* * *
Няхай табе даўно за сорак,
Ці ж варта аб гадах тужыць?
Адно: пад водбліск рэк і зорак
Цяпер паўней спяшаеш жыць.
Ды жураўлінай чарадою
Ляцяць пад воблакамі дні.
Схапі іх паспрабуй рукою,
Ты паспрабуй іх супыні.
Я час прыточваць не бяруся
I перад лёсам не дрыжу,
Ды кожным днём, што зноў прачнуўся
Як падарункам, даражу.
У звоне пчол, шматкаляровы,
Ідзе ён —далі расчыняць...
Баюся толькі: выпадкова
Падараваны дзень праспаць.
У кожным дні — свой бой, свой вецер
Свае вясёлкі, горан свой...
Іграйце ж, дні мае, у свеце,
Раскручвайся, жыцця сувой!
* * *
Гляджу:
другімі сталі берагі —
Павялі, парыжэлі
сітнягі,
Вяз агаліўся,
ссохла асака...
Адна яна,
нястрымная рака,
Як бегла
між карэння ды куп'я,
Так і бяжыць,
нястрымная бруя...
А ў нас, людзей,
скажыце, ці ж не так
Мы, што ні год,
мяняемся няўзнак.
Сівеем мы, цяжэем,
і ў свой час
Змяняюць нашы дзеці
ў свеце нас...
Бясконцая
крыві нашай рака
Цячэ ў вяках,
цячэ ў вяках!
* * *
Мае гады — вазы крутыя
З снапамі дзён.
За возам воз
Праз небасхілы залатыя
Ляціць маіх гадоў абоз.
Не згледзіш — новымі вазамі
Ён абрастае зноў, як бач.
Ну што ж, няхай!
Пад абадамі
Пружынь, зямлі зялёны мяч!
Як ходзяць воблакі блакітам!
Як грае дзень! Як зорыць ноч!
Плывуць ракеты і ракіты
Каля вазоў маіх, паўзбоч.
Не ехаць бы мне толькі ўлегцы.
Свой воз накладвай з верхам, брат!
Знай: па набытак нам не ўлегчы
З вазамі гэтымі назад.
* * *
Ці так я жыву, ці тое раблю?
Вы мне падказалі б, людзі!
Праз лес нязнаны сваю цераблю
Сцежку — ці гала хоць будзе?
Можа, самому сабе я хлушу,
Шлях выбраўшы свой паспешна?
Мо дарам сякерай па пні гашу?
Мо абысці б яго лепш мне?
Мо за нішто выбіваюся з сіл,
Жыццё сваё трачу марна?
Мо так і не стрэну ў зары небасхіл?
Мо толькі міраж — мая мара?
Мо лепей было б вярнуцца назад,
Другой пусціцца дарогай?
Але ж па гэтай так пройдзена шмат!
Так дзён разменена многа!
Не, трэба, пэўна, перачакаць —
Я проста ўтаміўся, мусіць.
У сэрца трэба свайго спытаць —
Яно памагчы мне мусіць.
Яно падкажа, як далей быць —
Вярнуцца ці крочыць уперад.
Па ўказу сэрца ўсё трэба рабіць,
Яму аднаму трэба верыць.
* * *
Транжыру дні, як мот,
Гублю у танцы тайным,
У спраў вадаварот
Нікчэмных уматаны.
Ад іх, нібы ад мух,
Адмахваюся яра,
Ды зноў — забойцы муз -
Яны плывуць, як хмара.
Дзе ж тая зорка, што
Сарваць я з неба меўся?
Дарог, як струнаў, сто,
Што граюць без мяне ўсё
* * *
Чалавек — гэта свет.
З кніг
Памёр чалавек —
Самкнуліся вейкі...
Свет, што ў вачах яго
граў і іскрыўся,
зачыніўся навекі.
Якія сонцы і сосны,
Аазісы і вясёлкі,
Якія ружы і руны,
Сэрца найтонкія струны
былі ў гэтым свеце абжытым!
Памёр чалавек
і з сабою ў зямлю
свет свой панёс,
Свет, які так і застаўся
нікім не адкрыты...
* * *
Жыву каля рэха.
Вечарам, калі за акном леснічоўкі
ўлягуцца ў нагах хвой
баранчыкі хваляў азёрных,
Прыходзяць ка мне
ласі ды зоры.
Далёка ўбаку
(нібы на другой планеце)
застаўся свет мой штодзённы, прывычны,
які даўно ўкруціў мяне ў свае колы:
Я ўцёк ад яго —
на цэлы месяц —
у гэта зацішша.
Думаў, тут адпачну без яго.
Ды толькі дарэмна:
усе мае паўсядзённыя клонаты,
якія я дома пакінуў,
Знайшлі і ў пушчы глыбокай мяне,
прымчаліся ўсе, як адзін!
I вось раяцца ў маёй галаве,
варочаюць начамі мяне з боку на бок,
кідаюць у сне.
Не, тут нішто іх не перапыніць —
ні звон трамвая,
ні грукат бабы чыгуннай
аб непадатны асфальт,
ні крык дзіцяці за мембранай-сцяной...
Колькі ж змагу я пабыць
сам-насам з вечнасцю?
* * *
Мы ўвесь век свой — бывае! —
шукаем сябе,
Ды, так і не знайшоўшы, не знайшоўшы,
выпраўляемся ў той, незваротны, вырай.
Як шкада,
што адтуль не папытаешся ўжо:
— I чаго я прыходзіў сюды, на Зямлю?
* * *
Лодку долі сваёй
Смела кіруй па жыцця рацэ.
Хай рыпяць і рыпяць
Вёслы ў кожнай руцэ.
Ведай: выпусціш з рук
Іх, і той жа парой
Стане трэскай на хвалі
Лодка долі тваёй!
* * *
О дай мне, доля,
пастаянства дрэва,
О дай мне, доля,
цвёрдасць скалы,
О дай мне, доля,
ураўнаважанасць каменя,
О дай мне, доля,
гарэнне агню!
Не давай толькі мне
пакорлівасць дрэва,
Не давай толькі мне
раўнадушнасць скалы,
Не давай толькі мне
чэрствасць каменя,
Не давай толькі мне
бяздумнасць агню!
* * *
Міг — і ўсё ўжо на зямлі не тое:
I агонь, і людзі, і трысцё.
Як рака, цячэ жыццё зямное,
Як рака, мяняецца жыццё.
Абнаўленне вечнае ў прыродзе!
Абнаўленне —
вецер ліст сарваў,
Гасне зорка дальняя на ўсходзе,
Узыходзіць сонца і трава.
Я — людзей і зорак спадарожнік:
Міма, міма — радуга, імжа.
Па зямлі іду,
і крок мой кожны
Ёсць былога й заўтрага мяжа.
Рушыцца і ў гэтае ж імгненне
Узнаўляецца, як жыта, свет.
Мы з табой — і смерць і нараджэнне,
Мы з табой — вякоў гарачы след.
I не засмучайся, што, як нітка,
Легла ўжо маршчынка на чало:
З намі — маладосць, яна не знікла,
З намі, з намі — нашых душ святло.
* * *
Кахаць — гарэць,
Жыць без кахання — тлець.
Няма кахання — белы дзень цямнее,
Няма кахання — і вясной зіма:
Душу ні сонца, ні агонь не грэе.
Няма кахання — радасці няма.
* * *
Каханне — гэта чысціня,
Каханне — гэта вышыня,
Каханне — гэта зорны час
Душы, што ўгору ўзносіць нас.
Яно не ведае ані
Нікчэмнай хітрасці, хлусні,
Не знае ў сэрцы цёмных плям —
Глядзіць адкрыта ў вочы нам.
Калі ў каханне ўсё ж мана
Цішком пракрадзецца, яна
Развее ўміг яго дазвання:
Там, дзе мана — няма кахання!
* * *
Зары запозненай каснік
Хто ў ціхі час згубіў за пожняй?
На момант выслізнуў і знік
За хмаркаю, як прывід, поўнік.
Ты не прыйшла... Клён пацямнеў.
Зямлі шматфарбнасць гасіць вечар.
I холад нізавы мяне
Патроху ўжо бярэ за плечы.
Ты не прыйшла... Мо твой цягнік
Сышоў на перагоне з рэек?
Ці недзе сон, як чараўнік,
Скаваў няўзнак праменні веек?
Ты не прыйшла... Што без цябе
Мне гэты свет — яго б не браў я!
Што мне на ўзгоркавым гарбе
Шалёны водар разнатраўя!
* * *
Згубіў цябе. Куды ж пайсці?
Ні адраса, ні тэлефона.
Як промень воч тваіх знайсці
У горадзе мільённым?
Я без цябе — аглухлы грот,
Пусты, без пчолаў, вулей.
Ізноў, ізноў — каторы год! —
Кірую ў джунглі вуліц.
Мо між людзей твая мільгне
Касынка выпадкова?
Мо дзе ўзляцяць насустрач мне
Дзве ластавачкі броваў?
А за вясной — кіпіць вясна,
Не згледзіш — час асенні.
Тапчу, тапчу асфальт звідна,
Шукаю голку ў сене.
* * *
I дабрата і прыгажосць —
Гляджу: такое спалучэнне!
А можа, гэта ўсё і ёсць
Душы высокае свячэнне?
Прамень твайго святла і я
Злавіў вачмі ў паглядзе шыбкім,
I адгукнулася мая
Душа на промень той, як скрыпка.
Імчала электрычка нас,
За шклом мільгалі светафоры
I неба немае, дзе — час! —
Збіраўся зор высокі форум.
Дзесь ля Ушы, нібы рака,
Вагон запоўніла вяселле,
I ўжо віхуру гапака
Панеслі колы між аселіц.
Нас грэў вясёлы танец той,
I падпяваў паціху кожны:
Ты —
ява казкі залатой,
I я —
вандроўнік спадарожны.
На развітанне з цеплынёй
Ты пасміхнулася мне ветла,
I ў чорнай цемені начной
Мне раптам стала гэтак светла!
Ішоў я, повен мараў-сноў,
Асенняй вуліцаю хліпкай,
I пела, пела, пела зноў
У сэрцы сонечная скрыпка.
* * *
Цячэ гародамі Гарынь,
А у Гарыні — неба сінь,
А ў Гарыні —
дзень які! —
Далека ўнізе
ястрабкі.
Вас сцежка берагам вяла,
Між лозаў петлі вам віла.
Пясок, што слаўся ля ракі,
Лізалі хваляў языкі.
Маўчалі вы абое: там
Слоў не хапала ў свеце вам.
Ды пра агонь душы ярчэй
Казалі позіркі вачэй.
Хоць ехаў ты, ды браў навек
Бляск гэты ясны з-пад павек,
Браў рук цяпло, браў гэты плёс,
I гэту сцежку паміж лоз,
I стужку чыстую — Гарынь,
I у Гарыні — неба сінь,
I ў Гарыні —
дзень які! —
Далёка ўнізе
ястрабкі.
* * *
Не крыўдуй на мяне, не крыўдуй,
Калі што сказаў бесталкова:
Буйных дум маіх чараду
Хіба ж проста ўціснуць у слова?
Для мяне ты — пасланне нябёс,
Што змяніла ўсіх сноў кірунак,
Ява мары маёй, мой лёс,
Мая муза, мой паратунак.
Нібы раптам усе ўзышлі
Мае зоры з вышыняў бяздонных,
Ружы ўсе мае расцвілі,
Што так доўга спалі ў бутонах!
Ясната воч спагадных тваіх —
Як, і сам я не знаю —
Узняла мяне, ўзвысіла ўміг,
Падхапіла, як хваля марская.
* * *
Пакуль маё сэрца замкнёна было
на цяжкі, як наледзь, замок нявер'я,
Яно здавалася мне з кулачок, не большым.
А гэта ж у ім —
рэкі шырока плывуць,
хвалямі плёскаючы аб берагі,
Лугі вясновыя зіхацяць
золатам лотаці,
незабудак блакітам,
Вятры паднябесныя граюць
на карабельных мачтах напятых,
Сонца гуляе,
гараць прамяніста планеты і зоры сусвету...
Вось якім стала сэрца маё неабдымным,
Калі ты адамкнула яго
Ключом свайго чарадзейнага слова:
«Кахаю...»
* * *
Ты казала: будзеш зноў чакаць,
Будзем зноў у свеце — мы ды поўнач,
Будзе ў просе драч драча гукаць
Ды стаяць над каласамі поўнік.
А пакуль — я круглякі калю,
А пакуль — звіні ў руках, тапор!
А пакуль лаўлю, лаўлю, лаўлю
Сонца, што плыве за дальні бор.
I такая ў свеце шырыня,
I такая ў небе вышыня,
I такая за палямі сіняя
Прад вачыма гарызонта лінія!
* * *
А мо гэта ноч табе упала на плечы
I ў залі пад гукі басоў
Зацьміла ўсе люстры мне ў дзіўны той вечар
Ноч тваіх валасоў...
* * *
Ты — бераг мой, бераг...
Пад небам, сінім і чорным,
Як доўга насіла па моры жыццёвым
Мой човен!
Як доўга ад хвалі да хвалі шпурляла
Яго з крыкам чаек!
У белых туманах сляпых, у бяззорых начах
Як доўга шукаў я прычала!
Цвілі белым цветам
Пад хмаркамі вішні на свеце...
Ды зноў міма вёснаў, ды зноў міма вёснаў
Мой човен
Праносілі вёслы!
I вось за грэбнямі хваль высокімі
Мой бераг — у соснах і сонцы!
Гляджу і не веру —
То сон
Ці
Не сон?..
Мой бераг!
* * *
Бывае часам: смоўж сумненняў
Цябе з дарогі ўбок звядзе,
I ўсю душу аледзяненне
Цяжкою глыбай абкладзе.
Дзень цэлы ходзіш — хмара хмарай,
I ні жаданняў больш, ні сіл,
I свет у восеньскіх пажарах
Ужо табе не міл, не міл.
Ды блісне тонкі промень веры,
I — растае памалу лёд.
I для душы адкрыты дзверы
Ізноў у паднябесны лёт!
* * *
Рассыпала ноч алмазы
Па дахах дамоў, па рамах.
Блішчаць усе яны разам
У мілых вачах таксама.
Збірайце ж вы іх, збірайце,
Збірайце, пакуль маладыя,
I ў сэрцы сваім зберагайце
Алмазы найдарагія.
Дарога жыцця — немалая,
На ёй будуць церні і цені,
I часам аслепіць — бывае! —
Вам вочы чорная цемень.
Ды вы любыя запруды
Адолееце адразу,
Калі асвятляць вам будуць
Дарогу тыя алмазы!
ДАРЫЦЕ ЎСМЕШКІ!
Дарыце ўсмешкі
людзям, як кветкі
Найшчодрых сэрцаў
лепшыя сведкі.
Яшчэ на свеце
о як даволі
Нам часам ліха
ўдзяляе доля!
Дарыце ўсмешкі —
для чалавека.
Не трэба лепшых,
чым ласка, лекаў.
Нашто ж хаваць нам
у тлуме спешкі
Душы багацце —
дарыце ўсмешкі!
Дарыце ўсмешкі,
дарыце ўсмешкі —
Ад сэрца к сэрцу
прамыя сцежкі.