Ксэнофонт, антычны палкаводзец, прайшоў усю Малую Азію і быў яшчэ бог ведае ў якіх юясцох, не карыстаючыся дапамогай географічнай карты. Старажытньая готы рабілі свае набегі, таксама ня ведаючы топографіі. Ісьці бязупынна наперад, прабірацца незнаёмымі краямі, быць заўсёды абкружаным ворагамі, якія чакаюць першага зручнага выпадку, каб скруціць табе карак, і, ня ведаючы страху, ісьці наперад, — вось што такое паход.
У каго галава была на плячах, як у Ксэнофонта ці ва ўсіх разбойніцкіх плямён, якія прышлі ў Эўропу бог ведае адкуль з берагоў ня то Касьпійскага, ня то Азоўскага мора, тыя стваралі ў паходзе проста цуды.
Легіёны Цэзара, дабраўшыся (зноў такі беэ ўсялякіх географічных карт) далёка на поўнач, да Гальскага мора, надумаліся не варочацца ў Рым тым самым шляхам, якім прышлі, а выбраць сабе другую дарогу, з мэтаю пашукаць сабе прыгод; і аднак-жа яны шчасьліва вярнуліся назад у Рым. Як відаць, якраз адгэтуль пашла прымоўка, што ўсе дарогі вядуць у Рым таксама-ж і ў Чэскія Будэйовіцы вядуць усе дарогі. Удалы ваяка Швэйк быў у гэтым глыбока пераконаны нават тады, калі заміж будэйовіцкіх краёў убачыў мілеўскую вёсачку. I не мяняючы кірунку, ён закрочыў далей, бо для ўдалага ваякі, які надумаў рана ці позна папасьці ў Будэйовіцы, ня можа адыграваць ніякай ролі якое-б там ні было Мілеўска.
Такім чынам праз нейкі час Швэйк апынуўся ў раёне Кветава, на захад ад Мілеўска. Ён вычарпаў ужо ўвесь свой запас салдацкіх песень, і быў прымушан, падыходзячы да Кветава, паўтарыць свой рэпэртуар спачатку:
Калі ў паход мы ўзьняліся,
Сьлязьмі дзяўчата заліліся…
Па дарозе з Кветава на Враж, якая вяла ўвесь час на захад, з Швэйкам загаварыла бабулька-сялянка, якая ішла з касьцёлу дадому:
— Добры дзень, салдацік. Куды бог нясе?
— Іду я, бабулька, у полк, у Будэйовіцы, на вайну на гэту самую.
— А бацюхны, ды вы-ж ня так ідзяце, салдацік! — спужалася бабулька. — Вам гэтак туды ніколі ня трапіць. Дарога-ж ідзе цераз Враж на Кветаў.
— Па-мойму, калі чалавек з галавою, то і з Кветава трапіць у Будэйовіцы, — адказаў Швэйк. — Кавалак, вядома, ладны асабліва для чалавека, які сьпяшаецца ў свой полк і баіцца, як-бы, ня гледзячы на ўсе яго стараньні зьявіцца ў тэрмін, у яго ня вышлі няпрыемнасьці.
— Быў у нас таксама адзін такі ўтрапенец, — уздыхнула бабулька. — Звалі яго Тонічак Машэк. Вышла яму ехаць у Пільзень у апалчэньне. Пляменьніцы маёй ён сваяк. Так… Ну паехаў, значыць. А праз тыдзень яго ўжо жандары шукалі. Да палка, выходзіць, не даехаў. Потым зьявіўся. У простай адзежы, невайсковай. «У водпуск, кажа, прыехаў». Стараста па жандараў, а тыя яго з водпуска і пацягнулі… Ужо і ліст з фронту атрымалі: нічога, жыў, нагі вось толькі не хапае.
Старая доўга спагадліва глядзела на Швэйка:
— У тым вунь лясочку, пакуль што, салдацік, пасядзеце, а я заціркі прынясу пагрэцца. Хата вунь наша адгэтуль відаць якраз за лясочкам, направа. Праз нашу вёску лепш ня ідзеце, жандары ў нас усёроўна, як выжлы, шныраць. Проста праз лясочак ідзеце да сяла Мальчына, Чыжова абыдзеце — жандары там жывадзёры: дзязяньцераў ловяць. Праз Седлец ідзеце— ня бойцеся. Жандар там добры, кожнаму дасьць прайсьці. Паперы-ж ёсьць?
— Няма, бабулька.
— Тагды і праз Седлец лепш ня ідзеце. Ідзеце праз Радамышль. Толькі глядзеце, прыходзьце туды ўвечар, жандары ў шынку сядзець будуць. За касьцёлам там домік, унізе ён сінім памаляваны. Запытайцеся там дзеда Мэліхарка. Брат ён мой. Паклон перадайце яму ад мяне, а ён вам скажа, як вам ісьці ў Будэйовіцы.
Швэйк чакаў у лясочку больш за паўгадэіны. Потым, пакуль ён грэўся заціркаю, што прынесла бабулька ў гаршку, захінутым у падушку, каб не астыла, старая выцягнула з клуночка акрайчык хлеба і кусок сала, піхнула ўсе гэта Швэйку ў кішэнь, перахрысьціла яго і сказала, што ў яе на вайне два ўнукі. Потым яна падрабязна яшчэ раз паўтарыла, праз якія вёскі яму ісьці, а якія абыходзіць; нарэшце выняла з кішэні з спадніцы крону і дала яку Швэйку, каб ён купіў сабе ў Мальчыне гарэлкі на дарогу, бо адтуль да Радамышля кавалак добры.
Паслухаўшы старой, Швэйк пашоў, абмінаючы Чыжова, у Радамышль, на ўсход і вырашыў, што павінен папасьці ў Будэйовіцы з якой-бы там ні было старонкі сьвету.
З Мальчына спадарожнікам у яго быў жабрак, дзед-гарманіст, якога Швэйк падчапіў у шынку, калі купляў сабе гарэлку на дарогу.
Гарманіст палічыў Швэйка за дэзэртыра і параіў яму ісьці разам з ім у Гараждовіцы, дзе ў яго замужняя дачка, у якой муж таксама дэзэртыр.
Гарманіст, як відаць, хапіў лішку.
— Мужа яна вось ужо другі месяц у хляве хавае і цябе разам схавае, — угаворваў ён Швэйка. — Будзеце сядзець там да канца вайны. Удваіх весялей будзе.
Калі-ж Швэйк далікатна адмовіўся ад прапановы гарманіста, той пакрыўдзіўся і пашоў налева, полем, пагразіўшы Швэйку, што ідзе ў Чыжова заявіць на яго жандарам.
Увечар Швэйк прышоў у Радамышль і знашоў у памаляваным доміку за касьцёлам дзеда Мэліхарка. Перададзены яму Швэйкам паклон ад сястры не зрабіў на дзеда Мэліхарка аніякага ўражаньня. Ён увесь час патрабаваў, каб Швэйк паказаў свае дакуманты. Гэта быў чалавек выразна адсталы. Ён толькі і гаварыў пра грабежнікаў, бандытаў і жулікаў, якія чародамі ходзяць па ўсім Пысэцкім краі.
— Уцякаюць з вайсковай службы. Ваяваць ім ня хочацца, вось і ходзяць па вёсках. Дзе што ўбачыць — украдзе, — казаў ён, выразна аглядаючы Швэйка. — А выглядае кожны такім ціхім, нібы да пяці лічыць ня ўмее… Праўда вочы коле, — дадаў ён, бачачы, што Швэйк устае з лавы. — Каб у чалавека было чыстае сумленьне, дык-бы застаўся сядзець і паказаў бы свае дакуманты. А калі іх у яго няма…
— Дык бывай здароў, дзядуля…
— Абрусом дарогаі Дурняў шукаеце…
І доўга яшчэ, калі Швэйк ужо крочыў сярод цёмнай ночы, дзед, ня сьціхаючы, бурчаў:
— Ідзе, кажа, у Будэйовіцы ў полк. Гэта з Табару! А ідзе шэльма, спачатку ў Гараждовіцы, а адтуль толькі ў Пысэк. Што ён, у кругасьветнае падарожжа выбраўся, ці што?
Швэйк ішоў усю ноч, ня маючы дзе пераначаваць, і толькі ў Пуціме трапіўся яму стог саломы, які стаяў сярод поля. Ён адгроб сабе саломы і раптам над самай сваёй галавой пачуў голас:
— Якога палка? Куды бог нясе?
— 91-га, іду ў Будэйовіцы.
— А чаго ты там ня бачыў?
— У мяне там обэр-лейтэнант.
Пачуўся сьмех. Але сьмяяўся не адзін — сьмяялася цэлых трое.
Швэйк спытаўся, якога яны палка. Выявілася, што двое 35-га, а адзін з артылерыі, таксама з Будэйовіц. Хлопцы з 35-га ўцяклі з маршавага батальёну перад адпраўкай на фронт з месяц таму назад, а артылярыст хаваецца ад самай мобілізацыі. Ён быў селянінам з Пуціма, і стог быў яго ўласны. Начуе ён заўсёды ў стозе, а ўчора сустрэў у лесе двух з 35-га, і ўзяў іх да сябе ў стог.
Усе трое думалі, шао вайна праз месяц-два скончыцца. Яны былі пераконаны, што рускія ўжо прайшлі Будапэшт і займаюць Моравію. У Пуціме ўсе пра гэта гаварылі. Заўтра рана пярэдаднем маці артылярыста прынясе есьці, а потым хлопцы з 35-га крануцца ў дарогу, у Страконіцы: у аднаго з іх там цётка, а ў цёткі ёсьць за Сушыцай знаёмы, а ў знаёмага ў гарах пільня, дзе можна будзе добра схавацца.
— Гэй, ты, з 91-га, калі хочаш, хадзем з намі,—прапанавалі яны Швэйку. — Наплюй ты на свайго обэр-лейтэнанта.
— Не, браткі, так проста гэта ня робіцца, — адказаў Швэйк і зарыўся ў салому.
Калі ён прачнуўся, была ўжо раніца, і ў стозе нікога ўжо ня было. Нехта (відавочна артылярыст) палажыў ля ног Швэйка акраец хлеба на дарогу.
Швэйк пашоў лесам. Недалёка ад Шчэнка ён сустрэўся з сваім даўнейшым знаёмым-валацугай, які па-прыяцельску пачаставаў Швэйка, даўшы глынуць гарэлкі.
— У такой адзежы не хадзі. Як-бы цябе твая абмундыроўка не падвяла, — навучаў валацуга Швэйка. — Цяцер усюды поўна жандараў і жабраваць у такім выглядзе не выпадае. Нас цяпер жандары ня ловяць, цяпер узяліся за вашага брата, толькі дэзэртыраў і шукаюць.
У словах жабрака чулася поўная ўпэўненасьць, што Швэйк— дэзэртыр, і Швэйк падумаў, што лепш не заікацца пра 91-шы полк. Няхай яго лічаць, за каго хочуць. На што разбураць ілюзію добраму старому.
— Куды цяцер мяркуеш? — спытаўся валацуга, калі абодва закурылі люлькі і, не сьпяшаючыся, абыходзілі вёску.
— У Будэйовіцы.
— Матка боская! — спужаўся жабрак. — Ды цябе ў адзін момант заграбуць. I дыхнуць ня ўсьпееш. Цывільнае адзеньне табе трэба, ды падранае. Прыдзецца табе стаць клышаногім… Ну, ды ня бойся; пойдзем праз Страконіцы, Валынь і Дуб, і чорт няхай мяне возьме, калі мы не разжывёмся на якую-небудзь цывільную адзежыну. У Страконіцах шмат ёсьць дурняў, якія, бывае, не замыкаюць нанач дзьвярэй, а ўдзень там наогул ніхто не замыкае. Пойдзе хто-небудзь да суседа пабалакаць, — вось табе і цывільнае адзеньне. Трэба-ж табе што? Боты ёсьць… Так, што-небудзь накінуць. Шынель стары?
— Стары.
— Можна пакінуць. У вёсках усе ў шынялёх ходзяць. Патрэбны порткі ды жакеціна. Калі дастанем цывільнае адзеньне, абмундыроўку можна будзе прадаць знаёмаму жыду Герману ў Ваднянах. Ён скуплёўвае казённыя рэчы, а потым прадае іх па вёсках… Сягоньня пойдзем у Страконіцы. Адгэтуль гадзіны чатыры хады да старой шварцэнбэрскай аўчарні,—разьвіваў ён свой плян. — Там у мяне пастух знаёмы — стары дзед. Пераначуем у яго, а раніцою кранёмся ў Страконіцы і сьвісьнем там дзе-небудзь вопратку.
У аўчарні Швэйк пазнаёміўся з сымпатычным дзядком, як помніў яшчэ, як расказваў яго дзед пра наполеонаўскія паходы. Пастух быў на дваццаць год старэйшы за старога валацугу і таму называў яго, як і Швэйка, «хлапчына».
— Дык вось, хлопчыкі,—пачаў расказваць дзед, калі ўсе паселі наўкол печы, у якой варылася бульба з мундзірамі.—У тую пору дзед мой, як вось гэты твой салдат, таксама быў дэзэртырам. Яго ўсё-такі злавілі, ды так высьцебалі, што ад задніцы толькі шмацьцё ляцела. Яму яшчэ пашанцавала. А вось дзеда, старога Ярэша, стоража, дык таго за ўцекі наладавалі волавам, а перад расстрэлам прагналі яго праз строй і ўсыпалі шэсьцьсот палак, і сьмерць для была толькі палёгкаю…
— А ты як зьбег? — змахнуўшы сьлязу, запытаўся ён у Швэйка.
— Пасьля таго, як зьявіўся на прызыў, калі нас завялі ў казарму, — адказаў Швэйк, разумеючы, што нельга ганьбіць гонар мундзіра перад старым.
— Пералез цераз сьцяну, ці што? — з цікавасьцю запытаўся пастух, відавочна ўспомніўшы апавяданьне свайго дзеда пра ўцекі.
— Іначай ніяк нельга было, дзядуня.
— Варта, нябось, страляла?
— Страляла, дзядуня.
— А куды цяпер нукіроўваешся?
— I якая яго муха ўкусіла. Цягне яго ўсё ў Будэйовіцы, — адказаў за Швэйка валацуга. — Вядома, чалавек малады, бяз розуму, дык і лезе сам сабе на пагібель. Прыдзецца ўзяць яго ў адукацыю. Сьвісьнем якую-небудзь адзежыну, а там — бог дасьць! — усё абыдзецца. Як-небудзь да вясны прабадзяемся, а вясною пойдзем да сялян працаваць. У гэтым годзе ў людзях будзе патрэба. Усіх валацуг, кажуць, будуць зганяць на палявую работу. Лепш, я думаю, пайсьці добраахвотна. Людзей, кажуць, мала будзе. Пераб‘юць усіх.
— Думаеш, у гэтым годзе ня скончыцца? — спытаўся пастух. — А й праўда. Доўгія войны ўжо бывалі. Наполеонаўская, швэцкая, — настаўнік расказваў,—сямігадовая. Самі людзі гэту вайну заслужылі. Таго яны і варты: вельмі ўжо яны заганарыліся, самаму госпаду богу адваротна стала глядзець. Ужо і бараніна стала ім не да смаку, ужо і яе ня хочуць жэрці. Раней да мяне чуць не чародамі хадзілі, каб я ім з-пад крысы прадаў гаспадарскага баранчыка, а цяпер падавай ім толькі дзічыну ды сьвініну, і не як-небудзь, а на масьле ды на сале. Вось бог і загневаўся на іх непамерную гордасьць Дачакаюцца яшчэ: будуць варыць лебяду, як у часы Наполеона. А панства зусім з дуру вар‘юецца. Стары пан, князь Шварцэнбэрг, езьдзіў у брычцы, а малады князь, сапляк, усё кругом сваім аўтомобілем засмуродзіў. Пачакай, Пан бог ужо нашмаруе табе рыла бэнзінам.
У гаршку з бульбай булькатала вада. Стары пастух, памаўчаўшы, як прарок, сказаў:
— Гэту вайну наш гасудар імпэратар прайграе. Які ў народа можа быць дух, калі гасудар не каранаваўся[11], як кажа настаўнік з Страконіц. Няхай цяпер запраўляе Пятра Кірылава, каму хоча. Ужо, калі ты, старая шэльма, абяцаў каранавацца, то слова павінен стрымаць!
— Можа, ён гэта цяпер як-небудзь змадыгуе, — заўважыў валацуга.
— Цяпер, хлапчына, усім і кожнаму на гэта начхаць, — загарачыўся пастух, — у кожнага на вайне хто-небудзь ды ёсьць: у каго брат, у каго сват. Калі ў нас на вёсцы сыдуцца мужчыны ды пачнуць гаварыць, дык толькі дзяржыся! Пасьля вайны, кажуць, будзе слабода, ня будзе ні панскІх маёнткаў, яі цароў і ў князёў маенткі адбяруць. Ужо некага Коржынку за такія гутаркі згрэблі жандары: не падбухторвай, кажуць. Цяпер жандары, што хочуць, тое і робяць.
— Дый раней так было, — сказаў валацуга. — Памятаю ў Кладне быў жандарскі ротмістр Ротэр. Загарэлася яму заняцца выхаваньнем гэтых, як іх там, паліцэйскіх сабак воўчага заводу, якія ўсё вам могуць высачыць, калі навучаны. I была ў ротмістра ў Кладне гэтых самых сабачых выхаванцаў поўна задніца. Знарок для сабак быў у яго домік: жылі яны там, як графскія дзеці. Уздумалася ротмістру рабіць досьледы з сабакамі над намі, беднымі жабракамі. Ну, аддаў загад па ўсёй Кладненскай акрузе, каб жандары зганялі валацуг і накіроўвалі іх проста да яго. Даведаўшыся пра гэта, пусьціўся я з Лан[12] наўцёкі, падаюся глыбей у лес, ды куды! Да ляска, куды меркаваў, не дайшоў, ужо мяне сцапалі і павялі да пана ротмістра. Бацюхны вы мае! Толькі падумаць, што я з гэтымі сабакамі перанёс. Спачатку далі мяне ўсім сабакам абнюхаць, потым загадалі мне лезьці па драбінках і, калі я ўжо быў траха што на страсе, пусьцілі за мною адну зьвяругу, а яна — сьцерва даставіла мяне з драбінак далоў, а там ня мяне ўзьлезла, пачала бурчаць ды скаліць зубы над самым маім носам. Потым гэту гадзіну адвялі, а мне сказалі, каб я схаваўся, куды хачу. Пусьціўся я на наўцёкі праз лес і схваваўся ў яме. І паўгадзіны не прайшло, як да мяне зьявіліся два сабакі і павалілі мяне на землю, а пакуль адзін трымаў мяне за горла, другі пабег у Кладна. Праз гадзіну прышоў сам пан ротмістр Ротэр, з жандарамі, адазваў сабаку, а мне даў пяцёрку і дазволіў аж цэлыя два дні жабраваць у Кладненскай акрузе. Чорта лысага! — я паджгаў у кірунку на Бэроўнку[13], нібы мне шпігінару пад хвост запусьцілі, і больш у Кладна ні нагою. Уся наша хэўра гэту масцовасьць абыходзіць, бо ротмістр Ротэр над усімі рабіў свае досьледы… Але да чаго ён любіў сабак! Па жандарскіх аддзяленьнях расказвалі, што калі ротмістр робіць рэвізію, дык як убачыць дзе аўчарку, там ужо не рэвізуе, а на радасьці жлукча з вахмістрам гарэлку.
Пастух высыпаў з гаршка бульбу і наліў у агульную міску кіслага авечага малака. Валацуга ўспамінаў далей, як жандары сваю ўладу паказвалі:
— У Ліпніцы[14] жыў жандарскі вахмістр пад самым замкам, кватэра ў яго была ў самым жандарскім аддзяленьні. А я, стары дурань думаў, што жандарскае аддзяленьне заўсёды павінна стаяць на відным месцы, на пляцы ці дзе-небудзь накшталт гэтага, а зусім не ў маленькім завулку. Абыходжу я раз дамы на ўскраіне. На шыльды-ж не глядзіш. Дом за домам так і ідзе. Нарэшце ў адным доме я адчыняю дзьверы на другім паверсе і дакладваю пра сябе, як належыць: «Падарэце няшчаснаму» убогаму старцу… Родненькія! Ногі ў мяне адняліся: гляджу— жандары! Уздоўж сьцяны стрэльбы, на стале крыж з Езусам, на шафе рэестры, гасудар імпэратар над сталом проста на мяне вылупіўся. Не пасьпеў я і слова пралепятаць, падскочыў да мяне вахмістр, ды-ак дасьць! Паляцеў я па ўсіх усходах, ды так і не спыніўся да самых Кэйжліц. Вось брат, якія ў іх правы.
Усе заняліся ядою, і праз паўгадзіны ў напаленай хатцы ўсё ахутаў сон.
Сярод ночы Швэйк ўстаў, ціха апрануўся і вышаў. На ўсходзе ўзыходзіў месяц, і пры яго бледым сьвятле Швэйк закрочыў на ўсход, гаворачы сам сабе:
«Ня можа-ж гэтага быць, каб я ня трапіў у Будэйовіцы».
Вышаўшы з лесу, Швэйк убачыў направа нейкі горад. Ён павярнуў на поўнач, потым зноў на поўдэень і зноў вышаў да нейкага гораду. (Гэта былі Вадняны). Швэйк зьвярнуў цераз луг, і ўпяршыню прамені сонца віталі яго на ўзгорыстых схілах непадалёку ад Працівіна.
— Уперад! скамандаваў сам сабе ўдалы ваяка Швэйк. — Абавязак заклікае. Я павінен трапіць у Будэйовіцы.
Але на няшчасьце, заміж таго, каб ісьці ад Працівіна на поўдзень — да Будэйовіц, Швэйк падаўся на поўнач — да Пысэка.
Пад поўдзень ён убачыў вёсачку. Спускаючыся з ўзгорка, Швэйк падумаў:
«Так далей справа ня пойдзе. Запытаю вось, як ісьці ў Будэйовіцы».
Уваходзячы ў вёску, Швэйк са зьдзіўленьнем убачыў на слупе каля крайняй хаты надпіс «Пуцімская воласьць».
«Вось табе й на! — падумаў Швэйк, — зноў трапіў у Пуцім. Гэта-ж я тут у стозе начаваў».
Далей яму ня прышлося дзівіцца. З белага памалёванага доміка, на якім красавалася «курыца» (так называлі дзяржаўнага арла), вышаў жандар, як павук на паляваньне.
Жандар пашоў проста на Швэйка і спытаўся толькі:
— Куды?
— У Будэйовіцы, у свой полк.
Жандар саркастычна ўсьміхнуўся.
— А сам ідзе з Будэйовіц. Будэйовіцы-ж ззаду ў вас засталіся.
І павалок Швэйка ў аддзяленьне.
Пуцімскі жандарскі вахмістр быў вядомы на ўсю акругу тым, што дзейнічаў хутка і тактычна. Ён ніколі ня крычаў на арыштаваных, але так даскавала і спрытна дапытваў, што і нявінны-б прызнаўся. Для гэтай мэты ён прыстасаваў двух жандараў, і перакрыжаваны допыт справаджаўся заўсёды ўсьмешкамі ўсяго жандарскага пэрсоналу.
— Сутнасьць крыміналістыкі ў тым, каб быць хітрым і разам з тым ласкавым, — гаварыў заўсёды сваім падначаленым вахмістр. — Гарлаць на каго-б там ні было — справа пусьцяковая. З абвікавачанымі і падазронымі трэба абыходзіцца далікатна і тонка, але старацца ўтапіць іх у струмені пытаньняў.
— Проша, салдацік, — сказаў жандарскі вахмістр Швэйку. — Сядайце, здарожыліся нябось, утаміліся? Раскажэце-ж нам, куды вы ідзяцё?
Швэйк паўтарыў, што ідзе ў Чэскія Будэйовіцы ў свой полк.
— Вы відавочна, зьбіліся з дарогі,—з тонкай ўсьмешкай сказаў вахмістр. — Справа ў тым, што вы ідзяцё з Чэскіх Будэйовіц, у чым самі лёгка можаце пераканацца. Над вамі вісіць карта Чэхіі. Гляньце: на поўдзень ад нас знаходзіцца Працівін, на поўдзень ад Працівіна — Глыбокае, а яшчэ далей на поўдзень — Чэскія Будэйовіцы. Значыць вы ідзяцё не ў Будэйовіцы, а з Будэйовіц.
Вахмістр ласкава паглядзеў на Швэйка.
Той спакойна і з гонарам адказаў:
— А ўсё-такі я іду ў Будэйовіцы.
Гэта было сказана мацней, як «А ўсё-такі яна круціцца!» Галілея, бо Галілей бясспрэчна сказаў гэтыя свае словы ў стане моцнай узбуджанасьці.
— Ведаеце што, салдацікі — усё так-жа ласкава сказаў Шзэйку вахмістр. — Павінен вас папярэдзіць (дый вы самі нарэшце пераканаецеся ў гэтым), што ўсялякае адмаўленьне абцяжарвае вам-жа чыстасардэчнае прызнаньне.
— Вы, бясспрэчна, праўду кажаце, — сказаў Швэйк. — Усялякае адмаўленьне абцяжарыць мне-ж чыстасардэчнае прызнаньне—і наадварот.
— Дык вось, вы самі пачынаеце ўжо са мною згаджацца. А расскажэце мне адкрыта, адкуль вы вышлі, калі накіраваліся ў вашы Будэйовіцы? Кажу «вашы», бо, як відаць, ёсьць яшчэ якіясьці іншыя Будэйовіцы, якія знаходзяцца на поўнач ад Пуціма і да гэтага часу не нанесены яшчэ ні на адну карту.
— Я вышаў з Табара.
— А што вы рабілі ў Табары?
— Чакаў цягніка на Будэйовіцы.
— А чаму вы не паехалі ў Будэйовіцы цягніком?
— Ня было грошай на білет.
— А чаму вам ня далі воінскага праязднога ліста?
— Таму, што пры мне ня было ніякіх дакумантаў.
— Ага, так! — пераможна сказаў вахмістр аднаму з жандараў.— Хлопец не такі дурны, як выглядае. Пачынае замятаць сьляды.
Вахмістр пачаў з другога боку, нібы не пачуўшы таго, што Швэйк сказаў пра дакуманты:
— Значыць вы вышлі з Табара. Куды-ж вы ішлі?
— У Чэскія Будэйовіцы.
Твар вахмістра зрабіўся больш строгім, і погляд яго спыніўся на карце.
— Можаце нам паказаць на карце, як вы ішлі ў Будэйовіцы?
— Я ўсіх месц не памятаю. Помню толькі, што ў Пуціме я ўжо быў раз.
Усе жандэры, што былі тут, пераглянуліся.
Вахмістр дапытваў далей:
— Значыць вы былі на вакзале ў Табары? Што ў вас у кішэнях? Вымце ўсё.
Пасьля таго, як Швэйка грунтоўна ператрэсьлі і нічога, апрача люлькі і запалак не знашлі, вахмістр спытаўся:
— Скажэце, чаму ў вас спрэс нічога няма?
— Ды мне нічога і ня трэба.
— Ах ты, бажухна! — уздыхнуў вахмістр. — Ну, і пакута з вамі!.. Вы сказалі, што раз ужо ў Пуціме былі. Што вы той раз рабілі?
— Я ішоў каля Пуціма ў Будэйовіцы.
— Бачыце, вы супярэчыце самому сабе. Вы кажаце, што ішлі ў Будэйовіцы, у той час, як мы вам давялі, што вы ідзяцё з Будэйовіц.
— Мусіць, я зрабіў круг.
Вахмістр і ўвесь жандарскі пэрсонал многазначна пераглянуліся.
— Гэта кружэньне наводзіць на думку, што вы проста шнырыце па нашай акрузе. Ці доўга прабылі вы на вакзале ў Табары?
— Да адходу апошняга цягніка на Будэйовіцы.
— А што вы там рабілі?
— З салдатамі гаварыў.
Вахмістр кінуў зноў вельмі многазначны погляд на жандарскі пэрсонал.
— А пра што, напрыклад, вы з імі гаварылі? Чаго пыталіся?
— Пытаўся, якога палка і куды едуць.
— Добра. А ці ня пыталіся вы, колькі, напрыклад, штыхоў у палку і якая ўнутраная пабудова палка?
— Ня пытаўся. Сам даўно напамяць ведаю.
— Значыць вы дасканала інформаваны пра ўнутраную пабудову нашых войск.
— Бясспрэчна, пан вахмістр.
Тут вахмістр пусьціў у ход апошні козыр, з пераможным выглядам аглядаючыся на сваіх жандараў:
— Ці гаворыце вы па-расійску?
— Не.
Вахмістр устаў, кіўнуў галавою свайму памоцніку, і, калі абадва вышлі ў суседні пакой, ён, узбуджаны ўсьведамленьнем свае перамогі, сказаў, паціраючы рукі:
— Ну чулі? Ён не гаворыць па-расійску. Хлопец, відаць, прайшоў агонь, ваду і мядзяныя трубы. Ува ўсім прызнаўся, але самае важнае адмаўляе. Заўтра-ж адпраўляем яго ў Акруговую, у Пісэк. Сутнасьць крыміналістыкі ў тым, каб быць хітрым і разам з тым ласкавым. Бачылі, як я яго ўтапіў у струмені пытаньняў? I хто-б мог падумацы Выглядае дурнем, а на такіх вось тыпаў і патрэбна тонкая работа. Пасадзеце яго пакуль што, а я пайду складу пратакол.
I са зьедлівай усьмешкай на вуснах жандарскі вахмістр да вечара страчыў пратакол, у кожнай фразе якога красавалася славечка: Spionenverdachtig[15].
Чым далей пісаў жандарскі вахмістр пратакол, тым ясьнейшаю рабілася для яго сытуацыя. Скончыўшы пратакол, напісаны дзівацкаю канцылярскаю нямецкаю моваю, словамі: «Даношу пакорна, што няпрыяцельскі афіцэр сягодня-ж будзе накіраваны ў Акруговую жандарскую ўправу ў горад Пісэк», — ён усьміхнуўся і выклікаў свайго памоцніка.
— Далі гэтаму няпрыяцельскаму афіцэру есьці?
— Паводле вашага загаду, пан вахмістр, абеды даюцца толькі тым, хто быў на допыце да дванаццаці гадзін дня.
Так, але ў даным выпадку мы маем справу з вялікім выключэньнем, — важка сказаў вахмістр. — У нас у наяўнасьці адзін з вышэйшых чыноў, напэўна афіцэр генэральнага штабу. Самі разумееце, што расійцы не пашлюць сюды якога-небудзь яфрэйтара. Пашлеце ў шынок «У Ката» па абед для яго. Калі абедаў ужо няма, няхай звараць яму што-небудзь асобна. Потым няхай яму прыгатуюць гарбату з ромам і прышлюць сюды. I не казаць — для каго. Наогул нікому не заікацца, хто намі затрыман. Гэта вайсковая тайна. ЦДто ён робіць?
— Прасіў тытуню і сядзіць у дзяжурнай. Зусім спакойны, як дома. «У вас, кажа, цёпла, і печ ня дыміць. Мне, кажа, тут у вас вельмі падабаецца. Калі печ будзе дымець, то вы, кажа пазавеце камінара, каб прачысьціў комін. Але няхай, кажа, ён прачысьціць яго пад вечар, а ні ў якім выпадку ня ў поўдзень калі сонца высока стаіць».
— Тонкая штучка, — поўным захапленьня голасам сказаў вахмістр. — Робіць выгляд, нібы яму і гора мала. А ведае-ж што будзе расстраляны. Такіх моцных духам людзей трэба паважаць, хоць ён і вораг. Чалавек ідзе на пэўную сьмерць. Ня ведаю, ці мог-бы хто-небудзь з нас так трымацца? Кожны з нас на яго месцы, нябось, здрыгануўся-б, падаўся-б слабасьці. А ён сядзіць сабе спакойна: «У вас тут цёпла, і печ ня дыміць…» Моцны характар! Такі чалавек павінен мець сталёвыя нэрвы, быць поўным энтузіязму, самаадданасьці і цьвёрдасьці. Калі-б у нас у Аўстрыі ўсе былі поўны такога энтузіязму!.. Але ня будзем пра гэта гаварыць. І ў нас, урэшце, ёсьць такія энтузіясты. Чыталі, напэўна, у «Нацыянальнай політыцы» пра паручніка артылерыі Бэргэра, які ўзьлез на высокую елку і зрабіў там наглядальны пункт? Калі нашы адступілі, ён ужо ня мог зьлезьці, бо трапіў-бы ў палон, і стаў ждаць, калі нашы зноў адгоняць няпрыяцеля. Ждаў цэлых два тыдні, пакуль не даждаўся. Цэлых два тыдні сядзеў на дрэве, і, каб не памерці з голаду, абгрыз усю вяршаліну елкі: жывіўся галінкамі і шыпулькамі. Да таго моманту, калі прышлі нашы, ён так аслабеў, што ня мог утрымацца на дрэве, скінуўся і забіўся на сьмерць. Яго пасьля сьмерці ўзнагародзілі залатым крыжам «За храбрасьць», — і вахмістр з пашанаю дадаў:—Так, гэта я разумею! Самаахвярнасьць — гэта геройства! Загаварыліся мы тут з вамі,—схамянуўся ён. — Ідзеце закажэце яму абед, а яго, пакуль што, пашлеце да мяне.
Зьявіўся Швэйк, і вахмістр па-прыяцельску кіўнуў яму на крэсла і пачаў з запытаньня, ці ёсьць у яго бацькі.
— Няма.
«Тым лепш, — падумаў вахмістр, — прынамсі ня будзе каму па няшчасным плакаць». Ён паглядзеў на добрадушнае Швэйкава аблічча і пад наплывам цёплых пачуцьцяў паляпаў яго па плячы, нахіліўся да яго і запытаўся бацькаўскім тонам:
— Ну, а як вам падабаецца ў нас ў Чэхіі?
— Мне ў Чэхіі ўсюды добра, — адказаў Швэйк, — усюды па дарозе мне трапляліся добрыя людзі.
Вахмістр кіўнуў галавою ў знак згоды:
— Народ у нас добры, сымпатычны. Якая-небудзь там бойка ці зладзейства ня лічыцца. Я тут ужо пятнаццаць гадоў, і па разьліку на нашу воласьць прыпадае па тры чвэрці забойства на год.
— Што, ня спрэс забіваюць? Ня прыкончваюць? — запытаўся Швэйк.
— Не, ня тое. За пятнаццаць гадоў мы расьледвалі ўсяго адзінаццаць забойстваў: пяць дзяля грабежніцтва, а рэшта проста так… глупства.
Вахмістр памаўчаў, а потым перайшоў да свае сыстэмы допыту.
— А што вы думалі рабіць у Будэйовіцах?
— Паступіць у 91-ы полк.
Вахмістр адаслаў Швэйка назад у дзяжурную, а сам, каб не забыцца, прыпісаў да свайго рапарту ў Акруговую жандарскую ўправу ў Пісэку: «Уладае чэскаю моваю дасканала, намерваўся пралезьці ў 91-ы пяхотны полк у Будэйовіцах».
Ён пацёр рукі, здаволены багацьцем сабранага матэр‘ялу і дакладнасьцю вывадаў свайго допыту. Ён успомніў пра свайго папярэдніка, вахмістра Бюргэра, які з затрыманымі нават не размаўляў, і нІ пра што ў іх ня пытаўся, а неадкладна накіроўваў іх у акруговы суд з кароткім рапартам: «Згодна данясеньня жандарскага ўнтэр-афіцэра такога вось арыштавалі за валацужніцтва і жабрацтва». І гэта называецца расьледваньнем? Вахмістр самаздаволена ўсьміхнуўся, гледзячы на сьпісаныя старонкі свайго рапарту, выняў з пісьмовага стала сакрэтны цыркуляр Галоўнай жандарскай управы ў Празе з надпісам «зусім сакрэтна» і перачытаў яго яшчэ раз:
«Найстражэй прадпісваецца ўсім жандарскім аддзяленьням з асабліваю пільнасьцю сачыць за асобамі, якія праходзяць праз наш раён. Перагрупоўка нашага войска ва Усходняй Галіцыі дала магчымасьць некаторым рускім часьцям, што перавалілі цераз Карпаты, заняць позіцыі ў аўстрыйскіх землях, вынікам чаго была зьмена лініі фронту, які перасунуўся глыбей на захад ад дзяржаўнай граніцы. Становішча, якое стварылася, аблягчыла магчымасьць рускім выведнікам пранікнуць у тыл краіны, асабліва ў Сылезію і Моравію, адкуль, згодна з сакрэтнымі дадзенымі, вялікая колькасьць рускіх выведнікаў пранікла ў Чэхію. Высьветлена, што паміж імі ёсьць шмат рускіх чэхаў, выхаванцаў Рускай акадэміі генэральнага штабу, якія, уладаючы дасканала чэскаю моваю, зьяўляюцца найбольш небясьпечнымі выведнікамі, якія маюць сваею мэтаю распаўсюджваньне здрадніцкай пропаганды сярод чэскіх грамадзян. З гэтай прычыны начальнік Галоўнай жандарскай управы прадпісвае затрымліваць усіх падазроных асоб і асабліва ўзьняць пільнасьць у тых мясцох, недалёка ад якіх знаходзяцца гарнізоны, ваенныя пункты і чыгуначныя станцыі. Затрыманых неадкладна дапытваць і абшукваць пасьля чаго накіроўваць па інстанцыі».
Жандарскі вахмістр Фляндэрка зноў самаздаволена ўсьміхнуўся і ўлажыў сакрэтны цыркуляр у папку з надпісам «сакрэтныя распараджэньні».
Гэтых распараджэньняў было шмат. Яны распрацоўваліся Міністэрствам унутраных спраў разам з Міністэрствам абароны, пад загадам якога была жандармэрыя. У галоўнай жандарскай управе іх ня ўсьпявалі друкаваць і рассылаць.
У папцы былі:
Распараджэньні пра нагляданьні за настроямі сярод мясцовага насельніцтва.
Інструкцыя: як з гутарак з насельніцтвам даведацца, які ўплыў на кірунак думак робяць весткі з тэатру ваенных дзеяньняў.
Анкета: Як ставіцца мясцовае насельніцтва да вайсковых пазык і зьбіраньня ахвяраваньняў?
Анкета пра настроі сярод прызвавых і тых, якія маюць прызывацца.
Анкета пра настроі сярод членаў мясцовай самаўправы і інтэлігенцыі.
Распараджэньне: неадкладна даведацца, да якіх політычных партый далучаецца насельніцтва; наколькі моцныя паасобвыя партыі.
Распараджэньне пра нагляд за чыннасьцю лідэраў мясцовых політычных партый і дэпутатаў ад мясцовага насельніцтва.
Анкета: якія газэты, часопісі і брошуры атрымоўваюцца ў раене дадзенага жандарскага аддзяленьня.
Інструкцыя: як даведацца, з кім анаходзяцца ў сувязі асобы, якія падазраюцца ў нелёяльнасьці, і ў чым іх нелёяльнасьць выяўляецца.
Інструкцыя: як завербаваць з мясцовага насельніцтва платных інформатараў.
Інструкцыя для платных інформатараў з мясцовага насельніцтва, залічаных на службу пры жандарскім аддзяленьні.
Кожны дзень прыносіў новыя інструкцыі, настаўленьні, анкеты і распараджэньні. Завалены масай новаўвядзеньняў аўстрыйскага Міністэрства ўнутраных спраў, вахмістр Фляндэрка не ўсьпяваў адказваць і пасылаў стэрэотыпныя адказы, што ў яго ўсё ў парадку і што лёяльнасьць мясцовага насельніцтва—Іа.
Для ацэнкі лёяльнасьці насельніцтва ў дачыненьні да монархіі аўстрыйскае Міністэрства ўнутраных спраў вынайшла наступную шкалу катэгорый:
Ia Ib Ic
IIa IIb IIc
IIIa IIIb IIIc
IVa IVb IVc
Рымская чацьвёрка ў злучэньні з «а» азначала дзяржаўнага здрадніка і пятлю, у злучэньні з «b» — концэнтрацыйны лягер, а з «с» — высачыць і пасадзіць.
У пісьмовым стале жандарскага вахмістра знаходзіліся розныя анкетныя лісты і рэестры. Урад хацеў уведаць пра кожнага грамадзяніна, як ён думае пра ўладу.
Вахмістр упадаў у адчай ад гэтай літаратуры, якая бесьперапынна прыбывала кожны дзень. Кожны раз, згледзеўшы знаёмы пакет з пячаткаю «службовае», ён адчуваў біцьцё сэрца. У ночы пасьля доўгіх думак ён прыходзіў да пераконаньня, што яму не дачакацца канца вайны, што жандарская ўправа адбярэ ў яго апошнія крошкі розуму і што яму ня прыдзецца парадавацца з перамоті аўстрыйскай зброі, бо да таго часу ў яго ў галаве ня будзе хапаць шмат клёпак.
А жандарская ўправа ўсё завальвала яго запытаньнямі: чаму да гэтага часу не адказана на анкету за № 72345-721 abf-Д, як выконваецца інструкцыя за № 88992-821 (gfeh), якія практычныя вынікі настаўленьня за № 123456 (1922) blr-V? і г. д.
Мацней за ўсё дапякала яго інструкцыя пра вярбоўку сярод мясцовага насельніцтва платных даносчыкаў і інформатараў. Пераканаўшыся ў немагчымасьці завербаваць каго-небудзь з мястэчка Пуціма, дзе ўвесь народ медналобы, ён нарэшце напаў на думку ўзяць да сябе на службу вясковага пастуха-крэтына, якога звалі Петрык-Скокні, які на гэты вокліч падскокваў. Гэта быў няшчасны, пакрыўджаны прыродаю і людзьмі, вырадак, які пасьвіў за дрэнны харч і за некалькі злотаў у год вясковую жывёлу.
Вахмістр загадаў яго паклікаць і сказаў яму:
— Ведаеш, Петрык, хто такі «стары Гулякін»?[16].
— М-м…
— Ня мыкай. Так завуць гасудара імпэратара. Ведаеш, хто такі гасудар імпэратар?
— Гасудал імпэлатал…
— Маладзец, Петрык! Дык зарубі сабе на носе: калі пачуеш, ходзячы па хатах абедаць, што хто-небудзь скажа, што гасудар імпэратар жывёліна ці накшталт гэтага, то ў момант прыдзеш да мяне і паведаміш. За гэта атрымаеш ад мяне дваццаць гелераў. А калі пачуеш, хто небудзь скажа, што вайну мы праграем, зноў прыдзеш да мяне і скажаш, хто гэта казаў, і зноў атрымаеш дваццаць гелераў. Але калі я даведаюся, што-ты што-небудзь утаіў, то кепска табе будзе! Зьвяжу цябе і адпраўлю ў Пісэк. А цяпер, а ну скокні! — Петрык падскочыў, а вахмістр даў яму дваццаць гелераў і, здаволены, напісаў рапарт у Акруговую жандарскую ўправу, што завербаваў інформатара.
На другі дзень да вахмістра прышоў поп і сказаў яму па сакрэту, што раніцою ён сустрэў за вёскаю Петрыка-Скокні і той яму сказаў: «Бацюска, учола пан вахмістл казаў, сто гацудал імпэлатал жывёліна, а вайну мы плаглаем. Бэ-э… Гоп!»
Пасьля гутаркі з папом вахмістр загадаў пастуха арыштаваць і потым той быў засуджаны градчанскім судом за здрадніцкія ўчынкі, надбухторваньне, абразу яго вялікасьці і за цэлы шэраг іншых злачынстваў на дванаццаць год турмы.
Петрык-Скокні на судзе трымаў сябе, як на пашы: на ўсе пытаньні бляяў па казінаму, а пасьля прачытаньня прысуду заржаў і падскочыў. За гэта ён быў пакараны ў дысцыплінарным парадку: цьвёрдая пасьцель, адзіночка і тры дні ў тыдзень на хлеб і воду.
З таго часу ў вахмістра ня было інформатара, і яму прышлося абмежавацца поліатывам: ён сам выдумаў сабе інформатара, паведаміў па інстанцыі выдуманае прозьвішча і хакім чынам павялічыў свой прыбытак на пяцьдзесят крон, якія ён прапіваў у шынку «У Ката». Пасьля дзесятага кубка яго пачынала мучыць сумленьне, і піва горкла ў яго ў роце, калі ён чуў ад суседзяў заўсёды тую-ж самую фразу: «Нешта сёньня пан вахмістр невясёлы, як-бы яму недабрыцца». Тагды ён ішоў дадому, а калі ён выходзіў, хто небудзь рабіў заўвагу: «Нашы зноў, мусіць, у Сэрбіі п… Вахмістр пугачом выглядае».
А вахмістр дома запаўняў з нуды адну з безьліччы анкет:
«Настрой сярод насельніцтва Ia…»
Для вахмістра наступілі доўгія бяссонныя ночы ў заўсёдным чаканьні рэвізій, расьледваньняў. Сьніліся страшныя сны: пятля падводзіць яго да шыбеніцы, і ў апошні момант сам міністр абароны крычыць яму зьнізу: «Вахмістр! А дзе адказ на цыркуляр за № 1789678-23792-XУZ?»
Усё гэта было калісьці, але цяпер! Цяпер нібы з усіх куткоў жандарскага аддзяленьня чуліся яму прывітаньні з прычыны багатай дабычы. I жандарскі вахмістр Фляндэрка ўяляў сабе зусім ясна, як начальнік Акруговай жандарскай управы ляпае яго па плячы і кажа:
— Ich gratulire Ihnen, Herr Wachmeister![17]
Жандарскі вахмістр бачыў y сваіх думках малюнкі адзін лепшы за другі. У зьвілінах яго чыноўніцкіх мазгоў выросталі і праляталі выслугі, павышэньні і доўгачаканая ацэнка яго крыміналістычных здольнасьцяй — ацэнка, якою пачыналася яго шырокая кар‘ера.
Вахмістр выклікаў свайго памоцніка і запытаўся ў яго:
— Абед дасталі?
— Прынесьлі яму вэнджанай сьвініны з капустай і кнэдлікам[18]. Супу ўжо ня было. Пасьля абеду выпіў шклянку гарбаты і хоча яшчэ.
— Даць! — вялікадушна дазволіў вахмістр. — Калі нап‘ецца, прывядзеце яго да мяне.
Праз паўгадзіны прывялі Швэйка, які быў добра пад‘еўшы і, як заўсёды, здаволены.
— Ну як? Спадабаўся вам абед? — спытаўся вахмістр.
— Абед быў нішто сабе, пан вахмістр. Толькі вось капусты ня шкодзіла-б болей. Ды, што рабіць, я ведаю, што мяне не чакалі. Сьвініна добрая, мусіць самі вэндзілі, з свае ўласнай сьвіньні. I гарбата з ромам была ня дрэнная.
Вахмістр паглядзеў на Швэйка і пачаў:
— Ці праўда, што ў Расіі п‘юць шмат гарбаты? А ром там таксама ёсьць?
— Ром усюды ёсьць, пан вахмістр.
«Пачынае выкручвацца, — падумаў вахмістр. — Раней трэба было думаць, што гаворыш». — I інтымна, нагнуўшыся да Швэйка, запытаў:
— А прыгожанькіх дзяўчат у Расіі шмат?
— Прыгожанькія дзяўчаты ўсюды ёсьць, пан вахмістр.
«Хоча вылезьці», — падумаў вахмістр і пусьціў у ход саракадвухсантымэтроўку:
— Што вы думалі рабіць у 91-м палку?
— Ісьці з палком на фронт.
Вахмістр з задаваленьнем адзначыў у думках: «Правільна! Самы лепшы спосаб папасьці ў Расію».
— Вельмі добрая ідэя! — з захапленьнем сказаў ён, наглядаючы, якое ўражаньне зробяць яго словы на Швэйка, але не прачытаў на яго твары нічога, апрача поўнага спакою.
«Вокам чалавек не міргне, — жахнуўся ў глыбіні душы вахмістр. — Ну, і вытрымка-ж у іх! Каб я быў на яго месцы, у мяне пасьля гэтых слоў ногі-б хадуном захадзілі».
— Раніцою мы завязём вас у Пісэк, — кіўнуў ён як-бы між іншым. — Ці былі вы калі-небудзь у Пісэку?
— У 1910 годзе на імпэратарскіх манэўрах.
На твары ў вахмістра зьявілася пераможная ўсьмешка. Ён адчуваў, што ў сваёй сыстэме допыту перагнаў сам сябе.
— Вы былі там да канца манэўраў?
— Вядома, пан вахмістр. Я быў у пяхоце.
Швэйк спакойна глядзеў на вахмістра, які круціўся ад радасьці і ня мог больш стрымлівацца, каб ня прыпісаць гэта ў рапарт. Ён выклікаў свайго памочніка і загадаў вывесьці Швэйка, а сам дапоўніў у сваім рапарце:
«Плян яго быў такі: прабраўшыся ў рады 91-га палка, ён намерваўся разам з палком адправіцца на фронт і пры першым зручным выпадку перабегчы на бок рускіх, бо бачыў, што вярнуцца іншым шляхам з прычыны пільнасьці нашых органаў яму немагчыма. Зусім магчыма, што ён мог-бы з посьпехам ажыцьцявіць свае намеры, бо згодна з яго паказаньнямі, здабытымі шляхам перакрыжаванага допыту, ён яшчэ ў 1910 годзе прымаў удзел у якасьці радавога ў імпэратарскіх манэўрах у наўкольнасьці Пісэку. З гэтага відаць, што ён мае вялікія здольнасьці ў сваей галіне. Дазволю сабе ўпамянуць, што сабраны мною абвінаваўчы матэрыял зьяўляецца вынікам майго мэтоду перакрыжаванага допыту».
У дзьвярах зьявіўся ўнтэр.
— Пан вахмістр! Арыштаваны просіцца за сваёю патрэбаю!
— Прымкнуць штыхі! — скамандваў вахмістр. — Ці не, прывядзеце яго сюды.
— Вам трэба ў прыбіральню? — ветліва спытаўся ў Швэйка вахмістр. — Ці не хаваецца ў гэтым што-небудзь большае?
— Зусім правільна. Мне трэба за «вялікаю патрэбаю», пан вахмістр, — адказаў Швэйк.
— Глядзеце, каб ня было чаго-небудзь большага, — многазначна сказаў вахмістр, прышпільваючы кабуру з рэвольвэрам. — Я пайду з вамі.
— У мяне новы рэвольвэр, — сказаў ён Швэйку ідучы: сямінабойны, дасканала правільна б‘е.
Перш, чым выйсьці на двор, ён паклікаў унтэра і на вуха даў загад:
— Вазьмеце стрэльбу і, калі ён увойдзе ў сярэдзіну, станьце з другога боку прыбіральні. Каб ён не зрабіў часамі падкопу цераз рэтырадную яму.
Прыбіральняю была маленькая драўляная будка, якая стаяла нудліва пасярод двара недалёка ад кучы гною. Гэта быў патрэбнік-вэтэран, які абслугоўваў патрэбы цэлых пакаленьняў. У момант, які тут апісваецца, у ім сядзеў Швэйк і прытрымліваў аднэй рукой вяровачку ад дзьвярэй, між тым, як праз задняе акенца за ім наглядаў унтэр, як-бы Швэйк не зрабіў падкопу.
Каршуновыя вочы жандарскага вахмістра ўтаропіліся ў дзьверы, і вахмістр абдумваў, у якую нагу яму страляць, калі Швэйк папрабуе ўцякаць.
Але заміж гэтага дзьверы памаленьку адчыніліся, і з прыбіральні ня вышаў, а выплыў Швэйк! На абліччы яго была напісана спакойная здаволенасьць. Ён запытаўся ў вахмістра:
— Ці не занадта доўга я там быў: Ці не затрымаў я вас?
— О, зусім не, зусім не, — адказаў вахмістр і падумаў: «Якія яны ўсё-такі далікатныя, абыходлівыя. Ведае-ж, што яго чакае але застаецца ветлівым. Далікатны да апошняй хвіліны. Хіба мог-бы хто з нашых так трымацца на яго месцы?»
Вахмістр застаўся ў каравульным памяшканьні і сеў побач са Швэйкам на пасьцелі жандара Рампы, які быў у нарадзе і павінен быў да раніцы абыходзіць наўкольныя сёлы, а ў гэты момант быў ужо ў Працівіне ў шынку «У Варанога каня» і гуляў з шаўцамі ў «мар‘яж», у перапынках даводзячы, што Аўстрыя павінна перамагчы.
Вахмістр закурыў, даў натаптаць люльку і Швэйку, унтэр падкінуў у печ вугалю, і жандарскае аддзяленьне ператварылася ў самы прытульны куточак на сьвеце, у цёплае гнязьдзечка. На дварэ спускалася зімовая ноч.
Усе маўчалі. Вахмістр распрацоўваў нешта ў думках і нарэшце выказаў гэта памоцніку:
— Па-мойму, вешаць шпіёнаў — няправільна. Чалавек, які ахвяроўвае сябе па абавязку, скажам, за сваю радзіму, заслугоўвае сьмерці ганаровай, ад кулі. Як па-вашаму?
— Вядома, лепш расстраляць яго, а ня вешаць, — згадзіўся ўнтэр. — Паслалі-б, скажам, і сказалі-б: «Вы павінны высьветліць, колькі ў рускіх куляметаў. Што-ж, пераапрануліся-б і пашлі. I за гэта мяне вешаць як бандыта?!
Унтэр так разышоўся, што ўстаў і сказаў:
— Я за тое, каб яго расстраляць і пахаваць з вайсковым гонарам!
— Тут якраз і загвоздка, — сказаў Швэйк. — Калі хлопец ня дурань, — папробуй яго злаві. Ніколі яго не пазнаюць.
— А вось пазнаюць! — загарачыўся вахмістр. — Ён хітры, дый яны не тапаром шытыя. Трэба мець свой мэтод. Вы самі ў гэтым пераканаецеся. Самі не заўважыце, як пераканаецеся, — паўтарыў ён спакайнейшым тонам, прыветна пры гэтым усьміхаючыся. — Як ні круціся — у нас гэты нумар ня пройдзе. Правільна я кажу? — зьвярнуўся ён да ўнтэра. Унтэр кіўнуў галавою ў знак згоды і выказаў думку, што ёсьць некаторыя, у якіх справа ўжо даўно прайграна, і што яны могуць прыкідвацца зусім спакойнымі колькі хочуць, але гэта спакойства нікога ня зьдзівіць.
— Зусім мая школа! — з гонарам сказаў вахмістр. — Спакойства — нуль, але робленае спакойства гэта corpus delicti[19].
I, перапыніўшы выказваньне свае тэорыі, ён зьвярнуўся да ўнтэра:
— Што-ж бы гэта такое прыдумаць на вячэру?
— А ў шынок вы сягоньня ня пойдзеце, пан вахмістр?
З гэтым запытаньнем перад вахмістрам устала ва ўсю веліч проблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэньня.
Што, калі арыштаваны, скарыстаўшы яго адсутнасьць, уцячэ? Унтэр, праўда, чалавек надзейны і асьцярожны, але ад яго ўжо раз ўцяклі два валацугі (фактычна справа была так: унтэру не хацелася марозам цягнуцца з імі да Пісэку, і ён іх пусьціў у полі каля Ражыч, стрэліўшы для прыклёпу разок у паветра з вінтоўкі).
— Пашлём бабульку па вячэру. А піва яна нам будзе насіць у збане, — разьвязаў вахмістр гэту складаную проблему. Няхай яна разок пройдзе — разварушыць косьці.
І бабулька, якая ім прыслугоўвала, сапраўды за гэты вечар добра разварушыла сабе косьці. Пасьля вячэры зносіны на лініі — жандарскае аддзяленьне — шынок „У Ката“ — не перапыняліся. Безьліч сьлядоў ад вялікіх цяжкіх бабульчыных ботаў на гэтай лініі сьведчаць пра тое, што вахмістр надумаўся аддзякаваць сабе за сваю адсутнасьць „У Ката“.
Калі нарэшце бабулька зьявілася ў шынку з заяваю, што пан вахмістр загадаў перадаць паклон і просіць адпусьціць бутэльку кантушоўкі[20], шынкар ня мог больш захоўваць свае цікаўнасьці і запытаўся, хто там у вахмістра.
— Гэта ў іх? — адказала бабулька. — Падазроны чалавек нейкі. Калі я адтуль выходзіла, сядзелі абодва абняўшыся з ім, а пан вахмістр гладзіў яго па галаве і прыказваў: „Галоўка ты мая славянская, шпіёнчык ты мой ненаглядны!“
Па поўначы жандарскае аддзяленьне выглядала так: унтэр спаў моцна храпучы і выцягнуўшыся на пасьцелі, як быў — у мундзіры; насупроць сядзеў вахмістр з рэшткай кантушоўкі на дне бутэлькі і абнімаў Швэйка за шыю, сьлёзы цяклі па яго загарэлым твары, барада яго склеілася ад кантушоўкі. Ён мармытаў:
— Ну прызнайся-ж, што ў Расіі такой добрай кантушоўкі ня знойдзеш. Скажы, каб я мог спакойна ісьці спаць. Прызнайся, будзь мужчынам!
— Ня знойдзеш, — сказаў Швэйк.
Вахмістр ад лішкі пачуцьцяў наваліўся на Швэйка:
— Дзякуй, родненькі, узрадаваў ты мяне, прызнаўся. Вось так трэба прызнавацца на допыце. Ужо калі вінават, чаго таіцца?
Ён устаў і, хістаючыся ў бакі з парожняй бутэлькай у руцэ, пашоў у свой пакой, мармычучы:
— Калі-б я зразу ня тра-рапіў на п-правільны ш-шлях, м-магло-б зусім іншае выйсьці.
Потым ён выцягнуў з пісьмовага стала свой рапарт і паспрабаваў дапоўніць яго наступным матэрыялам:
„Павінен дадаць, што руская кантушоўка, на падставе § 56…“
Ён ляпнуў чарнілам, зьлізаў языком, і як быў — у мундзіры, лагодна ўсьміхаючыся, зваліўся на пасьцель і заснуў, як мёртвы.
Пад раніцу жандарскі ўнтэр пачаў так моцна храпці, пасьвістваючы, што Швэйк прачнуўся. Ён устаў і пачаў трэсьці ўнтэра, пакуль той не перастаў храпці. Потым Швэйк лёг зноў. Прапелі пеўні, узышло сонца, і бабулька, выспаўшыся пасьля ўчарашняй беганіны, прышла падпальваць у печы. Дзьверы былі адчынены і ўсё было ахоплена сном. Газоўка ў каравульным памяшканьні яшчэ курэла. Бабулька сьцягнула ўнтэра і Швэйка з пасьцелі. Унтэру яна сказала:
— Хоць-бы пасароміўся спаць апранены, як жывёліна, даруй мне божа!
А Швэйку зрабіла заўвагу, каб ён зашпіліў порткі, калі знаходзіцца ў жаночай кампаніі.
Нарэшце яна прымусіла заспанага ўнтэра пайсьці пабудзіць вахмістра, сказаўшы, што гэта не парадак — так доўга дрыхнуць.
— Ну і ў кампанію-ж вы папалі, — бурчала бабулька, зьвяртаючыся да Швэйка, пакуль унтэр будзіў вахмістра. — Адзін п‘янюга горш другога. Кожны бацьку-б з маткаю прапіў. Мне за работу трэці год ужо вінаваты, а калі я намякну, вахмістр сказаў мне: „Маўчы ляпей, бабулька, а не дык загадаю пасадзіць цябе. Нам добра вядома, што сын твой браконьер і панскія дровы крадзе“. Вось і мучуся з імі ўжо чацьверты год. Бабка глыбока ўздыхнула і бубніла далей: — Вахмістра асьцерагайцеся больш за ўсё. Ліса і гадзіна з усяго сьвету. Так і шнырыць, каб каго сцапаць і пасадзіць.
Вахмістра ледзь пабудзілі. Унтэру прышлося ня мала папрацаваць, каб пераканаць яго, што ўжо раніца.
Нарэшце ён прадраў вочы, стаў іх церці кулаком і насілу аднавіў у памяці ўчарашні вечар. Раптам яму прышла ў голаву жахлівая думка і ён спужана запытаўся, гледзячы мутнымі вачыма на ўнтэра:
— Зьбег?!
— Божа барані, — хлопец сумленны.
Унтэр-афіцэр захадзіў па пакоі, глянуў у вакно, вярнуўся, адарваў кусок газэты, што ляжала на стале, і скачаў з яе галачку. Відаць было, што ён нешта хоча сказаць. Нарэшце вахмістр гэта заўважыў, і, захацеўшы даведацца, як далёка зайшло ўчарашняе п‘янства, сказаў:
— Добра ўжо, памагу вам: учора, мусіць, я здорава набуяніў?
Унтэр з дакорам глянуў на свайго начальніка:
— Калі-б вы толькі ведалі, пан вахмістр, якія гутаркі вы ўчора вялі! Чаго вы толькі на навярзьлі!
І, нахіліўшыся да самага вахмістравага вуха, ён зашаптаў:
— Вы яму сказалі, што чэхі і рускія аднае славянскай хрыві, што Мікалай Мікалаевіч будзе на наступным тыдні з войскам у Пшэрове, што Аўстрыя ня ўтрымаецца, і раілі яму пры далейшых допытах усё адмаўляць і лгаць, што папала, каб зацягнуць сьледзтва, пакуль яго ня выратуюць казакі. Потым вы сказалі, што ў самы бліжэйшы час у нас будзе заваруха, што паўтараюцца часы гусітаў, што сяляне пойдуць з цапамі на Вену, што з гасудара імпэратара пясок сыплецца і ён скора здохне і што імпэратар Вільгельм зьвер. Потым вы яму абяцалі пасылаць у турму грошы, каб ён купляў сабе яду, і шмат яшчэ нагаварылі такіх рэчаў.
Унтэр адарваўся ад вахмістравага вуха:
— Усё гэта я добра памятаю, — дадаў ён, — бо з першага пачатку я быў толькі трошкі цюкнуўшы, а толькі потым налізаўся і далей нічога ня памятаю.
Вахмістр паглядзеў на ўнтэра.
— Я помню, — сказаў, — як вы гаварылі, што мы супроць рускіх — саплякі, і сталі пры бабцы крычаць: „Няхай жыве Расія!“
Унтэр нэрвова захадзіў па пакоі.
— I гарлалі вы гэта, нібы вас рэзалі, — сказаў вахмістр. А потым вы кінуліся ўпоперак ложка і пачалі храпці.
Унтэр спыніўся каля вакна і, барабанячы пальцамі па шкле сказаў:
— Дый вы таксама, пан вахмістр, пры бабцы языка за зубамі ня трымалі. Вы ей, памятаю, сказалі: „Бабулька, зарубі сабе на носе: імпэратары і каралі клапоцяцца толькі аб сваёй кішэні і праз гэта пачалі вайну. He зьяўляецца выключэньнем і гэта трухліна, „стары Гулякін“, якога нельга выпусьціць з клёзэта без таго, каб ён не напудрыў наўкол сябе Шэнбрун[21].
— І гэта я казаў?
— Так, пан вахмістр, якраз вы гэта гаварылі перад тым як ісьці на двор казлы драць, а потым пачалі крычаць: „Бабулька, сунь мне палец у горла!“
— А вы таксама добра сказалі,— перапыніў яго вахмістр. — Дзе вы толькі падчапілі гэта глупства, што Мікалай Мікалаевіч будзе чэскім каралём?
— Гэтага я нешта не памятаю, — няўпэўнена адказаў унтэр.
— Дзе-ж вам гэта памятаць! П‘яны вы былі, як гразь, а калі вам трэба было схадзіць „на двор“, вы, заміж таго, каб высьці ў дзьверы, палезьлі ў печ.
Абодва змоўклі. Памаўчаўшы вахмістр сказаў:
— Я заўсёды вам казаў, што алькоголь згуба. Піць вы ня ўмееце, а п‘яце. Што, калі-б ён ад нас зьбег? Як-бы мы з вамі апраўдаліся? (Ах ты, божухна, як галава трашчыцы) Якраз таму, што ён ня зьбег, робіцца зусім ясна, што гэта за тонкая і небясьпечная штучка. Калі яго будуць дапытваць, ён скажа, што дзьверы ў нас былі адамкнёны ўсю ноч, што мы былі п‘яныя і што ён-бы мог тысячу разоў уцячы, каб адчуваў сябе вінаватым. Шчасьце яшчэ наша, што такому чалавеку не павераць, і калі мы пад прысягаю скажам, што гэта выдумка і нахабнае лганстза, то яму сам пан бог не паможа і яшчэ яму прыпаяюць лішні параграф. У яго абвінавачаньні лішні параграф ня будзе адыгрываць, вядома, ніякай ролі… Ох, як баліць галава.
Наступіў перапынак. Праз хвіліну вахмістр загадаў паклікаць бабульку.
— Слухай, бабулька, — сказаў ён ёй, строга паглядзеўшы ёй у твар. — Знайдзі дзе-небудзь крыж з Езусам і прынясі сюды. — І на дапытлівы погляд бабулькі вахмістр крыкнуў: Хутчэй! Каб праз хвіліну было тут!
Потым ён выняў з шуфляды дзьве свечкі, на якіх былі кропелькі сургуча, і калі бабка прычыкіляла з Езусам, ён паставіў яго паміж дзьвюма сьвечкамі, запаліў іх і ўрачыста сказаў:
— Сядзьце, бабулька.
Аслупянелая бабулька прысела на канапу і спужана паглядала то на Езуса, то на вахмістра. Яе ахапіў страх, і відаць было, як яе зложаныя на каленях рукі дрыжаць разам з каленямі.
Вахмістр прайшоў разоў са два каля яе, потым спыніўся і ўрачыста сказаў:
— Учора ўвечар вы былі сьведкай вялікай падзеі. Магчыма, што ваш абмежаваны розум гэтага не ахапляе. Салдат, якога вы бачылі, бабулька, выведнік, шпіён.
— Езус, Марыя! — ускрыкнула бабка. — Маці прасьвятая багародзіца! Царыца нябесная!
— Ціха! Дык вось, для таго, каб сёе-тое ад яго выведаць, прышлося весьці некаторыя, можа нават, дзіўныя гутаркі, якія вы ўчора чулі. Чулі, што вы ўчора гаварылі?
— Чула, — дрыжачым голасам пралепятала бабка.
— Гэтыя гутаркі, бабулька, вялі толькі да таго, каб ён нам стаў давяраць і прызнаўся. I нам гэта ўдалося. Выцягнулі мы з яго ўсё. Сцапалі галубчыка.
Вахмістр перапыніў сваю гутарку, каб паправіць сьвечкі і ўрачыста гаварыў далей, строга гледзячы на бабку:
— Вы, бабулька, былі пры гэтым і такім чынам ведаеце гэту тайну. Гэта тайна — тайна дзяржаўная. Пра гэта вы нікому і заікнуцца ня маеце права. Нават перад самай сьмерцю не павінны пра гэта гаварыць, бо іначай вы будзеце пазбаўлены права быць пахаванай на могілках.
— Езус, Марыя, сьвяты Юзэфе! — загаласіла бабка. — Занесла мяне нячыстая сіла ў ваш пакой.
— He раўці! Устаньце, падыйдзеце да сьвятога ўкрыжаваньня, злажэце два пальцы і падымеце руку. Будзеце зараз мне прысягаць. Гаварэце за мною…
Бабка зачыкіляла да стала, прыказваючы:
— Маці прасьвятая багародзіца, царыца нябесная, чаго-ж я ў пакой увайшла!
З крыжа са змардованым тварам глядзеў на яе хрыстос, сьвечкі курэлі, і бабцы ўся абстаноўка здавалася жудаснаю і незямною. Яна зусім зьбянтэжылася, калені ў яе стукаліся адно аб адно, рукі трэсьліся. Яна падняла руку са зложанымі пальцамі, і вахмістр урачыста, з выразам, гаварыў словы прысягі, якія бабулька паўтарала за ім:
— Клянуся богу ўсемагутнаму і вам, пан вахмістр, што нічога пра тое, што тут бачыла і чула, я да самай сваей сьмерці нікому не скажу ні слова ні пад пагрозай, ні пад катаваньнем. Няхай паможа мне ў гэтым пан бог.
— Цяпер пацалуйце крыж, — загадаў вахмістр пасьля таго“ як бабулька, моцна ўсхліпваючы і хрысьцячыся, паўтарыла словы прысягі. — Так, а цяпер занясеце Езуса, адкуль яго ўзялі, і скажэце там, што ён мне патрэбен быў для допыта.
Ашаломленая старая на пальчыках вышла з пакою і пашла па дарозе, штохвіліны азіраючыся, як-бы жадаючы пераканацца, што гэта ня быў сон і што яна сапраўды толькі што перажыла адну з самых страшных хвілін у сваім жыцьці.
Вахмістр перапісваў тым часам свой рапарт, які за ноч аздобіўся залізанымі кляксамі.
Ён усё перарабіў нанова і перапісаў. Але потым успомніў, што забыўся дапытаць Швэйка яшчэ пра адну рэч. Ён загадаў прыцесьці Швэйка і запытаўся ў яго:
— Ці ўмееце вы фотографаваць?
— Умею.
— А чаму вы ня носіце з сабою апарата?
— Таму, што яго ў мяне няма, — чыстасардэчна прызнаўся Швэйк.
— А калі-б у вас быў апарат, вы-б рабілі здымкі?
— Калі-б ды калі, ды ў роце грыбы расьлі, — прастадушна адказаў Швэйк, сустракаючы спакойным поглядам дапытлівы погляд вахмістра.
У вахмістра зноў забалела галава, і ён ня мог знайсьці іншага запытаньня, як:
— Ці цяжка фотографаваць вагзалы?
— Вельмі лёгка, — адказаў Швэйк. — Па-першае, вагзал ня кратаецца, а стаіць увесь час на адным месцы, а, па-другое, яму ня трэба гаварыць: „Зрабеце прыемную ўсьмешку“.
Пасьля гэтых паказаньняў вахмістр мог дапоўніць свой рапарт: „У дадатак да данясеньня № 2172 паведамляю…“
У гэтым дадатку вахмістр даў волю свайму натхненьню:
„Пры перакрыжаваным допыце арыштаваны, між іншым, прызнаўся, што ўмее фотографаваць і ахватней за ўсё робіць здымкі з вагзалаў. Хоць у яго фотографічны апарат ня знойдзен, але ёсьць падазрэньне, што ён у яго дзе-небудзь схаваны і таму ён яго з сабою ня носіць, каб ня выклікаць падазрэньняў, што сьцьвярджае і яго прызнаньне, што ён рабіў-бы здымкі, каб меў пры сабе апарат…“
Вахмістр з перапою стаў гарадзіць далей усялякае глупства:
„З паказаньняў арыштаванага з бясспрэчнай відавочнасьцю вынікае, што толькі тое, што ён ня мае пры сабе апарата, перашкодзіла яму фотографаваць чыгуначныя будынкі і мясцовасьць, якая мае стратэгічнае значэньне. Бясспрэчна ён-бы выканаў свой намер, каб вышэйазначаны схаваны ім апарат быў у яго пад рукою. Таксама, толькі дзякуючы тэй акалічнасьці, што апарата пры ім ня было, ніякіх здымкаў у яго ня знойдзена“.
— Хопіць, — сказаў вахмістр і падпісаўся.
Застаўшыся вельмі здаволеным сваім творам, ён з гонарам, прачытаў яго свайму памоцніку.
— Удалы даклад, — сказаў ён. — Бачыце, вось як трэба складаць данясеньні. Тут усё павінна быць. Сьледства, даражэнькі, не такая ўжо простая штука, а галоўная справа ў тым, як падаць вынікі допыту, каб у вышэйшай інстанцыі толькі рот разявілі. Прывядзеце яго да мяне. Пара гэту справу скончыць.
— Дык вось унтэр-афіцэр завядзе вас у Акруговую жандарскую ўправу ў Пісэк, — сказаў ён паважна Швэйку. — Паводле прадпісаньня належыць адправіць вас з кайданамі на руках, але з прычыны таго, што вы, як мне здаецца, чалавек паважны, кайданоў мы на вас не надзенем. Я ўпэўнены, што і ў дарозе вы не паспрабуеце ўцякаць. — Вахмістр, як відаць, расчулены выглядам швэйкаўскага дабратлівага аблічча, дадаў: — і ня гневайцеся на мяне. Завядзеце яго, унтэр, вось вам маё данясеньне.
— Бывайце здаровы, — мякка сказаў Швэйк. — Дзякую Вам, пан вахмістр, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. Пры выпадку напішу вам ліст. Калі пападу ў ваш край, абавязкова зайду да вас у госьці.
Швэйк з унтэрам вышлі на дарогу, і кожны, хто-бы ні спаткаўся, бачачы іх захопленымі сяброўскай гутаркай, палічыў-бы іх за даўно знаёмых, якія ідуць разам у горад, скажам, — у касьцёл.
— Ніколі ня думаў, — казаў Швэйк, — што па адрасе ў Будэйовіцы будзе так шмат перашкод. Гэта нагадвае мне выпадак з разьніком Хаўрой з Кабыліц. Трапіў ён раз да помніка Палацкому на Морані[22] і хадзіў наўкол яго да самай раніцы, бо яму здавалася, што ён ідзе ўздож сьцяны, якой і канца няма. Пад раніцу, спрэс змардаваны, адчаяўся і закрычаў „ратуйце“, а калі прыбеглі паліцэйскія, ён у іх запытаўся, як яму прайсьці дадому ў Кабыліцы, бо, кажа, ніяк сьцяны прайсьці ня можа, ідзе, кажа, уздоўж яе пяць гадзін, а ёй канца-краю няма. Паліцэйскія яго забралі, а ён ім там у часьці ўсё раскідаў і паразьбіваў.
Унтэр не сказаў ні слова і падумаў: „Куды гне? Зноў пачынае арапа запускаць наконт Будэйовіц“.
Яны ішлі паўз сажалку і Швэйк пацікавіўся, ці шмат у іх раёне рыбакоў, якія ловяць без дазволу рыбу.
— Толькі такія і ёсьць, — адказаў унтэр. — Ранейшага вахмістра ўтапіць хацелі. Стораж каля сажалкі страляе ім у задніцы нарэзаным шчаціньнем, але нічога не памагае. Яны носяць у штанох кусок бляхі.
I ўнтэр з большага закрануў тэму пра прогрэс, пра тое, да чаго людзі дайшлі, і як адзін другога ашуквае, і потым разьвіў новую тэорыю пра тое, што вайна — вялікае дабро для ўсяго чалавецтва, бо разам з паважнымі людзьмі перастраляюць і шмат жулікаў ды шэльмаў.
— І так на сьвеце вельмі шмат народу, — сказаў ён глыбокадумна. — Усім стала цесна, людзей разьвялося да чорта!
Яны падходзілі да карчмы.
— Сягоньня чартоўскі мяце, — сказаў унтэр. — Я думаю, не пашкодзіла-б прапусьціць па чарачцы. He кажэце там нікому, што я вас вяду ў Пісэк. Гэта дзяржаўная тайна.
У галаве ўнтэра мільганула інструкцыя з цэнтру пра падазроных асоб і пра абавязкі кожнага жандарскага аддзяленьня: „Ізоляваць гэтых асоб ад мясцовага насельніцтва і адпраўляючы іх па далейшых інстанцыях, старацца ўсімі спосабамі не даваць прычын для распаўсюджаньня лішніх гутарак сярод насельніцтва“.
— Ня ўздумайце прагаварыцца, што вы за птушка, — сказаў ён. — Да гэтага нікому справы няма. He давайце прычын для распаўсюджаньня панікі. Паніка ў ваенны час страшная рэч. Хто-небудзь ляпне — і пойдзе па ўсёй акрузе. Разумееце?
— Я панікі распаўсюджваць ня буду, — сказаў Швэйк і трымаўся паводле свайго абяцаньня.
Калі шынкар з ім разгаварыўся, Швэйк сказаў:
— Вось брат кажа, што за гадзіну дойдзем да Пісэку.
— Дык, значыць, брат ваш у адпуску? — Запытаўся цікаўны шынкар у ўнтэра.
Той, ня міргнуўшы вокам, адказаў:
— Сягодня ў яго водпуск канчаецца.
Калі шынкар адышоўся ў бок, унтэр, падміргнуўшы Швэйку сказаў:
— Хвацка мы яго падманулі! Галоўнае: не падымаць панікі — час ваенны.
Сказаўшы перад тым, як зайсьці ў шынок, што чарачка пашкодзіць ня можа, унтэр паддаўся надмернаму оптымізму, бо, ня ўзяў пад увагу колькасьці гэтых чарачак. Пасьля дванаццаці чарак ён моцна і рашуча заявіў, што да трох гадзін начальнік Акруговай жандарскай управы абедае і бескарысна прыходзіць туды раней, тым больш, што паднялася мяцеліца. Калі яны прыдуць у Пісэк у чатыры гадзіны, часу застанецца аж занадта. I к шасьці яны ня спозьняцца. Прыдзецца ісьці папацёмку, па пагодзе відаць, але гэта ўсёроўна. Розьніцы ніякай: ісьці цяпер ці пазьней — Пісэк ад іх не ўцячэ.
— Мы павінны радавацца таму, што сядзім у цяпле, — скончыў ён. — У такую халадэчу ў акопах, — гэта табе не на печы грэцца.
Вялікая старая кахляная печ жухала гарачынёю, і ўнтэр констатаваў, што вонкавае цяпло з посьпехам можна ўраўнаважыць нутраным пры дапамозе розных гатункаў настоек. А ў гаспадара іх было восем гатункаў, і імі ён разганяў нудоту карчмы, расьпіваючы ўсе гатункі па чарзе пад гукі мяцеліцы, якая гула за кожным вуглам яго доміка.
Унтэр увесь час падганяў шынкара, каб той ад яго не аставаўся, і піў, абвінавачваючы яго, што ён мала п‘е. Гэта было відавочным паклёпам, бо шынкар ужо ледзь стаяў на нагах, увесь час даводзячы, што трэба згуляць у фэрбл[23] і заяўляў, што мінулай ноччу ён чуў з усходу канонаду. Унтэр ікнуў у адказ:
— Гэта ты кіны He падымай панікі! Ёсьць інструкцыя… і пачаў тлумачыць, што інструкцыя гэта збор паасобных распараджэньняў.
У якасьці прыкладу ён працытаваў некалькі сакрэтных цыркуляраў. Шынкар ужо мала што разумеў. Адно, што ён мог прамармытаць, было тое, што аднымі інструкцыямі вайны ня выграеш.
Ужо сьцямнела, калі ўнтэр сабраўся ў дарогу. За мяцеліцаю ў двух кроках нічога нельга было ўбачыць:
— Валі ўвесь час проста да самага Пісэку.
Але хутка яго голас прагучэў не з дарогі, а зьнізу, з рова, куды ён скаціўся па сьнезе. Памагаючы сабе вінтоўкаю, ён насілу вылез на дарогу. Швэйк пачуў яго прыглушаны сьмех: Усёроўна як на коўзанцы». Праз хвіліну ён зьехаў зноў у роў, загарлаўшы так, што перакрычаў сьвіст ветру:
— Кінуся, паніка!
Унтэр-афіцэр падобен быў на мурашку, якая, адкуль-небудзь зваліўшыся, упарта лезе зноў наверх. Ён паўтарыў пяць разоў гэта практыкаваньне і, вылезшы нарэшце да Швэйка, маркотна сказаў:
— Я мог-бы вас лёгка згубіць.
— Ня турбуйцеся, калі ласка, пан унтэр, — сказаў Швэйк, — Самае лепшае, што мы можам зрабіць, гэта прывязаць сябе аднаго да другога, такім чынам мы адзін аднаго ня згубім. Ручныя кайданы пры вас ёсьць?
— Кожнаму жандару належыць насіць з сабою ручныя кайданы, — паважна сказаў унтэр і спатыкнуўся. — I эта-ж наш хлеб.
— Дык давайце, прышпілімся, — сказаў Швэйк, — спроба не загана.
Па-майстэрску ўнтэр зашпіліў адзін канец ручных кайданоў наўкол рукі Швэйка, а другі канец наўкол свае. Цяпер абодва зьліліся ў адно як сіамскія блізьнюкі. Абодва спатыкаліся і ўнтэр цягнуў за сабою Швэйка цераз кучы друзу, а калі кідаўся, то і Швэйка за сабою валок. Кайданы ўразаліся ім у рукі. Нарэшце ўнтэр сказаў, што так справа далей ня пойдзе і трэба разлучыцца. Пасьля доўгіх і дарэмных патуг вызваліцца ад кайданоў унтэр уздыхнуў:
— Мы зьвязаны адзін з другім навекі вечныя.
— Амін — сказаў Швэйк, і абодва ішлі далей па цяжкім шляху.
Унтэра апанаваў безнадзейны адчай. Пасьля доўгай пакуты позна вечарам яны дацягнуліся да Пісэка. На ўсходах у жандарскай ўправе ўнтэр нявесела сказаў Швэйку:
— Справа дрэнь — нам аднаму ад другога ня вызваліцца.
I сапраўды справа была дрэнь. Дзяжурны вахмістр паслаў па ротмістра Кеніга. Першае, што сказаў ротмістр, было:
— А ну, хукніце на мяне! — Хутка і не памыліўшыся паставіў ён, дзякуючы свайму спрактыкаванаму нюху, дыягноз: — Ага: ром, кантушоўка, «чорт»[24], рабінаўка, гарэхаўка, вішнёўка і ванільная. Вахмістр, — зьвярнуўся ён да свайго падначаленага, — вось вам прыклад, як не павінен выглядаць жандар. — Вырабляць такія штукі — злачынства, якое будзе разглядацца ваенным судом. Прывязаць сабе да арыштаванага і прыйсьці сюды ў такім быдлячым выглядзе! Зьніміце з іх кайданы.
Унтэр вольнаю леваю рукою ўзяў пад казырок.
— Што яшчэ? — запытаўся ў яго ротмістр.
— Асьмелюся далажыць, пан ротмістр, прынёс данясеньне.
— На вас самога пойдзе данясеньне ў суд, — коратка сказаў ротмістр. — Вахмістр, пасадзеце абодвых. Заўтра раніцою прывядзеце іх да мяне на допыт, а данясеньне з Пуціма праглядзеце і прышлеце мне на кватэру.
Пісэцкі ротмістр Кеніг быў чыноўнікам да мозгу касьцей: падцягваў падначаленых і ведаў смак у справах бюрократычных. У падуладных яму жандарскіх аддзяленьнях ніколі не маглі з палёгкаю сказаць: «Ну, дзякуй богу, хмара прайшла». Хмара варочалася з кожнай новай паперкай, падпісанай рукой ротмістра Кеніга. Ад ранку да вечара страчыў ротмістр вымовы, напамінаньні і папярэджаньні і рассылаў іх па ўсёй акрузе.
Цяжкія хмары навісьлі над ўсімі жандарскімі аддзяленьнямі Пісэцкай акругі пасьля абвяшчаньня вайны. Бюрократычны гром грымеў над жандарскімі галовамі, і часьцяком у каго-небудзь з вахмістраў, унтэроў, радавых жандараў ці канцылярскіх служачых грукаў пярун. Кожная пусьцяковіна цягнула за сабой дысцыплінарнае спагнаньне і сьледзтва.
«Калі мы хочам перамагчы, — казаў ротмістр Кеніг, — трэба ставіць кропку над „і“, а не абмяжоўвацца палавіннымі мерамі». Усюды наўкол сябе ён падазраваў змовы і здраду. У яго была цьвёрдая ўпэўненасьць, што ў кожнага жандара яго акругі ёсьць грашкі, дзякуючы ваеннаму часу, і што ў кожнага з іх не адзін праступак па службе.
А зьверху, з Міністэрства абароны, яго самога завальвалі загадамі і ставілі яму на від, што па вестках Вайсковага Міністэрства абароны, салдаты, прызваныя з Пісэцкай акругі, масамі перабягаюць да няпрыяцеля, і Кеніга падсьцёбвалі, каб ён пільней сачыў за настроямі ў акрузе. Кенігу прыходзілася туга. Калі жонкі прызваных салдат праводзілі іх на фронт, ротмістр ведаў напэўна, што салдаты абяцаюць сваім жонкам, што не дазволяць сябе ўхаўтурыць на славу гасудара імпэратара, і ён нічога ня мог супроць гэтага зрабіць. Чорна-жоўтыя[25] горызонты сталі пакрывацца рэволюцыйнымі хмаркамі. У Сэрбіі і на Карпатах салдаты цэлымі батальёнамі здаваліся ў палон. Здаліся 28-ы і 11-ы палкі. Апошні складаўся цалкам з салдат, набраных у Пісэцкай акрузе. Духата перадрэволюцыйнай атмосфэры адчувалася ўсімі. Калі праз Пісэк праяжджалі ў Прагу навабранцы з чорнымі штучнымі гвазьдзікамі[26], яны пакідалі назад з сваіх цялячых вагонаў папяросы і шоколад, што ім паднесьлі пані з вышэйшых пісэцкіх колаў грамадзтва. Другі раз, калі праз Пісэк праяжджаў маршавы батальён, некалькі яўрэяў з Пісэку закрычалі ў выглядзе прывітаньня: «Heil, nieder mit den Serben»[27]. — Ix так адхвасталі па мордзе, што яны цэлы тыдзень не паказваліся на вуліцу.
Гэтыя выпадкі выразна паказвалі, што звычайнае выкананьне на аргане ў цэрквах аўстрыйскага гімну: «сьцеражы нам, божа, гасудара,» — зьяўляецца адным прыкідваньнем, а анкеты, што прысылаюць жандарскія аддзяленьні ў Акруговую ўправу, запоўненыя а-Iа’ Пуцім, даводзілі, што ўсё ў поўным парадку, ніякай агітацыі супроць вайны няма і што настрой насельніцтва Ia, а энтузіязм Ia — Ib.
— He жандары вы, а гарадавыя! — лаяўся ротмістр у час сваіх абходаў па аддзяленьнях, — заміж таго, каб узьняць пільнасьць на тысячу процантаў, вы па троху робіцеся жывёламі: качаецеся дома на печы і думаеце: — «ну вас к чорту з вашай вайной!»
Далей ішоў пералік абавязкаў жандараў і лекцыя пра сучаснае політычнае становішча і пра тое, што трэба падцягнуцца. Пасьля сьмелага і яскравага накіду бліскучага ідэалу жандарскай дасканаласьці, накірованага на ўзмацненьне Аўстрыйскай монархіі, ішлі пагрозы, дысцыплінарныя спагнаньні, пераводы, вымовы і папярэджаньні.
Ростмістр быў цвёрда пераконаны, што не дарэмна займае сваю пасаду, што ён нешта выратоўвае і што ўсе жандары падуладных яму аддзяленьняў гультаі, сволач, эгоісты, падлюгі, шэльмы, якія ні ў чым, апрача гарэлкі, піва і віна, нічога не разумеюць і, ня маючы добра за што выпіць, бяруць хабар, павольна, але пэўна аслабляючы Аўстрыю.
Адзіны чалавек, якому ён давяраў, быў яго ўласны вахмістр з Акруговай жандарскай ўправы. Дый той часта ў шынку рабіў заўвагі, накшталт: «Сёньня я зноў свайго няўдачу падашукаў».
Ротмістр праглядаў данясеньне жандарскага вахмістра з Пуціма, а перад ім стаяў яго вахмістр Мацейка і ў думках сваіх пасылаў вахмістра да ўсіх чарцей з сваімі данясеньнямі, бо ўнізе ў піўной яго чакала партыя ў «шнопс»[28].
— Надоечы я вам сказаў, — сказаў ротмістр, — што самы больш ёлап, якога мне траплялася ў жыцьці сустракаць, гэта вахмістр з Працівіна. Але, мяркуючы па гэтым данясеньні, вахмістр з Пуціма далёка яго перагнаў. Салдат, якога прывёў гэты сукін сын п‘янюга ўнтэр, зусім ня шпіён. Гэта, бясспрэчна, самы звычайны дэзэртыр. А вахмістр у сваім данясеньні гародзіць такое глупства, што і малому дзіцяці зразу відаць, што налізаўся, шэльма, як папскі прэлат… Прывядзеце мне сюды гэтага салдата, — загадаў ён, — праглядзеўшы ўсё данясеньне з Пуціма. — Да гэтага часу мне ніколі не здаралася бачыць больш ідыёцкі набор слоў. Мала гэтага: ён пасылае сюды гэтага падазронага тыпа пад канвоем такога асла, як яго ўнтэр. Дрэнна мяне гэта публіка ведае! Да таго часу, пакуль яны ад страху перад мной разоў са тры ў порткі не накладуць, да таго часу не пераканаюцца, што са мною жарты кепскія!
I ротмістр распачаў гаворку пра тое, што жандарскія ўправы кядбайна выконваюць загады, і з таго, як складаюцца данясеньні, відаць, што кожны вахмістр робіць з справы забаўку, стараючыся прыдумаць як найбольш усялякага глупства. Калі начальства зьвяртае іх ўвагу на тое, што ня выключана магчымасьць зьяўленьня ў іх раёне выведнікаў, жандарскія вахмістры пачынаюць вырабляць іх у бязьмернай колькасьці. Калі вайна працягнецца, то ўсе жандарскія аддзяленьні ператворацца ў вар‘яцкія дамы.
Ротмістр Кеніг даў у канцылярыю загад выклікаць Пуцімскага вахмістра тэлеграмай у Пісэк і рашыў выбіць яму з мазгаўні гэту «падзею вялізарнай важнасьці», пра якую той піша ў сваім данясеньні.
— З якога палка вы ўцяклі? — Сустрэў ротмістр Швэйка.
— Hi з якага.
На твары Швэйка быў выраз поўнай бесклапотнасьці.
— Адкуль у вас форма! — запытаўся ротмістр.
— Кожнаму салдату, калі ён зьяўляецца на прызыў, выдаецца форма, — з мяккай усьмешкай адказаў Швэйк. — Я служу ў 91-м палку і ня ўцёк адтуль, а наадварот.
Выказаўшы сваім тварам іронічнае спачуваньне, ротмістр запытаўся:
— Як гэта «наадварот»?
— Справа вельмі простая, — растлумачыў Швэйк. — Я шукаю свайго палка і іду туды, а не ўцякаю адтуль. Мне-б толькі хутчэй папасьці ў свой полк. Мяне страшэнна нэрвуе тая акалічнасьць, што я заўважаю, як адыходжу ад Чэскіх Будэйовіц усё далей і далей. Гэта-ж толькі падумаць, цэлы полк мяне чакае. Пан вахмістр у Пуціме паказаў мне на карце, што Будэйовіцы знаходзяцца на поўдні, а заміж гэтага накіравалі мяне на поўнач.
Ротмістр толькі махнуў рукою, як-бы кажучы: «Ён яшчэ лепшыя штукі вырабляе, гэты вахмістр».
— Значыць вы шукалі свайго палка і не маглі знайсьці?
Швэйк накідаў яму свой маршрут: Табар — Мілеўска— Кветаў — Враж — Мальчын — Чыжова — Седлец — Гараждовіцы — Радомышль — Пуцім — Шчэкно — Страконіцы — Валынь — Дуб — Вадняны — Працівін і зноў Пуцім. З вялікім уздымам апісаў ён сваё змаганьне з лёсам, расказаў ротмістру пра тое, як ён з усіх сіл стараўся прабрацца праз усе перашкоды і перагародкі да свайго 91-га палка ў Будэйовіцы і як ўсе яго намаганьні былі дарэмнымі.
Швэйк заўзята гаварыў, а ротмістр машынальна маляваў алоўкам знак зачараванага кола, з якога ўдалы ваяка Швэйк ня мог вырвацца, шукаючы свайго палка.
— Што й казаць, геркулесава работа, — сказаў нарэшце ротмістр, выслухаўшы прызнаньне Швэйка, што яго прыгнятае такая доўгая затрымка і немагчымасьць папасьці сваячасова ў свой полк. — Уяўляю, як вы круціліся каля Пуціма.
— Пытаньне было-б вырашана куды раней, — заўважыў Швэйк, — каб ня было гэтага вахмістра ў няшчасным Пуціме. Ён не папытаўся ў мяне ні прозьвішча, ні палка і ўсё яму здавалася неяк навыварат. Яму трэба было загадаць адправіць мяне ў Будэйовіцы, а там разабралі, ці я той Швэйк, які шукае свайго палка, ці я які-небудзь падазроны суб‘ект. Сягодня я мог-бы ўжо другі дзень быць у сваім палку і выконваць свае абавязкі.
— Што-ж вы ў Пуціме не сказалі, што вышла непаразуменьне?
— Я бачыў, што гаворка з ім будзе дарэмная. «Здараецца — нойдзе на чалавека такое аслупяненьне, што ён зробіцца глухім на ўсяго, як пень», як казаў шынкар Рампа на Вінаградах, калі ў яго прасілі пазычыць грошай.
Трохі падумаўшы, ротмістр рашыў, што чалавек, які імкнецца папасьці ў свой полк і прыдумляе для гэтага цэлае кругасьветнае падарожжа, зьяўляецца выразным дэзэртырам, і прадыктаваў машыністцы, захоўваючы ўсе правілы і прыгажосьць канцылярскага стылю, наступнае:
Адначасна з гэтым да вас пад канвоем пасылаецца Швэйк Іосіф, які паводле яго слоў, лічыцца радавым даручанага вам палка і затрыманы згодна яго паказаньня жандарамі ў Пуціме пісэцкай акругі па падазрэньні ў дэзэртырстве. Вышэйазначаны Швэйк Іосіф сьцьвярджае, што накіроўваўся ў Будэйовіцы да месца свайго палка.
Рост: ніжэй сярэдняга.
Рысы твару: звычайныя.
Hoc: звычайны.
Вочы: блакітныя.
Асаблівых прымет няма.
Да гэтага дадаецца рахунак за харчаваньне вышэйназванага радавога, які будзьце ласкавы перавесьці на рахунак Міністэрства абароны, а таксама сьпіс казённых рэчаў, якія былі на затрыманым у момант яго затрыманьня. Будзьце ласкавы пацьвердзіць прыняцьце вышэйазначанага радавога».
Дарога з Пісэку ў Будэйовіцы ў цягніку прамільгнула няпрыкметна ў кампаніі з маладым жандарам навічком, які ня спускаў са Швэйка вачэй і вельмі баяўся, каб той ня зьбег. Страшнае пытаньне мучыла ўвесь час жандара: «Што яму рабіць, калі раптам захочацца ў прыбіральню».
Пытаньне было разьвязана так: у выпадку патрэбы жандар надумаўся ўзяць Швэйка з сабою.
Усю дарогу ад вакзала да Будэйовіцкіх казарм жандар не адрываў ад Швэйка напружанага погляду і кожны раз, падыходзячы да рогу вуліцы ці раскрыжаваньня, як-бы між іншым пачынаў гаворку пра тое, колькі патрон ім даецца на дарогу, калі яны вядуць арыштаваных; у адказ на гэта Швэйк выказваў свае глыбокае пераконаньне ў тым, што ніводзін людзкі жандар не дазволіць сабе страляць сярод вуліцы, дзе так шмат народу, і лёгка можа здарыцца няшчасьце.
Жандар пачаў супярэчыць, і абодва не заўважылі, як дайшлі да казармы.
Паручнік Лукаш ужо другі дзень быў дзяжурным па казармах. Ён сядзеў у канцылярыі за сталом і нічога не прачуваў, як да яго прывялі Швэйка.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я зноў тут, — урачыста сказаў Швэйк, узяўшы пад казырок.
Сьведкаю ўсяе гэтай сцэны быў прапаршчык Кацятка, які потым расказваў, што, пачуўшы голас Швэйка, паручнік Лукаш падскочыў, схапіўся за голаву і кінуўся ніцма Кацятку на рукі. Калі яго прывялі да прытомнасьці, Швэйк, які ўвесь час стаяў ва-фронт, руку пад казырок, паўтарыў яшчэ раз:
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я зноў тут.
Тагды паручнік Лукаш, увесь белы, дрыжачаю рукой узяў справаджальную паперку, падпісаў яе, загадаў усім выйсьці і, сказаўшы жандару, што ўсё ў парадку, замкнуўся з Швэйкам у канцылярыі.
Так скончыўся Будэйовіцкі паход Швэйка. Бясспрэчна, што Швэйк, каб яму далі магчымасьуь самому рухацца, сам дайшоў-бы да Будэйовіц. Калі дастаўку Швэйка на месца службы залічылі сабе ў заслугу казённыя ўстановы, дык гэта грунтуецца на памылцы. Пры яго энэргіі і непамерным жаданьні ваяваць умешваньне ўстаноў было толькі палкаю ў коле.
Швэйк і паручнік Лукаш доўга глядзелі адзін на аднаго. У вачах паручніка была злосьць, пагроза і адчай. Швэйк глядзеў на паручніка поглядам пяшчотным і поўным замілаваньня як чалавек, які страціў сваю каханую і зноў яе знашоў. У канцылярыі было ціха, як ў царкве. Толькі чуваць было, як нехта ходзіць сюды і туды па калідоры. Якісьці добрасумленны вольнапісаны, які ня вышаў праз насмарк (гэта было чутно па гаворцы) на заняткі, гугняючы зубрыў «Як належыць прымаць членаў царскай сям‘і пры наведваньні імі крэпасьцяй». Выразна чутна былі словы:
— Як толькі высокая кампанія пакажацца каля крэпасьці, робіцца салют з усіх гармат на ўсіх бастыёнах. Комэндант крэпасьці выяжджае конна з аголенаю шабляю насустрач і ў той момант…
— Заткнеце горла! — крыкнуў у калідор паручнік, — і выбірайцеся адгэтуль к чортавай матары! Калі ў вас гарачка, вам трэба ляжаць дома ў пасьцелі.
Пасьля гэтага крокі стараннага вольнапісанага сталі аддаляцца, і гугнявае рэха прагучэла, заміраючы: і ў момант, калі комэндант аддае шабляю салют высокім асобам, робіцца другі салютны залп, які паўтараецца трэці раз пры ўступленьні высокіх асоб на тэрыторыю крэпасьці.
А паручнік і Швэйк усё глядзелі адзін на аднаго, пакуль паручнік не сказаў тонам, поўным злой іроніі:
— Проша ў Чэскія Будэйовіцы, Швэйк. Каму суджана быць павешаным, той ня ўтопіцца! Ордэр на ваш арышт ужо выпісан, і заўтра вы зьявіцеся да камандзіра палка. Я з вамі валаводзіцца доўга ня буду. Досыць я з вамі памучыўся. Маё цярпеньне лопнула. Падумаць толькі, як мог я так доўга жыць з такім ёлапам.
Паручнік захадзіў па пакоі:
— He, гэта проста жах! Дзіўлюся, чаму я вас да гэтага часу не застрэліў. Што-ж бы мне за гэта зрабілі? Нічога. Мяне-б апраўдалі, разумееце?
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, зусім разумею.
— Кіньце вашы ідыёцкія жарты. A то глядзеце ў мяне! Цяпер вас, як належыць, правучаць. Вы ў сваім глупстве зайшлі так далёка, што выклікалі нарэшце выбух.
Паручнік Лукаш пацёр рукі.
— На вас, Швэйк, ужо пастаўлен крыж.
Потым ён вярнуўся да стала, напісаў на кусочку паперы некалькі радкоў, выклікаў дзяжурнага і загадаў яму завесьці Швэйка да профоса[29] і перадаць запіску.
Швэйка завялі цераз двор да профоса, а паручнік з незахаванай радасьцю глядзеў, як профос адмыкае дзьверы з чорна-жоўтай дошчачкай з надпісам «Для арыштаваных», як Швэйк хаваецца за гэтымі дзьвярыма і як профос праз хвіліну выходзіць адтуль зноў.
— Дзякуй богу, — падумаў паручнік услых. — Нарэшце ён там!
У цёмнай дзюрцы, куды ўвапхнулі Швэйка, яго сустрэў прывітаньнем, качаючыся на саламяным сяньніку, здаравяк-вольнапісаны, які сядзеў там ужо другі дзень адзін і страшэнна сумаваў. На запытаньне Швэйка, за што ён сядзіць, вольнапісаны сказаў, што за пусьцяковіну, за тое, што даў аднаму артылярыйскаму падпаручніку па карку і нават, праўдзівей, ня даў па карку, а зьбіў яму з галавы шапку. Вышла ўсё гэта так: артылярыйскі паручнік стаяў позна ноччу на пляцы пад галярэяй і, як відаць было, вышаў на паляваньне на прастытутак. Вольнапісаны, да якога паручнік стаяў задам, палічыў яго за свайго таварыша па выпуску, Францішка Матэрну.
— Якраз быў такі самы заморак, — расказваў вольнапісаны Швэйку. — Ну, я гэта ціхенька ззаду падкраўся, зьбіў яму шапку і кажу: «Здароў, Франц!» А гэты асталоп давай сьвістаць гарадавым. Ну, мяне і завялі. Магчыма, — сказаў вольнапісаны, — што яму разоў са два давялося пакарку. Але па-мойму, гэта справы не мяняе, бо памылка тут відавочная. Ён сам прызнаецца, што я сказаў: «Здароў Франц», а яго завуць Антонам. Справа зусім ясная. Адно, што мне можа пашкодзіць, дык гэта тое, што я зьбег з больніцы, і калі выкрыецца справа з кнігай хворых… Справа ў тым, што калі мой год прызывалі, я ўжо загадзе зьняў пакой тут, у Будэйовіцах і стараўся разжыцца на раматус. Тры разы засаб я напіваўся, пасьля чаго ішоў за горад, лажыўся ў роў пад дождж і разуваўся. Але гэта не памагала. Пасьля гэтага я цэлы тыдзень начамі хадзіў купацца ў рацэ (справа была зімою) але дабіўся адваротнага выніку: так, брат, загартаваўся, што потым, калі я пробаваў другія спосабы — спаць на дварэ на сьнягу, і мяне раніцою будзілі суседзі, — ногі ў мяне былі цёплыя, нібы я ўсё жыцьцё валёнкі насіў. Хоць-бы якая-небудзь ангіна — ні чорта ніколі не прыставала! Ды што там: пустяковы трыпер і то ня мог схапіць. Кожны божы дзень я хадзіў у «Порт-Артур», сёй-той з маіх сяброў ужо пасьпелі разжыцца там на запаленьне насенных залоз, сяму-таму нават прышлося распорваць пуза, а мне — анічагусенькі! Чартоўскі брат, не шанцуе!.. Нарэшце пазнаёміўся я з піўною «У Ружы» з адным інвалідам з Глыбокай і ён мне сказаў, каб я забег да яго разок на кватэру, і бажыўся, што на наступны дзень ногі ў мяне будуць, як вёдры. (У яго былі дома шпрыц і іголка для ўпырскваньня пад скуру). I, сапраўды, я ад яго лёдзьве дадому прышоў. He ашукаў інвалід, залатая душа! Нарэшце такі я дастукаўся мышачнага раматусу. Як бач у шпіталь — і ўсё ў парадку. Шчасьце ўсьміхнулася мне яшчэ раз: у Будэйовіцы ў шпіталь быў пераведзен мой сваяк, доктар Масак з Прагі Толькі дзякуючы гэтай акалічнасьці я так доўга пратрымаўся ў шпіталі. Ды я пратрымаўся-б там бясспрэчна, да самай рэвізіі, каб на сапсаваў сабе ўсю музыку гэтаю няшчаснаю «Кнігаю хворых». Праўда, думка сама была вельмі ўдалая. Я дастаў сабе вялікую канторскую кнігу, наляпіў на яе наклейку і чысьценька напісаў «Кніга хворых 91-га пяхотнага палка» Рубрыкі — усе, як належыць. У гэту кнігу я ўпісваў з галавы прозьвішчы, назву хваробы, тэмпэратуру і г. д. Кожны дэень пасьля абходу галоўнага ўрача я ішоў з кнігаю ў горад. Каля варот шпіталю дзяжурылі заўсёды апалчэнцы і ў гэтых адно сінах я быў застрахаваны: пакажаш яму кнігу, а ён падказы-рок. Звычайна я ішоў да аднаго знаёмага чыноўніка з падат, ковай управы, там пераапранаўся і ішоў ў піўную, дзе ў сваёй кампаніі прыемна праводзіў час за півам і гутаркамі, ад якіх-бы ўраду не паздаровілася. Нарэшце я так асьмеліўся, што і пераапранацца перастаў, а хадзіў па горадзе і па шынхох у поўнай форме. Дадому — на сваю пасьцель у шпіталі я варочаўся толькі пад раніцу, а калі мяне спыняў уночы патруль, я, быаала, пакажу толькі сваю «Кнігу хворых, і больш у мяне ні пра што ўжо ня пытаюцца. Каля варот шпіталю зноў, ня кажучы ня слова, паказваў кнігу і заўсёды шчасьліва дабіраўся да пасьцелі… Раздурэў, брат, я так, што мне здавалася, ніхто нічога мне зрабіць ня можа, пакуль ня здарылася пагібельнае непаразуменьне з паручнікам на пляцы пад галярэяй, непаразуменьне, якое выразна давяло мне, што вышэй неба дрэвы не растуць. Ганарыстасьць, брат, заўсёды бывае перад падзеньнем. Што слава? Дым. I Ікар апаліў сабе крыльлі. Чалавек хоча быць гігантам, а на самай справе ён г…но. Дык вось, брат. Гэта мне навука, каб другі раз ня верыў у выпадак, а біў самога сябе па мордзе два разы на дзень, рана і ўвечар, прыказваючы: асьцярожнасьць ніколі ня бывае лішняй, а што залішне, тое шкодзіць. Пасьля вакханалій і оргій наступае заўсёды моральнае пахмельле. Гэта, брат, закон прыроды. Падумаць толькі, гэта-ж я сапсаваў сабеўсю кар‘еру! Я-ж мог-бы ўжо быць няпрыгодным да строю, протэкцыя ў мяне вялізарная. Сядзеў-бы на цёплым месцы ў якой-небудзь тылавой установе, але мая ўласная неасьцярожнасьць падрэзала мне крыльлі.
Сваю споведзь вольнапісаны скончыў у мажорным тоне.
— Картаген разбуран, ад Ніневіі засталіся адны руіны, але гэта для нас нічога ня значыць. Галаву вышэй! Няхай ня думаюць, што калі мяне пашлюць на фронт, я зраблю хоць адзін стрэл. „Наложана спагнаньне ў дысцыплінарным парадку і выключан з вайсковай школы“. Няхай жыве армейскі крэтынізм! Буду я ім пятрэць у школе і здаваць экзамены?.. Кадэт юнкер, падпаручнік, паручнік… Нас…ь мне на іх! Вайсковая школаі „Заняткі з выхаванцамі, якія засталіся на другі год“. Уся армія разьбіта паралюшамі На якім плячы носяць стрэльбу: на левым ці на правым? Колькі зорачак у капрала? „Падлік складу чыноў запасу“. Трасца яму, курыць няма чаго, таварыш. Хочаце, я навучу вас пляваць у столь? Паглядзеце, вось як гэта робіцца Задумайце перад гэтым што-небудзь і ваша жаданьне збудзецца. Піва любіце? Магу параіць вам добрую ваду, вунь там у збане. Калі хочаце есьці, раю вам зьвярнуцца ў „Мяшчанскую бяседу“[30]. Апрача таго магу пабаіць вам заняцца ад няма чаго рабіць складаньнем вершаў. Я ўжо склаў тут цэлую поэму:
Профос дома! Моцна сьпіць,
Пакуль вораг наляціць,
А тагды прагоніць сон,
Схопіць нары і ўслон
І паставіць барыкады
Ад варожай канонады,
І сьпяе куплетаў з пару
Для аўстрыйскага двара:
„Вораг тут сустрэне кару,
Імпэратару ўра!“
— Бачыце, таварыш, — казаў далей здаравяк-вольнапісаны, — а вы кажаце, што між людзей ужо няма тае павагі да нашай любай монархіі. Арыштант, у якога і пакурыць няма чаго і якому належыць зьявіцца да палкоўніка, выказвае вам дасканалы прыклад адданасьці трону і складае оду сваей адзінай і непадзельнай радзіме, якую лупяць і ў хвост і ў грыву. Яго пазбавілі волі, а з вуснаў яго ліюцца словы бязьмежнай адданасьці імпэратару Morituri te salutant! caesari![31]. A профос — хлопец разьбітны. Такога паслухмянага слугу прыемна мець. Пазаўчора я яму даў пяць крон, каб ён зьбегаў купіў папірос а ён, сукін сын, сягодня раніцою мне кажа, што тут курыць ня можна, што яму праз гэта будуць няпрыемнасьці. Што-ж да пяці крон, дык ён кажа, што верне іх мне, калі атрымае пэнсію… Так, таварыш, цяпер нікому і нічому нельга верыць. Асноўныя прынцыпы моралі перакручаны. Абабраць арыштаванага, га!? А гэты тып яшчэ сьпявае сабе цэлы дзень:
Дзе пяюць, — лажыся й сьпі спакойна:
Хто пяе, той чалавек прыстойны.
Вось шэльма, сукін сын, падлюга, сволач!
Пасьля гэтага лірычнага адхіленьня вольнапісаны распытаўся ў Швэйка, чым той правініўся. Швэйк расказаў.
— Шукаў свайго палка? — сказаў вольнапісаны. — Нядрэннае турнэ. Табар — Мілеўска — Кветаў — Враж — Мальчын — Чыжова — Седлец — Гараждовіцы — Радомышль — Пуцім — Шчэкна — Страконіцы — Валын — Дуб — Вадняны — Працівін — Пуцім — Пісэк — Будэйовіцы… Цяжкі шлях! І вы заўтра павінны будзеце зьявіцца да палкоўніка! О, любы браце! Мы ўбачымся на месцы смяротнай кары! Заўтра зноў наш палкоўнік Шрэдэр атрымае вялікае задаваленьне. Вы сабе нават уявіць ня можаце, як добра на яго ўплываюць палкавыя падзеі! Носіцца па ўсім дварэ, з высунутым, як ў здохлай кабылы языком, як сабака, што згубіў свайго гаспадара. Лапоча, бяз сьціханку і плюецца наўкола, як вярблюд, і вам здаецца, што вось-вось ад яго крыху абурацца сьцены казарм. Я яго добра ведаю, адзін раз ўжо з ім стыкаўся, зьяўляўся да яго. Калі мяне прызвалі і я паступіў у каманду вольнапісаных, мне кравец не пасьпеў пашыць формы і я прышоў на заняткі ў высокіх ботах і ў цыліндры. Стаў на левы фланг і маршыраваў разам з усімі. Палкоўнік Шрэдэр пад‘ехаў на кані да мяне, чуць мяне ня зьбіў. „Што вы тут робіце, гэй, вы, капялюш?!“ — Зароў ён на мяне так, што, напэўна на Шумаве[32] было чуваць. Я яму зусім корэктна адказаў, што я вольнапісаны і прышоў на заняткі. Каб вы глянулі на яго ў гэту хвіліну! Завёў ён сваю машынку на цэлай поўгадзіны і потым толькі заўважыў, што я аддаю яму чэсьць у цыліндры. Тут ён закрычаў, што я заўтра павінен зьявіцца да яго, і як шалёны памчаўся бог ведае куды, потым прымчаўся назад, зноў пачаў крычаць, вяр‘явацца і біць сябе ў грудзі; мяне загадаў зараз-жа прыбраць з пляцу і пасадзіць на гаўптвахту. Калі назаўтра я зьявіўся да яго, ён закаціў мне чатырнаццаць дзён арышту, загадаў прыбраць мяне ў якіясьці лахманы з цэйхгаўза і гразіў, што спора мне нашыўкі. „Вольнапісаны — гэта эмбрыён славы зародак героя! — трапаў языком палкоўнік. Ня так даўно вольнапісаны Вольтат, якому далі чын капрала, добраахвотна накіраваўся на фронт і ўзяў ў палон пятнаццаць чалавек. У той момант, калі ён іх прывёў, яго разарвала гранатаю. І што-ж? Праз пяць хвілін прышоў ужо загад даць Вольтату чын малодшага афіцэра! Вось і вас-бы чакала бліскучая такая будучына: павышэньні і нагароды. Ваша імя было-бы запісана ў залатую кнігу нашага палка!“ — Вольнапісакы сплюнуў. — Вось, брат, якія аслы родзяцца на сьвеце. Пляваць мне на іхнія нашыўкі і ўсе прывілеі, накшталт таго, што мне будуць казаць: „Вы, вольнапісаны, — асёл“. Заўважце, як гэта гучыць: „Вы, асёл“, замест грубога — „Ты асёл“, а пасьля сьмерці вас аздобяць вялікім срэбным мэдалём. Усё начальства — імпэратарскія дастаўшчыкі чалавечых трупаў з зорачкамі і бяз зорачак. Любы бык шчасьлівейшы за нас з вамі. Яго зарэжуць ў разніцы зразу і не цягаюць перад гэть;м на палявыя заняткі і на стрэльбішча. — Тоўсты вольнапісаны пераваліўся на другі сяньнік і гаварыў далей: — Гэта факт, што калі-небудзь усё гэта лопне. Вечна цягнуцца гэта ня можа. Папрабуйце разадзьмуць сьвіньню ў слана — абавязкова лопне. Калі паеду на фронт, я на нашай цяплушцы напішу: Тры тоны ўгнаеньня для палёў ворага: сорак чалавек ці васьмёра коняй».
Дзьверы адчыніліся і зьявіўся профос, які прынёс чвэртку салдацкага хлеба на абодвых і сьвежай вады.
Нават не падняўшыся з саламянага сяньніка, вольнапісаны прывітаў профоса наступнымі словамі:
— Як узвышана, як велікадушна з твайго боку наведаць вязьняў, о, сьвятая Анежка[33] 91-га палка! Просім да нас добрадзейны анёл, чыё сэрца напоўнена спагадай. Ты прышоў пад цяжарам кошыкаў з рознымі стравамі і пітвом, каб уцешыць нас ў нашым няшчасьці. Ніколі не забудзем мы праяўленага табою велікадушша. Ты — прамень сонца, які пранік да нас у цямніцу!
— Заўтра вам палкоўнік пакажа жарты, — забурчаў профос.
— Бач, як наставіў хіб, хамяк, — адказаў вольнапісаны. Скажы лепш, што-б ты зрабіў, каб табе трэба было арыштаваць дзесяць вольнапёраў. Ды не рабі такога дурнога твару, ты ключнік марыянскіх казарм! Ты-б арыштаваў дваццаць, а потым дзесяць з іх выпусьціў-бы, сусьлік ты гэтакі! Каб я быў вайсковым міністрам, я табе паказаў-бы, што значыць вайсковая служба! Ці вядома табе, што кут паданьня роўны куту адбіцьця? Аб адным цябе толькі прашу: дай мне пункт апоры, і я перавярну ўвесь сьвет разам з табою, гусінае надзяваньне.
Профос вытрашчыў вочы, потым махнуў рукою і вышаў, стукнуўшы дзьвярыма.
— Таварыства ўзаемадапамогі па выдаленьні профосаў, сказаў вольнапісаны, — справядліва дзелячы хлеб на дзьве палавіны. — Паводле параграфу шаснаццатага дысцыплінарнага статуту арыштаваны да вынясеньня прысуду павінен карыстацца салдацкім пайком, але тут, як відаць, пануе закон прэрый: хто першы ў арыштантаў паёк перахопіць.
Абодва сядзелі на нарах і жавалі салдацкі хлеб.
— На профосе лепш за ўсе відаць, якімі жорсткімі робіць людзей вайсковая служба, — аднавіў свае разважаньні вольнапісаны. — Бясспрэчна, профос быў да паступленьня на вайсковую службу маладым чалавекам з ідэаламі. Гэта быў сьветлавалосы херувім, пяшчотны і чулы да ўсяго, абаронца прыгнечаных, за якіх ён заступаўся, калі ў яго роднай краіне дзе-небудзь на фэсьце біліся за дзяўчыну. Усе яго, бясспрэчна, любілі і паважалі, але цяпер… божа мой! — з якім задаваленьнем я заехаў-бы яму па храпе, адбіў-бы яму, як тарану, галаву аб нары і выкінуў-бы яго разам з галавою ў сарцірную яму. I гэта, брат, таксама довад таго, што наша вайсковае рамяство робіць людзей жорсткімі.
Ён запеў:
Яна й на чорта не зважала,
Ды тут ёй трапіўся салдат…
— Дарагі сябар, — казаў ён далей, — як глянеш на нашу любую монархію, заўсёды прыходзіш да выніку, што яна знаходзіцца ў такім самым становішчы, як і дзядзя Пушкіна, гэта значыць нам застаецца толькі, як напісаў Пушкін:
Вздыхать и думать про себя:
Когда-же чорт возьмет тебя?
Шчоўкнуў ключ у замку, і профос запаліў лямпу ў калідоры.
— Прамень сьвятла ў цёмным царствеі — Крыкнуў вольнапісаны. — Пранікненьне асьветы ў вайсковыя шэрагі! Дабранач, пан профос! Кланяйцеся там усім афіцэрам і жадаю вам прыгожых сноў. Няхай, напрыклад. вам прысьніцца, што вы вярнулі мне пяць крон, тыя самыя, якія я вам даў, каб вы купілі папярос, і якія вы прапілі за маё здароўе. Дабранач, пудзіла гарохавае!
Усьлед за гэтым пачулася бурчаньне профоса пра тое, што заўтра прыдзецца зьявіцца да палкоўніка.
— Зноў адны, — сказаў вольнапісаны. — Перад сном я ахвярую некалькі хвілін на лекцыю пра пашырэньне зоолёгічных ведаў сярод унтэраў і афіцэраў. Для таго, каб выбіць з жывога вайсковага сырцу сьвядомае гарматнае мяса, патрэбна грунтоўнае знаёмства з прыродазнаўствам, у прыватнасьці па кнізе «Крыніцы экономічнага дабрабыту», якая вышла ў выданьні Кочы[34], у якой на кожнай старонцы сустракаюцца словы: быдла, парасяты, сьвіньні. За апошні час аднак мы можам наглядаць, як у нашых найбольш прогрэсыўных вайсковых акругах уводзяцца новыя найменьні для навабранцаў. У адзінаццатай роце капрал Альтгоф ужывае слова «энгадынская каза». Яфрэйтар Мюлер, немец з Кашпэрскіх гор, былы настаўнік, называе навабранцаў «чэскімі сьмярдзючкамі», фэльдфэбэль Зондэрнумэр — «бычынымі жабамі» і «іоркшырскімі парсюкамі» і абяцае кожнаму навабранцу зрабіць з яга пудзіла, прычым выяўляе такія спэцыяльныя веды, нібы сам нарадзіўся ў сям‘і чучальніка. Начальства стараецца ўбіць у салдат любасьць да бацькаўшчыны сваяасаблівымі спосабамі, напрыклад: дзікім ровам, скокамі наўкол рэкрута, ваяўнічым рыкам, які нагадвае афрыканскіх дзікуноў, што зьбіраюцца злупіць скуру з ні ў чым невінаватай антылёпы ці рыхтуюцца ўсмажыць філе з якога-небудзь прыгатаванага на абед місыонэра. Да немцаў гэта, вядома, не адносіцца. Калі фэльдфэбэль заводзіць гутарку пра «сьвінячую банду», ён сьпяшаецца дадаць «чэскую», каб немцы не пакрыўдзіліся і ня прынялі гэтага на сябе. Пры гэтым усе ўнтэры 11-роты дзіка варочаюць бялкамі, як сабака, які глынуў з пражэрства намочаную ў прованскім масьле губку і ўдавіўся. Чуў я раз размову яфрэйтара Мюлера з капралам Альтгофам пра пляны навучаньня апалчэнцаў. У гэтай размове пераважала слова «блямба». Спачатку я думаў, што яны адзін з другім палаяліся і што разбураецца адзінства аўстрыйскай арміі, але я грунтоўна памыліўся. Гутарка ішла ўсяго толькі пра салдат. «Калі скажам гэтакая чэская сьвіньня, — аўторытэтна навучаў капрал Альтгоф яфрэйтара Мюлера, — нават пасьля таго, як па камандзе „лажыся“! разоў трыццаць выкачаецца ў гразі, ня можа навучыцца стаяць проста і не шавяліцца, дык даць яму разоў са два ў рыла — толку мала. Заедзь яму кулаком у жывот, другою рукою нацягні яму шапку на вушы, скамандуй „кругом!“, паддай яму, калі павернецца, нагою пад задніцу і ўбачыш, як ён пасьля гэтага пачне выцягвацца ва-фронт. А прапаршчык Даўэрлінг толькі сьмяяцца будзе». А цяпер, таварыш, я раскажу вам пра прапаршчыка Даўэрлінга, пра якога сярод навабранцаў 11-й роты ходзяць цэлыя паданьні, як пра якога небудзь мэксіканскага бандыта. Даўэрлінг карыстаецца рэпутацыяй людаеда, антропофага з аўстралійскіх плямён, якія ядуць людзей іншага племені, калі яны пападуцца ім у рукі. Увесь бліскучы жыцьцёвы шлях Даўэрлінга адзначан лёсам. Хутка пасьля нараджэньня яго ўпусьціла з рук нянька і да гэтага часу на галаве ў прапаршчыка ёсьць дужаватая ямка. Пасьля такога бліскучага пачатку ў сям‘і ня думалі, што ён бяз шкоды перанясе сатрасеньне мазгоў і што з яго выйдзе што-небудзь людзкае. Адзін толькі яго бацька палкоўнік ня траціў надзеі і, наадварот, запэўняў, што такая пусьцяковіна яму ў далейшым пашкодзіць ня можа, бо малады Даўэрлінг, калі падрасьце, пойдзе служыць у войска. Пасьля суровай барацьбы з чатырма клясамі гарадзкога вучылішча, якія ён прайшоў экстэрнам (прычым адзін з двух яго рэпэтытараў без пары пасівеў і звар‘яцеў, а другі прабаваў кінуцца з вежы сьвятога Стэфака ў Вене), малады Даўэрлінг паступіў у юнкэрскую школу. У юнкерскай школе ніколі не зьвярталі ўвагі на ступень адукаванасьці маладых людзей, якія туды паступалі, бо адукуванасьць не стасавалася з паняцьцем аб аўстрыйскіх страявых афіцэрах. Ідэалам вайсковай адукацыі было — умець гуляць у салдацікі. Адукаванасьць робіць людзей больш шляхетнымі, а гэта на вайсковай службе не патрэбна. Чым афіцэрства грубейшае, тым лепш.
Юнкер Даўэрлінг ня меў вялікіх посьпехаў нават і ў тых прадметах, якія кожны з юнкераў так ці іначай засвойвае. I ў юнкерскай школе ён давёў, што ў дзяцінстве яго нянька з рук упусьціла. Пра гэта няшчасьце выразна сьведчылі яго адказы нз экзаменах, якія вызначаліся такою бязьмернаю дурасьцю, што выкладчыкі іначай яго не называлі, як «наш ідыётык». Яго дурасьць так кідалася ў вочы, што сьмела можна было загадзе сказаць, што праз гадоў дваццаць ён пападзе ў Тэрэзіянскую[35] вайсковую акадэмію ці ў Вайсковае міністэрства. Пасьля абвяшчэньня вайны ўсім маладым юнкерам далі годнасьць прапаршчыкаў. У іх лік папаў Конрад Даўэрлінг, які быў назначан у 91-ы полк.
Вольнапісаны перадыхнуў і гаварыў далей.
— У выданьні Вайсковага міністэрства вышла кніга: «Вывучка ці выхаваньне?», з якой Даўэрлінг вычытаў, што на салдат трэба ўплываць тэрорам, прычым ступені тэрору адпавядае і ступень дысцыплінаванасьці. Даўэрлінг палажыў гэты прынцып за грунт свае дзейнасьці і дасягнуў вялікіх посьпехаў. Салдаты, каб ухіліцца яго крыкаў, цэлымі аддзяленьнямі падавалі рапарт аб хваробе, але гэта ні разу ня мела. посьпеху. Хто падаваў рапарт аб хваробе, той пападаў пад узмоцнены арышт. Дарэчы, ці вядома вам, што такое ўзмоцнены арышт? Цэлы дзень вас ганяюць па пляцы, а на нач — у карцар. Такім чынам, у роце Даўэрлінга хворыя перавяліся. Усе хворыя з яго роты сядзелі ў карцары. Даўэрлінг захоўваў на занятках разьбітны казарменны тон, які пачынаецца словам «сьвіньня» і канчаецца нязвычайным зоолёгічным тэрмінам «сьвінячы сабака». Урэшце, ён быў вельмі лібэральны і даваў магчымасьць салдатам выбіраць, што яны хочуць. Напрыклад, ён казаў: «Выбірай, вярблюд: у рыла ці тры дні ўзмоцненага арышту»? Калі салдат выбіраў тры дні ўзмоцненага арышту, Даўэрлінг даваў яму звыш гэтага яшчэ ў рыла і дадаваў у якасьці тлумачэньня: «Баішся за сваю храпу, а што будзеш рабіць, калі загаворыць цяжкая артылерыя»? Раз, выбіўшы вока аднаму навабранцу, ён сказаў так: «Падумаеш, якая важнасьць? Яму ўсёроўна здыхаць». Тое-ж самае гаварыў і фэльдмаршал Конрад фон-Гетцэндорф: «Салдатам усёроўна здыхаць».
Улюбёным і найбольш моцным сродкам у Даўэрлінга зьяўляюцца лекцыі, на якія ён выклікае ўсю чэскую каманду і чытае пра баявыя задачы Аўстрыі, спыняючыся пераважна на агульных прынцыпах вайсковага навучаньня. Гэта значыць ад шпангляў[36] да расстрэлу ці павешаньня. У пачатку зімы, яшчэ перад тым, як я трапіў у шпіталь, нас вадзілі на заняткі на пляц каля 11-й роты. Пасьля каманды «вольна» Даўэрлінг гаварыў прамову да рэкрутаў чэхаў:
«Я ведаю, — пачаў ён, — што ўсе вы нягоднікі і што трэба вам выбіць дур з галавы. З вашаю чэскаю моваю вам і да шыбеніцы не дабрацца. Наш вярхоўны галоўнакамандуючы[37] — немец. Чуеце?» — потым ён скамандаваў: — «Лажыся»!
Усе ляглі, а Даўэрлінг стаў хадзіць сюды і туды перад імі і гаварыў далей:
— Сказана «лажыся»! — ну і ляжы. Хоць лопні, а ляжы. Такая каманда існавала ўжо ў старажытных рымлян. У тыя часы прызываліся ў войска ўсе ад семнаццаці да шасьцідзесяці гадоў і ўсе трыццаць гадоў вайсковай службы праходзілі пад адкрытым небам. Па казармах яны, як сьвіньні, не качаліся. I мова была тагды таксама адна для ўсяго войска. Папробаваў-бы хто загаварыць у іх па-этруску! Паны рымскія афіцэры паказалі-б яму, па чым фунт ліха! Я таксама патрабую, каб вы адказвалі мне па-нямецку, а ня вашаю «шалтай-балтай». Ну, як вам падабаецца ляжаць у гразі? Цяпер уявеце сабе, што каму-небудзь з вас не захацелася-б болей ляжаць і ён-бы ўстаў. Што-б я тагды зрабіў? Зьвярнуў-бы сукінаму сыну сківіцу на патыліцу за невыкананьне абавязкаў салдата, парушэньне статуту і дысцыпліны, за непаслушэнства і бунт, з чаго вынікае, што такога нягодніка чакае вяроўка.
Вольнапісаны змоўк і, відавочна намеціўшы ў час перапынку далейшую тэму з казарменнага жыцьця, загаварыў зноў:
— Быў яшчэ ў нас капітан Адамічка, чалавек надзвычайна апатычны. У канцылярыі ён сядзеў з выглядам ціхага вар‘ята і глядзеў у прастору, як быццам казаў: «Ежце мяне, мухі з камарамі». Раз да яго зьявіўся салдат 11-й роты са скаргай, што прапаршчык Даўэрлінг назваў яго вечарам на вуліцы чэскай сьвіньнёй. Салдат гэты да вайны бьзў пераплётчыкам, сьвядомым рабочым. «Та-ак, такія, значыць, справы… — задуменна і ціха сказаў капітан Адамічка. (Ён заўсёды гаварыў задумёна і ціха). — Сказаў, кажыце, на вуліцы? Трэба было-б даведацца, ці было вам дазволена пайсьці з казармаў? Пакуль што можаце ісьці…» Праз некалькі дзён капітан Адамічка выклікаў да сябе салдата, што падаў скаргу. «Высьветлена, — сказаў ён задумёна і ціха, — што ў гэты дзень вам было дазволена ісьці з казармаў да дзесяці гадзін вечара. Значыцца, вы пакараны ня будзеце… Можаце ісьці».
З таго часу за капітанам Адамічкам умацавалася рэпутацыя справядлівага чалавека. Пасьля яго паслалі на фронт, а на яго месца быў назначан да нас майор Вэнцэль, і той нарэшце грунтоўна прышчаміў хвост прапаршчыку Даўэрлінгу.
У майора была жонка — чэшка, і таму ён не пераносіў і ўхіляўся гутарак пра нацыянальнае пытаньне. Некалькі гадоў таму назад, калі ён быў яшчэ капітанам у Кутнай гары, ён п‘яны аблаяў у рэсторане кельнера чэскай сволаччу. (Трэба зазначыць, што майор у кампаніі і дома гаварыў толькі па-чэску, і сыны яго вучыліся ў чэскіх гімназіях). «Слова не верабей, выляціш — ня зловіш», і эпізод гэты папаў у газэту, а нейкі дэпутат інтэрпэляваў перад парлямантам пра паводзіны майора Вэнцэля. Вэнцэль папаў у няпрыемную гісторыю, бо якраз у гэты час павінен быў быць зацьверджан парлямантам законапроект пра вайсковую павіннасьць, а тут — калі ласка! — гэта гісторыя з п‘яным капітанам Вэнцэлем у Кутнай гары. Пасьля капітан даведаўся, што ўся гісторыя — работа якогасьці заўрад-прапаршчыка з вольнапісаных Зітко. Гэта ён напісаў у газэту бо ў яго з капітанам Вэнцэлем былі свае рахункі яшчэ з таго часу, калі Зітко ў кампаніі ў прысутнасьці самога капітана Вэнцэля пачаў разважаць пра тое, што «досыць глянуць на божы сьвет, убачыць хмаркі на горызонце і горы, якія грамадзяцца ў далячыні, пачуць роў ляснога вадаспаду і сьпевы птушак, і сама ў галаву прыходзіць думка: што значыць капітан у параўнаньні з вечнасьцю? Такі-ж самы нуль, як і любы заўрад-прапаршчык». З прычыны таго, што ўсе паны афіцэры былі ў гэты час п‘яныя ўшчэнт, быў п‘яны і капітан Вэнцэль і хацеў пабіць небараку філёзофа Зітко, як сабаку. Пасьля гэтага іх варожасьць расла, і капітан Вэнцэль помсьціў Зітку, дзе і як толькі мог, тым больш, што афорызм прапаршчыка Зітка — «Што значыць капітан у параўнаньні з вечнасьцю» стаў у горадзе вельмі пашыраным. «Я яго, шэльму, давяду да самагубства», — сказаў капітан Вэнцэль, але Зітко вышаў у адстаўку і заняўся філёзофіяй. З таго часу майор Вэнцэль і вар‘юецца на ўсіх малодшых афіцэраў. Нават паручнік не застрахаваны ад яго вар‘яваньня. Аб прапаршчыках і гаварыць няма чаго. «Раздушу яго, як клапа,» — любіць гаварыць майор Вэнцэль, і бяда таму прапаршчыку, які праз якую-небудзь пусьцяковіну пасылае салдата да Вэнцэля. Толькі буйныя і цяжкія злаўчынкі павінен ён разглядаць, як, напрыклад, калі вартавы засьне на варце каля парахавога складу ці паспрабуе ўночы пералезьці цераз казарменную сьцяну ці пападзецца ўночы ў лапы патруля — адным словам, зганьбіць гонар палка. Я чуў раз, як ён крычаў у калідоры: «А божухна! Трэці раз яго ловіць патруль. Пасадзіць сукінага сына ў карцэр зараз жа; такіх трэба выкідаць з палка, няхай ідзе ў абоз гной вазіць. Здаўся патрулю і нават не пабіўся з імі! Хіба гэта салдат? Вуліцу яму падмятаць а не ў салдатах служыць. Дайце яму жраць не раней, як пасьля заўтра. Сяньніка не даваць! Ды піхнеце яго ў адзіночку і не даваць нягодніку коўдры».
Цяпер уявеце сабе, таварыш, што адразу пасьля пераводу да нас майора Вэнцэля гэты ёлап, прапаршчык Даўэрлінг, пагнаў да яго аднаго салдата за тое, што той нібы не аддаў яму, прапаршчыку Даўэрлінгу, чэсьці, калі ён ехаў на рамізьніку з нейкаю паненкаю. Ну і крык там, скажу я вам, падняўся, як расказвалі потым сьведкі! Фэльдфэбель з канцылярыі батальёну ўцёк у калідор, а майор крычаў на Даўэрлінга: «Хацеў-бы я ведаць — чорт вазьмі! — ці вядома вам, што такое асабістая яўка? Асабістая яўка — гэта не балаган! Як мог ён вас бачыць, калі вы ехалі пасярод пляцу? Вы павінны былі вызубрыць і запомніць, што чэсьць аддаецца афіцэрам, якія пападуцца насустрач, а гэта ня значыць, што салдат павінен круціць галавою, як варона, і лавіць прапаршчыка, які едзе пасярод пляцу. Маўчаць, не перапыняпь! Асабістая яўка існуе не для такіх пусьцяковых рэчаў. Калі ён вам заявіў, што ня мог вас бачыць, бо ў гэты момант аддаваў чэсьць мне, павярнуўшыся да мяне, разумееце, да майёра Вэнцэля, і ня мог адначасна глядзець назад на рамізьніка, з якім вы ехалі, то трэба было яму верыць. Другі раз будзьце ласкавы не прыставайце да мяне з пусьцяковінай!» — З таго часу Даўэрлінг зьмяніўся.
Вольнапісаны пазяхнуў.
— Трэба выспацца перад заўтрашняй яўкай да палкоўніка. Я хацеў-бы хоць трохі інформаваць вас, як стаяць справы ў нашым палку. Палкоўнік Шрэдэр ня любіць майора Вэнцэля і наогул нейкі дзіўны тып. Капітан Сагнэр, начальнік вучэбнай каманды вольнапісаных, лічыць Шрэдэра сапраўдным салдатам, хоць палкоўнік Шрэдэр нічога так не баіцца, як папасьці на фронт. Сагнэр — стрэлены варабей, таксама як і Шрэдэр, недалюблівае афіцэраў запасу і называе іх цывільнымі сьмярдзючкамі. Вольнапісаных ён лічыць дзікімі жывёламі, з якіх трэба зрабіць вайсковыя машыны, прышыць да іх зорачкі і паслаць на фронт, каб іх перастралялі замест шляхетных кадравых афіцэраў. якіх трэба пакінуць на развод. Наогул у арміі ўжо пахне гніляцінай, — сказаў вольнапісаны, укручваючыся ў коўдру. — Масы, пакуль што, яшчэ сьляпыя, і дазваляюць гнаць сябе на фронт, каб іх там пасеклі на макарону; пападзе ў якога-небудзь з такіх ягнят куля, ён толькі шапне: «мамачка»! Цяпер герояў няма, а ёсьць толькі жывёла на мяса і разьнікі ў генэральных штабох. Пачакайце, дачакаюцца яны выбуху! Ну і будзе-ж завіруха!.. Дык няхай жыве армія! Дабранач!
Вольнапісаны сьціх, доўга варочаўся пад коўдрай і нарэшце запытаўся:
— Вы сьпіце, таварыш?
— Ня сьпіцца, — адказаў Швэйк з свайго ложка. — Думаю…
— Пра што-ж вы думаеце, таварыш?
— Пра вялікі сярэбраны мэдаль «За храбрасьць», які атрымаў сталяр з Ваўровай вуліцы, па прозьвішчы Млічко; яму першаму з усяго палка ў самым пачатку вайны адарвала гранатай нагу. Ён атрымаў дарэмна штучную нагу і пачаўусюды фарсіць з сваім мэдалём і хваліцца, што ён самы першы інвалід у палку. Раз ён прышоў у шынок «Аполён» на Вінаградах і пачаў там сварку з разьнікамі гарадзкай разьніцы. Адзін з іх у бойцы адарваў яму нагу (штучную) і трахнуў ёю яму-ж па галаве, а потым убачыў, што нарабіў (ён ня ведаў, што нага штучная), і з перапуду абамлеў. У вучастку столяру ногу зноў прырабілі, але з таго часу яму ня міл стаў яго сярэбраны мэдаль «За храбрасьць» і ён панёс яго закладваць у лёмбард. Там яго за гэта разам за мэдалём сцапалі; і пачаліся няпрыемнасьці. Існуе нейкі там ганаровы суд для інвалідаў вялікай вайны, і гэты суд прысудзіў — адабраць у яго мэдаль і апрача таго пакінуць без нагі…
— Як-жа гэта?
— Вельмі проста. Прышлі раз да яго з нейкай камісіяй, заявілі, што ён ня варты таго, каб насіць протэзу, адшпілілі ў яго нагу і панесьлі… Вельмі таксама сьмешна выходзіць, — казаў далей Швэйк, — калі бацькі салдата атрымоўваюць паведамленьне, што сын забіты на вайне, а разам з лістом мэдаль з прыпіскаю, што вось вам за гэта мэдаль і павесьце яго на відным месцы. На Божацехавай вуліцы на Вышаградзе адзін стары, у якога забілі сына, думаў, што Вайсковае ведамства з яго зьдзекуецца, і так раззлаваўся, што павесіў мэдаль у сарціры. А сарцір у яго быў у сенцах, агульных з адным служачым у паліцыі; той данёс на яго і прышлося потым старому адказваць за дзяржаўнае злачынства.
— Адгэтуль вынікае, — сказаў вольнапісаны, — што слава выедзенага яйца ня варта. Нядаўна ў Вене выдалі «Спадарожнік вольнапісанага», і там былі зьмешчаны наступныя захапляючыя вершы:
За караля, за родную краіну
У бойцы добрахвотнік паў,
Усім ён іншым прыклад даў,
Дачасна лёгшы ў дамавіну.
I на гармаце труп героя
Вязуць у стужках і вянкох,
І генэральскаю рукою
Прыколат ордэн на грудзёх.
— З прычыны таго, што за апошні час заўважаецца, што баявы дух у нашай арміі зьніжаецца, — сказаў пасьля невялікага перапынку вольнапісаны, — я прапаную сьпець пра каноніра Ябурку. Гэта падымае дух. Але прыдзецца паднапяцца, a то сярод ночы ў казармах могуць не пачуць. Таму прапаную падыксьці да дзьвярэй.
І праз хвіліну з памяшканьня арыштаваных пачуўся такі роў, што ў калідоры задрыжалі шыбы:
Гармату набіваў
Ой ладо, гэй люлі!
I песьню ён сьпяваў.
Ой ладо, гэй люлі!
Знарадам тут яму
Ой ладо, гэй люлі!
Сарвала галаву
Ой ладо, гэй люлі!
А ён ўсё набіваў
Ой ладо, гэй люлі!
I песьню ўсё сьпяваў
Ой ладо, гэй люлі!
На дварэ пачуліся крокі і галасы.
— Гэта профос, — сказаў вольнапісаны. — А з ім падпаручнік Пэлікан, ён сягоньня дзяжурны. Я з ім знаёмы, ён афіцэр запасу, а раней быў статыстыкам у адным страхавым таварыстве. Вось у каго дастанем пакурыць. А ну, прыўдарым яшчэ раз.
I Швэйк з вольнапісаным грымнулі зноў:
Гармату набіваў…
Адчыніліся дзьверы, і профос, відавочна падагрэты прысутнасьцю дзяжурнага афіцэра, задзёрыста крыкнуў:
— Тут вам не зьвярынец!
— Пардон, — адказаў вольнапісаны, — тут аддзяленьне Рудольфінума[38]. Концэрт на карысьць засуджаных. Толькі што быў скончаны першы нумар програмы: «Сымфонія вайны».
— Ня дурэцеся, — сказаў падпаручнік Пэлікан з наўмыснай строгасьцю. — Спадзяюся, вы павінны ведаць, што ў дзесяць гадзін вам належыць ляжаць, а не рабіць гармідар. Ваш концэртны нумар на пляцы чуваць.
— Асьмелюся далажыць, пан падпаручнік, — сказаў вольнапісаны, — мы не падрыхтаваліся, як належыць, і таму, можа, выходзіць некаторая дысгармонія.
— Гэта ён робіць кожны вечар, — стараўся падбухторыць падпаручніка супроць свайго ворага профос. — І наогул трымае сябе вельмі неінтэлігентна.
— Пан падпаручнік, — сказаў вольнапісаны, — дазвольце перагаварыць з вамі адзін на адзін. Няхай профос пачакае за дзьвярыма.
Калі профос вышаў, вольнапісаны сказаў:
— Ну, гані сюды папяросы, Франта[39]… «Спорт»… А лепшага ў цябе не знашлося паводле твайго чыну. Добра, і за гэта дзякуй. Так. I запалкі.
— «Спорт», — сказаў ён зьняважліва, калі падпаручнік вышаў, — і пры нястачы чалавек не павінен апускацца. Курэце, таварыш. Заўтра нас чакае страшны суд.
Перад сном вольнапісаны не забыўся сьпець «Горы, даліны і скалы высокія» і апрача таго, «Шкада, не вярнуць нам былога».
Расказваючы Швэйку пра палкоўніка Шрэдэра, як пра ката, вольнапісаны рабіў памылку, бо палкоўнік Шрэдэр ня быў пазбаўлены пачуцьця справядлівасьці, што выразьней за ўсё выявілася, калі палкоўнік заставаўся здаволены вечарам, праведзеным у кампаніі афіцэраў у адным з рэсторанаў. Але калі здаволеным не заставаўся…
Пакуль вольнапісаны займаўся руйнуючай крытыкай палкавых спраў, палкоўнік Шрэдэр сядзеў у рэсторане, у кампаніі з афіцэрамі, і слухаў, як паручнік Крэчман, які вярнуўся з Сэрбіі паранены ў нагу (яго ўбарола карова), расказваў пра бойку, у якой ён трымаў удзел (ён наглядаў з штабу, да якога быў прыкамандыраваны, за атакай на сэрбскія позыцыі).
— Але вось выскачылі з акопаў… Бягуць, пералазяць цераз драцяныя загароды і кідаюцца на ворага… Ручныя гранаты за поясам, усе ў супроцьгазавых масках, вінтоўка на перавес, гатовая да стральбы і да штыхавога ўдару. Кулі сьвішчуць. Вось падае адзін у той момант, калі вылазяць з акопаў, другі падае па бліндажы, трэці падае, прабегшы некалькі крокаў, але навала коціцца далей, з грымотным «ура», наперад, у хмары дыму і пылу. Няпрыяцель страляе з усіх бакоў, з акопаў, з ямаў ад знарадаў і палівае нас волавам з кулямётаў. To тут, то там падаюць салдаты. Наш разьдзел прабуе захапіць няпрыяцельскую скорастрэльную гармату. Шмат хто падае, але таварышы ўжо каля мэты. Ура!.. Афіцэр падае… Вінтовачная стральба змоўкла, рыхтуецца нешта жахлівае… Цэлы разьдзел нашых валіцца раптам… Няпрыяцельскія кулямёты: «тра-та-та-тра-та-та!» Падае… Даруйце, я далей не магу, я п‘яны…
Ранены ў нагу паручнік змоўк і з тупым выглядам застаўся сядзець у крэсьле. Палкоўнік Шрэдэр з дабратлівай усьмешкай стаў слухаць, як капітан Сьпіро, грукаючы кулаком па стале, як быццам з кім сварачыся, плявузгаў усялякае глупства:
— Зразумейце раз на заўсёды: у нас пад сьцягамі аўстрыйскія гвардзейскія ўланы, аўстрыйскія апалчэнцы, босьнійскія егеры, аўстрыйскія егеры, аўстрыйская армейская пяхота, вэнгерская пяхота, цірольскія стралкі яго вялікасьці, босьнійская пяхота, цірольскія пешыя гонвэды, вэнгерскія гусары, гвардзейскія гусары, конныя егеры, драгуны, армейскія ўланы, артылерыя, абоз, сапёры, санітары, флёт. Разумееце? А ў Бэльгіі? Першы і другі набор складаюць опэрацыйную частку арміі, трэці набор абслугоўвае патрэбы тылу… — Капітан Сьпіро стукнуў кулаком па стале. — Гвардыя нясе службу ў мірны час унутры краіны.
Адзін з маладых гучна, каб палкоўнік пачуў і пераканаўся ў моцнасьці яго ваяцкага духу, дзеўб свайму суседу:
— Сухотных я пасылаў-бы на фронт, ім ад гэтага шкоды ня будзе; дый, апрача таго, лепш няхай паб‘юць хворых, як здаровых.
Палкоўнік усьміхнуўся. Але раптам ён насупіўся і, зьвяртаючыся да капітана Вэнцэля, сказаў:
— Дзіўлюся, чаму паручнік Лукаш ухіляецца нашай кампаніі. З таго часу, як ён прыехаў, ён ні разу ня быў сярод нас. — Вершы піша, — насьмешліва адгукнуўся капітан Сагнэр. — He пасьпеў прыехаць, як ужо закахаўся ў жонку інжынэра Шрэйтэра, убачыўшы яе ў тэатры.
Палкоўнік нездаволена глянуў на Сагнэра.
— Кажуць, ён добра сьпявае куплеты.
— Яшчэ ў кадэцкім корпусе ўсіх нас куплетамі сьмяшыў, адказаў капітан Сагнэр. — І анэкдотаў у яго пропасьць. Ня ведаю, чаму ён сюды ня ходзіць.
Палкоўнік з жалем пакруціў галавою.
— Няма цяпер сярод афіцэраў таго пачуцьця таварыскасьці, якое было ў наш час. Бывала, кожны з нас, афіцэраў, стараўся чым-небудзь падвесяліць другіх, калі мы зьбіраліся. Паручнікі Данкэль (быў такі), дык той, бывала, разьдзенецца да голага, ляжа на падлогу, уваткне сабе ў задніцу селядца і разыгрывае марскую царэўну. Другі, падпаручнік Шлейснэр, умеў шавяліць вушамі, іржаць як жарабец, пераймаць яўканьні кошкі і гудзеньне чмяля. Памятаю яшчэ капітана Скодай. Той заўсёды, калі мы толькі хацелі, прыводзіў з сабою трох дзяўчат-сясьцёр. Яны ў яго былі, як дрэсіраваныя. Паставіць іх на стол, а яны пачынаюць у тахт разьдзявацца. А ў яго была дырыжорская палачка, ён, значыць, імі і дырыжуе; выдатны быў дырыжэр! Чаго толькі ён з імі на канапе не вырабляў! А раз загадаў паставіць пасярод пакою ванну з цёплаю вадою, і мы адзін за другім павінны былі з гэтымі трыма дзяўчаткам купацца, а ён нас фотографаваў.
Палкоўнік Шрэдэр пры адных гэтых успамінах шчасьліва ўсьміхнуўся.
— А як у заклад мы ішлі ў гэтай ваньне!.. — гаварыў далей палкоўнік, гнюсна цмокаючы і пацепаючыся ў крэсьле. — А цяпер? Хіба гэта разгарненьне? Куплетыст — і той не зьяўляецца. Нават піць малодшыя афіцэры ня ўмеюць. Дванаццаці гадзін яшчэ няма, а за сталом ужо, як бачыце, пяць п‘яных. Некалі мы па двое сутак сядзелі і чым больш пілі, тым цьверазейшымі рабіліся. А лілі ў сябе без перапынку піва, віно, лікёры… Няма цяпер таго баявога духу. Чорт яго ведае, што тут за прычына такая! Ніводнага дасьціпнага слова, усё нейкія бясконцыя апавяданьні. Паслухайце толькі, што на тым канцы гавораць.
На другім канцы стала вялася сур‘ёзная размова:
— Амэрыка ў вайну ўмяшацца ня можа. Амэрыканцы з ангельцамі грызуцца. Амэрыка да вайны не падрыхтавана.
Палкоўнік Шрэдэр уздыхнуў.
— Вось яна, балбатня афіцэраў запасу. Нячыстая сіла іх сюды прынесла. Учора яшчэ сядзеў гэтакі пан — страчыў у якім-небудзь банку, ці служыў у крамцы, завяртаў тавар у паперу і гандляваў карэньнямі, карыцаю і гуталінам ці вучыў дзяцей у школе, што воўка з лесу гоніць голад, а цяпер хоча быць роўным кадравым афіцэрам, ува ўсім лезе разьбірацца і ўсюды суне свой нoc. А кадравыя афіцэры, як, напрыклад, паручнік Лукаш, тыя ня зробяць ласкі сярод нас паказацца.
Палкоўнік пашоў дадому ў вельмі дрэнным настроі. Назаўтра рана настрой яго яшчэ пагоршыўся, калі ён, лежачы яшчэ ў пасьцелі, прачытаў у газэтах паведамленьне, што наша войска адышло на загадзя падрыхтаваныя позыцыі. Пачаўся якраз слаўны ддя аўстрыйскай арміі пэрыод, як дзьве каплі вады падобны на пэрыод Шабаца.
Такім чынам к дзесяці гадзінам раніцы палкоўнік быў зусім падрыхтаваны да выконваньня функцыі, якую вольнапісаны назваў страшным судом.
Швэйк і вольнапісаны стаялі на дварэ і чакалі палкоўніка. Усе былі ў поўным зборы: фэльдфэбэль, дзяжурны афіцэр. ад‘ютант палка і пісар з канцылярыі палка са справамі тых, што правініліся і чакалі мяча Нэмэзыды — яўкі. Нарэшце разам з начальнікам каманды вольнапісаных, капітанам Сагнэрам, паказаўся насуплены палкоўнік. Ён нэрвова хвастаў стусінаю па халявах сваіх ботаў.
Прыняўшы рапарт, палкоўнік сярод магільнай маўклівасьці прайшоў некалькі разоў каля Швэйка і вольнапісанага, якія рабілі «раўненьне направа» і «раўненьне налева», гледзячы па тым, на якім флангу знаходзіўся палкоўнік. Ён хадзіў так доўга, што можна было зьвярнуць сабе карак, і нарэшце спыніўся перад вольнапісаным.
Той адрапартаваў: «вольнапісаны такі вось…»
— Ведаю, — суха сказаў палкоўнік, — былы вольнапісаны… Кім вы былі да вайны? Студэнтам філёзофіі? Ага, значыць, сьпіўшыся інтэлігент… Пан капітан, — сказаў ён Сагнэру, прывядзеце сюды ўсю каманду вольнапісаных… Так, казаў далей палкоўнік, — і з такімі вось панамі студэнтамі-філёзофамі прыходзіцца нашаму брату марацца. А ну! Кру-гом! Так і ведаў. Складкі на шынялі не разгладжаны. Як быццам толькі што з дзеўкаю ў бардэле качаўся. Пачакайце, саколік, я вам пакажу!
Каманда вольнапісаных вышла на двор. Палкоўнік скамандаваў выстраіцца замкнутьзм чатырохкутнікам, і каманда абступіла яго і тых, што правініліся, цесным квадратам.
— Паглядзеце на гэтага чалавека, — пачаў сваю прамову палкоўнік, паказваючы на вольнапісанага. — Ён прапіў, замараў ваш гонар, гонар вольнапісаных, якія рыхтуюцца стапь афіцэрамі, камандзірамі, якія вядуць свае каманды ў бой насустрач славе і небясьпецы. А куды павёў-бы сваю каманду гэты п‘яніца? У шынок? Ён выхлебтаў-бы ўвесь салдацкі ром сам… Што вы можаце сказаць у сваё апраўданьне? — зьвярнуўся ён да вольнапісанага. — Нічога? Палюбуйцеся з яго! Ён ня можа сказаць у сваё апраўданьне ні слова. А яшчэ вывучаў клясычную філёзофію! Вось ужо сапраўды клясычны тып! — Палкоўнік сказаў апошнія словы знарок павольна і сплюнуў: — філёзоф, які ў п‘яным выглядзе сярод ночы зьбівае шапку з галавы афіцэра! Добра яшчэ, што гэта быў толькі нейкі артылярыйскі афіцэр.
У тоне, якім гэта было сказана, была сабрана ўся зьнявага і варожасьць 91-га палка да будэйовіцкай артылерыі. Варожасьць была глыбокая і заўсёдная, як-бы вэндэтта[40], крывавая помста, якая перадавалася ў спадчыну ад аднаго выпуска да другога. Гора таму артылярысту, які нападаўся ўночы ў рукі патруля пехацінца, і наадварот. Часта трапляліся выпадкі, што пехацінцы сьпіхалі артылярыстаў у Влатву, як і выпадкі адваротныя. Паміж абедзьвюма вайсковымі часьцямі часта адбываліся бойкі ў «Порт-Артуры», «У Розы» і ў шматлікіх іншых вясёлых установах паўднёва-чэскай сталіцы.
— Але ня гледзячы на гэта, — гаварыў далей палкоўнік, — за такі ўчынак ён павінен быць пакараны, каб ня квапілі другія, выключаны з каманды вольнапісаных, зьнішчаны ў моральным сэнсе слова. Такіх інтэлігентаў арміі не патрэбна, Пісар!
Пісар падышоў са строгім выглядам, трымаючы нарыхтованую справу і аловак.
Запанавала цішыня, як у зале суду, калі судзяць забойцу і старшыня скажа: «Абвяшчаецца прысуд…»
Якраз такім тонам палкоўнік сказаў:
— Вольнапісаны Марэк засуджваецца на дваццаць дзён строгага арышту і, калі адбудзе яго, пералічаецца на кухню, чысьціць бульбу!
І, павярнуўшыся да каманды вольнапісаных, палкоўнік скамандваў разамкнуць рады. Каманда хутка разьбілася на аддзяленьні і рушыла да казармаў. Палкоўнік зрабіў капітану Сагнэру заўвагу, што каманда ня досыць выразна адбівае крок, і сказаў, каб па абедзе ён з імі заняўся маршыроўкай.
— Ды вось яшчэ што, чуць быў не забыўся, — дадаў палкоўнік. — Абвясьцеце ім, што ўся каманда вольнапісаных па чарзе будзе пасаджана на пяць дзён у карцар, каб не забыліся пра свайго былога сябра, гэтага нягодніка Марэка.
А нягоднік Марэк стаяў каля Швэйка з надзвычайна здаволеным выглядам. Ляпей для сябе ён бы і прыдумаць ня мог. Куды лепш чысьціць бульбу, качаць кнэдлікі і сеч мяса, як пад навалай няпрыяцельскага агню, наклаўшы поўныя порткі, крычаць: «Адступаць ланцугом! Пальба пачкамі!»
Адышоўшы ад капітана Сагнэра, палкоўнік Шнэдэр спыніўся перад Швэйкам і пільна паглядзеў на яго. У гэты момант выгляд Швэйка найбольш характарызавала яго круглае ўсьмешлівае аблічча з вялікімі вушамі, якія тарчалі з-пад насуненай шапкі. Агульны выгляд сьведчыў пра поўны спакой і пра тое, што за ім ня было ніякай віны. У вачох яго было маўклівае запытаньне: «Начвэрыў я чаго-небудзь? Можа, я ў чым-небудзь вінаваты?»
Палкоўнік падвёў вынікі сваім нагляданьням у запытаньні да пісара:
— Ідыёт?
І ўбачыў, як разяўляецца шырокі, дабратліва-ўсьмешлівы рот Швэйка.
— Так точна, пан палкоўнік, ідыёт, — адказаў за пісара Швэйк.
Палкоўнік кіўнуў галавою ад‘ютанту і адышоўся разам з ім у бок. Потым быў пазваны пісар і прагледжаны матэрыял пра Швэйка.
— Ага, — сказаў палкоўнік Шрэдэр, — гэта, значыць, дзяншчык паручніка Лукаша, які прапаў ў яго ў Табары, мяркуючы па рапарце. Па-мойму, паны афіцэры павінны самі выхоўваць сваіх дзяншчыкоў. Ужо калі пан паручнік Лукаш выбіраў сабе ў дзяншчыкі такога ідыёта, няхай сам з ім і валаводзіцца. Часу вольнага ў яго досыць, раз ён нікуды ня ходзіць. Вы ж таксама ніразу ня бачылі яго ў нашай кампаніі? Ну, вось бачыце. Значыць часу ў яго аж занадта. Можа, калі-небудзь і выб‘е з свайго дзяншчыка што-небудзь людзкае.
Палкоўнік Шрэдэр падышоў да Швэйка і сказаў:
— На тры дні пад арышт, асталопіна! Калі адбудзеш кару, зьявішся да паручніка Лукаша.
Такім чынам Швэйк сустрэўся зноў з вольнапісаным у тым самым памяшканьні; для паручніка-ж Лукаша было мусіць вялікае задаваленьне, калі палкоўнік выклікаў яго да сябе і сказаў:
— Пан паручнік, прыблізна з тыдзень таму назад прыбыўшы ў полк, вы падалі мне рапарт, каб даць вам дзяншчыка пад ваш загад, з прычыны таго, што ваш ранейшы дзяншчык прапаў у дарозе. Але з прычыны таго, што дзяншчык ваш вярнуўся…
— Пан палкоўнік… — з просьбаю падаўся да яго паручнік
— … я загадаў пасадзіць яго на тры дні, пасьля чаго пашлю яго да вас, — цьвёрда сказаў палкоўнік.
Узрушаны Лукаш, хістаючыся, вышаў з габінэту палкоўніка.
Тры дні, якія Швэйк прабыў разам з вольнапісаным Марэкам, прайшлі няпрыкметна. Кожны вечар яны організоўвалі патрыотычныя выступленьні. «Спачатку з цямніцы чулася Сьцеражы нам, божа, гасудара»[41] потым: «Прынц Эўгені храбры лыцар»[42]. Потым ішоў цэлы шэраг салдацкіх песень: а калі прыходзіў профос, яго сустракалі кантатай:
Ты ня бойся, профос, сьмерці, —
Будзеш жыць ты малайцом,
Аж пакуль прыскачуць чэрці,
Заграбуць цябе жыўцом.
Над нарамі вольнапісаны намаляваў профоса і пад ім напісаў тэкст старажытнай песенкі:
Па кілбасу я ў Прагу мчаўся,
Насустрач дурань мне папаўся.
Той злосны дурань быў профос —
Ён ледзь не адкусіў мне нос.
Пакуль абодва дражнілі профоса, як дражняць у Сэвільлі чырвоным плашчом андалузкага быка, паручнік Лукаш з нудлівым пачуцьцём чакаў, калі да яго зьявіцца Швэйк і даложыць, што ён заступіў на пасаду.