91-ы полк пераводзілі ў горад Мост на Літаве — у Кіраль-Хіду[43].
Швэйк прасядзеў пад арыштам тры дні. За тры гадзіны да таго моманту, калі ён павінен быў выйсьці на волю, яго разам з вольнапісаным завялі на гаўптвахту, а адтуль пад канвоем накіравалі на вакзал.
— Даўно было ясна, што нас перавядуць у Вэнгрыю, — сказаў Швэйку вольнапісаны па дарозе. — Там будуць формавацца маршавыя батальёны, а нашы салдаты тым часам налаўчацца страляць і паб‘юцца з мадзьярамі, пасьля чаго мы з песьнямі паедзем на Карпаты. У Будэйовіцах-жа разьмесьцяць мадзьярскі гарнізон, і пачнецца мешаніна плямён. Існуе такая тэорыя, што згвалчаньне дзяўчат іншай нацыянальнасьці — лепшы сродак супроць выраджэньня. У часы трыццацігадовай вайны гэта рабілі швэды і гішпанцы, пры Наполеоне французы, а цяпер тое-ж самае будуць рабіць мадзьяры ў Будэйовіцкім краі. Але, вядома, гэта ня будзе мець характару грубага згвалчаньня. Усё выйдзе само сабою. Адбудзецца просты абмен: чэскі салдат будзе спаць з вэнгерскай дзяўчынай, а бедная чэская дзяўчына прыме да сябе вэнгерскаса гонвэда. Глядзіш, праз некалькі стагодзьдзяў паўстане цікавае для антрополёгаў пытаньне: якім чынам у народа, што жыве на берагох Мальшы, зьявіліся пукатыя скулавыя косьці?
— Цікавая рэч — перакрыжаванае спаркаваньне, — заўважыў Швэйк. — Жыве ў Празе кэльнэр-нэгр, Хрысьціян. Бацька яго быў абісінскім каралём; у Празе, на Штваніцы[44], у цырку, яго паказвалі. У гэтага караля закахалася адна настаўніца, якая пісала ў часопісі «Лада» вершыкі пра пастушкоў і раўчукі. Настаўніца пашла з ім у мэбляваныя пакоі і «аддалася распусьце», як гаворыцца ў сьвятым пісаньні. I як жа яна зьдзівілася, калі ў яе потым нарадзіўся зусім белы хлопчык! Аднак не прайшло і двух тыдняў пасьля нараджэньня, як хлопчык пачаў рабіцца шэрым. Шарэў, шарэў, а праз месяц пачаў чарнэць. Праз паўгода быў хлапчук чорны, як бацька — абісінскі кароль. Маці пашла з ім у клініку па скураных хваробах прасіць, ці нельга як-небудзь з яго фарбу вывесьці, але ёй сказалі, што ў хлапчука сапраўдная арапская скура і што тут нічога ня зробіш. Ад гэтага ўсяго настаўніца звар‘яцела і пачала пасылаць ва ўсе часопісі, у аддзел «Парады чытачом» запытаньні, які спосаб ёсьць супроць арапаў. Яе завезьлі да Картэжніка[45], а хлопчыка аддалі ў сірочы дом. Вось была з ім пацеха, пакуль ён выхоўваўся. Потым ён вучыўся за кэльнэра і выступаў з танцамі ў начных кафэ. Цяпер ад яго з посьпехам нараджаюцца чэхі-мулаты, але ўжо не такія чорныя, як ён сам. Аднак, як тлумачыў нам фэльчар у шынку «У Келіха», справа з афарбоўкай зусім не такая простая: хоць далейшыя пакаленьні мулатаў ужо не адрозьніваюцца ад белых зусім, але праз некалькі пакаленьняў можа раптам зьявіцца нэгр. Уявеце сабе такі скандал: вы, напрыклад, жэніцеся з якой-небудзь паненкай. Белая, сучая дачка, абсолютна, і ў адзін прыгожы дезнь, наце! нараджае вам нэгра. А калі за дзевяць месяцаў перад гэтым яна была разок бяз вас у вар‘етэ і глядзела францускую барацьбу з удзелам нэгра то ясна, што такая акалічнасьць вас трохі зьбянтэжыць.
— Ваш выпадак з нэграм Хрысьціянам трэба абмеркаваць з пункту погляду сусьветнай вайны, — сказаў вольнапісаны. — Няхай, напрыклад, здарылася, што нэгра гэтага прызвалі і ён як пражанін, папаў у 28-ы полк. Як вы чулі, 28-ы полк перайшоў да рускіх. Уявеце, як зьдзівіліся-б рускія, узяўшы ў палон нэгра Хрысьціяна. У рускіх газэтах напэўна напісалі-б што Аўстрыя гоніць на вайну сваё колёніяльнае войска (якога ў яе няма) і што Аўстрыяй пушчаны ў ход чорнаскурыя рэзэрвы.
— Памятаю гаварылася, што ў Аўстрыі колёніі ёсьць, — сказаў Швэйк, — недзе на поўначы. Якаясьці там Зямля імпэратара Франца-Іосіфа.
— Кіньце лепш, хлопцы, — умяшаўся адзін з канвойных. — Цяпер заводзіць гаворку пра Зямлю імпэратара Франца-Іосіфа небясьпечна. Самае лепшае — не называйце імён.
— А вы гляньце пры выпадку на карту, — сказаў вольнапісаны. — Існуе сапраўды зямля нашага літасьцівейшага монарха імпэратара Франца-Іосіфа. Паводле вестак географічнай статыстыкі, там адзін только лёд, які і вывозіцца адтуль на ле даколах, што належаць парыскім халадзільням. Наша маладая ледзяная прамысловасьць заваявала сабе і за граніцай належную ацэнку і надзвычайную цікавасьць, бо прадпрыемства гэта вельмі прыбытковае, хоць і небясьпечнае. Найбольшаю небясьпекаю пры экспортаваньні лёду з Зямлі Франца-Іосіфа зьяўляецца пераправа лёду цераз палярнае кола. Уяўляеце сабе, вядома?
Канвойны прамармытаў нешта нявыразнае. Начальнік канвою, капрал, падышоў бліжэй і пачаў слухаць тлумачэньні вольнапісанага. Той з глыбокадумным выглядам гаварыў далей:
— Гэта — адзіная аўстрыйская колёнія, якая можа забясьпечыць лёдам усю Эўропу, і зьяўляецца буйным экономічным фактарам. Вядома, колёнізацыя пасоўваецца павольна, бо колёністы альбо зусім туды ня едуць, а калі едуць, дык там мерзнуць. Аднак-жа з правядзеньнем ў жыцьцё лепшых кліматычных умоў, у якіх вельмі зацікаўлены міністэрствы гандлю і замежных спраў, ёсьць надзея, што вялізарныя паверхні ледавікоў будуць належным чынам скарыстаны. Шляхам абсталяваньня некалькіх готэляў будуць прыцягнуты сюды масы турыстаў. Патрэбна будзе, вядома, для выгоды пратраляваць сьцяжынкі і дарожкі паміж лядзінамі і намаляваць на ледавікох турысцкія знакі, якія паказваюць дарогу. Адзінай перашкодай зьяўляюцца эскімосы, якія перашкаджаюць у працы нашым мясцовым органам…
Капрал з цікавасьцю слухаў. Гэта быў салдат звыштэрміновай службы, які да вайсковай службы быў батраком чалавек цьвёрды і недалёкі, які стараўся нахапацца ўсяго, хоць ні ў чым нічога не разумеў. Ідэалам яго было даслужыцца да фэльдфэбеля.
— … ня хочуць, шэльмы, вывучаць нямецкую мову, — гаварыў далей вольнапісаны, — хоць Міністэрства асьветы, ня спыняючыся перад выдаткамі і чалавечымі ахвярамі, пабудавала для іх школы, прычым зьмерзьлі пяць падрадчыкаў і…
— Муляры адратаваліся, — перабіў яго Швэйк. — Яны адаграваліся тым, што курылі люлькі.
— Ня ўсе, — сказаў вольнапісаны: — з двума здарылася няшчасьце. Яны забыліся зацягвацца, люлькі ў іх патухлі і прышлося іх закапаць у лёд. Але школу нарэшце ўсё-ж такі збудавалі. Пабудована яна была з ледзяных цаглін з жалезабэтонам. (Выходзіць вельмі моцна). Тагды эскімосы разлажылі наўкол усяе школы агні з абломкаў зацёртых лёдам гандлёвых караблёў і ажыцьцявілі свой пякельны намер. Лёд, на якім стаяла школа, растаў, і ўся школа правалілася ў мора разам з дырэктарам і прадстаўніком ураду, які назаўтра павінен быў прысутнічаць пры ўрачыстым асьвячэньні школы. У гэты жахлівы момант было чуваць толькі, як прадстаўнік ураду знаходзячыся ўжо па горла ў вадзе, крыкнуў: «Gott, strafe England»[46]. Цяпер туды пашлюць войска, каб яны навялі там у эскімосаў парадак. Вядома, што ваяваць з імі будзе цяжка. Больш за ўсё нашаму войску будуць шкодзіць іхныя абучаныя белыя мядзьведзі.
— Гэтага яшчэ не хапала, — глыбокадумна заўважыў капрал. — I бяз гэтага ваеннымі вынаходніцтвамі хоць грэблю гаці. Возьмем, напрыклад, маскі для атручваньня газам. Нацягнеш яе сабе на голаву і ў момант атручаны, як нас у вучэбнай камандзе вучылі.
— Гэта толькі так пужаюць, — адгукнуўся Швэйк. — Салдат нічога не павінен баяцца. Калі, напрыклад, у баі ўваліўся ў сарцірную яму, абліжыся і валі сабе далей. А атрутныя газы для нашага брата справа прывычная яшчэ з казармаў пасьля салдацкага хлеба і гароху. Але вось, кажуць, рускія вынайшлі якуюсьці штуку спэцыяльна супроць унтэр-афіцэраў.
— Якіясьці там электрычныя токі, — дадаў вольнапісаны — Шляхам злучэньня з цэлюлёіднымі зорачкамі на каўняры ўнтэр-афіцэра адбываецца выбух. Штодзень, то новыя жахі.
Капрал да вайсковай службы быў… аслом і то нарэшце зразумеў, што з яго кпяць. Ён адышоўся ад арыштаваных і пашоў наперадзе канвою.
Яны набліжаліся да вакзалу, куды сышліся натоўпы будэйовічан, якія прыйшлі разьвітацца з сваім палком.
Ня гледзячы на тое, што разьвітваньне ня мела характару офіцыйнай дэмонстрацыі, увесь пляц перад вакзалам быў поўны народу, які чакаў прыходу войска.
Уся ўвага Швэйка згуртавалася на натоўпе гледачоў, што стаялі шпалерамі. Як заўсёды бывае, узорныя салдацікі ішлі далёка ззаду, а абкружаныя канвоем злачынцы ўперадзе. Узорнымі салдацікамі напакуюць цялячыя вагоны, а Швэйка ці вольнапісанага пасадзяць у арыштанскі вагон, прычэплены ў воінскіх паяздох ззаду за штабнымі вагонамі. Месца ў арыштанскім вагоне заўсёды аж занадта.
Швэйк ня мог утрымацца, каб, замахаўшы шапкаю, ня крыкнуць у катоўп:
— На здар![47]
Гэта зрабіла на натоўп такі моцны ўплыў, што прывітаньне было моцна падхоплена ўсім натоўпам.
— На здар! — пракацілася па ўсім пляцы і забушавала перад вакзалам.
Далёка ўперадзе па шэрагах прабегла:
— Ідуць!
Начальнік канвою, злосны і зьбянтэжаны, закрычаў на Швэйка, каб той трымаў язык за зубамі. Гул прывітаньняў рос, як лавіна. Жандары напіралі на натоўп і прабівалі дарогу канвою. Натоўп роў: «На здар!» і махалі шапкамі і капялюшамі.
Гэта была сапраўдная маніфэстацыя. З вакон гасьцініцы супроць вакзалу нейкія пані махалі хустачкамі і крычалі:
— Heil![48]
«Да крыкаў» «На здар!» прымешвалася «Heil». Якомусьці энтузіясту з натоўпу, які выкарыстаў гэты момант і крыкнуў:
— Nieder mit den Serben![49] — падставілі ножку i зьлёгку прайшлі па ім нагамі ў імпровізаванай цісканіне.
«Ідуць!» — усё далей і далей, як электрычны ток, перадавалася ў натоўпе.
Канвой з арыштаванымі набліжаўся. Швэйк махаў натоўпу рукой з-пад штыхоў канвойных. Вольнапісаны з сур‘ёзным тварам аддаваў чэсьць.
Яны ўзышлі на вакзал і прайшлі да пададзенага ўжо воінскага цягніка. Капэля стралковага палка чуць была ня грымнула ім насустрач: «Сьцеражы нам, божа, гасудара», бо капэльмэйстар быў зьбіты з панталыку нечаканай маніфэстацыяй. Але на шчасьце ў пору пасьпеў у сваім чорным кацялку обэр-фэльдкурат з 7-й кавалярыйскай дывізіі, патэр Лаціна, і стаў наводзіць парадак.
Патэр Лаціна, страх усіх афіцэрскіх сталовак, абжора і п‘яніца, прыехаў напярэдадні, ў Будэйовіцы і, як быццам выпадкова, трапіў на баль афіцэраў, што ад‘яжджалі з палком. Напіўшыся і наеўшыся за дзесяцерых, ён у больш-менш нецьвярозым выглядзе пашоў у афіцэрскую кухню прасіць У кухароў астачы. Там ён праглынуў цэлыя талеркі падліўкі і кнэдлікаў і паабгрызаў усе косьці. Дарваўшыся нарэшце ў сьпіжарні да рому, ён нахлябтаўся да ванітаў, а потым вярнуўся на разьвітальны вечарок, дзе ўсіх перапіў.
У гэтай справе ён меў багатую практыку, і афіцэрам 7-й кавалярыйскай дывізіі заўсёды прыходзілася за яго расплачвацца.
Назаўтра рана яму ўздумалася наглядаць за парадкам пры адпраўцы першых эшалёнаў палка. З гэтаю мэтаю ён насіўся сюды і туды ўздоўж шпалераў і праяўляў на вакзале такую кіпучую дзейнасьць, што афіцэры, якія кіравалі адпраўкаю эшалёнаў, замкнуліся ад яго ў канцылярыі начальніка станцыі.
Дык вось ён якраз упору зьявіўся перад самым вакзалам і вырваў дырыжэрскую палачку з рук капэльмайстра, які ўжо замахнуўся грымнуць гімн: «Сьцеражы нам, божа, гасудара.»
— Стой! — крыкнуў обэр-фэльдкурат, — яшчэ рана. Я вам тагды падам знак. А пакуль што «зважай!» Я зараз прыду.
Пасьля гэтага ён увайшоў у вакзал, дагнаў канвой і спыніў яго крыкам: «Стой!»
— Куды? — строга запытаўся ён у капрала, які зусім ужо ня ведаў, што яму рабіць.
За яго адказаў Швэйк:
— Нас павязуць у Брук, пан обэр-фэльдкурат. Калі хочаце, можаце ехаць з намі.
— I паеду! — сказаў патэр Лаціна і, абярнуўшыся да канвойных, крыкнуў: — Хто кажа, што, я не магу ехаць? Шагам марш!
Апынуўшыся ў арыштанскім вагоне, обэр-фэльдкурат лёг на лаўцы, а добры Швэйк зьняў свой шынэль і падлажыў яго патэру Лаціне пад голаву.
Вольнапісаны, зьвяртаючыся да зьбянтэжанага капрала, на паўголаса заўважыў:
— He пакіньце фэльдкуратаў у літасьці сваёй.
Патэр Лаціна, выгодна разьлёгшыся на лаўцы, пачаў чытаць лекцыю:
— Рагу з грыбамі, панове, выходзіць тым смачней, чым больш паложана туды грыбоў. Але перад гэтым грыбы трэба абавязкова падсмажыць з цыбуляю і толькі пасьля гэтага палажыць туды лаўровага лісту і цыбулі.
— Вы-ж ужо палажылі цыбулю раней, — заўважыў вольнапісаны.
Капрал пры гэтых словах глянуў на яго поўнымі адчаю вачыма, бо для яго патэр Лаціна быў хоць, праўда, і п‘яным але ўсё-ж такі начальствам.
Становішча капрала было сапраўды адчайным.
— Пан обэр-фэльдкурат бясспрэчна мае рацыю, падтрымаў Швэйк обэр фэльдкурата: — Чым больш цыбулі, тым лепш. Адзін півавар у Пакамэржыцах заўсёды клаў у піва цыбулю, бо, кажуць, цыбуля выклікае смагу. Наогул цыбуля вельмі, карысная рэч. Печаную цыбулю прыкладваюць таксама на скулу.
Патэр Лаціна мармытаў далей як праз сон:
— Усё залежыць ад карэньняў ад таго, якіх карэньняў і колькі палажыць Але каб не пераперчыць, не… — ён гаварыў усё цішэй і цішэй: — не пераперчыць, не перагвазьдзічыць, не пералімоніць, не перакачаніць, перамуска…
Ён не дагаварыў і захроп, прысьвістваючы.
Аслупянелы капрал утаропіўся на яго.
Канвойныя сьмяяліся паціху.
— Прачнецца ня скора, — сказаў Швэйк. — Здорава налізаўся!
Капрал спужана замахаў на яго рукамі, каб ён змоўк.
— Чаго там, — казаў далей Швэйк, — п‘яны, як гразь, і ўсё тут. А яшчэ ў чыне капітана! У іх, у фэльдкуратаў, у якім-бы чыне ня быў, ва ўсіх, мусіць, ужо так самім богам вызначана: з кожнай прычыны напівацуа да няпрытомнасьці. Я служыў у фэльдкурата Каца, дык той мог свой уласны нос прапіць. Той яшчэ не такія штукі вырабляў. З тым мы прапілі дарахавальніцу, і прапілі-б, напэўна і самога пана бога, каб нам ў заклад пад яго што-небудзь пазычылі.
Швэйк падышоў да патэра Лаціны, павярнуў яго да сьцяны і з выглядам чалавека спрактыкаванага сказаў:
— Будзе пухнуць да самага Бруку… — і вярнуўся на сваё месца, пад адчайным поглядам няшчаснага капрала, які прамармытаў:
— Трэба было б пайсьці заявіць.
— Гэта прыдзецца вам пакінуць, — сказаў вольнапісаны. — Вы — начальнік канвою і ня маеце права пакідаць нас. Апрача таго, паводле статуту вы ня маеце права адсылаць нікога з канвойных, калі ў вас няма другога, які-б таго заступіў. Як бачыце, становішча беспараднае. Стрэліць у паветра, каб хто-небудзь прыбег, таксама нядобра — тут нічога ня здарылася. Але, з другога боку, існуе загад, што ў арыштанскім вагоне не павінна быць нікога, апрача арыштантаў і канвою; сюды ўваход пабочным асобам строга забараняецца. А калі-б вы захацелі замесьці сьляды свайго злаўчынку і няпрыкметным чынам паспрабавалі скінуць обэр-фэльдкурата на ўсім хаду з цягніка, то гэта таксама ў вас ня выгарыць, бо тут ёсьць сьведкі, якія бачылі, што вы ўпусьцілі яго ў вагон, у якім яму быць не належыць. Так, пан капрал, гэта пахне ня чым іншым як разжалваньнем.
Капрал нерашуча запротэставаў, што ён ня пускаў у вагон обэр-фэльдкурата, а обэр-фэльдкурат сам да іх далучыўся і як ні кажы — начальства.
— Тут адно толькі начальства — вы, — цьвёрда сказаў вольнапісаны, а Швэйк дадаў:
— Калі-б да нас хацеў прымазацца хоць сам гасудар-імпэратар, вы-б ня мелі права гэтага дапусьціць. Усёроўна, як-бы да навабранца, які стаіць на варце, падышоў афіцэр з інспэкцыі і папрасіў-бы яго зьбегаць па папяросы, а той-бы яшчэ стаў распытвацца, якога гатунку папярос прынесьці. За такія жарцікі саджаюць у крэпасьць.
Капрал баязьліва заўважыў, што Швэйк сам першы сказаў обэр-фэльдкурату, што той можа ехаць разам з імі.
— Я гэта сабе магу дазволіць, пан капрал, — адказаў Швэйк, — бо я ідыёт, але ад вас гэтага ніяк нельга было чакаць.
— Ці даўно вы на тэрміновай службе? — запытаўся як-бы між іншым капрал у вольнапісанага.
— Трэці год. Цяпер мне павінны даць годнасьць унтэр-афіцэра.
— На гэтай справе можаце паставіць крыжык, — цынічна сказаў вольнапісаны. — Як я ўжо сказаў, тут пахне разжалаваньнем.
— Урэшце ўсёроўна, — адгукнуўся Швэйк: — ці быць забітым у якасьці ўнтэр-афіцэра ці ў якасьці простага радавога. Праўда, разжалаваных, кажуць, пхаюць у самыя першыя рады.
Обэр-фэльдкурат заварушыўся.
— Пухне, — абвясьціў Швэйк, пераканаўшыся, што з обэр-фэльдкуратам ўсё ў парадку. — Яму, мусіць, жраньнё прысьнілася. Аднаго баюся, каб ён чаго-небудзь нам тут не нарабіў. Мой фэльдкурат Кац дык той, калі, бывала, нахлебчацца, дык у сьне зусім ня чуецца. Раз, уявеце…
І Швэйк пачаў расказваць пра здарэньні з свае практыкі ў фэльдкурата Отто Каца з такімі цікавымі падрабязнасьцямі, што ніхто не заўважыў, як цягнік крануўся.
Апавяданьне Швэйка было перапынена ровам, які даносіўся з задніх вагонаў. 12-я рота, якая складалася з адных крумлоўскіх і кашпэрскіх немцаў, гарлала песьні:
Wann isch kum, wann isch kum,
Waun isch wieda, wieda kum[50].
З другога вагону нехта адчайна пеў романс, зьвяртаючыся з сваімі крыкамі да пакінутых Будэйовіц:
Сьпевака адцягнулі ад адчыненых дзьверцаў цялячага вагону яго сябры.
— Дзіўна, што сюды ня прышлі з праверкаю, — сказаў капралу вольнапісаны. — Паводле інструкцыі вы павінны былі далажыць пра нас камэнданту цягніка яшчэ на вакзале, а не валаводзіцца з некім п‘яным обэр-фэльдкуратам.
Няшчасны капрал упарта маўчаў і глядзеў, як беглі назад тэлеграфныя слупы.
— Гэта-ж варта толькі падумаць, што нікому пра нас ня было даложана, — кпіў далей хітры вольнапісаны, — і што на першай-жа станцыі да нас, як піць даць, улезе камэндант цягніка, як ва мне ўздымаецца кроў, кроў салдата Нібы мы якія-небудзь…
— Цыганы, — падхапіў Швэйк, — ці валацугі. Робіцца ўражаньне, нібы мы баімся божага сьвету, нібы мы ня хочам заявіць пра свае існаваньне ад страху, што нас арыштуюць.
— Апрача таго, — сказаў вольнапісаны, — на падставе распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году пры перавозцы арыштантаў па чыгунцы павінны захоўвацца наступныя правілы: па-першае, арыштанскі вагон павінен быць забясьпечан кратамі — гэта зусім ясна, і ў гэтым выпадку першае правіла захована: мы знаходзімся за бездакорна моцнымі кратамі. Гэта значыць у парадку. Па-другое, у дадатак да распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году ў кожным арыштанскім вагоне павінна быць прыбіральня. Калі ж яе няма, то вагон павінен быць забясьпечан пасудзінаю з накрыўкаю для выкананьня вялікай і малой патрэбы арыштантаў і канвою. У даным выпадку пра арыштанскі вагон з прыбіральняю і гаварыць ня прыходзіцца: мы знаходзімся проста ў адгарожаным купэ, ізоляваным ад усяго сьвету. Таксама няма тут і гэтай самай пасудзіны…
— Рабеце ў вакно, — поўны адчаю сказаў капрал.
— Вы забываецеся, — сказаў Швэйк, — што арыштантам падходзіць да вакна забараняецца.
— Па-трэцяе, — казаў далей вольнапісаны, — у вагоне павінна быць пасудзіна з пітнаю вадою. Пра гэта вы таксама не паклапаціліся. Дарэчы, на якой станцыі будзе раздавацца абед? Ня ведаеце? Так я і ведаў, што вы пра гэта не інформаваны.
— Цяпер вам ясна, пан капрал, заўважыў Швэйк, — што вазіць арыштантаў, — гэта вам ня хахінькі. Пра нас трэба клапаціцца. Мы ня простыя салдаты, якім прыходзіцца клапаціцца самім пра сябе. Нам усё падай пад самы нос, на тое існуюць распараджэньні і параграфы, якія павінны выконвацца, іначай, які-ж бы быў парадак? «Арыштаваны чалавек, усёроўна як дзіця ў пялёнках, — як казаў адзін мой знаёмы граміла, — за ім трэба наглядаць, каб не прастудзіўся, каб не хваляваўся, быў здаволены сваім лёсам і каб ніхто небараку не пакрыўдзіў… Урэшце, — сказаў Швэйк, ветла гледзячы на капрала, калі будзе адзінаццаць гадзін, будзьце ласкавы мне гэта сказаць.
Капрал дапытліва паглядзеў на Швэйка.
— Вы, як відаць, хочаце мяне запытацца, нашто вам трэба мяне папярэдзіць, калі будзе адзінаццаць гадзін? Справа ў тым, пан капрал, што з адзінаццаці гадзін маё месца ў цялячым вагоне, — урачыста абвясьціў Швэйк. — Палкоўнік налажыў на мяне дысцыплінарнае спагнаяьне на тры дні. У адзінаццаць гадзін я пачаў адбываць кару і сягоньня ў адзінаццаць гадзін павінен быць вызвалены. Пасьля адзінаццаці гадзін мне тут рабіць няма чаго. Ніводзін салдат ня можа заставацца падарыш там даўжэй, як яму належыць» бо на вайсковай службе дысцыпліна і парадак — перш за ўсё, пан капрал.
Пасьля гэтага ўдару няшчасны капрал доўга ня мог апамятавацца. Нарэшце ён асьцярожна засупярэчыў, што не атрымаў ніякіх пісьмовых распараджэньняў.
— Даражэнькі пан капрал, — сказаў вольнапісаны, — пісьмовыя распараджэньні самі да начальніка канвою не прыбягаюць. Калі гара ня ідзе да Магомэта, то начальнік канвою павікен ісьці па распараджэньні сам. Вы ў гэты момант трапілі ў нязвычайную сытуацыю: вы ня маеце ніякага права затрымліваць каго-небудзь, каму належыць выйсьці на волю. З другога боку, ніхто ня мае права пакінуць, паводле інструкцыі, арыштанскі вагон. Па праўдзе сказаць, ня ведаю, як вы выберацеся з гэтага паскуднага становішча. Справа ваша — чым далей, тым горш. Зараз палова адзінаццатай.
Вольнапісаны схаваў гадзіньнік у кішэнь.
— Вельмі цікава, што вы будзеце рабіць праз паўгадзіны, пан капрал.
— Праз поўгадзіны мае месца ў цяплушцы, — марачы, паўтарыў Швэйк.
Прыгнечаны і зьбіты з панталыку капрал зьвярнуўся да яго.
— Калі гэта ня мае для вас ніякага значэньня… мне здаецца, што тут куды выгадней, як у цялячым вагоне. Я думаю…
Яго перапыніў обэр-фэльдкурат, крыкнуўшы спрасонку:
— Больш падліўкі!
— Сьпі, сьці, — ласкава сказаў Швэйк, — падкладваючы яму пад голаву канец шыняля, які зваліўся з лаўкі. — Няхай табе і далей сьніцца жраньнё.
Вольнапісаны сьпеў:
Сьпі, мае дзіцятка, сьпі,
Вочкі свае зачыні,
Бог з табою будзе спаць,
Анёлак цябе калыхаць.
Сьпі, маё дзіцятка, сьпі…
Няшчасны капрал ужо ні на што не рэагаваў. Ён тупа глядзеў у вакно і даў поўную волю дэзорганізацыі ў арыштанскім купэ. Канвойныя гулялі каля перагародкі ў «мяса» і кожны па чарзе падстаўляў свой азадак пад добрасумленныя і важкія пляскачы рэшты салдат. Калі капрал павярнуўся — проста на яго задзёрыста ўтаропілася салдацкая задніца. Капрал уздыхнуў і адвярнуўся зноў да вакна.
Вольнапісаны на хвіліну задумаўся і потым зьзярнуўся да прыгнечанага капрала:
— Ці чыталі вы калі-небудзь часопісь «Сьвет жывёлін»?
— А як-жа, — адказаў капрал, — відавочна здаволены, што гутарка набыла другі кірунак. — У нас у вёсцы шынкар сабе выпісваў. Вялікі быў аматар санскіх коз, а яны ў яго ўсё здыхалі, дык ён пісьмова пытаўся ў рэдакцыі парады.
— Дарагі сябар, — сказаў вольнапісаны, — гісторыя, якую я вам зараз раскажу, з усяею відавочнасьцю вам давядзе, што чалавеку ўласьціва памыляцца. Панове! Упэўнены, што вы перастанеце там гуляць у «мяса», бо тое, што я вам зараз раскажу, здасца вам вельмі цікавым, хоць-бы ўжо таму, што шмат якіх спэцыяльных тэрмінаў вы не зразумееце. Я раскажу вам аповесьць пра «Сьвет жывёлін», што паможа вам забыцца пра сягодняшнія няпрыемнасьці і цяжкасьці вайны.
Якім чынам я ў свой час зрабіўся рэдактарам «Сьвета жывёлін», гэтай вельмі цікавай часопісі, — гэта доўгі час было не разьвязанай загадкай для мяне самога. Потым я прышоў да пераконаньня, што мог пусьціцца на такую штуку толькі не ў сваім розуме. Так далёка завялі мяне сяброўскія пачуцьці да аднаго майго даўнейшага сябра — Гаека. Гаек рэдагаваў добрасумленна гэту часопісь, пакуль не закахаўся ў дачку выдаўца яе Фукса. Фукс прагнаў Гаека як бач са службы і загадаў яму знайсьці для часопісі якога-небудзь добрага рэдактара.
Як бачыце, тагды былі досыць дзіўныя ўмовы найманьня і звальненьня.
Калі мой сябар Гаек прывеў мяне да выдаўца, той вельмі ветліва мяне прыняў, і запытаўся, ці маю я якое-небудзь уяўленьне пра жывёлін. Маім адказам ён застаўся вельмі задаволеным. Я выказаўся ў тым сэнсе, што заўсёды вельмі паважаў жывёлін і бачыў у іх толькі ступень пераходу да чалавека і што, з пункту погляду аховы жывёлін, я асабліва прыслухоўваўся да іх патрэб і імкненьняў. Кожная жывёліна імкнецца толькі да аднаго: каб быць бяз болю зарэзанай перад тым, як яе зьядуць. Напрыклад, Карп ад самага свайго нараджэньня захоўвае ўкаранелую думку, што вельмі няпрыгожа з боку кухаркі, калі яна распорвае яму пуза жывому. З другога боку, возьмем звычак адсякаць пеўням галовы. Таварыства аховы жывёлін змагаецца, як толькі можа, за тое, каб птушку ня рэзалі неспрактыкаванай рукой. Скурчаныя постаці смажаных яльцаў як найлепш сьведчаць пра тое, што, уміраючы, яны протэстуюць супроць таго, каб іх скажылі на маргарыне. Што да індыкаў.
Тут выдавец мяне перапыніў і запытаўся, ці знаёмы я з гадаваньнем сабак, трусагадоўляй, птушкагадоўляй, пчэльніцтвам, наогул жыцьцём жывёлін ва ўсёй яго рознастайнасьці, ці здолею я вырэзваць з іншых часопісяй малюнкі для зьмяшчэньня ў нашай часопісі, перакладаць з чужаземных часопісяй спэцыяльныя артыкулы пра жывёлін, ці ўмею я карыстацца Брэмам і ці здолею я пісаць перадавіцы з жыцьця жывёлін, прыстасоўваючыся да каталіцкага календара, да перамен надвор‘я, да скачкаў, да дрэсіроўкі паліцэйскіх сабак, нацыянальных і царкоўных сьвят, карацей, ці ўладаю я часопісным кругаглядам і здольнасьцю абмалёўваць момант у кароткай, але зьмястоўнай перадавіцы.
Я сказаў, што плян правільнага вядзеньня такой часопісі, як «Сьвет жывёлін», я ўжо даўно абдумаў і распрацаваў і што ўсе намечаныя разьдзелы і рубрыкі я змагу ўзяць на сябе, уладаю ўсімі патрэбнымі дадзенымі і ведамі ў названых галінах. Маім імкненьнем будзе ўзьняць часопісь на нябывалую вышыню, рэорганізаваўшы яе як у сэнсе формы, так і зьместу. Далей я сказаў, што маю намер увесьці новыя рубрыкі, напрыклад: «Старонка жывёльнага гумару», «Жывёліны пра жывёлін» (прыстасоўваючыся, вядома, да політычнага моманту), і падносіць чытачом сюрпрыз за сюрпрызам з галіны навінак і рэдкасьцяй з жывельнага царства. Рубрыка «Зьвярыная хроніка» будзе чаргавацца з новымі вырашэньнямі проблемы свойскіх жывёлін і «Рухам сярод жывёлін».
— Выдавец перапыніў мяне і сказаў, што гэтага зусім даволі, і што калі мне ўдасца выканаць хоць палову гэтага, ён мне падорыць парачку карлікавых віандотак[52], якія атрымалі першы прыз на апошняй бэрлінскай выстаўцы свойскай птушкі і гаспадар якіх быў нагароджан залатым мэдалём за дасканалае спаркаваньне.
Магу сказаць, стараўся я паводле сваіх сіл і магчымасьці і сваю ўрадавую програму выканаў, наколькі хапала маіх здольнасьцяй; больш таго, я нават убачыў, што ў сваіх артыкулах перагнаў самога сябе:
У сваім імкненьні паднесьці чытачу што-небудзь новае і нечаканае я сам выдумляў жывёлін. Я грунтаваўся на тым прынцыпе, што, напрыклад, слон, тыгра, леў, малпа, крот, конь, сьвіньня і г. д. даўно ўжо кожнаму з чытачоў «Сьвета жывёлін» вядомы і што трэба разварушыць чытача чым-небудзь новым, якімі-небудзь вынаходніцтвамі. У выглядзе спробы я пусьціў «серкаватага кіта». Гэта новы від кіта быў велічынёю з траску і быў забясьпечан пухіром, поўным мураўінай кіслаты, і асаблівай пабудовы клоакай, з якой серкаваты кіт выпускае з выбухам асаблівую кіслату, якая дурнап‘яніла маленькую рыбку, якою харчаваўся кіт. Пасьля адзін ангельскі вучоны, не памятаю, якое я яму прыдумаў прозьвішчы, назваў гэту кіслату «кітавай кіслатой». Кітавы тлушч быў усім вядомы, але новая кітавая кіслата ўзьняла цікавасьць, і некалькі чытачоў запыталіся ў рэдакцыі, якой фірмай вырабляецца гэтая кіслата ў чыстым выглядзе.
Магу вас упэўніць, што чытачы «Сьвета жывёлін» наогул вельмі цікаўныя.
Усьлед за серкаватым кітом я вынайшоў цэлы шэраг іншых дзівосных зьвяроў. Назаву хоць-бы «благуна прайдзісьветнага» — сысуна з пароды кэнгуру, «быка спажыўнога» — прототып нашай каровы, і «сэпіовага наліўняка», якога я залічыў да сям‘і пацукоў. З кожным днём у мяне прыбаўляліся ўсё новыя і новыя жывёліны. Я сам быў зьдзіўлен сваімі посьпехамі ў гэтай галіне. Мне ніколі раней і ў голаву ня прыходзіла, што паўстане патрэба значна дапоўніць фаўну. Ніколі-б ня думаўі што ў Брэма ў яго «Жыцьці жывёлін» магло быць гэтулькі прапушчана. Ці ведаў Брэм і яго пасьлядоўцы пра майго кажана з вострава Ісляндыі, пра так званага «кажана заморскага», ці пра маю хатнюю кошку з верхавіны гары Кіліманджаро пад назвай «пачуха раздражненая»? Хіба хто-небудзь з зоолёгаў меў да таго часу хоць якое-небудзь уяўленьне пра «блыху інжынэра Куна», якую я знашоў у бурштыне і якая была зусім сьляпая, бо жыла на дагістарычным краце, які таксама быў сьляпы, бо яго прабабка спарвалася, як я пісаў у артыкуле, са сьляпым «пячорным мацаратам» з пастоенскай пячоры, якая ў тую эпоху пашыралася да самага цяперашняга Балтыцкага мора.
З гэтай, нязначнай па-сутнасьці, прычыны ўзьнікла буйная полеміка паміж газэтамі «Час»[53] і «Чэх»[54]. «Чэх», цытуючы ў фэльетоне мой атрыкул пра вынайдзеную блыху, зрабіў вынік: «Што бог ні робіць, усё к лепшаму». «Час», натуральна цалкам рэалістычна падышоў да пытаньня і разьбіў маю блыху па ўсіх пунктах, захапіўшы дарэчы і прападобнага «Чэха». З того часу, відавочна, мая шчасьлівая зорка вынаходніка, прыродазнаўцы, які знашоў цэлы шэраг новых стварэньняў, згасла. Падпісчыкі «Сьвета жывёлін» пачалі выказваць нездаваленьне. Прычынаю для нездаваленьня былі мае дробныя нататкі пра пчалярства і птушніцтва. У гэтых нататках я разьвіў некалькі новых сваіх уласных тэорый, якія літаральна выклікалі паніку ў навуковых жывёлагадоўчых колах, бо, пасьля некалькіх маіх вельмі простых парад чытачом, вядомага пчаляра Пазоўрэка разьбіў паралюш, а на Шумаве і ў Падкраканошшы[55] ўсё пчалярства заняпала. Свойская птушка выдахла — адным словам, усюды ўсё здыхала. Падпісчыкі прысылалі пагрозныя лісты. Падпіска на часопісь спынілася.
Мне засталося ўзяцца за лясную птушку. Да гэтага часу добра памятаю свой конфлікт з рэдактарам «Вясковага агляданьня» дэпутатам-клерыкалам Іосіфам М. Кадлчакам. Пачалося з таго, што я выразаў з ангельскай часопісі «Countzy Lite» малюначак з птушкай, якая сядзела на гарэшніку. Зьмясьціўшы гэту птушку ў нашай часопісі, я назваў яе «гарэхаўкай» так-жа сама, якя, не вагаючыся, казваў-бы птушку, якая сядзіць на маліне — лёгічна, — «малінаўкай», а якая сядзіць на рабіне — «рабінаўкай». Заварылася каша. Кадлчак напаў на мяне ў адкрытым лісьце, сьцьвярджаючы, што гэта сойка, а зусім не «гарэхаўка», і што «гарэхаўка» — гэта рабскі пераклад з нямецкай мовы Eichelhoher.
Я адказаў яму лістом, у якім выклаў усю сваю тэорыю пра «гарэхаўку», перасыпаючы сваё выкладаньне больш-менш моцнымі выразамі пра апонэнта, і ўставіў некалькі цытат з Брэма, прыдуманых мною самім. Дэпутат Кадлчак адказаў мне адкрытым лістом у рэдакцыю «Вясковае агляданьне», зьмешчаным у якасьці перадавіцы.
Мой шэф, пан Фукс, сядзеў, як заўсёды, у кафэ і чытаў мясцовыя газэты, бо за апошні час стаў сачыць за нататкамі і рэцэнзіямі на мае цікавыя артыкулы з «Сьвета жывёлін». Калі я прышоў у кафэ, ён толькі моўчкі кіўнуў галавою на «Вясковае агляданьне», якое ляжала на стале, і паглядзеў на мяне сумнымі вачыма. Гэты выраз вачэй стаў ў яго за апошні час заўсёдным.
Я прачытаў услых перад усёй публікай:
Мною заўважана, што ваша часопісь уводзіць новую нязвыклую і неабгрунтаваную зоолёгічную тэрмінолёгію, занядбайваючы чыстату чэскай мовы і прыдумляючы ўсялякіх жывёлін. Я ўжо зазначаў, што замест агульнапрынятай і з даўных гадоў ужыванай назвы «сойка» рэдактар ваш уводзіць назву «гарэхаўка», што зьяўляецца «літэральным перакладам нямецкага тэрміну Eichelhoher — сойка».
— Сойка, — паўтарыў за мною безнадзейна выдавец. Я спакойна чытаў далей:
У адказ на гэта я атрымаў ад рэдактара вашай газэты часопісі «Сьвет жывёлін» ліст характару асабістага I напісаны надзвычайна грубым, нястрыманым і бадзёрыстым тонам. У гэтым лісьце я быў названы невукам і жывёлінай, якая заслугоўвае ўсялякай зьнявагі. Прыстойныя людзі ня могуць дазволіць сабе ў дыскусіях навуковага характару такой аргумэнтацыі. Гэта яшчэ пытаньне, хто з нас абодвых большая жывёліна. Магчыма, што мне ня трэба было супярэчыць у адкрытым лісьце, але з прычыны перагружанасьці працай я не палічыў важнай гэту мізэрную акалічнасьць. Цяпер-жа. пасьля хамскіх выбрыкаў вашага рэдактара, я лічу сваім абавязкам прыбіць яго да ганебнага слупа грамадзкай зьнявагі. Ваш рэдактар вельмі памыляецца, лічачы мяне невукам і жывёлінай, якая ня ведае, як называецца тая ці іншая птушка. Я займаюся орнітолёгіяй на працягу доўгага часу і чэрпаю свае веды ня з мёртвых кніг, а з вывучэньяя самой прыроды, маючы больш птушак у клетках, чым мог бачыць у сваім жыцьці ваш рэдактар, які ня выходзіць за межы праскіх шынкоў.
Але ўсё гэта рэчы другарадныя, хоць, вядома, вашаму рэдактару «Сьвета жывёлін» ня шкодзіла-б пераканааца, кім зьяўляецца той. каго ён называе жывёлінай, раней, чым нататкі гэтыя выдуць з-пад пяра і пападуцца на вочы чытачом у Моравіі і ў Фрыдляндзе пад Містэкам, дзе да гэтага артыкулу ў вашай часопісі таксама былі падпісчыкі. Урэшце справа не ў полеміцы асабістага характару нейкага вар‘ята, а ў тым, наб аднавіць праўду. Таыў паўтараю яшчэ раз, што нельга выдумляць ці перакладаць літаральна назвы, калі ў нас ёсьць усім вядомая свая назва «сойка».
— Так, сойка, — яшчэ больш безнадзейным голасам сказаў мой шэф.
Я чытаю спакойна далей, не даючы сябе перапыняць.
Калі неспэцыяліст і хуліган бярэцца не за сваю справу, дык гэта нахабнасьць з яго боку. Дзе гэта чутно, каб сейку называлі гарэхаўкай? У працы «Нашы птушкі» на старонцы 148 ёсьць латынская назва «Ganulus glaudarius, В. А.» Гэта і ёсьць сойка.
Рэдактар вашай часопісі, бясспрэчна, павінен будзе прызнаць. што я ведаю птушак ляпей, чым іх можа ведаць не спэцыяліст. Гарэхаўка, па тэрмінолёгіі профэсара Байера. зьяўляецца ня чым іншым, як «Mucicrasa carycatectes, В» і гэта латынскае «В» не азначае, як напісаў мне ваш рэдактар, слова «балдык». Чэскія птушкаводы ведаюць толькі сойку звычайную і не сустракалі для яе назвы «гарэхаўка, прыдуманай панам, да якога якраз і падыходзіць пачатковая літара В паводле яго ж тэорыі.
Нахабныя выбрыкі, накіраваныя супроць асобы, сутнасьці справы не мяняюць. Сойка застанецца сойкаю. што-б ня плёў ваш рэдактар „Сьвета жывёлін“. Апошняе будзе толькі лішнім доказам таго, што аўтар ліста піша не па сутнасьці справы, бессаромна спасылаючыся на няпэўныя цытаты з Брэма. Так, напрыклад, гэты хуліган піша, што сойка паводле Брэма, старонка 452, залічаецца да сям‘і крокодылавых, у той час. як на гэтай старонцы гаворыцца пра жулана ці стракатніцу звычайную (Lanius minor, L). Мала таго: гэты, мякка кажучы, невук спасылаецца зноў на Брэма, заяўляючы, што сойка залічаецца да сям і пятнаццатай і што Брэм залічае вароны да сям‘і семнаццатай, да якой належаць і каўкі, прычым аўтар ліста такі нахабны, штв называе мяне каўкаю (Colacus) з віда сарок, сініх варон з адменнасьці acтaлoпaў, хоць на той-жа старонцы 452 гаворыцца пра соек лясных і стракатых сарок».
— Лясныя сойкі, — уздыхнуў мой выдавец, схапіўшыся за голаву. — Дайце-ж сюды газэту, я дачытаю.
Я спужаўся, пачуўшы, што выдавец, чытаючы, пачаў хрыпаць:
— «Грудзяк» ці турэцкі чорны дрозд, — прахрыпаў ён, — усё-роўна застаецца ў чэскім перакладзе чорным драздом, а шэры дрозд — шэрым.
— Шэры дрозд называецца «рабінаўкай» пан шэф, — пацьвердзіў я, — бо ён жывіцца рабінаю.
Пан Фукс адшпурнуў газэту і залез пад більярд, хрыпячы апошнія словы артыкулу:
— Turdus — грудзяк!.. К чорту сойку! — закрычаў ён раптам з-пад більярду. — Няхай жыве гарехаўка! Р-р-р, укушу!
Ледзьве яго выцягнулі. Праз тры дні ён сканаў у вузкім сямейным коле ад запаленьня мазгоў.
Апошнія яго словы ў момант прасьвятленьня розуму перад сконам былі:
— Для мяне важны не асабістыя інтарэсы, а дабро для ўсіх. З гэтага пункту погляду і прымеце маё апошнае меркаваньне, як па сутнасьці, так і…
— Тут ён сканаў.
Вольнапісаны змоўк на хвіліну, а потым не бяз кплівай хітрасьці сказаў капралу:
— Гэтым я хочу сказаць, што кожны можа папасьці ў няпрыемнае становішча і што чалавеку ўласьціва памыляцца.
З усяго гэтага капрал зразумеў толькі адно, што яму зазначаюць на яго ўласныя памылкі. Ён адвярнуўся зноў да вакна і стаў панура глядзець, як бяжыць дарога. Канвойныя з дурнаватым выглядам пераглядаліся паміж сабою. Больш за іншых зацікавіўся апавяданьнем Швэйк.
— Няма нічога таемнага, каб яно ня стала вядомым, — пачаў ён. — Усё можна вывесьці на чыстую воду, нават тое, што сойка не гарэхаўка. Але цікава, што ёсьць людзі, якія на такія рэчы пападаюцца. Выдумаць жывёліну — рэч ня лёгкая, але паказваць выдуманую жывёліну публіцы — яшчэ цяжэй. Некалькі гадоў таму назад нейкі Мэстэк вынайшоў сырэну і паказваў як на вуліцы Гаўлічка, ка Вінаградах, за шырмаю. У шырме была дзірка, і кожны мог бачыць у змроку самую звычайную канапу, на якой качалася дзеўка з Жыжкава. Ногі ў яе былі абкручаны зялёным газам, што павінна было азначаць хвост, валасы ў яе былі афарбованы ў зялёны колер, на руках былі рукавіцы накшталт плаўнікоў з кардону, зялёныя таксама, а ўздоўж сьпіны абарочкаю прывязана як-бы стырно. Дзецям да шаснаццаці год уваход быў забаронены, а каму было больш за шаснаццаць, тыя плацілі за ўваход, і ўсім вельмі падабалася, што ў сырэны вялікая задніца, а на ёй напісана «Да скорага пабачэньня». Затое наконт грудзей было слаба, віселі ў яе да самага пупа, як у староў флюндры. У сем гадзін вечара Мэстэк зачыняў панораму і казаў: «Сырэна, можаце ісьці дадому». Яна пераадзявалася і ў дзесяць гадзін вечара яе ўжо можна было бачыць на Таборскай вуліцы. Яна шпацыравала і нібы выпадкова гаворыла кожнаму сустрэчнаму мужчыну. «Прыгожанькі, поўдзем са мною, пабалуемся». З прычыны таго, што ў яе ня было жоўтага білета, яе разам з іншымі такімі самымі «мышкамі» арыштаваў пан Драшнэр, паліцэйскі камісар і прышлося Мэстэку крамку зачыніць.
У гэты момант обэр-фэльдкурат скаціўся з лаўкі і хроп на падлозе. Капрал зьбянтэжана глянуў на яго і стаў узвальваць яго зноў на лаўку. Ніхто і не крануўся, каб яму памагчы. Відаць было, што капрал страціў усякі аўторытэт, і калі ён безнадзейным голасам сказаў:
— Хоць-бы памог хто…
Канвойныя толькі паглядзелі на яго, але ніхто не зварухнуўся.
— Вам-жа трэба было пакінуць яго пухнуць на падлозе, — сказаў Швэйк, — Я сваім фэльдкуратам іначай не рабіў. Раз я яго пакінуў спаць у сарціры, другі раз ён у мяне выспаўся на шафе. Бывала, спаў у чужоў кватэры, у карыце. І дзе ён толькі ня пух…
Капрал бяз дай прычыны адчуў раптам прыліў рашучасьці. Жадаючы паказаць, хто тут сапраўдны начальнік, ён груба крынуў на Швэйка.
— Заткнеце сваё горла і не плявузгайце! Усякі дзяншчык і той лезе са сваё балбатнёй! Моль!
— Правільна. А вы, пан капрал, бог, — адказаў Швэйк спакойна, як філёзоф, які імкнецца наладзіць мір на зямлі і з-за гэтага распачынаеце заўзятую полеміку. — Вы маці сьвятая пакутніца.
— Божухна! — злажыўшы рукі, як на малітву, сказаў вольнапісаны, — напоўні сэрцы нашы любасьцю да ўсіх унтэр-афіцэраў, каб не глядзелі мы на іх з агідаю. Благаславі наш зьеэд у гэтай арыштанскай яме на колах.
Капрал пачырванеў і ўсхапіўся з месца:
— Забараняю ўсялякія заўвагі, вы, вольнапісаны!
— Вы ні ў чым не вінаваты, — супакойваў яго вольнапісаны — пры ўсёй колькасьці розных гатункаў жывёлін прырода адмовіла ім у якім-бы там ні было інтэлекце; нябось, чулі самі пра чалавечую дурасьць. Хіба ня было-б куды лепш. каб вы нарадзіліся якою-небудзь ікшай жывёлай-сысуном і не насілі-б дурнога імя чалавека і капрала. Гэта вялікая памылка, калі вы лічыце сябе самай дасканалай і разьвітай істотай. Варта спароць вам зорачкі, і вы будзеце нулём, такім-жа самым нулём, як і ўсе тыя, якія на ўсіх фронтах і ва ўсіх акопах страляюцца невядома за што. Калі-ж прыбавяць вам яшчэ адну зорачку і зробяць з вас новы гатунак жывёліны, пад назваю старшы ўнтэр, то і тагды ў вас ня ўсё будзе ў парадку. Ваш разумовы кругагляд яшчэ больш звузіцца, і калі вы нарэшце паложыце сзаю культурна-недаразьвітую голаву на полі бойкі, то ніхто ва ўсёй Эўропе па вас не заплача.
— Я вас пасаджу! — з адчаем крыкнуў капрал.
Вольнапісаны ўсьміхнуўся.
— Відавочна, вы хацелі-б пасадзіць мяне за тое, што я вас абразіў? У такім выпадку вы-б зрабілі несправядліва, бо пры вашым разумовым багажы вы ніяк не маглі-б пазнаць наяўнасьці абразы ў маіх словах, тым больш, што вы — гатоў ісьці ў заклад, на што хочаце! — не памятаеце нічога з нашай размовы. Калі я назаву вас эмбрыёнам, то вы забудзеце гэта слова, не скажу — раней, як мы даедзем да найбліжэйшай станцыі, але раней нават, як прамільгне найбліжэйшы тэлеграфны слуп. Вы — адмёрлая мазгавая зьвіліна. Пры ўсім жаданьні не магу нават сабе ўявіць, каб вы калі-небудзь маглі складна расказваць пра тое, пра што я вам гаварыў. Апрача таго, можаце запытацца ў каго хочаце з прысутных, ці была ў маіх словах хоць капля абразы, і ці зачапіў я чым-небудзь ваш разумовы кругагляд.
— Бясспрэчна, — пацьвердзіў Швэйк. — Ніхто не сказаў вам ні славечка, якое вы маглі-б дрэнна вытлумачыць. Заўсёды выходзіць неяк няўдала, калі хто-небудзь раптам адчуе сябе пакрыўджаным. Сядзелі мы раз у начной кавярні «Тунэль». Гутарка ішла пра оранг-утангаў. Сядзеў з намі адзін марак і расказваў, што оранг-утанга часта не адрозьніш ад якога-небудзь барадача, бо ў оранг-утанга ўся морда зарасла космамі, як… — «ну, кажа, як у таго вунь, скажам, пана за суседнім сталом». Мы ўсё аглянуліся, а барадаты пан устаў, падышоў да марака, дык як трэсьне яму па мордзе! Марак узяў піўную бутэльку і разьбіў яму галаву. Барадаты пан застаўся ляжаць бяз памяці, а мы з мараком разьвіталіся, бо ён намерыўся ісьці, калі ўбачыў, што прыхаўтурыў гэтага пана. Потым, калі марак пашоў, мы пана аджывілі і бясспрэчна дрэнна зрабілі, бо ён зараз-жа, як уваскрос, паклікаў паліцыю, хоць мы тут былі зусім ні пры чым, аднак паліцыя завяла нас у часьць. Там ён увесь час намагаўся давесьці, што мы палічылі яго за оранг-утанга і што ўвесь час мы толькі пра яго і гаварылі. Мы гаварылі, што нічога падобнага, што не пра яго ішла гутарка, а пра оранг-утанга, і што ён не оранг-утанг. А ён усё сваё, — што пра яго, што гэта ён оранг-утанг. Мы сваё, што не оранг-утанг, а ён свае: «Не, кажа, оранг-утанг; сам, кажа, чуў». Я папрасіў пана камісара, каб ён сам пану ўсё растлумачыў. Камісар яму па-добраму стаў тлумачыць, але той ня даў яму гаварыць і сказаў, што камісар трымае нашу руку. Тады пан камісар загадаў пасадзіць яго за краты, каб той працьверазіўся, а мы намерыліся былі ісьці назад у «Тунэль», але не давялося, — нас таксама пасадзілі за краты… Вось бачыце, пан капрал, што можа стацца з маленькага, пусьцяковага непаразуменьня, на якое і слоў шкада траціць. Ці, напрыклад, у Нямецкім бродзе адзін грамадзянін з Акругліц пакрыўдзіўся, калі яго назвалі тыгровай гадзінай. Ды ці мала слоў, за якія ніхто не падлягае кары. Калі, напрыклад, мы-б з вамі сказалі, што вы — сусьлік, ці маглі-б вы за гэта на нас раззлавацца?
Капрал зарыкаў. Гэта нельга было назваць ні крыкам ні рэвам. Гэта быў рык, які выказваў гнеў, шаленства і адчай, якія зьліліся ў адно. Да гэтага концэртнага нумару дамешваўся тонкі сьвіст рулад, якія выводзіў косам, храпучы обэр-фэльдкурат.
Потым капрал аслабеў. Ён сеў на лаўку, і яго вадзяністыя нявыразныя вочы ўтаропіліся праз вакно ў далячыню на лясы і горы.
— Пан капрал, — сказаў вольнапісаны, — у гэты момант, сочачы за чарованым поглядам за шумнымі гарамі і пахучымі лясамі, вы нагадваеце сабою натхнёную фігуру Дантэ. Тыя-ж самыя шляхетныя рысы поэта, чалавека, чулага сэрцам і душою, які агукваўся на ўсё ўзвышанае. Прашу вас, застанецеся так сядзець, гэта вам да твару. Як пранікнёна, бяз ценю роблевасьці і прыкідваньня лупіце вы вочы на пэйзаж, які перад вамі разлягаецца. Бязумоўна, вы думаеце пра тое, як будзем прыгожа тут вясною, калі гэта пустая мясцовасьць засьцелецца стракатым дываном палявых кветак…
— Які арашаецца крынічкаю. — падхапіў Швэйк. — А на пянёчку сядзіць пан капрал, сьлініць аловак і піша вершыкі ў часопісь «Маленькі чытач».
Гэта ня вывела капрала з стану поўкай апатыі. Вольнапісаны стаў запэўняць капрала, што ён бачыў зьлепленую яго галаву на выстаўцы скульптуры:
— Даруйце пан капрал, ці не ляпіў з вас скульптар Штурза?[56]
Капрал глянуў на вольнапісанага і сказаў сумна:
— He.
Вольнапісаны змоўк і выцягнуўся на лаўцы.
Канвойныя гулялі з Швэйкам у карты. Капрал з адчаю стаў заглядваць у карты цераз плечы гулякаў і нават дазволіў сабе зрабіць заўвагу, што Швэйк пашоў з туза і што яму ня варта было казыраць: тады-б ў яго засталася сямёрка для знесу.
— У ранейшыя часы, — сказаў Швэйк, — у шынкох былі вельмі добрыя надпісы на сьценах, спэцыяльна для дарадцаў. Памятаю адзін надпіс: «Ня лезь, дарадца, да гулякаў, a то дастанеш па зубах».
Воінскі цягнік падыходзіў да станцыі, дзе інспэкцыя абыходзіла вагоны. Цягнік спыніўся.
— Так і ведаў, — сказаў бязьлітасны вольнапісаны, многазначна глянуўшы на капрала, — інспэкцыя ўжо тут.
У вагоны ўвайшла інспэкцыя.
Начальнікам воінскага цягніка быў назначаны штабам афіцэр запасу — доктар матэматычных навук Мраз.
На такія дурнецкія справы заўсёды назначалі афіцэраў запасу. Мраз ад свае пасады зусім ашаламіўся. Ён заўсёды недалічваўся аднаго вагона, хоць да вайны быў выкладчыкам матэматыкі ў рэальнай школе. Апрача таго, падлік каманды па асобных вагонах, зроблены на апошняй станцыі, ня сыходзіўся з падлікам, зробленым пасьля пасадкі на будэйовіцкім вакзале. Калі ён праглядаў сьпіс інвэнтару, выяўлялася, што невядома адкуль узяліся дзьве палявыя кухні. Яго прахапілі дрыжыкі, калі ён констатаваў, што коні якімсьці чынам размножыліся. У сьпісе афіцэрскага складу ў яго не хапала двух малодшых афіцэраў. У пярэднім вагоне, дзе зьмяшчалася палкавая канцылярыя, не маглі знайсьці пішучай машынкі. Ад усяго гэтага хаосу ў яго забалела галава, ён выпіў ужо тры парашкі асьпірыну і інспэктаваў цягнік з хваравітым абліччам.
Увайшоўшы разам з камэндантам цягніка ў арыштанскае купэ і праглядзеўшы паперы, ён прыняў рапарт ад нясчаснага капрала, што ім канваіруюцца два арыштанты і што ў яго вось столькі чалавек каманды. Потым начальнік цягніка параўнаў наяўнасьць з тым, што было ў паперах, а аглядзеў купэ.
— Гэта яшчэ каго вы везяце? — строга запытаўся ён, па казваючы на обэр-фэльдкурата, які спаў на жываце, задзё рыста выставіўшы азадак проста на інспэкцыю.
— Асьмелюся далажыць, пан лейтэнант, — заікаючыся пралепятаў капрал. — Гэта, гэт…
— Які яшчэ там «гэта гэт»? — нездаволена сказаў Мраз, — гаварэце выразьней.
— Асьмелюся далажыць, пан лейтэнант, — адкаў за капрала Швэйк, гэты пан што сьціць на жываце, нейкі п‘яны обэр-фэльдкурат. Ён да нас прыстаў і ўлез у вагон, а мы не магл яго выкінуць. бо як ні як — начальства, і гэта было-бпарушэньнем чынаўшанаваньня. Ён, мусіць, пераблытаў штабны вагон з арыштанскім.
Мраз уздыхнуў і паглядзеў на свае паперы. У паперах ня было нават ніякага намёку на обэр-фэльдкурата, які-б павінен быў ехаць з цягніком у Брук. У яго заторгалася зока. На папярэдняй прыпынцы ў яго раптам прыбавілася коняй, а цяпер — калі ласка! — у арыштанскім купэ невядома адкуль бярэцца обэр-фэльдкурат.
Начальнік цягніка ня прыдумаў нічога лепшага, як загадаць капралу, каб той перавярнуў обэр-фэльдкурата, які спаў на жываце, тварам угору, бо ў ранейшым палажэньні нельга было пазнаць, хто ён такі.
Капрал пасьля доўгіх намаганьняў перавярнуў обэр-фэльдкурата дагары, прычым фэльдкурат прачнуўся і, убачыўшы перад сабой афіцэра, сказаў:
— Eh, seriris, Fredy, was gibt‘s Neues? Abendessen schon Sertig[57].
Пасьля гэтага ён зноў заплюшчыў вочы і павярнуўся да сьцяны.
Мраз у момант пазнаў, што гэта ўчарашні абжора з афіцэрскага сабраньня, вядомы аб‘ядала на ўсіх афіцэрскіх балях і ціха ўздыхнуў:
— За гэта зьявіцеся да палкоўніка, — сказаў ён капралу і накіраваўся да дзьвярэй.
Швэйк затрымаў яго.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, мне не належыць знаходзіцца тут. Я павінен быў быць пад арыштам да паловы адзінаццатай, бо тэрмін мой сягоньня скончыўся. Я пасаджаны пад арышт на тры дні, і цяпер павінен ужо знаходзіцца з іншымі ў цялячым вагоне. З прычыны таго, што адзінаццаць гадзін ужо даўно было, вельмі прашу, пан лейтзнант, высадзіць мяне з цягніка, ці перавесьці ў цяплушку, ці накіраваць да пана паручніка Лукаша.
— Прозьвішча? — запытаўся Мраз, гледзячы ў свае паперы.
— Швэйк Іосіф, пан лейтэнант.
— Мгм… Вы значыць тэй самы вядомы Швэйк, — сказаў Мраз. — Сапраўды вы павінны былі выйсьці з-пад арышту а палове адзінаццатай, але паручнік Лукаш прасіў мяне не выпускаць вас да Бруку, каб вы хоць у дарозе не выраблялі вашых штук.
Калі вышла інспэкцыя, капрал ня мог утрымацца ад зьедлівай заўвагі:
— Ну, што, Швэйк, памагло вам тое, што вы зьвярнуліся да вышэйшай інстанцыі? Дык вось-жа! Гной! Каб я захацеў, дык мог-бы вамі абодвымі печ распаліць.
— Пан капрал, — сказаў вольнапісаны. — Кідацца направа і налева гноем — аргумэнтацыя больш-менш пераканаўчая, але інтэлігентны чалавек нават у стане раздражненьня ці ў спрэчцы не дазволіць сабе ўжываць такіх слоў. Што-ж да сьмешных пагроз, што вы маглі-б намі абодвымі распаліць печ, то чаму-ж вы да гэтага часу гэтага не зрабілі, маючы для гэтага поўную магчымасьць? Мусіць, у гэтым выявілася ваша духоўная сьпеласьць і надзвычайная далікатнасьць.
— Досыць з мяне! — усхапіўся капрал. — Я вас абодвых пад суд магу падвесьці.
— За што-ж, саколік? — нявінна запытаўся вольнапісаны.
— Гэта ўжо мая справа, за што, храбрыўся капрал.
— Ваша справа? — перапытаўся з усьмешкай вольнапісаны. Такая-ж самая, як і наша. Так як у картах: «Грошы вашы будуць нашы». Хутчэй за ўсё на вас зрабіў уплыў загад зьявіцца да палкоўніка, а вы спаганяеце сваю злосьць на нас і балбочаце, выразна злоўжываючы службовым становішчам.
— Хамы вы, вось што! — закрычаў капрал, набраўшыся храбрасьці і робячы страшны твар.
— Ведаеце, што я вам скажу, пан капрал, — сказаў Швэйк. — Я, можна сказаць, стары салдат, служыў і да вайны, і ня было здарэньня, каб лаянка да чаго-небудзь прывяла. Некалькі гадоў таму назад, памятаю, быў у нас у роце камандзір разьдзелу, па прозьвішчы Шрэйтэр. Служыў ён звыштэрмінова. Яго-б ужо даўно адпусьцілі дадому ў чыне капрала, але нянька ў маленстве яго, як відаць, упусьціла з рук, — як той казаў. Прыдзіраўся ён да нас, прыставаў, як г… да портак; то гэта ня так, то тое не паводле інструкцыі — адным словам, мучыў, як толькі мог, і заўсёды нас лаяў: «Не салдаты вы, а кіжлаі». — Раз мяне гэта моцна дапякло, і я пашоў з рапартам да камандзіра роты. «Табе чаго?» — пытаецца капітан. «Асьмелюся далажыць, пан капітан, вось са скаргай на нашага фэльдфэбеля Шрэйтэра. Мы, як-ніяк, салдаты яго вялікасьці, а не кіжлаі. Мы служылі верай і праўдай гасудару імпэратару, а ня грушы акалочвалі». — «Глядзі ў мяне, казяўка, — адказаў мне капітан. — Вон! I каб больш мне на вочы не пападаўся!» А я на гэта: «Вельмі прашу накіраваць мяне да камандзіра батальёна». Калі я камандзіру батальёна пры рапарце давёў, што мы ніякія не кіжлаі,— а салдаты яго вялікасьці імпэратара, падпалкоўнік пасадзіў мяне пад арышт на два дні, а я папрасіў накіраваць мяне да камандзіра палка. Палкоўнік пасьля маіх тлумачэньняў закрычаў на мяне, што я асталоп, і каб выбіраўся к чортавай матары. А я на гэта: «Вельмі прашу, пан палкоўнік, накіраваць мяне да камандзіра брыгады». Тут ён спужаўся і ў момант загадаў паклікаць у канцылярыю нашага фэльдфэбеля Шрэйтэра, і таму прышлося перад усім афіцэрамі прасіць у мяне прабачэньня за слова «кіжлай». Потым ён мяне нагнаў у дварэ і сказаў, што з сягодняшняга дня ён мяне лаяць ня будзе, але давядзе мяне да дысцыплінарнага батальёну. З таго часу я заўсёды асьцерагаўся, але такі не ўсьцярогся. Стаў я раз на варце ля цэйхгаўза. На сьцяне, як звычайна, кожны вартавы што-небудзь пакідаў на ўспамін: намалюе, скажам, жаночае прыстройства альбо вершых які напіша. А я нічога ня мог прыдумаць і ад нуды расьпісаўся пад надпісам: «Фэльдфэбель Шрэйтэр сволач», які там раней быў. Фэльдфэбель, сукін сын, ураз на мяне данёс, бо хадзіў за мною па пятах і высочваў мяне, як паліцэйскі сабака. На няшчасьце пад гэтым надпісам быў другі: «На вайну мы ня пойдзем, на яе мы ўсе на…». А справа адбывалася ў 1912 г. калі нас меліся пасылаць супроць Сэрбіі з-за консула Прахазкі. Мяне зараз-жа накіравалі ў Тэрэзін, у вайсковы суд. Разоў пятнаццаць прыблізна паны з вайсковага суду фотографавалі сьцяну цэйхаўза з усімі надпісамі і маім подпісам у тым ліку. Мне разоў дзесяць загадвалі, каб дасьледваць мой почарк, напісаць: «На вайну мы ня пойдзем, на яе мы ўсе на…» — I ня менш пятнаццаці разоў мне прышлося ім напісаць «Фэльдфэбель Шрэтэр сволач». Нарэшце прыехаў экспэрт-графолёг і загадаў мне напісаць: «29 чэрвеня 1897 году Краловы Двур[58] перанёс жах стыхійнага разьліву Эльбы». «Гэтага мала, — сказаў судовы сьледчы. — Для нас найбольш важнае знаходзіцца ў тым с… Прадыктуйце яму што-небудзь такое, дзе шмат „с“ і „р“». Экспэрт прадыктаваў мне: сэрб, сьцерва, сьвярбеж, херувім, рубін, шэльма, — судовы экспэрт, як відаць, зусім зарапартаваўся і ўвесь час аглядаўся на салдата са стрэльбай. Нарэшце ён сказаў, што трэба, каб я напісаў «Сонейка ўжо пачынае прыпякаць: пачынаюцца гарачыя дні», і што гэта пойдзе ў Вену. Потым увесь матэрыял быў накіраваны ў Вену, і нарэшце высьветлілася, што надпісы зроблены не маёю рукою, а падпіс, у якім я прызнаўся, сапраўды мой. Мяне засудзілі на шэсьць тыдняў за тое, што я расьпісаўся, стоячы на варце, і ня мог значыць, ахоўваць даручанае мне ў той момант, пакуль я расьпісваўся на сьцяне.
— Добра яшчэ, што гэта не засталося без пакараньня, — не бяз здавальненьня сказаў капрал. — Вы злачынны тып. Каб я быў на месцы вайсковага суду, я-б закаціў вам ня шэсьць тыдняў, а шэсьць гадеў.
— Ня будзьце такім грозным, — узяў слова вольнапісаны. — Падумайце лепш пра тое, што з вамі будзе. Толькі што пры інспэкцыі вам было сказана, што вы павінны зьявіцца да камандзіра палка. Ня шкодзіла-б вам падрыхтавацца да гэтага сур‘ёзнага моманту і ўзважыць усю мізэрнасьць вашага капральскага існаваньня. Чым, уласна, зьяўляецеся вы ў параўнаньні з сусьветам, калі прыняць пад увагу, што самая блізкая нярухомая зорка знаходзіцца ад гэтага воінскага цягніка на адлегласьці ў дзьзесьце семдзесят пяць тысяч разоў большай чым сонца, і яе паралякс утварае вугал, роўны аднэй сэкундзе.
Калі ўявіць сабе вас у сусьвеце ў выглядзе нярухомай зоркі, вы бясспрэчна былі-б вельмі мізэрным, каб вас можна было ўбачыць нават у самы моцны тэлескоп. Для такой мізэрнасьці на сьвеце няма нават слоў. За паўгода вы зрабілі-б на небасхіле дугу, а за год эліпс такога малога памеру, што іх нельга было-б выказаць лічбай з прычыны іх нязначнасьці. Ваш паралякс быў-бы нязьмерна малым.
— У такім выпадку, — заўважыў Швэйк, — пан капрал можа ганарыцца: яго ніхто ня можа зьмерыць. Што-б ня здарылася на яўцы ў палкоўніка, пан капрал павінен заставацца спакойным і стрымліваюць сваю порсткасьць, бо ўсялякае хваляваньне шкодзіць здароўю, а ў час вайны здароўе павінен кожны шанаваць. Цяжкасьці, зьвязаныя з вайкой, патрабуюць, каб кожнач асоба ня была здыхляцінай. Калі вас, пан капрал, пасадзяць, — казаў далей Швэйк з мілай усьмешкай, — у выпадку, калі з вамі зробяць такую несправядлівасьць, вы не павінны губляць бадзёрасьці і павінны заставацца пры сваёй думцы. Знаў я аднаго вугольшчыка (звалі яго Францішак Шквор), якога ў пачатку вайны пасадзілі разам са мною пры паліцэйскай управе ў Празе за дзяржаўную здраду. Пасьля яго пакаралі сьмерцю праз прагматычную санкцыю. Калі ў яго на допыце запыталі, ці няма ў яго якіх-небудзь супярэчаньняў супроць пратаколу, ён сказаў:
— Няхай было, як было; як-небудзь ды было ж: ніколі так ня было, каб ніяк ня было.
За гэта яго пасадзілі ў цёмную адзіночку і не давалі яму ні есьці, ні піць, а потым зноў павялі на допыт. Але ён застаўся пры сваім, што «няхай было, як было, як-небудзь ды было-ж: ніколі так ня было, каб ніяк ня было».
Яго накіравалі ў вайсковы суд, і магчыма, што і на шыбеніцу ён ішоў з тымі самымі словамі.
— Цяпер, кажуць, здорава вешаюць і расстрэльваюць, сказаў адзін з канвойных. — Нядаўна чыталі нам на пляцы загад, што ў Матоле расстралялі аднаго запаснога, Кудрну за тое, што капітан рубануў шашкаю яго хлапчука, якога на руках трымала яго жонка, калі разьвітвалася ў Бэлэшове з мужам а ён, Кудрна, раззлаваўся на капітана. Усіх політычных арыштоўваюць. Аднаго рэдактара з Моравіі расстралялі. Ротны нам казаў, што і рэшту гэта чакае.
— Усяму ёсьць межы, — сказаў волькапісаны двухсэнсова.
— Ваша праўда, — адгукнуўся капрал. — Так ім, рэдактаром і трэба. Народ толькі падбухторваюпь. Гэта як пазалетась, калі я яшчэ быў яфрэйтэрам, пад маёй камандай быў адзін рэдактар. Ён мяне іначай не называў, як паршывай авечкай, якая ўсю армію паскудзіць. А калі я яго вучыў рабіць вольныя практыкаваньні да сёмага поту, ён заўсёды гаварыў: «Прашу паважаць ва мне чалавека». Я яму тагды паказаў «чалавека». Раз, калі ўвесь двор казармы быў у лужынах, падвёў яго да лужыны і скамандваў «лажыся!» прышлося хлопцу кідацца ў лужыну, толькі пырскі ляцелі, як у купальні. А пасьля абеду на ім зноў усё павінна было блішчэць, мундзір павінен быў быць вычышчаны, як новы. Ну, і чысьціў, крахтаў, а чысьціў ды яшчэ ўсялякія заўвагі дазваляў сабе рабіць. Назаўтра зноў быў ён у мяне ў гразі, як сьвіньня выкачаны, а я стаю над ім і кажу: «Ну, пан рэдактар, дык хто-ж вышэй: паршывая авечка ці ваш славуты „чалавек“»? Тыповы быў інтэлігент.
Капрал з пераможным выглядам паглядзеў на вольнапісанага і гаварыў далей:
— Яму спаролі нашыўкі вольнапісанага якраз за яго інтэлігентнасьпь, і за тое, што ён пісаў у газэты пра зьдзекі, з салдат. Але як яго ня скубці: калі такі вучоны чалавек, а ня можа разабраць замок у вінтоўцы, хоць яму дзесяць разоў паказвай. А калі яму скажаш «раўненьне налева», ён верне сваю галаву, як назнарок, направа і глядзіць на цябе, як варона. Прыёмаў з вінтоўкай ня ведае, ня ведае, за што раней брацца: за рамень ці за патранташ. Вылупіць на цябе зрэнкі, як баран на новыя вароты, калі яму пакажаш, што рука павінна скаўзануцца па рамяні ўніз. Ня ведаў нават, на якім плячы носяць вінтоўку; чэсьць аддаваў як малпа. А павароты пры маршыроўцы, божа ты мой! Пры камандзе «кругом марш!» яму было ўсёроўна, з якой нагі ні рабіць: шлёп, шлёп, шлёп — ужо пасьля каманды пёр яшчэ крокаў шэсьць уперад, туп, туп туп… і толькі тагды паварочваўся, як певень на ражне, а крок трымаў, як падагрык, ці падскокваў, як старая дзеўка на фэсьце.
Капрал сплюнуў.
— Ён сабе знарок выбраў моцна заржавелую вінтоўку каб навучыцца чысьціць, цёр яе, як сабака суку, але каб нават купіў сабе на два кілё пакульля больш, усёроўна нічога ня мог-бы вычысьціць. Чым больш чысьціў, тым вінтоўка горш ржавела, а потым на аглядзе хадзіла вінтоўка ў афіцэраў па руках, і ўсе дзівіліся, як гэта можна давесьці вінтоўку да такога стану. Наш капітан заўсёды яму казаў, што салдата з яго ня будзе, што лепш за ўсё яму пайсьці павесіцца, каб ня жраў дарэмна салдацкага хлеба. А ён толькі з-пад акуляраў вачыма лыпаў. Дзень, калі ён не пападаў у нарад ці ў карцар, быў для яго вялікім сьвятам. У такія дні ён звычайна пісаў свае артыкульчыкі пра тое, як зьдзекуюцца з салдат, у газэты, пакуль не ператрэсьлі яго куфэрак. Ну і кніг у яго там было! Усё толькі пра разбраеньне ды пра мір паміж народамі. За гэта яго адправілі ў гарнізонную турму, і з таго часу мы ад яго пазбавіліся, пакуль ён зноў у нас не зьявіўся, але ўжо ў канцылярыю, дзе ён сядзеў і выпісваў пайкі; яго там пасадзілі, каб ня стыкаўся з камандай. Такі быў сумны канец гэтага інтэлігэнта. А мог-бы стаць пэрсонай, каб праз сваю дурнату ня быў разжалаваны. Мог-бы стаць падпаручнікам.
Капрал уздыхнуў.
— Ужо на што: складкі на шынялі ня ўмеў заправіць. Толькі і Еедаў, што выпісваў сабе з Прагі ўсялякія вадкасьці і мазі для чысткі гузікаў. I то яны ў яго былі іржавыя. Але языком мяньціць умеў, а калі стаў служыць у канцылярыі, дык толькі і рабіў, што пачынаў філёзофстваваць. Ён і раней быў на гэта сквапны. Адным словам — «чалавек», як я вам ужо казаў. Раз, калі ён пачаў разважаць перад лужынай, куды яму належала бухнуцца па камандзе «лажыся!» — я яму сказаў: «Калі пачынаюць разважаць пра чалавека ды пра гразь, мне, кажу, успамінаецца, што чалавек быў створаны з гразі, — і там яму і месца».
Выказаўшыся, капрал быў вельмі здаволены сабою і стаў ждаць, што скажа вольнапісаны на гэта. Аднак першым адгукнуўся Швэйк:
— За такія вось штукі, за прыдзіркі некалькі гадоў таму назад у 35-м палку нейкі Конічак закалоў капрала і сябе. У «Кур‘еры» гэта было. У капрала на целе было нешта з трыццаць колатых ран, з якіх больш за тузін было сьмяротных. А салдат пасьля гэтага сеў на няжывога капрала, і, седзячы на ім, закалоў і сябе. Другі выпадак быў некалькі гадоў таму назад у Далмацыі: там зарэзалі капрала, і да гэтага часуневядома, хто гэта зрабіў. Гэта засталося пахованым у змроку невядомасьці, і высьветлена было толькі тое, што прозьвішча зарэзанага капрала было Фіала, а сам ён быў з Драбоўны пад Турновам. Потым вядомы мне яшчэ адзін выпадак з капралам Рэйманэкам з 75-га палка…
He пазбаўленае прыемнасьці апавяданьне было перапынена моцным крахтаньнем на лаўцы, дзе спаў обэр-фэльдкурат Лаціна.
Патэр прачынаўся ва ўсёй прыгожасьці і прыстойнасьці. Калі ён прачынаўся, адбываліся такія самыя зьявы, як і тагды, калі прачынаўся малады вялікан Гарганцюа, якога апісаў стары вясёлы Рабле.
Обэр-фэльдкурат адрыгваў і пазяхаў на ўвесь вагон. Нарэшце ён сеў і зьдзіўлена запытаўся:
— Што за чорт, дзе гэта я?
Капрал лісьліва адказаў начальству, якое прадзірала вочы.
— Асьмелюся далажыць, пан обэр-фэльдкурат, вы робіце ласку быць у арыштанскім вагоне.
На твары патэра прамільгнула зьдзіўленьне. З хвіліну ён сядзеў моўчкі і старанна думаў, але дарэмна. Ад падзей мінулай ночы і да таго, калі ён прачнуўся ў вагоне з кратамі на вокнах, было цэлае мора забыцьця. Нарэшце ён запытаўся ў капрала, які ўсё яшчэ стаяў перад ім у лісьлівай позе:
— А хто загадаў мяне, як якога-небудзь…
— Асьмелюся далажыць, бяз усякага загаду, пан обэр-фэльдкурат.
Патэр устаў і пачаў хадзіць паміж лавак, мармычучы, што ён нічога не разумее. Потым ён зноў сеў і запытаўся:
— А куды гэта мы едзем?
— Асьмелюся далажыць, у Брук.
— А чаго мы туды едзем?
— Асьмелюся далажыць, туды пераведзены ўвесь наш 91-ы полк.
Патэр пачаў зноў моцна думаць пра тое, што з ім здарылася, як ён трапіў у вагон і чаго ён, уласна, едзе ў Брук якраз з 91-м палком і пад канвоем. Нарэшце ён так адчухаўся, што заўважыў прысутнасьць вольнапісанага. Ён зьвярнуўся да яго:
— Вы чалавек інтэлігентны; можа, вы можаце растлумачыць мне, ня тоячы нічога, якім чынам я трапіў да вас?
— З прыемнасьцю, — па-прыяцельску сказаў вольнапісаны. — Проста вы прымазаліся да нас раніцою пры пасадцы ў цягнік, бо былі пад мухай.
Капрал строга глянуў на вольнапісанага.
— Вы ўлезьлі да нас у вагон, — гаварыў далей вольнапісаны, — гэта факт. Вы ляглі на лаўцы, а Швэйк падлажыў вам пад голаву свой шынель. На папярэдняй станцыі інспэкцыя, якая абходзіла цягнік, запісала вас у сьпіс афіцэрскіх чыноў, якія знаходзяцца ў цягніку. Вы былі, так сказаць, офіцыйна выяўлены, і праз гэта наш капрал павінен будзе зьявіцца да палкоўніка.
— Так, так, — уздыхнуў патэр. — Значыць мне на бліжэйшай станцыі трэба перасесьці ў штабны вагон. А што, разносілі ўжо абед?
— Абед будзе ў Вене, пак обэр-фэльдкурат, — уставіў капрал.
— Дык гэта вы падлажылі мне пад голаву шынэль? — зьзярнуўся патэр да Швэйка. — Вельмі вам дзякую.
— He заслугоўваю падзякі. — адказаў Швэйк, — я зрабіў так, як павінен зрабіць кожны салдат, калі бачыць, што ў начальства няма нічога пад галавою і што яно… тае. Кожны салдат павінен паважаць сваё начальства, нават калі яно трохі не ў сабе. У мяне з фэльдкуратамі вялікая практыка, бо я быў дзяншчыком у фэльдкурата Отто Каца. Народ яны вясёлы і добры.
На обэр-фэльдкурата з пахмельля найшоў прыпадак дэмократызму. Ён выняў папяроску і падаў яе Швэйку:
— Куры! Ты, кажуць, праз мяне павінен зьявіцца да палкоўніка? — зьвярнуўся ён да капрала. — Нічога, брат, ня оойся. Я за цябе заступлюся. Нічога табе ня будзе. А цябе, сказаў ён Швэйку, — я вазьму з сабой; будзеш у мяне жыць, як у хрыста за пазухай.
На яго найшоў новы прыпадак вялікадушша, і ён наабяцаў шмат-чаго ўсім: вольнапісанаму абяцаў купіць шоколаду, канвойным — рому, капрала абяцаў перавесьці ў фотографічнае аддзяленьне пры штабе 7-й кавалярыйскай дызізіі і запэўняў усіх, што ён іх вызваліць і ніколі не пакіне. І тут-жа стаў частаваць папяросамі з свайго партабака ня толькі Швэйка, але і іншых, сказаўшы, што дазваляе ўсім арыштантам курыць, і абяцаў паклапаціцца аб тым, каб яны былі вызвалены ад пакараньня і вярнуліся ў строй.
— He хачу, каб вы мяне дрэнна ўспаміналі, — сказаў ён. Наогул вы робіце на мяне ўражакьне людзей паважных, угодных госпаду богу. Калі вы і саграшылі, то за свае грахі расплачваецеся, і, як я бачу, цярпліва і бяз скаргаў пераносіце сваю кару, пасланую вам ад бога.
— На падставе чаго вы падпалі пад спагнаньне? — зьвярнуўся ён да Шэйка.
— Бог мяне пакараў, — набожна адказаў Швэйк, — выбраўшы сваёй прыладай палкоўніка. пан обэр-фэльдкурат, з прычыны незалежнага ад мяне спазьненьня ў полк.
— Бог бясконца літасьцівы і справядлівы, — урачыста сказаў обэр-фэльдкурат. — Ён ведае, каго карае, бо выказвае нам гэтым самым сваё ўсеведаньне і ўсемагутнасьць. А вы-ж за што сядзіце, вольнапісаны?
— За гордасьць, — адказаў вольнапісаны. — Найлітасьцівейшаму стварыцелю ўгодна было паслаць мне раматус, і я заганарыўся. Калі адбуду пакараньне, мяне прыкамандыруюць да палкавой кухні.
— Што бог ня робіць, усё к лепшаму, — з патосам сказаў патэр, пачуўшы пра кухню. — Паважны чалавек і на кухні можа зрабіць сабе кар‘еру. Інтэлігентных людзей трэба назначаць якраз на кухню для большага багацьця комбінацый, бо абы як згатаваць — ня штука, а ўмельства ў тым, каб з любасьцю скласьці страву. Вазьмеце, напрыклад, падліўкі. Чалавек інтэлігентны, гатуючы падліўку з цыбуляю, перш за ўсё возьме гародніны ўсіх гатункаў па троху, добра ўсмажыць іх на масьле, потым дадасьць туды сушаных карэньняў, пасьля гэтага прыправіць усё гэта зьлёгку спэцыямі і імбірам. Звычайны-ж кухар-тупіца разварыць цыбуліну, а потым туды бухне мукі, падсмажанай на гавяджай тлустасьці, — і гатова. На маю думку для вас ляпей за афіцэрскую кухню нічога І быць ня можа. Чалавека някультурнага могуць пярпець у побыце ў якой-небудзь звычайнай працы, але ў кухарскім мастацтве гэта зразу дасьць сябе адчуць. Учора вечарам у Будэйовіцах, у афіцэрскім сабраньні, падалі нам, між іншым, ныркі ў мадэры. Той, хто мог іх так прыгатаваць (няхай даруе яму бог за гэта ўсе яго грахі!), быў інтэлігент у поўным сэнсе гэтага слова. Дарэчы, у тамашняй афіцэрскай кухні сапраўды служыць нейкі настаўнік з Скутча… А тыя-ж самыя ныркі на мадэры еў я раз у афіцэрскай сталоўцы 64-га запаснага палка. Навалілі туды кмену — ну, адным словам, так, як гатуюць ныркі з перцам у простым шынку. А хто гатаваў? Кім, каб запытаўся, быў іхні кухар да вайны? Жывёлу даглядаў у маёнтку!
Фэльдкурат памаўчаў трохі і пачаў разьбіраць кухарскую проблему ў Старым і Новым завеце, зазначыўшы, што ў тыя часы зьвярталі асаблівую ўвагу на прыгатаваньне смачных страў для падмацаваньня пасьля набажэнства і царкоўных сьвят. Потым ён прапанаваў што-небудзь сьпець і Швэйк ахвотна, але як заўсёды не дарэчы, запеў:
Ідзе Марына
З Гаданіна,
За ёю птахам
З віном пад пахай
Імчыцца поп —
Чыгунны лоб.
Але фэльдкурат зусім не зазлаваў.
— Каб было пад рукою хоць трошкі рому, дык-бы і віна ня трэба было, — сказаў ён, ветла ўсьміхаючыся, — а што да Марыны, дык і без яе абыйдземся. З імі толькі грэх адзік.
Капрал палез у кішэнь шыняля і выцягнуў пляскатую пляшку з ромам.
— Асьмелюся прапанаваць, пан обэр-фэльдкурат, па голасе яго знаць было, якою цяжкою для яго была гэта ахвяра, ня гневайцеся.
— He загневаюся, саколік, — адказаў той і ў голасе яго прагучэлі радасныя ясныя ноткі. — П‘ю за наша счасьлівае падарожжа.
— Езус, Мар‘я! — уздыхнўў капрал, бачачы, як обэр-фэльдкурат зразу праглынуў палазіну таго, што было ў пляшцы.
— Ах вы, такі-сякі, — пагразіў яму обэр-фэльдкурат, усьміхаючыся і многазначна падміргваючы вольнапісанаму. Вы асьмельваецеся ўспамінаць імя пана бога дарэмна. За гэта ён вас павінен пакараць. — Патэр зноў глынуў з пляшкі і, перадаючы яе Швэйку, скамандаваў: — Скончыць!
— Нічога ня зробіш — дысцыпліна, — дабрадушна сказаў Швэйк капралу, аддаючы яму пустую пляшку. У вачох унтэра зьявіўся той асаблівы бляск, які можна наглядаць толькі ў вар‘ятаў.
— А цяпер я трошкі задрамлю да Вены, — сказаў обэр-фэльдкурат. — Пабудзеце мяне, як толькі прыедзем у Вену. А вы, зьвярнуўся ён да Швэйка, — схадзеце на кухню ў афіцэрскае сабраньне, вазьмеце там пасуду і прынясеце мне абед. Скажэце там, што для пана обэр-фэльдкурата Лаціны. Злаўчэцеся дастаць падвойную порцыю. Калі будуць кнэдлікі, то не бярэце з акрайчыка — нясходна. Потым прынясеце мне адтуль бутэльку віна і не забудзьцеся ўзяць з сабую кацялок: няхай туды нальлюць рому.
Патэр Лаціна пачаў шукаць у кішэнях.
— Слухайце, — сказаў ён капралу, — у мяне няма дробных, пазычце мне злот… дык вось вам. Як прозьвішча.
— Швэйк.
— Вось вам, Швэйк, гасьцінца. Капрал, пазычце мне яшчэ адзін злот. Гэта я вам дам, Швэйк, калі вы ўсё зробіце, як належыць. Апрача таго дастаньце мне там папярос і цыгар. Калі будуць выдаваць шоколад, то стральнеце падвойную порпыю, а калі консэрвы, дык, глядзеце, дастаньце вэнджаны язык ці гусіную пячонку. Калі будуць даваць швэйцарскі сыр, дык не бярэце з краю, а венгерскай кілбасы няхай вам адрэжуць з сярэдзіны сачнейшы кусок.
Обэр-фэльдкурат выцягнуўся на лаўцы і праз хвіліну заснуў.
— Спадзяюся, вы цалкам задаволены нашым знайдзёнкам, — сказаў вольнапісаны ўнтэр, калі обэр-фэльдкурат захроп. — Хлопец хоць куды.
— Адвучаны ад грудзей, як той казаў, — уставіў Швэйк, — ужо з бутэлечкі смокча, пан капрал…
Капрал хвіліну змагаўся сам з сабою, але раптам скінуў з сябе маску лісьлівасьці і суха сказаў:
— Мякка сьцеле…
— Дробных, кажа, у яго няма, — сказаў Швэйк. — Гэта мне нагадвае аднаго муляра з Дэйвіц[59], па прозьвішчы Млічка. У таго ніколі нябыло дробных, пакуль ня ўлез у гісторыю і не папаў у турму за машэнства. Дробных у яго ня было, а буйныя прапіў.
— У 75-м палку, — умяшаўся ў гаворку адзін з канвойных, — капітан прапіў да вайны ўсе палкавыя грошы, за што яго і паперлі з вайсковай службы. А цяпер зноў капітанам. Потым яшчэ адзін фэльдфэбель пракраўся: украў сукно на лацканы, больш за дваццаць кускоў, а цяпер падпрапаршчыкам. А вось аднаго простага салдата нядаўна ў Сэрбіі расстралялі за тое, што ён зьеў зараз цэлую бляшанку консэрваў, якую павінен быў разьмеркаваць на тры дні.
— Гэта да справы не адносіцца, — сказаў капрал. — Але што праўда, то праўда: пазычыць у беднага капрала два злоты, каб даць гасьцінца, — гэта ўжо…
— Вось вам ваш злот, — сказаў Швэйк. — He хачу разжывацца вашым дабром. А калі атрымаю ад обэр-фэльдкурата другі, то таксама аддам яго вам, каб вы ня плакалі. Вам павінна быць толькі прыемна, што начальства пазычае ў вас грошы. Вельмі вы ўжо эгоіст вялікі. Справа ўсяго ў якіх-небудзь няшчасных двух злотах. Паглядзеў-бы я, што-б вы запелі, каб вам прышлося жыцьцё аддаць за начальства. Скажам, калі-б ён ляжаў паранены за няпрыяцельскай лініяй, a вам-бы прышлося яго ратаваць і вынесьці яго на руках з лініі агню, а ў вас-бы стралялі шрапнельлю і чым папала…
— Вы то ўжо напэўна нарабілі-б у порткі, — абараняўся капрал. — Вёска!
— У час атакі то шмат хто сябе ў порткі накладае, — заўважыў нехта з канвою. — Нядаўна ў Будэйовіцах расказваў нам адзін паранены, што ён сам у час наступленьня нарабіў у порткі тры разы засаб. Першы раз, калі вылезьлі з прыкрыцьця на пляцоўку перад драцяною загародай; другі раз, калі іх пачалі біць з кулямётаў і трэці раз, калі рускія кінуліся на іх у штыхі і закрычалі «ура». Тут яны пусьціліся назад пад прыкрыцьце, і ва ўсёй роце ня было ніводнага, які-б не накладаў сабе ў порткі. А адзін забіты застаўся ляжаць у траншэі, ногі ў яго зьвісалі ўніз; пры наступленьні яму зьнесла паўчэрапа, нібы нажом адрэзала. Той у апожні момант так абрабіўся, што ў яго цякло з портак па чаравіках і разам з крывёй сьцякала ў траншэю, якраз на яго палавінку чэрапа з мазгамі. Тут, брат, ніхто ня ведае, што з ім здарыцца.
— А іншы раз, — сказаў Швэйк, — пры рукапашнай бойцы чалавека ад чаго-небудзь так занудзіць, што рады няма. У Празе ў Падгарэльцы, у шынку «Панорама» адзін з каманды ачуньваючых, паранены пад Перамышлем, расказваў, як яны дзесьці пад нейкай крэпасьцю пашлі ў штыхі. Адкуль узяўшыся, палез на яго рускі салдат, хлопец-гара, штых на перавес, а з носа ў яго вісеў здаровы сапляк. Няшчасны толькі глянуў на яго валізарны нос з сапляком, і так яго зразу занудзіла, шго прышлося бегчы ў палявы шпіталь. Яго там палічылі за халернага і паслалі ў халерны барак ў Будапэшт, дзе ён сапраўды захварэў на халеру.
— Кім ён быў: радавым ці капралам? — запытаўся вольнапісаны.
— Капралам, — спакойна адказаў Швэйк.
— Тое-ж самае можа здарыцца і з кожным вольнапісаным, — па-дурному заўважыў капрал і пры гэтым з пераможным выглядам паглядзеў на вольнапісанага, нібы кажучы: «А што, выкусіў? I крыць няма чым».
Але вольнапісаны не адказаў і лёг на лаўцы.
Цягнік падходзіў да Вены. Хто ня спаў, глядзеў праз вакно на драцяныя загароды і ўмацаваньні для абароны Вены. Гэта ўсіх прыгнятала. Нават нясьціханы лямант, які чуўся з вагонаў, дзе ехалі «бараны», з Кашпэрскіх гор, — Wann isch kum, wann isch kum, wann isch wieda, wieda kum — сьціх пад уплывам цяжкога пачуцьця, выкліканага выглядам драцяных загарод, якімі была абведзена Вена.
— Усё ў парадку — сказаў Швэйк, гледзячы на акопы, — усё ў поўным парадку. Адно толькі нядобра, што венцы могуць падраць сабе штаны, калі паедуць за горад, каб падыхаць чыстым паветрам. Тут трэба быць вельмі асьцярожным. Наогул Вена — вельмі важны горад, — гаварыў ён далей. — Узяць напрыклад, дзікіх зьвяроў у шэнбрунскім зоолёгічным садзе. Калі я некалькі гадоў таму назад быў у Вене, я ахватней за ўсё хадзіў глядзець на малпаў, але калі праяжджае якая-небудзь асоба з імпэратарскага палацу, то нікога, на жаль, туды праз кардон ня пускаюць. Са мною быў адзін кравец, з Вены з дзесятага раёну, дык яго арыштавалі за тсе, што яму загарэлася абавязкова паглядзець на гэтыя малпы.
— А ў палацы вы былі? — запытаўся капрал.
— Там надзвычайна, — адказаў Швэйк. — Я там ня быў, але мне расказваў адзін чалавек, які там быў. Самае цікавае, што там ёсьць, гэта палацавы канвой. Кожны з іх павінен быць два мэтры на вышкі, а потым атрымоўвае трафіку[60]. А прынцэс там як сабак нярэзаных.
Цягнік прамільгнуў паўз нейкую станцыю, і адтуль, паступова заціхаючы, даносіліся гукі аўстрыйскага гімну. Капэля была выслана на станцыю для спатканьня эшалёну, мусіць памылкова, бо цягнік праз досыць доўгі кавалак часу спыніўся на другім вакзале, дзе для эшалёну быў нарыхтаваны абед і ўрачыстае спатканьне.
Але ўрачыстыя спатканьні ўжо ня мелі такога характару, як у пачатку вайны, калі салдаты, якія накіроўваліся на фронт, атрымлівалі на кожнай станцыі што-небудзь перакусіць і калі іх усюды сустракалі цэлыя плоймы адзетых у ідыёцкія белыя сукенкі дзяўчатак з яшчэ больш ідыёцкімі тварамі і такімі-ж самымі ідыёцкімі букетамі. Але дурнейшымі за ўсё былі, вядома, прывітальныя прамовы тае ці іншай пані, муж якой лічыў сябе ўра-патрыётам.
Урачыстая дэлегацыя, што сустрэла эшалён, у якім ехаў Швэйк, складалася з трох пань — членаў аўстрыйскага таварыства Чырвонага Крыжу, дзьвюх пань — членаў нейкага вайсковага гуртка венскіх пань і паненак, аднаго офіцыйнага прадстаўніка венскага магістрату і аднаго вайскоўца. На іх тварах відаць была стомленасьць. Эшалёны праяжджалі днём і ноччу, санітарныя цягнікі з раненымі прыбывалі кожную гадзіну, на станцыях увесь час перакідваліся з аднаго шляху на другія цягнікі з палоннымі, і пры ўсім гэтым павінны былі прысутнічаць члены розных таварыстваў і корпорацый. Дзень-у-дзень было ўсё тое самае, і першапачатковы энтузіязм зьмяніўся пазяхотай. На зьмену адным прыходзілі другія, і ў кожнага з іх на любым з венскіх вакзалаў быў той-жа самы стомлены выгляд, як і ў тых, што сустракалі будэйовіцкі полк.
З цялячых вагонаў выглядвалі салдаты з безнадзейным выглядам людзей, якія ідуць на шыбеніцу.
Да вагонаў падыходзілі пані і раздавалі салдатам пернікі з цукровымі надпісамі: «Sieg und Rache», «Gott, strafe England!», «Der Osterreicher hat eine Vaterland. Er liebst und hat auch Ursach furs Vaterland zu kampfen»[61].
Відаць было, як кашпэрскія горцы жаруць пернікі з тым-жа безнадэейным выглядам твараў.
Потым быў дадзен загад па ротах ісьці па абед к палявым кухням, якія стаялі за вакзалам. Там-жа была і афіцэрская кухня, куды накіраваўся Швэйк, каб выканаць загад обэр-фэльдкурата. Вольнапісаны застаўся ў цягніку і чакаў, пакуль яму пададуць: два канвойных пашлі па абед на ўвесь арыштанскі вагон.
Швэйк дасканала выканаў загад і, ідучы назад, калі пераходзіў цераз рэйкі, убачыў паручніка Лукаша, які пахаджваў па палатне чыгункі, чакаючы, што ў афіцэрскай кухні і на яро долю што-небудзь ды застанецца. Паручнік Лукаш быў у вельмі няпрыемным становішчы, бо пакуль што ў яго разам з паручнікам Кіршнэрам быў агульны дзяншчык. Гэты хлопец клапаціўся толькі аб сваім афіцэры і выяўляў поўны саботаж, калі справа датыкалася паручніка Лукаша.
— Каму вы гэта нясеце, Швэйк? — запытаўся небарак, паручнік, калі Швэйк скінуў далоў цэлую кучу рэчаў, уверчаных у шынэль, — здабычу, узятую з боем у афіцэрскай кухні.
Швэйк на момант зьбянтэжыўся, але хутка апамятаўся і з адкрытым і ясным тварам спакойна адказаў:
— Асьмелюся далажыць — вам, пан паручнік. He магу вось толькі знайсьці, дзе ваша купэ, і апрача таго баюся, што пан комэндант цягніка будзе супярэчыць супроць таго, каб я перасеў да вас, — гэта такая сьвіньня.
Паручнік Лукаш дапытліва глянуў на Швэйка. Той гаварыў далей інтымна і дабрадушна.
— Бясспрэчна сьвіньня, пан паручнік. Калі ён абходзіў цягнік, я яму зараз-жа далажыў, што ўжо адзінаццаць гадзін, час свой я адсядзеў, і маё месца ў цялячым вагоне, альбо з вамі. А ён мяне досыць груба перапыніў, каб я ня рыпаўся і заставаўся сядзець. Сказаў, што прынамсі не зраблю вам сорама ў дарозе. — Швэйк пакутна скрывіў рот. — Хіба-ж я вам, пан паручнік, калі-небудзь нарабіў сораму?
Паручнік Лукаш уздыхнуў.
— Hi разу гэтага ня было, каб я вам зрабіў сорамна, — гаварыў далей Швэйк. — Калі што-небудзь і здарылася, то гэта была адна выпадковасьць, «воля божая», як сказаў стары Ванічак з Пельгржымава, калі яго саджалі трыццаць шосты раз у турму. Ніколі я нічога не рабіў знарок, пан паручкік. Я заўсёды стараўся, як-бы ўсё зрабіць спрытней ды ляпей. Хіба я вінават, што замест карысьці нам абодвым было ад гэтага толькі гора ды мука.
— Толькі ня плачце, Швэйк, — сказаў паручнік Лукаш мякчэй, у той час, калі абодва падышлі да штабнага вагона. Я зраблю, каб вы зноў былі ў мяне.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я ня плачу. Толькі вельмі ўжо мне крыўда: абодва мы самыя няшчасныя людзі ва ўсёй арміі і ва ўсім сьвеце і абодва ў гэтым не вінаваты. Які жорсткі лёс, як падумаеш, як я аб вас клапаціўся, як стараўся ўсё сваё жыцьцё…
— Супакойцеся, Швэйк.
— Слухаю, пан паручнік. Калі б ке дысцыпліна, я-б ні за што ня мог супакоіцца, але згодна вашага загаду даношу пакорна, што ўжо зусім супакоіўся.
— Дык лезьце ў вагон.
— Так точна, лезу, пан паручнік.
У вайсковым лягеры ў Мосьце панавала начная цішыня. Салдаты ў бараках трэсьліся ад холаду, у той час, як у напаленых афіцэрскіх бараках вокны былі адчынены насьцеж ад нязноснай гарачыні.
To тут, то там чуліся крокі вартавых, якія хадою разганялі сон.
Унізе над ракою сьвяціўся агнямі імпэратарскі завод мясных консэрваў. Там ішла работа ўдзень і ўночы: перарабляліся на консэрвы ўсялякія адкіды. Вецер дакосіў у лягер смурод ад гнілых жыл, капытоў і касьцей, з якіх варыліся супавыя консэрвы.
З пакінутай будкі фотографа, які да вайны здымаў салдат, што праводзілі маладыя гады на ваенным стрэльбішчы, якое знаходзілася тут недалёка, адкрываўся від на даліну Літавы і чырвоны электрычны ліхтар над уваходам у бардак «У кукурузнай шышкі», які ў 1918 годзе ў час вялікіх манэўраў у Шопроні быў ласкаў наведаць эрцгерцаг Стэфан, і дзе кожны вечар зьбіралася афіцэрская кампанія.
Гэта быў самы фэшэнэбэльны публічны дом у горадзе, куды ня мелі доступу ніжнія чыны і вольнапісаныя, якія хадзілі ў «Ружовы дом». Яго зялёныя агні таксама відаць былі з будкі фотографа. Такое разьмежаваньне па чынох захавалася і на фронце, калі монархія не магла ўжо дапамагчы свайму войску нічым іншым, апрача паходных бардакоў пры штабах брыгад, якія называліся «пуфамі». Такім чынам існавалі імпэратарскія афіцэрскія пуфы, імпэратарскія ўнтэр-афіцэрскія пуфы і імпэратарскія пуфы для радавых.
Мост на Літаве зьзяў агнямі. З другога боку Літавы зьзялі агнямі Кіраль-Хіда, Тысляйтанія і Трансляйтанія[62]. У абодвых гарадох, з якіх адзін быў вэнгерскім, а другі — аўстрыйскім, гралі цыганскія капэлі, пелі, пілі. Кафэ і рестораны былі ярка асьветлены. Мясцовая буржуазія і чыноўніцтва вадзілі з сабою ў кафэ і рэстораны сваіх жонак і дарослых дачок, і ўвесь Мост на Літаве, Bruk an der Leite, як i Кіраль-Хіда зьяўляліся ні чым іншым, як адным вялізарным бардаком.
У адным з афіцэрскіх баракаў у лягеры Швэйк чакаў свайго паручніка Лукаша, які пашоў вечарам у тэатр і да гэтага часу яшчэ не вярнуўся. Швэйк сядзеў на пасланай пасьцелі паручніка, а насупраць, на стале, сядзеў дзяншчык майора Вэнцэля.
Майор Вэнцэль вярнуўся з фронту назад у полк, пасьля таго, як у Сэрбіі, на Дрыне, бліскуча даЕёў сваю няздольнасьць. Хадзілі чуткі, што ён загадаў разабраць і зьнішчыць понтонны мост раней, чым палавіна яго батальёну перабралася на другі бок ракі. Цяпер ён быў назначан начальнікам вайсковага стрэльбішча ў Кіраль-Хідзе і апрача таго выконваў нейкія функцыі ў гаспадарцы вайсковага. лягеру. Сярод афіцэраў пагаворвалі, што цяпер майор Вэнцэль паправіць свае справы. Уваход у пакоі Лукаша і Вэнцэля быў з адных усходаў.
Дзяншчык майора Вэнцэля, Мікулашэк, нехлямяжы, зрыты воспаю хлапец, калыхаў нагамі і лаяўся:
— Што гэта можа азначаць, што стары чорт усё яшчэ ня ідзе. Цікава было-б ведаць, дзе гэта старызна цэлую ноч цягаецца. Мог-бы прынамсі пакінуць мне ключ ад кватэры. Я разлёгся-б на пасьцелі і бутэлечку адаткнуў-бы. У нас там віна чорт што.
— Ён, кажуць, крадзе, — сказаў Швэйк, насьмелую курачы папяросу свайго паручніка, бо той забараніў яму курыць у пакоі люльку. Ты-ж павінен ведаць, адкуль у яго віно…
— Куды загадае, туды і хаджу, — тонкім галаском сказаў Мікулашэк. — Напіша патрабаваньне на віно для шпіталю, а я атрымаю і дадому прынясу.
— А калі-б ён табе загадаў украсьці палкавыя грошы, ты-б таксама зрабіў? Тут то ты сьмелы, а перад ім дрыжыш, як асінавы ліст.
Мікулашэк заморгаў сваімі маленькімі вочкамі:
— Гэта-б мы яшчэ падумалі.
— Няма чаго тут думаць, сапляк ты гэтакі! — крыкнуў на яго Швэйк, але тут-жа асекся.
Адчыніліся дзьверы, і ўвайшоў паручнік Лукаш. У паручніка быў трохі ўзьняты настрой, што ня цяжка было заўважыць па яго надзетай задам наперад шапцы.
Мікулашэк так перапужаўся, што забыўся саскочыць з стала, і, седзячы, аддаваў чэсьць, забыўшыся пры гэтым, што ён быў бяз шапкі.
— Маю гонар далажыць, што ў даручаным мне памяшканьні ўсё ў поўным парадку, — адрапартаваў Швэйк, выцягнуўшыся ва фронт па ўсіх правілах, але з папяроскай у зубах. Паручнік Лукаш не зьвярнуў на Швэйка ніякай увагі і накіраваўся проста да Мікулашэка, які з вытрашчанымі вачыма сачыў за кожным рухам паручніка і па-ранейшаму аддаваў чэсьць, седзячы на стале.
— Паручнік Лукаш, — адрэкомэндаваўся паручнік, падыходзячы да Мікулашэка ня зусім цьвёрдым крокам. — А ваша як прозьвішча?
Мікулашэк анямеў. Лукаш падсунуў сабе крэсла, сеў проці Мікулашэка і, гледзячы на яго зьнізу ўгору, сказаў:
— Швэйк, дастаньце мне з куфэрка рэвольвэр.
Пакуль Швэйк корпаўся ў куфэрку, Мікулашэк не сказаў ні слова і толькі з жахам утаропіўся на паручніка. Каб ён мог заўважыць, што сядзіць на стале, то яму прышлося-б зьбянтэжыцца яшчэ больш, бо яго ногі датыкаліся да кален паручніка, які сядзеў насупраць.
— Як завуць, я ў вас пытаюся?! — крычаў паручнік зьнізу ўгору на Мікулашэка.
Але той маўчаў. Як ён растлумачыў потым, ён зусім аслупянеў, калі ў пакой увайшоў паручнік. Ён хацеў саскочыць за стала, але ня мог, хацеў адказаць — і ня мог, хацеў перастаць аддаваць чэсьць, але таксама ня мог гэтага зрабіць.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, — пачуўся голас Швэйка. — Рэвольвэр не набіты.
— Дык набеце яго.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, патронаў няма, і яго цяжкавата будзе зьбіць з стала. З вашага дазволу пан паручнік, гэта Мікулашэк — дзяншчык пана майора Вэнцэля. Яму заўсёды, як толькі ўбачыць каго-небудзь з паноў афіцэраў, мову займае. Ён наогул саромяецца гаварыць. Зусімзастрашанае дзіця, так сказаць. Адным словам, — сапляк. Пан майор Вэнцэль застаўляе яго стаяць на ўсходах, а сам ідзе ў горад. Вось ён і цягаецца, як жабрак, па ўсіх дзяншчыкох. Галоўнае, каб было чаго пужацца, а то-ж нічога такога не зрабіў.
Швэйк плюнуў; у яго словах чутна была надзвычайная зьнявага да баязьлівага дзяншчыка майора Вэнцэля і да яго няўмельства трымацца па-вайсковаму.
— З вашага дазволу, — казаў далей Швэйк, — я яго нюхну.
Швэйк сьцягнуў з стала Мікулашэка, які яшчэ не перастаў лупіць вочы на паручніка, паставіў яго на падлогу і абнюхаў яго штаны.
— Пакуль што яшчэ няма, — далажыў ён, — але пачынаецца ўжо. Загадаеце яго выкінуць?
— Выкіньце яго, Швэйк.
Швэйк вывеў Мікулашэка, які ўвесь дрыжаў, на ўсходы, зачыніў за сабою дзьверы і сказаў яму:
— Вось, бачыш, дурніца, я цябе выратаваў ад сьмерці. Калі вернецца пан майор Вэнцэль, глядзі, прынясі мне за гэта паціху бутэлечку віна. Бяз жартаў. Я-ж табе жыцьцё выратаваў. Калі мой паручнік набярэцца, з ім жарты дрэнныя. У такіх выпадках адзін толькі я магу з ім арудаваць і ніхто іншы.
— Я… — пачаў быў Мікулашэк.
— С… ты, — зьняважліва перапыніў яго Швэйк. — Сядзь на парозе і чакай, пакуль прыдзе твой майор Вэнцэль.
— Ну, дзякуй богу, што вы нарэшце вярнуліся, — сустрэў Швэйка паручнік Лукаш. — Мне трэба з вамі пагаварыць. Ды ня выцягвайцеся так па-дурнецку ва-фронт. Сядайце, Швэйк, і кіньце ваша «слухаю». Маўчэце і слухайце ўважліва. Ведаеце, дзе ў Кіраль-Хідзе знаходзіцца Шопроньская вуліца. Ды кіньце вы ваша: «асьмелюся далажыць, ня ведаю, пан паручнік». Ня ведаеце, дык скажэце «ня ведаю» і досыць. Запішэце сабе на паперку: Шопроньская вуліца № 16. У тым жа доме ўнізе крама з жалезам. Ведаеце, што такое крама з жалезам? К чортавай матары, не кажэце «асьмелюся далажыць!» Скажэце «ведаю» ці «ня ведаю». Дык вось, ведаеце, што такое крама з жалезам? Ведаеце — вельмі добра. Гэта крама належыць аднаму вэнгру па прозьвішчы Каконь. Ведаеце, што такое вэнгар?.. А чор-рт! Ведаеце ці ня ведаеце?! Ведаеце — вельмі добра. Над крамаю знаходзіцца кватэра і ён там жыве, чулі? Ня чулі, трасца вам у бок, дык я вам кажу, што ён там жыве! Зразумелі? Зразумелі, вельмі добра. А калі-б не зразумелі, я пасадзіў-бы вас на гаўптвахту. Запісалі, што прозьвішча гэтага суб‘екта Каконь? Добра. Дык вось, заўтра рана, гадзіне так а дзесятай вы ідзеце ў горад, знайдзеце гэты дом, узыдзеце на другі паверх і перадайце пані Каконь вось гэты ліст.
Паручнік Лукаш разгарнуў папернік і падаў, пазяхаючы, Швэйку белы запячатаваны канвэрт, на якім ня было ніякага адрасу.
— Рэч надзвычайна важная, Швэйк, — навучаў яго паручнік. — Асьцярожнасьць ніколі ня шкодзіць, а таму, як бачыце, на канвэрце нічога не напісана. Цалкам спадзяюся на вас і ўпэўнен, што вы даставіце ліст у поўным парадку. Ды запішэце сабе яшчэ, што гэту паню завуць Этэлька. Запішэце: пані Этэлька Каконь. Майце на ўвазе, што ліст гэты вы павінны перадаць ёй сакрэтна і чаго-б гэта ш каштавала. Пачакайце адказу. Там у лісьце напісана, што вы пачакаеце адказу. Што вы хацелі сказаць?
— А калі мне адказу не дадуць, пан паручнік, што тады рабіць?
— Скажэце, што абавязкова павінны атрымаць адказ, — сказаў паручнік, зноў пазяхнуўшы на ўвесь рот. — Ну, я пайду спаць, сягодня я моцна ўтаміўся. Колькі было выпіта! Пасьля так праведзенага вечара і ночы кожны ўтоміцца.
Паручнік Лукаш спачатку ня меў намеру дзе-небудзь затрымлівацца. Пад вечар ён пашоў з лягеру ў горад, думаючы пайсьці ў вэнгерскі тэатр у Кіраль-Хідзе, дзе давалі нейкую вэнгерскую опэрэтку. Першыя ролі там гралі тоўстыя артысткі-яўрэйкі, якія мелі тую вялізарную вартасьць, што ў час танцу яны падкідалі ногі вышэй галавы і не насілі ні трыко, ні панталон, а для большай прынады паноў афіцэраў выгольвалі сабе валасы на целе, як татаркі. Галёрка гэтага відовішча, натуральна, была пазбаўлена, але тым большае задаваленьне мелі артылярыйскія афіцэры, якія сядзелі ў партэры, і якія, каб не прапусьціць ніводнай дробязі з прыгажосьці, што была перад імі, бралі з сабою ў тэатр палявыя біноклі.
Паручніка Лукаша, аднак, гэта надзвычайна цікавае відовішча не захапляла, бо ўзяты ім дачасу ў білетэра бінокль ня быў ахромотычным, і замест кумпякоў ён бачыў толькі нейкія рухомыя фіялковыя плямы.
У часе антракту, пасьля першай дзеі, ён угледзеўся на адну паню, якая ішла з панам сярэдніх гадоў, якога яна цягнула да гардэробу, з запалам намагаючыся на тым, каб зараз-жа ісьці дадому, бо яна на такія рэчы больш глядзець ня будзе. Яна гаварыла моцна па-нямецку, а яе спадарожнік адказваў па-вэнгерску:
— Так, мой анёлак, хадзем, ты праўду кажаш. Гэта сапраўды неапэтытнае відовішча.
— Гэта агідна! — абуралася пані, у той час, як яе кавалер падаваў ёй манто.
Яе вочы блішчэлі ад абурзньня на такую распусту, вялікія цёмныя вочы, якія так падыходзілі да яе спрытнага стану. Яна глянула на паручніка Лукаша і яшчэ раз цьвёрда сказала:
— Агідна, проста агідна!
Гэты момант зьявіўся завязкаю кароткага роману. Ад гардэробшчыцы паручнік Лукаш даведаўся, што гэта муж і жонка Каконь і што ў яго на Шопроньскай вуліцы, № 16, крама з жалезам.
— А жыве ён з паняй Этэлькай на другім паверсе, — паведаміла гардэробшчыца з ахвотаю старой пляткарткі і зводніцы. — Яна немка з гораду Шопроні, а ён мадзьяр. Тут усе перамяшаліся.
Паручнік Лукаш узяў з гардэробу накідку і пашоў у рэсторан «Эрцгерцог Альбэрт», дзе сустрэўся з некалькімі афіцэрамі 91-га палка. Ён гаварыў мала, але затое шмат піў, моўчкі думаючы, што такое яму напісаць гэтай строгай, прыстойнай і прыгожай пані, да якой цягнула куды больш, як да ўсіх гэтых малпаў на сцэне, як называлі опэрэтачных артыстак іншыя афіцэры.
У вельмі ўзьнятым настроі ён пашоў у маленькае кафэ «Ля крыжа сьвятога Стэфана», дзе заняў асобны габінэт, выгнаў адтуль нейкую румынку (якая прасіла дазволіць ёй разьдзецца да голага і сказала Лукашу, што ён можа з ёю рабіць усё, што хоча), патрэбаваў пяро, чарніла і паперу, бутэльку каньяку і пасьля стараннага абдумваньня напісаў наступны ліст, які, па яго думцы, быў самы ўдалы з калі-небудзь ім напісаных:
«Шаноўная пані, я быў учора ў гарадзкім тэатры на спэктаклі, які вас так моцна абурыў. На працягу ўсяе першай дзеі я сачыў за вамі і за вашым мужам. Як я заўважыў…»
«Якое права мае гэты суб‘ект на такую прыгожую жонку? — сказаў сам сабе паручнік Лукаш. — Ён-жа выглядае, як голены павіян. А вось, мы яго…»
І ён напісаў:
«Ваш муж не без задаваленьня і вельмі ахвотна глядзеў на ўсё тое паскудзтва, якім была поўна п‘еса, якая выклікала ў вас, шаноўная пані, пачуцьцё справядлівага абурэньня і агіды, бо гэта было не мастацтва, а агідны замах на самае высокае пачуцьцё чалавека…»
«Бюст у яе надзвычайны, — падумаў паручнік Лукаш. — Эх, што будзе, то будзе!»
«Даруйце мне, шаноўная пані, за тое, што я, хоць і невядомы вам, пішу вам усё адкрыта. У сваім жыцьці я бачыў шмат жанчын, але ніводная з іх не зрабіла на мяне такога ўражаньня, як вы, бо ваш сьветапогляд і вашы думкі зусім супадаюць з маімі. Я глыбока пераконаны, што ваш муж — самы звычайны эгоіст, які цягае вас з сабою…»
«Нядобра», — сказаў сам сабе паручнік Лукаш, закасаваў schleppt mit[63] і замест гэтага напісаў:
«… які з-за асабістых інтарэсаў водзіць вас, шаноўная, на спэктаклі, якія выключна толькі яму да густу. Я люблю прастату і шчырасьць, зусім не хачу ўмешвацца ў ваша асабістае жыцьцё і хацеў-бы пагаварыць з вамі ў неофіцыйнай абстаноўцы пра чыстае мастацтва…»
«Тут у готэлях гэта будзе нязручна. Прыдзецца везьці яе ў Вену, — падумаў паручнік. — Вазьму камандыроўку».
«Таму я асьмельваюся, пані, прасіць вас сказаць, дзе і калі мы маглі-б спаткацца, каб мець магчымасьць бліжэй пазнаёміцца. Вы не адмовіце ў гэтым таму, каго ў самай недалёкай будучыне чакаюць цяжкія паходы і хто ў выпадку вашай вялікадушнай згоды ў самых гарачых бойках будзе ўспамінаць душу, якая разумела яго так-жа глыбока. як і ён яе разумеў. Ваша вырашэньне будзе для мяне загадам, ваш адказ рашаючым момантам у жыцьці».
Ён падпісаўся, дапіў каньяк, патрэбаваў сабе яшчэ бутэльку, павольна прачытаў ліст, запіваючы кожную фразу каньяком, і нават шчыра пусьціў сьлязу, перачытваючы апошнія радкі.
Было ўжо дзесяць гадзін раніцы, калі Швэйк пабудзіў паручніка Лукаша:
— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, вы праспалі службу, а мне пара ўжо ісьці з вашым лістом у Кіраль-Хіду. Я вас ужо будзіў у сем гадзін, потым а палове восьмай, потым у восем, калі ўсе ўжо вышлі на заняткі, а вы толькі на другі бок перавярнуліся. Пан обер-лейтэнант, пан обэр-лейтэнант!..
Прабурчаўшы нешта, паручнік Лукаш хацеў быў зноў перавярнуцца на другі бок, але яму гэта не ўдалося: Швэйк бязьлітасна трос яго і крычаў над самым вухам:
— Пан обэр-лейтэнант, дык я пайду і занясу гэты ліст у Кіраль-Хіду.
Паручнік пазяхнуў:
— Ліст?.. Ах, так! Але гэта сакрэт, разумееце? Тайна паміж нас. Кругом… марш.
Паручнік захінуўся ў коўдру, якую з яго сьцягнуў Швэйк, і зноў заснуў. А Швэйк пашоў у Кіраль-Хіду.
Знайсьці Шопроньскую вуліцу і дом № 16 было б ня так ужо і цяжка, каб Швэйк не напаткаў старога сапёра Вадзічку, які быў прыкамандыраваны да кулямётчыкаў, разьмешчаных у казармах ля ракі. Некалькі гадоў таму назад Вадзічка жыў у Празе, на Боішчы, і з прычыны такога спатканьня нічога лепшага нельга было прыдумаць, як зайсьці абодвым у шынок «Ля чорнага баранчыка» ў Бруку, дзе прыслужвала чэшкэ Ружэнка, вельмі популярная сярод усіх чэхаў-вольнапісаных, якія жылі ў лягеры і ўсе былі ёй вінаваты.
Сапёр Вадзічка, стары прайдзісьвет, у апошні час быў пры ёй кавалерам і меў на воку ўсе маршавыя роты, якім трэба было пакідаць лягер, сваячасова абходзячы ўсіх чэхаў-вольнапісаных з напамінаньнем пра доўг, каб яны ня зьніклі ў прыфрантовай мітусьні.
— Цябе куды гэта нясе? — запытаўся Вадзічка пасьля першай шклянкі добрага вінца.
— Гэта — сакрэт, — адказаў Швэйк, — але табе, як даўнейшаму прыяцелю, магу сказаць…
Ён расказаў яму ўсё падрабязна, і Вадзічка заявіў, што ён, як стары сапёр, Швэйка пакінуць ня можа і пойдзе разам з ім перадаваць ліст.
Абодва захапіліся цікавай гутаркай пра даўнейшае. — і, калі яны вышлі з «Чорнага баранчыка» (была ўжо першая гадзіна па паўдні), усё здавалася ім вельмі простым і лёгкім. Сэрца ў абодвых было поўна адвагі. Па дарозе да Шопроньскай вуліцы, дом № 16, Вадзічка ўвесь час выказваў вялікую нянавісьць да мадзьяр і бяз сьціханку расказваў пра тое, як, дзе і калі ён з імі біўся ці што, калі і дзе пашкодзіла яму пабіцца з імі.
— Трымаем гэта мы раз адну такую мадзьярскую храпу за гарляк. Было гэта ў Паўсдорфе. куды мы, сапёры, прышл і выпіць Хачу гэта я яму даць папругаю па лабэціне. Кругом цёмна. Як толькі пачалася справа, мы зараз-жа запусьцілі бутэлькаю ў лямпу, а ён раптам як закрычыць: «Тонда[64], ды гэта-ж я Пуркрабэк з 16-га запаснага!» Чуць ня вышла памылка. Але затое ля Нэзідэрскага возера мы з імі, мадзьярскімі няўклюдамі, як трэба расквіталіся! Туды мы заглянулі тыдняў тры таму назад. У суседняй вёсачцы кватаруе там кулямётная каманда нейкага гонвэдзкага палка, а мы выпадкова зайшлі ў шынок, дзе яны скакалі свой чардаш як вар‘яты, і крычалі на ўсе горла сваё: «Uram, uram, biró uram» ды «Lanok, lanok lanok a faluba»[65]. Мы сабе садзімся супроць іх. Палажылі свае толькі салдацкія папругі перад сабою на стол і гаворым паміж сабою: «Пачакайце, сукіны дзеці! Мы вам пакажам» «ланьок». А адзін з нашых, Мэйстршык, у якога кулачышча на-вялічкі з Белую гару[66] тут-жа падахвоціўся ісьці танцаваць і адбіць у каго-небудзь з гэтых абармотаў дзяўчыну. А дзяўчаты былі што трэба: лыткатыя, ляжкатыя, лупатыя. Па тым, як іх гэтыя мадзьярскія сволачы ціскалі, відаць было што грудзі ў іх цьвёрдыя і налітыя, як мячыкі, і што ім гэта да густу і што яны ведаюць смак у шчупанцы. Наш Мэйстршык ускочыў у кола і давай гэта адбіраць у аднаго гонвэда самую прыгожанькую дзяўчыну. Той нешта залапатаў, a Мэйстршык як дасьць яму раз, — ён і з капытоў зваліўся. Мы, ня доўга думаючы, схапілі свае папругі, абкруцілі іх каля рукі, каб не пагубляць штыхоў, кінуліся ў самы гушчар, а я крыкнуў хлопцам: «Вінаваты, не вінаваты — лупі ўсіх па чарзе!» І пашло, брат, як па масьле. Мадзьяры пачалі скакаць праз вокны, мы іх лавілі за ногі і сьцягвалі назад у залю. Усім ім здорава папала. Умяшаліся былі ў гэту справу іхні стараста з жандарам, дык і ім папала на абаранкі. Шынкара таксама адлупцавалі за тое, што па-нямецку стаў лаяцца, што мы ўсю вечарынку псуем. Пасьля гэтага мы пашлі па вёсцы лавіць тых, хто ўздумаў ад нас схавацца. Аднаго іхняга ўнтэра мы знашлі ў сене на вышках у суседнім маёнтку. Яго выдала яго дзяўчына, бо ён танцаваў у шынку з другой. Яна закахалася ў нашага Мэйстршыка па вушы і пашла з ім па дарозе на Кіраль-Хіду. Там шмат адрын з сенам. Яна зацягнула яго ў сена, а потым патрабавала ад яго пяць крон, а ён даў ёй па мордзе. Мэйстршык дагнаў нас ля самага лягеру і расказваў, як раней ён пра мадзьярак думаў, што яны гарачыя, a што гэта сьвіньня ляжала, як бервяно і толькі лапатала кешта бяз сьціханку.
— Карацей кажучы, мадзьяры — дрэнь, — скончыў стары сапёр Вадзічка сваё апавяданьне, на што Швэйк заўважыў: — Іншы мадзьяр не вінаваты ў тым, што ён мадзьяр.
— Як гэта не вінаваты? — зазлаваў Вадзічка. — Кожны з іх у гэтым вінаваты — трэба-ж табе ляпнуць! Папробаваў-бы ты папасьці ў такую калатушу, у якую папаў я, какі прыехаў на курсы. У той-жа дзень сагнялі нас, як якую-небудзь жывелу, у школу, і нейкі асталоп пачаў нам там на дошцы маляваць і тлумачыць, што такое бліндажы, як капаюць аснову і як робяць вымярэньні. «А заўтра рана, — кажа, у каго ня будзе ўсё гэта нарысована, як ён тлумачыў, таго ён загадае зьвязаць і пасадзіць». — «Ліха табе, думаю, чаго-ж гэта я на фронце запісаўся на гэтыя курсы: для таго, каб уцячы з фронту, ці для таго, каб па вечарох рысаваць у сшытачку аловачкам, як у нулявушцы?» Такая, брат, злосьць на мяне найшла, цярплівасьці не хапае. Вочы-б мае, здаецца, на гэтага ёлапа, што нам тлумачыў, не глядзелі, так-бы са злосьці, здаецца, усё пашкуматаў. Я нават не чакаў вячэрняй кавы, а хутчэй пашоў у Кіраль-Хіду і толькі пра тое і думаў, як-бы знайсьці ў горадзе які-небудзь ціхі шынок, набрацца там, колькі ўлезе, зрабіць вэрхал, заехаць каму-небудзь па храпе і з палягчэньнем на сэрцы прысьці дадому. Але чалавек мяркуе, а бог разьмяркоўвае. Знашоў я ля ракі сярод садоў сапраўды ніштаваты шынок: ціха, як ў капліцы, усё нібы знарок зроблена для скандалу. Там сядзелі толькі ўдвух, гаварылі між сабою па-мадзьярску. Гэта мяне яшчэ больш падшыхнула, я нахлябтаўся яшчэ хутчэй і больш грунтоўна, чым меркаваў, і п‘яны нават не заўважыў, што побач знаходзіцца яшчэ адзін пакой, дзе сабраліся, пакуль я наліваўся, чалавек восем гусар, якія на мяне і населі, як толькі я даў кожнаму з маіх суседзяў разок па мордзе. Шэльмы гусары ганялі мяне па ўсіх садох і так, брат, мяне аддубасілі, што я трапіў дадому толькі раніцою і проста ў шпіталь. Ледзь адбрахаўся, што ўпаў у цагляную яму. Потым мяне прышлося цэлы тыдзень у мокрую прасьціну ўкручваць, пакуль сьпіна загаілася. Ня зычу табе, брат, папасьці ў такую кампанію. Хіба-ж гэта людзі? Гэта — зьвяры!
— Як гукнеш, так і адгукнецца, — сказаў Швэйк. — Нічога дзіўнага, што раззлаваліся, калі ім прышлося пакінуць усё віно на стале і ганяцца за табою папацёмку па садох. Яны-б павінны былі расправіцца з табою там-жа на месцы, потым цябе выкінуць. Каб яны расквіталіся з табою там-жа каля стала, гэта было-б і для іх лепш і для цябе. Знаў я аднаго шынкара, Пароўбэка, у Лібні. У яго ў шынку перапіўся раз ядлаўцоўкаю вандроўны гандляр мышынымі пасткамі і стаў буяніць, што ядлаўцоўка вельмі нямоцная, што шынкар разводзіць яе вадою. «Калі-б, — кажа, — я сто гадоў таргаваў мышынымі пасткамі і на ўвесь свой заработак купіў ядлаўцоўкі ды зразу ўсю выпіў, то пасьля гэтага мог-бы яшчэ хадзіць па канаце, а цябе, Пароўбэк, насіць на руках». Да гэтага ён дадаў, што Пароўбэк шалёны сабака і гнюсная жывёліна. Тут Пароўбэк саколіка схапіў, схвастаў аб яго галаву ўсе яго машыныя пасткі, выкінуў яго на вуліцу, а на вуліцы малаціў па ім кіем, якім жалезныя ролеты апускаюць (да таго азьвярэў), і пагнаўся за ім цераз пляц інвалідаў у Карліне да самага Жыжкава, а адтуль цераз Жыдоўскія Печы[67] ў Малешовіцы, пакуль нарэшце не паламаў аб яго кій, пасьля гэтага толькі вярнуўся назад у Лібэнь. Добра. Але ў гарачцы ён забыўся, што ў шынку засталася ўся публіка і што, напэўна, гэтыя нягоднікі пачнуць там гаспадарыць. У гэтым яму і прышлося пераканацца, калі ён нарэшце дабраўся назад у свой шынок. Жалезная ролета ў шынку напалову спушчана і каля яе два паліцэйскія, якія таксама добра хапілі (калі наводзілі парадак усярэдзіне). Усё, што было ў шынку, напалову выпіта, на вуліцы парожная бочачка з-пад рому, а пад прылаўкам два п‘яныя суб‘екты, якіх паліцэйскія не заўважылі і якія, пасьля таго, як іх Пароўбэк выцягнуў, хацелі заплаціць яму па два крэйцэры: На больш, кажуць, гарэлкі ня выпілі… Вось як караецца гарачка. Усёроўна, брат, як на вайне: сьпярша няпрыяцеля разаб‘ем, потым за ім ды за ім, а потым самі ня ведаем, як уцякаць…
— Я гэтых свалачэй добра ў твар памятаю, — сказаў Вадзічка. — Няхай толькі пападзецца мне хто-небудзь з гэтых гусараў на вузенькай дарожцы, — я з імі хутка распраўлюся. Калі ўжо нам, сапёрам, што-небудзь прыдзе ў голаву, дык мы наконт гэтага зьвяры. Мы, брат, не якія-небудзь там апалчэнцы. На фронце перад Перамышлем быў у нас капітан Ецбахер, сволач, горшай на сьвеце ня знойдзеш. Так, брат, зьдзекваўся з нас, што адзін з нашай роты, Бітэрліх хоць і немец, але добры хлопец, — праз яго застрэліўся. Ну, мы дадумаліся, як толькі рускія пачнуць сыпаць, то капітану Ецбахеру прыдзе каюк. І сапраўды: не пасьпелі рускія пачаць перастрэлку, мы, нібы не знарок, пусьцілі ў яго гэтак з пяць набояў. Жывучы быў, гадзіна, як кошка, — прышлося яго дабіць двума стрэламі, каб потым на нас бяды ня было. Толькі прамармытаў нешта, ды так, брат, сьмешна — проста падарвацца. — Вадзічка засьмяяўся. — На фронце такія рэчы ня сходзяць з парадку дня. Адзін мой таварыш (цяпер таксама з намі ў сапёрах) расказваў, што, калі ён быў у пяхоце пад Белградам, яго рота застрэліла ў часе атакі свайго обэр-лейтэнанта, таксама добрага сабаку, які сам застрэліў двух салдат у паходзе за тое, што тыя змагліся і не маглі больш ісьці. Обэр-лейтэнант, калі ўбачыў, што прышлі яму канцы, пачаў раптам сьвістаць, даваць сыгнал да адступленьня. Кажуць, хлопцы тады чуць не паўміралі са сьмеху.
Пры такой цікавай і навучальнай гутарцы яны дайшлі нарэшце да крамы з жалезам пана Каконя на Шопроньскай вуліцы № 16.
— Ты-б лепш пачакаў тут ля варот, — сказаў Швэйк Вадзічку, — я зьбегаю на другі паверх, перадам ліст, атрымаю адказ і ў момант прыду назад.
— Пакінуць цябе аднаго? — зьдзівіўся Вадзічка. — Дрэнна, брат, ты ведаеш мадзьяраў, колькі раз я табе казаў! З імі трэба быць асьцярожным. Я яго я-ак трахну!..
— Слухай, Вадзічка, — сур‘ёзна сказаў Швэйк, — справа не ў мадзьяры, а ў яго жонцы. Калі мы з табою і з чэшкай-кельнэршай сядзелі за сталом, я-ж табе казаў, што нясу ліст ад свайго обэр-лейтэнанта і што гэта вялікі сакрэт. Мой обэр-лейтэнант на прамілы бог прасіў, каб ніхто пра гэта ня ведаў. Твая-ж кельнэрша сама згадзілася, што гэта вельмі сакрэтная справа і што ніхто не павінен ведаць пра тое, што пан обэр-лейтэнант перапісваецца з замужкаю. Ты-ж сам згаджаўся з гэтым і падтакваў. Я вам растлумачыў усё, як належыць, што павінен дакладна выканаць загад обэр-лейтэнанта, а цяпер ты намогся ісьці са мною наверх.
— Дрэнна, Швэйк, ты мяне ведаеш, брат, — таксама вельмі сур‘ёзна адказаў стары сапёр Вадзічка. — Раз я табе сказаў, што правяду цябе, то не забывайся, што маё слова сьвята. Ісьці ўдвух заўсёды сьмялей.
— Я табе давяду адваротнае, Вадзічка. Ведаеш Нэкланаву вуліцу на Вышаградзе[68]. У сьлёсара Ваборніка там была майстэрня. Ён быў вельмі людзкі чалавек і аднаго дня, вярнуўшыся пасьля выпіўкі дадому, прывёў да сябе начаваць яшчэ аднаго гуляку. Пасьля гэтага ён доўга ляжаў, а жонка яго перавязвала яму кожны дзень рану на галаве і прыказвала: «Вось бачыш, Тонічак, каб ты прышоў адзін, я-б з табою толькі трохі павалтузілася, і не заехала-б табе па галаве вагою». А ён потым, калі ўжо мог гаварыць, адказаў: «Твая праўда, маці, другі раз, калі пайду на выпіўку, з сабою нікога больш не прывяду».
— He хапала яшчэ, каб гэты мадзьяр захацеў нам заехаць чым-небудзь па галаве, — раззлаваўся Вадзічка. — Схаплю яго за горла і спушчу яго з другога паверху па ўсходах. Паляціць у мяне, як тая шрапнэль. З мадзьярскай дрэньню трэба жвава распраўляцца. Няма чаго з імі цацкацца.
— Вадзічка, ды ты-ж шмат ня выпіў. Я выпіў на дзьве чвэрткі больш за цябе. Зразумей, што нам падымаць скандал нельга. Я за гэта адказваю. Справа-ж ідзе пра жанчыну.
— І ёй трахну, мне гэта ўсёроўна. Ты, Швэйк, дрэнна старога Вадзічку ведаеш. Раз, у Забегліцах, на «Ружовым востраве», адна такая храпа не хацела са мною танцаваць, — у цябе, кажа, морда апухшы. Праўда, што і казаць, морда ў мяне была апухшы, бо я якраз прышоў з танцулькі з Гостываржа, але сам падумай, такая абраза ад гэтакай флюндры! «Будзьце ласкавы і вы, шаноўная паненачка, кажу, спажыць адну аплявуху, каб вам крыўды ня было». Разок ёй заехаў, a яна паваліла садовы стол, за якім сядзела, разам з таткам, з мамкай І з двума брацікамі. Толькі кубкі паляцелі. Але мне, брат, увесь «Ружовы востраў» быў нішто. Былі там знаёмыя хлопцы з Вршовіц[69], яны мне і памаглі. Адлупілі мы гэтак з хлопцамі разам пяць сямей. Нябось і ў Міхле было чутно. Потым у газэтах надрукавалі ўсё, як мае быць: на сямейным гуляньні ў такім вось садзе, наладжаным такім вось дабрачынным гуртком, родам з такога вось гораду і гэтак далей… А таму, кажу, як мне памаглі, так і я заўсёды свайму сябру памагу, калі ўжо на тое пашло. He адыдуся ад цябе ні на крок, ні за якія прысмакі. Дрэнна, брат, ты мадзьяраў ведаеш… He чакаў, брат, я, што ты ад мяне захочаш адчапіцца; убачыліся мы з табою, так доўга ня бачачыся, ды яшчэ пры такіх абставінах…
— Добра, пойдзем ужо разам, сказаў Швэйк. — Але трэба ўсё рабіць аглядаючыся, каб не нажыць бяды.
— He клапаціся, сябар, — ціха сказаў Вадзічка, калі абодва ўжо ўвайшлі ў вароты. — Я яго я-к трахну!.. — і яшчэ цішэй дадаў: — Вось убачыш, з гэтым мядзьярскім рылам ня будзе шмат работы.
І каб у варотах быў хто-небудзь, хто разумеў-бы па-чэску, дык пачуў-бы з усходах досыць моцна сказаны лёзунг Вадзічкі: «Дрэнна, брат, ты мядзьяраў ведаеш!» — Лёзунг, які нарадзіўся ў ціхім шынку над ракою Літавай, сярод садоў славутай Кіраль-Хіды, абкружанай узгоркамі, пра якія, праклінаючы будуць да самай сьмерці ўспамінаць салдаты, якія хадзілі туды і да вайны і ў час вайны на заняткі, дзе іх тэорэтычна і практычна навучалі біць і рэзаць.
Швэйк з Вадзічкам стаялі ля дзьвярэй кватэры пана Каконя. Перад тым, як націснуць гузік званка, Швэйк сказаў:
— Ці чуў ты калі-небудзь прыказку, Вадзічка, што асьцярожнасьць — маці мудрасьці?
— Гэта мяне не кранаецца — адказаў Вадзічка. — Нельга яму даваць час рот разявіць…
— Ды мне таксама няма з кім асабліва лізацца, Вадзічка.
Швэйк пазваніў, а Вадзічка моцна сказаў:
— Эйн, цвей — і паляціць па ўсіх усходах.
Адчыніліся дзьверы і паказалася ў дзьвярах служанка, якая спыталася па-вэнгерску:
— Што трэба?
— Nem tudom[70], — зьняважліва сказаў Вадзічка. — Навучыся, дзеўка, гаварыць па-чэску.
— Verstehen Sie deutsch?[71] — спытаўся Швэйк.
— A pischen[72].
— Also, sagen Sie, der Frau, ich will die Frau spechen, sagen Sie, dass ein Brief ist fon einem Herr, draussen in Kong[73].
— Я дзіўлюся з цябе, — сказаў Вадзічка, уваходзячы ўсьлед за Швэйкам у пярэдні пакой. — Як гэта ты можаш са ўсякай дрэньню размаўляць?
Зачыніўшы за сабою дзьверы, абодза стаялі ў пярэднім пакоі. Швэйк заўважыў:
— Добрая абстаноўка. Ля вешалкі нават два парасоны, а вунь тэй Езус на малюнку таксама нядрэнны.
З пакояў, дзе, чутно было, зьвіяелі лыжкі і талеркі, зноў вышла служанка і сказала Швэйку:
— Frau ist gesagt, dass sie hat ka Zeit; wenn wass ist, dass mir geben und sagen[74]:
— Also, — урачыста сказаў Швэйк, — der Frau ein Brief, aber halten Küschen[75].
Ён выняў ліст паручніка Лукаша.
— Ich, — сказаў ён, паказваючы пальцам на самога сябе, — Antwort warten hier in die Vorzimmer[76].
— Што-ж ты ня сядзеш? — сказаў Вадзічка, які сядзеў ужо на крэсьле ля сьцяны. — Вазьмі сабе крэсла. Стаіць, як жабрак. Ня ўніжайся перад гэтым мадзьярам. Будзе яшчэ з ім валтузьня, вось убачыш, але я, брат, яму я-к трахну…
— Слухай, — спытаўся ён, трохі памаўчаўшы, — дзе гэта ты па-нямецку наўчыўся?
— Самавучкай, — адказаў Швэйк.
Зноў змоўклі. Раптам з пакояў, куды служанка занесла ліст, пачуўся страшэнны крык і шум. Нешта цяжкое грукнула аб падлогу, потым можна было выразна адрозьніць звон разьбітых талерак і шклянак, праз які чуўся роў:
«Basom azanat, basom az istenet, basom a Kristus marjat, basom az atuadat, baso a vilagot»[77].
Расчыніліся дзьверы, i ў пярэдні пакой уляцеў пан у росквіце гадоў з падвязанай сурвэткай, размахваючы лістом.
Стары сапер сядзеў бліжэй, і разьюшаны пан напаў спачатку на яго: Wass soll das heissen, wo ist der verfluchte Kerl, welcher dieses Briet gebracht hat?[78]
— Цішэй трохі, — сказаў Вадзічка, устаючы з крэсла. — Асабліва ў нас тут не разыходзься, a то вылеціш. Калі хочаш ведаць, хто прынёс ліст, дык запытайся ў таварыша. Ды гавары з ім асьцярожна, a то апынешся за дзьвярыма ўраз.
Цяпер прышла чарга Швэйку пераканацца ў красамоўстве разьюшанага пана з сурвэткаю на шыі, які, блытаючы ад злосьці словы, пачаў крычаць, што яны толькі што селі абедаць.
— Мы чулі, што вы абедаеце, — ломанай нямецкай мовай згадзіўся з ім Швэйк і дадаў па-ческу: — мы таксама былі падумалі, што дарэмна адрываем вас ад абеду.
— Ня ўніжайся, — сказаў Вадзічка.
Разьюшаны пан, на якім ад яго жвавых рухаў сурвэтка трымалася толькі адным рогам, гаварыў далей пра тое, што ён спачатку думаў, што ў лісьце пішацца пра памяшканьне для войска ў гэтым доме, які належыць яго жонцы.
— Тут-бы зьмясьцілася досыць шмат войска, — сказаў Швэйк. — Але ў лісьце пра гэта ня пісалася, як вы, напэўна, пасьпелі пераканацца ўжо.
Пан схапіўся за галаву і стаў абвінавачваць афіцэрства. Ён сказаў, што быў таксама падпаручнікам запасу і што ён ахвотна-б служыў на вайсковай службе, але ў яго хворыя ныркі. У яго час афіцэрства ня было такім распусным, каб умешвацца ў чужое сямейнае жыцьцё. Ён пашле гэты ліст у штаб палка, ў Вайсковае міністэрства, ён надрукуе яго ў газэтах…
— Даражэнькі, — з гонарам сказаў Швэйк, — гэты ліст напісаў я, ich geschrieben, kein Oberlajtnant. Подпіс падроблены. Unterschrift Name falsch. Мне ваша жонка вельмі падабаецца. Ich liebe ihre Frau. Я закахаўся ў вашу жонку па вушы, як сказаў Врхліцкі[79]. Капітальная жанчына!
Разьюшаны пан кінуўся на Швэйка, які стаяў з спакойным і здаволеным выглядам, але стары сапёр Вадзічка, які сачыў за кожным рухам пана, падставіў яму ножку, вырваў у яго з рук ліст, якім той увесь час размахваў, і не пасьпеў пан Каконь апамятацца, як Вадзічка яго згроб, паднёс да дзьвярэй, адчыніў іх аднэю рукою і… нешта забарабаніла па ўсходах.
Здарылася ўсё гэта хутка — як у казцы, калі чорт прыходзіць па чалавека. Ад разьюшанага пана засталася адна толькі сурвэтка. Швэйк яе падняў і далікатна пастукаў у дзьверы пакояў, адкуль пяць хвілін таму назад вышаў пан Каконь і дзе цяпер чуваць быў жаночы плач.
— Прынёс вам сурвэтачку, — далікатна сказаў Швэйк пані якая ўзрыгвала на канапе. — Каб на яе не наступілі часамі. Усяго найлепшага.
Стукнуўшы абцасамі і ўзяўшы пад казырок, ён вышаў. На ўсходах ня відаць было якіх-небудзь значных сьлядоў барацьбы. Відавочна, усё адбылося так, як і меркаваў Вядзічка, зусім гладка. Толькі ў варотах Швэйк знашоў разадраны каўнерык. Відавочна, тут, калі пан Каконь ад страху ўплёўся за вароты, каб ня быць выцягнены на вуліцу, разыграўся апошні акт гэтай трагедыі.
За тое на вуліцы было ажыўленьне. Пана Каконя адцягнулі ў вароты насупраць і адлівалі вадою. А сярод вуліцы біўся, як леў, стары сапёр Вадзічка з некалькімі гонвэдамі і гонвэдзкімі гусарамі, якія заступіліся за свайго земляка. Ён спрытна адмахваліся, як цэпам, штыхом, трымаючы яго за канец папругі. Вадзічка ня быў адзін. Плячо ў плячо з ім біліся некалькі салдат-чэхаў з розных палкоў, якія праходзілі ў гэты час па вуліцы.
Швэйк (як ён сьцьвярджаў потым) сам ня ведаючы як, апынуўся ў самым гушчары, і, з прычыны таго, што цесака ў яго ня было, у руках у яго апынулася, таксама невядома як, палка аднаго з зьбянтэжаных гледачоў.
Цягнулася гэта досыць доўга, але і ўсялякаму хараству бывае канец. Прышоў паліцэйскі кардон і забраў усіх.
Швэйк з задаволеным выглядам крочыў побач з Вадзічкай, нясучы на плячы, як вінтоўку, палку, якую начальнік кардону прызнаў у якасьці рэчавага доказу.
Стары сапёр Вадзічка ўсю дарогу ўпарта маўчаў. Толькі ля дзьвярэй на гаўптвахту ён задумёна сказаў Швэйку:
— Казаў я табе, што ты мадзьяраў дрэнна ведаеш!