МАЛІТВА МАТЧЫНА
Гаючыя словы малітвы Матчынай,
Якія Ён шаптаў перад сном,
Ісус паўтараў на крыжы,
Як на няўлоўнай мяжы,
Між чорнай ноччу і белым днём,
Світаннем святое крыві пазначанай.
І ў кожным з нас нерастрачанай спадчынай
Жывуць, ратуючы нашыя дні,
Вяртаючы душы да вышыні,
Балючыя словы малітвы матчынай.
ЧАКАЕ…
За мной цікавалі і грэх, і брэх.
Сяброў і дарог мне было ўсё мала.
Сябе даганяў я,
Спазняўся, бег.
А мама мяне чакала.
Мой сум саладзее,
Гарчэе смех.
Сяброў забірае дарога глухая.
Сябе не дагнаў я,
Прыстаў мой спех.
А мама мяне чакае…
ДАЎНЯЕ
Луг вывернуў кажух
Сушыць пасля дажджу.
Апала неба хмаркай ускалмачанай.
Даўно яно было, а я дасюль гляджу
На свет
Праз прызбу
Хаты матчынай.
ПАКЛОН
Б’ю чалом вам
Да самае чорнай зямлі,
Спаконвечныя дрэвы,
Бо зялёнымі вуснамі моліцеся,
Слязамі жоўтымі плачаце,
Перазяблымі кстамі жагнаецеся
Над самотнай магілай
Мамы…
ВЕДЫ
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці —
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.
Ведала тэалогію —
На памяць малітвы шаптала:
Абнясі, Божа, тынам
Ад зямлі да неба,
Сахрані мяне, Божа,
Адныні давеку.
Ведала астраномію —
Па зорках дарогу шукала,
Калі пад страхой нябеснай
Перапёлкаю начавала.
Ведала аграномію —
Што сеяць,
Калі і дзе.
Ведала магію светлую —
Як словам дапамагчы бядзе.
Была і ўрачом дзіцячым,
І цвёрдым на руку ветэрынарам —
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына — адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць з нічога.
Калі ў печы ўсе дагарала,
Кацёл дакарала:
Чорт бы на цябе гаварыў,
Каб ты варыў
Заўсягды,
Як на Дзяды!
Была філолагам
З выключным слыхам —
Умела дзяліцца радасцю кволаю,
Цвяліцца з ліхам.
Умела ладзіць з ялінай калючай,
Са спёкай, з золлю.
Словы лушчыла,
Як у прыпол фасолю:
Новае сітца,
Пакуль навісіцца,
А як навісіцца,
Дык і пад лаўкай наляжыцца.
Ведала міфалогію
Паганскае даўніны,
Старых святых, а ўсе яны,
Як і суседзі,
Малацілі і веялі
Зярняты спагады, надзеі,
Заклапочаныя, ды не хмурыя
Міколы ды Юр'і,
Варвары ды Аўдакеі.
Хоць да Міколы
Ні зімы, ні лета ніколі.
Нішто, што Варвары
Начы ўварвалі.
Праўда, маме
Шмат чаго не ставала:
Спаць не магла да святла,
На шарэнніку ўставала.
П'янела ад лебяды, ад кропу.
Яшчэ заблытвала
Прагноз гараскопу:
Застаўшыся з вайны ўдавою,
І жаўранкам была,
І савою.
Калі і еменкай і семенкай —
Паранка,
Устанеш раней за жаўранка.
Не раскруціўшы турботаў сувоі,
І ўдзень паляціш бяссоннай савою.
Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца,
Яшчэ не ўмела
Маці хваліцца.
Так і не спасцігла
Цяжкой навукі —
Стаяць рукі ў бокі,
Сядзець склаўшы рукі.
Пакуль рукі ей не сашчапіла,
Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.
Гэта і ў сшытку неба
Занатавана зорамі,—
Каб чытаў я да скону ў сораме,
Што не ведаю нічога без мамы,
Што без мамы
Я — непісьменны самы!
МЫ ЎСЕ
Мы ўсе жывем пад зоркамі матуль.
І гэты свет
Сагрэлі нам матулі.
Сны нашы –
Дабравеснікі адтуль,
Дзе злыбяду матулі прыгарнулі,
Прыспалі,
Каб не кратала сыноў
Пасланніца эпохі лесуноў.
У неба зорнае зірні ўначы,
Дык гэта ж – ніва,
На якой матулі,
Рупліва жыта цёмнае жнучы,
Абначавалі,
Прысмерку не ўчулі.
Вязалі долі нашае снапы,
А кожны сноп на зерне не скупы.
Мы позіркам чыім
На свет глядзім?
Хто ясніць нашай роспачы аблокі?
Пад зоркамі матуль
Нам відна ўсім.
Свет без сузор’я роднага бязвокі.
Зямное мітусні пусты хатуль
Напоўнім чым
Пад зоркамі матуль?
ДА ЎСХОДУ СОНЦА
На хутары Верасовачка
У Чысты Чэцвер
Мама мяне будзіла
Памыцца бягучай вадой з крыніцы,
Што шчабятала ў валуна за спіной.
Памыцца, каб змыць
Пыл яшчэ негусты наіўных грахоў.
А за пагоркамі згорбленымі
У Ваўчэнскім возеры,
З якога ўцякала
З уначэлай вадою рэчка Крывуха,
Дзяцей сваіх купаў пан груган,
Каб іхная чарната блішчэла.
На Святое Вялічка да ўсходу сонца
Твар абмыць і прасырыць вочы
Стаяла з вадою міса,
А ў вадзе ляжала яечка чырвонае,
Каб, як сонейка, аблічча свяцілася.
Да ўсходу сонца памыцца,
Каб з сонцам разам
Клапаціцца ўвесь белы дзень
Не толькі з чыстай душою…
НА СЁМУХУ
На Сёмуху мама на свет прыйшла,
На ўгодную Богу Тройцу.
Свет даў у пасаг
Маме локаць святла,
І лёс падшукаў закройцу.
Закройца глянуў:
Дый на хвартух
Пасагу ўсяго не хапае.
З-пад шустрых нажніцаў
Ластавак-шчабятух
Хусцінка выйшла скупая.
Хусцінка, выкраеная са святла,
І грэла, й свяціла ў змроку.
Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла,
Каб выцерці вочы Прароку…
ШТО ЗАБЛУКАЛА…
Уранні мама кажа мне:
– Сынок падласенькі ў Лысоні
Знайшоўся…
Бачыцца спрасоння
Цень круталобы на сцяне.
Было, здаецца, гэта сёння –
Снег і малодзіва,
На дне
Мядзянай конаўкі ільдзінкі,
І смех каляднае сцяжынкі,
Што заблукала ў снежыне…...
БОЖАНЬКА
– Божанька! –
Мама на вуснах сваіх
Кунежыла ймя святое.
Божанька бачыўся мне
То шчодрым сяўцом
З лазовай сявенькай,
То хадаком сівенькім
У белай даўгой кашулі,
Падперазанай нетутэйшай пашанай
Паясом з кутасамі.
Ні гарачай жарствы,
Ні травы разучай
Не баяліся ногі босыя.
У руцэ хадака наўяў
Як не спяваў відушчы посах,
Вядома, з вушацкай ляшчыніны.
І перад посахам і хадаком
Свет увесь быў расчынены.
А змрок
Дрыжэў пад нябачным замком,
Як зарок…
* * *
– Відаць, я з лёдам разам пайду, –
Адчула мама адлегу.
І праганяла песняй бяду,
І сум, як малога, пялегавала.
Яшчэ далёка было да дня,
І лёду было багата.
І песня была
Пра зару й каня,
Пра свата была,
Пра свята.
Завея згубіла ў полі ймя,
Падкова здрадзіла полазу.
…Гарыць зара без полымя,
І плача конь без голасу…
МАРКОТА
Абнывае нябесная столь,
Зношваецца падлога зямная.
Ды ні ў спякоту,
Ні ў золь
Ніколі не затухае боль,
Які
Маркоту маміну ўспамінае.
Доля гарнулася да святла,
Не задзімаючы зорку-ўсхліпку.
Мама
Боль на душу ўзяла,
Сподзеў тужэй у тугу спавіла,
Маркотай завесіла зыбку.
Мяне калыхала ды ўпотай
Усміхалася
Разам з маркотай.
ТЫМ ДАЎЖЭЙ…
Дні без Мамы –
Яны не твае,
Іх табе напавер дае
Шчодры Бог,
Каб ты перад Мамай
Малітваю шчыраю самай
Пакаяцца мог
За ўсе грахі ды правіны,
Што цягнуць душу на дно.
Ды адно
Ты зразумець павінны –
Чым болей тваіх
Грахоў і правінаў,
Тым даўжэй цябе на зямлі
Бог пакінуў.
Не заікайся і кайся.
Не кажы, што няма калі.
Колькі трывання,
Прасі даравання.
Малі…
СВЯТАМ СВЯНЦОНАЕ
Схілілася нада мной святое,
Святам свянцонае
Маміна слова.
Недзе над Вечаллем,
Над Палатою
Сонца ўзыходзіла светлагалова.
Потым
Душу агарнула журбою
Ды варажбою
Купалава слова,
І наказала застацца сабою,
Каб беларусам –
Абавязкова!
Каб не пакінула
Наская сіла,
Іскры красала
Старанна падкова.
Маміна слова
Мяне пераксціла,
Багаславіла
Купалава слова.
МАЦІ І ХЛЕБ
Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.
СУПЕРНІЦА
Гасподняй рукой
З невычэрпнай сяўні
Пасеянае ў бясконцасць зярняце
Прарастае,
Каб ясніць святло дабрыні,
Суперніца смерці —
Маці.
СВЯТЛО
Яны сядзелі каля агню,
Кармілі галодны агонь ламаччам.
I сын раптоўна схапіў галаўню
I торкнуў, гарачую,
Ў вочы матчыны.
Агонь ні на што не зважаў,
Балюючы,
Ды стала светла аслеплай начы
Ад крыку матчынага балючага:
— Сыночак, рукі не абпячы!..
* * *
Маме я не ўсё гаварыў,
Часта клікаў ману на падмогу.
I застаўся адзін,
Як абрыў,
Што здзічэў ад глухога глогу.
Лёс
Апошні адчай падарыў —
Гаварыць шчыра толькі
Богу.
ПЛЕЧНЫ ШЛЯХ
Ёсць Млечны Шлях
І – Плечны Шлях:
У космасе бяды
Матулі
Зярняты неслі ў хатулях
І немаўлят.
І шлях той гнулі
Адчай сляпы, відушчы страх,
І ўсемагутная хвароба.
Шлях Млечны –
Вечны зорны прах.
Шлях Плечны
Няньчыць хлебароба.
ЦЯЖКА
Іспас.
З яблыкамі да мамы.
Яблыкі з саду, які
Перажыў сваю гаспадыню.
Раней за мяне паспела сарока,
Згубіла з хваста пер'іну
На зялёны пакровец вечнай пасцелі.
Ад спёкі погарб бароняць
Прысмірэлыя дрэвы
З апошняе сілы зялёнай.
У сасну суседнюю дзяцел б'е,
Як у чэрап скалелы а неўхаўтураны.
Унізе на пойме падперазанай рэчкай
Перасохлай, як вочы сплаканыя,
Бляе навязаная авечка звяглівая.
Сонца заходзіць збіраецца,
Каб заўтра зноў узыйсці.
Мама зайшла, каб аднойчы ўзыйсці
На аброўе ніцай вярбою.
Магільнік перанасяляецца.
Памінальшчыкі галёкаюць смела,
Нібыта заблуканыя ў лесе
Ягаднікі ці грыбнікі.
У гэтым ляску заблудзіцца цяжка.
Свая прагаліна чакае кожнага.
Ціха. Цярпліва. Спрадвечна.
ПАКІДАЕ...
Паклалі ў шчыры пясок шчыруху.
I галасістая баравіна
На гэты момант як анямела.
Сарока скінуць хацела пуху,
Бо дужа мулкая дамавіна.
Хмурынка цьмела,
Ды слёз не мела.
Радня па бацьку на гэтым свеце
Апошняя
Мяне пакідае.
Даўно няма ўжо радні па маме.
Бяроза светла плача па леце.
Расце імжа,
Як іржа, рудая.
Жуда, як роднага, мяне абдымае...
ПАМІНАЮ МАМУ...
Свечка —
Цень светлацелы дрэва жыцця,
Дрэва з адсечанымі сукамі,
Якія вятры з апрамецця
Паўсюль шукалі,
Каб дыхнуць на полымя забыцця,
А полымя,
Дапальваючы свой язык,
Пра тых, што згарэлі,
Недагарэлым нагадвае.
Дух продкаў,
Працінаючы недакрычаны крык,
Шэпча штосьці
З нязбытнай спагадаю.
I слухае скруха.
I надзея людзее...
НАПЯРЭДАДНІ...
З усяе маёй негустой радні
Словы маміны
I засталіся жывымі.
I таму, такі напярэдадні
Развітання
Я гутару з імі.
I я ны адны разумеюць мяне,
I яны таксама адны засталіся.
Іх адных, незабытых,
Нябыт абміне.
Можа, ўспомняць яны
I мяне таксама...
ХОЦЬ НЕШТА...
Маміны вочы слухалі неба.
Маміны рукі чыталі луг.
Маміны ногі гадавалі дарогу,
Каб па ёй, ідучы няспешна,
Мог прачуць я і скеміць
Хоць нешта...
МОЎЧКІ
Берагамі тугі
Валакуцца вятры талакой,
Цягнуць невад смугі,
I трапечацца ў ім заранка.
На хутар,
Дзе пасвіцца
Знелюдзелы спакой,
Стала моўчкі прасіцца
Душа хутаранка.
Там бакі папралежвалі
Маўчуны валуны.
Без сваяцкай душы
Ім самотна таксама.
Там вартуе дагэтуль
Бясхмарныя сны
I чакае бяссонная зорка —
Мама...
* * *
Памяць любіць журбу пялегваць.
I сцяжыны сыноўняга лёсу
Ціха ў тлумным свеце пралеглі,
Як маміны чорныя косы.
I на смутных сцяжынах гэтых
Не заблудзіць кайнасці ветах.
Да вясёлага маладзіка
Сцісне шыю рацэ асака...
НЕБА НАД МАМІНАЙ ХАТАЙ
Дагарэла нейчая душа —
Знічка рассыпаецца імкліва...
Не ўтрымаўшы зорнага каўша,
Зорнае млынар рассыпаў мліва...
Павуціння зорнага імжа...
Зорнага іржышча рабацінне...
Куфра змроку зорная іржа...
Зорнай лесапільні пілавінне...