СТАРАЖЫТНЫ МIМОIД

Я сядзеў ля вялiзнага iлюмiнатара i глядзеў на Акiян. Рабiць не было чаго. Рапарт, складзены за пяць дзён, зараз уяўляў пучок хваляў, якiя iмчалiся ў пустэчы недзе за сузор’ем Арыёна. Калi пучок дасягне цёмнай, пылавой туманнасцi, што раскiнулася на тэрыторыi васьмi трыльёнаў кубiчных мiль i лавiла любы сiгнал i промень святла, ён патрапiць у першы з ланцуга перадатчыкаў. Адтуль ад аднаго рэтранслятара да другога, скачкамi даўжынёй мiльярд кiламетраў, ён будзе iмчацца па вялiзнай дузе, пакуль апошнi перадатчык, металiчная глыба, дарэшты забiтая дакладнымi прыборамi, з прадаўгаватай пыскай антэннакiравальнiкаў, не збярэ прамянi яшчэ раз i не накiруе iх далей у прастору, да Зямлi. Потым мiнуць месяцы, i гэткi ж пучок энергii, накiраваны з Зямлi, пакiнуўшы пасля сябе баразну iмпульсiўных скажэнняў у гравiтацыйным полi Галактыкi, дасягне касмiчнай хмары, праслiзне, узмоцнены, уздоўж ланцуга свабодна дрэйфуючых рэтранслятараў i на ранейшай хуткасцi паiмчыцца да двайнога сонца Салярыс.

Акiян пад высокiм чырвоным сонцам здаваўся чарнейшым, чым звычайна. Рыжы туман на гарызонце спалучаў яго з небам. Дзень быў неверагодна гарачы i, здавалася, абяцаў адну з тых страшных вiхур, якiя зрэдку, некалькi разоў за год, бушуюць на планеце. Ёсць падставы меркаваць, што адзiны жыхар планеты кантралюе клiмат i сам выклiкае вiхуры.

Яшчэ некалькi месяцаў мне выпадала глядзець на яго з iлюмiнатара, з вышынi назiраць за свабодай белага золата i стомленай чырванi, якiя час ад часу пералiваюцца ў нейкiм вадкiм вывяржэннi, у срабрыстым пухiры сiметрыяды, сачыць за рухам нахiленых супраць ветру тонкiх «мiгценнiкаў», сустракацца з напаўразбуранымi мiмоiдамi, якiя асыпаюцца. Калi-небудзь усе экраны вiдэафонаў загавораць, засвецяцца, ажыве даўно змоўклая электронная сiгналiзацыя, якую прывядуць у рух iмпульсы, пасланыя здалёку, з адлегласцi сотнi тысяч кiламетраў. Сiгналы нагадаюць аб наблiжэннi металiчнага велiкана, якi з працяглымi грымотамi гравiтатараў апусцiцца над Акiянам. Гэта будзе або «Улiс», або «Праметэй», а мо нейкi iншы вялiзны крэйсер далёкага касмiчнага плавання. Калi я апушчуся па трапе з пляскатай страхi Станцыi, то ўбачу на палубах шэрагi масiўных робатаў у белых панцырах. Робаты не тое, што людзi яны бязгрэшныя i бязвiнныя, яны выконваюць кожны загад — ажно да знiшчэння сябе або перашкоды на шляху, калi такая праграма закладзена ў крышталях памяцi. А затым карабель мякка ўздымецца, паляцiць хутчэй за гук, пакiдаючы за сабой грукат, якi дасягне Акiяна i будзе нагадваць розныя басовыя актавы. Ад думкi пра вяртанне дамоў твары людзей прасвятлеюць.

Але ў мяне няма дома. Зямля? Я думаў пра вялiзныя, шумныя, шматлюдныя гарады, у якiх я згублюся, знiкну, як мог знiкнуць дзве цi тры ночы таму, калi хацеў кiнуцца ў Акiян, што цяжка варочаў хвалi ў цемры. Я патану ў натоўпе. Буду маўклiвы, уважлiвы, i таму мяне пачнуць паважаць у грамадстве, у мяне з’явiцца шмат знаёмых, нават сяброў, будуць жанчыны, а мо толькi адна жанчына. Нейкi час я буду прымушаць сябе ўсмiхацца, кланяцца, уставаць, выконваць тысячу дробных дзеянняў, з якiх складаецца зямное жыццё, пакуль не прывыкну. З’явяцца новыя захапленнi, новыя заняткi, але я не здолею ўжо нiчым захапiцца цалкам. Нiчым i нiкiм. Магчыма, ноччу я буду пазiраць туды, дзе скопiшча касмiчнага пылу чорнай заслонай хавае на небе ззянне двух сонцаў, згадваць усё, нават тое, пра што я зараз думаю, згадваць з паблажлiвай усмешкай, у якой будзе крыху горычы i перавагi, маё шаленства i надзея. У далейшым я не буду горшым за таго Кельвiна, якi быў гатовы ахвяраваць усiм дзеля справы — дзеля Кантакту. I нiхто не будзе мець права асудзiць мяне.

У пакой увайшоў Снаўт. Ён азiрнуўся навокал, пасля паглядзеў на мяне; я ўстаў i падышоў да стала.

— Ты нешта хацеў?

— Мне здаецца, табе няма чаго рабiць?.. — спытаўся Снаўт, мiргаючы. — Я мог бы прапанаваць табе сякiя-такiя разлiкi, праўда, не надта тэрмiновыя…

— Дзякуй, — усмiхнуўся я, — але гэта непатрэбна.

— Ты так лiчыш? — спытаўся ён, пазiраючы ў акно.

— Так. Я думаў пра розныя рэчы i…

— Я хачу, каб ты менш думаў.

— Ах, ты зусiм не ведаеш, у чым справа. Скажы мне… ты верыш у Бога?

Снаўт пранiзлiва зiрнуў на мяне.

— Што? Хто сёння верыць…

Яго вочы гарэлi неспакоем.

— Усё гэта не так проста, — пачаў я знарок абыякавым голасам. — Мяне цiкавiць не традыцыйна зямны Бог. Я не надта дасведчаны ў рэлiгiях i мо нiчога новага не прыдумаў, але ты часам не ведаеш, цi iснавала калi-небудзь вера ў Бога… няўдачнiка?

— Няўдачнiка? — здзiвiўся Снаўт. — Як ты гэта разумееш? У пэўным сэнсе Бог кожнай рэлiгii быў няўдачнiкам, бо яго надзялялi чалавечымi рысамi, толькi перабольшанымi. Бог Старога запавету, напрыклад, прагнуў пакланення i ахвяраў, зайздросцiў iншым багам… грэцкiя багi з-за сваiх сварак i сямейных звадак таксама былi па-чалавечы няўдачнiкамi…

— Не, — перапынiў я яго, — я маю на ўвазе Бога, недасканаласць — галоўная, iманентная рыса. Гэта Бог, абмежаваны ў сваiм усёведаннi, усемагутнасцi, ён памыляецца ў прадказаннях будучынi сваiх пачынанняў, лёс якiх залежыць ад абставiн i можа палохаць. Гэта Бог… калека, якi заўсёды прагне больш, чым можа, i не адразу разумее гэта. Бог, якi сканструяваў гадзiннiк, а не час, якi ён паказвае, вынайшаў сiстэмы цi механiзмы, што служаць пэўным мэтам, а яны перараслi гэтыя мэты i здрадзiлi iм. Ён стварыў бясконцасць, якая павiнна была засведчыць яго ўсемагутнасць, а стала прычынай яго поўнага паражэння.

— Некалi манiхейства… — няўпэўнена пачаў Снаўт.

Дзiўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнiм часам, знiкла.

— Гэта не мае нiчога агульнага з дабром i злом, — адразу ж перапынiў я яго. — Гэты Бог не iснуе па-за матэрыяй i не можа ад яе пазбавiцца, ён толькi хоча гэтага…

— Падобнай рэлiгii я не ведаю, — сказаў Снаўт, памаўчаўшы. — Такая нiколi не была патрэбна. Калi я добра цябе зразумеў, а баюся, што зразумеў добра, ты думаеш пра нейкага эвалюцыйнага Бога, якi развiваецца ў часе i расце, уздымаецца на ўсё больш высокi ўзровень магутнасцi, дарастае да ўсведамлення сваёй бездапаможнасцi! Гэты твой Бог — iстота, для якой яе боскасць стала бязвыхадным становiшчам; зразумеўшы гэта, ён апынуўся ў роспачы. Але Бог у роспачы — гэта ж чалавек, праўда? Ты маеш на ўвазе чалавека… Гэта не толькi дрэнная фiласофiя, гэта нават дрэнная мiстыка.

— Не, — адказаў я ўпарта, — я не маю на ўвазе чалавека. Магчыма, некаторыя рысы майго Бога адпавядалi б такому папярэдняму азначэнню, але толькi таму, што яно вельмi недакладнае. Нам толькi здаецца, што чалавек вольны ў выбары мэты. Час, у якi ён нарадзiўся, навязвае яму мэту. Чалавек служыць гэтай мэце альбо супрацiўляецца ёй, але аб’ект служэння альбо бунту запраграмаваны яму звонку. Поўная свабода пошуку мэты магчыма, калi чалавек апынецца зусiм адзiн, але гэта немажлiва, бо чалавек, якi выхаваўся не сярод людзей, не можа стаць чалавекам. Гэты… мой Бог мусiць быць iстотай, пазбаўленай множнага лiку, разумееш?

— Ах, — прамовiў Снаўт, — як гэта я адразу…

Ён паказаў рукой на Акiян.

— Не, — запярэчыў я, — i не ён. Занадта рана сканцэнтраваўшы ўвагу на сабе, ён прамiнуў у сваiм развiццi магчымасць стаць боскасцю. Ён хутчэй самотнiк, пустэльнiк космасу, а не яго Бог… Ён паўтараецца, а той, пра каго я думаю, нiколi гэтага не зрабiў бы. А раптам ён узнiкне менавiта зараз, у нейкiм закуточку Галактыкi, i адразу з юнацкiм запалам пачне тушыць адны зоркi i запальваць другiя, а мы заўважым гэта толькi праз нейкi час…

— Мы ўжо гэта заўважылi, — кiсла прамовiў Снаўт. — Новыя i звышновыя… хiба гэта, па-твойму, свечкi на алтары?

— Калi ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна…

— А мо менавiта Салярыс з’яўляецца калыскай твайго боскага немаўляцi, заўважыў Снаўт. Ад усмешкi вакол яго вачэй з’явiлiся тонкiя зморшчынкi. — Мо менавiта ён у тваiм разуменнi першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сiла яго маленства пакуль пераўзыходзiць яго розум, а ўсё тое, што знаходзiцца ў нашых салярыстычных бiблiятэках, проста доўгi пералiк яго немаўляцкiх рэфлексаў…

— А мы нейкi час былi яго цацкамi, — закончыў я. — Так, мажлiва. I ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гiпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось i тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавiць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнiкаюць некаторыя — скажам так — экстравагантнасцi ў стасунках з намi. Псiхiка маленькага дзiцяцi…

— Я адмаўляюся ад аўтарства, — прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля iлюмiнатара.

Мы доўга пазiралi на чорныя хвалi. На ўсходнiм баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.

— Адкуль у цябе з’явiлася iдэя недасканалага Бога? — раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позiрку ад залiтай святлом пустынi.

— Не ведаю. Яна мне здалася вельмi, вельмi праўдзiвай. Разумееш? Гэта адзiны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты — не адкупленне, яны нiкога не забаўляюць, нiчому не служаць, яны проста iснуюць.

— Мiмоiд… — прамовiў зусiм цiха, змененым голасам Снаўт.

— Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмi старажытны.

Мы абодва ўзiралiся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.

— Я палячу, — нечакана сказаў я. — Тым больш што я яшчэ нi разу не пакiдаў Станцыi, а тут добрая аказiя. Я вярнуся праз паўгадзiны…

— Што? — Снаўт шырока расплюшчыў вочы. — Ты паляцiш? Куды?

— Туды, — я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. — А што? Я вазьму маленькi гелiкаптэр. Было б смешна, калi б — на Зямлi — мне давялося калi-небудзь прызнацца, што я салярыст, якi нi разу нават нагi не паставiў на салярысны грунт…

Я падышоў да шафы i пачаў выбiраць камбiнезон. Снаўт моўчкi назiраў за мной, а пасля сказаў:

— Не падабаецца мне гэта.

— Што? — павярнуўся я з камбiнезонам у руках. Мяне ахапiла даўно забытая ўзбуджанасць. — Што ты хочаш? Давай, кажы! Баiшся, каб я… Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.

— Я палячу з табой.

— Дзякую, але я хачу ляцець адзiн. Гэта ж нешта новае, нешта зусiм новае, — прамовiў я хуценька, нацягваючы камбiнезон.

Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.

Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкацiць машыну з бокса на сярэдзiну пускавога стала. Калi я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:

— Ты не адмаўляешся ад сваiх слоў?

— Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?

Больш нiчога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал i даў знак рукой. Ён уключыў пад’ёмнiк, я паволi выехаў на верх Станцыi. Матор збудзiўся, працяжна зашумеў, вiнт закруцiўся, i апарат надзiва лёгка ўзняўся ўгору, пакiнуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыi, якi ўсё змяншаўся i змяншаўся.

Упершыню я быў над Акiянам адзiн; уражанне зусiм iншае, чым з iлюмiнатара. Магчыма, гэта залежала ад вышынi палёту — я слiзгаў усяго за некалькi дзесяткаў метраў ад паверхнi. Толькi зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы i нiзiны, якiя пачаргова тасавалiся, рухалiся не як марскi прылiў альбо хмара, а як жывёлiна. Несупынна, хоць i вельмi марудна, як сутаргi мускулiстага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалi палаў чырвонай пенай. Калi я выканаў паварот, каб iсцi дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мiмоiда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водблiскi заiскрылiся ў выпуклым шкле, а сам Акiян стаў чарнiльна-сiнiм з плямамi цёмнага агню.

Я не надта ўдала зрабiў круг i вылецеў далёка на падветраны бок, а мiмоiд застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучалiся ў Акiяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на iмгненне я страцiў яго з вачэй, замест яго ўдалечынi з’явiлася Станцыя, якая вiсела проста над Акiянам, як вялiзны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масiў мiмоiда са сваiм дзiўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокi з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелiкаптэр, губляючы хуткасць, захiстаўся. Засцярога была лiшняя: акруглыя вяршынi дзiўных вежаў праплылi далёка ўнiзе. Я выраўнаваў машыну i пачаў паволi, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршынi замiльгалi над кабiнай. Мiмоiд быў невялiкi. Ён меў не больш за тры чвэрцi мiлi ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмiлi. У асобных месцах мiмоiд звузiўся: неўзабаве там мусiў адбыцца разлом. Вiдаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькi дробны абломак, рэшткi, што налiчвалi Бог ведае колькi тыдняў i месяцаў.

Памiж узвышэннямi, падобнымi на пражылкi, я адкрыў штосьцi накшталт берага, некалькi дзесяткаў квадратных метраў досыць спадзiстай, але амаль што пляскатай паверхнi, i спiкiраваў машыну туды. Пасадка была цяжэйшая, чым я ўяўляў, я ледзь не зачапiўся вiнтом за выраслую проста на вачах сцяну, але ўсё скончылася без прыгод. Я адразу ж выключыў матор i адкiнуў века купала. Стоячы на крыле, я праверыў, цi не пагражае гелiкаптэру небяспека спаўзцi ў Акiян; хвалi лiзалi зубчасты край берага за некалькi крокаў ад месца пасадкi, але гелiкаптэр упэўнена стаяў на шырока расстаўленых палазах. Я саскочыў на… «зямлю». Тое, што напачатку я палiчыў сцяной, за якую ледзь не зачапiўся, было вялiзнай, дзiравай, як рэшата, тонкай, як плёнка, касцяной плiтой, што тырчком стаяла i прарасла патаўшчэннямi накшталт маленькiх галерэй. Шчылiна шырынёй некалысi метраў наўскасяк падзяляла ўсю гэтую шматпавярховую плоскасць i выяўляла перспектыву глыбiнi. Тая ж перспектыва была вiдаць праз вялiкiя, раскiданыя абы-як адтулiны. Я залез на блiжнi выступ сцяны i адзначыў, што падэшвы скафандра незвычайна ўстойлiвыя, а сам скафандр зусiм не перашкаджае рухацца. Апынуўшыся на вышынi пяцi паверхаў над Акiянам, я павярнуўся тварам да шкiлетападобнага пейзажу i толькi зараз здолеў як след разгледзець яго.

Мiмоiд дзiўным чынам нагадваў старадаўнi напаўразбураны горад, нейкае экзатычнае мараканскае паселiшча, якое шмат стагоддзяў таму было зруйнавана землятрусам цi нейкiм iншым катаклiзмам. Я выразна бачыў пакручастыя, напалову засыпаныя i забарыкадаваныя руiнамi вулiчкi, якiя крута спускалiся да берага, каля якога булькала пенiстая мазь, вышэй уздымалiся ацалелыя зубцы сцен, бастыёны, iх акруглыя асновы, а ў выпуклых i з упадзiнамi сценах чарнелi адтулiны, падобныя на разбураныя вокны або крапасныя байнiцы. Увесь гэты горад-выспа, цяжка нахiлены набок, як напаўзатоплены карабель, бязмэтна, неўсвядомлена сунуўся наперад, марудна паварочваўся, ценi лянiва поўзалi па завулках руiн, часам праз iх прабiваўся сонечны прамень, падаючы на тое месца, дзе я стаяў. З вялiкай рызыкай я залез яшчэ вышэй, з выступаў над маёй галавой пасыпалася дробнае смецце. Падаючы, яно клубамi пылу запоўнiла пакручастыя вулiчкi i цяснiны. Вядома, мiмоiд не скала, падабенства з вапняком знiкае, калi возьмеш у руку асколак: ён значна лягчэйшы за пемзу, у яго дробнаячэiстая будова; таму ён нязвыкла паветраны.

Я ўзняўся ўжо так высока, што пачаў адчуваць рух мiмоiда: пад ударамi чорных мускулаў Акiяна ён не толькi плыў наперад невядома адкуль i невядома куды, але i нахiляўся то ў адзiн, то ў другi бок, вельмi няспешна, кожнае такое ваганне суправаджалася працяглым цмоканнем бурай i жоўтай пены, што сцякала з аголенага боку. Гэты хiстальны рух быў нададзены мiмоiду вельмi даўно, вiдаць, яшчэ над час яго народзiн, ён захаваў яго дзякуючы сваёй вялiзнай масе. Агледзеўшы з вышынi ўсё, што можна, я асцярожна спусцiўся ўнiз i толькi тады, як нi дзiўна, зразумеў, што мiмоiд мяне абсалютна не цiкавiць i што я прыляцеў сюды, каб сустрэцца не з iм, а з Акiянам.

Я сеў на цвёрдую патрэсканую паверхню за некалькi крокаў ад гелiкаптэра. Чорная хваля цяжка запаўзла на бераг, расплюшчылася i страцiла колер. Калi яна адступiла, на беразе засталiся дрыготкiя нiткi слiзi. Я падсунуўся яшчэ блiжэй i працягнуў руку насустрач наступнай хвалi. Тады яна дакладна паўтарыла тое, з чым людзi сутыкнулiся яшчэ амаль сто гадоў таму: затрымалася, крыху адсунулася, абкружыла маю руку, не дакранаючыся, аднак, да яе, так што памiж рукавiцамi скафандра i ўнутраным бокам паглыблення, якое з вадкага адразу стала мясiстым, застаўся тонкi слой паветра. Я паволi падняў руку, хваля, а дакладней, яе вузкi атожылак, пайшла ўслед за рукой па-ранейшаму ахоплiваючы маю руку паступова святлеючым бруднавата-зялёным слоем. Я ўстаў, каб падняць руку яшчэ вышэй. Атожылак сцюдзянiстага рэчыва напяўся, як дрыготкая струна, але не парваўся. Аснова цалкам расплюшчанай хвалi, як дзiўная, цярплiвая ў чаканнi канца эксперымента iстота, прыхiнулася да берага ля маiх ног, таксама не датыкаючыся да iх. Здавалася, што з Акiяна вырасла цягучая кветка, чашачка якой ахоплiвала мае пальцы, стаўшы iх дакладным негатывам, але не датыкалася да iх. Я адсунуўся. Атожылак затрымцеў i неахвотна вярнуўся назад, эластычны, хiсткi, няўпэўнены. Хваля ўзнялася, уцягваючы яго ў сябе, i знiкла за берагам. Я паўтараў гэтую гульню да таго часу, пакуль зноў, як i сто гадоў таму, адна з чарговых хваль не адкацiлася абыякава, нiбыта здаволеная новымi ўражаннямi. Я ведаў, што мне давялося б чакаць некалькi гадзiн, пакуль зноўку прачнецца яе «цiкаўнасць». Я сеў. Добра вядомая мне з кнiг з’ява нiбыта перарадзiла мяне: нiякая тэорыя не магла перадаць рэальнага ўражання.

У пачкаваннi, росце, распаўсюджваннi гэтага жыватвору, у яго рухах — у кожным паасобку i ва ўсiх разам — выяўлялася нейкая, так бы мовiць, асцярожная, але не палахлiвая наiўнасць, калi ён спрабаваў аж да самазабыцця, паспешна зведаць, ахапiць новую, нечакана сустрэтую форму i на паўдарозе вымушаны быў адступiцца, бо гэта пагражала парушэннем межаў, вызначаных таямнiчым законам. Якi неверагодны кантраст уяўляла яго някiдкая цiкаўнасць з невымернасцю, што блiшчала ад гарызонту да гарызонту. У мерным дыханнi хваляў я ўпершыню так выразна адчуваў велiканскую прысутнасць, магутную, неадольную маўклiвасць. Захоплены сузiраннем, скамянелы, я апускаўся ў недасяжныя глыбiнi i, губляючы самога сябе, злiваўся з вадкiм сляпым гiгантам. Я дараваў яму ўсё, без малейшага намагання, без слоў, без думак.

Увесь апошнi тыдзень я паводзiў сябе так прыстойна, што недаверлiва блiскучыя вочы Снаўта ў рэшце рэшт перасталi за мной сачыць. Знешне спакойны, я ўсё-такi нечага чакаў. Чаго? Вяртання яе? Як я мог? Кожны з нас ведае, што ўяўляе з сябе матэрыяльная iстота, якая падуладна законам фiзiялогii i фiзiкi, i што моц усiх нашых пачуццяў, нават аб’яднаных, не можа супрацьстаяць гэтым законам, а можа толькi ненавiдзець iх. Адвечная вера закаханых i паэтаў ва ўсемагутнасць кахання, якое перамагае смерць, стагоддзямi неадлучныя ад нас словы «finis vitae sed non amoris» («каханне мацней за смерць») — усё гэта падман. Але гэты падман не смешны, ён не мае сэнсу. А вось быць гадзiннiкам, што адлiчвае бег часу, гадзiннiкам, якi то разбiраюць, то збiраюць нанава, у механiзме якога, ледзь толькi канструктар закране маятнiк, нараджаюцца адчай i каханне, ведаць, што ты толькi рэпетытар пакут, тым мацнейшых, чым больш смешнымi яны становяцца ад iх шматкратнасцi? Паўтараць чалавечае iснаванне, але паўтараць яго так, як п’янiца паўтарае звыклую мелодыю, кiдаючы ўсё новыя i новыя медзякi ў музычную шафу? Я нi хвiлiны не верыў, што вадкi гiгант, якi нясе ў сабе смерць сотням людзей, да якога дзесяткi гадоў уся мая раса марна спрабавала звiць хоць нiтачку паразумення, што ён, якi бязмэтна гонiць мяне, як пылiнку, будзе ўзрушаны трагедыяй двух людзей. Але яго дзеяннi мелi нейкую мэту. Праўда, нават у гэтым я не быў цалкам перакананы. Аднак проста сысцi, саступiць — азначала закрэслiць тую, няхай сабе iснуючую толькi ва ўяўленнi мажлiвасць, якую даруе прышласць. Дык што ж урэшце — гады сярод мэблi i рэчаў, да якiх мы разам датыкалiся, у паветры, якое яшчэ захоўвае яе дыханне? У мяне не было надзеi. Але я жыў чаканнем, гэта было апошняе, што засталося ад яе. Якiя здзяйсненнi, кпiны, якiя пакуты яшчэ чакалi мяне? Я нiчога не ведаў, але па-ранейшаму верыў, што не мiнуў яшчэ час нязвыкла суровых цудаў.

Закапанэ,

Чэрвень 1959 — чэрвень 1960

Загрузка...