«Вазьмі маці, пяску жменю…»


Яшчэ гімназістам Яўстах Тышкевіч прыглядаўся да народных рытуалаў, прыслухоўваўся да голасу сялянскай песні. Зачараваны яе зместам і формай, ён не пераставаў захапляцца хараством беларускага меласу. «Пушчу голас дуброваю…» — здаецца, вось так і паўстае гай зялёны і свежасць ранняя. Пазней даследчык будзе ўспамінаць, як ён не раз бываў на беразе Гайны і Бярэзіны і чуў там працяжныя галасы, калі вёска з вёскай пераклікалася. А ўжо песні жнеек — гэта само адухаўленне працы. Хадзіў нівамі і слухаў юны Тышкевіч песні, багатыя і змястоўныя.

Займацца фальклорам Я. Тышкевіч пачаў адначасова з археалогіяй. Духоўная культура народа ніколі не пакідала яго абыякавым. Нават працуючы ў галіне археалогіі, этнаграфіі, краязнаўства, ён ніколі не забываўся пра песню народную. Зрэшты, і першая публікацыя па фальклоры{36} выйшла ў адзін год з публікацыяй па археалогіі, прычым фальклорная праца сталася глыбейшай па думцы, больш змястоўнай.

У ёй Я. Тышкевіч даў апісанне святочнай урачыстасці на берагах Бярэзіны. На пераломе лета ў ноч на Івана Купалу сялянская моладзь абыходзіць ваколіцы. Кожная вёска на заходзе сонца раскладвае вогнішчы, юнакі і дзяўчаты абступаюць агонь і спяваюць. Спевы адной вёскі пераклікаюцца са спевамі іншых. Старыя хоць і не спяваюць, але шчыра падтрымліваюць урачыстасць. Кветкі — асаблівая прыкмета свята. Збіраюць іх з вечара, затыкаюць усе шчыліны, каб праз іх не магла пралезці ведзьма.

Па народным звычаі, піша Я. Тышкевіч, у гэтую ноч гаспадары не выпускаюць коней на пашу, каб яны не спалохаліся русалак. У купальскую ноч гадаюць, шукаюць папараць-кветку, чакаюць усходу сонца, калі схаваны скарб можа адкрыцца. Не забываюць сяляне і пра злых духаў, якіх трэба выгнаць, ад якіх трэба ўратавацца.

Я. Тышкевіч быў знаёмы з апісаннем Купалля паводле храніста XVI стагоддзя М. Стрыйкоўскага і прафесара Харкаўскага ўніверсітэта Ф.І.Успенскага. У сваёй працы, дзе ён апісаў мясцовы абрад на берагах Бярэзіны, даследчык адзначаў, што Купалле ні да якой рэлігіі не належыць, гэта самастойная з'ява, якая зарадзілася яшчэ ў язычніцкія часы. Сапраўды, тут шмат элементаў дайшло з мінулага тысячагоддзя. Купальская паэзія з'яўляецца мастацкім адлюстраваннем пэўных старажытных уяўленняў народа аб жыцці прыроды. Зрэшты, у саміх тэатралізаваных скоках вакол агню заключалася пэўная сімволіка. С. Богуш-Сестранцэвіч лічыў гэта ўшанаваннем нейкага боства.

Я. Тышкевіч звяртаўся да сваіх калег з просьбай «аб зборы купальскіх песень не ў адной толькі мясцовасці», а ў шырэйшай акрузё, што можа быць карысным для даследавання ўсяго абраду, таму што купальская паэзія своеасаблівая, вельмі спецыфічная і часта не мае аналагаў у земляробчым календары беларуса. Даследчык тут прытрымліваўся пашыранай ужо ў яго час думкі, што Купала — багіня плёну. Усе пазнейшыя вучоныя толькі пацвердзілі, якое значэнне надаваў беларускі селянін гэтаму так хораша распрацаванаму тэатралізаванаму святкаванню{37}.

Я. Тышкевіч адзін з першых узяўся за запіс легендаў, звязаных з рознымі зёлкамі, пераважна абрадавага ці лекавага прызначэння. Цяжка сказаць, калі ён распачаў сваю работу. У рукапісным сшытку «Зельнік Барысаўскага павета»{38} мы знаходзім розныя назвы зёлак і чым яны цікавыя. Хутчэй за ўсё, гэтая праца так і не была завершана. Часткова яна змешчана ў «Апісанні Барысаўскага павета». «Зельнік…» складзены ў алфавітным парадку, кожнай расліне даецца характарыстыка. Вось як, напрыклад, апісваецца барвенак звычайны: «Агародная расліна, лісце цвёрдае, заўсёды зялёнае, нават зімой пад снегам. Славіцца ў народзе і ў медыцыне вывядзеннем каўтуна. Таму яго ўжываюць не толькі для дэкору, а і для мыцця галавы, для зняцця каўтуна…» Найлепей апісана папараць. Акрамя медыцынскіх лекавых вартасцяў, аўтар падае легенду пра яе сімвалічнасць на Купалле, калі спраўляліся старажытныя абрады «язычнікаў-ліцьвінаў». Хто знойдзе кветку папараць, той самы шчаслівы чалавек, перад ім адкрываюцца ўсе скарбы зямлі, як бы глыбока яны ні былі закапаныя.

Я. Тышкевіч адзін з першых у беларускай фалькларыстыцы і этнаграфіі даў на прыкладзе Барысаўскага павета ўвесь гаспадарча-гадавы каляндар селяніна. З дасведчанасцю этнографа Я. Тышкевіч падрабязна апісвае апрацоўку лёну, ўборку і захаванне гародніны: буракоў, капусты, агуркоў, рэпы, бручкі, цыбулі, морквы і інш. Напрыклад, агуркі соляць «у бочках розным спосабам з кропам, дубовым, вішнёвым, лаўровым лісцем. Пасля шчыльнага закрыцця і асмалення бочкі апускаюць у ваду, дзе ўсё добра захоўваецца аж да ўжывання». Аўтар піша пра ўборку бульбы, а таксама пра капцы, скляпы, дзе яе хаваюць, каб не згніла і не памерзла. Уборка бульбы — адна з самых цяжкіх сельскіх работ, бо трэба выкапаць кожны куст «рыдлам».

Сярод многіх задач, якія ставіў перад сабой даследчык, была і такая: прасачыць ход вяселля і паказаць маральна-этычныя карані ў складанні новай сям'і барысаўскіх беларусаў. Ён імкнуўся растлумачыць сувязь язычніцкіх абрадаў, элементы якіх замацаваліся ў хрысціянскіх вераваннях, і прадэманстраваў гэта на прыкладзе ўшанавання дзядоў, абрадаў прыкладзін, святкавання Купалля, Калядаў і іншых святаў. Кожную з адметных з'яў народнага жыцця Я. Тышкевіч сілай свайго таленту змог разгледзець у рэчышчы ўсёй культуры краю.

Расказваючы пра абрад вяселля, Я. Тышкевіч пачынае з апісання традыцыйнай першай сустрэчы двух бакоў — маладога і маладой, якая носіць народную назву «запоіны». Пышнасць гэтага застолля, зрэшты як і ўсяго вяселля, залежыць ад заможнасці бацькоў. Галоўная дзейная асоба на запоінах — старшы сват, звычайна чалавек вопытны, вясёлы, гутарлівы, дарадчы, паважаны ў наваколлі. Прыбывае сват з гарэлкай ва ўмоўлены час. Дзяўчына збірае сябровак. На запоіны запрашаюць таксама хрэсных і крэўных. Калі ўсе ў зборы, дзяўчаты суправаджаюць да стала маладую наступным спевам, які звернуты да свата:


Ото ж табе, Васілька,

Увядзёнка Агатка,

Калі яе любіш, дай пірог,

Калі ня любіш, то вон за парог.


Я. Тышкевіч змясціў дзевяць песень для ілюстрацыі першага акта вясельнай урачыстасці і кожны з іх — ёмістае вершаванае апавяданне з вялікім зместам і нават падтэкстам.

Яўстах Тышкевіч вельмі дакладны ў апісанні змовін. Ён перадае змест абраду з такой глыбокай праўдзівасцю, быццам сам не раз удзельнічаў у гэтай урачыстасці. Напрыклад, адносна вясельнага поезда маладога сказана, што ён «складаецца звычайна з трох свах (старшая свацця — хросная матка, дзве малодшыя — сёстры або бліжэйшыя сваячкі), двух дружкоў, столькі ж намеснікаў і хроснага бацькі, які вязе сваццяў і якога там завуць вазіла…».

Пры сватанні гаворка ішла і пра пасаг і пра гаспадарку маладога, бо тут, як зазначае Тышкевіч, абмяркоўвалася і матэрыяльная трываласць будучай сям'і. Лічыцца, што элемент куплі-продажу ў вясельным абрадзе даволі старажытны, «існаваў у эпоху распаду родавага ладу… вяселле ў патрыярхальнай сям'і з'яўлялася перш за ўсё гаспадарчым пагадненнем, што звязвалася са стварэннем новай эканамічнай адзінкі»{39}. А.М.Нікольскі таксама лічыць, што гэты абрад вельмі старажытны і «адносіцца да родаплемянной эпохі»{40}.

Дэталёва падаецца Я. Тышкевічам і абрад замесу каравая. Галоўная каравайніца пры гэтым просіць бласлаўлення: «Ёсць тут Бог, бацька, матка, родныя і суседзі, блізкія і дальнія, мужы статэчныя, бабкі запечныя, дзеткі заплечныя, блаславіце краснай панне каравай учыніць». Трэба зазначыць, што ўсе прымаўкі, песні даюцца ў арыгінальным гучанні.

Вечарам запрашаюць пяць ці сем каравайніц і трох мужчын, каб мясіць і пячы каравай. Старшая каравайніца спявае:


Благаславіце, людзі,

Блізкія суседзі,

Гэтаму дзіцяці

Каравай замясіць…


Чаму такую ўвагу да абраду каравая праяўляў вучоны? У вяселлі ён займае бадай самае пачэснае месца. Зразумела, што народ гэтым яшчэ раз напамікаў пра павагу да адвечнага, да працы аратага і сейбіта. Гэта найдаўнейшая традыцыя беларускага вяселля, якая зарадзілася ў пару язычніцтва. Тады паганскіх багоў задобрывалі тым, што акрамя ўсяго іншага «требы и короваи им ломят… иже нарицается беззаконная трапеза, менимая Роду и Рожаницам…»{41} Вось адтуль ідзе пакланенне караваю пры стварэнні маладой сям'і. І калі некаторыя элементы беларускага вяселля зніклі або рэканструяваліся, то каравайны абрад стаўся самым моцным і даўгавечным.

Я. Тышкевіч зазначае, што вяселле прайшло праз некалькі гістарычных эпох, кожная з якіх пакідала свой след. Нават неспрактыкаваны чалавек можа адчуць і ўбачыць у ходзе вяселля шмат перажыткаў мінулага. У песнях прысутнічаюць назвы грошай, якія ўжо даўно выйшлі з ужытку: талеры, дукаты, шэлегі:


Верабей, дружка, верабей,

Па суметніку паскакаў,

Нагой шэлег выкапаў,

Сваю дзеўку выкупляў.


Трэба прызнаць, што Тышкевічаў варыянт запісу вяселля найбольш багаты і дакладны. У першай палове XIX стагоддзя яго яшчэ можна супаставіць з апісаннем А. Ф. Рыпінскага. Аднак розніца ўсё ж адчуваецца: Аляксандар Рыпінскі фальклорныя і этнаграфічныя назіранні ўзнаўляў для кнігі «Беларусь» (1840) у парыжскай эміграцыі, па памяці, а ў «Апісанні Барысаўскага павета» ўсе абрады, звычаі, песні ўзятыя з натуры. Не выключана, што Яўстах па некалькі разоў мог звяртацца да сваіх зямлячак-сялянак і дапаўняць ранейшыя запісы, што ніяк не выпадала рабіць А. Ф. Рыпінскаму.

Абрад вяселля на беларускіх землях, як і іншыя фальклорна-этнаграфічныя абрады, на працягу стагоддзяў ўплываў на выпрацоўку нацыянальнай самабытнасці, вылучаў беларусаў сярод суседніх народаў. Праўда, на гэты бок асаблівай увагі не звяртаецца, ды ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя пра гэта было яшчэ рана гаварыць. Для Я. Тышкевіча важней было прадэманстраваць шматколерную карціну саміх абрадаў і рытуалаў.

Па вядомых прычынах Я. Тышкевіч не змог апісаць вяселле на беларускай мове, хоць у іншым выпадку ён гэта зрабіў бы абавязкова. Падставамі для такога меркавання з'яўляюцца яго стаўленні да беларускай культуры, глыбокія яе веды і высокая ацэнка. І яшчэ адзін важкі аргумент на карысць такой гіпотэзы: Я. Тышкевіч кожную народную песню перадаваў без зменаў, захаваў асаблівасці беларускай мовы. Дарэчы, у Тышкевічавым апісанні вяселля застаўкі, дыялогі гучаць па-беларуску з захаваннем асаблівасцяў сінтаксісу.

Абмалёўваючы каларыт народных урачыстасцяў, Я. Тышкевіч заключае, што духоўнае жыццё беларускага селяніна вельмі часта не супадала з матэрыяльным. Беднасць краю, безумоўна, адбіваецца на ўзроўні духоўных запатрабаванняў, але ж «бяда і розуму вучыць», павазе да даўніны, якую «селянін сэрцам чуе». Жыхар вёскі сумленна з пакалення ў пакаленне ўшаноўвае памяць продкаў, іх духоўны скарб, які перадае ўнукам.

Вёска, як прызнае вучоны, дзякуючы пастаяннаму насельніцтву забяспечвала пераемнасць традыцый. Гэты комплекс выпрацаваных стагоддзямі каштоўнасцяў сфармаваў сам уклад жыцця («Так рабілі нашы бацькі і дзяды», — гаварылі ўсе на беларускім прасторы). Асабліва трывалымі гэтыя традыцыі былі ў эпоху феадалізму.

Адным з важных момантаў у вывучэнні народнай культуры з'яўляецца даследаванне абраду ўшанавання продкаў, або Дзядоў. Як сцвярджае Я. Тышкевіч, Дзяды на Барысаўшчыне называліся восеньскімі, стаўроўскімі, змітраўскімі, а таксама веснавымі, або Радаўніцай.

Абрад Дзядоў асенніх больш распаўсюджаны. Пры гэтым Тышкевіч спасылаецца на вядомую паэму А.Міцкевіча «Дзяды». У абрадзе выконваюцца і адпаведныя песні. Іх спяваюць каплан і паэт, так званы казляр, гусляр, таму і ўрачыстасць называецца «ўшанаваннем казла». У гэтых песнях услаўляліся адвага ў баях, а таксама традыцыі сямейнага жыцця, вартыя ўшанавання. Хоць тэкстаў саміх песняў Я. Тышкевіч не падае, але сам факт спеваў гусляра вельмі цікавы і, напэўна, належыць да больш старажытных абрадаў пахавальнай песнятворчасці беларусаў.

Даследчык дае больш падрабязнае апісанне змітраўскіх Дзядоў, якія праходзяць даволі стрымана. Страў на стол падаецца шмат, прычым няпарная колькасць. Запрашаюцца ўсе блізкія памерлых. Па традыцыі лічыцца, што і памерлыя сюды «запрошаны». Пасля ўсяго рытуалу госці гавораць: «Святыя дзяды! елі і пілі, ідзіце да сябе».

Радаўніца, або Дзяды веснавыя, бывае ў аўторак пасля правадной нядзелі. Я. Тышкевіч падкрэслівае, з якой павагай і цеплынёй людзі адносяцца да самога абрада ўшанавання продкаў, а сам гэты дзень становіцца святочным. На могілках збіраюцца пасля абеду, раскладаюць прынесеныя стравы, пафарбаваныя яйкі. Да памерлых звяртаюцца: «Святыя радзіцелі, хадзіце да нас есці, што Бог даў!» Да памінальных абрадаў Я. Тышкевіч аднёс і абрад прыкладзін, які заключаецца ў тым, што сваякі на магіле нябожчыка ўстанаўліваюць крыж ці камень з крыжам, адбываецца імша.

У апісанні як памінальных, так і калядных абрадаў Я. Тышкевіч быў калі не самы першы, то адзін з першых сярод беларускіх этнографаў і фалькларыстаў. Таму яго погляды, ацэнкі часта з'яўляюцца адпраўнымі для наступных пакаленняў даследчыкаў. «Каляды, — піша аўтар кнігі, - паводле разумення гісторыкаў, мабыць, назва боства даўніх славян». І хоць урачыстасць прыпадала на дзень нараджэння Ісуса Хрыста, усё ж ён лічыць, што вытокі калядавання трэба шукаць у часах язычніцкіх і тлумачыць гэта тым, што на Каляды забіваюць вепра, прыносяць ахвяру Калядзе («забіваюць Каляду»), а гэта напамінае прынашэнне пладоў зямлі на Куццю.

Услед за І.Храпавіцкім Я. Тышкевіч досыць падрабязна апісаў так званыя святыя вечары. Яны з'яўляюцца працягам тых абрадаў, пра якія пісалася вышэй, і па традыцыі праводзяцца ад Калядаў да свята трох каралёў (правадоў). З заходам сонца ніхто не прадзе, не шые, не шчапае нават лучыны… Усе ўстрымліваюцца ад усялякіх работ. Але для «грэшнікаў» было і выйсце: дастаткова было перасекчы прасла ў плоце, як гэтыя «грахі» адпадалі.

Даследчык не абышоў увагай і такое свята, як Вялікдзень. Даволі сціпла, адзначыўшы толькі асобныя моманты, ён напомніў, што перад Вялікаднем святар свянцае ў адкрытых кубельцах (лубках) «нястачу», якая называецца пасля гэтага свянцонкай і ўжываецца на свята. Абрус, на якім стаяла «нястача», летам бароніць ад граду, калі яго выкінуць на двор. Я. Тышкевіч апісаў практычна гадавы цыкл святаў, увесь земляробчы каляндар, не прамінуў ён Юр'е, Спас.

Асаблівая ўвага звернута ім на жніўны цыкл. Першым момантам з'яўляюцца зажынкі, якія радуюць і абнадзейваюць гаспадара ніўкі. Вока земляроба цешыцца з плёну свайго засеву. Я. Тышкевіч піша пра зажынкі снапка-»гаспадара», якога затым прыносяць у хату. Стаіць ён на куце аж да прачыстай, калі абмалочанае зерне свянцаецца, а частка ідзе на пасеў. Як піша даследчык, сама назва рытуальнага снапка «гаспадар» слушная, бо гэта хлеб, з якім звязваецца дабрабыт, парадак і згода{42}. Рытуал «пакрывання поля» датычыць толькі маладзіц, якія першы раз пасля замужжа выходзяць у поле жаць. Яны пакрываюць сноп кавалкам палатна, каб не было неўраджаяў.

Асобны раздзел Я. Тышкевіч прысвяціў чарам і тлумачыў іх трываласць і распаўсюджанасць у народзе сілай слова чараўніц, напоўненага таямнічасцю. Даследчык крытычна ставіўся да ўсякай забабоннасці, якая нікому карысці не прыносіла. Чары Я. Тышкевіч лічыў з'явай вельмі даўняй, узніклай у дахрысціянскія часы.

Вельмі трапна сказаў даследчык аб прызначэнні прымавак у духоўным жыцці людзей. «Народная паэзія дае нам магчымасць пазнаць пачуцці народа, а прымаўкі — пазнаёміцца з яго розумам». Даследчык першым у гісторыі фалькларыстыкі робіць падзел прымавак на «гістарычныя», «набожныя», «забабонныя», «адносіны падданых з панамі», «навука жыцця і маралі», «хатняе жыццё, сямейнае і грамадскае», «жарты, прымаўкі, сваркі», «прымаўкі пакрыўджаных», «пра гасціннасць», «раскоша жыцця», «здзеклівыя парады», «розныя прымаўкі», «прымаўкі гандляроў», «прымаўкі аратых». Раздзел прыказак і прымавак — адзін з самых прыкметных у Тышкевічавым зборы фальклорных твораў. У яго запісах пададзена іх каля 450 тэкстаў: «Свая хатка, як родная матка»; «Пытайся не ў старога, а ў бывалага»; «Хоць за вала, абы дома не была»; «Доля прымацкая сабацкая»; «Жонку бяры далёка, кароўку купляй блізка»; «Чым галее, тым дужэе» і г.д.

Даследчык фальклору на канкрэтных прыкладах толькі аднаго рэгіёна паказаў, як шмат тоіць у сабе кожны край.

І сёння праца Я. Тышкевіча «Апісанне Барысаўскага павета» ўспрымаецца як выдатны набытак беларускай даследчыцкай думкі XIX стагоддзя. У ёй даследчык схіляўся да міфалагічнай школы ў беларускай фалькларыстыцы. Вынікам яго творчых пошукаў стаў заключны раздзел кнігі, дзе выкладзены погляды аўтара на славянскую супольнасць, на важную праблему этнагенезу славян. Я. Тышкевіч спецыяльна засяродзіў увагу на цяжкасці вывучэння Барысаўшчыны ў агульнаславянскім кантэксце. Улічваючы працы найдаўнейшых гісторыкаў, вучоны адбірае ў асноўным толькі той матэрыял, які б мог растлумачыць жыццё духоўнай культуры на Барысаўшчыне.

І пасля выхаду «Апісання Барысаўскага павета» Я. Тышкевіч працягваў займацца беларускім фальклорам і этнаграфіяй. Яго падборка прыказак і прымавак з каментарыямі з'явілася ў 1850 годзе ў «Bibliotece Warszawskiej». Праўда, тут змешчаны творы, якія ён ужо і раней друкаваў, як, напрыклад, вершаваная прымаўка пра караля Саса і некаторыя іншыя. Аднак знаходзім і новыя: «Варт Пац палаца, а палац Паца», «Пісаў на Бердычаў», «Дажылі палякі, ні хлеба ні табакі», «Кажды дудак мае свой чубак» і іншыя. Глыбіня і кваліфікаванасць каментарыяў да падборкі прыказак і прымавак сведчылі аб сталасці збіральніка як вучонага-фалькларыста.


Загрузка...