МАЛАДЗІЛЬНЫ КЛЁН


У Каралеўстве Сусветнае Сеціва мелася шмат прыгожых мясцін. З нябеснымі зоркамі пераміргваліся сваімі блакітнымі вачыма шматлікія азёры. Віхлястымі жыўчыкамі беглі па зямлі вялікія рэкі і малыя рачулкі, звонка бруілі ручаі з жывой вадой. У светлых дубровах і цяністых пушчах жылі магутныя туры, хаваліся алені, ласі, зайцы, па дрэвах скакалі рысі з вавёркамі.

На адным з сонечных узлескаў раскашаваў магутны і мудры Клён. Дужымі каранямі моцна за зямлю трымаўся, кучаравай чупрынай за воблакі чапляўся, а рукамі-галінамі хмары разганяў.

Менавіта ягоную чупрыну і заўважыў Вірус Шкодзя, калі бязмэтна насіўся над тутэйшымі ваколіцамі.

“О, добра было б крыху адпачыць у шапатлівай кроне. А заадно паслухаць чароўныя спевы птушак, каб душу супакоіць”, - падумаў Шкодзя і апусціўся на галіністае дрэва.

Незвычайны гэта быў Клён. Гаючую сілу меў. Бо маці-зямля праз жвавую крынічку паіла яго жывой вадой. З глыбокай глыбіні брала яе. Настоеную на крэмені. Сагрэтую гарачым вулканным сэрцам. Хто таго чароўнага соку-вадзіцы хоць кроплю глыне, становіцца маладзейшым, дужэйшым – як каваль-вярнідуб з вядомай народнай казкі.

Нездарма, відаць, называлі салодкі кляновы сок маладзільным.

А каб абы хто без дай прычыны не піў таго гаючага кляновіка, лясныя жыхары прызначылі стоража. Моцнадзюбага Дзятла абавязалі незвычайным клёнам апекавацца, лекавай вадзіцай распараджацца.

З ранку да вечара сядзіць Дзяцел на дрэве. Нікуды адлучыцца не мае права. За наваколлем пільна назірае, Маладзільны Клён пільнуе.

Калі ж спатрэбіцца некаму чароўнае лякарства, Дзяцел да Лісіцы накіроўвае. Яна ў лясным шпіталі самым галоўным доктарам лічыцца. У яе там дзіўны апарат ёсць. Камп’ютэрам завецца. Зірне ў яго Лісіца, сюды-туды Мышку пакруціць, адкрые свой таемны сайт і ўсе хваробы бачыць, ведае, колькі каму жывой вады патрэбна.

Гучная слава пра Маладзільны Клён шпарка разляцелася па далёкіх і блізкіх барах ды пушчах Сусветнага Сеціва. Нават па Інтэрнэту пачалі звяртацца да галоўнага сеціўскага доктара жыхары іншых планет. Але не высылала Лісіца лякарства, толькі каля Клёна можна было яго атрымаць.

Вось і ішлі да незвычайнага дрэва нетаропкія вожыкі і хутканогія алені, сляпыя краты і востравокія вавёркі, стрыножаныя зайцы і магутныя мядзведзі. Прыляталі стогадовыя вораны і маладыя жаўрукі, лупатыя совы і маленькія салаўі. Нават міжпланетныя зоркалёты апускаліся на ўзлеску.

Кожнаму хочацца маладым заставацца, даўжэй пажыць на гэтым свеце. Адным – каб добрых спраў болей зрабіць. Другім – каб унукаў з праўнукамі ў шырокі свет на добрую дарогу вывесці. Іншым, чаго праўду хаваць, каб раскошна пажыць дзеля сваёй уцехі.

Так ці інакш, а бедная Лісіца ледзь паспявае прымаць хадакоў у сваім лясным шпіталі. У самой ад стомы ажно нос схуднеў і выцягнуўся, вочы сталі вялікія, а гладкая поўсць нібыта іржой пакрылася.

Камп’ютэр на ўсю моц парай дыхае, Мышка круціцца як вірок, Манітор Дысплеевіч чорнымі плямамі пайшоў.

А Дзецел нічога сабе – дзюбае ды дзюбае па Клёне. Кожнаму з дазволу Лісіцы адкрывае акенца з маладзільным сокам. І не перастае пільнаваць, каб ніякі зласлівец да Клёна не прыбіўся, шкоды яму не нарабіў, каб ніхто лячэбную вадкасць дарэмна не расплюхваў.

Паназіраў за ўсім гэтым Вірус Шкодзя і сумна яму стала, павесяліцца захацелася.

Думаў-думаў і дадумаўся. Паслаў ён сваіх вірусянят да Жучкоў-Караедаў. Каб паведамілі ім пра чароўны Клён, каб запрасілі жывой вадой паласавацца.

Тыя ж доўга ўпрошваць сябе не прымусілі. З першага слова ўсё зразумелі.

Настроілі Жучкі-Караеды свае лятальныя апараты і да чароўнага Клёна падаліся. Захацелася і ім маладзільнага соку пакаштаваць. Каб жыццё сваё шкадлівае прадоўжыць, а добрым сеціўцам бедаў як мага больш натварыць.

Вялікім натоўпам з’явіліся яны ў лясны шпіталь. Тут іх Вірус Шкодзя сустрэў нібы жаданых гасцей, як паводзіць сябе падказаў.

Пайшлі Караеды да Лісіцы. Толькі Лісіцын Камп’ютэр ніякай хваробы ў іх не знаходзіць. І так круціла Лісіца, і гэтак ставіла іх – нічога не паказвае Манітор Дысплеевіч.

Не раіць Камп’ютэр выдаваць Жучкам-Караедам чароўнае лякарства і ўсё тут. Лісіца таксама разумее, што Жучкі тады неўміручымі стануць, усе лясы, бары ды пушчы папсуюць-панішчаць.

Пачалі Караеды зацятую спрэчку з Лісіцай. Так прагне ім маладзільнага соку пакаштваць, што на ўсё гатовы.

А тут яшчэ і Вірус Шкодзя падбухторвае. Толькі таемна, каб не чула Лісіца, каб не даведаўся Маладзільны Клён.

Усё больш нахабнічаюць Караеды, пагражаюць напусціціь у Камп’ютэр прагавітых вірусаў, каб усе праграмы папсавалі.

Спалохалася Лісіца, насуперак камп’ютэрнай забароне дазволіла ім лячэбнага кляновіку напіцца.

Адзін за адным наваліліся Жучкі-Караеды на Маладзільны Клён. Нібыта чорная хмара атуліла дрэва. Кожны сваю адтуліну свідруе, смачны напой без меры смокча. Як ні махае галінамі Клён, як ні абараняецца, а не можа адагнаць пражорлівых Жучкоў.

Ад такой прагавітасці абяссілеў чароўны Клён. Пачаў губляць свае лячэбныя здольнасці. А рэшткі маладзільнага соку з тых адтулін дажджом пырскаюць, навокал рассяваюцца. Дзе кропля ўпадзе, там маладзенькі клёнік з зямлі прарастае.

Не падабаецца гэта Вірусу Шкодзі, хоча спыніць размнажэнне Клёна. Але як гэта зрабіць, не ведае.

Тым часам магутны бацька Клён і зусім зачах. Адно ў караедавых дзірках рыпучым голасам няспынна вецер свішча, ды дажджавыя слёзы коцяцца да зямлі. Кара пачала адвальвацца з дрэва.

Ад гэткай бяды ў вартаўніка Дзятла ажно галава пачырванела. Сорамна яму, што не збярог дзівоснае дрэва. Крыўдна, што пазбавіў лясных жыхароў чароўнага лякарства.

Адно Вірус Шкодзя радуецца: хоць такім чынам ды насаліў сеціўцам, папсаваў ім нервы, пазбавіў маладзільнай кляновай сілы.

Каб хоць як загладзіць сваю віну, кінуўся Дзяцел Караедаў лавіць. А яны па ўсім лесе разбегліся, пад кару пахаваліся.

Так да гэтага часу Дзяцел выцягвае іх з кожнага хворага дрэва. А сваім гучным стукам іншых шкоднікаў папярэджвае, каб на чужы лес не квапіліся, маладзенькіх дрэўцаў не псавалі.

Асцерагаецца трапіць пад моцную Дзятлаву дзюбу і Вірус Шкодзя. Таму забыўся пакуль дарогу ў гэтую светлую дуброву. У сваю Вірусанію паляцеў, каб там майстэрству шкодніцкаму падвучыцца.

Загрузка...