БУНТ У КАРАЛЕЎСТВЕ


Аднойчы ў чароўным каралеўстве Сусветнае Сеціва адбылося неверагоднае здарэнне. Проста надзвычайнае. Ніколі нічога падобнага тут не чулі, не бачылі і бачыць не збіраліся.

Насуперак забароне караля Віндаўса Вялікага выбухнула гучная сварка. Заспрачаліся між сабой вышэйшыя асобы каралеўскага двара, якія жылі ў шыкоўным палацы, што завецца Галоўным Камп’ютэрам. Каралеўскія служкі пачалі запальчыва высвятляць, хто з іх важнейшы, хто больш патрэбны каралеўству, без каго не здолее існаваць Сусветнае Сеціва. Кожны сам сябе нахвальвае і падвышае, даказвае сваю выключнасць і незаменнасць.

І даўмецца не могуць высокія служкі, што гэта іх Вірус Шкодзя падбухторвае, на бяду штурхае. Іменна ён падсыпаў ім у ежу нябачных шкодных вірусянят. Гэта яны выклікаюць у служак сварлівасць і ганарыстасць, змушаюць не пагаджацца з думкай іншага.

І такое тут пачалося, што ні словам перадаць, ні вушам паверыць.

Памяць, як галоўная захавальніца ўсёй сеціўскай інфармацыі, ажно закіпела ад фанабэрыі:

- Я тут самая галоўная. Я. І колькі б вы ні пыжыліся, як бы ні надувалі шчокі, нічога без мяне не зробіце. Прызнайцеся, каму вы давяраеце свае сакрэты? Мне. Каго просіце захаваць іх, запісаць на магнітныя і аптычныя дыскі? Мяне. Дык хто тут самы важны?

Служкі двара не маглі вытрымаць такога нахабства нават ад Памяці. Хоць праўда, што без яе не ўключыш ніводнага камп’ютэра, не запусціш ніводную праграму. Але ж прызнаць яе перавагу, значыць, самім зганьбіць уласныя вартасці.

А Памяць распалілася яшчэ больш:

- Хіба забыліся, што толькі я валодаю генетычным кодам? А ён і ваша жыццё забяспечвае, і ўсяго каралеўства. Без гэтага вы ніхто, кучка бліскучых жалязяк.

- Не ўсе ж мы жалязякі, - пачуўся нясмелы голас, але Памяць нікога, акрамя сябе, не чула. – Ёсць яшчэ і пластык... – намагаўся даказаць справядлівасць ледзь чутны галасок. Але неўзабаве ён патануў у сварлівым гомане.

А Вірус Шкодзя сядзіць сабе ціхенька, за ўсім назірае і бязгучна смяецца. Але вірусянят падпускае ўсё больш і больш.

- Калі ж вы не прызнаеце маю галоўнасць у каралеўстве, - ад запальчывасці Памяць ледзь не раздвойвалася, - я не буду захоўваць вашых выказванняў. Адкрыю ўсе вашы сакрэты. Ваша бяспамяцтва прывядзе да катастрофы цэлага каралеўства.

Тут ужо не стрываў галоўны прыдворны канцлер Працэсар:

- Хопіць набіваць сабе цану, - паважна прамовіў ён. - Без мяне ўсе вы і капейкі ржавай не вартыя. Не дапаможа вам ганарыстая Памяць, калі не будзе каму яе апрацаваць і ўпарадкаваць. Я тут найважнейшы, і кропка. Я ўсімі вамі кірую. Чаго захачу я, тое і будзе карысным для каралеўства...

- Ого, як нахабна ты выхваляешся! – перабіла Памяць. – Хіба забыўся, што я табе працу даю? Інакш ты зусім непатрэбны тут.

- Не кажы гоп, пакуль не перамог, - далучыўся да Памяці заўсёды гарачы і працавіты Прынтар. Ад усведамлення ўласнай праўды ён ажно колькі разоў смачна крактануў. – Калі не захачу я друкаваць і размнажаць твае, Працэсар, доказы, калі праігнарую Памяць, то ніхто і не даведаецца пра ваша існаванне.

- Чаму гэта не? - запярэчыла Памяць. – Нават без твайго ўдзелу я магу перадаць свае жаданні іншаму камп’ютэру. Магу наладзіць дзелавы кантакт з замежнымі каралеўствамі.

- Але як ты збіраешся рабіць гэта без мяне? – здзівіўся Мадэм. – Без маёй падтрымкі ты нават да мяжы нашага каралеўства не дапнеш. Адзін я магу накіраваць вашыя паведамленні праз Інтэрнэт усяму сусвету.

- За мяне не турбуйся, - не здавалася Памяць. – Не выхваляйся сваёй выключнасцю. Я магу і дыскі адаслаць.

Але тут зноў падаў разважны голас Працэсар:

- Я згаджаюся з доказамі Мадэма. Не ўдасца табе, Памяць, падмануць нас. Ды і ўсе вы нічога без мяне не зробіце. Хіба забыліся, хто тут галоўны? Я найважнейшы ў каралеўстве, - Працэсар зрабіў паўзу. Ён нібыта зусім забыўся пра існаванне караля. - Я вышэйшы розум Сусветнага Сеціва...

Пачуў гэта Вірус Шкодзя і ажно засвяціўся ад радасці: не прапалі яго намаганні, прарасло вірусава насенне, не падвялі вірусяняты. Не будзе ладу ў Сусветным Сеціве, калі падданыя пачнуць за каралеўскае месца змагацца.

А тут і Клаваіятура ўступіла ў спрэчку. Яна абурана затуркатала сваімі шматлікімі костачкамі-клавішамі, бліснула зялёнымі вочкамі і мудра прамовіла:

- Можаце колькі хочаце даказваць свае перавагі, хваліць свае здольнасці, але без мяне вы нуль. Самы сапраўдны круглы нуль. Дзірка ад усіх добрых спраў.

Клавіятура параможна зірнула на іншых спрэчнікаў і пераканаўча працягвала:

- Хіба вы не разумееце, што ўсе залежыце ад мяне, ад майго здароўя і маіх здольнасцяў? Калі захварэе нават адзін мой зубок-клавіша, вы адразу застанецеся без справы. Калі не напішу я слова альбо сімвал, калі не падам адпаведнай каманды, не будзе чаго захоўваць Памяці, непатрэбнымі стануць намаганні Мадэма. І нават хвалько Працэсар абяссілее.

Але маналог гаваркой Клавіятуры рашуча перапыніў нетаропкі і заўсёды прыветны Манітор Дысплеевіч.

- Я вось зараз вазьму і пакажу кожнага з вас на сваім экране. Хай усе бачаць, якія вы сталі непрыгожыя і сварлівыя. Альбо зусім адключуся, каб не мець з вамі справы.

Клавіятура спалохалася, што Манітор і сапраўды зробіць гэта. Тады яна стане нікому непатрэбнай, і яе выкінуць з каралеўства.

Памяць ажно заікацца пачала – калі патухне экран, то ўсё застанецца таемным і нябачным. Толькі Манітор можа паказаць вынікі працы ўсіх.

Мадэм ляпнуў па плячы Працэсара:

- Калі ты такі мудры і магутны, як хвалішся, загадай Манітору Дысплеевічу, каб не рабіў неразумных крокаў.

- Ну вось, не хапала мне схіляць галаву перад нейкім цёмным Маніторам, - соладка пазяхнуў Працэсар. – Не буду я прыніжацца. Я тут самы галоўны. Хай не забываецца, чыім розумам жыве. А калі ўсе вы такія нямоглыя і няздатныя, то я наогул магу сысці з каралеўства. Мяне любое гаспадарства з радасцю прыме.

- Давай, давай, - з’едліва засмяяўся Мадэм. – Я табе яшчэ і дарожку пакажу – самую дальнюю. Каціся па ёй калабком. Пакуль у зубы ваўку не трапіш, альбо ліса на язык не пасадзіць.

Слухала, слухала гэтыя спрэчкі працавітая Мышка, надакучыла ёй пустая балбатня. Вільнула яна доўгім хвосцікам, бліснула чырвоным агеньчыкам і выказала сваё меркаванне:

- Як вы сабе хочаце, але мне ваша спрэчка здаецца пустой і нават шкоднай. Пераганарыліся вы ўсе. Я здагадваюся, што гэта Вірус Шкодзя штурхае вас на злачынства.

Пачуў гэта Вірус і ажно зубамі заскрыгатаў ад злосці. Але вымушаны быў маўчаць, каб не выдаць сябе, каб не даведаліся, хто тут непаразуменне сее.

А Мышка працягвала:

- Усе мы абяцалі сумленна служыць свайму каралеўству. А цяпер вы ваюеце за сваю ўласную выгаду. Не, нават проста за пустыя амбіцыі. Перастаньце выхваляцца. Усе мы адзін без аднаго нічога не вартыя. Не будзе працаваць Камп’ютэр, калі залянуецца хоць бы адзін з нас. Давайце лепш згуртуемся, адновім сяброўства і будзем далей служыць агульнай справе, як дагэтуль служылі. Пакуль мы разам – мы дужыя, як пшанічны сноп. Паасобку ж мы слабыя, як адзінокая саломінка. А бедапаможныя нікому не патрэбны, іх лёгка перамагчы.

У самую кропку пацэліла Мышка.

Апусціў галаву Працэсар.

Пачырванелі вушы ў Мадэма.

Туманком сораму пакрылася Памяць.

Вінавата затарахцела і раптоўна змоўкла Клавіятура.

Адзін Манітор Дысплеевіч весела бліснуў сваім блакітным экранам, выказваючы згоду са словамі маленькай Мышкі.

Усе моўчкі вярнуліся да сваіх ранейшых спраў. Спакой, працавітасць і згода зноў запанавалі ў Сусветнаым Сеціве.

Кароль Віндаўс Вялікі нават не даведаўся пра бунтоўную сварку сваіх дваровых.

Адно Вірус Шкодзя злосць затаіў, выспельвае намер як лепей адпомсціць за сваю няўдачу.

Загрузка...