КАРАЛЕЎСТВА ВІНДАЎСА ВЯЛІКАГА


Адбывалася гэта не далёка і не блізка, не высока і не нізка. Не за барамі таямнічымі, не за морамі цудадзейнымі, а ў самых разумных глыбінях космасу.

На адной інтэлектуальна багатай планеце заснавалася незвычайнае каралеўства. Назва ў яго таксама была нетутэйшая - Сусветнае Сеціва. І адразу пачало адбывацца там незлічонае мноства дзівосных дзіваў, чарадзейных чараў і забаўных забаў.

Найвялікшым багаццем сеціўцаў лічыліся прыстасаванні, што называліся камп’ютэрамі. Разумныя былі і кемлівыя, што ні ў казцы расказаць, ні пяром апісаць. Розныя па форме, прызначэнню, памерах, магутнасці і разумнасці, яны спрыялі сеціўцам жыць-пажываць і дабро нажываць, а дзеткам іхнім гора не знаць. Апекаваўся ж тымі камп’ютэрамі і даглядаў іх галоўны камп’ютэршчык каралеўства Камп Кампавіч.

З дапамогай камп’ютэраў сеціўцы ўсяму свету пра справы свае цудоўныя праз Інтэрнэт расказвалі. Не хавалі ўласнага вопыту, лічылі: хай і іншыя ім пакарыстаюцца, каб багацей жыць стала.

Каралём жа ў тым чароўным каралеўстве быў Віндаўс Вялікі. Адпаведна пасадзе меў і камп’ютэр - самы дасканалы, самы сучасны і магутны. Галоўны камп’ютэр каралеўства, адным словам. Сам Камп Кампавіч апекаваўся ім, трымаў пад сваёй неаслабнай увагай.

Разумны і разважлівы быў кароль Віндаўс Вялікі, але занадта мяккі і памяркоўны, зрэшты, як і ўсе сеціўцы. Аднак дбайна і клапатліва аберагаў спакой і дабрабыт сваіх падданых, не даваў у крыўду ні старога, ні малога, за што меў непахісны аўтарытэт. З суседнімі каралеўствамі ніколі не сварыўся, наадварот, заўсёды дапамогу аказваў. Казаў: “Чаго нам варагаваць? Лепш сядзем радком ды пагаворым ладком...”

Відаць, і далей жылі б сабе сеціўцы бязбедна і бесклапотна, ды панадзіўся ў іхняе каралеўства нейкі таемны шкоднік. Паквапіўся на камп’ютэрныя багацці ці мо на аўтарытэт самога Віндаўса Вялікага. Захацелася яму пасваволіць у багатай краіне, пасварыць яе з суседзямі. Напэўна, з чужой планеты быў, бо сваіх падданых кароль ведаў усіх.

Што ні рабілі сеціўцы, каб выявіць незнаёмца, нічога не дапамагала. Адно толькі даведаліся, што завуць яго Вірус Шкодзя. Пазней стала вядома, што без камп’ютэраў і жыццё для яго – не жыццё.

Шкодзя ўмеў ператварацца ў любую жывую і нежывую істоту, мог з’явіцца тады, калі ніхто яго не чакаў і не бачыў, нават ноччу, нават пры адключаным камп’ютэры. Бяды ж рабіў нямала, ды такой, што нічым не выправіш. А калі нападзе знянацку – што было найчасцей, то і не папярэдзіш. Здатны быў на самыя неверагодныя выдумкі і штукарствы.

І яшчэ адна адметнасць была ў Віруса Шкодзі. Усё, што ён ведаў, бачыў, назіраў і чуў, занатоўваў і захоўваў у сваёй памяці. Не давяраў ніводнаму камп’ютэру ні на адной планеце. Абыходзіўся магчымасцямі сваёй галавы. Таму ў любы момант, у любой сітуацыі мог неадкладна здабыць патрэбную інфармацыю.

Бывае, калі няма чаго рабіць, сядзе дзе-небудзь зручна і проста пацяшаецца ды забаўляецца, у гульні розныя гуляе. Тады раптам сарвецца і пакіне сваю планету Вірусанія, па міжсусвеце лётае. А то возьме і ў чужыя паштовыя сайты зазірне, каб чужыя пісьмы пачытаць. Часам захочацца яму падправіць у якім-небудзь лісце слоўка-другое, дадаць сваё, лепшае – так яму здаецца. Атрымае адрасат такое пасланне і дзівіцца: што гэта напісаў яму найлепшы сябар? Вірус жа толькі засмяецца, ды далей у дарогу шкадлівую выпраўляецца.

Здаралася, залезе Вірус у самае нутро электронных праграм у камп’ютэрах і раскашуе там, як гаспадар на сваім двары. Знарок папсуе ўсё, пераблытае так, што нават камп’ютэр караля не здольны выправіць, не хапае здатнасці і ў самога Кампа Кампавіча. Здаецца, не відно ніякіх паломак, а жыццё ў Сеціве разладзіцца. Не працуюць зоркалёты, адключаюцца міжзорныя экраны, знікае сувязь з міжпланетным Інтэрнэтам. Надвор’е і тое нікога не слухаецца: можа адначасова ісці дождж і віхурыць завіруха. У садзе на адным дрэве кветкі цвітуць, а на іншым слівы спелыя асыпаюцца.

Бядуюць сеціўцы, а што рабіць - не ведаюць.

Так і жыў гэты нахабны і нябачны Вірус, дармаеднічаў, штукарыў, сваволіў. Падабалася яму за кошт іншых жыццё сваё ладзіць.

Моцна гаравалі сеціўцы, самыя лепшыя вучоныя шукалі спосаб як пазбавіцца ад назойлівага шкодніка. Але вучонасць не магла справіцца з хітрасцю. Бо дзеянні Віруса не паддаваліся, ніякай логіцы былі цалкам непрадказальнымі.

Сабраў тады кароль Віндаўс Вялікі вучоных на вялікую нараду. Пачалі яны сваю вучоную думу думаць, як з Вірусам паквітацца.

Адзін дзень у зацятых спрэчках правялі, другі. Нічога не атрымліваецца. Не адну ноч да мільгацення ў вачах прадумалі. І зноў нічога вартага не надумалі. Не дапамог нават Інтэрнэт, які шмат што ведае і на многае здатны.

Вырашылі тады і яны хітрасцю ўзяць.

Пачалі вучоныя ўгаворваць Віндаўса Вялікага аддаць замуж за Шкодзю сваю адзіную дачку Віндусачку. Яна выведае сакрэт смерці Віруса і ўратуе сеціўцаў.

Доўга вагаўся кароль, але дзе ты дзенешся, калі ў тваім каралеўству небяспека разрастаецца. Згадзіўся Віндаўс Вялікі на няроўны шлюб дачкі.

Зірнуў Шкодзя на каралеўну і ледзьве дар свой шкодніцкі не страціў – на ўвесь сусвет прыгажуня. Нідзе такой не знойдзеш, хоць увесь Інтэрнэт перавярні.

- А твой бацька злодзей, аказваецца, - з’едліва так кажа ён каралеўне.

- Што ты такое выдумляеш?! – ажно зайшлася ад нечуванага нахабства бедная Віндусачка.

- А хіба няпраўда? Вунь якія зорачкі з неба ўкраў і ў тваіх вачах пасяліў...

Пачырванела Віндусачка, засаромелася. Шкодзя ж столькі прыгожых слоў нагаварыў, што каб і хацеў, не запомніш. І дзе толькі набраў іх, бо ніколі раней ніхто не чуў ад яго такіх. А тады сур’ёзна так кажа:

- Што хочаш аддам, толькі будзь маёй жонкай. І зажывём мы з табой на зайздрасць усім. Такія справы будзем рабіць, на якія ніхто іншы не здатны. Станем самымі магутнымі, самымі вядомымі і багатымі ў сусвеце...

- Ой, а я і не ведала, што ты небагаты, – пакеплівае Віндусачка. – Як жа я за бедняка замуж пайду? – пляснула яна рукамі.

- Чаму гэта я бедны? – злуецца Шкодзя, а ў самога ажно вочы на лоб лезуць. – Мае багацці не раўня іншым. Яны па ўсім сусвеце параскіданы. Я магу прысвоіць вашы сеціўскія ўладанні, магу абяздоліць і зрабіць беднымі ўсіх жыхароў Сусветнага Сеціва. Нават караля магу з жыцця звесці...

- А хто ж тады будзе жыць на гэтых пустых прасторах? – дзівіцца каралеўна.

- Мы з табой. І дзеці нашыя. Сам я несмяротны, і дзеці нашы, якіх у нас будзе шмат, несмяротнымі стануць.

- А як жа называць іх будуць? – пытаецца Віндусачка. – Вірусянятамі? Ці мо Шкоднікамі? А сама я кім стану? Шкодніцай? Дык жа няёмка вельмі...

- Не бядуй, - супакойвае Вірус. – Прозвішча і памяняць можна.

- Я то мо і пайшла б за цябе, - хітруе каралеўна, - але не веру ў тваю несмяротнасць. Падманеш жа.

- Не верыш? - распаляецца Вірус. – Хочаш – дакажу?

- Хачу, - кажа Віндусачка, а ў самой чорцікі ў вачах скачуць.

І прызнаўся Шкодзя, што несмяротнасць ягоную аберагаюць тры смерці. Схаваны яны ў трох самых дасканалых Працэсарах, якія найгалоўнымі элементамі кожнага камп’ютэра з’яўляюцца. Менавіта Працэсары імгненна апрацоўваюць любыя звесткі, усё на свеце ведаюць і ўсё запамінаюць. Мудрэйшымі і больш увішнымі за чалавека бываюць.

Адна Вірусава смерць у Залатым Працэсары знаходзіцца, які на высокай гары ў цёмнай пячоры на залатым ланцугу вісіць. Сам Кашчэй Несмяротны вартуе яго.

Другая смерць схавана ў Сярэбраным Працэсары, які да дна нетутэйшага акіяна прыкуты. Сцеражэ яго нядрэмны і ненаедны шматвокі Акіянскі Цмок.

Трэцяя смерць у Жалезным Працэсары тоіцца, які ў міжсусветнай прасторы няспынна на зоркалёце лётае, дываном-невідзімкай ахінуты.

Пакуль усе тры смерці не сыдуцца разам, ніхто не пераможа Віруса Шкодзю.

Прызнаўся ён каханай, што толькі праз кожныя трынаццаць гадоў і трынаццаць дзён збірае разам усе Працэсары, каб праверыць, як жывуць там ягоныя смерці. Зорнай ноччу робіць гэта, на вялікую поўню, калі месяц становіцца круглым, як абаранак.

- Наступная такая ноч акурат праз тыдзень мае быць, - кажа Шкодзя. – Тады я і пакажу табе мае таямніцы.

- Пасля таго і пра заручыны падумаем, - адказала каралеўна.

Пераможна ўсміхнуўся Вірус, рукі ад шчасця пацёр і ў сваю Вірусанію паляцеў.

А тут і зорная ноч з вялікай поўняй наступіла. З’явіўся Шкодзя да свае абранніцы. Мноства дарагіх падарункаў прывёз, шмат чароўных прылад. Але Віндусачка галоўнага чакае.

Бацька ж яе разам з вучонымі марна часу не губляў. Змайстравалі яны магутную лазерную стралу, якая любыя замкі адмыкае, самыя моцныя сховы адчыняе.

Пачаў Вірус паказваць каралеўне свае падарункі, багаццямі незлічонымі хваліцца. А ёй не церпіцца чароўныя Працэсары ўбачыць.

Пляснуў у далоні Шкодзя, і з Залатым Працэсарам з’явіўся Кашчэй Несмяротны. Другі раз пляснуў, і нядрэмны Акіянскі Цмок з Сярэбраным Працэсарам тут як тут.

Не выцерпелі сеціўцы, выпусцілі лазерную стралу. Трапіла яна ў Кашчэя. Мёртвым упаў ён на зямлю, ажно гул па сусвеце пайшоў.

Следам Цмок Акіянскі зваліўся, адно вадаспады бурлівыя ў азёрах завіравалі.

Магутная страла разрэзала Залаты і Сярэбраны Працэсары. Вылецелі адтуль дзве смерці, спалохана вакол каралеўны пакруціліся і за пазуху Віруса схаваліся.

Аднак дарэмна паспяшаліся сеціўцы. Не дачакаліся, пакуль Шкодзя здыме дыван-невідзімку з трэцяга Працэсара.

Сабраў Вірус усе свае сілы, схапіў ацалелы Працэсар і з дзвюма смерцямі пад пахай у чорны сусвет кулём паляцеў. Забыўся нават пра нявесту – абы самому жывым застацца.

Закінуў Шкодзя трэцюю смерць на самую далёкую ад Сонца планету. А для двух другіх новыя сховы збудаваў. Нікому пра іх не гаворыць. Замест ключоў коды спецыяльныя прыдумаў, у сваёй галаве трымае іх, нават самым давераным ахоўнікам не давярае.

Хоць і баіцца Вірус лазернай стралы, а паскуднічаць не перастаў. І дагэтуль нахабна помсціць сеціўцам за сваю абразу. Толькі з’яўляецца ў Сусветным Сеціве ў плашчы-невідзімцы. А справы свае чорныя стараецца таемна рабіць.

Сеціўцы ж да гэтай пары шукаюць надзейны спосаб барацьбы з назойлівым шкоднікам.

А ты гатовы ім дапамагчы?

Загрузка...