* * *
А мы і не бачылі шчасця,
А мы, як ваўчкі, былі
Такія яшчэ віхрастыя
На зраненай нашай зямлі.
Адно было ў нашых марах,
У зрэнках дзіцячых, у снах:
Святога амаль, з прыгаркаю
Хлеба жытняга смак і пах.
Вясны ручаямі звонячы,
Адкрыты — дзе плот, дзе брод?
Ішоў і горкі і сонечны
Пасляваенны год.
Ці помнім хоць мы, як маткі
Уздыхалі штовечар не раз,
Слязу выціраючы ўкрадкам —
Чым пакарміць бы нас?
Удовы вайны Айчыннай,
Глядзела з надзеяй на іх
Уся краіна ў руінах
I вочы іх дзетак малых.
Так рана ў матак лажыліся
Каля вачэй кругі!
Ды зноў яны рвалі жылы,
Упрагаючыся ў плугі.
Ды зноў зляжалыя глыбы
Варочалі — плач не плач.
Як яны біліся, рыбіны,
У сецях тугіх
нястач!
А скаргі на ўдовіну долю
Дамоў, у падушку няслі —
Усё яны пераадолелі,
Усё, што трэба, змаглі.
Стаіўшы боль свой глыбінны,
На лямках з разрухі ў той час
Выцягнулі ўсю краіну
I выгадавалі нас.
Мільгаюць дзесь каля Вегі
Зорныя караблі.
З рук матак нашых, я ведаю,
Старт свой яны узялі.
БАЛЛАДА ПРА МАЦІ
Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк,
Запылена хуста —
Прасёлкам, здалёк,
Сівая, як голуб, ішла яна.
Звінела жаўранкамі вясна.
— Куды гэта, бабка, вы, дайце адказ,
Што зрушыла з дому, старэнькую, вас?
Шасцеў пры канаве зялёны трыснік...
— Я, дзеткі, да сына іду, на Палік...
— А сам што ж да вас не прыедзе ваш сын?
Няўжо так зазнаўся? Які ў яго чын?
— Зазнаўся? Ды не, яшчэ змалку ён быў
Ласкавым і чулым і матку любіў.
Бывала, не дбаў аб гульні, як усе:
Цялушку напасвіць і дроў прынясе.
Калі ж ён падрос, пачалася вайна,
Пазвала яго ў партызаны яна.
Пайшоў ён да возера Паліка —
Там, кажуць, балоты: чарот, асака.
Там вельмі цяжкая блакада была —
Ад бомбаў нямецкіх зямля ўся гула.
Адтуль не вярнуўся ён — на Паліку
Так і астаўся. У тым унь баку.
Адзін у мяне ён, к яму я іду —
А можа, дзе-небудзь яго там знайду?..
Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк,
Запылена хуста,—
Прасёлкам, здалёк,
Сівая, як голуб, ішла яна.
Звінела жаўранкамі вясна.
* * *
Можа, і ў мяне над галавой
Ходзіць зорка ўласная, якая
Узышла ў дзень нараджэння мой
I ў дзень смерці ўпадзе небакраем?
Забабон звычайны? Прызнаю.
Ды не зачыняйце ў мару дзверы:
Я у тую зорку, у сваю,
Як-ніяк, хацеў бы ўсё-ткі верыць!
Мы — не безымянная трава,
Не шурупы ў нечай калясніцы.
Кожны з нас — хай кружыць галава!
Вымпел свой нясе праз бліскавіцы.
Людзі, верце: ёсць у нас свае
Зоркі зіхатлівыя ў сусвеце!
Хай іх бачыць доля не дае,
Ды яны нам свецяць, свецяць, свецяць!
Чыркнула па чорнаму агнём,
I няма ўжо знічкі — мы галовы
Над труною друга ціха гнём:
Адляцеў у вырай вечаровы...
Кажуць, у вайну быў зарапад!
У траву, у белыя азёры
О як густа сыпаў зораў град!
Як яны гарэлі ў небе, зоры!
Хлопцы, што краіну бераглі,
Не прыйшлі дамоў з дарог няблізкіх.
У палях расквечаных ляглі —
Юныя навек — пад абеліскі.
Не, яны й дасюль для нас — не тло,
Не бясследны попел з поля бою.
Покуль мы жывыя, іх святло
Носім, непагаснае, з сабою.
* * *
Янку Сіпакову
Ці ж ведаў хлапчук,
на якую раду
Тату з мамай пагналі
ад ганка прыклады?
Толькі гэтак калола
нязвыклае слова — гестапа!
...Двое добрых людзей
да нелюдзяў трапілі ў лапы.
О, як іх дапытвалі ўмела —
з падмогай навукі!
Жалезам хітрым выкручвалі
іх сялянскія рукі.
Рукі, што ведалі толькі
тронку плуга ды граблі.
Што над пасцелькай дзіцячай
снавалі, як гралі!..
I вось да сцяны іх паставілі —
крычы не крычы пад вачэй гэтых лёдам...
I ўпалі яны — бывайце, няспраўджаныя надзеі!
У тым лёху,
Глухім,
голым...
Ды ў свеце застаўся
іх голас.
* * *
Не, не кажыце мне — вайна
Не пахавана ў сорак пятым,
Усё яшчэ курыць яна
У свеце, як струна, напятым.
Ад галасоў эфір гудзе,
Ляцяць газеты ў свет гайнёю.
Не на жыццё, на смерць ідзе
Вайна між праўдай і маною.
Памалу топіць лёд вясна,
Ды шчэ далёка да парадаў.
О як жа часта шчэ мана
Усё-ткі верх бярэ над праўдай!
Дык ці ж сядзець байцу ўбаку
Ад бітваў ярасных стагоддзя?
На фронце мы з табой, пакуль
Пад сінім небам крыўда ходзіць!
* * *
Трасе, трасе планету праз гады,
I ходзім мы па ёй, як па плытах.
Трывожна ў сэрцы: можа, сапраўды
Трымаецца зямля на трох кітах?
Кіты, кіты, я знаю, цяжка вам:
Ад складаў бомб трашчыць наш шар
зямны.
О як бы памагчы мне тым кітам,
Кіты — хаця б не падвялі яны!
* * *
Жыць без трывог? Не злавацца?
Не лаяцца? Не кіпець?
Не гневацца? Не абурацца?
Крыўду і здзекі — цярпець?
Адно берагчы свае нервы —
Сябе б надалей захаваць?
На ўсё ж астатняе, што пад небам,
Пляваць?
Б'е чалавека кіем
П'яная хеўра — хай?
Мары хавае людскія
У стол-труну бюракрат — чхай?
Хай, што нейкі праныра
Уладу — няма саладзей! —
Недзе за морам-вірам,
Як торбу, украў у людзей?
Радуецца: як з воска,
Усё цяпер з іх ляпі —
Гаці гаці, у войска
Стрыжы ўсіх — стойце, слупы!
Рот жа адкрыеш, пярэчачы,
Рукамі вашымі ж вас
(Чакаць ад яго чалавечнасці?),
Як мух, перагубіць ураз.
Край стрыножыўшы страхам,
Душ валадар,
Дзесь бомбай ужо размахвае,
Са светам гуляе ў пажар.
Не згледзіш — пагоніць вецер
Іскры далей, без дарог...
Жыць без трывог у свеце,
Поўным трывог?
* * *
Жыцця нястрымны ход!
Не згледзеў: бы пірога,
Яшчэ адзін во год
Адчаліў ад парога.
Ён толькі ж што званіў,
Нібы званамі, днямі,
А ўжо — глядзі — з агнямі
Паплыў, паплыў, паплыў.
Не павярнуць назад
Яго ніякай сілай:
Уміг яго ў свой спрат
Гісторыя ўмясціла.
Падлічваю, чым год,
Мне дадзены, я поўніў:
Ці мо не варт таго,
Каб я яго запомніў?
Не, год змаганцам той
Усё ж быў: зацяжную
З адвечнай цемнатой
Упарта вёў вайну ён.
Пабач: з эпох сляпых
Дайшоўшы нейкім шляхам,
Сядзяць шчэ, як струпы,
Ў людзей на шыях шахі.
Ды цёмныя з вякоў
Народы уваскрэслі:
Хапуг-гвалтаўнікоў
Страсаюць з тронаў-крэслаў.
Світае на зямлі.
Ды ўсход такі чырвоны:
Хто ж без крыві калі
Зрываў з сябе карону?
Свет кабалы — на злом!
Мацнее рэха боя:
У барацьбе са злом
Хай не ржавее зброя!
З няпраўдаю вайна
Кіпіць у нас у кожным:
Ці ж быць у свеце нам
Староннімі ў ёй можна?
Ты што, скажы, зрабіў,
Каб час прыблізіць зорны?
Ці дарам пратрубіў
Год, гэткі непаўторны?
* * *
А ўсё-такі Розум —
наш, не электронны —
Айсбергі догмаў
у свеце тараніць,
I падаюць — чую —
з наседжаных тронаў,
Як пераспелыя грушы,
тыраны.
А гэтак жа шчыра,
а гэтак жа чэпка
За троны трымаліся —
рук не расчэпіш!
Тыраны над тронамі
трэсліся трасцай —
Не адарваў бы ад тронаў іх
трактар!
А як жа старанна —
з розумам, з толкам —
Сябе ўцэментоўвалі —
утрымацца б толькі!
У кожным скверы маленькім,
бонзы,
Свой лік адлівалі
ў бетон ды ў бронзу!
У зубы гісторыі
ўкладвалі цуглі,
На мову людскую
вешалі пломбы —
Хадзілі ля іх толькі
еўнухі цугам,
Фіміям ім курылі
паэтаў плоймы!..
Званчэюць у свеце
свабоды бомы,
Маўчанне людское
ўзрываецца бомбай,
I падаюць з тронаў
(каму патуралі),
Як пераспелыя грушы,
тыраны.
* * *
Мы — людзі, зямляне.
Званы яднання, званіце!
Звязаны ўсе між сабой мы
нябачнымі ніцямі.
Белы ці чорны,
грэк ці панамец —
Усе мы зямляне:
такая радня мы!
Мы —
экіпаж аднаго карабля,
Імя якому —
Зямля.
Мы плывём, мы плывём,
бясконцым такім
акіянам сусвету —
Ці ты бачыш, сусвет,
нашу зорачку светлую?
О якія на ёй
узыходы і поўдні!
Як гуляюць у рэках яе
акуні ды промні.
Шчасце — жыць на зямлі!
Ды, нікчэмныя, сваркі
Разрываюць па сёння яе,
як аўчаркі.
ІНТЭРНАТ
Нашто нам сваркі, людзі!
На планеце
Народ народу — друг, таварыш, брат.
Хай свеціцца між зорак у сусвеце
Зямля —
людскі наш інтэрнат.
ДАРОГІ
Я слаўлю дарогі.
Яны прыйшлі на зямлю
з чалавекам:
дарог у звяроў няма.
Ад дыма да дыма,
ад дзядзінца і да дзядзінца
пратоптвалі
нястрымныя ногі людскія
дарогі.
Вялі заўсёды дарогі туды,
дзе дабрыня вачэй,
усмешак сонцы,
гаворкі людской пералівы —
ці ж чалавек без гэтага
быў бы шчаслівы?
(Гэта ж воўк толькі можа
сядзець у сваім лагве
ды выць у зоры.)
Валіла людзей бясхлебіца
(як страшна закатваліся ў іх вочы,
гледзячы ў свет бялкамі!),
але, як жывая вада,
зноў ставілі іх на ногі
дарогі.
Яны развейвалі ў момант бяду,
прыносячы людзям
жытняга хлеба скарынкі,
парад людскіх падарункі найдаражэйшыя,
песні
ды сэрцаў шчодрых іскрынкі.
(Не віна дарог,
што на іх выпаўзала так часта
страшыдла з пашчаю крыважэрнай —
вайна.)
Дарогі —
найвыдатнейшыя помнікі чалавецтва.
Але на іх не трэба вешаць таблічкі
са словамі: «Ахоўваецца дзяржавай»
дарогі будуць датуль,
пакуль будуць людзі.
* * *
Ідзём мы проста
ў свой час світальны.
Не збіцца б толькі —
0 век асляпляльны!
Нас слепіць сонца,
нас слепяць горы,
Сляпні нас слепяць
І слепіць гора.
Ідзём, ідзём мы
праз рыфы, рыфмы,
Нас слепяць міфы,
нас слепяць німфы.
I пот нас слепіць —
нам жыць бы лепей!
Нас думка аб хлебе
маланкаю слепіць.
Ды я не жадаю
быць асляплёным.
З вачэй здзіраю
святла заслону.
Хай наша зорка
зіхціць выразна.
Нам трэба зоркасць,
нам трэба яснасць!
* * *
Як ні абдумваў я шлях свой —
на ім, як тычак, памылак!
Па марах юнацкіх,
што ў сны мае заляталі,
я столькі справіў памінак!
Можа, глядзеў на свет
зялёнымі вачыма?
Цвярозым быць,
Прадбачліва жыць
памылкі мяне вучылі.
I я абдумваць пачаў кожны крок:
перш, чым ступаць на дарогу,
Перад ёю
(хаця б скіраваць туды, куды трэба!)
маячыў доўга.
А калі праходзіў уперад,
часам ізноўку бачыў,
Што мне і зараз пайсці
трэба б было
іначай...
* * *
Чым звівацца вужакаю, лепш
Развітацца з зямлёй назаўсёды.
Як вада, як паветра, як хлеб,
Чалавеку патрэбна свабода.
Без свабоды ён — птушка без крыл,
Што ў карчэўі, падбітая, скача:
Па блакіце — ці чуеш той крык? —
Дзень і ноч душа яе плача.
* * *
Вылузваючыся з бітком набітага тралейбуса
(У мяне аж пырснулі гузікі з пінжака),
Я раптам стаў ля дзвярэй як укопаны:
Над імі — белым па чорнаму —
Мне проста ў вочы грозна крычалі словы:
«Выйсця няма!»
Хацеў я ізноў малаціць па баках локцямі,
Каб прабіцца назад
I знайсці дзе-небудзь выйсце,
Ды бачу: усе спакойненька праходзяць і тут!
Я рушыў за ўсімі і яшчэ раз пераканаўся,
Што заўсёды можна знайсці выйсце —
Нават там, дзе
Выйсця няма!
ТАПОР
Ці ў бор яго пусціш, ці ў двор,
Ці ў сад, залаты ад пладоў,
Усюды наробіць дроў
Тупы, хоць і востры, тапор.
Хіба ж пра што думае ён —
Усё без разбору ссячэ:
Рабінку, у квецені клён
Ці галаву з плячэй.
Гатоў ён жыццё загубіць,
Скірованы гаспадаром...
Аднаго толькі бойся:
быць
У чужых руках тапаром!
МАРНАТРАЎСТВА
Так, не пазнаць сёння вёскі:
Дзе яе кроснаў лёскат?
Не тчэ, не прадзе ўжо: яе
Крама цяпер адзяе.
Ды прыйдзе зіма ў госці —
Няма дзе рук дзець вёсцы.
I вось — не смешкі, не жарты —
Гуляе вясковец у карты!
Як прыкра: старыя дзядзькі,
Былыя майстрыхі — жанкі
У воблаках дыму сівога
Б'юцца ў падкіднога!
Іх і нядзелі і будні
Крадуць чырвы ды бубны.
Крычу ім: куды гэта варта —
Вяскоўцам гуляць у карты!
Спрадвечная працаўніца,
I ткалля, і пралля, і жніца,
Часам — дзён гэткіх транжырка!
Вёска, як пасажырка,
Што села на поезд недзе
I ўдалеч іншую едзе
З Учора свайго ў Заўтра...
Хто там гуляе ў карты?
АВЕЧАЯ СПРАВА
Бляялі раз-пораз ды, кідаючыся ў нецярпенні
па хляве,
глуха грукаліся бакамі аб сцены.
А цяпер, выпушчаныя на волю,
клубкамі коцяцца
па густа запыленай вуліцы —
Хутчэй, хутчэй на выган!
Там да травы прыпадаюць адразу,
пыскамі вострымі шнырачы па купінах —
Ні на міг не адрываюцца ад зямлі,
За цэлы дзень і на неба не глянуць —
што ім воблакаў белыя ветразі,
што ім сусвету вечна юная сінь!
Адным заняты яны — назбіраюцца травы,
каб потым, лежачы ў цёплым хляве,
лена зубамі яе перажоўваць,
то заплюшчваючы,
то зноў прыадплюшчваючы вочы,
у якіх адно: сытая задаволенасць.
I так — кожны дзень.
Ніякіх клопатаў у галаве —
Пра ўсё за іх думае гаспадар:
жытло ім ладзіць,
выпускае на пашу,
сена рыхтуе ім на зіму.
Шчаслівыя,
знаць не знаюць яны,
што іх чакае пасля.
Ды што ім тое «пасля» —
ім толькі б цяпер пад'есці.
Пад'есці!
Да ўсяго ж астатняга —
якая ім авечая справа!
ДВУЛІКІЯ ЯНУСЫ
Калісьці жыў на зямлі
двулікі Янус:
На адным твары —
два розныя лікі.
Сёння (я сам сустракаў)
таксама бываюць на свеце
двулікія янусы.
Толькі свае два розныя лікі
хаваюць яны
пад маскай адналікасці!
* * *
На падмурку хлусні
Ты будуеш дом свайго шчасця?
Абклейваеш гэты падмурак паперай,
на якой з такім майстэрствам
ён намаляваны —
на выгляд, і праўда, як з цэглы!
Адно: трэба заўсёды
яго падмалёўваць і падмалёўваць,
бо, не давядзі бог, заўважаць,
на чым стаіць дом твайго шчасця.
Гэта ж любы можа тады падысці
і ткнуць у падмурак пальцам —
Рухне вобзем адразу ж
дом твайго шчасця.
ПРАЎДА I КРЫЎДА
Калі праганяецца Праўда,
Вылазіць на свет Крыўда.
О, бойцеся Крыўды —
яна — сляпая:
Забойцу — міне,
бязвіннага — пакарае.
* * *
На тое ж у нас
галава на плячах —
Каб думаць.
На тое ж у нас
галава на плячах,
Каб разабрацца,
дзе золата,
дзе гніль блішчыць на карчах.
На тое ж у нас
на плячах галава,
Каб на кручок хлусні
не брацца,
Каб палічыць хаця б,
што два на два —
Чатыры,
а не дваццаць.
На тое ж у нас
галава на плячах —
Каб — без завалаў, ясны —
у Заўтра пракласці шлях.
ЧАС
Час —
ён складаецца з нас
(і віну
за людскія заганы і болькі
не ўскладвай на час):
час — гэта мы,
мы — гэта час.
* * *
Прыстаў да льду каліны ліст —
Няўжо былі тут хвалі?
Раку пад злы хаўтурны свіст
Мяцеліцы хавалі.
Маўчала доўга ў берагах
Яна глухой парою,
Згубіўшы след свой у снягах
Пад ледзяной карою.
I хоць не бачыла святла —
Ці ходзіць небам поўнік? —
Але і ў цемры той жыла,
Як і заўсёды, поўна.
Рабіла зноў у схове льду
Работу несціхана:
Каб не мялеў, сваю ваду
Нясла да акіяна.
* * *
Мо ў тым і ўсе нашы пралікі,
Уся памылка, можа, ў тым:
Мы часта марым аб вялікім,
Задавальняемся ж малым.
I тое, чым жывём употай,
Што ў сэрцы носім мы здавён,
Усё адкладваем на потым,
Усё чакаем лепшых дзён.
Дні ж лепшыя — адкрыйма вочы!
Нясуцца міма. Назаўжды!
А мы бразгочам, мы бразгочам
Той драбязою праз гады!
Пасля спахопімся, ды — позна:
Ўжо рыбка выслізнула з рук!
Гадоў былых ніякай позвай
Назад не вернеш, мілы друг!
Так па прывычцы губім сілу
Мы зноў на спраў маленькіх рой.
Ну, а вялікае?
Ў магілу
Нясём з сабой, нясём з сабой!
* * *
А можа б, ён і жыў між нас,
Каб мы былі дабрэй на трошкі?
Мо дабраты яму якраз
I не ставала нейкай крошкі?
Хто ведаў з нас, што, франтавік,
Хаваў ён, ціхі, ранаў немач
I што на болю наступ звык
Зубамі толькі скрыгаць нема?
Няпраўда, што мы дбаем больш,
Як кажуць, аб сваёй кашулі.
Ды ўсё ж бяды прадвеснік — боль
Яго
мы ў лёце дзён не ўчулі.
Не ўбераглі, не ўсцераглі...
Магчыма, тут зусім няварта
Нас дакараць — што мы маглі? —
Ды ўсё ж я — нібы вінаваты.
Так апусцела ўсё кругом!..
I думка лезе мне ў самоце:
А як жа будуць без яго
Людзі на балоце?
* * *
Быць дабрэй,
Быць чысцей,
Пра людзей (яны ж усе
бездакорныя па прыродзе!)
Думаць часцей.
Не, гэта — не мода,
Гэта (зноў жа адтуль,
з краіны маленства,
Адкрытай, як неба) —
Душы патрэба.
* * *
Белы верш —
як распрэжаны конь,
што пусцілі на канюшыну.
А можа, ўсё-такі часам —
каб бег куды трэба —
Цуглямі рыфмаў
яго закілзаць?
ДЗЕДАЎ НАКАЗ
Не забыць бы дзедавага
Слова залатога:
Не рабі ліхога,
Не кажы пустога.
* * *
Разбегліся думкі мае,
як мурашкі —
якая куды.
Я хацеў іх сабраць
у клубок —
спакайней бы было,
калі б былі яны ўсе пры мне.
Але паспрабуй ты за імі ўгнацца!
Зловіш адну — другая ўцячэ.
Я лаўлю іх, лаўлю.
Покуль якая - небудзь не зловіць мяне
I не павядзе за сабою.
А астатнія будуць чакаць сваёй чаргі...
СЯБРАМ-ПАЭТАМ «ПРЫЗЫВУ» ПЯЦІДЗЕСЯТЫХ
Вось і прыйшла пара для справаздач.
Ніл Гілевіч
Як непазбежна льецца
Вада жывая — Час!
Яшчэ ж мы ўчора, здэцца
(Не прызнавалі нас?),
Насілі — разам з краем —
Празванне «малады».
А ўжо — глядзі — збіраем
У зборнікі гады.
Як вехі — даты, даты.
Тасую годы, рад,
I вершы, як салдаты,
Выстрайваюцца ў рад.
Байцы святла, любою
Пагодай, першацвет,
Ішлі на поле бою —
На поласы газет.
Няслі з сабой ад стрэхаў
Зямлі трывогі-сны,
Нямоўкнучае рэха
Бяды людской — вайны,
Усё паведаць праглі:
I горкую, без слоў,
Жальбу удоў, і скаргі
Закінутых палёў.
У людзі ў строфах неслі
Пах лесу, дым расы,
Звон жніва, роднай песні
Жывыя галасы.
А з імі, з казкай красак —
Жыцця ў радках стае! —
Няслі й памылкі часу,
А часам — і свае.
Зару зямлі трубілі.
Бывала — неўпапад.
I, як салдат, іх білі,
Любілі, як салдат.
Пазналі, і не скупа,
Яны — не падаць ніц —
I вастрыню і тупасць
Рэдактарскіх нажніц.
Ды хоць смылелі раны
I кліч часамі глух,
А ўсё-ткі ветэраны
Свой захавалі дух.
Дык ці ж у новым часе —
Шумі, жыцця прыбой! —
Ляжаць ім у запасе?
Ізноў — у бой!