Той жа пакой у доме Лабыша. Каля ўваходных дзвярэй пры левай сцяне па-ранейшаму стаіць канапа. Уздоўж задняй і правай сцен — сталы з гарэлкай і закускай. На канапе сядзіць Яніна і горка плача, выціраючыся насоўкай. Каля сталоў пахаджваюць Лабыш, Марыля, Надзя і Янук. Уваходзіць Анатоль. Ён у чорным касцюме.
Анатоль. Ну, ужо і малады едзе, чуваць. Музыка аж разлягаецца.
Яніна. А божачкі, а міленькія! Што ж мне рабіць цяпер? Дзе ж мне дзецца?
Лабыш (да Янука). Дык рыхтуйся, сваток, прыданых сустракаць. (Да Марылі.) І ты, сваціца, знай сваю справу.
Марыля. У мяне ўсё гатова.
Яніна. Нашто ж я на свет нарадзілася, няшчасная? Чаму ж мяне, маленькую, хвароба не скасіла якая? Для чаго ж мне жыць зараз? (Плача.)
Янук (да Лабыша). Не ведаю, як і сустракаць нам тых прыданых, калі тут ракой слёзы льюцца. (Глядзіць на Яніну.)
Лабыш. А каб ты здароў быў, сваток! Няўжо ж ты за свой век не прывык яшчэ да бабскіх слёз.
Янук. Не, мілыя, яшчэ не бачыў я, каб так маладая плакала. Яна ж галосіць, нібы са светам развітваецца.
Лабыш. Дзяўчыне ж трэба са слязьмі замуж выходзіць. Калі каторая, кажуць, на вяселлі сваім не плача, дык потым замужам адплача тое.
Яніна. Каб мяне аддавалі за Лявона, то я і не думала б плакаць.
Анатоль. Што пра таго злачынца думаць: яму ўжо не вярнуцца з турмы жывому.
Надзя. А суда яшчэ не было, так што невядома, колькі прысудзяць. (Ідзе ў суседні пакой.)
Янук. Пакуль суд, здароўе ўсё вымуць.
Чуюцца ржанне коней, звон бразготак і музыка.
Анатоль. Прыданыя на двары ўжо.
Яніна. Усё роўна не буду жонкай Ганецкага.
Янук. Дык што нам рабіць? Пачынаць вяселле ці дахаты ісці?
Марыля. Але радня пазбіралася, суседзі, і ходзяць усе па двары, як непрыкаяныя.
Анатоль. Ёй, відаць, прыемна народ круціць. (Выходзіць.)
Лабыш (да Яніны). Досыць хліпаць тут! Замры! (Ідзе ў суседні пакой.)
Марыля (да Янука). Ідзі па каравай, а я па ручнік пайду.
Янук і Марыля ідуць у суседні пакой. Уваходзіць Ляснічыха.
Ляснічыха. Да пачуе цябе гасподзь у дзень пячалі і абароне цябе імя бога.
Яніна. Прыйшлі ўсё-такі, не падвялі… А ці ж прынеслі тое, што я вас прасіла?
Ляснічыха. А плата?
Яніна. Вось вам. (Здымае з сябе залаты крыжык.) Хопіць гэтага?
Ляснічыха. А ён з чыстага золата?
Яніна. З чыстага. Там проба, глядзіце, ёсць.
Ляснічыха (паглядзеўшы яшчэ раз на крыжык). Ну, дык трымай насоўку.
Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі.
Яніна. А з чым прыняць гэта, скажыце?
Ляснічыха. З гарэлкай, і не бойся, як заснеш усё адно.
Яніна. Вельмі дзякую вам. Вы мяне выратавалі. Цяпер я іх не баюся.
Голас знадворку. Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Ляснічыха. Ужо і прыданыя ў хату ідуць. Спасі госпадзі, бо не стала праведнага паміж сынамі чалавечымі.
Ляснічыха выходзіць. З суседняга пакоя ў гэты час уваходзяць Лабыш, Янук з караваем, спечаным у выглядзе сонца, і Марыля з ручніком.
Лабыш. О, нешта ж нядобрае будзе: Ляснічыха на вяселле зайшла.
Янук (перахрысціўшыся). От, глупства гэта! Дасць бог, і як найлепей усё абыдзецца.
Марыля (да Яніны). А ты ўжо не плачаш, ягадка?
Яніна. Што з таго плачу майго, калі на яго ніхто ніякай увагі не звяртае. Не буду больш і твару свайго слязьмі псаваць.
Уваходзяць дзед Струкач, Альжбета, Люба і іншыя вясковыя жанчыны і дзяўчаты.
Дзед Струкач. Добры дзень у хату!
Лабыш. Хто з просам, а хто першы з носам.
Дзед Струкач. А я не прыйшоў вашай гарэлкі напіцца, паглядзець прыйшоў.
Лабыш. Няўжо ж ты за свой век яшчэ мала вяселляў бачыў?
Дзед Струкач. Шмат бачыў у добрых людзей — захацеў паглядзець у багатых.
Альжбета. Хоць жа і гора ў нас з табой, Любка, але давай прыпяём гаспадару, калі ён такі ганарысты.
Люба. Правільна, цёця: мы свайго гора не паправім тым, што пець не станем. Сваёй жалобай мы толькі ворагаў нашых цешыць будзем. (Запявае.)
У бары старым зязюля кукуе…
Усе жанчыны і дзяўчаты падхопліваюць песню.
Што Лабыш скупы дачкі не шкадуе,
Каб не даць пасагу аніякага,
Аддае дачку ён за багатага;
За багатага, ды недарэчнага,
Непрыгожага і бессардэчнага.
Лабыш (махнуўшы рукой). А ну вас! З вамі лепш не займацца. (Ідзе ў суседні пакой.)
Уваходзіць Базыль, несучы перад сабой на белым абрусе каравай, спечаны ў выглядзе паўмесяца.
Базыль (падняўшы каравай над галавой). Светлы сярэбраны месячык прыйшоў да яснага залатога сонейка шукаць сяброўства і цеснага саюзу, каб разам свяціць днём і ноччу і ніколі не разлучацца паміж сабою. Ці згодна яснавяльможнае сонейка на такі саюз?
Янук (падняўшы каравай-сонца над галавой). Наша сонейка не па сабе сціплае і таму не можа адмовіць вяльможнаму месяцу.
Яніна кланяецца Базылю ў ногі.
Дзед Струкач. Нявест паважаюць, усяляк услаўляюць, а жонак потым б’юць і плакаць не даюць.
Янук (да Базыля). То давайце, сваток, я вам рукі аблягчу. (Бярэ ад Базыля каравай і кладзе яго пад абразы на стол разам са сваім караваем.)
Базыль (дастаўшы з-за пазухі здобную булку, да Яніны). А гэта мілай царэўне гасцінец ад нашага князя.
Яніна (узяўшы булку). Дзякую. (Кланяецца зноў Базылю і ідзе ў суседні пакой.)
Марыля (падышоўшы да Базыля). А гэта слаўнаму баярыну ад нашай царэўны генеральскі чын. (Перавязвае Базыля ручніком.)
Базыль. Найлепшы чын, як нічым.
Янук (адчыняе ўваходныя дзверы). Дык прашу, сваточкі, у хату ўсіх. З дарогі прыехаўшы, трэба адпачыць.
Уваходзіць Ганецкі са сваёй дружынай і музыкантамі.
Марыля. Проша не затрымлівацца, сваточкі, залазьце за сталы адразу.
Янук. Але, не застаўляйце сябе доўга ўпрошваць, самі сядайце.
Базыль. А мы людзі не гордыя і вялікай просьбы не патрабуем для сябе. Мы з парога і пад бога. (Паказвае рукой на абразы.)
Ганецкі і яго дружына, музыканты садзяцца за сталы.
Янук. Дык падмацоўвайцеся, сваточкі, пакуль мы тут маладую падрыхтуем.
Марыля. І не саромцеся: хлеб і гарэлка на стале, а рукі свае.
Янук і Марыля ідуць у суседні пакой.
Базыль. А як жа мы адны піць будзем? (Гукае.) Сват дамовы… чарка без мовы!
З суседняга пакоя ўваходзіць Лабыш.
Лабыш. Іду, сваточкі, іду. Я там крыху каля маладой забавіўся. (Падыходзіць да стала, за якім сядзіць Ганецкі, і бярэ чарку з гарэлкай.) То здароў будзь, сынок!
Ганецкі. На здароўе, коханы ойцец.
Лабыш з Ганецкім чокаюцца праз стол і выпіваюць. За імі выпіваюць свае чаркі і іншыя.
Дзед Струкач (да Альжбеты). Невядома, хто з іх старэйшы: бацька ці гэты — сынок?
Альжбета. Чорт іх ведае: яны што браты ўсё адно.
Лабыш (закусваючы). Сілкуйцеся, сваточкі, будзьце як дома. (Ходзіць каля сталоў, наглядаючы за парадкам.)
Базыль (да дружыны Ганецкага). Будзьце як дома, але і не забывайцеся, што ў гасцях.
Жанчыны і дзяўчаты пяюць.
Чаго прыехаў пан Ганецкі,
Мы табе Янечкі не дадзім,
Мы табе тры ганьбачкі дадзім:
Адна ганьба — конь не ўбран,
Другая ганьбачка, што сам стар,
Трэцяя ганьбачка — п’яніца.
Лабыш (да Ганецкага). Ну, сынок, не толькі мне, і табе перапала.
Ганецкі. Што ж! Якая песня, такая і плата. (Працягвае спявачкам маленькую манету.)
Люба. А мы пець не наймаліся, так што і грошай браць не думаем.
Сканфужаны Ганецкі хавае грошы ў кішэню.
Дзед Струкач. Нашы бабы, пане Ганецкі, не прадаюцца за медзякі.
Лабыш (падышоўшы да дзвярэй суседняга пакоя і адчыніўшы іх). Ну, ці скора там маладая гатова будзе?
Голас Марылі. Зараз, сваток, зараз! Канчаем прыбіраць!
Жанчыны і дзяўчаты пяюць.
Нясіце дзежачку хлебную,
Вядзіце матачку родную.
Ані мне дзежачкі не нясуць,
Ані мне мамачкі не вядуць.
Хлебная дзежачка для славы, —
Родная мамачка, блаславі.
У гэты час з суседняга пакоя выходзіць Янук з хлебнай дзежкай у руках, за ім Марыля з падушкай пад пахай, а за ёй Надзя з абрусам. Янук ставіць дзяжу сярод хаты, Марыля кладзе на дзяжу падушку, Надзя накрывае падушку абрусам. Затым яны ідуць зноў у суседні пакой.
Лабыш (да Ганецкага). Зараз і маладую прывядуць.
Ганецкі. Хутчэй бы, а то я ўжо і смуціцца пачынаю.
Базыль. Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Адчыняюцца дзверы суседняга пакоя і ўваходзіць Янук.
Янук (да музыкантаў). Музыканцікі — марш!
Музыканты іграюць марш. З суседняга пакоя ўваходзіць Анатоль, ведучы пад руку Яніну. Яна ў белай сукенцы з вэлюмам і ў вянку. За ёй ідуць уся яе дружына і госці. Надзя нясе ў руках свечку, запалкі і кальцо. Жанчына і дзяўчаты пяюць:
Брат сястру на пасад вядзе,
Ён не жалуе,
А яна яму не дзенькуе.
Марыля. Панове музыкі, вы добра ігралі, але я папрашу, каб вы перасталі. Не я прашу — маладая ўпрашае пакорным добрым словам. Дзе тут ёсць: маткі, бацькі родныя і хрышчоныя; браты, сёстры, сябры, сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця!
Галасы. Няхай яе бог благаславіць!
Марыля абводзіць Яніну вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць ёй:
Застрыганае дзіця
Застрыгаціся хоча,
Косачкі расплятае,
Слёзкі пралівае.
Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Дзе тут ёсць: маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Марыля абводзіць Яніну зноў вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Біце камень, біце,
Агню здабывайце,
Свечачку зажыгайце,
Дзевачку застрыгайце.
Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Надзя запальвае свечку і дае яе Марылі, потым дае ёй кальцо, Марыля абводзіць запаленую свечку тры разы вакол Янінінай галавы, пасля бярэ кальцо, укладае ў яго кончыкі валасоў і прыпальвае іх свечкай. Прыпальваюцца валасы ў трох месцах: на адным віску, на патыліцы, на другім віску. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Ой, добра, добра дзевачка зрабіла,
На пасадзе села, як маці зрадзіла.
З пасаду ўстала,
Як ружа звяла.
Марыля (затушыўшы свечку). Ну, першы шафер і першая шаферка, бярыце маладую цяпер і за стол вядзіце.
Базыль. Музыкі, марша маладой! Але такога, каб аж шыбы з вокнаў павыляталі! (Гойкае.) Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Музыканты іграюць марш. Анатоль і Надзя бяруць Яніну пад рукі і вядуць яе да Ганецкага. За маладой за сталы залазяць яе шаферы і шаферкі і ўсе госці.
Дзед Струкач. Павялі козачку ў кіпцюры воўчыя!
Марыля бярэ абрус і падушку, Янук — дзяжу, і ідуць у суседні пакой. Лабыш дапамагае ўсаджвацца гасцям.
Лабыш (узяўшы чарку). Перад выездам да шлюбу прашу маладых, сватоў і гасцей усіх выпіць і закусіць. (Выпівае сваю чарку.)
Ганецкі. Дык вып’ем жа і мы, толькі да дна, панна Яніна.
Яніна (перахрысціўшыся). Да дна. (Сыпле ў чарку атруту з насоўкі, заплюшчвае вочы і выпівае.)
За маладымі выпіваюць свае чаркі і ўсе астатнія. Уваходзяць Янук з Марыляй у вывернутых кажухах. Музыканты іграюць польку, і яны скачуць.
Марыля (скачучы, ухкае). Ух! Ух! Ух!..
Янук (скачучы, гойкае). Гой! Гой! Вяселле пачынаецца!
Марыля (спыніўшыся). Дай божа ў гэтай хаце кожны год скакаць.
Галасы. Дай жа божа!
Янук. Скакаць, пець, іграць і ніколі не сумаваць!
Галасы. Дай жа божа!
Янук і Марыля скідаюць з сябе кажухі і садзяцца за стол. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Ох ты, рэчанька, ох ты, быстрая,
Ох ты, быстрая, беражыстая,
Ды чаго стаіш, чаму не цячэш?
Яніна (адпявае).
Ды я так цяку, ды я сяк цяку,
З цяжкіх каменняў усё не выцеку.
Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Ой ты, дзяўчынка, маладзенькая,
Ды чаго сядзіш, чаго не плачаш?
Яніна.
Ды я так плачу, ды я сяк плачу,
Свайго татулькі ўсё не разжалю.
Мой татулька благі, нежалосны,
Аддае мяне, недарослую,
Недарослую, недаўмелую,
Ды, як ягадку, недаспелую.
Ганецкі (да Яніны). А чаго вы плачаце, панна Яніна? Вы ж не ведаеце: можа, у мяне вам як найлепей будзе.
Яніна. А я і не хачу плакаць, але неяк самі слёзы сыплюцца. (Выцірае насоўкай вочы.)
Лабыш (да Яніны). Ну, ты, цыц!
Ганецкі. Калі я не бачу слёз на вашых вачах, дык і мне на душы лягчэй становіцца.
Базыль (устаўшы, да маладых):
Няхай вас, дзеці, бог благаславіць
Шчасцем, доляю,
Векам доўгім,
Бытам добрым!
Дай жа божа гэтай пары
Шчасця і долю,
Хлеба і волю,
Каб бог жыта радзіў,
Скацінку зашчыціў,
Здароўем надзяліў!
Каб былі багаты, як зямля,
Здаровы, як вада, нахільны, як вярба,
Каб адзін аднаго шанавалі
І нас, старых, не забывалі.
Базыль садзіцца, і ўсе зноў пачынаюць піць гарэлку.
Дзед Струкач. Правільна. І каб старых не забывалі.
Яніна. Ох! (Моршчыцца ад болю.)
Надзя. Што з табой, сястрыца?
Яніна. Надта пад грудзьмі сціснула.
Ганецкі. Гэта вам ад жалю, панна Яніна.
Анатоль. А можа, што з’ела нядобрае?
Яніна. Не, мне не ад яды, мне ад пітва, я ведаю. (Зноў моршчыцца ад болю.)
Лабыш (пахаджваючы каля сталоў). Піце, сваточкі, піце! Не шкадуйце маёй гарэлкі — я вам яшчэ яе прынясу.
Ганецкі. Не, панове, мусіць, канчаць будзем: пара да шлюбу ехаць. Тут ужо і панне млодэй ад гэтай духаты млосна робіцца…
Базыль. Паедзем, сваточкі, паедзем. Хто не дапіў яшчэ, потым дап’е. Папрашу дружыну пана маладога вылезці з-за стала. (Вылазіць сам.)
Ганецкі і ўся яго дружына вылазяць з-за сталоў і выходзяць на двор.
Янук (да маладой). Ну, Янечка, табе пара ўжо вакол сталоў хадзіць з дружынай сваёй.
Яніна. Прасіць прабачэння ў бацькі і бога я згодна.
Госці выходзяць з хаты. Выходзіць і дзед Струкач. Яніна, пакланіўшыся бацьку ў ногі, абыходзіць са сваёй дружынай вакол сталоў. На куце яна спыняецца і цалуе абразы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Не ведаў татка, як дачушку збыць…
Збыў яе татачка за адзін дзянёчак,
За адзін дзянёчак, за вечарочак.
— А ідзі, дачушка, не заставайся,
На маю хатку не ўглядайся.
Яніна (абышоўшы вакол сталоў і другі раз пакланіўшыся бацьку). Ой!.. (Да Надзі.) Надзенька, падтрымай ты мяне, а то я ўпаду зараз — мне вельмі дрэнна. (Корчыцца ад труднаты.)
Надзя. Хадзі, сястрыца, каля акна сядзь. Можа, табе палягчэе. (Падводзіць Яніну да акна і садзіць яе на лаве.)
Янук. Ну, сваточкі, пойдзем коней запрагаць.
Анатоль. Жывей, хлопцы. (Выходзіць у суседскі пакой.)
Лабыш. Ага, не марудзьце, братцы. (Ідзе ў суседні пакой.)
У хату ўваходзіць Максім, накіроўваецца да Янука.
Максім. Сваток, дык дазволь згуляць моладзі.
Альжбета. Сынок, што ты робіш?!
Янук. Максім, як ты адважыўся прыйсці сюды?!
Максім. Проста, на танцы прыйшоў.
Альжбета. Максімка, дзіцятка, ідзі адгэтуль.
Максім. Дык што, вы і пагуляць мне не дасцё?
Янук. Да шлюбу, братка, едзем ужо. Хіба потым.
Максім. Ну хоць на адзін танец дайце музыкантаў.
Уваходзіць Анатоль.
Анатоль. Што тут за балаган такі?.. А, гэта ты, астрожнік! Вон пайшоў адсюль, бадзяка лясны! Што табе трэба тут?!
Максім. Гэта я праз цябе бадзяюся, пільсудчык ты!
Анатоль. Праз мяне? Хто табе казаў? Максім!..
Максім. А ты думаеш, я не ведаю, што ты з Ганецкім нашых хлопцаў у турму запякаў. Мне гэта Мішка Банадысёў казаў, які з Картуз-Бярозы збег і цяпер разам са мной у лесе хаваецца. Падавай мне брата! (Бярэ яго за штрыфлі касцюма.)
Анатоль. На!.. (Б’е яго па твары.) На табе брата.
Максім. Ах ты, гадзіна! (Хапае са стала нож і ўдарае ім Анатоля.) Мне турма, табе магіла. (Бяжыць на двор.)
Анатоль. Ой! (Падае.)
Лабыш. А божачка! А міленькі! (Падбягае да Анатоля.) Толік! Толік! Сынок!.. (Нахіляецца над ім.)
Анатоль. Лавіце, трымайце душагуба праклятага!
Лабыш. За Ляснічыхай збегайце хто! Кроў астанавіць трэба!
Дзяўчына. Я збегаю па яе! (Выходзіць.)
Янук. Давайце ў тую хату вынесем яго. (Янук з Лабышам падымаюць Анатоля і выносяць яго ў суседні пакой.)
Марыля. А божа ж мой, што ж гэта будзе з ім?
Хлопец. Выжыве, нідзе дзенецца. Ён, што кот — жывучы: яму ж ужо не раз пападала на вечарынках.
Марыля. Не, мілыя, мусіць, не вытрымае: вельмі моцна паласнуў яго Максім.
Яніна. Толік! (Устае і накіроўваецца ў суседні пакой, але пасярод хаты падае.)
Надзя. А матачкі! Яна самлела! Цётка Марыля, вады хутчэй!
Марыля (узяўшы са стала кубак з вадой, да Надзі). Расшпілі ёй сукенку, на грудзі пырснуць трэба. (Надзя расшпіляе сукенку Яніне, і Марыля пырскае ёй на грудзі вадою.)
Надзя. Яшчэ пырсніце, цётачка, яна ўжо заварушылася была.
Яніна (прыйшоўшы ў сябе). Не трэба… не паможа… Я паміраю.
Марыля. Малака кіслага трэба даць ёй.
Яніна. Не чапайце мяне… Дайце мне спакойна памерці… Я… атруцілася.
Марыля. Матачка найсвентшая! Пане Лабыш! Дачка атруцілася.
Убягае Лабыш.
Лабыш. А божачкі! А мілыя! Дачушка мая!
Уваходзіць Ляснічыха.
Ляснічыха. Паўстане бог і растачацца вразі яго…
Лабыш. Ратуйце дзяцей, Тадора, дачку ад смерці… Нічога не пашкадую: пяцьдзесят злотых дам.
Ляснічыха. Як рассяваецца дым, ты, госпадзі, рассей так балесць; як тае воск ад ліца агню, ты, божа, растапі нядуг яе.
Лабыш. Яна ўжо канае! Свечку, свечку нясіце! Дзіцятка маё, прабач мяне. Я ж не ведаў, што ты праз любоў сваю загінуць можаш. (Плача.)
Ляснічыха. Ёй ужо нічога не трэба. Яе зорачка патухла на небе. А дзе ж Анатоль?
Марыля. У той хаце, Тадорка.
Ляснічыха ідзе ў суседні пакой. Да Яніны падыходзіць Марыля з запаленай свечкай у руках.
Марыля (складаючы Яніне рукі на грудзях і заціскаючы вочы). Спі, Янечка, спі, дзіцятка, — табе ў трунцы раскашней будзе, чым у гэтым доме вялікім.
Надзя. Ай! (Падае Яніне на грудзі.)
Усе плачуць.
Лабыш. О божа! А на каго ж працаваў? А для каго я стараўся? А каму ж я зямлю гэту здабываў. Як ты пакараў мяне!
З’яўляецца Ляснічыха.
Ляснічыха. Господи, облегчи скорбь мою, помыслами благочестия сердца наши просвети и сыну твоему молитву вознеси о спасении душ наших.
Заслона.
Вуліца. На вуліцы стаяць Люба, Надзя, Альжбета і Марыля. Надзя чытае пісьмо.
Надзя. «Добры дзень, мама і тата. З нізкім паклонам да вас ваш сын Грышка. Пішу пісьмо я вам з палявога лазарэта. Мяне паранілі…»
Марыля (плача). Сынок.
Надзя. «…але не хвалюйцеся і не бядуйце, зусім лёгка. Мне яшчэ пашанцавала. Вось тут са мной ляжыць Кастусь Карыцкі з Зарэчча, дык ён, нябога, без правай рукі застаўся».
Альжбета. Ой, такі хлопец!
Надзя. «А Міколу Каляду з Глінішча пахавалі ўчора. Яго моцна пасекла асколкамі».
Альжбета. Бедная Тэкля: ні мужыка, ні сына.
Надзя. «Быў страшны бой за Варшаву. Мала хто выйшаў з акружэння».
Люба. Прагулялі Польшчу паны.
Надзя. «Дарагія тата і мама! Прыхавайце мой гармонік. Я вярнуся і яшчэ буду іграць на ім. Пішыце, што ў вас чуваць? Як вы жывяце цяпер? Ці паправілася наша Падласка? Як там мой шустрак Гняды?»
Марыля (плачучы). Ён і не ведае, што каня пад войска ўзялі.
Надзя. «Перадайце мой паклон Стасі і ўсім блізкім і знаёмым. Застаюся ваш сын Рыгор Іванавіч Баравец». (Аддае пісьмо Марылі.)
Марыля. Дзякуй, дачушка. (Хавае пісьмо за пазуху.)
Люба. Апусцела вёска. Усю моладзь пабралі. Каго на фронт, а каго ў турму.
Марыля. Хто ў турме, дык вернецца, а вось хто на вайне — невядома.
Люба. Лёгка сказаць — дзесяць гадкоў чакаць.
Надзя. А мне столькі ды яшчэ паўстолькі.
Марыля. Бедная ты. Ты і грошы аддала свае ўсе і не вырвала Адаську з турмы.
Надзя. Што грошы. (Плача.)
Альжбета. Не плач, дачушка, будзем разам чакаць яго. У мяне па абодвух душа баліць. І Максім жа, як воўк, ад паліцыі хаваецца.
У небе раздаецца гул самалётаў.
Марыля. Зноў вірапланы лётаюць.
Альжбета. А высока — і не відаць нават.
З’яўляецца дзед Струкач. Ён зусім састарэў. Ідзе, сагнуўшыся, і апіраецца на палку. У зубах яго дыміць люлька.
Дзед Струкач. Здаровы, дзеткі.
Надзя. Добры дзень, дзядуля.
Дзед Струкач. Што вы ўтыкнуліся ў неба?
Альжбета. Во, немец сюды ўжо прыляцеў.
Дзед Струкач. Халера з ім! Усё адно паміраць мне. (Кашляе.)
Люба. Дзіва што! Такую махорку курыць.
Дзед Струкач. А гэта не махорка, гэта — бульбянік.
Альжбета. Лабыш дурны ідзе.
Марыля. Во, да чаго давёў чалавека асаднік. Такую гаспадарку абманам узяў і з хаты выгнаў!
Дзед Струкач. А чорт яго бяры! Сам быў цаца добрая.
Па вуліцы праходзіць Лабыш. Ён значна пастарэў і пахудзеў. Вопратка на ім парваная, і месцамі свеціцца голае цела.
Лабыш. Зямля і грошы, грошы і зямля… О, я багаты! У мяне шмат зямлі і грошай, і гэта мая зямля. (Паказвае на левы бок вуліцы.) І гэта мая. (Паказвае на правы бок вуліцы.) І гэта. (Падбівае босай нагой пясок на вуліцы.) А гэта добрая зямля! На ёй золата можа расці. (Нагінаецца і набірае ў кішэні пяску.)
Дзед Струкач. Хапай, хапай! Не нахапаўся яшчэ за свой век. Не, брат, больш трох аршын не адхопіш. (Закашляўся.)
Лабыш (падыходзіць да людзей). Яніны не бачылі, куды пайшла?.. І Толіка няма.
Альжбета (скідаючы з сябе пінжак). На табе, Антось, мой каптан, а то ж цела голае свіціцца.
Лабыш (хапаючыся за полы свайго пінжака). Грошы! Грошы! Грошы хочаш украсці?!
Альжбета. Дзе яны ёсць там тыя грошы ў цябе? Калі, можа, і былі дзе зашыты якія, дык даўно вываліліся.
Надзя. Надзеньце вазьміце.
Лабыш. Не дам! Не дам! (Мітусіцца па вуліцы.)
Праходзіць устрывожаны Ганецкі. Лабыш кідаецца да яго.
Лабыш. Паночку, ратуйце! (Хапае яго за руку.)
Ганецкі. Што табе трэба ад мяне, вар’ят? Адстань! (Адштурхоўвае яго.)
Дзед Струкач. Дык што вы, пане Ганецкі, ужо і прывітацца з цесцем не хочаце?
Ганецкі паспешна адыходзіць. Лабыш пануры пляцецца ў другі бок. Альжбета з пінжаком у руках ідзе ў хату.
Ха-ха-ха! Во адхапіў сабе зяця Антось! (Закашляўся.) А каб цябе немач з гэтай хваробай.
Марыля. Ну, трэба ж і мне ісці.
Даносіцца гарматны выбух.
Што гэта?
Усе прыслухоўваюцца. Раздаецца некалькі гарматных выбухаў.
Люба. Няўжо немцы дабіраюцца сюды?
Надзя. Але чаму гэта адтуль страляюць?
З’яўляецца Янук.
Янук. Што вы прыслухоўваецеся?
Дзед Струкач. Ды вось немец з гармат смаліць ужо.
Янук. Гэта не немец. Гэта — бальшавікі!
Марыля. Ну? Праўда? Не можа быць.
Янук. Дальбог праўда, мусіць! Чаму ж з таго боку страляюць?
Люба. Ой, нешта не верыцца!
Янук. Чаго не верыцца? А чаму ж палітзняволеных выпусцілі? Толькі што сустрэў я Мятліцкага з Дубавых. Дамоў ішоў.
Люба. А пра нашых нічога не чулі?
Янук. Не, ён у Лукішках сядзеў.
Надзя. Цёця, цёця! Сюды хадзіце!
Выбягае Альжбета.
Хутка Адась прыйдзе!
Альжбета. Ай-ёй! Хто гэта кажа?
Надзя. Ды вось дзядзька Янук Мятліцкага з Дубавых бачыў.
З’яўляецца Базыль.
Базыль (здалёку крычыць). Бальшавікі ідуць. Чулі?! Я з горада цяпер. У паноў ад страху ўсе блохі падохлі! Хто куды ўцякаюць. Што там робіцца, братцы!
Люба (кідаецца на шыю Надзі). Надзька!
Надзя (абдымаючы Любу). Любка!
Марыля. Пайду людзям казаць. (Выходзіць.)
Альжбета. Мужчынкі! То, можа, мне ўжо і Максіма выпусціць можна? А то ён у саломе, як пацук, сядзіць.
Базыль. Выпускай на сонца, на паветра!
Альжбета выходзіць.
Янук. А што ты, дзядзька Струкач, не радуешся?
Дзед Струкач. Цьфу, каб вы папухлі, таўстапузыя! Дваццаць гадкоў у мяне адабралі. (Устае.)
Смех.
Што вы рагочаце, як жарабцы? Вам толькі жыць цяпер, а мне ўжо паміраць пара. (Адыходзіць.)
З’яўляюцца Максім і Альжбета.
Максім (жмурачыся на сонца). Здаровы, братцы.
Базыль. Здароў, здароў, Максім.
Вітаюцца.
Альжбета. Надзя, дачушка, хадзі памажы ў хаце прыбраць. Гэта ж свята находзіць такое!
Люба. І я пайду дапамагу вам.
Альжбета, Надзя і Люба выходзяць.
Янук. Насядзеўся нябось.
Максім. Але, колькі дзён сонца не бачыў.
Базыль. Ну, цяпер можаш супакоіцца. Няхай паны ўжо хаваюцца.
Янук. Ага, няхай Ганецкі ў салому лезе.
Максім. А ён яшчэ тут?!
Базыль. Зямля яго ведае? Можа, і ўцёк куды, гад.
Максім. Хадзем паглядзім.
Мужчыны адыходзяць. Нейкі момант на вуліцы пуста, потым з’яўляецца Міхась. З варот насустрач яму з вядром у руках выходзіць Надзя.
Надзя. Міхась!
Міхась. Добры дзень, Надзя.
Надзя (упусціўшы вядро). Любка! Міхась дома!
Чуецца радасны крык Любы, затым бяжыць яна сама. Дабегшы да Міхася, спыняецца ў разгубленасці.
Міхась. Здарова, Любка.
Люба. Міхась! (Кідаецца яму на шыю.)
Міхась. Што, прачакалася?
Люба. Во, сам ведаеш.
Надзя. А дзе ж Адась?
З’яўляецца Альжбета.
Альжбета. Выпусцілі?! Здароў, сынок! А дзе ж Адась мой?
Міхась. Добры дзень, цётка. Не бядуйце, за мной ідзе. Там людзі затрымалі яго.
Надзя (паглядзеўшы ўздоўж вуліцы). Вунь ён ідзе! (Бяжыць у той бок.)
Міхась (да Любы). Ну, як ты жыла тут?
Люба. Пра цябе ўсё думала… Але я верыла, што ты вернешся.
З’яўляюцца Адась з Надзяй, трымаючыся за рукі, Лявон і сяляне.
Міхась. Ну, цётка, сустракай госця.
Адась. Добры дзень, мама.
Альжбета. Здароў, сынок. (Цалуе яго.)
Адась. Добры дзень, Люба.
Лявон падыходзіць да Альжбеты і цалуе ёй руку.
Альжбета. Здароў, Лявонка. Не дачакалася цябе Яніна.
Лявон. Я ведаю.
Раздаюцца стрэлы і крык: «Трымайце яго! Трымайце!»
Альжбета. Што такое?
Бяжыць Ганецкі, адстрэльваючыся.
Лявон. Стой, шаноўны пане! (Ударае Ганецкага па руцэ і выбівае ў яго рэвальвер.) Мы з табою расквітаемся. (Валіць яго на зямлю.)
Прыбягае Максім.
Максім (падняўшы з зямлі рэвальвер). Папаўся, сабака! Ад нас ты нідзе не схаваешся.
З’яўляюцца Янук і Базыль.
Базыль. Цяпер мы яго ажэнім, каб па ім вошы жаніліся, вырадак!
Ганецкі. Яшчэ вы пакаецеся за свае грахі. Не думайце, што ўжо ў рай папалі.
Лявон. Што будзем рабіць з гадам?
Міхась. Павесіць яго зараз жа.
Янук. Не, пачакаем парадку новага.
Адась. Правільна. А пакуль што запрыце ў свіран да каго.
Янук. Можна да мяне ў свінушнік, там не вельмі гразка — па калені ўсяго.
Базыль. А ён свінскай пароды, дык яму там і месца.
Максім (наставіўшы на Ганецкага рэвальвер). Уставайце, пан Ганецкі.
Ганецкі (устаючы). Хамы! Галата!
Лявон. Пойдзем, чысцёха, пойдзем.
Максім і Лявон выводзяць Ганецкага. З’яўляецца жабрак.
Жабрак. Са святам вам, людцы добрыя! З вялікім і радасным днём! З вясною, што ўвосень прыйшла да нас!
Адась. Таксама ж і вас, дзядуля. Ужо не прыйдзецца вам больш з торбамі цягацца па свеце.
Жабрак. Але ж, мілыя, можа, і я зараз чалавекам буду. (Скідаючы торбы з сябе.) А ідзіце ж вы, карміліцы мае, на сухі лес, на балоты мокрыя, у нетру глухую, каб людскія вочы не бачылі вас. (Вымае з торбы хлеб, цалуе яго, кладзе за пазуху, падыходзіць да крыжа і вешае на ім торбы.) Абарані ж нас, госпадзі, ад няшчасця гэтага на векі вечныя.
З’яўляецца Марыля.
Марыля. Амінь. (Заўважыўшы хлопцаў.) Здаровы, хлопчыкі, малайцы адважныя.
Міхась. Добры дзень, цётка Марыля.
Адась. Сапраўды добры дзень — незвычайны дзень сёння! Чырвоная Армія нясе нам свабоду, вызваляе нас ад панскага ярма. Дваццаць год мучылі нас паны, асаднікі, кулакі, а сёння…
Міхась. А сёння папараць-кветка расквітнела для нас.
Чуецца гул самалётаў.
Альжбета. Вірапланы.
Люба. А як нізка!
Надзя. Чырвоныя зорачкі на крыллях!
Янук. Гэта рускія!
Базыль. Бальшавікі!
Янук. Вітаем вас, героі чырвоныя!
Заслона.