ЧАРОЎНАЯ МЫШКА


Жыла-была ў заможным каралеўстве, што завецца Сусветным Сецівам, дзяўчынка Верачка. І была ў яе надзейная сяброўка – Мышка. Ды не звычайная, а чароўная камп’ютэрная мыш. Мела яна доўгі віхлясты хвосцік, якога ні ў адной хатняй мышы не бывае. Носік беленькі, сама металёвым бляскам адлівае, а ўнутры чырвоны агеньчык свеціцца. Зірнеш на такую прыгажуню, і сама рука цягнецца, каб пагладзіць. Верачка гладзіла яе часта і ахвотна.

Сваім хвосцікам Мышка была звязана з чарадзейным камп’ютэрам. А там – відзьма-нявідзьма розных дзівосных цудаў і неверагодных забаў. Асабліва любіла Верачка падарожнічаць.

Не выходзячы з уласнай кватэры, яна наведала ўсе знакамітыя мясціны сваёй краіны, пахадзіла па залацістых ад сыпучых пяскоў пустынях Афрыкі, паблукала па амерыканскіх джунглях. Нават унутры старадаўніх Егіпецкіх пірамід пабывала. А пра замкі і палацы ўжо і казаць не варта.

Мышка ахвотна дапамагала Верачцы. Таму і спала заўсёды ля камп’ютэра, на спецыяльна для яе купленым квяцістым дыванку.

- Як сабачка на прывязі, - пакеплівалі часам Мадэм з Прынтэрам.

- Што вы такое выдумляеце? - крыўдзілася Мышка. – І зусім я не прывязаная. Проста я заўсёды напагатове, каб правесці Верачку па чароўных лабірынтах камп’ютэрнага каралеўства.

- Не выхваляйся. Як быццам без цябе Верачка не злучыцца з Інтэрнэтам, альбо не знойдзе сваю любімую гульню, - не згаджаўся Мадэм.

- Знайсці то мо знойдзе, але я зраблю гэта хутчэй, - патлумачыла Мышка.

Аднойчы вечарам захацела Верачка выправіцца ў сваё любімае віртуальнае падарожжа па экзатычных месцах па-за межамі Сусветнага Сеціва. Пагладзіла любімую Мышку, шчоўкнула яе левай палавінкай і пачала перасоўваць па дыванку. Мышка радасна вільнула хвосцікам, настроіла на экране вострую піку і ахвотна пусцілася ў пошук.

Раптам яна заўважыла, як з нябачнай вышыні апусціўся бліскучы каляровы канверт. Тут варта сказаць, што Мышка валодала здольнасцю раней за іншых чытаць, бачыць і ведаць, што адбываецца ў камп’ютэрным каралеўстве. Яна заўважыла, што ў канверце знаходзіцца маршрут падарожжа па квітнеючых высакагорных альпійскіх лугах.

Чаму ж не зрабіць прыемнасць сваёй гаспадыні?

І Мышка пачала яшчэ шпарчэй ганяць вострую піку-стрэлачку па экране Манітора Дысплеевіча. Зазірнула сюды, збегала туды. Націснула на адзін значок, перасунула другі.

Захопленая, яна і не заўважыла, што за ёй назірае нехта чужы, нават піку-стрэлачку дапамагае перасоўваць.

Верачка хацела спыніць свавольную Мышку. Але тая ўжо адкрыла каляровы канверцік. З яго выпырхнулі незвычайнай прыгажосці кветкі і разгарнуліся ў вялізны букет. Такога Верачка ніколі ў жыцці не атрымлівала.

А пасля з’явілася пасланне.

“Ведаю тваю захопленасць падарожжамі, - пісаў нехта незнаёмы. - Таму пасылаю табе...”

Верачка не паспела дачытаць, хто і што ёй пасылае. Экран Манітора Дысплеевіча раптоўна пацямнеў, пасля стаў паласатым. Нешта ўнутры камп’ютэра моцна хруснула, пачуўся нейчы гучны смех і камп’ютэр адключыўся.

Нарэшце бедная Мышка зразумела, што гэта Вірус Шкодзя зрабіў сваю чорную справу. Ён даўно намагаўся ўбіцца ў давер да Верачкі, але яна заўсёды выкрывала ягоныя хітрыкі. І вось цяпер Шкодзю ўдалося перахітрыць Мышку.

Верачка хацела насварыцца на свавольніцу. Ды зразумела, што сваркай бяду не адвядзеш. Яна паклікала старэйшага брата Сяргея.

Той узяў блікучы дыск з надпісам “Антывірус”, перадаў яго Працэсару і загадаў лячыць камп’ютэр. Доўга на экране Манітора Дысплеевіча нешта насілася, міргала, бегала зверху ўніз і злева направа.

Шматлікія слупкі лічбаў на экране напалохалі Мышку. Яна баялася, што доктар Антывірус не справіцца са Шкодзяй. Мышка ўжо хацела павінаваціцца, папрасіць прабачэння ў Верачкі і разам шукаць лякарства ад небяспечнай хваробы.

Але нечакана камп’ютэр нешта гучна прамовіў, Манітор Дысплеевіч ажыў. Яго экран засвяціўся сваім звыклым святлом. На ім з’явіўся знаёмы малюнак блакітнага возера з прыгожым замкам на беразе і лебедзямі на вадзе.

- Гатова, - звярнуўся Сяргей да Верачкі. – Камп’ютэр зноў будзе працаваць. Толькі ніколі больш не зазірай у невядомыя пісьмы і не чытай чужыя пасланні. Гэта Вірус Шкодзя сваімі штукарствамі ды свавольствамі псуе камп’ютэрныя праграмы, прыводзіць у чароўнае каралеўства ворагаў і шкоднікаў. Таму спярша папрасі доктара Антывіруса, каб ён праверыў кожнае пісьмо.

- Ты чула? – спытала Верачка ў Мышкі.

- Усё чула, - ціхенька адказала тая і вільнула доўгім хвосцікам. – Гэта мая віна. Але я ніколі-ніколі больш не буду спяшацца і без твайго дазволу нічога не буду рабіць.

- Ну вось і добра, - згадзілася Верачка і даверліва пагладзіла сваю чароўную Мышку.

Загрузка...