Вялікдзень набліжаецца. Вадой вясновай
Паразрывана крышталёвая закова.
Заліты і папас, і поплаў, і загон:
За хваляй хваля мкне пры ветры наўздагон.
Звіняць у полі раўчукі, вада рачная
Зіхціць на сонцы, бы луска ў ёй залатая.
Вясною пахне. Бусел, любасна глядзець,
Ляціць і з клёкатам сядае на гняздзе.
Кігіча, енчыць чайка над прасторай воднай
І моўкне ў далечы, спускаецца галоднай.
Вароны парамі чакаюць тэй пары,
Ці ж хутка на загоне ім гаспадары
Зямелькі чорнае сахой адвернуць скібы?
Уночы на рацэ агні. Пільнуюць рыбу.
З лучынай яснаю на чоўне калыўным,
Нібы Нептун з трызубам, з восценем даўгім
Плыве адважны сын Палесся, вёскі ўбогай,
Не ўвекавечыў пэндзаль Рэмбранта такога,
У мроку пры святле лучыны век-вяком
Здаецца духам чалавек, вадзяніком.
«Хвала Хрысту!» — «Навекі!» — «Пэўна, пан Рыгора
Чакаў ужо і на глушцоў не здоўжыць збораў?
Сяк-так, дзе бокам-скокам, дзе пералячу —
І тута, кланяюся земна панічу». —
«То дзякуй! — што ж чуваць там?» —
«Проста з хаты, пане,
Мой форт ледзь-ледзь пакінуў. Хто не абазнаны
З мясцінаю, дык загавець таму душой,
Бо не дабрацца да кута майго вясной.
Вада вялікая. Дарма што час разводдзя,
Цямком у лес на подслухі Вінцук мой ходзіць.
І я махнуў, ды ў Кругліцы няма глушцоў,
А з Чорных Лядаў дужа ўсцешаны прыйшоў,
Нам пашанцуе ў паляванні. Лік ім губіш:
І тут!.. і там!.. мець трэба голаў як на шрубе,
Каб іх злічыць. Якраз да пана ў гэты дом
З'явіўся ўжо адзін ад грамады паслом
З запросінамі ў лес. Бач, пан, каго трымаю!
Што за вага!.. фігура!..» —
«Як дабрацца маю?» —
«Фу!.. фу!.. паніч пытаецца! — як пад вадой
Балота, дык на чоўне, рэшту — пехатой.
Пытанне вось: ці ў кут мой трэба? То ж нязручна,
Ляпей да возера адгэтуль рушма.
Адтуль да месца мо з паўмілі, не далей». —
«Праз лугавіны праплывем?» —
«Там найзручней!» —
«Сягоння добра б рушыць. Толькі ты, Рыгору,
Стаміўся, мабыць?» —
«Дык і што! абы не хворы!
Мы пойдзем. Лес вялікі, дзень кароткі шчэ,
Скажы, каб мне спажыць чаго далі хутчэй,
Падсілкавацца трэ, спачыць хоць трошкі ў хаце.
Уфф!.. праляцеў сягоння я тры мілі, браце».
Разводдзем човен дзесь пад вечаровы час
У Ляды Чорныя занёс на спевы нас.
За мшарамі пачаўся лес штораз цямнейшы
Ды больш дрымучы, чым далей — дзічэйшы.
Не чуешся ў магутнай пушчы векавой
Прыроды панам, а часцінкаю малой.
Рыгор тут раз, другі і трэці пагалёкаў,
Прыслухаліся: нам адказ ляціць здалёку.
«Там хлопцы! то і добра, што прыйшлі раней,
Агледзелі, начлег спарадкуюць лацвей».
На выспе гэтак званай, на малым пагорку,
Чакалі нас дарослыя сыны Рыгора,
Два хлопцы. Мокрыя, з гразёю, пасталы
І крыссе ўподтык прамаўлялі, што паслы
Рыгоравы балота мусілі так мераць.
У кожнага ў іх стрэльба, торба і сякера,
Заткнутая за пас сырцовы на баку.
«Хвала Хрысту!» — «Навекі!» —
«Янку, Вінцуку
І панічу трэ спевакоў сачыць на токах,
Я завінуся тут, ачышчу месца збоку
Нам пад начлег, з ламачча раскладу агонь.
Ідзеце з Богам, бо запала ўжо сутонь».
Штораз цямней. Здаецца, хвоі ды яліны
Вышэйшыя шчэ сталі ў гэтыя хвіліны.
Ківаюць, здэцца, веліканы галавой
І з вышыні няспынна сочаць за табой.
Таемнасць шолаху, гамоняць ціха дрэвы,
Крык сойкі, чорнага дразда ліюцца спевы.
Далей праз гушчыню! Як плавень без стырна,
Як птах начны, бясшумна ў морак парынаў!
Штокрок стаю і слухаю… прысеў, чакаю…
Зблудзіць я не баюся, лес вялікі знаю.
Ад вусцішнае цішы, мроку, сценяў тых
Уражанне на нервах дзіўнае маіх.
Я ўслухаўся… пачуўся раптам лопат крылаў,
Ляціць над самай галавой глушэц-страшыла,
Адразу завярнуў улева неўспадзеў,
Залапатаў і сціх — на дрэва, пэўна, сеў.
Я чуў, як сэрца стукацела з хвалявання,
Каб не парушыць цішы, стрымліваў дыханне.
Глушэц затакаваў і змоўк, зноў песні зык,
Птушыны спеў разлёгся. Брава! такавік!
Назад стараўся адыходзіць асцярожна,
Бо ў лесе кожны сук заўсёды здрадзіць можа.
Дапамагаў мне мяккі пад нагамі мох,
Без шолаху, паціху адыходзіць мог.
Сцямнела ўжо, прыкмеціў зорачкі паходню
І вырашыў урэшце йсці далей свабодна.
Агледзеўся, вагаўся шчэ ў душы крыху,
Ці не змыліўся, ці патрапіць я змагу.
Ды зніклі думкі невясёлыя адразу,
Як стук Рыгоравай сякеры ўчуў выразна —
Звароту нітка вось. І неўзабаве стрэў
Святло пурпурнае на вершалінах дрэў
Ад вогнішча начнога.
Лесам брыў цямраным,
Спыніўся, тым відовішчам зачараваны:
Эфект святла і ценю панаваў наўкол,
Забарвіліся дрэвы, мох, кусты і дол,
А людзі пры агні — не ўздумаеш такога,
Як быццам з чарадзейскага жыцця ляснога.
«Шатана ці русалак бачыў ты хіба?» —
«Фу!.. цьфу!.. Панічу! ну навошта пахвальба?
Нібыта не баіцца сілы пан нячыстай?!.
Мо тут шатан сядзіць на хвоі дзе камлістай!
Нячысціка ды клікаць?!. У імя Айца!..
Мы ў пушчы, а не ў хаце свячанай!.. Жыцця
Яе не перадаць… гм!.. кніжкі пан чытае
І верыць, што бязлюдны лес душы не мае?
Прабач. Дык слухайма, лавем жа кожны гук,
Ад пушчы пан не спадзяецца гэткіх штук.
. . . . . . . .
Паніч ці чуе?!. Я звяроў і птахаў знаю,
Ды што за д'ябал, голас чый, не адгадаю!..
Фу!.. цьфу!.. спакуса панава… пачаў вярзці!
Я ж вернік, пад святой апекай у жыцці!»
. . . . . . . .
Шаптанне пацераў… Дапраўды ў пушчы ночнай
Усякіх гукаў тысяча. Пазнаць захочаш,
Не разбярэш дзесятай часткі з іх ніяк.
Хіхікне хтось, а там заплача горка так,
Тон часам жаласлівы, часам востры, дзікі.
Таемныя спрадвеку пушча мае зыкі.
Хто скажа, што ў сабе захоўвае яна?..
Яе ўрачысты й грозны голас — цішыня,
Як тону вушы аніводнага не ўловяць.
Не дзіва, што ў праявы верыць люд вясковы.
До ў пушчы раз паначаваць і там без слоў
У гукі ўслухацца таемных тых размоў.
Так думалася мне, як лёг я адмыслова,
Акрыўся буркаю на купе лап яловых,
Яліну Грышка ссек. Прыемнае цяпло
Ад полымя вялікага няспынна йшло.
Снапы бліскучых іскраў угару ляцелі
Зігзагам фантастычным. Ніклі летуценні.
На ловах лёгка спіцца…
Цёмнай шчэ парой,
Нібы вупыр, схіліўся Грышка нада мной:
«Панічу, трэ ўставаць!»
Мяне прабрала крыху,
Дарма што цёплае адзенне. Цёмна й ціха.
Між хмарак дыяменты зор. Я ўстаў, мацней
На голаў шапку нацягнуў і сеў хутчэй
Да вогнішча.
«Глушца на токах не адстрашыш,
Калі з'ясі на адыходзе цёплай кашы,
Сагрэе пэўна… Ўчора запытаўся пан,
Ці ў пушчы часам Грышку не спаткаў шатан?
Гм!.. Што ж сказаць на гэта?!. Кпяць за кожным разам
З нас, прасцякоў, панове… Трасца й ёсць жа назва
Таго вось ліха. Пан жа згодны! На яе,
Як чар, стары тут Грышка радзіў бы свае
Спажывы з'есці цёплай… Выбач, пане, ўчора
Быў не да смаку жарт!.. нядобра!.. Што ж да чорта?
Ці ёсць? не знаю… Пан па гутарцы такой
Хай будзе асцярожны ў глыбіні лясной…
Дахаты мой Вінцук пабег быў ночай цёмнай
Па казанок… Заснуў пан без вячэры цёплай».
Я памаленьку з астраўка пайшоў у мрок,
Тут угрузаў, дугою гнуўся там штокрок,
Інстынктам кіраваўся памяці ў надзеі
І пільна прыслухоўваўся, што пушча дзее.
Агню не бачыў я, ўрачысты супакой,
Лес толькі, бы гаворыць, верх хістае свой,
На смельчака дзівуецца, які пакрочыць
Адважыўся ў абшары лесавыя ўночы
Далей — уперад!..
Раптам блізка трэск зусім,
Вушам спачатку веры не даваў маім.
Прыслухаўся, дапраўды тросся куст вяршкамі,
Сухое лісце шамацела гэтаксама,
Ступае хтосьці… Глянуў… здрыгануўся ўвесь,
Аж сталі дыба валасы на мне — мядзведзь!..
Ягоныя абрысы ў мроку ўбачыў толькі,
Прыблізіўся і стаў за крокаў пяць, не болей…
Ці збегчы — паратуе бліскавічны рух,
Ці хуткія два стрэлы шротам з метраў двух!
Пасля за дрэва.
Колькі часу я выстойваў
Сярод бязлюднай пушчы, ельніку густога,
Не знаю, дрыжыкі ўзялі мяне суздром,
Быў вока ў вока я з пушчанскім каралём…
За мною раптам шолах!.. Тут мядзведзь вачыма
Павёў туды, дзе шум, і з гэтае прычыны
Ён адышоў, мармычучы… І там яго
Замоўкла крокаў водгулле… Пасля ўсяго
З палёгкай уздыхнуў — мінулася ліхое,
Шчэ вуха навастрыў на месца на другое,
Туды, скуль шолах даляцеў, але дарма
Я сіліўся пачуць — знік шум, нідзе няма,
Спакою анішто не парушала ўранні;
Я зноў уперад рушыў, яснае світанне
На цёмным небе, ўжо займалася на дзень.
У пушчы глуха шчэ, ды гукі дзе-нідзе
Вітаюць сонца, першыя снапы прамёнаў.
Агледзеўся, чакаючы знаёмых тонаў…
Я не блуджу, бо той куток пазнаў, дзе быў,
Дзе ўчора поблізу такавіка сачыў.
Вось чую зык… выразны… то ж глушцова песня!..
Няма сумнення!..
Бы падушка, мох у лесе,
Зраблю два крокі асцярожна і далей
Набліжуся на столькі ж як мага цішэй.
І ў спеху і ў трывозе праставаў да токаў,
Дыханне стрымліваў сваё на кожным кроку.
Як толькі даляціць глушцовы ў лесе спеў,
Я скокну і замру ў тэй позе. Паглядзеў —
Сядзіць глушэц, задраўшы дзюбу на асіне,
Спявае песню, пушча гэтаю часінай
Заслухалася, хвост, як веер, распусціў,
Няпомны ў спеве, ў гімне любасным на здзіў.
З грудзей не выскачыць ледзь сэрца, як нарэшце
Наблізіўся я неяк праз замінкі ў спешцы…
Пара!..
Прыцэліўся: стрэл грымнуў, дым пайшоў,
Хіснуўся птах, з асіны каменем далоў,
Галіны ломячы, і ў шэры мох аж бухнуў,
За ім ляцяць сукі сухія, пацяруха.
«Нішто сабе! нішто!.. віншую!» —
«Дык ты тут?» —
«А на выпадак… што?.. быў пану перапуд?
Ды шчэ які!!.
Я чую, хтось яшчэ там ходзіць,
Падумаў, мне туды падбегчы не зашкодзіць,
Падрапаць пану скуру лапай мог мядзведзь.
Загнаў у рульку кулю, рупіўся паспець,
Сякера шчэ за пасам… Гора з панам многа,
Пільнуй яго, нібы дзіця!» —
«Не знаў нічога,
Твае чуў крокі, хто ж яшчэ з'явіцца мог?
А што, калі другі!..
Хай укрывае Бог!..
Ды наша вогнішча было з таго вось боку
Раскладзенае на начлег непадалёку,
Мядзведзь стуль быць не мог…» —
«Дам раду, павучу,
Не трэ шукаць шатана ўночы панічу!»
Пачуўся стрэл далёкі.
«То Вінцук страляе!..
Вось і наслаў мядзведзя!» —
«Хто?» —
«Шатан пракляты…
Панічу, ціха!.. добра спеў цяпер чуваць…
О!.. о!.. і не перастае глушэц спяваць.
Скачэм!»
За гэтым разам стаўся я віною:
Глушца спалохаў сук, што хруснуў пад нагою,
Як блізка быў.
Цьфу! цьфу! навуку кагадзе
Пан меў, а на глушца, нібы на дзятла, йдзе.
Тут мох кілімам, а паніч у лом паціснуў,
У горшае шчэ месца пхнецца там наўмысна.
Глядзець пад ногі трэ!»
Пачуўшы наганяй,
Не змоўчаў я:
«Тут голаў толькі й задзірай,
Як хочаш бачыць, дзе сядзіць». —
«Ды не, наліха,
Выгледжваюць пасля, як падкрадуцца ціха.
Глушэц не дроздзік!.. Годзе, зачало світаць,
І з дрэва мусіць такавік ужо злятаць».