КАНФЕРЭНЦЫЯ

Я ляжаў на спiне, галава Хэры супакоiлася на маiм плячы, я быў не ў стане пра што-небудзь думаць. Цемра ў пакоi ажывала. Я чуў крокi. Сцены знiклi. Нада мной нешта ўзвышалася, губляючы свае абрысы. Нешта пранiзвала мяне навылёт, абдымала, без дотыку; цемра, празрыстая, невыносная, душыла мяне. Недзе вельмi далёка бiлася маё сэрца. Я сканцэнтраваў усю ўвагу, сабраў апошнiя сiлы ў чаканнi агонii. Яна не наступала. Сам я станавiўся ўсё меншым i меншым, а нябачнае неба, нябачны гарызонт — уся прастора, пазбаўленая формы, хмар, зорак, адступалася i разрасталася, зацягвала мяне ў свой цэнтр. Я стараўся закапацца ў ложак, але пада мной нiчога не было. Змрок нiяк не ратаваў мяне. Сцiснуўшы рукi, я закрыў iмi твар, але i твару ў мяне не было. Пальцы прайшлi наскрозь, хацелася закрычаць, заскавытаць…

Шэра-блакiтны пакой. Рэчы, палiцы, куткi — усё матавае, усё пазначанае толькi контурамi, пазбаўлена ўласных фарбаў. А за iлюмiнатарам — яркая перламутравая бель i цiша. Я залiваўся потам, зiрнуўшы ўбок, заўважыў, што Хэры пазiрае на мяне.

— У цябе не анямела плячо?

— Што?

Хэры ўзняла галаву. Яе вочы былi аднаго колеру з пакоем — шэрыя, святлiстыя, у атачэннi чорных вейкаў. Я адчуў цяпло яе шэпту раней, чым зразумеў сэнс.

— Не. Ага, так, анямела.

Я паклаў руку на яе плячо i здрыгануўся ад дотыку. Затым прыхiнуў яе да сябе.

— Ты саснiў нешта страшнае?

— Саснiў? Так, саснiў. А ты не спала?

— Не ведаю. Здаецца, не спала. Мне не хочацца спаць. А ты спi. Чаго ты так пазiраеш?

Заплюшчыўшы вочы, я адчуваў, як мерна, спакойна стукае яе сэрца там, дзе гучна стукае маё. Бутафорыя, падумаў я. Але я ўжо наогул перастаў здзiўляцца. Мяне не дзiвiла нават мая абыякавасць. Страх i адчай мiнулiся. Я быў ад iх далёка, о, так далёка, як нiхто на свеце. Я губамi дакрануўся да яе шыi, пасля нiжэй, да маленькай, гладкай, як сценкi ракавiны, упадзiны памiж сцёгнамi. I тут таксама чуўся пульс.

Я абапёрся на локцi. Цiхi свiтанак змянiўся рэзкiм блакiтным ззяннем, гарызонт палаў, першы прамень стралой пранiзаў пакой, усё заблiшчала, прамень вясёлкай рассыпаўся ў люстэрку, на клямках, на нiкеляваных трубках; здавалася, што на сваiм шляху святло стукаецца ў кожную плоскасць, iмкнецца вызвалiцца, разбурыць цеснае памяшканне. Было балюча глядзець. Я адвярнуўся. Зрэнкi ў Хэры звузiлiся. Яна падняла на мяне шэрыя вочы.

— Гэта надыходзiць дзень? — цiха спыталася яна.

Усё было нiбыта i наяве, нiбыта i ў сне.

— Тут заўсёды так, каханая.

— А мы?

— Што мы?

— Мы доўга будзем тут?

Мне стала смешна. Але невыразны гук, якi вырваўся з маiх грудзей, быў мала падобны на смех.

— Я думаю, даволi доўга. Ты не хочаш?

Яна, не мiргаючы, уважлiва пазiрала на мяне. А цi мiргае яна ўвогуле? Я не ведаў. Хэры пацягнула коўдру, i на яе руцэ заружавелася маленькая трохкутная плямка.

— Чаго ты так пазiраеш?

— Ты прыгожая.

Хэры ўсмiхнулася. Але гэта была толькi ветлiвасць, адказ на мой камплiмент.

— Праўда? А ты глядзiш так, нiбыта… нiбыта…

— Што?

— Нiбыта нешта шукаеш.

— Ну ты i выдумала.

— Не, ты не шукаеш, а думаеш, што са мной нешта адбылося або я табе ў нечым не прызналася.

— Што ты, Хэры!

— Калi ты апраўдваешся, значыць, гэта праўда. Як хочаш!

За палаючымi шыбамi нараджалася мёртвая блакiтная гарачыня. Засланяючы вочы рукой, я пашукаў акуляры. Яны ляжалi на стале. Стаўшы на каленi, я начапiў акуляры i ўбачыў у люстэрку адлюстраванне Хэры. Яна чакала. Калi я зноў сеў побач, Хэры ўсмiхнулася:

— А мне?

Я не адразу зразумеў.

— Акуляры?

Я падняўся i пачаў шукаць у шуфлядах, на столiку ля акна. Знайшоў двое акуляраў, яны былi надта вялiкiя, i падаў Хэры. Яна прымерала адны, пасля другiя. Акуляры звальвалiся ёй на нос.

З працяглым скрыгатаннем папаўзлi засланкi, закрываючы iлюмiнатары. Праз хвiлiну на Станцыi, якая, як чарапаха, схавалася ў свой панцыр, наступiла ноч. Вобмацкам я зняў з Хэры акуляры i разам са сваiмi паклаў пад ложак.

— Што мы будзем рабiць? — спыталася Хэры.

— Тое, што робяць ноччу: спаць.

— Крыс!

— Што?

— Мо зрабiць табе новы кампрэс?

— Не, не трэба. Не трэба… каханая.

Гаворачы так, я i сам не разумеў, прытвараюся я цi не. У цемры я абняў яе худыя плечы, адчуваючы iх трымценне, i раптам паверыў, што гэта Хэры. Зрэшты, не ведаю. Раптам мне падалося — падманваю я, а не яна. Хэры такая, як ёсць.

Пасля я некалькi разоў засынаў, уздрыгваючы, прачынаўся, шалёна грукала сэрца, якое паступова супакойвалася. Смяротна стомлены, я прыцiскаў да сябе Хэры. А яна надзвычай асцярожна датыкалася да майго твару, мацала лоб, правяраючы, цi няма ў мяне гарачкi. Гэта была Хэры. I iншай, больш рэальнай, не магло быць.

Ад гэтай думкi ў мяне нешта змянiлася, я супакоiўся i амаль адразу заснуў.

Мяне разбудзiў далiкатны дотык. Мой лоб адчуў прыемны халадок. Твар быў накрыты нечым вiльготным i мяккiм, затым гэтае мяккае паволi паднялося, i я ўбачыў схiленую Хэры. Абедзвюма рукамi яна выцiскала над мiсачкай з парцэляны марлю. Побач стаяў флакон з вадкасцю ад апёкаў. Хэры ўсмiхнулася.

— Ну ты i спiш, — прамовiла яна, зноў кладучы марлю. — Табе балiць?

— Не.

Я зморшчыў лоб. Сапраўды, апёк не адчуваўся. Хэры сядзела на краi ложка, захiнутая ў мужчынскi купальны халат, белы з ружовымi палосамi; яе чорныя валасы рассыпалiся па каўняры. Яна высока, аж да локцяў, закасала рукавы, каб яны не замiналi. Мне страшна хацелася есцi, бадай што дваццаць гадзiн я нiчога не еў. Калi Хэры зняла з майго твару кампрэс, я ўстаў i ўбачыў дзве сукенкi, якiя ляжалi побач i былi цалкам аднолькавыя — белыя з чырвонымi гузiкамi, адна, якую я дапамог ёй зняць, разрэзаўшы, i другая, у якой яна прыйшла ўчора. На гэты раз яна сама распарола нажнiцамi швы, сказаўшы, што зашпiлька, вiдаць, зламалася.

Гэтыя аднолькавыя сукенкi былi сама страшным з усяго, што я перажыў дасюль. Хэры капалася ў шкапчыку з лекамi, наводзiла там парадак. Я непрыкметна адвярнуўся i да крывi ўкусiў сваю руку. Не зводзячы вачэй з сукенак, дакладней, з аднае, паўторанай двойчы, я пачаў адсоўвацца да дзвярэй. Вада па-ранейшаму шумна лiлася з крана. Я адчынiў дзверы, цiхенька выслiзнуў на калiдор i асцярожна зачынiў iх. Я чуў прыглушанае бульканне вады i звон шкла. Нечакана ўсё сцiхла. Калiдор асвятляўся даўгаватымi лямпамi на столi, невыразная пляма адлюстраванага святла ляжала на дзвярах, ля якiх я чакаў, сцiснуўшы зубы. Я схапiўся за клямку, хоць не меў надзеi ўтрымаць яе. Рэзкi рывок ледзь не вырваў клямку з маiх рук, але дзверы не адчынiлiся, а толькi закалацiлiся, пачуўся аглушальны трэск. Здзiўлены, я выпусцiў клямку i адсунуўся — з дзвярыма адбывалася нешта неверагоднае: iх гладкая пластыкавая плiта выгiналася, нiбыта з майго боку яе пхалi ўнутр пакоя. Эмаль адлушчвалася маленькiмi кавалачкамi, вызваляючы стальны вушак, якi напружваўся ўсё мацней. Я зразумеў: Хэры цягне дзверы да сябе, а яны ж адчыняюцца ў калiдор. Святло адлюстравалася на белай плоскасцi, як ва ўвагнутым люстэрку; пачуўся моцны трэск, i плiта, выгнуўшыся, трэснула. Адначасова клямка, вырваная з гнязда, уляцела ў пакой. У праломе паказалiся акрываўленыя рукi, пакiдаючы чырвоныя сляды на лакiраванай паверхнi дзвярэй, яны цягнулiся да мяне — дзверы разламалiся на дзве палавiны i трымалiся толькi на завесах; бела-ружовы прывiд з мёртва-бледным тварам кiнуўся мне на грудзi, заходзячыся ад слёз.

Каб не гэты выгляд, якi паралiзаваў мяне, я ўцёк бы. Хэры канвульсiўна хапала паветра, бiлася галавой аб маё плячо, яе валасы растрапалiся. Абняўшы Хэры, я адчуў, што яе цела абмякла ў маiх руках. Я працiснуўся праз разбiтыя дзверы i занёс яе ў пакой, паклаў на ложак. Пазногцi ў Хэры былi паламаныя i скрываўленыя, скура на далонях здзёртая. Я паглядзеў на яе твар, расплюшчаныя вочы пазiралi на мяне праз мяне.

— Хэры!

Яна штосьцi прамармытала.

Я паднёс палец да яе вачэй. Века заплюшчылася. Я пайшоў да шкапчыка з лекамi. Ложак зарыпеў. Я павярнуўся. Хэры сядзела прама, са страхам пазiраючы на свае скрываўленыя рукi.

— Крыс, — прастагнала яна, — я… я… што са мной сталася?

— Ты паранiлася, калi выдзiрала дзверы, — суха адказаў я.

Губы не слухалiся мяне, нiжнюю калола як iголкамi. Я прыкусiў яе зубамi.

Нейкi час Хэры разглядвала шчарбатыя кавалкi пластыку, якiя звiсалi з вушакоў, пасля перавяла позiрк на мяне. Яе падбародак затрымцеў, я заўважыў, з якiм намаганнем яна стараецца перамагчы страх.

Я парэзаў марлю на кавалкi, дастаў са шкапчыка лякарства i падышоў да ложка. Усё выпала з маiх рук, шкляная бутэлечка з калодыем разбiлася, але я нават не нагнуўся. Яна была ўжо непатрэбная.

Я падняў руку Хэры. Вакол пазногцяў запяклася кроў, але раны знiклi, далонь зацягнулася маладой, ружовай скуркай, парэзы гаiлiся проста на вачах.

Я сеў, пагладзiў Хэры па твары i паспрабаваў усмiхнуцца ёй, але не магу сказаць, што мне гэта ўдалося.

— Хэры, нашто ты гэта зрабiла?

— Не. Гэта… я?

Яна вачыма паказала на дзверы.

— Так, ты. Хiба не памятаеш?

— Не. Я заўважыла, што цябе няма, спалохалася i…

— I што?

— Пачала шукаць цябе, падумала, што ты, мажлiва, у душавой…

Толькi зараз я ўбачыў, што шафа, якая зачыняла ўваход у душавую, адсунута.

— А пасля?

— Я пабегла да дзвярэй.

— I што?

— Не помню. Штосьцi адбылося?

— Што?

— Не ведаю.

— А што ты помнiш? Што было пасля?

— Я сядзела тут, на ложку.

— Хiба ты не помнiш, як я перанёс цябе сюды?

Хэры вагалася. Куточкi яе вуснаў апусцiлiся, твар стаў напружаным.

— Здаецца… Магчыма. Сама не ведаю.

Яна ўстала, падышла да разламаных дзвярэй.

— Крыс!

Я абняў яе за плечы. Хэры дрыжала. Раптам яна павярнулася, шукаючы мой позiрк.

— Крыс, — шаптала яна, — Крыс.

— Супакойся,

— Крыс, няўжо, Крыс, няўжо ў мяне эпiлепсiя?

Эпiлепсiя, о Божухна! Мне стала смешна.

— Не, каханая. Проста дзверы тут такiя, што… так, тут гэткiя дзверы…

Мы выйшлi з пакоя, засланкi iлюмiнатара з працяглым вiскам паднялiся, i паказаўся сонечны дыск, якi апускаўся ў Акiян.

Я накiраваўся на невялiкую кухню, што знаходзiлася ў другiм канцы калiдора. Мы гаспадарылi разам з Хэры, вялi пошукi ў шкапчыках i халадзiльнiку. Хутка я зразумеў, што Хэры не надта ўмее кухарыць, а здольная толькi адчыняць кансервы, гэта ўмеў i я. Я праглынуў змесцiва дзвюх такiх бляшанак i выпiў некалькi фiлiжанак кавы. Хэры таксама ела, але ела, як часам ядуць дзецi, якiя не хочуць рабiць прыкрасцi дарослым, — нават не з прымусам, а механiчна i абыякава.

Пасля мы пайшлi ў невялiкi аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякi-такi план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякi выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла i дастаў са стэрылiзатара шпрыц i iголкi. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзiцца, бо так вымуштравалi нас на Зямлi, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крывi з пальца Хэры i зрабiў мазок, высушыў яго ў экспiкатары, апрацаваў iонамi серабра ў высокiм вакууме.

Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымi апаратамi.

Цiшыню перапынiла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.

— Кельвiн слухае, — прамовiў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нiбыта за апошнiя гадзiны яе ўсю вычарпалi.

— Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! — пачуў я ўздых палёгкi.

Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыцiснуўшы трубку да вуха.

— У цябе «госць», праўда?

— Праўда.

— I ты заняты.

— Так.

— Сякiя-такiя даследаваннi?

— А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?

— Не блазнуй, Кельвiн. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намi.

— Вось дык навiна, — здзiвiўся я. — А што з… — Я не закончыў, а пасля дадаў: — Ён адзiн?

— Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намi паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па вiдэатэлефоне, але толькi заслонiм экран.

— Ах, так? Чаму ён не пазванiў адразу мне? Яму сорамна?

— Нешта накшталт гэтага, — прамармытаў Снаўт. — Ну як?

— Значыць, нам трэба дамовiцца? Давай праз гадзiну. Добра?

— Добра.

На маленькiм, не большым за далонь, экране я бачыў толькi яго твар. Снаўт дапытлiва пазiраў мне ў вочы. У трубцы трашчалi разрады.

Пасля Снаўт рашуча прамовiў:

— Як ты маешся?

— Зносна. А ты?

— Лiчу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..

— Ты хочаш прыйсцi да мяне? — здагадаўся я.

Я зiрнуў на Хэры. Яна звесiла галаву з падушкi i ляжала, закiнуўшы нагу на нагу, ад самоты падкiдвала срэбны шарык, якiм заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.

— Пакiнь гэта, чуеш? Пакiнь! — пачуўся гучны голас Снаўта.

Я ўбачыў на экране яго профiль. Больш я нiчога не пачуў, ён закрыў рукой мiкрафон, я бачыў толькi яго губы, якiя шавялiлiся.

— Не, я не магу прыйсцi. Мо пасля. Праз гадзiну, — хутка сказаў ён, i экран патух.

Я павесiў трубку.

— Хто гэта быў? — абыякава спыталася Хэры.

— Так сабе, адна асоба. Снаўт. Кiбернетык. Ты яго не ведаеш.

— Яшчэ доўга чакаць?

— А табе хiба сумна? — спытаўся я.

Я заклаў першую серыю прэпаратаў у касету нейтрыннага мiкраскопа i пачаў нацiскаць каляровыя кнопкi выключальнiкаў. Сiлавыя палi глуха загулi.

— Забаў тут няма, а калi майго сцiплага таварыства табе не хапае, то справа дрэнь, — гаварыў я нiбыта мiж iншым, з вялiкiмi паўзамi, апускаючы рукамi вялiкую чорную галоўку, у якой свяцiўся акуляр мiкраскопа, i прыкладваючы мяккую гумавую аблямоўку да вачэй.

Хэры нешта сказала, я не разабраў што. Нiбыта з вялiкай вышынi я бачыў бязмежную пустыню, залiтую срабрыстым бляскам. На ёй ляжалi ахутаныя лёгкай iмглой, патрэсканыя, выветраныя пляскатыя круглякi камянёў. Гэта былi чырвоныя крывяныя цельцы. Не адводзячы вачэй ад шкельцаў, я павялiчыў рэзкасць i ўсё глыбей i глыбей апускаўся ў палаючае серабрыстае поле. Левай рукой я круцiў ручку рэгулятара столiка, а калi адзiнокае, як валун, цельца апынулася на перасячэннi чорных рысачак, я дадаў павелiчэння. Здавалася, што аб’ектыў наязджае на бясформенны, увагнуты пасярэдзiне эрытрацыт, якi меў выгляд кратэра вулкана, з чорнымi рэзкiмi ценямi ў паглыбленнях колцападобнага беражка. Гэты беражок, пакрыты крышталёвым налётам iонаў серабра, не змяшчаўся ў фокусе. З’явiлiся цьмяныя, бачныя нiбыта праз мiгатлiвую ваду, абрысы сплаўленых, сагнутых ланцужкоў бялку; злавiўшы на чорным скрыжаваннi адно з патаўшчэнняў бялковых рэшткаў, я паволi пакручваў ручку павелiчальнiка, усё пакручваў i пакручваў; вось-вось мусiў наступiць канец гэтага падарожжа ўглыбiню. Расплюшчаны цень малекулы запоўнiў усё поле i… раптам расплыўся ў тумане!

Нiчога, аднак, не сталася. Я павiнен быў убачыць мiльганне дрыготкiх сцюдзянiстых атамаў, але iх не было. Экран свяцiўся незатуманеным срэбрам. Я дакруцiў ручку да канца. Гнеўны гул мiкраскопа ўзмацнiўся, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў. Дрыготкi сiгнал, якi паўтараўся, папярэджваў, што апаратура перагружана. Я яшчэ раз зiрнуў на срэбную пустыню i выключыў ток.

Я паглядзеў на Хэры. Яна вымушана ўсмiхнулася, каб схаваць пазяханне.

— Як там мае справы? — спыталася яна.

— Вельмi добра, — адказаў я. — Думаю, што… лепш i быць не можа.

Я ўсё пазiраў на яе, адчуваючы паколванне ў нiжняй губе. А што, уласна, адбылося? Што гэта значыць? Гэтае цела, з выгляду такое далiкатнае i слабае, нельга знiшчыць? Па сутнасцi, яно складаецца з нiчога? Я стукнуў кулаком па цылiндрычным корпусе мiкраскопа. Мо якi-небудзь дэфект? Мо няма факусiроўкi?.. Не, я ведаў, што апаратура спраўная. Я апусцiўся на ўсе ўзроўнi: клетка, бялковае рэчыва, малекула — усё мела такi самы выгляд, як i на тысячах прэпаратаў, якiя я ўжо бачыў. Але апошнi крок унiз вёў у тупiк.

Я ўзяў у Хэры кроў з вены i разлiў яе ў прабiркi. Аналiзы занялi больш часу, чым я меркаваў, - я ўжо страцiў ранейшы спрыт. Рэакцыi былi нармальныя. Усе. Хiба што…

Я капнуў канцэнтраванай кiслатой на чырвоную пацерку. Кропля задымiлася, стала шэрай, пакрылася налётам бруднай пены. Разлажэнне. Дэнатурацыя. Далей, далей! Я адхiлiўся па новую прабiрку. Калi ж зiрнуў на ранейшую, прабiрка ледзь не вывалiлася з маiх рук.

Пад бруднай пенай на самым дне прабiркi зноў вырастаў цёмна-чырвоны слой. Кроў, спаленая кiслатой, аднаўлялася! Гэта было неверагодна! Гэта было немагчыма!

— Крыс! — пачуў я быццам здалёку. — Крыс, тэлефон!

— Што? А, тэлефон? Дзякую.

Тэлефон мармытаў ужо даўно, але я пачуў яго толькi зараз.

— Кельвiн слухае, — сказаў я ў трубку.

— Гаворыць Снаўт. Я пераключыў лiнiю, i мы ўтрох будзем адначасова слухаць адзiн аднаго.

— Вiтаю вас, доктар Кельвiн, — пачуўся высокi, насавы голас Сарторыуса. Голас гучаў так, нiбыта яго гаспадар узыходзiў на небяспечна гнуткi подыум, пранiзлiва, насцярожана, хоць знешне спакойна.

— I я вiтаю вас, доктар, — адказаў я.

Мне стала смешна, хоць не было нiякай прычыны для смеху. З каго мне, у рэшце рэшт, смяяцца? Я нешта трымаў у руцэ: прабiрку з крывёю. Я страсянуў прабiрку. Кроў ужо згарнулася. Мо ўсё гэта мне здалося? Мо проста падман?

— Я хацеў бы прапанаваць на ваш разгляд некаторыя праблемы, звязаныя з э… фантомамi, — чуў i не чуў я голас Сарторыуса.

Словы з цяжкасцю даходзiлi да маёй свядомасцi. Я абараняўся ад яго голасу, па-ранейшаму пазiраючы на прабiрку са згусткам крывi.

— Назавём iх утварэннем Ф, — хутка падказаў Снаўт.

— Цудоўна.

Пасярод экрана цямнела вертыкальная лiнiя, якая сведчыла, што я прымаў адначасова два каналы — па абодва бакi ад лiнii я павiнен быў бачыць маiх субяседнiкаў. Аднак экран заставаўся цёмным, толькi вузкая светлая палоска вакол яго сведчыла, што апаратура працуе, а перадатчыкi нечым заслонены.

— Кожны з нас правёў розныя даследаваннi… — Зноў ранейшая асцярожлiвасць у гугнявым голасе таго, хто гаварыў. Маўчанне. — Можа, мы спачатку аб’яднаем нашы назiраннi, а затым я мог бы паведамiць, да чаго прыйшоў сам… Мо вы, доктар Кельвiн, пачняце першы…

— Я? — здзiвiўся я.

Раптам я адчуў позiрк Хэры. Я паклаў прабiрку на стол, яна пакацiлася пад штатыў, а я падсунуў нагой трыногу i ўсеўся на яе. Спачатку я хацеў адмовiцца, але нечакана для самога сябе прамовiў:

— Добра. Кароткi абмен думкамi? Добра! Я амаль нiчога не зрабiў, але сказаць магу. Адно мiкраскапiчнае даследаванне i некалькi рэакцый. Мiкрарэакцый. У мяне склалася ўражанне, што…

Да гэтай хвiлiны я не ўяўляў, што буду гаварыць. Толькi зараз я зразумеў.

— Усё ў норме, але гэта камуфляж. Iмiтацыя. У пэўным сэнсе гэта суперкопiя: паўтарэнне больш дакладнае, чым арыгiнал. Гэта азначае, што там, дзе ў чалавека мы сутыкаемся з мяжой структурнай дзялiмасцi, тут мы iдзём далей — тут скарыстаны субатамны будаўнiчы матэрыял!

— Пачакайце. Пачакайце. Як вы гэта разумееце? — дапытваўся Сарторыус.

Снаўт не прамовiў нi слова. А мо гэта яго частае дыханне чулася ў трубцы? Хэры зiрнула ў мой бок. Я быў надта ўзрушаны — апошнiя словы амаль выгукнуў. Супакоiўшыся, я згорбiўся на сваёй нязручнай табурэтцы i заплюшчыў вочы.

— Як гэта выразiць? Першасны элемент нашых арганiзмаў — атамы. Мяркую, што ўтварэннi Ф складаюцца з адзiнак, меншых, чым звычайныя атамы. Значна меншых.

— З мезонаў?.. — падказаў Сарторыус.

Ён зусiм не здзiвiўся.

— Не, не з мезонаў… Мезоны можна было б убачыць. Бо магчымасць апаратуры, якая стаiць тут, у мяне, унiзе, дасягае 10–20 ангстрэм. I ўсё адно не вiдаць. Значыць, не мезоны. Хутчэй за ўсё нейтрыны.

— Як вы гэта сабе ўяўляеце? Бо нейтрынныя кангламераты нетрывалыя…

— Не ведаю. Я не фiзiк. Магчыма, iх стабiлiзуе нейкае сiлавое поле. Я гэтага не ведаю. Ва ўсякiм разе, калi я маю рацыю, то яны складаюцца з часцiц, якiя меншыя за атам прыблiзна ў дзесяць тысяч разоў. Але i гэта яшчэ не ўсё! Калi б малекулы бялку i клеткi мелi будову непасрэдна з «мiкраатамаў», то яны адпаведна былi б меншыя. I крывяныя цельцы, i ферменты, i ўсё. Але i гэта не так. З гэтага вынiкае, што ўсе бялкi, клеткi, ядро клетак — толькi iмiтацыя! На самай справе структура, якая нясе адказнасць за дзеяздольнасць «госця», схавана глыбей.

— Кельвiн! — амаль выгукнуў Снаўт.

Я здзiвiўся i змоўк. Я сказаў: «Госця»?! Так, але Хэры не пачула гэтага. Зрэшты, яна не зразумела б. Хэры глядзела ў iлюмiнатар, падпершы галаву рукой, яе маленькi чысты профiль вымалёўваўся на фоне пурпуровай зоркi. Слухаўка маўчала. Я чуў толькi далёкае дыханне.

— Тут нешта ёсць, — прамармытаў Снаўт.

— Так, мажлiва, — дадаў Сарторыус, — толькi маецца адна закавыка — Акiян складаецца не з гiпатэтычных часцiц, пра якiя гаворыць Кельвiн, а са звычайных.

— Вiдаць, ён можа сiнтэзаваць i такiя, — адзначыў я.

Раптам мяне ахапiла апатыя. Гэта была бясплодная, нiкому не патрэбная размова.

— Але гэта вытлумачвала б незвычайную вынослiвасць, — мармытнуў Снаўт. — I тэмп рэгенерацыi. А мо энергетычная крынiца знаходзiцца нават там, углыбiнi, iм жа не трэба есцi…

— Прашу слова, — прамовiў Сарторыус.

Я не мог яго пераносiць. Калi б ён хоць не выходзiў са сваёй ролi!

— Давайце прааналiзуем пытанне матывацыi. Матывацыi з’яўлення ўтварэнняў Ф. Я ставiў бы пытанне так: а што такое ўтварэннi Ф? Гэта не асобы, не копii пэўных асоб, а матэрыялiзаваная праекцыя тых звестак пра гэтую асобу, якiя маюцца ў нашым мазгу.

Трапнасць вызначэння здзiвiла мяне. Сарторыус хоць i антыпатычны мне, але мае розум.

— Гэта праўда, — уставiў я. — Гэта вытлумачвае нават, чаму з’явiлiся асо… утварэннi менавiта такiя, а не iншыя. Выбраны сама ўстойлiвыя адбiткi з памяцi, найбольш iзаляваныя ад iншых, хоць, вядома, нiводзiн гэткi адбiтак не можа быць цалкам адасоблены, i ў працэсе яго «капiравання» былi, маглi быць захоплены часткi iншых адбiткаў, якiя выпадкова знаходзiлiся побач, таму прышэлец часам выяўляе ведаў больш, чым аўтэнтычная асоба, паўтарэннем якой ён павiнен з’яўляцца…

— Кельвiн! — зноў перапынiў мяне Снаўт.

Мяне здзiвiла, што толькi ён быў незадаволены маiмi неабачлiвымi словамi. Здавалася, Сарторыус iх не баiцца. Магчыма, яго «госць» па сваёй сутнасцi не такi кемлiвы, як «госць» Снаўта. На секунду ў маiм уяўленнi паўстаў нейкi карлiкавы крэтын, якi неадступна следаваў за доктарам Сарторыусам.

— Так, i мы гэта заўважылi, — пачаў Сарторыус. — Цяпер што да матываў з’яўлення ўтварэнняў Ф… Першая найбольш верагодная думка — на нас праводзяць эксперымент. Аднак хутчэй за ўсё гэта быў бы варты жалю эксперымент. Калi мы ставiм дослед, то вучымся на вынiках, перш за ўсё на памылках, i пры паўтарэннi доследу ўносiм у яго папраўкi… У нашым выпадку пра гэта не можа быць i гаворкi. Тыя ж самыя ўтварэннi Ф з’яўляюцца нанава… нескарэктаваныя… не ўзброеныя нiчым дадаткова супраць… нашых спроб пазбавiцца ад iх…

— Словам, тут няма функцыянальнай пятлi дзеяння з карэгiраванай зваротнай сувяззю, як назваў бы гэта доктар Снаўт, — адзначыў я. — I што з гэтага вынiкае?

— Толькi адно: калi лiчыць тое, што адбываецца, эксперыментам, то гэта не эксперымент, а… халтура, што, аднак, непраўдападобна. Акiян… дакладны. Гэта выяўляецца хоць бы ў двухслойнай канструкцыi ўтварэнняў Ф. Да пэўнай мяжы яны паводзяць сябе так, як паводзiлi б сябе… сапраўдныя… сапраўдныя…

Ён змоўк.

— Арыгiналы, — хутка падказаў яму Снаўт.

— Так, арыгiналы. Аднак калi сiтуацыя перавышае нармальныя здольнасцi пасрэднага… э… арыгiнала, настунае нiбыта «выключэнне свядомасцi» ўтварэння Ф, i адразу ж праяўляюцца iншыя дзеяннi, нечалавечыя…

— Гэта праўда, — сказаў я, — але такiм чынам мы толькi складаем каталог паводзiн гэтых… гэтых утварэнняў, i больш нiчога. А гэта бязглуздзiца.

— Я не ўпэўнены, — запратэставаў Сарторыус.

Тут я зразумеў, чым ён мяне так нервуе: ён не проста гаварыў, а казаў прамову, як на пасяджэннi Iнстытута.

Вiдаць, размаўляць iнакш ён не ўмеў.

— Тут узнiкае праблема iндывiдуальнасцi. Акiян цалкам пазбаўлены гэтага паняцця. Так i павiнна быць. Мне здаецца, шаноўныя калегi, што гэты… э… далiкатны, непрыемны для нас бок эксперымента не мае нiякага значэння для Акiяна, ён — за межамi яго разумення.

— Вы лiчыце, што гэта незнарок?.. — спытаўся я.

Яго сцверджанне крыху ашаламiла мяне, але, падумаўшы, я вырашыў, што такi пункт погляду нельга браць пад увагу.

— Так. Я не веру нi ў вераломства, нi ў зласлiвасць, нi ў жаданне нанесцi ўдар у сама балючае месца, як лiчыць калега Снаўт.

— Я зусiм не прыпiсваю Акiяну чалавечых пачуццяў, - упершыню ўзяў слова Снаўт, — але мо ты скажаш, як вытлумачыць гэтыя пастаянныя вяртаннi?

— Магчыма, уключана нейае прыстасаванне, якое ўсё круцiцца i круцiцца, як кружэлка, — прамовiў я, iмкнучыся зачапiць Сарторыуса.

— Не будзем адхiляцца, калегi, — гугнявым голасам заявiў доктар. — Гэта не ўсё, што я хацеў вам паведамiць. У звычайных умовах я лiчыў бы складанне нават кароткага паведамлення пра стан маёй працы дачасным, але з улiкам спецыфiчных умоў я раблю выключэнне. У мяне такое ўражанне, толькi ўражанне, не болей, што ў меркаваннях калегi Кельвiна ёсць рацыянальнае зерне. Я маю на ўвазе яго гiпотэзу пра нейтрынную структуру… такiя сiстэмы мы ведаем толькi тэарэтычна, нам невядома, цi можна i’ стабiлiзаваць. Тут з’яўляецца пэўны шанц, бо знiшчэнне сiлавога поля, якое надае стабiльнасць сiстэме…

Я заўважыў, як цёмны прадмет, якi засланяў экран з боку Сарторыуса, адсоўваецца: з самага верху блiснула шчылiна, i можна было ўбачыць, што там паволi шавялiлася штосьцi ружовае. I раптам цёмная перагародка ўпала.

— Прэч! Прэч!!! — пачуўся ў трубцы адчайны крык Сарторыуса.

На раптоўна асветленым экране мiльганулi рукi доктара ў шырокiх лабараторных нарукаўнiках i вялiкi, залацiсты, падобны на дыск прадмет, усё гэта знiкла раней, чым я зразумеў, што залацiсты круг — гэта саламяны капялюш…

— Снаўт? — паклiкаў я, глыбока ўздыхнуўшы.

— Слухаю, Кельвiн, — стомлена азваўся кiбернетык.

Раптам я адчуў, што Снаўт мне вельмi падабаецца. Я на самай справе не хацеў бы ведаць, хто ў яго «ў гасцях».

— Гэтага, вiдаць, досыць, га?

— Думаю, дастаткова, — згадзiўся я. — Паслухай, калi будзеш мець мажлiвасць, зазiрнi ўнiз або да мяне ў кабiну, добра? — спешна дадаў я, пакуль ён не паклаў трубкi.

— Згода, — адказаў Снаўт. — Толькi не ведаю калi.

На гэтым праблемная дыскусiя скончылася.

Загрузка...