаў на чысцюткім прасцірадле, што маці дастала з куфра для яго, як для дарагога госця. Гэтае прасцірадла, канечне, яшчэ ўлетку было выпарана i выбелена, прапопелена ў жлукце — выдзеўбанай кадушцы ў драўлянай калодзе,— выкачанае качалкаю i ляжала ў матчыным спраце для зручнага выпадку. Раней такія «панскія» прасцірадлы маці слала толькі гасцям альбо іхняму Алесю-настаўніку, калі той вяртаўся ca свету дадому, а вось сёння ўшанавала ўжо i яго. Зверху грэў мяккі пухавік.

Янка ляжаў i адчуваў дзіўны стан — не то дома ён, не то на фронце альбо ў шпіталі. Было ўлежна, цёпла, але разам з тым і здавалася: ён усё яшчэ на холадзе i ў небяспецы. Відаць, косці прамерзлі ў акопах наскрозь i не маглі яшчэ сагрэцца, а страх засеў у душы, як нейкая патайная хвароба.

— ...ад Алеся нашага, Яначак, даўнавата ўжо не маем весткі,— апавядала маці са свайго ложка, што стаяў упрытык да яго,— а яму ж, на добры толк, ужо праз месяцы два на волю выходзіць...

— Каб я не напісала, што Кацярына сышлася тут з афіцэрам, дык, можа, ахвотней пісаў бы...— уставіла сваё слова Кастуся. Яна ляжала побач з маці, галава ў галаву з Янкам.— Можа, i з-за яе маўчыць.

— От многа ты ведаеш! — незалюбіла маці.— Кацярына Кацярынаю! Жыў без яе i пражыве, а вот... Можа, вывезлі куды, на вайну паслалі...— Уздыхнула.— Цяжкую выбраў ён сабе дарогу. Дзе паліціка, там i згуба...

Бацька ляжаў побач з сонным унукам (яго не адпусцілі з Ядзяю, пакінулі пры сабе) амаль насупраць Янкі — на былым нявестчыным ложку, маўчаў, толькі час ад часу ўздыхаў. Відаць, ён думаў тое ж, што цяпер казала гаспадыня: недзе i днямi i начамі яны шмат пра ўсё гэта перагаварылі.

— I пра Гіполя, сынок, мы даўно ўжо нічога не ведаем,— расказвала маці.— Тэж не знаем: жывы ён ці не жывы ў той Амэрыцы. З год ужо ні слыху ні дыху. Калі будзе ўсё добра, дык увосень, на пакровы, павінен ужо вярнуцца.

— Як напісала я, што ад нас Ядзя сышла, дык ён i не абзываецца,— прызналася Кастуся.

— А чаго яна сышла? — запытаў Янка.— Пасварыліся?

— Мы табе, сынок, пра гэта не пісалі, не хацелі трывожыць,— пасля некаторага маўчання прамовіла маці.— Але ці маўчы, ці таіся — усё адно... Не мы самі скажам, дык нехта скажа... У вёсцы, як i сам бачыш, салдаты стаяць. У кожную хату далі па пяць-шэсць пастаяльцаў. Усякія людзі. Зблізку i здалёку, старыя i маладыя, добрыя i паганыя... Пазалетась стаялі ў нас казакі. Чорныя, як гракі, кучаравыя ды такія чэрці, што ўсё на ix аж гарыць. A такія бабадуры! Каторая дзяўчына ці кабета міргнуць не паспее, як ён яе ўжо абдурыць...

— Ды што тут многа гаварыць, некага вінаваціць?! — перапыніў жончыную асцярожную гамонку бацька.— Лярва ест лярва, хоць у рыззі яна ці ў барве!.. Хіхікала-хіхікала наша з адным маладым казаком ды знюхалася, як сучка з сабакам. Казак той скора выехаў, след яго выстыў, а яна прынесла ў прыполе. Пры жывым мужу будзе ўвесь век мець байструка...

«Папалася-такі!» — падумаў Янка, успамінаючы, як раней Ядзя спакушала i яго, швагра, лезла сляпіцаю. Але на братавую не зазлаваў, бо не адчуў крэўнай нянавісці. Маладая, здаровая, агняная кабета, a які ўжо год без мужа. Трапіўся ўрвіцель, не ўпусціў свайго. Яму ўцеха, вясёлы ўспамін цяпер, а ёй — бяда, гора на ўсё жыццё. Іншае — не бацькава ды матчына, а яго асабістае — паласнула па сэрцы: i ў Гарбацэвіча, пэўне ж, стаяць салдаты. Можа, i да Зосі падбіўся які смелы, пакінуў пра сябе памяць?..

— Не адна наша такая распусная,— яшчэ дадала яму трывогі маці.— I Марыся Драздовічава, i Галена, нявестка нашага Вінцэся, тэж чортаваю скураю падшытыя. Адна дачку ад чужога нарадзіла, другая не нарадзіла, але не надта чакае свайго Аляксандру з Амэрыкі... Дзяўчаты асцеражнейшыя, а каторыя кабеты як падурэлі. Як канец свету чуючы.

«А Зося? А Зося?» — ужо хацелася выкрыкнуць яму, але стрымліваўся звыш могі. Адчуў: бацькі пра Зосю нічога яму не скажуць. Hi добрага, ні кепскага. Каб не вярэдзіць яго старой раны. Скажа толькі Кастуся. Заўтра. Сам-насам.

— Як каторая пагляднейшая, дык сляпіцаю ліпнуць да яе i сама аж шалее,— асудзіла маці распусных кабет. Ix, канечне, у Янкавінах мала, але старыя людзі заўсёды папікаюць ix строга.

— Не ўсе паглядныя распусныя,— зноў перабіла матчыную гамонку Кастуся.— Наша ж суседка, Зося, самая файная ў вёсцы, але не гуляе з салдатамі.

Бацькі замаўчалі; у Янкі адразу ж палягчэла на душы. Калі Зося будзе мець дзіця ад Віці, гэта — адно, такая зрэшты яе жаночая доля, калі ж зацяжарала ад чужога чалавека, гэта —зусім іншае. Тады яна здрадзіла не толькі мужу, але i яму, Янку.

— Скора зноў народзіць,— сказала Кастуся.— Першаму ці не два гады ўжо,— прасунула руку праз лясткі, па-змоўніцку шкрэбнула яму па галаве, каб ён падсунуўся бліжэй ды навастрыў вуха, прашаптала: — Яе Антонік на цябе падобны. Як крошкі падабраў.

У яго зноў шалёна, як i некалі ў акопе, калі атрымаў з дому ліст з весткаю пра Зосіна дзіця, закалацілася сэрца: i ад адчування, што ён, мабыць, бацька ўжо, i ад няёмкасці. Як ні шаптала сястра ціха, але маці, канечне, калі не пачула, дык пра ўсё здагадалася. Ды маці зноў мудра не абзыўнулася.

— I Віця, i свякроў надта Зосю глядзяць,— парушыла напружаную цішыню Кастуся.— Нават за яе на гаспадара сыкаюць...

— Можа, не будзем тлуміць, дачка, хлопцу галаву, — прамовіла маці,— Апоім мы яго сваімі навінамі. Здарожыўся, дык няхай спіць. Заўтра ўжо пра ўсё раскажам.

— Час будзе, высплюся,— адказаў ён.— Мне якраз хочацца ўведаць, што тут робіцца i чуваць.

Маці нейкі час памаўчала, паўздыхала, а пасля пачала расказваць:

— Як табе i казалі, мала што добрае робіцца i чуваць... Каторыя маладыя кабеты шалеюць, старыя людзі гаруюць, а маладыя мужчыны i хлопцы — на вайне. Гарбук, Дзежка, як мы кажам, Лявон Вінцэсеў, Антон Емельяновіч, Пётрык Сцяпана Чорнага, наш настаўнік... Нават лекара, старога Чарнова, забралі. I Уладака Дземідовічавага. Праўда, Дземідовіч падмазваў, каб яго шаленца не ўзялі. Але сяроўна не выбавіў ад вайны — падгрэблі. Ды, кажуць, Уладак i сам захацеў уцячы з вёскі. Збаяўся, што Чорныя заб'юць. Мы, здаецца ж, пісалі табе: ён дзеўцы Міхайлы Чорнага, Верцы, дзіця прыстараўся. Праўда, сам ён, можа, i ўзяў бы Верку, але старыя Дземідовічы — супраць. Уга, каб яны ды з Чорнымі парадніліся! Яны ж — шляхта, а Чорныя — хто? Мужыкі! Галота!.. Два гадэ ўжо байстручку. Увесь у Дземідовічаву пароду. Лупаценькі, скалазубы. Чорны хацеў спаліць Дземідовіча з рымасці, ледзь не да смерці збіў Верку, з хаты выганяў, а потым здаўся. Гадуе байстручка... Ведама, жывое, малое. Чалавек жа, унук... Многіх нашых людзей ужо i няма, Яначак. Касцюкевічаў сын склаў галаву недзе ў немцаў, Хлябовічаў — у пінскім балоце, стары Драздовіч летась памёр, жонка Сцяпана Чорнага, Паўліна, сёлета аддала богу душу, а самога Сцяпана было спаралізавала, i сусед наш, Гарбацэвіч, з месяц зімою з пасцелі не ўставаў. Ногі было скруціла, надта жылы на ix павыпірала. Але выцыльгаў, ходзіць i робіць. Мы з бацькам зусім слабыя ўжо. Каб вы ўсе паварочаліся дадому, дык мы ўжо маглі б i спакойна памерці. Няма ўжо моцы трымацца праз сілу...

Маці цяжка ўздыхнула ды далей пачала расказваць пра янкавінскія падзеі:

— Летась, як толькі зіма пачалася, тут абіралаўку, як мы кажам, увялі. [2] Сані сена, два мяхі жыта, тры мяхі аўса забралі, каб ix халера ўдушыла. З месяц ужо, Яначак, хлеба не пячом. Ашчаджаем. А каторыя, надта Чорныя, ужо даўно, з Новага года, без хлеба. Яны i да вайны, як смяяўся Сцяпан, былі «два дні без хлеба, a трэці так», а цяпер зусім згалелі... Але мала, сынок, нястач, дык колькі яшчэ страху нацярпеліся! Як пачаў сюды ісці немец, дык паперадзе яго павалілі бежанцы. З Польшчы, з-за Нёмна. Тысячамі дзень i ноч ці самі ўцякалі, ці гналі ix з дзецьмі, з клункамі некуды ў Расею. Запрудзілі, здаецца, увесь свет. Нават i цяпер у Засценку польскія сем'і жывуць. Пазалетась i нас Сяргеенка сабраў у воласці ды кажа: прыйшла з павета папера, каб сыходзілі з вёскі. Трэба, кажа, не даць немцу ні хлеба, ні сена, ні быдла, пакінуць яму зямлю пустую. Загаласілі людзі. Куды сыходзіць? Чаго? Што лепшае на халоднай чужыне знойдзеш? Стаў крычаць Сяргеенка: ды жывяце пры дарозе на Расею, гараць ва ўсіх на вас вочы, да ўсякага ліхалецця прывычныя, цягавітыя, паслужлівыя — такія цяпер вы тут не трэба. Бо i новаму гаспадару будзеце служыць верна... Хто пачне ўпарціцца — той будзе строга пакараны. Дзе дзенешся, супроць сілы не пойдзеш. Мусілі спакоўваць вандзэлкі, сабраліся ўжо ўсёй вёскай у свет вялікі брысці. Аж новую паперу прыслалі: не, трэба ўсім тутэйшым вёскам застацца на месцы. Паставілі тут салдатаў, а нашых людзей ганялі за Налібакі рэзаць лес, рыць акопы... А фронт запыніўся зусім блізенька, пад Навагародкам. Калі-нікалі ўночы чуваць, як там бухае. I зарыва відаць... Які ўжо час спаць кладзешся, а не ведаеш: пад кім заўтра будзеш? Як той верхаводзіць пачне? Выцягне апошняе ці дасць крыху ўздыхнуць? Трывушчыя-то трывушчыя, як катэ, але ж i трывушчасць тая канец мае...

— Мог бы вярнуцца, як во цяпер, а тут ні нас, ні вёскі,— падаў голас бацька.— Усяго за свой век i нашы дзяды нагледзеліся, але такога ліхалецця, як кажа маці, яшчэ не было...

Янка адчуў: бацька таксама хоча пагаварыць з ім, бывалым ужо чалавекам, які доўга не быў дома. I не толькі пра вясковыя навіны, але i пра большае, да чаго кабеты не вельмі здатныя,— пра палітыку.

Жонка i дачка адчулі гэты «вышэйшы» намер, заціхлі — пагаварыце бацька з сынам, стары гаспадар з маладым.

— Я чуў, як ты нядаўна казаў нашым пастаяльцам: ні канца вайны, ні пачатку замірэння яшчэ не чуваць i не відаць,— сказаў стары.— Ты пабыў ужо на свеце, у катавасіях усякіх, многа чаго ўбачыў і пачуў. Я цяпер нікуды не адлучаўся з вёскі, але i я, як кажуць, цёмны чалавек, цямлю: не, вайна яшчэ не скора кончыцца. I наш цар, i Вільгельм альбо самі ашукаліся, альбо нехта ix хітра падмануў. Кожны, думаю я, лічыў: рыну з сілай, трахну-бахну — i верх вазьму, свайго даб'юся. Аж абодва ўскочылі ў багну. I ні туды, i ні сюды, а багма усе болей i болей зацягвае. Хіба не так?

— Можа, i так,— згадзіўся Янка. Прамовіў з павагаю да бацькі: той малапісьменны, але кемны, разважлівы чалавек.

— Так,— пацвердзіў сам свае словы стары.— Адзін разявіў рот i не можа праглынуць вялікі кавал, a другі не можа праткнуць яму глотку... A калі не могуць адзін аднаго падужаць, дык валтузяцца ці топчуцца на адным месцы, спадзеючыся: не памог салдацкі штык, дык, можа, выратуе бог... А як людзі кажуць? Мора ваду п'е, а вайна — кроў...

— Крыві, i салдацкай, i цывільнай, нямала пралілося ўжо,— уздыхнуў Янка.— Ад крыві, можа, зямля наша ўжо сырая...

— I крыві, i слёз, як ты кажаш, пралілося ўжо многа, i трат усякіх процьма, i бяды ды гора ўдосталь. Бо хто чым ваюе, ад таго i сам гіне.

— Застагнаў, тата, люд. I па ўсёй Расеі,— сказаў Янка.— I, чулі, нават забунтаваў. I па вёсках, i па гарадах, i ў арміі. Дэзерціраў процьма.

— Змучыліся людзі...— уздыхнуў бацька.— Я спачуваю i салдатам, i цывільным, але я, скажу табе па праўдзе, i баюся. Цар ад свайго не адступіць, будзе біцца з Вільгельмам да канца. Калі свой жа люд пачне замінаць альбо бунтаваць, дык не пашкадуе. Паб'е ўсіх нелітасціва, як біў ужо. Як i кажа наш пастаялец з-пад Пярмі, пусціць вялікую кроў i свайму народу.

— Але ж i гэтак без канца цягнуцца не можа...

— Кажу ж, сын, i спачуваю, i баюся...

— У нас быў адзін бальшавік,— прамовіў Янка,— дык ён гаварыў: цяпер трэба пайсці ca зброяй на цара, на міністраў. Скінуць ix, паставіць новую ўладу, вайну запыніць, нам, вясковым, аддаць панскую i казённую зямлю...

— Калі свае пойдуць на сваіх ca штыком, дык тады ўжо, можа, i канец свету будзе...— уздыхнуў бацька.— Ніколі ж яшчэ такое да дабра не прыводзіла...

Янка змаўчаў, бо таксамa асцерагаўся такога.

— Божа, мой божа! — застагнала маці, здаецца, перажагналася.— Чаму ты такі нелітасцівы?! Чаму гэтак пакутуюць людзі?! За якія такія грахі?!

— Бог, а можа, i дар тут ні пры чым,— прамовіў бацька, чалавек рэлігійны, сціплы i сумленны.— Вымудроўваюць, пачалі вайну паны, міністры. Мала ім свайго, захацелася i чужога... Найперш з-за ix народ пакутуе...

«Дык шчаслівы я ці не шчаслівы, што вярнуўся дадому? — з трывогай падумаў Янка.— Уцёк з пекла, але трапіў не ў рай...»



4.

Апошні час Зося прызвычаілася падымацца з пасцелі позна.

Сёння яна прачнулася, калі парушылася цішыня: вярнуўшыся з двара, усе сышліся ў чорнай хаце, затупалі i загаманілі. Надта гучна забурчэў гаспадар, свёкар.

— Ідзі будзі сваю паню,— прычапіўся да Віці.— А то не толькі праспіць сняданак, але i адлежыць бакі.

— Сёння нядзелька, дык няхай i адпачне,— пачала астуджваць мужа свякроў.— Прыйдзе вясна, лета, дык нападымаецца i да золку, i на досвітку.

— Не надта падхопіцца i кінецца да работы,— папікнуў той, зафыркаў — відаць, мыўся каля парога над ражкаю. Пасля, мусіць, выціраючыся, дадаў: — Ох, любіць пахварэць на пані! Як i з панскага роду... З-за яе, можа, сама пазней за ўсіх у вёсцы снедаем. Можа, каторыя ўжо збіраюцца палуднаваць.

— Нічога яшчэ не позна,— адказала свякроў.— Нямкевічы гэтаксама яшчэ не снедалі. I Ясь, i Анця на дварэ яшчэ.

Зося не пакрыўдзілася i не зазлавала на бурклівага свёкра. I не таму, што не апякла яго горкая звяга — за свае нявесткаванне прывыкла ўжо не зважаць па абразы i папрокі. Не тое што раней. Напачатку, як толькі прыйшла сюды, нямала папакутавала. I не ад цяжкай работы, хоць тут працавалі ўсе неяк дзіка — да змогі i змардавання (заўсёды было мала белага дня, хоць прыкупі яго). Пакутавала, бо цяжка прывыкала да чужой багатай, але нямілай сям'і.

Віця быў i ёсць яе цень, любіць, беражэ да надакучлівасці, Анелька памяркоўная, свякроў спагадлівая. Але i з імі, закаханым мужам, добрымі кабетамі, ёй цяжка. Невыносная пакута — быць жонкай нялюбаму чалавеку, прыкідвацца i хітраваць з залувіцаю, якая ўсё пра цябе ведае. З негадзівым свёкрам, як ні дзіва, ёй было лягчэй: той i не хацеў мець яе за нявестку, i не таіў гэтага. Дык вось яго нянавісць не прыгнятала, а, наадварот, апраўдвала яе грэх з Янкам, давала ёй сілы i волю.

Стары Гарбацэвіч — працавіты, гаспадарлівы, ашчадны, але сварлівы i злы чалавек — не толькі неўзлюбіў, але з першага дня пачаў крычаць, папікаць, што «голая i няўмелая». Спачатку яна кідалася да работы, стараючыся i дагадзіць, i суцешыцца, альбо плакала сам-насам у якім зацішку ці дома перад бацькамі. Не ад мужа, а найперш ад свёкравай знявагі яна яшчэ пазалетась сыходзіла ў прочкі, ды родныя бацькі не прылашчылі, змусілі вярнуцца да Гарбацэвічаў. Пасля, калі нарадзіўся Антонік, калі адчула, што ёй, як таму перасаджанаму дрэўцу, трэба ўкараняцца тут, пачала не толькі звыкацца з гаспадаровым прыкрым характарам, але i падаваць свой голас. На Віцю i Анельку навучылася пакрыкваць, са свекрывёю ўпотай i моўчкі аспрэчвала гаспадыніна права, асмелілася агрызацца са свёкрам, ён забурчыць — яна абарве, ён падыме крык — яна таксама крыкне. Ён у шале лямантаваў, нагамі тупаў, біцца кідаўся, намагаючыся зламаць яе неспадзяванае бунтарства, волю i годнасць. Але не зламаў, адступіў, толькі яшчэ больш знелюбіў. Віця, Анелька i свякроў, калі яна зноў зацяжарала, яшчэ болей пагарнуліся да яе, пачалі аберагаць ад работы, шанаваць i заступацца, бо, мусіць, радаваліся, што другое дзіця пэўна ўжо будзе іхняй крыві. Праўда, Вікця часамі, здаецца, i асцерагалася яе самастойнасці. Мусіць, баялася, каб некалі, калі яны, старыя, памруць, яна не стала ўладная, каб Віця дарэшты не апынуўся ў яе пад пятою.

Рыпнулі дзверы — сюды, у белы пакой, зайшоў Віця. Імкнучыся да яе, i бянтэжыўся (мусіць, ад бацькавай звягі), i закахана песціў позіркам. Яго гэтая закаханасць была незвычайная. Ён кахаў яе не так, як звычайна кахае мужчына кабету (шануе, беражэ, але вельмі не песціць), a любіў як штосьці святое i недатыкальнае. Здаецца, схаваў бы яе за пазуху альбо за шкло ды любаваўся б на яе ўвесь дзень. Яго не засмучалі вясковыя чуткі, насмешкі, што «ўзяў жонку з пасагам». Ён ніколі не дапытваўся, ці праўда, што Антонік не яго, не папікаў, зноў жа неяк дзіўна, бы якую прыгожую ляльку, палюбіў дзіця. Праўда, здараліся выпадкі, як заўважала часамі, падыходзіў да калыскі i падоўгу разглядваў Антоніка. Чуў крокі, лавіў яе запытальны позірк — адскокваў ад калыскі, нібы злоўлены на крадзяжы, сцінаўся, але допытаў не вёў. Наадварот, пасля цёрся ля яе, нібы кацяня, шукаючы пяшчоты. Варта было ёй не адштурхнуць — аж цвіў ад шчасця. A калі яшчэ бачыў усмешку — дык быў незвычайна ўзнёслы.

— Уставай, золатка,— прамовіў i цяпер мякка, лагодна, сеў на краі ложка, прыклаў няголеную, але не калючую шчаку да яе шчакі, легка паклау руку на жывот.

Раней, у першыя месяцы замужжа, з прыкрасцю пераносіла яго гэтую далікатную ласку, пазней, калі паправілася пасля родаў, паспакайнела і, пачуўшыся кабетаю, міжволі пацягнулася да яго як да мужчыны. Але мужчына ён быў няўдалы, дык радасці, уцехі не адчула, пачала ўсё больш i больш набіраць, назапашваць у душы незадаволенасці, расчаравання. Задаволеная была найчасцей у сне, калі сніла сябе разам з Янкам, а то нават i з маладым пастаяльцам. Ён, гэты малады, паглядны, фарсісты i з гуллівымі вачыма паручнік, хутка прыкмеціў яе галаднавата-неспатолены настрой, хітра i спакусліва заляцаўся, смела i рашуча падбіваў на блізкасць. Абы заспеў у хаце, у гумне адну, дык i ўспыхваў, нашэптваючы: «Пані Зосечка, які ў вас мілы тварык! Які стан! Якія грудзі! Вы — ружа ў гэтай глухой пушчы! Вы i ў сталіцы былі б не апошняю! Я ніколі не думаў, што знайду тут такую красу!»

Гэтыя словы, агняны позірк хвалявалі яе маладую кроў, але яна не прымала залёты. Брала дарагія падарункі, ды маладосць, годнасць сваю не асаромела. Не дзеля мужа — дзеля Янкі. Зацяжарала ад Віці. Хоць i без вялікай радасці.

— Гуляе наша дочачка...— усцешыўся Віця, запыніўшы далонь там, дзе чуліся настойлівыя штуршкі. Пасля пацалаваў яе.

Яна не адказала. Незадаволена зморшчылася, нібы ад назойлівай мухі. Пасля без злосці, але непрыязна адпіхнула яго.

— Уставай, золатка,— Віця не зазлаваў, зноў папрасіў i апусціўся на калені каля ложка.— Тата злуе.

— А хто вінаваты, што пакутуем мы ад твайго таты? — буркнула.— Аддзяліліся б, дык былі б самі сабе гаспадарэ.

Сказала тое, што думала i сама, i чаму вучыла маці.

— Тата ж не хоча дзяліць гаспадарку, даваць лес на хату...

— Тата-тата! А ты хто тут? Парабак?

Ён сумеўся, замоўк.

— I ты парабак тут, i я парабчанка,—выгаварыла набалелае.— Hi голасу свайго не маем, ні...

— Ну, не гневайся, золатца. Табе ж не трэба гневацца.

— Цяля ты! — забурчэла.— Не мужчына i не гаспадар...

— Ну, няхай ацішэе трохі на свеце, тады адыдзем,— пачаў зноў апраўдвацца.— Цяпер, праўда, не час дзяліцца. Ды Шлёма кажа: скора яшчэ горай можа быць... У нас тут, у Расеі...

— Менш слухаў бы твой бацька таго Шлёму, дык лепей было б...

— Шлёма ўсё ведае...

Рыпнулі дзверы —i яны абое пахапліва зірнулі туды. Ля вушака стаяў таўсматы Крывы — у валенках, у кажушку без рукавоў.

— Цьфу! — плюнуў. Канечне ж, зазлаваў на сына, які ўкленчваў перад жонкаю.— Каб на цябе халера: начная зязюля перакукуе-такі дзённую...

Цыркнуў зноў i з ляскам зачыніў за сабою дзверы.

Віця падскочыў, з сорамам залыпаў вейкамі. Зося адкінула коўдру, памалу i спакойна спаўзла з ложка. Але не змагла ўстояць на нагах, прысела: была ўжо цяжкая i непаваротлівая. Зморшчылася, бо зноў не адчула мацярынскага шчасця, прымала сваю долю як безвыходны прыродны прымус.

Антонік яшчэ ляжаў у калысцы, яна не зачапіла яго —няхай спіць. Не саромеючыся Віці, адвярнулася, скінула з сябе начную кашулю, пачала апранаць кожнадзённую шырокую спадніцу, а таксама блузку. Раней Віця ў такія хвіліны мог прылашчыцца да яе голай спіны, але сёння не падышоў. Яна ж, не азірнуўшыся на яго, патунала ў чорную хату — мыцца. Асвяжыўшы твар халоднаю вадой i выцершыся, дастала з кішэнькі спадніцы падараванае паручнікам круглае, з пазалочаным абадком i з вузенькаю, таксама пазалочанаю ручкаю люстэрачка. Свякроў у гэты час, пазіраючы ў акно, нечакана ашаламіла навіною:

— Гляньце: Янка Нямкевічаў дома!

Гаспадар, Анелька, Віця—усе амаль адначасна падаліся да вулічнага акна; яна ж, Зося, не кранулася нават з месца. У яе толькі рэзка штурхнулася сэрца, памлелі ногі i незаўважна паляцела з рукі люстэрачка.

Яно пляснулася вобзем і, чуваць было, пабілася. Усе раптоўна павярнуліся, убачылі яе, разгубленую, анямелую, а таксама i тое, што ляжыць долу металічны абадок, а вакол зіхацяць асколкі.

— А божачка мой! — сашчапіла худыя рукі Вікця.— Пабілася люстэрка! Гэта ж на вялікую бяду!

Ужо ў асвабодненым акне Зося ўбачыла Янку: той, высокі, у ботах i галіфэ, у белай кашулі, ішоў ад хаты па сваім двары. Яна прагна абгледзела яго, а тады ўжо адчула i сорам, i ганьбу. Праўда, ніхто нічога ёй не сказаў, усе паніклі, a Віця збялеў.

Ніхто не запыніў яе i не пайшоў услед, калі яна падалася зноў у белую хату. Села на ложку, бездапаможна апусціла рукі. Значыць, гэта на яго, на Янку, брахаў учора іхні сабака. Можа, Янка падыходзіў да іхняга акна, бачыў, як яна купала ў той час з Віцем Антоніка, бачыў, што яна зноў цяжарная.

Заадно i іншае, больш гаркотнае i грэшнае, здушыла душу. Доўга не магла прывыкнуць да новай сям'і, да Віці, але пасля, калі Янка пайшоў на вайну, а яна пажыла тут, нарадзіла сына i пачынала станавіцца гаспадыняю, калі-нікалі, бывала, прыходзіла ўжо не гнятлівая, a суцешлівая думка: а можа, не здарылася ў яе жыцці нічога страшнага? Не так ужо ёй тут i блага. Якія ні згрызоты, але жыве ў дастатку, не баіцца заўтрашняга дня. Нават больш — часамі падумлівала: а няхай бы Янка, ад якога памалу адвыкла, i загінуў бы, не вярнуўся дадому. Без яго было б лягчэй жыць. Зараз вось усе тыя яе нядобрыя думкі цяжкім каменем упалі на душу, прыціснулі сэрца. Як цяпер пры сустрэчы яна, такая вось здрадніца i грэшніца, зірне Янку ў вочы?

Сядзела, думала, i ніхто, Віця таксама, не ішоў клікаць яе снедаць.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ


1.

— Якое сонейка! Які вясновы водар! — зацмокаў Васіль Муха, калі яны выйшлі з будынка мужчынскай гімназіі ды запыніліся паблізу парадных дзвярэй.

Праўда, надвор'е было лёгкае, маладое. У студзені i ў лютым пёк мароз, гуляла-шалела мяцеліца, а вось цяпер усё паласкавела: завірухі зніклі, мароз паслабеў, адпоўз у зацемненыя куткі альбо набіраў злосці на ночы i на блізкі ўжо новы месяц, на сакавік; неба пачало блакітнець, вышэць з кожным днём, а пасмялелае сонца дзёрзка заімкнулася ўгору, хмелячы людскія душы i сэрцы прыемным святлом i цяплом — ад яго, ад сонца, удзень было нават па-свойму парнавата, а за ноч гэтая парнасць астывала ў свежы, здаровы холад i аб'іньвалася на дрэвах i дратах.

Мінск ажыў. Выяснілася, пашырэла наваколле; закапалі звонкія кроплі з пацяплелых брылёў над дзвярыма i з карнізаў будынкаў; павіслі доўгія i тонкія ледзяшы; пабольшала на вуліцах гуляк — найбольш пажылых дзядуль i бабуль, цяжарных кабет i дзяцей; весялей затупалі коні, цягнучы вагоны па рэйках альбо лёгкія сані-брычкі, фурманкі з мяхамі ці скрынямі; паветра ўсё больш i больш напаўнялася пахам яшчэ накрытай снегам i лёдам, але ўжо неспакойнай зямлі, водарам ажыўленага соку i будучай маладой лістоты. Адным словам, i сёлета на зямлю ўпарта i настойліва спяшалася вясна, асвяжаючы свет ды хвалюючы ўсё жывое новым пачуццём.

Праўда, Сямён Васілевіч цяпер не ўсцешыўся так, як Муха: ён хацеў пагаварыць не пра надвор'е, а пра іншае. Калі Муха асцярожнічаў у гімназіі, пры сваіх не кідкіх на слова, але цікаўных калегах (а сярод ix маглі быць i нашэптнікі), дык было яснае яго хітраванне, а вось тут, на дварэ, Мухавы ўсцешкі пра прыроду, яго хітрыкі былі лішнія.

— Васіль...— памкнуўся загаварыць зноў Васілевіч, але той не даў волі.

— Адыдземся,— здаецца, незадаволена буркнуў. Мусіць, не зусім быў рады, што Васілевіч i ўбег як апараны ў гімназію, i хацеў пры ўсіх завесці непажаданую гамонку,— Ну, што табе гэтак свярбіць?

Уздоўж цаглянай, пафарбаванай у шэры колер, з высокімі вокнамі двухпавярховай гімназіі яны рушылі па асфальтаваным тратуары, ачышчаным ад снегу i лёду, пасыпаным жоўтым пяском.

— Мяне, кажу, сёння не дапусцілі да Нямкевіча,— паўтарыў Васілевіч тое, пра што спрабаваў нядаўна расказаць у прафесарскай, ды Муха, лічы, заткнуў яму рот, засыпаў жартамі ды кепікамі («Убачылі, што ты падазроны тып, дык i не пусцілі»),— Турэмны ахоўнік, не наш знаёмы, a зусім новы, буркнуў: «Свидания с политическими, передачи прекращены».— «Чаму?» — пытаюся. «В связи с чрезвычайными обстоятельствами в Петрограде».

— Ён сказаў табе, што такое «чрезвычайные обстоятельства»? — спакойна запытаў Муха.

— Не.

— Дык чаго ты, кіпень, ляпаеш пра гэта перад усімі! Захацеў, каб ахранка схапіла за доўгі язык?! Калі хочаш, дык хутка трапіш у іхнія лапы, палучыш па зубах «за распаўсюджванне антыдзяржаўных чутак».

Муха (а ён пераехаў у Мінск з Вільні перад наступленнем немцаў), выкладчык гімназіі, цяпер у бабровай шапцы, у дарагім суконным паліто з шыкоўным бабровым каўняром, з кіем, ca скураною папкаю пад левай пахаю, яшчэ паўшчуваў:

— Не маладзён жа ўжо — трэба хоць крыху хітрэйшым быць. Такі трывожны, небяспечны час, а ты...

Папікаў i пазіраў не на яго, а па баках. Не вышукваў вачыма знаёмых альбо падазроных людзей, проста меў звычку пазіраць не ў вочы, a ўбок пры размовах з тымі, каго не зусім паважаў.

Васілевіч — ён яшчэ з даваеннага часу мінчук, служачы губеранскага статыстычнага камітэта, у вышмальцаваным капялюшыку i ў тонкім паношаным паліто — добра ведаў: Муха не лічыць яго за сур'ёзнага чалавека, самае малое — за дзівака. Муха хутка абжыўся i ў Мінску за паўтара года, аброс новымі важнымі знаёмымі, Праўда, крыху змяніўся. Калi раней з такімі, як «няўдачнікі» Нямкевіч i Васілевіч, стараўся не толькі не таварышкаваць, але i бачыцца як мага найменш, дык апошнім часам шукаў сустрэч, распытваў, пра што яны думаюць i што робяць, намагаўся трапіць усюды, дзе яны збіраліся, хоць ім i цяпер ніяк не памагаў.

— Зразумей жа ты, летуценнік i задзіра: цяпер страшны час! Як ніколі! Дык цяпер трэба мець звярыны нюх. Лепш недагаварыць, прыкусіць да крыві губу, чым намалоць лішняе...

Васілевіч, як i год, як i пяць гадоў назад чуючы адну i тую ж «навуку», быў ужо i не рады, што прыбег якраз да Мухі. Трэба было ісці да чужога чалавека, да Міхайлава, статыста з камітэта Заходняга фронту Земсаюза: той мае сяброў у Петраградзе i Маскве, шмат чаго ведае. Праўда, таксама асцярожны, лішняга не скажа, але хітры па-іншаму — не дзеля сваей карысці, а дзеля таго, чаму ён тайна служыць.

Муха, Муха... Чорт яго ведае адкуль сярод шчырых, даверлівых сялянскіх сыноў бяруцца гэткія мудрагелістыя? Не сем разоў, а тры разы па сем адмераюць, а тады ўжо адрэжуць. Вось ён, Васілевіч, шчыра перажывае, што сябры, былыя калегі па семінарыі, гнаныя, няшчасныя людзі (Лашковіч — у Сібіры, на вечнай катарзе, Нямкевіч — тут, у Мінску, у астрозе), а Муху хоць бы што! Hi горача ні холадна, што хлопцы марнуюць маладосць за кратамі, што іхнія бацькі пакутуюць...

— Ну, што табе карціць? — зірнуў спадлоб'я Муха.

— Што — у Петраградзе?

— А ты хіба газет не чытаеш? — ухмыльнуўся той.— Яны ж пра ўсё пішуць...

— Я сур'ёзна, Васіль. I пра сур'ёзнае. Пра тое, што на самай справе.

— Урад кіруе, дбае пра Расію-матухну i пра нас, яе сыноў i дачок, пра перамогу ў вайне, Дума засядае, дэпутаты вернападданыя...

— А «чрезвычайные обстоятельства»? Што гэта такое?

— А няма ніякіх «чрезвычайных обстоятельств»,— пацвельваўся Муха.— Як кажуць, стаіць лёгкі марозік, не холадна, дык па горадзе бегаюць падасланыя падшывальцы i галёкаюць, што няма хлеба... Да гэтых галёканняў прыслухоўваюцца жанчыны, рабочыя, а то нават i салдаты, выходзяць на вуліцы, блындаюць, спрабуюць рабаваць хлебныя лаўкі — карацей, сталіца ўзбуджаецца ні з таго ні з сяго...

— Значыць, трэба славуты рускі мароз! — пакпіў i Васілевіч.— Вось бы ён-бацюхна памог бы i ворага перамагчы, i люд свой утаймаваць...

Муха, бадай, упершыню цёпла ўсміхнуўся: спадабаўся кпін.

— Цяпер як нiколi ўсе шукаюць у газетах навін, але як ніколі газеты няшчырыя,— сказаў Васілевіч.

— Бо газеты пад абцасам у ваенных, паліцыі, цэнзуры. Бадай, ні адно слова не друкуецца без іхняга дазволу.

— Дык што ўсё ж значыць — «чрезвычайные обстоятельства»? — зноў пра адно i тое ж запытаў Васілевіч, асцерагаючыся, каб Муха не перавёў размову на іншае, на пабочнае.

— Што ж, ты ўнюхаў...— ухмыльнуўся той, хітнуў галавою.— Сапраўды, у Петраградзе да парахавой бочкі паднеслі запалены кнот...

Васілевіч адчуў: па жылах шпарчэй пацякла-пабегла кроў, а сам ён яшчэ болей узбуджаецца.

— Учора, у Міжнародны дзень работніцы, як я пачуў, былі ўжо не дробныя «хуліганствы» зялёнай моладзі, не «хлебныя жаночыя гармідары», a ўспыхнула ўсеагульная стачка,— урэшце без кепікаў загаварыў Муха,— I вунь пад якімі лозунгамі: «Далоў вайну!», «Далоў голад!», «Няхай жыве рэвалюцыя!» Учора, як кажуць, выйшла на вуліцы больш сотні тысяч чалавек, а сёння, гавораць, можа, вываліць удвая болей...

— Што ты кажаш?! — усклікнуў Васілевіч.— Дык гэта ж новы 1905-ты! Яшчэ адна сутычка з Miкалаем Другім!

— Ды цішэй ты! — устрапянуўся, сыкнуў Муха, з насцярогаю агледзеў ваенны патруль, які стаяў ля афіш гарадскога тэатра i імгненна азірнуўся на Сямёнаў радасны ўскрык.

Прайшлі кавалак Падгорнай, павярнулі на Петрапаўлаўскую вуліцу, шпарка падаліся па ёй.

— Здорава! —усцешыўся Васілевіч.— Вось гэта дык петраградцы! Малайцы!

Ён спяшаўся ісці побач з Мухам, пасля нечакана, як меншы ростам, ткнуўся яму ў плячук, калі той раптоўна запыніў хаду. Зазірнуў у Мухавы глыбокія вочы, убачыў у ix таксама калі не ўзбуджэнне, не радасць, дык ажыўленне.

— Сталіца, мала сказаць, загула, забурліла,— прамовіў Муха.— Сталіца рыхтуецца змяніць уладу...

— Што ты кажаш? — зноў усклікнуў Васілевіч.— I гэта рэальна?

— Які ўжо час, дарагі, ясна: усё ў Расіі ішло, ідзе, з аднаго боку, уніз, а з другога боку, вельмі спрыяльна,— ажывіўся Муха.— Т ы м , х т о х о ч а п р ы й с ц i д а ў л а д ы , ужо няма патрэбы пакручвацца каля цара, клясціся яму ў вернасці, штурхаць яго да прорвы, напышліва прамаўляць у Думе альбо, наадварот, не вытыркацца, ляжаць на глыбіні. Прыйшоў ужо час б р а ц ь у с ё ў с в а е р у к i. Цар, урад, самадзяржаўе не толькі зганьбаваныя, але i абяссіленыя. Усе ўжо ў свеце бачаць: Мікалашка — блазан, варты жалю чалавек, a імперскае нутро ў язвах. Распуцін, «глас божий», «русская душа», усё дабіў. Ён выдатна зрабіў тое, што даручылі яму тыя, х т о я г о н а в у ч ы ў, у с у н у ў у ц а р с к i п а л а ц. Сам жа ведаеш, як нават ужо наш цёмны i верны люд пацяшаўся ca слепаты царскай сям'і, з «прароцтваў» мужыка-шарлатана. I з царскага ўрада заадно: «кувырк-калегія!» «Глас», «душу» звялі ўрэшце, але ж язвы не залячылі. Наадварот, раны яшчэ пабольшалі. Вайна давяла да галечы, разгневала люд, азлобіла армію. Мікалашка схамянуўся, пачаў шаптацца з Вільгельмам, шукаючы паратунку ад выбуху. Гэта ж адразу спажылі прагрэсісты, акцябрысты, кадэты i іншыя апазіцыянеры. Яны хітра ды каварна пачалі пакрыху ліць масла ў агонь i б р а ц ь х о д п а д з е й у с в а е р у к i. Праўда, не зусім рашуча. Як я лічу, такі момант ужо настаў пасля 10 лютага[3] калі Радзянка як старшыня Думы пабываў у Царскім Сяле са сваім «всеподданнейшим докладом». Ён праўдзіва высцябаў урад, найперш міністра ўнутраных спраў Пратапопава, падказваў: Расія «находится накануне огромных событий, исхода которых предвидеть нельзя». Ён прасіў прадоўжыць паўнамоцтвы Думе, бо гэтага хочуць не толькі члены Думы, але i саюзнікі. Іначай, перасцярог, «изнемогая от тягот жизни, ввиду создавшихся неурядиц в управлении, страна может сама стать на защиту своих законных прав. Этого допустить нельзя, это надо всячески предотвратить». Мікалай Другі не згадзіўся. Бачыце, яго народ супраць ЯГО не пойдзе! А на словы Радзянкі: «Нельзя ставить во главу всяких Распутиных, вы, государь, пожнете то, что посеяли» — адказаў: «Ну, бог даст».

«Адкуль ён усё гэта ведае?» — здзівіўся Васілевіч, але слухаў, не перапыняў. Не часта Муха бывае такі гаваркі.

— Вось пасля гэтага зразумелі: трэба Мікалашку турыць, яго немку — у манастыр, a ўладу даць сыну, гэта значыць — апекуну, вялікаму князю Міхаілу Аляксандравічу. Чалавеку разумнаму, рашучаму, з англійскай арыентацыяй. Найбольш відных людзей з «Прагрэсіўнага блоку» ўвесці ў новы ўрад, зрабіць аблягчальныя рэформы — i Расія супакоіцца, i вайна давядзецца да перамогі! Я i думаў: aгa, выехаў Мікалашка з Петраграда ў Магілёў — ну то тут, па дарозе, баця, табе i канцы! Радзянка i генералы выкінуць цябе на сметнік гісторыі! Але ўсё ідзе крыху іначай...

— Але ж невялікія рэформы мала што зменяць i палепшаць, Васіль,— сказаў Васілевіч.— Яны што — скажам, накормяць люд?

— А ты, дарагі, ведаеш, што ў Петраградзе хлеб ёсць? — ухмыльнуўся Муха.

— Як «ёсць»?— здзівіўся Васілевіч.— А з-за чаго тады «хлебныя бунты»?

— Скажу табе нават больш,— той нахіліўся i шапнуў: — Кажуць, некаторыя нашы гандляры прадаюць хлеб, мяса немцам. Праз трэція рукі.

— Што ты кажаш?! — уразіўся, аж жахнуўся Васілевіч.— Для чаго тады такое глумленне, такі здзек?

— Гэта, каб ты ведаў, в я л i к а я п а л i т ы к а... —прамовіў Муха.— A ў яе — сваё разуменне ісціны, праўды, гуманізму, разліку. У яе свае — нам непадуладныя — мэты i сродкі... Нехта дзеля сваёй перамогі не дае есці люду, злуе, нервуе яго i нацкоўвае на цара і ўрад...

— Канечне, ты маеш усюды вялікія сувязі, шмат чаго ведаеш,— прызнаўся Васілевіч.— Але ў тое, што ты гаворыш цяпер, цяжка паверыць. Як кажуць, не ўкладваецца ні ў галаве, ні ў сэрцы!

— Хочаш — вер, хочаш — не,— усміхнуўся Муха.— Я ж не магу паказаць табе пэўнай паперкі, пацвердзіць. Кажу тое, пра што чуў ад іншых альбо што бачыў сам.

— Гэта — жах! — пляснуў далоньмі Васілевіч.— Гэта — мала сказаць, кашчунства!

— Думаю, дарагі, што i вайну яны пачалі, вядуць таксама з-за сваіх карыслівых мэт,— уздыхнуў Муха.— Завельмі ж шмат у тым, што адбывалася i адбываецца, дзіўнага i незразумелага... Хоць, зрэшты, усе войны дзіўныя i незразумелыя...

— Жах! — не мог супакоіцца Васілевіч.

— Для цябе — жах, а для некага —дабрачыннасць, крок наперад, да перамогі... Але не будзем пра гэта. Мы ўсяго не ведаем, дык усяго i не зразумеем, не ацэнім як след. Я вось думаю пра іншае. Ну добра, галодны, азлоблены люд выйшаў на вуліцы, забунтаваў. Але што з гэтага будзе? Стыхія разальецца, знясе самадзяржаўе альбо цар зноў утаймуе яе?

— Цяпер — не 1905-ты! — сказаў Васілевіч.— Цяпер — іншае.

— Вось іменна: іншае, новае, i найперш у тым, што ідзе вайна, вораг пад бокам...

— Як ты кажаш, мы не ведаем усяго,— сказаў Васілевіч.— Але адчуваецца: народ скалане імперыю, як яе скалануў у студзені землятрус.

— Гэта — іншы, браце, землядрыг,— уздыхнуў Муха.— Той скалануў толькі Пяцігорск ды Камчатку, а гэты можа затрэсці ўсю імперыю... I не толькі патрэсці. Але i многае разбурыць.

— Ты што — баішся рэвалюцыі?

— Не. Я баюся, каб народны гнеў лішне не выліўся з берагоў. Ён можа змыць не толькі самадзяржаўе, але i ўсё...

Муха нечакана падняў тонкі, гладкі, бліскучы карычневы кій з круглым чорным шарам (гэты шар аплятала змяя, спрабуючы ўзяць кончык хваста ў свае зубы) i затрымаў ім Васілевіча: якраз пачалі пераходзіць Петрапаўлаўскую вуліцу, а ззаду кацілася на ix з горкі аўтатаксі. Яны адступілі, прапусцілі нізкую, на высокіх колах чорную машыну, што ціхенька вуркатала i пыхкала горкім дымам. Пасля перайшлі вуліцу i паблізу аўтатаксі, што запынілася каля высокага электрычнага слупа з падпоркаю, увайшлі ў Аляксандраўскі сквер.

Там, пa расчышчанай ад лёду i снегу алеі, каля капліцы, а далей i каля маўклівага цяпер фантана — малога пазалочанага хлопчыка з пазалочаным лебедзем, які імкнуўся ўзляцець i падняць з сабою дзіця, паходжвалі ці сядзелі на лаўках гулякі. Некаторыя мужчыны былі з кабетамі. Можа, прагульваліся тут, перш чым зайсці ў блізкі кінатэатр «Эдэн».

Моўчкі прайшлі па алеі ў канец сквера: перад імі насупраць, за скрыжаваннем Падгорнай i Скобелеўскай вуліц, стаялі старыя, крыху пакошаныя платы, высокія дрэвы, абселыя драўляныя хаціны, што абляпілі ўзбоч Падгорную вуліцу аж да Свіслачы i гарадскога саду. Паблізу, ля крайняй хаціны, стаялі запрэжаныя сані-развалы, а ля ix гаманілі два мужчыны: відаць, вясковы госць (у валенках i кажуху) i мінчук-гаспадар (у ботах, касцюме, без шапкі). Абодва былі вясёлыя, як на свеце не адбывалася ні вайны, ні трывожных падзей. Можа, адзін удала прадаў што-небудзь, другі — купіў, дык i па-зямному, па-чалавечаму радаваліся ўдачы. Злева высіўся i на фоне вясковых хацін файна вабіў вока прыгожы комплекс Архірэйскага падвор'я. Мінск, як многія прызнаюцца, вельмі хораша аздабляюць яго шматлікія цэрквы i касцёлы.

— Калі людскую стыхію можна будзе ўтаймаваць, то гэта добра, дарагі, a калі не, то...— задумліва прамовіў Муха, а пасля перавёў гамонку зусім на іншае: — Калі едзе на поўдзень Багдановіч?

— Заўтра,— адказаў Васілевіч.— Хоць i не хоча ехаць.

— Будзеш ісці праводзіць, дык пакліч i мяне,— прамовіў Муха, даючы знак, што ён павінен ісці адгэтуль па сваіх клопатах.— Я таксама хачу з ім развітацца.



2.

Васілевічава ўзбуджэнне новымі петраградскімі падзеямі перадалося i Муху.

Праўда, ён, чалавек разважлівы, стрыманы, гэтак не ўспыхнуў, не ап'янеў ад хмельных навін — толькі асвяжыў розум, думы, пачуцці і... занепакоіўся. Сапраўды, як i куды хлыне народная гнеўная паводка? Як пачне паводзіцца паліцыя? Што скажа армія? Як зладзяць тыя, хто павінен спажыць абурэнне, гнеў, рашучасць i гатоўнасць узяць у рукі зброю?!

Трэба ўведаць пра ўсё гэта больш. Дзеля гэтага Муха рашыў зайсці на хвілiну-другую ў бібліятэку губеранскага праўлення, дзе служыць Сымон Маркавіч Штэйн, «абруселы немец», «шчыры рускі патрыёт», як гаварылі некаторыя знаёмыя, жартам, з лёгкай іроніяй называючы таго за вочы Дзядзем.

Пра гэтага Дзядзю мала хто ведаў нешта толкам. Здаецца, у маленстве жыў у Германіі, пазней — нейкі час у Пецярбурзе i вось ужо звыш пяці гадоў аселы ў Мінску. Адзін, без сям'і, «сціплы», «бескарыслівы», «адданы веры, дару i Айчыне». I толькі лічаныя людзі больш-менш ведалі, хто гэты «рахманы» бібліятэкар «ціхай установы», што знае i можа, якую сілу мае ў Мінску і, бадай, ва ўсім Паўночна-Заходнім краі. Многія, хто працаваў у губеранскім праўленні, у гарадской думе i ўправе, у земскіх, гарадскіх, судовых, грашовых i іншых канцылярыях, у казённай палаце, у газетах, дзякавалі якраз Дзядзю за свае высокія пасады.

Муха ўжо таксама тое-сёе ўведаў пра Дзядзю, але нікому пра гэта не гаварыў. Таму i нядаўна, у размове з Васілевічам, пра тое, што ўведаў якраз ад Дзядзі, гаварыў толькі намёкамі. Хоць, можа, ляпнуў штосьці i лішняе. Трэба вучыцца яшчэ лепей слухаць іншых, а самому трымаць язык за зубамі. Хоць i цяжка маўчаць, калі нямала ведаеш.

Муха ў задуменні выйшаў са сквера i па Петрапаўлаўскай вуліцы закрочыў да Праабражэнскай, каб трапіць на Саборную плошчу.

З Маламанастырскай вуліцы, ад Ніжняга рынку, па тратуары чыльгікаў на мыліцах аднаногі чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў (у Мінску шмат цяпер калек), а побач тройка гнядых коней цягнула па рэйках доўгі, бурачковага колеру, з наклеенымі ўсякімі стракатымі афішамі вагон. Цягнуць вагон пад горку было нялёгка, дык каб даць коням палёгку, чэрнь (мабыць, пакаёўкі, качагары, грузчыкі, шаўцы, салдаты) пазлазіла i ішла ўслед за вагонам, у салоне сядзелі паны, багата апранутыя. Сярод ix найбольш было маладых афіцэраў i жанчын у футэрках i пышных сабаліных шапках.

Вагон спыніўся насупраць сквера i акруговага суда,— з салона гуртам вывалілі афіцэры, іхнія сяброўкі i, весела гамонячы, пашыбавалі да блізкай высокай гасцініцы «Еўропа». Чэрнь на прыпынку зайшла на пляцоўку, стоўпілася на ёй.

Муха падаўся ўслед за афіцэрамі i жанчынамі. Бачачы, што афіцэрскія сяброўкі амаль усе маладзенькія, прыгожыя, стройныя, аж зазлаваў. I на вайскоўцаў («Зашчытнічкі! Не гоняць прэч ворага з нашай зямлі, a разбэшчваюць, псуюць нашу моладзь»), i на іхніх спадарожніц («Распусніцы! Прадаюцца за рубель»), Гэтая злосць, можа, была i таму, што ў апошні час ён не піў, не меў палюбоўніцы: асцерагаўся Дзядзі. Той (аскет) —за «высокую мараль», за «чыстую рэпутацыю». Цяпер Муха сам па сабе адчуў: няма зласнейшага чалавека за былога выпівоху, а большага мармытуна, павучальніка — за некалішняга распусніка!..

Вясёлая кампанія ўкулілася ў гасцініцу — высокі, шасціпавярховы, з мноствам акон, балкончыкаў i з паўкругам наверсе дом. Муха, застаўшыся адзін паблізу парадных дзвярэй, раптоўна аж зніякавеў: з дзвярэй лаўкі (на першым паверсе гасцініцы былі розныя магазіны) высунуўся Дзядзя. Невысокі, худы, бледнаваты, у старых, з памутнелымі шкельцамі акулярах на дзюбаватым носе, у чыноўніцкім шыняльку, чаравіках ды ў паношаных галёшах. Пад пахаю трымаў невялікі загорнуты ў шэрую паперу пакуначак. Гогалеўскі Акакі Акакіевіч, дый годзе!

Убачыўшы яго, Дзядзя па-змоўніцку прыхільна ўсміхнуўся, але не павітаўся, яшчэ болей угнуўся i «гаротна» патупаў да блізкай Губернатарскай вуліцы.

— Добры дзень, брат Пётр,— дагнаўшы, сказаў яму ў гарбаватую спіну Муха. I, не пачуўшы адказу, ужо халадзеючы душою, дадаў: — Я хацеў бы з вамі пагаварыць.

—Толькі не тут, на людным месцы,— адказаў той не азіраючыся.— Увечары прыходзь к у д ы т р э б а, там i пагаворым.

Дзядзя перайшоў вуліцу i пашкрэбаў да недалёкай сва'ёй бібліятэкі, а Муха мусіў запаволіць крок i адстаць, каб не дай бог не паказаць знаёмым прахожым, што ведае бібліятэкара альбо той яго знае. Павярнуў у блізкую ювелірную лаўку Штэймана, душачыся i ад прыкрасці, i ад злосці. Прыкрасць пачала грызці сэрца, бо толькі што схібіў, за што ўвечар наківаюць пальцам, а злосць навалілася па іншай прычыне: колькі таго Дзядзі-чалавека, з пазногаць, а мае столькі сілы i моцы.

«Аднак у мяне ўсё яшчэ пераважаюць пачуцці, а не розум...— заходзячы ў багатую лаўку, падакараў сам сябе.— Трэба вучыцца трымаць сябе ў руках, выполваць з душы самалюбства, годнасць, спагаду i ўмець слухаць, падпарадкоўвацца — адным словам, мудрэць, мудрэць, мудрэць... Што ні кажы, мудрасць — царыца чалавечага розуму i светапогляду!»



3.

Увечар, калі пабыў у Дзядзі, дзе расказаў пра сваю работу, пачуў самыя свежыя навіны (Мікалай Другі сёння каля дзевяці гадзін вечара пашле з Магілёва ў Петраград тэлеграму камандуючаму Петраградскай ваеннай акругай генералу Хабалаву з «повелением немедленно прекратить в столице беспорядки»), а таксама атрымаў новыя інструкцыі, Муха вярнуўся дадому. Хоць i сапраўды Дзядзя паківаў крыху пальцам за дзённую неасцярожнасць, але настрой быў неблагі: за іншае, большае, яго пахвалілі.

Жыў ён на адной з галоўных мінскіх вуліц— па Губернатарскай, амаль насупраць будынка мужчынскай гімназіі, непадалёку ад Нова-Маскоўскай гасцініцы, у доме Мілашэўскага, на другім паверсе, дзе займаў пяць пакояў.

Калі пазваніў, дзверы яму адчыніла пакаёўка. У Вільні звычайна яны трымалі маладых пакаёвак (амаль усе яны рана-позна станавіліся яго палюбоўніцамі), але тут (на вялікую жончыную радасць) ён сам знайшоў пажылую. Каб быць далей ад грэху. Яшчэ старэйшая была кухарка (выкладаў ён у дзвюх, а то калі i ў трох гімназіях, даваў прыватныя ўрокі па гісторыі ды літаратуры, меў яшчэ такія-сякія пабочныя заробкі, зарабляў не менш ста дваццаці рублёў у месяц), дык маглі жыць сытна, дазволіць сабе раскошу мець хатнюю абслугу, а ўлетку — наймаць домік з агародам у Ратамцы.

— Ну, як вы тут, цётка Стася? — запытаў ён.

— Добра,— буркнула тая, беручы вопратку. Адказала непрыхільна i ад яго запытання, што было дзеля прыліку, i ад крыўды: узгарэлася ў свае немаладыя гады выйсці замуж, а ён з Антанінай адгаварыў, напалохаўшы, што жаніх-салдат, які, мабыць, жанаты, пацешыцца ды з'едзе, як толькі закончыцца вайна. Калі ёй выходзіць замуж, дык трэба найперш за тутэйшага цывільнага чалавека. Стася i паслухала ix, i не паслухала: замуж не пайшла, але, як кажуць, па-ранейшаму сустракаецца са сваім таксама пажылым кавалерам. Адзінокая, без сям'і была i кухарка, Алена. Абедзве — бежанкі. Алена — тутэйшая, з-пад Вільні, Стася — з Польшчы. Цяпер вось полька, Стася, моўчкі павесіла паліто, пачапіла шапку на адзін з адросткаў ласёвых рагоў, прымацаваных да дубовай дошчачкі ў форме сэрца. Дошчачка была прыкручана да сцяны шурупамі, на галоўках якіх ён сам дзеля красы прыляпіў блішчастыя галоўкі ад кашулевых запонак.

— Вячэра гатовая? — ужо строга запытаў ён.

— Гатовая.

— Падавайце на стол,— прамовіў i, не чакаючы адказу, падышоў да блізкага вялікага круглага люстэрка. Расчэсваў рэдзенькія валасы на загарэлым улетку цемені, пасівелыя касмылікі на скронях i разглядваў свой твар — двайны падбародак, поўныя шчокі, куртаты, з кропелькамі поту на дзюбцы нос, глыбокія вочы.

Калі зірнуў у свае вочы, дык аж сумеўся. Не зусім проста зазірнуць у ix, нібы ў сваю душу. Здаецца, адтуль пазіраеш не ты сам, a выцікоўвае нехта іншы. Скрытны, двудушны, насмешлівы.

«Папаўнеў ты, браце,— у думках сказаў Муха таму чалавеку з люстэрка.— Завялікі ўжо жывот для такога ўзросту».

«Не юнак жа я ўжо i не галец. Сталы, сур'ёзны, з добрым становішчам у грамадстве»,— адказаў той i нібы ў доказ сваёй важнасці разявіў рот, дзе i знізу, i зверху заблішчэлі файныя залатыя каронкі.

Муха гарэзна падміргнуў саліднаму пану з люстэрка i задаволена падаўся ў гасцёўню.

Там, у вялікім пакоі з паркетнаю падлогай, з шыкоўнымі канапамі, з яркімі ўсходнімі дыванамі на сценах i на доле, з грувасткім камодам з чырвонага дрэва, на якім стаяў масіўны бронзавы кандэлябр з пяццю тоўстымі свечкамі, з вялікай круглай электрычнай люстрай на столі, бавілася яго сям'я.

Антаніна, мажная, яшчэ болей схільная ў Мінску да седатні, ляжала на бліжэйшай канапе. Каля яе сядзелі дочкі: старэйшая, адзінаццацігадовая Юля, чытала дзіцячую кніжку, а меншыя, васьмі-

гадовая Надзя i пяцігадовая Вольга,— усе ў блакітных шкарпэтачках, сукенках, i з банцікамі — слухалі з затоеным дыханнем. Воддаль, на другой канапе, сядзела i, начапіўшы на нос акуляры, вязала свэтар старая поўная Алена, ля яе ног у шкарпэтках таптаўся сын, Сяргей, народжаны ўжо тут, у Мінску, каля года таму назад.

Сын, яго любімец i ўцеха, маленькі поўненькі жэўжык, як кажуць, вельмі падобны на яго, на бацьку, аж раскрыу ад радасці роцік i, падтрасаючыся, слабеючы ў каленях, пайшоў-пабег уздоўж канапы. Калі апынуўся на яе краі, адной рукою ўчапіўся за варсісты зял'ёны плед, а другой паклікаў: бяры, бяры мяне, тата, на рукі!

— Ану-тка, герой, хадзі-хадзі сюды сам! — ён прысеў i выцягнуў сыну свае досыць дужыя, сялянскія, толькі без грубай работы далікатныя, з тонкай скураю i без мазалёў ды драпін рукі. Той, ужо кусаючы губкі, i прагнуў пайсці, i баяўся, усё патрабаваў, каб бацька падышоў першы. Але ён не падымаўся, змушаючы сына да смеласці. I той, адважыўшыся, нечакана адарваўся ад канапы і, спалохаўшыся, крычучы, упершыню пайшоў-пабег адзін.

Муха падхапіў яго на рукі, моцна прыціснуў i пацалаваў.

— Малайчына! — пахваліў.— Вось такі i павінен быць мужчына!

Дочкі адарваліся ад кніжкі, Алена — ад вязання, пават марудлівая Антаніна борздка падхапілася з канапы, бо надта ж неспадзяваны i ўзрушальны быў гэты Сяргееў рывок у іншае, сталейшае жыццё.

«Ну што ж,— усміхнуўся сам сабе Муха,— што ні кажы, ёсць свая вабнасць i ў сямейным ладзе...»

— Сыночак наш даражэнькі! Пабег! Сваімі ножкамі! — усцешылася Антаніна, радая лішні раз прытуліцца як да сына, так i да мужа, бо ён звычайна не зусім схільна прымаў яе любошчы. Ён быў з тых мужчын, хто на пятнадцатым годзе сямейнага жыцця не вельмі прагнуў гарэзанняў i пацалункаў ca сваёю жонкай. Але на гэты раз выцерпеў, быў спакойны да жончынай пяшчоты.

Пазней, колькі Антаніна i Васіль ні ўгаворвалі сына яшчэ раз прайсціся аднаму, той не толькі не мог, але нават i не хацеў злезці з бацькавых рук — відаць, вельмі перапужаўся.

— Вось што значыць, сыне, самастойны крок...— пасміхнуўся Васіль, не могучы расчапіць сынавы рукі на сваёй шыі ды адчуваючы, як моцна трапечацца яго маленькае ўзбуджанае сэрца. Любасць да дзіцяці, бацькоўскі неспакой за яго лёс агарнулі душу. У гэтую чуллівую хвіліну нават аж хацелася пакаяцца, што ў свой час здраджваў жонцы i сям'і, хоць адчуваў, што гэтае пакаянне не зусім глыбокае, шчыра любіць дзяцей, паважае Антаніну як добрую гаспадыню, але цяга да іншых, маладзейшых i прыгожых жанчын усё яшчэ не знікла з прыняццем т а г о с у р о в а г а з а р о к у. Калі маеш чэпкае на хараство вока, калі ўмееш абыходзіцца з кабетамі i яны ідуць табе насустрач, хіляцца, узбуджаюць, радуюць i цешаць, дык тады наўмысны аскетызм не толькі пакутлівы, але нават невыносны.

— Скажы, сынок: «Усё, тата. Я пайшоў ужо. А хутка i пабягу. Даганю, вярну, калі будзеш уцякаць ад нас...» — радавалася Антаніна.

— Ну, вы ўжо хочаце накінуць мне на шыю ланцужок...— пакпіў ён.— А я не толькі ж бацька. Яшчэ i службовец, грамадзянін.

Антаніна i тут, у Мінску, не вельмі мела інтарэс да палітыкі (як i кожная гаспадыня, клапоцячыся за лёс сям'і, хацела толькі, каб хутчэй скончылася вайна), не ведала добра, як у яго ідзе служба, куды i на якія сходы ён ходзіць увечар. «Пайду на сход, пагамонім пра жыццё-быццё, уведаю навіны»,— звычайна гаварыў ён, намякаючы, што ходзіць не абы-куды, а якраз на вечары ў сваю гімназію, як мужчыны ў сваей вёсцы ходзяць штовечар да нейкага талковага гаспадара на вячоркі. Таму ён i сёння не стаў расказваць ёй, што, да слова, аж кіпіць у Петраградзе i што можа з гэтага быць: па-першае, яна ўсяго не зразумее, а па-другое, i не ацэніць як след. Яна, як i іншыя кабеты, найбольш ахвочая да «жыцейскага», «жаночага» — да размоў пра цэны ды пра гарадскія навіны i плёткі.

— Скажы, сынок: «Не трэба, тата, наракаць, што стаў добры муж i бацька»,— i сёння не спрабуючы нават запытаць, дзе затрымаўся, што чуў, сказала Антаніна, пацалаваўшы яго ў шчаку.— Хіба ўсім нам ад гэтага горш?!

— Ну, добра-добра,— лагодна буркнуў, неўпрыкмет для дзяцей паціснуў жонку за мяккі клуб.— Алена, падавайце на стол.

Неўзабаве перайшлі ў сталовую, куды Стася i Алена падалі вячэру — бульбу з марынаваным кропам, селядцы з алеем, яечню, пазней — сырнікі, варэнне i гарбату.

Падсілкаваўшыся, Васіль падаўся ў свой кабінет.

Ён любіў быць тут, дзе ўсё напамінала яму пра маладыя i ўдалыя віленскія гады. Нешырокае, на доўгай пазалочанай трубцы люстра, шафкі з кнігамі, пісьмовы стол з прыгожа аздобленымі шуфлядкамі i ножкамі, канапа — усё было віленскае, набытае яшчэ на спрыяльным пачатку яго службовай кар'еры. Ён, як іншыя, не чакаў, калі немцы падыдуць да Вільні i прыйдзецца похапкам сыходзіць у бежанства з невялікім вузельчыкам, а, напытаўшы ў Мінску кватэру, работу, выехаў загадзя са спакаваным дабром. Толькі цяпер над сталом не вісеў партрэт Мікалая Другога (яго пакінуў у Вільні), а была карціна Шышкіна «Жыта». Ужо тут, у Мінску, прыдбаў i пачапіў у кутку абраз святой Параскевы, над канапаю — партрэты Юрыя Радзівіла ў вайсковых даспехах таго часу i Грызельды Сапегі ў пышным арыстакратычным уборы — усё гэта было найбольш дзеля тутэйшай інтэлігенцыі: бачыце, маю цягу да сваёй даўніны!

Неўзабаве сюды зайшла i Антаніна. Без сына, адна. Важкая, нават дзябёлая, непаваротлівая пасля вячэры, задаволеная. Ён адчуваў: зараз пачнецца, як любіў жартаваць, яе «атака». Спачатку будзе настойлівая пяшчота (Антаніна ўвогуле цямця-лямця, але вось да любошчаў надзіва ахвочая), а пасля — нейкая просьба. Ён хуценька сеў у крэсла-крудёлку — бачыш, пачынаю пісаць, не замінай. Яна ж не пазважала, абаперлася на яго плечы дяжкімі грудзямі, абшчапіла i прытулілася шчакой да яго шчакі, намагаючыся пацалаваць у куточак вуснаў. ён упарта адварочваўся, дык яна абхапіла яго галаву абедзвюма рукамі, сілком завярнула яе i прагна, аж да болю, прыпала вуснамі да яго вуснаў. Ён i тупаў нагамі, i знарочыста пішчэў-выў, каб выцерабіцца, але дарма, Антаніна трымала яго ўчэпіста.

— Праціўны! — як усё ж вызваліўся, папікнула.— Не любіш ты мяне. Гімназістачкі табе ў галаве.

— А яшчэ — хто? — пацвеліўся.

— Канечне, я старая ужо, няўклюдная, а яны маладзенькія, спрытпенькія...— паскардзілася. Змусіла адсунуцца разам з крэслам ад стала, каб усесціся яму на калені.

— А я толькі пра гэта i думаю! Не маю іншых, больш важнейшых, клопатаў!

— Бервяно! Калода! — лагодна папікнула.— Не тое што я... Сілком дабіваюся любові! Не магу, каб не прытуліцца!— злавіўшы яго позірк, пільна зірнула ў вочы, накінулася:—Aгa, лыпаеш, як подмазку з'еўшы! Бо праўду кажу.

— Ну добра, Тоня,— прамовіў.— Мне трэба папрацаваць. Пагаворым увечар.

— Ты ж зноў застанешся начаваць тут...

— Не. Сёння прыйду да цябе.

Яна важка спаўзла з калень, абцягнула на шырокіх клубах сукенку, паправіла на аголенай, ужо маршчынаватай шыі залаты ланцужок з рубінавым крыжыкам і, выпінаючы залішне абвіслы, як у адкормленай гускі, жывот, нечакана паскардзілася:

— Якая цяпер дарагавізна! Калі да вайны фунт хлеба быў дзве з паловаю капейкі, дык цяпер дваццаць пяць. Плата за масла з дзесяці капеек вырасла аж да двух рублёў, а за сала — з трыццаці пяці капеек да дзесяці рублёў. Бульба стала даражэйшая, можа, i ў пяцьдзесят разоў! А як жа без бульбы! У нас большая палова страў з бульбы!

— Ясна,— усміхнуўся.— Размаршыла свае грошы на ўборы i ўпрыгожанні... Гавары: колькі трэба?

— Сорак рублёў,— адказала з хітрай усмешкай.

— Ты — што? — ад нечаканасці аж усклікнуў. Прызнацца, быў скупаваты.— Столькі— за адзін раз?! Гэта ж, лічы, цана за карову-першацёлку!

— Ну, трэба...— Антаніна зірнула ўмольна, пачала выпрошваць.— Які ўжо час на мне ўсё толькі старое... Няўжо не сорамна перад важнымі людзьмі, што хаджу ў лахманах?

— Жабрачка! Не, старчыха! — зморшчыўся.—

Толькі за гэтую зіму купіла паліто i норкавае футpa, сабаліную шапку, тры пары боцікаў! A колькі прыдбала сукенак, спадніц, блуз, духоў i парфумы! Вымаганка i марнатраўка — вось хто ты!

— Я ж жанчына, Мушка. Жонка такога саліднага чалавека,— не адступала, дабівалася свайго Антаніна.— Ну, дай. Апошні раз.

— ...апошні раз за гэты месяц...— дадаў з кпінаю.— Даю трыццаць рублёў, i да вясны больш з такімі просьбамі не падыходзь.

— Трыццаць — мала.

— Накіну яшчэ пяцёрку— i ўсё.

— Ну, хоць бы трыццаць восем.

— Ці трыццаць пяць, ці нічога,— сказаў цвёрда, ведаючы, што ёй, як i кожнай жанчыне, не трэба ні кроплі саступаць. Хоць крыху саступіш — лічы, здаўся i пасля заўсёды будзеш пад яе пятою.— Я ж павінен дбаць пра ўсю сям'ю. Ды ў такі цяжкі час!

— Давай, скнара, хоць столькі,— згадзілася. I калі ўхапіла грошы, цмокнула ў шчаку i ўвішна выпырхнула з кабінета.



4.

Ноччу, адкаціўшыся да сцяны, Антаніна соладка спала, а ён, як i часта здаралася, доўга не мог заснуць. Думаў-разважаў пра сённяшнія асцярожныя гамонкі ў гімназіі, даволі смелыя — з Васілевічам, зусім адкрытыя — з Дзядзем. А пасля міжволі ўспомніў сваю першую, але незабыўную паездку ў Пецярбург.

Гэта было перад самай вайною, у чэрвені чатырнаццатага, калі ў сталіцу пераехаў жыць i працаваць Лідскі. Той i паклікаў яго. Сустрэў на вакзале, уладкаваў у гасцініцу і, адыходзячы дадому, на стале «забыў», гэта значыць — пакінуў прынесеныя з сабою кнігі — «Сочинения С. В. Ешевского, М., 1870, ч. 3-я», «Отечественная война и русское общество», М., 1912, а таксама i рукапісы.

Такія кнігі не былі для Мухі вялікай навіною, ён ужо чытаў крыху пра т о е, пра ш т о хацеў намякнуць яму Лідскі (да слова, у двухтомніку Фіндзеля, у рамане «Вайна i мір» Талстога), але вось цяпер, за суткі, праведзеныя ў пецярбургскай гасцініцы, уведаў больш i душою адчуў: г э т а е — не жарты, не выдумкі альбо розыгрышы, a існасць. Хоць г э т а ў Расіі амаль сто гадоў назад забараніў Аляксандр Першы, але я н о, як выходзіць, не знікла, а наадварот, уцалела, загартавалася i набрала сілы ў падполлі. Надта — на пачатку гэтага стагоддзя. Зрэшты, можа, ён i перабольшваў, можа, у кнігах было адно, a ў жыцці ўсё іначай, можа, зусім таго не было, але хацеў ці не хацеў верыць, бачыць — яно, няхай сабе i містыка, пачало жыць у яго ўяўленні, палохала, спакушала i вабіла, як палохае, вабіць кожная тайна.

Прыйшоўшы паслязаўтра ў гасцініцу, Лідскі не спахапіўся, што «забыў» тут свае адмысловыя кнігі. Пасля невялікай гаманы пра зменлівае пецярбургскае надвор'е, пра здароўе ён, пільна вывучаючы яго позіркам, нечакана змусіў захвалявацца:

— Ну што, Васіль, пагаворым сур'ёзна?

Ён чакаў гэтага пытання, але не ведаў i цяпер, што рабіць — адразу адмаўляцца, нават ад размовы, альбо прыкінуцца зацікаўленым, ці здацца, ступіць на зусім новую для сябе сцяжыну. Урэшце, мусіць, ніякавата залыпаў, разгублена пазіраючы на зусім спакойнага, нават непарушнага, з лёгкай усмешкай сябрука.

— Буду гаварыць не толькі ад сябе, але i ад імя тых, хто ведае нашага Купалу, хто мае ў полі зроку i цябе...— зноў загаварыў Лідскі.— Адкуль знаюць цябе? Ды я расказаў... Я ў Вільні пільна прыглядаўся да вас усіх, як вы сябе называеце, сялянскіх сыноў. Нават больш — спакушаў вас самымі нечаканымі, дзёрзкімі гамонкамі, выяўляючы, хто што ведае, думае, робіць альбо будзе рабіць... Карацей, Васілевіч, Нямкевіч, Лашковіч — пена, а то нават i смецце, а вось ты саспеў ужо да важнай справы...

Цяпер Муха слухаў даволі паныла, апусціўшы галаву i адрачона пазіраючы на стол, дзе адна на адной ляжалі прачытаныя ім па-свойму цікавыя, але цяпер пагрозныя кнігі, рукапісы. Тут жа, побач, ляжала i невялікая, лёгкая рука Лідскага — на адным з яго тонкіх пальцаў быў пярсцёнак з вочкам, a ў вочку адлюстроўвалася Адамава галава. Цяпер Муха ўжо ведаў, што гэта за знак, a Лідскі не таіўся перад ім.

— Ну, дык што адкажаш? — запытаў Лідскі, варухнуўшы, а затым i паляпаўшы пальцам з пярсцёнкам на стале.

— Давай пагаворым.— Муха падняў галаву, але не зусім упэўнена зірнуў таму ў вочы.

— Добра,— усцешана прамовіў Лідскі.— Думаю, для цябе, адукаванага, кемлівага, ужо не сакрэт: здаўна былі, ёсць i будуць два вучэнні. Адно — няпоўнае, адмыслова пададзенае — для цёмнага натоўпу, а другое — сапраўднае, глыбокае, але схаванае — для выбраных... Так?

— Бадай, так.

— Не бадай, а якраз так,— ухмыльнуўся Лідскі, i нават праз акуляры было відаць, як у яго выпуклых чорных вачах заскакалі чорцікі.— Пра выбраных, пра эліту, пакуль што памаўчым. Пагамонім пра натоўп. У ім, у натоўпе, амаль увесь людскі род...

Лідскі прыбраў руку ca стала, пакруціў на пальцы свой важны пярсцёнак, а пасля звычайна, па-чалавечаму, скрыжаваў рукі на грудзіне i вольна адкінуўся на спінку канапы.

— Дык які людскі род? — нібы сам у сябе запытаў Лідскі.— Стракаты, канечне, але ў цэлым цёмны, жыве па жывёльных інстынктах: пралупіў вочы, напхнуў жывот, парабіў на кавалак хлеба, зноў за лыжку, дарваўся да чаркі, задаволіў сверб да кабеты, заваліўся ў пасцель... I так, лічы, усё жыццё... Праўда, некаторыя хочуць жыць іначай, задумваюцца i тое-сёе пачынаюць разумець... Адны з ix, шчырыя, з добрым сэрцам, але з невялікім розумам, спрабуюць «сказаць ісціну», «клікаць цёмны народ да лепшай долі», а то нават i «ўзбудзіць гнеў на узурпатараў i прыгнятальнікаў». Але што ў ix выходзіць? Не маючы падпоры, яны мітусяцца, гараць самі i нервуюць іншых, у тым ліку свой люд, уладу, за што ўрэшце трапляюць за краты, пакутуюць альбо нават i гінуць. Натоўп ix не разумее, спакойна аддае па згубу, хоць можа некалі i заплакаць па ix... Улада легка ломіць ix па аднаму... Ці не так, Васіль?

— Бадай, так,— адказаў ён. Ён мог бы паспрачацца, сказаць сваё, але не захацеў. Слухаў.

— Якраз такі лёс Васілевіча, Нямкевіча, Лашковіча,— з ноткамі непачцівасці пра былых сяброў сказаў Лідскі.— Разумнейшым трэба рабіць іначай. Не лямантаваць пра сваю відушчасць альбо пра больку, не лезці на ражон, a выбівацца з патоўпу i імкнуцца да тых, хто ведае ісціну i служыць ёй... Бывае, i яны, разумныя людзі з натоўпу, кладуць даволі важкі камень у сцяну таго велізарнага храма мудрасці i дабрачыннасці, што, кажу, будуецца са старажытнага часу... Дык вось, Васіль, ці хочаш ты ўкусіць кавалачак з яблыка пазнання, уве-даць шлях да сапраўднай ісціны, а то i паслужыць ёй?

У Мухі ўстрапянулася сэрца. Напраўду, на яго яны паклалі вока! Але што рабіць? Згадзіся — штосьці патайное ўведаеш, шмат у чым памяняеш думкі пра светастварэнне i пра назначэнне свайго «я», адным словам, пачнеш жыць зусім іначай, скажы «не» — можа, тады не толькі не дойдзеш ніколі да яблыні пазнання, але i назаўсёды будзеш адрынуты. Будзеш просты смяротны з цёмнага натоўпу. За кім пайсці? За Васілевічам альбо за Лідскім?

Той не зводзіў з яго ўчэпістага позірку, пасміхаўся. Можа, i цешыўся яго душэўнымі пакутамі.

— Хачу...— адказаў Муха, адчуваючы, што на пераноссі выступаюць кропелькі поту, а сам ён, бадай, упершыню за апошнія гады траціць волю, самавалоданне i аддаецца чужой сіле.

— Тады мусім пагаварыць шчыра i даверліва,— прамовіў Лідскі. I, здаецца, вельмі задаволена. Як пераможца.— Па сабе ведаю: пры такой размове хочацца пра тое-сёе запытаць. A іменна: чаму ўсё ж ёсць іншае, больш глыбокае, вучэнне? Чаму яно тайнае?

Муха квола ўсміхнуўся ў знак згоды. Кожны, мусіць, на яго месцы ў гэтую хвіліну паводзіўся б гэтак жа.

— Так,— пацвердзіў Лідскі,—Давай пагамонім. Цвяроза, без эмоцый. Скажам, давай глыбей паразважаем пра натоўп — гэта значыць чалавечы статак. Ён — вялікі, працаздольны, але з кепскімі норавамі ды са згубнымі страсцямі, супярэчлівы i неўладкаваны асілак, той жа Удовін-сын, як кажуць Нямкевіч i Васілевіч. Асілкаў i звычайных двухногіх жа трэба ўтаймаваць, акультурыць: навучыць кожнага не толькі працаваць, есці, спаць, наталяць пажаднасць, але i шукаць, прышчапляць высакароднасць, роўнасць, братэрства, гуманізм, асвету, любоў, бескарыслівасць, мудрасць, урэшце... Адным словам, трэба дабіцца гармоніі ды шчасця ўсяму чалавечаму роду. Але як гэта зрабіць? Мячом? Бізуном? Па-першае, лупіць між вушэй нібы не зусім прыстойна, па-другое, могуць вырваць з рук бізун, а па-трэцяе, сілаю зломіш, стопчаш, але не пераможаш. Значыць, найперш трэба добра ведаць чалавека, натоўп, яго душу i розум, спакусы, мары. Ведаючы, трэба змагчы кіраваць гэтым, знішчаць Зло i спраўджваць Дабро... Але ці разумна кожнаму хваліцца: я цябе, дурань, не толькі разумею, але i знаю, як цябе ўтаймаваць?! Ты — будаўнічы камень у нашых руках, мы будуем храм чалавечай любові, а растворам з'яўляюцца твае ж лепшыя пачуцці! Ці кожны ўсё гэта зразумее, захоча ачышчэння i ўдасканалення? Ці не дасць яшчэ табе па карку за тваю ж дабрачыннасць?

— Але ж...

— Гавары-гавары, калі ласка,— падбадзёрыў Лідскі.— Мы ж дамовіліся: пагамонім шчыра i даверліва.

— Сапраўды, давай, як ты кажаш, паразважаем шчыра i без эмоцый,— прамовіў Муха.— Усё, што ты прамаўляеш, гучыць прыгожа, дабрачынна. Але калі ўдумацца, дык ва ўсім гэтым ёсць i лабуда... I нашы дары найперш вяшчаюць пра Дабро, але правяць насіллем, з пагардаю да «сваіх сыноў i дачок», «рабоў божых». Т ы я, х т о х а в а е т а й н у , як ты кажаш, таксама за Дабро, але ж i ў ix ёсць пагарда да простага люду: яны ўсяго не кажуць яму, не любяць яго... I яшчэ. Хто i калі выбраў гэтую эліту? Чаму ў ёй толькі жменька шчасліўцаў? Чаму амаль увесь чалавечы род асуджаны на дзікасць, на парабкоўства? Гэта ж несправядліва! У аснове!

— Усё? — усміхнуўся Лідскі, выпрастаў рукі i пацёр ix.

— He,— прамовіў Муха.— Давай зазірнём, як кажуць, у корань. Вы даўно ўжо існуеце, нібы акультурваеце натоўп. Але ці акультураны ён? А па-другое, ці хочаце вы акультурыць яго? Ці параўняеце яго калі-небудзь з сабою? Няўжо леў прызнае сваім братам зайца? Адмовіцца ад сваёй крывапіўнасці, пачне есці траўку? Не. Леў заўсёды будзе львом, якія б прыгожыя прамовы ні гаварыў слабейшым... Дык ці не вашы словы пра дабрачыннасць — толькі легенда, казка? Ці не ўсыпляе імі эліта натоўпы, ці не сее яшчэ кепскія норавы, згубныя страсці, каб кожны чалавек разбэсціўся, апусцеў душой, пайшоў па руках i стаў разгубленай i паслухмянай авечкай у статку пастуха-ўладара? Канечне, чалавечыя пастухі смяротныя, паміраюць, дык трэба папаўняць, амалоджваць клан лепшымі з натоўпу, каб была жывучая сама ідэя...

Лідскі слухаў i хітаў галавой. З увагай, але з ухмылкаю.

— Хіба не такі (на словах гуманны, а на справе жорсткі, эгаістычны) сакрэтны саюз егіпецкіх жрацоў, паказаны, скажам, у рамане Пруса «Фараон»? Ці, шукаючы сэнс жыцця i ісціну, хіба не расчараваўся ў эгаізме i марнасці т ы х, х т о х а в а е т а й н у, П'ер Бязухаў з рамана Талстога «Вайна i мір»?

— Усё? — ухмыльнуўся Лідскі, i ў вачах яго бліснулі нядобрыя агеньчыкі. Можа, i ад усіх гэтых яго пытанняў.

— A хіба гэтага мала?

— Не, не мала,— згадзіўся Лідскі. А пасля ўздыхнуў.— Аднак i смецце ж яшчэ ў тваіх мазгах! Заўсёды былі, ёсць такія, хто альбо не разумее нас, альбо спрабуе ашальмаваць нашу ідэю... Успомні i яшчэ адзін літаратурны твор, «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага. Там вуснамі Вялікага інквізітара добра расказана, які гэта велізарны цяжар — ведаць, захоўваць тайну светастварэння i будучага яго ўладкавання, тайну пазнання чалавечай душы, абчалавечваць натоўп, часамі i манячы яму... Дзеля яго ж!

Муха змаўчаў— рашыў паслухаць, што i як яму адкажа Лідскі.

— Канечне, вельмі цяжка ўдасканальвацца...— аднак той перавёў гамонку на іншае.— Нялёгка адмаўляцца ад усякіх спакус i страсцей — ад грошай, гарэлкі, пралюбадзейства, зайздрасці, кар'ерызму, пагоні за славаю... Аднак калі ты шчыра хочаш, каб усё чалавецтва змянілася, удасканалілася, дык пачні гэтае перавыхаванне з сябе!

«Спрытны! — усміхнуўся сам сабе Муха,— Хіцер Зміцер, але i Саўка не дурны!»

— А якое жыццё без спакус i страсцей? — на іншае перавёў гамонку i Муха. Каб перакінуць кладку праз прорву, што ўзнікала між імі.— Без чаркі, без жанчын, без уцех i эмоцый? Гэта шчасце ці бяда некаторых рэвалюцыянераў, якія, як пісаў Герцэн, жывуць аскетамі i намагаюцца ўсім з а г а д а ц ь свае погляды?!

— Не блюзнернічай, Васіль,— адчуўшы яго хітры ход, паружовеў Лідскі i пачаў ужо наступаць: — Адказвай: асмельваешся адмовіцца ад свайго ранейшага грэшнага жыцця i ўступіць у новае, высакароднае? Хочаш не толькі трапіць у выбраныя, але i ведаць, што i для чаго робіцца ў Расіі, у свеце? Жадаеш памагаць будаваць дабрачынны храм? Калі баішся ці не зможаш змяніцца, дык лічы: мы з табой сёння не гаварылі. Калі верыш у свае сілы, здолееш пераўвасобіцца, дык магу быць тваім паручальным...

...Праз дзень Лідскі прывіёў Муху ў адзін з пецярбургскіх прыстойных дамоў.

З хваляваннем ён зайшоў у першы, цемнаваты, пакой, дзе яны павесілі свае плашчы i капелюшы, пераходзіў у другі, таксама ca скупым святлом, дзе ix сустрэў чалавек у своеасаблівым уборы («Нібы арганісты»,— падумалася Муху) i дзе яму завязалі вочы мяккім мужчынскім кашнэ. Калі завузлівалі канцы на патыліцы, дык i яму, як некалі ў такой жа сітуацыі П'еру Бязухаву, ублыталі ў вузел i балюча нацягнулі валасы.

Пасля яго завялі за руку ў другі пакой. Там ён адзін пастаяў у апраметнай цемры, як i перасцерагаў Лідскі. Трэба было «падумаць пра сэнс свайго жыцця i пра патрэбу перамены яго ладу». Затым па ўмоўным стуку вызваліў вочы ад цёмнай павязкі i пры маленечкім агеньчыку свечачкі пабыў ля стала з чэрапам i Бібліяй, ля труны з чалавечымі касцямі, «ачысціўся», нават «памёр». Пазней адказаў на пытанні незнаёмцу, згадзіўся ўступіць у т а й н ы д а б р а ч ы н н ы с а ю з, адбыў асобныя, першыя, пасвячэнні i зноў з завязанымі вачыма трапіў яшчэ ў адзін пакой, дзе нібы сонны, нібы наяву («Што я раблю? — думаў.— Гуляю, забаўляюся дзіцячымі гульнямі ці здаю сур'ёзны экзамен?») расказаў нябачным людзям пра сябе, даў клятву на вернасць, прайшоў новыя абрады, пасля ўбачыў «малое» i «вялікае» святло — яму адзін i другі раз адвязвалі, накідалі, зноў прыбіралі кашнэ i спачатку пры цьмяным, а пасля i пры ясным святле паказалі, хто i што тут, у гэтым пакоі.

Ён убачыў перад сабой доўгі, накрыты зялёным сукном стол, а за ім — гурт звычайных пажылых i маладых, лысых i кучаравых мужчын у белых, здаецца, скураных фартухах, a ўперадзе стала, на старшынёўскім месцы, важна сядзеў пажылы сівы прыгажун у іншым, чым астатнія, уборы i з малатком у руцэ.

«Вось яны — выбраныя! — падумаў са здзіўленнем.— I вось што значыць паэтычны заклік «да волі», «да святла!».

Стаяў уражаны, ніякаваты i пазіраў на эліту, да якой трапіў так нечакана. Мужчыны ж азіралі яго насуплена, нават строга.

Убачыў: на адным баку стала ляжыць дыванок з незвычайнымі, найбольш з будаўнічага ўжытку, узорамі, на другім — белы чэрап i кніга. Насупраць, у сцяне, зіхацела электрычная, здаецца, шасціканцовая зорка.

Калі ён асвойтаўся сярод незнаемых людзей i новага для сябе асяроддзя (усё гэта было нібы не на зямлі, а на казачным Алімпе), прайшоў астатнія рытуалы. Пасля на яго начапілі белы фартух, пазнаёмілі, што значаць знакі на дыване — сонца, месяц, малаток, цыркуль, адвес, рыдлёўка, дзікі i кубічны камень, калоны,— пасадзілі, i яго праэкзаменаваў старшыня.

Старшыня, здаецца, быў задаволены, што ён адказваў стройна, як i вучыў Лідскі. I ўсе астатнія памякчэлі.

— Мушу дадаць, што наша работа цягнецца ад нараджэння (з часу ўступлення ў наш саюз) i да смерці,— сказаў пасля старшыня. Ад гэтай яго перасцярогі аж прабеглі мурашкі па спіне.— Калі захочаце па нейкіх прычынах пакінуць нас, дык гэта можна. Але i тады вы ўсё роўна павінны захоўваць нашу тайну. Раней, у сярэдневякоўе, кандыдату пагражалі забойствам, калі ён парушыць клятву. Вам як чалавеку гонару няма патрэбы пагражаць, аднак, помніце заўсёды, традыцый нашых мы не парушаем...

Пасля той прачытаў яму статус саюза, з якога ён тады найбольш запомніў тое, што кожнаму трэба быць у пакорлівым паслушэнстве, рабіць усё, што даручаць старшыя.

Затым Муха даў апошнюю клятву.

«...Я даклярую, што не буду запісваць, ні слова не апублікую пра нашыя сакрэты i не дазволю, каб гэта рабілі іншыя пры мне, каб па маёй віне не стала вядома наша тайнае мастацтва i тайныя містэрыі. Даклярую любіць братоў, найперш ix падтрымліваць рублём i словам, памагаць ім ва ўсім i на карысць ордэну аддаць апошнюю кроплю крыві...»

Урэшце яго пазнаёмілі з тайнымі знакамі, жэстамі i паролямі яго ступені (каб мог у Пецярбурзе, у Вільні, нават i за мяжой пазнаць сваіх), далі яму новае імя i прозвішча, а таксама паказалі тайны шыфр для перапіскі.

Калі вярнуўся ў Вільню, яго самі знайшлі віленскія браты. Спачатку ён быў радавы ў адной з іхніх ячэек, мала што значыў, слухаў ды назіраў, пра што гаворыць віленская інтэлігенцыя, дакладаў пра гэта на сваіх зборнях, а пазней, ужо ў Мінску, пачаў расці, дайшоў да Дзядзі. У апошні час Муха «апекаваў» тутэйшую творчую інтэлігенцыю.

Гэта — яшчэ не ўс'ё з тых вялікіх тайн, што Муха насіў глыбока ў душы. Яшчэ з Вільні цягнулася яго повязь з ахранкаю — ён, як жартуюць, «працаваў аж на тры разведкі».

...Цяпер, позняй ужо ноччу, чамусьці збаяўшыся ўсяго свету, свайго жыцця, смерці, Муха цяжка ўздыхнуў i перавярнуўся на другі бок. Ды сон усё роўна не ішоў.

«Даб'юцца чаго нашы ў Петраградзе альбо не? — падумаў,— Што чакае ix, нас тут — перамога альбо Сібір?»


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ


1.

Васілевіч i сёння прачнуўся на досвітку.

Крыху пачакаў, калі само па сабе пасвятлее ў невялікім, з адным акном пакоі (каб не запальваць лямпы i не траціць апошняй газы), а пасля ціхенька падняўся са свайго даўно ўжо неадлучнага матраца, які i тут, у Мінску, рассцілаў нанач на падлозе, i неўзабаве сеў за стол. За сённяшнюю раніцу хацеў закончыць новае апавяданне i, можа, нават накідаць план новага гісторыка-этнаграфічнага нарыса па культуры Беларусі дванаццатага стагоддзя. Пра ранейшыя, дзевятае — адзінаццатае, стагоддзі напісаў ужо тое-сёе.

Цяпер, пішучы, адчуў: прачнулася i Таня, але ляжыць ціха. Каб не заміпаць яму i не пабудзіць дзяцей (старэйшы сын i большая дачка спалі на змайстраваным ім палочку, серадольшая дачка — з Таняю, а малодшы сын — у калысцы-люляйцы, падвешанай да столі, над яго штоночным лежбішчам). Л заадно, канечне, Таня разважала-гадала, што даць сёння на сняданак. Выйшлі грошы (нават тыя, што Сямён пазычыў у Мухі), скончыліся харчы. Засталося толькі па жменьцы круп i макаронаў ды пару сухароў. Што мелі вартага з адзення альбо пасуды, усё ўжо выменялі на рынку на яду за гэтую халодную зіму (a ў вайну, як ужо ўпэўніўся i сам, зімы не толькі халодныя, але i галодныя, ярыя на хваробы).

Неўзабаве Таня не выцерпела ляжаць i, як пачуў, а заадно i ўбачыў краем вока, узяла з біла i накінула на худыя плечы паношаны, выцвілы халат, апусціла долу тонкія погі i пачала расчэсваць доўгія, некалі чарнявыя, а цяпер пасівелыя валасы. Па тым, што раз-пораз цяжка ўздыхала i тут жа ўтаймоўвала дыханне, а пасля моўчкі, не павітаўшыся, выйшла з пакоя, зразумеў: i сёння не задаволеная, што ён піша («слепіць вочы ды марнуе паперу», як лічыла), а не гаспадарыць, як умее, да слова, глядзець сям'ю гаспадар Сапукевіч — рабочы мінскай ваеннай майстэрні. Яму ж i цяпер жончынае незадавальненне паддавала абурэння, злосці — i ў такія хвіліны ўзбуджэння пісаў надзіва лёгка i, здаецца, складна.

Пазней, калі дробненькім i крываватым почыркам спісаў не адну старонку, душой адчуў: прайшло ўжо гадзіны са тры, дык час ісці на працу. Пра гэта напомніў i голад — так захацелася есці, аж забалеў жывот.

«Паснедаю, а заадно i паабедаю ў вайскоўцаў»,— падумаў, пакідаючы пісьмовы стол: сёння павінен быў з раніцы ехаць па клопатах статыстычнага камітэта ў Грэнадзёрскі корпус Другой арміі Заходняга фронту.

— Садзіся, перакусі,— ужо спачувальна сказала яму Таня на цеснай (адной на дзве сям'і) кухні, калі забег туды, каб хоць шклянкай вады абхітрыць жывот i перабіць голад.

Як падняў вочы на жонку — кволую, з вытырклымі, вострымі лапаткамі на спіне, сагнутую, зморшчаную, заўсёды сумную,— дык адразу адпалі крыўда i злосць, а нагарнулася спагада i нават шкадоба: некалі выратаваў яе ад смерці, узяў з дзіцем, але ні ёй, ні сабе шчасця не здабыў. Як была галетніца, такой i засталася. I яшчэ горай— адно аднаго не пакахалі, толькі прыцерліся душа да душы i жывуць разам дзеля дзяцей — калі мусіў уцякаць у свой час з Вільні ў Мінск, думаў заадно i абарваць усе свае пакуты, пакінуць яе. Але не змог. Пашкадаваў. Яна ж, як i кожная кабета з такім лёсам, здалася, нават скарылася сваёй долі, але насіла ў душы ўспыхі гневу, папрокі, жаночую помслівасць. Каб не баялася, што пакіне яе з дзецьмі, то была б болей агрэсіўная.

Ён моўчкі сеў за гаспадароў, накрыты белым, у шэрыя клетачкі, настольнікам стол, а Таня падала яму кубак гарбаты (без цукру) i два скрылікі нацёртага часнаком i высушанага чорнага хлеба.

— Дзякую,— прамовіў, стараючыся не пазіраць на яе тонкія, з выпуклымі сінімі жыламі рукі.— Затрымалі ў гэтым месяцы паёк, дык вось i цяжка... Пазычу сёння яшчэ ў Мухі, дык заўтра купім бульбы, селядцоў.

Яна не абзыўнулася, толькі, нібы не верачы, жаласна перасмыкнула бяскроўнымі вуснамі i перабівіста ўздыхнула. Гэтак жа, не пазіраючы адно на аднаго ды не прытуліўшыся, i разышліся. Цалаваліся яны рэдка, як кажуць, рады ў гады.

— Ну, я пайшоў. Вярнуся позна,— буркнуў на адыход.

На дварэ пачуў палёгку. Можа, i ад светлай, марознай, з маладым чырвоным сонцам раніцы, можа, i ад таго, што вырваўся нібы з цёмнай i ўдушлівай нары, апынуўся сам-насам i ў хуткім руху. У сумныя альбо пакутлівыя хвіліны любіў быць адзін i ехаць, ісці-брысці хоць на край свету. Цяпер нават не падакараў сябе, што не сказаў цёплага слова Тані, не суцешыў i не прылашчыў, хоць ёй, можа, не стала б лягчэй. Шпарка крочыў, прагнуў усяго новага.

«Не, Сямён. Ты не муж, не бацька...— гаварыла яму не раз Таня.— Табе не трэба было шкадаваць мяне, жаніцца. Ты не ўмееш жыць для сям'і. Ты жывеш для нечага іншага. Ты мучышся сам i мучыш усіх, хто ля цябе. Ты ніколі не будзеш шчаслівы сам i нікому шчасця не прынясеш. Такая ўжо твая няшчасная планіда...»

«Планіда-планіда! — аж зазлаваў прыспешваючы крок.— А як жыць іначай?»

Блізкая Курасоўшчына, мінскія ўскраіны былі ўжо ажылыя: з комінаў цесна прылепленых адна да адной драўляных хат ляніва падымаліся ўгору дымы, вакол чуліся людскі тупат i гоман, рыпы калодзежных жураўлёў, віск галодных свіней —усе тыя явы i гукі, што неад'емныя ад гэтай, вясковай, часткі горада. Злева, воддаль, узбуджаўся i цагляны горад — дымеў, гуў, піпікаў, падаваў заводскія гудкі.

Калі па сваім завулку прышыбаваў на Малагеоргіеўскую вуліцу i ў глыбіні панадворка ўбачыў знаёмы невысокі, накрыты чарапіцай, з парасхілянымі аканіцамі драўляны дом, а за ім — садок, студню, дык міжволі запыніў крок i ўталопіўся позіркам на крайняе акно. У гэтым доме жыве Змітрок Бядуля з сёстрамі, a ў пакоі, на акно якога ён пазіраў, кватаруе Максім Багдановіч. Васілевіч часта, асабліва па нядзелях, сюды заходзіць, каб пагаманіць з творцамі.

Цяпер Васілевіч пазіраў на невялікае акно, на шыльдачку з нумарам 12 з асаблівым пачуццём: сёння тут яшчэ ёсць Максім Багдановіч, але ўвечар яго тут ужо не ўбачыш. Хворы паэт мусіць ехаць на поўдзень.

Багдановіч сядзеў каля акна — былі відаць яго схіленая галава з капой адгэтуль, воддаль, цёмных валасоў, а таксама плечукі з накінутай на ix студэнцкай цёмнай (а на самай справе зялёнай) курткай. Ці пачуў яго рыпучыя на марозе крокі, ці адчуў учэпісты позірк, дык падняў галаву i зірнуў сюды, на вуліцу. Усміхнуўся, махнуў рукой. Сямён памахаў у адказ, але не запыніўся, не звярнуў, каб зайсці ў кватэру. Не варта замінаць, няхай пабудзе адзін, хоць крыху яшчэ папіша ў дзень развітання з роднаю зямлёй. Убачацца пад вечар. У «Беларускай хатцы».

Васілевіч адыходзіў ад знаёмай гасціннай хаты, a ў душы рос, мацнеў ужо іншы боль — па Багдановічу. Той вельмі хворы, яму мусова трэба ехаць да цяпла i лячыцца, але гэты ад'езд тужлівы. Цяпер усе з тутэйшай інтэлігенцыі хінуцца, горнуцца да Максіма i яго паэзіі, як імкнецца ўночы да агеньчыка змардаваны падарожны, а вось хутка, ужо заўтра, гэтага ваблівага цяпельца тут не будзе.

Васілевіч, лічы, бег — у парыве невясёлага настрою. Сёння яго ўвагу не закрануў знаёмы назойлівы, стракатлівы гул. Той гучнеў i набліжаўся з баранавіцкага боку. Праўда, неўзабаве Васілевіч не вытрываў i зірнуў угору ca злосцю: у блеклаблакітнаватым, з рэдкімі вадзяніста-белымі, падружоўленымі воблачкамі небе ляцеў цёмны жалезны каршун — аэраплан.

Нямецкія аэрапланы заяўляліся над прыфрантавым Мінскам кожны дзень, найчасцей раніцай, i да гэтага ўсе ўжо прывыклі. Аэрапланы прыляталі ў разведку альбо часамі нават i бамбілі — імкнуліся пашкодзіць ваенныя заводы, майстэрні, склады, вакзалы ці электрастанцыю.

Сёння пагрозная жалезная птушка-госця не даляцела нават да Малагеоргіеўскай вуліцы: з засцянковых садоў затахталі схаваныя i дагэтуль прытоеныя зеніткі. У небе пачалі ўспыхваць агеньчыкі i заяўляцца клубы сіняга, з ружовым подсветам ад сонца дыму. Л'ётчык, убачыўшы разрывы снарадаў, павярнуў аэраплан, скінуў на самым канцы горада — можа, i на поплаве — бомбы і, ратуючыся, паспешна ўцёк.

«Цяцеры! Не збілі!» — загневаўся Васілевіч на зенітчыкаў. Нібы якраз гэты аэраплан быў вінаваты ва ўсіх бедах i няшчасцях. У яго i знаёмых яму людзей.

«Праклятая вайна! — ішоў i гарэў ад гневу, болю.— Хутка ўжо тысячу дзён мучыш, губіш свет...»



2.

Пад абед Васілевіч выйшаў з цягніка на невялікай станцыі Пагарэльцы Аляксандраўскай чыгункі, непадалёку фронту, пад Баранавічамі.

На расчышчаным ад снегу, шчодра аблашчаным сонцам, цёплым тупкім пероне яго, як i іншых пасажыраў, сустрэў вайсковы патруль, праверыў дакументы, а на станцыі ваенная камендатура дала яму часовы пропуск, каб яго пусцілі туды, дзе стаялі першая i другая дывізіі патрэбнага Грэнадзёрскага корпуса. Праўда, сёння i тут адчуліся петраградскія «чрезвычайные обстоятельства»: яго старанна абмацалі з ног да галавы, шукаючы крамольных папер. Капітан, які аддаваў загад фельдфебелю абшукаць, так i запытаў: «Подстрекательских бумаг, листовок, воззваний не везете?» Праўда, знаёмы пісар, выпісваючы пропуск, зычліва падказаў, што можна пад'ехаць — на аўтамабілі палкоўніка ca штаба корпуса.

Гэты аўтамабіль стаяў за старой i пахіленай драўлянай агароджай станцыі, паблізу ўзброенага вартавога. За рулём ваеннага легкавіка сядзеў малады, з заліхвацкімі вусікамі прапаршчык i чытаў тоўстую, абгорнутую газетай кнігу. На Васілевіча зірнуў пагардліва, буркнуў, што ўзяць пасажырам без дазволу не можа. Яго ж начальнік, пажылы, арыстакратычнага выгляду палкоўнік, заявіўся тут не хутка, калі Васілевіч ужо i патаптаўся, i абгледзеў да драбніц некалі далёкую i невядомую, а цяпер слынную для ўсёй Расійскай імперыі станцыйку — вузкія, доўгія мурзатыя склады, штабелі шпал i рэек, блізкі бярозавы гаёк i сасновы лес за ім, дзе, як ведаў, стаяць зеніткі,— нагледзеўся, як з радасцю смакуюць галубы талую ваду ў невялічкай лужыцы пры шпалах.

Палкоўнік паблажліва i зверху зірнуў на яго, невысокага, ды на ягоны злямчаны капялюшык i старое паліто, як можа пазіраць напоўнены армейскай уладай i самалюбствам вайсковец высокага чыну на розных «лайдакоў» — цывільных, якія «мала сочаць за сабой, разбэшчаныя i сапсаваныя людзі». Махнуў рукой на задняе сядзенне («Садзіся!») i пасля, калі паехалі, маўчаў. Васілевіч толькі пазіраў на яго падпацелую спадыспаду фуражку i шынель, на бялюткі каўнерык i маршчыністую, але гладкую, файна выгаленую шыю.

Па сваёй службе Васілевіч не быў у Трэцяй (штаб у Полацку) i Дзесятай (штаб у Маладзечна) арміях, але вось сюды, за Стоўбцы i пад Баранавічы, у Другую армію (штаб у Слуцку), прыязджаў досыць часта, дык ужо ведаў, якія стаяць тут часці i як яны ваююць, якое ў ix побытавае жыццё-быццё. Ён ужо не здзіўляўся, што грэнадзёры, надта афіцэры, да якіх ён ехаў, фанабэрыстыя. Амаль усе грэнадзёры — са старадаўняга прывілеяванага корпуса, падабраныя з Маскоўскага гарнізона, «Масквічы», як на ix казалі. Афіцэрамі былі дваране i кадравікі. Корпус сярод часцей Другой арміі, хоць таксама знаходзіўся недалёка ад ворага, займаў выгадныя мясціны: па-першае, трымаўся паблізу важнай чыгункі, па якой яму прысылалі свежую пошту, пасылкі з Масквы i Петраграда, а высокае начальства магло i пад'ехаць у абодва цэнтральныя ў Расіі гарады альбо тут сустрэць родзічаў, гасцей (у тым ліку i замежных), а па-другое, прыкрываючы пазіцыі па Слонімскім тракце, корпус стаяў на вузкай умацаванай артылерыяй, i галоўнае, сухой плошчы. Калі i іхнія блізкія суседзі, казакі ля Нясвіжа i Туркестанскія часці на стаўбцоўскай i налібацкай землях, таксама не маглі вельмі наракаць на кепскі побыт, дык іншыя суседзі гаравалі па-сапраўднаму. Нават больш — апынуліся ў пекле. Да слова, 3-ці Сібірскі корпус сядзеў паўночней, у лесе i каля Нёманскай нізіны альбо па ёй, a некалькі іншых карпусоў, у тым ліку дзевяты i пяцідзесяты, макрэлі, гнілі ў палескіх балотах. Дык вось, можа, i ад гэтай шчаслівейшай, долі, як гаварылі, «у грэнадзёраў моцны дух», яны тут — «апора рускай арміі».

Мінаючы фальваркі, вёсачкі, Васілевіч бачыў знаёмы панылы краявід, ужо які час неад'емны ад гэтай зямлі: пазіцыі ў лесе, на ўскрайку альбо на полі — укапаная артылерыя, бліндажы, акопы, пакручастыя хады-норы паміж лініямі абароны, дамы-штабы ca сцягамі часцей, даўжэзныя акопы-казармы, выкладзеныя з тутэйшага страявога лесу альбо гаспадарскіх гумнаў, кухні, салдаты i салдаты ў шэрых шынялях...

Калі ні едзь, дык заўсёды i ўсюды поўна ix, небарак. То ідуць пахмурныя з вінтоўкамі да першай лініі акопаў ці ад яе строем, то сядзяць гуртам ля агню, грэюцца i кураць, то маршыруюць па тупкім пляцы ці сякуць дровы, чысцяць коней, то блындаюць па вясковых вуліцах з падвешанымі рукамі.

Паблізу вёскі Вольная, што была вёрст за пятнаццаць ад Баранавіч, аўтамабіль спыніўся нечакана, дык Сямён у задуменні аж ткнуўся лбом у палкоўніцкі наадэкалонены карак. Шафёр з'ехаў з гладкай, садранай салдацкімі рыдлёўкамі ледзь не да зямлі дарогі крыху правей, да накіданай гурбы снегу, а злева, таксама ля снежных узгоркаў сталі вайскоўцы: узброены малады салдат i зусім яшчэ юны падпаручнік трымалі пад канвоем двух пажылых абяззброеных i без папруг салдатаў.

Палкоўнік не вылез з машыны, адчыніў толькі дзверцы i паклікаў пальцам да сябе падпаручніка.

— Чые? — строга запытаў.

— Шостага грэнадзёрскага палка, ваша высокаблагароддзе,— казырнуў i аддана выпаліў той. Відаць, зусім нядаўна прыехаў сюды, бо быў чысценькі, адпрасаваны, бадзёры, яшчэ без змучанасці, што былі ўжо не толькі ў салдат, але i ў афіцэраў, якія ваявалі з першага дня вайны i за гэты час удосталь сербанулі ліха. Гэты, канечне, прагнуў сутычак з ворагам, подзвігаў, узнагарод, але ў сапраўдных баях яшчэ не быў.

— За што арыштаваны салдаты?

Тыя — адзін высокі i вусаты, другі малы ростам i бязвусы, абодва ў зношаных шынялях i абутку, маршчыністыя, загарэлыя, але з блеклымі вачыма — абыякава адвярнуліся і, моршчачыся, адрачона пазіралі ўбок.

Хадзілі да варожых пазіцый i абменьвалі хлеб на табак i гарэлку, ваша высокаблагароддзе.

— Жах! — выкрыкнуў у гневе палкоўнік,— I гэта— грэнадзёры! Любімцы яго вялікасці! Што ўжо гаварыць пра іншых?!

— У суседзяў, ваша высакаблагороддзе, яшчэ горш. Салдаты ходзяць да непрыяцеля ў госці i прымаюць непрыяцельскіх салдат. Вядуць антываенныя размовы, дэзерціруюць...

Палкоўнік змаўчаў, толькі рэзка адкінуўся — ад натугі ды злосці аж пачырванелі яго вушы i шыя.

— Вядзіце арыштаваных, падпаручнік,— буркнуў ён не ў меру шчыраму маладому афіцэру і, не зважаючы на яго казыранне, ляпнуў дзверцамі, кіўнуў шафёру, каб ехаў далей. Не налічыў патрэбным ні з падначаленым, ні з цывільным Васілевічам гаварыць пра толькі што пачутае, сядзеў надзьмуўшыся як індык, толькі час ад часу нервова i дакорліва хітаў сам сабе галавой.

Васілевіч таксама не сказаў ні слова, хоць у яго аж зрываўся з языка кпін на «любімцаў яго вялікасці», «сапраўдных рускіх воінаў». Стрымаўся. Ведаў: з вайскоўцамі, ды яшчэ высокага чыну, жартаваць не варта. Ды яшчэ ў т а к i час пра т а к о е армейскае!



3.

Калі справіў клопаты ў штабах Першай i Другой грэнадзёрскіх дывізій (пра фураж i харч для арміі) i вяртаўся назад, Васілевіч міжволі наткнуўся ў вёсцы Вольная на сходку.

На сонечным двары вялікай казармы-акопа, рассеўшыся абапал некалькіх радоў даўжэзных дашчаных сталоў, палуднавала, відаць, сама меней паўроты. Салдаты i унтэр-афіцэры ca смакам сёрбалі суп (гарохавы, як пасля агледзеў Васілевіч). Афіцэраў побач з імі не было. Яны, канечне, пайшлі ў сваю сталоўку.

З краю пляца, пасярэдзіне, стаяла некалькі вайскоўцаў. Але прышлых, як адразу было відаць. Яны перакідваліся жартоўнымі рэплікамі з тымі, хто сядзеў i палуднаваў — раз-пораз чуліся па-мужчынску залівістыя i здаровыя ўсплёскі смеху.

Калі падышоў блізка, Васілевіч заўважыў: сярод афіцэраў i салдат, якія стаяць, знаходзіцца i яго мінскі знаёмы, статыст Міхайлаў. Бачыў ужо не раз i тых, хто быў побач з ім, ды толькі не ведаў усіх па прозвішчах. Толькі вось падпалкоўніка, які стаяў побач з Міхайлавым, запомніў: Каменшчыкаў, з мясцовага палка.

Міхайлаў — сярэдняга росту, каржакаваты, не то з шэрымі, не то з блакітнымі вачыма, з каштанавымі вусікамі, у афіцэрскай форме, але без пагонаў — найбольш i жартаваў з салдатамі. Ён, як ужо ведаў Васілевіч, умее спачатку праз пацешкі ды кпіны, а пасля i ўсур'ёз распытаць ці расказаць усё, што трэба. Вось услед за іншымі зірнуў на яго, здаецца, паказаў сябрам нейкі супакаяльны знак, махнуў яму для прывітання рукой i зноў павярнуўся да салдат.

— A які, хлопцы, апетыт?

— На апетыт не скардзімся, ды абед не ахвоць...— адказаў вусаты пажылы салдат, які сядзеў насупраць. Відаць, «стары» альбо прызыўнік другога разраду.

— A ў суседніх, не ў прывілеяваных, часцях, увогуле па ўсім фронце амаль няма хлеба i мяса,— пахітаў галавою Міхайлаў.— Даюць гнілую воблу, поснае чачавічнае пойла...

— I ў нас, вашблагародзь, не густа. Гарошына, жырынка не могуць знайсці адна адну...

— A калі яшчэ паўгода, год ці болей пасядзім у акопах, дык не будзе ні гарошыны, ні жырынкі...

— Што праўда, то праўда, вашаблагародзь... — уздыхнуў вусач.

«Бач, як спрытна, праз салдацкі жывот, дабіраецца да душы...— падумаў Васілевіч.— I гэтыя размовы — не размовы земца...»

— Ваша высокаблагароддзе,— падняўся з-за крайняга стала i павярнуўся да падпалкоўніка Каменшчыкава пажылы фельдфебель.— Асмельваюся заўважыць: гэта — зусім непажаданыя для фронту, азбуральныя размовы... I вы, як старэйшы па званні, асмелюся заўважыць, павінны спыніць ix...

Міхайлаў зірнуў на «вернага служаку» пагардліва, а потым з запытаннем акінуў красамоўным позіркам салдат: што — не хочаце гаварыць пра свае беды, жадаеце i далей карміць у акопах вошай?!

Старэйшыя салдаты пазіралі з разуменнем, але не спяшаліся выяўляць свае думкі, а маладзейшыя, навабранцы, зыркалі з цікаўнасцю ды з некаторай насцярогаю.

Парушыў маўчанне вусач-гаварун:

— Што ні кажы, зацягваецца гэтая каша...

— Вось іменна, паны грэнадзёры! — падхапіў яго словы Міхайлаў.— Вайна, разруха не толькі зацягваюцца. Яны ўжо становяцца невыносныя, пагібельныя. Прызнаемся: усе мы, апранутыя ў армейскія шынялі, цывільныя, чакалі 14 лютага як збавення. Спадзяваліся: вось зноў начне засядаць Дума, дык урэшце мудра ўсё ацэніць, пачне шукаць міру, запыніць народныя пакуты, падбае пра хлеб, зямлю. Але ні цар, ні Дума так не разважалі i не разважаюць. Нас зноў хацелі атуманіць прыгожымі словамі, патрыятычнымі прамовамі. Ды расійскі рабочы люд, найперш петраградскі, не такі ўжо сляпы i даверлівы, як быў дванаццаць гадоў назад. Ён у свой час дорага заплаціў за свой давер. Дык цяпер не кінуўся да Таўрычаскага палаца салідаравацца з буржуазіяй (праўда, яе лібералы апраўдваліся: бачыце, люд не супраць нас, бо не замінае нам. Як i мы, хоча весці вайну да канца). A ці гэта так на самай справе? Прызнайцеся: вам вельмі хочацца гінуць, марнець тут без пары без часу? Не пад'юшчвае ўжо злосць тупнуць нагою альбо i наставіць штык: годзе, цар-бацька, паны, бойні! Мы не ведаем, за што, за каго кладзём галовы, льём кроу, пакутуем! Нам надакучылі вашы гульні! Мы хочам дадому — да сям'і, да мірнай работы!

Міхайлаў на хвіліну замаўчаў — усе пазіралі на яго з увагаю, з уражлівым здзіўленнем.

— Што добрае прынесла нам вайна? — запытаў нібы кожнага Міхайлаў.— Нічога. Бо мы страцілі ўжо мільёны людзей, здаровых, дужых, ператварылі ў калек, вар'ятаў, сірот, удоў, набылі ваеннае прыгоннае права на заводах, рабства i разарэнне ў вёсках, голад, дарагавізну... Карацей, наша слаўная Русь-матухна п'е горкую чашу пакут i пагібелі. Толькі жменька жываедаў хоча доўжыць вайну, бо нажывае на народнай крыві багацце. Тарбахваты ўсіх сартоў спраўляюць баль на касцях рабочых i сялян, салдат. На варце ўсёй гэтай драпежнай браціі непарушна стаіць цар.

Міхайлаў яшчэ раз на міг перапыніў размову, каб паўза памагла салдатам зразумець тое, пра што ён гаворыць. I ён дабіўся свайго. «Які смелы!», «А праўду гаворыць!» — здаецца, гаварылі ўсіхныя вочы.

— Маўчаць i назіраць ужо злачынна,— пачаў далей прамаўляць Міхайлаў (у яго прамове апроч сваіх былі словы i з лютаўскай лістоўкі Пецярбургскага камітэта РСДРП(б).— Іншага выйсця, акрамя народнай барацьбы, няма. Трэба разагнаць царскі ўрад, скінуць самога цара i, не адкладваючы, запыняць вайну. Заадно трэба дабівацца: Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, 8-мі гадзіннага рабочага дня, перадачы ўсіх памешчыцкіх зямель сялянам! Таму, зразумейце правільна, цяпер н а с т а ў ч а с а д к р ы т а й б а р а - ц ь б ы з самадзяржаўем!

Узрушаныя салдаты аж перасталі есці, слухалі з прагнасцю.

— Рабочы люд Петраграда, кажу, выйшаў ужо па рашучую бітву за сваё чалавечае жыццё. Сёння-заўтра там, можа, возьмуцца нават i за зброю. І ўрад, i рабочы люд. Сёння-заўтра, бадай, i рошыцца: хто каго?! У барацьбе, бітве, можа, пераможа i народ. Упершыню за нашу шматпакутную гісторыю. Таму, браты па шынялях i пакутах, паду-майце, што гэта за бітва, дзеля чаго, i не згаджайцеся, калі вам альбо такім жа, як вы, загадаюць ісці задушыць рэвалюцыю альбо яе перамогу. Ад нас, армій Заходняга фронту, цяпер многа значыць. Мы сваёй вытрымкай, спачуваннем можам падтрымаць нашых жа петраградскіх братоў, але мы сваім паслушэнствам, жорсткасцю, сваёй вялізнаю сілай можам i патапіць ix у крыві. Дык, паўтараю, не павернем штыкі супроць свайго народа i нікому не дазволім праліць народную кроў! Хопіць, каб армія была жандармам, катам!

Міхайлаў замоўк. Яго словы, здаецца, ашаламілі ўсіх. Можа, дагэтуль усе i не чулі такіх крамольных прамоў, такіх заклікаў.

«Ясна,—усміхнуўся сам сабе Васілевіч.— Не «проста сумленны грамадзянін» гэты Міхайлаў!»

У гэтую нямую хвіліну фельдфебель, які ўвесь час пацепваўся, курчыўся, нібы ад болю ў жываце, паспрабаваў ціха падняцца i неўпрыкмет знікнуць. Але, як выходзіць, з гурту Міхайлава пільна за ўсім сачылі: адтуль шустра вымкнуў малады, з заліхвацкімі вусамі салдат (Пралыгін) i тыцнуў у рабрыну фельдфебелю кулаком, абсадзіў на лаву.

— Спакойна, баця! — ціха, але цвёрда шапнуў.— Пасядзі.

Той, бачачы пільнасць агітатараў i спагаду да ix салдат, угнуўся i затаіўся як мыш пад венікам. Толькі калюча свідраваў нечаканых гасцей чорнымі вочкамі ды час ад часу кусаў свае невялікія, напалову ўжо сівыя, знізу падсмаленыя вусікі.

— Дык помніце, хлопцы, пра тое, што пачулі! — нібы не заўважаючы, што адбылося з паслужлівым фельдфебелем, напомніў Міхайлаў.— Бо, паўтараю, скора, можа, прыйдзецца i нам, Заходняму фронту, сказаць сваё слова, вырашаць лёс усёй Расіі.

Міхайлаў замоўк: падпалкоўнік Каменшчыкаў тузнуў яго за локаць i паказаў вачыма на доўгую вуліцу. На ёй, узбоч сялянскіх хат, гародаў i садоў (платоў не было, ix, канечне ж, разабралі салдаты на паліва), паказаўся афіцэрскі гурт. Міхайлаў, пасяброўску ўсміхаючыся, махнуў рукой салдатам (некаторыя з ix таксама прыязна памахалі яму ў адказ) і, накульгваючы, пакінуў пляц. Услед за ім падаліся i яго сябры — малады вусаты салдат падхапіў пад локаць фельдфебеля i павёў з сабою. Зводзіў, каб той не пабег наюджваць начальству пра агітатараў. Васілевіч пашпарыў наўздагон, каб апынуцца побач з Міхайлавым.

Дагнаў, пайшоў побач.

— Ну здарова, калега! — усміхнуўся, хітра прыплюшчыў той свае цёплыя, але ўчэпістыя вочы.

— Здароў, Міхась,— паціскаючы невялікую, але дужую руку, усміхнуўся i Васілевіч. Ён які ўжо час абеларушваў імя Міхайлава, i гэта цешыла таго.— Сёння ўжо не адмовішся, што «разгаварыўся выпадкова», «сказаў шчыра, па-чалавечаму»... Сёння ты паказаў ужо свой сапраўдны твар...

— Ну i хто я, Сямён Апанасавіч? — хітра прыплюшчыў вочы Міхайлаў, які называў яго на «ты», але калі-нікалі, найчасцей пры вясёлым настроі альбо пры спрэчцы, i, як кажуць, выкаў.

— Самае меншае — сацыял-дэмакрат...

— А вы не так думаеце пра цара i яго зграю? — зусім не збянтэжыўся, а па-ранейшаму з усмешкай запытаў Міхайлаў, чыкільгаў, спяшаўся, каб хутчэй сысці адгэтуль.

— Амаль,— прамовіў Васілевіч.

— Дык i вы, Сямён Апанасавіч, сацыял-дэмакрат!

— Смелы ты! Агітуеш у самых вернападданніцкіх часцях!

— Сёння — што?! — махнуў рукою Міхайлаў.—

У час збеглі! A ўчора рэакцыйнае афіцэрства ў суседнім палку хацела арыштаваць як «правакатара», «нямецкага шпіёна» i пад канвоем завезці ў Мінск, у штаб фронту. I арыштавала б, каб не яны,— кіўнуў на таварышаў, якія ішлі паперадзе i ззаду,— ды не салдаты-спачувальнікі...

Азірнуўшыся i ўбачыўшы, што таварышы вядуць з сабою i перапалоханага нізкага тоўстага фельдфебеля, Міхайлаў зморшчыўся:

— Адпусціце, хлопцы, гэтага пса. Ён будзе трымаць язык за зубамі, каб рана-позна ад сваіх жа не атрымаць кулю ў спіну...

Паблізу сасновага маладняку фельдфебеля сапраўды адпусцілі, i той, раз за разам азіраючыся, подбегай пашпарыў у вёску — ці ўцякаў з бояззю, каб, дай бог, не накухталялі, ці імкнуўся, каб далажыць начальству пра сённяшніх візіцёраў. Астатнія вайскоўцы па-ранейшаму суправаджалі Міхайлава—відаць, каб правесці праз усе армейская заслоны i пасадзіць на цягнік.

«Калі Міхайлаў гэтак агаліў сваё сэрца, дык папраўдзе ў Петраградзе выбух...» — падумаў Васілевіч.

— Слухай, Сямён, які ўжо час хачу запытаць у цябе пра адну рэч,— перапыніўшы яго думкі, ужо без жартаў, а сур'ёзна загаварыў Міхайлаў.— Як бачу, ты знаёмы з Пятлюрам з Земгарсаюза. Філасофствуеце, ходзіце разам на літаратурна-тэатральныя вечары і, як кажуць, абодва вы тут лідэры па нацыянальных пытаннях... Дык хто ён, гэты твой цёзка?

— Як i ты — земскі служачы,— усміхнуўся Васілевіч.

— Толькі што ты выявіў: я — сацыял-дэмакрат. А хто Пятлюра? Сур'ёзны літаратар? Тэатральна-рэстаранная багема? Дэмагог? Пазёр? Авантурыст?

Украінскі нацыяналіст? Карацей, што за птах?

— Хто ведае, Міша, якія птахі i дзеля чаго наляцелі сюды за апошнія гады з усёй імперыі?! — пажартаваў Васілевіч.— Адзін бог знае, хто такі Пятлюра альбо, скажам, хто такі на самай справе ты ці твае сябры — Любімаў, Магілеўскі, Ландар ці вось падпалкоўнік Каменшчыкаў, з якім таксама бачу вас часта?! Kaгo ў нас цяпер няма! I рускія, i ўкраінскія, i польскія, i латышскія, i яўрэйскія дзеячы самых розных адценняў! Паспрабуй разбярыся ва ўсіх, калі не можаш разабрацца нават у самім сабе!

— Я сур'ёзна, Сямён,— прамовіў Міхайлаў.— Я ніяк не зразумею, што тут робіць якраз гэты певень. i ў Мінску, i асабліва тут, у Другой арміі, у Нясвіжы, у 5-й пяхотнай дывізіі, дзе шмат маларосаў, вядзе нейкія шэпты-гешэфты са сваімі землякамі, збірае тайныя сходкі, кажуць, нават мае нейкую сваю праграму. I да ўсяго гэтага яры антысеміт.

Чэснае слова, Міша, я не магу сказаць пра яго нешта пэўнае,— прызнаўся Васілевіч,—Я знаёмы з ім праз Муху. Вось з Мухам яны сябры, нібы браты. Я ведаю толькі, што ён i нешта піша, i багемнічае i, як ты кажаш, мае моцныя ўкраінскія настроі... Не раз гаварыў мне: «Кідайце хукаць на сваю задрыпаную беларусчыну, давайце лепш разам дабівацца вялікай i моцнай Украіны!»

— Раскольнікі, хлопцы! — падаў голас адзін з падарожнікаў (старшы ўрач з 4-га Грэнадзёрскага Нясвіжскага палка, Ціхменаў).— Якое вам трэба яшчэ месніцтва? Хіба не бачыце, што цяпер ёсць рэчы важнейшыя за вашы асабістыя пачуцці?

— А што рабіць, калі вось мне, да слова, баліць тое, што вы агулам i пагардліва называеце месніцтвам? — Да галавы Васілевіча шугнула кроў, i ён успыхнуў.— Што — не маю права на пачуцці? На змаганне за сапраўдныя волю, роўнасць, братэрства, як любіце вяшчаць вы, «барацьбіты за народнае шчасце»?

— Здаровыя пачуцці трэба паважаць, але ix крайнасці, міл чалавек, рэч паганая...— паспрабаваў астудзіць Васілевіча Каменшчыкаў.— Так што...

Бачачы, што Васілевіч узгараецца на палеміку, Міхайлаў апярэдзіў яго i прамовіў спакойна, разважліва:

— Мы разумеем, Сямён, твае пачуцці. Але няўжо не адчуваеш: да ix трэба i цвярозы розум? А розум падказвае: пачуцці калі-нікалі трэба ўмець i стрымліваць. Асабліва пачуцці-крайнасці. Бо яны могуць здрабязіць памкненні, засляпіць i засланіць галоўнае...

Васілевіч не меў звычкі баяцца спрачацца альбо адступаць, дык не меў намеру, як кажуць, здацца без бою i цяпер. Але нечакана яго ўвагу ўжо тут, у старым зімовым хваёвым лесе, на цвёрдай, выязджанай саньмі i аўтамабілямі, бліскучай ад сонца дарозе, прыцягнуў чалавек. Той выйшаў ім насустрач з-за павароткі — пажылы, вусаты i барадаты, у кажуху. Ён за пастронак, перакінуты цераз плячук, цягнуў санкі з дровамі — насечаным сухастоем, ядлоўцам. Ззаду, як яны неўзабаве ўбачылі, клыпаў хлапчук у даўгаватым для яго жаночым каптане, падперазаны вяровачкай. Убачыўшы ix, мужчына саступіў i не то ca сполахам, не то з угодлівасцю зняў шапку.

Міхайлаў запыніўся каля яго.

— Добры дзень, бацька,— нават падаў руку.— Надзеньце-надзеньце, калі ласка, шапку.

— Здраствуйця, паны ахвіцэры,— той (яму было ўжо недзе за шэсцьдзесят гадоў) паспешна падаў сваю вялікую, як лапата, загарэлую, з тоўстымі пальцамі руку i не спяшаўся ўсчэпліваць вушанку на лысую, з сівымі касмылямі над вушамі галаву, здаецца, з асаблівай насцярогай пазіраючы на «залатыя» пагоны Каменшчыкава.

«Канечне, украў дровы з панскага ці з казённага лесу»,— падумаў пра сустрэчнага Васілевіч. Яму стала няёмка — i ад няшчаснасці гэтага старога (аблезлая заечая аблавушка, лысіна, парэзаны маршчынамі белы лоб, выцвілыя шэрыя, поўныя страху вочы, некалі нацёрты чырвонаю цэглай, а цяпер зашмальцаваны, патрэсканы кажух), i ад вось гэтай сялянскай прыніжанасці ды ўгодлівасці.

— Ды надзеньце, дзядзька, аблавушку,— прамовіў ён.— Гэтыя людзі не зробяць вам зла.

Той, пачуўшы родную гаворку, ажывіўся, пільна агледзеў Васілевіча з ног да галавы як «свайго чалавека» i паслухаў — насунуў на галаву шапку, выпрастаўся.

«Калі ты ўжо адчуеш сябе чалавекам, вясковец?» — горка падумаў Васілевіч.

— Здароў, герой,— Міхайлаў падаў руку i насцярожанаму хлопчыку, які затуліўся за старога.— Сапраўды, не бойцеся. Мы — не патруль. Калі i не ў сваім лесе пазычылі дровы, дык не запынім.

— I самі, i салдаты спалілі ўсё, дык вот, пан ахвіцэр, i прыходзіцца здабываць паліва пад канец зімы,— апраўдаўся стары.

— А дзе ж ваш конь, бацька? — спагадліва запытаў Міхайлаў.

— Каня, пане ахвіцэр, няма,— уздыхнуў той.— Яшчэ ўвосень падарваўся, паў, калі вазілі пад Баранавічы бярвёны.

— Сыноў маеце?

— Маю-то маю, i нямала, пане ахвіцэр. Але ўсе на вайне... Серадольшы ўжо склаў галаву ў Румыні...— Сцягнуў вушанку, перажагнаўся.— Дома нявесткі ды во яны, дзятва.

— Надакучыла вайна?

Селянін зірнуў з недаверам, відаць, баючыся, каб не падлавілі, як вераб'я на мякіне, толькі ўздыхнуў:

— Як у нас, пане ахвіцэр, кажуць? Не было такое вайны, каб блінамі стралялі...

— Зямлі многа маеце?

— Чатыры дзесяціны, пане ахвіцэр. Але i гэтую няма сілы абрабіць. Як i другім нашым людзям. Цяжка i паверыць, але за вайну з чвэртку вясковага поля пустуе i дзічэе без мужчынскай сілы.

— Дык i без хлеба ўжо, мусіць?

— Даўно,— уздыхнуў стары i, здаецца, пачаў давервацца.— Як аддалі пастаўку, дык i агалелі.

Васілевіч, як i іншыя, слухаў гутарку Міхайлава з селянінам i здзіўляўся, нават зайздросціў: вось ён, тутэйшы, інтэлігент, ці не спрабуе, ці не ўмее толкам пагаварыць са сваім жа старым чалавекам, паспачуваць хоць словам, a Міхайлаў i не праміне, i здолее проста, але шчыра пагаманіць. Аж не верыцца, што некаторыя могуць так спрытна i, здаецца, легка заваёўваць людскія душы.

— A чулі што-небудзь, дзядуля, пра падзеі ў Петраградзе? — запытаў Міхайлаў.

— Чаму ж, чуў. Кажуць, там бунтаўшчыкі ідуць на цара...

— Не толькі «бунтаўшчыкі», «адшчапенцы», як кажуць нядобрыя людзі, а найперш рушыў просты петраградскі люд. А з ім — i рэвалюцыянеры. Каб прагнаць цара i яго міністраў, якія не жадаюць закончваць вайну, спыняць народныя пакуты. Народ хоча ўзяць уладу ў свае рукі...

Стары адразу ж адчуў, што тут «запахла палітыкай», дык замаўчаў. Каб не нагаварыць лішняга пры чужых. Лепш затаіцца ды паслухаць іншых. Пагаманіць можна i пазней — ca сваімі, знаёмымі ды надзейнымі людзьмі.

— Толькі па даўняй звычцы не шкадуйце, бацька, ні цара-крывапіўцу, ні яго слуг-зладзеяў. Спачувайце, як вы кажаце, бунтаўшчыкам. Рэвалюцыянерам. Асабліва тым, хто за просты народ,— сказаў Міхайлаў, зразумеўшы пільнасць старога ды памагаючыся тут жа яе размякчыць.— Яны хочуць дабіцца для ўсіх нас лепшай долі. Вярнуць салдат з акопаў, даць мір, волю, хлеб, а вашым, сялянскім, сынам — адабраную ў вас вашую ж зямлю. Паспрыяць вам, старым, шчасліва дажыць пры дзецях.

Стары, здаецца, то на нейкі міг верыў у гэткі радасны дзень (тады ў яго вачах заяўлялася жывасць, надзея), то раптоўна зняверваўся (тады вочы яго яшчэ болей тухлі). Канечне ж, цяперашняе яго i ўсіхнае жыццё душыла невыносным цяжарам.

— Будзем, дзядуля, чакаць добрых навін з Петраграда, верыць ва ўсё лепшае,— усміхнуўся Міхайлаў i падаў руку селяніну на развітанне. A калі адышліся, сказаў Васілевічу: — Працавіты, цярплівы ваш люд, Сямён. Столькі мужчынскай сілы аддаў у армію, такі вялікі фронт трымае на сваіх плячах, гэтулькім бежанцам дае прытулак...

— Наш малады, але вельмі таленавіты паэт Максім Багдановіч яшчэ да вайны, у трынаццатым годзе, напісаў цудоўны верш пра лёс нашага народа, Міша,— прамовіў Васілевіч.— Гэты верш не надрукаваны і, можа, ніколі не будзе апублікаваны. Бо ў ім занадта ж вялікая праўда, вялікі наш боль. Паслухай, калі ласка:

Народ, Беларускі Народ!

Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма,

I душу тваю абакралі,—

У ёй нават мовы няма.

Збудзіўшысь ад грознай бяды,

Ўвесь поуны смяротнай жуды,

Ты крыкнуць не вольны «Ратуйце!»,

I мусіш ты «Дзякуй» крычаць.

Пачуйце жа гэта, пачуйце,

Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

Міхайлаў замаўчаў. Не абзыўнуліся i астатнія.

«Мусіць, незалюбілі...» — палічыў Васілевіч, але не стаў дакараць сябе за тое, што гаварыў шчыра. Шчырасць ёсць шчырасць. Чаго яе асцерагацца альбо за яе перажываць?

Маўчанне парушыў Міхайлаў. Як прайшлі нямала крокаў па заснежаным лесе, ён прызнаўся:

— Я добра не зразумеў усіх слоў i таго, што за імі. Але душой адчуваю: гэты верш — паэзія някрасаўскай сілы. Калі ёсць такія паэты-грамадзяне, то будзе жыць i іхні народ. Нават у самых жудасных умовах...

— Дзякую, Міша,— расчуліўся Васілевіч.

— Калі ласка,— адказаў Міхайлаў, крышку недаўменна паціснуў плячыма. Я ж, маўляў, не сказаў нічога незвычайнага. Тое, што было ў гэты час на душы.



4.

Пазней, калі развіталіся з вайскоўцамі на пероне станцыі i ехалі ў цягніку ў Мінск, Міхайлаў нечакана запытаў:

— Колькі вас, беларусаў?

— Усіх, хто жыве ў імперыі i за мяжою, лічу, болей дзесяці мільёнаў[4].

— Праўда? — здзівіўся, аж ускінуў вузкія бровы ўверх Міхайлаў.— Я думаў: вас нашмат менш...

— Ты такі не першы i не апошні... А яшчэ болей тых, хто зусім не ведае i знаць не хоча нашай гісторыі, культуры...

— Слухай,— зноў неспадзявана папрасіў Міхайлаў.— Час ёсць, дык скажы колькі слоў, хто вы... Няёмка ж: які ўжо час у краі, ем ваш хлеб, а пра вас мала знаю...

— На вялікі жаль, мы i самі слаба ведаем сваю гісторыю, не цэнім яе...— уздыхнуў, сумна пахітаў галавою Васілевіч,— Увогуле ж на яе ёсць два погляды: адзін — вялікадзяржаўны, другі — неафіцыйны...

— Вялікадзяржаўны я прыкладна ўяўляю.

— Згодна яго, нашы продкі з сівой даўніны i ледзь не да сярэдзіны XIII стагоддзя былі ў складзе Кіеўскай Русі, ніякіх сваіх рыс культуры i дзяржаўнасці не мелі, затым яны, безаблічныя, трапілі да літоўцаў, пазней — да палякаў, i вось нядаўна, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, вярнуліся да законнага свайго гаспадара як яго этнаграфічная «ветвь...».

— Ну, a які неафіцыйны погляд? — пацікавіўся Міхайлаў.

— Асобныя нашы вучоныя, дзеячы культуры сцвярджаюць, што некаторыя нашы землі, як Полацкая, мала залежалі ад Кіева, здаўна дабіліся самастойнасці з дзяржаўнымі адзнакамі, плённа развівалі сваю мову, культуру i былі з адметным абліччам. I калі, ратуючыся ад крыжацкай навалы з Захаду i татара-мангольскай з Усходу, яны прыкладна ў сярэдзіне XIII стагоддзя пачалі добраахвотна злучацца з літоўцамі ў адной дзяржаве, то гэтая суполка займела якраз іхнія рысы...

— Маеш на ўвазе Вялікае княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае? — запытаў Міхайлаў.

Васілевіч аж запнуўся:

— Ох i хітрун! Ды ты ўсё ведаеш!

— Не шмат, Сямён. А пра тое княства знаю зусім трошкі.

— Вось які выгляд набывала яно...— сказаў Васілевіч, хуценька дастаў з кішэні пінжака блакнот i, адгарнуўшы яго на патрэбным месцы, пачаў чытаць: «Увайшоўшы ў склад Вялікага княства Літоўскага, яны мелі большы культурны ўзровень, чым літоўцы. Дзякуючы гэтаму ўсё дзяржаўнае жыццё Вялікага княства працякала ў беларускіх нацыянальных формах. Па-беларуску гаварылі вялікі князь i ўся знаць, па-беларуску ішлі дыпламатычныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, па-беларуску пісаліся законы, граматы, акты, па-беларуску вёўся суд».— Падняў галаву, зірнуў на Міхайлава.— Так, да слова, пазалетась у артыкуле «Беларусы» пісаў наш паэт Максім Багдановіч, адзін верш якога я табе нядаўна чытаў...

— Гэта я чую ўпершыню...— прызнаўся Міхайлаў.

— I не чуў нават, што якраз на нашай мове яшчэ ў 1517 годзе выдадзеная першая сярод усходніх славян друкаваная кніга Скарыны, a ў 1529-м з'явіўся адзін з першых у Еўропе збор законаў тагачаснага права — Статут? Што якраз у гэтай дзяржаве яшчэ ў 1579 годзе адкрылася вышэйшая навучальная ўстанова?

— Не, не чуў.

— Але схільны лічыць, што нічога гэтага не было, што я самае малое выдумшчык? — пакпіў Васілевіч.

— Я ж i прасіў цябе расказаць сваю гісторыю, каб лепш ведаць яе альбо пачуць іншую, нават тваю, версію...— Міхайлаў не збянтэжыўся ад яго ўхмылістай усмешкі i тут жа запытаў: — Ну, а чаму ўсё ж не ўдалела аб'яднаная з вас, літоўцаў, а пазней i з украінцаў дзяржава?

— Версій, як ты кажаш, шмат...

— Ну, а твая якая думка? — запытаў Міхайлаў. Усміхнуўся. Мякка, прыязна.— Не бойся, гавары шчыра. Абяцаю: даносу на цябе не падам...

— Па мойму, спачатку ў ix усё складвалася добра,— сказаў тое, што думаў, Васілевіч.— Дзе з дыпламатыяй, дзе з сілай яны далучылі да сябе нямала суседніх зямель, адчулі сілу. У 1362 годзе яны добра такі патрэслі татара-манголаў на Сіняй Вадзе, a ў 1410-м разам з польскім войскам, а таксама i з рускімі ды татарскімі атрадамі ўшчэнт размалацілі крыжакоў i аж на 500 з хвосцікам гадоў не дазволілі немцу ступіць на нашу зямлю... Пазней, у XVI стагоддзі, інтарэсы княства сутыкнуліся з інтарэсамі маладога Вялікага княства Маскоўскага альбо Рускай дзяржавы. У XVII стагоддзі да гэтай суседскай спрэчкі падключылася Польшча (з ёю ў 1569 годзе Вялікае княства Літоўскае канчаткова аб'ядналася ў адну Рэч Паспалітую). За гэтыя два стагоддзі паміж непрымірымымі супернікамі адбылося шмат кровапралітных войнаў (дарэчы, многія з ix палыхалі якраз на нашай зямлі), вагі перамогі схіляліся то на адзін, то на другі бок, але ўрэшце адужала, стала еўрапейскім гігантам Расійская імперыя...

— Ясна,— прамовіў Міхайлаў.— Ну, а чаму так заняпала ваша мова, культура?

— Нашы магутнейшыя суседзі не захацелі, каб наша мова была роўная з іхнімі. У 1696 годзе Рэч Паспалітая, a ў 1840-м рускі цар законамі забаранілі ўжываць беларускае слова — i пакрыху яно з «панскага» стала толькі «сялянскім» ды «моваю пакаёвак i дворнікаў».

— М-да...— уздыхнуў Міхайлаў.— Няпросты лёс...

— Ды калі дадаць, што бог вельмі шчодры да нас на войны...— сказаў Васілевіч.— Да слова, толькi ў вайну з Напалеонам наш край асірацеў на мільён з чатырох мільёнаў — на кожнага чацвёртага... A колькі ўжо зноў страт, ахвяр у гэтую бойню!..

Міхайлаў павярнуў галаву i нібы адрачона зірнуў у акно: за ім пачалі ўжо ўзнікаць у надвечаровым сутонні прыгарадныя вёскі з іхнім надвечаровым жыццём — з дымам з комінаў, з тупатнёй сялян у двары. Цяжка было зразумець, пра што цяпер думаў Міхайлаў, але па твары бачылася: думы яго нялёгкія. Пасля зацяглага маўчання ён зноў уздыхнуў:

— Суровы лёс...

Яшчэ памаўчаў, пазіраючы на прыцемненыя ўжо лясы, на шараватыя заснежаныя лугі i палі, а затым павярнуў галаву i, пільна пазіраючы ў вочы, спытаў:

— Ну, а цяпер, у час абуджэння, што? Зноў — «извечный спор славян меж собой?»

Васілевіч, бадай, упершыню не завіхнуўся адказваць, таксама чэпка ўгледзеўся ў яго.

— Чаго канкрэтна хочаце вось вы? Аддзялення?

— Не,— прамовіў Васілевіч.— Асабіста я не хачу ніякага аддзялення. Без вялікай i магутнай Раcii мы, бадай, не ўстоім. Але я хачу, каб з грудзей нашага народа сцягнулі магільную пліту, выпусцілі на волю нашу душу...

— Канкрэтней, калі ласка, Сямён...

— Я хачу аўтаноміі з шырокімі яе правамі...

— Я не падзяляю афіцыйную, каланізатарскую канцэпцыю, не цалкам салідарны і з тваей, як ты лічыш, праўдзівай версіяй i марай,— сказаў Міхайлаў.— Я лічу: цяпер нам усім трэба дбаць пра іншае. Трэба запыніць вайну, зрынуць цара i шайку дзяржаўных хапуг, змяніць лад i даць самую вялікую палёгку ўсяму народу. Праз рэвалюцыю, праз самую рашучую сутычку з самадзяржаўем...

— Я не супраць,— прамовіў Васілевіч.— Але...

— Не дае спакою гістарычная памяць? — перапыніў, усміхнуўся Міхайлаў.— Баліць душа за занядбаную родную мову, культуру.

— А ты што — абыякавы да сваёй мовы i культуры?

— Не.

— А чаму я павінен быць абыякавы да роднага?

— Я не падбіваю цябе адракацца ад таго, што дарагое тваёй душы. Я заклікаю не затуляцца ў свой куток толькі ca сваім асабістым болем, а дбаць пра ўсіхныя клопаты...

— Але ты згодзен, што мы маем права...

— Згодзен,—усміхнуўся Міхайлаў, прадчуваючы яго запытанне.— Але, паўтараю, побач з нацыянальнымі вы павінны шырэй вылучаць i класавыя, сацыяльныя лозунгі. Нават больш — якраз ix выносіць на першае месца. Іначай, павер, будзе чакаць ці тупік, ці крах...

— Не ведаю,— сказаў Васілевіч.— Але каб ты, Міша, бачыў, як усё ажывілася, паднялося i тут пасля 1905-га! За нейкіх дзесяць гадоў свежага паветра не толькі ажыла, але зноў закаласілася наша мова i культура — песеннае i танцавальнае мастацтва, тэатр, літаратура, выдавецкая справа! Не толькі мы, інтэлігенцыя, але i ўвесь наш народ пачаў адчуваць сябе людзьмі. I перадавыя людзі Расіі не толькі прызналі, але i падтрымалі нас. Ды з гэтай вайною Мікалай Другі зноў замкнуў нашу душу на замок... Захацелі задыхаць? Ды на ўсе грудзі?! Не, не дазволю!

Міхайлаў не зводзіў з яго спагадных вачэй (яны за гэты час пацяплелі i палагоднелі), а пасля паклаў невялікую бледную, але дужую руку яму на плячук i прамовіў:

— Зразумей, Сямён: пакуль мы не стурым цара з трона, не разгонім яго ўрад, не пачнём мяняць сістэму, датуль на новае, на палёгку не спадзявайся... Цяпер нам трэба разам хістаць царызм. I як мага дружней ды напорысцей!

Васілевіч прамаўчаў, у душы з усім згаджаючыся, a Міхайлаў запытаў з усмешкаю:

— Падзяляеш мае сацыял-дэмакратычныя погляды?

— А ты — сапраўды сацыял-дэмакрат? — запытаў ён.

— Адказвай на мае пытанне...

— Ды не пярэчу,— усміхнуўся.— Бо ўскладаю на рэвалюцыю самыя светлыя надзеі...

...У Мінску, на ўжо цемнаватым пероне Брэсцкага вакзала, як заўважыў Васілевіч, каля ix пачаў ацірацца малады хлопец у капелюшы i паношанай студэнцкай куртцы, з насцярогай зыркаючы на Васілевіча. Калі Міхайлаў паказаў яму нейкі хітры супакаяльны знак, дык той наблізіўся i, праходзячы побач, перасцярог шэптам:

— Не заходзьце на вакзал i хутчэй знікайце адгэтуль, таварыш Міхайлаў. На вакзале шмат шпікоў. Некаторыя маюць вашыя фотаздымкі.

Прамовіў i шмыгнуў у пасажырскі натоўп. Каб паспрыяць свайму спадарожніку i разумнаму, лагоднаму чалавеку ўцячы ад шпікоў, Васілевіч узяў яго пад руку, захіліў i пайшоў побач.

«Невыпадкова сочаць за ім...— падумаў.— Падпольны дзеяч, агітатар і, можа, ідэолаг. I, здаецца, значнага рангу».

— Дзякую, Сямён,— сказаў Міхайлаў. Усміхнуўся: — Сам не разумею, чаму мяне так палюбілі шпікі. Так i просяцца-набіваюцца ў «целаахоўнікі»...

— Ды, відаць, ёсць каго i за што «ахоўваць»...— пажартаваў i Васілевіч.

— Не. Перабольшваюць значэнне маёй персоны...

— А можа, недаацэньваюць?

— Не, Сямён. Я просты смяротны...



5.

Без прыгод i нечаканасцей, жартуючы, Васілевіч i Міхайлаў дайшлі да будынка Чырвонага Крыжа на рагу Каломенскай i Падгорнай вуліц. Тут яны цёпла развіталіся; Міхайлаў падаўся сваёй дарогай, a Васілевіч шпарка пашыбаваў на Захараўскую вуліцу, а па ёй — да дома пад нумарам 18.

Гэты дом — а ён стаяў крыху воддаль за касцёлам святых Сымона i Алены — апошні час, з 1915 года, стаў прыцягальнаю мясцінкаю, аддухай i вабным святлом ды цяплом для ўсёй свядомай мінскай беларускай інтэлігенцыі. Гэты дом так i называлі «Беларуская хатка», «Галоўны беларускі штаб».

Сябры, блізкія па духу людзі — пісьменнікі, акцёры i артысты, настаўнікі, вучоныя, асобныя службоўцы, усе, хто жыў у Мінску альбо пераехаў сюды на самым пачатку вайны i не падаўся ў бежанцы ў глыб Расіі,— пастаянна сустракаліся, ладзілі вечарынкі, канцэрты для сябе i для мінчукоў.

Паперадзе немцаў з польскімі бежанцамі хлынула i агромністая людская рака з Гродзенскай, Віленскай i кавалка Мінскай губерній. Kaгo з ix вывезлі ў тыл Расіі, а каго пакінулі тут — у Мінску, у Мінскай i Магілёўскай губернях.

Ясна, нялёгка кожнаму бежанцу — чалавеку, адарванаму ад роднага кутка, свайго жытла, ад гаспадаркі альбо службы. Ясна, было нявесела польскім уцекачам. Ды ўсё ж сярод ix пракідвалася нямала багатых i ўплывовых, i яны не пакідалі ў бядзе суродзічаў. Заадно пра ix болей дбаў i царскі ўрад. Бежанцам-беларусам, хоць яны знаходзіліся на сваёй зямлі, было цяжэй. Сярод ix не мелася шмат люду з добраю капейкаю, знатнага, пра ix гэтак не клапаціўся Петраград, дык які ўжо раз за гісторыю працавітыя, спакойныя, а то i без'языкія беларускія сяляне, лічы, былі кінуты на самавыжыванне.

Свядомая мінская інтэлігенцыя, канечне, не магла змірыцца з гэтым. Яна (а сярод яе адным з самых няўрымслівых быў i Васілевіч) пачала старацца, каб хоць трохі ды памагчы гаротным людзям. Увосень 1915-га яна злучылася ў Таварыстве помачы ахвярам вайны i разгарнула сваю работу.

Найперш падбалі, каб памагчы бежанцам знайсці прыстанак i ежу. Ужо ў верасні ў Мінску наладзілі тры першыя дармовыя начлежкі, a неўзабаве — яшчэ тры. У гэты ж час адчынілі дармовую сталоўку, a ўслед за ёй — другую, для інтэлігентнай публікі, але платную. Пазней удалося заснаваць яшчэ адну дармовую сталоўку — для найбольш бедных сем'яў i сірот.

Спачатку ім спрыяла «Северопомощь», але пасля адмовілася памагаць. Колькі i ён, Васілевіч, ні быў там, колькі яшчэ ў іншых месцах ні шукаў спачування i падмогі — дарма, усюды да ix былі глухія i скупыя. Таму, як ні было ім балюча, прыйшлося летась зачыніць дармовыя сталоўкі, пакінуць толькi платную, што засталася пры «Беларускай хатцы», а таксама мусілі адмовіцца i ад трох начлежак.

О, падумаў ён цяпер, калі б у ix быў тоўсты кашалёк! Яны шмат зрабілі б для землякоў, добра схілілі б на свой бок! А так, без грошай, заснавалі ткальную майстэрню, дзе бежанцы выраблялі на продаж палатно, ручнікі, сурвэты i іншае з мастацкімі ўзорамі ў беларускім стылі. Пазней якраз ён праз сваіх земскіх знаёмых дабіўся, каб ім далі заказ шыць бялізну для войска, а таксама паспрыялі адчыніць рамонтную майстэрню ваеннага абмундзіравання.

Яны як маглі дбалі не толькі пра дах над галавой, працу i кавалак хлеба для пакінутых у бядзе, але i пра іхнія душы, розумы, пра іхні гаспадарскі спрыт. Для гэтага летась наладзілі курсы па садаводстве, агародніцтве i пчалярстве. Як i належыць, навучанне вялі па-беларуску. Разам з іншымі ён таксама выкладаў на курсах, прымаў пасля экзамены.

Вельмі шмат мелі клопатаў пра дзяцей. Некаторым сіротам, а таксама з галетных сем'яў знайшлі прытулак у маёнтачку «Карпілаўка», дзе ix ласкава прывеціў пісьменнік Ядвігін Ш. Яго дачка, Ванда, стала выхавацелькаю ў гэтым прытулку.

Сваімі сіламі пазалетась i летась наладзілі на каляды батлейку, ёлку (пазалетась ён быў нават Дзедам Марозам) — на вечарах было больш чым па дзве сотні дзяцей, якія спявалі народныя песні, чыталі вершы, танцавалі.

Летась, у кастрычніку, як толькі заявіўся ў Мінску, пачаў памагаць ім i Максім Багдановіч.

Васілевіч вельмі ўсцешыўся пры навіне, што сюды, на радзіму, перабіраецца іхні малады, але слынны паэт. Яны ўжо ведалі, што той хворы, дык загадзя ўсе падумалі, дзе ён будзе жыць, сталавацца i працаваць. Васілевічу нашанцавала сустракаць Багдановіча на вакзале i адразу ж прывесці яго ў «Беларускую хатку», дзе вялікая грамада мінскай інтэлігенцыі чакала жаданага госця з нецярпеннем.

Усім адразу спадабаўся Багдановіч. Хоць той, лічы, i не жыў на Бацькаўшчыне, родную мову вывучаў найперш па кніжках, але меў сапраўдныя беларускія рысы — шчырасць, сціпласць i сардэчнасць. Пасядзелі, пагаманілі разам адзін вечар, а ў яго канцы здавалася, што яны ўжо знаёмыя даўно i блізка. Праўда, да ўсяго гэтага Васілевіча агортваў жаль i боль. З-за Багдановічавай бледнасці i яго бліскучых — канечне ж, ад гарачкі — вачэй.

Калі папілі гарбаты, стомленага госця праводзілі на кватэру Змітрака Бядулі, які ахвотна згадзіўся прытуліць госця.

«Вось чего мне не хватала...— змякчаючы зычныя, як i кожны чалавек, выхаваны рускаю моваю, прызнаўся Багдановіч па дарозе Васілевічу, акцёру, драматургу, рэжысёру Галубку i акцёру Фальскаму, якія ішлі побач.— Общения... Выбачяйце, теснай сувязі з вамі, з простым народам... Кнігі кнігамі, а вось такі непасрэдны кантакт кантактам...— Усміхнуўся.— Признайцеся: дужа бянтэжыць вас мая гутарка?»

«Што вы, Максім!—першы пачаў супакойваць Васілевіч.— У нас вы хутка абеларусіцеся!»

...Калі некаторыя ў сталоўцы Таварыства мелі толькі абед, то ўсе дамовіліся, што хворы Багдановіч павінен мець тут i снеданні ды вячэры. Клопат пра гэта ўзялі на сябе маці i дачка Сівіцкія: старэйшая, як яны называлі, пані Сівіцкая, загадвала сталоўкай, а малодшая, панна Людвіка, была сакратаркай Камітэта.

Як расказвала Васілевічу Людвіка, неўзабаве, праз некалькі дзён, яе маці заўважыла, што Багдановіч амаль не сочыць за сваім здароўем, забываецца прыносіць лякарства альбо не ўжывае яго i п'е гарбату без цукру.

Старэйшая Сівіцкая змусіла Багдановіча аддаць ёй усе лякарствы, дакупіла патрэбнае ў аптэцы i сілком загадвала піць альбо глытаць тое, што трэба, у адпаведны час. Але піць гарбату з цукрам не змусіла, хоць прасіла-маліла, што ўжываць салодкае яму неабходна. Калі ж аднойчы крыху падсаладзіла, дык той гэтак расхваляваўся, што Сівіцкім прыйшлося доўга яго супакойваць.

«Праз пару дзён пасля гэтага,— расказвала Людвіка,— калі мы снедалі толькі ўдваіх, я запыталася: «Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?» — «Бачыце, кажа, вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей. Калі я сабе адмаўляю тое, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, i гэта мяне хоць крыху пацяшае...»

«Выбачайце, кажу, але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае».— «А гэта пабачым»,— неяк загадкава адказаў.

I сапраўды, праз нейкія тры месяцы пабачылі. М. Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам апрача платы выдавалі паёк — пераважна цукар. I вось у адзін дзень раніцай, пасля снедання, выходзячы на працу, Максім просіць маю маму, каб дала яму чыстую пошыўку. Увечары сабраліся i дзівіліся, што так доўга няма Максіма. Ён прыйшоў позна i прынёс на плячах паўпуда цукру! Аддаў яго мне... i кажа: «Гэта для дзяцей уцекачоў...»

...Мусіць, нікому i ніколі не забыць, як разам сустракалі гэты Новы, 1917 год. Рашылі спатыкаць яго ў «Беларускай хатцы», сабраць усіх, хто спрыяў Таварыству, а таксама i іхніх родзічаў. Багдановіч выявіў шмат фантазіі, каб падрыхтаваць як след вечарынку, аформіць запрашэнні, а пасля i наладзіць сустрэчу. Вечарынка ўдалася бадзёрая, багатая на выдумку i на імпрэзы — усім, як ні было цяжка ў свеце, тут на Бацькаўшчыне, хацелася з радасцю вітаць Новы год, верачы, што, можа, якраз ён збавіць чалавецтва, ix ад гора i бяды, прынясе мір, змены, палёгку.

Развесяліўшыся, неяк i не заўважылі, як з іхняга гурту знік Багдановіч. Калі агледзеліся, кінуліся яго шукаць. Знайшлі яго ў бюро Камітэта — невялікім, але ўтульным, цёплым пакоі з балконам. Сюды, як гаварыла Людвіка, ён любіў зайсці, пасядзець — папісаць альбо пачытаць, а то i памарыць. Цяпер ён сядзеў у цемнаце i цяжка кашляў, затульваючы рот белай хустачкай. Яна была ў чорных плямінах, відаць, з рота ішла кроў. Можа, стаміўся за апошнія дні, а можа, неадчэпная яго хвароба няўмольна наступала i наступала, спальвала яго малады, але падточаны ўжо ёю арганізм.

Яму было вельмі няёмка, што ўбачылі яго вось у такім пакутніцкім стане, ён папрасіў не паліць святла. Сівіцкія ў цемнаце змусілі яго прылегчы, абмылі падбародак i шыю, далі лякарства. Пасля, калі яму палягчэла, ён, хоць i забаранялі яму гаварыць, сказаў:

— Хораша пагулялі сёння, аж стала лягчэй на душы. Але заўтра ж ужо трэба ўзяцца за новую работу. Можа, ужо хутка закончыцца вайна, будуць нейкія змены. Можа, нарэшце дачакаемся сваіх беларускіх школ, a падручнікаў у нас няма. Лемантары сякія-такія ёсць, а вось чытанкі пасля лемантара няма. Дык трэба яе скласці. Я магу заняцца паэзіяй — падабраць адпаведныя вершы, тое-сёе самому напісаць альбо перакласці...

«Божа мой! — пазіраючы на ляжачага хворага, падумаў тады Васілевіч.— Якое слабое ў яго здароўе, але які моцны дух, якія высакародныя памкненні... Але ў Мінску яму заставацца няможна... Трэба ехаць у Крым. I да надыходу вясны...»

...Зайшоўшы цяпер у сталоўку, Васілевіч убачыў там шмат люду. Абапал састаўленых упрытык сталоў, накрытых белымі, з чырвонымі ўзорамі па краях сурвэтамі, сядзелі, налівалі з жоўтага бліскучага самавара i пілі гарбату Ядвігін Ш. з дачкой Вандай, Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй i Геняй, Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй i зяцем Юзікам Фарботкам, Фабіян Шантыр, артысты Усевалад Фальскі i Уладзіслаў Галубок, архітэктар Дубяйкоўскі, адвакат Чаўсаў, публіцыст i вучоны Рамуальд Зямкевіч, гаспадыня Сівіцкая з дачкой Людвісяю, выкладчык Васіль Муха, а таксама сёння былі i тыя з тутэйшых, хто прыходзіць сюды рэдка, найчасцей у вялікія святы — пісьменнік Карусь Каганец (з Барысаўшчыны), пан, член Дзяржаўнага савета Расіі Рыгор Скураны, генерал Петрыкевіч, ксёндз Мятліцкі, капітан рускай арміі Еўзікаў i яшчэ колькі незнаемых афіцэраў меншых чыноў. На тым, дальшым, краі доўгага стала прымасціўся Максім Багдановіч, дзеля якога сёння i сабралася гэтая сябрына.

Гаспадыня Сівіцкая, пажылаватая, інтэлігентнага выгляду кабета, памагла Васілевічу распрануцца, павесіла яго паліто, запрасіла садзіцца за стол. Яе дачка, маладая, шчырая i такая ж інтэлігентная, як i маці, Людвіся, тут жа падала яму на сподачку кубак з гарбатаю, невялікую плеценую карзіначку з сухарыкамi.

Васілевіч падзякаваў i ўсміхнуўся:

— I сёння гарбата без цукру?

Усе гарэзна зірнулі на Багдановіча. Той, худы, сутулаваты, з густой, злёгку хвалістай, цёмна-русай чупрынай, з каштанавымі вусамі, у звыклай студэнцкай зялёнай куртцы, не вытрываў, лагодна ўсміхнуўся. Ён, здаецца, дагэтуль стараўся быць не маўкліва-задуменны, як заўсёды, а вясёлы. Але белавата-васковы твар, а таксама сумныя шэра-блакітныя бяздонныя вочы паказвалі, што гэтая весялосць змушаная, што ў яго на душы журботна. Відаць, не зусім хочацца пакідаць Мінск, не зусім верыць, што здолее вылечыцца.

— Раскажыце лепш, дзядзька Сымон, што новае пачулі на фронце? — перавёў гутарку на іншае Багдановіч.

— Фронт развальваецца,— адказаў Васілевіч,— а люд наш прыфрантавы чэзне...

— Ну, а ты што? — пакпіў Муха.— Памог утрымаць армію ў акопах? Аблягчыў людскі лёс?

Сёй-той лагодна ўсміхнуўся: усе добра ведалі, што Васілевіч вельмі ўражлівы, часамі можа нават нейкую дробязь перабольшыць — ці ўзняць яе, ці ўбачыць у ёй трагедыю.

Васілевіч, адчуўшы кпін, збянтэжыўся.

— Ну, ты хоць даў якую-небудзь параду генералам? — ужо выстаўляў яго на смех Муха.

— Іншыя агітавалі...— адказаў ён.— I даволі ўдала.

Замоўк. На нейкі міг у сталоўцы запанавала цішыня.

— А ведаеце, я таксама ў свой час палітыкаваў і бунтаваў,— парушыў маўчанне Багдановіч.— У канцы 1905-га i ўвесь 1906-ты ў нашай Ніжагародскай гімназіі не вучыліся. Увосень 1906-га мой старэйшы брат Вадзім з сябрамі ўзарвалі ў гімназіі петарду — «в качестве протеста против реакционного поведения учащихся, не пожелавших почтить память погибших борцов за свободу 18—19 октября 1905-го», як яны напісалі ў ананімным пісьме. Старэйшыя класы мітынгавалі, дабіваліся сваіх яравоў. Я быў яшчэ ў IV класе, мы не мелі права на сходкі, але яго дабіваліся. Я ў той час захапіўся анархістамі, чытаў i прапаведаваў Бакуніна, Прудона, Эльцбархера, Малацеста, Штырнера, Чаркезава, утварыў у класе свой гурток. Але чым скончылася маё рэвалюцыянерства? Калі я пранікнуў на сходку ў старэйшы клас i пачаў дабівацца, каб змяніць канстытуцыю, дык мяне проста схапілі за каўнер i выкінулі за дзверы, а бацька пазней даў добры прачуханец... Юнацкае захапленне палітыкай хутка мінулася, i я зноў захапіўся беларустыкай...

— I дзякуй богу,— зноў ажыў, усклікнуў Васілевіч.— Хто ведае, які быў бы з вас рэвалюцыянер, а вось у беларускай паэзіі вы на сваім месцы...

Багдановіч перастаў усміхацца: не любіў, калі яго хвалілі.

— Ну што, дарагія дзядзькі i цёткі,— падняўся, здаецца, пераадолеў сум, боль i праз сілу ўсміхнуўся.— Час ужо i вам браць мяне за каўнер ды вытураць з Мінска...

— Мы ўсё ж, Максіме, цябе правядзём,— сказаў Змітрок Бядуля, таксама падняўшыся. Ён сёння, як i Галубок, быў у беларускай нацыянальнай апратцы — у доўгай вышыванай кашулі, падперазанай поясам, у хромавых ботах.

— Не-не! — загадаў Багдановіч.— Не будзем парушаць нашай дамовы. Развітаемся тут. Я шчыра дзякую вам усім за цеплыню, за прытулак, за цудоўныя песні, за мову. Я за гэтыя паўгода нямала чаму навучыўся, адчуў сябе сапраўдным беларусам. Дзякую i за грашовую помач. Будзем жывыя — разлічымся. Даклярую вам у цёплай Ялце i грудзі свае аздаравіць, i лемантар, чытанку давесці да ладу, i шмат новых вершаў напісаць. Урэшце, еду з надзеяй, што вярнуся сюды ўжо ў новых умовах, калі не будзе вайны, калі наш люд пачне залечваць раны, станавіцца на ногі, а мова наша пойдзе ў школы, у тэатры, загучыць у кнігах i газетах...

Усе падняліся, стоўпіліся. Багдановіч, ведаючы, што яго хвароба небяспечная, не дазволіў пацалавацца. Не то сарамліва ўсміхаючыся, не то стрымліваючы слёзы ў павільгатнелых вачах, моцна паціскаў толькі ўсім рукі. На вакзал, як i хацеў, падаўся адзін — у падараваным імі кажушку, з сабраным імі чамаданам.

Па вячэрнім, цёмным Мінску Васілевіч i Муха вярталіся дадому ўдвух. Маўчалі. Не хацелася гаварыць пасля ўсяго такога гораснага.

Васілевіч ішоў не да сваёй кватэры, a ў іншы, супрацьлеглы, бок — праводзіў Муху. Вось моўчкі мінулі адзін з самых новых гмахаў у Мінску — касцёл Сымона i Алены.

Яны ведалі, што гэтым касцёлам любіў любавацца Багдановіч. У Мінску панаваў ужо мадэрн, а вось гэты касцёл яшчэ нагадваў неарамантызм. Ён быў у раманскім стылі з дамешкай некаторых дэталей i прыёмаў готыкі i мадэрна ў дэкоры i асобных частках. Калі пазіраеш на яго, адну высокую i дзве ніжэйшыя, вастрэйшыя, вежы, прыбудовы з чырвонай цэглы ды з тонкімі загладжанымі швамi, дык гэта ўсё вельмі ўражвае. I даўніной, i сённяшнім, i дасканаласцю. Тут, як нідзе, удала спалучыліся ў муры i дух мінуўшчыны, i асацыяцыі ад яе, нейкая лёгкасць, успамін пра былое. Усярэдзіне касцёла прыгожыя вітражы, заснаваныя на беларускіх народных мастацкіх традыцыях i матывах, а таксама вялікі меднатрубы арган ды паліхромныя мастацкія роспісы ў народным духу.

Моўчкі пайшлі па Захараўскай вуліцы, мінулі трохпавярховы будынак гасцініцы «Адэса» з лаўкамі на першым паверсе, падышлі да таксама трохпавярховага будынка губеранскай земскай управы, дзе яшчэ сёння працаваў Багдановіч. Запаволілі крок, сумна зірнулі на вывескі-шыльды розных лавак на першым паверсе. А пазней каля высокага электрычнага слупа i запыніліся.

— Ну што, дружа дом? — падаў голас Муха, пазіраючы на будынак земскай управы.— Ці ўбачыш ты яшчэ свайго маладога, таленавітага, але смяртэльна хворага службоўцу?

Васілевіч не адказаў, толькі цяжка ўздыхнуў.

— Вельмі маркотна на душы...— прызнаўся Муха.— I не толькі з-за Максіма... Што ні рабі, як ні крычы ці плач, ён ужо не жылец на гэтым свеце... Калі што яго i выратуе, дык гэта толькі цуд... Я — пра іншае. Пра нашу долю.

Васілевіч слухаў — быў уражаны i прыгнечаны.

— Доля наша цяпер як ніколі слёзная...— прамовіў Муха.— Ты нядаўна сказаў праўду: калі дагэтуль наш люд, у якога адабралі i завалілі каменнямі душу, чэз i марнеў, то цяпер — фізічна гіне. Вайна, запыніўшыся на нашай зямлі, ужо выціскае з усіх не кроў, а сок...

Васілевіч зноў не абзыўнуўся. Не хацелася ні згаджацца, ні палемізаваць. Грызла сэрца сумнота, a з ёю — i нейкае трывожнае, нават трагічнае прадчуванне.

— I чорт пабяры, які абыякавы, жорсткі свет! — абурыўся Муха.— Хоць бы крыкнуў хто на ўвесь зямны шар: паны сусветныя варацілы, вашыя вялікасці цар i кайзер, вашы глабальныя спрэчкі спрэчкамі, але адумайцеся i будзьце міласэрныя: вы не толькі косіце крываваю касою мільёны людзей, але i мардуеце, вытоптваеце старажытныя народы!..

«Хто мы для свету? Жменя «цёмных», «дзікіх» тубыльцаў!»

— Летась азіяцкія народы, хоць i далёкія ад фронту, забунтаваліся: не хочам ісці чорт ведае за што ваяваць, хопіць заадно i пабораў! — сказаў Муха.— А наш люд i тут, у пекле, маўчыць! Стогне, плача, аддае апошняе, траціць сваіх сыноў, лічы, вымірае — i церпіць!..— Уздыхнуў. I ўжо не столькі з абурэннем, колькі са скрухаю дадаў: — Мелі мы з табой, дарагі, няшчасце нарадзіцца ў такім няўдалым народзе...

Васілевіч маўчаў. Слухаў Мухаву казань i адчуваў, што ўжо не толькі бярэцца, але i па-сапраўднаму пачынае зласнець колкі ды вельмі сцюдзёны пасля дзённага цягла мароз. Падняў галаву: неба, высокае i зорыстае, мігціць ад далёкага халоднага, але вабнага святла — як i трэба, шле на зямлю яшчэ адну лютаўскую стылую, але i па-свойму непаўторную, прыгожую ноч. У прыроды, падумалася яму, усё натуральнае i вечнае, аднолькавае для ўсіх, як i кожнага спрабуе далучыць да сябе i змусіць жыць у суладдзі з ёю i між сабой, але вось людзі ці то не ўмеюць, ці то не хочуць жыць па тых простых, але мудрых законах гармоніі, намагаюцца ўсё перайначыць на свой капыл, мітусяцца, спрачаюцца, б'юцца, льюць сваю i чужую кроў, пакутуюць i рана-позна ўскідваюць рукі ўгору: о, неба, выратуй i памажы!

— Колькі ні глядзі на неба, а жыць трэба на зямлі...— тузнуў яго за локаць Муха. Мусіць, як чалавек разважлівы, пераадолеў ужо гаркоту па трагічным Багдановічавым лёсе, зноў стаў самім сабою.— Я не ведаю, што будзе заўтра, але сёння бачу: цяпер справы нашыя кволенькія. Тое, што мы, адзіночкі-энтузіясты, затульваем слабое цяпельца i хукаем на яго, шмат не дасць. Не вялікія ўдачы i ў Бурбіса ў Маскве альбо ў Цішкі Гартнага ў Петраградзе. Але здзіўляе адна невытлумачальная рэч: адкуль, чаму такая людская нянавісць i да гэтага слабога ды кволага? Варта было Гартнаму з сябрамі наскрэбці крыху грошай i пачаць летась выдаваць «Дзянніцу» i «Светач», як адразу ж каршунамі напалі сталічныя рэакцыянеры i нашы ж прадажныя прыхвасні. «Нямецкія хітрыкі!», «Нямецкія шпіёны!», «Не было, няма i не будзе ніякай Беларусі!» — хорам лямантавалі, пакуль не задзяўблі... Што робяць нашы ў Варшаве i ў Празе, не чуваць. А вось нашы ў Вільні, бадай, толькі шкодзяць...

— Ты штосьці ведаеш пра ix? — ажывіўся Васілевіч. Як-ніяк там, пад акупацыяй, засталося нямала яго знаёмых.

— Будзеш трымаць язык за зубамі?

Васілевіч імгненна зірнуў Муху ў вочы: тыя былі ўжо спакойныя, без эмоцый. Сам Муха цяпер дзёўб кіёчкам у дол, дзе на розныя адценні іскрыўся снег.

— Дык не размянташыш пачутае? — перапытаў той.

— Не.

— Нядаўна быў тут з Вільні адзін наш знаёмы,— пачаў расказваць Муха тое, пра што дагэтуль маўчаў. Што ні кажы, умее таіцца.— Дык вось ад яго маю такія-сякія навіны... Да слова, калі германскі канцлер заявіў, што «вызваленыя ад Расіі землі не вернуцца пад маскоўскае ярмо», дык нашы з табой сябры, Лапкінскія, Стась Лысковіч i іншыя, заварушыліся. Яны пачалі дамаўляцца з польскімі, літоўскімі i яўрэйскімі дзеячамі, каб аднавіць Вялікае княства з сеймам у Вільні, з канфедэратыўным ладам для ўсіх чатырох нацый краю. I надзіва спачатку ўсе паразумеліся i ў снежні пятнаццатага абвясцілі адпаведны Універсал на чатырох мовах...

— Што ты кажаш? — ажывіўся, пачаў жыць іншымі эмоцыямі Васілевіч.

— Але немцы толькі пасміхнуліся з гэтага,— не зважаючы на Сямёнаў ажыўлены ўсплёск, гаварыў далей Муха.— Як толькі яны прыйшлі ў Вільню, дык адразу сказалі, што ўсё тут «належыць польскай кароне». Нават, як ведаеш, больш — летась на той польскай зямлі, што да вайны была пад нашым царом, яны абвясцілі «незалежную Польшчу». Акрыленыя польскія папы i ксяндзы, спажываючы тое, што там цяпер няма апазіцыйнага праваслаўнага люду, вывезенага ў глыб Расіі, пачалі заварожваць беларусаў-католікаў: вы — палякі, дык давайце разам дбаць пра новую Польшчу!.. Яны пачалі ладзіць польскія суполкі, школы, касцёлы для «кроўнай злучнасці». Гэта, канечне, адразу ж не спадабалася іншым, у тым ліку i нашым. Само па сабе зразумела, ідэя канфедэрацыі лопнула, як мыльная бурбалка...

— Дык — што? Разбегліся ў розныя бакі?

— Немцы спачатку збаяліся аднаўляць Вялікае княства, а пасля яшчэ болей — «велькую Польску», пачалі дбаць найперш пра сваё. Дзеля гэтага яны рашылі пагуляць. У тым ліку i з нашымі. Падакляравалі, што не аддадуць беларускія землі палякам, аб'явілі беларускую мову роўнай з польскай, літоўскай i яўрэйскай, дазволілі ўтварыць Беларускі народны камітэт, свае школы, выдавецтвы, газету «Гоман» i яшчэ тое-сёе... Да слова, летась, здаецца, у красавіку, Беларусі народны камітэт «ад імя ўсёй Беларусі» браў удзел у канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме. Там яго дэлегацыя выклала сваю палітычную дэкларацыю, дзе заявіла, што «беларускі народ чакае вызвалення з-пад расійскае няволі». Таксама летась, у чэрвені, на канферэнцыю ў Лазану ездзіў адзін з братоў Лапкінскіх (а з ім ні-бы i Стась Лысковіч) i выступіў там з мемарандумам, у якім заявіў, што «беларусы ўпершыню за 120 гадоў заяўляюць усяму цывілізаванаму свету пра сваё бяспраўе i просяць помачы...». Як я зразумеў ca слоў віленскага пасланца, гэтая канферэнцыя была пад эгідаю Германіі i мела на ўвазе памацаць еўрапейскую грамадскую думку: згодзяцца ў Еўропе ці не, каб адарваць ад Расіі каторыя народнасці i даць ім права на нейкае самавызначэнне пад нямецкім назіркам?..

— Ну, а як нашы з літоўцамі? — пацікавіўся Васілевіч.

— Яшчэ летась перамаўляліся, а сёлета, на пачатку года, перасварыліся. Наш агульны знаёмы кажа, што немцы, асцерагаючыся Расіі з-за Беларусі, параілі літоўцам не звязвацца з намі. Дык літоўскія дзеячы адышлі ад усіх i ўтварылі Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны орган Літвы i аб'явілі ў сваім складзе акупаваныя беларускія землі. Нашым у Тарыбе яны далі ўсяго адно «міністэрскае» месца...

— Дык што гэта значыць? — усклікнуў Васілевіч.

— А тое, што кайзер праводзіць абдуманую палітыку: чляні i ўладар...

— Зноў спекуляцыя на болі прыгнечаных народаў!

— А ты чаго хацеў? — ухмыльнуўся той.—Чужой ласкі? Ды ад завідушчага ды сквапнага захопніка? Не, брат, не чакай міласці i спагады. Праўда, як адчуваеш, кайзер не сячэ з-за пляча, як секлі некалі крыжакі. Тое-сёе дакляроўвае, тое-сёе на нейкі час дае. Але дарэмна Лапкінскія i Лысковіч не толькі клюнулі на інтрыгу, але i рашылі змяніць праграму грамады — адкінулі ідэю аўтаноміі ці федэрацыі, адзінай i вышэйшай мэтай вылучыўшы тэзіс незалежнасці... Па-першае, тэўтон ніколі не паспрыяе ў гэтым, а па-другое, ніколі наш дар не згодзіцца на такое i не даруе нават за падобныя думкі... Дык, паўтараю, віленцы не абачлівыя. А падругое, цяпер духоўны цэнтр нашага краю павінен перамясціцца ў Мінск. Калі што адбудзецца, зменіцца, то толькі тут...

Муха азірнуўся: у скупым святле ад недалёкага ліхтара да ix набліжаўся высокі гарадавы. I, здаецца з пагрознымі намерамі.

— Хадзем,— прамовіў Муха, i яны крануліся, пайшлі далей па Захараўскай вуліцы. Да блізкай павароткі на тую вуліцу, на якой жыў Муха. Цяпер няможна ні запыняцца ля ўстаноў, ні збірацца гуртам больш трох чалавек.

— Васіль,— з хваляваннем прамовіў Васілевіч, адчуваючы, што Муха зараз падасць яму на развітанне руку i пойдзе дадому.— Маю да цябе просьбу...

Прамовіў i аж успыхнуў ад сораму: быў смелы, дзёрзкі, калі трэба было адстойваць ідэю, але быў бездапаможны, калі трэба было нешта прасіць для сябе. Хоць скрозь зямлю тады праваліся ад сваёй беднасці i нікчэмнасці. Ды ад адчування нечыяй перавагі.

— Колькі пазычыць яшчэ? — усміхнуўся Муха, зразумеўшы яго няёмкасць.

— Хоць пару рублёў...— прамямліў Васілевіч.


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ


1.

...Янка бег ноччу, у завіруху.

Разам з ім з вінтоўкамі, крычучы, імчалася шмат людзей, але ў цемені вымалёўваліся толькі самыя блізкія. Ды замінаў яшчэ ўсё бачыць сустрэчны пранізлівы вецер — ён пёк холадам, сек у твар нібы шротам, змушаў прыплюшчваць вочы, прадзімаў да касцей i валіў з ног. Але калі то тут, то там успыхвалі агні ад выбухаў, дык тады было добра відаць, што непрыяцельскі лес далекавата, гэтае нейтральнае поле вялікае, белае, а салдат вакол процьма — крычаць i бягуць насустрач смерці. Не адзін ты нясешся на пагібель.

Вось блізка, за некалькі крокаў да яго, раптоўна пачулася непрыемнае, жудаснае выццё, гупнуўся снарад, выбухнуў i асляпіў ды аглушыў. Янка спатыкнуўся, адчуваючы, як нясецца на яго хваля: спачатку сцюдзёна-ледзяная, з пырскамі снегу, а пасля i гарачая — з агнём i дымам. Збіла з ног, апякла гарачым болем у лапатцы. Ён нема закрычаў ад болю i адчаю — яго ж, параненага, кінуць тут, на полі, а то i затопчуць свае ж салдаты. Пасля нечакана зніклі ноч, завіруха, снараднае выццё, выбухі, агні, скупа асветленае поле, i ён адчуў хатнюю цеплыню, утульнасць, святло.

— Яначка, сыночак мой родненькі! — пачуўся блізка вельмі знаёмы голас.— Прачніся ж ты скарэй!

Ад штуршкоў у здаровы плячук ён i прачнуўся. Будзіла маці. А заадно канцом белага ручніка выцірала на яго лбе пот.

— Божа, мой божа! — бедавала яна. Дробненькая, у белай хустцы i доўгай сукенцы.— Нашто ж ты так мучыш душу?!

— Усё той жа адзін сон, мама, сніцца...— з няёмкасцю ўсміхнуўся ён.

— Калі пачаў крычаць i кідацца, дык я i здагадалася: зноў сніш бяду сваю...— паспачувала маці. Выцерла свой лоб, нібы адчуваючы, што там цямнеецца плямінка ад сажы. Мусіць, як клала дровы на под, дык дакранулася лбом да коміна.— Не cпi больш, сынок. Паляжы так. Пад раніцу заўсюды страшныя сны сняцца.

«Ні адзін жа снарад гэтак блізка перада мной не ўзарваўся,— падумаў.— Але чаму які ўжо раз сніцца якраз такое? Няўжо той, франтавы, страх усё яшчэ ў душы сядзіць?»

Калі павярнуўся, дык убачыў: насупраць стаіць у доўгай начной кашулі, босая, заспаная Кастуся (позна ўчора вярнулася з вячорак), а на дзедавым ложку сядзіць пабуджаны яго крыкам пляменнік Ясік i няўцямна трэ кулачкамі павекі. Убачылі яго жывога, супакоіліся; Ясік зноў лёг, а Кастуся вярнулася ў светлы пакой, дзе яна цяпер спала на Алесевым ложку. Побач з яго кнігамі. Нявестка, Ядзя, жыла ў бацькоў, i пра яе стараліся не ўспамінаць i не гаварыць.

Маці падалася на кухню, да печы, а Янка ляжаў на цёплай пасцелі, супакойваўся душой i целам i не зусім верыў, што нядаўні страшны сон быў толькі сон, што ён далека ад акопаў, холаду, смерці i што хутка ўжо тыдзень у бацькавай хаце. Але вось Кастусіны ўздыхі, матчын тупат ля печы i стук вілак па прыпечку, сабачы брэх на дварэ, бацькаў ляск малатком аб сцяну хлява — усё гэта напамінала: aгa, ты дома, ты — ужо цывільны чалавек, жывеш, як жывуць усе простыя вясковыя людзі. Наперадзе — дзень, гаспадарскія клопаты...

...Пасля сняданку Янка, бацька i Ясік падаліся ў лес.

Як выязджалі ca свайго двара, а потым ехалі па вуліцы i, звярнуўшы з яе палева, падаваліся ўздоўж доўгай Гарбацэвічавай сялібы — хаты, хлява, клеці, а потым i гумна,— Янка пасвіў i пасвіў вачыма суседаў двор: можа, убачыць дзе Зосю...

Усе гэтыя дні, што быў дома, ён пры кожнай спрыяльнай хвіліне, калі заставаўся ў хаце сам-насам альбо толькі з Ясікам, падыходзіў да вулічнага акна i падоўгу пазіраў на Гарбацэвічаў двор — выцікоўваў Зосю. Каб убачыць пры святле i добра яе разгледзець. I кожны дзень па некалькі разоў выгледжваў. Калі выходзіла з хаты то з вялікаю міскай альбо ражачкай (несла ў хлеў едзіва курам ці свінням), то калі ішла па ваду альбо выходзіла з двара i кіравалася да Сяла, да бацькоў. Яна таксама кідала доўгія i нецярплівыя позіркі на іхнія двор i вокны, i ад гэтых яе цікаўных позіркаў у яго аж пераварочвалася душа. Добра, хораша, прыемна, мілая, што сюды пазіраеш з ласкаю, горка думаў ён, але якая мне радасць, што ты цяжарная ад свайго хірлявіка! Я ж прагнуў з акопаў i шпіталя сюды, дадому, каб у першы ж вечар цябе прытуліць, пацалаваць, каб ты была ў маіх абдымках! Аж не. Ты — недаступная цяпер, чужая.

Ела, грызла яму душу гэтая жорсткая існасць, што не можа паклікаць яе, як некалі, ды прыпасці, адчуць яе, расказаць пра свае думы i пачуцці. A клікаць толькі для таго, каб пачуць, як яна жыве, чаму другі раз зацяжарала, не хацеў.

Сёння Зосі ён не ўбачыў — ні ў акне, ні ў двары. Згледзеў толькі, што збіраюцца ў лес i Гарбацэвічы: Віця, сапраўды, як добра відаць удзень, не дзяцюк ужо, a патаўсмацелы, нават па-мужчынску агрубелы, вунь нясе з гумна ахапак сена (убачыў ix i адвярнуўся), а бацька запрагае сваю Сівую (турзае яе за аброць ды крычыць, што не дае накінуць на галаву хамут). Крывы ёсць Крывы, не можа без буркатні i злосці.

— Здароў, Пётрык! — гукнуў суседу Нямкевіч-бацька.

Той, здаецца, за апошні час схуднелы ды прыгорблены, у кажушку, падпяразаны вяроўчынай, за якую былі заткнуты рукаўкі, азірнуўся i адказаў прыязна. Ён, як i многія вясковыя старыя мужчыны, прыходзіць да ix кожны вечар — паслухаць Янкавы ваенныя былі (каб хутчэй вылечыць яго рану, прынёс кубачак мёду i лыжку заечага тлушчу), а таксама пагаварыць пра навіны. Канечне, па-ранейшаму не супраць, каб ён, Янка, узяў замуж яго дачку Анельку-недарэку. Тым больш цяпер, калі янкавінскія хлопцы на вайне i талковых жаніхоў адзін-два, можа, i на дзесяткі дзяўчат. Праўда, ні бацька, ні маці пра яго жаніцьбу яшчэ не загаварылі, радуюцца, што вярнуўся жывы. Па-другое, можа, i вычэкваюць часіны для такой гаманы.

Дарога цяпер, напрыканцы лютага, калі ўдзень прыгравала, слязіла снег маладое вясновае сонца, а ўночы падскакаў мароз, была цвёрдая, ездкая. Пазаўчора з'ездзілі на Шубін па сена (бацька доўга ўпіраўся, не хацеў браць яго з сабою, каб ён не развярэдзіў рану), а вось сёння, пакуль цвёрды снег, шарпак, рашылі падацца па дровы. Пазней, у вясновую хлюпіну ці калі пачнецца работа ў полі, сенакос, дык не будзе на гэта часу. Ды стары Нямкевіч не любіў адкладаць на пазней тое, што можна зрабіць сёння. Да сенакосу, прыхапкамі, дровы трэба парэзаць i пакалоць, каб адразу пасля жніва, яшчэ да асенніх дажджоў, перанесці i скласці ix, аблетаваныя, у дрывотні. А па-другое, такая ўжо ў Янкавінах завядзёнка: у часіну шарпака вазіць з Шубіна сена, а з лесу — дровы.

Конь бег шпарка, i яны хутка апынуліся на пагорку, на Пальку, а за ім, спусціўшыся ў лагчыну, уміг даехалі да свайго лапіка лесу. Развярнуліся, паставілі каня пры дарозе, падкінулі яму сена, а самі па надзеле бацькавага брата, Стася, падаліся да свайго. Тут, у густым ельніку, было цемнавата, настыла, а снег быў у дробных, нібы надзёўбаных ямачках-дзірках (ад упалых зверху камякоў снегу i кропель), але крыху далей, ужо ў іхнім сасонніку, быў нібы іншы свет: там, за яловым ценем, снег бялеўся, нават залаціўся. Яго, а таксама ствалы, быццам ахутаныя празрыстым дымком, шчодра асвятляла высакаватае залатое сонца.

Дзе ўтрымліваючыся на зацвярдзелай скарынцы, а дзе i правальваючыся ў глыбокі зярністы снег ці ў яміны пад папараццю альбо вакол ядлаўцовых кусцікаў, цугам — гаспадар, падперазаўшыся пілой, з сякерамі паперадзе, a Ясік (у кажушку, таксама падпяразаны, дык сапраўдны Іванка-мужычок) i Янка за ім — дайшлі да сонечнага снегу. На ім тут было шмат перамерзлай кары, ігліц, а то нават i невялікіх лапак.

Тут быў іхні кавал дзе густога тонкага, а дзе рэдкага тоўстага хвойніку, уперамежку з маладым алешнікам — з колішнімі дубцамі, што ўцалелі, выцягнуліся i патаўшчэлі пасля колішніх выразак i высечак. Улетку тут было шмат суніц, паблізу алехавай лагчынкі — лісіц, а каля ядлаўцу — баравікоў.

Зачэкала паблізу сарока, перасцерагаючы лес ад людзей; воддаль задзёўб дзяцел, парушаючы цішыню ды надаючы лесу своеасаблівую прывабнасць.

Запыніўшыся толькі на хвілінку (каб акінуць вокам увесь надзел), бацька папраставаў да невысокай крывой, але тоўстай сухастоіны — добра ведаў, не адзін ужо раз абмацаў рукамі кожнае сваё дрэва. Вось тут адразу пачаў абтоптваць вакол снег, ссякаць кусцікі — каб пілаваць пры самай зямлі, не пакідаць на смех людзям высокага пня. Пакуль ён усмалее, абарве моц з зямлёю, калі можна будзе вырваць яго, дык будзе рэзаць i калоць вочы.

— Дзед, давай гэтую зрэжам,— азваўся Ясік i стукнуў кулачком па старой высокай, лічы, без голля, толькі з невялікай зялёнай верхавінкай-чупрынай хваіне.

— Ого! — усміхнуўся i любоўна агледзеў гэтую сасну стары Нямкевіч,— Гэтая таўстуля — табе на новую хату. Будуць i дошкі добрыя на падлогу, i дылі на вокны. Мы з дзядзькам Янакам будзем жыць у нашай старой хаце, а табе, як толькі бацька вернецца з Амэрыкі, адразу пачнём ставіць новы дом. Абудую вас, а тады ўжо буду збірацца ў сваю вечную дамоўку...

Ясік, канечне, яшчэ не зразумеў апошніх дзедавых мудроных слоў; яны ж, сталейшыя, паскідалі кажухі, моўчкі апусціліся на калені i пачалі пілаваць тоўсты, набрынялы смалой, ад таго i цвёрды, як жалеза, камель. Пасыпалася i востра запахла пілавінне (спачатку рудое i сухое — ад кары, а пасля сіне-жоўта-чырвонае—ад абалоні i смалы). Янка быў няўломак, змалку любіў i пыніў мужчынскую работу, але цяпер, калі піла пачала ўядацца глыбей i пакрыху заціскацца, ці то ад доўгай адлучкі ад такой працы, ці то ад развярэджанай раны, адчуў: ные-баліць плячо, стамляецца рука. Бацька ж вунь шоргае i шоргае, нібы яму зусім не цяжка, толькі прыплюшчвае вочы ды час ад часу здзьмухвае з рыжаватых вусоў i барады пілавінне ды пакрыху чырванее. Але вось, калі Янка ледзь стрымліваў боль i стому, той запыніўся i выпрастаўся.

— Я, калі, можа, яшчэ во гэтакі быў,— кіўнуў на Ясіка, загаворваючы не пра тое, што муляла Янку, a зусім пра іншае,— часта ездзіў з бацькам у лес. Удзень — у свой, a ўночы, бывала,— i ў казённы. Дык вот ведаеце, што трэба рабіць, каб далека не было пілы чуваць? Не? Трэба камель кажухамі абгарнуць. Тады дзерава не звініць, не пяе, а глушэе.

Зірнуў на Янку i, мусіць, заўважыў на яго твары пакуту.

— Калі прыехалі ўжо, дык давай зрэжам хоць гэтую хвою. Толькі рэжма паціху,— прамовіў i калі зноў запілавалі, дык ужо не спяшаўся, стараўся большы цяжар браць па сябе, а каб ён часцей цягаў пілу ўлегцы.

Пасля, калі павалілі сухастоіну (а яна, як здараецца ў няўдалых разакоў, не ламалася, не пакінула на пні доўгай вострай пікі), бацька затупаў ад хвойкі да хвойкі ды пачаў выбіраць самую нягеглую. Але ўсё шкадаваў: тая — крывая, але падрасце, камель будзе спраўны, тая — разгалая, але на калодзежны журавель прыдасца, тая ўсыхаецца, але вельмі ж тонкая, на дошкі-шалёўкі пойдзе.

Калі ўсё ж адшкадаваў, спілавалі яшчэ дзве невысокія няўдалыя хваіны, парэзалі на кавалкі. Лягчэйшыя насілі на сані па аднаму, a цяжкія цягнулі ўдвух вяроўкаю — чаплялі за самы камель вузел, бацька браў адзін канец вяроўкі, а ён — другі, перакідалі цераз плечы i валаклі. Самы важкі камель дацягнулі на дарогу канём — канцы вяроўкі прывязалі да гужоў хамута. Пасля падабралі ўсё астатняе—галлё, сукі, нават абтрушчаную кару i лепшае вецце (на памёлы). Складзеныя палены на санях перавязалі вяроўкамі i паціху падаліся дадому. Наверсе дроў сядзеў i кіраваў канём Ясік, а Янка з бацькам, пыхкія ад гарачыні, стомленыя, задаволеныя, моўчкі, кожны думаючы сваё, тэпалі за саньмі ўслед. З'ездзяць яшчэ разы ca два ў свой лес, дакупяць бярэзіны i альхі ў Налібацкім лясніцтве альбо ў хатаўскога пана — i будзе дроў на новую зіму. Вайна вайною, вэрхал вэрхалам, а гаспадару ўсё роўна трэба дбаць пра гаспадарскае.



2.

Калі спусціліся з Палька (конь падбег, а Янка з бацькам адсталі), паднялі галовы i зірнулі на Янкавіны з гэтага тыльнага боку, дык аж устрапянуліся: у вёсцы штосьді дзеелася няладнае.

Амаль ля кожнага (як можна было акінуць вокам) гумна стаялі коні з саньмі, а з гумнаў людзі выносілі i накладалі на сані сена. Што за дзіва: янкавінцы змовіліся i адначасна апаражняюць гумны? Але чаго тады на ўсім наваколлі гудуць узбуджаныя людскія галасы, а там-сям чуецца енк альбо плач. Стары Нямкевіч аж прыпыніўся i падняў навушнік аблавухі — каб усё лепш агледзець i ўчуць.

— Зірні ты сваімі маладымі вачыма,— папрасіў Янку.— Што там робіцца?

— Вайскоўцы i цывільныя людзі носяць з гумнаў сена.

— Абіраюць, значыць...— дрыготкім голасам прамовіў бацька.— Мала было той, перад калядамі, абіралаўкі!

Рушылі. Бацька пакрочыў неспакойна, узбуджана: канечне ж, адчуваў i трывожную насцярогу, i сполах. Маўчаў, намагаўся хутчэй трапіць дахаты. Каб хоць сваімі вачыма зірнуць, што там робіцца, ды абараніць сваё дабро, нажытае потам, праз сілу, старасцю сваёй.

За лагчынаю, на горцы, за якой пачыналася ўжо Гарбацэвічава поле, яны нагналі сані, i бацька забраў лейцы ад унука.

Вымкнуліся на вуліцу; далей трэба было перасекчы яе i выехаць на пагонку, што цягнулася ўздоўж Шлёмавай карчмы, а пасля павярнуць на іхнюю сценку.

Але бацька нечакана запыніў каня, i Янка, зірнуўшы на вуліцу, аж анямеў. Раптоўна адышоў, знік гаспадарскі клопат, a падкацілася маладое хваляванне: з вёскі да свёкравай брамкі кіравалася Зося. У валёнках, доўгай спадніцы, у ватовачцы, што была напята на жываце, у хустцы-канаплянцы. Зося таксама мігам акінула яго з ног да галавы позіркам, нібы зазіраючы яму ў душу сваімі вялікімі вачыма, і, здаецца, разгубілася: ці запыніцца, ці збочыць у свой двор? Пайшла памалей. Поўная, важкая. Нос, вусны, як заўважыў ён, падпухлыя, непрыгожыя. Маладая ж яшчэ, а так бязлітасна змардавала яе красу цяжарнасць.

— Скажы ты мне, маладзічка, што ў вёсцы робіцца? — трывожна запытаў у яе бацька.

Яна ці не зразумела, пра што ў яе пытаюцца, ці не магла апамятацца. Але запынілася з ахвотаю. Маўчала, толькі кратала бяскроўнымі вуснамі.

— Які тут вэрхал? — перапытаў стары.

— Сена, салому, авёс бяруць,— нарэшце вымавіла.

— Хто бярэ?

— Салдаты i занямонцы.

— I ва ўсіх бяруць?

— Вa ўсіх.

Бацька тузнуў каня, заспяшаўся па пагонцы, а Янка, дагэтуль тулячыся за бацьку, як не сваімі нагамі пайшоў ёй насустрач. Напрасткі ж рукой было падаць да сваёй хаты. Зося не сыходзіла, чакала, пазіраючы на яго, здаецца, паглыбелымі i пабольшанымі вачыма, пад якімі былі цёмныя ўпадзіны.

— Ну, добры дзень табе,— прамовіў, запыніўся.

— Добры дзень, Янак,— ціха адказала. Вымавіла не гэткім чужым, як у яго, голасам, а лагодна, цёпла.

Ён ведаў: нехта з Гарбацэвічаў цікуе за імі праз акно, дык надоўга запыняцца i Зосю затрымліваць не варта. Але не мог i пайсці, не перакінуўшыся словам з той, якую ўсё яшчэ кахае.

— Ну, як жывеш? — запытаў з хваляваннем, але не пазіраючы ёй у вочы. Пасвіў вачыма дол, а таксама азіраў яе валёнкі, на якіх сям-там, у згібах-раўчуках, наліпла сенная труха.

— Жывая...— прамовіла, здаецца, стараючыся зазірнуць яму ў душу.— А ты як? Кажуць, цяжка паранены...

— Жывы i я. Хоць, можа, лепей было б, каб не жыў...

Яна змаўчала; калі падняў галаву i зірнуў у вочы, дык убачыў: яна прыкусіла вусны, пазірае аддана i плаксіва моршчыцца, i тут жа па яе шчацэ плыве, робячы раўчучок, буйная слязіна. Вось затрымалася каля падбародка, адарвалася i паляцела на зямлю.

Канечне, Зосі было i ёсць цяжка. Жыве не так, як хоча, а як выходзіць, як камандуе свёкар. Можа, i не вінаватая за тое, за што вінаваціць ён, Янка. Дык не варта папікаць, псаваць настрой, дабаўляць згрызот. Усё ж яна не абы-якая, не чужая яму, а любая, дарагая, можа, таксама чакала i не менш перажывае, пакутуе, што сустрэла вось у такім стане.

— Выбачай...— ціха папрасіў i, каб не расчульвацца ды не нарабіць ёй сваёй чуласцю толькі шкоды, рушыў у свой двор. Здаецца, яна перад самым яго адыходам памкнулася затрымаць, штосьці сказаць, але ён не азірнуўся, не затрымаўся — сёння i тут не варта паказваць свае любошчы, радасць ад сустрэчы. Але ўсё роўна адчуў вялікую палёгку: вось i адбылася першая сустрэча, размова. Пасля гэтага не павінна быць такога, як раней, вялікага напружання, асцярожлівай боязі выйсці са свайго двара i нечакана сустрэцца з ёю. Што далей будзе, як яно ўсё павернецца-разгорнецца, адзін толькі бог ведае, але, зноў i зноў змушаў сябе паверыць Янка, свет для яго пашырыўся, i яму стала лягчэй.

Ля сянец яго спаткала маці — у старых, абшытых спаднізу цялячаю скураю валенках, у некалі чырвоным ад цэглы, а цяпер аблінялым кажушку ды звыклай цёплай хустцы. Заплаканая, зусім згорбленая. Мусіць, стаяла дагэтуль тут, на ганку, назірала за ім i Зосяю, чакала яго.

— Зноў бяда, сынок,— зашчыравала ў адчаі.— Наехала ж набрыдзь i абірае. Чуеш? — паказала рукою на загуменне.— Здаецца, ломяць дзверы, каб у гумно залезці...

Ён, нічога не адказаўшы, рашуча закрочыў па двары на дрывотні, каб праз яе выйсці на загуменне, дзе, як убачыў, ідучы дадому, стаіць чужы конь.

— Як вы паехалі ў лес, дык ix скора i прынёс чорт,— тлумачыла маці, спяшаючыся за ім.— Саней, можа, i паўсотня, не меней. Усю вуліцу з канца ў канец запрудзілі... Я, як убачыла, дык абмерла: прыехалі ці высяляць, ці зноў абіраць. Аж, кажу, умлела: што без вас, мужчын, рабіць буду? Выйшла да Стася, папытала: «Можа, ведаеш, чаго прыперліся?» — «Чысціць нас»,— кажа. Я за замкі — ды на дзверы гумна, хлява i клеці. Аж прыходзіць у хату малады ахвіцэр i пытае: «Хазяін дома?» — «Нямашака,— кажу, у лес паехаў».— «Вы — хазяйка? Калі вы, дык вот бумага, давайце на нужды арміі пуд аўса i пятнаццаць пудоў сена!» — «Дык мы ж давалі перад калядамі!» — «Цяпер па-новаму трэба...»

Мінулі дрывотню, дзе яшчэ былі паўтары складні сухіх бярозавых i хваёвых дроў, стаялі смаловыя круглячкі, зробленыя бацькам за зіму палазы, колы, аглоблі, віселі пад страхою грабільны.

На прыгуменні стаяў рыжай масці, з белымі надкапытнікамі конь з саньмі, ля ix — малады невысокі прапаршчык, на шчацэ якога быў доўгі, можа, i ад штыка, рубец, а двое, пажылы цывільны дзядзька ў кажуху i малады салдат у шэрым, зашмальцаваным шынялі, падважвалі каламі цяжкія замкнёныя знутры дзверы, каб скінуць ix з завесаў.

— Што за разбой сярод белага дня? — сурова прыкрыкнуў Янка.

Дзядзька i салдат уздрыгнулі, выпрасталіся i вінавата залыпалі, прапаршчык спачатку таксама з некаторым збянтэжаннем зірнуў на яго, высокага, шырокага ў плячах, на яго вайсковыя штаны, а пасля, як амаль i кожны невысокі чалавек, захрабрыўся:

— Кто такой?

Нагнаў строгасць на свой малады твар, паправіў кабур за паясніцаю: ведай, мы са зброяй, мы сіла! А па-другое, як i кожны вайсковец, можа, са злосцю зірнуў на яго, цывільнага: мы ў арміі, гаруем, а ты, здаровы бык, аціраешся ля жаночых спадніц!

— А ты хто такі? — не збаяўся, запытаў Янка.— Хто даў табе права марадзёрыць?

Прапаршчык, здаецца, адчуў, што перад ім не тутэйшы вясковы целяпень, а бывалы малады мужчына, дык трошкі памякчэў:

— Вы — хазяін?

— Што вам трэба? — Янка па-ранейшаму быў суровы. Нават злы. За армію, за салдат, якія вытвараюць вось такі грабеж. Нават i з-за таго, што разумеў: вайскоўцы не зусім вінаватыя, робяць тое, што ім загадалі.

Прапаршчык падышоў, расшпіліў скураную карычневую сумку з пазалочанаю зашчапкаю i дастаў з яе паперыну. Падаў.

— Вось распараджэнне на дадатковую рэквізіцыю ў насельніцтва фуража для патрэб Туркестанскіх часцей,— патлумачыў.— Распараджэнне ўзгоднена са штабам нашай Другой арміі i Земсаюзам.

Янка прачытаў тое, што было надрукавана на машынцы. Сапраўды, гэта быў высокі загад, дзе нават была пагрозная прыпіска: «...в случае неповиновения пресекать онное силой». Ён нічога не сказаў прапаршчыку, паказаў рукой на сценку, куды ўжо заварочваў з саньмі бацька.

Пад'ехаўшы, той адразу ж закрочыў сюды.

— Здраствуйця,— павітаўся, аддаючы павагу вайскоўцам.

Прапаршчык казырнуў.

— Вот папера. На новую рэквізіцыю,— прамовіў Янка i падаў бацьку лісток.

Бацька, паколькі слаба блізка бачыў, далека ад сябе аднёс паперу, паволі прачытаў.

— Вы б пачыналі ўжо з нас жывых скуру здзіраць...— калі дачытаў, прамовіў прапаршчыку.— Сабе на боты, на рукавіцы...

— Прыказ, хазяін.

— Вот ён, наш сын, на вайне быў, паранены,— пачаў шукаць паратунку бацька.— Фельдфебель. Георгіеўскі кавалер.

Прапаршчык ужо цяплей, нават з павагаю зірнуў на Янку.

— Дык дзеля чаго ён ваяваў, кроў ліў? Каб яго сям'ю абдзіралі, рабілі жабракамі? Каб мы не толькi марнелі, чэзлі, але i без пары без часу перамерлі як мухі?

Прапаршчык маўчаў, але сыходзіць з прыгумення не збіраўся.

— А ты чаго, чалавеча, дзверы ломіш? — нечакана накінуўся бацька на чужога селяніна.— Няўжо сам не гаспадар?

— Я ж... Загадалі...— збянтэжыўся той — прысадзісты, чорны, як цыган, з бояззю зыркаючы на прапаршчыка.

— Скуль жа такі паслужлівы?

— З Любчы.

— Вёска гаспадарлівая, кірмашамі добрымі слаўная, а ты, чалавеча, сабака! — са злосцю абразіў яго бацька, i здаючыся, бачачы, што паратунку i абароны няма, пайшоў праз дрывотню на той бок гумна, каб, мусіць, скінуць з гэтых дзвярэй крукі. Гаспадыня затрусіла подбегай за ім — падаць ключы.

Калі неўзабаве адчыніў на бакі двайныя дзверы, быў хмурны, збялелы як палатно, a маці ламала рукі i галасіла:

— Як жа мы датрымаем кароўку, каня да вясны? Колькі тут таго сена? За што нам такая кара? За якія такія нашыя грахі?

Вайскоўцы моўчкі зайшлі ў гумно, a селянін захітаў галавою:

— I праўда ж, наўрад ці хваціць самім да вясны...

Бацька не пазважаў на яго спачуванне, узяў з кутка тока драўляныя вілы i моўчкі, пералезшы цераз застаронак, пайшоў па адгародцы ў яе канец, дзе ляжаў абскублены пласт сена. У другой загародцы была яшчэ меншая горка — з ячнай i жытняй саломы ды з грацкоўя. Моўчкі пачаў браць зверху i шпурляць сюды, на ток, сена, а салдат i селянін узяліся падбіраць i ўкладваць на сані.

Калі няпрошаныя госці ад'ехаліся, бацька, замкнуўшы гумно ды страсаючы з грудзіны пацяруху, паскардзіўся Янку:

— Бачыш, сын, як мы жывём, як з намі лічацца... З вас, маладых, нямецкі кайзер кроў п'е, а з нас наш цар апошнія жылы выцягвае, скуру пачынае здзіраць... Хочаш не хочаш, а прыйдзецца скоpa да Гарбацэвіча i нам у пазыкі ісці, у даўгі залазіць... Змоладу быў сам сабе гаспадар, сваім усім абыходзіўся, а цяпер, на старасці... Абадралі як ліпку, да галецтва давялі... Дык дзеля чаго жыў, стараўся? Каб такое ўбачыць? Напакутавацца? Памерці, праклінаючы свет i сваё ўсё жыццё?

— Па ўсёй вялікай Расеі такое, тата...— прамовіў Янка.

— Не, мусіць, такога пекла, як у нас, нідзе няма...— пахітаў галавой уцямнелы бацька.— Ніякай спавагі ды справядлівасці... Што хочуць, тое i робяць... «На нужды арміі...» Але ж гэтыя нужды бяздонныя, як i ва ўсякага ненаеднага горла...

— Якраз з-за зацягненай вайны люд у Петраградзе забунтаваў...

— Што той люд зробіць супраць сілы?! — махнуў рукой бацька.— Заўсюды люд таўклі i глядзелі на яго як на быдла... Рабі! Давай! Цярпі! Маўчы!

Янка маўчаў. Па-першае, бацька, мудры чалавек, гаварыў праўду, а па-другое, добра не ведаў, што цяпер робіцца на франтах, у Петраградзе, нават тут блізка, у Мінску. Як вярнуўся дадому, дык нібы i зачыніўся за ім свет. Ведаў толькі тое, што скажуць старшыня Сяргеенка, айцец Феадор альбо раскватараваныя па Янкавінах афіцэры — тыя, каму траплялі ў рукі сталічныя газеты. Але газеты прыходзілі ca спазненнем альбо не ўсё з ix можна было зразумець, дык вёска, а з ею i бывалы ўжо чалавек Янка мала зналі, што недзе адбываецца i што з усяго гэтага выйдзе. Пра гэта, канечне, больш ведалі ў Мінску, у губеранскім горадзе i ў штабе Заходняга фронту, у Магілёве, у Стаўцы, дзе цяпер сам цар.

Памаўчаўшы, бацька i сын паныла пасунуліся ў хату, дзе ix чакалі слёзы, скаргі засмучанай гаспадыні.



3.

Калі памерла жонка, у хаце Сцяпана Супраневіча пачала кіраваць яго старэйшая нявестка Аўдоля — кабета пажылая ўжо, гадоў пад сорак, рэзкая i нецярплівая. Яна забрала ў свае рукі ўсё гаспадыніна права не толькі таму, што была старэйшая за Сцяпанаву дачку, Вольку, за другую нявестку Ганю, але яшчэ i па іншай прычыне: па-першае, мела пры боку мужа (трымаючы яго нібы на ланцужку, нацкоўвала на бацьку, на сястру ды на малодшую братавую), а па-другое, Волька была спакойная, не старалася быць глаўнісяю, а малодшая нявестка ўсё яшчэ жыла без мужа (быў у Амерыцы ў заробках), не ўсцераглася, нарадзіла байстручка, дык сама ж сябе i сваіх дзяцей зрабіла бяспраўнымі. Сутыкаючыся ля печы, у кладоўцы, у склепе альбо ў хляве, нявесткі сварыліся кожны дзень. У хаце ад іхніх сварак, а таксама ад дзяцінага вэрхалу стаяў несупынны гармідар. Як ні намагаўся аціхлы i разгублены пасля жончынай смерці Сцяпан утрымаць лад у хаце, але гэта яму не ўдавалася. Нават старэйшы сын, аднаногі Кірыла, не спрыяў. Вырываў з яго рук лейцы, хацеў ужо сам быць галавою, а яго, бацьку, адсоўваў як нахлебіча. Сцяпан на сабе пераканаўся, якая гэта цяжкая доля — нямоглая i бяспраўная старасць беднага чалавека.

Вось i цяпер, у гумне, Сцяпану было горка. Вырваўся з шумлівай хаты, але не супакоіўся. Ды як суцішышся, аспакайнееш, калі да вясны, да травы, яшчэ далека, а сена вунь у загарадцы копка, не болей. Як датрымаць карову да цяпла, не даць ёй пасці? Як датрымаць Пётрыкавага каня, аднаго на ўсю іхнюю вялікую радню? На новы тыдзень трэба ж даваць сена каню ўжо яму — паколькі конь быў адзін на чатыры гаспадаркі, дык кармілі яго па чарзе.

Сумны, змрочны, выйшаў з халоднага i амаль пустога гумна на ўднелы, светлы ўжо, марозны двор.

Пасярод двара сустрэў малодшую нявестку Ганю з даёнкай. Невысокая, шустрая, шыбавала ўгнуўшыся да хлява, перад ім збочыла i прашмыгнула міма. Здаецца, заплаканая. Як нарадзіла байстручка, дык нібы адмянілася — была кругленькая, вясёлая, ахвотная да смеху, да песень маладзіца, а цяпер стала худая, косці ды скура, маўклівая, запятая i сярдзітая, як ваўчыца.

Зайшоў у хату.

Ці наўмысна, ці незнарок яму ў грудзіну тыцнула канцом вілак старэйшая нявестка — толькі што паставіла ў палаючую печ вялікі свіны саган з вадою (мелі адну свінку, карову, цялё i паўдзесятак курэй. Каня так i не набылі, a авечкі забралі летась вайскоўцы).

— Таўчэцеся вот пад рукамі...— забурчэла Аўдоля, даючы яму дарогу. Як i ўсе яны, Чорныя, пацямнела з узростам, стала маршчыністая, бяззубая, зусім ужо старая ў свае сорак гадоў.

Непадалёку, ля стала сядзеў таксама пастарэлы, злосны i маршчыністы Кірыла i смаліў згорнутую з газеты i тытуню-самасаду піпку. Дарывае во ўжо яго запас «Нашай нівы», якую ён выпісваў, пакуль яна выходзіла. Каб i хацеў у вольную хвіліну пачытаць тое, што чытаў ужо ды забыўся ці прапусціў у свой час (а чытаць ён i цяпер любіў), дык дарма, не ўхаваеш нічога. Волькі другі ўжо год дома не было — служыла ў дзераўнянскага ксяндза.

— Прынясеце вады,— закамандавала нявестка. А пасля, калі завалтузіліся пад дзяругамі на двухпавярховых палках дзеці, закрычала на ix: — Ціха вы, чэрці! Не дзярыце бялізны.

— Цёця,— запішчэў Ганін байстручок (яму сёння было два з паловаю гады),— а ваш Косцік мяне шчыпае...

— А чорт цябе не возьме,— са злосцю адказала.

Яе дзеці, учуўшы, што маці ix не ўшчувае, яшчэ смялей узяліся крыўдзіць малога. Той заенчыў, паскардзіўся скрозь слёзы:

— Пачакайце, я маме скажу...

Сцяпан узяў драўлянае, акаванае бляхаю, з абручамі-дротам вядро i паспешна падаўся да студні — у двор стрыечнага брата, Пятра Вайтковіча.

На халоднай яшчэ вуліцы смачна пахла дымам— дружна дыміліся коміны па ўсёй вёсцы, дык i стаяў усюды водарны пах хваёвых, альховых, а таксама бярозавых дроў, вадзяной пары ці ўжо i падгарэлай бульбы. У суседзяў, роднага брата Miхайлы i стрыечніка Юзіка Вайтковіча (іхнія хаты стаялі насупраць, у Юзіка гэтую зіму збіралася моладзь на вячоркі) рыпелі дзверы то сенцаў, то хлява, чуўся гоман у двары. Вось з Міхайлавага двара панёсся рэзкі енк — ясна, недзе за хлявом сядзеў i дзеля пацехі нема выў-роў на ўсю вёску Міхайла. Састарэў, але прыкрых сваіх выхілак не кідае.

Насустрач, можа, ад старасты Дземідовіча борздка крочыў Мішук.

— О то штукар твой брацец! — усміхнуўся той.

Сцяпан нічога не адказаў. За сваё доўгае жыццё стаміўся ўжо ўшчуваць схільнага на ўсякія выбрыкі малодшага брата.

— Ну, што чуваць? — калі парукаліся, ухмыльнуўся Мішук — камлюкаваты, чырвоны ад марозу, вясёлы. Якой яму трасцы, рад, што ўбавіў сваіх дачок да багатых (Галену — у сям'ю Стася Нямкевіча, Зосю — да Гарбацэвіча). Цераз ix i яму тое-сёе трапляе — надта ад малодшай дачкі, Зосі. Не сядзіць без сена ці без хлеба.

— Ты ж быў на людзях, дык ты павінен ведаць усе навіны,— прамовіў Сцяпан, павесіў вочапку вядра на сагнутую руку.— Я цяпер, таўчы яго камары, далей сваіх Міхайлы, Пятра не хаджу.

— Я, што i пачую, дык не разбіраюся. От ты — другое дзела. Ты кемны да палітыкі.

Сцяпан зноў змаўчаў, бачачы, што задаволены сусед ядавіта насміхаецца. Вунь у шэрых вачах чорцікі скачуць, аж губы кратаюцца — мусіць, так i свярбіць язык сказаць: «Гаспадарыць не ўмееш, а да палітыкі дык прагнёны!..»

— Таўчы яго камары, вялікая паліціка для вялікіх галоў...— прамовіў неўзабаве.— Паслухай, браце, можа, ты багаты на жытнюю муку? Пазыч хоць з паўпуда. Адробім увесну ці ўлетку.

— Не, што ты. Мала ў самога,— няшчыра замахаў рукамі Мішук. Скупы i жорсткі, як i яго сват Гарбацэвіч. Калі што i можа даць, дык не адразу, a толькі пасля таго, калі на калені станеш.

— Няма дык няма...— паныла прамовіў Сцяпан i пасунуўся па вуліцы. Воддаль, цераз лагчыну, дзе цёк ручаёк, на ўзвышку, i жыў Пятро. Яны, Чорныя, агулам выкапалі ў яго двары студню. Была яна глыбакаватая, але з вельмі смачнаю вадой. У многіх у вёсцы ў студнях вада выбіралася альбо вымярзала, a ў Пятровай студні — ніколі. Хоць у адным, з вадою, быў прыветны да ix бог. Той жа Мішук, калі прыпрэ, дык ходзіць якраз да Пятра па ваду. Даюць i ніякай платы не патрабуюць. А ён, бачыш, якое свінчо. Як лепш жыве, дык задраў нос, не спачувае. Ён бы, Сцяпан, каб мог, дык усім бы не толькі спачуваў, але i памагаў бы выбрацца з бяды. Як, скажам, памагаюць Нямкевічы, Грыгарцэвічы. Але Мішук не на ix раўняецца, а на Гарбацэвіча ды Дземідовічаў.

Калі вярнуўся з вядром вады ў хату, дык спахмурнеў: нявесткі зноў счапіліся.

— Смалы яму, а не малака...— сіпата крычала Аўдоля.

— Ён жа самы малы, апухае ад слабасці...— не здавалася Ганя, канечне ж, заступаючыся за меншае сваё дзіця.

— Зірніце, палюбуйцеся, якая ваша любіміца! Зладзейка! — павярнулася Аўдоля i ледзь не пад нос тыцнула яму невялікай бутэлечкай з малаком. Яна, ясна ж, нядаўна абмацала яе недзе ў Ганіным рукаве i адабрала яе.— Употай крадзе! Для сваіх бахуроў!

— Колькі тут таго млека...— паспрабаваў Сцяпан суцішыць старэйшую нявестку, а заадно i самому супакоіцца.— Ці варта такі гвалт падымаць?!

— Ага, у яе дык дзеці, a ў мяне не дзеці! — накінулася ўжо на яго Аўдоля. Аж губы пасінелі ад злосці. Пра такіх звычайна кажуць жартаўнікі: «Ведаеш, колькі разоў сустракаю тваю жонку, дык заўсёды цешуся».— «З чаго ж ты цешышся?» — «Што яна не мая жонка»,— Я, як старэйшая, пра ўсю сям'ю дбаю, а яна — толькі пра сваіх... Чорт не возьме, байструкі самыя жывучыя, не згінуць...

Яму аж дых зарвала: якая жорсткасць!

Ганя, нібы скошаная апошнімі Аўдолінымі словамі, жахнулася, умольна зірнула на ўсіх, надта на ix, мужчын, а пасля таксама ссінела i, хапаючы ротам паветра, абсунулася каля стала, затуліла далоньмі твар i залілася слязьмі.

— Павешуся! Утаплюся! — выкрыкнула, глытаючы слёзы i боль.— Я ўжо не магу так болей жыць...

— Грэх такое гаварыць, Аўдоля,— прамовіў ён, бачачы, як на палках, на лежаку печы прымоўклі дзеці i лыпаюць на ix, старэйшых, чорнымі вінаватымі ды сарамлівымі вачыма.

Аўдоля, здаецца, уражаная адчаем i слязьмі малодшай цярплівай нявесткі, сумелася, трымаючы гэтую бутэлечку нібы гарачую галавешку. Пасля хуценька збавілася ад яе — паставіла на пліту. Здаецца, моўчкі адшкадавала гэтае малако. Заадно таксама расхвалявалася, аж затрымцела, заплакала, скардзячыся на сваю долю:

— Няхай яно згарыць, такое жыцце!.. Нашто я выходзіла замуж, тапіла галаву! Была б незамужняя, дык была б шчаслівейшая!

— Цяжка, дзеці мае. I не нам адным,— улучыўшы хвіліну, калі кабеты выплакалі першы, самы горкі адчай, боль, крыўду, прамовіў ён, адчуваючы, як у самога трымцяць рукі i нібы іголка коле ў сэрца.— Але ж не ўсе звярэюць, заядаюць адно аднаго жывымі... Нам бы як месяц-другі пратрымацца, да шчаўя — тады акрыялі б...

Нявесткі яму нічога не адказалі; выціраючы краем цёмнага фартушка слёзы, пачырванелая Ганя падалася засцілаць пасцелі i палкі, а ссутуленая Аўдоля пачала даставаць з печы чыгунок з бульбаю.

Кірыла маўчаў, зацята курыў; Сцяпан, каб парушыць гнятлівую цішыню, паклікаў да сябе самага меншага ўнука, з-за якога нядаўна загарэўся сыр-бор:

— Хадзі сюды, Васілёк.

Той, у кашульцы, босы, танкаваты для свайго ўзросту, з адвіслым жывоцікам, крывавата затупаў да яго, не па-дзяцінаму сумна на яго пазіраючы. У вялікіх яго чорных вачанятах нібы засела цяжкая гаркота.

— Ha, пі,— Сцяпан падаў яму невялікую, з-пад лякарства, рудую бутэлечку.

Той каўтнуў сліну, але бутэлечку з малаком не браў. Апусціў галоўку i ўнурыўся долу.

— Выпі, Васілёк,— папрасіў, пагладзіў шурпатай далонню па яго чорных, віхрастых валасах.— Сырадой — тое ж лякарства...

Хлапчаня спадылба зірнула на Аўдолю (тая нібы не бачыла нічога i не чула, моўчкі ўжо адцэджвала бульбу), а пасля ўзяло i, задзіраючы галоўку, пачало піць. Глынула больш, чым трэба, запырхалася, аж па падбародку пацёк белы струёк.

— Не спяшайся, памаленьку пі,—усміхнуўся Сцяпан, тулячы хлопчыка да сябе. Байстручок, але ж усё роўна дзіця. Не чужое, a іхняя кроў!

Неўзабаве Аўдоля проста на стол высыпала гарачую, парыстую неабіраную бульбу, а пасля наліла з дзежачкі, што стаяла ў кутку на печы, вялікую місу кіслай, ноздрыстай саладухі. Сама, як i Ганя, за стол не села; Сцяпан з Кірылам, а таксама i дзеці моўчкі, стараючыся не пазіраць адно аднаму ў вочы, пачалі абдзіраць хто нажом, а хто пазногцем бульбу, сёрбаць саладуху.



4.

Чужы барадаты мужчына павёз іхняе сена, накіроўваючыся на Глінішча, можа, i да найбліжэйшага суседа — Мішука. Сцяпан зачыніў цяпер ужо зусім апусцелае, толькі з адным пахам сена i саломы, гумно, абяссілена прытуліўся да старых цёмных дзвярэй, што трымаліся на адным, верхнім, завесе. Ніжэйшы завес быў без толку: ніжні канец вушака састарэў, згніў, i з яго даўно ўжо выпаў крук. Шмат гадоў ужо гэтаму гумну — яго яшчэ ставіў, як казалі, вельмі дужы i працавіты прадзед, перабраўшыся з-за Нёмна ў гэтыя чужыя, але яго сыну, унуку i праўнуку Сцяпану ўжо родныя i мілыя Янкавіны.

Божа, адчаіўся Сцяпан, што гэта робіцца? Падгрэблі ўсё, што было ў гумне, павезлі, а ты... Як хочаш жыві! Чым хочаш ужо ўвечар кармі карову! Бадай, як ніколі разгубіўся. Напраўду, дзе якое выйсце? Жыццё так звузілася, загнала ў кут, што хоць вешайся! Калі пачаў аціхаць шум у вушах, пачуў: па ўсёй вёсцы крыкі, енкі, плач. Божа, што ўлада, армія вытвараюць з людзьмі? Ці не жывымі са свету зводзяць?!

Пачуў тупат па двары. Прыкладаючы руку да грудзіны, нібы гэтым мог супакоіць узбуджанае сэрца, павярнуў галаву: сюды, да яго, шнураваў подбегай старэйшы ўнук Пятра Вайткевіча, Андрэй. Выцыглясты, з пачарнелымі вусікамі пад носам дзяцюк.

— Дзед Сцяпан, хадзеце да нас...— паклікаў яшчэ за некалькі крокаў.

Ён няўцямна пазіраў на стрыечнага ўнука, не разумеючы, чаго той хоча.

— Наша баба кліча. Вас i дзеда Міхайлу.

Сцяпан урэшце ачомаўся:

— Што там у вас?

— Бойка...

— Якая бойка?

— Дзед б'ецца з салдатамі...

Сцяпана нібы хто штурхнуў у спіну. Ён шпарка пашыбаваў туды, да Пятра, з кім сёння, калі хадзіў па ваду, бачыўся, жартаваў. Ён, Сцяпан, моўчкі i пакорліва, a Кірыла са сціснутымі зубамі аддалі вайскоўцам сена, а вось пыхкі, нецярплівы i бунтоўны Пятро, мусіць, рашыў пабрыкацца, не аддаць, паспрабаваць абараніць сваё дабро сілаю.

Калі Сцяпан прыбег да Пятровага гумна, дык убачыў: бойка, здаецца, ужо заканчваецца. На двары, каля расчыненых дзвярэй.

Воддаль, паблізу каня i саней-развалаў, стоўпіўся гурт чужых цывільных людзей, быццам авечак у летнюю спёку,— відаць, ix сагналі сюды з усіх бліжэйшых двароў, каб уціхамірыць Чорных; галасілі, ломячы рукі, мітусіліся кабеты — Міхайлава Настуля i Пятрова Франя; да ix ціснуліся шматлікія ўнукі; мужчыны, гаспадар Пятро i Міхайла, ляжалі ніцма долу. На іхнія спіны ўсселася па тры-чатыры салдаты. Яны ціснулі каленьмі свае ахвяры, заломлівалі ім рукі i звязвалі ix пастронкамі.

Непадалёку, ля вушака, проста на зямлі сядзеў малады збялелы салдат (Пятро спароў яго віламі i балюча ўдарыў пад жывот нагою), a другі, старэйшы, прысеў на коленцы i прыкладае яму да скроняў снег; у кутку двара, дзе ляжаў пласт белага снегу, сядзеў на дыбках афіцэр — расхлістаны, без фуражкі. Ён гроб далонню снег і прыкладаў яго да акрываўленай шчакі (Пятро тыцнуў яму сюды чаранком вілак). Побач каля яго ляжалі ўжо грудкі набрынялага крывёю снегу.

Звязаўшы рукі, салдаты падхапіліся i паднялі пераможаных бунтаўшчыкоў — у Пятра быў пад вокам вялізны сіняк, a ў Міхайлы — акрываўленыя губы, падбародак i шыя.

— Увести! — не падымаючыся, махнуў рукою васпаваты афіцэр. — В Налибоки. Как бунтовщиков и оказавших сопротивление силой. Пускай судят по законам военного времени.

— Вас, разбойнікаў, трэба не судзіць, а крыжаваць...— не збаяўся, агрызнуўся Міхайла, турзнуўся, бо яго за локці моцна трымалі салдаты.

— Пане ахвіцэр, куды вы яго павядзіцё? Старога, хворага! — забедавала Настуля.— Нашы ж два сынэ ў войску... I Пятра адпусцеце... Яго сын тэж на вайне...

— Каго ты просіс? Звяруг? — абазваўся ўзелянелы ад злосці Пятро.— Яны с не людзы, яны — звяругі...

— Закрой хлебало, хам! — агнём бліснулі афіцэравы вочы.

— Сам ты хам! — не здаваўся i не баяўся нічога Пятро.— Кормім, поім, а ты ясцэ свіняцыс...

— Увести! — паўтарыў загад афіцэр, зноў махнуў рукою. I, павярнуўшыся да цывільных мужчын, загадаў: — Выносите из риги сено. И по местам. Не стоять, как телята, не сочувствовать, а помогать подавлять сопротивление...

Салдаты павялі накухталяных Пятра i Міхайлу з двара, а забягаючы ім наперад, з плачам, енкам ды мольбамі пабеглі пажылыя жанчыны. Цывільныя ў гэты час тут жа, пры Сцяпане, пачалі выносіць з Пятровага гумна сена i накладаць на пустыя сані.

Кабет i дзяцей, як неўзабаве ўведалі ўсе ў Янкавінах, за вёскай адагналі, а Пятра i Міхайлу патурылі ў Налібакі, дзе быў штаб раскватараванай па навакольных вёсках брыгады.



5.

Калі была дзяўчынай, жыла ў бацькавай хаце, Зося не ведала, што такое доўгія ночы i бяссонніца.

Цяпер жа, у замустве, ды калі зноў зацяжарала, сама на сабе ўсё адчула. Надта пасля таго, калі заявіўся малады сусед, Янка. Усе апошнія ночы Зося доўга не магла заснуць, a калі i зводзіла вочы, патанала ў дрымоце, дык ненадоўга. Пасля першага ж кароткага забыцця прахоплівалася i потым зноў ляжала з адплюшчанымі вачыма, з яснай памяццю. Самыя розныя думкі апаноўвалі яе, узбуджалі, прыгняталі, а то i даводзілі да адчаю. То па-ранейшаму пакутавала ад свайго прымусовага нявесткавання, якое многія ў вёсцы, яе бацькі таксама, лічылі за вельмі ж прынаднае, то перамагала крыўда ад свёкравых абраз, то мучылася, што вярнуўся з фронту Янка i не хоча яе бачыць (яна ўпотай ад усіх сачыла за ім з акна), то баялася смёрці — цяпер, калі набліжаліся новыя роды, больш усвядомлена асцерагалася за сваё жыццё. А раптам на гэты раз, без лекара, штосьці выйдзе не так? Першыя ж роды былі цяжкія: бабуля-павітуха не магла ёй памагчы, ледзь не звяла на той свет, выратаваў толькі іхні лекар, Чарноў, забраны цяпер на вайну. А раптам, калі здарыцца бяда, сіратою застанецца Антонік — яе i Янкава крывінка, боль i радасць?

I ў гэтую ноч вочы таксама доўга не зліпаліся, хоць ты ix сшывай. Можа, i ад таго, што ўсю другую палову дня была надзвычай расхваляваная, аж, як бачыла ў люстэрку, выступілі на твары чырвоныя пляміны.

Спачатку ўзбудзіла неспадзяваная, каля самага іхняга двара, сустрэча з Янкам, пасля перанерваваў свёкар, енчачы, што аддаў «чорту лысаму столькі сена i аўса», а заадно пакалацілі, узрушылі душу свякроў i залувіца — яны пахаладнелі з нядзелі, калі яна, убачыўшы ў акне Янку, ад нечаканасці выпусціла з рук i разбіла люстэрка, а сёння, як згледзелі, што сустрэлася i гаварыла з Янкам, вярнулася ў хату расчуленая, надзьмуліся i чужаніліся. Пасля, калі прыехалі з лесу мужчыны, Анелька ўсё расказала Віцю. Той азмрочнеў i таксама насупіўся.

«Пайшлі вы ўсе к чорту! — зазлавала на сваіх цяперашніх сямейнікаў.— Я не напрошвалася да вас у хату. Дык не забароніце мне бачыцца i гаварыць з тым, з кім я хачу!»

Не могучы заснуць, ляжала ў цемнаце (цішыні не было, бо на кухні, на печы, то хроп, то енчыў у сне свёкар, то ўздыхала i стагнала свякроў) i думала пра Янку. Разумела: не мог на людзях затрымацца, быць доўга з ёю, але было крыўдна, што нічога не запытаў пра сына i не папрасіў увечар выйсці i дзе-небудзь сустрэцца. Як i не кахаліся, не знайшлі ў каханні дзіця. Хай яна цяпер грубая, непрывабная, хай цяпер не могуць кахацца, але ж пагаварылі б. Ён расказаў бы ёй пра сваё жыццё на свеце, у акопах, а яна — яму пра сваё. Пастаялі б прытуліўшыся, радуючыся, што зноў могуць быць разам. Ды, бач, ён не толькі не папрасіў спаткацца, але i не рады, што ўцалеў у віхуры...

Што — яго так уразіла, азмрочыла яе цяперашняя цяжарнасць? Зараз абыякавы да яе як да чалавека? Хоча бачыць у ёй толькі маладую жанчыну, закаханую i падатную? Але ж толькі гэтага мала для моцнага сапраўднага кахання! Ці яны, мужчыны, усе вось такія— самалюбныя i карыслівыя?! Можа, іншыя мужчыны, як i той паручнік-пастаялец, i паганыя, але ж Янка павінен быць не такі! Ён жа моцна кахаў i кахае яе! Нарэшце ёсць, моцна звязвае сэрцы i душы іхні сын! Гэта ж зусім іншае, чым у тых, хто да жаніцьбы, да замуства кахаўся, але потым разышліся-разляцеліся адно з адным нічым не звязаныя, хіба толькі аднымі ўспамінамі, адной уцехай, а то i крыўдамі.

Не, Янка не адвернецца. Як адыходзіў, дык сказаў: «Выбачай...» — i вельмі ж узрушана замыліў вуснамі.

Віця — а ён ляжаў побач, каля сцяны,— спрасоння паклаў на яе калена нагу. Гэты яго несвядомы рух так узбурыў, даў прыліў такой нядобрай злосці, што яна тут жа адштурхнула яго да сцяны.

Ад удару галавою ў край падаконніка Віця прачнуўся. Некалькі хвілін, апамятваючыся, праляжаў ціха, а потым, мірачыся, шукаючы згоды, падлашчыўся:

— Я штурхнуў цябе? Прыціснуў?

Тут жа i адхлынуў ад яе пыхкі гнеў. Стала аж няёмка, што гэтакая нястрыманая.

— Спі,— ціха прамовіла.

— А ты чаму не спіш?

— Я спала. Ды ты пабудзіў.

— Зося... Ты скажы мне...

— Ну, што? — нецярпліва запытала.

— Што ён табе сёння сказаў?

— Што ён мне можа сказаць? Павіталіся, папыталіся адно ў аднаго пра здароўе — i ўсё...

— А ён не хоча цябе забраць?

— З дзіцем? Такую? — хмыкнула.— Ды цяпер, калі навокала гэтулькі дзяўчат?!

— Але ж ты...

— Ну, што я?

— Ты не адвыкла ад яго. Ты ўсё яшчэ пра яго думаеш.

— От cпi, кажу. Не прыставай i не руш душы.

— Ты ж злуеш на мяне...

— А яшчэ што?

— Ты нават не злуеш — ненавідзіш... Як я не муж, не чалавек.

Змаўчала. Ды што магла адказаць на яго праўду?!

— Ён, ён ва ўсім вінаваты! — паскардзіўся.— Калі яго не было тут, дык ты была не злая. Вярнуўся — зноў узбунтаваў табе душу.

— Ды cпi ты, мармытун! — сыкнула. Тут жа пачула, што зноў застагнала на печы свякроў — відаць, i чула, i здагадвалася, з-за чаго яны бурчаць сярод ночы.

— Няхай бы яго не параніла, няхай бы ён злажыў там галаву!!! — сцішыў голас, але злосна засіпеў Віця. Яна аж не паверыла сама сабе, што ён, цяльпук, можа мець столькі нянавісці.

— Як табе паварочваецца язык такое гаварыць! — прысароміла.— Жадаць чалавеку смерці!

— А непрыяцелю можна i пажадаць...

— Ён ваяваў, кроў праліў, а ты...— не дагаварыла, у час стрымалася, бо хацела пакрыўдзіць: «А ты — хліпак! Hi арміі, ні мне не трэба!»

— ...а ты ўсё яшчэ, кажу, яго любіш. Як сама не свая ўсе гэтыя дні. Каб прымела, дык сама ў іхнюю хату пабегла б. Не рада, што дзіця ад мяне носіш.

— Рада...— буркнула, з горасцю ды з іроніяй. I зноў замаўчала. Ведала: скажы цяпер пяшчотнае слова, прылашчы, дык усё павернецца іначай. Ён супакоіцца, прытуліцца, будзе прасіць дараваць, прызнавацца, як кахае яе i жыць без яе не зможа. Для спакайнейшага жыцця, а то каб i схіліць яго на свой бок, варта было б схітрыць, прыкінуцца, што якраз ён ёй дарагі, але цяпер не магла ды i не хацела яшчэ гэтак па-жаночаму адмыслова мудрыць...


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ


1.

Сёння i раніцай, калі прачнуўся, снедаў з гаспадарамі, i пазней, на службе, Міхайлаў увесь час адчуваў душэўны неспакой, нават нервовую, да дрыготкі, трывогу.

Спачатку не мог сцяміць, ад чаго вярнулася гэтае маладое пачуццё — яго перажываў раней i яго, як лічыў, ужо даўно перасіліў сваёй воляй. Няўжо разышліся, папсаваліся нервы ад зацяглых, заўсёды неспакойных падпольных гадоў жыцця? Ад пастаяннай скрытнасці i балансавання на вастрыі брытвы? Ад небяспекі ў любую хвіліну зноў трапіць у лапы паліцыі, у турму? Ці ад адчування рашаючых заўтрашніх-паслязаўтрашніх падзей, дзеля якіх білася, гінула за апошняе стагоддзе не адно пакаленне рэвалюцыянераў?

Хваляваўся, трывожыўся, канечне, i з-за гэтага. Але была i яшчэ адна прычына нечаканага ўзбуджэння — Соня... Ён, як і кожны жывы чалавек, меў у грудзях не камень, а чалавечае сэрца, адчуваў зачараванне ад дзявочых вачэй, успламяненне душы, але заўсёды, у гімназіі, у пецярбургскім інстытуце, у Маскве, у Іванава-Вазнясенску — перамагаў пачуцці, лічыў: яны, а таксама жонка, сям'я, гаспадарскія клопаты i асцярогі — будуць замінаць барацьбе. Але вось летась у Чыце, дзе запыніўся на невялікі час, сустрэў яе, Папову Соню і... парушыў свой зарок.

Сустрэча з Соняю, мала сказаць, змяніла яго думкі, пачуцці, больш — зусім зыначыла для яго свет, хоць, здавалася, чаго-чаго, а гэтых галавакружных змен у яго лёсе было ўжо ўдосталь. Каханне высвеціла яму шмат таго, чаго ён дагэтуль, бадай, не бачыў, не адчуваў, тым самым, канечне, сябе абкрадаючы. Каханне разам з тым задало яму i новае пытанне: а як усё ж жыць далей? Заглушыць сваё пачуццё? Даць яму волю, быць зямным чалавекам з усім зямным? Аж здзівіўся: мае ўжо за трыццаць, многае ўбачыў, пазнаў, перамог, многае страціў, але ўсё роўна, выходзіць, усё яшчэ сталее, а душа прагне свайго — душэўнага жаночага цяпла. Што ні кажы, мужчына не можа быць шчаслівы без жанчыны.

У Чыце ён доўга не затрымаўся, нават па-талковаму не развітаўся з Соняй. Ужо тут, у Івянцы, а пазней i ў Мінску, служачы ў Земсаюзе, а таксама летась у шпіталі, пасля ў Маскве, а сёлета, на пачатку года, у разанскай глушы на лячэнні шмат думаў пра свой лёс, пра Соню. Разважаў-гадаў: даваць пра сябе знак ці не? Здаецца, неабыякавы ёй, нават захапілася ім, але што ён, бяздомнік, дасць ёй, дзяўчыне? Адны трывогі, нястачы, пакуты. Хоць яна i дачка ссыльнага рэвалюцыянера, ведае, што такое рэвалюцыянерыць, але ці варта яе, маладую, прысуджаць да суровых выпрабаванняў? Яны — мужчынскі лёс, а вось жаночы лёс іншы: жанчына павінна кахаць, глядзець сям'ю, гадаваць дзяцей i быць шчаслівая i ашчасліўліваць дарагіх ёй людзей.

Думаў-гадаў i не вытрываў — даў тэлеграму: Соня, я вось тут. Неўзабаве атрымаў кароценькі адказ: еду. I вось сёння ўвечар прыязджае. У суровы час I ў трывожны край, ён радаваўся і не радаваўся, што паклікаў, а заадно пабойваўся сваіх таварышаў. Многія ж з ix дзеля ідэі рашуча адмовіліся ад кахання, ад сям'і, строга асуджаюць тых, хто не можа перамагчы свае «чалавечыя слабасці». І няма чым яму апраўдацца: вы, падначаленыя мне па партыйнай дысцыпліне, будзьце пурытане i аскеты, а мне, воляй партыі пастаўленаму над вамі, усё i чалавечае не чужое...

З такімі думкамі, з такім супярэчлівым пачуццём вымкнуўся ўполудзень з будынка Земсаюза i па Петрапаўлаўскай вуліцы падаўся да Захараўскай. Праўда, на дварэ схамянуўся, прыкінуўся: ідзе задумаўшыся. Але па шматгадовай ужо звычцы ні на хвіліну не страчваў пільнасці, адразу ж асцярожна, нібы выпадкова паварочаў туды-сюды галавой: упляцецца за ім хто ці не? Так i ёсць, з лаўкі з недалёкага скверыка падхапіўся мужчына ў чорным паліто i капелюшы i, на хаду згортваючы газету, прычапіўся ўслед. Бач, ужо i тут, у Мінску, «селі на хвост», а сёння «выдзелілі» яму не пажылога, як раней, a даўгалыгага маладога «апекуна». Паспрабуй дай драла ад такога вёрткага i шустрага ганчака, калі яшчэ не зусім аправіўся ад аперацыі i калі які ўжо год не здаравее развярэджаная нага!

Калі так чуйна вынюхалі сляды, дык значыць, што ўжо зрабілі сваё чорнае засланыя ў іхнюю трупу правакатары, а заадно i рассакрэцілі яго частыя паездкі на фронт i апошнія адкрытыя прамовы перад салдатамі. Цікава, што рошыць ахранка: папляцецца наўздагон альбо забяжыць наперад, каб схапіць ці аднаго, ці разам з усімі? Хоць бы дні тры-чатыры пабыць на волі! Пасля... Пасля, можа, усё зменіцца, i ў турму пойдуць іншыя — тыя, хто цяпер туды пасылае... Ці ўсё ж паслухаць таварышаў — залегчы цяпер, у самы гарачы час, на дно, кіраваць з глыбокага падполля? Не, трэба рызыкаваць. Рызыка — небяспечная рэч, але яна ж часамі i выратавальніца.

«Што іменна цяпер адбываецца ў Петраградзе? — перасіліўшы клопат пра сваю асобу, падумаў Міхайлаў, спакойна ідучы па асфальтаваным тратуары.— Рух набраў моц ці захліпнуўся?»

Пра тое, што ў Петраградзе бунт можа выплеснуць у штосьці большае, сказаў яшчэ пазаўчора сувязны, пасланец з Петраграда. Учора, вярнуўшыся з баранавіцкай паездкі, ён не вытрываў i звязаўся з Масквой, з Кацеліным, дык той на яго намёкі пра петраградскія падзеі адказаў: «Сапраўды, там сёння— дождж. Чакаем заўтра-паслязаўтра новага прагнозу». Значыць, узброеная ўспышка пачалася, але наперадзе невядомасць. Вось бы цяпер туды ды з баявой дружынаю! Не на жыццё, а на смерць біўся б! Але няможна ні на дзень пакінуць край, бо даручылі быць i рабіць усё, што трэба, якраз тут.

Нібы выпадкова, на Захараўскай вуліцы, паблізу польскага банка, ён раптоўна павярнуўся i пайшоў насустрач шпіку. Той, сутыкнуўшыся позіркам з яго, мусіць, у гэтую хвіліну пранізлівымі вачыма разгубіўся: запыніў крок, вырачыў вялікія зрэнкі, зашморгаў невялікімі рыжаватымі вусікамі, што Міхайлаву аж закарцела ўсміхнуцца: «Эх ты, ахоўнічак! A самавалоданне-то нікчэмнае!»,— але не стаў спрыяць таму апамятвацца, хутка закрочыў, мінуў, бачачы, што неўзабаве паверне на вузкую i кароткую Багадзельную вуліцу i на ёй альбо на блізкай Прэабражэнскай юркне ў які-небудзь двор. Хацеў ці не хацеў, але, не раз ужо ўцякаючы ад вось такіх спадарожнікаў, азнаёміўся з характарам мінскіх, прылеглых да цэнтральнай Захараўскай, вуліц, многія з якіх былі прыдатныя для падпольшчыкаў — нядоўгія, выгінастыя, з цёмнымі пад'ездамі, з дварамі i рознымі пабудовамі.

Нечаканасць зрабіла сваё: шпік адстаў, а пасля, як убачыў ён ужо з-за сцяны пад'езда, замітусіўся па Прэабражэнскай вуліцы, варочаючы туды-сюды галавою.

Міхайлаў, прыхінуўшыся да муру, пастаяў колькі хвілін. Паблізу, у двары, у сонечным зацішку, брала сваё вясна: снег тут асеў, пазярніўся i счарнеў, a паблізу чорнай скрыні, куды, мусіць, выкідалі смецце, сабралася вада. Яе абступіў галубіны гурт. Япы пілі, мыліся талаю вадой. Пасярод лужынкі блішчэла сонца, калыхалася, а то i плавала, калі птушкі заходзілі ў ваду з нагамі.

Палюбаваўся гэтым гарадскім вясновым малюначкам i рушыў далей. Неўзабаве перайшоў перакідны драўляны мосцік на гістарычнай, але, як кажуць, на пачатку гэтага стагоддзя чамусьці абмялелай Нямізе, што цякла ручаём, лічы, пасярод вуліцы. Апынуўся непадалёку невысокай вабнай Петрапаўлаўскай царквы, дзе яны, падпольшчыкі, часта сустракаліся, але сёння тут не затрымаўся, адразу падаўся да блізкага двухпавярховага, з чырвонай цэглы i пад чарапіцаю дома — на канспіратыўную кватэру, пра якую ведаў толькі ён адзін.

На другім паверсе, як i было дамоўлена, спачатку паглядзеў у калідорнае акно, ці не зайшоў «хвост» за ім у двор, а пасля костачкаю пальца пастукаў пяць разоў у драўляныя дзверы. Тут жа ix i адчынілі. За парогам — як i трэба, Роза Кацеліна. Дачка яго старэйшага сябрука-масквіча, высакаватая, чарнявая дзяўчына ў чорнай спадніцы i белым пінжачку, у вабнай чорнай шапачцы з белаю ружай. Роза прыязджала ў Мінск ужо не раз, так што яны былі не толькі добра знаёмыя, але i таварышы. Не трэба было ні пароля гаварыць, ні тайных знакаў паказваць.

— I на дварэ хораша, i ты маладая ды прыгожая! — усміхнуўся, як толькі зачыніў за сабой дзверы.

— Дык любаванне хараством затрымала цябе аж на тры хвіліны? — аджартавала i яна, падаючы маленькую руку для сяброўскага поціску.

— Вясна, Роза, вясна ва ўсім вінаватая...

— Ясна,— прамовіла яна i з цемнаватага калідора павяла яго ў светлую гасцёўню, дзе вісела электрычная люстра, стаяла грувасткая, з чырвонага дрэва камода, а на ёй высіўся бронзавы сямісвечнік — гаспадар дома быў мінскі ювелір Лазар Рабіновіч.

Калі селі амаль побач на канапе, Міхайлаў заўважыў: сёння Роза нашмат бялейшая, чым была на тым тыдні. Няўжо i яна хворая на неадчэпную для рэвалюцыянераў хваробу — сухоты, што прылепліваюцца ад нягод, нястач, турмаў? Яна ж яшчэ зусім маладая — гадоў дваццаць пяць ёй, не больш. Вучылася ва універсітэце, незамужняя.

Роза збянтэжылася, нават крышачку запунсавела, што ён так пільна яе разглядае.

— У цябе сапраўды вясновы настрой, Міша,— усміхнулася.

— A хіба гэта кепска, Роза? — адказаў таксама з усмешкаю.

— Добра, Міша. I тое, што настрой бадзёры, i тое, што ідзе вясна. Як кажуць, вясна, выпакутаваная за стагоддзі... Але, на жаль, мусім адкінуць лірыку, будзем зямнымі рэалістамі. Праз пару гадзін я павінна знікаць з гэтага старажытнага Мінска.

Каб не бянтэжыць дзяўчыну, Міхайлаў адвёў вочы i пачаў слухаць, не пазіраючы на яе. Але ўсё роўна адчуваў: сёння яму вельмі прыемна чуць мяккі жаночы голас.

Роза перадала яму апошнія петраградскія навіны, пісьмовыя зашыфраваныя інструкцыі ЦК РСДРП (б). Пасля ён аддаў ёй тое-сёе для ЦК — зашыфраваныя дакументы са штабоў Стаўкі i Заходняга фронту. Гэта перадалі яму таварышы, якія там працавалі.

— ЦК дзякуе за добрую інфармацыю, у тым ліку i за копіі царскіх загадаў, асабістых лістоў да царыцы,— сказала пасля Роза.— ЦК, Міша, просіць, нават загадвае: з сённяшняга вечара будзьце тут у баявой гатоўнасці № 1. Можа, i заўтра-паслязаўтра прыйдзецца вам тут в ы п л ы в а ц ь н а п а в е р х н ю, сутыкнуцца лоб у лоб з генераламі i ратаваць ад ix Петраград... I яшчэ: будзьце пільнейшыя. Нашы таварышы пачалі дабірацца да архіваў петраградскай i маскоўскай ахранак. Ужо цяпер відно: так, у вашу групу зноў пранік правакатар. I, мабыць, высокапрафесійны, а таму i вельмі засакрэчаны. Заўтра-паслязаўтра павінны выявіць калі не яго сапраўднае прозвішча, дык хоць яго псеўданімы i почырк.

Сказаўшы гэта, Роза таўханула яго локцем:

— Міша, ты чуеш мяне?

— Чую, добра чую, Роза,— усміхнуўся, зноў пазіраючы ёй у цёмныя вочы.

— Нейкі ты сёння зусім не той...— яна зноў збянтэжылася.— Нібы сонны альбо надзвычай летуценны. I нейкая вельмі дзіўная ў цябе ўсмешка.

— Я, здаецца, шчаслівы... Хіба дрэнна быць шчаслівым, Роза?

— Ці не закахаўся ты, Міша, у якую-небудзь белароску? — пажартавала, але не вольна ды лёгка, а з хваляваннем. Як ні стрымлівалася, ні глушыла ў сабе пачуцці (хоць i жанчына, але рэвалюцыянерка ж!) раптоўна памаркотнела — відаць, усё ж таксама хвалявала сваё, чалавечае, асабістае. Як ні тоіцца які ўжо час, якая ні строгая ды непадступная, але, здаецца, сімпатызуе яму, як у свой час сімпатызавала i сувязная Вольга Генкіна, жорстка закатаваная шпікамі i паліцыяй.

Міхайлаў i раней адчуваў, i цяпер, як кажуць, убачыў гэтае яе пяшчотнае пачуццё да яго, даражыў ім, баяўся яе пакрыўдзіць. Кожны, хто кахае, вельмі ранімы ад грубасці. Але i не мог адказаць узаемнасцю: кахаў іншую.

— А ведаеш, тут вельмі шмат прыгожых беларосак!

Роза мігам зразумела хітры яго жарт, паднялася.

— Не будзем расслабляцца, Міша. Праўда? — праз сілу зноў усміхнулася. Зірнула на гадзіннік, схамянулася. Можа, i наўмысна.— Мне пара. Сцеражыся, Міша. Ты вельмі патрэбен партыі...

— Дзякую,— ціха прамовіў i пяшчотна паціснуў яе руку. Каб было ў калідоры святлей, дык пры адыходзе заўважыў бы, што яе прыгожыя цёмныя вочы цяпер павільгатнелі...

«Высакародны яна чалавек,— ужо ідучы па сонечным двары, падумаў.— На добры толк была б добрая жонка i надзейная сяброўка... Але сама адмовілася ад сямейнага шчасця, прысвяціла сябе нашай мужнай, можа, якраз мужчынскай справе...»

Хоць i заставалася ўжо нямнога да канца абеду, хоць i не папалуднаваў, забег яшчэ на пошту-тэлеграф і, улагодзіўшы знаёмую маладую тэлеграфістку кампліментамі, упрасіў злучыць яго з Масквой, з Розіным бацькам. Той узбуджана сказаў яму пра Петраград: «Віншую. У цэнтры i дождж, i град. Неўзабаве будзе Савет сіноптыкаў. У канцы дня нашы апавясцяць пра падвор'е».

Які ні быў загартаваны, стрыманы, ды ад такой навіны аж разгубіўся. Навіна значыла: «Віншую. У Петраградзе рэвалюцыя ідзе поўным ходам. Сёння будзе ўтвораны новы орган улады. ЦК РСДРП (б) пад вечар распаўсюдзіць свой праграмны маніфест».

Ну, хіба гэта не здорава, не радасць?! Радасць ды яшчэ якая! Сапраўды, вясна, выпакутаваная за стагоддзі! Не толькі яны, сучаснікі, але i многія пакаленні прысвяцілі сваё жыццё, а то i аддалі яго змоладу дзеля гэтых дзён.

Міхайлаў, крочачы на службу, аж прысвістваў сам сабе: душа, сэрца спявалі.



2.

Пад вечар Муху паклікалі да тэлефона. Званіў знаёмы. Як i заўсёды, ён назваўся чужым іменем, а на самай справе гэта быў падпалкоўнік Сінілаў з мінскай ахранкі.

— Васіль Іванавіч,— сказаў той хрыпла, нібы прастуджаны (на самай справе меў хворае горла. Можа, i горлавыя сухоты).— Трэба праз хвілін дваццаць сустрэцца ў Аляксандраўскім скверыку, каля лебедзя. Калі зможаце, прыхапіце з сабою мой матэрыяльчык.

— Добра,— адказаў Муха.

Ён зманіў калегам, што адлучаецца па сямейных клопатах, i неўзабаве прыйшоў ужо на сустрэчу.

Раней Сінілаў, а яшчэ раней падначаленыя яму супрацоўнікі малодшых званняў звычайна клікалі ў пэўны дом, дзе яны наймалі кватэру для такіх рандэву, але вось сёня Сінілаў запрасіў у сквер. Мусіць, меў нейкую тэрміновую патрэбу.

Канечне, Муха, як i кожны прыстойны інтэлігент (ён лічыў сябе якраз такім), ненавідзеў ахранку, саромеўся, што нітуецца з ёю, але мусіў супрацоўнічаць. Яшчэ ў Вільні яго аднойчы паклікалі да ваеннага каменданта, а там звялі яго з супрацоўнікам ахранкі — той пазнаёміўся, тое-сёе распытаў, пераказаў яму ўсё, што пішуць пра яго i сяброў тайныя асведамляльнікі, чым вельмі напалохаў. Не хацелася быць у вачах ахранкі палітычна ненадзейным, трапляць у іхні чорны спіс, i таму, калі запрасілі супрацоўнічаць, згадзіўся. Расказваў пра віленскую творчую інтэлігенцыю, а таксама i пра сваіх сяброў Васілевіча, Нямкевіча, Лысковіча. Не ўсё дакладваў, але i не шмат таіў.

Сінілаў, гадоў пад сорак, высокі, худы, у цывільным шыкоўным футры, у капелюшы, заклаўшы i сашчапіўшы рукі на паясніцы, паходжваў ужо ля маўклівага цяпер фантана. Яго, Муху, згледзеў здалёк, але не спяшаўся ісці насустрач — азіраў усе алеі, каб абсачыць, ці няма там іхніх агульных знаёмых.

Кажуць, ён, Муха, мае нялёгкі позірк. Нібы з глыбіні, чэпкі, вывучальны. Ды во ў Сінілава, як i ва ўсіх яго калег, цяжэйшы — пранізлівы, не столькі з глыбіні, як з нейкім, калі можна так сказаць, чорным дном, недаверлівы, двудушны, са штучнай шчырасцю (Муха, нямала ўжо знаючыся з ахранкай, навучыўся па такіх своеасаблівых, чортаўскіх, позірках пазнаваць i супрацоўнікаў ахранкі, i тых, хто даўно трэцца з імі). I ўвогуле гэты Сінілаў прыкры. Надта сваім хаценнем быць «простым чалавекам», дзеля чаго ён пачынае лаяцца, брудзіць словам, хоць ты вушы затыкай.

Парукаліся. У Сінілава рука была халодная, нібы ледзяная. Усміхнуўся, але i цяпер у яго выйшла не столькі звычайная чалавечая ўсмешка, як ашчэрванне. Ён часта (ад нервовай хваробы) ні з таго ні з сяго разяўляе рот i перасмыкаецца. Пайшлі па алеі, абсаджанай высокімі старымі ліпамі i таполямі, зганяючы паперадзе сябе галубоў.

— Ну, які настрой, Васіль Іванавіч?

— Вясновы, Аляксей Міканоравіч,— ухіліста адказаў Муха. Дастаў з кішэні паліто загадзя падрыхтаваны канверт з трыма густа спісанымі лістамі паперы, а таксама з распіскаю, што атрымаў грошы. Ліст i распіска былі падпісаныя яго тайным псеўданімам — Слуцкі.— Вось падрабязнае апісанне вечара ў «Беларускай хатцы», калі праводзілі Багдановіча. Хто быў i што гаварыў.

Сінілаў узяў і, нават не зірнуўшы на лісткі, на распіску, схаваў канверт у кішэню паліто, а яму падаў свой канверцік — з грашыма.

— Мы ўважліва вывучылі вашую апошнюю інфармацыю,— прамовіў, пакуль Муха засоўваў у кішэню пінжака канверцік (раней ён браў грошы са збянтэжаннем, нават з сорамам, a апошні час — спакойна, як належную плату).— Вы пішаце, што цяпер тут беларускасць «амаль вымерла», «не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы». Але, скажыце, чаму яна ўсё ж дыхае, бруіцца? Адкуль, з якіх-такіх глыбінь жывучасць, упартасць? Чаму такая ў таго-сяго любоў да мясцовага, хоць бы на вашых звычайных вечарынках у гэтай «Беларускай хатцы»?

«Быдла! — вылаяў у думках Муха Сінілава.— А па-другое, i дурань! Хіба цяпер, у такі час, самае страшнае гэтая кволенькая жывучасць? Хіба вы, у сваёй прыкрай ахранцы, не бачыце большых у сто, у тысячу разоў пагроз i небяспек?»

— Я добра ведаю, Аляксей Міканоравіч, чаму я магу жыць без усяго гэтага,— сказаў уголас.— Але паверце, сам не зусім разумею, чаму іншыя гэтак, як вы кажаце, упарта чапляюцца за сваё! Тут, як мне здаецца, вялікая загадка чалавечай псіхікі, душы. У тым ліку i тутэйшага люду.

— Мы ведаем: цяпер тут толькі жменечка гэтых упартых. Але ж ёсць i гэтая жменька! Чаму? Адкуль? Не разумею: няўжо так цяжка адмовіцца i прывыкнуць да іншага?

Сінілаў зноў нібы ўсміхнуўся, а на самай справе скрывіўся.

— Што ведаю, тое ведаю, Аляксей Міканоравіч. Чаго не знаю, таго не знаю,— жвава прамовіў Муха.

— А ведаеце: у Петраградзе полк за палком пераходзяць ужо да бунтаўшчыкоў? — зусім пра іншае запытаў Сінілаў.

— Адкуль я магу такое ведаць? — наўмысна прыбядніўся Муха.

— I не ведаеце, што сёння будзе спроба перахапіць уладу?

— Не. Калі штосьці i чую, дык найбольш плёткі, домыслы.

— Дык скажу вам тое, пра што ў Мінску ведае толькі некалькі чалавек. Сёння да нас прыйшла тэлеграма: у Петраградзе дзяржаўны пераварот,— сказаў Сінілаў,— Калі пра гэта далажылі генералу Эверту, дык той загадаў маўчаць, а тэлеграму знішчыць. Сёння ж па горадзе будзе расклеены спецыяльны загад начальніка Мінскай ваеннай акругі барона Раўш фон Траўбенберга, дзе будзе прыкладна такая версія: у Петраградзе ўзбунтавалася чэрнь, але сіламі верных войск i паліцыі бунт задушаны i лад у сталіцы адноўлены...

— He зусім разумею, Аляксей Міканоравіч,— прамовіў Муха, хоць імгненна адчуў усё.

— Плётак, панікі, ажыятажу не павінна быць — вось i ўвесь сакрэт...— адказаў той.— Хоць вашы некаторыя патроны, Васіль Іванавіч, будуць паводзіцца іначай... Скажам, Дзядзя...

Муха аталапеў, адчуў: млеюць, нават мярцвеюць рукі. Што — ахранка вынюхала i ix звышсакрэтны гурток?

— О, як вы пабялелі, Васіль Іванавіч! — ухмыльнуўся Сінілаў.

Муха не адказаў — ад разгубленасці. Ліхаманкава ўзнікала то адна, то другая думка: што будзе? Не арыштуюць, змусяць даносіць i пра гэтых калег — гурткоўцаў? Альбо бывай, пасада, Мінск, утульнае i багатае жыццё, i добры дзень, Сібір-матухна?!

Фу ты, чорт! Няможна ніяк супакоіцца, займець развагу.

— Ворагі самадзяржаўя, бяздумныя, а то падманутыя ці не сур'ёзныя інтэлігенты зневажаюць, апашляюць наш Дэпартамент i нас, яго супрацоўнікаў,— цяпер усцешана сказаў Сінілаў.— Для многіх мы — псы-дварнякі, брудных спраў майстры, каты... Але паверце, не ўсе мы — нягоднікі, губіцелі светлага i сумленнага. Той-сёй i з нас хлеб есць недарма. Дзе самі, а дзе разам з калегамі з іншых дзяржаў мы тое-сёе ўведалі i робім важнае. Здолелі пранікнуць i за вашы зачыненыя дзверы, увазнаць некаторыя тайны...

«Што ён цягне ката за хвост? Што будзе рабіць? Арыштуе?»

— Як казаў ужо, Васіль Іванавіч, сёння ў Петраградзе замышляецца альбо ўжо i адбыўся пераварот,— забубніў Сінілаў i на нейкую хвіліну перастаў перасмыкаць ротам.— Гэта — не жарты ўжо,

але яшчэ i не канец... Сёння наш цар, як нам сказалі, спакойна прагуляўся па шашы на Оршу, папалуднаваў, a ўвечар загадае генералу Іванову накіравацца ў Петраград i сілай «водворить порядок», а заўтра, у пяць гадзін раніцы, падасца ў Царскае Сяло сам. Я так шчыра расказваю вам пра ўсё, бо веру: бунтаўшчыкоў супакояць, самазванцаў разгоняць. Але...

Прайшоў крыху моўчкі ды зноў, як убачыў Муха, засмыкаў. Мусіць, хваляваўся.

— У тым, што цяпер адбываецца,— пачаў гаварыць далей,— вінаваты i наш урад. Сам гасудар таксама. Бо не трэба было ў 1905-м паддавацца на страх i хітрыя ўгаворы, ісці на небяспечныя ўступкі i даваць «міласцівыя маніфесты» пра «дэмакратызацыю», «абнаўленне». Што з гэтага выйшла? Аздараўленне, супакой, лад? Наадварот, гэта павярнулася бядой, няшчасцем. Па-першае, напладзілася шмат пустых балбатуноў, па-другое, ад ix пайшло вялікае браджэнне, a па-трэцяе, ажывілася д'ябальская сіла... Яна пачала лавіць рыбу ў мутнай вадзе...

Муха, як пад канвоем, ішоў па сонечнай алеі, дзе ў выбоінах збіралася талая вільгаць, намагаўся быць разважлівы, слухаў, штосьці цяміў, але думкі па-ранейшаму былі пра адно — пра сябе.

— Пра мясцовую беларускасць памаўчым, Васіль Іванавіч. Рана-позна мы яе дадушым...— Ухмыльнуўся. Хітра, яхідна.— А вось пра іншыя вашы каншахцікі пагаворым... Звычайныя сумленныя альбо заблуджаныя языкачосы — вялікая пагроза. Яны могуць доўгімі языкамі многае размыць. Ды яны ўсё ж прасцякі, дэмагогі. А вось вы...— Павярнуўся, надзвычай нервова ашчэрыўся.— Вы — асаблівыя. Люба-дорага, Васіль Іванавіч, паслухаць, як здаўна ўжо іменна вашы вяшчаюць! Ды што дакляруеце! Не людзі, а анёлы! А як усё робіце! Філігранна!

«А ў вас, злыдняў, не яд з салодкіх вуснаў капае?»

— Скажу шчыра: раней мяне заварожвалі вашы ідэі, размовы, нават мэты. У вас жа «клопат» пра ўвесь свет! Пра ўсеагульны мір, еднасць, лад, шчасце! Дзе ні захопішся: па-першае, ідэя яднання карысная, а па-другое, якая высакароднасць! Не пра сябе, нават не пра сваю краіну, а пра ўвесь чалавечы род дбаеце!!! Цяпер жа, калі я тое-сёе ўведаў з-за зачыненых дзвярэй, у мяне валасы дыбам устаюць: якое фарысейства, які падман! Мяне ўжо трасе ад вашых любімых слоўцаў «мы», «новае мысленне», «новы лад», «наша вялікая ідэя i мэта», «наша перамога», «наша слаўная будучыня», «агульначалавечае...». Цяпер я хачу ведаць ясна, панове, хто гэта в ы, якое такое н о в а е м ы с л е н н е, якая в а ш а в я л і к а я і д э я, м э т а, якая сл а ў н а я б у д у ч ы н я??? Чаму вам так хочацца а г у л ь н а с т а т к а в а с ц i???

«Ад вялікага розуму i цік нервовы адхапіў...»

— Давайце паразважаем, Васіль Іванавіч. Каму-каму, а нашай імперыі хопіць i нашага. Паветра, зямлі, багаццяў, люду, а таксама i сваёй гісторыі, культуры. Звышшырока разяўляць рот не варта. Небяспечна для свайго ж здароўя, ды ўсяго i не праглынеш... Ды нас настойліва, хітра спакушаюць на глабальны апетыт, на нашу сусветную місію... Дык ці не час задумацца: хто нас штурхае на гэта? Дзеля чаго? Ці не рыхтуе нам пагібель, а сабе перамогу? Ці не матэрыял, зброя мы ў нечыіх хіжых руках, Васіль Іванавіч? Як вы думаеце? Вы ж нямала ўжо ведаеце...

— Я знаю нашмат менш, чым вы, Аляксей Міканоравіч,— пасля зацяглай паўзы прамовіў Муха, наўмысна прыніжаючы сябе.

— Думайце, Васіль Іванавіч. Ваша клятва клятваю, але ж вы — рускі...— Паправіўся: — Ну, славянін ва ўсякім разе... А нам, славянам, трэба найперш утрымаць славянскі свет. Канечне, пад нашым расійскім сцягам... Нам жыццёва неабходна вялікая наша імперыя, моцная манархія. А хто ўсё гэта ўтрымае? Цар i, яшчэ раз паўтару, толькі цар! Значыць, калі мы любім сваю Айчыну, хочам бачыць яе здаровай i магутнай, мы, патрыёты, павінны аб'яднацца i памагчы застацца на троне апекуну i абаронцу...

«Гарлапаніць цяпер за цара — значыць, свядома дабівацца, каб цябе ненавідзелі...»

— Хітрыя i хіжыя цёмныя сілы цяпер скіравалі свой позірк на нашу Расію...— гаворачы, Сінілаў ужо раз за разам пачаў перасмыкацца i ад узбуджанасці аслабеў, пакрыўся потам.— Яны спрытна спажываюць стому ад вайны, голад, людскія пакуты i злосць, нацкоўваюць чэрнь на цара i ўрад... I чэрнь слухае, вывальвае на вуліцы, галёкае, памагае некаму ісці па яе спінах да руля... Намагнічаная, раз'ятраная, яна не задумваецца: а хто той іншы, што рвецца да ўлады, што ён замышляе?!

«Ясна, чаго ты баішся! Народнага гневу!..»

— Мы, некалькі энтузіястаў з Мінска, Кіева i Петраграда, кажу, здолелі заслаць сваіх людзей за зачыненыя вашыя дзверы. Праўда, не на высокія паверхі трапілі там нашыя агенты, але яны абсачылі: ёсць у нас тайны ўрад, у якім людзі з уплывовых партый, буйныя прамыслоўцы, фінансісты, вайскоўцы, вучоныя, творчыя асобы. Гэты ценевы орган ужо не першы год назапашвае сілы, выхоўвае ўсіх у сваім духу, часта збіраецца на свае кангрэсы, дзе вызначае, падпраўляе сваю стратэгію i тактыку, стварае ў краіне патрэбны сабе дух... Мы, сабраўшы такое-сякое дасье пра гэтых адмысловых падпольшчыкаў, падалі яго на наш верх, але там доўга маўчалі, а пасля цыкнулі... Карацей, далі па носе ды сказалі, каб мы дбайней вышуквалі сапраўдных ворагаў веры, цара i Айчыны, а не шукалі лаўраў Шэрлака Холмса... Дык учора на сваю рызыку я i мае калегі прарваліся ў Магілёве да яго вялікасці i ўручылі яму тое, што, можа, да яго i не трапляла ніколі...

«Хацеў адзін балота запаліць i чорта выкурыць, але яно гарэць не хоча...» — пачуўшы апошняе, Муха трохі акрыяў. Адчуў: не, не ўсемагутная ахранка, ёсць тое-сёе, што i ёй не пад сілу. А заадно з ёю не такі ўжо страшны i гэты перасмыканец, чыё сапенне ён адчувае за сваім вухам які ўжо месяц.

— Мы ведаем: вы, Васіль Іванавіч, шышка ў ix яшчэ невялікая. Адпаведна, i грахі вашы яшчэ малыя. Вы i для вашых робіце тое, што i для нас,— «апякуеце» мясцовую творчую інтэлігенцыю. Мы даём вам субсідыі за кожную важную звестку, а яны падшукалі вам добрую работу, стварылі вам аўтарытэт вучонага i сумленнага чалавека... Мы не зачэпім вас. Але мы павінны болей ведаць i пра самога Дзядзю, i пра яго каншахцікі...

Акрыялы ўжо Муха раптоўна ледзь не страціў дар мовы: што — здрадзіць Дзядзю?! Ды гэта ж самому сунуць сваю галаву ў пятлю!

— Мы ведаем пра ваш абет маўчання, пра вашу суровую клятву... Мы будзем плаціць вам за кожную звестку ў тры разы больш, чым плацілі дагэтуль...

— А вы гарантуеце, што яны не ўведаюць, што я... ну, буду вам усё расказваць? Вы гарантуеце, што сярод вас саміх няма Дзядзевых пасланцоў?

— Пра вас i вашы звесткі будуць ведаць толькі два чалавекі. Мой начальнік i я. Адмаўляцца вам не раю... У крайнім выпадку Дзядзя «выпадкова» ўвазнае, што вы самі нам пра ўсё расказалі...

«Абклалі, як воўка!»

— Хочаш ці не хочаш, а выхаду няма...— прызнауся шчыра Муха.— Давайце супрацоўнічаць i далей...

— Дзякуй. Мы i верылі, што вы — сапраўдны патрыёт. А цяпер яшчэ хачу ў вас тое-сёе запытаць. Вы знаеце земскага служачага Міхайлава?

— Знаю, але мала.

— Хто з вашых блізкіх сяброў ведае яго лепш?

— Васілевіч.

— Гэты баламут нам не падыходзіць, бо наадрэз адмовіўся супрацоўнічаць з намі.

— Я, на жаль, тут нічым памагчы не магу...

— Міхайлаў — хітры i высокапастаўлены падпольшчык,— ашчэрыўся Сінілаў.— Мы маглі б ужо яго i хаўруснікаў арыштаваць. Але мы не ўведалі яшчэ, хто тут галоўны бальшавіцкі завадатар. Ён альбо нехта іншы, скажам, Фрунзе? Не чулі пра такога?

— Не.

— Гэты Фрунзе збег з сібірскай катаргі i, як настойваюць нашы маскоўскія i петраградскія калегі, цяпер зашыўся тут,— патлумачыў Сінілаў.— Нам вельмі трэба натрапіць на яго логава. Мы, кажу, тое-сёе абмацалі, але ніяк не выйдзем іменна на след гэтага Фрунзе. Вельмі ж хітрая i скрытная бальшавіцкая канспірацыя. Іхнія верхаводы зверху ўсё бачаць, усё ведаюць пра сваіх падначаленых, кіруюць імі праз старшых ячэек, а падначаленыя мала што знаюць пра ix, робяць тое, што ім загадаюць. Карацей, жалезная дысцыпліна. Як i ў кагале. А кагал, як сказаў некалі Напалеон, моцны якраз сваёй арганізацыяй i дысцыплінай...

Сінілаў запыніўся, падаў на развітанне руку.

— Не засмучайцеся, Васіль Іванавіч,— нібы ўсміхнуўся, але няшчыра i крыва.— Думаю, у цара i ўрада хопіць сіл, каб уціхамірыць стыхію, а заадно i хітрых падбухторшчыкаў. Лічу, рана яшчэ цёмнай сіле спадзявацца на свой поспех, на нейкае бесаўскае эксперыментаванне на расійскай глебе... Але не будзем i неабачлівыя, Васіль Іванавіч. Рэвалюцыйны, гвалтоўны вецер вельмі п'янкі, заразлівы, дык зараза можа перакінуцца ca сталіцы i сюды, да нас. Будзьма пільныя. Калі дзе што якое, калі, да слова, выплыве на паверхню які агітатар альбо распаўсюджвальнік чутак, то адразу давайце знак нам... Дамовіліся?

— Ёсць,— прамовіў Муха i нібы вайсковец казырнуў.



3.

Хоць не варта было лішні раз вытыркацца, трапляць у горадзе ненадзейным людзям на вочы, але Міхайлаў усё ж не паасцярогся, не нырнуў на дно, a сабраў увечар сходку з чалавек пятнаццаці.

Амаль усіх ён добра ведаў, а па-другое, натхнялі петраградскія падзеі, дык на гэты раз быў гаваркі, расказаў амаль усё, што пачуў ад сувязной, а пад канец сваёй прамовы папрасіў усіх быць напагатове, мець пад заўсёдным назіркам свае ячэйкі i чакаць самай неспадзяванай i рашучай каманды — як кажуць, загаду № 1. Што азначае гэты загад, яшчэ не тлумачыў, i тыя, хто быў на сходцы, не пыталіся, ведаючы, што пра ўсё скажуць тады, калі трэба будзе.

Заадно Міхайлаву хацелася самому зірнуць кожнаму ў вочы: які ў каго настрой, ці гатовыя ўсе да рашаючай сутычкі ca старым ладам i апаратам?

Пасля сходкі ён выйшаў з канспіратыўнай кватэры першы. Разам з загадчыкам аддзела Земсаюза Любімавым, якога ведаў яшчэ па 1905-м, i з Мясніковым — прапаршчыкам 121 -га стралковага палка, раскватараванага ў Барысаве, з якім пазнаёміўся летась i бачыўся рэдка, калі таму ўдавалася вырвацца з правінцыі ў Мінск.

Цяпер вось крочылі цёмнаю вуліцаю міма цагляных аканіц з зашторанымі вокнамі, слухалі, як рыпіць пад нагамі хрумсткі, трошкі адталы за дзень снег, а то i ломіцца тоненькі лядок на лужынках.

Міхайлаў ішоў пасярод; нізкі, таўсматы, па ўсім бачна, дужы Мяснікоў крочыў справа, а худаваты i гонкі Любімаў — злева. Яны, трое, былі розныя не толькі па росце, але i па характарах. Калі Любімаў быў разважлівы, стрыманы, то ён, Міхайлаў, любіў рухавасць, імгненную кемлівасць, рашучасць i да ўсяго гэтага іронію ды жарт, а вось Мяснікоў удаўся зусім іншы — разумны, страсны, але часамі завельмі рэзкі i нецярпімы. А можа, ён, гэты армянін, меў i іншыя, лепшыя чалавечыя рысы, якія яны яшчэ не паспелі ўбачыць i адчуць. Адно — сустракацца па паролях, i зусім іншае — знацца часта, з'есці разам пуд солі.

— Слухай,— павярнуўся да Міхайлава Любімаў,— я ўважліва лавіў, што ты гаварыў. Скажу шчыра, асабіста я не зусім ведаю: дзе лепш пусціць у ход рэвалюцыйныя сілы? Там, у Петраградзе, сярод рабочых, ці тут, на фронце, сярод салдат?

— У мяне пыталіся пра гэта з ЦК,— адказаў Міхайлаў.— Я адказаў, што наш фронт яшчэ не цалкам саспеў для рэвалюцыйнай вайны супраць свайго ўрада.

— Салдацкія натоўпы гудуць, супраць вайны, але не ўсе гатовыя падняць зброю на цара,— сказаў Мяснікоў.— А сярод афіцэраў i генералаў процьма вернападданых i рэтраградаў!

— Арміі яшчэ трэба ды трэба прамываць мазгі,— прамовіў Міхайлаў.— А па-другое, вельмі важна, калі i як трапіць у акопы вестка пра петраградскія падзеі. Пападзе адразу, у поўным аб'ёме, без маны i перакручванняў — ускінецца па пазіцыях полымем, будзе замоўчвацца альбо даходзіць скажоная — спачатку ўзбудзіць такую-сякую цікавасць, а пасля пасее звычайныя гавэнды, скепсіс i апатыю...

— У нашым палку страшэнна замоўчваюць петраградскія падзеі,— сказаў Мяснікоў.— A калі хто ўведае што-небудзь, то тут як тут афіцэры прыніжаюць рэвалюцыйны дух, аб'яўляюць усё гармідарам, хуліганскімі выхадкамі...

— Думаю, нам цяпер прыйдзецца яшчэ болей агітаваць i на пазіцыях, i ў тыле,— сказаў Міхайлаў.— Рана-позна арміі прыйдзецца ясна выказацца: яна за рэвалюцыю альбо супраць? Дык будзе жыццёвая патрэба, каб яна не падняла зброі на народ... На днях я выступаў у адной з часцей пад Баранавічамі, сказаў пра гэта, дык рэакцыя была спачувальная, але не вельмі ўжо адкрытая, супольніцкая...

Прайшлі крыху моўчкі.

— А цяпер, хлопцы, пяройдзем ад высокай палітыкі на маю персону...— улучыўшы спрыяльную хвіліну, прамовіў Міхайлаў.— Мушу аддаць сябе на ваш суровы суд...

— Ты — правакатар? — пацвеліўся Мяснікоў.

— Дзякуй богу, даўно ўжо выратаваны ад такой ганебнай місіі. Але вінаваты перад вамі ўсімі сур'ёзна,— прызнаўся.— Я зашмат думаю пра сябе i сваё... Карацей, яшчэ ў Чыце пазнаёміўся з дзяўчынай. Яна сёння прыязджае сюды. Дык што вы мне скажаце на гэта? Даруеце ці не даруеце, што парушаю дысцыпліну?

— А! — усклікнуў Мяснікоў,— Вунь яно што! Я за тое, каб пакараць! Найстражэй!

— Прысудзіць да... шлюбу! — усміхнуўся Любімаў.

— Вы што — не асуджаеце? — Міхайлаў аж не паверыў, што строгія партыйцы не папікаюць.

— Прызнайся: маладая? Прыгожая? Блізкая па духу? — пачаў дапытвацца Мяснікоў.— Калі якраз так — даруем. Калі не так — дык на плаху...

— Хадзем разам на вакзал, зірніце на месцы...— нечакана нават для самога сябе запрасіў ён.

— Не, Міша,— прамовіў Любімаў. I нават пажартаваў: — Хопіць табе таго, што адразу не клічам на суд...

— Сапраўды, хлопцы, хадзем разам,— папрасіў зноў.— Паверце, баюся. I вас, i яе...

— Вось гэта дык герой! З царызмам, з такім лютым тыграм змагацца не баіцца, а жанчыны, бач, баіцца...— хітнуў галавою Мяснікоў. Здаецца, i ў цемені бліснулі агеньчыкам яго вочы, ды было відаць, як раздзьмуўся шырокі ў ноздрынах нос.— Без нас закахаўся — без нас i разбірайся ca сваім каханнем... Хадзем, Ісідар,— падхапіў Любімава пад локаць.— Нам з ім не па дарозе!

Напраўду крануліся, пайшлі.

— Хлопцы, пачакайце,— усклікнуў Міхайлаў.— Я сапраўды запрашаю пайсці разам.

— Не, не! — загуў Мяснікоў, адыходзячыся ў цемень.

Міхайлаў спачатку крануўся даганяць, угаворваць, але потым адстаў, адчуваючы, што не пойдуць разам — каб ён змог пабыць з нявестай сам-насам.

Перасекшы Нова-Маскоўскую вуліцу, заспяшаўся на вакзал.



4.

Цягнік затрымліваўся.

Міхайлаў паходжваў па асфальтаваным пероне пад скупым святлом прывакзальных ліхтароў i ўжо не столькі хваляваўся, як насцярожваўся: a ці пазнае Соню? Дагэтуль, здаецца, добра помніў яе высакаватую для жанчыны постаць, прадаўгаваты твар, яркі позірк, а вось цяпер здавалася: не, забыў яе! Выйдзе з вагона, трапіць у людскі гурт, пройдзе, міне, і, можа, яны адно аднаго i не пазнаюць.

Вось удалечыні затрымцеў, засвятліўся небакрай, пасля паласнуў неба доўгі прамень, а затым абазначыўся невялікі яркі, нібы месяц-поўня, кружок, пачаў большаць, асвятляць паўнеба, і, гонячы перад сабой цемру ды льючы святло на чыгуначныя прыбудовы, паравоз прычухкаў да вакзала, абвеяў спачатку халодным духам, а пасля цёплым, гаркава-саладжавым дымам, узбудзіў прыемным святлом з вагонных акон.

Вагоны беглі-беглі, асветленыя вокны мільгалі ў вачах, а ён пільна ўзіраўся: дзе сярод ужо апранутых пасажыраў, якія стоўпіліся ў калідорах, яна? Вагоны з кожным мігам плылі ўсё цішэй, ён лепей i лепей бачыў людзей — вайскоўцаў, цывільных мужчын i кабет, колькі разоў нават здавалася, што сярод ix стаяла i Соня. Праўда, гэтыя «Соні» ўсміхаліся суседзям-мужчынам, дык, канечне, сярод ix, такіх гарэзных i бесклапотных, яго Соні не магло быць.

Калі ўрэшце адчыніліся дзверы вагона, што стаў насупраць, ён адразу ж i згледзеў Соню i пазнаў: яна стаяла ўжо тут, у тамбуры, з вялікім чамаданам. Высакаватая, танклявая, у цёмным паліто i вялікай белай шапцы. I яна пазнала яго — можа, i па яго постаці. Махнула рукою ў белай пальчатцы.

Ён спачатку падхапіў i саставіў на перон яе цяжкі руды, абвязаны шэрымі рамянямі чамадан, а пасля падаў руку i памог сысці ёй самой — лёгкай,стройнай.

— З прыездам! — усміхнуўся, трымаючы яе руку ў сваёй. Пазіраў у яе цяпер, пры скупым святле, цёмныя вочы, на адухоўлены малады i вабны твар, i яго сэрца аблівалася цеплынёй.

— Добры вечар, Васіленка-ўцякач! — прамовіла гарэзна i нечакана прытулілася, пацалавала яго тры разы, прыемна казытнуўшы яго твар мяккай поўсцю сваёй, відаць, сабалінай шапкі. Здаецца, смела i легка пераступіла мяжу няёмкасці ды стрыманасці. У яе гэтых пацалунках была адданасць, жаночая вернасць i радасць, дык ён не толькі адагнаў ад сябе прэч ранейшыя сумненні, трывогі, але тут жа парадаваўся: як добра, што яна прыехала, як добра, што можна ўзяць на сябе клопат за любімага чалавека!

— Я, Соня, не Васіленка. Я — Міхайлаў Міхаіл Аляксандравіч,— шапнуў ён.

— Прабач,— таксама прашаптала.

Пасля, калі ўжо ехалі на фурманцы па начным Мінску (каб паказаць горад, ён наўмысна папрасіў фурмана павезці ix па цэнтральнай Захараўскай вуліцы), яна, аддаўшы свае рукі ў яго далоні, шаптала ціхенька:

— Спачатку я вельмі пакрыўдзілася: нечакана збег, як выпарыўся. Hi слоўца, ні запісачкі не пакінуў. Думала: тлуміў-тлуміў галаву, прываражыў i даў драла. Але пасля, калі яны паклікалі, пачалі дапытвацца, дзе ты, я ўсё адчула...

— Збаялася, што з такім злыднем зналася? — пажартаваў.

— Які ты паганы! — пакрыўдзілася.— Ці варта было ехаць тысячы вёрст, каб пачуць такое?

— Я сапраўды нядобры,— мацней сціснуў яе рукі.— Я сапраўды хацеў затлуміць табе галаву...

— Я цябе перавучу...— прамовіла, прытулілася да яго плечука. I замаўчала, пазіраючы на касцёл Сымона i Алены — яны якраз павярнулі на Захараўскую вуліцу.

Яшчэ ўчора Міхайлаў жыў на Старажоўцы, кватаруючы ў знаёмага старога бальшавіка, але сёння павінен быў памяняць жыллё — дзеля яе, Соні. Сябры знайшлі яму кватэру паблізу Шпітальнай вуліцы i лазарэта, дзе ён летась нейкі час ляжаў хворы. Сёння ў абед ён заходзіў туды, перагаварыў з гаспадарамі.

— Здаецца, гэты Мінск — старажытны горад? — запытала Соня.

— Старэйшы яшчэ за Маскву,— адказаў.— Кампактны. Прыгожы. Асабліва сваімі касцёламі i цэрквамі.

Пазней, калі мінулі гарадскі сад, Свіслач, збіраліся павярнуць, Міхайлаў кіўнуў уперад, за фурмана, а пасля прамовіў:

— Там, на Захараўскай, 135, стаіць адзін гістарычны домік,— і, нахіліўшыся, дадаў шэптам: — Там быў у 1898 годзе наш Першы з'езд...

Соня з разуменнем i ўхваленнем яго работы паціснула яму руку.

Неўзабаве яны павярнулі, праехалі ўздоўж усё яшчэ пакрытай лёдам i снегам Свіслачы, на якой удзень сядзіць нямала рыбакоў. Справа ляпіліся драўляныя хаціны. Ля адной з ix Міхайлаў i папрасіў фурмана прыпыніцца.

Калі атрымаў плату, фурман падзякаваў, завярнуўся i паехаў зноў на вакзал, a Міхайлаў i Соня засталіся адны на невялікай ціхай вуліцы.

— Ну хадзем, Зося, у хату,—усміхнуўся.

— Што-што? — здзівілася яна.

— Я сказаў па-мясцоваму,— патлумачыў.— Зося — гэта Соф'я, а хата — дом...

Ён адчыніў дзверы ў высокай, абабітай дошкамi браме; спачатку яна, а пасля i ён ступілі ў невялічкі, абгароджаны з двух бакоў невысокім плотам дворык, а па ім пакрочылі да блізкай веранды з вялікімі ўзорыстымі вокнамі. За платамі, злева i справа, задумліва стаялі старыя чорныя яблыні.

— Страшнавата, Міша...— азірнулася, прамовіла Соня.

— Не бойся. Гаспадары — добрыя людзі,— заспакоіў, несучы ўслед важкі чамадан.

У першай палавіне хаты было светла — ад падвешанай да столі лямпы з шырокім ружовым абажурам, што быў абклеены махровымі палоскамі белай, чырвонай, зялёнай i жоўтай паперы. Тут жа, пры стале, былі i гаспадары, Хількевічы: гаспадыня ў доўгай цёмнай спадніцы, белым фартуху, у шэрай блузцы i белай хусцінцы, а гаспадар у валенках, салдацкім галіфэ i ў белай вышыванай кашулі.

Соня, як бачыў, з цікавасцю агледжвала ix, іхняе жыллё — абмазаныя глінай i пабеленыя мелам сцены, дашчаную столь, дзе пад бэлькамі тырчэлі кучкі зёлак, нечым падобную на рускую, але з тутэйшымі пераробкамі печ,— i ўсё гэта, мусіць, выклікала ў яе пачуццё навізны. Нібы трапіла ў іншую краіну.

— Вось гэта — Соня, Соф'я Аляксееўна, альбо, па-вашаму, Зося...— усміхнуўся Міхайлаў.— А гэта — цётка Алена i дзядзька Хведар,— ён наўмысна назваў гаспадароў па сялянскаму звычаю, каб зблізіць ix са сваёю нявестай.

Гаспадары падняліся з-за стала, пакланіліся, запрасілі «заходзіць i садзіцца», «быць як дома».

Калі павячэралі (гаспадары падалі на стол вараную бульбу, патэльню сала з яйкамі, міску квашанай капусты, а Соня выклала маскоўскую кілбасу, хлеб, а напаследак, пасля гарбаты, пачаставала кедравымі арэхамі), пагаварылі пра сібірскае i тутэйшае жыццё.

Гаспадары засталіся начаваць тут (гаспадыня — на печы, а гаспадар — на тапчане пры ёй), a Соні i Міхайлаву паслалі ў другой, белай, хаце: ёй — на ложку, на пярыне, а яму — на канапе.

Першая ўладкавалася нанач Соня. Калі неўзабаве зайшоў у спальню i Міхайлаў, яна ляжала ўжо ў цемені на белай падушцы i пад пухавіком.

— Як усё дзіўна i неверагодна, Міша! — прамовіла яго госця, калі нырнуў пад коўдру, пачаў саграваць пасцель i ён.

— Што, Соня?

— Мая паездка, лічы, праз усю Расію, Масква, гэты далёкі, прыфрантавы, а цяпер такі блізкі Мінск, гаспадары... Як дзіўна, да слова, яны гавораць! Я то штосьці разумела, то амаль нічога...

— Яны размаўляюць па-мясцоваму, па-беларуску.

— Ты, бачу, добра ix разумееш.

— Прывык ужо. I ты прывыкнеш хутка, бо тут чыноўнікі размаўляюць па-руску, інтэлігенцыя — яшчэ i па-польску альбо па-беларуску, а просты люд — лічы, толькі па-свойму. A вёскі, апроч жменькі верхняга слою, суцэльна беларускія... Некалі гэтыя беларусы былі адукаваны i культурны народ, займалі пачэснае месца ў супольнай з літоўцамі дзяржаве, але пазней польскія каралі ды нашы цары адзічылі ix... Але i цяпер гэта не суцэльна цёмны, дзікі натоўп, як пра ix часта пішуць. Яны — адмысловыя гаспадары, ад прыроды спакойныя, паважныя i гасцінныя людзі. Цяпер трымаюць на сваіх плячах цэлы фронт...

— Ты i на фронце бываеш? — запытала Соня. Высунула з-пад коўдры галаву i пазірала на яго.

— Па абавязках земскага службоўца...

— Ясна...— усміхнулася. А пасля, пасунуўшыся на край ложка i падклаўшы пад шчаку далонь, папрасіла: — Раскажы, Міша, як ты тут жывеш. Ты так мала пра сябе мне раней расказваў. А тое, што расказваў, відаць, найбольш легенда, усё для канспірацыі.

— Дык з чаго пачаць? Са сваёй калыскі?

— Давай са сваёй калыскі.

— Я, Соня, з Пішпека, з далёкага Туркестана. Маці мая — руская сялянка, а бацька — малдаванін, «яўрэй», як многія лічылі ў Пішпеку, Фрунзэ, альбо Фрунзе...

— Пачакай! — яна ўсхапілася, села, бялеючыся ў цемені белай кашуляй,— Дык ты, можа, той Фрунзе, якога ў свой час прыгаворвалі да пакарання смерцю i якога ратавалі вядомыя людзі?

— Можа, i той...

— Дык колькі ж табе было тады гадоў?! — здзівілася.

— Яшчэ не шмат, Соня. Быў тады зусім малады, прыгожы, дзёрзкі — не тое што цяпер...— пажартаваў.

— Вунь яно што! Дык ты — Фрунзе! Пакутнік-герой, пра якога так з павагай гаварылі ссыльныя i ў нашай далёкай Чыце!

— Які я герой?! Я — летуценнік, які ў юнацтве марыў стаць генералам, ды яшчэ свавольнік. Хоць, як гаварыў адзін мой знаёмы, лепш свавольнік, чым дурань альбо прыстасаванец... Там, у Туркестане, я скончыў гімназію, «обжег» розум марксізмам, адчуў «неосознанное буйство молодой крови», там, як i кожнае новае пакаленне, рана задумауся: як жыць? Што рабіць? Якія мае ідэалы, мэты? Але ясны адказ на гэта знайшоў у 1904-м у Пецярбургу, у політэхнічным інстытуце...

— Сустрэўся, пагаварыў з прафесійнымі рэвалюцыянерамі i пайшоў з імі...— здагадалася, падказала Соня. Легла, паклала шчаку на складзеныя рукі.— Так?

— Ты нібы чытаеш мае думкі...

— Ды па бацьку сваім ведаю, як i дзеля чаго становяцца прафесійнымі рэвалюцыянерамі...

— Вучоба давалася легка, i я мог бы стаць, як кажуць, чалавекам — мець прафесію, месца пад сонцам, добрую лусту з тоўстым слоем масла i з кілбасою. Змоладу тлусцеў бы, часамі крыху i ліберальнічаючы. Адным словам, быць «як i ўсе...».

— Не ўяўляю цябе такім хамячком!

— Я i сам не мог уявіць сябе гэткім Іонычам. A калі пазнаёміўся з таварышамі з РСДРП (б), паслухаў ix — дык, як ты кажаш, рашыў адразу ж: пайду толькі з імі. Уступіў у тайны студэнцкі i рабочы гурток, пачаў, як умеў, агітаваць... 9 студзеня 1905-га, у сумна вядомую Крывавую нядзелю, разам з пецярбургскім рабочым людам меў першае баявое хрышчэнне...

На міг ён задумаўся: казаць ці не казаць, што быў тады, пры спробе стрымаць звярэлую салдатню i паліцыю, паранены?

«Мусіць, не варта гаварыць ёй такое,— рашыў.— Усё ж яна жанчына. Не трэба яе пужаць».

— З інстытута, само па сабе зразумела, мне прыйшлося пайсці. І я падаўся агітаваць па краіне. Спачатку быў у Маскве, рабіў усё, што давяралі, а потым пад клічкай Трыфанавіч мяне паслалі ў Іванава-Вазнясенск. Даручылі ўтварыць там тайны гурток, глыбей асвоіць самому i вучыць рабочых марксізму, а таксама папрактыкаваць для партыі некаторыя формы барацьбы — праз Савет рабочых дэпутатаў i рабочыя баявыя дружыны... Калі села на хвост ахранка, дык пад клічкай Арсень перабраўся ў Шую, дзе мы ўтварылі, як з гонарам называлі, універсітэт альбо акадэмію. Вывучалі марксізм, прыдбалі друкарню, згуртавалі рабочыя баявыя «дзесяткі», сваю міліцыю — карацей, баявое ядро паўстанцаў. Мітынгавалі, дабіваліся для рабочых большых праў i лепшага жыцця. Як i трэба было чакаць, хутка трапіў у турму...

Замаўчаў.

«Не варта расказваць i пра тое, што казакі цягнулі мяне на аркане, як дзікага каня. Я не паспяваў бегчы, зачапіўся — дык саскочыла рэпка... Там, у Чыце, калі аднойчы папытала, чаму падкульгваю, сказаў: маю выпадковы вывіх...»

— Ты думаеш: я сплю? — па-свойму зразумела яго маўчанне Соня.— Расказвай, калі ласка, Міша.

— З турмы ўдалося неўзабаве вырвацца. У снежні з вазнясенска-шуйскай баявой дружынай быў у Маскве, на Прэсні i на Трыумфальным пляцы... Але, як ведаеш, тады мы не перамаглі... У 1906-м пабыў у Стакгольме, на Чацвёртым з'ездзе нашай партыі, пабачыў Леніна i пагаварыў з ім. Ён шмат распытваў у мяне пра наш універсітэт, пра нашы баявыя дружыны... Ленін ускрыліў мяне ўвагай, марай i верай. Я вярнуўся ў Расію пасталелы, нават узнёслы. Але на волі пабыў мала. Ахранка ўсё ж зноў напала на след, схапіла i, каб легка расправіцца, прыпісала замах на паліцэйскага...

— Божа мой!—уздыхнула Соня.— Якая трэба мужнасць, каб пачуць смяротны прысуд i не звар'яцець!

— Першы раз, у студзені дзевятага, калi хацелі накінуць пятлю, я, скажу шчыра, трымаўся годна. А вось другі раз, у верасні дзесятага, калі зноў паўтарылі смяротны прысуд, пахіснуўся...

«Пахіснуўся, бо стаміўся чакаць смерці... Семдзесят сутак гарэлі мазгі, пякло сэрца: ці не якраз сёння выведуць з камеры смяротнікаў? Кожную ноч не заплюшчыў вочы: паклічуць на досвітку — значыць, павядуць на расстрэл, не паклічуць — цэлыя суткі яшчэ буду жыць... Стаміўся ад такой пакуты. Хацеў сам павесіцца. I, можа, налажыў бы на сябе рукі, каб у апошнюю хвіліну не знайшоў сілу волі пачаць вывучаць англійскую мову, права i палітэканомію...»

— Ад смерці выбавілі вядомыя людзі... Замест яе была пажыццёвая катарга ў матухну-Сібір. Турмы i катарга забралі лепшых маіх восем гадоў. З катаргі збег, трапіў у вашу Чыту. Там сустрэўся з аднапартыйцамі, стаў Васіленкам, пазнаёміўся з вамі, Соф'я Аляксееўна. A калі зноў вынюхала мой след ахранка, даў драпака... З красавіка 1916 (з невялікімі перапынкамі) — тут, на Заходнім фронце — у Івянцы i ў Мінску. Земскі служачы Міхайлаў...

«Зноў жа не варта гаварыць, што кепскі мой страўнік, што ляжаў летась у лазарэце... Як не варта хваліцца, што ЦК якраз мне даручыў наладзіць тут нашу работу...»

— Вас, аднадумцаў, шмат? — запытала Соня.

— Ёсць крыху,— адказаў.— Летам 1914-га паліцыя разграміла тут арганізацыю РСДРП. У 1915-м партыйную работу пачалі латышскія сацыял-дэмакраты (сярод ix вельмі абаяльны Карл Ландар. Я пазнаёмлю цябе з ім, ён табе спадабаецца). З канца пятнаццатага пачаў работу мой даўні таварыш Любімаў, з пачатку шаснаццатага — яшчэ адзін мілы прыбалтыец, Кнорын. Ну, а з красавіка шаснаццатага падключыліся мы, грэшныя...

— Дык ты тут, бачу, не адзін!

— Цяпер з табой нас будзе двое...

— Фрунзе, Трыфанавіч, Арсень, Васіленка, Міхайлаў, я ганаруся табою...— прамовіла Соня. I ўзнёсла: — Наша яшчэ маладое стагоддзе шмат ужо апашліла, апашлілася само, загубіла, але заадно i шмат нарадзіла светлага, герояў. Ты, Міша, з праметэевага племені, дзекабрыст...

— Не рабі з мяне героя, дарагая. Я радавы баец, беспрытульны чалавек...

— Я хачу быць толькі з табой, Міша...— сказала цёпла. Выцягнула руку, паклікала: — Хадзі сюды... Я цябе вельмі люблю, Мішачка...


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ


1.

Раніца першага сакавіка выдалася, як i трэба быць раніцы на мяжы зімы i вясны. Марозная, настылая, светла-ружаватая ад нізенькага сонца, што напачатку нібы спрыяла холаду i памагала пячы агнём нос i шчокі. Але ўдзень, як адчувалася, будзе цёпла, мароз адпадзе, каб падскочыць нанач i сабраць, абскарыніць талую ваду.

Васілевіч, як i ўсю зіму, пацепваўся ў тонкім паліто ад холаду, цёр твар шурхлай далонню i шпарка крочыў на вакзал. Спяшаўся на цягнік, што неўзабаве павінен быў падацца пад Баранавічы.

Толькі зайшоў у будынак вакзала, удыхнуў яго адмысловае, з пахам даўняй фарбы, мелу, тытуню i нежылога памяшкання паветра, як тут жа, у шырокім фае, яму перагарадзіў дарогу ўзброены вайсковы патруль — афіцэр, фельдфебель i салдат.

— Вашы дакументы,— казырнуўшы, уладна запатрабаваў малады рыжы штабс-капітан, бліснуўшы пярэднімі залатымі зубамі.

Васілевіч падаў сваё пасведчанне земскага служачага, здзіўляючыся, што яго, цывільнага, затрымлівае не дзяжурны жандар (той сіратліва i нібы бездапаможна прытуліўся ў кутку фае, ля яшчэ зачынегіага сёння газетнага кіёска), а вайсковы патруль.

— Паездка на фронт сёння не дазваляецца,— аддаючы яму пасведчанне, прамовіў штабс-капітан.

— Я маю даручэнне Земсаюза... Мой клопат — памагчы раненым салдатам...— Паспрабаваў растлумачыць свой занятак Васілевіч.

— Даручэнне вам далі ўчора, а сёння ўсе яны адмяняюцца,— перапыніў яго штабс-капітан.— Ёсць загад штаба фронту не дапускаць у франтавыя часці пастаронніх людзей.

— я...

— Асабіста я нічога супраць вас не маю. Але, на жаль, сярод вас, паноў земскіх служачых, нямала агітатараў-падбухторшчыкаў...

Штабс-капітан зірнуў паўз яго на дзверы вакзала: сюды шпарка заходзіў Міхайлаў, як i раней, у афіцэрскай форме без пагонаў.

Затрымалі, не пусцілі ехаць на фронт i яго. Разам з ім Васілевіч мусіў выйсці з вакзала, падацца ў горад, на службу.

— Што яшчэ здарылася ў Петраградзе, Miшa? — нецярпліва запытаў Васілевіч, праходзячы каля пажылога дзядзькі ў шэрым фартуху. Той біў ломам стары асенні лёд, каб пасля яго ссунуць у кучкі, знесці воддаль.— Па гэтых жа вайскоўцах адчуваецца: у Петраградзе ўжо новыя падзеі...

— У Петраградзе, Сямён, пераварот...— адказаў той, нацягваючы чорныя скураныя рукавіцы.

— Удалы? — спачатку ўсклікнуў Сямён, а пасля толькі падумаў ужо: «I адкуль ён, як i Муха, пра ўсё так добра ведае? Ніхто яшчэ нічога не чуў, а яны знаюць».

Міхайлаў расказаў пра тое, як заявіліся Петраградскі Савет i Часовы камітэт Дзяржаўнай думы.

— А хто на чале Савета i Часовага камітэта? Якія партыі? Якія лідэры?

— На чале Савета — лідэры меншавікоў i эсэраў,— прамовіў Міхайлаў.— На чале Часовага камітэта — лідэры з «Прагрэсіўнага блока»...

— Ты i прозвішчы іхнія ведаеш? — зноў усклікнуў уражаны Васілевіч.

— На днях увазнаеш i ты ўсё, Сямён...

— А што — цар? — схамянуўся Васілевіч.— А стары ўрад?

— Цар гэтай часінай у дарозе на Петраград, каб на месцы «принять решение». Спадзяецца яшчэ, што крывавы генерал Іваноў утрымае яму трон, патопіць у крыві рэвалюцыю... Спрабуе захаваць манархію i Часовы камітэт... Цяпер шмат будзе значыць, як павядзецца Савет, якога падтрымлівае петраградскі гарнізон... Вось чаму, Сямён, нас не пускаюць на фронт, a ў Мінску сёння няма i не будзе сталічных газет...

— Дык сёння-заўтра вырашыцца спрэчка старой i новай улады? — узбуджана запытаў Васілевіч.

— Можа, i сёння-заўтра...— адказаў Міхайлаў.

Ідучы па Падгорнай вуліцы — вузкай, з цаглянымі двух-трохпавярховымі будынкамі, а сям-там з драўлянымі панадворкамі, са старымі голымі дрэвамі,— Васілевіч пачаў настойліва выпытваць невядомыя яму звесткі пра Петраград.

Васілевіч мала заўважаў, куды яны крочаць: раз-пораз пазіраў у шэрыя ці то блакітныя цёплыя вочы Міхайлава, ішоў, спатыкаўся аб умерзлыя грудочкі лёду, але не зважаў на гэта, з прагаю слухаў навіны.

Толькі, калі Міхайлаў замаўчаў, ён зірнуў паперадзе сябе. Заўважыў: яны падышлі да ляхаўскіх вуліц, ступілі на адну з ix — Ніжнюю Ляхаўку, што вяла да завода. Па гэтай утаптанай, снежналедзяной, бруднай вуліцы цягнуўся доўгі людскі шнурок —да блізкага чыгуна-ліцейнага, машынабудаўнічага i кацельнага завода «Энергія», што раней, да вайны, выпускаў усякае начынне для паравых i вадзяных млыноў — жорны, крупэрні, турбіны, рамантаваў розныя машыны, выпісваў i пастаўляў лакамабілі, газавыя i нафтавыя рухавікі, але апошні час даваў далека не мірную прадукцыю.

Праўда, у гэтую хвіліну завод, здаецца, не працаваў. Не дымеў высокі ўцямнелы комін, не заходзіў за цагляныя сцены рабочы люд. Ён стоўпіўся на перадзаводскім пляцы — ад заводскай прахадной i аж да платоў недалёкіх, па другі бок пляца i вуліцы, драўляных хат, дзе жылі мінчукі, найбольш яўрэйскія сем'і. Значыць, «Энергія» забаставала і, можа, сёння падахвоціць да гэтага i Кашарскі машынабудаўнічы i чыгуна-медна-металургічны завод, чыгуначную майстэрню, дрожджавы завод, лесапільню, дзе ўчора, як казалі, было неспакойна.

«Стачкуюць прывезеныя з Расіі тылавыя рабочыя,— гаварылі ў горадзе,— а таксама падаграюць сацыял-дэмакраты».

Калі паразважаць, дык Мінск быў вельмі цікавы горад сярод губеранскіх гарадоў вялікай расійскай імперыі. Ён нібы лічыўся зацішны, спакойны, але... заўсёды небяспечны. Якраз тут у 1898 годзе адбыўся Першы з'езд РСДРП, на самым пачатку гэтага стагоддзя — з'езд Рабочага саюза Літвы i сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага, дзе была ўтворана СДКПіЛ, a ў 1902 — першы Усерасійскі з'езд сіяністаў... Калі гаварыць пра пазіцыю, сілу мінскіх гурткоў РСДРП, СДКПіЛ альбо Беларускай сацыялістычнай грамады, то яны ў розны час былі розныя, бо на ix былі вялікія рэпрэсіі царскага ўрада. А што тычыць сіяністаў, то іхнія пазіцыі тут былі заўсёды моцныя. Ix царызм, лічы, не чапаў — яны хітра маскаваліся, падтрымлівалі самадзяржаўе i нейтралізоўвалі рэвалюцыйны дух, у тым ліку i сярод яўрэяў. Акрамя буржуазных, былі i так званыя рабочыя партыі пад сіянісцкім кантролем. Іхнім памагатым быў Бунд. З тых партый, якія памагалі разбураць рэвалюцыйны дух яўрэйскіх рабочых, найболей вызначалася створаная ў 1901 годзе па ініцыятыве начальніка маскоўскай ахранкі Зубатава Незалежная яўрэйская рабочая партыя.

Цяпер, у 1917 годзе, узнікла новая сітуацыя. I, канечне ж, найперш з-за таго, што Мінск які ўжо час быў прыфрантавым горадам i што адбылася некаторая змена ў яго настроях, а таксама сярод палітычных сіл.

Тая чутка, што забастоўка перакідваецца i ў Мінск, мігам абляцела горад. Але мінчукі па-рознаму ўспрынялі «местные беспорядки». Хтосьці асуджаў ix, хтосьці зацікавіўся, хтосьці падагрэўся ажыятажам, хтосьці аднёсся да ўсяго са скептыцызмам — дзе-дзе, а тут велізарная армія i бязлітасная паліцыя хутка адновяць лад i спакой. Многія, надта інтэлігенты, лавілі навіны, чуткі, плёткі, але нікуды не лезлі, чакаючы, што выйдзе з бунту ў Петраградзе. Пагалёкаць, прайсціся па вуліцах паспрабавалі гімназісты, але ix даволі лёгка разагнала паліцыя.

Як заўважыў Васілевіч, i сёння з раніцы адчыняліся лаўкі, крамы, установы, працавала конка.

Вось цяпер, калі Васілевіч падышоў да заводскіх забастоўшчыкаў, дык убачыў: гэты вялікі, злітны здалёку натоўп на самай справе стракаты. У ім тоўпіліся рознага ўзросту мужчыны ў ботах, святочных паліто альбо ў паношаных ватоўках, у папахах ці шапках-картузах з аколышамі i з цвёрдымі бліскучымі брылямі (гэты люд быў, канечне ж, з цэнтральнай Расіі i карэнны мінскі), тапталіся i маладыя хлопцы ў кажушках, валёнках (з тутэйшых вёсак), гімназісты, а таксама нямала было i кабет ды дзяцей, салдат у шэрых салдацкіх шынялях — мусіць, тых, хто яшчэ нядауна быў у акопах, а пасля трапіў у тыя заводскія аддзелы, што працавалі на вайну.

Над натоўпам, у ранішняй смузе ды ў клубах тытунёвага дыму, чырванеліся транспаранты, па якіх вялікімі белымі літарамі кідаліся ў вочы незвычайныя заклікі: «Да здравствуетъ братство народовъ!», «Миръ и хлебъ!»

Абапал натоўпу было своеасаблівае ачапленне: спачатку, паблізу людзей, стаялі маладыя хлопцы альбо сталыя дзядзькі з чырвонымі павязкамі на рукавах, крыху воддаль — конныя i пешыя жандары, а яшчэ далей, у завулку — конныя казакі.

Натоўп гуў, як растрывожаны вулей. Хтосьці гаварыў, хтосьці слухаў ці перабіваў рэплікамі, смяяўся, i ўсе час ад часу кідалі позіркі на прахадную, нібы чакаючы чагосьці важнага.

Васілевіч i Міхайлаў сталі ззаду высокага худога вусатага дзядзькі i маладога хлопца ў кажушку.

— Это — не галдёжь, паря, это — больше, понимаешь? — гаварыў вусаты, нашмат старэйшы.— Похлеще того, что была двенадцать лет назад.

— Немаведама, што яшчэ з гэтага выйдзе...— падаў басісты голас маладзейшы.

— Теперь должно выйти... Вишь,— кіўнуў вакол сябе,— как даже здесь настроен народ...

Сустрэўшыся з іхнімі позіркамі, сціхлі. Малады сумеўся, а стары ўталопіўся пранікнёна i дзёрзка.

— Бастуем? — усміхнуўся Міхайлаў.

— Как все,— адказаў стары, пазіраючы на яго афіцэрскую апратку.

— Верите, что революция в Петрограде победит?

— А почему и не поверить?

— Правильно,— усміхнуўся Міхайлаў, паціснуў старому рабочаму локаць.

У гэтую хвіліну Васілевіч адчуў: за ім запыніўся чалавек i пільна ix агледжвае. Азірнуўся. Напраўду стаіць пажылы, прыгорблены мужчына ў паношаным капелюшы, паліто, у чаравіках, паверсе якіх стаптаныя галёшы. Здаецца, знаёмы. Ды гэта ж, як аднойчы сказаў яму Муха, бібліятэкар з губеранскага праўлення, абруселы немец Штэйн. Во да чаго дайшло! Нават сціплыя i асцярожныя «канторскія пацукі» далучаюцца да забастоўшчыкаў!

Ці то яму, Васілевічу, які здзівіўся, ці то Міхайлаву, які таксама азірнуўся, стары гарэзна падміргнуў — напусціў на выкатное вока касмылістае рыжае брыво. Васілевіч прыязна ўсміхнуўся, a Міхайлаў таксама падміргнуў: што — бунтуем, мітынгуем, бацька?! Той, усё зразумеўшы, паказаў ім абодвум складзеную з двух пальцаў літару «V». Міхайлаў з ахвотаю паўтарыў у адказ гэты знаёмы некаторым знак — знак перамогі.

Натоўп загуў гучней, а пасля, калі па ім пракацілася шумлівая хваля, аціх. Усе пачалі падымацца, зазіраць туды, дзе быў цэнтральны ўваход.

Там узвысіўся, стаўшы на нейкую падстаўку, мажны дзядзька ў чорнай коцікавай шапцы, у паліто з гэтакім жа коцікавым каўняром.

— Управляющий,— сказаў спераду вусаты дзядзька.

— Господа! — прамовіў той ахрыпла, тут ледзь чутна.— Мы понимаем ваше возбуждение. Петроградские события будоражат вам кровь, хмелят головы. Но, во-первых, Петроград уже успокаивается, опять возвращается к деловому ритму, а во-вторых, мы, господа, здесь, в Минске, в других условиях. Мы здесь поблизости фронта, в ближайшем тылу. Нам нужны бдительность, спокойствие. Поэтому мы должны добровольно, без принуждения вернуться на завод, к работе...

— Надоело! — пачуўся прарэзлівы голас з сярэдзіны натоўпу. Услед за ім пасыпаліся яшчэ галасы на розны лад:

— Слава Петрограду!

— Хлеба и мира!

— Давай большую плату!

— Долой царя!

— Свободу стачечному комитету!

Упраўляючы зняў шапку, бліснуў шырокай бледнай лысінаю.

— Господа! — падняў шапку над галавою, i з-пад падцягнутых рукавоў паліто забялеліся манжэты кашулі.— Я обещаю: стачечный комитет будет освобожден. Только вы приступите к работе и обещайте не срывать заводского производства. А также прекратите пустопорожнее митингование...

Натоўп, на хвіліну з магічнай сілай зірнуўшы на ўзнятую руку з шапкаю ды паслухаўшы, загаманіў яшчэ болей сярдзіта, імпэтна:

— А ты не затульвай нам рот!

— Никаких условий! Свободу товарищам!

— Таўстапузы!

— Давай восьмичасовой рабочий день!

— Большую плату!

— Хлеба!

— I міру!

Упраўляючы паспрабаваў яшчэ загаварыць, але яму ўжо не далі разявіць i рота — загулі, залюлюкалі і засвісталі. Ён споўз з узвышэння, знік. Замест яго заявіўся на ўзвышэнні іншы чалавек — сярэдніх гадоў мужчына, у чорным паліто i капелюшы, у акулярах.

— Товарищи! — гукнуў ён, падняў руку, заваёўваючы ўвагу.— Действительно, мы измучились жить в таких адских условиях. Мы все хотим свободы, светлого дня, счастливого труда и радостной жизни...

Натоўп заціх, толькі прайшла па ім запытальная хваля: «Хто гэта? Кто это?»

— Наверное, социал-демократ,— прамовіў вусаты дзядзька.

— Меншавік Пайкес,— патлумачыў Васілевічу Міхайлаў.

Прамоўца пачаў расказваць, што дзеецца ў Петраградзе, а пасля пачаў заклікаць падтрымаць петраградскіх рабочых.

— Власть должна принадлежать нам, народу. Мы, народ, должны сами определять свою судьбу, свое будущее...— закончыў ён. Яго праводзілі воплескамі.

Тут жа на ўзвышэнні нібы з-пад зямлі вырас яшчэ адзін прамоўца. Малады, у чорнай скураной куртцы i гэтакай жа шапцы. З невялікімі чорненькімі вусікамі.

— Товарищи! Друзья! — усклікнуў ён звонкім голасам.

Васілевіч перавёў вочы на Міхайлава i ўбачыў: той лагодна ўсміхаёцца.

— Ваш? — таксама ўсміхнуўся, таўхнуў яго локцем Васілевіч.

Той не адказаў, але Васілевіч па яго цёплай усмешцы зразумеў: але, іхні.

— Наши братья устали воевать, работать свыше нормы, жить впроголодь, страдать,— палымяна загаварыў юнак.— Мы должны вступить в решительную борьбу со старой властью, со сворой грабителей и угнетателей. Мы призываем вас поддержать дело наших товарищей в Петрограде, идти навстречу новому дню...

...К вечару гэтага дня ўжо ўвесь Мінск затаіўся ў трывожным чаканні: што — цар i генералы зноў пральюць народную кроў?



2.

Адразу пасля службы Фрунзе ўзяў фурманку i пад'ехаў на Кандуктарскую вуліцу, да чыгуначнай майстэрні.

Праўда, у майстэрню, дзе было шмат знаёмых, ён сёння не павярнуў, злез з фурманкі, абышоў агароджу i падаўся далей, да мінскіх ускраінных драўляных хат, да безымяннага завулка, дзе стаяў Бэркаў дом.

У тупіковым завулку (у ім было пяць-шэсць хат) клаўся прыцемак — можа, спускаўся з засмужанага цяпер неба альбо поўз з недалёкага ўжо лесу.

Калі падышоў да Бэркі, перад ім нібы сама адчыпілася высокая дашчаная брамка — яе, як i трэба, адчыніў свой чалавек, невысокі рыжы мужчына, які стаяў тут, у двары, на варце i праз шчыліну ў брамцы агледжваў завулак. Убачыў бы паліцыю — падаў бы адпаведны знак, згледзеў свайго чалавека — упусціў у двор.

— Усе на месцы, Ёська? — запытаў у знаёмага вартавога Міхайлаў, падаючы руку.

— Усе, таварыш Міхайлаў,— адказаў той.

Вартавы застаўся ля брамкі, а Фрунзе ўздоўж даўгаватай, з двума вокнамі хаты (да шыбін у гэтую хвіліну прыпалі гаспадаровы ўнукі, Ёськавы дзеці) падаўся па ўтаптаным двары — у сад-поплаў, дзе быў пад снегам гаспадароў склеп.

Гэтая сяліба была агароджаная з усіх бакоў высокім дашчаным плотам, паверсе быў яшчэ калючы дрот, дык з вуліцы не было відаць, што робіцца тут, на сялібе. Гэта яны i спажылі — нанялі ў гаспадара парожні склеп (раней, да вайны, Бэрка трымаў тут купленыя свіныя i цялячыя тушы, a ў вайну, калі гаспадар стаў анучнікам, склеп запуставаў). Нанялі для сваёй тайнай мэты.

У сад, да склепа, вяла вузкая, выкапаная ў снезе i ўтаптаная сцежка. Калі падышоў да склепа, Фрунзе па загадзя дамоўленым знаку пастукаў у невысокія памазаныя вапнаю дзверы, i яму неўзабаве адчынілі.

Па вузкіх i падгнілых сходках ён спусціўся ўніз, у глыбокую i абкладзеную каменнем досыць прасторную яміну, дзе вісела падвешаная да столі запаленая лямпа, пад ёй быў ёмісты, збіты з аполкаў стол, а яго абступілі людзі — чалавек сем мужчын. Цяпер яны ўсе перавялі позірк на яго, госця, а дагэтуль, як відаць было, не зводзілі вачэй з высокага чарнявага Рыгора Клёнава, па клічцы Майстра, які перад імі разбіраў i складаў браўнінг, вучыў, як цэліцца — тут, у гэтым склепе, сакрэтна навучалася адна з іхніх баявых дружын. Усе дружыннікі, а таксама іхні кіраўнік, Клёнаў, былі рабочыя з чыгуначнай майстэрні. Каго прыслалі туды на працу, а хто па партыйным заданні ўладкаваўся i сам.

Фрунзе павітаўся, кожнаму дружынніку падаў руку.

— Ну, як ідзе вучоба, Рыгор Якаўлевіч?

— Няблага,— усміхнуўся Майстра.— Хлопцы маладыя, зацікаўленыя, схопліваюць усё на хаду i рвуцца ў бой.

— Усе гатовыя ўжыць зброю, калі трэба будзе? — запытаў Фрунзе, беручы з рук кіраўніка новенькі нікеляваны браўнінг.— Адно — круціць гайкі альбо гаварыць, але зусім іншае — страляць у чалавека, хоць ён i вораг...

— Палова была на вайне, абстраляная, таварыш Міхайлаў,— адказаў Майстра, які навучаў ужо чацвёртую дзесятку за гэты год.

— Зброя — самая паганая прылада на свеце...— уздыхнуў Фрунзе, разгледжваючы элегантны на вока браўнінг.— Але без яе, на жаль, не абысціся. Праўда — добрая, цудоўная нават рэч, але часамі яе без кулакоў, без сілы, без зброі не сцвердзіш... Можа, ужо i на днях спатрэбіцца ваша сіла, хлопцы...

Збоку, за перагародкай, пачуліся стрэлы. Адзіночныя i парныя, адзін за адным.

— Можа, i вы, таварыш Міхайлаў, праверыце сваё вока i сваю руку? — усміхнуўся Майстра, звычайна вельмі вясёлы, багаты на жарты i анекдоты чалавек. Да прыезду ў Мінск ён працаваў у цэнтральнай Расіі збройным майстрам.

— Давайце,— згадзіўся Фрунзе, адчыніў дзверы i зайшоў у суседні, вузкі i доўгі, таксама выкладзены каменнем пакой. Пасярод яго вісела яшчэ адна запаленая лямпа. Тут, ля дзвярэй, стаяла трое мужчын i страляла ў канец пакоя, дзе на фанерным лісце віселі мішэні (з той сцяны яны выбралі каменне, каб кулі ішлі ў пясок).

Адзін з тых, хто страляў, заклаў калочкі ў левую падзёўбаную мішэнь, i Фрунзе тры разы стрэліў. I калі ўсе паглядзелі, то ўбачылі, што стрэліў трапна — амаль у самы цэнтр.

— Вось як, хлопцы, трэба страляць! — пахваліў яго кіраўнік новай дзесяткі.

— Дай бог, каб у жыцці ні мне, ні вам усім не даводзілася без патрэбы страляць...— прамовіў Фрунзе, аддаючы браўнінг Клёнаву.— Вы, Рыгор Якаўлевіч, трэніруйце хлопцаў, а мне трэба ўжо ісці. Толькі сёння мушу ўзяць з сабою на заданне двух баевікоў. Хто хоча пайсці сам?

— Я,— прамовіў чарнявы Гердт.

— I я,— дадаў таксама чарнявы, нібы цыган, Супраневіч.

— Ну то хадзем хутчэй, хлопцы,— сказаў Фрунзе i пайшоў.

Яго праводзіў Клёнаў.

— Рыгор Якаўлевіч,— улучыўшы міг, калі яны засталіся ўдвух (хлопцы пайшлі паперадзе), сказаў Фрунзе,— сёння затрымайце дружыннікаў у Бэркі нанач...

— Ясна,— адказаў той.

— Адным словам, чакайце нашага пасланца...

— Ясна,— зноў паўтарыў той, нічога болей не пытаючы.

Ужо на дварэ, дагнаўшы Супраневіча (помніў, што той мае земляка-пісара ў штабе фронту), запытаў:

— Ну, як жыве ваш аднавясковец?

Супраневіч (а гэта быў Пятрусь Чорны з Янкавін, у хаце якога да вайны былі вячоркі, той Пятрусь, які прыстараўся хлопчыка сваёй братавай Гані), нядаўні салдат, а цяпер, пасля выпіскі ca шпіталя, рабочы ваеннага аддзела чыгуначнай майстэрні, адказаў:

— Тоіцца, нічога не кажа...

Фрунзе i Пятрусь Чорны мелі на ўвазе былога янкавінскага валаснога пісара Дзяжко, які цяпер служыў пры штабе фронту пісарам i мог ведаць важныя звесткі.

— Верны служака, кажаце? — усміхнуўся Фрунзе.— На жаль, нямала яшчэ такіх псоў у нашага цара-бацюшкі... Ды нічога, хутка ix раптоўна паменее...



3.

У ноч на 2 сакавіка, калі Мінск адпачываў, ужо не на канспіратыўнай кватэры, a ў гаспадароў Фрунзе сабраліся на нараду.

Вось Фрунзе акінуў позіркам завешаныя цёмнымі дзяругамі вокны, круглы, засланы белым абрусам стол, настольную лямпу з маленькім агеньчыкам, бліжэйшых сваіх паплечнікаў у цывільным i вайсковым уборы, іхнія агромністыя, быццам волатаўскія цені на сценах i на столі. Коратка пастрыжаны, з упартым, крышку раздвоеным падбародкам бравы прапаршчык, з ордэнамі Святой Ганны III ступені i Святога Станіслава Мяснікоў сядзеў па правай руцэ, за ім — круглатвары, з запытальным позіркам ва ўчэпістых, нават калючых вочках, з невялікім носам i кучомкаю вусікаў Фамін, далей — вайскоўцы, абодва з вусікамі, Кнорын i Крывашэін, лявей — інтэлігентны Ландар, побач з Фрунзе — кучаравісты, з круглымі, трошкі навыкаце, жывымі вачыма Магілеўскі. З самых блізкіх сяброў, паплечнікаў не было толькі Любімава — той паехаў у Лунінец, пабачыцца са сваёй парт'ячэйкай.

— Сябры! — ціха, але ўсхвалявана прамовіў Фрунзе.— Я сабраў вас, каб паведаміць надзвычайную навіну.— Усміхнуўся.— Не, да нас не едзе рэвізор, да нас з Петраграда спяшаецца рэвалюцыя... Віншую вас, старых бальшавікоў, ca светлымі днямі!

Каб не замінаць гаспадарам, ніхто не ўсклікнуў i не запляскаў. Як ніхто i не паспрабаваў нават усміхнуцца з гэтага «мы, старыя бальшавікі», хоць самаму малодшаму з ix, Кнорыну, ішоў дваццаць сёмы год, а самаму старэйшаму, Ландару — толькі трыццаць чацвёрты, бо амаль усе былі ў партыі па дзесяць i болей гадоў (самым маладым па стажы быў Фамін, сем гадоў), некаторыя былі сярод байцоў Снежаньскага паўстання, прайшлі турэмныя «універсітэты», i ўсе, прысланыя партыяй сюды ў вайну, ужо зрабілі нямала.

— Цяпер, сябры, кораценька пра тое, што за апошнія дні адбылося ў Петраградзе i што нам трэба рабіць,— сказаў Фрунзе.— Па-першае, наша сувязная перадала нам вялікі дзякуй ад ЦК. За тое, што праясняем тут галовы арміі i тылу, што ўведалі ў Стаўцы i перадалі ў Петраград вельмі важныя навіны. A іменна: копію зместу тэлеграмы Мікалая генералу Хабалаву, вестку пра місію генерала Іванова i пра ад'езд Мікалая з Магілёва ў Петраград. Уведаўшы ўсё гэта, нашы таварышы паслалі агітатараў у воінскія часці i здолелі не толькі настроіць ix супраць Хабалава (не прымяняць зброю), але i далучыць да паўстанцаў. Лічы, увесь петраградскі гарнізон. А гэта, сябры, не меней 50-60 тысяч штыкоў... 27 лютага паўстанцы даволі легка захапілі Галоўнае артылерыйскае ўпраўленне, арсенал, найбольш важныя ўстановы, тэлеграф, паштамт, арыштавалі міністраў i буйных чыноўнікаў. Удала сарвалі i карную місію генерала Іванова. Хоць ён вёў на «усмирение» адборныя часці з Паўночнага i Заходняга франтоў, батальён георгіеўскіх кавалераў з асабістай царскай аховы, але «разложили» i ix: каго — пад Оршаю, каго — пад Гатчынай... Пасля 21 гадзіны 27 лютага ўтварыўся баявы штаб рэвалюцыі — Выканком Савета з 15 чалавек...

Фрунзе замаўчаў, пераводзячы дыханне. Усе ўважліва слухалі, бо некаторыя, асабліва з арміі, не ведалі апошніх навін.

— Канечне, каб нашы лідэры i таварышы не былі ў эміграцыі, на катарзе альбо ў акопах, то i яны былі б цяпер каля руля рэвалюцыі,— зноў загаварыў у цішыні Фрунзе.— А так не зусім зразумела, як будуць паводзіцца меншавікі i эсэры — лідэры Савета. Тым больш у незвычайнай сітуацыі, што склалася. Я маю на ўвазе тое, што ўчора ў 2 гадзіны ночы ўтварыўся i Часовы камітэт Дзяржаўнай думы на чале з Радзянкам, які аб'явіў, што бярэ ўладу ў свае рукі... Праўда, калі ўчора ўвечар расклеілі яго загад, каб салдаты вярнуліся ў казармы i аддалі зброю, то яго ніхто не паслухаў. Гэта значыць, Радзянка не здолеў «обуздать» Петраград, пацярпеў фіяска, Часовы ўрад пачаў фармаваць князь Львоў...

— Дык колькі цяпер улад у Петраградзе? — здзівіўся Кнорын, прамаўляючы крышку з прыбалтыйскім акцэнтам.

— Выходзіць, што тры,— усміхнуўся Фрунзе.— Савет, Часовы камітэт Дзяржаўнай думы i Часовы ўрад. Але лініі дзве. Савет заклікае ліквідаваць манархію. Як напісана ў яго звароце, «старая власть должна быть окончательно низвергнута и уступить место народному правлению», а лёс Расіі павінен рашыць Устаноўчы сход, выбраны на аснове «всеобщего, равного, прямого и тайного» выбарчага права. Радзянка i Львоў пакуль што нічога не сказалі пра ліквідацыю манархіі...

— Дык што гэта выходзіць? — запытаў Крывашэін, які разам з Кнорыным прыбыў сёння з 32-га тылавога эвакуацыйнага пункта сама пазней i найменш за астатніх ведаў пра сітуацыю ў сталіцы.

— А тое, што адны хочуць знішчыць самадзяржаўе, a другія — толькі яго падрэтушаваць...— загаварыў Мяснікоў, які прыехаў з Барысава раней i ўжо многае пачуў ад Фрунзе.

— I што з гэтага выйдзе? — зноў здзівіўся Кнорын.— Сутычка? Грамадзянская вайна?

— Горад, рабочыя i вайсковы люд, за ліквідацыю самадзяржаўя...— прамовіў Фрунзе.— А вось Савет, здаецца, спрабуе шукаць кампрамісу з Часовым камітэтам думы i Часовым урадам — гэта значыць, спрабуе даць свой, памяркоўны накірунак людской стыхіі...

Замаўчаў. Прыкусіў ніжнюю губу. Нават ведаючы больш за астатніх, нялёгка было ўсё як след ацаніць, тым больш што ў цяперашняй сітуацыі ўзніклі i досыць своеасаблівыя моманты.

— Што такое кампраміс Саветаў, Міхаіл Аляксандравіч? — запытаў Крывашэін.

— Па-першае, Савет згаджаецца ўтварыць Часовы ўрад (а ў яго, канечне, увойдзе буйная буржуазія), па-другое, яны разам рыхтуюць сумесную дэкларацыю, якую павінны аб'явіць сёння-заўтра...

— А чаму Савет сам не фармуе рэвалюцыйна-дэмакратычны ўрад? — падаў голас звычайна стрыманы Фамін.

— «Вышэйшая палітыка!» — развёў рукі Фрунзе.— Старшыня Савета Чхеідзе i яго калегі лічаць: яны не ўтрымаюцца, не навядуць ладу. Справяцца якраз моцныя свету гэтага. Савет бярэ на сябе функ-цыю кантролю за новым урадам...

— Гэты кантроль будзе толькі да таго часу, пакуль салдат не загоняць у казармы i адбяруць зброю...— прамовіў Фамін.

— Я хоць i больш за вас сёння ведаю, але не менш многага не разумею...— прызнаўся Фрунзе, хітаючы галавою.— Зусім не такога чакаў ад Савета...

— Ну, а што нам раіць сувязная? — запытаў Кнорын.

— Сабраць нашы сілы, расказаць ім пра ўсё, падтрымаць Петраградскі Савет i пачаць тут утвараць кааліцыйны Савет...

— Значыць, мы павінны пасаюзіцца з меншавікамі i эсэрамі?

— I з бундаўцамі...— дадаў Мяснікоў.

— А як гэта мы будзем усім тлумачыць?

— Паўтараю, выйшла так, што ў цяперашняй, не зусім спрыяльнай для нас, сітуацыі руль захапілі меншавікі i эсэры. Якраз яны сталі лідэрамі Петраградскага Савета,— Фрунзе пачаў не толькі пераказваць тое, што сёння сказалі яму, але i разважаць уголас, хоць, прызнацца, не ўсё разумеў, як таго хацела петраградская сувязная.— Дык што нам рабіць? Адысці ўбок? Выступіць супраць усіх? Відаць, усё ж будзе разумней шукаць — асабліва з нашымі меншавікамі i з бундаўцамі — калі не згоды, дык хоць кампрамісу. Нам раяць аб'яднацца...

— Я, скажу шчыра, не зусім уяўляю наш саюз...— паціснуў плячыма Мяснікоў.— Усё ж мы, меншавікі ды бундаўцы — розны люд... А па-другое, нам было б нашмат лягчэй без саюзнікаў...

— Давайце тут, вось цяпер дамаўляцца,— сказаў Фрунзе.— Цяпер мы можам разважаць, нават спрачацца да ахрыпласці, але заўтра на наш пашыраны сход, дзе будуць i маладасведчаныя, i не такія інтэлектуальныя таварышы, мы павінны вынесці не наша недаўменне альбо палеміку, а ясную пазіцыю. Тым больш што ў Мінску мы мацнейшыя па інтэлекце за меншавікоў i эсэраў, дык павінны i абагнаць ix ва ўсім, ісці якраз пад нашым сцягам...

— Лагічна рабіць тое, што раяць нам са сталіцы,— урэшце падаў свой голас Магілеўскі. Праўда, цяпер без жарту, хоць звычайна ён перасмешнік адмысловы.

— А заадно трэба некаму з нас з'ездзіць у Петраград i выясніць усё добра ў ЦК,— урэшце азваўся i Ландар.— Я раю паслаць Магілеўскага альбо непрысутнага тут Дзмітрыева. Яны добра ведаюць там усе хады.

— Як, таварышы? — акінуў усіх позіркам Фрунзе.— Збіраем заўтра пашыраны сход бальшавікоў? Заяўляем ім пра падтрымку Петраградскага Савета? Заклікаем да аб'яднання з меншавікамі i бундаўцамі? Заўтра ж пачнём рыхтаваць глебу, каб утварыць Савет земскіх устаноў i прадпрыемстваў на Заходнім фронце i Савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў у Мінску?

Усе замоўклі. Няпроста ўсё было. Але сёння Фрунзе не настойваў на жалезнай дысцыпліне, аднагалоссі, нават хацеў, каб было болей палемікі. Трэба было ж не толькі ведаць сапраўдныя думкі блізкіх людзей, але i з розных сцяжын да мэты выбраць найбольш патрэбныя.

— Думаю, поўнага «сожительства» з меншавікамі i бундаўцамі ў нас не выйдзе,— сказаў ён яшчэ пра тое, што найбольш усіх турбавала.— Кажу ж, будзем «саюзіцца», але заадно i гнуць сваё... Дык я за гэтыя пункты...— i падняў руку.

Услед за ім паднялі рукі i астатнія.

— I яшчэ адна закавыка, сябры, пра якую мы павінны мець ясны погляд сёння i далажыць заўтра,— Фрунзе адкінуўся i абвёў усіх учэпістым позіркам.— У Петраградзе паўстанцы раззброілі паліцыю, разагналі жандармерыю, спалілі ахоўнае аддзяленне, дзе былі палітычныя справы i нашых таварышаў, утварылі атрады народнай міліцыі... Што нам рабіць на гэты конт тут?

Зноў усе замаўчалі. Цяжкае было гэтае яго запытанне.

— Неразумна марудзіць альбо сядзець як мыш пад венікам, але небяспечна i паспяшаць, наляцець вераб'ём на каршуна...— прамовіў Ландар.

Усе адначасна ўсміхнуліся. З такой вось мудрагелістай парады.

— Ты не Карл, а мой цёзка, Саламон! — хітнуў галавою Магілеўскі.

— А ты што параіш? — пачырванеў Ландар.— Альбо якую мудрую думку свайго цёзкі можаш успомніць?

— Мой цёзка Саламон...

— Хлопцы,— перапыніў Мяснікоў, зірнуў на гадзіннік,— ужо трэцяя гадзіна...

— Не забывайма,— Ландар пачаў загінаць пальцы.— Тут паблізу фронт, амаль два мільёны штыкоў, дык Эверт «лішняга» не дазволіць; мінскі люд i мінскі гарнізон не такія актыўныя i рэвалюцыйныя, як у Петраградзе; сілы нашых баявых дружын невялікія; многае будзе значыць ад таго, што будзе сказана пра паліцыю ў сумеснай дэкларацыі Часовага ўрада i Савета...— таксама, як i Кнорын, крышку з прыбалтыйскім акцэнтам пачаў тлумачыць сваю нядаўнюю перасцярогу Ландар.

— ...Яшчэ многае будзе значыць i ад раптоўнай змены настрою ў Мінску,— дадаў Фрунзе.— Сёння тут было даволі спакойна, a заўтра... I хто ведае, што мы можам пачуць сёння-заўтра з Петраграда...

— Карацей, дружыны трэба прывесці ў гатоўнасць нумар адзін,— сказаў Мяснікоў.— Каб усімі дзесяткамі былі ў зборы, маглі ў любую хвіліну па першаму ж сігналу ўступіць у бой...

— Іншыя думкі ёсць? — зірнуў на ўсіх Фрунзе.

— Не,— сказаў Крывашэін.

За ім паднялі рукі i іншыя.

— Ну, тады ўсё,— прамовіў Фрунзе.— Цяпер давайце пакумекаем, што i як будзем рабіць заўтра, прыкінем, хто што возьме на свае плечы... Толькі давайце гаварыць коратка i ясна. Іначай мая Соня замерзне на дзяжурстве...— I пажартаваў: — Сход сходам, а жонка таксама ж дарагая...


Загрузка...