«Абавязак улюбёнага ў свой край чалавека»


Уражлівая душа Яўстаха Тышкевіча з самага маленства ўбірала ў сябе ўсё тое, што пакінулі на Лагойшчыне мінулыя часы. Яшчэ на пачатку навуковай дзейнасці асноўнай крыніцай, дзе ён чэрпаў веды пра свой край, а галоўнае, само натхненне, былі не толькі бацькава бібліятэка, але і ўнікальныя помнікі старажытнасці, пра якія ён чуў столькі розных легендаў і паданняў. На Лагойшчыне Я. Тышкевіч рабіў «нарыхтоўкі» для будучай кнігі пра гэтую мясцовасць. Тут ужо ён звяртаўся не толькі да археалагічных матэрыялаў. Аўтар паставіў перад сабой задачу сабраць шырокае кола першакрыніц з галіны гісторыі, геаграфіі, тапанімікі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, археаграфіі, запісваў вусную народную творчасць.

Задуманая праца аказалася такой ёмістай, што прадбачлівы Яўстах, вандруючы па павеце, не толькі збіраў першакрыніцы, а і шукаў аднадумцаў, сааўтараў, тых, хто змог бы дапамагчы яму ў стварэнні задуманай кнігі. І такіх актывістаў-краязнаўцаў адшукалася нямала. Гэта былі людзі розных інтарэсаў і схільнасцей. Я. Тышкевіч даваў заданне сваім памочнікам адшукваць новыя звесткі пра старажытны замак ці даўнейшы абрад, пра гісторыю мястэчка ці мастацкія палотны. Над будучай кнігай працавалі К. Адамовіч, П. Чачот, М. Чарноцкі, Ф. Чаховіч, В. Твардоўскі, Я. Ваньковіч, К. Тышынскі, Ю. Тышкевіч, В. Гарноўскі, а таксама брат Канстанцін Тышкевіч.

Галоўная роля ў падрыхтоўцы кнігі, вядома, адводзілася Яўстаху Тышкевічу, які аб'ядноўваў вопыт і веды сваіх супольнікаў. Ён сабраў увесь чарнавы матэрыял, зрабіў яго сегрэгацыю, апрацаваў, склаў навукова-даведкавы апарат і такім чынам стварыў комплекснае апісанне Барысава і Барысаўскага павета.

Для работы над архіўнымі матэрыяламі Я. Тышкевіч не раз выязджаў у Менск, Вільню, Пецярбург, Маскву. Ён жа думаў і пра тое, да якога выдаўца звярнуцца, каб кніга не проста выйшла ў свет, але і каб яна стала падзеяй у краі. Канстанцін Тышкевіч у пісьме да Плацыда Янкоўскага даволі канкрэтна ўказвае, хто быў асноўным аўтарам «Апісання Барысаўскага павета»: «Брат Яўстах напісаў для статыстычнага камітэта гісторыю горада і цэлага Барысаўскага павета, якая хутка павінна з'явіцца ў друку»{30}.

Прайшло дзесяць гадоў нялёгкай працы. За гэты час некаторыя памочнікі Я. Тышкевіча знялі з сябе ўсялякі клопат, адышлі ўбок. І толькі самыя адданыя засталіся ў аўтарскім актыве. Усё ж трэба сказаць, што найбольш спрыялі выхаду ў свет новай кнігі брат Канстанцін, а таксама бацька і маці. Яўстах Тышкевіч удзячны быў Антону Марціноўскаму (1781–1856), вядомаму ў той час рэдактару і публіцысту, Язэпу Азямблоўскаму (1804–1878), літографу і ілюстратару, Льву Пятроўскаму (1792–1856), грамадскаму дзеячу і археолагу, які склаў статыстычнае апісанне павета, а таксама найбольш актыўным аўтарам Канстанціну Булічу, Язэпу Багдановічу, Язэпу Бяліцкаму.

Манаграфія «Апісанне Барысаўскага павета» па сваёй форме і сутнасці з'яўляецца краязнаўчай. І тут трэба паставіць у заслугу Я. Тышкевічу тое, што ён арыентаваў аўтараў на максімальнае выкарыстанне мясцовых матэрыялаў. Узнікалі цяжкасці. Напрыклад, пры вызначэнні даты першага ўпамінання Барысава, як і належыць сапраўднаму даследчыку, Яўстах прывёў самыя розныя погляды. Выявілася, што іх нямала, і звязаны яны з імёнамі гісторыкаў Т. Нарбута, І.Данілевіча, В. Тацішчава. Якую ж з датаў браць за аснову? Сам Я. Тышкевіч падтрымаў думку Т. Нарбута пра 1199 год, у той жа час не мог пакінуць без увагі і дату 1102 год, а таксама 1127 (1128) год. Паводле звестак Васіля Мікітавіча Тацішчава, Барысаў пабудаваны полацкім князем Барысам Усяславічам пасля паходу на яцвягаў у 1102 годзе. У Лаўрэнцеўскім летапісе гэты населены пункт прыгадваецца пад 1127 годам, а ў Іпацеўскім — пад 1128 як умацаваны горад Полацкага княства, што быў заняты кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам. Сёння гістарычная навука трымаецца трактоўкі В. М. Тацішчава{31}.

Я. Тышкевіч паказаў гісторыю развіцця Барысава, звярнуў увагу на важныя старажытныя аб'екты горада, разважаў над тым, дзе ён зараджаўся. Спаслаўшыся на Адама Нарушэвіча, краязнавец апісаў мясцовы замак. Ён быў пабудаваны на выспе на высокім падмурку. Больш за ўсё Я. Тышкевіча цікавіла месцазнаходжанне капішча старажытнага горада. Гэта ж хвалявала і Р. Друцкага-Падбярэскага. Абодва даследчыкі лічылі, што Стара-Барысаў быў аддалены ад сучаснага горада Барысава на чатыры вярсты. Думку Я. Тышкевіча пацвердзіў нядаўна сваімі раскопкамі археолаг Г. Штыхаў, які даказаў, што Барысаў зараджаўся там, дзе зараз сядзіба саўгаса «Стара-Барысаў»{32}. І Я. Тышкевіч, і пазнейшыя даследчыкі гісторыі гэтага горада лічаць, што названы ён па імені князя Барыса. М. Ткачоў прапанаваў даволі слушную гіпотэзу, што назва горада пайшла ад назвы рэчкі Барысы, якая існавала ў раннім сярэднявеччы і пазней знікла, застаўшыся толькі на аксанаметрычных картах. Я. Тышкевіч даволі падрабязна расказаў пра мясцовыя княскія дынастыі, што валодалі Барысавам, апісаў некаторыя найважнейшыя падзеі.

Як і належыць спрактыкаванаму даследчыку, сляды жыцця даўніх плямён на Барысаўшчыне ён бачыў усюды: у тапаніміцы, у старадаўніх помніках, фальклоры, этнаграфіі. У сваёй працы ён задумваўся над загадкамі «валатовак» — курганоў, якія так называліся не толькі ў Барысаўскім павеце, а і на Віцебшчыне і паўночнай Магілеўшчыне. Я. Тышкевіч звязвае з імі паходжанне тапонімаў Вяляцічы, Вяляты, Волатава Магіла, Валатоўская Слабада і г.д. Нават у песні, што бытавала ў Вяляціцкім старостве Барысаўскага павета, ёсць выраз «цераз валатоўкі».

У «Апісанні Барысаўскага павета» аўтар даў каштоўныя звесткі і пра Лагойск. Паводле сваіх доследаў і назіранняў ён апісаў мясцовы замак з высокімі землянымі валамі і глыбокаводнымі равамі, які меў абарончае значэнне. Тут жа аўтар даў гісторыю Лагойскага графства.

У гэтай кнізе знаходзім мы інфармацыю пра лагойскі музей, матэрыяламі якога карысталіся не толькі самі Тышкевічы, але і розныя вучоныя, пісьменнікі, мастакі. Я. Тышкевіч даў біяграфічныя даведкі пра заслужаных землякоў — археографа, прафесара Віленскага ўніверсітэта С. Жукоўскага (1782–1834) і І.Шыдлоўскага (1793–1846), літаратара і фалькларыста.

Праца Я. Тышкевіча «Апісанне Барысаўскага павета» па заслугах ацэнена Я. Карскім{33}, А. М. Пыпіным{34} і іншымі. Н.Гілевіч лічыць этнаграфічную частку работы адным з лепшых навуковых дасягненняў у даследаванні быту і творчасці беларускага сялянства{35}.


Загрузка...