Псальмы


* * *

Я выйшаў насустрач чужынцу,

і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.

Псальм 150:6


Чужыя ідалы халодныя –

Аж сцюжаю душу скрабе.

Чужыя ідалы галодныя –

Усё ядуць як не ў сябе.

Чужыя ідалы ядвабныя,

Дзе ў вабнасці стаіўся яд.

Чужыя ідалы, як вапнаю,

Пабеляць здрадай шэры сад.

На гонях родных

Рунь рунейшая.

Свой страх тужэй ратугу ўе.

Хай у радне,

Таму й раднейшыя

Бываюць ідалы свае...



* * *

Усюды ходзяць бязбожныя, калі

нікчэмнасць з сыноў чалавечых узвысілася.

Псальм 11:9


На ўсё стае бязбожных,

Бо яны

Жывуць, каб толькі

Жыць валадарамі,

І д’яблавымі цешыцца дарамі,

Пакуль у пугу вераць табуны.

На ўсё стае бязбожных,

Бо яны

Стараюцца сябе зрабіць багамі.

І ў Божым храме

Хам крычыць у хаме,

Павагу й зайздрасць

Мае да маны.

На ўсё стае бязбожных,

Бо без іх,

Відаць, было б і небу сумнавата.

І ціхі кат за брата лічыць ката.

І вечны грэх

На ўсё глядзіць, як мніх.

На ўсё стае бязбожных,

Бо праз іх

Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва.

І пустазеліцца людская ніва,

А не ўцячы ёй

Ад сярпоў тупых.


* * *

Вусны ўзносяць да неба – а іхны

язык па зямлі валачэцца.

Псальм 72:9


У вуснаў ёсць дамова з языком.

Пра гэта змоўчыць цішыня нямая.

Язык трымацца мусіць пад замком,

А неспасціжны ключ душа трымае.

Бо вусны – вусце думкі,

Што сама

На выйсце просіць у душы дазволу.

На думку кратаў і замкоў няма.

Бянтэжыць думка ерась і крамолу.

Душа – гняздоўе

Прыцемку й святла.

Хто ўзважыць,

Што ў душы пераважае?

Не раз палону тлен перажыла

Душа.

Яна й твая табе чужая.

Часовыя,

Не ведаем, калі

Душа пакіне нас,

Як думка высі.

Але язык не вінен па зямлі,

Як пуга пастухова, валачыся...


* * *

Бо не ад усходу і не ад захаду

і не ад пустыні ўзвышэнне...

Псальм 74:7


Не ўзвышэнне сябе самога,

А ўзвышэнне з самога сябе –

Непадсільная перамога

У няскончанай барацьбе.

Не ў дагоду

Сцежка з усходу,

А ў халодную ноч вядзе.

Захад захады робіць,

Выгоду

Выглядае сабе кагадзе.

І спякотны вецер з пустыні

Не асушыць слёзы з вачэй.

Дол нагрэецца ды астыне.

Разбаліцца боль балючэй.

Над забытасцю, над імшою,

Над прадоннем цёмнай маны,

Над спустыненаю душою

Мусіць голас узвысіць

Нямы.

Мелкія ў суцяшэння кішэні,

Хто не клаў у іх, той дастае.

Узвышаймася.

Бо на ўзвышэнне

Вышыні ў нябёсаў стае!


* * *

Я зрабіўся як сыч у руінах…

Псальм 101:7


Руйнуе нявечнае час –

Усё, што з граніту ці з гліны.

Руйнуе сівыя руіны,

Трымае нібы напаказ.

І людзі,

І птушкі, й звяры –

Жывыя руіны руінаў.

Пакінуў іх Бог для ўспамінаў

Пра страчаны рай да пары.

Высока сябе несучы,

Сплываюць вякі ды аблокі.

І страх,

Быццам сыч вірлавокі,

Турбуе руіны начы.


* * *

Сонца ведае свой захад.

Псальм 103:19


Дні на зямлі твае

Як дзень адзін.

Калі ён скончыцца –

Ніхто не скажа.

Ты знікнеш –

Не заўважыцца прапажа.

Рацэ няўцям,

Як шмат растала льдзін.

Твой цень апошні

Цемра ахіне.

І ўжо не зразумееш,

Дзе ты, хто ты,

І ад цябе ў маўклівай старане

Адступяцца надзённыя турботы.

Пакуль твой дзень,

Старайся ўсё паспець,

Бо дарабляць не вернешся,

Магчыма.

Пакуль заход

Яшчэ не хоча цьмець,

Кон пазірае добрымі вачыма.

І сонца –

Служка боскай мілаты –

Стараецца шчырэй

Разліць лагоду.

Яно свой захад ведае,

А ты

Не ведаеш ні захаду, ні ўсходу.


* * *

Каб пачуць стогны вязняў…

Псальм 101:21

Вязні – як вузялкі

На вяроўцы пакуты.

Не парвецца ў ратужнай вяроўкі

Цярпенне.

Будуць небам

Нявінныя стогны пачуты.

Душы праведных

Знойдуць сцяжыну збавення.

Шыю катаву,

Як маладая каханка,

Абаўе непаслабна

Вяроўка старая.

Стануць цені ахвяраў

Ля вечнага ганка.

Хто нявінных гняце,

Тога Бог пакарае.

Стогны вязняў

Да сэрца прымае цямніца.

Ды ў няволі каменнай

Каменная воля.

Стогну вязняў

І здрада, і ўлада баіцца.

Ў нетутэйшага дрэва

Згінаецца голле.


* * *

Ці на неба ўзыду – Ты там;

ці сыду ў апраметную – і там Ты.

Псальм 138:8

Ты са мною

І ў радасці, і ў бядзе,

І ў сумятнi віратлівай,

І ў цярплівай маркоце.

Тваё павадырства

Па свеце вядзе,

Ты крылле, як ластаўцы,

Даеш душы на адлёце.

Ты са мной,

Каб не быў я ў самоце нідзе.

Ласка Твая маладая

Ад знянацкай надзеі.

Кара Твая відушчая ведае,

Дзе

Жыве дабрыня,

Дзе ліха лішаць ліхадзеі.

Я да скону ў палоне Тваім,

І пасля

Папрашуся застацца

У вечным палоне душою.

Я з Табою,

Пакуль мяне носіць зямля.

І калі перастану быць,

Застануся з Табою.


* * *

Праўда пойдзе перад Ім,

і на дарогу паставіць свае ступакі.

Псальм 84:14

Праўда ўперадзе

Не павадыркаю ходзіць.

На дарогу стаўляе свае ступакі,

Па якой перад ёю ступалі вякі.

Праўда тое, што неба схавала,

Знаходзіць.

Хоць з наўпростай дарогі

Смяецца крывая,

Праўда ходзіць

Наўпростай дарогай здаўна.

Як і мы,

Праўда ходзіць пад Богам,

Яна,

Як і мы за яе,

За нясхібнасць трывае.

Праўда йдзе па зямлі,

Дзе сумёціцца смецце,

Дзе за ёй неадступна

Цікуе мана.

Не прывыкла сябе

Вінаваціць віна.

Верыць ноч,

Што яе апраўдае дасвецце.


* * *

Хто з плачу нясе насенне,

вернецца з радасцю,

несучы снапы свае.

Псальм 125:6

Зерне плачу рунее,

Каб спела

Зазвінець смелаю збажыной.

Толькі тое,

Што доўга зімела,

Не нацешыцца доўга вясной.

І на памяці поля снапамі

Засмяецца ўраджай,

Як багач.

Покуль густа снягі не напалі,

След вятроў даганяціме плач.

І савецьме дакука савою,

Што аблётала гнёзды не ўсе.

Маладзіцаю перад сабою

Радасць

Лёгка снапы панясе.


* * *

Узнаві нас, Божа ратунку нашага,

і спыні абурэнне Сваё намі.

Псальм 84:5

Усынаві наноў

Блудных Сваіх сыноў,

Узнаві нас, спыні

Сваё абурэнне намі

І вярні тыя дні

Нам і нашай зямлі,

Калі

Мы сабою былі.

Мы зараслі

Лясамі хлусні.

Пачуй нас і пакарчуй

Пакоры нашае пні.

Схілі спагады аблокі

І нашыя крокі

Да прорвы спыні.

Аслані

Даланёй дабрыні,

Абарані

Нашыя карані,

Ахіні

Плашчом вышыні.

Хай спрахне наш страх,

Хай затоне ў вірах

Палон і праклён чужы.

Зняверлівых

Ад нас адмяжуй.

Памяркоўнасць нашую

На крыжы

Укрыжуй!


* * *

Нахілі, Госпадзе, вуха Сваё,

і пачуй мяне...

Псальм 85:1

Дзякую, Ўсявышні, Табе

За кожную лішнюю хвілю,

За кожную зморшчыну на ілбе,

За сілу й за бяссілле,

За дзірван і за араллю,

За пустку й за пушчу,

За тую зямлю,

Дзе люблю й не люблю,

І дзе я вочы заплюшчу.

Дзякую за цемру й святло,

За маміны вочы,

За ўсё, што было

І што не было,

Дзякую, Ойча...


* * *

Ты паставіў зямлю

на цвёрдых асновах...

Безданню, як вопраткаю,

накрыў Ты яе...

Псальм 103:5–6

Зімой завірухі ідуць у попрадкі,

Матаюць ніткі дажджу

Навальніцы,

Каб толькі ты

Не была без вопраткі,

Каб не згарэць табе

І не застудзіцца.

Якімі ткачамі бездань сатканая,

Пашыта краўцамі якімі?

Ахінала цябе ахінае з пашанаю,

Покуль трывогу час не пакіне.

Цябе –

Пылінку няіснасці кволую –

З далані свае не здзьмухне

Магута.

Бясконцасць цябе спавівала

Голую.

Вырасцеш –

Будзеш калісьці пачута.


* * *

Ісціна ўзнікне з зямлі, і праўда

прыхіліцца з неба...

Псальм 84:12

Не на тушчай –

На нашчай зямлі

Так, як асака разучая,

Ісціна –

Парабчанка разутая –

Галаруч нясе вугалі.

Зоркамі вугалі былі,

Ды зрабіліся зоркі

Знічкамі.

Буры

Дрэва жыцця не знішчылі.

Задрамаў туман у быллі.

З вугалёў выдзімаць святло –

Гэта ўмецтва

Зямное й нябеснае.

У міжзор’і

Праўда ў журбе снуе,

Хмарачы небасхілу чало.

Праўда да зямлі прыпадзе,

Бо на хмары не абаперціся,

Ісціне і пра смерці ўсе,

І пра жыцці распавядзе.


* * *

На горах воды стаяць.

Псальм 103:6

Зацякаюць ногі ў вады.

Знадакучыць стаяць на стромах,

І тады,

Ашукаўшы брады,

Расцячэцца па сцежках знаёмых.

І паверыць вада вадзе,

Выбегшы

З-пад крыса аблокаў,

І сябе павядзе,

Дападзе

Да таемных сваіх вытокаў.

Там,

Дзе небава стома стаіць,

Вечны позірк паставіў воды.

Горам

Смутак свой не стаіць,

Горам

Гоіцца боль лагоды.


* * *

Няхай прынясуць горы мір людзям

і пагоркі праўду...

Псальм 71:3

Горы ўгарбелі, мір несучы,

Праўдзе пагоркі падставілі спіну.

Людзі чакаюць лепшай пары.

Гоняць плыты прамянёў асначы,

Ім ні супыну няма,

Ні спачыну,

У асначы падаліся вятры.

Несці нялёгка

Праўду і мір.

Горамі вырасці мараць

Пагоркі.

Як жа пагоркам

З маленства ўцячы?

Аж закіпае ад зайздрасці вір,

Робіцца ветах ад рэўнасці

Горкі.

Людзі й не думаюць дапамагчы.


* * *

Хай у далоні пляскаюць рэкі...

Псальм 97:8

На даланях у рэкаў

Няма віны,

Рэкі нічога нікому не вінны.

На даланях у рэкаў чаўны,

На даланях у чаўноў

Дамавіны.

Дамавіны ў далонях

Няволяць час,

У рэкаў з далоняў

Сплываюць аблокі.

З далоняў поймаў,

Адбыўшы папас,

Узлятае смутак глыбокі.

І калі ганец прынясе

Дасвеццю радасныя навіны,

У далоні пляскаць усе

Будуць

Не таму, што павінны.


* * *

Няўжо не ўрымсцяцца беззаконнікі,

якія народ мой ядуць, быццам хлеб?

Псальм 13:4

Прыхадні разяваюць галодны рот,

Раскашуецца распуста й песта.

Як жытні хлеб,

Усе ядуць мой народ,

А ў дзяжы падыходзіць

Вясёлае цеста.

І з цеста пячэцца трывалы хлеб,

Якому на абрусах вельмавацца.

Снапы малоціць чужацкі цэп.

Хлеб спажывае халодная праца.

Ды чужакоў аднойчы змяце

Вецер цярпення маўклівы,

Бо дужы.

І ўзыдзе

Наш каравай на куце,

Асвеціць сасмяглыя нашыя душы.


* * *

Бо ў смерці няма пра Цябе

памятання: у магіле хто

Цябе славіць будзе?

Псальм 6:6

Слаўлю Цябе

І жыву я Табой,

Госпад,

А смерці гэта няміла.

Толькі не можа

Вечны спакой

Даць мне сырая магіла.

Твой неспакой

Не пакіне мяне,

Ён у душы не загіне.

Твой неспакой

Цішыню прыхіне,

Жыціме ў мёртвай даліне.

І дамавіны глухая турма

Страхам душу не стрымае.

Будзе душа мая

Славіць сама

Госпада,

Нават нямая.


* * *

Высахла ад маркоты вока маё,

пастарэла яно праз маіх ворагаў.

Псальм 6:8

Бачыць далей маладое вока,

Вока старое глядзіць глыбей.

Ранняя вестка, як тая сарока,

З лесу хутчэй ляціць да дзвярэй.

Позняя вестка, як тая варона,

Глуха чарнее на голым суку.

Поўніцца вока старое бяссонна

Смуткам,

Як поўня на скразняку.

Высахнуць цяжка воку,

Як мору.

Толькі калі высыхае яно,

Здасца прадонным

Галоднаму гору,

Ціхаму небу пакажацца дно.


* * *

Вычарпалася ў скрусе жыццё маё,

і леты мае ў стагнотах...

Псальм 30:11

Прыгоршчамі маладзіка й веташка

І даланёю поўні

Вычэрпвае дні мае скрухі рука,

Дапаўшы да апошняе схоўні.

Вычэрпвае,

Як з чаўна ваду,

Вычэрпвае й дно выскрабае.

Я следам за ценямі дзён іду.

Вярнуць іх надзея слабая.

Спяшаюцца цені,

Знікаюць яны,

Не ведаючы ляноты.

І застаюцца са мною адны

Скруха мая ды стагноты.


* * *

Дзень дню перадае слова, і ноч

ночы адкрывае веды.

Псальм 18:3

Ноч з галавы,

А дзень жыве з вачэй.

Ноч грэшна бавіць час,

А дзень пацешна.

Ноч думае,

А дзень сабе хутчэй

Стараецца ўсё выгаварыць

Спешна.

Дзень перадаць

Наступніку свайму

Спяшае недамоўленае слова.

Сэнс грэецца ля зорак

І таму

На долы абніжаецца часова.

Як ні шапчы,

Як крычма ні крычы, –

Сэнс рэдка адгукаецца на словы.

І веды ноч перадае начы,

А ў ведаў зірк

Прыхмарана суровы.

Як не сляпы,

Той зірк убачыш ты.

Калі й сляпы,

Адчуеш зірк душою.

Відушчым зробішся ад віднаты,

І станецца сваім табе чужое.


* * *

Ненавіджу шаноўцаў

марных ідалаў…

Псальм 30:7

Шаноўцы марных ідалаў,

Яны

Шануюць больш сябе

Ды свой дастатак.

І гневу халастыя перуны

Абрынуць любяць

На астатні статак.

На тых,

Што не паспелі дапаўзці,

Каб з ідалавых жалабоў

Напіцца.

У масць лыч да лыча,

Поўсць да паўсці.

Хвалу ўздаюць

Лявіца ды правіца.

Растануць ідалы,

Як тая мга,

І зменяць хваласпеў на момант

Плачы.

І ўжо да новых ідалаў чарга

Цягнуцца будзе,

Быццам хвост сабачы.


* * *

Не схавай ад мяне аблічча

Свайго...

Псальм 26:9

Бачу вочы Твае,

Хоць Цябе я не бачыў ніколі.

Чую голас Твой вышні,

Хоць ніколі не чуў я Цябе.

Гэтак вязень сляпы

Бачыць вочы забытае волі,

Гэтак чуецца голас знядзелены

Немай мальбе.

А Табою малюся,

А Табою смялею й баюся,

А Табою дазволены жыць,

Паміраю й жыву,

А Табой паддаюся,

А не паддаюся спакусе,

А са страхам і верай

На плаху Тваю

Я кладу галаву.

Чуць ды бачыць Цябе –

І зашмат, і замала.

Гэта ласка нябесная –

Слухаць Тваю цішыню.

Ты задумаў мяне

Мудра а дасканала.

Я пахібіў Твой плён,

І сябе я за гэта віню.


* * *

Калі я пайду далінай

смяротнага ценю...

Псальм 22:4

Са мной паміраціме

Цень мой жывы.

І цень мой

Нябожчыкам стане таксама.

Зачыніцца глуха нябесная брама,

Не ўбачу ў даліне

Ні хмар, ні травы.

Паселіцца вечная ноч уваччу.

Сваё адхвалююся,

Адлетуценю.

У змрочнай даліне

Смяротнага ценю

Я з ценем сваім развітацца хачу.

Бо цень быў

Напарнікам мне і віжом,

Сачыў, віжаваў,

Дзе б ні жыў пры святле я.

У зябкай даліне

І цень мой скалее,

Не выпырхне ні вераб’ём,

Ні стрыжом.

На сцежцы стаптанай

І на ярыне

Кунежна слядам

І нястрымна трымценню.

І покуль жывы, давяраюся ценю,

Бо ценіцца цень

І дрыжыць за мяне.


* * *

Яліны – пад жытло буслам...

Псальм 103:17

Яліны –

Зялёныя скініі,

Прыстанак прысталых крокаў.

Нябёсы на стрэхі ім скінулі

Буслоў,

Як акраўкі аблокаў.

Сціхa адхінаюцца клёкатам

І цішаю клямчацца дзверы.

Зямным і нябесным клопатам

Буслы

У ялін у даверы.

І позірку ўроіцца смелае:

Прыняўшы дасвецця палоны,

Стаіць,

Ад чакання здранцвелая,

Яліна,

Як бусел зялёны...


* * *

З улоння дзянніцы падобнае

да расы Тваё нараджэнне.

Псальм 109:3

І за расу, і за слязу нічога

Чысцейшага няма.

Раса сама

Нагорнецца на вока Пана Бога,

Не разбурыўшы воблік абраза.

І на зямлі, далёкая ад бруду,

Раса зайздросціць

Зерню на сяўбе.

Падлеглая паўторанаму цуду,

Расінка

Сонца носіць у сабе.

Раса й краса

З нічога не ўзнікае.

Лёс крочыць пеша.

Воз сябе вязе.

І радасць,

Як рачулка гаваркая,

Смяецца і ў расінцы,

І ў слязе.

Вераадступніка чакае згуба.

Самапрысуд –

Як брытва ў два лязы.

Пяшчоціцца ў расінцы

Сонцу люба,

І ўтульна роспачы

На дне слязы.


* * *

Пастаў над імі бязбожнага,

і д’ябал хай стане праваруч яго.

Псальм 108:6

Над тымі,

Што назваліся людзямі

І рохкаюць галодна ля карыта,

Пастаў бязбожнага,

Няхай яны

Плывуць ракою забыцця ладдзямі,

Няхай спяшаюцца парнакапыта

Падставіць хілы хіб пад бізуны.

І праваруч ад самаўладца-хама

Самога д’ябла ў чорным ахінале

Пастаў,

Няхай пасведчыць чарадзе

І светласць хама

І сваю таксама.

Каб дзякуй і за кратамі казалі

Бязбожніку,

Што ў шчасце іх вядзе.

А тое шчасце –

Мешанка густая

І рэдкая.

А тое шчасце ў спрыце,

У звадах за харчы перамагчы,

Абы не хутка ўбачыць

Дно ў карыце.

А дасць мароз,

Як адарваць лычы?


* * *

Пройдзе над ім вецер, і няма яго,

і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго.

Псальм 102:16

Век чалавечы –

Як снег на галінцы,

Дзень чалавечы –

Як помах крыла.

Толькі за зёлкай

Паспеў нахіліцца –

Выпрастаць спіну

Труна памагла.

Кожнаму хочацца

Ліха аб’ехаць.

Лёс залагодзіць,

Чым нельга і льга.

Раніца хмар наахапчыць

На вехаць.

Пачырванее за вечар смуга.

Дол прыхарошыцца

Травамі гожа.

Сподзеў і страх –

Чалавеку свае.

Вецер дыхне – і няма,

І яго ўжо

Мейсца ягонае не пазнае.


* * *

А тыя, што нас паланілі,

песняў ад нас патрабавалі,

а нашыя прыгнятальнікі –

весялосці…

Псальм 136-3

Заваёўнікам трэба песняў

Ад нас,

Прыгнятальнікам – весялосці.

Толькі песня, яна –

Не вясельны кутас,

Каб дрыжэць у застольнае млосці.

Песня вольная

Вольную мае душу,

Не пяецца ў няволі ніколі.

Прастагнаць заваёўнікам

Можа імшу,

Зачасаць на магіле ім колле.

Весялосць захлынецца ад смеху,

Калі

Прыгнятальнік навек захлынецца.

І ўздыхнецца з палёгкаю

Роднай зямлі –

Аж ад радасці дол скаланецца.


* * *

Як бацька даруе сынам,

так даруе Госпад тым,

хто баіцца Яго.

Псальм 102:13

Светлая боязь душу ахінае.

Строме зайздросціць адхон.

Падае ніцма

Радасць зямная.

Марнасцю робіцца плён.

Страх

Перад Імем Тваім неназваным

Існай дарогай вядзе.

Грэх,

Што хацеў бы назваціся панам,

Чэзне, як дым на вадзе.

А ці ў палацы,

А ці ў палатцы

Кайна хілю галаву.

Госпад!

Дазволь мне Цябе баяцца.

Покуль баюся – жыву.


* * *

Не сплю і сяджу,

як адзінокая птушка на даху.

Псальм 101:8

Адзінокая птушка на даху –

Дах вартуе,

Ці дах яе

І трымае, й бароніць

Ад страху.

Птушка прыцемкаў

Сумна пяе.

Адзінокая птушка на даху –

Ад падумкі той аднае,

Што крылу не стае размаху,

У пляніцу сябе аддае.

Адзінокая птушка на даху –

Забываецца песні свае.

За халодную апранаху

Вечару свой цень прадае.


* * *

Уздыманне рук маіх –

як ахвяра вячэрняя.

Псальм 140:2

Вячэрнюю ахвяру прыношу –

Ўздымаю рукі свае,

Яны

Трымаюць яшчэ сырую пакошу

З лугоў раскайнасці і віны.

Вячэрнюю прыношу ахвяру –

Узношу рукі свае,

Яны

Трымаюць, як ношу,

Цёмную хмару

Неўсвядомленае маны.

Не плоцячы вечнаму смутку

Мыты,

Прашу спагады ў наступнага дня.

Малюся,

Самым сабою забыты.

А можа, ўспомніць мяне

Вышыня?


* * *

І просяць хлеба з руінаў сваіх...

Псальм 108:10

Жабраваць па сваіх руінах –

Тое,

Што сябраваць з дварамі.

У забыўлівых прыпамінах

Кленчыць неіснуючай браме.

Жабраваць па сваіх руінах –

Тое,

Што сябраваць з вірамі.

Па абразах ісці й па кпінах

І гавець у разбураным храме.

Вандраваць па сваіх руінах –

Тое,

Што сябраваць з вятрамі,

Што нясуць на далёкіх спінах

Прах дзяржаваў

З рабамі й царамі...


* * *

Дні чалавечыя – як трава...

Псальм 102:15

А веку таго –

Ад касы да касы.

Таму так спяшаецца раскашавацца

Надзея ў руні на каласы,

Надзея ў рэха на галасы.

Траве застаецца адно –

Хвалявацца.

Травой зарастуць

І разлогі, й лугі.

Адскочыць атава

Спаткацца з касою.

Як восень, пажоўкне

Трава ад тугі.

Успыхнуць зялёнааблочна

Стагі.

Загарыцца расе

Паўтарыцца красою.


* * *

Хай памножацца смуткі ў тых,

што цякуць да бога чужога...

Псальм 15:4

Пілнаваціся кожны мусіць

Роднага Бога,

Пілнаваціся кожны мусіць

Роднай зямлі.

Не цяплее душа

Ля цяпельца чужога,

Каласіцца туга

На чужой араллі.

Толькі ў роднага Бога

І шчырасць, і ласка.

Родны Бог – родны бацька,

Бог чужы – як айчым.

Дома суха і ў багне,

На чужыне й на ўзгор’і гразка.

Некалькі ў ваднаго

Не бывае айчын.


* * *

Каб не заснуў я сном смерці...

Псальм 12:4

А сон жыцця –

Кароткі, як жыццё.

Сон у жыцця –

Трывожны, клапатлівы.

І чалавек – капрызнае дзіцё –

Ў кароткім сне

Спакойны ды шчаслівы.

У смерці сон

Даўжэйшы за яе,

Сон беспрабудны,

Цёмны, страхавіты.

Ніколі ён назад не аддае,

Хто зябкай павітухаю спавіты.

І, кватарант жыцця,

Пакуль жыве,

Ён ад жыцця

У сон жывы ўцякае,

Каб спадабацца

Смерці-удаве.

І спіць жыццё.

А іншы сон чакае.


* * *

Дабрашчасны, хто возьме і заб’е

немаўлятак тваіх аб камень!

Псальм 136:10

Хай сабе ён і ворагаў –

Чэрап дзіцячы.

Ён – маленькае неба,

Дзе небасхіл няпэўны

Трымаецца на радасным плачы,

Чэрап будучага пастуха

Ці царэўны.

Хай жа камень праклёну

Мяккай падушкай стане

З летуценнага пер’я

Залётнае аблачыны.

Хай аб наканаванні

Дзіця папярэдзяць здані,

Хай здымуць камень з сэрца

У змрочнай прычыны!


* * *

Народ, якога я не ведаў,

служыць мне...

Псальм 17:44

Там,

Дзе панішчаны гаспадары,

Пасуцца выслужнікі табунамі.

Ім лёгка чужых

Называць панамі,

Аднолькава ім

Ці ў хляве, ці ў двары.

Ім роднага бацьку

Заменіць айчым,

Якога палюбяць

За скібку хлеба.

Па звычцы

Яшчэ патурбуе патрэба

Назвацца народам.

Але якім?


* * *

Чалавек падобны дыханню...

Псальм 143:4

Бог уздыхнуў

Над стварэннем слабым.

Бог уздыхнуў –

І ўдыхнуў дыханне.

Дым, як туман,

І туман, як дым,

Папераблыталіся ў тое ранне.

Першая недзе звінела аброць.

Конь неаб’езджаны

Цешыўся з волі.

I, чалавека пакінуўшы доле,

Сумна

Падаўся ў неба Гасподзь...


* * *

Ойча наш, што ў нябёсах,

Хай свяціцца Імя Твае

І ў зорах, і ў лёсах.

Хай прыйдзе Валадарства Твае,

Як спатоля,

Хай Твая ўсёўладарная

Збудзецца воля

Як на небе,

Гэтак і на зямлі.

Хлеб наш надзённы пашлі,

Жыццядар, сёння нам.

І даруй нам нашы даўгі,

Як даруем і мы даўжнікам.

Адгарадзі ад нас

Спакуслівыя лугі.

І ў смутны час,

І ў цёмныя дні

Нас ад нячысціка аслані.

Не зрушыцца Валадарства Твае.

І рушаць рухава

Ад Твайго цвярдога парога

І сіла, і слава

Твае мілаты і лагоды,

Айца, і Сына, і Духа Святога

Цяпер і заўсёды.

І на вячніны вячнін. Амін.


* * *

Багародзіца, Вечнадзева Марыя,

Мы ўсе перад Табою малыя.

Дабраслаўленая між усіх маладзіц,

Не пярэч, каб

Перад ценем ценю Твайго

Мы ўпалі ніц.

Дабраслаўлены плод Твайго ўлоння.

Над ім мы ўзводзім

Шатрамі свае далоні.

Ты, ўсяго жывога краса і пакраса,

У імя Вечнаіснага Бога

Нарадзіла душ нашых Спаса.

Пад міласць Тваю прыбягаем.

Злітуйся над нашым краем –

Хай пасвяцца душы нашыя

На нябесных пашах.

Багародзіца Дзева,

Не адкінь у цярпеннях

Малітваў нашых.

Дабраслаўленая, адзіна чыстая,

Уратуй ад бедаў,

Дай моцы нам выстаяць.

Каб агонь жыцця нашага

Не пагас,

Багародзіца Прасвятая,

Душою нашчая,

Уратуй нас.


* * *

Веру ў адзінага Бога Айца,

Усёўладара, Шчодрадаўцу дабра,

Тварца ненасытнай зямлі

І неба спадчыннага,

І ўсяго бачнага й нябачнага.

Веру несупынна

Ў адзінага Бога Ісуса Хрыста,

Адзінароднага Божага Сына,

У кожны кіў Ягонага кста.

Сын Божы народжаны над усімі намі,

Над усімі вякамі:

Святло ад Святла,

Праўдзівы Бог ад праўдзівага Бога,

Каб цёмную сілу зла

Сіла богапаслужлівасці перамагла.

Без Яго не было б нічога.

Ён, каб вызваліць нас з грахоў,

З чыстага неба

На дол затаптаны сышоў.

І смела прыняў тленнае цела

Ад Духа Святога і Дзевы Марыі

І чалавекам стаўся,

Каб пераняць пакуты людскія.

Гэта за нас пры Понціі Пілаце

Аддаўся ў рукі зямное ўладзе.

І быў укрыжаваны,

І канаў, і быў пахаваны.

І на трэці дзень уваскрос

У згодзе з Пісаннем.

І ўзышоў на неба Хрыстос

Нябачным ззяннем.

І сядзіць праваруч ад Айца.

І прыйдзе зноў у славе нязмерклай

Судзіць жывых і змерлых,

І Валадарству Ягонаму не будзе канца.

Веру ў Духа Святога,

Што сыходзіць ад самога Бога,

Каму нароўні з Айцом і Сынам

Пакланяемся, не лічачы рокаў.

І славім належным чынам,

І які вяшчаў праз прарокаў.

Веру, а значыць жыву,

У Кефальную й Апостальскую Царкву.

Веру, і тым жыву,

Веру, і тым існую,

У Богам дадзеную,

А значыць святую

Беларусь праўкрасную самую.

Перад ёю,

Як перад Мамаю,

Хілю галаву,

Верны паклону

Да скону.

Спавядаю адзіна кшчэнне

Як ад грахоў збаўленне.

Ані на кога не ў крыўдзе,

Чакаю, як лепшых часін,

Уваскрошання змерлых

І жыцця тога веку,

Што прыйдзе. Амін.


* * *

Госпадзе, не забудзься ўранні,

Узгадай увечары,

Памяні словамі туманоў

Смяротна заснулых у спадзяванні

Уваскрошання да жыцця вечнага

Нашых братоў і бацькоў,

I ўсіх, якія волю Айчыны

Мечамі праведнымі прывячалі,

Якія і ў злыя часіны

Заставаліся крывічамі,

За кім зачыніліся зямныя дзверы,

Якія жыццё сваё скончылі

Ў пабожнасці й веры.

Даруй ім волю й няволю віны,

Якой правініліся перад Табою яны

Словам, думкаю, справаю,

Абвянчаныя з ганьбай і з славаю,

Бо яны былі толькі людзьмі.

Валадару, іх да сябе прымі.

Дай ім і нам Тваю Гасподу

І ўдзел у добрых дзеях Тваіх,

І жыцця Твайго бясконцага

І невыказнага насалоду,

Бо Ты ёсць шчасце й жыццё,

Ўваскрошанне ды спакой

Тваіх змерлых слугаў.

Ты, Хрысце Божа наш,

Слых самы бяссонны той,

Які ўсё пачуў, паслухаў.

І мы, адганяючы сквапную скруху,

Славу ўзносім Табе,

І Айцу Твайму несканчатнаму,

І жыццядатнаму Святому Духу

З нагоды дагоды цяпер і заўсёды

І на вечных вякоў зачын. Амін.


* * *

Усёчуйны, пачуй

Кайны наш лямант і плач.

Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць,

Чалавекалюбча, прабач.

Тых, хто шчодрыць дабро,

Узвяліч дары.

Братам і крэўнікам нашым

Правіны даруй

І вечнае жыццё падары.

Наведай нямоглых у чорныя дні.

Ацалі іх і моцу вярні.

Тых, хто ў моры,

Не пакінь у горы.

З тымі, хто ў падарожжах,

Будзь і ў клопатах Божых.

Тым, хто слугуе роднаму краю,

Хто нашую мову мілуе,

Пакажы сцяжынку да раю,

Даруй і праграшынку малую.

Тых, хто просіць нас

Памаліцца шчыра за іх,

Памілуй, бо маеш

Вялікую літасць да ўсіх.

Памяні, Госпадзе,

Нашых бацькоў ды братоў,

Што адышлі ў Твой край,

Ад святла аблічча Твайго спагатоў

Спакой ім, спачылым, дай.

Памяні, Госпадзе, нашых братоў,

Што й сёння

Ва ўчарашняга дня ў палоне.

Вызвалі ад кайданоў

І душы іхныя, і далоні,

Каб мелі галаву на плячах,

А не неслі, як горб, за плячамі.

Каб зоры займаліся ў смелых вачах,

Каб пачуваліся вольнымі крывічамі.

Памяні, Госпадзе,

Ўсіх дабраплодных і дабрачынных

У Тваіх святынях адчыненых.

Выслухай просьбы іхныя аб збаўленні,

Імем Тваім асвечаныя,

І дай ім жыццё вечнае.

Памяні, Госпадзе, нас,

Рабоў Тваіх грэшных, рахманых,

Тут, на задуманай Табою зямлі,

І святлом Свае мудрасці прасвятлі

Розум наш, што ўвечарэў у заганах.

І скіруй на сцежкі святарныя

Запаветаў Тваіх

Малітвамі Прачыстае Багародзіцы –

Нашае Валадарыні

І Прыснадзевы Марыі і Ўсіх Святых.

Будзем ісці да Цябе

І ў радасці і ў журбе,

З песнямі і з плачом,

Покуль будзе сябе называць

Крывічом

Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.


* * *

Устаўшы з пасцелі, як з дамавіны,

Дзякую Табе, Госпадзе Трыадзіны,

Што Ты, Даўца дабрыні й церплівосці,

На мяне, лянотнага й грэшнага,

Не ўтаіў ні гневу, ні злосці

І за мае беззаконствы

Мяне не прывёў да згубнасці,

А падняў па Сваёй людалюбнасці

Мяне, што ў бeспамяці спачываў,

Каб я малітваю ранішняй

Уладзе Тваёй слаў славу слаў.

Прасвятлі вочы духу майго ў чысціні,

Вусны мае адчыні

Кожнаму Богаўслаўнаму гуку.

Дай пазнаць мне Тваю навуку,

Дай славіць у песнях

Тваё ўсесвятое Імя, ды не глуха,

Айца, і Сына, і Святога Духа,

Пакуль цякуць бяссонныя воды,

Пакуль ідуць дажджы з аблачын,

Цяпер і заўсёды,

І на вечны няспын. Амін.


* * *

Святы Анёле,

Заступніку Боскае волі,

Ахоўца мае зямное няволі,

І ў цішы, і ў гамане

Не адыходзь ад мяне,

Адвядзі ад душы мае стому,

Не дай духу злому

Смяротным целам маім

Завалодаць самохаць,

Не дай мой клёк запалохаць.

Дай моцы сіле маёй,

Зняможанай а слабой,

Боль незаслужаны патушы,

Застацца самім сабой

Дазволь мне, ахоўца мае душы.

На шлях збаўлення мяне скіруй,

Калі дзе паддаўся мане, даруй.

Як чым зграшыў мінулай начы,

Гэтага дня заступіся,

Дапамажы спакусу перамагчы.

Каб груган зайздрослівасці

Ў душы мае гняздо не савіў.

Каб Госпада я не ўгнявіў.

Каб верны быў я

Крывіцкай святой старане,

Мове матчынай –

Як найраднейшай балючай радні.

Анёле, маліся да Госпада,

Каб зрабіў мяне

Слугою Свае дабрыні.

Каб палымнеў, а не палынеў

Твой напамін. Амін.


НАШЧА

Туман пакут скроні часу выбеліў.

Кайнасць запозненая замаўчала.

Мама –

Мая небадарная Біблія,

Якая мяне да жыцця прыручала.

Грахоў неадольных

Прадонная яміна

Разяўлена, як галодная пашча.

Жыве ўва мне

Кожнае слова маміна.

Бібліі ўдзячны,

Малюся нашча…


КАЛЯДНЫ ВЕРШ

У ноч калядную збяры

Усіх здарожаных, халодных,

Усіх забытых і галодных

І раздары свае дары –

Усё, што даў табе Гасподзь,

Каб ты апошнім

Мог дзяліцца,

Бо ўдачы гладкая цяліца

Пасецца, каб аддаць стокроць.

Прасі на кут сваіх Дзядоў

Абнашчыцца куццёю поснай,

Каб не шукаць гадзінай познай

У небе памяці слядоў.

Як вогнішча, разварушы

Тугу,

Што пазірае нема.

І ціха вока Бэтлеема

Узыдзе ў поцемках душы.


СВЯТАЯ НОЧ

З нямецкае

Сон святы бачыць ноч.

Свет увесь спіць, апроч

Непаздзіўленай двойцы святой.

Дзіцятка з кудзеркамі, засні

У ясельках цішыні!

Сон святы бачыць ноч.

Зорка, прароч

Вестку светлую пастухам.

Блізіцца навіна ў кожны кут:

Ад пакут Збаўца тут!

Сон святы бачыць ноч.

Слаўся радасцю, плоць,

Цемра, збоч.

Нарадзіўся Хрыстос —

Нам збавенне прынёс!


У КАГО?

Яе светласці Свечцы

Цела згарае,

Душа палымнее,

Як і ў людзей.

Мроям нябыт дакараць саладзей.

Ля небакраю надзея рунее.

Свечка спачатку зямлю засяляла.

Людзі пасля.

Цемра з патухлага вугаля

Ў сэрцах журбу засяліла трывала.

Самаспаленне

Ці выйсце з адчаю?

Як і ў людзей.

Шлях да вяртання ў каго карацей?

Неба жыцця для каго залачае?


ПОМНІ!

I гаворачы з быдлаю,

Помні пра Біблію.

I мроючы мрою светлую,

Помні пра апраметную.

Рупячыся ў кляцьбе,

Помні і пра сябе.


КАБ НЕ ЎКРЫЎДЗІЎ...

Бога і Маму ў душы нашу

Ступаю па грэшнай зямлі асцярожна,

Каб толькі не здрыгануць душу,

Звышняга й Маму не патрывожыць.

Богам Адзіным душа жыве,

Мама душу дабрыні навучае.

Там па завоблачнай мураве,

Ходзіць журба з мамінымі вачамі.

Зычу хоць подых вясны ледзяшу,

Ясачку яснага досвітку скрусё. .

Бога і Маму ў душы нашу,

Каб аніхто іх не ўкрыўдзіў,

Малюся...


ПРЫЙДЗЕ...

Баяцца кветкі абразіць дол,

Далей уцякае настрой панылы,

Калі абнізіцца мусіць анёл,

Каб нам напомніць

Пра нашы крылы.

З якімі мы ў гэты свет прыйшлі,

Каб лётаць не толькі ў мроях,

Ды ўпарта мы прыраслі да зямлі

У хмарных сваіх настроях.

I крылы свае знебылі,

I вакол

Бяскрыла ляжаць небасхілы.

I лётае той,

Да каго анёл

Аднойчы прыйдзе

Прымерыць крылы...


ДОМА

Усё цвіце.

I ў падзяку нябёсам

У пракавечным зялёным храме

Сасна трымае ценькія свечкі,

Зацепленыя сонным святлом.

Усё цвіце.

I надзею мае

На працяг,

На спагаду часу.

Усё цвіце.

Спакорваецца лагодзе.

Салавей салодзіць гаркоту жыцця.

Зязюля лічыць стагоддзі...

Сарока свой цень нясе на хвасце.

Усё цвіце...


НІКОЛІ

Думка голая, як дзіцятка,

Што якраз нарадзіцца паспела.

А якая будзе апратка —

Гэта клопат таго,

Хто ўмела

Ці няўмела яе ўзгадуе,

Ісцінай позірк свой уколе.

Думка мае дупіу маладую.

Думка не сівее ніколі.


АДДАВАЦЬ...

Гады зямныя —

На вадзе кругі.

Змятае час

Мітрэнгаў нашых смецце.

Жыць —

Значыць Богу аддаваць даўгі.

Хто без даўгоў,

Таго няма на свеце.

Кароткая сцяжына да бяды,

Дарога да бясхмарных дзён

Даўгая.

Нас даганяюць нашыя сляды,

Каб нагадаць,

Што мы жывем даўгамі.

Рака наноў

Шукае берагі.

Буцян ладзьбуе

Гнездзішча на коле...

Жывыя могуць аддаваць даўгі.

Таму жыццё й не скончыцца

Ніколі!


ТРОЙНЯ

Цвік.

Чалавек.

Прамень.

За горам, за морам, за лесам

Лёсам адным яны

Адшуканыя і ашуканыя.

Цвік

Заганяе ў сцяну малаток наўпрост

(На ўвесь анямелы цвіковы рост).

Чалавека

Ў зямлю заганяе жыццё

(Напаміну на забыццё).

Прамень

Заганяе ў заўтра стомлены дзень,

(Каб не намагаўся ўбачыць свой цень).

Цвік гнецца.

Чалавек гарбаціцца.

Прамень ніцее.

I ў кожнага непераможанага

Свой крыж надзеі

На целе...


КАБ ПРЫНЯЎ...

Ранішняе вечарэе святло,

Каб разліцца імглою.

Яблык аб дол разбівае чало,

Каб зрабіцца зямлёю.

Рыба пад лёдам шукае тхло,

Каб глынуць паветра з марозам.

Чалавек пакідае зямное жытло,

Каб прыняў яго

Вечны Розум.


* * *

Твой воблік — твой абраз; твая ікона,

З якой табе пабыць дазволіў Бог,

Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,

Каб шанаваў штоночна ды штодзённа.

У вечнасці, якая тлом зашклёна,

Папросішся пераступіЦь парог,

Тваю ікону цемрай зробіць лёх,

Што апраметную завўць сцюдзёнай.

Нясі з падзякай небу свой абраз,

Каб у лампадах воч агонь не згас,

Пакуль цябе зямля маўкліва носіць.

Калі цябе, як сноп з палёў жуды,

Прытуліць з непрасохлых дошак восець,

Ікону возьме нехта малады.


НЕ СКАЖА

Загадка Гамера й Шэкспіра.

Былі яны ці не былі.

Шукаюць даследнікі шчыра

Сляды ў пракавечным быллі.

Хто аўтар хмурынкі ці вішні,

Хто смутку найменне знайшоў.

Не скажа тварэц Усявышні,

Каб не пасварыць спарышоў.


АДЗІН

Няма да каго прыхінуцца душою,

Нікога наўкол няма,

Душа свая часам здаецца чўжою,

Не чуе сябе сама.

Спадаюць дні,

Быццам з дрэва сучча.

Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.

Адзін прыходзіш на свет калючы

I адыходзіш — адзін.


ВЯРТАЕЦЦА...

На Беларусь вяртаецца Бог.

Беларусы ўспомнілі,

Што яны беларусы.

Трыпутнік аблудны

На раздарожжы пасох.

Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы.

На Беларусь вяртаецца Бог.

Вера абражаная рунее.

За саломінку променя

Хапаецца лёх.

Наваселіцца

Ў душы знелюдзелай надзея.

Ступакамі кайнасці

Стоптваецца парог

Невідочнага незямнога палаца.

На Беларусь вяртаецца Бог,

Не спяшаючыся вяртацца...


ВЯЛІЧКА

Па велікоднае яечка

Да хроснай маткі ўранні йшоў.

І чуўся светлы спеў званоў.

І мне зайздросціла мястэчка.

З абрабаванага касцёла,

Як з недалёкай даўніны,

Званілі зніклыя званы.

Дзень пачынаўся ясначола.

У Божы свет ішло Вялічка –

Святое свята ўдзячных слёз.

Хрыстос ускрос!

Хрыстос ускрос!

Свяціла промнямі крынічка.

У згадках ксцілася Вушача.

Світала з забыцця імша.

Яшчэ дасюль мая душа

Па радасці шчымліва плача…


СВЯЦЕЙШАЯ ПАННА

З польскае

Свяцейшая Панна з Вушацкай іконы,

Усіх ахінае Твой клопат штодзённы.

Дай моцы нам, Матка,

Дай, Матка, параду,

Як маем змагчы і падступнасць, і здраду.

Май ласку Сваёй не пазбавіць апекі,

Заступніцай будзь нам цяпер і навекі.

Не дай нашым душам убогім загінуць,

Дазволь на зямлі гэтай цені пакінуць.

З малечых гадоў Ты нас, грэшных, трывала

І з д’яблавай пашчы не раз вырывала.

У смутках Цябе мы гукаем, святую,

Твая мілата бачыць нас і ратуе.

Як дзячыць Табе, мы не ведаем самі,

І нашчацца нашыя вочы слязамі.

Марыё! Вушачы, дзе Ты цудатворыш,

Ты дорыш святло, цішынёю гаворыш.

Грахі нашы, як незагойныя раны.

Маліся за нас, будзь нам Маткаю, Панна.


НЯМА...

Няма маіх сяброў, маёй радні,

Маіх вятроў і маразоў

Няма са мною.

Харона не кляну,

Адно зайздрошчу Ною,

Што не аддаў нічога глыбіні.

На схіле веку кожны з нас, як Ной,

Які ў каўчэг сваёй душы

Забраць павінны

I рупна ратаваць

Хоць тыя напаміны,

Што моўчкі пойдуць за глухой труной.

I я цяпер адзін, як напамін

Разгубленай мілосці і сябе самога.

I на каўчэг аціхлы,

Як з далоні Бога,

Ахрыплай каняй падае:

Амін...


АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ

Ён будзе мроіцца тады,

Анёл, які на лютні грае,

Калі забытыя сляды

Згадае сцежка маладая.

Калі гады, нібы дзяды,

На прызбу стомы сядуць з краю,

Ён будзе мроіцца тады,

Анёл, які на лютні грае.

Калі не позірку бяды,

А зноў душа паверыць раю,

Ён будзе мроіцца тады,

Анёл, які на лютні грае.


САЛЬЕРЫ

У творцы свой Сальеры персанальны,

Па сумяшчальніцтву таварыш, брат.

Каб думкі творцы не пазасыналі,

Заплечны брат размове шчырай рад.

Былі свае Сальеры ў Куляшова,

У Быкава —

Хоць імі гаць гаці,

Кішма кішаць.

Не пыльна і грашова,

Яны пры споведзі і пры куцці.

I слухаюць, і нюхаюць,

Спагадай

Падзеляцца,

Як лустай ад душы.

На злыдзеяў генія

Глядзяць з пагардай,

Адданыя Сальеры-спарышы.

Стараюцца пацець халодным потам,

Сыцеючы на дармавым аўсе.

I службу дружбай называюць потым,

Зрабіўшы мемуарамі дасье.


ЯСЛІ

Каб зоркі чыстых мрояў не пагаслі,

Прагнаўшы сон журлівых аблачын,

Дае Ўсявышні нам

Душу, як яслі,

Каб нараджаўся ў іх

Нябесны сын.

Лёс

Цень памкненняў

Пасылае з долаў

У высі,

Каб сябе ён перарос.

Распазнавацьме галасы анёлаў

Душа, ў якой

Народзіцца Хрыстос...

ВАРТА...

I прыцаніцца, і патаргавацца

Паспеўшы на жыццёвым кірмашы,

Сябе самога варта запытацца,

А што набыў для стомленай душы?


* * *

Свабода —

Слабо да-

йсці

Па асці,

Па жарстве

Да мяжы тае,

Дзе душа даўгі аддае

Звышняму,

Які ў ёй жыве.

Свабода — гэта

Душа ў таямніцы цела,

Што сябе на волі прысніць

Захацела сама.

Без пакуты

Свабоды няма...


БЕРАСЦЕЙСКАЯ ВУНІЯ

Каб народ набожны не зняверыўся

Перад раздарожжам дзвюх дарог,

Вернасць з вернасцю

Сышліся ў Берасці

У вадну, якую ўбачыў Бог.

I сышліся ціха два ў вадно палі

Каласіцца вераю бацькоў.

Свечкі ў Рыме і ў Канстанцінопалі

Засвіталі ў позірках вякоў.

Кленчыць цень крыжа перад іконаю.

Горбяцца зняверу валуны.

I звіняць са дна душы свянцонае

Берасцейскай вуніі званы.


ДАРОГА ЯСНАЯ

У свеце жыў, нібыта ў пуні, я,

Не разумеючы нічога.

Але пралегла ў сэрцы Вунія –

Дарога ясная да Бога.

І гэтаю дарогай шчыраю

Памкнуліся мае памкненні,

Як птушкі на радзіму з выраю,

Нібыта ў вырай летуценні.

Душа, як рыцарскімі латамі,

Затуленая ад заганаў.

Святло ўзышло над уніятамі,

Калі Гасподзь на грэшных глянуў.

Жыццёвы дол усланы цернямі.

Усе пагляды ў неба ўзняты.

Пакорнікамі богавернымі

У свет прыходзяць уніяты.


* * *

Унія – ў душы рунеюць зоры.

Стала блізка захаду і ўсходу.

Тчэцца дзень

З асвечанай пакоры.

Слова славіць боскую лагоду.

Унія яднае і гуртуе,

Ачужэлых

Робіць зноў братамі.

Верай у Тварца душу гартуе.

Да святога алтара вяртае.

І зямля крывіцкая звыкае

Бачыць прыхадняў,

Як сны благія.

І трывацьме Вунія вякамі,

Як трывае ў Полацку Сафія…


* * *

Перапляліся промні і вужы,

Перапляліся радасць і дакука.

Спагадныя ўніяцкія крыжы

Паганства асланілі светларука.

У вечнасці й імгнення на мяжы

Дазорцамі змяркання і світання

Згадзіліся ўніяцкія крыжы

Чакаць,

Калі ён, Судны Дзень, настане.

Туляўся вінавата цень чужы,

Каса з травой сцюдзёна гаварыла.

Выгнанцамі ўніяцкія крыжы

У высях паўтарыліся раскрыла.


РЫЗЫКУЮ

Злом нявечаны, любосцю пешчаны,

Гадаваны цнотай і абразаю,

Гэты свет

Мне Богам запавешчаны,

За яго, пакуль жыву, адказваю.

Не набыў я нaбыці для спадчыны,

І не маю куфра кутавекага.

Гэты свет,

Вачмі маімі ўбачаны,

Рызыкую пакідаць на некага.

Як запалкі ад малога некалі,

Ад мяне памалу ўсё прымаецца.

Страшна разлучыць з маёй апекаю

Гэты свет,

Што за мяне трымаецца…


МАЛЕННЕ ЗА БЕЛАРУСЬ

Божа, пашлі Беларусі

Ласку з Тваімі вачамі,

Сэрцы суцеш у скрусе,

Злітуйся над крывічамі.

Знікнуць, Святы, не дай нам

Ад рукатворнага жаху,

Верацьмем вечным тайнам

Руху Твайго і шляху.

Божа, вярні дадому

Блудныя душы з выгнання.

Поперак духу злому

Воля Гасподняя стане.

Хай беларус беларуса

Будзе любіць як брата.

Светлая Імем Ісуса

Наша крывіцкая хата.

Божа, на ўсіх раздарожжах

Нас ад напасцяў варожых

Твой зберажэ напамін.

Амін.


ПАМЯЦІ АЙЦА ЯНА МАТУСЕВІЧА

Пайшоў ад нас пакутнік уніят,

У гэтым свеце гнаны, непрызнаны.

Ён, варты ўвагі нашай і пашаны,

Быў позірку спагадліваму рад.

Займаў з лагодай свой зямны пасад,

Гаіў аблудных душ глухія раны.

У служкі ласкі боскае абраны,

Глядзеў, каб зелянеў людскосці сад.

Ён быў асвечаны ў начы будзённай

Агнём нябесным Уніі святой.

Атожылак рабіўся дужай кронай.

Смялей шумела вернасці дуброва.

Але спагада стала сіратой.

І замаўчала слова святарова…


ІСЦІМЕ…

Айцу Аляксандру Надсану

Ажно маладзеюць сцены старыя,

Лягчэе з адвечнай скрухай кулёк.

Трымае Сына

Дзева Марыя,

А ў Немаўляці ў руцэ –

Васілёк.

У ціхай свячыцы святая праца,

Што свенціць свет

Незямным святлом.

Святло разгарыцца,

Каб мог спрачацца

Наш дух вячысты

З вачыстым злом.

Полымнакрыла б’ецца трывога

Нікім не спалоханым матыльком.

Душа беларуская йсціме

Да Бога

З нябеснаю свечкаю –

З васільком.


ПАЧУЙ…

Дамінічка шэпча «Ойча наш» –

Вечнасці пакорыцца ўніятка.

Божа,

Ты пачуй сваё ягнятка,

Просьбу незапыленую ўваж.

У турме жыцця

Душа ў яе,

Звонкая, як ранняя крынічка.

З даланятак

Кволая каплічка

Чысцінёй да неба дастае.

Слова беларускае знава

Міласцівіць, першаадкрывае.

Дамінічка –

Краска лугавая.

Не шумі, будзённая трава…


УНІЯЦКАЕ СЭРЦА

Айцу Андрусю Абламейку

Уніяцкае сэрца люляе надзею,

Спавівае лагоду малітвай штодня.

Не саб’ецца з дарогі ў людскую завею,

Бо ў яго апякункай

Сама вышыня.

Уніяцкае сэрца ратуе з адчаю,

Ад спакусы адводзіць,

Як дым ад агню.

Ніцай цемры знявер’я святло пазычае,

Не зважае на зло, кволячы дабрыню.

Горкадумны палын засяляе аблогу,

Летуценна аблокі ідуць пехатой.

Уніяцкае сэрца заўдзячнае Богу,

Што Гасподзь яго поўніць

Сваёй мілатой.


ВЕРАЮ

Род людскі не злічыць вякоў,

Свой узрост

Ён згадкамі мерае.

Ад навалы з усіх бакоў

Беларусь засланялася вераю.

Кожнаму па сваім каўшу.

Як бабылка,

Туга вячэрае.

Д’яблу не прадала душу –

Беларусь утрымалася вераю.

У нябёсаў святла стае,

Каб адпрэчыць хмурыну шэрую.

Адмаліўшы грахі свае,

Беларусь адродзіцца Вераю.


ДАРАДЦА ВЫСОКІ

Дарадца высокі, святы Езафаце,

Зірні на спаганены край,

Адчуй сябе ў кожнай душы,

Як на свяце,

Знявераных не дакарай.

У любасць да бліжніх –

У моцныя латы

Адданцаў сваіх апрані.

Малітваю шчырай жывуць уніяты,

Бароняць свае карані.

Здымі з крывічоў багавейных пракляцце,

Хай зоры адлічваюць час.

Заступнік пакутны, святы Езафаце,

Напомні нябёсам пра нас.


ВЕРНІЦА

Маі Грыбоўскай

Зло злом яшчэ чарнейшым вернецца,

Дабро паўторыцца стокроць.

Душой нябёсам

Кленчыць верніца,

Каб на зямлю зірнуў Гасподзь.

I наплываюць словы хвалямі

Неперапыненай ракі.

За неспатоленымі далямі

Малітву слухаюць вякі .

Жыццё, як макавае зернетца,

Даецца ўсім, у

Каб расцвіло.

Гаворыць з Панам Богам

Верніца.

Святло смяецца.

Цьмее зло.


РЫМСКІ ДЫПЦІХ

УЗРУШЭННЕ


Яну Паўлу ІІ


І

* * *

Укленчыць і прыпасці да рукі,

Якая свет мудрэць добраслаўляе.

Адчуць, як ціхамірацца вякі,

Як у душы зняможанай світае.

Прыняць ружанец з дарчае рукі –

Замроеныя пацеркі Сусвету.

Пачуць сустрэчы голас трапяткі,

Ўваскрослы светла

Ў словах Запавету.

Сцяжынай з-пад ускрыленай рукі

Ісці, ані зважаючы на стому,

Да маладой нябеснае ракі,

Якая смутак і ўзнясе на строму.

Бо багавейна нагадалі ксты,

Што недасяжна блізкі Дух Святы.


* * *

Качае словы, быццам камяні,

А не таму, што падупаў гадамі.

Адзін ён чуе Голас вышыні

І думкі небакрылыя гайдае.

Ён бачыць нам нябачныя сляды.

Ён Голас слухае душою нашчай.

Уся зямля –

Суцэльныя клады,

А мы яе вялічым хатай нашай.

Ён нашыя адмольвае грахі

У Звышняга.

І воляй незямною

Зло хоча супыніць,

Ды люд глухі

І дзякуй не сказаў

Дагэтуль Ною.

Сагрэты сном сусветных завірух,

У ім з’аблічваецца Вышні Дух.


* * *

Калодзежы святла –

Як нашы вочы.

Калодзежы зняверанага тла

Глядзяць у глыбіню

І па-сірочы

Чакаюць абяцанага святла.

Яна халодная,

Зямля сырая, –

Надзейны схоў ад мітусні зямной.

У вечную ўсыпальню забірае

Труну душы,

Спавітую маной,

Спавітую наіўным спадзяваннем,

Што цень жывы

Свой цень перажыве.

Усе мы на зямлі самохаць вянем,

Зайздросцім вечна маладой траве.

Здаецца, нашы цені ўжо былі

У катакомбах – звілінах зямлі.


* * *

Крыж – вольны птах,

Застыглы на імгненне,

Каб пераняць разнaсцежанасць рук.

Цвікі напоўняць болем кожны рух.

Саломай пераломіцца праменне.

Паразумецца сподзеў і спакора

Паспеюць,

Быццам ядры спарыша.

І адляціць у немаведзь душа,

І захлыне мальбу людское гора.

І ў далеч павандруюць небасхілы,

І хмарамі прыкінуцца снягі,

І ад знячэўнай роспачы й тугі

У птаха ціха анямеюць крылы.

Каб забыццё не ведала мяжы,

Жагнаюць неба смутныя крыжы.


* * *

Сабе самому любіць сон прысніцца.

Не хочацца настрою быць старым.

Як воклічы,

Ўзляцелі камяніцы,

Нябёсы ў здзіве выдыхнулі:

– Рым!

Тут Вечнасць прыдрамала на хвіліну.

Ўсяму жывому трэба перадых.

Спакою цяжка вырвацца з нахлыну

Гадоў і парыванняў маладых.

Зялёным сном пазасыналі стоды.

І Тыбр прыручаны пазелянеў.

Наблізіцца да ранішняй лагоды

Не мае смеласці ўначэлы гнеў.

Ратунак нашых душ, як пілігрым,

Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.


* * *

Белакрылы анёл

І анёл чарнакрылы.

Белакрылая чайка

І чарнакрылы кажан.

Дні відушчым святлом

Маладзяць небасхілы.

Ночы змрокам сляпым

Смутак зводзяць у зман.

Ад святла аддзяліў

Усявышні цямрэчу,

Надзяліў мілатой

Нашых воч прамяні.

І спяшаецца час

З досвіткам на сустрэчу.

І хапае для зор

І для дум вышыні.

Белата з чарнатой

Узаемна жывыя.

Рэха збытлівых мрой

Б’ецца памяці ў скронь.

Завіруха рашучасці

Ўзрушана вые.

Чым чарнейшая ноч,

Тым зырчэйшы агонь.

Прагне ўсё, што расце,

Перш чым станецца тлом,

Як даўжэй быць аблашчаным

Ціхім святлом.


* * *

Памаўчаць са здарожаным смуткам разам

Ля ўсыпальні пакутніка Езафата,

Адчуваючы, што незавершаным сказам

Замаўкаць пачынае жыццёвае свята.

Так, жыццё – гэта свята

Здаровага цела

І душы несуцешнай дасконная праца.

Ты наважыўся жыць,

А жыццё праляцела,

Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца.

Радасць мёртвая,

Толькі пакуты жывыя.

Вечнасць вечная

Толькі сваім нябытам.

Праплываюць высока аблокі сівыя –

Сны, саснёныя глыбіннадумным блакітам.

Толькі вера трываліць душу на пакуты.

Голас вернасці верыць,

Што будзе пачуты…


ІІ

* * *

Высока ў небе слова – птушкам лёсу.

Глыбока ў моры слова – рыбам плёну.

Раздольна ў полі слова – ветру славы.

Прароча ў ночы слова – зоркам сноў.

Што не збылося, ўсё пераплялося.

А што збылося, шле хвалу палону,

Бо ў самаіснасці палон ласкавы.

Наноў пачнецца свет

Са слова зноў.


* * *

І неўміручы памірае,

Каб уваскрэснуць.

Жыццядар

Яму пялегваць давярае

Ў далонях

Зорнай жарсці жар.

І покуль жар незадзіманы

Сузорыцца,

Жывы жыве.

Гараць вякам Хрыстовы раны.

Студзіць іх

Сум здалёк плыве…


* * *

Крыж і якар

На сцяне ўсыпальні.

Прыляцелі душы на спачын.

Клопатаў зямных

Чаўны прысталі.

Толькі жалю жураўліны клін

У нябёсах змораных курлыча.

А ў настылай цішыні дарма

Немата забыты голас кліча,

Бо не чуе ўжо сябе сама.

А пад сонцам

З мудрымі вякамі

Ані нагаворацца вятры.

І крыжы пасталі ветракамі.

Развінаюць крылы якары.

І крыжы, і якары на волі

Па сваіх памкненнях сваякі.

І згінаюцца рукою долі

Ў дрэва росту ломкія сукі…


* * *

Канец такі ж небяспечны,

як і пачатак.

Ян Павел ІІ

Пачатак нецярплівы, трапяткі,

Яму хутчэй адбыцца нецярпіцца.

Крыніца, каб знямозе даць напіцца,

Спяшаецца прабіцца праз пяскі.

У дзюбах чорны сум нясуць крукі.

Жывіць сасну не томіцца жывіца.

Завязвае развага вузялкі.

Дым думае, як пад аблокі ўзвіцца.

Канец спакойны, хочацца яму

Перахітрыць няўмольную куму

І ля цяпельца кайнасці пагрэцца.

Час пасвіць незлічоных дзён гурму.

Няспыннасць, пэўна, ведае, чаму

Канцу з пачаткам новым не сустрэцца.


* * *

Як ішоў малады Хрыстос,

На зямлі ўсё жывое не спала.

Не спяшаўся здзейсніцца лёс,

Гамана цішэла падтала.

Як на Млечным Шляху,

Сляды

На знямелым пяску гарэлі.

Адступаліся халады –

І зямныя грахі старэлі.

Дзе ступаў –

Там святло расло.

Дзе стаяў –

Смялела лагода.

Усміхацца вучылася зло.

Быць шчаслівай хацела нагода.

На зямлю сышоў назаўжды,

Каб наблізіць вечныя далі.

І святыя Хрыстовы сляды

Душы верніцкія захавалі.


* * *

Адразу з Горада Вечнага ў горад спаконны,

Дзе цягнуцца ў неба сумныя гмахі соснаў,

Да цябе прыйшоў я з паклонам,

Мама.

Ва ўсіх урачыстых бажніцах

Маліў Усявышняга,

Каб душы тваёй паслаў супакой.

…Ты несла мяне да ксяндза,

Гнанага бязбожнай уладай.

Касцёлам трывожным было

Вушацкае наша неба.

І пасланы лёсам святар

Святлом Святога Крыжа

Багаславіў мяне на дарогу ў Рым.

… І вярнуўся я з пілігрымкі,

Каб падзякаваць, Мама, табе

І вушацкаму роднаму небу.

Словы, якія пачуў я

Ад Айца Свяцейшага ў Рыме,

Перакажу табе

Пры сустрэчы…


* * *

Можа, з Беларусі гусі шэрыя

Рым уратавалі.

І таму так

На змярканні потайна вячэрае

Лустай поўні

Пілігрымскі смутак.

І нашчадкі тых гусей далёкія

Ў вырай рупяцца

Над нашым краем.

Думкі звечарэлымі аблокамі

Ўслед плывуць.

Анёлы трызняць раем.

Тут спакоем сена сноў растрэсена.

Кнігаўка

Над кнігай лёсу плача.

– Рым! –

Рыпіць расчулена бярэзіна.

Шэпча стрыманы чарот:

– Ву – ша – ча…

Рым – Вушача

Ліпень – жнівень 2004 г.

Загрузка...