ПАЧВАРЫ

Пасярод ночы мяне разбудзiла святло. Я абапёрся на локаць, засланяючы другой рукой вочы. Хэры, захiнутая ў прасцiну, скурчылася i сядзела ў нагах ложка, валасы засыпалi яе твар. Плечы ўздрыгвалi. Хэры бязгучна плакала.

— Хэры!

Яна скурчылася яшчэ больш.

— Што з табой?.. Хэры…

Я сеў, яшчэ не зусiм прачнуўшыся, паступова выбаўляючыся з кашмару, якi душыў мяне хвiлiну таму.

— Каханая.

— Не кажы так.

— А што здарылася, Хэры?

Я ўбачыў яе мокры скрыўлены твар. Буйныя дзiцячыя слёзы цяклi па шчоках, блiшчалi ў ямачцы на падбародку, капалi на прасцiну.

— Я не патрэбная табе.

— Што ты гаворыш, Хэры!

— Я сама чула.

Я адчуў, як камянее мой твар.

— Што чула? Ты нiчога не зразумела, проста я…

— Не. Не. Ты гаварыў, што гэта не я. Каб я iшла. Я пайшла б. Божухна! Я пайшла б, але не магу. Не ведаю, што са мной. Я хацела пайсцi, але не мела сiлы. Я такая, такая дрэнь!

— Маленькая!!!

Я схапiў яе, з усяе моцы прыцiснуў да сябе, я цалаваў яе рукi, яе мокрыя i салёныя ад слёз пальцы, паўтараў нейкiя закляццi, клятвы, прасiў прабачэння, гаварыў, што гэта быў дурны, бязладны сон. Пакрысе Хэры супакойвалася. Перастала плакаць. Яе вочы сталi вялiкiя, як у лунацiка. Слёзы высахлi. Яна адвярнулася.

— Не, — сказала яна, — не кажы мне гэтага, не трэба. Ты для мяне не такi самы, як раней.

— Я не такi?! — з енкам вырвалася ў мяне.

— Так. Ты не хочаш мяне. Я ўвесь час гэта адчувала. Толькi прытваралася, што не заўважаю. Думала, мо гэта мне здаецца. Але не, не здаецца. Ты паводзiш сябе… iначай. Не прымаеш мяне ўсур’ёз. Табе прыснiўся сон, але гэта я табе прыснiлася. Ты называў маё iмя. Табе было гiдка. Чаму? Чаму?!

Я ўкленчыў перад ёю, абняў яе каленi.

— Маленькая…

— Я не хачу, каб ты называў мяне так. Не хачу, чуеш? Я не маленькая. Я…

Хэры расплакалася, уткнуўшыся тварам у пасцель. Я ўстаў. З вентыляцыйных адтулiн з цiхiм фырканнем iшло халоднае паветра. Мне стала халаднавата. Я накiнуў купальны халат, сеў побач з Хэры i дакрануўся да яе рукi.

— Паслухай, Хэры. Я табе нешта скажу. Скажу табе праўду…

Яна паволi паднялася, абапiраючыся на рукi. Я бачыў, як пад тонкай скурай у яе на шыi пульсуе жылка. Мой твар зноў камянеў. Мяне працiнаў холад. У галаве было пуста.

— Праўду? — перапытала Хэры. — Слова гонару? Святое слова?

Я адказаў не адразу, да горла падкацiўся камяк. Бо гэта была наша даўняя клятва. Пасля яе нiхто з нас не мог не тое што схлусiць, але нават змаўчаць пра што-небудзь. Некалi мы муштравалi адно аднаго празмернай шчырасцю, наiўна шукалi ў ёй выратавання.

— Святое слова гонару, — сур’ёзна прамовiў я. — Хэры…

Яна чакала.

— Ты таксама змянiлася. Усе мяняюцца. Але я не тое хацеў сказаць. Сапраўды, ты не можаш без мяне. Чаму — мы пакуль што не ведаем… Але гэта нават лепш, бо я таксама не магу без цябе…

— Крыс!

Я падняў Хэры разам з прасцiной, у якую яна захiнулася. Ражок прасцiны, мокры ад слёз, упаў мне на плечы. Я хадзiў па пакоi, гушкаючы Хэры. Яна пагладзiла мой твар.

— Не, ты не змянiўся. Гэта я, — шапнула яна мне на вуха. — Са мной штосьцi адбываецца. Мо справа ў гэтым?

Яна пазiрала ў чорны пусты прамавугольнiк, якi застаўся ад разбiтых дзвярэй, бо iх абломкi я вынес вечарам на склад. Трэба будзе, падумаў я, павесiць новыя. Я пасадзiў Хэры на ложак.

— А ты наогул спiш? — Я стаяў над ёю з апушчанымi рукамi.

— Не ведаю.

— Як не ведаеш? Падумай, каханая.

— Бадай што сплю, але гэта не сапраўдны сон. Мо я хворая. Я проста ляжу i думаю, i ведаеш…

Хэры здрыганулася.

— Што? — спытаўся я шэптам, бо баяўся, што мне здрадзiць голас.

— У мяне вельмi дзiўныя думкi. Не ведаю, адкуль яны бяруцца.

— Напрыклад?

Трэба быць спакойным, думаў я, што б яна нi сказала. Да яе слоў я падрыхтаваўся, як да моцнага ўдару. Хэры бездапаможна пакiвала галавой:

— Усё нейкае такое… навокал…

— Не разумею.

— Як быццам не толькi ўва мне, але i далей, неяк так… Я не магу расказаць. Не хапае слоў…

— Напэўна, табе гэта снiцца, — нiбы мiмаходзь зазначыў я. Мне стала лягчэй дыхаць. — А зараз давай патушым святло, i да ранiцы ў нас не будзе нiякiх згрызот, а ранкам, калi вельмi захочацца, прыдумаем сабе новыя, добра?

Яна працягнула руку да выключальнiка. Стала цёмна, я ўлёгся ў выстылую пасцель i адчуў цяпло яе дыхання. Я абняў Хэры.

— Мацней, — прашаптала яна. I пасля доўгай паўзы: — Крыс!

— Што?

— Я кахаю цябе.

Мне захацелася закрычаць.

Ранак быў чырвоны. Пачырванелы сонечны дыск вiсеў нiзка над гарызонтам. На парозе ляжала пiсьмо. Я разарваў капэрту. Хэры была ў душавой, я чуў, як яна мармыча нейкую мелодыю. Час ад часу яна высоўвалася адтуль, пазiраючы на мяне праз мокрыя валасы. Я падышоў да iлюмiнатара i пачаў чытаць:

«Кельвiн, справы дрэнь. Сарторыус выступае за рашучыя меры. Ён спадзяецца, што яму ўдасца дэстабiлiзаваць нейтрынныя сiстэмы. Для доследаў яму патрэбна крышку плазмы як зыходнага будаўнiчага матэрыялу ўтварэнняў Ф. Ён прапануе табе пайсцi ў разведку i здабыць трохi плазмы. Ты рабi што хочаш, але паведамi мне пра сваё рашэнне. А ў мяне ўжо сваёй думкi няма. Бадай, нiчога ўжо няма. Я хачу, каб ты гэта зрабiў, хоць бы таму, што мы зрушымся з мёртвага пункту, няхай сабе i фармальна. Iнакш застаецца толькi зайздросцiць Г.

Мышаня.

Р.S. Не ўваходзь у памяшканне радыёстанцыi. Гэта ўсё, што ты для мяне яшчэ можаш зрабiць. Лепей пазванi».

Маё сэрца калацiлася, калi я чытаў гэты лiст. Уважлiва перачытаў яго яшчэ раз, парваў паперыну i выкiнуў кавалкi ў ракавiну. Пасля пачаў шукаць камбiнезон для Хэры. Гэта было страшна. Якраз так, як мiнулым разам. Але Хэры нiчога не ведала, iнакш яна не ўзрадавалася б, калi я сказаў, што мне трэба выбрацца ў кароткую разведку за межы Станцыi i я прашу яе суправаджаць мяне. Мы паснедалi на маленькай кухнi (Хэры зноў амаль нiчога не ела) i пайшлi ў бiблiятэку.

Перш чым выканаць даручэнне Сарторыуса, я хацеў пагартаць лiтаратуру па пытаннях поля i нейтрынных сiстэм. Я не ўяўляў нават, як мне гэта ўдасца, але вырашыў кантраляваць яго работу. Я падумаў, што не iснуючы пакуль што нейтрынны ангiлятар мог бы вызвалiць Снаўта i Сарторыуса, а я перачакаў бы разам з Хэры «аперацыю» дзе-небудзь звонку — у лятаючым апараце, напрыклад. Я даволi доўга сядзеў над тоўстым электронным каталогам, якi ў адказ на мае пытаннi альбо выкiдваў мне картку з лаканiчным надпiсам «у бiблiяграфii адсутнiчае», альбо прапаноўваў залезцi ў такi нерат спецыяльных фiзiчных прац, што я не ведаў, як да iх падступiцца. Мне не хацелася пакiдаць вялiкае круглае памяшканне з гладкiмi сценамi, у якiх знаходзiлiся скрыначкi, што высоўвалiся, з вялiкай колькасцю мiкрафiльмаў i электронных запiсаў. Размешчаная ў самым цэнтры Станцыi, без анiякiх iлюмiнатараў, бiблiятэка была сама iзаляваным памяшканнем у стальной шкарлупiне. Мо таму мне было тут так добра, пошукi мае нiчога не давалi. Я блукаў па вялiкай зале, пакуль не спынiўся ля вялiзнай, да самай столi, кнiжнай шафы. Гэта была не столькi раскоша (зрэшты, даволi сумнiцельная), колькi сiмвал памяцi, данiна павагi пiянерам салярыстычных даследаванняў: палiцы, на якiх стаяла каля шасцiсот тамоў, утрымлiвалi ўсю класiчную лiтаратуру па прадмеце, пачынаючы з манументальнай, хоць у значнай ступенi i састарэлай, дзевяцiтомнай манаграфii Гiзэ. Я даставаў гэтыя цяжкiя тамы i лянiва гартаў iх, прысеўшы на ручку крэсла. Хэры таксама знайшла сабе нейкую кнiжку — я прачытаў некалькi радкоў цераз яе плячо. Гэта была адна з тых кнiжак, што засталiся ад першай экспедыцыi, здаецца, ад самога Гiзэ «Мiжпланетны кухар»… Назiраючы, як уважлiва вывучае Хэры кулiнарныя рэцэпты, прыстасаваныя да суровых касмiчных умоў, я моўчкi вярнуўся да старога фалiянта, якi ляжаў на маiх каленях. Манаграфiя Гiзэ «Дзесяць гадоў вывучэння планеты Салярыс» з’явiлася ў серыi «Працы па салярыстыцы» ў выпусках з чацвёртага па трыццаты, а зараз чарговыя выпускi серыi маюць чатырохзначны нумар.

Гiзэ меў не надта спрытны розум, але спрытны розум можа толькi нашкодзiць вывучэнню планеты Салярыс. Бадай, нiдзе ўяўленне i здольнасць хутка ствараць гiпотэзы не становяцца гэткiмi згубнымi, як тут. У рэшце рэшт, на гэтай планеце магчыма ўсё. Неверагодныя апiсаннi плазматычных «узораў» хутчэй за ўсё адпавядаюць сапраўднасцi, хоць праверыць iх звычайна немагчыма, бо Акiян вельмi рэдка паўтараецца. Назiральнiка, якi ўпершыню сутыкнуўся з акiянiчнымi з’явамi, здзiўляе iх велiзарны памер i цалкам адсутны на Зямлi характар. Калi б гэта адбывалася ў маленькай лужыне, усе вырашылi б, што тут звычайная «гульня прыроды», яшчэ адна праява выпадковасцi i сляпога ўзаемадзеяння сiл. Перад незлiчонай разнастайнасцю салярысных формаў аднолькава бездапаможныя i пасрэднасць, i генiй. Гiзэ не адносiўся нi да тых, нi да iншых. Ён проста быў класiфiкатарам-педантам, з гатунку тых, хто пад знешняй абыякавасцю хавае ўсёпаглынальную, невыкараняльную працавiтасць. Гiзэ спрабаваў усё апiсваць, а калi яму не хапала слоў, прыдумляў новыя, часта няўдалыя, не адпаведныя сутнасцi з’явы. Зрэшты, нiводзiн тэрмiн не перадае сутнасцi таго, што адбываецца на планеце Салярыс. Яго «горадрэвы», яго «даўгуны», «грыбавiкi», «мiмоiды», «сiметрыяды» i «асiметрыяды», «хрыбетнiкi» i «мiгценнiкi» гучаць вельмi ненатуральна, але ўсё-ткi даюць хоць нейкае ўяўленне пра Салярыс нават тым, хто не бачыў нiчога, акрамя невыразных фотаздымкаў i надта недасканалых фiльмаў. Вядома, гэты добрасумленны класiфiкатар часам не ўтрымлiваўся ў строгiх рамках класiфiкацый. Чалавек заўсёды прапануе гiпотэзы, нават калi не iмкнецца да гэтага, нават несвядома. Гiзэ лiчыў, што «даўгуны» ўяўляюць зыходную форму, i супастаўляў яе са шматразова павялiчанымi i нагрувашчанымi ў некалькi ярусаў прылiўнымi хвалямi зямных мораў. Той, хто знаёмы з першым выданнем яго працы, памятае, што спачатку Гiзэ называў гэтую форму менавiта «прылiвамi», пад уплывам геацэнтрызму. З такога азначэння можна было б пасмяяцца, калi б яно не сведчыла пра бездапаможнасць даследнiка. Гэтыя ж утварэннi па сваiх памерах пераўзыходзяць — калi ўжо шукаць зямныя параўнаннi — Вялiкi каньён Каларада, да таго ж iх верхнi слой — пенiста-сцюдзянiсты (пена застывае вялiзнымi крохкiмi фестонамi, велiзарнымi карункамi — частка даследнiкаў палiчыла iх «шкiлетападобнымi нарастамi»), а слаi, што ляжаць нiжэй, становяцца ўсё больш пругкiмi, нiбы мускул, якi скарацiўся, i мускул гэты на глыбiнi паўтара дзесяткаў метраў — больш цвёрды, чым камень, але пругкасцi не губляе. Мiж сцен, паверхня якiх нагадвае скуру на спiне нейкай пачвары i ўся пакрытая прылiплымi да яе «шкiлетамi», на цэлыя кiламетры разлёгся сам «даўгун», знешне самастойнае ўтварэнне, якое падобна на вялiзнага пiтона. Здаецца, нiбыта пiтон цалкам праглынуў некалькi гор i моўчкi пераварвае iх, час ад часу ўздрыгваючы. Але такi выгляд «даўгун» мае толькi зверху, з лятаючага апарата. Калi ж апусцiцца на некалькi соцень метраў, амаль на самае дно «цяснiны», то бачна, што пiтон — гэта паласа, якая працягнулася аж да самага гарызонту, дзе плазма рухаецца з неверагоднай хуткасцю, у вынiку чаго i ўзнiкае ўражанне застылага цылiндра. Спачатку лiчыш гэты рух за кручэнне па кругу слiзiстай шэра-зялёнай масы, якая блiшчыць на сонцы, але ля самай паверхнi (адкуль берагi «цяснiны», дзе супакоiўся «даўгун», здаюцца чорнымi хрыбтамi) заўважаеш, што маса рухаецца па значна больш складаным прынцыпе. Тут ёсць i канцэнтрычныя акружнасцi, i перакрыжаваныя цячэннi больш цёмных струменяў, i люстраныя ўчасткi верхняга слоя, якiя адлюстроўваюць неба i хмары. Часам на гэтых участках грымяць вывяржэннi змешанага з газамi паўвадкага асяроддзя. Паступова разумееш, што проста перад табой — цэнтр дзеяння сiлы, якая падтрымлiвае сцюдзянiстыя сцены, што ўзнялiся ў неба i лянiва застываюць, ператвараючыся ў крышталi. Але тое, што вiдавочна для назiральнiка, не надта паддаецца навуцы. Колькi гадоў доўжылiся непрымiрымыя спрэчкi з нагоды таго, што адбываецца ў «даўгунах», мiльёны якiх плаваюць у бязмежных прасторах жывога Акiяна. Iх лiчылi нейкiмi органамi, лiчылi, што ў iх адбываецца абмен рэчываў, працэсы дыхання i пераварвання ежы i нешта там яшчэ, аб чым памятаюць зараз толькi запыленыя бiблiятэчныя палiцы. Кожная з гэтых гiпотэз была ў рэшце рэшт абвергнута тысячамi цяжкiх, часам небяспечных доследаў. А справа ж толькi пра «даўгуны», пра форму, якая па сутнасцi прасцейшая, найбольш устойлiвая (iх iснаванне доўжыцца некалькi тыдняў — што на планеце Салярыс наогул з’яўляецца выключэннем).

Больш складаная i капрызная форма, якая выклiкае сама рашучы пратэст (вядома, несвядомы) — гэта «мiмоiды». Iх без перабольшання можна назваць любiмай формай Гiзэ. Да сваiх апошнiх дзён вывучаў ён i апiсваў мiмоiды, спрабуючы адгадаць iх сутнасць. У назве Гiзэ спрабаваў перадаць iх сама дзiўную, з чалавечага пункту погляду, уласцiвасць: пэўную схiльнасць быць падобнымi на навакольныя формы, незалежна ад таго, дзе гэтыя формы размешчаны — блiзка або далёка.

I вось надыходзiць дзень, калi ў глыбiнi Акiяна пачынае арганiзоўвацца пляскаты шырокi круг з няроўнымi берагамi i чорнай як смоль паверхняй. Праз некалькi гадзiн на iм можна ўжо адрознiць асобныя сегменты, ён дзелiцца i адначасова прабiваецца ўсё блiжэй i блiжэй да паверхнi. Назiральнiк мог бы прысягнуць, што там iдзе шалёная барацьба: сюды з усiх бакоў збягаюцца бясконцыя шэрагi кругавых хваляў, што нагадваюць прагныя раты, жывыя кратэры, якiя могуць вось-вось стулiцца; хвалi ўздыблiваюцца над расплывiста цёмным углыбiнi прывiдам i, становячыся на дыбкi, кiдаюцца ўнiз. Кожны такi абвал тысячатонных грамадзiн суправаджаецца хлюпаннем, якое доўжыцца цэлыя секунды i падобнае на грымоты, — маштабы таго, што адбываецца, неверагодныя. Цёмнае ўтварэнне спаўзае ўнiз; чарговы ўдар, здаецца, вось-вось расплюшчыць i пашчапае яго; сегменты дыска вiсяць, як мокрыя крылы, ад iх адрываюцца даўгаватыя гронкi, выцягваюцца ў доўгiя пацеркi, злiваюцца адна з адной, цягнучы за сабой i дыск, якi iх утварыў, а тым часам зверху ў гэты ўсё больш выразны круг трапляюць новыя i новыя хвалi. Гэта доўжыцца часам дзень, а часам — месяц. Часта ўсё на гэтым i канчаецца. Добрасумленны Гiзэ назваў гэты варыянт «няспелым мiмоiдам», нiбыта ён аднекуль даведаўся, што канчатковая мэта кожнага такога катаклiзму — «спелы мiмоiд», гэта значыць тая калонiя падобных на палiпы бляклых нарастаў (яна звычайна нават большая за цэлы зямны горад), прызначэнне якiх — перадражнiваць знешнiя формы. Вядома, знайшоўся другi салярыст, Юйвенс, якi прызнаў менавiта гэтую, апошнюю фазу, самалiквiдацыяй, адмiраннем, а новыя формы — несумненнай адзнакай вызвалення «парасткаў» ад уздзеяння зыходнага ўтварэння.

Калi Гiзэ апiсвае ўсе iншыя салярысныя праявы, ён нагадвае мураша, якi апынуўся на замёрзлым вадаспадзе: ён не адхiляецца, не абагульняе, а карпатлiва збiрае i суха выкладае сама драбнюткiя дэталi. Але ён такi ўпэўнены ў сабе, калi гаворыць пра мiмоiды, i так захапляецца, што спалучае асобныя фазы з’яўлення мiмоiда ў залежнасцi ад усё большай дасканаласцi.

Калi глядзець на мiмоiд зверху, ён нагадвае горад, але гэта толькi iлюзiя, якая выклiкана пошукамi хоць нейкай аналогii. Калi неба бязвоблачнае, усе шматпавярховыя вырасты i частаколы на iх вяршынях апяразваюць слой нагрэтага паветра, у вынiку чаго формы, якiя i так цяжка вызначыць, хiстаюцца i раствараюцца. Першая ж аблачынка ў нябесным блакiце (я кажу гэта па зямной звычцы, бо «блакiт» пад час чырвонага дня — рыжы, а пад час блакiтнага асляпляльна белы) адразу ж знаходзiць водгук. Пачынаецца iмклiвае размнажэнне пупышак. Угору iмкнецца абалонка, якая амаль цалкам аддзялiлася ад асновы, цякучая, падобная на гронку. Яна адразу ж блякне i праз некалькi хвiлiн становiцца надзвычай падобная на кучавое воблака. Вялiзны аб’ект дае чырванаваты цень, адны вяршынi мiмоiда нiбыта перадаюць яго iншым у кiрунку, супрацьлеглым руху сапраўднай хмары. Мне здаецца, Гiзэ даў бы адсекчы руку, каб даведацца хоць адно: чаму так адбываецца. Але такiя «адзiночныя» ўтварэннi мiмоiда — гэта дробязь у параўнаннi з бурнай дзейнасцю, якую ён распачынае, калi яго «раздражняе» наяўнасць прадметаў i формаў, якiя з’яўляюцца над iм па вiне прышэльцаў з Зямлi.

Мiмоiд iмiтуе лiтаральна ўсё, што знаходзiцца на адлегласцi не больш за восем-дзевяць мiль. Звычайна мiмоiд пад час iмiтацыi павялiчвае, а часам скажае форму, утвараючы карыкатуры альбо забаўныя спрашчэннi, асаблiва калi ён «мае справу» з механiзмамi. Зразумела, што матэрыялам заўсёды з’яўляеца адна i тая ж маса, якая хутка блякне i, выкiнутая ў паветра, не падае назад, а завiсае, спалучаная пупавiнамi, якiя хутка рвуцца, з асновай; па аснове яна i паўзе, то сцiскаючыся, то набухаючы i раздуваючыся, i тады непрыкметна з’яўляюцца неверагодна складаныя ўзоры. Лятальны апарат, рашоткавая ферма або мачта паўтараюцца з аднолькавай iмклiвасцю; мiмоiд не рэагуе толькi на людзей, а дакладней, на жывыя арганiзмы, у тым лiку i на раслiны — дзеля эксперымента нястомныя даследнiкi нават раслiны прывезлi на Салярыс. Затое муляжы напрыклад, чалавека, сабакi або дрэва, — зробленыя з любога матэрыялу, капiруюцца адразу ж.

I тут, на жаль, трэба зазначыць, што такое выключнае на Салярыс «паслушэнства» мiмоiда эксперыментатарам назiраецца не заўсёды. У сама свядомага мiмоiда надараюцца «лянiвыя днi», калi ён толькi вельмi марудна пульсуе. Кожная фаза «пульсу» доўжыцца больш за дзве гадзiны, таму пульсацыя адбываецца непрыкметна. Выявiць яе ўдалося толькi з дапамогай спецыяльных кiназдымкаў.

У гэты час мiмоiд, асаблiва стары, вельмi прыдатны для шпацыру: надзейнай апорай служаць i дыск, якi плавае ў Акiяне, i нарасты, якiя ўзвышаюцца над iм.

Вядома, можна знаходзiцца на мiмоiдзе i ў яго «працоўныя» днi, але тады бачнасць амаль роўная нулю, бо з пухiрыстых адгалiнаванняў абалонкi, якая капiруе форму, увесь час сыплецца пушыстая, белаватая, як дробны снег, калоiдная завiсь. Зрэшты, зблiзку iмiтаваныя формы немажлiва ахапiць позiркам: сваiмi памерамi яны нагадваюць зямныя горы. Да таго ж нiжняя частка мiмоiда, якi «працуе», ад слiзiстага дажджу становiцца лiпкай i толькi праз некалькi гадзiн слiзь застывае i ўяўляе цвёрдую скарынку, якая ў шмат разоў лягчэйшая за пемзу. Але без адпаведнага рыштунку можна i заблудзiцца ў лабiрынце пузатых адгалiнаванняў, якiя нагадваюць цi то калоны, што расцягваюцца i сцiскаюцца, цi то напалову вадкiя гейзеры. Заблудзiцца можна нават пры сонечным святле, яго промнi не могуць прабiць заслону, якую няспынна выкiдваюць у атмасферу «выбухi-iмiтатары».

Назiраннi за мiмоiдам у шчаслiвыя для яго днi (а калi казаць больш дакладна, то ў днi, шчаслiвыя для даследнiка, якi знаходзiцца над мiмоiдам) могуць пакiнуць незабыўныя ўражаннi. У мiмоiда бывае свой «творчы ўздым», калi ён выпускае неверагодную колькасць звышпрадукцыi. Ён то капiруе знешнiя формы, то робiць iх больш складанымi або стварае iх «фармальны працяг» — такiм чынам ён можа забаўляцца цэлымi гадзiнамi на радасць мастаку-абстракцыянiсту i на адчай вучонаму, якi дарэмна спрабуе зразумець хоць што-небудзь. Часам у дзейнасцi мiмоiда выяўляюцца рысы амаль што дзiцячага прымiтывiзму, часам ён паддаецца «стылю барока», тады на ўсiм, што ён вытварае, ляжыць адбiтак няўклюднай велiчы. Старыя мiмоiды часта фабрыкуюць неверагодна смешныя формы. Праўда, я нiколi не смяяўся з iх — таямнiчае вiдовiшча занадта моцна здзiўляла мяне.

Зразумела, што ў першыя гады вывучэння ўсе так i накiнулiся на мiмоiды. Iх палiчылi цэнтрамi салярыснага Акiяна, бо думалi, што менавiта тут адбудзецца доўгачаканы кантакт дзвюх цывiлiзацый. Аднак вельмi хутка высветлiлася, што пра кантакт не можа быць i гаворкi, бо ўсё пачынаецца i заканчваецца iмiтаваннем формы.

Антрапамарфiзм (або зоамарфiзм) зноўку пранiзваў адчайныя пошукi даследнiкаў, яны бачылi ў розных змяненнях жывога Акiяна то «органы адчування», то нават «канечнасць»; нейкi час вучоныя (напрыклад, Мартанс i Эканаi) лiчылi «канечнасцю» i «хрыбетнiкi», i «мiгценнiкi» Гiзэ. Але гэтыя пратуберанцы жывога Акiяна, якiя часам уздымалiся ў атмасферу на дзве мiлi, можна назваць «канечнасцямi», роўна як землятрус — «гiмнастыкай» зямной кары.

Каталог формаў, якiя паўтараюцца адносна пастаянна i нараджаюцца жывым Акiянам параўнальна часта, налiчвае каля трохсот адзiнак. За суткi можна выявiць iх на паверхнi некалькi дзесяткаў альбо сотняў. Сама «нечалавечыя» формы, гэта значыць абсалютна не падобныя нi на што зямное, як даказвае школа Гiзэ, — гэта сiметрыяды. Было ўжо добра вядома, што Акiян не агрэсiўны i ў плазматычных глыбiнях можа загiнуць толькi вельмi неасцярожны або бесклапотны чалавек (вядома, калi не лiчыць няшчасных выпадкаў, што выклiканы пашкоджаннем кiслароднага апарата альбо кандыцыянера). Нават цылiндрычныя рэкi «даўгуноў» або пачварныя слупы «хрыбетнiкаў», якiя па-вар’яцку хiсталiся памiж хмарамi, можна прабiць наскрозь любым апаратам для палёту, i гэта не прынясе нiякай шкоды — плазма дасць дарогу, расступаючыся перад iншародным целам, iмклiва, з хуткасцю гука ў салярыснай атмасферы; яна ж адчынiць, калi яе прымусiць, глыбокiя тунелi нават у тоўшчы Акiяна. З гэтай мэтай iмгненна трацiцца велiзарная энергiя — Скрабiн падлiчыў, што яна раўняецца 1019 эргаў!!! I ўсё адно, калi пачыналi даследаваць сiметрыяды, вучоныя захоўвалi надзвычайную бяспеку, штораз адступаючы, выдумляючы ўсё новыя меры перасцярогi (часам толькi ўяўныя), а прозвiшчы тых, хто першы выправiўся ў бездань сiметрыяд, ведаюць на Зямлi нават дзецi.

Хоць ад гэтых велiканаў могуць снiцца жудасныя сны, сама страшнае ў сiметрыядах зусiм не iх выгляд. Страх выклiкае хутчэй тое, што ў межах сiметрыяд няма нiчога пастаяннага i пэўнага, там не дзейнiчаюць нават фiзiчныя законы. Менавiта даследнiкi сiметрыяд настойлiва даказвалi, што жывы Акiян мае розум.

Сiметрыяды з’явiлiся раптоўна. Iх нараджае нешта накшталт вывяржэння. Прыкладна за гадзiну да нараджэння сiметрыяды на плошчы ў некалькi дзесяткаў квадратных кiламетраў Акiян пачынае асляпляльна блiшчаць, нiбыта становiцца шкляным. Але нi плаўнасць, нi рытм хвалеўтварэння не змяняюцца. Часам сiметрыяды ўзнiкаюць там, дзе была лейка пасля «мiгценнiка», якi пайшоў углыбiню. Прыкладна праз гадзiну шклопадобная абалонка ўзлятае ўгору, як пачварны пухiр, у якiм адлюстроўваюцца небасхiл, сонца, хмары, гарызонт. Пухiр ззяе ўсiмi колерамi вясёлкi, гульня колераў нагадвае бляск маланак. Гэтая з’ява непаўторная!

Сама ўражлiвыя эфекты святла даюць сiметрыяды, якiя ўзнiкаюць пад час блакiтнага дня або перад самым заходам сонца. Тады здаецца, што з нетраў адной планеты нараджаецца другая, якая з кожным iмгненнем падвойвае свой аб’ём. Шар, якi палае асляпляльным бляскам, лопаецца адразу ж, як толькi падымецца з глыбiнi, падзяляючыся ў верхняй частцы на вертыкальныя сектары, але не распадаецца. Гэтая стадыя, не зусiм удала названая «фазай кветкавай чашачкi», доўжыцца некалькi секунд. Скiраваныя ў неба перапончатыя дугi круцяцца, зрастаюцца ў нябачным чэраве i iмгненна ўтвараюць нешта накшталт магутнага тулава, унутры якога адбываюцца сотнi з’яў адначасова. У самым цэнтры (яго ўпершыню даследавала экспедыцыя Гамалеi ў складзе сямiдзесяцi чалавек) з вялiзных полiкрышталёў складваецца галоўны стрыжань. Часам яго называюць «хрыбетнiкам» (гэты тэрмiн мне здаецца ўдалым). Неверагодныя спляценнi цэнтральнай апоры падтрымлiваюцца ў момант утварэння вертыкальнымi слупамi вадкага, амаль цалкам вадзянiстага рэчыва, якiя выбухаюць з кiламетровых правалаў. У гэты ж час калос нараджае глухi працяглы гук, а навокал уздымаецца вал снежнай, з буйнымi сотамi пены, якая шалёна пульсуе. Пасля пачынаецца надзвычай складанае кручэнне (ад цэнтра да знешнiх межаў) патоўшчаных плоскасцей, на iх наслойваюцца палосы цягучай масы, якая падымаецца з глыбiнi, адначасова гейзеры, пра якiя я толькi што казаў, застываюць, гусцеюць i ператвараюцца ў рухомыя, падобныя на шчупальцы, калоны, скопiшчы якiх скiраваны ў канкрэтных напрамках, падпарадкоўваючыся дынамiцы ўсяго збудавання, i зараз нагадваюць узнятыя ў неба жабры вялiзнага зародыша, якi расце з неверагоднай хуткасцю; у «жабрах» пульсуе ружовая кроў i цёмна-зялёная, амаль чорная вада. З гэтага моманту сiметрыяды пачынаюць выяўляць сваю сама незвычайную ўласцiвасць — здольнасць пераўтвараць або нават прыпыняць дзеянне некаторых фiзiчных законаў. Перш за ўсё зазначым, што дзвюх аднолькавых сiметрыяд не бывае, геаметрыя кожнай з iх — гэта новае «вынаходства» жывога Акiяна. Далей — сiметрыяда выпрацоўвае ўнутры сябе тое, што часта называецца «машынамi iмгненнага дзеяння», хоць гэтыя ўтварэннi зусiм не падобныя на нашы машыны — маецца на ўвазе даволi вузкая i тым самым быццам «механiчная» скiраванасць дзеяння.

Калi гейзеры, якiя рвуцца з безданi, застынуць альбо ўспучацца i стануць тоўстымi сценамi галерэй i калiдораў, што разыходзяцца ва ўсе бакi, а «плёнкi» ўтвораць сiстэмы плоскасцей, якiя перасякаюцца, павецяў, скляпенняў, сiметрыяда пачынае апраўдваць сваю назву: кожнаму мудрагелiстаму перапляценню пралётаў, хадоў i схiлаў ля аднаго полюса адпавядае дакладна такое ж перапляценне ля супрацьлеглага.

Праз дваццаць — трыццаць хвiлiн гiгант пачынае паволi пагружацца, часам адхiляючыся ад вертыкальнай восi на восем — дванаццаць градусаў. Сiметрыяды бываюць вялiкiя i малыя, але нават «карлiкi» ўзвышаюцца над узроўнем Акiяна метраў на восемсот i вiдаць за добры дзесятак мiль. Больш за ўсё бяспечна залазiць унутр сiметрыяды адразу ж, як толькi спынiцца яе пагружэнне i запануе раўнавага, а вось сiметрыяды зноў супадзе з вертыкаллю. Сама зручны ўчастак крыху нiжэй за вяршыню. Даволi гладкую палярную «шапку» абвiвае пояс, якi зрэзаны вусцямi ўнутраных камер i праходаў. Наогул жа сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне ў прасторы нейкага надзвычай складанага ўраўнення.

Як вядома, кожнае ўраўненне можна выразiць геаметрычнай мовай, збудаваўшы адпаведна гэтаму ўраўненню фiгуру ў прасторы. У гэткiм разуменнi сiметрыяда нагадвае плоскасць Лабачэўскага i адмоўную Рыманавую крывiзну. Але гэтае падабенства надта далёкае, бо складанасць сiметрыяды неверагодная. Сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне цэлай матэматычнай сiстэмы, якое займае некалькi кубiчных мiль, да таго ж увасабленне чатырохмернае; у сiметрыядах сам час не застаецца нязменным.

Сама простае, вядома, дапусцiць, што перад намi «матэматычная машына» жывога Акiяна, мадэль разлiкаў, неабходных яму для нейкiх невядомых нам мэт, але гэтую гiпотэзу Фермонта сёння ўжо нiхто не падтрымлiвае. Яна надта спакуслiвая, але ўяўленне, што з дапамогай такiх велiзарных вывяржэнняў, дзе кожная часцiнка падпарадкавана значна больш складаным формулам матэматычнага аналiзу, жывы Акiян цiкавiцца пытаннямi матэрыi, быцця, космасу, праiснавала не вельмi доўга. Вельмi шмат з’яў, што адбываюцца ў сiметрыядзе, супярэчаць гэткай простай (i нават па-дзiцячы наiўнай, як гавораць некаторыя) iнтэрпрэтацыi.

Былi спробы знайсцi якую-небудзь зразумелую наглядную аналогiю; даволi папулярнае тлумачэнне Аверыяна, якi прапанаваў такое параўнанне: уявiм сабе старажытнае зямное збудаванне эпохi росквiту Вавiлона, якое ўзведзена з жывога рэчыва, што мае здольнасць узбуджацца i развiвацца; архiтэктонiка яго пачаргова праходзiць шэраг фаз, проста на вачах прымаючы формы грэцкай i раманскай архiтэктуры, затым калоны становяцца тонкiмi, як травiнка, скляпенне — бязважкiм, яно iмкнецца ўгору, аркi ператвараюцца ў крутыя парабалы, затым завастраюцца, як у готыцы. Готыка дасягае дасканаласцi, затым старэе, яе строгасць змяняецца оргiяй пышных формаў, на нашых вачах квiтнее мудрагелiстае барока. Паступова, пераходзячы разам з нашым жывым збудаваннем ад аднаго стылю да другога, мы прыйдзем да архiтэктуры касмiчнай эпохi. Уявiўшы ўсё гэта, мы хоць крыху наблiзiмся да разумення таго, што такое сiметрыяда.

Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалi i развiвалi, нават спрабавалi праiлюстраваць спецыяльнымi мадэлямi i фiльмамi, у лепшым выпадку доказ нашай бездапаможнасцi, у горшым — спроба ўхiлiцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сiметрыяда не падобная нi на што зямное…

Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмi шмат; мы бачым толькi тое, што адбываецца перад намi, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявiць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзiн аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з’яў. Гiсторыя аднаго чалавека можа мець вельмi вялiкае значэнне, гiсторыю некалькiх сотняў цяжка прасачыць, а гiсторыя тысячы або мiльёна не азначае па сутнасцi нiчога. Сiметрыяда — мiльён, не, нават мiльярд, узведзены ў ступень бясконцасцi, сiметрыяда — сама неймавернасць. Мы стаiм у адным з яе завулкаў удзесяцяронай прасторы Кронекера, — быццам мурашы, якiя замерлi на жывым скляпеннi, перад намi — плоскасцi, што iмкнуцца ўгору i цьмяна мiльгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назiраем iхняе ўзаемапранiкненне, плаўнасць i бездакорную дасканаласць, i ўсё гэта — толькi момант, бо галоўнае тут — рух, засяроджаны i мэтанакiраваны. Мы бачым толькi асобнае трымценне адной струны ў сiмфанiчным аркестры звышгiгантаў i ведаем — але толькi ведаем, а не разумеем, — што адначасова над намi i пад намi, у спiчастых нетрах, за межамi зроку i ўяўлення адбываюцца тысячы i мiльёны пераўтварэнняў, звязаных мiж сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сiметрыяду геаметрычнай сiмфонiяй, але ў такiм разе нас варта назваць яе глухiмi слухачамi.

Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысцiся, адступiцца на неверагодную далеч, але ж у сiметрыядзе ўсё — нутро, размнажэнне, лавiны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца i само фармуе. Нiякая мiмоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат мiль i на сотнi ярусаў частка сiметрыяды на змяненнi, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаiм. Кожная канструкцыя, якая iснуе толькi адно iмгненне, сама мадэлюе ўсе iншыя i дырыжыруе iмi, а яны ў сваю чаргу ўздзейнiчаюць на яе. Так, гэта сiмфонiя, але такая, якая сама сябе стварае i сама сябе заглушае.

Фiнал сiметрыяды страшны. Калi назiраеш за iм, здаецца, што з’яўляешся сведкам трагедыi, а мо нават забойства. Праз дзве-тры гадзiны — столькi доўжыцца працэс разрастання, павелiчэння, самастварэння — жывы Акiян пераходзiць у атаку: гладкая паверхня моршчыцца, супакоены, пакрыты засохлай пенай прыбой закiпае; ад самага гарызонту iмчыць мноства канцэнтрычных хваляў, гэткiх жа мускулiстых кратэраў, як i тыя, што суправаджаюць нараджэнне мiмоiда, але на гэты раз яны неверагодна большыя. Падводная частка сiметрыяды выцясняецца, калос паволi ўздымаецца ўгору, нiбыта выцiскаецца за межы планеты, верхнiя слаi Акiяна актывiзуюцца, залазяць усё вышэй на бакавыя сцены, застываюць на iх, замуроўваюць адтулiны, але гэта не iдзе нi ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў глыбiнi сiметрыяды. Спачатку формаўтваральныя працэсы — самастварэнне i самапераўтварэнне архiтэктонiкi на кароткi час замаруджваюцца, а пасля шалёна паскараюцца. Рухi, якiя да гэтага былi плаўныя, мерныя, такiя ўпэўненыя, нiбыта яны мусiлi доўжыцца стагоддзямi, набываюць стрымгаловую хуткасць. Узнiкае прыгнечанасць ад таго, што быццам бы перад пагрозай небяспекi калос iмкнецца нешта паспець. Але чым хутчэй адбываюцца змены, тым больш вiдавочным становiцца страшнае, агiднае перараджэнне самога матэрыялу i яго дынамiкi. Спiчастыя скрыжаваннi дзiўна гнуткiх плоскасцей правiсаюць, становяцца мяккiмi, вялымi; з’яўляюцца няскончаныя, пачварныя, скалечаныя формы; з нябачнай глыбiнi чуваць штораз мацнейшы шум, гул, у перадсмяротных пакутах паветра нараджае ў велiзарных горлах, пралётах i скляпеннях, пакрытых слiззю, неверагодны стогн i храпенне; адчуваецца, як усё навокал памiрае, i гэта насуперак iмклiваму руху. Гэты рух — знiшчальны. I вось ужо толькi вiхор, якi скавыча ў бяздонных калодзежах, падтрымлiвае, раздзьмухвае велiзарнае збудаванне; яно пачынае спаўзаць, раставаць, нiбыта ахопленыя полымем соты; дзе-нiдзе яшчэ бачны апошнiя сутаргi, бездапаможнае трымценне; затым велiкан, якi няспынна атакуецца звонку i падмываецца хвалямi, паволi куляецца i знiкае ў гэткiм жа вiры з пены, у якiм ён нарадзiўся.

I што ўсё гэта азначае? Так, што гэта азначае?..

Памятаю, як адна школьная экскурсiя наведала Iнстытут салярыстыкi ў Адэне. Я быў тады асiстэнтам Гiбарыяна. Праз бакавую залу бiблiятэкi школьнiкаў правялi ў галоўнае памяшканне, якое ў асноўным з’яўлялася сховiшчам мiкрафiльмаў. На плёнках былi зняты нязначныя фрагменты нутра сiметрыяд, якiя, вядома, ужо даўно не iснавалi. Усяго ж там — не асобных кадраў, а цэлых шпуляў з плёнкай — больш за дзевяноста тысяч. I вось тады таўсматая дзяўчынка гадоў пятнаццацi, рашуча i запытальна пазiраючы праз акуляры, спыталася:

— А навошта ўсё гэта?..

У няёмкiм маўчаннi, якое наступiла адразу ж, настаўнiца сурова зiрнула на свавольную вучанiцу, а мы, салярысты-экскурсаводы (я таксама быў там), не маглi адказаць. Сiметрыяды ж непаўторныя, i, як правiла, не паўтараюцца працэсы, што ў iх адбываюцца. Часам паветра перастае праводзiць у iх гук, часам павялiчваецца або змяншаецца каэфiцыент праламлення. У асобных месцах рытмiчна пульсуе прыцягненне, нiбыта ў сiметрыяды пачынае бiцца гравiтацыйнае сэрца. Часам нашыя гiракомпасы проста вар’яцеюць; дзе-нiдзе з’яўляецца i знiкае павышаная iанiзацыя. Гэта можна доўжыць бясконца. Зрэшты, нават калi загадка сiметрыяд будзе адгадана, застануцца яшчэ асiметрыяды…

Яны ўзнiкаюць такiм жа чынам, але фiнал у iх — iншы. У iх нельга нiчога адрознiць: у iх усё трасецца, палае, мiльгае. Мы ведаем толькi адно: асiметрыяды — гэта ачагi працэсаў, хуткасць якiх мяжуе з фiзiчна магчымымi велiчынямi; часам асiметрыяды называюць «велiзарнымi квантавымi з’явамi». Матэматычнае падабенства асiметрыяд з мадэлямi пэўных атамаў такое часовае i мiмалётнае, што некаторыя лiчаць яго другараднай або нават выпадковай прыкметай. Асiметрыяды жывуць значна менш, чым сiметрыяды, — не больш за дваццаць хвiлiн, а iхняя пагiбель яшчэ больш страшная: адразу за вiхурай, якая з аглушальнымi грымотамi запаўняе i ўзрывае iх, на месцы асiметрыяд з неверагоднай хуткасцю ўздымаецца бурлiвая гiдкая вадкасць. Яна разлiваецца пад бруднай пенай i залiвае ўсё, а пасля адбываецца выбух, якi нагадвае вывяржэнне вулкана гразi: ён выкiдвае слуп пашкуматаных рэшткаў, якiя доўга яшчэ падаюць на неспакойную паверхню Акiяна. Вецер ганяе гэтыя шматкi, высахлыя, жаўтлявыя, пляскатыя, яны нагадваюць закасцянелыя перапонкi або празрыстыя храсткi. Пазней iх можна знайсцi на хвалях за дзесяткi кiламетраў ад месца выбуху.

Асобную групу складаюць утварэннi, якiя цалкам аддзяляюцца ад жывога Акiяна на больш-менш працяглы час. Яны сустракаюцца значна радзей, i iх значна цяжэй заўважыць. Калi ўпершыню былi знойдзены iх рэшткi, вучоныя палiчылi, як стала вядома пазней, цалкам памылкова, што гэта рэшткi насельнiкаў акiянскiх глыбiнь. Часам здаецца: утварэннi спрабуюць уратавацца ўцёкамi ад пагонi «мiгценнiкаў», нiбы дзiўныя шматкрылыя птушкi. Але гэтае зямное параўнанне нiчога не вытлумачвае. Часам — вельмi рэдка — на скалiстых берагах астравоў можна заўважыць дзiўныя сiлуэты, якiя нагадваюць альбо цюленяў, альбо пiнгвiнаў. Яны статкам грэюцца на сонцы або лянiва спаўзаюць у мора, каб злiцца з iм у адно цэлае.

Даследнiкi ўсё нiяк не маглi вырвацца з зачараванага кола зямных, чалавечых паняццяў, а першы кантакт…

Экспедыцыi пераадолелi сотнi кiламетраў у глыбiнi сiметрыяд, расставiлi сотнi прыбораў-рэгiстратараў, аўтаматычныя кiнакамеры; тэлеперадатчыкi штучных спадарожнiкаў фiксавалi з’яўленне мiмоiдаў i «даўгуноў», iх выспяванне i адмiранне. Папаўнялiся бiблiятэкi, раслi архiвы. За гэта неаднойчы даводзiлася вельмi дорага плацiць. Семсот васемнаццаць чалавек загiнулi ў катаклiзмах, бо не паспелi выбрацца з прыгавораных да гiбелi гiгантаў, сто шэсць з iх — толькi ў адной катастрофе, — у ёй загiнуў i сам Гiзэ, якому было ўжо семдзесят гадоў. Пагiбель, звычайна ўласцiвая асiметрыядам, здарылася з утварэннем, якое ўяўляла надзвычай выразную сiметрыяду. Велiзарны фантан гразi за лiчаныя секунды знiшчыў семдзесят дзевяць чалавек у бранiраваных скафандрах, машыны i прыборы, ён збiў сваiмi струменямi i дваццаць сем пiлотаў, якiя знаходзiлiся ў лятаючых апаратах над месцам вывучэння. Гэтае месца — на скрыжаваннi сорак другой паралелi з восемдзесят дзевятым мерыдыянам — адзначана на мапах як «Вывяржэнне ста шасцi». Але толькi на мапах — на паверхнi Акiяна не засталося нiякага следу.

Тады ўпершыню за ўсю гiсторыю салярыстыкi прагучалi галасы, якiя патрабавалi нанесцi тэрмаядзерны ўдар. Па сутнасцi, гэта больш жорстка, чым любая помста: хацелi знiшчыць тое, што не маглi зразумець. Цанкен, намеснiк начальнiка рэзервовай групы Гiзэ (у вынiку памылкi аўтамата-перадатчыка, якi недакладна вызначыў каардынаты месца даследавання, Цанкен застаўся жывы, бо заблудзiўся над Акiянам i з’явiўся на месца лiтаральна праз некалькi хвiлiн пасля выбуху, — калi падлятаў, ён яшчэ ўбачыў чорны грыб), калi абмяркоўвалася пытанне, прыстрашыў, што ўзарве Станцыю разам з сабой i iншымi васемнаццаццю асобамi, якiя заставалiся там. Хоць у афiцыйных крынiцах нiчога не гаворыцца, што гэты ўльтыматум меў уплыў на вынiкi галасавання, аднак, верагодна, было менавiта так.

Але часiны такiх буйных экспедыцый на планету даўно мiнулiся. Саму Станцыю стваралi, назiраючы за яе будаўнiцтвам са спадарожнiкаў. Зямля магла б ганарыцца маштабамi iнжынернага збудавання, калi б Акiян за некалькi секунд не нараджаў канструкцыi, якiя па велiчынi перабольшвалi Станцыю ў мiльёны разоў. Станцыя ўяўляе дыск дыяметрам дзвесце метраў, чатырох’ярусны ў цэнтры i двух’ярусны па краях. Яна вiсiць на вышынi ад пяцiсот да тысячы пяцiсот метраў над Акiянам дзякуючы гравiтатарам, якiя працуюць на энергii анiгiляцыi, i забяспечана, акрамя абсталявання, якое звычайна бывае на Станцыях i вялiкiх Сатэлоiдах, спецыяльнымi радарнымi ўстаноўкамi, што пры першых жа змяненнях акiянскай паверхнi могуць уключыць дадатковыя магутнасцi, i, як толькi з’яўляюцца вешчуны нараджэння новага жываўтварэння, стальны дыск накiроўваецца ў стратасферу.

Цяпер Станцыя амаль што бязлюдная. З той пары, як робаты па невядомай мне прычыне апынулiся пад замком у нiжнiх трумах, можна было доўга хадзiць па пустых калiдорах, як на дрэйфуючым караблi, абсталяванне якога перажыло яго экiпаж.

Калi я паставiў дзевяты том манаграфii Гiзэ на палiцу, мне здалося, што сталь, пакрытая тоўстым слоем порыстага пенапласту, затрымцела пад нагамi. Я насцярожыўся, але вiбрацыя не паўтарылася. Бiблiятэка была добра iзалявана ад усяго корпуса, i вiбрацыя магла ўзнiкнуць толькi з аднае прычыны — са Станцыi стартавала ракета. Гэтая думка працверазiла мяне. Я яшчэ не ведаў, цi палячу, як хацеў гэтага Сарторыус. Калi б я паводзiў сябе так, быццам падзяляю яго планы цалкам, мог бы ў лепшым выпадку адтэрмiнаваць сутыкненне; я быў амаль перакананы, што справа дойдзе да сутычкi, бо вырашыў зрабiць усё, на што я здатны, каб уратаваць Хэры. Сама галоўнае, цi мае Сарторыус шанцы на поспех. У яго была вялiкая перавага — як фiзiк ён ведаў гэтую праблему значна лепш, чым я; я мог разлiчваць, як гэта нi дзiўна, толькi на бездакорнасць рашэнняў, якiя дарыў нам Акiян.

Пасля я цэлую гадзiну прасядзеў над мiкрафiльмамi, спрабуючы вылавiць нешта разумнае з мора праклятай матэматыкi, на мове якой гаварыла фiзiка нейтрынных працэсаў. Напачатку мне здавалася гэта марнай справай, тым больш што неверагодна цяжкiх тэорый нейтрыннага поля было пяць — яскравы доказ iх недасканаласцi. У рэшце рэшт мне ўдалося знайсцi што-кольвечы пэўнае. Я выпiсваў формулы, калi ў дзверы пастукалi.

Я хуценька падышоў да дзвярэй i адчынiў iх, загароджваючы сваiм целам уваход. З’явiўся блiскучы ад поту твар Снаўта. Больш нiкога ў калiдоры не было.

— А, гэта ты, — сказаў я i шырока адчынiў дзверы. — Заходзь.

— Ага, гэта я, — адказаў Снаўт.

Голас у яго быў хрыплы, вочы пачырванелi, пад iмi з’явiлiся мяшкi. Снаўт быў у блiскучым гумавым антырадыяцыйным фартуху на эластычных шлейках; з-пад фартуха былi вiдаць брудныя калошы штаноў, у якiх ён заўсёды хадзiў. Яго позiрк прабег па круглай, залiтай святлом зале i спынiўся, калi заўважыў Хэры, якая стаяла ля крэсла. Мы iмгненна абмянялiся позiркамi; я апусцiў павекi; тады Снаўт адбiў паклон, а я прыязным голасам прамовiў:

— Гэта доктар Снаўт, Хэры. Снаўт, гэта… мая жонка.

— Я… сябра экiпажа… мяне цяжка сустрэць, i таму… — паўза небяспечна зацягвалася, — я не меў мажлiвасцi пазнаёмiцца…

Хэры ўсмiхнулася i працягнула яму руку, ён пацiснуў яе, як мне падалося, крыху знiякавелы, памiргаў i ўперыўся позiркам у Хэры. Я паклаў руку яму на плячо.

— Выбачайце, — сказаў Снаўт, звяртаючыся да Хэры. — Я хацеў бы пагаварыць з табой, Кельвiн…

— Калi ласка, — адказаў я са свецкай нязмушанасцю; усё гэта нагадвала мне фарс, але нiчога не зробiш. — Хэры, дарагая, мы табе не будзем замiнаць? Нам з доктарам трэба абмеркаваць нашы сумныя справы.

Я за локаць падвёў Снаўта да маленькiх крэслаў на супрацьлеглым баку залы. Хэры ўселася ў крэсла, на якiм толькi што сядзеў я, яна падсунула яго так, што калi адкрывала галаву ад кнiгi, то магла бачыць нас.

— Як справы? — цiха спытаўся я.

— Я развёўся, — адказаў ён шэптам з прысвiстам.

Калi б мне некалi расказалi гэтую гiсторыю, перадалi такi пачатак гаворкi, я рассмяяўся б, але на Станцыi маё адчуванне гумару атрафiравалася.

— Кельвiн, з учарашняга дня я пражыў некалькi гадоў. Ды якiх гадоў! А ты?

— Я… нiчога… — прамовiў я праз хвiлiну, не ведаючы, што казаць далей.

Я добра адносiўся да Снаўта, але адчуваў, што зараз мне трэба асцерагацца яго, дакладней, таго, што ён збiраецца мне паведамiць.

— Нiчога? — перапытаў Снаўт такiм самым тонам, як i я. — Ага, нават так?..

— Што ты маеш на ўвазе?

Я зрабiў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы i нахiлiўся да мяне так блiзка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:

— Мы загразлi, Кельвiн. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькi тое, што напiсаў табе i што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыi…

— Ён выключыў вiдэафон? — спытаўся я.

— Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабiў яго знарок, альбо… Снаўт махнуў кулаком, нiбыта нешта разбiваў.

Я моўчкi пазiраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывiўся ў непрыемнай усмешцы.

— Кельвiн, я прыйшоў таму… — Ён не дагаварыў. — Што ты хочаш рабiць?

— Ты маеш на ўвазе тое пiсьмо? — паволi прамовiў я. — Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я i сяджу тут, хачу разабрацца…

— Не, — перапынiў ён, — я не пра тое…

— А пра што? — спытаўся я з наўмысным здзiўленнем. — Я слухаю.

— Сарторыус, — прамармытаў ён, — яму здаецца, што ён знайшоў шлях… ведаеш…

Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.

— Перш за ўсё тая гiсторыя з рэнтгенам. Тое, што рабiў з iм Гiбарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфiкацыя…

— Якая?

— У Акiян пасылалi проста пучок прамянёў i мадулявалi толькi iх магутнасць згодна з пэўнымi формуламi.

— Так, я ведаю пра гэта. Нiлiн ужо рабiў так. I многiя iншыя.

— Так, але яны скарыстоўвалi мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацiлi Акiян як маглi, усёй магутнасцю.

— Могуць быць непрыемнасцi, — зазначыў я. — Парушэнне Канвенцыi Чатырох i ААН.

— Кельвiн… Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гiбарыян жа мёртвы.

— Ага, Сарторыус хоча ўсё звалiць на яго?

— Не ведаю. Я з iм пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз «госцi» з’яўляюцца тады, калi мы прачынаемся, значыць, Акiян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасцi пад час сну. Акiян лiчыць, што сама важны наш стан — сон, i таму паступае iменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкi, думкi наяве — разумееш?

— Якiм чынам? Па пошце?

— Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца бiятокамi мозга аднаго з нас.

Нарэшце я сёе-тое зразумеў.

— Ага, — сказаў я, — адзiн з нас — гэта я! Так?

— Так. Ён думаў пра цябе.

— Шчыра дзякую.

— Што ты пра гэта скажаш?

Я нiчога не адказаў. Снаўт моўчкi паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.

— Ну як?.. — спытаўся Снаўт.

Я пацiснуў плячыма.

— Гэтыя рэнтгенаўскiя байкi пра дасканаласць чалавека я лiчу глупствам. I ты таксама. Хiба не так?

— Так.

— Вельмi добра, — прамовiў Снаўт i ўсмiхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяваннi. — Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?

Я яшчэ не ўсвядомiў, якiм чынам, але ён дамогся свайго — я прачытаў гэта ў яго позiрку. Што я мог яшчэ сказаць?

— Цудоўна, — прамовiў Снаўт. — Ёсць i iншы праект. Перарабiць апарат Роша.

— Анiгiлятар?..

— Ага. Папярэднiя разлiкi ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. I нават не спатрэбiцца вялiкая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткi, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.

— Па… пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?

— Вельмi проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знiшчаюцца толькi… нейтрынныя сiстэмы. Разумееш?

Снаўт задаволена ўсмiхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усмiхацца, дапытлiва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб i чакаў.

— Першы праект — «Думка» — адкiдваем. А другi? Сарторыус ужо займаецца iм. Назавём праект «Свабода».

На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт — не фiзiк. Сарторыус выключыў або разбiў вiдэафон. Цудоўна!

— Я назваў бы праект «Бойня»… — паволi прамовiў я.

— Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх «гасцей», нiякiх утварэнняў Ф — нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.

— Гэта непаразуменне, — усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. — Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.

— Што?..

Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.

— Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф — ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.

— Пра што ты гаворыш! Але… але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць…

— Неабавязкова, — запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. — Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу… — Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. — Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.

— Дай мне твае запiсы, Кельвiн.

Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.

— Што гэта? — паказаў ён пальцам.

Я ўзяў у яго лiсток.

— Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.

— Дай мне лiсток…

— Навошта? — спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.

— Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.

— Як хочаш, — абыякава адказаў я. — Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго — не. Я не буду нават iмкнуцца.

— Што ты хочаш зрабiць?.. Ён працуе над гэтым, — абыякава паведамiў Снаўт.

Ён згорбiўся, увесь яго спрыт знiк. Я не ведаў, цi давярае ён мне, але мне было ўсё адно.

— Тое, што робiць чалавек, калi яго хочуць забiць, — цiха адказаў я.

— Я паспрабую звязацца з iм. Мо ён думае пра нейкiя меры бяспекi, прамармытаў Снаўт. Ён зiрнуў на мяне. — Паслухай, а калi ўсё-такi?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзiцца. Безумоўна. Ва ўсякiм разе… ва ўсякiм разе… нейкая магчымасць.

— Ты верыш?

— Не… Але… гэта не зашкодзiць…

Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становiцца на мой бок. Цяпер мы маглi разам зацягваць справу.

— Трэба падумаць, — сказаў я.

— Я пайду, — мармытнуў Снаўт i ўстаў.

Калi ён уставаў з крэсла, у яго хруснулi суставы.

— Дык ты дазволiш зняць з цябе энцэфалаграму? — спытаўся Снаўт, выцiраючы пальцамi фартух, нiбы спрабаваў сцерцi нябачную пляму.

— Добра, — згадзiўся я.

Не звяртаючы ўвагi на Хэры (яна назiрала за гэтай сцэнай моўчкi, трымаючы кнiгу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калi яны зачынiлiся, я ўстаў, разгладзiў лiсток, якi трымаў у руках. Не ведаю, цi прызнаў бы Сiёна мае вывады дакладнымi. Вiдаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду i дакранулася да пляча:

— Крыс!

— Што, каханая?

— Хто гэта быў?

— Я табе казаў. Доктар Снаўт.

— Што ён за чалавек?

— Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?

— Ён так пазiраў на мяне…

— Вiдаць, ты яму спадабалася.

— Не, — пакруцiла яна галавой. — Ён пазiраў на мяне iнакш. Так… нiбыта…

Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы i адразу ж iх апусцiла.

— Пайшлi адсюль куды-небудзь…

Загрузка...