Скандал у Багеміі

1

Для Шэрлака Холмса яна назаўсёды засталася «той жанчынай». Рэдка чуў я, каб ён называў яе неяк іначай. У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу. Не тое каб у яго было да Ірэн Адлер якое-небудзь пачуццё, падобнае да кахання. Любыя пачуцці, і ў прыватнасці гэтае, былі несумяшчальныя з яго халодным, дакладным і надзіва ўраўнаважаным розумам. На маю думку, такой дасканалай машыны, якая мысліць і назірае, свет яшчэ не бачыў, і ў ролі закаханага ён апынуўся б не на сваім месцы. Пра пяшчотныя пачуцці ён заўсёды згадваў толькі са з’едлівасцю і насмешкай. Пяшчотныя пачуцці былі для яго цудоўным аб’ектам для назірання, выключным сродкам сарваць покрыва з чалавечых пабуджэнняў і ўчынкаў. Калі трэніраваны мысляр дазволіць такім пачуццям уварвацца ў свой дакладна і бліскуча ўпарадкаваны ўнутраны свет, яны прынясуць туды бязладнасць, якая паставіць пад сумнеў усе дасягненні яго думкі. Пясчынка, што трапіла ў тонкі механізм, ці трэшчынка на адной з яго моцных лінзаў не зрабіліся б такім бедствам, як вялікае пачуццё для такога чалавека, як ён. І ўсё ж адна жанчына для яго існавала, і жанчынай гэтай была памерлая ўжо Ірэн Адлер – асоба з цьмяным і вельмі сумнеўным мінулым.

Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія з’яўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сям’і. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.

Аднаго вечару, дзесьці ў трэцяй дэкадзе сакавіка 1888 году, я вяртаўся ад пацыента (бо цяпер зноў меў прыватную практыку), і дарога мая ляжала праз Бэйкер-стрыт. Мінаючы незабыўныя дзверы, назаўсёды звязаныя ў маім сэрцы з перыядам жаніхоўства і са змрочнымі падзеямі, апісанымі ў «Эцюдзе ў пунсовым», я адчуў вострае жаданне зноў убачыць Холмса і даведацца, чым цяпер заняты гэты выбітны розум. У пакоі гарэла яркае святло, і калі я зазірнуў у акно, то ўбачыў яго высокую хударлявую фігуру, якая цёмным сілуэтам двойчы прамільгнула за гардзінамі. Апусціўшы галаву і склаўшы рукі за спінаю, ён узбуджана і імкліва мераў крокамі пакой. Я ведаў усе яго настроі і звычкі, а таму карціна гэтая шмат пра што мне сказала. Ён зноў узяўся за працу. Ён строс з сябе наркатычныя мроі і ішоў свежымі слядамі нейкай новай загадкі. Я пазваніў, і мяне праводзілі да пакоя, які калісьці часткова належаў і мне.

Ён сустрэў мяне без бурных эмоцыяў – для яго яны былі рэдкасцю. Тым не менш я думаю, што ён быў рады мяне бачыць. Амаль нічога не кажучы, ён сардэчна запрасіў мяне сесці, падсунуў бліжэй каробку з цыгарамі і паказаў на вінную шафку і газаген* у куце. Потым стаў ля каміна і пачаў уважліва вывучаць мяне сваім незвычайным пранізлівым поглядам.

– Сямейнае жыццё пайшло вам на карысць, – зазначыў ён. – Думаю, Ўотсан, што з моманту нашае апошняе сустрэчы вы паправіліся на сем з паловай фунтаў.

– На сем, – паправіў я.

– Усё ж мяркую, што трошачкі больш. Зусім крышку. Вы, як бачу, зноў практыкуеце. Але вы не казалі, што плануеце ўпрэгчыся ў працу.

– Як вы пра гэта даведаліся?

– Я бачу гэта, я раблю высновы. Вось як я даведаўся, што днямі вы моцна вымаклі і што вашая служанка страшэнна няўмелая і няўважлівая?

– Дарагі мой Холмс, – сказаў я, – гэта ўжо занадта. Пару стагоддзяў таму вас проста спалілі б на вогнішчы. Я і праўда быў у чацвер за горадам і вярнуўся дадому ўвесь выпацканы, але цяпер на мне зусім іншая вопратка, і я не ўяўляю, як вы гэта вылічылі. Што да Мэры Джэйн, то яна насамрэч безнадзейная, і мая жонка паведаміла ёй пра звальненне, але я зноў жа губляюся ў здагадках, адкуль вы гэта ведаеце.

Холмс ціха засмяяўся і задаволена пацёр доўгія нервовыя рукі.

– Няма нічога прасцейшага, – сказаў ён. – Мае вочы падказваюць мне, што з унутранага боку вашага левага чаравіка, акурат там, куды падае святло каміна, па скуры праходзіць шэсць амаль паралельных драпінаў. Відавочна, хтосьці няўмела скроб край падэшвы, счышчаючы з абутку высахлы бруд. Адсюль я раблю падвойную выснову пра тое, што вы выходзілі ў кепскае надвор’е і што ў вас працуе самы зласлівы абутканенавіснік сярод усёй лонданскай прыслугі. Што да вашай практыкі, Ўотсан, то калі ў мой пакой уваходзіць джэнтльмен, ад якога за мілю патыхае ёдаформам, на чыім правым пальцы бачная чорная пляма ад ляпіснага алоўка*, а пукатасць з правага боку цыліндра сведчыць пра тое, што там схаваны стэтаскоп, то я буду сапраўдным дурнем, калі не пазнаю ў ім дзейнага прадстаўніка медыцынскай сябрыны.

Слухаючы, з якой лёгкасцю ён патлумачыў свае высновы, я не мог утрымацца ад смеху.

– Калі я чую вашыя тлумачэнні, – сказаў я, – мне ўсё здаецца такім да смешнага простым, што я мог бы і сам лёгка здагадацца, хаця ў кожным наступным выпадку вашыя разважанні зноў ставяць мяне ў тупік, пакуль вы іх не патлумачыце. Аднак я думаю, што мой зрок не горшы за ваш.

– Так яно і ёсць, – пагадзіўся ён, запаліўшы цыгарэту і плюхнуўшыся ў фатэль. – Вы бачыце, але не заўважаеце, а гэта вялікая розніца. Вось, напрыклад, вы часта бачылі прыступкі, якія вядуць з вітальні ў гэты пакой?

– Часта.

– Як часта?

– Ну, разоў сто, не менш.

– І колькі іх там?

– Колькі? Адкуль мне ведаць?

– Вось яно! Вы не заўважаеце, хаця і бачыце. Гэтым мы з вамі і адрозніваемся. Я ведаю, што прыступак сямнаццаць, бо я не толькі глядзеў, але і звяртаў увагу. Дарэчы, калі ўжо вы цікавіцеся рознымі дробнымі праблемамі і нават ласкава апісалі маё сціплае расследаванне адной ці дзвюх з іх, то гэтая таксама можа вас зацікавіць, – і ён кінуў мне аркуш шчыльнай ружовай паштовай паперы, які ляжаў на стале. – Гэта прыйшло з нядаўняй поштай. Прачытайце ўголас.

На цыдулцы не было ні даты, ні подпісу, ні адрасу.

«Сёння вечарам, без чвэрці восем, – гаварылася ў ёй, – вас наведае джэнтльмен, якому неабходна кансультацыю па адной вельмі сур’ёзнай справе атрымаць. Паслуга, якую вы нядаўна зрабілі аднаму з уладных дамоў Еўропы, даводзіць, што вы акурат той чалавек, якому можна спакойна даверыць справу, чыю важнасць нельга пераацаніць. Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі. Будзьце ў гэты час дома і не зразумейце няправільна, калі ваш госць будзе ў масцы».

– Гучыць і праўда вельмі загадкава, – заўважыў я. – Як вы думаеце, што ўсё гэта значыць?

– Пакуль у мяне няма інфармацыі. А тэарэтызаваць, нічога не ведаючы, – вялікая памылка. У такім выпадку пачынаеш незаўважна падганяць факты пад тэорыю, замест таго каб падганяць тэорыю пад факты. Але вернемся да цыдулкі. Якія высновы вы можаце зрабіць?

Я ўважліва агледзеў сам ліст і паперу, на якой ён быў напісаны.

– Аўтар паслання, імаверна, досыць заможны, – адзначыў я, спрабуючы пераняць прыёмы майго сябра. – Такая папера каштуе не танней чым паўкроны за пачак. Яна надзвычай шчыльная і моцная.

– Надзвычай – гэта вы правільна сказалі, – пагадзіўся Холмс. – Гэта ўвогуле не ангельская папера. Паглядзіце на яе супраць святла.

Я так і зрабіў і ўбачыў на паперы вялікую літару «Е» і маленькую «g», а далей – вялікія «Р» і «G» і маленькую «t», уплеценыя ў фактуру паперы.

– Якую выснову вы можаце зрабіць? – спытаў Холмс.

– Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.

– Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» – гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», – ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. – Элгаў, Элганіц*… А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.

– Папера зробленая ў Багеміі, – сказаў я.

– Менавіта. А аўтар цыдулкі – немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.

На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым – не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.

– Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, – сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: – Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.

– Думаю, Холмс, мне лепей сысці…

– Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.

– Але ж ваш кліент…

– Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.

Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.

– Заходзьце! – сказаў Холмс.

Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, – бо калі ён увайшоў, рука яго ўсё яшчэ была паднятая. Ніжняя частка твару выдавала чалавека з моцным характарам, а тоўстая выпукленая губа і доўгае прамое падбароддзе сведчылі пра цвёрдасць, што межавала з упартасцю.

– Вы атрымалі маю цыдулку? – спытаў ён рэзкім і нізкім голасам з моцным нямецкім акцэнтам. – Я папярэдзіў, што наведаю вас, – ён пераводзіў позірк з мяне на Холмса, не ведаючы, да каго звяртацца.

– Сядайце, прашу вас, – сказаў Холмс. – Гэта мой сябра і кампаньён доктар Ўотсан, які час ад часу дапамагае мне ў расследаванні. З кім маю гонар размаўляць?

– Можаце называць мяне графам фон Крамам, багемскім арыстакратам. Я правільна разумею, што гэты джэнтльмен, ваш сябар, – чалавек гонару і разважнасці, і я магу давяраць яму ў гэтай надзвычай сур’ёзнай справе? Калі не, я палічыў бы за лепшае перагаварыць з вамі сам-насам.

Я падняўся, каб сысці, але Холмс схапіў мяне за руку і пхнуў назад у фатэль.

– Мы слухаем вас альбо разам, альбо ніяк, – сказаў ён. – У прысутнасці гэтага джэнтльмена вы можаце расказваць усё, што сказалі б мне сам-насам.

Граф паціснуў шырокімі плячыма.

– Тады я пачну з таго, – сказаў ён, – што вазьму з вас слова трымаць усё ў таямніцы два гады – пасля справа страціць сваё значэнне. Але я з поўнай упэўненасцю магу сказаць: цяпер яна такая сур’ёзная, што можа паўплываць на ўсю еўрапейскую гісторыю.

– Я даю слова, – сказаў Холмс.

– І я.

– Прабачце мне маю маску, – працягнуў дзіўны госць. – Найсвятлейшая асоба, што адправіла мяне да вас, пажадала, каб яе давераны застаўся невядомым, і мушу адразу ж прызнаць, што тытул, якім я назваўся, не зусім належыць мне.

– Я зразумеў, – суха зазначыў Холмс.

– Абставіны справы такія далікатныя, што не варта грэбаваць любымі мерамі, каб пазбегнуць страшэннага скандалу, які можа моцна скампраметаваць адну з уладных сем’яў Еўропы. Бо, шчыра кажучы, справа датычыць вялікага дому Армштайнаў, спадчынных каралёў Багеміі.

– Гэта я таксама зразумеў, – прамармытаў Холмс, выгодней уладкаваўшыся ў фатэлі і заплюшчыўшы вочы.

Госць з непрыхаваным здзіўленнем паглядзеў на марудлівага лянотнага чалавека, якога, без сумневу, адрэкамендавалі яму як самага праніклівага мысляра і самага энергічнага ў Еўропе дэтэктыва.

Холмс марудна расплюшчыў вочы і нецярпліва зірнуў на свайго волата-наведніка.

– Калі вашая вялікасць зробіць ласку і раскажа пра сваю праблему, – сказаў ён, – мне будзе нашмат прасцей нешта параіць.

Госць ускочыў з крэсла і пачаў мераць крокамі пакой, не могучы стрымаць хваляванне. Потым адчайным жэстам сарваў з твару маску і шпурнуў яе на падлогу.

– Вы маеце рацыю, – усклікнуў ён, – я кароль! Навошта было гэта хаваць?

– І праўда, навошта? – ціха прамовіў Холмс. – Вашая вялікасць не сказала яшчэ і слова, як я ўжо зразумеў, што перада мной Вільгельм Готсрайх Сігізмунд фон Армштайн, вялікі герцаг Касель-Фельштайнскі і спадчынны кароль Багеміі.

– Але вы ж разумееце, – сказаў наш дзіўны наведнік, зноў сеўшы і правёўшы рукой па высокім белым ілбе, – вы разумееце, што я не прывык сам займацца такім. Аднак справа такая далікатная, што я не магу даверыцца нікому, не рызыкуючы трапіць пад чужую ўладу. Я прыбыў з Прагі інкогніта, каб папрасіць у вас парады.

– Калі ласка, прасіце, – сказаў Холмс, зноў заплюшчваючы вочы.

– Карацей кажучы, рэч вось у чым: гадоў пяць таму падчас доўгага візіту ў Варшаву я пазнаёміўся з добра вядомай авантурысткай Ірэн Адлер. Імя гэтае, несумненна, вам вядомае.

– Прашу вас ласкава пашукаць яе ў маёй картатэцы, доктар, – ціха сказаў Холмс, не расплюшчваючы вачэй.

Шмат гадоў таму ён завёў сістэму рэгістрацыі ўсіх фактаў, датычных розных людзей і рэчаў, а таму цяпер складана было знайсці штосьці, пра што ён не змог бы адразу здабыць інфармацыю. Я адшукаў біяграфію, заціснутую паміж біяграфіямі габрэйскага рабіна і аднаго каменданта штабу, які напісаў працу пра глыбакаводных рыбаў.

– Так-так, паглядзім, – сказаў Холмс. – Хм… Нарадзілася ў Нью-Джэрсі ў 1858 годзе. Кантральта, хм… «Ла-Скала», хм… Жыве ў Лондане – усё правільна! Як я разумею, гэтая маладая асоба зацягнула вашую вялікасць у пастку, вы напісалі ёй некалькі лістоў, якія могуць вас скампраметаваць, і таму прагнеце вярнуць іх сабе?

– Усё менавіта так, але якім чынам…

– Вы прабраліся таемным шлюбам?

– Не.

– Ніякіх дакументаў ці сведчанняў?

– Ніякіх.

– Тады я вашую вялікасць не разумею. Калі гэтая маладая асоба наважыцца шантажаваць вас ці яшчэ што, як яна давядзе іх сапраўднасць?

– Мой почырк.

– Глупства! Фальшыўка.

– Мая прыватная папера.

– Скрадзеная.

– Мая пячатка.

– Падробленая.

– Мой фотаздымак.

– Куплены.

– Мы фатаграфаваліся разам.

– О, а вось гэта кепска. З боку вашай вялікасці гэта было неасцярожным учынкам.

– Я звар’яцеў, страціў розум!

– Вы сур’ёзна сябе скампраметавалі.

– Тады я быў толькі кронпрынцам. Я быў малады. Мне і цяпер усяго трыццаць.

– Фотаздымак трэба вярнуць.

– Мы спрабавалі – не атрымалася.

– Вашая вялікасць мусіць заплаціць. Купіце яго.

– Яна не хоча прадаваць.

– Тады трэба скрасці.

– Мы зрабілі пяць спробаў. Нанятыя мной узломшчыкі двойчы абшуквалі яе дом. Падчас яе падарожжа мы правяралі яе багаж. Двойчы ладзілі на яе пастку. Ніякіх вынікаў.

– Ніякіх слядоў здымка?

– Ніякіх.

Холмс засмяяўся:

– Нічога сабе задачка!

– Але для мяне гэта вельмі важна! – усклікнуў кароль з дакорам.

– Не сумняюся. Што яна плануе рабіць са здымкам?

– Знішчыць мяне.

– Якім жа чынам?

– Я збіраюся жаніцца…

– Я чуў пра гэта.

– …з Клатыльдай Лотман фон Саксэн-Менінген, другой дачкой скандынаўскага караля. Магчыма, вы чулі пра строгія прынцыпы яе сям’і. Дый Клатыльда – сама чысціня. Нават цень сумневу адносна майго мінулага можа прывесці да разрыву.

– А што Ірэн Адлер?

– Пагражае, што адправіць ім фотаздымак. І яна гэта зробіць! Зробіць, я ўпэўнены! Вы не ведаеце яе – у яе сталёвыя нервы. Самы прыгожы жаночы твар і самы разважлівы мужчынскі розум. Яна не спыніцца ні перад чым, каб не даць мне ажаніцца з іншай жанчынай. Ні перад чым!

– І вы ўпэўненыя, што здымак яшчэ не дасланы?

– Упэўнены.

– Чаму?

– Бо яна сказала, што вышле яго ў дзень афіцыйнага абвяшчэння заручынаў. У наступны панядзелак.

– Ага, значыць, у нас засталося тры дні, – сказаў Холмс пазяхаючы. – Гэта радуе, бо пакуль у мяне засталіся адна-дзве важныя справы, якія патрабуюць тэрміновага развязання. Вашая вялікасць, безумоўна, яшчэ застанецца ў Лондане?

– Канечне. Вы зможаце знайсці мяне ў гасцініцы «Лэнгхэм» пад імем графа фон Крама.

– Тады я перадам вам цыдулку – раскажу, як ідзе справа.

– Вельмі вас папрашу. Я буду нецярпліва чакаць.

– А што наконт грошай?

– Даю вам карт-бланш.

– Абсалютна?

– За гэты фотаздымак я гатовы аддаць любую з правінцыяў майго каралеўства!

– А на бягучыя выдаткі?

Кароль дастаў з-пад плашча цяжкі замшавы мяшэчак і паклаў яго на стол.

– Тут трыста фунтаў золатам і семсот асігнацыямі. Холмс чыркануў распіску на старонцы са свайго нататніка і перадаў яе каралю.

– Адрас мадэмуазэль? – спытаў ён.

– Браяні-Лодж, Серпентайн-авеню, Сэнт-Джонс-Вуд. Холмс запісаў адрас.

– І яшчэ адно пытанне. Фотаздымак кабінетнага фармату*?

– Так.

– Тады дабранач, вашая вялікасць, я спадзяюся, што хутка ў нас будуць для вас добрыя навіны. Дабранач, Ўотсан, – дадаў ён, калі грукат колаў каралеўскага экіпажа пачаў аддаляцца. – Калі вы зазірняце да мяне заўтра а трэцяй, я ахвотна абмяркую з вамі гэтую справу.

2

Роўна а трэцяй я быў на Бэйкер-стрыт, але Холмс яшчэ не вярнуўся. Гаспадыня кватэры паведаміла, што ён сышоў з дому адразу пасля васьмі раніцы. Тым не менш я прысеў ля каміна, збіраючыся чакаць яго да ўпору. Мяне вельмі зацікавіла расследаванне гэтай справы, і нягледзячы на тое, што яна была пазбаўленая вычварнай і злавеснай атмасферы, што атачала абодва злачынствы, апісаныя мной раней, сам яе характар і высокае становішча кліента надавала ёй пэўную незвычайнасць. Да таго ж, калі пакінуць убаку само расследаванне, якое мусіў правесці мой сябар, ужо тое майстэрства, з якім ён завалодваў сітуацыяй, яго востры і дасціпны розум прымушалі мяне з асалодай назіраць за яго працай і імклівымі і спрытнымі прыёмамі, што дапамагалі яму разблытаць самыя невытлумачальныя таямніцы. Я так прызвычаіўся да яго нязменных поспехаў, што мне і ў галаву не магла прыйсці думка пра магчымасць паразы.

Каля чацвертай дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў п’яны з выгляду конюх, жахліва апрануты, з раскудлачаным чубам, бакенбардамі і пачырванелым тварам. І хаця я прывык да дзівоснай здольнасці майго сябра да пераўвасаблення, мне давялося тройчы ўважліва агледзець Холмса, перш чым я ўпэўніўся, што гэта дакладна ён. Кіўнуўшы мне, ён знік у сваёй спальні, адкуль з’явіўся праз пяць хвілінаў у цвідавым касцюме, акуратны і рэспектабельны, як і заўсёды. Паклаўшы рукі ў кішэні і выцягнуўшы ногі да каміна, ён некалькі хвілінаў ад усёй душы смяяўся.

– Цудоўна, проста цудоўна! – ускрыкнуў ён і зноў пачаў душыцца ад смеху, пакуль марудна і бяссільна не адкінуўся на спінку крэсла.

– Што такое?

– Смех дый годзе! Магу пабіцца аб заклад, што вы ніколі не здагадаецеся, як я прабавіў раніцу і што ўрэшце зрабіў.

– Нават не ўяўляю. Імаверна, вы назіралі за звычкамі міс Ірэн Адлер і, магчыма, за яе домам.

– Усё правільна, і вынікі досыць незвычайныя. Але раскажу па парадку. Я пакінуў дом у пачатку дзявятай у выглядзе беспрацоўнага конюха. У фурманскім таварыстве пануе цудоўны дух разумення і ўзаемадапамогі. Зрабіся адным з іх – і будзеш ведаць усё, што ведаюць яны. Хутка я знайшоў Браяні-Лодж. Гэта проста цацачны асабняк: два паверхі, фасад выходзіць на вуліцу, а ззаду – сад. На дзвярах – замок Чаба*. З правага боку – добра абстаўленая вялізная гасцёўня з доўгімі, амаль да падлогі, вокнамі і такімі недарэчнымі ангельскімі засаўкамі, якія можа адчыніць нават дзіця. За домам нічога асаблівага, хіба што акно галерэі, да якога можна дабрацца з даху карэтнай. Я абышоў яе вакол і ўважліва агледзеў з усіх бакоў, але больш нічога цікавага не заўважыў.

Потым я пабадзяўся па вуліцы і ў завулку, што спускаўся ад садовай агароджы, знайшоў, як і чакаў, стайню. Я дапамог конюхам пачысціць коней, за што атрымаў два пенсы, шклянку портара з элем, дзве порцыі моцнага тытуню і колькі заўгодна звестак пра міс Ірэн Адлер, ужо не кажучы пра паўтузіна яе суседзяў, да якіх мне няма ніякае справы, але чые біяграфіі я быў змушаны выслухаць.

– А што з Ірэн Адлер?

– О, яна завалодала ўвагай усіх мужчынаў таго раёну. Яна самае цудоўнае стварэнне, якое носіць капялюшык на нашай планеце. У серпентайнскіх стайнях так гавораць усе без выняткаў. Яна жыве ціха, пяе на канцэртах, кожны дзень выязджае ў пяць і вяртаецца ў сем – акурат да вячэры. У іншы час выходзіць рэдка, за выключэннем тых дзён, калі выступае. Яе наведвае толькі адзін мужчына, але вельмі часта. Ён брунет, прывабны і энергічны, заходзіць не радзей за раз на дзень, звычайна два разы. Нейкі містэр Годфры Нортан з ІнэрТэмпла. Бачыце, як карысна дапамагаць кэбменам! Яны дзясяткі разоў вазілі яго ад серпентайнскіх стайняў і ведаюць пра яго ўсё. Выслухаўшы іх аповеды, я зноў пачаў прагульвацца ля Браяні-Лодж і абдумваць план дзеянняў.

Відавочна, што гэты Годфры Нортан адыгрывае ў справе важную ролю. Ён юрыст, і гэта гучыць пагрозліва. Што іх звязвае і якая прычына яго частых візітаў? Яна яго кліентка, сяброўка ці каханка? Калі першае, то яна магла аддаць яму фотаздымак на захаванне. Калі апошняе, то наўрад ці. Ад вырашэння гэтага пытання залежала тое, прадоўжу я займацца Браяні-Лодж ці пераключуся на кватэру джэнтльмена ў Тэмпле. Пытанне вельмі далікатнае, а таму я пашырыў поле сваіх росшукаў. Баюся, я стамляю вас такімі падрабязнасцямі, але, каб увесці ў справу, я мушу расказаць пра яе дробныя складанасці.

– Я ўважліва сачу за аповедам, – адказаў я.

– Я ўсё яшчэ ўзважваў у думках гэтую справу, калі да Браяні-Лодж пад’ехаў прыгожы экіпаж, і адтуль выскачыў нейкі джэнтльмен, надзвычай прыгожы, цёмнавалосы, з вусамі і арліным носам, – відавочна, той самы чалавек, пра якога мне расказвалі. Было відаць, што ён вельмі спяшаецца. Ён крыкнуў рамізніку, каб той пачакаў, і праслізнуў міма служанкі, што адчыніла дзверы, з выглядам чалавека, які прыйшоў у свой дом.

Ён заставаўся там дзесьці паўгадзіны, і праз вокны гасцёўні я мімаходзь бачыў, як ён ходзіць туды-сюды, усхвалявана з кімсьці гаворачы і размахваючы рукамі. Яе саму я не бачыў. Урэшце ён выйшаў з дома, яшчэ больш узбуджаны, чым раней. Ускочыўшы ў кэб, дастаў з кішэні залаты гадзіннік і трывожна зірнуў на яго.

«Ганіце што духу! – крыкнуў ён, – спачатку да Гроса і Хенке на Рыджэнт-стрыт, а потым да царквы святой Монікі на Эджвер-роўд. Паўгінеі, калі даімчыце за дваццаць хвілін!»

Яны паехалі, і пакуль я разважаў, ці не варта адправіцца за імі, з завулка выкаціла прыгожае ландо. Плашч фурмана быў зашпілены толькі на палову гузікаў, гальштук завязаны дзесьці пад вухам, а рамяні збруі боўталіся, не замацаваныя спражкамі. Не паспеў ён спыніцца, як з дзвярэй дома выскачыла жанчына і кінулася ў ландо. Я бачыў яе толькі імгненне, але заўважыў, што яна вельмі прывабная – дзеля такога твару мужчыны часта гатовыя памерці.

– Царква святой Монікі, Джон! – крыкнула яна. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!

Нельга было страціць такі шанец, Ўотсан. Я абдумваў, пабегчы за ландо ці ўчапіцца за яго задок, калі на вуліцы з’явіўся новы кэб. Рамізнік двойчы паглядзеў на мой памяты твар, але я ўскочыў раней, чым ён паспеў запярэчыць. «Царква святой Монікі! – сказаў я. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!» Было без дваццаці пяці дванаццаць, і я, вядома, зразумеў, што ўсё гэта значыць.

Рамізнік гнаў штосілы. Не думаю, што мне даводзілася калі-небудзь ездзіць на большай хуткасці, але тыя двое гналі яшчэ хутчэй. Калі я пад’ехаў да царквы, кэб і ландо з запененымі коньмі стаялі ўжо там. Я заплаціў кэбмену і паспяшаўся ў царкву. Усярэдзіне не было нікога, апроч тых, каго я пераследаваў, а таксама ўбранага для набажэнства святара, які, відавочна, у чымсьці іх пераконваў. Усе трое стаялі на ўзвышэнні перад алтаром. Я пачаў прагульвацца па бакавым нэфе з лянотным выглядам выпадковага наведніка. Раптам, на маё здзіўленне, усе трое павярнуліся ў мой бок, і Годфры Нортан з усіх ног кінуўся да мяне.

– Дзякуй Богу! – ускрыкнуў ён. – Вы нам і патрэбныя. Хадзем! Хадзем!

– Што здарылася? – спытаў я.

– Давай жа сюды, сябра, усяго тры хвіліны, іначай яно будзе несапраўдным.

Мяне амаль пацягнулі да алтара, і, не паспеўшы прыйсці ў сябе, я заўважыў, што мармычу адказы, якія мне падказваюць на вуха, даю паруку за тое, пра што не маю ніякага ўяўлення, і ўвогуле дапамагаю Ірэн Адлер, незамужняй, і Годфры Нортану, халасцяку, узяць законны шлюб. Праз імгненне ўсё скончылася, і вось ужо джэнтльмен дзякуе мне аднаго боку, лэдзі – з другога, а святар ззяе ўсмешкай проста перада мной. Ніколі яшчэ не аказваўся я ў такой недарэчнай сітуацыі і цяпер не магу ўспамінаць яе без смеху. Мабыць, у іх былі нейкія праблемы з ліцэнзіяй, калі святар катэгарычна адмовіўся вянчаць іх без сведкі, і толькі маё шчаслівае з’яўленне ўратавала жаніха ад неабходнасці запрашаць якога мінака з вуліцы. Нявеста дала мне саверэн, і я збіраюся пачапіць яго на ланцужок ад гадзінніка ў памяць пра гэты выпадак.

– Досыць нечаканы паварот падзеяў, – зазначыў я. – А што было далей?

– Я зразумеў, што ўсе мае планы пад пагрозай зрыву. Выглядала на тое, што маладыя збіраюцца адразу ж з’язджаць, а таму я мусіў прыняць неадкладныя і дзейсныя меры. Аднак, пакінуўшы царкву, яны разышліся: ён адправіўся ў Тэмпл, яна вярнулася дадому. «Я выеду ў парк а пятай, як і заўсёды», – сказала яна на развітанне. Больш я нічога не пачуў. Яны раз’ехаліся ў розныя бакі, а я вярнуўся сюды, каб заняцца чымсьці важным.

– Чым жа?

– Халоднай ялавічынай і шклянкай піва, – адказаў ён, пазваніўшы. – Я быў надта заняты, каб думаць пра ежу, і буду яшчэ больш заняты сёння вечарам. Дарэчы, доктар, мне спатрэбіцца вашая дапамога.

– Буду рады дапамагчы.

– Вы не супраць таго, каб парушыць закон?

– Ні ў якім разе.

– Але нас могуць арыштаваць.

– На што не пойдзеш дзеля добрай справы!

– О, справа і праўда цудоўная!

– Тады я да вашых паслугаў.

– Упэўнены, на вас можна спадзявацца.

– Але што я мушу рабіць?

– Калі місіс Тэрнэр* прынясе нам перакусіць, я ўсё вам патлумачу… Цяпер, – сказаў ён, прагна накідваючыся на сціплую ежу, прыгатаваную гаспадыняй, – нам трэба абмеркаваць усё, пакуль я ем. Больш часу ў мяне няма. Цяпер каля пяці. Праз дзве гадзіны мы мусім быць на месцы. Міс Ірэн, а дакладней місіс, вяртаецца дадому ў сем. Мы павінныя сустрэць яе ля Браяні-Лодж.

– І што далей?

– Пакіньце гэта мне. Я ўжо падрыхтаваў тое, што мусіць адбыцца. Я настойваю толькі на адным: не ўмешвайцеся, хай усё ідзе сваім ходам. Разумееце?

– Мне трэба заставацца ўбаку?

– Так, ні ў якім разе нічога не рабіце. Верагодна, чакаецца невялікая непрыемнасць. Але не ўмешвайцеся. Скончыцца тым, што мяне аднясуць у дом. Праз чатыры ці пяць хвілінаў пасля гэтага акно гасцёўні адчыніцца. Вам трэба стаць як мага бліжэй да гэтага акна.

– Добра.

– Назірайце за мной – я буду навідавоку.

– Добра.

– І калі я падыму руку – вось так, – вы ўкінеце ў пакой тое, што я вам дам, і ў той жа момант закрычыце «Пажар!» Вы мяне разумееце?

– Цалкам.

– Тут няма нічога небяспечнага, – сказаў ён, выцягваючы з кішэні скрутак у форме цыгары. – Гэта звычайная водаправодная дымавая шашка*, на абодвух баках якой размешчаныя капсулі самазапальвання. Вось і ўся вашая задача. Калі вы закрычыце «Пажар!», ваш крык падхопяць многія людзі. Пасля гэтага вы можаце адбегчы на канец вуліцы, і хвілін праз дзесяць я да вас далучуся. Спадзяюся, вы ўсё зразумелі?

– Я мушу ні ў што не ўмешвацца, стаяць ля акна, сачыць за вамі і, калі ўбачу сігнал, закінуць гэты скрутак, потым падняць трывогу і чакаць вас на рагу.

– Усё правільна.

– Можаце цалкам мне даверыцца.

– Ну і цудоўна. Думаю, самы час узяцца за падрыхтоўку да маёй новай ролі.

Ён знік у спальні і праз некалькі хвілін з’явіўся ў вобразе прыязнага і прастадушнага святара нонканфармісцкай царквы*. Яго шыракаполы чорны капялюш, мехаватыя нагавіцы, белы гальштук, зычлівая ўсмешка і агульны выраз шчырай і дабрадушнай цікаўнасці былі такія цудоўныя, што зраўняцца з ім мог хіба Джон Хэйр*. Але Холмс не проста пераапрануўся. Здавалася, выраз яго твару, манера трымацца, сама душа майго сябра змяняліся з кожнай яго новай роляй. Калі ён вырашыў зрабіцца дэтэктывам, сцэна страціла ў ім вялікага актора, а навука – праніклівага мысляра.

Мы пакінулі Бэйкер-стрыт у шэсць пятнаццаць і калі апынуліся на Серпентайн-авеню, да сямі заставалася яшчэ дзесяць хвілін. Вечарэла, і пакуль мы прагульваліся перад Браяні-Лодж, чакаючы яго жыхарку, запаліліся ліхтары. Дом аказаўся акурат такім, якім я ўявіў яго з кароткага апісання Холмса, аднак раён быў не настолькі зацішным, як я чакаў. Наадварот – для маленькай зацішнай вулкі там тоўпілася занадта шмат народу: група пашарпанага выгляду мужчынаў смяялася і курыла на рагу, тачыльшчык стаяў са сваім колам, два гвардзейцы заляцаліся да маладой нянькі, а некалькі добра апранутых маладых людзей з цыгарамі прагульвалася туды-сюды.

– Разумееце, – зазначыў Холмс, калі мы праходжваліся перад домам, – гэтае вяселле толькі спрашчае справу. Фотаздымак робіцца зброяй, вострай з абодвух бакоў. Цалкам верагодна, што яна не хоча, каб містэр Годфры Нортан убачыў гэты здымак, як наш кліент не хоча, каб ён трапіў на вочы прынцэсе. Перад намі стаіць пытанне, дзе фотаздымак шукаць.

– І праўда, дзе?

– Непадобна, што яна носіць яго пры сабе. Кабінетны фармат занадта вялікі, каб лёгка схаваць яго ў жаночым плацці. Да таго ж Ірэн ведае, што кароль можа адправіць людзей, якія яе падпільнуюць і абшукаюць. Дзве такія спробы ўжо рабіліся. А значыць, мы можам лічыць, што з сабой яна фотаздымак не носіць.

– І дзе тады яна яго трымае?

– У свайго банкіра ці адваката. Абодва варыянты магчымыя, але ў абодвух я сумняюся. Жанчыны ад прыроды скрытныя і любяць атачаць сябе атмасферай таямнічасці. Навошта ёй аддаваць камусьці фотаздымак? Яна можа даверыцца толькі свайму ўласнаму ўменню захоўваць сакрэты, бо не ўпэўненая, ці зможа яе давераная асоба супрацьстаяць якому-небудзь палітычнаму ці іншаму ўплыву. І, дарэчы, успомніце, што яна плануе найбліжэйшымі днямі выкарыстаць здымак. Значыць, ён мусіць быць пад рукой. І значыць, ён ляжыць у яе дома.

– Але яго два разы абшуквалі!

– Ды глупства! Яны не ведалі, як трэба шукаць.

– Але як будзеце шукаць вы?

– Я не буду яго шукаць.

– А што тады?

– Я зраблю так, што яна сама мне яго пакажа.

– Яна адмовіцца.

– Яна не зможа. Але я чую грукат колаў. Гэта яе экіпаж. Цяпер дакладна трымайцеся маіх указанняў.

Пры гэтых словах на павароце паказалася святло бакавых ліхтароў карэты. Прыгожае маленькае ландо шумна падкаціла да дзвярэй Браяні-Лодж. Як толькі яно спынілася, адзін з абадранцаў, што гультаявалі на рагу, падскочыў да дзверцаў, спадзеючыся адчыніць іх і атрымаць за гэта мядзяк, але яго адапхнуў другі абадранец, што акурат падаспеў з тым самым намерам. Успыхнула жорсткая сварка, да якой хутка далучыліся абодва гвардзейцы, што ўзялі бок аднаго з бадзягаў, і тачыльшчык, які з не меншым палам заступіўся за другога. Потым хтосьці кагосьці ўдарыў, і праз імгненне лэдзі, якая выйшла з экіпажа, апынулася ў самым цэнтры бойкі, аточаная распаленымі задзірамі, што люта малацілі адзін аднаго кулакамі і палкамі. Холмс кінуўся ў гэтую бойку, каб абараніць лэдзі, але, дабраўшыся да яе, закрычаў і паваліўся на зямлю з залітым крывёй тварам. Калі ён зваліўся, гвардзейцы кінуліся ў адзін бок, абадранцы – у другі, тым часам як усе астатнія, прыстойна апранутыя людзі, што назіралі за сутычкай не ўмешваючыся, сабраліся вакол лэдзі, каб абараніць яе і дапамагчы параненаму. Ірэн Адлер, як я буду па-ранейшаму называць яе, узбегла па прыступках і цяпер стаяла перад дзвярыма, азіраючы вуліцу. Яе раскошны сілуэт вымалёўваўся на фоне асветленай вітальні.

– Бедны джэнтльмен моцна пацярпеў?

– Ён мёртвы, – адказала некалькі галасоў.

– Не, не, ён яшчэ жывы! – запярэчыў іншы. – Але памрэ яшчэ да таго, як вы адвезяце яго ў лякарню.

– А ён мужны чалавек, – сказала нейкая жанчына. – Калі б не ён, у лэдзі адабралі б кашалёк і гадзіннік.

Гэта сапраўдная хеўра і да таго ж вельмі жорсткая. Ах, ён пачаў дыхаць!

– Ён не можа так ляжаць на вуліцы. Можна занесці яго ў ваш дом, мадам?

– Канечне. Пакладзіце яго ў гасцёўні. Там вельмі зручная сафа. Калі ласка, сюды.

Марудна і ўрачыста Холмса занеслі ў Браяні-Лодж і паклалі ў гасцёўні. Я тым часам назіраў за ім са свайго паста ля акна. Запаліліся лямпы, але гардзіны яшчэ не былі апушчаныя, таму я цудоўна бачыў Холмса, які ляжаў на канапе. Не ведаю, ці мучыла яго ў той момант сумленне за адыграную ролю, але мне ніколі ў жыцці не было яшчэ так сорамна, як у хвіліны, калі я назіраў за прыўкрасным стварэннем, якому мы ладзілі пастку і якое з такой далікатнасцю і дабрынёй даглядала параненага. Але кінуць справу, давераную мне Холмсам, было б найчарнейшай здрадай. А таму я загартаваў сэрца і дастаў з-пад ольстэра* дымавую ракету. «Самае важнае, – думаў я, – гэта тое, што ёй самой нічога не пагражае. Мы проста перашкодзім ёй пагражаць іншаму чалавеку».

Холмс сеў на канапе, і я ўбачыў, што ён пачаў рабіць сутаргавыя рухі – як чалавек, якому не хапае паветра. Служанка кінулася да акна і расчыніла яго. У тое ж імгненне я заўважыў, што ён падняў руку, і з крыкам «Пажар!» закінуў ракету ў пакой. Ледзь паспела гэтае слова вылецець з майго рота, як увесь натоўп гледачоў – апранутых добра і дрэнна, джэнтльменаў, конюхаў і служанак – падхапіў мой крык. У пакоі клубіўся густы дым і вырываўся праз адчыненае акно. Мімаходзь я заўважыў фігуры, што насіліся ў пакоі, і праз імгненне пачуў голас Холмса, які ўпэўніваў, што трывога была беспадстаўнай. Праслізнуўшы праз натоўп, які ніяк не супакойваўся, я скіраваўся да рога, праз дзесяць хвілін радасна адчуў поціск рукі майго сябра і з палёгкай пакінуў разам з ім месца бурных падзеяў. Некалькі хвілін Холмс ішоў паспешліва і маўкліва, пакуль мы не завярнулі на адну са спакойных вулак, што вяла на Эджвер-роўд.

– Вы цудоўна справіліся, доктар, – зазначыў Холмс. – Лепшага нельга і жадаць. Усё прайшло проста цудоўна.

– Фотаздымак у вас?

– Я ведаю, дзе ён.

– Як вы пра гэта даведаліся?

– Як я і чакаў, яна сама мне паказала.

– Я ўсё яшчэ нічога не разумею.

– Я не збіраюся рабіць з гэтага таямніцы, – сказаў Холмс смеючыся. – Усё вельмі проста. Вы, безумоўна, зразумелі, што ўсе людзі на вуліцы былі маімі хаўруснікамі. Усіх іх я наняў на гэты вечар.

– Так я і думаў.

– Калі завязалася бойка, я трымаў у далоні напагатове трошкі вільготнай чырвонай фарбы. Кінуўшыся ў натоўп і зваліўшыся на зямлю, я выпацкаў фарбай твар, каб выглядаць пацярпелым. Такі вось стары хітрык.

– Я здагадаўся.

– Мяне занеслі ў дом. Яна была вымушаная дазволіць гэта. Што ёй яшчэ заставалася? Прычым занеслі менавіта ў гасцёўню, самы падазроны, як на мяне, пакой. Я вагаўся паміж гасцёўняй і спальняй і вырашыў дакладна разабрацца. Мяне паклалі на канапу, я зрабіў выгляд, што задыхаюся, прымусіўшы іх тым самым адчыніць акно і даць вам мажлівасць выканаць заданне.

– І як гэта дапамагло вам?

– Гэта ўсё і вырашыла. Калі жанчына думае, што яе дом загарэўся, яна інстынктыўна кідаецца да самай дарагой для яе рэчы. Гэты парыў неадольны, і я не раз ім карыстаўся. Ён дапамог мне ў звязаным з падменаю дарлінгтанскім скандале, а таксама ў справе з арнсварцкім замкам. Замужняя жанчына ратуе дзіця, незамужняя – куфэрак з каштоўнасцямі. Зразумела, што на сённяшні дзень для нашай лэдзі ў доме няма нічога даражэйшага, чым тое, што мы шукаем. Яна кінулася ратаваць фотаздымак. Пажарная трывога была проста выдатная. Дыму і крыкаў хапіла, каб пахіснуць нават яе сталёвыя нервы. Адрэагавала яна проста цудоўна. Фотаздымак схаваны ў патайніку за высоўнай панэллю над правым шнурком для званка. Яна ўміг падскочыла да яго, і я паспеў заўважыць, як яна напалову выцягнула сваю каштоўнасць. Калі я закрычаў, што трывога была беспадстаўнай, яна вярнула фотаздымак на месца, зірнула на шашку, выскачыла з пакоя і больш не з’яўлялася. Я падняўся і, выбачаючыся, пакінуў дом. Я вагаўся, ці не паспрабаваць адразу ж забраць фотаздымак, але ў пакой зайшоў фурман. Ён так пільна ўзіраўся ў мяне, што бяспечней было пачакаць. Празмерная паспешлівасць можа ўсё сапсаваць.

– І што цяпер? – спытаў я.

– Справа амаль зробленая. Заўтра мы зойдзем да яе з каралём і з вамі, калі вы захочаце скласці нам кампанію. Нас папросяць пачакаць лэдзі ў гасцёўні, але цалкам верагодна, што калі яна ўвойдзе туды, то не знойдзе ні нас, ні фотаздымка. Яго вялікасці будзе прыемна ўласнымі рукамі вярнуць здымак.

– І калі вы да яе зойдзеце?

– Ранкам а восьмай. Яна яшчэ будзе ў ложку, і мы займеем час для манеўраў. Але трэба спяшацца, бо жаніцьба можа цалкам змяніць і яе жыццё, і звычкі. Трэба не марудзячы напісаць каралю.

Мы дайшлі да Бэйкер-стрыт і спыніліся ля дзвярэй. Холмс шукаў у кішэнях ключы, калі нейкі мінак прамовіў:

– Дабранач, містэр Шэрлак Холмс!

На ходніках у гэты час было некалькі чалавек, але павітаў нас, відаць, хударлявы, апрануты ў ольстэр юнак, які хутка прайшоў міма.

– Гэты голас я ўжо дзесьці чуў, – сказаў Холмс, узіраючыся ў цьмяна асветленую вуліцу. – Хацеў бы я, чорт дзяры, ведаць, хто гэта.

3

У гэтую ноч я спаў на Бэйкер-стрыт. Калі мы разбіраліся з кавай і грэнкамі, у пакой заляцеў кароль Багеміі.

– Вы і праўда здабылі яго? – ускрыкнуў ён, хапаючы Шэрлака Холмса за плечы і прагна ўзіраючыся ў яго твар.

– Пакуль не.

– Але надзея ёсць?

– Ёсць.

– Тады хадзем. Я згараю ад нецярпення.

– Трэба злавіць кэб.

– Мой экіпаж нас чакае.

– Гэта спрашчае задачу.

Мы спусціліся і зноў адправіліся на Браяні-Лодж.

– Ірэн Адлер выйшла замуж, – адзначыў Холмс.

– Замуж? Калі?

– Учора.

– За каго?

– За нейкага ангельскага юрыста з прозвішчам Нортан.

– Але яна не магла яго пакахаць.

– Спадзяюся, што пакахала.

– Чаму спадзеяцеся?

– Бо гэта вызваліць вашую вялікасць ад небяспекі турботаў у будучыні. Калі лэдзі пакахала свайго мужа, яна больш не кахае вашую вялікасць. Калі яна больш не кахае вашую вялікасць, няма прычынаў умешвацца ў вашыя планы.

– Так яно і ёсць. І ўсё ж… Эх, як бы я хацеў, каб яна належала да майго кола! Якая была б каралева!

У экіпажы запанавала панылая цішыня, якая не перарывалася, пакуль мы не даехалі да Серпентайн-авеню.

Дзверы Браяні-Лодж былі адчыненыя, і на верхняй пляцоўцы стаяла пажылая жанчына. З сарданічнай усмешкай яна назірала, як мы выходзім з экіпажа.

– Містэр Шэрлак Холмс, калі не памыляюся? – спытала яна.

– Так, я Шэрлак Холмс, – адказаў мой сябар, запытальна і нават здзіўлена гледзячы на яе.

– Значыць, усё правільна. Гаспадыня сказала, што вы можаце завітаць. Сёння ў пяць пятнаццаць яна разам з мужам з’ехала з вакзала Чарынг-Крос на кантынент.

– Што? – Шэрлак Холмс адхіснуўся назад, збляднелы ад прыкрасці і нечаканасці. – Вы хочаце сказаць, што яна пакінула Англію?

– Так. Каб ніколі сюды не вяртацца.

– А што з паперамі? – хрыпла прастагнаў кароль. – Усё страчана!

– Паглядзім, – Холмс праскочыў міма служанкі і кінуўся ў гасцёўню. Мы з каралём рушылі следам.

Мэбля з разабранымі паліцамі і адчыненымі шуфлядамі была абы-як расстаўленая ў пакоі, нібыта лэдзі перад ад’ездам паспешліва яе абшуквала. Холмс падбег да шнурка ад званка, сарваў высоўную дошку, залез рукой у патайнік і выцягнуў адтуль здымак і ліст. На здымку была сама Ірэн Адлер у вечаровай сукенцы, на лісце значыўся адрасат: «Шэрлаку Холмсу, эсквайру. Пакінуць тут да яго прыходу». Мой сябар разарваў канверт, і мы ўтрох пачалі чытаць пасланне. Яно было датаванае мінулай ноччу, і вось пра што ў ім вялося:

«Мой дарагі містэр Шэрлак Холмс!

Вы і праўда цудоўна зрабілі сваю справу. Спрытна ж вы мяне падлавілі. Да самай пажарнай трывогі ў мяне не было і ценю сумневу. Але зразумеўшы, як я сябе выдала, я задумалася. Яшчэ некалькі месяцаў таму мяне папярэдзілі, што калі кароль будзе наймаць дэтэктыва, то яго выбар, безумоўна, спыніцца на вас. Мне далі нават ваш адрас. Але нягледзячы на гэта, вы пра ўсё даведаліся. Нават калі ў маё сэрца закраліся падазрэнні, я ніяк не магла паверыць у злыя намеры такога мілага і добрага старога святара. Але вы ведаеце, што я і сама някепская акторка. Мужчынскі касцюм мне не ў навінку – я часта карыстаюся перавагамі, якія ён дае. Я адправіла Джона, майго фурмана, сачыць за вамі, а сама пабегла наверх, пераапранулася ў касцюм для шпацыру і спусцілася акурат тады, калі вы сыходзілі.

Такім чынам, я ішла за вамі да самых вашых дзвярэй і ўпэўнілася, што сапраўды зрабілася прадметам цікавасці знакамітага Шэрлака Холмса. Тады я досыць неразважліва пажадала вам добрай ночы і рушыла ў Тэмпл да мужа.

Мы пагадзіліся на тым, што, калі мяне пераследуе такі сур’ёўны супраціўнік, лепш за ўсё ўцячы, а таму калі вы завітаеце да мяне заўтра, то знойдзеце гняздзечка пустым. Што да фотаздымка, то ваш кліент можа спаць спакойна. Я кахаю чалавека, нашмат лепшага за яго, і маё каханне ўзаемнае. Кароль можа рабіць што яму заманецца, не баючыся перашкодаў з боку той, з кім ён так жорстка абышоўся. Я пакідаю гэты фотаздымак толькі дзеля ўласнай бяспекі – ён будзе добрай зброяй, што абароніць мяне ад магчымых захадаў супраць мяне ў будучыні.

Я пакідаю іншы здымак, які яму, мабыць, будзе прыемна атрымаць, і на тым, дарагі Шэрлак Холмс, застаюся шчыра вашай

Ірэн Нортан, народжанай Адлер».

– Якая жанчына, Божа мой, якая жанчына! – ускрыкнуў кароль Багеміі, калі мы скончылі чытаць. – Хіба я не расказваў вам, якая яна здагадлівая і рашучая? Хіба не зрабілася б яна цудоўнай каралевай? Як шкада, што яна мне не роўня.

– З таго, што я пабачыў, я і праўда зразумеў, што яна вашай вялікасці зусім не роўня, – холадна сказаў Холмс. – Шкада, што я не змог давесці справу да больш паспяховага заканчэння.

– Наадварот, мой дарагі сэр! – усклікнуў кароль. – Большага поспеху і жадаць немагчыма! Я ведаю, што яе слова непарушнае. Цяпер фотаздымак у такой жа бяспецы, як калі б яна яго спаліла.

– Я рады чуць гэта, вашая вялікасць.

– Я бясконца вам абавязаны. Прашу вас, скажыце, чым я магу аддзячыць. Гэты пярсцёнак… – ён зняў з пальца пярсцёнак у выглядзе змяі са смарагдам і на далоні працягнуў майму сябру.

– У вашай вялікасці ёсць рэч, якая мае для мяне большую каштоўнасць, – сказаў Холмс.

– Толькі скажыце, што гэта.

– Фотаздымак.

Кароль здзіўлена паглядзеў на яго.

– Фотаздымак Ірэн?! – усклікнуў ён. – Калі вы хочаце, ён ваш!

– Дзякую вашай вялікасці. Значыць, у гэтай справе больш нічога не зробіш. І таму я маю гонар пажадаць вам усяго найлепшага.

Холмс пакланіўся, павярнуўся і, не заўважаючы пададзенай яму рукі, разам са мной рушыў у сваю кватэру.

Вось і ўся гісторыя пра скандал, які пагражаў запляміць гонар караля Багеміі, а таксама пра тое, як цудоўныя планы Шэрлака Холмса быў парушаныя здагадлівай жанчынай. Раней мой сябар часта дасціпнічаў на тэму жаночага розуму, апошнім жа часам я не чую ад яго такіх жартаў. І калі ён гаворыць пра Ірэн Адлер ці згадвае пра яе фотаздымак, то заўсёды ўшаноўвае яе тытулам «тая жанчына».

Пераклала Ганна Янкута

Загрузка...