Разьдзел V З моста на Літаве ў Сокал

Раззлаваны паручнік Лукаш бегаў па канцылярыі адзінаццатай маршавай роты. Гэта была цёмная дзіра ў адрыне, дзе зьмяшчалася рота, адгароджаная толькі дошкамі ад калідора. У канцылярыі стаяў стол, два крэсла, бутэлька з газаю і ложак. Перад Лукашом стаяў старшы пісар Ванэк, які складаў у гэтым памяшканьні ведамасьці на салдацкую пэнсію, вёў справаздачнасьць пра салдацкую кухню, адным словам, быў міністрам фінансаў усяе роты, праводзіў тут цэлы божы дзень, тут-жа і спаў. Ля дзьвярэй стаяў тоўсты пехацінец, які аброс барадою, як краканош[90]. Гэта быў Балёўн, новы дзяншчык паручніка, да вайсковай службы мелькік, з-пад Чэскага Крушлова.

— Няма чаго сказаць, знайшлі вы мне дзяншчыка, — зьвярнуўся паручнік Лукаш да старшага пісара, — вельмі вам дзякую за такі сюрпрыз! У першы-ж дзень пасылаю яго па абед у афіцэрскую кухню, а ён, пакуль прынёс, дык зжор палавіну майго абеда.

— Выбачайце, я яго разьліў, — сказаў тоўсты вялікан.

— Згодзімся, што так. Разьліць можна суп ці падліўку, але не франкфурцкае смажэньне. Ты-ж ад смажэньня прынёс такі кусочак, што яго пад ногаць схаваць можна. Ну, а куды ты дзеў яблычны пірог?

— Я…

— Няма чаго лгаць. Ты яго зжор!

Апошняе слова паручнік сказаў так строга і так энэргічна, што Балёўн на ўсякі выпадак адступіў на два крокі.

— Я сягоньня даведваўся на кухні, што ў нас было на абед. Быў суп з фрыкадэлькамі з пячонкі. Куды ты дзеў фрыкадэлькі? Ідучы павыцягваў? Ясна, як дзень. Апрача таго была вараная ялавічына з агурком. Куды яна дзелася? Таксама зжор. Два кускі франкфурцкага смажэньня, а ты прынёс мне толькі паўкусочка Ну? Двакускі яблычнага пірага. Куды іх дзеў? Напхаўся, паршывая і брудная сьвіньня? Кажы, куды дзеў яблычнае пірожнае? Можа, ты ў гразь яго ўпусьціў? Ну, шэльма! Пакажы мне тое месца, дзе ляжыць гэты кусок у гразі. Можа, як назнарок, прыбег туды сабака, знашоў гэты кусок і панёс яго? Божухна ты мой, Езус хрыстус! Я так наб‘ю табе морду, што яна будзе ў цябе, ях ражка! Гэта сволач асьмельваецца яшчэ хлусіць! Ведаеш, хто цябе бачыў? Старшы пісар Ванэк. Ён сам прышоў да мяне і кажа: «Асьмелюся далажыць, пан паручнік, ваш Балёўн жарэ, сукін сын ваш абед. Гляджу я ў вакно, а ён напіхваецца, як быццам цэлы тыдзень нічога ня еў». Слухайце, старшы пісар, няўжо вы не маглі знайсьці горшую жывёліну за гэтага малончыка?

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, мне паказалася, што з усяе маршавай роты Балёўя найбольш для гэтага падыходзіць. Гэта такая дубіна, што ня мог наўчыцца зрабіць ніводнага прыёму з стрэльбай, і каб яму даў у рукі вінтоўку, дык ён-бы яшчэ бяды нарабіў. Нядаўна, страляючы халастымі набоямі, чуць не прастрэліў вока свайму суседу. Я думаў, што ён, прынамсі, будзе годны на гэту службу.

— Зжэрці абед свайго афіцэра! — сказаў Лукаш. — Як быццам яму не хапае свае порцыі. Ну цяпер, думаю, ты ўжо не галодны?

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, я заўсёды галодны. Калі ў каго застаецца хлеб, дык я тут-жа выменьваю яго на папяросы і ўсё мне мала, такі ўжо я ўрадзіўся. Думаю: ну цяпер ужо наеўся — адно-ж не! Хвіліну пачакаўшы, пачыяае ў мяне зноў у жываце бурчаць, як да яды, і глядзіш, ён, сьцерва, зноў не дае мне спакою. Іншы раз думаю, што ўжо сапраўды хопіць, што больш у мяне ўжо ня ўлезе, дык дзе вы бачылі! Як убачу, што хто-небудзь есьць ці пачую які-небудзь пах, дык зразу ў жываце, быццам яго памялом вымялі: зноў ён пачынае заяўляць пра свае правы. Я тагды гатоў хоць цьвікі глытаць! Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, — я ўжо ня раз прасіў: ці ня можна мне атрымоўваць падвойную порцыю. Праз гэта я быў у Будэйовіцах у палкавога доктара, а той замест падвойнай порцыі засадзіў мяне на два дні ў шпіталь і прапісаў мне ў дэень толькі кубачак чыстага бульёну. «Я, — кажа, — пакажу табе, нягоднік, як табе твае порцыі не хапае! Прыдзі толькі яшчэ раз, дык пойдзеш адгэтуль, як шчэпка». Мне ніяк нельга, пан паручнік, глядзець на смачныя рэчы, дый простыя выклікаюць у мяне такі апэтыт, што ў мяне сьлінка цячэ. Асьмелюся прасіць, пан обэр-лентэнант, зрабеце такую боскую ласку, загадайце, каб мне давалі падвойную порцыю. Калі мяса ня будзе, дык хоць-бы бульбу давалі, кнэдлікі, трошкі падліўкі, гэта-ж заўсёды застаецца.

— Досыць з мяне тваіх нахабных выбрыкаў! — адказаў паручнік Лукаш. — Ці бачылі вы калі-небудзь, старшы пісар, больш нахабнага салдата, як гэты асталоп: зжор абед ды яшчэ хоча, каб яму выдэвалі падвойную порцыю. Гэты абед табе праз бок вылязе! Старшы пісар, — зьвярнуўся ён да Ванэка, — завядзеце яго да капрала Вайдэнгофэра, няхай той яго мацней прывяжа на дварэ каля кухні на дзьве гадзіны, калі будуць раздаваць гуляш. Няхай прывяжа вышэй, каб ён трымаўся толькі на самых пальчыках і бачыў, як у катле варыцца гуляш. Ды зрабеце так, каб нягоднік гэты быў яшчэ прывязаны, калі будуць раздаваць гуляш, каб у яго сьлінка пацякла, як у галоднай сукі, каля тая аціраецца ў кілбасьні, скажэце кухару, няхай яго порцыю падзеліць і аддасьць.

— Слухаю, пан обэр-лейтэнант. Хадзем, Балёўн.

Калі яны ўжо выходзілі, паручнік затрымаў іх у дзьвярах і, гледзячы проста ў спужаны твар Балёўна, пераможна сказаў:

— Ну што? Дабіўся свайго? Прыемнага апэтыту! А калі яшчэ раз зробіш са мною такую штуку, я цябе адразу пашлю ў вайскова-палявы суд.

Калі Ванэк вярнуўся і абвясьціў, што Балёўн ужо прывязаны, паручнік Лукаш сказаў:

— Вы мяне, Ванэк, ведаеце, я ня люблю гэтага рабіць, але я ня мог зрабіць іначай. Па-першае, вы ведаеце, што калі нават у сабакі адбіраюць, костку, дык, і яна агрызаецца. Я не хачу, каб каля мяне жыў нягоднік. Па-другое, тая акалічнасьць, што Балёўн прывязаны, мае вялікае моральнае і псыхолёгічнае значэньне для ўсяе каманды. За апошні час хлопцы, як толькі пападуць у маршавы батальён і ведаюць, што іх заўтра ці пасьлязаўтра адправяць на позыцыі, робяць усё, што ім уздумаецца. — Паручнік са змучаным выглядам ціха гаварыў далей: — Пазаўчора ў час начных манэўраў павінны былі мы дзейнічаць супроць вучэбнай каманды вольнапісаных за цукравым заводам. Першы разьдзел, які ішоў у авангардзе пад маёй камандай па шашы, больш-менш захоўваў цішыню, але другі, што павінен быў ісьці налева і раставіць пад цукровым заводам дазоры, той трымаў сябе, як моладзі, што варочаецца з загароднай прагулкі. Пяюць сабе і стукаюцьнагамі, аж у лягеры чуваць было. Апрача таго на правым флангу ішоў на рэкогносцыроўку мясцовасьці каля лесу трэці разьдзел. Гэта было ад нас на адлегласьці прынамсі хвілін на дзесяць хады, а ўсё-ж добра відаць было, што гэтыя шэльмы кураць: усюды агнявыя кропкі. А чацьверты разьдзел, той, што павінен быў быць ар‘ергардам, чорт ведае якім чынам раптам зьявіўся перад нашым авангардам, так што мы палічылі яго за няпрыяцеля, і я сам павінен быў адступіць перад сваім ар‘ергардам, які наступаў на мяне. Гэта была адзінаццатая маршавая рота, якую цяпер мне далі. Што я з гэтай каманды магу зрабіць? Як яны будуць трымацца ў часе бою.

Пры гэтых словах Лукаш з тварам пакутніка злажыў рукі, як быццам зьбіраўся маліцца, a нос у яго выцягнуўся.

— Вы на гэта, пан паручнік, не зьвяратайце ўвагі, — стараўся супакоіць яго старшы пісар Ванэк. — Ня варта пра гэта і думаць. Я вось ужо быў у трох маршавых ротах, і кожную з іх разам з усімі батальёнамі раскалашмацілі, а нас адпраўлялі зноў формавацца. Усе гэтыя маршавыя роты былі адна горшая аа другую і ніводнай з іх вось на столечкі ня была лепшаю за вашу, пан обэр-лейтэнант. Горшаю за ўсе была 9 ая. Тая з сабою пацягнула ў палон усіх унтэраў і ротнага камандзіра. Мяне выратавала толькі тое, што я адправіўся ў палкавы абоз па ром і віно, і яны зрабілі ўсё гэта без мяне. А ці ведаеце вы, пан обэр-лейтэнант, што ў час апошніх начных манэўраў, пра якія вы былі ласкавы расказваць, каманда вольнапісаных, якая павінна была абыйсьці нашу маршавую роту, заблудзіла і вышла да Нэзыдэрскага возера? Маршыруе сабе ўсё далей і далей аж да самай раніцы, а выведныя патрулі — дык тыя проста ўлезьлі ў балота. А вёў яе сам пан капітан Сагнэр. Яны-б дайшлі аж да самай Шопроні, каб не разьвіднелася! — гаварыў далей конфідэнцыяльным тонам старшы пісар, які смакаваў такія здарэньні; ніводнае з іх не магло схавацца ад яго ўвагі. — Ці ведаеце вы, пан обэр-лейтэнант, — сказаў ён, інтымна падміргваючы Лукашу, — што пан капітан Сагнэр будзе назяачаны камандзірам нашага маршавага батальёну? Раней — як пра гэта казаў фэльдфэбель Гэгнэр з штабу спачатку меркавалася, што камандзірам, як самы старшы з нашмх афіцэраў, будзеце назначаны вы, а потым нібы прышоў у брыгаду загад з дывізіі, што назначан пан капітан Сагнэр…

Паручнік Лукаш прыкусіў губу і закурыў папяросу.

Пра ўсё гэта ён ужо ведаў і быў пераконаны, што з ім абыходзяцца несправядліва. Капітан Сагнэр ужо два разы абышоў яго ў чыне. Аднак Лукаш толькі сказаў:

— He ў капітане Сагнэры справа…

— Ня вельмі што гэта мне падабаецца, — інтымна заўважыў старшы пісар. — Расказваў мне фэльдфэ бель Гэгнэр, што пан капітан Сагнэр у пачатку вайны ўздумаў кедзе ў Чорнагорыі выслужыцца і гнаў адну за другой роты свайго батальёну пад агонь кулямётаў проста на сэрбскія позыцыі, ня гледзячы на тое, што гэта была зусім пагібельная справа і пяхоце наогул там ня было чаго рабіць, бо сэрбаў з тых скал магла зьняць толькі артылерыя. З усяго батальёну засталося толькі восемдзесят чалавек; сам пан капітан Сагнэр быў паранены ў руку, потым у больніцы заразіўся яшчэ дэзынтэрыяй і толькі пасьля гэтага зьявіўся ў нас у палку ў БудэйоЕІцах. А ўчора як быццам гаварыў у афіцэрскім сабраньні, як ён марыць пра фронт, што ён гатоў палажыць увесь маршавы батальён, але сябе пакажа і дастане вышэйшы ордэн за сваю работу (на сэрбскім фронце ён дастаў фігу з маслам), але цяпер ён ці ляжа касьцьмі з усім маршавым батальёнам, ці набудзе годнасьць падпалкоўніка, але маршаваму батальёну прыдзецца крута. Я так дуглаю, пан обэр-лейтэнант, што гэта рызыка і нас закранае. Нядаўна казаў фэльдфэбель Гэгнэр, што вы вельмі ня ладзіце з панам капітан Сагнэрам і што ён у першую чаргу пашле нашу 11-ю роту ў бой на самае небясьпечнае месца.

Старшы пісар уздыхнуў.

— Я так думаю, што ў такой вайне, як гэта, калі гэтулькі войска і пры такой расьцягненасьці лініі фронту, хутчэй можна дасягнуць посьпеху добрым манэўраваньнем, як адчайнымі атакамі. Я быў сьведкай гэтага пад Дукляю, калі быў у 10-й маршавай роце. Тагды ўсё сышло вельмі гладка, камандавалі «не страляць!» — мы не стралялі, а чакалі, пакуль рускія да нас падыйдуць. Мы-б іх забралі ў палон бяз ніводнага стрэлу, толькі тагды, каля нас на левым флангу стаялі ідыеты апалчэнцы, дык тыя так спужаліся, што ідуць рускія, што пачалі ўцякаць з гары па сьнягу, як на коўзанцы. Ну мы атрымалі загад, дзе пісалася, што рускія прарвалі левы фланг і што мы павінны адыйсьці да штабу брыгады. Я тагды быў у штабе брыгады, куды прынёс на подпіс ротную харчовую кнігу, бо ня мог знайсьці свайго палкавога абозу.

У гэты час у штаб брыгады пачалі прыбягаць па адным хлопцы з 10-й маршавай роты. Да вечара іх прыбыло сто дваццаць чакавек, а рэшта, як казалі, быццам заблудзілі, адступаючы, і зьехалі па сьнягу проста да рускіх, як на табагане[91].

Нацярпеліся мы там страху, пан обэр-лейтэнант. У рускіх у Карпатах былі позыцыі і ўнізе і ўгары. А потым, пан обэр-лейтэнант, пан капітан Сагнэр…

— Дайце вы мне спакой з панам капітанам Сагнэрам! — сказаў паручнік Лукаш. — Я сам усё гэта добра ведаю. Ня думайце толькі, калі ласка, што пачнецца бой, вы зноў выпадкова апыніцеся дзе-небудзь у абозе і будзеце атрымоўваць ром і віно. Мяне папярэдзілі, што вы моцна п‘яце, і, глянуўшы на ваш чырвоны нос, зразу ўбачыш, з кім маеш справу.

— Гэта ўсё з Карпат, пан обэр-лейтэнант. Там нехаця прыходзіцца гэта рабіць: абед нам прыносілі халодны, у акопах у нас быў сьнег, агонь раскладаць няможна было, з намі-б здарылася тое, што з іншымі маршавымі ротамі, дзе ня было рому, і людзі памерзьлі. Але затое ў нас ва ўсіх былі ад рому чырвоныя насы, і гэта таксама было нядобра, бо з батальёну прышоў загад, каб у выведку пасылаць тых з каманды, у каго чырвоныя насы.

— Цяпер зіма ўжо прайшла, — многазначна сказаў паручнік. — Ром, які віно, пан обэр-лейтэнант, на фронце вельмі патрэбны ва ўсякую пару году. Яны, так сказаць, падбадзёрваюць. За паўкацялка віна і чвэртку літра рому салдат вам пойдзе біцца, з кім хочаце. Што гэта за жывёліна зноў стукае ў дзьверы, ня можа прачытаць, ці што, на дзьверах: «Ня стукаць».

— Зайдзеце.

Паручнік Лукаш павярнуўся ў крэсьле да дзьвярэй і ўбачыў, што дзьверы павольна і ціха адчыняюцца. І таксама ціха ў канцылярыю 11-й роты ўвайшоў удалы ваяка Швэйк, аддаючы чэсьць ужо ў дзьвярах. Мусіць, ён аддаваў чэсьць ужо тагды, калі стукаў у дзьверы, чытаючы надпіс «Ня стукаць».

Швэйк трымаў руку ля казырка, і гэта вельмі падыходзіла да яго бясконца спакойнага бесклапотнага аблічча. Ён выглядаў, як грэцкі бог крадзяжу, адзеты ў простую форму аўстрыйскага пехацінца.

Паручнік Лукаш на момант міжвольна заплюшчыў вочы пад ласкавам паглядам удалага ваякі Швэйка. Напэўна з такою любасьцю глядзеў блудны, згублены і зноў вернуты сын на свайго бацьку, калі той у гонар яго пёк на ражне барана.

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, я зноў тут, — пачуўся ў дзьвярах голас Швэйка з такой адкрытай прастатой, што паручнік Лукаш зразу апамятаваўся.

З таго самага моманту, калі палкоўнік Шрэдэр сказаў, што зноў пасадзіць яму на шыю Швэйка, паручнік Лукаш кожны дзень у думках аддаляў момант спатканьня.

Кожную раніцу ён думаў: «Сягодня ён ня зьявіцца. Напэўна, ён і ам яшчэ чаго-небудзь начвэрыў, і яго там яшчэ патрымаюць».

І ўсе гэтыя комбінацыі Швэйк разбурыў сваім мілым і простым зьяўленьнем.

Швэйк спачатку глянуў на старшага пісара Ванэка — і, зьвярнуўшыся да яго з прыемнай усьмешкай, падаў паперы, якія выцягнуў з кішэні шыняля.

— Асьмелюся далажыць, пан старшы пісар, гэтыя паперы, якія мне выдалі ў палкавой канцылярыі, я павінен аддаць вам. Гэта наконт мае пэнсыі і пайка.

Швэйк трымаўся ў канцылярыі 11-й маршавай роты так вольна і сьмела, як быццам ён з Ванэкам быў у самых сяброўскіх адносінах. На ўсё гэта вайсковы пісар рэагаваў толькі словамі:

— Палажэце гэта на стол.

— Будзьце ласкавы, старшы пісар, пакіньце нас з Швэйкам адных, — сказаў, уздыхнуўшы, паручнік Лукаш.

Ванэк вышаў і стаў за дзявярыма падслухваць, пра што яны будуць гаварыць.

Спачатку ён нічога ня чуў. Швэйк і паручнік Лукаш маўчалі і доўга глядзелі адзін на аднаго. Лукаш глядзеў на Швэйка, нібы хацеў яго загіпнотызаваць, які пеўнік, які стаіць супроць куркі і рыхтуецца на яе ўскочыць.

Швэйк, як заўсёды, глядзеў сваім цёплым пяшчотным поглядам на паручніка, як быццам хацеў яму сказаць: «Зноў мы разам, мая любачка! Цяпер нічога нас не разлучыць, саколік ты мой!»

І з тае прычыны, што паручнік доўга не парушаў маўчаньня, вочы Швэйка казалі яму з сумнай пяшчотай: «Дык скажы што-небудзь, залаценькі мой, рэкні хоць слоўца!»

Паручнік Лукаш парушыў гэта пакутнае маўчаньне словамі, улажыўшы ў іх добрую порцыю гіроніі:

— Вельмі рад вам, Швэйк! Дзякую вам за наведваньне. Нарэшце такі вы тут, доўгачаканы госьць.

Але ён ня стрымаўся, і ўся злосьць, якая сабралаея ў яго за апошнія дні, вылілася праз страшэнны ўдар кулаком па стале. Чарніліца падскочыла і заліла чарнілам ведамасьць на пэнсію. Разам з чарніліцай падскочыў паручнік Лукаш і, падбегшы да Швэйка, закрычаў:

— Жывеліна!

Ён стаў кідацца сюды і туды па вузкай канцылярыі і, прабягаючы каля Швэйка, кожны раз адплёўваўся.

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, — сказаў Швэйк, у той час як паручнік Лукаш, не перастаючы, бегаў па канцылярыі і разьюшана кідаў у куток скамечаныя аркушы паперы, якія ён хапаў з стала, — ліст я аддаў зусім ня чапаным. На шчасьце мне ўдалося застаць дома самую паню Каконь і магу сказаць пра яе, што гэта вельмі прыгожая жанчына. Бачыў, праўда, я яе толькі, калі яна плакала.

Паручнік Лукаш сеў на ложак вайсковага пісара і хрыплым голасам сказаў:

— Калі-ж будзе канец усяму гэтаму!

Швэйк прыкінуўшыся, што не дачуў, гаварыў далей:

— Потым са мной здарылася там маленькая прыкрасьць, але я ўзяў усё на сябе. Мне там ня верылі, што я перапісваюся з гэтай паняй, дык я, для таго, каб замесьці ўсе сьляды, палічыў самым лепшым пры допыце ліст праглынуць. Потым, дзякуючы простаму выпадку — іначай гэта ніяк нельга растлумачыць! — я ўмяшаўся ў невялікую бойку, але з гэтага я выкруціўся. Прызналі, што я не вінават, мяне паслалі да палкоўніка, і ў дывізійным судзе сьледзтва спынілі. У палкавой канцылярыі мяне затрымалі ўсяго толькі хвіліны на дзьве, пакуль ня прышоў палкоўнік, які мяне трохі палаяў і сказаў мне, што я зараз-жа павінен, пан обэр-лейтэнант, зьявіцца да вас з рапартам пра заступленьне на пасаду ордынарца. Апрача таго, пан палкоўнік загадаў мне далажыць вам, каб вы зараз жа да яго прышлі па справах маршавай роты. З таго часу прайшло больш за поўгадзіны. Пан палкоўнік ня ведаў-жа, што мяне пацягнуць у палкавую канцылярыю і што я прасяджу там больш як чвэртку гадзіны. Усё гэта праз тое, што за ўвесь гэты час затрымалі маю пэнсію, якую мне павінны былі выдаць ня ў роце, а ў палку, бо я лічыўся палкавым арыштантам. Там усё так перамяшалі і пераблыталі, што проста звар‘яцець можна.

Пачуўшы, што яшчэ паўгадзіны таму назад ён павінен быў быць у палкоўніка Шрэдэра, паручнік пачаў хутка апранацца.

— Зноў, Швэйк, удружылі вы мне! — сказаў ён голасам, поўным безнадзейнага адчаю.

Швэйк паспрабаваў суцешыць яго сяброўскім словам, пракрычаўшы ўсьлед паручніку Лукашу, які, як бомба, вылецеў з канцылярыі:

— Нічога палкоўнік пачакае: яму ўсё роўна няма чаго рабіць!

Праз хвіліну пасьля таго, як вышаў паручнік, у канцылярыю ўвайшоў старшы пісар Ванэк.

Швэйк сядзеў на крэсьле і падкладваў маленькую жалезную печку вугаль, кідаючы праз адчыненыя дзьверцы кускі вуглю ў агонь. Печка чадзіла, сьмярдзела, а Швэйк усё забаўляўся, не зьвяртаючы ўвагі на Ванэка, які спыніўся і некалькі хвілін наглядаў за Швэйкам, нарэшце ня вытрымаў, зачыніў нагою дзьверцы печкі і сказаў Швэйку, каб той адтуль выбіраўся.

— Пан старшы пісар, — сказаў з павагаю да сябе Швэйк, дазвольце вам заявіць, што ваш загад выбірацца ня толькі адгэтуль, але наогул з лягеру выканаць не магу, бо падпарадкуюся загаду вышэйшай інстанцыі. Я ордынарэц, ганарова дадаў Швэйк. — Пан палкоўнік Шрэдэр прыкамандыраваў мяне ў 11-ю маршавую роту да пана обэр-лейтэнанта Лукаша, у якога я раней быў дзяншчыком, але дзякуючы маёй прыроджанай інтэлігентнасьці я атрымаў павышэньне на ордынарца. Мы з панам обэр-лейтэнантам старыя знаёмыя. А чым вы займаліся, пан старшы пісар, да вайны?

Палкавы пісар Ванэк быў так зьбянтэжаны панібрацкім тонам удалага ваякі Швэйка, што, забыўшыся пра свой чын, якім вельмі любіў пафарсіць перад простымі салдатамі, адказаў, быццам падначалены Швэйку:

— Я служыў прадаўцом у аптэкарскім магазыне ў Кралупах. Прозьвішча маё Ванэк.

— Я таксама вучыўся аптэкарскай справе, — адказаў Швэйк, — у Празе ў пана Какошкі на Пэрштыне[92]. Ён быў вялікі дзівак, і калі, неяк памыліўшыся, я запаліў бочку з бэнзынай і ў яго згарэў дом, ён мяне выгнаў і ў цэх мяне ўжо нідзе ня прымалі, і праз гэту дурнецкую бочку з бэнзынай мне не ўдалося давучыцца. Ці прыгатоўвалі вы таксама лекавыя травы для кароў?

Ванэк адмоўна пакруціў галавою.

— Мы прыгатоўвалі лекавыя травы для кароў разам з пасьвенчанымі абразікамі. Наш гаспадар Какошка быў вельмі набожны чалавек і вычытаў раз, што сьвяты Пілігрым лечыць жывёлу, калі яе апушыць. Дык ён заказаў на Сьміхаве надрукаваць абразкі сьвятога Пілігрыма і занёс іх у Эмаўскі кляштар, дзе іх яму і пасьвяньцілі за дзьвесьці гульдэнаў, а потым мы іх укладвалі ў канвэрцікі з нашымі лекавымі травамі для кароў. Карове гэтыя лекавыя травы сыпалі ў цёплую ваду і давалі ёй піць гэту бурду з ражкі. Пры гэтым жывёле гаварылася невялічкая малітва да сьвятога Пілігрыма, малітву-ж гэту склаў наш прадавец Таўхэн. Справа была так. Калі гэтыя абразікі сьвятога Пілігрыма былі надрукаваны, дык на другім баку трэба было надрукаваць якую-небудзь малітву. Дык вось наш стары Какошка паклікаў Таўхэна і кажа яму, каб ён да заўтрага склаў малітзу да нашых абразікаў і лекавых траў, каб заўтра, у дзесяць гадзін, калі ён прыдзе ў краму, усё ўжо было гатова, каб чожна было паслаць у друкарню: каровы ўжо даўно чакаюць гэтай малітвы. Альбо тое, альбо тое: калі складзе добра — ён яму гульдэн на бочку паложыць, не — праз два тыдні атрымае разьлік. Пан Таўхэн цэлую ноч пацеў, а раніцаю, ня выспаўшыся, прышоў адчыняць краму, а ў яго нічога яшчэ ня было напісана. Мала гэтага: забыўся, як сьвяты гэтых лекавых траў завецца. Выратаваў яго з бяды пасыльны Фэрдынанд. Той быў на ўсе рукі майстар. Калі мы на вышках сушылі гарбату з рамонку, дык ён, бывала, возьме ды ўлезе ў гэты самы рамонак нагамі. Ён казаў нам, што ад гэтага ногі перастаюць пацець. Умеў ён лавіць галубоў на вышках, умеў адчыняць канторку з грашыма, навучаў нас яшчэ і іншымі спосабамі падзарабляць, і ў мяне, у хлапчука, дома была такая аптэка (я яе з крамы дадому сабе нацягаў), якой ня было і «ў міласэрных[93]». Дык вось той самы Фэрдынанд і выратаваў з бяды Таўхэна. «Дазвольце, — кажа, — глянуць». Пан Таўхэн зараз-жа паслаў мяне па піва для яго, і не пасьпеў я яшчэ прынесьці піва, а ўжо Фэрдынанд напалову быў гатоў з гэтай справай і прачытаў нам услых:

З неба голас раздаецца,

I заціх гармідар долу:

У Какошкі прадаецца

Дзіва-корань для жывёлы!

Добра лечыць корань гэты

(He шкадуй адно манеты!)

І цялятак, і кароў

Бяз ніякіх дактароў.

Потым, калі выпіў піва і як належыць лізнуў валяр‘янавых капель, справа пашла шпарчэй, і ён у адзін момант дасканала скончыў:

Слава ў небе табе, Пілігрыме сьвяты!

Дзіва-корань знашоў для кароў нашых ты.

Ты ўцеха сялянам, збавеньне — каровам,

Ахоўвай наш статак, каб быў ён здаровым.

Потым, калі прышоў пан Какошка, пан Таўхэн пашоў з ім у кантору, а калі вышаў адтуль, паказаў нам два злоты, а не адзін, як яму было паабяцана. Ну, ён хацеў падзяліць іх напалам з панам Фэрдынандам, але слугу Фэрдынанда, калі ён убачыў гэтыя два злоты, апанаваў чорт зайздрасьці і ён сказаў: «Ці ўсё ці нічога!» Ну тагды пан Таўхэн яму нічога не даў, а пакінуў гэтыя два злоты сабе. Потым прывёў мяне ў магазын, даў мне па патыліцы, і сказаў, што дасьць мне яшчэ так разоў са сто, калі я калі-небудзь асьмелюся сказаць, што ня ён склаў. А калі-б Фэрдынанд пашоў скардзіцца да нашага гаспадара, то я павінен сказаць, што слуга Фэрдынанд хлус. Мне прышлося ў гэтым прысягнуць перад бутэлькаю з воцатам. Ну, а наш слуга пачаў спаганяць злосьць на лекавай траве для кароў. Зьмешвалі мы гэтыя травы ў вялікіх скрынках на вышках, а ён, дзе толькі знаходзіў, зьмятаў мышыны памёт, прыносіў яго і прымешваў да гэтай лекавай травы. Потым зьбіраў на вуліцы конскія галушкі, сушыў іх дома, тоўк у ступцы для лекавых траў і таксама падмешваў у лекавыя травы для кароў з абразікам сьвятога Пілігрыма. Але і гэтага яму было мала. Ён хадзіў ў гэтыя скрынкі за малою і вялікаю патрэбаю, а потым усё гэта разьмешваў. Выходзіла як-бы каша з вотруб‘я…

Пачуўся тэлефонны званок. Старшы пісар падбег да тэлефоннага апарату і з агіднасьцю адкінуў трубку.

— Прыдзецца ісьці ў палкавую канцылярыю. Так раптоўна. Нешта мне гэта не падабаецца!

Швэйк зноў застаўся адзін.

Праз хвіліну пачуўся зноў тэлефонны званок.

Швэйк пачаў тэлефонную размову.

— Ванэк?.. Ён пашоў у палкавую канцылярыю. Хто пры тэлефоне?.. Ордынарац 11-й маршавай роты. А хто там?.. Ордынарац 12-й роты. Маё шанаваньне, колега. Маё прозьвішча?.. Швэйк. А тваё? Браўн! Гэта ня твой сваяк Браўн на наберажнай вуліцы ў Карліне — шапачнік? Не?.. Ня ведаеш такога… Я таксама з ім не знаёмы. Я ехаў неяк раз на трамваі, і яго шыльда мне кінулася ў вочы. Якія навіны?.. Я нічога ня ведаю. Калі едзем? Я яшчэ ні з кім пра ад‘езд не гаварыў. А куды мы павінны ехаць?

— Вось ёлап! З ротаю на фронт.

— Пра гэта я яшчэ нічога ня чуў.

— Няма чаго казаць — добры ордынарац! А як твой лейтэнант?..

— He лейтэнант, а обэр-лейтэнант.

— Гэта ўсё адно. Твой обэр-лейтэнант пашоў на нараду да палкоўніка?

— Ён яго туды паклікаў.

— Ну дык бачыш: наш таксама туды пашоў і камандзір 13-й роты таксама. Я толькі што гаварыў з іхным ордынарцам па тэлефоне. Мне гэта сьпешка нешта не падабаецца! — А ці ведаеш, што музыканская каманда ўпакоўваецца?

— Я нічога ня ведаю.

— Ня прыкідвайся дурнем. Кажуць, што ваш старшы пісар ужо дастаў накладную. Праўда гэта? Колькі ў вас у камандзе людзей?

— Ня ведаю.

— Эх ты, булавешка дурная, што я цябе зьем, ці што? (Чуваць было, як той, што гаварыў па тэлефоне, зьвярнуўся да некага зблізку: «Франта, вазьмі другую трубку, пачуеш, які ў 11-й роце дурніла ордынарац». (Алё! Сьпіш ты там, ці што, што ты там робіш? Дык адказвай, калі ў цябе сябар пытаецца. Дык ты яшчэ нічога ня ведаеш? Ня тойся. Хіба палкавы пісар не казаў, што вам будуць выдаваць консэрвы. Ты з ім пра такія рэчы не газорыш? Вось дубіна! Цябе гэта не абыходзіць! (Чуцен сьмех). Што… на цябе цагліна, ці што, з страхі скінулася! Ну, а калі што-небудзь уведаеш, дык ты перадай нам па тэлефоне ў 12-ю маршавую роту, дурань любы! Адкуль ты?

— З Прагі.

— Адтуль павінны быць трошкі разумнейшыя. Ды вось яшчэ што. Ці даўно пашоў у канцылярыю ваш старшы пісар?

— Толькі што яго паклікалі.

— Вось як. А раней ты ня мог мне пра гэта сказаць! Наш таксама толькі што пашоў. Нешта там заварваецца. З абозам не гаварыў яшчэ?

— He.

— А божухна! А яшчэ кажаш, што з Прагі. Ты ні аб чым не клапоцішся? Дзе ты толькі цэлы дзень цягаешся?

— Я толькі з гадзіну таму назад прышоў з дывізійнага суду.

— Гэта іншы гатунак, таварыш! Зараз-жа забягу да цябе глянуць! Давай адбой.

Толькі што Швэйк нарыхтаваўся закурыць люльку, як змоў пачуўся тэлефонны званок. «Ну вас к чорту з вашым тэлефонам, — падумаў Швэйк, — прыемнасьць мне з вамі валаводзіцца!»

Тэлефон не змаўкаючы званіў і ў Швэйка нарэшце нехапіла цярплівасьці, ён узяў тэлефонную трубку і закрычаў у тэлефон:

— Алё! Хто пры тэлефоне? Тут ордынарац 11-й маршавай роты Швэйк!

Па адказе Швэйк пазнаў голас паручніка Лукаша.

— Што вы ўсё там робіце? Дзе Ванэк? Зараз-жа паклічце да тэлефона Ванэка!

— Асьмелюся далажыць; пан обэр-лейтэнант, тэлефон толькі што пазваніў.

— Слухайце, Швэйк, мне няма калі з вамі глупствам займацца! Тэлефонныя размовы на вайскозай службе — гэта вам не тэлефонная балбатня, калі каго-небудзь запрашаюць на абед. Тэлефонная размова пазінна быць ясная і кароткая. Гаворачы па тэлефоне, адкідаюць «асьмелюся далажыць, обэр-лейтэнант». Я вас пытаюся, Швэйк, тут Ванэк? Няхай зараз-жа падыдзе да тэлефона.

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, пад рукою яго няма. Яго нядаўначка, можа і чвэрткі гадзіны ня будзе, як з нашай канцылярыі выклікалі ў палкавую канцылярыю.

— Дайце мне толькі прыйсьці, я з вамі распраўлюся! Хіба вы ня можаце адказваць карацей? Слухайце добра, што я вам зараз буду казаць. Добра чуеце? Каб вы потым у мяне не адгаварваліся, што ў тэлефоне нешта хрыпела. У тую-ж хвіліну, як павесіце трубку…

Перапынак.

Зноў званок.

Швэйк бярэ тэлефонную трубку, і на яго сыплецца град лаянкі.

— Жывёліна, хуліган, шэльма! Што вы робіце? Чаму перапынілі размову?

— Вы былі ласкавы сказаць, каб я павесіў трубку.

— Праз гадзіну я прыду дадому. Ня ўзрадуецеся вы ў мяне! Зараз-жа ідзеце ў казармы, знайдзеце там якога небудзь унтэр-афіцэра, хоць Фукса, і скажэце яму, каб ён зараз-жа ўзяў дзесяць радавых і ішоў з імі на склад атрымоўваць консэрвы. Паўтарэце, што ён павінен зрабіць.

— Ісьці з дзесяцьма радавымі на склад атрымоўваць консэрвы для роты.

— Нарэшце вы трошкі паразумнелі! Я пакуль што пазваню Ванэку ў палкавую канцылярыю, каб ён таксама ішоў на склад прыняць консэрвы. Калі-ж ён тымчасам вернецца ў барак, няхай пакідае ўсё і бяжыць на склад. А цяпер павесьце трубку.

Швэйк досыць доўга ня мог знайсьці ні ўнтэр-офіцэра Фукса, ні каго-небудзь іншага з унтэраў. Усе яны тарчалі каля кухні, абгрызаючы мяса з касьцей і насьміхаліся над прывязаным Балёўнам, які, праўда, стаяў усім ступянём на зямлі; яго пашкадавалі. Усё-ж і так ён быў цікавым відовішчам.

Адзін з кухараў прынёс яму рабрыну і ўсунуў яму проста ў рот, а прывязаны барадаты вялікан Балёўн, ня маючы магчымасьці трымаць костку рукамі, асьцярожна пераварочваў яе ў роце, балянсуючы ёю з дапамогаю зубоў і дзяснаў. Пры гэтай рабоце ён быў падобен да лясуна.

— Хто тут камандзір разьдзелу Фукс? — запытаўся Швэйк, нашоўшы нарэшце ўнтэраў.

Унтэр-афіцэр Фукс не палічыў патрэбным абзывацца, убачыўшы, што яго пытаецца нейкі радавы пехацінец.

— Выразна кажуць вам, — крыкнуў Швэйк, — ці доўга я яшчэ буду ў вас пытацца?! Дзе тут камандзір разьдзелу Фукс?!

Унтэр-афіцэр Фукс вышаў наперад і з павагаю да сябе стаў усяляк лаяць Швэйка, што ён но камандзір разьдзелу, а пан камандзір разьдзелу, што ня можна крычаць: «Дзе камандзір разьдзелу?» — а трэба: «Асьмелюся далажыць ці тут знаходзіцца пан камандзір разьдзелу ўнтэр афіцэр?» У яго разьдзеле, калі хто забудзецца сказаць «асьмелюся далажыць», зараз-жа дастае па мордзе.

— Лягчэй на паваротах! — сказаў паважна Швэйк. Зараз-жа зьбірайцеся, ідзеце ў казармы, вазьмеце там дзесяць радавых і разам з імі бягом марш на склад атрымоўваць консэрвы.

Ашаломлены ўнтэр-афіцэр Фукс перапытаў:

— Што?

— Бяз ніякіх там «што», — адказаў Швэйк. — Я ордынарац. 11-й маршавай роты, і хвіліну таму назад размаўляў па тэлефону з панам обэр-лейтэнантам Лукашом, і той сказаў: «Бягом марш з дзесяцьма радавымі на склад». Калі вы ня пойдзеце, пан камандзір разьдзелу Фукс, я зараз-жа іду званіць па тэлефоне. Пан обэр-лейтэнант патрабуе, каб вы абавязкова ішлі. Ня можа быць ніякіх гутарак! «Тэлефонная размова, — кажа пан обэр-лейтэнант Лукаш, — павінна быць ясная і кароткая» Калі сказана ісьці камандзіру разьдзелу Фуксу, дык камандзір разьдзелу Фукс павінен ісьці! Такі загад вам не якая-небудзь балбатня па тэлефоне, калі хто-небудзь на абед запрашае. На вайсковай службе, асабліва ў час вайны, кожнае замаруджваньне — злачынства. «Калі гэты самы камандзір разьдзелу Фукс зараз-жа кя пойдзе, як толькі вы яму пра гэта скажаце, дык вы мне зараз-жа званеце па тэлефоне, і я з ім распраўлюся! Ад камандзіра разьдзелу Фукса нічога не застанецца!» Даражэнькі, дрэнна вы пана обэр-лейтэнанта ведаеце!

Швэйк пераможна глянуў на ўнтэр-афіцэраў, якія яго прамоваю былі зьдзіўлены і прыгнечаны.

Камандзір разьдзелу Фукс забурчаў нешта незразумелае і шпаркімі крокамі пашоў. Швэйк уздагон яму закрычаў:

— Дык можна пазваніць па тэлефоне пану обэр-лейтэнанту, што ўсё ў парадку?

— Зараз-жа буду з дзесяцьма радавымі на складзе, — адказаў камандзір разьдзелу Фукс.

А Швэйк, не сказаўшы ні слова, пашоў, пакінуўшы ўнтэр-афіцэраў, ашаломленых ня менш за камандзіра разьдзелу Фукса.

— Пачынаецца! — сказаў нізенькі капрал Блажэк. — Прыдзецца пакавацца.

* * *

Швэйк вярнуўся ў канцылярыю 11-й маршавай роты. He пасьпеў ён закурыць люльку, як пачуўся тэлефонны званок. З Швэйкам зноў загаварыў паручнік Лукаш.

— Дзе вы цягаецеся, Швэйк? Званю ўжо трэці раз, і ніхто не адгукваецца.

— Усіх зганяў, пан обэр-лейтэнант.

— Што, пашлі ўжо?

— Вядома пашлі, але яшчэ ня ведаю, ці прышлі яны туды. Можа яшчэ раз зьбегаць.

— Знашлі вы камандзіра разьдзелу Фукса?

— Знайшоў, пан обэр-лейтэнант. Спачатку ён мне сказаў «Што?», але пасьля таго, як я яму растлумачыў, што тэлефонная размова павінна быць кароткая і ясная…

— Ня дурэцеся, Швэйк!.. Ванэк яшчэ не вярнуўся?

— He вярнуўся, пан обэр-лейтэнант.

— Ды не крычэце вы так у трубку! Ня ведаеце, дзе можа быць цяпер гэты пракляты Ванэк?

— Ня ведаю, пан обэр-лейтэнант, дзе можа быць гэты пракляты Ванэк?

— Ён быў у палкавой канцылярыі, але некуды пашоў. Думаю, што, можа, сядзіць у кантыне[94]. Ідзеце туды па яго, Швэйк, і скажэце яму, каб ён зараз-жа ішоў на склад. Ага, вось яшчэ што: знайдзеце зараз-жа капрала Блажэка і скажэце яму, каб ён зараз-жа адвязаў Балёўна, і пашлеце Балёўна ка мне. Павесьце трубку.

Швэйк пашоў выконваць загад, знашоў капрала Блажэка і перадаў яму загад паручніка, каб ён адвязаў Балёўна. Капрал Блажэк забурчаў:

— Абы што трошкі, пачынаюць ужо дрыжаць!

Швэйк быў пры адвязваньні Балёўна і пашоў з ім разам, бо той ішоў па дарозе да кантыны, дзе Швэйк павінен быў шукаць старшага пісара Ванэка.

Балёўн глядзеў на Швэйка, як на свайго збавіцеля, і абяцаў яму, што будзе дзяліцца ўсімі сваймі пасылкамі, якія атрымае з дому.

— У нас хутка будуць калоць сьвіньню, сказаў мэлёнхолічна Балёўн. — Ты любіш кілбасу з крывёй ці бяз крыві? Скажы, не саромейся, я яшчэ сягоньня вечарам буду пісаць дадому. Мая сьвіньня вагою будзе так кілё сто пяцьдзесят. Галава ў яе як у бульдога, а такія сьвіньні — самы лепшы гатунак. З такімі сьвіньнямі страты ня будзеш мець. Такі завод, брат, не падмане. Сала на ёй пальцаў на восем. Калі я быў дома, дык я сам рабіў ліверную кілбасу, і пры гэтым так, бывала, набярэшся фаршу, што сам ледзь ня лопнеш. У мінулым годзе я закалоў сьвіньню, якая важыла сто шэсьцьдзесят кілё. Гэта, брат, была сьвіньня! — сказаў ён патэтычна, моцна паціскаючы руку Швэйку на разьвітаньні. — А выкарміў я яе аднэю бульбаю і сам дзівіўся, як яна ў мяне хутка сыцела. Шынкі я спачатку палажыў у расол. Такі кусок падсмажанай вянгліны, што паляжала ў расоле, ды з бульбянымі кнэдлікамі, пасыпанымі скваркамі, ды з капустай!.. Пальчыкі абліжаш! Колькі пасьля гэтага піўца можна выпіць. Ня жыцьцё, а рай! Што пасьля гэтага чалавеку яшчэ трэба? I ўсё гэта ў нас адабрала вайна.

Барадаты Балёўн цяжка ўздыхнуў і пашоў у палкавую канцылярыю, а Швэйк накіраваўся ўздоўж старых ліповых прысад да кантыны.

Старшы пісар Ванэк з здаволеным выглядам сядзеў у кантыне і тлумачыў знаёмаму пісару з штабу, колькі можна было зарабіць перад вайною на эмалевых і клеевых фарбах. Штабны пісар быў спрэс п‘яны. Днём прыехаў адзін багаты абшарнік з Пардубіц, сын якога быў у лягерах, даў яму добра ў лапу і ўсю раніцу да абеду частаваў яго ў горадзе.

Цяпер пісар з штабу сядзеў у вялікай роспачы, што ў яго прапаў апэтыт, не разумеў, пра што ідзе гутарка, а на трактат пра эмалевыя фарбы зусім не рэагаваў.

Ён быў заняты сваімі думкамі і бурчаў сабе пад нос, што чыгуначная галіна павінна была-б ісьці з Тршэбоні ў Пілігрымаў і потым назад.

Калі ўвайшоў Швэйк, Ванэк яшчэ раз паспрабаваў у лічбах растлумачыць штабному пісару, колькі можна зарабіць на адным кілёграме цэмантовай фарбы на пабудовах, на што штабны пісар адказаў зусім з іншай опэры.

— Варочаючыся назад, ён памёр і пакінуў пасьля сябе толькі лісты.

Убачыўшы Швэйка, ён палічыў яго за некага, на каго меў зуб, і пачаў абзываць яго варажбітом.

Швэйк падышоў да Ванэка, які быў таксама падвыпіўшы, але пры гэтым ён быў ветлівым і добрым.

— Пан старшы пісар, — адрапартаваў яму Швэйк, — зараз-жа ідзеце ў цэйхгаўз, там вас чакае ўжо камандзір разьдзелу — Вольф[95] з дзесяцьма радавымі, каб прыняць консэрвы. Ногі ў рукі, бягом — марш! Пан обэр-лейтэнант званіў па тэлефоне ўжо два разы.

Ванэк засьмяяўся.

— Дзіцятка ты маё, што я ідыёт, ці што? За гэта-ж мне прышлося-б самога сябе вылаяць, анёлак ты мой. Часу на ўсё хопіць! За каўнер-жа нам не цячэ, золатка маё! Няхай обэр-лейтэнант Лукаш. спачатку адправіць гэтулькі маршавых рот, колькі я — тады няхай і размаўлае, і тады ён ні да каго ня будзе чапляцца з сваім «бягом марш!»

Я ўжо атрымаў загад у палкавой канцылярыі, і што заўтра едзем, што трэба ўпакоўвацца і атрымоўваць на дарогу харчы. А што ты думаеш я зрабіў? Я самым спакойным чынам зайшоў сюды выпіць чвэртку віна. Сядзіцца мне тут спакойна, і няхай усё ідзе сваім парадкам. Консэрвы застануцца консэрвамі, выдача — выдачай. Я ведаю харчовы магазін ляпей, як пан обэр-лейтэнант, і разьбіраюся ў тым, што гавораць паміж сабою афіцэры на нарадзе ў пана палкоўніка. Гэта-ж толькі пану палкоўніку здаецца, што ў харчовым магазыне ёсьць консэрвы. На складзе нашага палка ніколі ў запасе консэрваў ня было і даставалі мы час-ад-часу ці з брыгады ці пазычалі ў іншых палкоў, які толькі пападзецца пад руку. Аднаму толькі Бэнэшаўскаму палку мы вінаваты больш за трыста бляшанак консэрваў. Хе, хе! Няхай на сваіх нарадах яны гавораць, што ім уздумаецца. Куды сьпяшацца? Усё-ж роўна калі туды нашы прыдуць, каптэнармус скажа ім, што яны з глузду зьехалі. Ніводная маршавая рота не атрымала на дарогу консэрваў. Так, ці што, ты, старая бульбіна? — зьвярнуўся ён да штабнога пісара.

Той, відавочна, ці засынаў ці з ім здарыўся невялікі прыпадак белай гарачкі; ён адказаў:

— Яна ішла, трымала над сабою растапыраны парасон.

— Найлепей, — гаварыў далей старшы пісар Ванэк, — на ўсё гэта махнуць рукою. Калі сягоньня ў палкавой канцылярыі сказалі, што заўтра адпраўляемся, дык гэтаму ня можа паверыць і малое дзіця. Хіба-ж можам мы паехаць без вагонаў? Пры мне яшчэ званілі на вакзал. Там няма ніводнага вольнага вагона. Выходзіць якраз так, як было з апошняй маршавай ротай. Сядзелі мы тагды два дні на вакзале і чакалі, пакуль над намі хто-небудзь зьмілуецца і пашле нам цягнік. А потым мы ня ведалі, куды паедзем. Нават сам палкоўнік нічога ня ведаў. Ужо праехалі мы потым ўсю Вэнгрыю, і зноў ніхто ня ведаў: ці мы наедзем у Сэрбію ці ў Расію. На кожнай станцыі гаварылі па простым провадзе са штабам дывізіі. Але былі мы толькі латкаю. Прышылі нас нарэшце недзе ля Дукля. Там нас ушчэнт разьбілі, і мы зноў паехалі формавацца. Толькі ня сьпяшацца! З часам усё высьветліцца, а пакуль што няма чаго сьпяшацца. Дайце яшчэ віна! Віно ў іх тут вельмі добрае, — казаў далей Ванэк, ня слухаючы, як сам сабе пад нос бурчыць штабны пісар:

— Паверце да гэтага часу я мала бачыў радасьці ў жыцьці. Мяне дзівіць гэта пытаньне!

— Чаго-ж дарэмна клапаціцца пра ад‘езд маршавага батальёну. У першай маршавай роце, з якою я ехаў, было ўсё гатова ў дзьве гадзіны. Іншыя роты нашага тагочаснага маршавага батальёну рыхтаваліся ў дарогу цэлых два дні, а наш ротны камандзір лейтэнант Пршэносіл (франт такі быў!) проста нам сказаў: «Хлопцы, не сьпяшайцеся!» і — усё ішло як па масьле. Толькі за дзьве гадзіны перад адходам цягніка мы пачалі ўпакоўвацца. Найлепей — сядайце сюды…

— He магу з геройскай самаахвярнасьцю, адказаў удалы ваяка Швэйк. — Я павінен ісьці ў канцылярыю. А часамі яшчэ хто-небудзь па тэлефоне пазвоніць?

— Ну, ідзеце, маё золатка. Але памятайце раз на заўседы, што гэта ня прыгожа з вашага боку і што сапраўды ордынарац ніколі не павінен быць там, дзе ён патрэбен. Ніколі ня выконвайце так старанна сваіх абавязкаў. Паверце, любачка, няма нічога горшага, як вельмі старанны ордынарац, які бегае і клапоціцца за ўсіх.

Але Швэйк быў ужо за дзьвярыма і сьпяшаўся ў канцылярыю з свае роты.

Ванэк застаўся адзін, бо ніяк нельга было сказаць, каб штабны пісар быў для яго кампаніяй. Той. зусім адасобіўся і мармытаў, гледзячы на карафу з-пад віна, самыя дзіўныя рэчы без усялякай сувязі паміж сабою.

Я шмат разоў праходзіў праз гэту вёску. Але зусім ня ведаў пра тое, што яна ёсьць на сьвеце. Праз поўгода я здаў дзяржаўныя экзамены і атрымаў годнасьць доктара філёзофіі… Я стаў старым калекаю. Дзякую вам, Люсі. Калі вы зьявіцеся ў добрым выданьні, можа знойдзецца хто-небудзь, хто памятае гэта.

Старшы пісар ад маркоты стаў барабаніць нейкі марш, але доўга маркоціцца яму ня прышлося дзьверы адчыніліся і ўвайшоў кухар з афіцэрскай кухні Юрайда. Юрайда сеў на крэсла.

— Мы сягодня атрымалі загад, — залапатаў ён, — прызапасіць на дарогу каньяку! З тае прычыны, што ў нас ня было аплеценай бутлі, нам прышлося апаражніць адну бутлю з-пад рому. Прышлося такі здорава прыналегчы! Усе слугі ў покат! Я аблічыўся на некалькі порцый. Палкоўнік спазьніўся, і яму нічога не засталося. Дык яму там цяпер робяць омлет. Вось, я вам скажу комэдыя!

— Цікавая авантура, — сказаў Ванэк, які за віном заўсёды любіў уставіць прыгожанькае слоўца.

Кухар Юрайда пачаў філёзофстваваць, што фактычна адпавядала яго былой профэсіі. Перад вайною ён выдаваў окультычную часопісь і сэрыю кніг пад назвай «Загадкі жыцьця і сьмерці». На вайсковай службе яму ўдалося прымазацца да афіцэрскай палкавой кухні, і вельмі часта, калі ён, бывала, захопіцца чытаньнем старых індыйскіх Сутэр Прагуа Параміта («адкравеньне мудрасьці»), у яго падгарвала смажэньне.

Палкоўнік Шрэдэр цаніў яго, як палкавую выдатнасьць. Сапраўды, якая афіцэрская кухня магла-б пахваліцца кухарам-окультыстам, які, заглядваючы ў таямніцы жыцьця і сьмерці, дзівіў-бы ўсіх такім філе на сьмятане альбо рагу, што сьмяротна паранены пад Камаровым паручнік Дуфэк увесь час клікаў да сябе Юрайду.

— Так, — сказаў бяз дай прычыны Юрайда, ледзь трымаючыся на крэсьле: ад яго на дзесяць крокаў сьмярдзела ромам, калі сягодня не хапіла пану палкоўніку і калі ён убачыў, што засталася толькі смажаная бульба, ён зрабіўся, як гакі. — Ведаеце, што такое «гакі»? Гэта стан галодных духаў. Я сказаў яму: «Пан палкоўнік, ці хопіць у вас сілы перамагчы вызначэньне лёсу: гэта тое, што на вашу долю не хапіла цялячай ныркі. У карме вызначана, каб пан палкоўнік сягодня ўвечар атрымаў боскі омлет з сечанаю смажанаю цялячаю пячонкаю».

— Любы сябар, — зьвярнуўся ён у паўголоса пасьля невялікага перапынку да старшага пісара, зрабіўшы пры гэтым шырокі гэст і абярнуўшы ўсе шклянкі, якія стаялі перад ім на стале. — Існуе бясьцельнасьць усіх зьяў, матэрый і рэчаў — панура сказаў пасьля гэтага руху кухар-окультыст. — Форма ёсьць бясьцельнасьць, і бясьцельнасьць ёсьць форма. Бясьцельнасьць не адлучаецца ад формы, форма, не адлучаецца ад бясьцельнасьці. Тое, што зьяўляецца бясьцельнасьцю, зьяўляецца і форма, тое, што ёсьць форма есьць бясьцельнасьць.

Кухар-окультыст схаваўся за заслонай маўчаньня, падпёр рукою галаву і пачаў суглядаць мокры заліты стол.

Пісар з штабу мармытаў нешта далей, што ня мела ні пачатку, ні канца:

— Хлеб зьнік з палёў, зьнік з палёў, зьнік… І ў такім настроі ён атрымаў запрашэньне і пашоў да яе. Сьвята Сёмуха бывае вясною.

Старшы пісар Ванэк барабаніў па стале, піў і час-ад-часу ўспамінаў, што ля харчовага магазыну яго чакаюць дзесяць салдат на чале з камандзірам разьдзелу. Уздумаўшы пра гэта, ён усьміхнуўся і безнадзейна махаў рукою.

Потым, вярнуўшыся ў канцылярыю маршавай роты, ён знашоў Швэйка пры тэлефоне.

Швэйк увесь час сядзеў пры тэлефоне, бо дзьве гадзіны таму назад яму па тэлефоне сказаў паручнік Лукаш, што ён усё яшчэ на нарадзе ў пана палкоўніка, але забыўся дазволіць яму адыйсьціся ад тэлефона.

Потым з ім гаварыў па тэлефоне камандзір разьдзелу Фукс, які ўвесь гэты час з дзесяцьма радавымі ня толькі дарэмна прачакаў старшага пісара, але нават дзьверы харчовага магазыну знашоў замкнёнымі. Нарэшце ён некуды адышоўся, і дзесяць радавых адзін за адным вярнуліся назад у казармы.

Час-ад-часу Швэйк забаўляўся тым, што здымаў тэлефонную трубку і слухаў. Тэлефон быў найноўшай сыстэмы, нядаўна ўведзенай ў арміі, і меў тую перавагу, што ў яго можна было зусім выразна чуць усе тэлефонныя размовы па цэлай лініі.

Абоз лаяўся з артылерыйскімі казармамі, сапёры пагражалі вайсковай пошце, полігон крыў кулямётную каманду.

А Швэйк, не ўстаючы, сядзеў ды сядзеў пры тэлефоне…

Нарада ў палкоўніка працягвалася.

Палкоўні Шрэдэр разьвіваў найноўшую тэорыю пра палявую службу і асабліва падкрэсьліваў значэньне мінамётаў.

Ён пераскокваў з пятага на дзесятае, гаварыў пра тое, дзе быў фронт два месяцы таму назад, на поўдні і на ўсходзе, пра важнасьць цеснай сувязі паміж паасобнымі часьцямі, пра атрутныя газы, пра абстрэльваньне няпрыяцельскіх аэроплянаў, пра забесьпячэньне салдат на фронце, і потым перайшоў да ўнутраных ўзаемаадносін у арміі.

Разгаварыліся пра адносіны афіцэраў да ніжніх чыноў, ніжніх чыноў да ўнтэр-афіцэраў, пра перабежчыкаў, пра тое, што пяцьдзесят процэнтаў чэскіх салдат політычна няпэўныя.

— Так, панове, што ні кажэце, але Крамарж, Шрэйнэр і Клофач…[96]

Большасьць афіцэраў пры гэтым думалі, калі ж нарэшце стары балбатун перастане плявузгаць, але палкоўнік Шрэдэр гарадзіў далей усялякае глупства пра новыя задачы новых маршавых батальёнаў, пра афіцэраў палка, што ляглі ў баі, пра цэпэліны, пра драцяныя загароды, пра прысягу.

Тут успомніў паручнік Лукаш, што ў той час, калі ўвесь маршавы батальён прысягаў, удалы ваяка Швэйк да прысягі прыведзены ня быў, бо ў той час сядзеў у дывізійным судзе.

І, успомніўшы гэта, ён раптам засьмяяўся.

Гэта было нешта накшталт істэрычнага сьмеху, якім ён заразіў некалькіх афіцэраў, сярод якіх ён сядзеў:

Сьмех гэты зьвярнуў на сябе ўвагу палкоўніка, які толькі што перайшоў да практыкі, набытай пры адступленьні германскіх армій у Ардэнах. Зблытаў усё гэта і скончыў!

— Панове, тут няма нічога сьмешнага.

Потым усе пашлі ў афіцэрскае сабраньне, бо палкоўніка Шрэдэра выклікаў да тэлефону штаб брыгады.

Швэйк драмаў пры тэлефоне, калі яго раптам пабудзіў званок.

— Алё! — пачуўся ў тэлефоне. — Тут палкавая канцылярыя?

— Алё! — адказаў Швэйк, — тут канцылярыя 11-й маршавай роты.

— He затрымлівай, — пачуўся голас, — вазьмі аловак і пішы. Прымі тэлефонограму…

— 11-й маршвай роце…

Потым пашлі адна за аднэй у дзіўным хаосе якіясьці фразы, бо ў телефон адначасна гаварыла 12-я і 13-я маршавыя роты, і тэлефонограма зусім разбавілася ў гэтым хаосе гукаў. Швэйк ня мог разабраць ні слова. Нарэшце ўсё сьціхла, і Швэйк разабраў:

— Алё! Алё! Дык прачытай яе і не затрымлівай!

— Што прачытаць?

— Што прачытаць, дубіна! Тэлефонаграму!

— Якую тэлефонограму?

— Чэрці цябе няхай-бы ўзялі! Глухі ты ці што? Тэлефонограму, якую я прадыктаваў табе, асталоп!

— Я нічога ня чуў, нехта тут яшчэ гаварыў.

— Асёл ты, — і больш нічога! Што ты думаеш, я з табою дурыццца буду? Прымеш ты тэлефонограму ці не? Ёсьць у цябе аловак і папера? Што?.. Няма?.. Жывёліна! А я што буду рабіць пакуль ты знойдзеш? Ну і салдаты пашлі… Ну дык як-жа, будзеш ты гатоў ці не? — Гатоў кажаш? Нарэшце разварушыўся! Дык слухай: «11-й маршавай роце…» Паўтары!.

— 11-й маршавай роце.

— «Ротнаму камандзіру…» Ёсьць?.. Паўтары!

— Ротнаму камандзіру.

— «Зьявіцца заўтра рана на нараду…» Гатоў?.. Паўтары!

— Зьявіцца заўтра рана на нараду.

— «У дзевяць гадзін». Цяпер подпіс, Малпа! Паўтары!

— У дзевяць гадзін. Цяпер подпіс. Малпа…

— Дурань! Подпіс: «палкоўнік Шрэдэр». Жывёліна! Ёсьць?.. Паўтары!

— Палкоўнік Шрэдэр жывёліна…

— Нарэшце такі, дубіна! Хто прыняў тэлефонограму?

— Я.

— А каб цябе чэрці ўзялі! Хто гэта «я»?

— Швэйк. Што яшчэ?

— Дзякуй богу, больш нічога. Цябе варта-б назваць Дубінскім. Якія ў вас там навіны?

— Нічога няма. Усё па-старому.

— Табе, мусіць, усё гэта падабаецца? У вас сягоньня некага, кажуць, прывязвалі.

— Усяго толькі дзяншчыка пана обэр-лейтэнанта: ён у яго абед зжор. Ня ведаеш, калі мы ад‘яжджаем?

— Так, брат, гэта пытаньне?.. Сам стары балбатун гэтага ня ведае. Дабранач! Скакукоў у вас там шмат?

Швэйк палажыў трубку і пачаў будзіць старшага пісара Ванэка, які разьюшана лаяўся, а калі Швэйк пачаў яго катурхаць, заехаў яму па носе. Потым перавярнуўся на жывот і пачаў брыкацца на пасьцелі.

Швэйку ўсё такі ўдалося яго пабудзіць, і той, праціраючы вочы, павярнуўся да яго тварам і спужана запытаўся.

— Што здарылася?

— Асаблівага нічога, — адказаў Швэйк, я хацеў бы з вамі параіцца. Толькі што мы атрымалі тэлефонограму, што пан обэр-лэйтэнант Лукаш заўтра ў дзевяць гадзін павінен зьявіцца на нараду да пана палкоўніка. Я цяпер ня ведаю, як мне зрабіць. Ці павінен я ісьці перадаць яму гэта зараз-жа, ці заўтра раніцою. Я доўга думаў: ці варта мне вас будзіць, гэта-ж вы так добра храплі… А потым надумаўся, дзе наша не прападала; адзін розум добра, а два яшчэ лепш…

— Зьмілуйцеся, прашу вас, не перашкаджайце мне спаць, — закрычаў Ванэк, пазяхаючы на ўвесь рот, — ідзеце туды раніцою і ня будзеце мяне.

Ён перавярнуўся на другі бок і зараз-жа зноў заснуў.

Швэйк сеў зноў каля тэлефону, і палажыў галаву на стол. Яго пабудзіў тэлефонны званок.

— Алё! 11 я маршавая рота?

— Так, 11-я маршавая рота. Хто там?

— 13-я маршавая рота. Алё! Якая гадзіна? Я не магу ніяк сазваніцца з тэлефоннай станцыяй. Нешта доўга ня ідуць мяне зьменьваць.

— У нас гадзіньнік стаіць.

— Значыць як і ў нас. Ня ведаеш, калі кранёмся? He гаварыў ты ў палкавой канцылярыі?

— Там ні храна ня ведаюць, як і мы. Ня грубеце, паненка. Вы ўжо атрымалі консэрвы? Ад нас туды хадзілі і нічога ня прынесьлі. Харчовы магазын быў зачынены.

— Нашы таксама прышлі з пустымі рукамі. Дарэмна толькі паніку падымаюць. Куды думаеш мы паедзем?

— У Расію.

— А я думаю, што хутчэй у Сэрбію. Гэта мы ўбачым, калі будзем у Будапэшце. Калі нас павязуць направа — дык Сэрбія, а налева — Расія. Ёсьць у вас ужо рэчавыя мяшкі? Кажуць, што пэнсіі прыбавяць. Гуляеш у тры лісьцікі? Гуляеш — дык прыходзь заўтра. Мы рэжамся кожны вечар. Колькі вас сядзіць пры тэлефоне? Адзін? Дык наплюй на ўсё гэта ды ідзі храпі. Дзіўныя ў вас парадкі! Ты, нябось, папаў на пасаду, як баран на ражон. Ну, нарэшце прышлі зьменьваць мяне. Дрыхні на здороўе!

Швэйк сапраўды соладка заснуў на стале пры тэлефоне, забыўшыся павесіць трубку, так што ніхто ня мог патурбаваць яго сну, а тэлефоніст у палкавой канцылярыі ўсю ноч лаяўся, што ня можа дазваніцца 11-й маршавай роты, каб перадаць новую тэлефонограму пра тое, што заўтра да дванаццаці гадзін дня павінен быць пададзены ў палкавую канцылярыю сьпісак салдат, якім ня была зроблена супроцьтыфусная прышчэпка.

Паручнік Лукаш усё яшчэ сядзеў у афіцэрскім сабраньні з вайсковым доктарам Шаяцлерам, які седзячы на крэсьле мерна стукаў більярдным кіем аб падлогу і пры гэтым гаварыў наступныя фразы:

— «Сарацынскі султан Салах-Эдын першы прызнаў нэўтральнасьць санітарнага пэрсоналу.

Трэба даваць дапамогу параненым назалежна ад таго, да якога лягеру яны належаць.

Кожны бок павінен пакрыць выдаткі за лякарства і лекі другога боку.

Трэба дазваляць пасылаць дактароў і фэльчароў з генэральскімі пасьведчаньнямі для падачы дапамогі няпрыяцельскім параненым ворагам.

Таксама параненых, якія трапілі ў палон, трэба пад вартаю і паручыцельствам генэралаў адсылаць назад ці абменьваць. Потым яны могуць служыць далей.

Хворых з абодвых бакоў не дазваляецца ні браць у палон, ні забіваць, іх трэба адпраўляць у бясьпечнае месца ў шпіталі. Дазваляецца пакідаць пры іх варту, якая, як і хворыя, павінна вярнуцца з генэральскімі пасьведчаньнямі. Усё гэта пашыраецца і на фронтавых духоўных асоб, на дактароў, хірургаў, аптэкароў, фэльчароў, санітараў і інш. асоб, прызначаных даглядаць хворых. Усе яны ня могуць быць узяты ў палон, але тым-жа самым парадкам павінны пасылацца назад».

Доктар Шанцлер пераламаў пры гэтым два кіі і ўсё яшчэ ня скончыў свае дзіўнай прамовы пра ахову параненых на вайне, скрозь ублытваючы ў сваю прамову нейкія незразумемыя генэральскія пасьведчаньні.

Паручнік Лукаш дапіў сваю чорную каву і пашоў дадому, дзе знашоў барадатага вялікана Балёўна, занятага падсмажваньнем у кацялку кілбасы на сьпіртоўцы паручніка Лукаша.

— Я асьмеліўся, — заікаючыся, сказаў Балёўн, я дазволіў сабе, асьмелюся далажыць…

Лукаш з цікавасьцю паглядзеў на яго. У гэты момант Балёўн паказаўся яму вялікім дзіцем, наіўны стварэньнем, і паручнік Лукаш пашкадаваў, што загадаў прывязаць яго за яго вялізарны апэтыт.

— Смаж, смаж, Балёўн, — сказаў ён, адшпільваючы шашку, — з заўтрашняга дня я загадаю выпісаць для цябе лішнюю порцыю хлеба.

Паручнік сеў за стол. Раптам на яго найшоў настрой напісаць сантымэнтальны ліст сваей цётцы.

«Любая цётухна!

Толькі што атрымаў загад падрыхтавацца да ад‘езду з сваёю маршаваю ротаю. Можа, гэты ліст будзе апошнім маім лістом да цябе. Усюды ідуць жорсткія баі і нашы страты вялікія. Мне цяжка скончыць гэты ліст словам „да спатканьня“; правільней напісаць „даруйце за ўсё“».

«Скончу заўтра рана», — падумаў паручнік Лукаш і пашоў спаць.

Балёўн, убачыўшы, што паручнік Лукаш моцна заснуў, зноў пачаў шнарыць і шлэпаць па кватэры, як таракан уночы, адчыніў куфэречак паручніка і адкусіў кусок шоколаду. Раптам спужаўся, калі паручнік, сплючы, заварушыўся, палажыў хутка надкусаны шоколад у куфэрачак і сьцішыўся.

Потым ціханька паглядзеў, што напісаў паручнік.

Ён прачытаў і быў расчулены, асабліва словамі «даруйце за ўсё».

Ён лёг на свой саламяны сяньнік ля дзьвярэй і ўспомніў родны дом і дні, калі калоў сьвіней.

Ён ніяк ня мог адагнаць ад сябе яскравы малюнак, як ён наколвае тлачонку[97], каб з яе вышла паветра і каб яна, заpaчыся, ня лопнула.

Успамінаючы пра тое, як у суседзяй раз лопнула і разварылася цэлая кілбаса, ён заснуў неспакойным сном. Яму прысьнілася, што ён паклікаў да сябе няўмеку кілбасьніка, і ў таго пры напіханьні лівернай кілбасы лопае кішка. Потым мясьнік забываецца зрабіць крывяную кілбасу, правала сьвіная галава. Потым яму прысьніўся палявы суд, і быццам яго злавілі, калі ён украў з паходнай кухні кусок мяса. Нарэшце ён убачыў сябе павешаным на ліпе, у прысадах вайсковага лягеру ў Бруку на Літаве.

* * *

Прачнуўся Швэйк разам з сонейкам, якое ўзышло ў паху консэрваў з усіх кухань. Ён машынальна, як быццам толькі-што скончыў гаварыць па тэлефоне, павесіў трубку і прарабіў па канцылярыі ранішні моціён. Пры гэтым ён сьпяваў. Пачаў ён зразу з сарэдзіны песьні, як салдат пераапранаецца ў дзявочае і ідзе да свае любай у млын, дзе мельнік кладзе яго спаць з сваёю дачкою і перад тым крычыць мельнічысе:

Падавай, старая, кашу,

Пачастуй ты госьцю нашу.

Мельнічыха корміць нахабнага хлопца, а потым пачынаецца сямейная трагедыя.

Мельнік досьвіткам устаў,

На варотах прачытаў:

«Ваша дочка гэтай ночы

Гонар страціла дзявочы».

Швэйк у канцы песьні даў такое forto, што ўся канцылярыя ажыла; старшы пісар Ванэк прачнуўся і запытаўся:

— Колькі часу?

— Хвіліну таму назад пратрубілі ранішнюю зору.

«Устану ўжо пасьля кавы, — надумаўся Ванэк, сьпяшацца было не ў яго натуры, — і бяз гэтага зноў будуць пароць гарачку, дарэмна ганяць, як учора па гэтыя консэрвы…»

Ванэк пазяхнуў і запытаўся:

— Ці доўга я яшчэ балбатаў, як вярнуўся дадому?

— Так толькі чутачку з дарогі, — сказаў Швэйк. — Вы ўвесь час разважалі самі з сабой пра нейкія формы, што форма ня ёсьць форма, а тое, што ня форма, ёсьць форма, і тая форма зноў ня форма. Але гэта вас хутка стаміла, і вы зразу пачал: храпці, як піла, калі пілуюць.

Швэйк змоўк, прайшоў да дзьвярэй і зноў да ложка старшага пісара, перад якім спыніўся і пачаў:

— Што асабіста да мяне, пан старшы пісар, то калі я пачуў, што вы гаворыце пра гэтыя формы, я ўспомніў пра ліхтарніка Затка. Ён служыў на газавай станцыі на Летне, і яго абавязкам было запальваць і тушыць ліхтары. Быў гэта асьвечаны чалавек і хадзіў па розных начных шынкох на Летне: паміж запальваньнем і тушэньнем ліхтароў шмат-жа часу. Потым, пад раніцу, на газавай станцыі ён вёў вось якраз такія размовы, як учора вы, напрыклад: «Гэтыя косьці для гуляньня, бо на іх бачу рэбры і грані я». Я гэта сваімі вушамі чуў, калі мяне раз адзін п‘яны паліцэйскі прывёў за незахаваньне чыстаты на вуліцы памылкова замест паліцэйскага камісарыяту на газавую станцыю. З часам, — сказаў Швэйк ціха, — гэты Затка скончыў вельмі дрэнна. Уступіў ён у конгрэгацыю сьв. Марыі, хадзіў з нябеснымі козамі[98] на казані патэра Амелькі да сьвятога Ігната на Карлаў пляц і забыўся, калі прыехалі місыонэры да сьв. Ігната, патушыць усе газавыя ліхтары, і там бесьперапынна тры дні і тры ночы гарэў газ на вуліцах. Бяда, — гаварыў далей Швэйк, — калі чалавек раптам пачне філёзофстваваць, — гэта заўсёды пахне белай гарачкай. Некалькі гадоў таму пазад да нас перавялі з 75-га палка майора Брюгера. Той заўсёды, бывала, раз у месяц зьбярэ нас, выстраіць у карэ і пачне разам з намі філёзофстваваць: «Што такое афіцэрская годнасьць»? Ён нічога апрача сьлівянкі ня піў. «Кожны афіцэр, хлопцы, — растлумачваў ён нам на дварэ казармаў, — зьяўляецца сам па сабе найдасканалейшаю істотаю, якая надзелена розумам у сто разоў большым, як вы ўсе разам узятыя. Вы ня можаце ўявіць сабе нічога больш дасканалага. як афіцэр, нават калі-б усё жыцьцё стараліся сабе гэта ўявіць. Кожны афіцэр ёсьць істота, неабходная ў той час як вы, радавыя, зьўяляецеся выпадковым элемэнтам, вы можаце існаваць, але не абавязаны. Калі-б справа дайшла да вайны і вы-б памерлі за гасудара імпэратара — вельмі добра! Ад гэтага шмат што не зьмянілася-б, але калі-б першым паў ваш афіцэр, тагды-б вы адчулі, у якой ступені вы ад яго залежыце і якая вялікая гэта страта. Афіцэр павінен існаваць, а вы існуеце толькі дзякуючы паном афіцэрам; вы ад іх паходзіце, вы бяз іх ня абойдзецеся, вы без начальства і п… ня можаце. Афіцэр для вас закон моральны — усёроўна, разумееце вы гэта ці не, з прычыны таго, што кожны закон павінен мець свайго законадаўцу, дык такім для вас зьяўляецца афіцэр, якому вы адчуваеце сябе ўдзячнымі і павінны быць удзячнымі за ўсё, і кожны бяз выключэньня яго загад павінен вамі выконвацца, незалежна ад таго, падабаецца вам ці не». А раэ, пасьля таго, як скончыў сваю прамову, ён стаў хадзіць уздоўж фронту і пытаць аднаго за другім, што ён адчувае, калі спозьніцца ў казарму. Ну, яму адказалі неяк няскладна, накшталт таго, што ці яшчэ не пазьніліся ці што ў выпадку спазьненьня яго пачынае нудзіць, а адзін адказаў, што ён, пасьля таго як спазьніўся, адрааў адчуў, што зусім застанецца бяз водпуску. Усіх гэтых тут-жа загадаў майор Блюгер адвесьці ў бок, каб потым яны за кару пасьля абеду на дварэ папрактыкаваліся ў вольнай гімнастыцы, за тое, што ня ўмеюць выказаць, што яны адчуваюць. Раней, чым чарга дайшла да мяне, я ўспомніў, пра што ён апошні раз гаварыў, і, калі ён падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, калі я спазьнюся, я адчуваю ў сябе ў сярэдзіне якісьці непакой, страх і мукі сумленьня. А калі вярнуся сваячасова з гораду, — мяне ахапляе надзвычайны спакой, мяне апамоўвае ўнутраное задаваленьне». Усе наўкол разрагаталіся, а майор Блюгер на мяне закрычаў: «Цябе хіба, ёлап, клапы апаноўваюць, калі ты пухнеш ў сябе на ложку! Ён, сукін сын, яшчэ дурыцца!» — І закаціў мне такія шпанглі, што толькі трымайся.

— На вайсковай службе іначай нельга, — сказаў старшы пісар, гультайскі пацягваючыся на сваім ложку, — гэта ўжо так спрадвеку вядзецца: як ні адкажы, як ні зрабі, — заўсёды над табою вісяць хмары і пляжыць цябе гром і маланка. Бяз гэтага няма дысцыпліны.

— Правільна сказана, — сказаў Швэйк. — Ніколі не забудуся, як пасадзілі рэкрута Пэха. Ротным камадзірам быў у нас лейтэнант Моц. Вось сабраў ён рэкрутаў і пытаецца: хто адкуль. «Перш-наперш, жаўтаротыя, — зьвярнуўся ён да іх, вы павінны навучыцца адказваць коратка і ясна, як бізуном ляснуць. Дык вось пачнем. Адкуль вы, Пэх?» Пэх быў інтэлігентны хлопец і адказаў так: «Ніжні Боўсаў — Unter Bautzen, дзьвесьце шэсьцьдзесят сем дамоў, тысяча дзевяцьсот трыццаць шэсьць чэскіх абываталяў, гэтманства і чын, воласьць Соботка, былая вотчына Косьці, прыхадзкая царква сьвятой Кацярыны з чатырнаццатага стагодзьдзя, рэстаўравана графам фон-Вацлавам Вратыславам Нэтоліцкім, школа, пошта, тэлеграф, станцыя чэскай таварнай лініі, цукровы завод, млын з пільняй, хутар Вальха, шэсьць кірмашоў на год…» Лейтэнант Моц кінуўся на яго і пачаў біць яго па мордзе, прыказваючы: «Вось табе першы кірмаш, вось табе другі, трэці, чацьверты, пяты, шосты…» А Пэх, хоць і быў рэкрут, падаў рапарт камандзіру батальёна, у канцылярыі была тагды вясёлая шантрапа. Ну, і напісалі яны там, што ён накіроўваецца з рапартам да батальённага камандзіра з прычыны кірмашоў у Ніжнім Боўсаве. Камандзірам быў тагды майор Рогель. «У чым справа?» — запытаўся ён у Пэха, а той і ляпнуў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, у Ніжнім Боўсаве шэсьць кірмашоў». Ну, тут майор Рогель на яго закрычаў, затупаў нагамі і зараз-жа загадаў завесьці яго ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне для вар‘ятаў. З таго часу Пэх стаў самым апошнім салдатам — не салдат, а няшчасьце.

— Салдат выхаваць справа нялёгкая, — сказаў, пазяхаючы старшы пісар Ванэк. — Салдат, які ня быў ні разу пакараны на вайсковай службе, — не салдат. Гэта, можа, у мірны час так было, што салдат, які адбыў сваю службу бяз ніводнага пакараньня, потым меў усялякія перавагі на грамадзянскай службе. Цяпер якраз наадварот, тыя самыя салдаты, якія ў мірны час ня выходзілі з пад арышту, на вайне выявіліся, як найлепшыя салдаты. Помню я радавога з 8-й маршавай роты Сыльвануса. У таго, бывала, што ні дзень — то пакараньне. Ды якія пакараньні! He саромеўся ўкрасьці ў таварыша апошні крэйцэр. А калі папаў у бой, дык першы прарваў драцяную загароду, трох узяў у палон, і аднаго тут-жа па дарозе застрэліў за тое, быццам, што здаваўся яму няпаўным. Ён атрымаў вялікі сярэбраны мэдаль, нашылі яму дзьве зорачкі, і, каб яго потым не павесілі пад Дуклей, быў-бы ён ужо даўно камандзірам разодзелу. А не павесіць яго ніяк нельга было. Пасьля бою раз падахвоціўся ён ісьці на рэкогносцыроўку, a патруль другога палка застаў яго, калі ён шнырыў у кішэнях трупаў. Нашлі ў яго гадзіньнікаў штук восем і шмат пярсьцёнкаў. Павесілі яго ля штабу брыгады.

— З гэтага відаць, — глыбокадумна заўважыў Швэйк, — што кожны салдат павінен сам сабе заваёўваць становішча.

Пачуўся тэлефонны званок. Старшы пісар падышоў да тэлефону. Нават збоку можна было разабраць голас паручніка Лукаша, які пытаўся, што з консэрвамі. Потым пачаў даваць дыхту.

— Праўда-ж іх няма, пан обэр-лейтэнант! — крычаў у тэлефон Ванэк. — Адкуль ім там узяцца, гэта толькі фантазія інтэнданцтва. Зусім дарэмна было пасылаць туды людзей. Я хацеў вам тэлефонаваць. Я быў у кантыне? Хто сказаў. Кухар-окультыст з афіцэрскай кухні? Сапраўды я дазволіў сабе туды зайсьці. Ведаеце, пан обэр-лейтэнант, як назваў гэты самы окультыст усю паніку з консэрвамі? «Жах ненароджанага». Зусім не, пан обэр-лейтэнант, я зусім цьвярозы. Што робіць Швэйк? Ён тут. Загадаеце яго паклікаць?.. Швэйк да тэлефона, — крыкнуў палкавы пісар і ў дадатак шапнуў: — калі вас запытаюць, у якім выглядзе я вярнуўся, скажэце, што ў поўным парадку.

Швэйк пры тэлефоне:

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, пры тэлефоне Швэйк.

— Слухайце, Швэйк, як справа з консэрвамі?

— Няма іх, пан обэр-лейтэнант. Hi слуху ні духу пра іх няма!

— Я хацеў-бы, Швэйк, каб вы, пакуль мы ў лягеры, кожную раніцу зьяўляліся да мяне з рапартам. Калі-ж кранёмся, вы ўвесь час будзеце знаходзіцца каля мяне. Што вы рабілі ўночы?

— Быў усю ноч пры тэлефоне.

— Былі якія-небудзь навіны?

— Былі, пан обэр-лейтэнант.

— Швэйк, ня дурэцеся зноў. Паведамлялі што-небудзь важнае, тэрміновае?

— Так точна, пан обэр-лейтэнант, але толькі к дзевяці гадзінам.

— Што-ж вы зразу мне пра гэта не далажылі?

— He хацеў вас турбаваць, пан обэр-лейтэнант, не адважыўся пра гэта і падумаць.

— Дык кажэце-ж, — каб вас чорт узяў! — што будзе ў дзевяць гадзін?!

— Тэлефонограма, пан обэр-лейтэнант.

— Я вас не разумею.

— Я гэта запісаў, пан обэр-лейтэнант. Прымеце тэлефонограму. Хто пры тэлефоне?.. Ёсьць. Чытай…

— Каб вас чорт узяў, Швэйк! Пакута мне з вамі… Скажэце мне зьмест ці я вас так трэсну, што… Ну?!

— Зноў нейкая нарада, пан обэр-лейтэнант, сягодня ў дзевяць гадзін раніцы ў пана палкоўніка. Хацеў вас пабудзіць уночы, але потым перадумаў.

— Яшчэ-б вы пачалі праз кожнае глупства будзіць мяне, на гэта часу хопіць і раніцою. Зноў нарада, каб іх чорт пабраў усіх! Павесьце трубку, паклічце мне да тэлефона Ванэка.

Старшы пісак Ванэк пры тэлефоне:

— Пры тэлефоне старшы пісар Ванэк, пан обэр-лейтэнант.

— Ванэк, знайдзеце мне зараз-жа другога дзяншчыка. Падлюга Балёўн пад раніцу зжор у мяне ўвесь шоколад. Прывязаць?.. He, аддамо яго ў санітары. Дзяцюк няўломак, дык няхай цягае параненых з поля бою. Пашлю яго зараз-жа да вас. Зрабеце ўсё гэта ў палкавой канцылярыі зараз-жа і варочайцеся ў роту. Па-вашаму, хутка паедзем.

— Сьпяшацца няма куды, пан обэр-лейтэнант. Калі мы адпраўляліся з 9-й маршавай ротай, дык нас цэлых чатыры дні вадзілі за нос. З 8-й тое самае. Толькі з 10-й было лепш. Былі мы ў поўнай баявой нарыхтаванасьці, у дванаццаць гадзін атрымалі мы загад, а вечарам ужо крануліся, але потым затое нас ганялі па ўсёй Вэнгрыі і ня ведалі, якую дзірку на якім фронце намі заткнуць.

З таго часу, як паручнік Лукаш стаў камандзірам 11-й маршавай роты, ён ня выходзіў з стану, які завецца сынкрэтызмам, гэта значыць стараўся зблізіць нясумяшчальныя паняцьці шляхам компромісу, які даходзіць да блытаніны пунктаў погляду.

А таму ён адказаў:

— Так, можа бывае. Па-вашаму, мы сягодня не кранёмся? У дзевяць гадзін у нас нарада ў палкоўніка. Ага, дарэчы, ведаеце пра тое, што вы дзяжурны? Я толькі так. Складзеце мне… Пачакайце, што гэта, бок, вы павінны мне скласьці? Сьпіс унтэр-афіцэраў з паказаньнем, з якога часу кожны з іх служыць… Потым харчы для роты. Нацыянальнасьць?.. Так, так, і нацыянальнасьць… А галоўнае прышлеце мне новага дзяншчыка. Што сягодня прапаршчыку Плешнэру рабіць з камандаю? Падрыхтавацца да адпраўкі. Патрабаваньне?.. Прыду падпісаць паеьля абеду. Нікога ня пускайце ў горад. У кантыны ў лягеры? Пасьля абеду на гадзіну… Паклічце сюды Швэйка…

— Швэйк, вы застанецеся, пакуль што, пры тэлефоне.

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, што я яшчэ ня піў кавы.

— Дык прынясеце каву і застанецеся ў канцылярыі пры тэлефоне, пакуль я вас не паклічу. Ведаеце, што такое ордынарац?

— Гэта які ўвесь час кілбасою коціцца, пан обэр-лейтэнант.

— Дык вось, каб вы былі тут на месцы, калі я вам пазваню. Напамянеце яшчэ раз Ванэку, каб знашоў для мяне якога-небудзь дзяншчыка. Швэйк! Алё! Дзе вы?

— Тут, пан обэр-лейтэнант, мне толькі што прынесьлі каву.

— Швэйк! Алё!

— Я слухаю, пан обэр-лейтэнант. Кава зусім халодная…

— Вы добра ведаеце, якім павінен быць дзяншчык, пагаварэце з ім, а потым скажэце мне, што гэта за ён. Павесьце трубку.

Ванэк, сёрбаючы чорную каву, у якую падліў рому з бутэлькі з надпісам «Чарніла» (ад небясьпекі), паглядзеў на Ш вэйка і сказаў:

— Наш обэр-лейтэнант не гаворыць, а крычыць у тэлефон. Я разьбіраў кожнае яго слова. Вы, Швэйк, відаць па ўсім, блізка знаёмы з панам обэр-лейтэнантам?

— Я яго правая рука. Рука руку мые. Пападаліся мы з ім у работу! Колькі разоў хацелі нас разлучыць, а мы зноў сыдземся. Ён на мяне ва ўсім спадзяецца, як на каменную гару Колькі разоў ужо я сам з гэтага дзівіўся. Вы толькі што чулі, як ён сказаў, каб я напамянуў пра тое, што вы павінны знайсьці яму новага дзяншчыка, а я павінен яго аглядзець і сказаць, чаго ён варт. Пану обэр-лейтэнанту ня кожны дзяншчык унаровіць.

Палкоўкік Шрэдэр паклікаў на нараду ўсіх афіцэраў палка. Ён чакаў гэтай нарады з нецярплівасьцю, каб мець магчымасьць выказацца. Апрача таго трэба было канчаткова вырашыць справу вольнапісанага Марэка, які адмовіўся чысьціць сарціры, і, як бунтаўшчык, быў пасланы палкоўнікам Шрэдэрам у дывізійны суд.

З арыштанскага аддзяленьня дывізійнага суду ён толькі ўчора ўночы быў пераведзены на гаўптвахту, дзе і знаходзіўся пад вартай. Адначасна з гэтым у палкавую канцылярыю была перададзена да немагчымасьці заблытаная папера дывізійнага суду, у якой зазначалася на тое, што ў дадзеным выпадку справа ня ідзе пра бунт, бо вольнапісаныя не абавязаны чысьціць сарціры, але, ня гледзячы на гэта, у гэтым наглядаецца парушэньне дысцыпліны, і гэты ўчынак можа быць загладжаны ім узорнаю службаю на фронце. З прычыны ўсяго гэтага абвінавачаны вольнапісаны Марэк зноў адсылаецца ў свой полк, а сьледзтва пра парушэньне дысцыпліны ўмоўна прыпыняецца да канца вайны і будзе адноўлена ў выпадку новага злаўчынку вольнапісанага Марэка.

Мелася на ўвазе яшчэ адна справа. Адначасна з вольнапісаным Марэкам быў пераведзены з арыштанскага дывізійнага суду на гаўптвахту самазванец камандзір разьдзелу Тэвелес, які нядаўна зьявіўся ў палку, куды быў пасланы з загрэбскай больніцы. Ён меў вялікі сярэбраны мэдаль, нашыўкі вольнапісанага і тры зорачкі. Паводле яго паказаньняў ён прымаў удзел у геройскіх учынках 6-й маршавай роты ў Сэрбіі, і ад усяе роты застаўся ён адзін. Сьледзтвам было высьветлена? што з 6-й маршавай ротай у пачатку вайны сапраўды адправіўся нейкі Тэвелес, які, аднак, ня меў правоў вольнапісанага. Выпатрабавана была даведка ад брыгады, да якой пасьля ўцекаў з Белграду 2 сьнежня 1914 году была прыкамандыравана 6-я маршавая рота і было высьветлена, што ў сьпісс вызначаных для ўзнагароды і ўзнагароджаных сярэбранымі мэдалямі ніякага Тэвелеса няма. Ці быў, аднак, радавы Тэвелес у час белградзкага паходу павышаны на камандзіра разьдзелу — высьветліць не ўдалося з прычыны таго, што ўся 6-я маршавая рога разам з усімі сваімі афіцэрамі пасьля бойкі ля царквы св. Савы ў Белградэе прапала бяз вестак. У дывізійным судзе Тэвелес бараніўся тым, што сапраўды яму быў абяцаны вялікі сярэбраны мэдаль і што таму ён купіў яго ў аднаго босьняка. Што да галуна вольнапісанага, дык яго ён знашоў калі быў п‘яным, і насіў далей, бо быў заўсёды п‘яны з прычыны таго, што організм яго аслабеў ад крываўкі.

Пачаўшы сход, перш чым пачаць абмеркаваньне гэтых двух пытаньняў, палкоўнік Шрэдэр зазначыў, што перад ад‘ездам, які ўжо не за гарамі, трэба часьцей сустракацца. З брыгады было паведамлена, што там чакаюць загадаў ад дывізіі. Каманда павінна быць у баявой нарыхтаванасьці, і ротныя камандзіры павінны пільна сачыць за тым, каб усе былі на месцы. Потым ён яшчэ раз паўтарыў усё тое, што плёў учора. Даў зноў агляд ваенных падзей і зазначыў, што нічога ня можа зламаць баявы дух арміі і што салдаты рвуцца ў бой.

На стале перад ім была прымацавана карта тэатру ваенных дзеяньняў з флажкамі на шпільках, але флажкі былі пераблытаны і фронты перасунуты ўперад, выцягненыя шпількі з флажкамі валяліся пад сталом.

Увесь тэатр ваенных дзеяньняў ноччу спрэс разбурыў кот, якога трымалі ў палкавой канцылярыі пісары. Уночы кот, пасьля таго, як напаскудзіў на аўстра-вэнгерскі фронт, хацеў кучку загрэбці, паваліў флажкі і размазаў кал па ўсіх позыцыях, пакрапіў фронты і перадавыя позіцыі і загадзіў усе армейскія карпусы.

Палкоўнік Шрэдэр быў вельмі нізкі на вочы. Афіцэры маршавага батальёну з цікавасьцю сачылі за тым, як палец палкоўніка Шрэдэра набліжаецца да кучкі.

— Шлях на Буг, панове, ідзе цераз Сокал, — сказаў палкоўнік з выглядам прарока і пасунуў, ня гледзячы, паказальны палец да Карпат, пры гэтым улез у адну з тых кучак, з дапамогаю якіх кот стараўся зрабіць карту тэатру ваенных дзеяньняў рэльефнай.

— Wahrscheinlich, Katzendreck, Nerr Oberst[99], — сказаў за ўсіх вельмі далікатна капітан Сагнэр.

Палкоўнік Шрэдэр рынуўся ў суседнюю канцылярыю, адкуль пачуліся грымотныя праклёны і страшэнныя пагрозы, што ён прымусіць усю канцылярыю вылізаць языком пакінутыя катом сьляды.

Допыт быў кароткі. Высьветлілася, што ката два тыдні таму назад прывалок у канцылярыю малодшы пісар Цвібэльфіш. Пасьля высьвятленьня справы Цвібэльфіш сабраў усе свае манаткі, і старшы пісар завёў яго на гаўптвахту і пасадзіў да далейшага расцараджэньня пана палкоўніка.

Гэтым, уласна, нарада скончылася.

Вярнуўшыся да афіцэраў, увесь чырвоны ад злосьці, палкоўнік Шрэдэр забыўся, што трэба было яшчэ пагаварыць пра лёс вольнапісанага Марэка і камандзіра разьдзелу Тэвелеса.

Ён ляконічна заявіў:

— Прашу паноў афіцэраў быць гатовымі і чакаць маіх загадаў і інструкцый.

Так і засталіся пад вартаю на гаўптвахце вольнапісаны і Тэвелес, і, калі потым да іх далучыўся Цвібэльфіш, яны маглі скласьці «мар‘яж», а пасьля мар‘яжу прыставалі да сваіх каравульных з патрабаваньнем, каб тыя павылоўлівалі ўсіх скакуноў з сяньнікоў.

Потым да іх увапхнулі яфрэйтара Пэрэўтку з 13-й маршавай роты, які, калі ўчора пашла па лягеры чутка, што адпраўляюцца на позіцыі, зьнік і раніцою быў знойдзены патрулём у Бруку «У Белай ружы». Ён апраўдваўся тым, што хацеў перад ад‘ездам паглядзець славутую гуту графа Гараха ў Бруку. Ідучы назад ён заблудзіў і толькі раніцою зусім змардованы, дайшоў да «Белай ружы». (А ў той час ён спаў з Розачкаю з «Белай ружы»).

* * *

Сітуацыя засталася паранейшаму нявысьветленай. Будзе полк адпраўлены ці не? Швэйк па тэлефоне выслухаў у канцылярыі 11-й маршавай роты самыя рознастайныя думкі: пэсымістычныя і оптымістычныя. 12-я маршавая рота тэлефонавала, што нібы нехта з канцылярыі чуў, што раней будуць адбывацца практыкаваньні ў стральбе па рухомай мішэні і што толькі пасьля гэтага полк кранецца ў дарогу. Гэтага оптымістычнага погляду не падзяляла 13-я маршавая рота, якая тэлефонавала, што толькі што з гораду вярнуўся капрал Гаўлік, які чуў ад аднаго чыгуначнага служачага, што вагоны пададзены ўжо на станцыю.

Ванэк са злосьцю вырваў з рук у Швэйка трубку і закрычаў, што чыгуначнікі ні храна ня ведаюць і што ён сам толькі што прышоў з палкавой канцылярыі.

Швэйк самаахвярна заставаўся на сваёй варце пры тэлефоне і на запытаньні: «Якія навіны?» — адказваў, што яшчэ нічога пэўнага няма.

Так ён адказаў і на запытаньне паручніка Лукаша.

— Якія ў вас навіны?

— Яшчэ нічога пэўнага няма, пан обэр-лейтэнант, — стэрэотыпна адказаў Швэйк.

— Асёл! Павесьце трубку.

Потым прышло некалькі тэлефонограм, якія пасьля доўгіх перапытваньняў Швэйк прыняў.

У першую чаргу тая, якая не магла быць прадыктавана яму яшчэ ноччу праз тое, што ён не павесіў трубкі і спаў. Тэлефонограма гэта была пра сьпіс тых, якія зрабілі і якія не зрабілі супроцьтыфуснай прышчэпкі.

Потым Швэйк прыняў запозьненую тэлефонограму пра консэрвы. Пытаньне гэта было высьветлена ўжо ўчора.

Потым тэлефонограма ўсім батальёнам, ротам і часьцям палка:

«Адбітак тэлефонограмы брыгады № 75692. Загад № 172 па брыгадзе.

Пры справаздачнасьці пра гаспадарку палявых кухань трэба пры пералічэньні патрэбных продуктаў прытрымлівацца наступнага парадку: 1 — мяса, 2 — консэрвы, 3 — сьвежая гародніна, 4 — сушаная гародніна, 5 — рыс, 6 — манныя крупы, 8 — бульба, замест ранейшага парадку: 4 — сушаная гародніна, 6 — сырая гародніна».

Калі Швэйк прачытаў усё гэта палкавому пісару, Ванэк урачыста сказаў, што такія тэлефонограмы кідаюць у капанір.

— Гэта прыдумаў нейкі асталоп з штабу арміі, а потым гэта расходзіцца па ўсіх дывізіях, брыгадах і палкох.

Швэйк прыняў яшчэ тэлефонограму, якая была так шпарка прадыктавана, што Швэйк пасьпеў запісаць у сшытку нешта накшталт шыфру:

«З прычыны дакладней дазваляецца ці самастойна наадварот ва ўсіх выпадках падлягае звароту».

— Усё гэта лішняе, — сказаў Ванэк пасьля таго, як Швэйк страшэнна быў зьдзіўлены тым, што ён напісаў і тройчы ўслых прачытаў усё гэта. — Адно глупства, хоць, — чорт іх ведае! — можа гэта шыфрованая тэлефонограма. У нас няма ў роце шыфравальнага аддзяленьня. Гэта таксама можна выкінуць.

— Я тое самае думаю, — сказаў Швэйк, — Калі-б я абвясьціў пану обэр-лейтэнанту, што ён дакладней дазваляецца ці самастойней ва ўсіх выпадках падлягае звароту, то ён-бы пакрыўдзіўся на гэта.

— Некаторыя бываюць, скажу я вам, такія ўразьлівыя, што проста жах! — гаварыў ;далей Шнэйк, ахоплены сваімі ўспамінамі. — Ехаў я раз на трамваі з Высачан у Прагу, а ў Лібне падсеў да нас нейкі пан Новотны. Як толькі я яго пазнаў, дьтк пашоў да яго на пляцоўку і стаў з ім загаворваць, што мы землякі, абодва з Дражова. Ён на мяне зарычаў, каб я да яго не чапіўся, што ён незнаёмы са мною і ня ведае мяне. Я стаў яму тлумачыць, каб ён прыпомніў, што я яшчэ маленькім хлопчыкам хадзіў да яго з маткаю, якую звалі Антонія, бацьку-ж звалі Пракоп, і быў ён прадаўцом. Ён і пасьля гэтага не хацеў прызнавацца, што мы знаёмы. Дык я яму прыпамянуў, каб давесьці яшчэ больш інтымныя падрабязнасьці, што ў Дражове было два Новотных — Тонда і Іосіф, і ён якраз той самы Іосіф, пра якога мне пісалі, што ён застрэліў сваю жонку, што яна ўпікнула яго за п‘янства. Але ён тут размахнуўся, а я ўхіліўся, і ён разьбіў шкло на пярэдняй пляцоўцы, вялікае, перад вагонаважатым. Ну, нас высадзілі і завялі, а ў камісарыяце высьветлілася, што ён таму такі ўразьлівы, што звалі яго зусім ня Іосіф Новотны, а Эдуард Дубрава, і быў ён з Монтгомэры ў Амэрыцы, а сюды прыехаў наведаць сваякоў[100].

Тэлефон перапыніў яго апавяданьне, і нейкі хрыплы голас, з кулямётнай каманды зноў спытаўся — ці паедуць? Пра гэта быццам, ад самага ранку ідзе нарада ў пана палкоўніка.

У дзьвярох паказаўся белы, як палатно, заўрад-прапаршчык Біглер, самы дурны ў роце, які стараўся ў вучэбнай камандзе вольнапісаных вызначыцца сваімі ведамі. Ён кіўнуў Ванэку, каб той вышаў за ім на ўсходы. Там яны мелі доўгую размову.

Вярнуўшыся, Ванэк зьняважліва ўсьміхнуўся.

— Вось дубіна! — сказаў ён Швэйку: — няма чаго сказаць, экзэмплярчык у нас у маршавай роце! Ён таксама быў на нарадзе, і, калі разыходзіліся, пан обэр-лейтэнант загадаў, каб усе камандзіры разьдзелу зрабілі строгі агляд вінтовак. А гэты тып прышоў у мяне пытацца, ці павінен ён даць распараджэньне прывязаць Жлабэка за тое, што той вычысьціў вінтоўку газаю. — Ванэк разгарачыўся. — Пра такое глупства пытаецца ў мяне, хоць ведае, што едзе на позіцыю! Пан обэр-лейтэнант учора правільна зрабіў, што загадаў адвязаць свайго дзяншчыка. Я гэтаму шчанюку сказаў, каб ён пасьцярогся раззлоўваць сваю каманду.

— Дарэчы пра дзяншчыка: ці не знашлі вы часамі дзяншчыка пану обэр-лейтэнанту?

— Будзьце разумнікам, — адказаў Ванэк, — часу хопіць. Між іншым я думаю, што пан обэр-лейтэнант да Балёўна прывыкне; зрэдку ён у яго што-небудзь зжарэ, а потым і гэта ў яго пройдзе, калі пападзем на фронт. Там часта ні аднаму ні другому ня будзе чаго жраць. Скажу яму, што Балёўн застанецца і нічога ня зробіш. Гэта мой клопат, і пана обэр-лейтэнанта гэта не кранаецца. Галоўнае: не сьпяшацца!

Ванэк зкоў лёг на свой ложак і сказаў:

— Швэйк, раскажэце мне які-небудзь анэкдот з вайсковага жыцьця.

— Можна, — адказаў Швэйк, здымаючы трубку. — Я вам раскажу пра такое, што падыходзіць да нашай сітуацыі, толькі тагды замест сапраўднай вайны былі манэўры, а была якраз такая самая паніка, як сягодня, бо ня было вядома, калі выступім з казармаў. Служыў са мною Шыц з Поржыча[Вуліца ў Празе.] добры хлопец, толькі набожны і баязьлівы. Ён думаў, што манэўры гэта нешта страшэннае і што людзі на іх падаюць ад смагі, а санітары падбіраюць іх у час паходу, як ападкі ў садзе. Таму ён напіўся ў запас, і калі мы выступілі з казармаў на манэўры і прышлі да Мнішэка, то сказаў: «Я гэтага, хлопцы, ня вытрымаю, толькі пан бог мяне можа выратаваць!» Потым мы прышлі да Гржовіц, і там у нас быў на два дні прывал, бо здарылася нейкая памылка, і мы ішлі так шпарка ўперад, што маглі-б разам з іншымі палкамі, якія ішлі з намі з флангаў, захапіць увесь няпрыяцельскі штаб і нарабілі-б сабе сораму, бо наша армія павінна была п., а няпрыяцель павінен быў бойку выграць: у іх там знаходзіўся нейкі смаркаты Эрцгерцогік. Шыц зрабіў такую штуку. Калі мы разьбілі лягер, ён сабраўся і пашоў у вёску за Гржовіцамі, сёе-тое сабе купіць і к абеду варочаўся ў лягер. Была гарачыня, увапрэў ён таксама здорава і тут убачыў на дарозе слуп, на слупе была будачка, а ў ёй пад шклом зусім маленькая статуя Яна Непамуцкага. Памаліўся ён сьвятому Яну і кажа яму: «Вось, мусіць, горача табе, ня шкодзіла-б табе чаго-небудзь выпіць. На самым ты прыпёку. Мусіць увесь час пацееш?» Узбоўтаў паходную пляшку, выпіў і кажа: «Пакінуў я і табе глынуць, сьвяты Ян з Непамук». Потым схамянуўся, выхлебтаў усё, і сьвятому Яну з Непамук нічога не засталося. «Езус, Марыя!» — ускрыкнуў ён: — сьвяты Ян з Непамук, ты гэта мне павінен дараваць, я табе за гэта аддзякую. Я вазьму цябе з сабою ў лягер і так цябе напаю, што ты на нагах стаяць ня будзеш. І добры Шыц, шкадуючы сьвятога Яна з Непамук, разьбіў шкло, выцягнуў статую сьвятога, запхнуў пад блюзу і занёс у лягер. Потым сьвяты Ян Непамуцкі спаў з ім разам на саломе. Шыц насіў яго з сабою ў час паходаў у ранцы і заўсёды яму страшэнна шанцавала ў карты. Дзе толькі ні зробім прывал, ён заўсёды выграваў, пакуль ня прышлі мы да Прахеня. Кватаравалі мы ў Драгеніцах, і ён усё ўшчэнт праграў. Калі раніцою мы выступілі ў паход, дык на грушы пры дарозе вісеў сьвяты Ян Непамуцкі з пятлёю на шыі. Вось вам і анэкдот, ну, а цяпер павешу трубку.

І тэлефон зноў пачаў убіраць у сябе новыя сударгі нэрвовага жыцьця лягеру. Гармонія спакою была тут парушана.

У гэты самы час паручнік Лукаш вывучаў у сваім пакоі толькі што перададзены яму з штабу палка шыфр з тлумачэньнем, як яго расшыфраваць, і таемны шыфраваны загад пра маршрут маршавага батальёну ў кірунку да граніцы Галіцыі (першы этап):

7217–1238—475—2121—35—Мошонь.

8922-375—7282—Раб.

4432–1238–7217—35—8922—35—Комарно.

7282–9299—310–375—7881, 298–475—7979—Будапэшт.

Расшыфроўваючы гэты загад, паручнік уздыхнуў і сказаў: — Каб яго чорт узяў!

Загрузка...