Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць мэдыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль ня знаю. Ведаю М.Танка й вельмі захапляюся яго творчасьцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, ня мог паступіць на польскі унівэрсытэт. Гiмназія ня мела дзяржаўных правоў. У Ліцьве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР[8] у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпэндыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвэнтаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.
У Вільні была Беларуская Школьная Рада[9], гдзе працавалі Тарашкевіч і Грыневіч, якія пэрспэктыўным студэнтам давалі посьвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязаньне, што, атрымаўшы асьвету, кожны беларус выдасьць кніжку на роднай мове па спэцыяльнасьці й дасьць за свой кошт вышэйшую асьвету аднаму сваяму суайчыньніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песьні народныя, каб засьпявалі. У Літву трэба было перайсьці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў сваяго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату», — сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посьвядкі не хапіла. Ніякія посьвядкі тут значэньня ня мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды зьявіліся прадстаўнікі БНР В.Захарка й Дзьмітрыеў, якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам, які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас»[10] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Бэрлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, гдзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. I так праз Бэрлін у жаданую чэскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзьве бульбіны, каб вяроўка ня коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Эўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра, — прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпэндыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да сваяго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга… Вярталіся на ўсход, гдзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе… Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасьці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы сьпяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што сьлед іх жыцьця й навукі не міне бясьсьледна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Бэрліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есьці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есьці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці зьелі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі сьвет. Шмат пазьней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.
А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсьць такая маленькая крамка, гдзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак[11] і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім ня думаючы аб заўтрашнім дні, шчасьлівы толькі тым, што сяньня мы разам, яшчэ пакуль што разам… Гэта было так хораша, і радасьці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяньня, на старасьці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі ня думалі аб тым, што будзем есьці заўтра. Бог нейк сьцярог нас, нашае жыцьце, і так мы жывем яшчэ сяньня.
Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезьлі мы з татам яго на станцыю, разьвіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасьцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсьць паяўленьне новага жыцьця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясьмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У маі я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа… Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сьцежкі… Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціньнем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есьці з перадачы, якую яму прынесьлі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі пад час ускрыцьця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касьцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, гдзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстаньні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяньня: ці не хачу на яго паглядзець? Сяньня, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсе здавалася праўдай… Я пайшла з ім.
У Зэльве, гдзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзьверы кругом. Там пад тымі дзьвярыма стаялі людзі, іх разганяла паліцыя, баяліся дэманстрацыі. У склепе паліцыі, тае дэфэнзывы, на тапчане ляжаў забіты. Быў невялікага росту, васпаваты, у новым тканым гарнітуры. Вокал сядзелі жанчыны, зьбялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі ня рэзалі сябе ад чужога зьдзеку!..» Мне здаецца, што гэта гаварыла ня я, гэта, напэўна, ужо быў час хоць на словы, калі яшчэ не на чыны. Гэта ўсім, хто асьмеліўся няволіць, мучыць наш пакутны народ! Так сказаць ім у вочы быў ужо найвышэйшы час! Там была паліцыя, і мой пачын, на цьвярозы розум, быў амаль неверагодны. Мяне пачалі страшна байкатаваць, мяне проста ахрысьцілі камуністкай, якой я не была зроду. Я проста не магла ніколі, а цяпер асабліва, зносіць зьдзеку над маім народам. Я ж чакала дзіця, і яно будзе неадродным сынам нашага народу, і трэба, каб доля іх, нашых беларускіх дзяцей, была чалавечай. Ня толькі ў чужой, харошай літаратуры, але сапраўды ў нас мусяе быць воля, гуманізм і асьвета на роднай мове й свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў! Найгорай я зрабіла бедным мужавым бацькам, яны й так дрыжэлі за лёс сваяго адзінага сына, які адзінока, упарта йшоў супраць чужой цемры, упэўнены ў тым, што й мы нарэшце станем людзьмі, як пісаў наш Купала. Тату цягалі. Ён, кажуць, адкупіўся нейк і выгарадзіў мяне, ссылаючыся на маю цяжарнасьць. Мяне крыху папракалі, але ня надта, можна было гэта вытрымаць, магло быць горай. Бацькі Яначкі былі добрымі людзьмі.
Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ ня час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясьняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, гдзе б яно ні тварылася супраць нас.
Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзьве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зельле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе… Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, Ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэет. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім ня ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі[12], дзівосныя аплаты за ўсё й сьлёзы, сьлёзы маіх бацькоў… «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж…» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасьць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага ня сьмеў змусіць… Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць сваяго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць…» Тады стары тата маяго мужа працягнуў рукі да мяне. абняў мяне й сказаў: «Я шчасьлівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі ня можаш ты скрыўдзіць сваіх баць коў, дык ніколі ня скрыўдзіш маяго сына…» Я заплакала. А харошы стары Петр Станіслававіч Геніюш прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной… Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасьці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасьці… I памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, бяз нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. I гэта ёсьць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й ня выракліся народу сваяго й таго, што яму, як усім іншым народам на сьвеце, належыць!
Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасьцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасьць, але пасьля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасьцей… Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасьцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаваньне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя сьвяточныя абеды, так я навучылася прымаць гасьцей. Я сваіх кватэрантаў частавала, як сваіх гасьцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасьля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаваньняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасьць і духовая сіла ўсё перанесвді. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватэрантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’яжджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. I так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.
Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, ня лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апэляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам ня хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае… Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары… Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасьць усюды. Усё цяпер гэта было сьмешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсьць у бацькі 6 гэкт. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі… Ад такой нагласьці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі зьвярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасьці. Вялікая заля, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. I вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсьць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бясьсільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу маяму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы… Цікава… Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У гэты час пануе страшная нянавісьць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зьневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. I так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.
Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сьне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасьць за яго долю, каб я гэта памятала… Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне перасьледуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.
I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаньнем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына… Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын… Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, маяго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі сваяго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцьця.
Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа маяго сына. I вось паехаў тата на вакзал па гасьцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі сьвятар Ян-сон, хрысьціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі…
I вось мужу далі дазвол выехаць. Ня проста так. Ён зьвярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да сваяго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвез мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянек з намі, і мы разьвіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсьведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай[13] напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка, — ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне сваяго сына.
Аднойчы ў суботу я ўбачыла на падворку чужую фурманку, з яе выходзіў мой муж! Я думала, што гэта нейкая зьява, але гэта быў ён. Ён вярнуўся з Варшавы. Палякі разьбілі чэскі кансулят[14] у Варшаве, і чэхі нікога пакуль што ў Прагу не пускалі. Загадалі прыехаць цераз пару тыдняў. I хоць грошай было вельмі мала, муж прыехаў да нас. Гэта было вельмі жадана, гэта было як сонца з-за хмар. Пару тыдняў пры калысцы сына мы былі вельмі шчасьлівыя, і гэты пражскі, эўрапейскі студэнт сказаў мне, што ня ведаў, як цікава можна жыць у глушы. I вось прыйшоў дзень, калі мы зноў разьвіталіся, і калі б я ведала, што гэта аж на два даўгія гады, я, напэўна, не змагла б стрываць гэтага. Сыночку было паўтара месяца. Цяжка было бяз мужа, яшчэ цяжэй было думаць, як там ён сам і бяз грошай і як яму там вучыцца ў такіх варунках, гэтаму цьвердаму маяму чалавеку, які першы з малой Зэльвы намагаўся напружаньнем усіх сіл стаць лекарам. Лекарам-беларусам з малой хаты сялянскай, з убогай лапінкі бацькавай зямлі. I ён дапяў свае мэты, хоць і галадаў, і працаваў на дарогах, на будоўлях, гдзе толькі змог. Ён стаў-такі лекарам, і гэта было як шчасьце.
А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысьцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Ва-вацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу ня мог, яго тут ужо прасьледавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу[15]. Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганьне, напады сэквэстратараў[16] на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыцьцё на пасаг… Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяньня яшчэ бяскарна прасьледуюць і душаць астаткі жыцьця маяго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул… Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей…
Нарэшце напісаў мне муж, каб я старалася выехаць да яго. Ён знайшоў недзе скромную працу, і час ужо яму ўбачыць сына. Паўгода цягнулася справа маяго выезду. Я ўжо жыла ў Зэльве, куды вярнулася й мама маяго мужа. Яна вельмі палюбіла сваяго ўнука й вучыла яго розным песенькам. Хлопчык сапраўды быў харошы, калі я часам плакала, дык браў мяне рукамі за шыю й казаў: «Апаць, Вавацька, апаць» — не плач, знача, і мне ўжо было лягчэй. Аднойчы пачаў крычаць на мяне мой тата, дык ён стаў супраць яго з дубцом і голасна заявіў яму: «Монё Вавацька кіцяць!» — няможна на Ларачку крычаць. Дзед вельмі засароміўся, а крычаў ён на мяне таму, што я заступілася за Расьціслава, тата быў несправядлівы да яго часам. Мне загадвалі заўсёды за два тыдні прыехаць у староства, і зноў адказвалі даць дазвол, і зноў загадвалі за два тыдні прыехаць. Так цягнулася ўжо паўгода, але я езьдзіла, прасіла, не губляла надзеі.
Бацькі па-ранейшаму гаспадарылі, выкручваліся з даўгоў. Часам выклікалі мяне, калі было трудна. Гэта былі апошнія часы маяго прабываньня на Бацькаўшчыне. Быў канец 37-га года. З палёў цягнула халодным ветрам, і сонца нейк заходзіла болей крывава. Вечарамі, начамі луналі пажары частыя, як на бяду. Яшчэ раз выклікалі тату адносна выпіскі беларускіх газэтаў, прыгразілі штрафам (напрыклад, за сабак і т. п.) і непрыемнасьцямі, а тата ўжо прывык да іх. Яны пашыралі веды аб Беларусі, закраналі нашу гісторыю, ля іх групаваліся нашыя лепшыя літаратары. Уздымалі яны разумна, абгрунтавана, ня лозунгамі, а нязьбітымі довадамі на права нашай самастойнасьці, незалежнасьці, наш народ. Я крыху пісала, вершаў сваіх па-ранейшаму нікуды не пасылала, часам мужу:
Калі першая зорка на неба загляне,
тады ўспомні, мілы, пра нас,
душа мая выйдзе к табе, на спатканьне,
па небе, на зорку якраз… і т. п.
Вершы загінулі. А народ стагнаў. Палякі яшчэ мелі нагласьць закідаць нам, што мы іх ня любім, ня ўдзячныя ім, бачыце, за путы… А пратэст супраць іх нарастаў. Я маўчала, але ўсё гэта асядала на сэрцы прагай змаганьня за лепшы сьвет.
Аднойчы сутоньнем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасьць, такі прыліў сілаў, штр ўсе стала мне ня страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сябе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасьця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленьнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасьць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасьці не зьмяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны зьбянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусьцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа ня ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям’ю. Горача я разьвіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасьцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад’яжджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто ня бачыў яе болю й сьлёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла ў цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.