Увечары агніста неба чырванее,
Здаецца, што ў пажары горад палымнее.
На небасхіле хмара ў сонечным агні,
Дзівосныя адценні множаць прамяні.
Блакіт цямнее, нікне, рэдкія хмурынкі
Чародкай лебедзяў паволі, безупынку
Плывуць на захад. Ціхай песняй угары
Здаецца пошум хвой высозных у бары.
Лясныя паступова пташкі замаўкаюць,
На ноч сярод галін увечары сядаюць.
Высока дзесь кружляюць толькі канюкі,
Піць! піць! — крычаць,
енк іхні жаласны такі.
Замоўкла, кончылася ў лесе паляванне,
Паважныя паны паселі на паляне,
Ліс і скрываўленыя шаракі ляжаць,
Пры дрэвах стрэльбы паляўнічыя стаяць.
Паблізу даязджачы трубіць, псоў склікае,
Гук хрыпкі рога адгалосак паўтарае.
Панове селі ў кола. Смех і шум размоў,
Папаскаю звяселена душа ў паноў.
«Што ж ты ад нас усіх трымаешся асобна?» —
Сказаў хтось да стральца.
«Мне ціснуцца нядобра,
Няёмка ў кола панскае, трэ воддаль быць.
Ці ж мне калодаю нячэсанаю слыць,
Каб тут няпрошаным да ягамосцяў лезці
І між паноў паважных бессаромна сесці?» —
«Не застанецца далікатнаму нічога!
Нас, бачыш, купа, а гарэліцы нямнога», —
І пан падаў бутэльку, каб стральцу даць слова.
«Уклон вам нізкі. За здаровейка, панове! —
На лык узяў, аж пацякло з даўгіх вусоў. —
Калі не супраць, дык я сяду між паноў…
Тых часаў дзе сляды, калі было багата
Глушцоў, больш, як цяпер баранчыкаў дзюбатых?!.
Калісь мы білі медзвядзя, лася, дзіка,
Цяпер за мілю ехаць трэ на шарака;
Не вабіў цецярук калісьці паляўнічых,
А сёння перапёлку за ласунак лічаць.
Цьфу! А стралец цяпер! няўклюда, целяпень!
Глядзець я не магу на гэтакую дрэнь!
Трымае стрэльбу, нібы мыліцу калека,
Пальне і тут падскочыць: схібіў, бо няўмека!
Ці ж хто на паляванні знаецца з хлапцоў?
Узяць аблаву. Згоняць зграю селюкоў,
Ні ладу, ні парадку, толькі крыкі, смехі!
Адны пайшлі ў грыбы, другія ж — у арэхі.
Бадай ім з пекла не вылазіць! Акурат
Вось пазаўчора і ўцякло ваўкоў тых шмат.
Аж чорт мяне насіў, аж засвярбела лапа,
За звычаем старым узяў бы я гарапнік.
Даўней, як да навукі прынялі хлапца,
Яго вучылі бізунамі на стральца,
Была за пудла скура кожнага ў рабоце:
Таму якія зухі ў пушчы, на балоце!
Вось так было тады. Пацвердзіць кожны з вас,
Сапраўдных паляўнічых мала ўжо ў наш час.
І я, хто бачыў тых стральцоў, навуку тую,
Па тэй мінуўшчыне ажно да слёз сумую.
Раз, помню, да двара з засценка прынялі
Двух хлопцаў, двух братоў. Што за стральцы былі!
Іх прозвішча Чырэц. Дваровыя другія
Стральцы да іх ні блізка, кулямі ржаныя
Саломінкі сціналі». —
«Дзе цяпер браты?» —
«Адзін з іх гаспадар, заможнік, багатыр,
А колькі ён зямлі паводле стану мае!
Другі ў спачыне Божым, ні пра што не дбае». —
«Памёр?» —
«Ага, быў гэткі зух, шкада яго,
Мядзведзь, кудлач, папераломваў усяго». —
«Як сталася? я ж чуў, не хібіў аніколі». —
«Калі запіша Бог каму якую долю,
Ужо таго не ўнікнуць, маюць лёс усе:
Мы толькі стрэліць можам, кулю Бог нясе.
Было вось гэтак. Нам асочнікі сказалі,
Што троп мядзведзіцы вялікай напаткалі,
Медзведзяняты і пястун хадзілі з ёй.
Трэ асачыць, быў момант надта зручны той.
На нас, стральцоў, ураз падзеяла выснова:
Як лоўчы ў двор дасць знаць, дык з'едуцца панове,
Аблаву сцягваць з вёскі — будзе ўсім наказ,
А нам што з гэтага? Без плёну амбарас.
Тады мы парашылі: без аблавы самі
На паляванне рушым тайна з ганчакамі.
Лясы мы зналі тут і за Зарэччам шчэ,
Ды лёгкія на ногі. Кудла не ўцячэ!
За скуру мецьмем грошы, кішаню напоўнім.
Была тады ўжо восень позняя, як помню,
Дзён колькі замаразкі, меркавалі мы:
Мядзведзіца, пачуўшы надыход зімы,
Шукае месца добрага на свой спачынак,
А самка, як з малымі, страшная звярына,
Ды ў нас, у маладых, і сіла, й востры зрок,
А досвед каб здабыць, трэ не адзін гадок.
Мы псоў бярэм, пяцёра нас, і рушым, значыць, —
Браты Чырцы два, Грышка, я і даязджачы.
Ішлі мы разам, пэўна, больш за мілі тры,
Дзе багнішчы, імшары, галыя бары.
Заядлы, востры гон нарэшце мы пачулі,
Сабакі медзвядзя, няйначай, скубанулі.
Хто ўправа!.. хто налева!.. раптам трэск і роў,
Мядзведзіца бароніцца ад ганчакоў,
Шпурляе што папала: пні і лом усякі,
Дакучліва ўсё лезуць да яе сабакі.
Чырэц старэйшы — лясь! — ды стрэльба падвяла,
З другое рулькі — лясь! — зноў!.. яліна памагла,
Яго на хвілю ўкрыла ад звяругі тога,
Чырэц тут кінуў стрэльбу і дай Божа ногі.
На шчасце, псы змаглі хоць крыху паўстрымаць,
Мядзведзіцу рвуць ззаду, кудлы аж ляцяць,
Ды здаганяе хлопца, крык пачуў ягоны:
«Ратуй, о Божа!» — зваў Чырэц да абароны.
Прыцэліўся… але страляць было тут як,
Калі калені трэсліся, калі гушчак,
Калі напераменку бачыцца, паверце,
То чалавека галава, то пашча звера.
Нарэшце: бах! шчэ бах! страляў я з гушчару —
Мядзведзіца ажно падскочыла ўгару,
Схапілася за голаў лапаю і села,
Хіснулася і, падаючы, зарычэла.
Мы да яе, ўжо душаць псы медзведзянят,
Пястун бароніць, пад лапаткі — пух! Віват!
Як раскусіць арэх — адразу ўсіх паклалі,
Чатыры трупы медзвядзячыя ляжалі.
Не парушаць жа звычаю, панове, нам,
За чарчынай разгаманіліся мы там,
Гарэзуем сабе, вясёлыя такія,
Нябожчыцу Чырэц старэйшы лупіць кіем
І прымаўляе: «Пападзерла ты калод?!
І маеш, дабрадзейка, кулю ў лоб за мёд!
А колькі коней, бараноў, цялят, кароваў
Задзерла ты, праклятая! Ляцела з ровам
За мною, каб узяць у кіпцюры свае?
Чакай жа!.. Косці я памацаю твае!
Калі Чырэц прыказваў і лупіў, шчэ тая
Нябожчыца мядзведзіца была жывая,
За ногі хоп і драпаць пачала Чырца…
За стрэльбу кожны — не набітая ў стральца…
Пасля да вуха рулю… стрэл… адныя раны:
Руку Чырцу пагрызла, скура ўжо садрана…
Убачылі мы ў тэй мядзведзіцы тады
Дзве баразны на мордзе — стрэлаў двух сляды,
Не закранулі мозку. Цэліў дасканала,
Ды следу кожнаму дзвюх цаляў бракавала.
Хвілінай гэткай сэрца грудзі разрывае,
А занямелая рука курок спускае.
Вось так па радасці прыйшла тады і страта,
Чырэц не скуру медзвядзёву нёс, а брата.
Пакуль дамоў занеслі сцежкаю лясной,
Гадзіны дзве мінула. Сплыў стралец крывёй,
Прытомнасць страціў ён. Не памаглі і лекі,
І праз два тыдні той Чырэц спачыў навекі». —
«А што тады панове?» —
«Па прыгодзе той
Спісаў нам скуру лоўчы ўласнаю рукой,
Бо заслужылі. Моладзь шкодная залішне,
То ж блаславёная рука, як скуру спіша.
А зараз што? Не чуе скура бізуна,
І ў галаве і ў сэрцы пустата адна».