ХАЦІНСКАЯ ВАЙНА


Пагоршанне стасункаў з Турэччынай * Збіранне сілаў * Каму кіраваць войскам? * Хацінскі лагер * Месяц цяжкіх баёў * Геройства нашых жаўнераў * Начныя вылазкі * Апошняя бочка пораху * Смерць i перамога

Паўднёвым суседам Рэчы Паспалітай была неспакойная Асманская імперыя, якая да пачатку стагоддзя безупыннымі войнамі пашырыла свае ўладанні на велізарныя прасторы паўночнай Афрыкі, Пярэдняй Азіі i паўднёва-усходняй Эўропы. Паўночныя межы яе ўладанняў падступілі пад Вену i Альбоў[22].

Трэба адзначыць, што стасункі паміж Турэччынай i нашай дзяржавай не былі асабліва драматычнымі. Стамбул больш цікавіла экспансія ў Цэнтральную Эўропу праз Падунаўе. Праўда, землі Украіны i нават паўднёва-ўсходняй Польшчы даволі часта цярпелі ад рабаўнічых нападаў турэцкіх леннікаў — крымскіх татараў. Але не заставаліся ў даўгу i запарожскія казакі. Спускаючыся на чоўнах па Дняпры ў Чорнае мора, яны не толькі вынішчалі крымскае ўзбярэжжа, але часам нават пагражалі прыгарадам сталіцы самой імперыі.

Аднак у часы панавання Жыгімонта Вазы дачыненні паміж Стамбулам i Варшавай значна пагоршыліся. Кароль Рэчы Паспалітай уступіў у альянс з манархамі Аўстрыі i Нямеччыны — Габсбургамі. A менавіта ix уладанні былі шчытом на шляху турэцкага наступу на хрысціянскую Эўропу. Значыць, хаўруснік Габсбургу аўтаматычна рабіўся турэцкім праціўнікам. Вузел канфрантацыі завязваўся ў памежнай Малдавіі, дзе ва ўсталяванні ўплываў супернічалі польска-ўкраінскія i турэцкія феадалы. Лакальныя сутычкі, ініцыятарам якіх фактычна сталася Рэч Паспалітая, неўзабаве перараслі ў сапраўдную вайну, што запатрабавала вялізных намаганняў з абодвух бакоў. Вайна атрымала найменне Хацінскай.

Восеньскі паход 1620 года польска-ўкраінскіх сілаў у Малдавію скончыўся поўным разгромам войска Кароны i смерцю ix гетмана.

Заахвочаны такой лёгкай перамогай, тагачасны малады i ганарлівы султан Асман II, не марудзячы, пачаў рыхтаваць паход на поўнач. Праз свайго пасла ён паведамляў Маскве, што хоча разграміць Польшчу i выйсці на берагі Балтыйскага мора. Задаволіў бы яго, мусіць, i захоп адной Украіны. Натуральным альянтам Турэччыны стала на той час Швецыя, якая зноў распачала ваенныя дзеянні ў Інфлянтах.

У чэрвені 1621 года вялізная турэцкая армія, якая, па сведчаннях сучаснікаў, з дапаможнымі сіламі i чарнаморскімі татарамі налічвала да 150 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдавіі i Украіны.

Збірала сілы i Рэч Паспалітая. У бальшыню эўрапейскіх дзяржаваў накіраваліся паслы прасіць дапамогі, спрабаваць утварыць антытурэцкую хрысціянскую кааліцыю. Аднак без поспеху. На кантыненце ўсё яшчэ бушавала вялікая вайна паміж каталікамі i пратэстантамі. Таму рэальнымі былі спадзяванні толькі на свае сілы. Рэгіянальныя соймікі, а затым i Сойм вальны (усеагульны) ужо з верасня 1620 года, з часу паразы ў Малдавіі, заняліся падрыхтоўкай абароны краіны. Рабілі, як ніколі, энергічныя захады па збіранні грашовых сродкаў i мабілізацыі войска.

Востра паўстала пытанне аб военачальніку. У Польшчы тады не было асобы, здольнай кіраваць ваеннымі дзеяннямі. I тут выбар караля выпаў на выпрабаванага ў шматгадовых змаганнях са Швецыяй i Маскоўшчынай вопытнага палкаводца вялікага гетмана літоўскага Яна Кароля Хадкевіча. Выбар манарха быў падтрыманы бальшынёю ўплывовых феадалаў Рэчы Паспалітай.

Клопаты былі ўжо звыклыя. Падаткі на вайну паступалі са спазненнем. Адпаведна былі цяжкасці з найманнем войска. Не хапала коней, артылерыі, харчоў, медычнага забеспячэння. Некаторыя вайсковыя аддзелы, што ішлі ў бок Малдавіі, займаліся рабаўніцтвам на сваёй жа тэрыторыі.

Асноўныя беларускія сілы рухаліся з-пад Вільні, Полацка ды Смаленска. Дарэчы, якраз са Смаленска везлі так неабходную ў будучай вайне артылерыю, а таксама харчаванне. Беларускае войска злучылася ў Берасці. А адтуль паўз правабярэжжа Буга дасягнула Альбова, дзе яго вітаў сам гетман. Сканцэнтраваныя першапачаткова ў Варшаве, кіраваліся на поўдземь польскія сілы пад кіраўніцтвам каралевіча Уладзіслава. Прыйшлі на дапамогу i славутыя лісоўчыкі.

Надзвычай важна было атрымаць дапамогу казакоў. У пачатку XVII стагоддзя Запарожская Сеч стала фактычна аўтаномнай украінскай дзяржавай у Рэчы Паспалітай са сваім войскам, адміністрацыяй, судом. Яна абапіралася перадусім на першакласную конніцу, якой у адказныя моманты набіралася дзесяткі тысяч вершнікаў. Аднак напярэдадні турэцкай вайны стасункі паміж Варшавай i Запарожжам былі вельмі напятыя. Прычынай гэтага было найперш імкненне польскіх i ўкраінскіх феадалаў умацавацца на ўрадлівых чарназёмах Падняпроўя. Ідэалагічным сцягам казацтва стала праваслаўе, якое шмат цярпела пасля Берасцейскай царкоўнай вуніі. Акрамя таго, украінцы насцярожана сачылі за развіццём дачыненняў паміж Асманскай імперыяй i Рэчай Паспалітай, баючыся, каб не адбылося замірэння са Стамбулам ix коштам. Насцярога мела падставу — султан асабліва патрабаваў знішчэння Сечы.

Напружаныя перамовы паміж каралеўскім дваром i казацкай старшынай[23] прывялі ўрэшце да паяднання. Істотную ролю ў гэтым адыграла пазіцыя канстантынопальскага патрыярха, які заклікаў казакоў да абароны Святога Крыжа ад няверных мусульман. 8 жніўня магутнае па тых часах трыццацітысячнае казацкае войска, складзенае пераважна з украінцаў, пераправілася цераз Днестр. Узначальваў яго даўні паплечнік Хадкевіча яшчэ па маскоўскай вайне гетман Пятро Канашэвіч-Сагайдачны. Казацкія сілы спусташалі Малдавію, пакідаючы туркаў без правіянту. Акрамя таго, яны рабілі засады, трымалі абарону на пераправах i ў цяснінах, затрымліваючы рух Асманавых сціжмаў. Гэтым даваўся такі неабходны Хадкевічу час для падрыхтоўкі адпору.

Частка казакоў на чоўнах-чайках распачала атакі на марскія шляхі туркаў у Чорным моры, вынішчала ўзбярэжныя гарады i вёскі. Уражанне ад гэтага было такое вялікае, што сярод акружэння султана нават узнікла думка аб вяртанні войска ў межы імперыі.

Улічыўшы стасункі сілаў (прыкладна адзін супраць трох), вялікі гетман літоўскі выбраў абарончую тактыку. Вызначыў для лагера адпаведнае месца каля замка Хацін[24] на малдаўскім правабярэжжы Днястра (каб рака адразала жаўнерству шлях магчымых уцёкаў з поля бітвы). Тут, пры замкавых мурах, i пачалі спешна будаваць земляныя ўмацаванні.

Усё войска Рэчы Паспалітай пад Хацінам мела каля 60 тысяч жаўнераў. Значную частку яго складалі выхадцы з польскіх земляў, былі ў ім таксама найміты з Прусіі, Сілезіі, Нямеччыны. Крыху меншыя па колькасці фармацыі прыйшлі з Беларусі, Летувы i Інфлянтаў. Але яны мелі вялікі баявы вопыт i ўзначальваліся такімі дасведчанымі ваярамі, як Аляксандр Сапега, Мікалай Зяновіч, Мікалай Касакоўскі, Ян Рудаміна. Таму менавіта землякам давяраў гетман найбольш важныя ўчасткі абароны, сваю гусарыю кідаў у самае пекла бою.

У бітве пад Хацінам асабліва трэба адзначыць ролю ўкраінскіх казакоў. Яны, складаючы блізу паловы войска Рэчы Паспалітай. былі найбольш загартаваныя i спрактыкаваныя ў змаганні з ворагам, з якім сустракаліся да гэтага неаднойчы. Украінцы баранілі свой край, які быў тут жа, за Днястром. Таму сярод ix амаль не было дэзерціраў i яны выявілі надзвычайную мужнасць i храбрасць у адбіванні шматлікіх турэцка-татарскіх штурмаў, у контратаках i начных вылазках.

Аснову войска Асмана II складалі туркі з Малой Азіі i эўрапейскай часткі імперыі — Румеліі. Былі ў ім таксама арабы, румыны, малдаване, загоны з некаторых балканскіх краёў. Асабліва вылучалася сваім фанатызмам i ваяўнічасцю янычарская пяхота, у якую набіралі захопленых хрысціянскіх хлопчыкаў, выгадаваных у мусульмански духу i з малалецтва рыхтаваных да вайны. У турэцкім войску была вельмі моцная артылерыя — пад Хацін падвезлі больш за шэсць дзесяткаў гарматаў з італьянскай найманай абслугай. Акрамя ўзброеных ваяроў у турэцкім лагеры было i некалькі дзесяткаў тысяч слугаў. На дапамогу Асману прыйінлі крымскія i прычарнаморскія татары. Яны мала прыдаваліся для штурму хацінскага лагера, таму мелі спецыфічную задачу: вынішчаць блізкае i далёкае, ажио за Альбоў, заплечча войскаў Рэчы Паспалітай, пераразаць шляхі ix забеспячэння.

Аднак мелі туркі i слабыя бакі. Бальшыня ix была ўзброеная толькі халоднай зброяй ды лукамі. Пяхота не вельмі дасканала валодала стрэльбамі-янчаркамі. Малымі аказаліся запасы харчу для людзей i пашы для коней. Ваяры былі пераважна з цёплых краёў, а тут якраз пачыналася халодная восемь. Паўплывалі на ход будучай бітвы спрэчкі i канкурэнцыя ў вайсковым кіраўніцтве Асмана, а таксама нявопытнасць маладога султана. Такім чынам, ні харчовымі i фуражнымі запасамі, ні вопраткай, ні нават характарам праціўнік не быў прыстасаваны да ўпартага пазіцыйнага змагання. Адзінае, чаго ў туркаў было з лішкам, дык гэта пораху.

Тым часам разнамоўнае i разнавернае войска Хадкевіча задзіночвалася магутнай ідэяй абароны хрысціянства i эўрапейскай цывілізацыі ад мусульманскай навалы. У бальшыні складзенае з жыхароў Рэчы Паспалітай, яно бараніла сем'і, родны край, сваю дзяржаву.

Перад падыходам турэцкай арміі Ян Хадкевіч паспеў умацаваць свой хацінскі лагер. Размяшчэнне войска прыкрывалі даўжэзныя, на некалькі кіламетраў, валы i равы. Найважнейшыя ўчасткі мелі дадатковыя драўляна-земляныя ўмацаванні, з-за якіх можна было весці флянковы[25] агонь. Паўночная лінія абароны абапіралася на Хацінскі мураваны замак, які будавалі беларускія майстры яшчэ пры князі Вітаўце, на пачатку XV стагоддзя. Умацаванні ўжо былі састарэлыя, вежы i сцены не мелі байніц для гарматнага бою, аднак гэта быў надзейны заслон ад ядраў праціўніка. Побач знаходзілася i мураваная царква, таксама ператвораная ў моцны асяродак абароны. З усходу лагер засланяў хуткаплынны Днестр i яго скалісты высокі бераг. Зпаўднёвага боку знаходзіўся яр з перасохлым ручаём.

Паўночную i заходнюю частку пазіцыі заняло польскае (кароннае) войска. Паўднёвы кірунак, адкуль чакаўся асноўны турэцкі націск, павінны былі абараняць беларуска-летувіскія сілы, у тым ліку лісоўчыкі, а таксама ўкраінскія казакі.

Вялікі гетман як мог гартаваў баявы дух свайго войска. Пры адной з размоваў пра вялікую сілу туркаў ён ухапіўся быў за эфес шаблі i крыкнуў: "Гэта ix палічыць!" Даведаўшыся ж пра запал i апантанасць султана, трапна выславіўся па-беларуску: "Сярдзіты сабака — ваўкам страва".

2 верасня перадавыя турэцкія загоны з амаль стокіламетровай калоны падышлі пад Хацін i адразу ж пачалі атакаваць запарожцаў, якія яшчэ ўмацоўвалі свой лагер.

Ян Хадкевіч, разумеючы, што гэта толькі частка войска султана, пастанавіў ударыць па ёй усімі наяўнымі сіламі, каб знішчыць як мага болей праціўніка. Такім меўся быць першы ход у баталіі сівавалосага беларускага ваяра. Палкаводзец вывеў свае загоны за ўмацаванні i пачаў натхняць да бітвы: "Зваліцеся на гэтых агіднікаў, змятайце ix ацяжэлыя турбанамі галовы зручным пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх i татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі — тут нам біцца i перамагчы альбо згінуць нам кажа неабходнасць!"

Аднак султан, які чуў пра незвычайную моц конніцы Хадкевіча, не прыняў адкрытай бітвы. Нашае войска сустрэў артылерыйскі абстрэл. Адначасова туркі скіравалі ўдар на запарожцаў. Нягледзячы на вялікія страты ад агню казацкіх рушніцаў, янычарская пяхота прабілася да самай лініі вазоў i на ix закіпела сеча. Тады гетман паслаў на дапамогу запарожцам нямецкую ды польскую пяхоту, якая адкрыла флянковы агонь. Распачала абстрэл i беларуская артылерыя. Парадзелыя янычарскія шэрагі захісталіся, i казакі, падтрыманыя вершнікамі суседніх харугваў, кінуліся ў контратаку. Туркі пачалі адступаць, i толькі моцны агонь з гарматаў прыпыніў наступ войска паўднёвай групоўкі Хадкевіча.

Ужо першы дзень бітвы быў адзначаны многімі ахвярамі: некалькі сотняў забітых i параненых туркаў, да трыццаці ваяроў страцілі ўкраінцы i беларусы.

Назаўтра, з'імітаваўшы атаку на царкву-мураванку, туркі зноў пачалі артылерыйскі абстрэл i штурм казацкага табара. Аднак запарожцы рукапашнымі контратакам} паспяхова адбівалі націск. Пры гэтым нават здабылі некалькі варожых гарматаў.

Па-сапраўднаму сітуацыя стала сур'ёзнай 4 верасня, калі падышла бальшыня турэцкіх сілаў. Зранку зноў пачалася атака на царкву, але потым уся агнявая моц скіравалася на казацкі табар. Адразу ж па абстрэле лавіна пяхоты з аглушальным рыкам кінулася на штурм. Казакі, якія ў адчайнай храбрасці не саступалі янычарам i перавышалі ix славянскай упартасцю, сустрэлі праціўніка перад вазамі зацятым рукапашным боем.

У крытычны момант, калі значна большыя турэцкія сілы прарваліся да лініі абароны, а некаторыя галаварэзы ўжо біліся ў самым абозе, Хадкевіч кінуў на дапамогу беларускую пяхоту i частку конніцы. Туркі, заслаўшы поле трупамі, адступілі. Аднак султан замест стомленых боем i парадзелых загонаў, не зважаючы на страты, пасылаў на штурм пазіцыі казакоў усё новыя сціжмы. I так працягвалася амаль увесь дзень. Але пад вечар казацкая конніца i пяхота ў шалёнай контратацы адкінулі туркаў, захапілі частку ix гарматаў i нават прарваліся ў лагер праціўніка.

I толькі ноч перапыніла змаганне.

Гэты дзень быў, можа, сама крывавым за ўвесь час Хацінскай вайны. Туркаў лягло болей за тры тысячы, казакоў i лісоўчыкаў — 800, вялікакняскія i каронныя войскі страцілі да трох сотняў ваяроў.

Такім вось чынам распачалася гістарычная бітва пад Хацінам. Дзень пры дні. Аднак найцяжэй стала сёмага верасня.

Да абеду туркі вялі знішчальны гарматны абстрэл казацкага табара i раз-пораз яго атакавалі, праўда, так i не здолеўшы прарвацца да ўмацаванняў. У абед султан знянацку ўдарыў на сутык абароны вялікакняскага войска з палком польскага каралевіча. Дзве перадавыя роты былі амаль цалкам высечаныя. Затым янычары праламалі абарону польскай i нямецкай пяхоты, захапілі галоўны вал i ўварваліся ў глыбіню лагера. Хадкевіч, імгненна ацаніўшы ўвесь драматызм сітуацыі, паслаў на небяспечны ўчастак спешаных ваяроў казацкага строю. Туркі былі вымушаныя адступіць за вал.

Разгарачаны стратай такой блізкай, здавалася, перамогі, султан накіраваў новыя сілы на той жа ўчастак абароны Хадкевіча. Падпусціўшы праціўніка пад самы вал, гетман нарэшце ўжыў сваю найбольш выпрабаваную моц. Праз "ліцьвінскую" браму былі выведзены найлепшыя харугвы беларускіх гусараў пад камандай Мікалая Сяняўскага, Мікалая Зяновіча, Пятра Апалінскага, Яна Рудаміны i Аляксандра Сапегі. Кіраваў гусарыяй непасрэдна сам гетман. Каля тысячы вершнікаў урэзаліся ў фланг турэцкіх сціжмаў. Хоць туркі напачатку адчайна супраціўляліся, але ix шыхты былі здратаваныя цяжкімі коньмі, прабітыя гусарскімі дзідамі, працярэбленыя шаблямі. Мусульманскі фанатызм не вытрымаў перад скрышальным напорам малайцоў з-над Дняпра, Дзвіны i Немана. Недабіткі ратавалі жыццё ўцёкамі. Толькі прыцемак ранняга восеньскага вечара спыніў вынішчэнне туркаў.

Гэтая гусарская атака пад Хацінам гучным рэхам славы шырока i далека разляцелася па Эўропе.

Гусарскія шаблі 7 верасня працверазілі султана i астудзілі яго запал. Простыя разлікі паказалі, што пры такім развіцці падзеяў перад умацаваннямі "няверных" у яго неўзабаве проста не застанецца ваяроў. Туркі пачалі мяняць тактыку. Яны вырашылі шчыльна блакаваць войскі Хадкевіча i частымі артылерыйскімі абстрэламі, кароткімі атакамі асобных загонаў знясіліць ix, вымучыць голадам i хваробамі i ўрэшце прымусіць да капітуляцыі.

Змаганне, такім чынам, перарасло ў зацяжную пазіцыйную вайну.

Асабліва дакучалі туркі запарожцам, не пакідалі ў спакоі сваіх заклятых ворагаў. Пра адзін такі нападна казакоў мясцовы армянскі храніст пісаў: "Шматтысячнае войска няверных з усіх бакоў, быццам цёммая хмара, абкружыла войска хрысціян так, што не відаць было ні поля, ні гораў". Аднак украінскія ваяры, хоць i неслі страты, трымаліся нязломна, абстрэламі i табельным! контратакамі стрымлівалі мусульман. Больш за тое, казакі пачалі практыкаваць начныя збройныя вылазкі на пазіцыі праціўніка. Запарожскія смелякі звычайна вярталіся з малымі стратамі, абцяжараныя багатай здабычай — харчаваннем, коньмі, каштоўнасцямі. Падахвочаныя такімі поспехамі, да казакоў нярэдка далучаліся жаўнеры з беларускіх i польскіх палкоў. Гэтыя акцыі вынішчалі турэцкае ваярства, дэмаралізавалі яго, сеялі паніку i няпэўнасць у варожых шыхтах.

Аднак становішча ў лагеры Хадкевіча выглядала цяжкім. Шмат было страчана ваяроў у штодзённых бітвах i змаганнях з туркамі, параненыя i хворыя перапаўнялі намёты. Канчаліся запасы пораху. А найцяжэй было з харчаваннем. Ставала хіба толькі мяса, бо коні без аўса i сена гінулі масава. Дрэвы i кусты пад Хацінам стаялі голыя, хоць да лістапада было яшчэ далека — лісце пайшло на корм жывёле. Найцяжэй было ўкраінскім казакам, мала падрыхтаваным да такой доўгай аблогі. Можа, гэта была адна з прычынаў ix частых начных вылазак. Захопленая здабыча абменьвалася ў лагеры на хлеб. Сена ж для сваіх коней казакі здабывалі літаральна шабляй — дзённымі атакамі, калі пярэднія секліся з туркамі, заднія наразалі траву ў мяхі.

Не лягчэй, аднак, было i туркам. Ix таксама даўно ўжо ціснуў голад, i кошт хлеба ў стане султана вырас у 60 разоў. А тут пачыналіся незвычайныя халады з дажджамі, i хваробы сталі вырэджваць шыхты ваярства. Аднак найбольшыя страты войска, вымушанае атакаваць Хадкевіча, мела пад час баёў. Падаў баявы дух. Шырылася дэзерцірства. Яшчэ ў пачатку Хацінскай бітвы Асман II абвясціў, што не стане есці, пакуль лагер няверных не будзе ўзяты. Але зараз ён ужо не ўспамінаў пра тое абяцанне, а побач з султанскім шатром паныла стаялі пахудзелыя сланы. Згасала надзея на паходда берагоў Балтыкі...

Ян Кароль Хадкевіч, бачачы крытычны стан свайго войска, пакуты казацтва, панічныя настроі сярод часткі жаўнераў, 18 верасня склікаў нараду: генеральнае кола вышэйшага афіцэрства, каралеўскіх камісараў i казацкай старшыны. Воблік прысутных — схуднелых, абдзёртых, параненых — красамоўна сведчыў пра сітуацыю. Сам смяротна хворы, гетман не меў сілы падняцца з ложка. Хадкевіч паставіў пытанне перад вайсковым кіраўніцтвам проста i ясна — ці нелепей адысці з-пад Хаціна? Пасля хвіліннай паўзы першым азваўся Канашэвіч-Сагайдачны: "Лепей з годнасцю за айчыну паміраць, чым кідацца наўцёкі, нягодныя людзей рыцарскіх". Мужнага казацкага гетмана з энтузіязмам падтрымалі прысутныя, а гэтага i сгтадзяваўся палкаводзец.

Змагарны настрой пашырыўся сярод войска. Быццам новыя сілы знайшліся ў змардаваных мужчынскіх душах i делах. Найперш, улічваючы, што войска прыкметна паменела, пастанавілі скараціць лінію абароны. Бліжэй да замка былі ўзведзеныя новыя ўмацаванні, старыя ж засыпаныя. Толькі лісоўчыкі, больш звыклыя да шаблі, чым рыдлёўкі, не крануліся з месца, i зараз ix лагеру вораг пагражаў ужо з трох бакоў. Улічыўшы пасіўнасць гэтаксама змучаных туркаў, казакі i тыя ж лісоўчыкі ўзмацнілі вылазкі супраць ворага, асабліва начныя. Здабычай станавіліся сотні коней, вярблюды, зброя i каштоўнасці, нішчылася жывая сіла праціўніка.

А стан здароўя вялікага гетмана рабіўся крытычны. Пасівелы ваяр дажываў апошнія дні, вымучаны камянямі ў нырках, падаграй. A ўрэшце прыступы эпілепсіі пачалі руйнаваць гэтае калісьці моцнае і, здавалася, нязноснае цела, звыклае да сядла, імклівых кавалерыйскіх атакаў, доўгіх пераходаў, холаду i спёкі, жыцця ў паходным намёце. Якія думкі прыходзілі ў ягозгасалы розум цёмнымі начамі пад Хацінам? Успаміны пра лагодныя пагоркі пад Цімкавічамі, славу Кірхгольма, маразы Маскоўшчыны ці сонца Італіі? Або шкадаванне, што так i канчаецца на ім слаўны род Хадкевічаў быхаўскай галіны? А можа, найбольш турбаваў лёс ягонага войска?

23 верасня Ян Кароль Хадкевіч, ужо бязмоўны, яшчэ знайшоў сілы перадаць гетманскую булаву свайму наступніку Любамірскаму, a назаўтра па абедзе пасля цяжкога канання пакінуў гэты свет. "Пан гетман памёр, a з ім вялікае шчасце Айчыны мілай", — занатаваў сучаснік. "Слава несмяротная яго на вякі вечныя жыць будзе", — дадаваў іншы.

Пазней пра выдатнага сына беларускай зямлі напішуць: "Лёс ласкавы надзяліў яго ўсім, што патрэбна для здабыцця несмяротнай славы. Даў яму паходжанне са знакамітага роду па мячы i па кудзелі, цудоўны шлюб, багацце незвычайнае, дасканалы склад цела з усімі рысамі высакароднага правадыра, поўны годнасці воблік: арліны нос, высокі лоб, ваяўнічы выраз. Акрамя таго, ён дасканала валодаў замежнымі мовамі i тымі навукамі, якія называем гуманістычнымі, найперш, аднак, шмат працы прысвячаў паглыбленню вайсковага майстэрства. Гэтаму аддадзены быў з маленства... Вылучаўся вялікай адпорнасщо на цяжкасці, на спёку i холад, на голад, вялікай таксама чуйнасцю ў расстаўленні старожы, спрытам у захопе "язьжа", такой спраўнасцю i хуткасцю ў шыкаванні баявых парадкаў, што параўнаўся ў гэтым з найвялікшымі старажытнымі i сучаснымі палкаводцамі. Добра абазнаны быў таксама ў гісторыі i выкананні памераў геаметрычных. Старанна вывучаў радаводы шляхотных коней i ўзбраенне. Яго твар, рукі, хада, голас, вопратка сведчылі пра тое, што ён створаны для вайны".

Вестка пра смерць палкаводца дайшла i да Асмана. Гэта акрыліла туркаў, i яны зноў ухапіліся за зброю. Хацінскаму лагеру давялося перажыць некалькі занятых штурмаў, асабліва цяжка было ўсё тым жа казакам i лісоўчыкам. Але гэта былі ўжо перадсмяротныя канвульсіі звера. У туркаў яшчэ быў порах для бітвы, але не хапала для яе ні сілы, ні волі.

Першыя спробы перамоваў пачыналіся ў дні, калі яшчэ жыў Ян Хадкевіч. Няўдача ж апошніх намаганняў зламаць супраціў войска Рэчы Паспалітай прыспешыла справу замірэння. Зашнуравалі паслы паміж стаўкамі султана i Любамірскага, у спрэчках абмяркоўваліся ўмовы спынення баёў i дэталі будучых дачыненняў паміж дзвюма дзяржавамі. Нарэшце 9 кастрычніка быў падпісаны мір, паводле якога мяжа паміж Асманскай імперыяй i Рэчай Паспалітай пакідалася ранейшай. Гэта была перамога! A ў лагеры ж абаронцаў Хаціна на той дзень заставалася толькі адна бочка пораху...

I рушылі войскі з-пад Хаціна. Турэцкія — на поўдзень, нашы — на поўнач i усход, дадому.

Чакалі родныя i блізкія i беларускіх ваяроў. Але далека не ўсе вярнуліся з-пад малдаўскага замка жывымі на Бацькаўшчыну. У фарным касцёле Наваградка i сёння захоўваецца каменная табліца, пастаўленая тут у 1643 годзе ў памяць палеглых пад Хацінам землякоў. На барэльефе выявы Яна Рудаміны, ветэрана яшчэ Інфлянцкай вайны, i яго паплечнікаў. Укленчылі рыцары з складзенымі рукамі, а перад імі на доле — звал янычарскіх трупаў i галоваў. A колькі такіх памятных дошак па касцёлах i цэрквах Беларусі не захавалася да нашых дзён?


Загрузка...