Клопаты аб спадчыне


Паездка па эўрапейскіх краінах вельмі шмат дала Я. Тышкевічу. Ён яшчэ больш захапіўся ідэяй адкрыцця агульнадаступнага музея ў Беларусі — своеасаблівага цэнтра археалагічнай і гістарычнай навукі. Перш за ўсё ён вырашае: у якім горадзе быць такому музею — Вільні ці Менску? Правінцыйны Лагойск ды і іншыя гарады Беларусі тут не канкурэнты.

Пакуль што браты Тышкевічы рупяцца перад саноўным начальствам Пецярбурга за музей у Менску ці Вільні і чакаюць ад яго вырашальнага слова. А каб зрабіць уражанне на Пецярбург і паказаць, што музей ствараецца не на пустым месцы, Яўстах спяшаецца арганізаваць краязнаўчую выстаўку, якую меркаваў адчыніць у доме віленскага сваяка Рафала Тышкевіча. Сюды прасцей запрасіць мясцовую інтэлігенцыю, ды і мецэнатаў тут лягчэй схіліць да дабрачыннай дзейнасці.

Першы крок удаўся. Я. Тышкевіч арандуе «палацык» і ў 1845 годзе перавозіць сюды частку сваёй калекцыі, якая стала пачаткам прыватнага музея. Дакладней, гэта яшчэ і не музей, а невялікая выстаўка, якая стала ў руках энтузіяста сродкам папулярызацыі высакароднай справы. Сапраўды, да гэтага «агменю» культуры і асветы пацягнуліся знаёмыя, сябры, абменьваліся думкамі пра стварэнне навуковага таварыства, выказваліся за адраджэнне ў Вільні ўніверсітэта, зачыненага ў сувязі з вядомымі падзеямі 1830–1831 гадоў. Сябры-аднадумцы не толькі на словах падтрымлівалі калегу, але і ўносілі свой уклад у папаўненне яго антыкварнай калекцыі. Траплялі сюды і экспанаты са скасаваных кляштараў{11}. З усіх гэтых паступленняў паступова фармаваўся музейны фонд. Сам жа Я. Тышкевіч не чакаў гатовых ахвяраванняў і з надыходам вясны выязджаў на археалагічныя раскопкі ў розныя месцы, пераважна Цэнтральнай Беларусі, каб будучы музей стаў сапраўдным асяродкам навукі і культуры.

Трэба прызнаць, што ў Вільні яшчэ музея не было. І тышкевічаўская выстаўка не магла яго замяніць. Ды і адкуль у вучонага магла быць упэўненасць, што ўрадавыя колы дазволяць адкрыць музей якраз у гэтым горадзе. Улічваючы такую няпэўнасць і нават раздвоенасць, знаходкі са сваіх экспедыцый археолаг адпраўляў у дом бацькі — у Лагойск.

Вядома, што ў 1848 годзе маладога графа выбралі куратарам Менскай гімназіі, той самай гімназіі, дзе некалі вучыўся і ён сам, дзе вучыліся браты Бенядзікт і Ўладыслаў Дыбоўскія, вядомыя вучоныя, а таксама кампазітар Станіслаў Манюшка, астраном Міхаіл Грушневіч, антраполаг Феафіл Худзінскі, гісторык Тадэвуш Корзун і іншыя[3].

Ды і цяпер у Менску жылі і працавалі цікавыя інтэлігентныя людзі — Ваньковічы, Кабылінскія, Кастравіцкія, аматары-калекцыянеры Люцыян Неслухоўскі і Міхаіл Гаўсман, а таксама тэатрал В. Дунін-Марцінкевіч. Словам, тут квітнела і набірала сілу новае і перспектыўнае на далейшы рост культурнае асяроддзе.

У 1845 годзе, калі Я. Тышкевіч дэманстраваў свае калекцыі ў «палацыку» сваяка Р. Тышкевіча, менскі губернатар А. В. Сямёнаў уключыў дасведчанага лагайчаніна ў склад часовай археаграфічнай камісіі па зборы і публікацыі даўніх актаў і прывілеяў, якія захоўваліся ў розных архівах і кляштарах Цэнтральнай Беларусі і мелі пэўнае навукова-гістарычнае значэнне. У гэтую рабочую групу ўвайшлі людзі, якія не мелі ніякага вопыту ў археаграфіі, далёкія ад навукі, а таму самым спрактыкаваным чалавекам сярод іх аказаўся Я. Тышкевіч.

На першым жа пасяджэнні камісіі, у якой бралі ўдзел Геласій — рэктар Менскай духоўнай семінарыі, Жукоўскі — былы рэктар Архангельскай гімназіі, а таксама чыноўнікі Маладзееў, Гласко, Масальскі, Я. Тышкевіч правёў сярод іх своеасаблівы археаграфічны «лікбез». Пры такой сітуацыі Я. Тышкевіч стаў «як бы галоўным рэдактарам выдання»{12}.

Аднак было б несправядліва выключаць з гэтага «гурту» імя менскага губернатара А. В. Сямёнава, які разумеў каштоўнасць выдання, сам любіў корпацца ў архіве, дзе не раз трапляліся яму цікавыя знаходкі. Пры яго садзейнічанні ажыццяўляўся аналагічны выпуск грамат і актаў у Вільні, калі ён там займаў пасаду губернатара.

Што гэта быў за чалавек, які ішоў на супрацоўніцтва з маладым вучоным Тышкевічам?

Аляксей Васільевіч Сямёнаў вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Калі пачалася вайна 1812 года, стаў апалчэнцам. Так ён звязаў свой лёс з ваеннай службай, але не цураўся і грамадскіх праблем. У маладыя гады востра рэагаваў на сацыяльныя праблемы Расеі і нават хінуўся да дзекабрыстаў. Ішоў час, і Сямёнаў апынуўся ў Беларусі. Відавочна, яго перавялі сюды ў сувязі з царскай акцыяй, скіраванай на расправу з паўстанцамі 1830–1831 гадоў. Тут ён паступова набіраў «апінію» ў вярхоўных улад — у кастрычніку 1840 года стаў цывільным віленскім губернатарам. Горад зрабіў на яго вялікае ўражанне сваёй старажытнай культурай. Губернатару захацелася спазнаць таямніцы гісторыі краю. Ён чытаў рэдкія кнігі, архіўныя манускрыпты і прыйшоў да высновы пра неабходнасць выдання зборнікаў дакументаў. Пад яго эгідай выйшаў у свет двухтомны «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Вільні, Коўна, Трок» (1843). Далучыліся да гэтай справы ўраджэнец Радашковіч выдавец Антон Марціноўскі і памочнік трыбунальнага архіварыуса В. Нарбут. Гэта А. В. Сямёнаў знайшоў у бібліятэцы Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі верш Яна Пашкевіча «Полска квитнет лациною» (1621 год){13}, які зараз шырока вядомы нашаму літаратуразнаўству. Шмат добрых спраў А. В. Сямёнаў зрабіў і ў Менску пад час свайго новага губернатарства (1844–1850). Ён арганізаваў выданне «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў Менскай губерні» (1848), паспрыяў адкрыццю ў Менску публічнай бібліятэкі, рэформе гарадскога тэатра. Зразумела, што ўсяго гэтага не мог не заўважыць Я. Тышкевіч. Ён вучыўся ў свайго мэтра арганізацыі справы, што яму асабліва прыдалося пры стварэнні Віленскага музея старажытнасцей.

Цікава, што мірскі археаграфічны зборнік па назве і па фармаце быў аналагічным віленскаму. Вось толькі тышкевічаўскі фаліянт саступаў папярэдняму каштоўнасцю саміх дакументаў, змешчаных у ім. Гэта і не дзіва, бо Менск да самай рэвалюцыі ніколі не выконваў вядучай ролі ў культурным жыцці Беларусі, а значыць, тут захоўваліся дакументы тэрытарыяльна не далей Менскай губерні. Нікім не засведчана, каб тут хто-небудзь мэтанакіравана вёў збор рукапісаў. У гэтай справе прыарытэт належаў Вільні.

Шырокая натура Яўстаха Тышкевіча імкнулася да многага: ён вёў археалагічныя раскопкі, запісваў фальклор, збіраў экспанаты для будучага музея, у тым ліку гістарычныя дакументы, старажытныя рукапісы, даследаваў этнаграфію, спрыяў ажыўленню культуры і асветы краю. Спагадлівы да чужога гора, Я. Тышкевіч заступаецца за выпускніка Харкаўскага ўніверсітэта Эмілія Паўлікоўскага, потым за невядомага нам Фелікса Магнушэўскага{14}, магчыма, пляменніка знакамітага аднафамільца — ксяндза, настаўніка Паўлюка Багрыма. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Я. Тышкевіч сфармаваўся ў даволі вядомага дзеяча навукі і культуры. Асаблівае значэнне ён надаваў праблеме адкрыцця музея. Шмат дапамагаў яму яго старэйшы брат Канстанцін.

Як часта тады бывала ў беларускіх сем'ях, называючы сябе «ліцьвінамі», браты Тышкевічы разумелі пад гэтым сваю прыналежнасць да цэнтральнай і заходняй часткі Беларусі, якая фігуравала ў іх як «Літва» або «Руская Літва», і толькі Магілеўшчыну і ўсходнюю Віцебшчыну ды большую частку Смаленшчыны яны называлі Беларуссю, а жыхароў — беларусамі. Зразумела, яны, як і іх сучаснік У. Сыракомля, таксама «ліцьвін», не ведалі той мовы, якую мы ў канцы XX стагоддзя чуем у сучаснай Летуве. Ніколі нашы папярэднікі не чулі і назву Вільнюс, бо гэта для іх гучала б вельмі ненатуральна. Для той пары натуральнымі былі Вільня або Вільна. Братам Тышкевічам гэты горад бачыўся цэнтрам блізкага і роднага ім старажытнага крывіцкага племя, фактычна Беларусі. Напэўна, так гэта разумелі і ў Пецярбургу. Бо пасля звароту ў 1852 годзе братоў Тышкевічаў у паўночную сталіцу, як і меркавалася, імператарская адміністрацыя вызначыла нарэшце месца адкрыцця музея старажытнасцей — Вільню.

Між тым, не чакаючы афіцыйнага дазволу, Я. Тышкевіч раз-пораз едзе ў гэты горад, у свой арандаваны двухпавярховы «палацык». Сюды ён прывозіць некаторыя свае калекцыі з Лагойска, асабліва дарагую падборку прадметаў антыкварыяту і іншыя каштоўнасці з розных месцаў Беларусі, імкнучыся тым самым звярнуць увагу віленчукоў на падрыхтоўчы працэс па стварэнні музея. Знаходзячыся сярод дарагіх яму рэліквій, вучоны-энтузіяст часам забываў папалуднаваць ці павячэраць.

Яго сучасніца пісьменніца і мастачка Габрыэля Пузына (1815–1869) пісала, што Я. Тышкевіч «вёз з сабой усе памяткі даўніны як сваіх дарагіх крэўных, як Энэй сваіх багоў»{15}. Паводле яе слоў, археолаг ехаў у Вільню без упэўненасці, што ўлады калі-небудзь дадуць месца для яго скарбаў пад дахам універсітэцкага будынка, на які ён разлічваў. Завіхаўся чалавек, сам раскладваў свае археалагічныя знаходкі, па некалькі разоў іх перастаўляючы з месца на месца, каб кожны экспанат заняў адпаведную «ячэйку» паводле знакамітай «тэорыі трох эпох». Асцярожна браў у рукі посуд, старажытныя бярдышы, разглядаў медалі, пячаткі, сыгнеты, чытаў дакументы на пергаментах… Усё апісваў, рэгістраваў, нумараваў… Па словах той жа Г. Пузыны, у чорным фраку на фоне сваіх рэліквій ён нагадваў «індыйскага бажка», якога Гётэ «выбраў бы для свайго Фаўста».

У лісце да названай Г. Пузыны Я. Тышкевіч дзяліўся сваімі светлымі намерамі, каб гэтыя зборы пашыраліся і перараслі ў музей, вось бы толькі ніхто не перашкодзіў і дапамаглі б сябры-віленчукі, а што будзе залежаць ад яго, то ён гатоў на ўсё, каб толькі для ўсіх была агульная карысць.


Загрузка...