31

Рака рабіла тут крутую лукавіну. У метрах ста ад іх утварылася прыродная паўвыспа, за якую і збочвала рака. На паўвыспе другі год запар ішлі будаўнічыя работы – узводзілася царква. Работы відавочна паскорыліся за апошнія два месяцы. Зараз яны вяліся ўжо на купалах, якія пакуль што ўяўлялі з сябе толькі дашчаны каркас.

– Глядзі, прыгажосць якая! – указала Галіна рукой на царкву.

У гэты міг скрозь невялікае акенца ў хмарах прабілася скупое восеньскае сонца і асвятліла толькі царкву і паўвыспу. Увесь астатні краявід усё яшчэ патанаў у вільготнай павалоцы.

– Добрую справу робяць людзі, – задумліва сказала Галіна. – Ты бачыш, колькі храмаў за апошнія гады паўстае. Нібы з руінаў.

– Камуністаў скінулі – вось і цэрквы будуюцца. Нармальны працэс. Толькі дзівіць мяне адна рэч. – Васіль крануў братавую за локаць. – Звярні ўвагу на архітэктуру гэтага храма: акурат велікаруская царква, няйначай. Гэты грувасткі прыземісты корпус, гэтыя вялізныя шарападобныя купалы… Хіба гэта па-нашаму, па-беларуску?

– А ты ведаеш, як па-беларуску? – з цікаўнасцю павярнулася да яго Галіна.

– А што тут ведаць! Дастаткова паездзіць па мястэчках і вёсках ды паглядзець на праваслаўныя храмы, якія камунякі сплюндраваць не паспелі. У нас здавён фарміравалася праваслаўная архітэктура як нешта сярэдняе паміж рускай царквой і касцёлам. Вытанчаная, накіраваная ўвысь форма, зграбныя завостраныя купалы…

– Ды ці гэта галоўнае?

– У кожным разе, гэта немалаважна, Галя, – пераканана гаварыў Васіль. – Форма таксама ёсць выяўленнем сутнасці. Я ж, напрыклад, не хаджу дома ў шараварах і цюбецейцы. Дый ты ў дзявоцтве за паранджой не хавалася. Праўда?

Галя засмяялася.

– Усяму свая адпаведнасць павінна быць. І калі Богам заведзена будаваць на Беларусі цэрквы сваёй адмысловай архітэктуры, то не трэба ўносіць смуту ды свае парадкі ўстанаўліваць, – раздражнёна працягваў Сурмач. – Вось па гэтых масіўных купалах якраз і бачна, адкуль вецер дзьме, хто гэтае будаўніцтва фінансуе. Расея вялікадзяржаўная!

– Канешне, там цэнтр праваслаўя, адтуль і паступленні грашовыя прыходзяць. Што ж тут дрэннага?

– А тое дрэнна, даражэнькая, што праваслаўную паству рускі цар заўсёды разумеў як сваіх васалаў. І цяпер, будзь упэўненая, не ўпісваемся мы ў іхняе разуменне як незалежная краіна. Дарэчы, выключна праваслаўе не ёсць рэлігійнай патрэбай беларускай нацыі. Каталіцкая царква…

– Але ж і ў каталікоў жорсткая цэнтралізацыя – Ватыкан. Што наогул пярэчыць хрысціянскай ідэі…

– Ва ўсякім выпадку, Рымскі папа – гэта толькі духоўны лідэр. І ён не асацыіруецца з нейкім уяўным еўрапейскім імператарам, што прагне кіраваць сотнямі народаў. Ці не так?

– Як табе сказаць… – задумалася Галя. – І ў каталіцтве было шмат перакосаў: інквізіцыя, крыжовыя паходы…

– Аднак яны ў гэтым пакаяліся.

На пару хвілін паміж суразмоўнікамі ўстанавілася няёмкае маўчанне. Было толькі чуваць, як тарахціць на супрацьлеглым беразе прагулачны катэр, ды нешта соўгаецца на будпляцоўцы перад царквою.

– А ўсё ж дзіўна, наколькі магутная, наколькі жыццястойкая ідэя хрысціянства, – падаў голас Васіль. – Чаго ніяк не ахопіць мой розум, дык тое, што чалавек, які быў бадзягам, амаль жабраком, які не меў над галавою сталага даху, з якога пасміхаліся і якога закатавалі насмерць, – гэты чалавек праз амаль дзве тысячы гадоў з’яўляецца самым багатым, самым вядомым, самым паважаным на зямлі чалавекам. Неверагодна!

– Ты пра Хрыста?

– Так. Ты паглядзі толькі: сотні самых магутных уладароў свету сышлі ў зямлю, дзесяткі дыктатараў, тыранаў, што кіравалі мільёнамі людзей, пахаваны ў нябыце. Іхняе багацце, улада, слава – пайшлі на тло. І хто пра іх узгадае цяпер добрым словам? Яны такія ж малаўплывовыя на масы, як героі пасрэдных кніжак. Яны – пустое слова… – Сурмач перавёў дух. – А Ён, гэты бядняк, туляга, мае цяпер сотні тысяч найбагацейшых палацаў – храмаў, да Яго ў сваіх малітвах звяртаюцца мільёны. Ён, які цураўся ў жыцці багацця і ўлады, валадарыць лепшай, самай цывілізаванай, паловай свету. Парадокс! Але гэта так.

– А гэта і ёсць Боскі цуд, Вася. Божая воля, – з захапленнем загаварыла Галя. – Мы чамусь памылкова ўяўляем цуд як нешта звышнатуральнае: прывіды, лятаючыя талеркі, фокусы там разнастайныя. А не бачым самага сапраўднага цуду, які адкрыў нам Гасподзь у вобразе свайго Сына. Ты ўдумайся: усё, што пакінуў нам гэты Чалавек – словы. Прычым ён нічога не надрукаваў. Але сіла тых слоў была настолькі каласальная, што яны перадаваліся з вуснаў у вусны ў геаметрычнай прагрэсіі і літаральна перавярнулі сусвет. Ён не імкнуўся іх увекавечыць, ён проста тварыў імі дабро. Але яны, Словы, на сёння надрукаваны тыражамі, непараўнальнымі з тыражамі самых геніяльных пісьменнікаў. Ці гэта не цуд?

Васіль хацеў быў штосьці сказаць, але ад узрушэння не мог хутка сфармуляваць сваю думку.

– Цяпер спрачаюцца, якая рэлігія найбольш правільная, – доўжыла Галя. – А яны ўсе правільныя, бо дадзены таму ці іншаму народу ад Бога і неабходныя таму ці іншаму народу на пэўным этапе развіцця. Але ж для мяне няма сумненняў, што самай магутнай з іх, самай перспектыўнай, прагрэсіўнай і чалавечнай з’яўляецца хрысціянства.

– Ну, мусульмане з табой не згодзяцца…

– Я доўга разважала над гэтым. А адказ, Вася, ляжаў на паверхні. Ды ты сам яго ведаеш. Паглядзі аб’ектыўна: увесь цывілізаваны свет – хрысціянскі. Толькі там вышэй за ўсё цэніцца чалавечае жыццё, толькі там навука і мастацтва дасягнулі напраўду боскіх вышынь.

– Цывілізацыя – гэта яшчэ не абсалютны крытэрый высокадухоўнасці, – запярэчыў Васіль. – Святыя людзі, наўсперач, сыходзілі ў лес і жылі дзікунамі.

– Правільна, сыходзілі, каб вярнуцца і даць нам святло, прагрэс, веды. Ды што там навука! – з захапленнем гаварыла Галя. – Навука і сапраўды можа мець негатыўны бок… Але вазьмі культурную сферу. Усе колькі-небудзь значныя творцы – альбо самі з’яўляліся перакананымі хрысціянамі, альбо жылі ў краінах з глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі. Нават тыя, хто называў сябе атэістам, мімаволі сілкаваліся ад культурніцкай аўры хрысціянскіх краін, дзе яны тварылі. А яўрэйскі народ! Такі таленавіты амаль ва ўсіх жыццёвых сферах, ён дасягнуў вельмі сціплых поспехаў у літаратуры, мастацтве, музыцы. Я маю на ўвазе творцаў-іудзеяў. Барыс Пастарнак быў з сям’і хрышчаных яўрэяў і працаваў у рэчышчы рускай праваслаўнай культуры. А гэта, між іншым, адзіны яўрэй, на якога можна смела прымяраць вянец мастацкай геніяльнасці.

– А Шагал, Левітан? – спытаўся Сурмач. – Ды, наадварот, на яўрэях усё мастацтва трымаецца...

– Не думаю, што гэтыя постаці супараўнальныя з Мікеланджэла ці Рэмбрантам… Да таго ж сумняваюся, ці былі Шагал з Левітанам перакананымі іудзеямі... – сказала Галіна. – Хаця – не! Левітан быў іудзеем, і нават строгім. Успомніла: ад таго на яго карцінах і няма людзей. А чалавек, яго душа – самае складанае і цікавае для мастака; толькі праз яго, чалавека, можна да Бога наблізіцца. Іудзейства забараняе маляваць людзей. Хрысціянства – адчыняе гэтыя вароты, дае нам творчы прасцяг. Ад нязгаснай духоўнай аўры Хрыста сілкаваліся і сілкуюцца сотні тысяч літаратараў, мастакоў, музыкаў; ільвіную долю лёсавызначальных для сусветнай культуры мастацкіх твораў далі нам хрысціяне. Гэта неаспрэчны факт.

– А вось як на тваю думку, Галя, – Васіль раздумна глядзеў долу, на хвалі, што біліся аб бетон, – навошта жывуць святыя, юродзівыя, убогія, дзівакі розныя? У чым сэнс іхняга існавання? На добры лад, дык нармальны чалавек жыве дзеля асалоды… Я не маю на ўвазе толькі асалоду ў цялесным, заганным сэнсе. Але ж літаральна з пялёнак мы адстойваем свае правы, толькі “дай” ды “хачу” вымаўляем. Адмалку пнёмся, нечага дамагаемся, дасягаем пастаўленых мэтаў... Карацей, стараемся адхапіць за адведзены нам адрэзак жыцця як мага болей. Гэта, так бы мовіць, нармальны закон прыроды.

Тут Галя захацела нешта сказаць, але Васіль жвава захітаў галавой, апасаючыся збіцца з думкі.

– Чакай, чакай, Галь! – гаварыў ён. – Агульнапрыняты закон жыцця – якраз браць столькі, колькі зможаш і колькі табе дазволіць грамадства і яго прававыя законы. Ці не так?

– Спрэчна…

– Тут я, магчыма, згушчаю фарбы, аднак агульнае правіла менавіта такое – браць. А ёсць людзі, адзінкі, мізэрная колькасць ад усяе масы, якія немаведама чаго жывуць па супрацьлеглых законах. Як бы знарок так жывуць. Гэтакі антысвет – насуперак нашаму. А ведаеш, які іх – тых юродзівых, дзівакоў – закон? Аддаваць. Успомні, што атрымалі Хрыстовы апосталы за свае добрыя справы – гвалтоўную смерць. І гэтак усе іх паслядоўнікі: жывуць, бескарысліва аддаюць сябе чалавецтву, а маюць ад людзей знявагі, праклёны, гвалт. І думаецца мне, што ў гэтым нейкі жахлівы закон прыроды: хто бярэ, той жыве бязбедна і беспакутна; хто аддае, той бядуе, галадае, церпіць і пакутна канае. Найярчэйшы прыклад – Хрыстос. – Васіль пранікліва глядзеў на Галю. Яна, як ніколі, падавалася яму вельмі прыгожай. Нейкай жаноцкай, але беззаганнай красою ўразіла яна Васіля на фоне спакойных свінцовых вод, недабудаванай царквы ў атачэнні дзівосна зжаўцелах дрэў. – І ведаеш, адно цешу сябе думкай, што ў існаванні гэтых нябогаў ёсць нейкі вышэйшы сэнс. Я нават здагадваюся, дзеля чаго святыя прыходзяць на нашу зямлю. Яны ж цудоўна ведаюць, што нясоладка ім тут будзе. Але ж без іх не можа ўстаяць чалавечая вотчына. Бо мы пераважна бяром, а хто ж аддаваць будзе?! Вось яны, гэтыя адзінкі святых падзвіжнікаў, і аднаўляюць энергетычны баланс зямлі. Яны сабою як бы ўраўнаважваюць мільёны нас, спажыўцоў жыццёвае сілы, аддаючы сябе даастатку. Так я думаю, Галя. Бо сусвет мусіць быць энергетычна збалансаваны. Іначай ён папросту разваліцца.

– А я думаю прасцей чым ты, – нарэшце ўступіла ў спрэчку братавая. – Святыя, непрыкметныя ў жыцці людзі, неабходныя нам для таго, каб, да прыкладу, ты, на правах дужага, зараз не ўзяў ды не задушыў мяне, ці дзеля пацехі цераз парапет не перакінуў… А каб нехта, убачыўшы гэты гвалт, не зарагатаў ад сытае весялосці, не ўхваліў бы гэты пачварны ўчынак… Каб па вуліцах не хадзілі людзі з доўгімі нажамі ды адкрыта і беспакарана не рэзалі людзей… Каб вадзіцель аўтобуса зважаў на пешаходаў, а не душыў іх коламі, – вось для чаго прыходзяць на зямлю святыя. Дзеля сусветнага парадку, які ў канчатковым выніку трымаецца на любові і міласэрнасці. Хіба ты станеш аспрэчваць, што не задушыш слабейшага проста ад страху пакарання, ад трапятання перад законам. Ты не зробіш гэта перш-наперш з-за глыбіннага пачуцця чалавечнасці, агіды да гвалту.

– Я не зраблю, а нехта зробіць. За грошы, дый проста дзеля пацехі…

– Я маю на ўвазе нармальных людзей, а не вырадкаў, пэўны працэнт якіх заўсёды прысутнічае ў чалавечай масе… У самага стройнага дрэва знойдзецца адна каравая галіна.

Тут Галя зірнула на наручны гадзіннік і спахапілася:

– Ну, дагаманіліся! Мне ж на радыёстудыю спяшаць трэба: тры гадзіны ўжо, а ў чатыры – запіс.

– Паспееш, я табе зараз таксі вылаўлю, – рашуча сказаў Сурмач. – Бяжым наверх!

– Што ты – таксі! – запрацівілася Галя. – Неяк скрамней дабяруся. Яшчэ ёсць час.

– Я цябе загаварыў, я і плачу, – падміргнуў ёй Васіль. – З ветрыкам даімчышся. Яшчэ і на гардэроб, на буфет паўгадзіны будзе.

Праз пяць хвілін жоўтая “Волга” павезла Галю ў напрамку радыёстудыі. Сурмач жа, нанова пракручваючы ў галаве іхнюю гутарку, нетаропкай ступою рушыў да роднага завода. Ён ужо безнадзейна спазніўся ў тэхбюро, але зусім не перажываў з гэтай прычыны. З Маскаленкам яны паразумеюцца.

32

Пасля сустрэчы з Галяй прамінуў тыдзень. Васіль ужо наступнага дня перадаў ёй дзесяць сваіх найбольш дапрацаваных вершаў. Без асаблівай веры ў іх будучыню. Жыццё пацякло ў звычайным, па-восеньску маларадасным рэчышчы. Аб вяртанні дамоў ён пакуль не задумваўся, днём адседжваўся на рабочым месцы, вечары і ночы бавіў у Марыі Лухвіч на поўных правах грамадзянскага мужа: хадзіў па прадукты, кашаварыў, прыбіраўся, тое-сёе рамантаваў у заняпалай дамашняй гаспадарцы і соладка спаў на шырокім сямейным ложку. Васіль здружыўся з сынам Машы – Косцікам, гуляў з ім пасля работы, а некалькі разоў нават адводзіў малога ў дзіцячы садок.

Надышоў лістапад, а з ім – нежартоўныя начныя прымаразкі, і дрэвы неяк знячэўку і дарэшты згалелі. Пра летнюю раскошу цяпер нагадваў хіба варухлівы лісцевы дыван на газонах ды асобныя ўчарнелыя лісточкі, што шаргатліва перакочваліся па асфальце. Па даўняй завядзёнцы на ачыстку ад прэлага лісця гарадскіх тэрыторый павыганялі школьнікаў і студэнтаў пачатковых курсаў. Праз які тыдзень голы добраўпарадкаваны горад будзе поўнасцю гатовы для першага зазімку. Але чаканне снегу, Сурмач ведаў гэта, можа зацягнуцца на доўгі, тамліва доўгі тэрмін. Ён і любіў і пабойваўся гэтай пары. Шэры, халодны, панылы горад нібыта адцягваў з яго энергію. Чорныя сырыя вечары, якія адваёўвалі ў дня хвіліну за хвілінай, успрымаліся Васілём як нейкае агрэсіўнае, беспрасветнае асяроддзе, дзе тонуць найлепшыя пачуцці, творчыя памкненні, растае само здароўе. Але ж акурат тады, стылай восенню, і бачыў сябе Сурмач не ненасытным біялагічным арганізмам, а здольным да нечага вартага чалавекам.

Гледзячы на скурчаных ад сіверу людзей, на рукастыя змярцвелыя дрэвы, на дротападобнае голле хмызоў, не верылася Васілю, што яшчэ які-небудзь месяц таму мог ён расслаблена сесці ў скверы на лаўку, слухаць шапаценне кляноў, а ў прагалах пышнай, злёгку парудзелай лістоты назіраць мільготкае люстра ракі, праводзіць вачыма лодкі і катэры, прыслухоўвацца да гоману і смеху людзей, што шпацыравалі паблізу.

Людзі цяпер не смяюцца і нават не ўсміхаюцца. Яны засяроджаныя, быццам занураныя ў сябе і таму непрыветлівыя, суровыя. Не раз разважаў Сурмач над асаблівасцямі характару сваіх землякоў і прыйшоў да цвёрдай высновы, што менавіта клімат, а дакладней – рэзкая змена надворных умоў на працягу года робіць асноўны ўплыў на менталітэт тутэйшага люду. Змушаныя пастаянна змагацца за выжыванне – з маразамі, аблажнымі дажджамі, неўрадлівымі землямі, – беларусы вонкава не вельмі вясёлы народ. Чалавек, які без дай прычыны рагоча на вуліцы ці ўсміхаецца ў краме, міжволі выклікае ў беларусаў падазрэнне, калі не раздражненне наогул. Так паводзяць сябе іншаземцы. Гэтыя беласнежныя зубы, добразычлівыя румяныя твары, парывістыя жэсты амерыканцаў, італьянцаў, французаў аніяк не ўпісваюцца ў нашу сціплую расліннасць, стандартныя немудрагелістыя будыніны, нячыстыя вуліцы ды бязбожна цесны грамадскі транспарт. Шчыра смяяцца беларус можа адно з прычыны легкадумнай маладосці, альбо на добрым падпітку, калі навакольны свет паўстае ў радасна скажоных алкаголем фарбах.

Беларус млявы і безыніцыятыўны, палітычна неактыўны чалавек. Гэта таксама тлумачыцца халоднай няплыткай крывёй, якая стагоддзямі фарміравалася ў тутэйшым балотна-лясным, пахмурным асяроддзі. Сонечных дзён у нас рэдка калі траціна на год выпадае. А сонца – адзіная крыніца энергіі на зямлі. Ці да страснага кахання, ці да апантаных памкненняў, смелых грамадзянскіх учынкаў нам пад хмарным беларускім небам? Аднак ліха без дабра не бывае, і менавіта нашы прыроджаная суровасць, недаверлівасць, цярплівая здольнасць унурвацца ў сябе з’яўляюцца падмуркам не для павярхоўнага, а глыбінна-істотнага спазнавання быцця. Беларусы, дзесяцігоддзямі і стагоддзямі змушаныя духоўна выжываць пры агрэсіўных захопніцкіх рэжымах, дасягнулі сур’ёзных вышынь у паэзіі і, асабліва, фальклоры. Там, у песнях, паданнях, абрадах, народжаных у счарнелых сярод непралазных лясоў і балот вёсках, трымціць душа Беларусі. Трымціць яе душа, выгнаная з забетанаваных, закамунізаваных гарадоў… У беларуса, у адрозненне ад амаль усіх еўрапейскіх народаў, няма і ніколі не было сваёй гарадской культуры. Гэта відаць хаця б па крайне бедным наборы літаратурных твораў, якія выяўляюць непасрэдна гарадское жыццё. Затое вяскова-партызанскіх апавяданняў, раманаў, паэм і вершаў – вялікае мноства.

Беларус проста вымушаны быў чэрпаць духоўныя сілы са сваёй панурай, зменлівай, дажджліва-завейнай прыроды. І ён спазнаў яе, як, мусібыць, ні адзін еўрапейскі народ. Беларус таксама таленавіты ў рэлігійным успрыманні быцця. Але ж праваслаўе тут не набыло такой сілы, як на Русі, а каталіцызм – не такі ўплывовы на масы, як у Польшчы. На стыку гэтых магутных рэлігійных канфесій беларус, як гэта ні дзіка гучыць, – хрысціянскі язычнік. Стойкая вера тут мяжуецца з зацятай забабоннасцю, жахам перад непераможнымі сіламі разнастайных стыхіяў. У заходнебеларускіх вёсках на скрыжаваннях усталёўваюцца вялізныя драўляныя крыжы з ручнікамі – для адпуджвання нячыстае сілы, у архітэктуры тутэйшых храмаў свіціцца штосьці ад паганскіх церамоў, мы па-ранейшаму шукаем папараць-кветку… Беларус туга паддаецца цывілізацыі, новым веянням, паколькі подыхі ўсяго прагрэсіўнага і лёсапераваротнага даходзяць да яго праз гушчары, балоты і бездараж марудна, у аслабленым і куртатым выглядзе.

Зрэшты, вышэйпрыведзеныя развагі пра беларускі характар не зусім дапасоўваюцца да абсалютнай большасці гараджан, то бок тых, хто толькі пражывае на тэрыторыі этнічнай Беларусі, есць хлеб з яе палеткаў, але чытае выключна расейскую прэсу і літаратуру, глядзіць расейскія тэлепраграмы, слухае расейскае радыё, круціцца ў рускамоўным асяроддзі, і значыць – духоўна жыве ў сферы магутнай культуры суседняга народа. Такіх людзей можна называць калі не рускімі, то ўжо постсавецкімі – дакладна.

Але закончым гэтае лірычна-філасофскае адступленне і звернемся непасрэдна да асобы галоўнага героя.

Панядзелак пачаўся для Васіля Сурмача куды як дрэнна. Ён устаў без пятнаццаці сем, абмыўся пад душам і, пакуль Маша ўпраўлялася з пасцеллю ды круцілася перад люстэркам, накіраваўся на кухню, каб змайстраваць нешта паесці. Косцік знаходзіўся ў Машыных бацькоў.

За кухонным акном млява абуджаўся лістападаўскі ранак: шэры, санлівы, непаэтычны. З адчыненай форткі цягнула сырасцю. Чуліся лёгкія і цяжкія таропкія крокі пад акном, ляпанне дзвярэй пад’ездаў, нехта завёў і праграваў легкавік. Усё гэта спараджала ў Васіля смутныя асацыяцыі, наганяла неаптымістычныя думанні, і зусім не хацелася выходзіць на брудны, у выбоінах і лужынах двор, шыбаваць на працу.

Васіль уключыў штомоцы міні-магнітолу, якая стаяла на стале, і па-гаспадарску сунуўся ў халадзільнік. Магнітола выдала “АВВА”, і пад гэтыя заліхвацкія спевы хлопец выцягнуў на стол усё неабходнае і заняўся гатаваннем яешні. Падпяваючы і прытанцоўваючы, ён убіў на патэльню пяць яек, скоранька накрышыў у талерку цыбулю, настругаў сыр, усё гэта перамяшаў і ўсыпаў паверх сквырчлівых яек. Вядома, пасаліў і паперчыў. Водар гэтай немудрагелістай стравы абудзіў малады апетыт і, разам з “АВВА”, станоўча паўплываў на Васілёў настрой. Ён пару разоў гукнуў сваёй сяброўцы, якая чамусьці заваждалася ў спальні, каб падыходзіла на кухню, але адказу за гучнымі магнітафоннымі спевамі не ўлавіў. Таму ён давёў страву да гатоўнасці, пераставіў напаленую патэльню на тумбачку з кафляным верхам, прыглушыў магнітолу і зноў паклікаў Машу. Замест адказу ён расчуў у глыбіні кватэры нейкую валтузню і яўна чужы, басавіты, голас.

Сурмач выскачыў у калідор і абамлеў: дзверы на лесвічны пралёт былі знасцежаны. Са спачывальні данёсся жаночы віскат, затым гукі як бы глухіх удараў. Праз секунду Васіль быў там. Перад ім паўстала ўражвальная карціна: каржакаваты невысокі мужык у заношанай джынсоўцы стаяў да яго спінай і цягаў за доўгія валасы, прыгінаючы долу, гаспадыню гэтага дома… Усе далейшыя Васілёвы дзеянні былі чыста машынальнымі, але ж надзіва дакладнымі і выніковымі. Тыграм падскочыўшы да нязванага госця, ад якога за вярсту тхнула алкагольным перагарам (гэта быў Машын былы муж-прапойца), Сурмач з добрым размахам выцяў яго сваім чыгунным кулаком паміж лапатак. У нутры мужыка нешта ёкнула, і ён, нібы паралізаваны, здранцвеў і пачаў асядаць уніз. Аднак Васіль не даў яму гэта зрабіць, бо схапіў адной рукой за матню, а другой – за шыварат, рыўком адарваў ад падлогі і, як мех з бульбай, панёс да выхаду. Усё адбывалася ў дзіўнай, напружанай бязмоўнасці. Нават Маша, жанчына нервовая і ўражлівая, пасля вызвалення ад гвалту выпрасталася і з нямым жахам утаропілася на Сурмача і яго знямела-скамянелую ношу. А Васіль моўчкі развярнуўся да дзвярэй, выйшаў са спальні, адолеў доўгі калідор, на парозе кватэры паставіў свайго паслухмянага саперніка на падлогу і даў штурхаля каленам ніжэй спіны… Васіль ужо зачыніў і замыкаў дзверы, як пачуў крыкі лаянкі на лесвічнай пляцоўцы. Ён з цікаўнасці зірнуў у дзвярное вочка: мужык цялёпкаўся на карачках ля проймы процілеглых дзвярэй пад нагамі дужага, спартыўнага выгляду дзядзькі, які трымаў яго за каршэнь, чартыхаўся і спрабаваў паставіць на зыбкія ногі.

Прапусцім тут банальнае разбіральніцтва, якое адразу ж адбылося паміж палюбоўнікамі. Скажам толькі, што былы Машын чалавек прыпёрся вымагаць грошы на апахмелку; сустрэўшы адпор, прывычна развар’яваўся і пусціў у ход рукі. Гэткая мілая сямейная сцэна.

Праз паўгадзіны Васіль выходзіў з кватэры (на работу яны заўсёды рушылі паасобку і з пяціхвіліннай разбежкай) з затоеным намерам скарыстаць гэтае здарэнне як падставу для вяртання дамоў – на сталае пражыванне.

33

Па абедзе, у гэты ж дзень, Васілю пазваніла Галя і сказала, што Алесь Хведаравіч Месціч будзе чакаць яго сёння ў рэдакцыі пасля шасці гадзін вечара. Сказаць, што Сурмач узрадаваўся, будзе няпраўдай. Разгубленасць – вось, бадай, найбольш прыдатнае слова.

– Ну і як яму?.. – неяк баязліва прамармытаў ён у трубку.

– Цярпі, Грышка, карчма блізка, – пажартавала Галя і дадала: – Толькі не спазняйся, бо Алесь Хведаравіч адмыслова для цябе пасля работы застанецца.

– Дык што ён усё-такі казаў? – нервова прынік да трубкі Сурмач.

– Сказаў, што цікава з табой пагаманіць будзе, – кінула братавая. – Ну, ладна, мне тут бегчы трэба. – І паклала трубку.

Другую палову рабочага дня Васіль не знаходзіў сабе месца. Ён браўся за працу, але яна не спорылася; загружаў кампутарную гульню, аднак гуляў рассеяна і аднаго разу быў заспеты Пятром Яфімавічам – атрымаў ад яго наганяй; спрабаваў падсаджвацца да купак гаварлівых саслужыўцаў, зачаста спускаўся ў курыльню, але не мог адцягнуць сваю ўвагу ад маючай адбыцца сустрэчы з літаратурным мэтрам. А то зноў кідаўся Васіль да свайго кампутара, употайкі адкрываў тэкставы файл з вершамі, якія адправіліся да Месціча, разглядаў іх і так і гэтак. Яны здаваліся яму то высокімі, то прыземленымі; то глыбокімі, то наіўна-дзіцячымі; то занадта канкрэтнымі, то празмерна расплывістымі… Васіль закрываў той файл, пераключаў кампутар на рэжым чарцяжа, але ж збродлівыя рукі самавольна вярталі на экран злашчасныя творы.

Хаця Сурмач перадаў вершы ў такую высокую інстанцыю не па сваёй ініцыятыве і без асаблівай надзеі, падсвядомасць яго не драмала, і ён міжволі насіў з сабой адчуванне чагосьці важнага, небяспечнага і ўрачыстага адначасова. Нібы часцінка яго душы адарвалася і паляцела ў нейкую лабараторыю, дзе маюць правесці строгі і няўмольны аналіз, будуць разглядаць гэтую адарваную часцінку ў розных ракурсах, скептычна ўсміхацца, маўляў, гэта навуцы вядома, ці, наадварот, здзіўлена разводзіць рукамі: несусветнае глупства. Васіль як бы напраўду адчуваў, як чаруюць над гэтай часцінкай, раствараюць у хітрамудрых рэактывах, а тады зноў умела крышталізуюць і ставяць пад вірлавокія мікраскопы. Жах!

Недзе без пятнаццаці шэсць, калі падыходзіў да рэдакцыі аўтарытэтнага часопіса, дзе працаваў Месціч, Сурмач цвёрда наважыў стойка прыняць вердыкт па сваіх вершах: будуць распякаць – не пярэчыць, будуць куражыцца – маўчаць, стануць абражаць – цярпець сцяўшы зубы. Хаця б дзеля Галіны, якая шчыразычліва да яго паставілася.

У назначаны час Васіль апынуўся перад абабітымі бурым дэрмацінам дзвярамі на другім паверсе старога, з высачэзнымі столямі будынка. У калідоры, з шэрагам такіх жа дзвярэй, было змрочна і вусцішна. І нельга было вызначыць, ці тоіцца тут яшчэ дзе-небудзь жыццё, або на ўсёй велізарнай прасторы – толькі ён ды нязнаны чалавек за сцяною. Словам, строгія дзверы і гулкая цішыня бязлюднага калідора не выклікалі ў Сурмача ні аптымізму, ні нават жадання пастукацца ў аддзел паэзіі. Але стукацца было трэба…

Пачуўшы: “Заходзьце!” – Васіль павярнуў ручку і пранік у пакой літаратурнага храма (другога па ліку ў сваім жыцці). Тут аказалася не намнога святлей, чым у калідоры, але значна ўтульней: тры рабочыя сталы – справа, злева і наперадзе; шырокае акно з відам на раку і стары горад; свежалакіраваная паркетная падлога адбівала толькі святло таршэра, што стаяў у левым куце – ля канапы. На канапе сядзеў чалавек і курыў. Перад ім, на прыземістым століку, стаяла попельніца, пузаты электрасамаварчык, кубкі, пачак з заваркай і ляжала яшчэ тое-сёе. Верхняе асвятленне адсутнічала, але пакой быў невялікі, і Васіль ахапіў усё яго змесціва, што называецца, адным позіркам.

– Васіль Сурмач, калі не памыляюся? – запытаўся чалавек на канапе.

Твару яго разгледзець пакуль не ўдавалася, бо ён трапляў у цень.

– Так, – адказаў Васіль і зрабіў колькі крокаў наперад.

Тады чалавек апусціў акурак у попельніцу, жвава падняўся і рушыў насустрач.

– Алесь Хведаравіч Месціч, – адрэкамендаваўся ён, моцна і коратка паціскаючы Сурмачаву руку.

Рэдактару з выгляду было гадоў пад пяцьдзесят, аднак рухаўся ён па-маладому спружыніста, энергічна. Росту ж быў ніжэйшага за сярэдні, добрага целаскладу, які выяўляўся нават пад строгім рабочым касцюмам. Бездакорна паголены твар здаровага колеру, свежая кашуля і манера глядзець суразмоўніку ў вочы прыйшліся Васілю даспадобы. Але смелы пагляд гаварыў яшчэ і пра звычку рэзаць праўду-матку. Дарэчы, і роўны зычны барытон і валявы падбародак рэдактара адназначна выключалі спадзевы на якія-кольвек міндальнасці.

– Прысаджвайцеся, калі ласка. – Алесь Хведаравіч указаў рукой на канапу.

Васіль сеў з краю, з выпрастанай і напружанай спінай, – нібыта падкрэсліваў сваю выпадковасць у гэтым памяшканні. Рэдактар жа размясціўся прывольна: адкінуўся на спінку напаўпавароту да госця.

– Чаю вып’еце? – спытаўся ён. – Харошы, цэйлонскі.

– Не, дзякуй, – адказаў Сурмач, хаця ў горле перасохла ад хвалявання.

Тады рэдактар узяў са стала пачак цыгарэт “Космас” і прапанаваў Васілю:

– Курыце?

– Ага. – Прыкладаючы ўсе намаганні, каб скрыць дрыготку пальцаў, хлопец вышмаргнуў з працягнутага пачка цыгарэту.

Пару зацяжак рэдактар і яго госць зрабілі моўчкі.

– Ведаеце, Васіль, – падаў нарэшце голас Алесь Хведаравіч, – што мяне ў асноўным парадавала, калі чытаў ваш рукапіс? Гэта тое, што мне не прыйдзецца расчараваць харошага чалавека – Галіну Вікенцьеўну.

На гэты ўступ Сурмач не знайшоў, што адказаць.

– А то ж як бывае: просіць знаёмы чалавек, твой добры таварыш, камусьці дапамагчы апублікавацца, – доўжыў рэдактар, выпускаючы клубы дыму ў напрамку адчыненай форткі. – Ты б і рады ўсёй душой гэта зрабіць, але не можаш… Па адной простай прычыне не можаш, што там не толькі няма чаго публікаваць, а і працаваць – рэдагаваць, папраўляць – няма з чым: паэзіяй там і не пахне. І што тады мне, небараку, рабіць? – Ён хітравата падміргнуў Васілю. – Сказаць прама: “Гэта бяздарна”, – то скрыўдзіш добрага чалавека, альбо, горш за тое, нажывеш у ягонай асобе новага ворага. А ворагаў у нас, рэдактараў, і так дастаткова. Словам, выкручвацца прыходзіцца, прыдумляць нейкія гладкія фразы, чырванець, быццам сам вінаваты ў бяздарнасці тых вершаў. Разумееце, Васіль, пра што я кажу?

– Разумею.

– Іншая справа – чалавек з вуліцы. З ім куды менш цырымоній: таленавітае – у друк; не надта таленавітае, але прафесійна зробленае ў стол кладзём – хай сваёй чаргі чакае; пасрэднае, бяздарнае – адхіляем канчаткова і беспаваротна. Любата працаваць! – Рэдактар яшчэ раз падміргнуў Васілю і раструшчыў кароткі акурак у попельніцы.

Моцны тытунь “Космасу” гаючым чынам падзейнічаў на Сурмачаву нервовую сістэму: у душы палагаднела, у руках з’явілася прывычная ўпэўненасць. Апрача таго, радаваў даверлівы тон Алеся Хведаравіча.

– Прызнаюся, што без энтузіязму ўзяў ваш рукапіс, – мовіў далей рэдактар. – Паўтараю: баяўся засмуціць Галіну Вікенцьеўну, якую ведаю гадоў пяць як выдатнага журналіста. Бо не сакрэт, што са ста вершаскладальнікаў добра калі знойдзецца адзін з задаткамі таленту, і верагоднасць, што гэты паэт будзе рэкамендаваны праз твайго блізкага знаёмага, мізэрна малая. Таму ваш рукапіс я ўзяў з апаскай… Работы ў мяне па горла, і новыя вершы я проста фізічна не магу праглядаць за тыдзень… Але ж мне карцела найхутчэй разабрацца з вашымі творамі – бо, па шчырасці, і ў вас западозрыў чарговага графамана, які шукае пралазы ў друк. Разумееце, каб не насіць у душы гэты цяжар… каб хутчэй сказаць Галіне Вікенцьеўне горкую праўду.

Утварылася нядоўгая паўза, цягам якой рэдактар нібы вывучаў твар свайго негаваркога суразмоўніка.

– Давайце ўсё ж чаю вып’ем. – Алесь Хведаравіч пацягнуўся да самаварчыка і ўключыў шнур у трайнік. Апарат адразу ж вантробна загуў, як кот перад бойкай.

Пакуль рэдактар засыпаў заварку ў кубкі, Сурмач не ведаў, куды падзець рукі, і церабіў запалкавы карабок.

– Такім чынам, я парашыў як мага хутчэй расправіцца з вамі, – Месціч ізноў адкінуўся на спінку канапы, – і таму ў мінулую пятніцу прыступіў да вашага рукапісу.

Ад гэтых слоў Васіль увесь ператварыўся ў слых.

– Вы парадавалі мяне, малады чалавек, – нечакана выпаліў рэдактар, – і за гэта – шчырае вам дзякуй. – Ён абсалютна сур’ёзна падаў руку збянтэжанаму Васілю і парывіста з ім парукаўся. – Ведаеце, што мне даспадобы ў вашых вершах? Не тэхніка – яна ў вас кульгае. Не думка – за выключэннем некаторых месцаў, мысліце вы даволі традыцыйна… Галоўны ваш козыр – любоў да слова. Не тая саладжавая любоў да прыгожых гладзенькіх фраз, не імкненне фанабэрыцца сваім слоўнікавым запасам… Я маю на ўвазе любоў да слова як жывой стыхіі… Разумееце?

– Не зусім, – шчыра прызнаўся Сурмач.

– Так, мова – гэта рэальная стыхія, Васіль, – паясняў рэдактар. – І вы, мо самі таго не ўсведамляючы, адчуваеце, любіце і жывяце ў гэтай стыхіі. Больш за тое, як мне здалося – і яна, мова, вас любіць. Гэта – галоўнае для паэта! Паверце майму вопыту. Цяпер любяць казаць, што мова ёсць проста сродкам выяўлення чалавечай душы, як аловак, папера, кніга. Глупства! Мова – гэта сама душа народа. А для паэта яна з’яўляецца нейкай прасторай, дзе ён існуе, дзе ён чэрпае патрэбную жыццёвую энергію. Мы як бы падвойваемся: наша зямная палова есць, ходзіць, спіць, піша, выдае кнігі; а ў гэты час другая палова купаецца ў нейкім уяўным акіяне мелодый, вобразаў, рыфм і рытмаў, наўпрост не звязаных з нашымі зямнымі дзеяннямі. І бывае, памірае паэт у росквіце здароўя, таленту, сямейнага шчасця – заўчасна, трагічна, часам праз самагубства. І гадаюць тады людзі: чаму, як, за што? А прычына такая: захлынуўся ён, небарака, у тым неспасціжным акіяне, паглынула яго стыхія, паклікала да сябе…

Самавар закіпеў. Рэдактар напоўніў кубкі, над якімі адразу ж маляўніча заклубіўся пар.

– Скажыце, Алесь Хведаравіч, – Сурмач пасунуў да сябе кубак, – калі вы лічыце мову акіянам, то ў кожнага народа ёсць свой акіян – так выходзіць? І дзе яны, акіяны, мяжуюцца?

– Мяжуюцца? – пытальна зірнуў на суразмоўніка Месціч. – Хм… На філалагічным узроўні яны мяжуюцца па словах і словаспалучэннях, якія ўласцівыя суседнім, блізкім па культуры народам. У рускай і ўкраінскай мовах – вялікая доля аднолькавых і аднакаранёвых слоў. Тое ж самае ў выпадку ўкраінскай і беларускай, беларускай і рускай моў… Вось вам і граніцы. – Рэдактар узяў кубак з чаем у рукі. – На ўзроўні вобразаў, ідэй, мелодыкі граніцы моўных акіянаў палягаюць у слабадаступных нам, метафізічных, сферах. Тут ужо пераплятаюцца міфы народаў, міфы рэлігій і іх разгалінаванняў…

– А для чаго наогул столькі моў у свеце? Ці не прасцей было Усявышняму стварыць адну мову? Гэтак жа лягчэй паразумецца, хутчэй дасягнуць усеагульнага росквіту.

– Гэта вам так здаецца. – Алесь Хведаравіч хітра прыжмурыўся. – А дзе гарантыі, што чалавецтва пойдзе да росквіту?

– Ну як жа! Прагрэс… – развёў рукамі Васіль.

– Прагрэс, кажаце? А ці не ў нашым найпрагрэсіўнейшым стагоддзі надараліся самыя жудлівыя войны, самая бязлітасная тыранія, здатная захапіць увесь свет? Ці не ў гэтым цывілізаваным стагоддзі над чалавецтвам упершыню навісла нежартоўная пагроза самазнішчэння? – Рэдактар яўна разгарачыўся і за размовай сангвінічна жэстыкуляваў. – І вось тут, паважаны Васіль, спрацоўвае асноўная задума Усявышняга – размаітасць сусветных культур, моў, веравызнанняў. Яны (а мовы – найперш) здаўна з’яўляліся імунітэтам зямлі. Здаровая дзяржава – гэта жывы біялагічны арганізм. І спосаб распазнавання хваробатворных мікробаў для яго – мова. Мова здавён была заклікана выяўляць чужынцаў, іншаземцаў, ставіцца да іх з недаверам, не абіраць на кіруючыя пасады. Акрамя мовы, у чалавечага племя няма сродкаў для ідэнтыфікацыі народа. Калі тыранія ўзнікае на адной тэрыторыі, у адной дзяржаве – калі ўжо здарылася такая бяда, – то распаўзацца ёй па шматмоўным, рознакультурным свеце будзе тысячакроць цяжэй, чымся па аднароднай прасторы. Вось так, браце…

34

Рэдактар адставіў кубак і ўзяў са стала пачак цыгарэт.

– Закурым?

– Можна. – Васіль працягнуў руку.

Запалілі.

– Дык вернемся да асноўнай тэмы нашае гутаркі, – сказаў Месціч. – Літаратурная адоранасць, якая ў вас бясспрэчна мной выяўлена, часам не дапамагае, а, наадварот, перашкаджае літаратурнай кар’еры.

– Перашкаджае?

– У пэўнай ступені – так. Бо ў нашым хлуслівым грамадстве... Ды што там – у нашым: паўсюль! – Рэдактар узмахнуў рукою. – Думаеце, чаму гэтак рана і страшна памерлі Пушкін і Лермантаў?..

– Самалюбства. Абражаны гонар. Гэта кожны школьнік ведае.

– Гэта толькі вяршыні айсберга. А на самай справе… – Алесь Хведаравіч на колькі секунд задумаўся. – Вы паглядзіце, чым была культурная прастора Расеі да Пушкіна: неабжыты абшар, амаль дзікунства. На паўночным захадзе ўладарыў дух Шэкспіра, Гётэ, на поўдні ад іх вялікі Дантэ даўно ўжо рассеяў духоўны прыцемак… А на абсягу ад Варшавы да Камчаткі, ад Мурманска да Батума – цемра, туман, неруш, праз якія толькі ледзь-ледзь прабіваліся постаці Дзяржавіна, Жукоўскага. А прыйшоў гэты кучаравы юнак – і асвятліў сваім геніем духоўную глуш… Але ён быў адзін, дружа. Як мішэнь. І адразу ж актывізаваліся ўсе цемрашальскія сілы і паўсталі супраць Паэта. А сродкаў у таго чортавага племя багата, такіх сродкаў, што вокам іх не пабачыць ды не пачуць вухам. – Рэдактар гаварыў узрушліва. Ён пабляднеў і нібы агаліў сваю існасць. – Знішчылі яго, зніштожылі фізічна, бо іначай рот закрыць не маглі… Але запаліўся ад яго агню новы Паэт – Лермантаў. Многа зрабіў, мог бы непараўнальна болей. А затым ужо не агні, не вогнішчы – цэлыя духоўныя пажары ахапілі Расею: Дастаеўскі, Талстой, Чэхаў, Купрын – празаікі, якіх яшчэ не знаў свет! Неймаверны рывок – і расейская культура з адсталай ператвараецца ў перадавую. На гэтым каркасе, на гэтых глыбах-імёнах і дагэтуль стаіць і расейская і наша літаратура. Хочам мы таго ці не. Вось так, браце…

– Але ж семдзесят гадоў камунізму… – заўважыў Васіль. – Тут цемрашальства яшчэ горшае за царскае. Ці не адкат гэта назад? Пры цары ж была куды большая свабода творчасці…

– Слушна! – усклікнуў рэдактар. – Слушна кажаце. Рэч у тым, што гісторыя чалавецтва ёсць барацьбой светлых і цёмных сілаў. Часам тая пераважае, часам гэтая… Аднак і праз камуністычную немарач прабіўся новы і, бадай, адзіны літаратурны волат гэтага ваяўнічага стагоддзя – Салжаніцын.

– Скажыце, Алесь Хведаравіч… Вось зараз нібыта дэмакратыя, галоснасць, незалежнасць. Так? А ў літаратуры, наадварот, застой, зацішша, калі не заняпад… Так мне здаецца.

– Па-першае, дэмакратыя ў нас толькі фармальная. Ты паспрабуй надрукаваць якое-небудзь смелае, неардынарнае, задзірыстае апавяданне – адразу з тымі ж цемрашаламі сутыкнешся. Па-другое, літаратуры, Васіль, час патрэбны, каб пераасэнсаваць перамены, каб у рэчаіснасці разабрацца. Толькі праз гадоў дзесяць-пятнаццаць з’явяцца чаго-небудзь вартыя творы пра сённяшні дзень… Хаця, ліха яго ведае, што будзе з нашай беларускай літаратурай у будучыні. Вялікія ў мяне на тое сумненні ёсць.

– А мне здаецца, неблагія ў яе перспектывы. Якраз цяпер, як ніколі...

– Гэта яшчэ бабка надвое варажыла, – працягваў Месціч. – Уся бяда беларускай літаратуры ў тым, што дужа яна маладая і незагартаваная, цяплічная нейкая… Памятаеш, як у Булгакава – літаратурная аранжарэя, дый годзе. Наша літаратура ніводнага дня ўсур’ёз не змагалася за выжыванне, то бок пры вольнай рынкавай канкурэнцыі. Яна жыла, як паненка, бестурботна – на дзяржаўных датацыях для вузкага кола немаведама як абраных літаратараў. І таму ніколі не імкнулася быць цікавай, чытэльнай, захапляльнай, як імкнулася, скажам, калісьці французская літаратура – тыя ж Дзюма, Бальзак, Стэндаль… А грымнула перабудова, разваліўся Саюз, скончыліся буйныя дзярждатацыі – і асела, знемагла наша літаратурка. Не можа яна выжыць на кніжным рынку, бо туды паступаюць альбо выпрабаваныя стагоддзямі сусветныя перлы, альбо забаўляльнае, жывучае, як пустазелле, чытво.

– Трэба распрацаваць праграму падтрымкі… – няўпэўнена пачаў Васіль.

– Глупства! – рэзка абарваў яго рэдактар. – Нападтрымліваліся! Хай загартоўваецца ў жорсткай барацьбе. А не выжыве – то й трасца з ёй! Я хачу бачыць нашу будучую літаратуру рамонкам, валошкай сярод жыта, а не аранжарэйнай ружай-недатыкай. Палеткі, жыта – чытачы, а палявыя кветкі – мастацкія творы, што жывуць сярод людзей ды іх не цураюцца.

На некаторы час устанавілася маўчанне.

– Ведаеце, Васіль, чаму я з вамі размаўляю па шчырасці? – зноў загаварыў Месціч. – Сябе ў вас бачу: маладым, неабстраляным і задзірыстым. Але ж вам прыйдзецца зазнаць на сваім літаратурным веку ўсе крыўды, абразы, роспач, што і я перажыў. Скажыце, вам ужо давалі ад варот паварот?

– Была справа, – неахвотна адказаў Сурмач.

– І яшчэ дадуць, будзьце ўпэўненыя. А тое і выспяткам падгоняць. Я, Васіль, быў з чацвёртага курса універсітэта выключаны за “празмерныя” беларускамоўныя настроі. І аўтаматычна мяне перасталі друкаваць – усюды. Бедаваў, псіхаваў, адчайваўся, задушыцца хацеў. А потым скумекаў: куды я дзенуся з нашага балота. Хітрэйшым стаў. Затаіўся на тры гады, памёр для рэдактараў. А сам дзве кнігі за гэты час напісаў. Днём вагоны разгружаю – поначы пішу, і наадварот. А калі на маю асобу сталі нядобразычліўцы забывацца, я адразу некалькі падборак ва ўсе магчымыя выданні падаў. Чакаю. І прабілася-такі адна нізка вершаў у маладзёжным часопісе. Ды трэба ж такому надарыцца, неўзабаве адзін народны пісьменнік мяне ў сваім крытычным артыкуле станоўча адзначыў. Выпадковасць! Але яна дала штуршок, і прыйшлі ў рух мае астатнія рукапісы, што без гэтага народнага, зямля яму пухам, не пасунуліся б. Праз два гады выйшла мая першая кніжка вершаў, а яшчэ праз год – у Саюз прынялі. Вось так, брат... Але самае смешнае, што, ужо стаўшы сябрам Саюза, праціскаў я ў друк тыя самыя вершы, якія пад час майго дысідэнцтва ніводнай рэдакцыяй не прымаліся – з пазнакамі “слаба”, “неталенавіта” і падобнай хлуснёй. Мала таго, мне за іх, у тым ліку за іх, ганаровую літпрэмію прысудзілі. Усё, паважаны Васіль, адносна на гэтым свеце.

У пакоі запанавала цішыня. Сурмач нясмела паспрабаваў яе перарваць:

– Паколькі вы самі пацярпелі ад гэтай сістэмы, то і стараецеся дапамагаць маладым…

– Чорта лысага! – нечакана вылаяўся рэдактар. – Я па сутнасці такі ж бюракрат, як і ўсе. А ведаеце чаму? Таму што я сам – прадукт гэтае сістэмы і не змог бы ў ёй існаваць, калі б ішоў супроць плыні. Ды памяркуйце самі, што я магу зрабіць, калі аб’ём часопіса ўсяго дзвесце пяцьдзесят старонак? На добры лад, я павінен прымаць усё бездакорнае хаця б у плане тэхнічным, бо які чорт там разбярэ – талент ці не талент? Гэта можа вызначыць толькі час, чытацкая любоў, але не я адзін… Дык вось, калі прымаць усе тэхнічна правільныя творы, то аб’ём часопіса мусіць быць не дзвесце пяцьдзесят, а дзве тысячы пяцьсот старонак! Што, самі разумееце, нерэальна. Вось і даводзіцца крэмзаць харошым людзям адпіскі, грашыць перад сваім сумленнем, начэй не спаць – а раптам хто ўтапіцца задумае? Сапраўдныя творцы – яны, браце, народ кволы. Гэта графамана нічым не проймеш. Ты яго ў дзверы, а ён у акно лезе! Багата такіх у Саюз пісьменнікаў пранырвае. А ўжо пранырнуўшы, графаман будзе душыць усіх канкурэнтаў бязбожна – і рэальных і патэнцыйных.

– Надта вы непрывабную карціну намалявалі. Гэтак пісаць не захочаш, – нявесела пажартаваў Сурмач.

– Гэта я вас проста папярэджваю. Дзеля вашага ж шчасця. І яшчэ: старайцеся не высоўвацца. У нас не любяць выскачак, асабліва таленавітых. У нас любяць харошых, ціхіх хлопчыкаў, якіх можна патрапаць па плячы і павучыць, як трэба пісаць, адчуць на іх, так бы мовіць, пераемнасць пакаленняў, сваю дастойную змену ўбачыць. Таму я вашы вершы прымаю да друку, але хай яны сваю чаргу вылежаць. Гэтак ім здаравей будзе. У вас колькі ўвогуле вершаў?

– Штук семдзесят.

– Ну і слаўна. Актывізуйце сваё пісанне, каб можна было, скажам, са ста штук адабраць тых жа семдзесят, па ўзроўні – як гэтыя дзесяць. Тады падрэдагуем іх, падчысцім, і я перадам у часопіс “Маладосць”, там у серыі “бібліятэка” выходзяць кніжкі маладых літаратараў. Я мяркую, і ваша ў іх ціхамірна праскочыць.

– Дзякуй вам, Алесь Хведаравіч. – Васіль падняўся з канапы. – Пайду я, позна ўжо.

– Можа, чаю яшчэ? На дарожку.

– Не… праўда, трэба ісці… – Сурмач, як помніцца, наважыў сёння вярнуцца ў бацькоўскую хату: не заяўляцца ж туды цемначы.

– Што ж, прыемна было пагутарыць. – Месціч таксама ўстаў і працягнуў хлопцу руку. – Спадзяюся, не апошні раз… Калі што, тэлефануйце.

35

Наступныя два лістападаўскія тыдні Васіль жыў, нібыта ў іншым вымярэнні. Пахмурнае неба, шкілеты дрэў і хмызоў, нячысты асфальт і ўчарнелае апалае лісце паўставалі для яго ў нейкім інакшым, нязнаным святле. Адчуванне чагосьці важнага трывала пасялілася ў Сурмачавым сэрцы. Гэтае адчуванне вяршэнствавала над усімі ўчынкамі, дзеяннямі і ладам мыслення Васіля Сурмача. Быццам удыхнулі ў яго новыя сілы.

Падобную акрыленасць ён зведаў толькі раз у жыцці, гадоў у шаснаццаць. Ён тады выпадкова пазнаёміўся з дзяўчынай у агульных сяброў і праводзіў яе дадому. Давялося ехаць на тралейбусе ў адзін з аддаленых новых мікрараёнаў. Усю дарогу Васіль захоплена гаманіў са сваёй прыяцелькай і не заўважыў, як яны сышлі на патрэбным прыпынку, не запомніў і звілісты шлях сярод аднастайных дзевяціпавярховак да дому дзяўчыны. Надоўга затрымаліся яны ля пад’езда. Калі ж развітваліся, Васіль перапісаў нумар тэлефона тае дзяўчыны і адчуў сябе непамерна шчаслівым. Занураны ў салодкія думкі, ён пабрыў куды вядуць вочы. Неабжытаму мікрараёну бракавала ліхтароў, але быў пачатак зімы, і сам снег асвятляў хлапцу шлях. Васіль караскаўся на пагоркі, скочваўся з іх па заледзянелых сцяжынках, пералазіў цераз нейкія агароджы, мінаў новабудоўлі… Ішоў абсалютна бяздумна, бо толкам не думаў нават пра сваю сімпатычную знаёмую. Адно адчуванне шчасця, дзівоснага новага шчасця вяло Васіля па цёмных чужых дварах і вуліцах… Апамятаўся ён гадзіны праз паўтары, калі выйшаў на ўскраіну горада. Зірнуў на гадзіннік і жахнуўся: палова дванаццатай. Ён паспрабаваў зарыентавацца на мясцовасці і не змог, бо ніколі не бываў у гэтым закінутым, зусім новым мікрараёне іхняга вялізнага горада. Ззаду высіліся аграмадзіны дамоў, збольшага – цёмныя, з пустымі вачніцамі акон; і толькі паасобныя дамы зіхацелі негустымі электрасузор’ямі. Наперадзе – пустка з зацярушанымі снегам кучамі цэглы, блокаў, скруткаў дратоў. За светлай пусткай, далёка, – цёмная паласа лесу. Паблізу – ані душы, пустая асфальтаваная дарога. Аднак усё гэта – позні час, адсутнасць арыентацыі, бязлюднасць – чамусьці тады не пужала Васіля. Вострае адчуванне шчасця перакрывала сабой усё на свеце, надавала сілу, смеласць, упэўненасць у сабе. Свет уяўляўся казачным, вясёлым, свежым. Васіль быў гатовы ісці пехатой усю ноч. Крочыць і мроіць пра тую дзяўчыну… З якой, дарэчы, ён пасля так і не сустрэўся.

Гэтак, па сутнасці, было і цяпер, пасля двухгадзіннай гутаркі ў рэдакцыі з Алесем Хведаравічам Месцічам. Свет быццам бы расхінуўся для Васіля, пашырэў, палагаднеў, а ўласнае жыццё набыло нечаканую значнасць. Нібы ўсё чалавецтва, раней такое насцярожанае і непрыветлівае да Сурмача, раптам раскрыла яму свае абдоймы. Для таго аказалася патрэбным не так і многа: каб з мільярдаў людзей рэальна знайшліся адзін-два блізкіх па духу чалавекі, прывецілі, абагрэлі, уразумелі яго, Васілёву, існасць. Гэтага дастаткова. Так бывае ў каханні: сыходзяцца два няшчасныя, не вельмі прыгожыя, знявераныя ў жыцці чалавекі, і чорна-белы сыры і бязрадасны свет раптам успыхвае для іх феерычнымі, карнавальнымі агеньчыкамі. Адметна, што і яны – закаханыя – таксама ўпрыгожваюць сабою, сваім шчасцем навакольны свет. Паасобку яны не маглі браць удзел у гэтым свяце жыцця, супольна – могуць. Хіба гэта не Божая таямніца?

Гэтак і творчасць для нас – толькі абуза, крыніца душэўных ваганняў і невыносных пакут, пакуль не знойдзецца хаця б адзін-адзіны чалавек, здольны ёй спагадаць. Гэта закон прыроды. І шчаслівыя тыя літаратары, якія яшчэ пры жыцці завітваюць праз свае кнігі ў сотні тысяч дамоў, гасцююць там вечарамі, засынаюць ля падушак удзячных чытачоў, на доўгія гады робяцца іх сябрамі. Але, мабыць, найшчаслівейшыя ўсё ж тыя пакутнікі, што так і не патрапілі пабачыць сваіх лепшых кніжак, але ў нязломнай веры, замардаваныя галечай, нячуласцю і цемрашальскай цэнзурай, без блізкай надзеі пісалі, хавалі, шматкроць перараблялі і зноў хавалі свае рукапісы. Яны каналі заўчасна, почасту – у засценках, нярэдка – у поўным вар’яцтве. Рукапісы выходзілі ўжо без іх, з Божае волі, бо насамрэч не з’яўляліся ўласнасцю тых нябогаў. Рукапісы выжывалі, як выжывае ўсё вартае на гэтай зямлі, ператвараліся ў кнігі, якія паступова набывалі ў масавай свядомасці статус геніяльных. Адной з іх стала “Майстар і Маргарыта” М. Булгакава…

І ўсё ж жаданне даць жыццё сваім творам з’яўляецца зусім нармальным для кожнага пісьменніка, і ён мае святое права змагацца за гэта ўсімі прыстойнымі сродкамі. Бо хіба ж якія бацькі пажадаюць свайму дзіцяці пакутнай долі? Хіба захочуць яны, каб іх нашчадак ад нараджэння гібеў у голадзе, холадзе, цемры і неадукаванасці? Не, яны будуць імкнуцца даць яму ўсё магчымае… Важна, каб не за кошт іншых дзяцей. Гэтак жа важна, каб пісьменнік, што выдаў за жыццё трыццаць тамоў, падумаў: а ці не змарнаваў ён лішні вагон паперы, а ці не магла тая друкаваная плошча спатрэбіцца якому не меней таленавітаму літаратару?

Калі б нейкі кваліфікаваны псіхолаг узяўся правесці аналіз знешніх дзеянняў, рою думак і агульнага фону настрою Васіля Сурмача, то ён, мажліва, мусіў бы засведчыць, што ўсе яны ўскосна вынікаюць з тых прынятых да друку дзесяці Васілёвых вершаў. Прынятых без пэўных гарантый, пад слова гонару толькі аднаго чалавека, які за некалькі месяцаў можа, да прыкладу, звольніцца з працы… І тым не менш, гэтыя дзесяць не надта выдатных вершаў вызначалі паводзіны Васіля. Бо за гэтымі творамі стаяла, па сутнасці, усё яго жыццё, прычым і будучае – у тым ліку. Праз іх, як праз чароўныя дзверцы, рыхтаваліся да выхаду на свет божы туманныя немаўлячыя згадкі, дзіцячыя алавяныя салдацікі, першыя каляровыя мультфільмы, школьная муштра, вясновыя капяжы, духмяны бэз пад акном, празрыстыя воды Нарачы, нешчаслівае каханне, атуленыя сумётамі елачкі, гаротныя гады армейскай службы, груз перачытанага-перадуманага за апошнія гады і багата, багата чаго яшчэ.

Васіль быццам адчуў сваё права на існаванне пад гэтым нелагодным беларускім небам, на гэтай няспешчанай зямлі, сярод гэтых людзей з вечна напружанымі, недаверлівымі тварамі. Адчуў, што можа быць кімсьці запатрабаваны. Восеньскі горад ужо не ўяўляўся яму, як раней, ненажэрнай бяздушнай пачварынай, якая штодзень заглынае яго ў восем гадзін раніцы і выплёўвае ў восем вечара знясіленым і знявераным, каб назаўтра паўтарыць тое самае. Васіль убачыў яго як найскладанейшы, блізкі да дасканаласці арганізм са сваім дыханнем, пульсам, сваімі біялагічнымі і духоўнымі законамі. Трэба не баяцца яго, трэба адчуць сябе клеткай гэтага арганізма і праз яго, у ім, з яго дапамогай выяўляць сваю чалавечую сутнасць. Сурмач нібы развярнуўся да горада тварам, і той паважліва прыняў яго ў сябе. У гарадскіх лабірынтах, сярод тысяч дамоў, процьмы дзвярэй і акон таілася штосьці і для Васіля Сурмача.

Нудныя аблажныя дажджы скончыліся, і горад нібы замёр у чаканні зімы. Не, людское жыццё візуальна не спынялася ні на секунду. Спяшаліся на работу грамадзяне, бурчалі цягавітыя грузавікі, лёталі порсткія легкавушкі, снавалі па рэйках трамваі, гулі неўгамонныя тралейбусы, бойка ішоў вулічны гандаль садавінай-агароднінай, прадпрыемствы і ўстановы своетэрмінова адчынялі дзверы для працаўнікоў і службоўцаў, холад не замінаў кахаць, любіць, ненавідзець… Але душа горада як бы ўзнялася пад самыя хмары і з тых вышынь крытычна і самакрытычна пазірала долу. Яна, думаў Сурмач, апусціцца на зямлю разам з першым зазімкам – абноўленая, ачышчаная і радасная. І, як па камандзе, павесялеюць людзі, будуць узрушана рыхтавацца да навагодніх і калядных святаў. У вітрынах крамаў паявяцца адпаведныя атрыбуты, пабагацеюць і папрыгажэюць прылаўкі, пасвятлеюць абліччы прадаўцоў і пакупнікоў. На двары і завулкі павысыпае асмялелая дзятва з канькамі, санкамі, лыжамі, у закутках паўстануць нехлямяжыя снежныя бабы і крэпасці… Усё гэта будзе пазней, але абавязкова – будзе.

Думкі, нават самыя глыбокія і светлыя, калі празмерна затрымоўваюцца ў чалавечай душы, калі занадта доўга не знаходзяць сабе выйсця, робяцца ворагам іхняга носьбіта. Васіль, чалавек па прыродзе не злосны, цягам апошніх гадоў змагаўся не з вонкавым светам (як ён меркаваў), а са сваім унутраным разладам, які ўтварыўся ад перанасычанасці незапатрабаванымі ведамі. І вось цяпер праз нейкую ўяўную адтуліну з Сурмачавай душы выцякалі гэтыя застаялыя веды. Іх яшчэ пакуль ніхто не ўспрымаў, але яны крануліся, але душы палягчэла. Як старадаўні ўрач даваў палёгку хвораму выпусканнем крыві, як скандал і лаянка ёсць сродкам пазбаўлення печані ад залішняй жоўці, гэтак магчымасць (хаця б патэнцыйная) публічна выказацца з’яўляецца спосабам духоўнага аздараўлення для паэта.

Васіль яшчэ толькі прадчуваў светлыя грані быцця, але ж відавочна пазбаўляўся ад цёмнага яго боку. Ён набліжаўся да раўнавагі, той раўнавагі добрага і благога, якую ўсе мудрацы лічылі шчасцем. Ён, як аказалася, толькі вучыўся спазнаваць добрае, прыгожае, боскае і адкрываў яго зусім не там, дзе мог бы сабе ўявіць. Яно ляжала па-за законамі грамадскага суіснавання, па-за логікай, па-за матэрыялістычным поглядам на рэчы. Яно цуралася якой-кольвек выгады і карыслівасці. Яно, наадварот, вымагала аддаваць, спачуваць, а значыць – траціцца. Аддаваць сваю ўвагу купцы вераб’ёў на сцюдзёным асфальце, аддаваць ім кавалак свайго батона, траціць час на пазачарговае прыбіранне кватэры, на добрыя словы для бліжняга, на пакупку незапланаваных падарункаў родзічам, спачуваць суседу па аўтобуснай цісканіне, саступаць сядзячыя месцы нямоглым і дзецям, – усё гэта цалкам супярэчыць барацьбе за існаванне, на якой, па меркаванні аднаго барадатага разумніка-натураліста, і стаіць свет. Не, ён стаіць насуперак той барацьбе. Бо канчатковы яе вынік, яе ідэал: нейкая ўсёмагутная зубастая істота з курынымі мазгамі – адна на ўсім свеце, бо пажэрла ўсё жывое.

У лістападзе Сурмач зазнаў небывалы творчы ўздым. Ён напісаў больш, чым за папярэднія пяць месяцаў. Цяпер радкі не трэба было вымучваць – яны з’яўляліся міжвольна, прычым у самых нечаканых і, бывала, нязручных месцах. Вершы прыходзілі на рабоце, пад час абедзенных прагулак, у душна-тлумным грамадскім транспарце, вечарамі ў кампаніі таварышаў, яўляліся з начным бяссоннем, а нярэдка – проста па першым абуджэнні ад сну. Васіль нібыта падвоіўся, і ўжо нехта куды болей дасведчаны ў літаратуры і значна мудрэйшы прапаноўваў яму богведама адкуль узятыя думкі, вобразы, словы. Адчуванне гэтага “другога” было настолькі рэалістычным, што Васіль, калі заставаўся на адзіноце, абсалютна сур’ёзна звяртаўся да свайго двайніка, а дакладней, як бы пераходзіў у яго асобу і, паназіраўшы збоку, ставіў ацэнку сабе самому. Гэта давала Сурмачу магчымасць выразней бачыць свае чалавечыя заганы, агрэхі ў вершах, дапамагала расці і ўдасканальвацца. Да таго ж, як ніколі, стала хораша і цікава з самім сабой, адзінота больш не прыгнятала.

Васіль многа чытаў паэзіі, збольшага – класічнай; яна служыла яму крыніцай уласнай творчасці. Ён запаляўся некаторымі радкамі Блока, Гумілёва, Караткевіча і часцяком зачытваў іх вечарамі жонцы брата – Галіне, а затым яны доўга гутарылі пра літаратуру, творчасць, жыццё. У Галі ён адчуў сябра, роднасную душу. Ён адкрыў, што да маладой і прыгожай жанчыны можна ставіцца з павагай, захапляцца яе розумам і проста чалавечай прыгажосцю. Раней ён лічыў маладзіц нечым ніжэйшым, гэтакім аб’ектам для выхаду сваіх страсцей і ўладарных амбіцый. Чым бліжэй Васіль пазнаваў Галю, тым больш дзівіўся, чаму яна – такі высокаадукаваны і неардынарны чалавек – не займаецца мастацкай творчасцю. Затое яе муж, Яўген Сурмач, духоўны паталок якога быў відавочна ніжэйшы, каторы год запар марнуе паперу і прытым упэўнены, што робіць вялікую справу. Васіль ведаў братавы творы назубок, бо ахвочы да пахвалы Яўген літаральна прымушаў усіх дамашніх чытаць свае опусы па выхадзе з друку, мала таго – затым раўніва і назойліва распытваў пра тыя ці іншыя персанажы.

Пры канцы лістапада надарыўся выпадак, які шмат чаго праясніў з вышэйсказанага. Прынамсі падаўся Сурмачу лагічным.

36

Была субота. Васіль увесь дзень правёў у Марыі Лухвіч. Між іншым, пасля неспадзяванай сустрэчы з яе былым мужам Сурмач ані разу ў той кватэры не начаваў. Па-першае, хацелася ўнаравіць бацькам, адносіны з якімі ўвачавідкі пайшлі на лад, па-другое, ён моцна засумняваўся, ці тая Маша жанчына, з якой ён хацеў бы звязаць свой лёс. Аргументы “за” тут пакуль што не пераважалі аргументаў “супраць”. З аднаго боку, Васілю было хораша і спакойна з Лухвіч; чуццё падказвала, што пабітыя жыццём жанчыны ўмеюць цаніць такія ўзаемаадносіны, больш за тое – яны чэпка за іх трымаюцца; яны не схільныя да беспадстаўных сварак, да жахлівых істэрык з уцёкамі з дому і пагрозамі самагубства; яны цвяроза ставяцца да рэчаіснасці, з імі надзейна. Апрача таго, кватэра Марыі Лухвіч знаходзілася блізка ад месца работы, дый жылплошчы ёй не бракавала. З іншага боку, Сурмачу, як і большасці мужчын, хацелася мець свайго (а тое і сваіх) нашчадкаў. А ці захоча Маша нарадзіць яшчэ адно дзіця? А ці палюбіць Сурмача яе сын, а ці зможа Сурмач даць яму ўсё неабходнае, ці не абдзеліць яго ўвагай за кошт уласнага дзіцяці? Ці не вырасце Косцік чарговым бязбацькавічам, ушчэмленым, з шэрагам небяспечных комплексаў чалавекам? Гэтыя пытанні свядома і падсвядома непакоілі Васіля, і ён быў пакуль яшчэ далёкі ад лёсавызначальнага рашэння. Насцярожвала таксама і Машына шалёнасць у пасцелі ў спалучэнні з крайне невысокім інтэлектуальным узроўнем: чытала яна, як і бальшыня так званых інтэлігентных жанчын, выключна раманы з фантастычнымі любоўнымі сюжэтамі, па тэлевізары глядзела слёзныя меладрамы, карацей – была заклапочана ўсё той жа пасцеллю, сям’ёй, каструлямі.

Дык вось. Прабавіўшы дзень у Марыі Лухвіч, Васіль прыбыў дамоў а восьмай гадзіне вечара з прыемным намерам сесці за пісьмовы стол і завяршыць пачаты яшчэ ўчора верш. У нагрудным блакноце меўся яго накід.

Бацькоў не было дома, дый не мусіла быць. Сяргей Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна з самага рання пакацілі на дачу, меркавалі там заначаваць – трэба было канчаткова падрыхтаваць сядзібу да зімоўкі, забраць са склепа рэшткі варэнняў-саленняў. Прапаноўваў сваю дапамогу і Васіль, але бацька збіраўся нагрузіць пажыткамі і задняе сядзенне “жыгулёнка”, так што лішняга месца не прадбачылася. Сын, зразумела, не дужа засмуціўся з тае прычыны, бо не надаралася яшчэ паездкі на лецішча, каб ён не пацапаўся са сварлівым Сяргеем Уладзіміравічам. Спакайней будзе.

Васіль завучанымі рухамі адамкнуў дзверы, кінуў шапку на верхнюю паліцу міні-гардэроба, сунуў чаравікі на ніжнюю, пачапіў на крук паліто і пайшоў у ванную. Ён памыў рукі і прычасаўся, а тады накіраваўся на кухню папіць чаю. Знаходзіўся ён там хвілін пятнаццаць. За ўвесь гэты час кватэра не падавала якіх-небудзь прыкмет жыцця, аднак гэта ні трохі не здзівіла Сурмача, бо Яўген з Галяй маглі выправіцца куды заўгодна. Насцярожыўся ён хвілін праз пяць, калі па дарозе ў залу прамінаў пярэднюю, а затым – зачыненыя дзверы ў брацельнікаў пакой. У кватэры ўсё-такі нехта знаходзіўся, бо было занадта ціха. Васіль падышоў да вешалкі і абутковай паліцы, уключыў верхняе святло і ўважліва іх агледзеў. Яўгенава скураная куртка адсутнічала, затое Галіна выхадное паліто вісела на відным месцы. Тут жа прыгадалася, што Яўген з жонкай як быццам збіраліся сёння ў госці, – Васіль чуў нешта такое краем вуха за сняданкам. Але ж братавая, ён гэта дакладна ведаў, не магла туды пайсці ні ў чым іншым, як у выхадным палітоне. Такая нестыкоўка азадачыла Васіля. Але, цвяроза разважыўшы, хлопец справядліва рашыў, што не яго гэта справа, і паплёўся ў свой пакой.

Там ён паглыбіўся ў вершы і прыкладна на гадзіну забыўся на ўсё вонкавае. Верш, што бывала рэдка апошнім часам, не клеіўся. І пагатоў гэта было дзіўна таму, што Сурмач сядаў за пісьмовы стол з папярэдне напісанымі дзвюма строфамі, з яснай задумай і нават накідам дзвюх астатніх. Але выйшла зусім па-іншаму. З лёту дабіўшы верш да чатырох строф, Сурмач раптам выявіў, што пачатак і канец гэтага твора не толькі не гарманіруюць паміж сабою, але неяк ускосна адно аднаму супярэчаць. А да ўсяго ён не ўгледзеў, што рытмічныя памеры “ўчарашняй” і “сённяшняй” палавін верша не супадаюць. Гэта было асабліва прыкра: Васіль раней не заўважаў за сабой падобных агрэхаў і лічыў сваё пачуццё рытму абсалютным. Але ж калі з неадпаведнасцю рытмічных канструкцый яшчэ можна было сяк-так прымірыцца (гэта сустракаецца і ў класікаў), то сэнсавы бок твора выдаваў на яўную бязглуздзіцу. Атрымоўвалася, што лірычны герой, ад асобы якога і вяшчалася ў вершы, з’яўляецца альбо псіхічна няўстойлівым, альбо проста хлуслівым чалавекам, паколькі па сутнасці абвяргаў свае ж думкі. Гэтага Сурмач ніяк не мог дапусціць, а таму рашуча сцёр (ён заўсёды пісаў алоўкам) дзве апошнія страфы верша і задумаўся над гэтым пустым месцам. У галаву, як на грэх, прыходзілі ўсё тыя ж ідэі, толькі ўжо на новай, правільнай, рытмічнай аснове. І хаця розум пэўна падказваў Васілю, што думкі гэтыя ёсць бесталковымі і неразумнымі, упартае пяро так і наравіла іх вывесці. Свае ж, мэтазгодныя, думкі выходзілі надзіва нязграбнымі ў паэтычным сэнсе і здаваліся вершаванай прозай. Усур’ёз запісваць іх рука не паднімалася. Такім чынам, Сурмач патрапіў у своеасаблівы тупік. У гэты вечар ён найвыразна адчуў, што паэзіі супрацьпаказана рацыянальнае мысленне, што для яе законы не пісаныя, што яна досыць сваявольная пані.

Апамятаўся Васіль ужо на пачатку дзесятай гадзіны, і з прычыны вельмі банальнай: моцна захацелася ў туалет. Ён пакінуў сшытак разгорнутым (бо цвёрда намерыўся ўсё ж дамучыць непаслухмяны верш) і пашкандыбаў праз калідор у прыбіральню. Але хутка вярнуцца да пісьмовага стала яму не давялося.

Праз пяць хвілін, калі рушыў праз пусты калідор, Васіль знайшоў, што нездаровая цішыня ягонай кватэры нібыта яшчэ пацішэла, згусцілася. Штосьці было не так… І тут Сурмача асяніла: тэлефон! Што тэлефон? Маўчыць? Не, якраз быў, за гэты час быў адзін тэлефонны званок. Але захоплены літаратурнымі рэбусамі Сурмачаў мозг як бы адзначыў гэты званок і, каб не трывожыць свайго гаспадара, паклаў на далёкую паліцу падсвядомасці. Аднак не ў званку была загваздка – у ягонай працягласці. Быццам хтосьці хутка, праз паўтара гудка, яго перарваў. Гэта магло адбыцца ў двух выпадках: або той, хто званіў, па невядомай прычыне перадумаў, або трубку паднялі ў Сурмачавай кватэры. Адзін тэлефонны апарат стаяў у бацькоўска спальні, якая зараз пуставала. Але паралельны тэлефон быў у пакоі брата…

Васіль выйшаў у калідор, наблізіўся да дзвярэй братавага пакоя і замёр, прыслухоўваючыся. Зноў тая ж вязкая ціша. У прынцыпе, ніякіх гукаў ён і не чакаў, бо дзверы былі абабіты тоўстым слоем дэрмаціна. (Гэтак Яўген колісь адасобіўся ад вонкавых шумоў дзеля высокай творчасці.) Васіля апаноўвала жаданне пастукацца і павярнуць ручку, але ўвагу яго прыцягнуў дзвярны праём у пустыя “харомы” бацькоў. Святло ад калідорнай лямпачкі выяўляла за ім абрысы канапы, тумбачкі, крэсла… Сурмач рашыў туды заглянуць. Уключыўшы святло, ён убачыў ціхамірна пусты пакой з унутраным парадкам, які заўсёды ўстанаўлівала Людміла Пятроўна перад ад’ездам. Шторы былі па завядзёнцы зашморгнуты. Васіль у некалькі крокаў перасек гэтае невялікае памяшканне, адсунуў адну шторыну ўбок і зірнуў у акно. Ён не ведаў, нашто ён гэта робіць. Наперадзе прывычна гарэлі вокны стандартнай блочнай пяціпавярхоўкі. Толькі яны і асвятлялі двор, які таксама прывычна вымер у гэты час. Прычым вокны наперадзе свяціліся ў тым самым вечаровым парадку, які Васіль прывык бачыць з дзяцінства, і які стаўся такім жа звычайным, як дзіцячыя гушкалкі, альтанка ў цэнтры двара, кашлатая блакітная яліна…

Васіль, не пагасіўшы святло, выйшаў у калідор і накіраваўся на кухню. Як у дзяцінстве, калі панічна баяўся цемрадзі, рэзка націснуў пераключальнік. Кухня мела зусім мірны выгляд. Краявід, які паўставаў за акном, быў ужо іншым і значна прывабнейшым: пад пагоркам пралягала нявузкая вуліца, каля аўтобуснага прыпынку тырчала некалькі чалавек, правей ад яго – весела гарэлі вітрыны гастранома. Тут Васіль канчаткова ўразумеў, што ўся адмоўная энергія, якую ён адчуваў скурай, зыходзіць усё-такі з пакоя брата.

…На стук ніхто не адказаў, ды Сурмач і не збіраўся чакаць адказу. Ён павярнуў ручку і расчыніў дзверы. Тут не гарэла ніводнае лямпачкі, але яркае калідорнае святло рынулася ўнутр і ўперлася ў шырокую кніжную секцыю. Васіль ступіў за парог і адразу ж зірнуў направа. У далёкім куце пакоя, на тахце пад акном, нешта страпянулася, і вочы распазналі цёмную кучу, якая пачала шавяліцца. Заскрыпела тахта. Васіль інстынктыўна зрабіў пару крокаў да пераключальніка, які быў выведзены на сцяну за шафай, працягнуў да яго руку…

– Не ўключаў святло, не трэба, – пачуўся нейкі надломлены голас братавай.

Васіль аслупянеў, хаця які яшчэ голас ён меркаваў тут пачуць?

– Галя? – Ён адняў руку ад сцяны. Раптам стала няёмка і сорамна за свой страх, за тое, што бесцырымонна ўваліўся ў чужы пакой. – Прабач… я думаў…

– Падыдзі сюды, Вась. – Галя села, абаперлася спінай аб падваконне і падкурчыла ногі. Сурмач ужо даволі выразна бачыў яе – вочы прывыкалі да паўзмроку.

Ён наблізіўся да тахты і нерашуча спыніўся.

– Сядай, – сказала Галя. Так, голас у яе быў яўна ўсхваляваны, няроўны, а вочы, наколькі мог разгледзець Васіль, – звільгатнелыя.

Хлопец сеў не на канапу, а на крэсла, што стаяла ўсутык да яе.

– Здарылася што? – Васіль усур’ёз прадчуваў непрыемную неспадзеўку, калі не трагедыю, і таму...

– Я з Жэнькам палаялася, – сказала Галя і неяк па-дзіцячаму ўсхліпнула.

“Дзякуй Богу”, – падумаў Васіль, а ўголас сказаў:

– Як палаяліся так і памірыцеся. Тае бяды.

– Ты не разумееш, Вась. Гэта пусцяковіна для тых, хто штодзень у сварках жыве. А ў нас з тваім братам – за сем год і голасу адно на аднаго не павышалася.

– А вось гэта якраз ненармальна, – паблажліва гаварыў Васіль, з палёгкай развальваючыся ў крэсле. – Затое цяпер – вы паўнавартай сям’ёй будзеце.

– Не, гэта катастрофа! Гэта… Божухна, што ж я яму нагаварыла! Я выказала яму ўсё, разумееш – усё! І пра тое, што невыносна мне жыць без дзіцяці ў чаканні немаведама чаго, і пра яго літаратурныя ўтопіі… Ведаеш, Вась, гэта асабліва для яго страшна – літаратура. Я ж абазвала яго бяздарнасцю.

– Дык гэта ж праўда! – цынічна заўважыў Васіль. – Якая справа, такая і слава.

– Так, гэта праўда, – сумна згадзілася Галя. – Але ж гэта тая праўда, якую трэба трымаць пры сабе… калі ты чалавека любіш. Тут лепш маўчы, як жаба ў карчы. – Яна роспачна перапляла пальцы рук. – Для яго гэта катастрофа. О, ты б толькі бачыў ягоны твар. Гэта ж дзіцёнак, трыццацігадовы дзіцёнак, які жыве ў сваім вузкім літаратурным асяродку, абсалютна не ведае жыцця, піша свае лялечныя раманы з плоймай надуманых герояў, нацяжак. Ён жа баіцца прасторы, грубай сапраўднасці. Сказаць яму гэтую праўду – што адлупцаваць немаўля. Ты разумееш?

– Лепш гэта яму зараз сказаць, чым у шэсцьдзесят гадоў, калі ўжо нічога не зменіш.

– Ды я люблю яго! Разумееш ты ці не? – усклікнула Галя. – Як я магла, чаго я дабілася сваёй праўдай?! Ды я проста спаганяла сваю злосць, гэта ж так відавочна! Сваю незадаволенасць жыццём, свой затоены адчай я выліла на харошага ціхага чалавека. Хай ён не таленавіты! Аднак ад яго опусаў ні карысці, ні шкоды. Я ведаю лёс такіх твораў. Яны пішуцца не для чытачоў, а для крытыкаў, рэдактараў, для гэтага футаральнага пісьменніцкага хаўрусу. Па іх выхадзе з друку неўзабаве з’яўляецца некалькі дзяжурных рэцэнзій, а праз які месяц на іх усе дружненька забываюцца. І ляжаць гэтыя раманы-аповесці без усякае шкоды на паліцах бібліятэк і кнігарань.

– Тут я з табой не пагаджуся. – Васіль упарта не хацеў спачуваць брату. – А плошча на паліцах? А папера? А рабочыя месцы ў рэдакцыях? Навошта іх займаюць пустыя і бяздарныя асобы? Хіба гэта не відавочная шкода?

– Ты яшчэ малады, Вася. Табе не зразумець… – пачала Галя.

– Ды я амаль твайго ўзросту, – нагадаў Васіль. – Два гады розніцы. – І тут жа падумалася: “А і праўда, я заўсёды ўважаў яе за значна старэйшую”.

– Прабач, але ў літаратуры ты малады. Ты не ведаеш усёй яе паднаготнай, гэтай закуліснай валтузні, гэтых падкопаў, каверзаў, бруду… Яўген сумленны работнік, хаця б фармальна сумленны… і старанны, па-свойму прынцыповы. Можа, на такіх і трымаецца наша літаратура. Ён верыць у ідэю – і гэта немалаважна.

– Ён літаратурны бюракрат, будучы душыцель усяго прагрэсіўнага, – не здаваўся няўмольны Васіль. – Нябось ужо не адну дарогу перасякерыў.

– Ды як мы можам завочна ганіць чалавека, які недзе ў адчаі зараз блукае па горадзе! Вась, памажы мне! Яго трэба адшукаць. Ён жа без шапкі пайшоў. На вуліцы каля нуля. Што калі нап’ецца, заваліцца дзе?.. О Госпадзе, якая ж я сцерва! – Галя закрыла твар рукамі.

Васіль перасеў на канапу і нясмела пагладзіў яе па галаве.

– Дзе ж яго шукаць. Сам прыйдзе, – спрабаваў ён суцешыць Галю. – Вось паглядзіш.

– Ужо позна, блізу дзесяці вечара, Вась… Пазваніць бы куды. А я не магу. Мы з ім збіраліся на вечарынку ісці…

– Дык, мабыць, ён там?

– Не, мне адтуль званілі, – адмоўна захітала галавой братавая. – Прыйшлося зманіць, што Яўгена выклікалі ў рэдакцыю… Хоць сёння субота. А самой куды-небудзь тэлефанаваць, дальбог, сорамна. Што я скажу?

– Ты мне перапішы тэлефоны ўсіх яго знаёмцаў, да якіх ён тэарэтычна можа заявіцца. – Васіль падняўся з тахты. – А я апрануся і прабягуся па нашым раёне. Упэўнены, што ён недзе непадалёк абіваецца.

– Дык можа, спярша адсюль пазваніць? – Галя саскочыла на падлогу і замітусілася каля пісьмовага стала, шукаючы нататнік з тэлефонамі.

– Я з вуліцы ўсіх абзваню. Цяпер жа вулічныя тэлефоны бясплатныя. – Васіль выйшаў з пакоя.

37

Не часта апошнім часам Васілю выпадала роля дабрадзея. Лёгка было сказаць: прабягуся па раёне. Ды нават калі б ён быў упэўнены, што Яўген скрываецца ў адным з двух суседніх дамоў, гэта б не намнога палегчыла сітуацыю. Цяпер цёмна і холадна, швэндацца па гэтай золі нармальны чалавек не будзе. Зрэшты, ці нармальны Яўген? Вядома, што ў стане ўтрапення чалавек здатны на самыя адчайныя ўчынкі.

Усё гэта Сурмач абдумваў, калі стаяў перад пад’ездам і марна шукаў у кішэні кажушка хоць адну-адзіную папяроску. Вакол не было ні душы.

“І собіла ж ім пацапацца, – абурана разважаў Васіль, – бавіліся б цяпер мірком ды ладком на той вечарынцы, пілі, закусвалі, танцавалі, разумнічалі пра высокае мастацтва… І мне б галава не балела. – Тут ён успомніў пра недароблены наравісты верш у сшытку і зусім засмуціўся. – Якое ліха іх сутыкнула! Ды мала таго, што палаяліся, дык гэты вялікі пісьменнік дзвярамі ўздумаў ляпаць, істэрыкі разыгрываць ды з дому збягаць! Як баба”.

Сурмач так і не адшукаў у кішэнях кажушка курыва, і таму яго далейшы маршрут выпрацаваўся сам сабой: бліжэйшая крама (той гастраном за аўтобусным прыпынкам). Ён задраў высокі каўнер, уцягнуў галаву ў плечы, засунуў рукі ў кішэні і паплёўся ўздоўж дома, каб павярнуць за рог. Калі прамінаў крайні пад’езд, здалося, што за нешырокай шыбай дзвярэй мільгануў цень. “Чаго на свеце не бывае!” – без энтузіязму падумаў Васіль і збочыў да ганка. Калі ж рашуча знасцежыў дзверы, то ўбачыў даволі пошлую карціну. Маладзёны – чалавек пяць, – прыхіліўшыся да батарэй ацяплення, курылі і, мяркуючы па характэрным паху, выпівалі злаподлую барматуху. Былі сярод іх і дзве нахабнага выгляду дзеўкі. Пры з’яўленні ў дзвярным праёме постаці Сурмача, хлапцы сумеліся і рэзка абарвалі сваю ажыўленую гамонку. Дзяўчаты ж гарэзна і з выклікам захіхікалі… Васіль знік гэтак жа хутка, як і паявіўся.

Завярнуўшы за рог дома, ён пайшоў не ў абход – па сцяжынцы, а нацянькі праз дарэшты здзічэлы яблыневы садок. Гэты садок быў улюбёным месцам гульняў для тутэйшых хлапчукоў. Нямала палазіў, пабегаў і пакачаўся па доле тут некалі і Васіль. Варта сказаць, што на родным мікрараёне Сурмач заўсёды пачуваўся звышупэўнена. Ён ніколі не апасаўся нарвацца на падпітую шпану, не баяўся цёмных вячэрніх двароў і закуткаў. Гэта была яго вотчына.

Вось і зараз, смела прастуючы паўз панурыя рукастыя дрэвы ў поўнай цемры, Васіль не думаў ні пра што іншае, як пра Яўгена, Галю і пра тое, як іх гору памагчы.

Як Васіль ні недалюбліваў брата, а ўсё ж вымушаны быў прызнаць, што той псіхануў абсалютна лагічна. Больш за тое, каб нейкая ўяўная жонка абазвала бяздарнасцю Васіля, ён бы не толькі развар’яваўся, а, чым самому збягаць з дому, выкінуў бы на вуліцу яе. Акурат так і было б. Але, паколькі ўсё ж абразілі не Васіля, а Яўгена, і той у стане афекту выскачыў за парог, то прыходзілася ставіць сябе на месца брата і разважаць, куды б у такім выпадку можна было падацца. Па-першае, на іхнім раёне няма чаго рабіць. Тут тугу не разгоніш. Адзіны асяродак культуры – кінатэатр “Ленінград”, які зараз на рамонце. Ёсць некалькі харчовых крамаў, большасць з якіх па познім часе ўжо закрыта. Па-другое, Яўген, які ўсё жыццё ненавідзіць просты люд, бруд, п’янства і іншыя праявы грубай рэчаіснасці, вядома ж не пацягнецца да вінна-гарэлачных прылаўкаў, не будзе таўчыся сярод валацугаў, не стане выпіваць за абмочаным рагом гастранома… Нічога гэтага ён не будзе рабіць. Так бы не паступаў і Васіль. А зрабіў бы ён вось што: сеў на любы аўтобус ці тралейбус і праз паўгадзіны выйшаў у цэнтры горада. Там, сярод чыстых асветленых пляцоў і шырокіх вуліц, куды весялей. Там ажыўлены аўтамабільны рух, там шпацыруюць прыгожа апранутыя і з прыстойнымі манерамі людзі; там святочна ззяюць шыльды магазінаў, шынкоў, рэстаранаў, куды можна зайсці і ніштавата перакусіць, выпіць. Там можна пагуляць па хораша асветленай набярэжнай, выпусціць пару, крыху супакоіцца. Адтуль можна пазваніць якому прыяцелю і, калі надарыцца такая магчымасць, завітаць да яго ў госці, пагаманіць, выпіць, развеяцца. А супакоіўшыся канчаткова, патэлефанаваць любімай жонцы Галі, прымірыцца, вызваць таксі і ціхамірна ды бяспечна прыбыць у родныя пенаты.

Пэўна, Васіль бы так і зрабіў.

Гастраном зачыніўся назусім акурат перад Сурмачавым носам. Хлопец сярдзіта зірнуў спярша на мажную прадаўшчыцу, якая загарадзіла ўваход, затым на наручны гадзіннік, што паказваў без дзесяці дзесяць. Ён быў падумаў папрасіць гэтую вартаўніцу прапусціць яго на хвілінку, але ж панура-рашучы твар кабеціны не абяцаў ніякай саступкі. Тым больш што прыкупіць курыва можна было тут жа – у тарцы гэтага будынка знаходзілася кругласутачная крама. Праўда, Васіль не любіў тое пажыўнае месца, асабліва познім вечарам, калі там збіралася даволі рызыкоўная публіка. Але гандлёвыя шапікі каля прыпынку даўно закрыліся, і зараз Сурмачу нічога не заставалася, як падацца ў бок “начніка”.

Зрабіўшы некалькі крокаў, ён пачуў са спіны выгукі лаянкі і шум тузаніны. Абярнуўся. У загароджаны табурэткай праём, які сцерагла мажная прадаўшчыца, напралом лез нядошлага выгляду высокі дзядзька. Ён ужо прасунуў туды рукі і галаву ды намагаўся пераступіць цераз табурэтку, але тоўстая рука знутры штурхала яго ў грудзі і тым замінала здзейсніць задуманае. Дзядзька, апрануты ў зашмуляную целагрэйку, шалёна крыў прадаўшчыцу мацюкамі, за што тая абяцала яму “падраць морду” і “бакі паламаць”. Раптам упарты бузацёр атрымаў штуршок у грудзі, куды мацнейшы за папярэднія, адляцеў ад дзвярэй на пару метраў, саскочыў з ганка, згубіў раўнавагу і расцягнуўся на зямлі. За ім выскачыў суровага выгляду міліцыянт у зімовай форме і некалькі разоў смачна выцяў небараку нагамі. За вартаўніком правапарадку з крамы вылузаўся плячысты мардаты дзяцюк у сінім халаце (відаць, грузчык). Удвух яны адарвалі недалужнага дзядзьку ад долу і літаральна занеслі ўнутр магазіна.

Забавіўшыся гэтай сцэнкай, Васіль паплёўся да “начніка”. Там, як і штовечар, было шматлюдна, нячыста і гаманліва. У непрасторным памяшканні натоўп згрудзіўся пераважна каля аднаго прылаўка – там адпускалі спіртное. Чарга хвалявалася. Ад яе брыдка несла танным курывам, барматухай, гарэлкай нізкіх гатункаў. Каля іншых двух прылаўкаў стаялі толькі паасобныя пакупнікі: там прадаваўся хлеб, малочныя і мясныя вырабы, кансервы, дыхтоўныя алкагольныя напіткі, што не па кішэні прапойцам, і, на шчасце Васіля, дарагія цыгарэты. Хлопец купіў пачак “Космасу”, падзівіўся на размаітыя дзівосныя пляшкі він і каньякоў, палюбаваўся на прывабную маладую прадаўшчыцу, што стаяла за гэтым прылаўкам, і пакіраваў назад. Метры за тры да выхаду з крамы ён абамлеў: у гэтае смуроднае памяшканне ўваходзіў яго чыстаплюй-брацельнік. Але найбольшую недарэчнасць сітуацыі надаваў букет шыкоўных чырвоных ружаў у руках Яўгена. Падслепавата жмурачыся, ён з нетаропкай паважнасцю прайшоў міма малодшага брата і падаўся да чаргі, што прагнула барматухі. Васілю здавалася, што ўсе прадаўцы і наведвальнікі крамы зараз жа павернуцца да Яўгена і паразяваюць ад здзіўлення раты, – настолькі не гарманіравала ў яго свядомасці прысутнасць тут з іголачкі апранутага, грэблівага да нечыстаты, наскрозь інтэлігентнага Яўгена, ды яшчэ з шыкоўнымі ружамі ў руках. І хоць ніхто з прысутных ашаломлена не ўсклікнуў і не стаў паказваць на Яўгена пальцамі, Васіль не марудзячы выбраўся на вуліцу: чамусьці не хацелася быць заўважаным.

Там ён закурыў і, апанаваны цікаўнасцю, забег пад павець прыпынку, стаў назіраць за выхадам з начной крамы. Яўген, які ўсё ў жыцці рабіў крайне няспешна, не паказваўся. Тут Васілю падумалася, што брацельнік можа таксама пайсці на гэты прыпынак, каб ехаць у горад. Прыйшлося хутка змяніць месца дыслакацыі: Васіль кінуўся да рада гандлёвых кіёскаў – зараз закрытых і цёмных, і ўжо адтуль цікаваў за выхадам з “начніка”. Давялося выкурыць яшчэ цыгарэту, перш чым паявіўся Яўген. У руках, акрамя раскошных ружаў, ён трымаў бутэльку шампанскага. Крочыў ён неяк урачыста; калі праходзіў блізу шапікаў, Васіль заўважыў, што шампанскае замежнае, дарагое. Пакінуўшы леваруч аўтобусны прыпынак, Яўген пайшоў цераз вуліцу.

Сурмача-малодшага, які міжвольна апынуўся ў ролі прыватнага дэтэктыва, разбіраў, туманіў розум паляўнічы азарт, карцела дайсці да фіналу гэтай катавасіі. Ён зладзеявата прыгінаўся і хаваўся ва ўсе магчымыя цені і неадступна трухаў за старэйшым братам.

Яўген наблізіўся да пагорка са здзічэлым садам і пачаў яго абгінаць па асфальтаванай дарожцы. Раз ён азірнуўся, і Васілю прыйшлося рэзка сагнуцца долу, нібыта завязваючы шнуркі. Калі ж пераследнік падняў галаву, то ўбачыў наперадзе адно пустую сцяжыну. Праклінаючы сябе, Васіль памчаўся па ёй… Праклінаў ён сябе яшчэ больш, калі неўзабаве ўбачыў брацельніка, які няспешна крочыў па двары свайго дома і прычым яўна кіраваў да роднага пад’езда.

Каментарыі тут залішнія. Ва ўсякім выпадку, Васіль адназначна рашыў, што далейшае яго ўмяшанне ў ход падзей не толькі не патрабуецца сітуацыяй, але і будзе непажаданым. А таму сунуў рукі ў прасторныя кішэні кажушка, развярнуўся на сто восемдзесят градусаў і бязмэтна пацёгся наперад. Азарт прапаў, вечар паэзіі пайшоў на глум, вакол было бязлюдна і сыра…

38

Неяк няўзнак Сурмач ізноў апынуўся пад пагоркам, перасек вуліцу. На прыпынку і перад гастраномам зараз было зусім пустэльна. Адно каля “начніка”, аб чымсьці змаўляючыся, аціралася купка падазронага выгляду грамадзян. Васіль пайшоў па выбоістай асфальтаванай дарожцы ўздоўж вуліцы. Яна рабіла шырокую дугу і праз паўтара кіламетра праходзіла паблізу Сурмачава дома – толькі з іншага боку. Гэта быў гожы маршрут для прагулак.

Абапал вуліцу сціскалі бязладна і маляўніча пастаўленыя “хрушчоўкі”, наперадзе, дзе дарога рабіла найкруцейшы выгін, пачыналася раздольная пустка, за ёй паўставалі два новыя мікрараёны. Адзін – пару гадоў як абжыты. Другі – пустынны, з цёмнымі аграмадзінамі будынкаў, з цыбатымі высознымі кранамі. Дзякуючы гэтым новабудоўлям Сурмачаў мікрараён ужо тры гады як не лічыўся гарадской ускраінай, а колькасць і частата грамадскага транспарту, што праз яго праходзіў, значна павялічыліся.

Вось і зараз, няглядзячы на позні час, Васіля, які нетаропка крочыў наперад, раз-пораз абганялі бурклівыя аўтобусы і тралейбусы. І рэдка-рэдка – легкавікі. З супрацьлеглага боку амаль што нічога не выязджала. І не дзіўна: па нечай эканамічнай задуме, усе маршруты грамадскага транспарту былі пушчаны па кольцы аднабакова.

Дарожка, па якой ішоў Сурмач, асвятлялася ліхтарамі слаба – праз два на трэці. Але, як бы ім у дапамогу, з акон навіслых абапал “хрушчовак” лілося сваё адмысловае святло. У войску, калі Васіль стаяў у каравуле, за агароджай іхняй часці высіліся такія ж стандартныя пяціпавярхоўкі. За тысячы кіламетраў ад роднага дома – акурат такія ж! І, прыхіліўшыся поначы да каравульнай вышкі, падоўгу ўзіраўся тады салдат у рэдкія жоўтыя плямы акон, намагаўся разгадаць іх таямніцу, грэўся іхнім цяплом, мройліва ўяўляў якую-небудзь “хрушчоўку” сваім домам, куды ён, адкінуўшы аўтамат і перамахнуўшы цераз агароджу, можа завітаць у любы момант. Але не ідзе, але церпіць… Таму што так трэба.

Перад пусткай, што адкрывалася праваруч, Васіль наблізіўся да скрыжавання. У дваццаці метрах ад мірглівых жоўтых святлафораў знаходзілася павець аўтобуснага прыпынку, у доме напроці – маленькі магазін, а каля яго – пару тэлефонных аўтаматаў. Людзей паблізу не было, толькі з падваротні вычмыхнуў увішны “жыгулёнак”, асляпіў фарамі і віскліва збочыў на галоўную вуліцу.

Сурмач падышоў да аўтаматаў. Першы з іх не падаў ніякіх прыкмет жыцця. Зняўшы трубку з другога, Васіль расчуў кволы гудочак. Набраў нумар Марыі Лухвіч. Кароткія сігналы ўпарта сведчылі аб тым, што нумар заняты. Васіль, пацепваючыся ад золі, выкурыў цыгарэту і зноў зняў трубку: тыя ж кароткія гудкі.

Ён перасек вуліцу і паплёўся ўздоўж пусткі з аднаго боку і свайго мікрараёна – з другога. Ветру не адчувалася, аднак халадала з кожнай хвілінай, на дол увачавідкі напаўзала малочная імгла. Яна завалакла і прыглушыла далёкія агеньчыкі мікрараёна за пусткай. Нежылых гмахаў там зусім не было відно. Заціхалі навакольныя рухі. Усю дарогу да наступнага прыпынку Васіля ўжо не абагнала ніводная машына, не сустракаліся і прахожыя. Рэльеф паніжаўся, і сцюдзёная бель ахутала першыя паверхі “хрушчовак”, што злева туліліся да самай дарогі. У ёй патанулі кватэрныя лямпачкі…

І толькі ля павароткі, якая вяла на новабудоўлі, мерна міргалі жоўтым колерам святлафоры. Здавалася, што сама Беларусь, здранцвеўшы ў нямым чаканні, рахмана і бездапаможна лыпае тут вачыма.

Васіль скіраваў да тэлефонных аўтаматаў, што прыгарнуліся да соннага газетнага кіёска, зняў трубку… Нумар Марыі Лухвіч быў па-ранейшаму заняты. Сурмач крыху павагаўся, затым дастаў нататнік, адгарнуў патрэбную старонку і зноў крутануў наборнік… Кароткія гудкі сведчылі і пра занятасць нумара Таццяны. Ужо зусім замаркочаны, Васіль набраў трэці нумар – Змітра Куліка. На гэты раз сігналы былі нармальныя, доўгія; яны мерна ўспыхвалі і затухалі ўвушшу, гучалі настойліва, раз за разам спрабавалі адчыніць цішыню… Але і на іх не было адказу.

Сурмач абагнуў кіёск, падышоў да лавак аўтобуснага прыпынку, прысеў, бяздумна ўтаропіўся на замглёныя вокны пяціпавярхоўкі, што стаяла праз вуліцу. Святлафор то жаўціў, то цямніў яго твар.

Раптам з-пад лаўкі данёсся слабы піск, і між Васілёвых чаравікаў вылезла шэрае кацянё. Вартая жалю істота дрыжала ўсім сваім убогім цельцам, але вочы, вытарашчаныя на чалавека, гарэлі нязломным жыццём. Гэтае дамесячнае кацянё, якое пакуль што бачыла на белым свеце адно холад і голад, якое ў любы міг магло быць расціснута коламі машын і закатавана хуліганамі, глядзела на незнаёмага агромністага Васіля Сурмача з першабытнай любасцю! Яно, якое даверліва церлася аб яго ногі і патрабавальна пішчала, было значна мацнейшым за гэты туман, за гэтыя панурыя гмахі на даляглядзе, за цемру і пустату. Бо праз агеньчыкі яго вачэй гаварыла сама Прырода.

Васіль сунуў руку ў кішэнь штаноў і намацаў там некалькі цукерак, якія сёння сунула яму на дарогу Маша. У мігатлівым святле хлопец знайшоў сярод іх “Кароўку”, зняў абгортку і надкусіў. А тады асцярожна падняў дрыготкае кацянё, якое амаль нічога не важыла, паставіў сабе на калені і стаў тыкаць яму ў рот гэты ласунак. Ад страшэннага голаду істота калацілася ў яго руках і ела прагна. Яна ўвобмірг умяла цукерку і прынялася вылізваць Васілю пальцы сваім шурпатым язычком. Ад гэтых цёплых дотыкаў стала неймаверна хораша. Васіль засунуў кацянё за пазуху. Яно прыліпла да яго грудзей, утульна завурчала, затым пасунулася бліжэй да пахі.

– Ну што, брат, хадзем? – сказаў Васіль, намацаўшы звонку жывы камячок. Кацянё варухнулася пад матэрыяй, піскнула і заціхла.

Сурмач устаў з лаўкі і, трымаючы правую руку на грудзях, перасек вуліцу…

Пад аднастайнымі пяціпавярхоўкамі, патанаючы ў вільготнай смузе, па цямравай бязлюднай сцяжыне рушылі два спадарожнікі. Істотным плёнам турботнага жыцця аднаго з іх былі толькі дзесяць няпэўнай вартасці вершаў, што чакалі свайго часу ў шуфлядзе рэдактарскага стала. Другі спадарожнік пакуль што наогул нічога не меў. Ім было добра.

2000–2001 гг.

Загрузка...