Віленскі музей старажытнасцей


Пасля таго як дазвол на адкрыццё Віленскага музея старажытнасцей быў атрыманы, Я. Тышкевіч праводзіць сход актывістаў і прыхільнікаў краязнаўча-музейнай справы. На ім выбіраюцца кіраўнічыя органы, правадзейныя і ганаровыя сябры Віленскай археалагічнай камісіі, якія павінны былі ўзяць на сябе вялікі аб'ём работы ў падрыхтоўцы музея да адкрыцця. Пад музей была аддадзена старадаўняя ўніверсітэцкая зала Аўла, сама архітэктура якой адпавядала яе новаму прызначэнню. Дадатковым памяшканнем для захавання фондаў музея заставаўся і ранейшы дом, арандаваны ў Рафала Тышкевіча.

Браты Тышкевічы ўзяліся за справу: перавозілі з Лагойска свае археалагічныя калекцыі, кніжныя фаліянты, нумізматычныя зборы і інш. Спісваліся з сябрамі, агітавалі іх ахвяроўваць свае зборы музею. Абодва яны рабілі прыкідку будучай экспазіцыі, складалі яе план. Заўважыўшы, што фрэскі мастака Ф. Смуглевіча ў зале не будуць пасаваць па тэматыцы, запрасілі новых мастакоў, якія здымалі ранейшыя роспісы і рабілі новыя. У адпаведнасці з запланаванай экспазіцыяй на месцы майстраваліся подыумы і іншая мэбліроўка. Для яе выканання запрасілі выдатных сталяроў з-пад Менска. Перад уваходам у музей умацоўваліся гербы чатырох губерняў: Віленскай, Менскай, Гарадзенскай і Ковенскай — Вільня з'яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства ўсёй гэтай тэрыторыі.

Археалагічная камісія, якая працавала пры музеі, спрыяла падрыхтоўцы адкрыцця першай экспазіцыі. Амаль кожны з вучоных і актывістаў-краязнаўцаў лічыў за гонар дапамагчы сваім калегам у адказны момант нараджэння музея. Усіх іх гуртавала і аб'ядноўвала творчая і самаахвярная натура Я. Тышкевіча. Менавіта ён быў абраны старшынёй Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі. Віцэ-старшынёй адзінагалосна зацвярджаюцца М. Балінскі, а вучоным сакратаром — М. Круповіч[4].

У склад супрацоўнікаў будучага музея старажытнасцей запрашаліся кампетэнтныя людзі з веданнем мясцовай гісторыі, археалогіі, фальклору, архітэктуры, этнаграфіі, археаграфіі, літаратуры, мастацтва. На пасяджэннях камісіі Я. Тышкевіч вёў сябе даволі дэмакратычна, даючы слова ўсім, хто пажадае выступіць, цярпліва выслухоўваў усе крытычныя заўвагі. Ва ўсіх справах музея і камісіі ў яго першым дарадчыкам быў старэйшы брат Канстанцін. Апошні дапамагаў яму і грашыма, калі выдаткі на ўтрыманне музея ўзрасталі, асабліва на правядзенне экспедыцый.

Часта браты Тышкевічы бывалі ў Лагойску, дзе яшчэ жыў састарэлы бацька. Па дарозе дамоў праз Меднікі, Ашмяны, Маладэчна, Краснае яны не раз заязджалі ў Дзякшняны, што каля Радашковічаў, дзе іх ветліва сустракала стрыечная сястра Ядзвіга{16}, якая была замужам за Валадковічам. Тут стомленыя дарогай браты Тышкевічы заўсёды маглі адпачыць, а калі трэба, то і падладзіць брычку ці вазок. Сястра вельмі спрыяла ім у іхніх пошуках і разам са сваім мужам адорвала гасцей якой-небудзь музейнай знаходкай.

Віленскі музей старажытнасцей амаль штодня папаўняўся новымі матэрыяламі. Яны ішлі з розных куткоў Беларусі. Бярэм у рукі «Уліковы каталог прадметаў…» і пераконваемся ў тым энтузіязме, з якім ахвяравальнікі даравалі сямейныя рэліквіі. Геаграфія прысланых прадметаў вельмі шырокая: Менск, Магілеў, Віцебск, Ворша, Наваградак, Крэва, Ліда, Горадня, Пінск, Паставы, Браслаў…

Паводле інвентара Віленскага музея, тут значацца камень з выбітым крыжам з Менскай губерні, царкоўны паднос з адлюстраваннем крыжа. Адносіцца ён да 1638 года, знойдзены каля Радашковічаў. Сярод рэліквій ёсць і звон, які адшуканы ў вёсцы Навадніца Гарадзенскай губерні, з надпісам: «В лето 6000-е 9 сот 28-е создан бысть сей святой Троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек», і нават надмагільны камень: «Во истину преставился Остафей Васильевич Тишкевич. 1558» з паметкай, што знойдзены гэты помнік ля старажытнай царквы ў Лагойску{17}. Сярод экспанатаў, што паступілі на адрас музея, былі слязніца ад Янкоўскага з Ігуменскага павета, пацеркі, бранзалеты, завушніцы з курганоў Лепельшчыны ад М. Кусцінскага, зноў пацеркі, толькі ўжо з Бельскага павета, ад нейкага Янушкевіча. Дзве пацеркі з сіняга шкла перадаў паэт У. Сыракомля, ён знайшоў іх на месцы раскопак старажытнага горада Кернова{18}. Вельмі цікавыя калекцыі пячатак займала ў музеі асобнае месца. Сярод гэтых рэліквій значацца пячаткі Куцеінскага манастыра, Супрасльскай лаўры, Забельскай дамініканскай гімназіі, Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Віцебскай гімназіі, вялікая колькасць знакаў нумізматыкі.

Сярод геаграфічных назваў у кнізе ўліку новых паступленняў значацца і маленькія Кушляны Ашмянскага павета. У ваколіцах гэтай мясцовасці шукаў для музея рэліквіі віленскі гімназіст Францішак Багушэвіч. Шаснаццацігадоваму юнаку трапіліся старажытныя акамянеласці, славянскі гадальнік, даўні крыжык і інш. Усё гэта ён прынёс ва ўніверсітэцкі будынак Аўла. Іх прыняў Маўрыкій Круповіч і Адам Кіркор. Не выключагіа, што там Францішак сустрэў і Я. Тышкевіча. Відаць, менавіта ад прызнанага паэта Ўладзіслава Сыракомлі будучы беларускі адраджэнец Ф. Багушэвіч атрымаў падзяку і запрашэнне на адкрыццё музея.

Была сярод музейных рэдкасцяў статуэтка з бронзы. Даставіў яе ў музей А.Кіркор і падпісаў пад экспанатам «Мільда» — багіня кахання. Другую статуэтку прывёз Я. Тышкевіч. Яе навуковую ацэнку зрабіў і Т. Нарбут. Яны абое прыйшлі да агульнай думкі, што гэта вандэлотка, г. зн. жрыца. Знаходкі ў музей паступалі самыя розныя: ад індыйскай статуэткі і кітайскага бажка да крэўскай пячаткі і польскага сыгнета. Сам Я. Тышкевіч ахвяраваў уласную бібліятэку з трох тысяч кніг, а таксама археалагічную калекцыю з дзвюх тысяч адзінак захавання. Вялікую колькасць экспанатаў са свайго лагойскага музея перадаў і брат Канстанцін. Пра першыя крокі музея пісала прэса, і гэта «падагравала» ў людзей цікавасць да новай навукова-культурнай установы. Ужо ў першыя два гады ў каталогу зарэгістравана было дзесяць тысяч музейных прадметаў. Гэта поспех! Нават наш сучаснік-калекцыянер, які ведае цану кожнаму здабытаму экспанату, не можа недаацэньваць стараннай працы далёкага папярэдніка. Перад Яўстахам Тышкевічам паўстала праблема, дзе ўсё гэта падзець. І хоць усе пакойчыкі былі запоўненыя, ніводнага прадмета не адаслалі назад. Уладальнік кожнага з іх атрымліваў падзяку і запрашэнне наведаць музей пасля яго адкрыцця. Праўда, разам з матэрыяламі беларускага паходжання трапляліся і «імпартныя», што, зразумела, нейкім чынам «размывала» самабытнасць, патрабавала ад супрацоўнікаў пільнай увагі, каб не зблытаць мясцовае з завезеным.

Штолета выпраўляліся экспедыцыі, каб папоўніць музей гістарычна важнымі матэрыяламі. Сярод сябраў Віленскай археалагічнай камісіі амаль нікога не было летувіскай нацыянальнасці, таму і даследаванні вяліся ў асноўным на тэрыторыі Беларусі. Нават у Ковенскай губерні абследавалася яе паўночна-ўсходняя частка, дзе жыло пераважна беларускае насельніцтва. З такіх рэгіёнаў, як Жамойція і Дзукія, матэрыялаў паступала вельмі і вельмі мала. Ішлі знаходкі з Віленскага павета, дзе летувісаў пражывала тады толькі каля двух адсоткаў, з Троцкага павета, дзе іх было некалькі больш. Прыкладна такой была тады і «расстаноўка» навуковых сіл у Вільні. Сам Я. Тышкевіч ды ўсе яго калегі лічылі гэта натуральным і пытанне аб «дыскрымінацыі» не ўзнікала.

У канцы года на пасяджэнні Віленскай археалагічнай камісіі кожная экспедыцыя рабіла сваю справаздачу, аформіўшы яе ў выглядзе рэфератыўнага даклада. Рэчавы матэрыял паступаў у музей, а самі рэфераты змяшчаліся ў «Записках Виленской Археологической комиссии», якія выходзілі штогод. У абмеркаванні вынікаў праведзеных экспедыцый удзельнічалі многія сябры камісіі, але найбольш чынны ўдзел браў Я. Тышкевіч. Ён жа даваў устаноўкі і на наступны год. Тут вучоны зыходзіў з уласнага вопыту, а таксама з дзейнасці падобных арганізацый іншых краін.

Самым урачыстым для музея і Археалагічнай камісіі стаў дзень 1856 года, калі сабраўся народ на адкрыццё першай экспазіцыі. Прыехалі сюды і тыя, хто слаў свае экспанаты, ганаровыя госці з Вільні і іншых гарадоў Беларусі. Усім уручаўся спецыяльна напісаны верш-лісток У. Сыракомлі на памяць пра адкрыццё музея. Людзей сабралася нямала. Да ўсіх прысутных звярнуўся арганізатар і стваральнік Віленскага музея старажытнасцей, яго кіраўнік Яўстах Тышкевіч, які адзначыў важнасць гэтай падзеі для адраджэння гісторыі і культуры края. У гэты дзень ён быў у самым найлепшым настроі — ажыццявілася яго даўняя мара. Ён прымаў віншаванні гасцей, новыя ахвяраванні для музея і не ведаў, што радасць гэтая будзе нядоўгай.

Пасля свята — зноў упартая праца. Ішла яна без асаблівых бедаў, але цяжкасцяў хапала. Па-ранейшаму ўсе арганізацыйныя клопаты браў на сябе Я. Тышкевіч, які хадзіў да розных сталаначальнікаў Вільні, да выдаўцоў, у цэнзурны камітэт. Яго аўтарытэт вучонага дапамагаў музею, і ўсе астатнія супрацоўнікі маглі поўнасцю аддацца навуковай справе. Рэгулярна праходзілі паседжанні Археалагічнай камісіі, на якіх чыталі рэфераты, ацэньвалі новыя паступленні ў музей, планаваліся чарговыя экспедыцыі. А.Кіркор рыхтаваў каталогі музея. Збіраліся матэрыялы для наступных выданняў «Запнсок Внленской Археологнческой комнсснн».

Навуковая дзейнасць музея набыла дастаткова шырокі розгалас. Пра яе чулі ў Маскве, Кіеве, Кракаве, Адэсе… У 1862 годзе ў Вільню прыязджаў ужо тады прызнаны гісторык М.І.Кастамараў (1817–1885). Ён сустракаўся з Я. Тышкевічам, А.Кіркорам, У. Сыракомлем, А. Адынцом, М. Маліноўскім. З гутарак з імі госць вынес цяжкае ўражанне ад іх нялёгкага жыцця: «Гэта кола літаратараў было ў няласцы ў тагачасных польскіх патрыётаў, якія глядзелі на іх, як на здраднікаў агульнай справе»{19}. Пра Я. Тышкевіча зазначыў: «Гэта быў старамодны чалавек з лысай галавою і меў на выгляд гадоў 60…»

Навуковая грамадскасць прызнала заслугі Я. Тышкевіча, абраўшы яго ў 1859 годзе ганаровым сябрам Пецярбургскай Акадэміі навук. Вучоны дзякаваў за аказаны яму высокі гонар Д. М. Блудава: «Міласцівы гасудар, граф і Дзмітрый Мікалаевіч. Маю шчасце ад 5 студзеня за № 5 атрымаць дыплом на званне Ганаровага сябра імператарскай Акадэміі навук, спяшаюся прынесці вашаму сіяцельству і ўсяму вучонаму саслоўю Акадэміі шчырую падзяку за надзвычай высокі зроблены гонар і прыемную ўвагу да пасільнай маёй працы і імкненняў на карысць грамадскую. Маю гонар пакорнейша прасіць ваша сіяцельства прыняць завярэнне ў маёй высокай павазе і паўнейшай адданасці. Гр. Я. Тышкевіч»{20}.

…Настаў 1863 год. Выбухнула паўстанне, якое пачалося ў Польшчы, але, як і ў 1830 годзе, польская шляхта нядоўга супраціўлялася расейскай арміі і ўвесь цяжар руху перамясціўся на ўсход, у Беларусь, дзе актыўнасць атрадаў інсургентаў адзначалася яшчэ і ў 1864 годзе. У гэтым была выключная заслуга Кастуся Каліноўскага. Думы правадыра беларускага паўстання былі блізкія і многім супрацоўнікам музея, сябрам Археалагічнай камісіі.

Віленская казённая адміністрацыя разглядала музей старажытнасцей як адзін з цэнтраў «польскай інтрыгі» і па загаду генерал-губернатара М. М. Мураўёва ў 1864 годзе ён фактычна быў зачынены. Спыніла сваю дзейнасць і Віленская археалагічная камісія. Замест яе працавала іншая — «Комиссия для разбора и приведения в известность и надлежащий порядок предметов, находящихся в Виленском музеуме древностей». У інспіраваную М. М. Мураўёвым камісію былі ўключаны І.П. Карнілаў — папячыцель навучальнай акругі, М. В. Глебаў-Стрэшнеў — сваяк М. М. Мураўёва, П. А. Бяссонаў — дырэктар навучальні, фалькларыст і этнограф, М. Ф. Гарбачэўскі — архіварыус, а таксама А. Р. Пшчолка — настаяцель сабора. На пасяджэннях камісіі не раз прысутнічаў цывільны губернатар С. Ф. Панюцін. Усе яны былі прыхільнікамі пецярбургскай арыентацыі. Дзеля прыліку ў склад гэтай «світы» ўключылі і самога Яўстаха Тышкевіча, аднак з яго думкамі ніхто не збіраўся лічыцца. Кіраваў камісіяй А. Д. Сталыпін, бацька вядомага Пятра Сталыпіна, міністра ўнутраных спраў, старшыні савета міністраў. Цікавасць да работы камісіі праяўлялі і нават прысутнічалі пры разборах матэрыялаў музея грамадзянскі губернатар С. Ф. Панюцін, адзін з самых першых гісторыкаў паўстання 1863–1864 гадоў В. Ф. Ратч, палкоўнік П. В. Баброўскі.

Да ўсяго меў дачыненне ў краі сатрап Мураўёў, даваў ён указанні і па рэарганізацыі музея, каб тут надалей былі «живые свидетельства искони присущей здешнему краю русской жизни». Для пяцідзесяцігадовага Я. Тышкевіча гэта азначала крах яго надзей. На яго вачах экспанаты музея «рэвізавалі» і як «шкодныя» адпраўлялі ў Маскву. Але і гэта яшчэ не ўсё. Бадай, найбольшую крытыку вытрымаў вядомы вучоны з боку польскіх экстрэмістаў, якія абвінавачвалі яго як кіраўніка музея і Археалагічнай камісіі ў самых розных грахах. Словам, ён атрымліваў удары як справа, так і злева.

Я. Тышкевіч вельмі перажываў за ўнікальныя музейныя калекцыі, з якімі ўлады паступалі бесцырымонна. Супрацьстаяць гэтай афіцыёзнай кампаніі місіянераў было проста бессэнсоўна, і ён прымае рашэнне зняць з сябе паўнамоцтвы куратара-кіраўніка музея. З вялікім болем у душы археолаг у 1865 годзе пакідае Вільню і пасяляецца ў невялікім мястэчку Біржы, якое належала яго сваяку Язэпу Тышкевічу, таксама археолагу. Сум па музейнай справе, заняпад грамадскага жыцця пасля задушэння паўстання, закрыццё некаторых перыядычных выданняў, паўсюдная русафобія — усё гэта канчаткова выбіла Я. Тышкевіча з каляіны нармальнага жыцця. Не вельмі ўзрадавала яго і вестка аб пераглядзе рашэння мураўёўскай камісіі і вяртанні з Масквы ў Вільню вывезеных экспанатаў. Назад трапілі далёка не ўсе прадметы, толькі 206 адзінак захавання. Не вярнулася, напрыклад, унікальная аршанская кальчуга са славянскімі пісьмёнамі. Яна і да сённяшняга дня экспануецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.

Я. Тышкевіч зразумеў, што больш яму не давядзецца вярнуцца да музейнай дзейнасці. Частка яго збораў з Віленскага музея старажытнасцей пазней трапіла ў калекцыю польскага этнографа З. Глогера, а потым у Нацыянальны музей у Варшаве. Толькі невялікая частка з тых калекцый засталася ў Вільні. Нават не дасведчанаму ў гэтых справах чалавеку было зразумела, што тут задумана стварыць фактычна новы музей паводле мураўёўскага ўзору. Неўзабаве так яно і здарылася. Толькі дзякуючы старанням беларускага археолага І.Луцкевіча частка Тышкевічавых збораў увайшла ў фонд Беларускага нацыянальнага музея ў Вільні (1921–1945). У пасляваенны час новымі ўладамі тыя калекцыі былі падзеленыя і трапілі ў розныя музеі Летувы, а старыя супрацоўнікі рэпрэсіраваныя{21}.


Загрузка...