У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў праскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.
Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. I вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, сьмяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але сваяго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.
Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасьля завёз муж мяне й сваяго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо пасьпеў яму паламаць стрэлкі на гадзіньніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыяжджаў, на нядзелю абавязкова.
Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім, была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.
Дзядзька быў намесьнікам П.Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў[17], падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа.
Пасьля зьезду, які быў скліканы ў Бэрліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасьці Беларусі. Цьвікевіч, Заяц і Пракулевіч вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зьліквідавалі фізычна.
Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальва рачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асьвечаная, разумная жанчына. Яна прыяжджала да нас, калі ехала да сваяго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыцьцё на гэта зьбіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да сьмерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасьць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.
У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую зьяву — там выразна не любілі т. зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць ня ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спэцыяліста скурна-вэнэрычных хваробаў, чэскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам па Чэскім Градзе[18] (Крамлі), а муж увесь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасьць і працавітасьць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцьця.
Я вельмі хутка навучылася па-чэску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са сваяго дому, нічуць не ўступала хвалёнай эўрапейскай. Чэснасьць і ветлівасьць, праўдзівасьць і сьмеласьць, гасьціннасьць, ахвярнасьць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш ня быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі», — падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасьць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе ня горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.
А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амэрыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзыдэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык (Гарыг — прозьвішча па жонцы-амэрыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму ў Эўропе. Памер ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесьці ў апошнюю дарогу сваяго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзыдэнтам Эдуард Бэнэш — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзе яй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.
Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высьмейваў нас і не прасьледаваў, як гэта было ў Польшчы. На ўсё гэта я паглядала з вялікай радасьцю, а мае асабістыя адносіны да людзей здабылі мне такія сымпатыі, што шмат пазьней сьледавацель у Менску сказаў мне на злосных допытах: «Што вы за чалавек — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне ня можам на вас знайсьці сьведкаў!» Так іх і не знайшлі, мяне судзілі без ніякіх сьведкаў. Чэхі часам крыху зыходзяць са свае яснай дарогі, але трэба прызнаць ім, што зноў на яе вяртаюцца Масарыкавыя дзеці.
Усё мне тут было новым, але ня лепшым, чымсьці ў нас. Сытасьць ніколі не была маім ідэалам, а вось чалавечнасьць — заўсёды. Чэхаў я часам не разумела — яны маглі плакаць, калі птушанятка ўпала з гнязда, і спакойна праходзіць міма чалавека ў бядзе. Усе ў іх лічылася на «коруны», і кожным трэцім словам у гутарцы іхняй была «коруна»[19]. Тут ня верылі так моцна ў Бога, як у маім краі, і хоць храмы ў іх былі болей велічныя й прыгожыя, чымсьці ў нас, здавалася мне, што ў нас сумленьне, ахвярнасьць і праўда ў адносінах да людзей куды вышэйшыя. Чыста было ў іх усюды й вялікі парадак ва ўсім, і гэта я падзіўляла.
Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й разьвіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выяжджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасьць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, гдзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разьлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што зьвярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасьці, клікалі да сябе.
Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку. Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэскі настаўнік з сям’ей, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыяжджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваею жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсе жыцьцё. Я навучылася варыць чэскія стравы, пячы булкі па-іхняму.
Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасьці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.
Мы жылі ў адных сенях з той сям’ей, гдзе жыў мой муж раней з панам Новакам — маладым студэнтам. Якія дзіўныя чэхі! Аднойчы прыйшла да мяне тая гаспадыня з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца яе добры кватэрант. Я зьдзівілася, бо амаль ня ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт ня можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся ў пані дактарову, бярэ ўсе да сябе Іжычка, згубіў спакой і зусім ня можа вучыцца, і я вінавата! Хто такую несуразіцу чуў? Пасьля мы шчыра пагаварылі з панам Новакам. Ён стараўся зразумець незразумелае. Паводле яго слоў, быў ён сынам гандляра, ніякі не рамантык, меў нарачоную, якую, здавалася яму, кахаў. Усё абдумана, заплянавана як належыць, і раптам нешта такое, з чым яму ніяк ня справіцца! Для мяне гэта таксама было дзіўным, як можна плянаваць і пачуцьці? Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк. Вось такія былі чэхі — цьвярозыя, чэсныя, але душа ў іх была.
Чэскі быт памалу ўваходзіў у мае прывычкі. Каб лепей варыць, я купіла сабе кулінарную кніжачку й з цікавасьцю прачытала там, як прыгатаваць на абед «жабі стэгінка» (жабіныя кулыпачкі). У гэты час мне прыпомніліся нашыя каўбасы, сальцэсоны, вантрабянкі, парасяты і індыкі, якія так смачна падавалі на Беларусі. Жабы, гэта ж, мусіць быць, несусьветная несмач! Але чэскія кнэдлікі[20] мне падабаліся.
А тым часам падзеі не стаялі на месцы. Нейк Прага ня спала цэлую ноч, гэта тады, калі немцы акупавалі Аўстрыю. Чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся. А тым часам быў у Празе апошні й цудоўны Сакольскі зьлёт[21]. Гэта была адчайная дэманстрацыя патрыятызму, прыгажосьці, спартыўнасьці, сілы. Прага некалькі тыдняў не прачыналася й не засынала, Прага проста ня спала! Яна вітала, паіла, карміла, дарыла й гасьціла чужых і айчынных гасьцей. Яна сьмяялася й плакала, адчыняючы людзям насьцеж свае чыстае сэрца й быццам просячы зразуменьня, ратунку й помачы супраць таго, што маршыравала адмераным каваным крокам з Захаду й на цэлую Эўропу ўжо крычала: «Гэйль Гітлер!» На стадыене былі цуды зладжанай масавай гімнастыкі, быў улюбёны свой прэзыдэнт з неадступным другам — мілай і дастойнай першай дамай Рэспублікі — сваей жонкай. Але гэта быў апошні размах свабоднага народу. Насоўваліся цяжкія хмары. Усе мясьціны свабоднай дзяржавы прывезьлі на гэты зьлёт любоў і вернасьць ураду сваяму й сталіцы. Я бачыла, як таргоўкі бралі ў прыпол цытрыны й памяранцы са сваіх латкоў і нясьлі іх моладзі, якая ўсё прыбывала й прыбывала ў Прагу, вітаючы дарагую сталіцу. Я бачыла пасьля, як кожная з гэтых гандлярак трымала ў руках газэту, гдзе пісалася аб адарваньні ад Рэспублікі яе правінцыяў і галоўнае — Судэцкага краю, і як кожная плакала з гора. Плакаў тады ўвесь гэты харошы, пакінуты ўсімі народ. Гэта не была Рэспубліка, а дом іх дарагі й гасьцінны, сям’я іх адзіная, на якую тупым маршам ішоў іх адвечны вораг, і зьнікуль не відно было ратунку. Прагна адскубла сабе з жывога цела Рэспублікі й ачумелая Польшча, быццам ня думаючы аб тым, што чакае заўтра яе безабаронны, няшчасны народ. Адна толькі Румынія засталася ў тыя страшныя дні чалавечнай і дружнай. Недарма, знача, румынскія жанчыны на Сакольскім зьлёце крычалі перад трыбунай ураду аб сваей адданасьці й аб дружбе…
А час ішоў. Я не магу забыцца аб чэскай мабілізацыі. Усе мы ў нашым доме супольна слухалі, як гаварыў Гітлер. Ён крычаў, злаваўся, быццам крыкам хацеў паралізаваць запалоханыя народы. Нарэшце ноччу аб’явілі аб мабілізацыі. Людзі сьмяяліся, кідаліся сабе ў абдымкі! Яны ня плакалі, не баяліся, яны былі шчасьлівыя, што могуць, маць шчасьце йсьці бараніць сваю волю, сваю Радзіму. «Тэдь вімэ, на чэм йсмэ!» (ведаем, што рабіць!) — крычаў мне сусед наш з несказаным шчасьцем. Мы ня думалі, што вораг дасьць чэхам спакойна мабілізавацца. Суседзі паадзявалі маскі, а ў нас была толькі адна, і мы з мужам пачалі тут сварыцца: ён пхаў яе мне, а я яму назад, і нарэшце мы адкінулі яе зусім. Назаўтра муж папытаўся ў мяне, што, на маю думку, яму рабіць? На маю й на яго думку трэба было вось цяпер адудзячыцца харошаму народу за асьвету й за гасьціннасьць, і муж пайшоў і запісаўся дабравольцам. Але вайны не было, а чаму, я гэтага нават ня ведаю… Як я цяпер думаю, дык Прага ня ў сілах была стрымаць нямецкую ўсю напорыстую навалу, але навала гэтая была ў сіл iх пакінуць ад тысячагадовага горада мокрае месца… Спакой а сабе паехалі дамоў Дэладзье, Чэмбэрлен і інш., якія на так коратка адвярнулі ад сябе небясьпеку. Прэзыдэнт Эдуард Бэнэш пакідаў сваю Бацькаўшчыну. Усе плачучы слухалі ягоную апошнюю прамову. Ён прашчаўся са сваім народам, змушаны пакінуць яго. Мне так захацелася ў гэты час падзякаваць яму за ўсё, што чэхі зрабілі для нас, што я, каб муж ня ведаў, напісала яму на Град падзяку ад нас, усі беларусаў у Празе, і шчырае спагаданьне з прычыны такой гістарычнай сумнай, трагічнай падзеі. Мужу пасьля толькi паказала падзяку з Граду, якая, як адказ на мой ліст, надышла з Граду. Мы доўга яе перахоўвалі вайною.
У Чэхаславакіі ўтварыўся новы ўрад на чале з трагічнай асобаю Гахі. Пасьля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, засьнежаны дзень увайшлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усе — ад мыла й сала пачынаючы. У Кашпараку жыла сям’я нямецкіх камуністаў. Гэта быў рабочы й нейкі дзеяч Ота Кляўдэр, Ані, ягоная жонка, і іх дачка. Ані мне многа радзіла, памагала. Ота вадзіў Юру на спацыр, калі я мыла бялізну, і часта нам прыносіў маскоўскія газеты. Ён мне сказаў, што вайну вырашыць савецкая зброя, і гэта пасьля аказалася праўдай. У іх я пазнаёмілася з многімі людзьмі. Адныя з іх — румынскія яўрэі — уцякалі з Прагі й пакінулі нам сваю кватэру. Гэта быў невялічкі пакойчык, і цераз карыдор куханька. Недарагая кватэра й для нас акурат. Яўрэі былі вельмі маладыя, і жонка была надзвычайна прыгожая. Гэта быў чацьвёрты паверх, найвышэй у гэтым доме. Ніжэй пад намі жыла пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, і яшчэ ніжэй — сям’я Малжулаў, гдзе былі дзве дачкі-студэнткі. З малодшай Лідаю мы пасябравалі.
Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрадоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагаалі з Граду, але ён быў такі нэрвовы й такі няшчасны, што ня мог працаваць. А можа, і не хацеў… Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.
Пасьля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.
Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаем, што зьбіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасыўнасьці, запалоханасьці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватэрантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасьля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягауў мне легітымацыю[22], на якую я нават ня глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госьця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.
Нядаўна я пра гэта расказвала адной жанчыне. Яна ў мяне толькі папыталася: «Такі Хрыстападобны?» Кажу: «Так, бледны, худы, страшны й менавіта Хрыстападобны». Яна назвала яго. Гэты чалавек дапамог арганізаваць, а пасьля такжа прадаць і праваліць «Грамаду»… Быў гэта страшны чалавек… Болей мы ў хату такіх не пускалі, прыходзілі да нас толькі свае сябры й нашыя з Моджанаў.
Пасьля падзелу Чэхаславаччыны нас пачалі вельмі прасьледаваць палякі. Яны відавочна патрабавалі, каб чэхі нас вярнулі ў Польшчу, бо мы ж былі польскімі грамадзянамі. I вось у нас бязвыхаднае становішча, нас выкідаюць. Нехта перадаў мужу, каб мы з сынам схадзілі да аднаго з чэскіх сэнатараў і папрасілі заручыцца за нас. I вось ідзем мы з Юрачкам, вяду яго за руку. Калі мы туды прыйшлі, дык усе ва ўрадзе зацікавіліся цудоўным хлопчыкам, які міла гаварыў чэскія вершы. Пан сэнатар прыняў нас ветліва. Я вельмі няўмела папрасіла яго памагчы нам — прасіць нешта для сябе мне было заўсёды цяжка. Ён загадаў сакратарцы напісаць нешта, падпісаў гэта, і мы трапілі ў рукі ўсіх супрацоўнікаў гэтага ўраду. Яны паспелі ўжо купіць Юру чэскія кніжачкі для дзяцей і сабралі яму троха й грошай. Я старалася скрыць тое, што я не прывыкла, каб давалі мне грошы, што я іх прывыкла людзям даваць, але яны ўсе былі такія шчырыя, такія харошыя, што я ўзяла гэты падарак для сына, і мы сардэчна разьвіталіся з імі. Так мы засталіся ў Празе, і грозны начальнік паліцыі для чужынцаў, нейкі славак — забылася яго прозьвішча ўжо, — ня мог нас так сабе выкінуць.
Палякі нейк ужо пранюхалі мае крыўды на іх, і бацькі мне са страхам пісалі, чаму я не маўчу лепей у Празе, што тут шкадуюць, што наагул мяне выпусьцілі са сваіх рук… Я чытаю польскія газеты. Кракаўскі «Кур’ер поранны» пісаў, што палякі немцаў разаб’юць, напэўна, і тады пашыраць свае граніцы так, што польскі жолнеж[23] падасьць руку японскаму. Аж куды ўжо пашырацца граніцы Рэчы Паспалітай! Каго Бог хоча пакараць, адыме розум, — думала я. Мы яшчэ пасьпелі зрабіць Юрачкін партрэцік і паслаць яго бацькам, як немцы напалі на Рэч Паспалітую. Шкада было нашых людзей, шкада было бацькоў нашых, нашай зямлі. Вайна ня жарты, і немцы ня ангелы! Што ж, выйшла яшчэ горай, як мы баяліся. Зьяднаньне Беларусі і яе «асвабаджэньне» поўнасьцю закрыла мне гора маёй сям’і. Хутка напісалі нам, што тата мой памяняў сваю кватэру на горшую ў Гродне, і я ўжо ведала, што гэта значыць. Неўзабаве гэта пацьвердзілася, і мы ад зэльвенцаў атрымалі справу аб тым, як ля сьцяны нейкага хлява ў Зэльве забілі 21 чалавека, у тым ліку старэнькага бацюшку Якабсона, зэльвенекага ксяндза, і інш… Божа мой, і каму й пашто гэта было трэба? Калі хто й чакаў чаго, дык ня гэтага. Старэнькі гэты сьвятар, памятаю, вельмі любіў туліпаны, а матушка яго была старэнькая, малая, як курапатка. Ён прыходзіў да нас хрысьціць Юрачку й такі быў бяскрыўдны. Што там далей у нас рабілася, я ня ведала, але лёс таты мяне ўстрывожыў, і тут я пыталася: за што? Я ня ведала, як дапамагчы ім. Напісала ліста ў Палаўкі, да чалавека, які быў многім нам забавязаны, да Люціка Уладка. Гэта быў набожны чалавек, наш сусед. Яму давалася балота касіць, поля, што засеяць. Мама і лячыла дзяцей ім, і жаніла, і нават на вясельлі ў іх была каравайніцай, што было супраць яе правілаў. I вось гэты чалавек прадаў нас, першы падпісаўся на вываз мамы з дзецьмі, бо тату ўжо дабівалі ў Гродне ў турме разам з яго братам Валодзем і пляменьнікам Віталем. Сын гэтага Люціка, таксама Уладзімір, цяпер важны праваслаўны сьвятар савецкі, якога яны пасылаюць увесь час за граніцу. Кажуць, што ён партыйны.
Казаў мне адзін чалавек, што тады было агульнае азьвярэньне, насалода з мукаў чалавечых і канец сьвету. Так недзе наступаў некалькі вякоў таму Чынгісхан на славянскія землі… Сумнае было злучэньне зямлі нашай, неблагаславеннае добрай справай.
З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай.
Хутка пасьля маяго прыезду ў Прагу памёр Тамаш Грыб — таксама член ураду БНР, наймалодшы яго міністар. Памёр на васпаленьне лёгкіх — дарагі Флемінг тады яшчэ ня даў людзям пэніцыліну. Усе мы езьдзілі на крэмацыю, якая сама па сабе ўжо была для мяне дзівам. Там я пазнаёмілася з Ермачэнкам, Русаком, Бакачом, Калошам і інш. Труна паволі адплывала ад нас, і на хорах нейкі ўкраінскі сьпявак прачула сьпяваў «Не пагаснуць зоркі ў небе». Я таксама адчула, што і я ўжо на чужыне, і горка зашчаміла сэрца. Пасьля былі грамадзкія хаўтуры. Пад гэрбам нашым і сьцягам вісеў прыгожы Грыбаў партрэт, зышлося многа людзей — чэхаў і братоў-эмігрантаў. Валодзя Тамашчык мне іх называў. Ад чэхаў быў ведамы славіст, прафэсар Славік, выступаў сардэчна, прадумана. Ад украінцаў выступаў, здаецца, прафэсар Дарашэнка, які некалі першы напісаў кніжачку аб нашым адраджэньні. Сам ён з Чарнігаўшчыны, дык беззаганна валодаў беларускай мовай. Ад рускіх эсэраў гаварыў вельмі цікавы Чарноў. Была на хаўтурах і Радзянко. Яна, здаецца, любіла мяне, мы часта сустракаліся ў цэркве. Скромна ў хустачцы пад бараду гэтая шляхотная дзяячка, здаецца, ніколі ня думала пра сябе. Пасьля заканчэньня унівэрсытэту доктар Грыб працаваў у славянскім архіве ў беларускім яго аддзеле. Плацілі там грашы, і ён дарабляў у няшчодрае беспрацоўе як мог, насіў нават і прадаваў, казалі, краваткі[24] па людзях, а ў архіве пісаў, заўзята працаваў для Беларусі. Кажуць, засталося пасьля яго многа вартасных навуковых працаў. Часам выдавалі беларусы ў Празе «Іскры Скарыны»[25], над якімі працаваў пераважна доктар Грыб, а фінансаваў іх Васіль Русак — мажны й вельмі энэргічны слуцкі паўстанец[26], які памёр пасьля вайны ў савецкім зьняволеньні. Былі яшчэ Клаўсуць, Вітушка, Астапкевіч і інш. Яны пераважна пажаніліся з чэшкамі й жылі ня ў Празе.
Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты[27] аб сваім кабінэце даслоўна ва ўсіх чэскіх газэтах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсьміхаўся, але зусім не выклікаў.да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла мэдыцыну (зубніха) на беларускую стыпэндыю, мелі яны дзьве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек ня меў ніякае літасьці над беднымі сваімі суайчыньнікамі, ён наагул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцьці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маей сымпатыі й маяго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасьля таго здарэньня ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, ня маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сьцяміць… Інтарэсы маяго народу — мая сьвятасьць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, гдзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаваньняў ня ведаго, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды бяздомны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасьць жыцьця. Былі й другія з вышэйшаю асьветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі… Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконаньня, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе ня лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзыдэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсьці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, ня выдаў.
Пасьля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез»[28] — знача без грамадзянства. Гэта было ня так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела… Немцы са сваёй ведамай дакладнасьцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы[29], беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшканьня, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу зьнялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі ня бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў ня мелі. Узяць іх было небясьпечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі ў Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цьвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсьленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распiску Бакачу, бо сапраўды ён ня меў з чаго жыць.
Казалі, што беларусы вельмі добра біліся, але ўсе гэта было дарма, і вось паявіліся нашыя палонныя, а было іх шмат. У Бэрліне пачала для іх выходзіць газета «Раніца»[30], якая хутка трапіла і ў Прагу. Муж яе выпісаў. Акрамя нямецкіх зводкаў былі там і беларускія пытаньні, вершы, карэспандэнцыя. Была гэта нічуць ня горшая газета за ўсе пратэктарацкія і іншыя, якія мы чыталі, ды была на роднай мове. Людзі вельмі стараліся, каб мела й беларускі зьмест. Цяпер ужо яна была адзіным друкаваным беларускім словам.
У гэты час уцяклі з Саветаў Расьціслаў і Віця, стрыечны мой брат. Калі забралі тату, дык пачалі шукаць Славачку — ён быў ужо паўналетні. Хлопец блукаў тры месяцы па лесе, то быў у сваякоў, якія ня вельмі хацелі яму дапамагчы. Нарэшце яны перайшлі граніцу і ўцяклі ў Польшчу да татавай сястры, што была за сьвяшчэньнікам. Мілая цёця хутка выжыла нашых юнакоў. Прышыўшы ім літары «П» на плечы, іх адправілі на працу ў Нямеччыну. Ад хлопцаў мы даведаліся аб трагэдыі нашых сем’яў. Віці бацькоў (яго маці — татава сястра) забілі ў іх фальварку Ярылаўцы (цяпер Польшча). Цеці вырвалі язык і дзёрлі пасы скуры з плячэй. Дзядзю Цімошу, кожнаму з іх было праз 80 гадоў, проста забілі, а іх сына Валодзю білі й выдзерлі яму вочы і ўрэшце забілі. Тады наладзілі ў Ярылаўцы танцы пад гармошку й наагул — забаву, трупы ляжалі на панадворку побач… Віця ў гэты час біў немца, і калі вярнуўся, дык перавезьлі яны з маім татам трупы з ярылаўскага хлява пад бераставіцкую царкву й там пахавалі. Пасьля забралі тату, казалі, біў яго канваіруючы нейкі Сундукевіч, а ён ішоў і маўчаў. Казалі мне людзі, што быў з імі ў гродзенскай турме, з якой ужо ніхто з нашай сям’і жывы ня выйшаў. Маму маю з дзецьмі, вымучыўшы на месцы, вывезьлі ў Казахстан. Я не знаходзіла сабе месца, усё пыталася: «За што, за што?» Я хацела кончыць жыцьцё, пусьціўшы газ, да гэтага ў мяне былі і іншыя непрыемнасьці. Муж мяне вывалак з маленькае кухні.
Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну… Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на мае імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усе дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсьць тут у няволі браты мае, цемныя, нават ня ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. I вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мысьлі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем’і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасьцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусьціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не зьвярталі, разагнаўшыся на ўсю Эўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі езьдзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асьветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.
Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, гдзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазыцыю, маю сьмеласьць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсьць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсьведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя калянізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасьля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасьце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.
Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзьве вельмі дыатынгаваныя[31] дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасьцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасьцю паглядалі амаль усе. I вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі, — наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не паджэнтэльмэнску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсьць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларўску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т. п.
Тым часам Славачка й Віця ехалі пад канвоем у Нямеччыну. Немец, якому на гаспадарку дастаўся наш Расьціслаў, вёў яго да хаты і ўсе дрыжэў, аглядаўся. Гдзе ж, не чалавек, а рослы магутны дуб — што пра гэтых славянаў толькі ні начытаўся немец! Вось схопіць адною рукою яго за карак, і немец ня пісьне. Расьціслаў гэтага не зрабіў, уцёкшы ад адных, ня мог і не хацеў адразу нешта пачынаць. Яго накармілі, аднесьліся па-людзку, і Славачка пачаў дапамагаць немцу. Скончыў ён Жыровіцкую сельскагаспадарчую школу й йа натуры быў кемлівы й разумны хлапец. Высокі быў — 1 м 95 см, шырачэзны ў плячох. Густыя валасы, як багаты жытні сноп, хораша ляжалі на галаве, пра парцыянальны роўны нос крыху з гарбінкаю, зеленаватыя, поўныя нейкай затаёнай дабраты вочы, у якія пасьля заглядала я, задраўшы голаў. Немцы яго ацанілі й палюбілі па-свояму. Ён сам веў іх усю гаспадарку, але пісаў мне, што надта цяжка яму, што нават імя сваяго ня чуе й называюць яго тут Нікляс (ад — Міклашэвіч), адно толькі быў рады, што яны нічога не разумеюць, як ён іх лае па-свояму на ўвесь голас. Пасьля ўсіх сваіх вандровак Расьціслаў быў вельмі абдзёрты й вось напісаў мне аб гэтым нейк незнарок. Чэхі далі мне дазвол паслаць яму адзеньне. Я паслала яму ўсё неабходнае, ад бялізны да цёплай прыгожай курткі й да апошніх драбніцаў мужчынскага туалету. Хлопец зрабіўся элегантны, да гэтага немцы падаравалі яму капялюш (гут!) і гадзіньнік (эйн ур!). Расьціслаў меў усе, што характарызуе «вышэйшую расу германцаў», і ў іх зрадзілася думка ажаніць яго і ўсынавіць. Немцы пачалі пісаць мне ў Прагу мілыя лісты, у іх была там нейкая дачка ці сястра, якая ня супраць была ўступіць з намі ў сваяцтва. Брат ад такога шарахаўся, такое было не для нас. Але вось яго сілаю праз «арбайтсамт»[32] забраў да сябе нейкі нямецкі начальнік. Гэта была сапраўды ўжо трагэдыя для нас усіх. У старога гаспадара ён жыў, як у сям’і, а тут пасадзілі яго на кухні, гдзе кармілі аднаго й чым папала. Загадалі маладому панічу даіць кароў, што для яго было найвялікшай пакутай. Начамі папярэдні немец тайна насіў яму есьці, ледзь ня плакаў, але ня змог вярнуць сабе Расьціслава. А я ўсё думала: і як яго, няшчаснага, ратаваць? Ну й сьвет пайшоў, ну й нашая няшчасная доля…
Цераз Польшчу пераслалі мне ліста ад мамы. Завезьлі іх недзе ў Паўночны Казахстан на станцыю Кіялы, гдзе было галадно, халадно й цяжка. Мама пісала, што зайздросьціць Марыі Паўлаўне, той цйці Мані, якую забілі разам з мужам і з сынам. Я дрыжэла за маміна жыцьцё, і калі мы вечарам скуль вярталіся з мужам і холад біў мне ў твар, для мяне гэта быў холад дзікага Казахстану. Я баялася, і нездарма, што мама ня выжыве. Яна так ужо болей не сустрэлася ні з намі, ні з нашым татам. Так ліквідавалі таварышы «клас», вынішчаючы нас да апошняга паасобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але й для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу… Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабокх Францыя ляжала ўжо пакананай, нават славутая лінія Мажыно яе ня выратавала. Гераічна, амаль у адзіночку змагалася старая мудрая Англія, а дзяржавы трагічна падалі адна за другою. Фюрэр і кампанія плянавалі напады, немцы гайлявалі, Англія змагалася, Сталін паціраў рукі над загубай Эўропы, а людзі — адныя ратаваліся як маглі, а другія стагналі ў мучэньнях.
Муж, як і раней, штодзённа хадзіў да доктара Градзіла. Бедны, пакананы легіянер ад раніцы да позьняй ночы круціў Бі-бі-сі і іншыя жоралы[33] аб’ектыўнай інфармацыі; як ваенны, ды яшчэ палкоўнік, крыху арыентаваўся ў лёгкіх і крывавых подзьвігах фюрэра, добра ведаючы тое, што заваяваць мала, трэба яшчэ акупаваць тэрыторыі і ўтрымаць там больш-менш парадак і т. п. На шчасьце для Эўропы, Гітлер быў заваявацелем, але абсалютна паганым палітыкам, і ня трэба было вялікага розуму, каб прадбачыць канец авантуры. Ну, а пакуль што ўсе мы былі ў руках ненармальных людзей, якіх проста трэба было нейк перахітрыць, каб самым выжыць, ды яшчэ паводле магчымасьцяў дапамагчы людзям. Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога. Але вось прыйшоў дзень, калі доктар Градзіл засьмяяўся ля сваяго радые, а Сталін, кажуць, затросься ад нечаканасьці — Гітлер напаў на Савецкі Саюз! Градзіл сказаў, што сталася тое, што трэба. Я начыталася аб нямецкай тэхніцы й ведала, што яна ня толькі для парадаў у Бэрліне, якія мы бачылі ў кіно, яна цяпер, менавіта цяпер гарэ крывавымі барознамі маю Беларусь, і зялёныя сёлы нашыя ў небясьпецы. Я толькі спадзявалася, што, часта бітыя ў гісторыі, мы й тут вывернемся нейк, хто як можа, і народ захаваецца.
На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасьці. Што ж, мы без грамадзянства й ня просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б… Сьмешна. У Ермачэнкі быў свой ад’ютант, нейкі Аўчыньнікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад’ютантам, а цяпер зьмяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцбкамі за граніцу. Вось гэты ад’ютант, які ні слова ня ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасьля нападу нямецкага на СССР пачаў аб’яжджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вульлі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не пасьпела. Аўчыньнікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя маяго мужа, які ўсе ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх ня бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружаньне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усьмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсбды нязьменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі ня можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды, маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцьця ня мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, ня мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі сьпяшаўся сюды з працы. Яму ня далі яшчэ ні сесьці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынею сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж зьбялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў… Тэлеграму акрэсьліў Ермачэнка як ад «беларусоў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сьведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і сьвінства з намі зрабілі. Петра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясьніў мне, што вельмі страшны час і ня ўсім, на жаль, можна верыць… Першы й апошні раз быў муж старшыней на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»… Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усьміхаўся… I вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласьць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой сьледчы, я тады зразумела подласьць ня толькі нямецкіх агентаў… Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласьць называцца ўраднікамі, рэпрэзэнтантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыцьцё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш сьвет, не па дарозе! Гэта нізасьць, за якую ўстыдаўся б бандыт… Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна сьвет перайсьці, але назад не вярнуцца…
I вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так мае сэрца сяньня…» — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад’есьці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя ня раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто ня выйшаў ад нас галодны ў той час, калі большасьць людзей думала аб сабе толькі.
Пасьля паду Польшчы ў Прагу нейкім чынам прыехаў з Варшавы Забэйда-Суміцкі. Заехаў ён да Русака, і наагул заапекаваўся ім Ермачэнка і яго кампанія. Але яго паклалі ў больніцу, і выпадала адведаць яго, падзякаваць за харошую песьню, бо сапраўды народная наша песьня ў яго выкананьні была надзвычай харошай. Вось я й выбралася з ружамі адведаць у больніцы хворага. Ляжаў дзядзька на ўсе ложка, нейкі спацелы, бледны й зусім не падобны на таго, што на абразках. Што ж, села я, аддала свае ружы, якія, закаціўшы тэатральна вочы, маэстра з насалодай нюхаў, пагутарыла крыху й болей туды не пайшла. Затое хутка прыйшоў да нас сам маэстра. Мой палкі й вялікі патрыёт Яначка запрасіў яго хоць два разы на тыдзень прыходзіць да нас на абед, каб беларускія таленты захавалі свае сілы для песьні. Маэстра вельмі рад да нас хадзіў.
Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханьні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай сваяго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя ня ведаем, што казаць, але за пару хвілін зьявіўся наш малец, ужо пасьпеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Эўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што ня меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не пасьпяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.
А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй зьмерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасьля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх…
«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла, — гарланіў на допытах ачумелы сьледавацель, — гэта як амэрыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава столькі людзей ня ходзіць». Нічога я яму болей не паясьняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк ня месьцілася паняцьце чалавечае дабраты… Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў» даць мне ні больш — ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесьці яшчэ й маяго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыцьё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі… Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён ня выжыў бы.
А тым часам збываўся мой сон пры ад’езьдзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыльлі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, гдзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сьне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.
Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсьліць мае нейкае значэньне, нейкае маральнае першынство. Перасьцерагаў мяне перад гдзеякімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне апэрацыя апэндыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Апэрацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямненьня. Вельмі хораша аднёсься да мяне малады лекар, які мяне апэраваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, гдзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасьля апэрацыі, а найболей лекар, які мяне апэраваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сыстэма.
Ермачэнка, які вельмі сэпараваўся ў прыватным жыцьці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэскімі калачамі з кіслымі сьлівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разьбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэньня, бо гэта ня быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разьлікам на вечную ўдзячнасьць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку… На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваей элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе ня меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне 6н зьвярнуўся як да патрыеткі і як да хрысьціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такой харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасьці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было сьмешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазыцыя была непахіснай. Вельмі зьдзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазыцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасьцю, што мы вельмі левыя… Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.
Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасьце. А тым часам мая новая знаемая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я ня ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсьці яе кватэры. Я ніколі ня думала, што прыгажая віла з гаражом і басэйнам для плаваньня яе дом. Я апранулася вельмі сьціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаймай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазьнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэньня. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са сьвечкамі і ўсе для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасьля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, гдзе працуе мой муж, а пасьля зьвярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу… Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Сьмешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басэйне, з чаго Юра вынес цікавую спасьцярогу. што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці Сн. Яны купаліся голенькімі.
Я вельмі зьдзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыньнікавым да нас і загадаў мне вязьці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясьціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на разьвітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обэрмэдыцынальрат» і «обэррэгірунгсрат» на Чэскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гэстапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візыты, калі мяне часам «шукалі» ў іх… Цяпер мне гэта ўсе вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады…
Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі ня толькі нам, але й чэхам, калі я да іх зьвярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцьці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжаньні хутчэй англічане.
Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсе наглядалі жыцьце й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасьць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезьлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сьніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.
Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяньня чакала мае ўдзячнасьці, мае любові. Зьняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, маяго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль ня нашай газэты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі маяго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назьбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газэта выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя зьвярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя гдзе ім толькі было можна. Не было газэты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзя дзька Васіль мінуласьць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасьць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаньнем народу нашага й адчайным каханьнем да мае Айчыны.
Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага ня б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволітакі пасыўных беларусаў. Як цяжка было ўсе гэта стрываць.
Веліч маяго каханьня, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасьля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафэсар Ціхі, ведамы славянафіл, напісаў мне, што зьнішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў… Што ж, прафэсар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасьля выхаду ў сьвет «Невадам з Нёмана»[34] зноў мне выразіць сваё вялікае прызнаньне. Што ж, я ня гневаюся, бо ні адзін народ так ня зьдзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі… Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучзньні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі… Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасьць і тое найясьнейшае, што я выхавала ў душы са сваяго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсьці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсьці за злога чалавека й пасьля прабудзіць у ім усе тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не пасьпеў давесьці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усе сьвятое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласьць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе… Так думаю я сяньня, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось, як паліць у СБП[35] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіенаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату бяз нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесь аўтобус і ня ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць… Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, ганьбяць бяз довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяньня новыя паны яго паганяць… Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў… Я ўжо ня думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузьняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасьля разам з намі… Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасьля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, зьбялеў і ледзь выжыў з такога… Усё гэта распаўзаецца зьверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасьцю не назаву й з такімі мэтадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе…
Якія сьвятыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяньня гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу… За што? За што? Чаму так страшна азьвярэлі людзі? Няўжо навечна? Няўжо гэта той народ наш, за які так спакойна я йшла на мучэньні? Што яны будуць рабіць, калі «прачнецца Бог» і ўзварушыцца іхняе сумленьне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла, не падыходзіць да нас з бруднымі думкамі ўнізіць нас, ашукаць ці данесьці на нас. Калі на чалавека дзесяць гадоў гаварыць, што ён сабака, дык на адзінаццаты год ён будзе бегаць на чатырох і забрэша. Гэта да нас застасавалі такі мэтад, бо такіх сільных яшчэ ня бачылі. «Бо нішто вас ня можа зламаць», — сказаў мне адзін праўдзівы, хоць іхні, чалавек, які ні адзін камень шпурнуў у наш бок, але пасьля адумаўся, убачыўшы кроў…
У культурных народаў ёсьць ахова жывёлаў, зьвяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыцьцё свае змаганьню й цярпеньню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосьцд мае былі літасьцівыя, спагадлівыя ў няшчасьці; з чаго атупелі, што іх зьмяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а гдзе ж сумленьне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленьні людзкія слёзы, а сяньня — гэта «героі», настаўнікі для моладзі, узор для грамадзтва… Як акрэсьліць цяпер паняцьце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як ёсьць у Васіля Быкава? Як, яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небясьпекі? — баюся думаць. Можа, I за акіянам бываюць такія бяздушныя, глухія на мучэньні людзей, але там ёсьць, напэўна ёсьць, і сапраўдныя хрысьціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інхарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на сьмерць, барані свае путы… Жудасна.
Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчасьлівы чалавек, бо ў мяне ўсягчэ адзін вораг — Ермачэнка. Так, ён пра нас не забыўся. Перад усім, ад’яжджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Сьмешна было, увесь архіў Камітэту: пратакол залажэньня арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усе згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на сьледстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла маяго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта ёсьць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сьцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амэрыканцы» менскай, гдзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ён тыдзень так стаяў, у вадзе, бяз ежы. Кажа цяпер, што сьпяваў песьні… Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвеньні… Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сьцяне кроў распырсканая, я так і замерла… «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам…» — «Ну, дык пакажэце яго і яму…» Вось тады толькі нехрыст выпусьціў Яначку. Я мацнейшая і фізычна, і духова, дык увесь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, ня хочучы, «дагадзіла»…
Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасьць даволі вялікая, але сярод іх і мае імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў: Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усiм ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы ня лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».
Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку… Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гэстапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль»?[36] Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасьці[37] — душа вырывалася з гора… А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што ня прыйдзе, і зноў я залівалася сьлязьмі… Пасьля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так зьмірылася. Перад ад’ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М.Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыяжджаў са сваім гаафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» —. «А, ім даюць там нешта…» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есьці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усьмехам, ад якога мне халадно… Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ён у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.
Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю «мэтады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і апэратыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асымілююць народ, але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма».
А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш, мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасьці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ён мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачко расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і «бедны кулі» ўжо ня мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсьцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцьця, а іх можна было чакаць.
Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва унівэрсытэце й працаваў, як некалі Яначка, гдзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. I тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку… Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязьменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжаньне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра падарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэскай «Смэтанавай сіні»[38], быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго ня ведалі. Ён нам гэтага доўга ня мог дараваць. З Петрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся… Настолькі чэсным гэты чалавек ня быў.
Жук, які ў нас бываў таксама, быў ведамы як камуніст, чаго ён не скрываў перад намі. Ён хацеў выжыць, дачакацца камунізму. А нам што? Мы былі дэмакраты, якія шанавалі перакананьні чужыя, і таксама жадалі, каб шанавалі й нашыя. Калі ён быў галодны, дык крыху яго падкормлівалі, калі немцы яго арыштавалі, дык ратавалі яго. Затое ён, калі мяне выкрадалі з Прагі, вадзіў кагэбістаў па чэскіх кватэрах, каб знайсьці й выдаць мяне. Яму гэта не ўдалося. Каб забралі нас тады, у 45-м годзе, мы ўжо не жылі б напэўна… Пасьля прыйшоў да нас, мы былі да сьмерці напалоханыя, але я яму паказала дзьверы. Хто здрадзіў сяброўства, дык няма такому месца ў скромнай хаце, гдзе мы жывём. Ка жуць, што ўдзячнасьцю мерыцца культура людзей, і ў гэтым ёсьць праўда.
З Парыжа пераехаў у Бэрлін Мікола Абрамчык і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасьцяў, дапамагаў што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, высказваліся пра яго з энтузіязмам. Нейк ён прыехаў і ў Прагу да Русака, і як звычайна яны зайшлі да мяне. Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар, што пацьвердзілася ў гутарцы з ім. Гэты чалавек, здавалася, ня меў слабасьцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць ня мог, ён жыў гэтым. Гэта быў чалавек чыну, мяне ён цаніў. Гэта пачуцьцё ўмацавалася, калі мы пазнаёміліся. Мы доўга й шчыра гутарылі, калі ён прыйшоў да мяне назаўтра. Мне падабаўся дыяпазон яго інтарэсаў і тое, што ён ужо прадбачыў вынік вайны (гэта было ў 42-м годзе) і ўжо думаў пра нашую масу завезеных на работы ці палонных з польскай арміі. Ён прыехаў наконт мае кніжкі, якая мелася друкавацца. Я ня ведала, як гэта ўсё робіцца, бо кніжку фінансаваў Камітэт. Мы напісалі дагавор, што мне належыць 50 % ад чыстага зыску[39] за кніжку й 50 аўтарскіх экзэмпляраў. Я слухала яго й падпісала дагавор. Пасьля аказалася, што аўтару ў Заходняй Эўропе належыць толькі 15 % чыстага даходу ад кнігі. Мікола, калі я не хацела браць за кніжку грошай, бо за свае вершы я іх ніколі ня брала, сказаў мне: «А вось мы гэта й прадбачылі, немагчымая ты асоба, і таму цябе „апуталі“ догаварам». Я ўсё роўна ўсяго не ўзяла, бо лічыла, што мы ўсе павінны працаваць для народу без нагароды. У мяне быў муж, і ў мяне быў хлеб, і гэтага нам хапала. Мець магчымасьць працаваць для культуры сваяго народу — гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэньне — гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасьць і сілы, каб узьняць свой народ. Нядобрая маці адзінага сына, якая не змагла выгадаваць яго, не магла яго забясьпечыць, і ён стаўся ахвяраю вогненнага патрыятызму бацькоў. Але ён быў галодны, і людзі не заўседы накармілі яго, але заўсёды пакрыўдзілі. Не, людзі, якія йдуць за народ свой змагацца, ня маюць права мець сем’яў, рабіць няшчаснымі сваіх дзяцей…
А бедны дзядзька Васіль ляжаў у тубэркулёзным шпіталі за Прагаю. Выбраліся мы да яго ўсе разам. Быў рад, Мікола меў яму што сказаць, Я пацешыла яго, што вясной ён будзе мне дыктаваць і я ўсе запішу… Дзядзька сумна паглядзеў на мяне й сказаў, што вясною ён будзе спаць пад кусьцікам і я да яго прыйду. Ішлі дамоў пехатою, кожны задуманы.
З чэскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі ня ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі сьвет 12 харошых відокаў[40] нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданьняў з пранямецкім зьместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы ня вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў зьбірацца ў дарогу, у Менск! Яго госьці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, гдзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Эўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсься да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асьвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць ня ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя», — адказаў мне на гэта немец.
Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восеньню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госьці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка ня вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо ня памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасьці маяго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасьць асьляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не зьбіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесьці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, зьела кавалачак кураняці з каляф’ёрам[41]. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыцьцём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла свае зьдзіўленьне й папрасіла пры мне гэтага чалавека ня ганьбіць… Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэньнем адкінула гэта і, са злосьці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.
I вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала зьбірацца. Рабіць гэта трэба было праз гэстапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасьля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсьці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, гдзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусьцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я сьмела сказала, што такое ня прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзьвярыма чакала на мяне мае дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсьведаміла сабе, куды я яго, абаронцу маяго маленькага, з сабою ўзяла.
Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды ня ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала[42], што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасьля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, гдзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка. Дык пасьля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасьць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое… Быць паэтам знача ня толькі любоў зьняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазьней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага…
Вельмі спагадліва аднесьліся да мяне Шпэры. Яны былі супраць якога-кольвек маяго выезду з Прагі. I вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартамэнты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзьвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзьвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасьці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я ня ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісьці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асьвенцім, каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асьвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне ня мусіць сілаю вязьці і ў Менск… А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпеньне. Мне ня верылася, што мяне проста пусьцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусьціў. Заўсёды падкрэсьлена ветлівы Ермачэнка зьвярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсьці, ні сесьці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек ня зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамэлеон, вы ж здраднік! Згінеце вы рззам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не суні маецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швэцыю, я забясьпечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небясьпечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі ня мсьцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у водавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, сьмелы, вельмі харошы сынок.
А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых тубэркулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намесьнік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзен атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыяжджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часьцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечда якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынею БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасьці нашага народу! «Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экзэмплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусьцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што мэдпэрсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай сьмерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера сьмерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамэнт, ён прасіў нас нічога не прадпрыймаць за яго жыцьця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі сьпярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізычнае нішчаньне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, гдзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошаньня незалежнасьці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.
Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экзэмпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога ня ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада, а гэта быў як другі ўрад, як апазыцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР нс магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але зямалыя для маяго народу». I так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раньнім юнацтве тубэркулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім ня думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змаганьня за волю сваяго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларусьсю. Нездарма мне сказалі на сьледстве, што іх паляваньне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з адньші немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разьлічваў на дзядзькаў тэстамэнт, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разьлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў, сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было ня шчыра, а вонкава. Дзядзька ня мог сьцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі ня мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж… Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцьця.
Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсе да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава, паставіўшы шмат пазьней мяне перад абліччам сьмерці. Што ж: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасьць маіх прасьледавацеляў і сымерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.
А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся.
Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсьці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасьля высьветлілася, афэрыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усб было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як сьлед пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасьці далі дзядзьку мэталёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазьбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі… А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахаваньня. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.
Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч з Бэрліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, гдзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лскар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаваньне ды нейкая чэснасьць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахаваньня. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезьлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за агаленьне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаваньне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасьць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій, расеец, вельмі харошы чалавек і сьвятар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я ня вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасьцівы й вечна міласэрны да таго харошага сьвятара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахаваньня, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разьлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасьля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго званьня напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т. зв. Новую Эўропу, тысячалетні нямецкі «райх»[43], гдзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагаданьня ад чэхаў і роздых нацыянальнасьцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна сваяго народу рэпрэзэнтаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабываньня там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазьней пад час неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына ня раз гасьціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.
I так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка. На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасьць жыцьцёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змагайьні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды ня толькі ён… На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваей беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амэрыканскай газэты (ня памятаю назовы) аб прагалошаньні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.
Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, гдзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезьці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасьля дэзынфэкцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й ня мелі дастаткова адзеньня. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаваньні, і здавалася, яны нічога ня ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка[44] ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знай шлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсе, да чаго ты дакранешся», — сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзеньня, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж ня бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезьлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезьці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусьціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на сьледстве сьледавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым…
I так сябры паехалі, павезьлі з сабою часьць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усе думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасьце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошаньня незалежнасьці нашай, што для кожнага народу сьвятая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсьць самастойнасьць дзяржаўная, ёсьць фэдэрацыі, але як бы не было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцьці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненьні. Не, я не аддам мінулага!
Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскрозь іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад’ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: ня тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знаньні й жыцьцё Радзіме. Пэрспэктывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасьці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сымулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпэндыю атрымала асьвету.
Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасьля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.
Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які ня раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, ня мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганьне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленьнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяньня думаю, што такое было тады яго заданьне. Вялы й недалекі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інг. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя праскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, гдзе таксама доўга не пажылі.
Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасьць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасьць, і чысьціня, і шчырасьць пачуцьцяў мяне зьдзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям ня часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ёй не адплачваў тым жа.
Часам паказваўся ў Прагу Вітушка, які беларускасьці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцьця на крыжовую дарогу шчырага змаганьня за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасьці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інг. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасьцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсьць і толькі няма граша, каб пад’есьці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Ня памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.
Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозьвішча. Пасьля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Ня ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й гдзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасьці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, ня ведаю.
Даволі паважнай фігурай сярод праскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энэргічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, гдзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й ня меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эспэранта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спэцыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Ня мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасьля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не, — кажу, — сябра, нічога мне вашага ня трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстаньні. Ня мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяньня. Русак меў добры голас і ахвотна сьпяваў у аматарскай групе опэрных чэскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасьля, яго родная пляменьніца Каця Русак…
Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Судзьдзеў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Судзьдзеў ахвотна прыяжджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асьвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасьля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па сьмерці». Паводле яго практычных разьлікаў, такое не аплачвалася… Кожнаму свае.
Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія пэрспэктывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсьці на небясьпеку й забывацца зусім аб сабе. Ня кожнаму такое да густу, ды горай, ня ўсім пад сілу. Чэхам было бясьпечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.
Змаганьне нашае пакуль што было амаль без пэрспэктыў, але ні на што нягледзячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасьць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасьля атэнтату[45] на Гайдрыха, той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.
У мяне бяз мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб таньней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсе фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў на чальнікам Саюзу нямецкіх лекараў і загадваў усімі мэдычнымі справамі.
Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сымпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсе расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасьць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж ня меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазьней сказалі мне Піпэры, што паводле меркаваньня доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ… А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён зьвярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, гдзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.
Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ваням, каб яны набіраліся энэргіі й шустрасьці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна зьдзівіў клас.
Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасьцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, гдзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсьці. Гэта пазьней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць прасьледавацеляў, якія намагаліся маральна яго зьнішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасьцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа…
Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі ня ўсе яго любілі і ён ня ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т. п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, гдзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага ня ведаеце, сорамна гэта…»
Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяньня цярпеў за Беларусь». Я зьбянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзялімую Расею, расьцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага… У чэскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэскую школу.
Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Ня раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасьць, дабівалі яго фізычна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяньня, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасьць, толькі няхай ня будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад сваяго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!
А дарагі мой Расьціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Бэрліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расьціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасьля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людзкія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасьля вайны ня спыніцца нечалавечы зьдзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўд ным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў… Але татары яшчэ ня самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Мэтады нішчаньня людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяньня… Дарма чакалі мы з Расьціславам сваіх бацькоў. Вырак сьмерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.
Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасьцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расьціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цьвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расьціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара мэтра шырынею. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так сьвята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк ня мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк ня цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут…
А кут той мне сьніўся начамі. Не зусім было добра там сьветлавалосаму Расьціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расьціслава прасьледаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоньнем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цьвярозы мэдык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расьціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецьвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сьляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах, — і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расьціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму ня верыць. Яшчэ сяньня расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расьціслава начамі. Брат ня ўсе мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.
Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсьмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсьць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсе давалі — і дзьверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсе тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расьціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады сьвіснулі партызаны, і пазьбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, ня ведаючы, як брат зарэагуе на іх візыт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе… Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расьціслаў, як я, хрысьціянін, папрасіў іх усіх выйсьці, спыніць свой гаеў і помсту пакінуць Богу…
А мама калела з холаду й з голаду ў Казахстане, дагарала яе жыцьцё. Аркадзі й Аляксей ваявалі ў Андэрса. Маленькая Люся расла ля казахскіх гавец, а Ксеня й Ніна найменей думалі аб хворай маці. Недзе, няведама гдзе нават, здаецца ў гродзенскай турме, крычала, прасіла аб помсьце нявінна пралітая кроў таты. Але мы з Расьціславам ня мсьціліся, мы не любілі Сваіх ворагаў, настолькі хрысьціянамі мы не былі, але мы памагалі ім у цяжкі час, можа, крыху спадзяваліся, што дабро ачалавечыць ім душы, а можа, і нічога не спадзяваліся, проста мы няздольныя былі зрабіць зло.
Начальнік таго невялікага партызанскага збору ля Воўпы, нейкі Міша, здаецца, вельмі зачасьціў са сваімі хлопцамі да Расьціслава. Яны абодва абмяркоўвалі апэрацыі, вельмі пры гэтым аглядаючыся, каб ня нішчыць народу. Крыху пазьней мы прагутарылі з братам ноч напралёт, было гэта ў Зэльве. Расьціслаў клікаў мяне ў Жлобаўцы, але мяне не пусьцілі. Ён запэўніў мяне, што партызаны радыя мяне сустрэнуць, і вось тады пачаў расказваць пра іх. Я пыталася: ці ня ўдарыў яго камісар нямецкі? Ён папрасіў, каб я аб гэтым ніколі не запыталася яго болей. Сказаў толькі, што мама мусіць жыць і яму трэба яе дачакацца.
А той камісар быў раней у Зэльве, быў гэта нейкі, кажуць, немец з палякаў, меў адну руку й сабаку, якога рад нацкоўваў на людзей. У Зэльве вешаў яўрэяў, біў беларусаў і любіў полек. Казаў мне Славачка, што наш знаёмы настаўнік Файкоўскі перакладчыкам у яго, дык ужо мае зусім крывы твар і вывернутую шчаку ад пабояў таго камісара. А на семнаццацігадовую дзяўчыну нацкаваў сабаку, які так пашматаў дзяўчо, што сканала… «Чаму ж не заб’еце гада?» — пытаюся. «Нельга, Залатая рыбка, сто чалавек нашых за яго забілі б, сёлы трэба нам сьцерагчы».
Казаў, што аднаго такога запынілі ў ляску на спацыры на кані, дык грымнуўся гад на калені й крычаў: я быў добры, я быў добры! Яго толькі адлупілі, здаецца, таксама думаючы пра сёлы. Той Міша, відно, не дурны быў хлапец. Ён ажаніўся з дзяўчынаю з Палавок, вёскі, што каля нас, і памёр, казалі, пасьля вайны ад сухотаў…
Ведаючы нямецкую мову, шмат каму памагаў Расьціслаў. Жыў ён спакойна, бо людзі любілі яго, але пад канец прыйшлі нейкія невядомыя далёкія партызаны й ледзь яго не забілі. Не хацеў ён ехаць да нас у Прагу. Кахаў маці й чакаў яе, завяраючы мяне, што бальшавікі цяпер перамяніліся і ўжо перасталі глуміць і вынішчаць людзей. Маці, маці й маці…
У Красным Грудзе жыла мая дваюрадная сястра, што за Каліноўскім. У іх бываў Расьціслаў, перавёз да іх свае рэчы, калі ў 44-м годзе адыходзіў у Савецкую Армію. Ён хаваўся спачатку, бо хацеў ехаць шукаць нашай маці, але тая нашая сястра яго выдала. Расьціслаў загінуў 26 красавіка 1945 года[46], пахаваны недзе ў раёне Барнім у Нямеччыне.
Шмат пазьней сястра Ніна прасіла мяне, каб я кінула думаць пра Беларусь, бо яны вынішчаць усю нашую сям’ю. Яны забілі маяго тату, дамучылі сьведама маму, атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе[47] ва Вроцлаве, даканалі маральна й фізычна Юрку, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расьціслава, кажучы: «Твая сястра-пісьменьніца супраць нас, і ты кулацкі сын…» Вестку гэтую трудна мне праверыць, але, мяркуючы па тым, як яны нішчылі людзей і асабліва нашую сям’ю, гэта зусім праўдападобна. Такога не рабілі нават гітлераўцы, асабліва са сваімі людзьмі. Высокі мой, сьветлы мой, каханы малады брат… Я толькі пытаюся ў Бога — за што?
Нейк пару гадоў таму падышоў да мяне чалавек у Воўпе. Ён мне сказаў, што ў арміі хлапцы з Данілаўцаў угаворвалі Расьціслава ўцякаць з-пад Бэрліна, ён адмовіўся. Сказаў, што ўдома ёсьць Папенюкі і іншыя, якім ён зрабіў дабро, і яны цяпер выслугоўваюцца перад балыпавікамі тым, што яго прасьледуюць… Што ж, і гэта пакінем Богу… Мы з Расьціславам, як дзеці, і пакуль што гэта наш крыж.
Калі мы вярнуліся з лагеру, дык былі зусім бедныя, амаль абдзёртыя. Тады я паехала па просьбе Яначкі да тае свае стрыечнае сястры Лены ў Красны Груд. Славачка пісаў мне, што завёз да яе й маю зінгераўскую машыну. Меў да нас пасьля доўгае разлукі прыехаць наш сын. Мы хацелі прадаць машыну й крыху лепей прыняць сына. У Воўпе сустрэлі мяне нашыя сяляне, яны завялі мяне ў сяло, брыгадзір даў каня й чалавека, і мы паехалі ў Красны Груд. Сястра мая сядзела пад яблыняю, і перад ёю ляжалі горы яблыкаў, якімі яна мяне частавала. Яна вельмі зьдзівілася, што я добра выглядаю, а што яна хворая, ходзіць на ўколы. Пачала бедаваць, што яна бедная, тады я заверыла яе, што нічога ў яе прасіць не зьбіраюся. «А што ў цябе ёсьць?» — запыталася яна. «У мяне ёсьць Сын і ёсьць Муж, а гэта вялікае багацьце!» — сказала я сястры. Тады я пачала пытацца ў яе маю машыну, аб адзежы братавай я не гаварыла, яна перарабіла яе сваім сынам. Сястра ахвотна аддавала мне маю машыну, але толькі тады, калі я дам ёй 600 рублёў (было да рэформы), бо яна дала Славачцы, якога выдала, два кілаграмы сала й 500 рублеў грашыма, вось гэта я ёй мушу вярнуць, іначай яна ня мае што гаварыць са мною… Тады селянін, які быў са мною, кажа ёй: «Калі вы давалі Расьціславу грошы, дык тады пуд жыта каштаваў 500 рублёў, я вам дам сяньня два пуды жыта, толькі аддайце Ларачцы яе машыну». Яна не аддала. Мне прьшомнілася, як вайною ў Прагу прыехала яе родная сястра з сям’ей, з мужам сьвятаром Лапіцкім і дзяцьмі, і як я старалася ўсе магчымае зрабіць для іх, але я маўчала. Чалавек, які мяне прывёз, хацеў паглядзець на машыну, і мы пайшлі ў былы палац, гдзе жыла мая сястра. Паркет блішчэў, зелянела плюшавая мэбля, адчуваўся ва ўсім вялікі дастатак. «Гэта мне людзі перахавалі», — тлумачылася да подласьці скупая скнэра-сястра. А селянін сказаў ёй: «Вось бачыце, вам перахавалі рэчы, а тут за чужую машыну вы хочаце грошы ад чалавека, у якога няма, толькі як на дарогу…» Машына мая стаяла раненая куляю й гранатаю. Машына перажыла нас. Я пагладзіла яе рукою, і мы пайшлі. Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, — сказала я, — з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» — і выйшла. Сястра дзівілася, як мяне, паню, яшчэ возяць сяляне, а яны вазілі мяне, можа, крыху баяліся прадсядацеля, але падвезьлі. Усю дарогу назад мяне мучыла сэрца, і падарожжа я ўспамінаю са страхам. Гэта была родная дачка замучанай у 41-м годзе татавай сястры цёці Мані…
Людзі зрабіліся як зьверы, яны вырывалі адзін другому з рук убогія лахманы й старыя рэчы. Напаверх выплыла ў людзях найгоршае. Усякая шляхотнасьць у асяродзьдзі бальшавікоў выдаецца «буржуазным предрассудком», нечым так ненармальным, як некалі — подласьць. Вартасьць чалавека мерылася не яго чынамі, пражытым жыцьцём, а той толькі шызафрэнічнай ярасьцю, з якою ён хваліў некалі Сталіна, а цяпер тое, што славілі заместа яго. Людзі пашалелі ад дзікага. Мне казалі, што ў 41-м годзе быў канец сьвету й людзі, каб выжыць, рабіліся проста зьвяр’ём, Калі ястрабкі арыштавалі татавага брата ў Гудзевічах, дзядзьку Валодзю, дык яго жонка са страху пакінула чацьвёра дзяцей, ад 15 да 4 гадоў і ўцякла ў Польшчу.
Старшая сястронка за некага выйшла замуж, а маленствы папляліся аж у Крынкі, ад Гудзевіч гэта амаль 50 км, да сваяго дзеда Юрка Анісімовіча. Шукалі ратунку. Дзед данёс на іх у НКВД з просьбаю, каб забралі ад яго памешчыцкіх дзяцей і вывезьлі туды, гдзе ўсіх вывозяць… Не пасьпелі іх вывезьці, бо наскочылі немцы. Расказвала мне гэта з жудасьцю Тамара, адно з тых бедных дзетак. Дзед памёр у Хорашчы, згубіўшы розум, але гэта пасьля. Людзям забіралі зямлю, іх суседзяў, іх родных, і самае страшнае тое, што ім забіралі сумленьне, тое беларускае, хрысьціянскае сумленьне маіх землякоў. Тое ж самае я наглядала і ў Празе. Гэта была адзіная нагода, гдзе праяўляліся самыя зьвярыныя інстынкты чалавека, і называлася гэта — прагрэсам… У Гітлера рабілі гэта паводле яго загаду, а тут рабіў гэта кожны! Кожны стараўся даказаць, што ён дастойны біць, мучыць і забіваць, знача, прыгодны для Сталіна. Трудна думаць, што людзі, узгадаваныя на падобным, створаць культуру, дастойную чалавека. З такіх крыніцаў раней ці пазьней выплыве загуба для сьвету. Машына — не культура, і шрубкі — не індывідуа…
I так Прага, 1943 год. Вясна. У Прагу маецца ў водпуск прыехаць мой муж, мы з Юрам яго вельмі чакаем. Але пакуль прыехаў ён, дык паявіўся, на маё гора, Ермачэнка. Ён адразу прыслаў да мяне сваяго ад’ютанта Аўчыньнікава, які загадаў мне здаць Ермачэнку беларускі архіў па В.Захарку. Што ж, я яму паказала дзьверы. За некалькі гадзін ён зноў прыехаў у наш малы пакойчык, цяпер ужо з запіскаю нейкага Лангера й Рыхтэра — начальства з Менску. Я ветліва паясьніла Аўчыньнікаву, што мы жывем у Пратэктараце Чэхіі і Марава й толькі гэтай уладзе я падпарадкуюся. Трэці раз ён прыехаў з загадам ужо ад пражскага гэстапа. Я сказала, што паеду да Ермачэнкі.
Хораша адзеўшыся, каб не адчуваць сябе ніжэй ад іх, я села ў трамвай. Ва мне ўсё дрыжэла. Я паднялася ў кватэру Ермачэнкі, і яго дзяржыморда адчыніў мне дзьверы. Ля дзеравянай бочачкі, з каньяком відавочна, стаялі поўныя чаркі, закусі не было відно, а Ермачэнка й два немцы сндзелі ў дыміну п’яныя, чырвоныя й не вельмі пэўныя ў вымове слоў. Яны папыталіся ў мяне, гдзе ключ ад архіву памершага? Я пацікавілася: пашто ім гэта? «Мы хочам вывучыдь беларускую мінуласьць, каб ведаць, як у далейшым адносіцца да беларусоў як да нацыі». Я сказала, што ключа ў мяне няма. «Што ж, мы тады зломім замок», — прамармытаў немец. Атмасфэра была напружанай, слоў падала мала, і былі яны цяжкія, як град. А ў каго ключ, каму яго даў Захарка? Ня ў нашых інтарэсах было путаць Міколу й камплікаваць[48] ужо й так дастаткова скамплікаванае нашае становішча, і я адкрыла сваю вельмі элеганцкую сумку й паклала ключы ім на стол. Немцы з цікавасьцю паглядалі на мяне, яны былі болей талковыя за Ермачэнку. Уся я была ў цёмна-шэрым і ў чорным, і найчарнейшым быў мой настрой. На сходах я па-бабску расплакалася. Нікога, хто мне дапамог ці парадзіў бы, ля мяне не бьіло. Калі прыехаў Янка, дык ніякіх ён зацікаўленьняў маімі справамі не праявіў. Быў вельмі заняты сабою й толькі сабою. Ёй, здавалася мне, перастаў быць нават джэнтэльмэнам, і, гледзячы на яго, мне рабілася прыкра. Многа распавядаў пра Слонім і становішча на Беларусі. Немцы да яго адносіліся з недаверам. Еў ён разам з імі, але ў асобным пакоі, зусім адзін, каб ня слухаў размовы немцаў. Ён сам ня сеў бы з імі за стол, але тое, што яны сэпаравалі яго, было прыніжаючым. Муж расказваў аб расстрэлах селаў, аб тым, як яны стараліся іх ратаваць. Мужа прыслалі на месца доктара Дылеўскага, таксама з Чэхаславакіі, якога арыштавалі. Супраць мужа былі палякі й немцы. Палякі рукамі немцаў стараліся вынішчаць альбо высылаць у Нямеччыну беларускі элемэнт. Яны многа ўжо пасьпелі вынішчыць нашых, абвіняючы іх у камунізме. Камуніст ці не камуніст — для нас ня мела значэньня, трэба было ратаваць усіх. Муж вырваў з лагероў савецкіх і яўрэйскіх лекараў, і яны ўсе ўцяклі ў партызаны. Калі мужа камісар Эрэн абвініў у дапамозе ім, дык ён сказаў, што хіба камісар ведае тое, што яўрэяў розуму вучыць ня трэба. Эрэн, яшчэ пад уплывам палякаў, затаіў на мужа нянавісьць, але Піпэр трымаў з Прагі руку над Янкаю, і пакуль што яму нічога нельга было зрабіць…
А тым часам Ермачэнка паехаў з немцамі на кватэру дзядзькі Васіля, і яны перавязьлі архіў дзядзькі на кватэру да Ермачэнкі. Ермачэнка больш-менш арыентаваўся ў тым, што было ў архіве. Дзядзька паказваў яму дакументы, і вось ён не знаходзіць іх, ён лютуе! Аб гэтым мне расказала пані Крэчэўская, якой Ермачэнка абяцаў, што назаве яе імем ясьлі ў Менску. Гэта яе не кранула. Цану авантурніку яна ведала. Але доказы Ермачэнкі былі галаслоўнымі, бо чым ён мне мог давесьці, што ў архіве было. Немцам я сказала, што архіў пакінуў мне дзядзька Васіль проста як сваей сваячніцы. Але са страху я ня спала ночы.
Янка зьбіраўся ад’яжджаць. Заставацца з Ермачэнкам было небяспечна, і Янка пайшоў прасіць, каб нас з Юрам пусьцілі да бацькоў у Зэльву. Надзіва нам гэта дазволілі, толькі на гэты раз бяз права ехаць у Слонім і наагул у «Остлянд»[49], як казалі яны. Мы хуценька сабраліся ў дарогу й на Бэрлін і Варшаву выехалі на дзьве нядзелі да бацькоў у Зэльву. У Бэрліне сустрэліся з сябрамі, і яны нам памаглі сесьці на варшаўскі цягнік, на які быў сапраўдны натоўп. Едучы, мы маўчалі, маўчала й нашае дзіця. Немцы, як чмялі, глядзелі на ўсіх ня немцаў, не скрываючы свае нянавісьці. Каля цягніка бегалі іх партыйныя фраў з апаскамі[50] на рукавах і нешта ўсё дапамагалі сваім. Адчувалася тут, што немцы людзі, а рэшты яны не прызнаюць. I як там людзі маглі з імі жыць, гэта як сярод ваўкоў?..
У Варшаве нешта прадавалі ля цягніка худзенькія хлопчыкі. Брадзілі людзі вынішчаныя й галодныя. На такім фоне ўпэўнена вырысоўваліся сытыя немцы ў ваенным і элегантныя іхнія фрау, якія, здавалася, ня бачылі вокал няшчасных ці вельмі ўжо лёгка згадзіліся з іх менейвартасьцю. Стала палякаў жаль. Цярпеў народ, а ён, затуманены, думаў некалі, што і ён пануючая нацыя над намі, цяпер сурова расчароўваўся. Па дарозе ў адным купэ з намі ехалі немцы з водпуску. Сярод іх быў нейкі швайцарац-чыгуначнік, які бязбоязна высказваўся аб тым, што ён разумее беларускіх партызанаў…
У Беластоку стаялі калоны яўрэяў з зоркамі на рукавах, яны мелі атупелыя твары, бы стаялі тут, а самыя адсутнічалі, вачмі недзе былі далёка. Было трагічна, што нішто іх ня можа выратаваць з гэтае прорвы, хоць немцаў, здаецца, не было так многа, вось кінуліся б на іх, і хоць нехта ўцёк бы. Цягнік ляцеў па роднай зямлі, але была яна нейкая пустая. Вясна была яшчэ ранняя, у Празе толькі зацьвітаў бэз. На палёх стаяла дагары нагамі, розна ўздыблена многа танкаў, накіраваных на захад. Цяпер яны застылі, як жудасныя манумэнты трагічнай бездапаможнасьці. Ля цягніка, ля палатна дарог ляжала пару паравозаў і перакіненых вагонаў, ля іх шэрыя, болей чымсьці бедна апранутыя жанчыны пасьвілі каровы. Мужчыны, якія нешта рабілі на палёх, мелі нейкія ненатуральныя, імправізаваныя шапкі на галовах, як быццам вайна тут трывала вякі й пагінулі ўсе шапачнікі ў Беларусі. На станцыі ў Ваўкавыску насільшчыкі з рыкшамі перавезьлі нашыя рэчы на прыгарадны, мясцовы цягнік.
Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна зьзяе папалуднёвае сонца й асьвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесь цэнтр, усё разьбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.
Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госьці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасьля абкрадуць пасьмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэньні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы…
Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сьцежкі, гдзе яшчэ сьлед бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і гдзе яны сяньня. Як страшна, калі бураць гнезды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сьведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, нi трагэдыя маей сям’і. Ён мае сваё жыцьцё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасьля аказалася, ня супраць яго расстраляць, каб ня Прата, ня доктар Піпэр у Празе. Назаўтра ад’яжджае муж, я яго праводжу. Яму не ў га лаве нейкая там БНР, ні сьмерць дзядзькі Васіля, ні яго, нi мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнаньні з важнасьцю свае пэрсоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’яжджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасьвіць кароўку.
На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.
На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк»[51] — яечны лікёр.
Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…
А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.
Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…
Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.
Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.
У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»?[52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.
Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.
Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны несьлі тое, дзеля чаго галоўнае езьдзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Несьлі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз сьлезы нешта гаварылі. Пазьней я прачытала ў беластоцкай газэце вельмі цёплае апісаньне нашай гэтай сустрэчы. Пасьля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцьці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, гдзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.
Другі раз для мяне зацьвіў бэз гэтай вясною. Мне сьнілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квецьцем твой парог, Расыгіславе, наймілейшы браце».
Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваёй спэцыяльнасьці вэнэролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г. зн. нешта накшталт «так, ёсьць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасьце, ня скончыліся сьмерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі езьдзіў як сьведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр..
Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое ня верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму мэдпрактыка на тэрыторыі ўсяго т. зв. тады «Остлянду»… Янка бараніў сёлы й сьмела выступаў супраць Эрэна… Палякі цешыліся, далбка глядзець і бачыць яны ня ўмелі…
Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх ня вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы… Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль сьмерць па дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусьціў, мы спяшаліся ў Прагу.
Да Ваўкавыска ехалі прыгарадным цягніком, людзі прыглядаліся да мяне, зьвярталіся з пытаньнямі, з просьбамі. Мы затрымаліся на пару дзён у Бэрліне, сустрэліся з сябрамі на супольнай вячэры, гдзе ўсё было на карткі. Хвалілі мяне, выступаючы, нашыя сябры, а Мікола, які выступаў апошні, дык сказаў проста: «Яна наша Жоанна д’Арк». Мне пацямнела ў вачох. Ранюсенька мы паехалі. Некалькі асоб нас праводзіла, занялі нам месцы загадзя. Я доўга трымала ў руках букет чырвоных ружаў, і здавалася мне — чую галасы сяброў.
У Празе пачаліся нечаканыя клопаты, паводле загаду са Слоніма, мужа належала адправіць на працу ў Нямеччыну як лагернага лекара. I чаму ж такая нянавісьць з таго Слоніма, што там Янка мог нарабіць? Мне прыпомнілася, як крыху раней наведаў мяне ў Празе адзін вельмі элегантна апрануты чалавек. Ён быў урачыста настроены й вельмі паважна прасіў мае рукі: дазвольце мне заапекавацца вамі й вашым сынам. Мяне затрасло, але я папыталася ў яго: на якой падставе ён просіць мае рукі пры жывым мужу? «А ён ня вернецца болей», — адказаў мне нядошлы, няўпорны жаніх мой. Болей я, здаецца, нічога не пыталася, а толькі енчыла са злосьці на ўвесь пакойчык, а той «жаніх» ляцеў па сходах з цыліндрам у руках.
Знача, у Празе ведалі, што муж жывым ня вернецца… Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісьці да фрау Шпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я ня йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, гдзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася маяму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там, — скардзіўся мой Іван Пятровіч, — хачу быць лекарам і толькі лекарам».
Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў зьдзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю мэдыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасьць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было гдзе даць.
I так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасьцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасьліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасьля маяго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе ня бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыцьцё самагубствам.
Да нас многа прыяжджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой пэсімізм. Пасьля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сьляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы сьлед на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая…
Часта пісаў брат. Я праз Жэнэву, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расьціслаў быў рады, што сьпіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсьць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расьціслаў ледзь выратаваў жыцьце… Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасьць.
Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасьціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцьці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо ня верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна сьмерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацьвіў у Празе й перацьвіў бэз.
Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага раньня прыйсьці ў гэстапа. Мы не заснулі, ці мала ёсьць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыцьцё ў такі час… Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс[53]. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»… Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягаецца да маяго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посьвядку з месца працы, што ня можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту гэта ехаць на сьмерць… Толькі б ня ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан…
Еду я адна. Я не зьвярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інг. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосьць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.
У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя[54], беларуская клерыкальная партыя (1917–1940) пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчаньня, фізычнага вынішчаньня нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаваньні, але хто не спрабўе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гэгэмонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсе будзе паводле іх плянаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.
Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым ня ведалі. З сабою я амаль нічога ня брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.
Нарэшце я папрашчалася з імі, і цягнік рушыў. Муж плакаў сьлязьмі. Ехалі мы да граніцы з Польшчаю. Русак маўчаў, ён нешта думаў і толькі соп, я да яго не аказвалася. З намі ехала сям’я вельмі цікавых людзей. Яны папыталіся ў мяне, куды мы едзем. Даведаўшыся праўду, не маглі супакоіцца… Яны гатовыя былі вярнуць мяне сілаю назад, прадбачылі найгоршае. Яны слухалі забароненае радые, чаго баяліся рабіць мы. Пару гадоў ужо, як нам дасталі кароткія хвалі з радыбпрыёмніка й на гузічак начапілі картку, у якой было, што за слуханьне чужога радыё грозіць сьмерць. Баяліся мы за сына. Часам толькі прыходзілі Міціны і ўсоўвалі ў прыёмнік шпільку. Нехта стаяў на вахце, і такім чынам слухалі забароненае. Баяліся мы дворнічыхі, і нездарма. Усемагутная даносчыца пры немцах, такой жа была пазьней і пры бальшавікох.
Чэхі папрасілі ў мяне мой адрас, далі мне свой. Я абяцала ім паведаміць адразу аб сваім падарожжы, безумоўна, калі вярнуся, на што, паводле іх, было мала надзеі. Бліжэй Польшчы паявіліся немцы, якія ехалі дамоў на «урляўб»[55]. Былі гэта, відавочна, «фольксдойчы»[56], бо гутарылі па-польску. Везьлі яны з Італіі шаўковыя панчошкі, шоўк і іншыя падарункі сваім дамам. Сярод іх выдзяляўся вельмі востры на язык аўстрыяк у скураных кароткіх нагавіцах, малады яшчэ. Я маўчала, але ён нешта ў мяне запытаўся абыякавае, я адказала яму паважна, мусяла сказаць і тое, куды я еду. Аўстрыяк, які ехаў мабілізавацца ў Варшаву, вельмі спалохаўся, ён таксама рад бы вярнуў мяне дамоў, але мы пад’яжджалі ўжо да польскай граніцы.
Мы пераходзілі ў польскі цягнік, а пакуль што йшлі на таможню. Аўстрыяк узяў мае рэчы й пэўна стаў побач мяне. Я ў жыцьці ня бачыла такога страшнага, зьверскага чалавека з седлаватым носам, як той галоўны таможнік. Ён енчыў, рваў, кідаў рэчы й наводзіў на ўсіх жах. Палякі нейк не палохаліся, яны, відавочна, прывыклі, але ў Празе падобнае было хіба толькі на гэстапа. У мяне быў пашпарт без грамадзянства, але зьвер схапіўся толькі за маю кніжку «Ад родных ніў», ён трос ёю й нешта крычаў, што тут за «русіш літаратура». Спалохаўся й мой спадарожнік і папытаўся ў мяне, што за кніжка. Калі я яму расталкавала, што кніжка мая, выданая ў Празе, ён праверыў гэта, пагаварыў нешта са зьверам і, схапіўшы мой чамадан, павёў мяне хутчэй у цягнік. Я мусяла сказаць яму, што я паэтка, што прывяло фрыца ў захапленьне. Дзіўны быў гэта чалавек — прозьвішча было ў яго славянскае. Ён зусім перамяніўся й ледзь ня плакаў, што мне трэба ехаць у самае пекла. Ён запрасіў мяне на абед у рэстаран-вагон, гдзе шчодра дазваляў абстрыгаць свае картачкі на нас дваіх. Я запрапанавала яму каньяк, а йн мне аддаў свой дэсэрт. Немцы на нас паглядалі, але ён трымаўся як джэнтэльмэн. У Варшаве ён завёў нас з Русаком у пачакальню для немцаў і не адышоў ад мяне, пакуль ня здаў мяне на рукі доктару Шчорсу, якога аднайшоў у Варшаве, і не пераканаўся, што гэта зусім парадачны чалавек і мне нічога ня грозіць. За ўсе гэта прасіў толькі, каб я яму адказала на ліста, калі ён мне напіша ў Прагу. Як жа сардэчны, як жа харошы быў гэты чалавек, быццам Піпэры.
Варшава здалася мне сумнай, бязлюднай. Кожны дом, гдзе былі немцы, быў аплецены калючым дротам. Гэта падняло маю павагу да палякаў. Месцы ў трамваях былі падзеленыя для палякаў і немцаў. Людзі на вуліцах былі настарожаныя, сумныя, апранутыя вельмі скромна.
Шчорс вёз нас да сябе, гдзе ля шпіталя была ў яго кватэра. Мы спачатку пайшлі з ім да яго маці, якая ляжала пасьля апэрацыі на апэндыцыт. У Шчорса былі яшчэ сябры з Бэрлша. Ехаць на Кангрэс ён не зьбіраўся й дзівіўся, куды гэта нясе нас.
Мне вельмі хацелася ведаць, што ж задумаў на гэты раз Ермачэнка… Неабыякавасьць яго да мае асобы настарожвала.
Назаўтра раненько мы ўжо ехалі ў напрамку Беларусі. Каля Беластоку ўжо пачалі паяўляцца цягнікі пад адкосам, і штораз то іх было болей. Цягнік ішоў толькі да Ваўкавыска, а там былі толькі цягнікі вайсковыя, на якія нас ніхто не хацеў браць. Русак, як пень, нічога ня думаў, не прадпрымаў, сядзеў, соп і драмаў. Мне сказалі, каб я зьвярнулася да нейкага начальніка. Той быў вельмі расстроены. Сумна паглядзеў на мяне й папытаўся, ці не баюся. Кажу яму, што не баюся й ехаць нам трэба. Ехалі мы, мінаючы Зэльву, а там недзе быў брат мой, былі мужавы бацькі, але спыняцца цяпер ля іх было небясьпечна і мне, і ім. Спыніцца ў такі час гэта знача застацца назаўсёды, а ў Празе чакала дзіця.
Нарэшце селі мы ў цягнік, гдзе ўсе ваенныя й ніводнай жанчыны. Акружылі мяне немцы, якія ехалі з адпускоў у Менск. Яны хвалілі беларусаў, баяліся партызанаў. Да цягніка падбягалі дзяўчаты з маслам і яйкамі, адной з іх я пачапіла свае пацеркі, так мне хацелася нешта пакінуць тут.
Мне вельмі хацелася піць, пад’яжджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я ня немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысьць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсьвяцейшых правоў… Колькі ж будзе такое трываць?..
Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункры, бункры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасьце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені…
У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я ня ўсе разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы ня рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар» — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.
Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка ёсьць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсьці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасьць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усе выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?
У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, гдзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра зьбянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, гдзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.
На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям’і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіваньне…
Нарэшце мы апынуліся ў Менску, зьлезьлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасьць несусьветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.
Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў…
Нам паказалі будынак, гдзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.
Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсеньневай. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць… Я мусяў сказаць вам гэта». — «А я й так гэта ведала».
Мы паехалі да Кушаляў. Натальля Арсеньнева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Натальля Арсеньнева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасьцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцьці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.
Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасьці, гдзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізычна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.
«Малая розьніца між немцамі й рускімі для нас», — адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і сьмерці, пакуль што не прынясьлі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусьціліся ў склеп, гдзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там эўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Натальляй Арсеньневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч. Ён сабраўся ад’яжджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку… Назьбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасьля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім. «Я чуў пра вас», — сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула», — кажу яму ў адказ. Прэзыдэнт сьпяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сьцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуавацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й зьбіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла сваяго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Натальлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча, якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.
Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынку, гдзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усе ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсе гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, гдзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сьціскалася, гледзячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк пэрсанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафер. Поўная машына партфэляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут сядзімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі… Падышоў да мяне Алесь Салавей, прысеў такі прыгожы юнак, прадэклямаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацьця. Душаць сьлёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыцьцё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сьляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц зьлітаваўся: даў дзьве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.
Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябелы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа», — грыміць яго вялічаство прэзыдэнтаў шафер. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у не бясьпецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці ня слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везьці мяне завялікая чэсьць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу[57]. Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зьверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзыдэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут зьдзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, ня далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто ня думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасьціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Зьнекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сьцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды ня ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто ня слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма… Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Ня слухайце гэтую жанчыну, ня едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, ня немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не, дык будзе вам горай». Сьцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы…»
Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сьцяпанаў з дружкамі. Веў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі сьвятар Балай сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’яжджалі ў цэркву, гдзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне ня клікала, а я села на канапу ля стала, зьняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасьля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посьвядку аб дэзынфэкцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн»…[58] Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг»![59]
Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нэрвовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сьцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыцьцём. А тут няпэўнасьць, а можа, не дажывем да заўтра?
Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягауў мяне за руку, абняў і кажа: «Ня бойся, мой салавейка, яны ня будуць горад бамбіць».
Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посьвядкі аб дэзынфэкцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн»[60] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву, паэту, бо ён нічога з сабою ня меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну… Вось штука, вось Сьцяпанаў…
Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленысу. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнабмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім ня ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасьля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосьці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калёніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». I яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.
А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нес: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч, наш мастак, — вялікую срэбную латышскую манэту «лат», якія латышкі носяць як мэдальёны. А Найдзюк назьбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін ня вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменьні мы тут начыста забыліся, гледзячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсьць паэткі, але ж пачуцьця такога да іх няма… I мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.
Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх зьлез і немец, які задаў нам такое пытаньне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы сьвятар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, гдзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч і жудасны Сьцяпанаў — разам выпівалі… 0, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія…
А цягнік прысьпяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувэніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безьліч машынаў — ні канца, ні пачатку… Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала зьвярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, разьвітальныя яго праменьні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было мае сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сьцежцы, сьмяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасьціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўседы ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменьні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцьці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчасьлівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на сьвіньню нашую «сьвіначка-дзецятко», чым мяне пасьля доўга падрочвалі[61]. Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэньняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?
Яшчэ маленькая я мела вялікае перажываньне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі ня трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі ня спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Сьлёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гаяздо, а я вось бясьсільная, першы раз бясьсільная ў жыцьці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом сьпяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі», — адказваю. «Ах, дзіця мае, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку…» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць…
Я не пішу аб каханьні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усе гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым сьвятам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэньні, несучы імя яе высока як сьвятасьць, імя маёй Беларусі…
Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі сьпяваць пра «гаймат»[62], як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка ня вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсьцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той, ці прадажнае, ці наіўнае стварэньне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы разьвіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой…
Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсей бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы разьвіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцьці мы не сустрэліся.
З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, гдзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча, быў ён рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза ня згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасьля мы пайшлі на Лукішскі пляц, гдзе авеяла нас духам мужнасьці Кастусёвай і вялікай адказнасьці за лёс сваяго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога сьветлага, акрамя мураўёвых, як за Кастуся, але слабейшымі быць мы ня мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гэкатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў ня дасьць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганьні за лёс Бацькаўшчыны… Я адчувала гэта.
Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радые, мы слухалі. Ноччу прыяжджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі ня йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсе, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая…» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу… Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, гдзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сыгналы» (быў такі часапіс). Пранясло… Я крыху спацела.
На літоўскай граніцы з Прусьсю мы вылезьлі. Тут ужо мы ад дэзынфэкцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсй аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, сьвяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы эўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Натальлі Арсеньневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку сьвятара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб’ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны… Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разуменьня, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кэнігсбэрг пэўныя сябе, задаволеныя.
Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям’і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё…» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засьмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.
Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк… I вось я ў трамваі пад’яжджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне як навоі. Нехта ля дзьвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанвне, ці прывезла яму кніжкі з Зэлввы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсе, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова… I тут я расплакалася… Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Расьсмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам зьбялеў і злосная грымаса замяніла ўсьмешку… Яна сьмяротна спалохалася, зьдзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней ня верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяньня, чаму я тады ня выгнала яе назусім з нашай хаты…
Я, выхаваная ля маці, ня ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з маяго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсьці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафэсара Ляцкага. Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасьці. Я паглядала на сьцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага, Тэфі, Гіпіус, Блока і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія парасьпісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне зьдзівіла зацікаўленасьць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расьціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох… Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.
Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія сьвятары з сем’ямі з Кэнігсбэрга прыехалі да нас у хату… Госьці ёсьць госьці, але тут не гасьціна, а трэба іх нейк ратаваць, прашсаць, прыстроіць і т. п. Прытым муж мой ня любіць ні сьвятароў, ні клопатаў з імі й наагул нэрвовы стаў, здаецца, і сам сябе ён ня любіць… Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго ня бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гэстапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выяжджаючы ў Менск.
Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да сваяго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыньнікі й яна ня мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме… Гэта было праўдай.
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды зьмякчыць, зьмяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць[63] сьвятароў, яна проста загадвала гэстапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваей багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра сваяго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.
Хутка ўладкавала я сваіх гасьцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасьцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не пасьпела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусьцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык сьвятарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны ня маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, сьвятар і там ужо быў…
Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д.
Адна хлусьня, прытым несусьветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да праскіх сьвятароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых сьвятароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасьцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны зьдзівіліся, калі я ім сказала йсьці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усе, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі…» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амэрыканцаў… Ну й ну… Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усе, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.
У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражываньне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі… Павяла я іх на Чэскі Град да доктара Піпэра. Сьмешна, у тым Чэрнінскім палацы[64] я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва… Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу працу ў найлепшым праскім шпіталі на Булеўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцьці.
Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, маяго сына й маяго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі зьяжджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сестры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяньня, што я іх не паслухала.
Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’яжджалі ў сьвет, і толькі таму, што беспэрспэктыўнасьць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытаньне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Ня ўсе да нас заяжджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны ня мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ей пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны ня любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са сьвежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасьцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, сьвет.
Юрачка шчыра апекаваўся ўцекачамі. Вучыўся ён надзіва добра. Калі часамі паяўляліся горшыя ацэнкі, дык амбітны хлопчык сядаў за заняткі паважна й зноў ганарыўся посьпехамі. 27 ліпеня 1944 года скромна адсьвяткавалі мае трыццаць чатыры гады. Муж купіў мне залаты пярсьцёначак з амэтыстам, і я загледзелася ў сіні колер цудоўнага каменьчыка. Мне тады прыпомніліся вочы маяго серадольшага брата Аркадзя — такія ж былі беззаганна сінія. Якраз у гэты дзень ён аддаваў Богу душу недзе ў Ларэта ля Рыма ў арміі генерала Андэрса. Аб гэтым прыйшла вестка пасьля вайны. Не пісалі да нас болей і Расьціслаў, і мужавы бацькі. Страх аб іх лёсе спыняў дых. Усе ратаваліся, уцякалі, а Расьціслаў шукаў маці, якую вельмі любіў. Дарма, усе дарма, вера ў дабро можа быць толькі ў гуманных, дэмакратычных дзяржавах.
Прыехалі ў Прагу паэт Сяднёў, дацэнт Жарскі, Русак. Гэта былі пераважна савецкія людзі, і той вялікай, амаль сьвятой любові й ахвярнасьці для Радзімы ў іх не было. Я з імі не знаходзіла супольнае мовы, часам іх адносіны выглядалі як правакацыя. Не пазнаць было, што мае для іх вартасьць у жыцьці і ў што яны вераць… Час быў нялёгкі, што чакала расьцярушаных па цэлым сьвеце, што чакала тых удома ў супольным суровым расейскім катле? Ці хоць яшчэ пару дзесяткаў год застануцца сабою?
Нам было найгорай, да ўсіх пакутаў таго часу мы яшчэ радзіліся «кулакамі»… Гэтае слова самое забівала нявінных, сіраціла дзяцей, гнала на высылкі, турмы, на несказаныя цярпеньні. Гэта былі, як яўрэі пры Гітлеру — усе амаль ужо гэтым адным словам асуджаныя на загубу. Гэтае слова, як выпалены агнем знак, відно на чале маім нават сяньня. Нясу яго, як пакуту й як нейкі церпкі гонар тых, якія пагінулі ў муках… Сяньня асабліва. Гэтых пячацяў «меней-цэннасьці» ў мяне болей, як у іншых, і ўсё я нясу гэта горда! Некалі ж было ўсё толькі для палякаў, пасля — «нур фюр дойчэ»[65], а цяпер толькі для тых, хто ў партыі ці хто даносіць. У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры па цэлым сьвеце, 8 — сьмяротна вінаватая за тэстамэнт… Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму.
У Празе памёр украінскі паэт Олэсь. Было вельмі многа людзей на пахаваньні. Аддалі яму сваю павагу й беларусы. Я вельмі любіла ўкраінскага журналіста Алега Лашчанку, гэта быў палкі й разумны патрыёт, своеасаблівы ў падыходзе да людзей, якіх ацэньваў нейк інстынктыўна на вартасных і паганых. Заўсёды ён ведаў нешта новае, добрае. Ненавідзеў немцаў настолькі, што аднойчы, калі я хацела пазнаёміць яго з фрау Піпэр, дык ледзь, вельмі ня хочучы, толькі падаў ёй руку. У мяне было шмат знаемых, нават сяброў між чэхаў, а ён прызнаваў толькі ўкраінцаў і то ня ўсіх. Затое калі ўжо паверыў некаму, дык назаўсёды. У людзях амаль не памыляўся.
Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзыяў не было, горкай практыкай лягла на маю сям’ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Пэрспэктыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезьлі вокнамі, ехалі пад амэрыканскія бомбы, а ўсе ж ехалі.
Старшыней Праскага камітэту самапомачы быў Аляксандр Русак. Камітэт знаходзіўся ў яго на кватэры, куды ён памясьціў і Абрамаву з сям’ёй, калі яна прыехала ў Прагу. Зрабіў гэта на маю просьбу, але хутка я пашкадавала свае даверлівасьці. Абрамава вельмі хутка напісала на Русака данос у гэстапа з тым, каб атрымаць ягоную кватэру. Мы вельмі расчароўваліся ў т. зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, ня ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасьці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасьці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцьця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў даны мамэнт аплочваліся. «Што гэта, матэрыялізм?» — думала я сабе, старонячыся ад іх…
Прыемным выняткам з гэтае масы былі Міціны з Кіева. Яны нейк спалучалі ў сабе шляхотнае й практычнае й заставаліся прытым вельмі харошымі, інтэлігентнымі людзьмі. Сябры прасілі мужа, каб выяжджаў з намі і ён. «Не, я сацыяліст, — цьвердзіў муж, — і я тут застануся». Тады яны прасілі, каб нас з Юраю пусьціў з імі выехаць, што нас не пакінуць, выратуюць, дагледзяць. «Не, — цьвердзіў муж, — сына ня дам, а калі жонка хоча, няхай едзе сама без дзіцяці». Я маўчала. Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Мае найбольшае жаданьне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазьбегнуць лесу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасьцю. Вялікай мужнасьцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя.
Я ніколі ня слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засьвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад’яжджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, гдзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сьляпы перад лёсам.
«Што робіце, пані Ларыса, — пераконваў Лашчанка, — ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасьці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесьці, што ён ня меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасьце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчасьлівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто ня ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям… Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.
Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясьняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бясьсільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа маяго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанесьлі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка ня спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыцьце скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, гдзе ў цяжкіх варунках разьмяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фэльчарам. Гэта быў студэнт мэдыцыны, які, калі немцы закрылі чэскія унівэрсытэты, не пажадаў ехаць канчаць студыя ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай, разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, гдзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асьвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г. зн. каралева. Ядвіга пасьля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзьвех дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазьбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна сьпяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеньнем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было сьмешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасьць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я-то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разьлічваліся за драбніцы, пасьпявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям…
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі сьледавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амэрыканскай разьведкі. А мы тых амэрыканцаў ня бачылі ў вочы, дый яны ня ведалі аб нашым існаваньні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зьняволеным на Панкрац (праская турма), а часам і дапаможа паважна.
Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цьвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст ня ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх бязглуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасьце ўсіх тых, кудэмі кацілася бязьлітасная вайна і ўставалі новыя, пасьляваенныя зьдзекі.
Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасьць. Усё нас лёс разлучае: то пасьля вясельля на колькі месяцаў, то пасьля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.
На століку ля маяго ложка Евангельле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала маяго таварыства: «Мама, няхай сяньня будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды», яму здаецца, што ён малы Ізяслаў…
Ізноў парадкі чужыя, ламаньне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а ня з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людзкія законы недарэчных адзінак. Экспэрымэнт. Гэта тое, што нас чакала пасьля ўсіх жудасьцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна ня скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасьць старому Богу… А Ён глядзіць з вышыні сваяго ўкрыжаваньня, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга сваяго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасьце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай сьмерцю на крыжы. Не, Ён ня гнаў мільёнаў адборнай моладзі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на сьмерць пайшоў Сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, ня прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяньня гэта робяць тысячы газэтаў, радыё й тэлебачаньне сьвету! Мудрасьць крылатая, яна, як насеньне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасьць. Проста й мудра, велічна й вечна!
А пакуль што зьбіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласьць-няміласьць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА[66]. Хто канаў ад голаду й масавага зьдзеку над людзьмі, той іх асудзіць ня можа. Трагічны іх лёс выклікае сьлёзы. Зноў тут паняцьце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасьці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разуменьня людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзьню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты[67] ніколі не зацьвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы не забаўкі й аэрапланы ня птушкі…
Напэўна, і ў хрысьціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Ня немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей, — казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лэсі Украінкі, — а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчасьлівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэньні, а рэшта ня мае значэньня. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разьбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інг. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсьць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганьне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцьці, а на гэтае пэрспэктываў ніякіх…
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спэцыяліста па Ай-кітабах[68]. Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Ня кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасьці ў служэньні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!
Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасьця. Трывожна… Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сьцягі нацыянальныя амэрыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэскі Арлой, гадзіньнік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асьляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.
Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасьце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланьне. Усюды сьцягі, сьцягі… Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару… Ужо болей ніхто па вуліцах ня ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на мэдпункт у касьцёле. Я хаджу да яго, і бн замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменьні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзьвярох нашага дому, сорамна сяньня ня быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радые. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Зьмяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радые, што савецкія танкі на пэрыфэрыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, сьмерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка…
За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраньнях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні свае й гарэлку. Сьмяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!
Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага ня б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім ня скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разьбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’яжджае. Назаўтра чэхі жэнуць[69] немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы»[70] на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калябаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна…
Па вуліцы вядуць дзяцей нямецкіх, вядзе іх нехта ад швайцарскага Чырвонага Крыжа. Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей, коцяць на зямлю, топчуць нагамі. Муж закрыў мне сваім каптаном голаў: «Не глядзі, маці, не глядаі». А ў хаце сядзець ніяк нельга, бо скажуць: ня цешышся з «асвабаджэньня», і можа быць нявесела… Удома Юра бяжыць з плачам і крычыць: «Не хачу жыць на такім сьвеце, гдзе б’юць дзяцей». 0, сын, нашчадак шляхотнага няшчаснага народу. Суседка прыпала мне да грудзей і плача: «Пані докторова, я не магу глядзець на зьдзекі над людзьмі, але толькі вам гэта магу сказаць, сваіх баюся». О мілая пані Копэцкая, нядаўна ж яна перахоўвала, памагала яўрэям… Нейкія людзі падышлі на вуліцы й кажуць мне тое, што й мая суседка, што ён вярнуўся з лагеру й таму бачыць зьдзеку ня можа. Так, мучыць і забіваць могуць толькі выбраныя, і такім менавіта аддалі ўладу над рэштаю людзей. Яшчэ так нядаўна, калі спыняўся ля нас цягнік са зьняволенымі ў паласатым, мы іх кармілі, глядзелі ўсіх, і немцаў. А цяпер… А цяпер за адно нямецкае слова раз’юшаныя чэшкі лупяць насьмерць. Ішлі палонныя бэльгічане й нешта папыталіся па-нямецку, дык так на іх напалі бабы, што ледзь не забілі на месцы, і толькі даведаўшыся, што гэта палонныя з Бэльгіі, перамяніліся адразу ў чулых самарытанак — бэльгічане ім плюнулі ў твар. Босых немак гоняць па разьбітым шкле й лупяць, і ўсё ім мала, а вусатыя савецкія ваякі выносяць немцам па куфлю піва. Бой кончыўся, прагаласілі перамогу, і баец не патрабуе болей забіваць, яму хочацца добрага міру. Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бензінам і паляць. Згінь ты, прападзі з такою культураю! Поўнасьцю перабраўшы гітлераўскія мэтады, крычаць, што яны дэмакраты! На Панкрацкім пляцу вешаюць публічна Пфіцнэра, гэта гісторык нямецкі, які фальшаваў гісторыю чэхаў, і за тое яму такая «чэсьць» — публічна вешаць. Нам каб хоць дачакаць публічна адлупіць тых, якія фалыпуюць нам нашую мінуласьць!
Ад раніцы чэскія мамы з возікамі з дзяцьмі і ядою чакаюць на пляцу на «відовішча». Нямала, трыццаць шэсьць тысяч народу. Аж мудрая Англія папыталася па радые: няўжо гэта народ Масарыка? З тае пары пачалі вешаць у вязьніцы, у двары. Прыходзіць сумны Карлічак і кажа, што ніколі не ажэніцца з чэшкаю, што яны азьвярэлі. Да яго сябры судзьдзі на Панкрацы прыйшла знаёмая дзяўчына, каб ён дастаў ёй «лістэк на поправу» (білет на павешаньне). Бо «любіцелям» гэтага відовішча прадавалі білеты. «Не, — казаў, — не ажанюся я ніколі са сваею зямлячкаю, гэта ня людзі, я лепш вазьму беларуску…» Што ж, дарагі Карлічку, і беларускі ня ўсе паэтэсы, ёсьць і ў нас розныя, але такіх, якія б хацелі глядзець, як вешаюць людзей, такіх мала. Адна Еўдакія Лось пакуль што паліла мае жывыя вершы, вось ёй можна было б запрапанаваць білецік…
Божа мой, такі ж не найгоршы той наш народ — ён у сэрцы сваім чалавечым яшчэ высока культурны ў параўнаньні вось з гэтымі: з аднымі й з другімі ў Эўропе. Ёсьць бандыты і ў нас, але такіх мы лічым вырадкамі, нават у час, калі ім была «зялёная вуліца», іх у нас не было многа… Не відно байцоў нават каля тых, якія мучаць жанчын.
Ля нас нейкі савецкі шпіталь. Стары старшына штодзённа бярэ туды пару немак з лагеру й ніколі ня крыўдзіць іх, накорміць, нават дасьць ім з сабою. Яны дзівяцца яго высокай культуры. Доўга яшчэ праводзілі чэхі суд гісторыі над адвечным ворагам славянства, толькі жаль, што мэтады іх помсты-справядлівасьці не прыносілі гонару славянству ў XX веку нашае эры. Стварылі такую «рэволючні гарду» (рэвалюцыйную гвардыю), на якую ўсе казалі: рабуючая гвардыя. Гэтыя малойчыкі стралялі каго ня лень, аж адзін з іх прыйшоў да нашае кіоскершы, зусім ужо з гэтага адурэлы, і расказваў, што тыя нямецкія дзеці, якія прасіліся, каб ён іх не забіваў, усё стаяць яму перад вачыма і дзень, і ноч, і ён адчувае, што ўжо дурэе…
Да нас прыйшоў аднойчы з аўтаматам партызан славацкі, які ведаў толькі адно, што я друкавалася за акупацыі, як друкаваліся ўсе да аднаго чэскія й славацкія пісьменьнікі, і вось явіўся на расправу. Прыставіў мне да грудзей знамяніты, апеяны, апаэтызаваны аўтамат і хацеў ужо страляць, але яшчэ думаў. Я мяшала цеста ў місцы й так не пераставала яго мяшаць і з тым дулам, парваў мяне нейкі сьмех. Юра тым часам быў ужо на дварэ і ў хату вярнуўся са здаравенным байцом-украінцам, які, убачыўшы такія зьдзекі над маці сваяго малога перакладчыка, падняў такую квяцістую лаянку й крык аб тым, як яны, якіх нашы асвабадзілі, будуць яшчэ тут палохаць нашых жанчын! Славак пачаў апраўдвацца, што каб ведаў, што Юра гаворыць па-расейску, дык такога не зрабіў бы. Здавалася, што ён ужо не славак і амаль расеец, пакуль з аўтаматам. Папёр яго той украінец, і болей «герой» да нас не паказаўся.
Суседзі-чэхі былі амаль усе маімі сябрамі, а ў час самай рэвалюцыі явіліся дзядзькі, якія развозілі вайною вугаль, усе камуністы. Я ім, бывала, заўсёды дам па жмені махоркі, якою нас шчодра засабляў з Беларусі мужаў тата. Часам нейк скамбінуюць вугля ды прыедуць прасіць закурыць, вось я ім заўсёды дам пакрысе «зельля» й ніколі не вазьму іх вугля, а ў велькае сьвята й па чарачцы знамянітага беларускага самагону.
Вось і прыбеглі дзядзькі бараніць мяне ад усякіх нягод у час неспакою. Што ж, я іх прывітала з перамогай і нашкрабла яшчэ ў пудэлку закурыць ім. Прыбег з сяла й балаховец наш Судзьдзеў, які таксама адчуваў патрыятычную адказнасьць за цэласьць мае асобы. Пасьля мы былі аточаныя самымі апекунамі.
Байцы і, галоўнае, чыны вышэйшыя нахваталі крыху ў Эўропе трыпяркоў, мякка кажучы. Для іх быў з гэтай прычыны адпаведны шпіталь, але каму хацелася туды галасіцца[71] ў такую слаўную пару перамогі, вось і лячыў іх «свой доктар». Лячыў хлопцаў сапраўды сумленна, і даволі мы іх любілі. Кожны з іх нам ня радзіў рушыцца з Прагі, а ў кампаніі кожны чулым голасам размалёўваў усю красу радзімы й клікаў дамоў. Мы верылі, безумоўна, гутаркам у адзіночку.
Мне ўсяк дагаджалі, вазілі мяне на машыне, прыносілі падаркі. Мы былі радыя, бо ўжо ніякія «славацкія героі» ня мелі дачыненьня да нас. Часта было нам з нашымі новымі сябрамі даволі клапатліва, то частуй, то на рэнтген іх вядзі. Найгорай было, калі яны ў нас частаваліся, дзякавалі за ўсё й трэба было з імі выпіць. Гэта было неабходна. Муж пасьля двух аб’ёмістых чарак рабіўся нежывы, а ня выпіць мы баяліся. Наагул, прызнацца, мы ўсе ж іх вельмі баяліся. Піць даводзілася мне, я сільнейшая. У жыцьці ня піўшы, я піла поўнымі шклянкамі, перад гэтым выпіўшы добры глыток алею, і нічога мне не было! Трымалася, як усе мае Міклашы, мае продкі, знамянітыя тым, колькі маглі выпіць, не губляючы галавы й ног! Муж дзівам дзівіўся, разумеў маю адчайную ахвярнасьць, толькі не разумеў, нехрыст паганы, што ён мяне пакінуў на такія пакуты, а я яго выручаю.
Пакуль што ўсё йшло добра, галоўнае было нейк захавацца ў Празе любою цаною. Забіралі пакуль што ўсіх савецкіх грамадзян, але мы не былі ніколі савецкія й нас гэта не датычыла. Чэскія актывісты таксама трымаліся далей ад нас. Муж працаваў на сваёй апошняй ваеннай працы ў вялікай фабрыцы «Чэска-мараўскай» у Празе. Вайною там чэхі весела рабілі немцам танкі, ну а цяпер нават ня ведаю, што яны там тварылі. Мужа яны пакінулі на месцы, але яго шэф, чэх, мусяў уцякаць. З дырэктарамі яны зусім ня цацкаліся, а загадвалі ім рабіць прысядкі і іншую гімнастыку за кару іх супрацоўніцтва. Мужа вельмі паважалі. Ён ім нічога асабліва добрага не зрабіў, але й паганага не зрабіў ніколі. Памагаў як мог і быў адным з чатырох лекараў фабрычных у рэспубліцы, якіх чэхі пакінулі ў спакоі й на працы.
Жылося нам матэрыяльна няблага, але вось спакою не было — не было спраў ад мужа бацькоў, ад Славачкі. Няведама, што было з мамай і рэштай сям’і. Тату я нечаму лічыла нежывым. Яго такі забілі ў гродзенскай турме, як і дзядзьку Валодзю. А вось за маму непакоілася.
У нас зноў быў цэнтр беларускага жыцьця. Усе ўцекачы, якія не пасьпелі выехаць на Захад, зьбіраліся ў нас. Нейк трэба было іх ратаваць, бо дамоў яны не хацелі. Зачасьціў да нас вельмі харошы, паважны хлопец Петра Сьценьнік, ён вельмі моцна клапаціўся аб уцекачах. Недзе на вёсцы ля Прагі жылі нашыя, сярод іх доктар Мінкевіч з жонкаю й дзьвюмя дочкамі, адна з іх была нарачонай Пётры. З Петрай мы разумелі сябе як родныя і ўсе рабілі, каб ратаваць нашых. Прыходзілі і доктар Мінкевіч, і дацэнт Жарскі, які застаўся, каб вярнуцца дамоў, бо баяўся на Захадзе, як казаў, беспрацоўя. Паяўляліся розныя тыпы, і толькі я цяпер разумею, што было між іх поўна стукачоў.
Аднойчы прыйшла дзяўчына, якая шукала мужа. Казала, што ўцякла з савецкага лагеру, мела пры сабе толькі індэкс віленскага унівэрсытэту, які паказала. Мужа яна ведала. Называць яе не хачу. Трымалася яна несамавіта, але я лічыла сваім абавязкам дапамагчы і ёй. Напала яна перад усім на папяросы, якія курыла без перарыву. Я карміла яе, калі прыйшоў муж. Яна нам залівала, што ўцякла з лагеру, каб нас пабачыць, што яе ад амэрыканцаў укралі ў савецкі лагер. Мы слухалі й не падазравалі, што прыеланая яна па нашыя душы. Яна ў нас убачыла Пётру і ўсё пыталася ў яго, як дастацца на Захад. Пётра маўчаў, і мы з ім госьці ня верылі.
Нарэшце мы з Пётрам паслалі адну чэшку ў Пльзэнь, каб яна нам даведалася пра вольны амэрыканскі лагер для перасяленцаў. Найвышэйшы час было ратаваць людзей. У гэты час трэба было захварэць дачцэ Мікулічаў. Захварэла яна цяжка на тыф. Палажылі дзяўчо ў шпіталь на сяле, гдзе яе не лячылі зусім, бо мясцовы пэрсанал быў камуністычны і іх лічылі за ўцекачоў ад саветаў. Бедныя бацькі бегалі ля вокан, а дзяўчо канала без лячэньня. Бацьку-доктара да хворай не пускалі. Аднойчы Петра прыйшоў счарнелы з болю — Гэля памерла. Няшчасьце зрабіла нас неасьцярожнымі. Мы думалі толькі аб памершай. У мяне прасілі, каб выстарацца дазвол на пахаваньне яе на праскіх могілках для эмігрантаў. Чэхі звычайна ні ў чым мне не адмаўлялі, не адмовілі й на гэты раз. Цела перавезьлі ў капліцу на могілкі. Было нейкае ўжо асеньняе амаль сьвята, і я паехала ў тую капліцу на вячэрню. Між праваслаўных мяне добра ведалі, і яны былі мне знаёмыя.
Ля капліцы я ўбачыла Жука й са зьдзіўленьнем папыталася, што ён тут робіць? Ён дзіўна паглядзеў на мяне й сказаў, што прыйшоў паглядзець на магілы байцоў. А тут яшчэ паявілася знамянітая «студэнтка Віленскага унівэрсытэту». Я спалохалася. Яна мне вытлумачыла, што яе зноў пусьцілі з лагеру, і пачала нешта закідаць, што праскім беларусам грозіць бяда. Мяне настарожыла сама атмасфэра таго вечара, а тут яшчэ такія гутаркі… Дзіўна.
Назаўтра быў дождж. Муж, адыходзячы на працу, прасіў у мяне, каб ня езьдзіла на пахаваньне, і ён ужо пачаў адчуваць небясьпеку. Рана прыехаў Петра й пакінуў у нас хлопчыка ў веку нашага Юры, сам пабег на могілкі. Пахаваньне мела быць пасьля абеду. Я пакінула ўдома дзяцей і паехала да тае капліцы, павезла вялікі букет белых гладыёлусаў. Паехала, каб злажыць свае спагаданьні бедным бацькам і перапрасіць, што нельга мне быць на пахаваньні.
Маці я сказала, што я чую, як за мною ўсюды ходзяць, і баюся, каб не прычыніць ім яшчэ большага гора. Маці, забыўшыся з болю аб усім на сьвеце, пачала прасіць мяне, каб я абавязкова прыехала. Я вярнулася дамоў, пакарміла дзяцей, і мы паехалі з імі на могілкі. Муж з працы прыходзіў толькі ўвечары. Калі мы ля Алыпанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў, якія відочна доўга ўжо так стаялі, бо аж ім рагі з дажджу парабіліся на гімнасьцёрках. Я падбегла да дзяцей і абняла іх са страху. Яны спакойна йшлі пад вялікім сямейным парасонам і крыху зьдзівіліся.
Нябожчыцу ўжо пахавалі, мы спазьніліся. Засыпалі магілу, над якой стаялі нашыя людзі й між імі, абнімаючы адну нашую дзяўчынку, тая шпіенка. Мяне затрасло. Насыпалі горку, мы пайшлі ў царкву. Няведама скуль назьбіралася нашых, яны не пабаяліся разьдзяліць няшчасьце з сябрамі. Стаю, гляджу на іх і плачу, а тая сьцерва пытаецца ў мяне, чаго плачу? Кажу ёй, што куды ж ехаць гэтым нашым няшчасным людзям, калі ж ужо будзе нашая Бацькаўшчына для нас і мы гаспадары ў ёй. Не магу спыніцца ад плачу. Пасьля падыходзіць Петра, усе мы складаем свае кашалькі, хто што мае, і разам Пётра расплачваецца з бацюшкам.
Людзі адыходзяць, а нам усё ёсьць нешта там рабіць. Нарэшце йдзем і мы трое. Сьцерва, Пётра пасярэдзіне і я. Ідзем пад руку. Петра раптам кажа: «Пераходзьма на польскую мову». Я аглянулася — за намі пасьпяшаліся тыя афіцэры, ад якіх я засланіла дзяцей. Божа… Яны падышлі й напалі на яе, пашто яна выйшла з лагеру, і ўсіх нас павялі з сабою ў савецкі перасяленчы лагер. Яна мяне штурхае й кажа, каб я ўцякала. Чаму? Як я пакіну Пётру? Божа мой…
Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я ня іх грамадзянка, але бяз Пётры, думаю, не пайду. Пётра зьбялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пбтры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу бяз памяці на трамвай.
Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы ня любіць, я расплакалася горкімі сьлязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў сьмяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць…
Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, зьмілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.
Знача, поўная найстрашнейшых прадчуваньняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы.
«Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што прасьледаваць мяне не пера’стануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б… Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны», — адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезьці. «Дзякуй, — кажу, — а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе», — кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе, — кажу. — Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сьцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе ня злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасьля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязьці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сьцерва ўсё звоніць… Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога ня ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!
Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сьцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сяньняшняе й сама стала бяз памяці ля сваяго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.
А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усе, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстамэнце, і нельга было зыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!
Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сьцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Петры. Ня раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае плянавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасьля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.
Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасьці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны ня хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасьці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Петру, і яна сказала мне, што яго ня выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі[72]. Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.
Сябры мне многа пазьней сказалі, што ў зьняволеньні бачылі ў прыбіральні напісанае прозьвішча Пётры й крыж ля прозьвішча, знача, яго забілі…
Я нічога не пыталася ў сьцервы, я не магла глядзець у яе бок і толькі чакала, калі гэты смурод выйдзе з хаты. Яна ж, відно, хацела нам дабра, можа, за тое маё збалелае за Беларусь сэрца, а я яе зненавідзела, як гіену. Я не магла зразумець, як можна лапаць, выкрадаць няшчасных, якія ўставалі з векавое няволі й як маглі стараліся падняць, усьвядоміць народ. Усе прадажныя перакідаліся з лагеру ў лагер, выплывалі пры любых абставінах, як нечысьць, на паверхню, а вось ідэйны, найлепшы наш элемэнт гінуў.
Я разумела бальшавікоў — яны заплацілі велькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога — гэта ня нашая перамога, бо мэта іх — вынішчыць нас і асыміляваць, што ж даказалі яны за ўвесь пэрыяд сваяго існаваньня. Яны ж ня могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіцьсілаю на свой маскоўскі лад увесь сьвет, ня думаючы аб тым, якія вартасьці нішчаць… Страшнымі цяпер мне зрабіліся і ўсе тыя харошыя хворыя байцы, якія выжылі з цяжкіх баёў і сапраўды жадалі людзям дабра. «Не вяртайцеся, не вяртайцеся дамоў, вам няма там чаго рабіць…» — іхнія словы.
Цяпер я іх баялася ўсіх, не магла іх ні бачыць, ні чуць. Не адчыняла ім ніколі дзьвярэй больш. Іх недзе перавялі за Прагу з іх штабамі, і чэхі вельмі сардэчна з імі разьвітваліся, хоць многае ім не падабалася. Замест гэтых шэрых скромных герояў з крывавых баеў паявіліся цяпер тылавыя «ваякі» ад МВД, і яны ўжо анулявалі тое добрае й шляхотнае, што было ў франтавікоў. Нельга было цяпер выдаваць нашых, пройдзе час, стрэцца розьніца, болей зразумеюць адныя другіх, тады…
Пераважна гэта адносілася да беларусаў-заходнікаў, якія ня мелі абавязкаў да савецкай дзяржавы, бо не жылі амаль пад ёю, і нічога пакуль што яна ім не дала, нават КПЗБ[73], рэвалюцыйная, марксісцка-ленінская партыя (1923–1938) не прызнала, а хацела ад нас усяго! Усяго безапэляцыйна! Яшчэ на Беларусі чуліся крыкі раскулачаных на сьмерць і вывожаных з хатаў у пустэчы, якімі надзяліў лёс гэтую дзяржаву на пакуту ўсім людзям. Я хадзіла як учадзеўшы — свой боль і боль за харошага беларуса Петру…
Як тут выкруціцца, як ратаваць сям’ю? Аб сабе я ня думала. Вось трэба было плаціць, сурова плаціць за асьліную ўпартасьць сваяго «сацыяліста». Праўда, уцякаць з немцамі, ня маючы з імі нічога супольнага, лагічна, не было пашто, але якая ў Сталіна логіка, калі ад яго капрызаў гінулі мільёны людзей… Такі ўжо лёс, і сапраўды з пагранічнага Вімпэрку, як мы, — трапіць проста на канец сьвету ў Комі, дык гэта трэба мець сапраўды беларускую долю… I вось я ведаю прыблізна, калі па нас прыйдуць, і ведаю тое, што чэхі ня хочуць нас выдаць, і ведаю, што ня маюць права ламаць нам дзьвярэй… Ведаю многа, але як ратавацца — засталося два дні… Паганая «панская» натура, ня можам недзе схавацца ў чэхаў з той няшчаснай прычыны, каб не зрабіць ім зла, бяды, якога «Сібіру» на іх не прыклікаць. Гэта з нас можна дзерці скуру, але мы нікога яшчэ нічым ня скрыўдзілі, мае рукі на тое, каб памагаць людзям, і вось мы як дурні, і што нам самотным рабіць? Бог і мы, вера толькі на Бога продкаў маіх.
Мой «атэіст» разгубіўся не на жарты. Я хоць маю Бога, а ён сваю логіку, якая трашчыць. Быў у мужа адзін харошы пацыент, якому ў свой час многа зрабілася, пан Дворжак, быў ён загадчыкам нейкага спартыўнага клюбу. Пайшлі мы ўтраіх да яго, каб ён нас нейк пераправіў у Пльзэнь, гдзе былі гуманныя, разумныя амэрыканцы, якія калі й саджалі людзей, дык не са зьдзеку, але вінаватых сапраўды. Такое мы чулі праз іх, а ў нас жа віны ніякае! Сьняцца мне тыя амэрыканцы начамі як адзіны ратунак нашай няшчаснай сямейкі.
Вось мы і ў пана Дворжака. Дзянёк позьні, летні, сонечны-сонечны. Ходзяць сабе людзі, шчасьлівыя людзі, ах, якія ж шчасьлівыя — іх заўтра ня будуць красьці… Пан Дворжак ня можа нам памагчы, ён захварэў, выйоаў да нас і так сказаў, што ня можа. Ня мог сапраўды, цераз два тыдні памёр на апэрацыйным стале ад раку мачавога пухіра… Што ж, бліжыцца нейкая непазьбежнасьць… Мне прыпомніўся верш мой адзін з апошніх: «Дай адкупіць мне цярпеньнем паэта долю і волю, і шчасьце народу…»
У нас яшчэ ёсьць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля сквэру, Я з жудасьцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі… Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць… Ну й сьвет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным сьвеце»… Дамоў ідзем з Юраю, ён мая сіла. Добра, што хоць Янка ў бясьпецы, удар будзе па нас дваіх, і мы вытрымаем! Бог з намі. Я зьбіраю ўсе мае сілы, і ўсю маю веру, і ўсю маю любоў да маяго народу — я вытрымаю! Сын, мае хлапчане, пры мне, і ён усе дасканала разумее. Праўда, ён нейк нам сказаў, што хто быў на версе, той цяпер на нізе й наадварот і як добра, што мы былі й засталіся пасярэдзіне. Цяпер мы выходзім з усіх гэтых рамак, нас узялі на мушку.
Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома… Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складаньні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамэндаваўся. А мы дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час… Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!
Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бясьпецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзыдэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.
Мы з сынам дваіх у маёй пасьцелі чытаем Евангельле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы сьвет.
Разбудзіў мяне бесьперапынны званок і трэск дзьвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзьвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзьвярыма: «Мамачка, пусьці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці…» Адчыняю дзьверы, пан Чада прывёў маяго «галубочка» на маё гора… Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс… Хутка паслала яму пасьцель і падумала сабе, што ўсе ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала…
У нас былі прыгатаваныя тры ўколы, калі б нас бралі на зьдзекі, адныя ці другія — дык мы пастанавілі лепш траім памерці. Уколы ляжалі яшчэ з вайны.
У хаце ў мяне ўсе больш-менш ёсьць, нават сухая бульба. Ходзім па хаце на цыпачках, як духі, больш ляжымо. Панядзелак. Калі ж ужо будуць нас красьці? Вокны завешаныя, і ніхто ня ведае, што мы ўдома. Ведае толькі той пан Зіка, быўшы югаслаўскі консул, пацук аблезлы, каб ён скруціўся да раніцы… Дзень прайшоў сяк-так. Хлопцаў сваіх я накарміла. Гаворым мы мала, болей думаем. Я яшчэ не чытала «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма, вось цяпер пачала чытаць. А няхай яго, ну й літаратура мне трапіла на гэты час… Што ж, і мы тут як на тым востраве Іф…
Я хварэла ўвесь час на язву страўніка, і ад такога перажываньня вельмі пачало мне балець пад ложачкай. Звычайна ссда мне памагала. Было ўжо надвечар, ціха кругом. Я ўстала босая, з распушчанымі косамі да пояса, у доўгім, да зямлі, халаце, узяла шкляначку тонкую венскую й замяшала ложачкаю соду, каб выпіць, як раптам пачаў званіць званок, але так званіць, што я ня выпіла той соды і, трымаючы ложачку рукою ў шклянцы, каб ня бразнула крый Божа, падышла да дзьвярэй і падперла іх моцна плячом. За дзьвярыма гутарка, як на кірмашы, а я стаю, не баюся, вось толькі каб тая ложачка ня бразнула. Мне здаецца, я лекачу. Не, няхай яны ня ведаюць, што мы ўдома… Галосны наш званок грыміць, не перастае. Цямнее. Я на цыпачках іду на сваё ложка. Муж ляжыць, як нежывы, маўчыць, бо й што скажаш? Мераю вокам адлегласьць да вакна. Затрашчаць дзьверы, дык выскачу галавою ўніз, я ведаю, што я ім патрэбная, як і ўся мая кулацкая сямейка. Не, я жывая ня дамся! Званок звоніць, і звоніць, і звоніць да першае гадзіны ўначы. Пасьля мы паснулі.
Ранак быў сонечны, мы хадзілі, елі ціхенечко, амаль ня дыхалі. Была пошта, нехта званіў, але мы нікому не адчынялі. Юрачка, наш неспакойны, як жывое срэбра, сынок, цэлымі днямі сядзеў пад сталом на дыване й ставіў вежы з падушак, што на канапе. Надзіва спакойны малы. «Сынок, ты, напэўна, хочаш на двор, такая ж пагода?» — «Не, мама, што мне з таго, каб быў я на дварэ й ня меў татачка й мамачкі, лепш я пасяджу пад сталом і буду мець мамачку й татачка», — мудра надзіва сказала хітрае наша дзіця.
У мяне заўсёды нейкія запасы ежы. Я сялянка. Вось цяпер гэта ўсё прыдалося. Юры падабаецца есьці смачныя кампоты штодня… Так мы праседзелі тыдзень аж да суботы. У суботу мы выйшлі. У хату наляцела людзей, плачуць, цалуюць нас, прынесьлі ежу й кветкі. Адныя думалі, што мы ўцяклі, другія баяліся, што нежывыя.
Знача, пад наіп вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расьцягнутыя брэзэнты, а начальнікі званілі, але пад дом наш зышлася ўся часьць горада, гдзе мы жылі, увесь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктарову», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы ня раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сэкрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што бяз чэскай паліцыі ніхто ня мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспэдыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспэдыцыя» закончылася. Павезьлі Петру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцьця, праўда — трывожнага…
Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі…
Я яшчэ раз напісала прэзыдэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амэрыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі маяго ліста на машынцы па-чэску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амэрыканскае пасольства.
На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небясьпека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэньні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыцьце, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасьці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысьцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.
Усе залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагаа выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, гдзе добра іх ведалі… Вось яны й партызаны ня нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песьняй і з каханьнем да старога сваяго народу.
Час ішоў. З Граду Праскага не было ніякага адказу ад прэзыдэнта Бэнэша, можна было думаць, што ён маіх лістоў не атрымаў. Надышоў час аддаць Юру ў чэскую школу. Расейская гімназія й пачатковая школа перайшлі цяпер у рукі прысланых з Масквы настаўнікаў. Яны мне не падабаліся: поўныя падазронасьці да кожнага чалавека, нейкае казёншчыны, салдацкай патрабавальнасьці й сталінскай суровасьці, яны мала адышлі ад тых, якія выхоўвалі «гітлерюгэнд»[74]. Мы пастанавілі аддаць Юру ў нармальную чэскую школу. Спачатку мне не хацелі аддаваць яго папераў, але я й слухаць не хацела аб тым, каб ён і далей там вучыўся. У чэскую школу чужынцам ізноў ня лёгка было даць у той час дзіця. Пачаліся «Народні выборы» і т. п. рады. Трзба было некалькі подпісаў давераных сьведкаў, што мы за часоў акупацыі не былі калябарантамі і т. п. Чэхі падпісвалі нам гэта абедзьвюма рукамі, і так Юру прынялі ў школу. У расейскай ён скончыў чацьвёрты клас, і вось чэхі хацелі, каб ён паўтараў у іх той жа клас, бо ня дасьць рады. Я ўпрасіла іх, каб узялі хлопца ў пяты клас на пробу. Калі я прыйшла да дырэктара за пару тыдняў, як ён мне назначыў, дык аказалася, што Юра ўжо найлепшы вучань класа, а да канца года ён быў найлепшы вучань усей чэскай школы, усімі любімы «выраблянец».
У Юры паявіліся новыя калегі, але яны яму не падабаліся. Часта хлопчык выказваў мне свае думкі: «Мамачка, у іх дзікія забавы, яны на ходніках[75] рысуюць усе вісельні й гуляюць у тое, што вешаюць людзей». Так, гэта было страшна. Нашы некультурныя беларусы ніколі такіх гульняў ня ведалі, а можа, цяпер і яны пайшлі з «духам часу»? Было аб чым думаць.
Нарэшце прыйшла вестка ад таты — пакуль што яны ў Зэльве былі жывыя. Тата пераслаў ліста Славачкі яшчэ з арміі. Гналі іх тады на захад. Аб сьмерці Расьціслава мы яшчэ ня ведалі. Старыя беларусы ў Празе былі вельмі занятыя сабою, даказвалі, бедныя, сваю лаяльнасьць новым парадкам і каяліся ў тым, чаго не рабілі, бо ніхто з іх для беларускай справы амаль нічога й не зрабіў. Забэйда цьвердзіў, што яго палітыка была самай разумнай і яму нічога ня грозіць. Зразумела. Да нас прыехала Відавіса Паўлаўна Ляцкая. Яна пацяшала мяне, што красьці мяне й ня ўкрасьці яшчэ ня самае страшнае, жыцьцё наперадзе. Ермачэнкавы рэчы чэхі з ярасьцю расьцягалі з яго кватэры й з яго вілы, гдзе гаспадаром пакінуў ён старэнькага бацька свае жонкі. Старога ня скрыўдзілі, толькі выгаалі з апартаментаў. Перад канцом вайны Ермачэнка запусьціў бараду, каб яго не пазналі. Аднак немцы самыя яго пасадзілі, кажуць, за тое, што спэкуляваў золатам, у шынах аўтамабіля вывозячы яго з Менску, гдзе да ўсяго іншага меў, напалову з сястрою свае жонкі, камісійную краму! Даведалася я аб гэтым ад Піпэраў. «Ведаеце, — казаў доктар Піпэр, — я зрабіў так, як вы, фрау Ларыса, ня мсьціў. Калі прыйшла да мяне жонка Ермачэнкі прасіць дапамогі, я і яму дазволіў вітаміны й туалетныя драбніцы ў камеру. Бачыце, ад вас навучыўся», — нейк іранічна паўтарыў ён.
Прыйшла цяжкая вестка пра нашых гасьцей — сям’ю сьвятара Балая. Яны трапілі пад страшны амэрыканскі налёт на Дрэздэн. Калі шчасьліва выбраліся са склепу пад царквой, дык іх сын Косьця схапіў ровара на зямлі. Немцы, кажуць, адразу яго расстралялі. Гэта было жудасна.
У Чэхаславакіі тым часам адбываліся маніфэстацыі, мітынгі, парады. Здаецца, не было ім канца. Муж, як і раней, хадзіў на работу ў сваю фабрыку, і часам было яму цяжка. Калі прыводзілі да яго хворых немцаў-рабочых, дык трэба было да іх адносіцца бязьлітасна, як адносілася рэшта пэрсаналу. Ён жа да ўсіх адносіўся толькі як лекар, які бачыць хворага й яго хваробу. Падтрымоўвала яго ў гэтым яго лекарская й яго беларуская этыка. Усё жыцьцё ведаю сваяго мужа й ніколі не заўважыла, каб ён адступіўся ад шляхотнай лекарскае этыкі, ад мовы свае роднай і ад шматпакутнай Айчыны.
Ад часу тае няўдачнае кражы я са страхам хадзіла па вуліцах, за мною так і шмыгалі сышчыкі, і я іх ведала ў твар. Я замірала ад кожнага аўто, якое ля мяне спынялася. Нейк зайшоў да нас супрацоўнік чэскай тайнай паліцыі. Ён нат сказаў, што прэзыдэнт Бэнэш «урговал», г. зн. яшчэ раз пытаўся ў іх аб маім лёсе. Лісты ён аддаў у Міністэрства ўнутраных спраў, гдзе тады міністрам быў камуніст Носэк. Лісты палажылі пад сукно, а цяпер зноў варушаць справу. Той чэх парадзіў нам узяць чэскае грамадзянства, якое дадуць нам, а мне асабіста парадзіў запісацца ў Саюз анты-фашыстаўскіх жанчын і ў Саюз чэска-савецкай дружбы, тады ўсе будзе добра.
Уражаньні з тае кражы, з тае нагласьці й з гора мае сям’і былі такія цяжкія, што я пайшла назаўтра й запісалася ў Саюз чэскапаўночнаамэрыканскай дружбы, прадсядацелем якога быў прафэсар Шпачэк. Я пачала хадзіць у саюз на лекцыі ангельскай мовы разам з малым Юркам. Ён цесна пасябраваў з пляменьнікамі чэскага прэм’ер-міністра Здэнэка Фірлінгера, якія прыехалі з Амэрыкі й па-чэску амаль не размаўлялі. Іх старшая сястра выкладала ангельскую мову ў саюзе.
Аб Юрку зноў гаварылі анекдоты па Празе. Аднойчы яму сказала настаўніца зрабіць сказ са словам прыгожы (бэатыфол)[76], хлопчык і сказаў: «Мая дзеўчына вельмі прыгожая». Настаўніца яго падняла на сьмех малога. Юра абразіўся. Калі дала яна яму зноў слова «немагчымы», дык ён злосна адказаў ёй: «Нашая настаўніца асоба немагчымая». Ад таго часу ён ня мог цярпець яе, Юрку й тут усе любілі, а яго настаўнікі цанілі яго як вучня й як маленькага, самастойна, разумна думаючага, шляхотнага чалавека. Здольнасьці ў хлопчыка былі вялікія, і мы хацелі вучыць яго як найвышэй. Вучыўся ўжо ён у чэскай гімназіі, і іх прафэсар-немец хаваў сабе ўсе яго хатнія працы, у якіх бачыў і глыбокія думкі, і здольнасьці. Так надзейна зарысоўвалася юнацтва нашага адзінага сына.
Але самым важным пытаньнем цяпер было пытаньне існаваньня. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваей дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафэсара Шпачэка, які адразу зьвярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасьць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не зьбіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыцьце, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газэтку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. I гэтую газэтку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.
Мне прыпомніліся мае сьмелыя, як на ваенны час, вершы, мой боль над лесам нашых суродзічаў палонных і вывезеных на работу, і тых, што ў лясох, і тых, што па сёлах. Беларус у маю хату — хлеб на стол, часам апошні яго кусочак роўна разьдзелены паміж госьцем і сынам. А прыйдзе час, і мільёны маіх землякоў пашкадуюць мне нават скарыначкі хлеба ў няволі, не памогуць малому хлопцу, адзінокаму й разгубленаму, на пасьляваенных дарогах чужой зямлі. Яшчэ сеці расставяць і зацягнуць у чорны омут, скуль ратуе адзін толькі міласэрны Бог.
Калі аднойчы нясла я праз лес пад канвоем цяжкое бярвеньне й сьнег быў вышэй пояса, я адчула, што душуся, што сэрца маё ўжо адмаўляецца працаваць, і тады падумала аб тых, якія, хвалячы тое, што чыняць над намі, езьдзяць сабе ў галубых экспрэсах ці службовых або ўласных машынах наўпрасткі, праз сьвежыя магілы маяго роду і ўсіх за вайну палеглых дзеля сытасьці іх. Маці наша, Беларусь наша, колькі ж яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці твае? Але гэта было шмат пазьней, ужо ў Комі АССР.
А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезьлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцьвелі няшчасныя з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сьцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасьля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагодзьдзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які пасьпеў ужо пазабіваць і вынішчыць ня толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.
Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласьць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Сьвет перавярнуўся дагары нагамі, усе засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяньня ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны ня мелі!
Прад вачыма паўзуць манашанькі, як шкілеты, і з прасьветленымі цярпеньнем вачыма, засуджаныя ўдовы з арлоўскай турмы, ня кажучы ўжо аб цярпеньні нашых народаў. Строіць свой посьпех і благабыт на падобным — гэта зажыва стаць жывеламі, ніколі не дастойнымі званьня людзей. Вось цяпер наглядаю, як успрымае гэтае ідалапаклонства сярэднеэўрапейскі культурны народ, і з жалем бачу ажыўшыя з каменнага веку пачаткі жывёльнага ў людзях…
Расплываецца цень Масарыка над яго народам, успаміны аб ім, харошым, вандруюць на дно шафаў, як капіталістычны дысананс, небясьпека сацыялістычнага новага ладу. Адвечныя славянафілы чэхі дарма шукаюць рысаў славянскага ў вусатым і насатым твары Джугашвілі, крыху крывяцца, але загад ёсьць загад, і Прага пад уплывам новых, барадатых, насатых прарокаў ходзіць на галаве. Няўжо і ім Бог адняў начыста розум? Не, гэта не замена багоў, гэта цынічнае ануляваньне дасягненьняў людзкасьці за дзьве тысячы гадоў прасьветленай, хрысьціянскае эры.
Я пачынаю крыху разумець, што я нарабіла, запісаўшыся ў Саюз чэска-амэрыканскай дружбы, для мяне, прасьледаванай, — гэта страшная небясьпека, але адначасова для мяне як для чалавека — гэта адзіны крытэрый жыцьця, прамень сьвятла ў цьмянай яскіні[77], гдзе мы цяпер апынуліся. Усе грозіць нам згубай, але сумленьня сваяго, твару сваяго чалавечага мы не губляем! Юрачку мы запісалі ў ІМКу, гэта Саюз хрысьціянскай моладзі на манер амэрыканскай. Разам з Фірлінгеравымі ён едзе на Сазаву ў летні дзіцячы лагер. Гэты лагер, кажуць, найлепшы ў сярэдняй Эўропе.
У мужа водпуск, і мы з ім першы раз едзем адпачываць у «Шпіндлерув млын» у Судэты. У прыватным доме адпачынку нам няблага, толькі муж ня хоча хадзіць, ня любіць. Ляжыць на сонейку, выграваецца. А ў гарах хораша, зелена. Пасьля Прагі паветра як найлепшы лек. Кормяць няблага, толькі порцыі мікраскапічныя, і мы даволі галодныя. Які шчасьлівы мой муж, а вось я зусім няшчасная, сумую, лекачу ўся, не знаходжу сабе месца. Раптам баюся за Юру, пішу яму на Сазаву поўныя каханьня лісты. Перажываю. Чаму? Тут усе нямецкае, але немцаў выгналі, ходзяць адныя толькі старушкі ў чорных хустачках, на іх нельга глядзець — колькі трагічнага болю ў іх тварах… Гэты боль аж крычыць, і я яго адчуваю, бо я так добра ведаю, што гэта боль. А кругом вясёлыя курортнікі, папіваюць «півічко», сьмяюцца, ходзяць у горы, і рэшта ім усе абыякава. Праўда, яшчэ тут ходзяць хораша апранутыя дамы — чэшкі. Яны наравяць усё трымацца бліжэй да зьняволеных калонаў, якія працуюць у лесе, відавочна, жонкі калябарантаў. Калі добры, людзкі канвой, дык яны сустрэнуцца, пагавораць…
Як жаль, што не відно канца лагером і зьняволеньню, і здаецца, што яно толькі пачынаецца. Мне несказана цяжка. Са сваімі прадчуцьцямі я толькі пакута, вечна настарожаная бяда маяму мужу. Ён сабе ляжыць, чытае, і нічога хімэрнага, несамавітага яго ня мучыць… Нявесела мець паэтку за жонку, недзе думае ён сабе. А я бягу ў касьцёл, там правіць ксёндз яшчэ немец, якога не пасьпелі прагнаць. Што ж мне рабіць, каб было лягчэй? «Адпраўце мне імшу па памершых», — прашу ў ксяндза. Гавару яму, хто я й што мне вельмі, вельмі цяжка. У касьцбле ня так, як у царкве, я стаю, малюся, але мне й пасьля імшы не палегчала…
Ідзе экскурсія на Сьнежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 мэтраў)[78], я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я ня ведаю змучаньня, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваем нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфэлем і пытаецца, ці ня ўздумаем ісьці яшчэ на Сьнежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што ня йдзем на Сьнежку…
Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасьля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сьцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.
Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’яжджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, гдзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.
Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’яжджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усё гэта складаю на месца. Выціраю сьцены, вытрасаю дываны, драткую[79] паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацьвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.
Назаўтра доўга сьпімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста… Божа мой, даю яго мужу… Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, зьбялеў нейк… Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме, Расьціслаў загінуў у арміі Касьцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі… Ногі мае з ваты, і сьвет кружыцца, кружыцца… Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама… О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой… Аркадзічак, Тату… Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда… Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця мае адзінае, ратуй маяго мужа… Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.
Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане…
Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прысьнілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Сьмерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэньне цярпеньня. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей ня меў такога жудаснага болю, як я… Сестрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсе, што мела. Люсенька была шчасьлівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.
Толькі я стала горам для сваей сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касьцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сьцерва папярэдзіла мяне, што пражскія сьвятары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсё даносяць… Ня ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.
А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фагарафіяў памершых і ўглядаюся.
А на працы ў мужа пачало ня ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але бн сказаў ім, што лекар і ксёндз ня сьмеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.
Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, гдзе мая сястра й гдзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненьняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.
Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж зьдзерлі мне яго разам з абручальным персьценем і гадзіньнічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі…
Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму навакольлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, ня хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасьці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, ня крывячы сваім сумленьнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленьне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто ня кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумленьня й няма чалавека! Касьцяк людзкі — гэта людзкое сумленьне.
Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзяніства. Муж хацеў чэскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыцьцб бн хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль», — мудра адказаў Сыд… Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыцьцё нашае было б лягчэйшым…
I так мы пачалі старацца чэскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі ня проста давалі людзям пасьляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас трасьлі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсьці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцьця, якія ня здрадзілі праўдзе, шляхотнасьці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на сьвеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.
Юра выступіў супраць ідэі чужога грамадзянства й сказаў нам, што гэта здрада перад сваім народам. Было нам дзіўна яго слухаць. Сяньня думаю, што, можа, яго, малога, агенты якія так навучылі. Аднойчы нам яго ўкралі, павезьлі з сабою нейкія байцы, адразу нейк пасьля іх прыходу ў Прагу. Ноч не было хлопчыка, і мы каналі са страху. Назаўтра нам яго прывезьлі байцы таго штаба, які першы ў нас затрымаўся. З ім нам прывезьлі мяса, каўбасаў і сваю, здавалася, дружбу. А сяньня нечаму думаю, а можа, яны нам тады купілі дзесяцігадовага хлопчыка? Я сяньня ўсё ўжо магу чакаць ад іх, хоць такое й неймаверна. Сына мы ніколі ні аб чым не пытаемся. Нам цяжка задаваць яму падобныя пытаньні, раніць чалавека, а ён маўчыць. Маўчыць…
Людзі пачалі вельмі расчароўвацца ў савецкіх байцах і людзях. Рэчаістасьць выглядала непрывабна, зусім іначай, як прапаганда на старонках савецкіх газэт. Найболей не падабалася пагоня за гадзіньнікамі. «Давай часы» — стала насьмешлівай пагаворкай.
Чатыры партыі моцна змагаліся перад выбарамі. У Чэхах найболей галасоў атрымалі камуністы, у Славаччыне наадварот. Славакі не маглі дараваць Бэнэшу сьмерці ксяндза Ціса. Бэнэш і тут кіраваўся помстаю. У яго волі было памілаваць гэтага чалавека. Адсутнасьць велікадушша — трагэдыя тупых адзінак, рэпрэзэнтуючых народ. Час ішоў. Чэхаславаччына ўсе яшчэ не выходзіла з чаду помсты й маніфэстацыяў, але бурныя словы не маглі закрыць суровай для камуністаў праўды — народ, прывыклы да ладу й парадку, расчароўваўся ў пустых словах, традыцыі перамагалі.
Беспартыйнага маяго мужа звольнілі з працы. Далі яму нейкае адшкадаваньне. Трэба было шукаць працы. Тым часам далі нам чэскае грамадзянства. Мне сяньня здаецца, што далі нам яго, проста каб мы не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. «Е нам цті дат вам обчанстві» (гонар для нас даць вам грамадзянства), — сказалі нам чэхі, даючы нам яго.
Муж шукаў працы, а сябры ўсе рабілі, каб толькі нас перацягнуць да сябе. «Ужо год еў бы кансэрвы, — гаварыў муж, — каб цябе паслухаў». Ну, пакуль што еў па кусочку сьвежага мяса, але гэта яшчэ пакуль што, пасьля амаль дзесяць гадоў жывіўся знамянітай камсою ды хлебам з мякінаю. Кансэрва была як мара, як сон, які не збываецца…
Нас клікалі ў Парыж, прыслалі паперы, каб лягчэй было нам дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў нас там сваякі. Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, ня вытрымае». Гэта зрабіць тады сапраўды было б найразумней, але муж галава ў хаце, паглядзімо, што будзе далей, як жа тая галава пакіруе?
Бяда ў людзей іх шматкі, іх рэчы. У нас гэта былі горы кніжак, якія ўчэпіста трымалі маяго мужа пры сабе. Яны, здавалася, яму даражэй за нас з сынам. Я зацінала вусны, і прадчуваньне згубы нейк зусім авалодала мною. Муж шукаў працы. Абяцалі яму яе і ў Карлавых Варах, і ў іншых месцах, а далі ў мястэчку Вімпэрку ў Судэтах ля самай граніцы. Вось крыху толькі заблудзіся, і амэрыканцы схопяць цябе на граніцы ў абдымкі. О, які гэта нязьдзейсьнены, які салодкі сон… Здаецца, нічога не хацеў бы, толькі б не баяцца, што ізноў цябе схопяць і павалакуць, як і іншых, на канец сьвету ў свае суровыя душагубныя сьнягі й маразы.
Чэхі, напэўна, нам і далі гэты Вімпэрк, што спадзяваліся-такі на нейкі розум у беларускіх галовах. Але каго Бог пакараць хоча, дык прытупляе той розум… З мужам на гэтую тэму дарма было гаварыць, і хоць адзіным яго аргументам былі кансэрвы, усе ж ён трымаўся за яго аберуч і з месца скрануць не даваўся. Яму сьнілася Бацькаўшчына, а мне свабода й жыцьцё, гдзе ўсе людзі роўныя — кулакі яны ці люмпэн-пралетары, абы былі чэснымі людзьмі. Здаецца, раз на дзень еў бы, каб толькі не баяўся за сваё адзінае дарагое дзіця. Рэчаістасьць была страшнай: ніякае магчымасьці літаратурнай працы ці наагул працы для сваяго народу, карыснай, канструктыўнай, і гэты, ніколі не засынаючы страх з тылавых «герояў» арміі, якая паволі адыходзіла з Эўропы дамоў, тых, другіх, пакідаючы за сабою.
Алёша не забываў нас. «Дзьве тысячы братоў маіх ляжыць тут», — пісаў ён, перасылаючы здымак Монтэ Касыно й знамянітую песьню аб ім. Пісаў па-польску, бо так яго вучылі ў школе (іначай не вучылі), і польскае навакольле Андэрсавай арміі апалячыла яго начыста. Хлапчаня не магло сьцяміць, што Беларусь — гэта ня толькі тыя, хто зьнішчыў нашых бацькоў; што Беларусь — гэта старая нашая казка-зямля, нашая Маці й нашая мэта. Ня час было пераконваць брата, я яму паслала толькі пачатак свае кніжкі з вершамі аб гэтай зямлі. Мне было радасна з таго, што ён, хоць ён адзіны, выжыў з гэтае вайны. Пасьля пачалі мне пісаць і дзяўчаты, яго сымпатыі, і я пацела, па-ангельску адказваючы на іх лісты. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Толькі, на жаль, любіў джын, у чым мне чыстасардэчна прызнаваўся. Пісаў аб ім і яго камандзір андэрсаўскі. Маляваў хлопца хораша, як растаропнага добрага чалавека. Аляксей, кудэмі ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й так размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову.
Пісаў, што мог вучыцца ў Андэрсавай арміі, але хацелася яму ваяваць…
Аляксей быў нашаю радасьцю, а яго сябра з вайсковай ангельскай місіі ў Празе, Сыд Алард — мілым госьцем. А ў вачох паноў долі зямлі, гдзе мы жылі, гэта было сьмяртэльным грахом амаль. Бо хоць брат і біўся супраць таго ж ворага, цяпер аказалася, што ахвяры толькі сьпяць роўныя між сабою па капцах і магілах, а пераможцы дзеляцца на класы.
А я прызнавала толькі паганых і добрых людзей, бо разумны, асьвечаны інтэлігент куды больш патрэбны грамадзтву за азьвярэлага, тупога пралетара, якога мэта пакуль што толькі й толькі — карыта. I так будзе вечна, бо людзі могуць лепш жыць матэрыяльна, але яны не дасканаляцца масава да ўзьнёслага ахвярнага ўзроўню назначаных лёсам адзінак, якія служылі й будуць вечна служыць прыкладам людзям. Ня мэта раўняць усіх людзей да ўзроўню такіх прымітываў. На Захадзе падымаюцца людзі больш да ўзроўню шляхотных інтэлігентаў. Прынамсі, такіх ставяць, выбіраюць, каб валодалі рэштаю.
Муж памалу зьбіраўся ў Вімпэрк, а Юра пайшоў у школу. Муж пісаў, што яму не пагана. Аднойчы я выбралася яго адведаць. Гэта цераз 200 км за Прагаю. У гарах ужо было халадно, і сам Вімпэрк такое цяжкае зрабіў на мяне ўражаньне, што я раніцай уцякла ў касьцёл, каб хоць крыху акрыяць душою. Нідзе яшчэ не было мне так жудасна, як у гэтай мясьціне. Ня высказаць было маяго страху, і муж адмаўляўся мяне разумець. Душа паэта — сэйсмограф. Яшчэ раз паехалі мы туды на сьвятога Мікалая (чэскае старое сьвята) з сынам. Уражаньне не было лепшым. Наадварот. Нават сяньня цяжка мне пісаць пра тыя дні.
Муж там чуўся як рыба ў вадзе. Восеньню 47-га года пан Кржываноска, наш добры знаёмы, ведаючы, як я хачу пабачыць маіх сёстраў, дастаў машыну й павёз нас на Сьнежку, гдзе сустракаліся чэхі з палякамі, бо гара была падзелена напалову. Цудоўна ехалася, пераначавалі мы ў гатэлі прадгор’я й назаўтра пайшлі пехатою на Сьнежку. Нясьлі падаркі, і сэрца сьціскалася ад сустрэчы пасьля столькіх падзеяў, а сустрэча бліжылася. Горы былі восеньню ня меней прыгожыя, лужайкі яшчэ зялёныя, сосны дзявоча задуманыя. ў чыстым небе, а пагода была як высьненая. Юрачка бег лёгка пад горку, а я ўжо ня бегла, як бывала раней, пачало не хапаць мне паветра. На Сьнежцы дзьве гасьцініцы, і ў польскай мы знайшлі нашых! Ніна моцна пастарэла, а Люся была як абразок — такая зграбная, прыгожая, што не адарваць вачэй. Пан Кржываноска адразу сказаў, што такой дзяўчыны нельга пакідаць палякам. Чэхі ўсё яшчэ ня мелі ласкі на іх. Мы завялі іх на наш чэскі бок, я дастала ежу, на стале разлажыла, але есьці ніхто ня мог, мы й гутарылі мала, проста нейк анямелі. Я надзела на пальчык Люсі залаты пярсьцёнак, які мне купіў муж у дзень сьмерці Аркадзія, ня ведаючы аб гэтым. Люся марыла аб пярсьцёнку й была радая. Было яшчэ й на сукеначкі і інш. Юра быў вельмі рад, усё хацеў быць з Люсяй. Даў ёй сваю прыгожую горскую палку.
Я папыталася аб замустве, і цудоўная Люся сумна адказала мне, што ў яе загробны жаніх… Мне пайшоў мароз па скуры. Яшчэ раней, калі я ім усе апісала пра Славачку й пра той чорны цень, які прасьледаваў яго, Люся адказала мне, што, жывучы ў Казахстане, і да яе прыходзіў чорны цень. Першы раз увайшоў праз закрытыя дзьверы ў зямлянку, у якой яны жылі. Усе спалі, Люся яшчэ мылася, і сказаў: «Спой, невеста, не пугайся…» Люсю знайшлі на зямлі абамлелай. Ад таго часу, як і ў Жлобаўцах, многія яго бачылі. Мама прачнецца, а над сьпячаю Люсяй чорны цень. Люся мне казала, што прывыкла да яго. Аднойчы ноччу прачнулася і, убачыўшы цень, папыталася: «Што ты ад мяне хочаш?» — «Тваю маму», — адказаў цень. Цераз два месяцы мама памерла. Цень паказаўся яшчэ раз, і ў паветры пранесьліся словы «Со святыми упокой». Болей Люся тым часам яго ня бачыла, але дзяўчо нейк чакала непазьбежнай сустрэчы з ім, свае сьмерці. Многа пазьней, у 1952 годзе 22 мая, Люся памерла вельмі загадачна, толькі ня духі былі прычынаю яе сьмерці…
Усё гэта неверагодна, але я ня маю падставаў ня верыць чэснаму, найчасьнейшаму брату маяму, маці сваёй і дарагой сястронцы. Я ня маю падставаў ня верыць ім, і я ім веру. Я мела намер забраць з сабою Люсеньку. Перад ад’ездам схадзіла ў чэскую паліцыю, і яны абяцалі мне яе прапісаць, калі ўдасца перавезьці яе ў Прагу. Люся была гатовая йсці з намі, але Ніна так спалохалася, так зьбялела й пачала прасіцца, каб мы ня бралі Люсенькі, бо яе за гэта пасадзяць, а яна ўжо ведала савецкую турму…
Польскае таварыства ахвотна забрала з сабою пад апеку маіх сёстраў. Панесьлі нават іхнія рэчы. Дружныя й харошыя палякі ў горы, як брацьця. А мы йшлі памалу да свае машыны. Са Сьнежкі відно было польскі бок. Мне здавалася, што там бясьпечней крыху. Пайшла мая Люсенька, як русалачка, з імі ў маім зялёным касьцюме, у харошай шапачцы белай. «Каб ня гэты шакалад, што ем, і каб не падаркі ад іх, я думаў бы, што гэта сон», — мудра высказаўся мой Юра.
Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк ня мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда… Задуманая, сумная, як ня з гэтага сьвету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся… Ня шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцьця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азьвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расьціслава ў час вайны, а пасьля прасьледаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасьць Сталіну, памагаючы фізычна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сяньняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, ня ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда сваяго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай… Няўжо так вынішчаць увесь наш род?
А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля маяго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азьвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна… А можа, гэта толькі шумавеньне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў маяго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.
Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, гдзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх, Часта я прыяжджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчасьлівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён ня слухаў. Муж мала наагул зьвяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім ня бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.
Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэску з расейскім акцэнтам. Бясьсільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён зьвяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т. п. Мне прыпомніўся Аляхновіч, нічога новага, паўтараецца тое, што перанес калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на прасьледавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чакіст у лес, не даяжджаючы да Крынак…
Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сьляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут ня бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасыўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыцьцё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданьне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло камёнем на сумленьне маяго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.
У яго былі свае зацікаўленьні, сваё жыцьцё. Будучы ў Вімпэрку, я варыла яму, падавала, паліла ў печы, а ў свабодны час малявала алавікамі ці акварэльлю. Калі ён ехаў далёка на вызавы, дык браў мяне заўсёды з сабою. Тады я глядзела на лясы, на пакінутыя ў іх немцамі хаткі й думала пра Беларусь. I тут і там было для мяне страшна. Страшна, калі вайна, але страшней, калі на яе крывавых сьлядох прадаўжаецца сабачае, нізкае сачэньне, мучэньне й выдаваньне людзей, якія ня хочуць гнуцца, не патрабуюць лпраўдвацца й не паддаюцца загаду, каб любіць тое, перад чым некалі здрыганецца людзкасьць, як перад пеклам. Логіка тут была рэчай сьмешнай, а подласьць і нізасьць законам дня. Цяпер многае зьмянілася, але такое робіцца й далей, але хоць крыху маскуецца, тады ж гэта было яўна, выразна нагла.
I так пасьля высокай эўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцьці: мядзьведзь — начальнік, тайга — закон… Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзьвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасьці! Аднак Юра хацеў паезьдзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, гдзе былі лыжныя тэрэны[80] й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасьля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыцьцё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паезьдзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было, яму страшна. Яшчэ ня ўсе абжылі тады чэхі ў т. зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы. Сколькі кароў, столькі начальнікаў на пакатых баках Судэцкіх гораў. А некалі там кожны гаспадар меў па некалькі кароў, і агульная іх колькасьць была дзесяць раз большай і дзесяць раз лепшай ад калгаснай. Людзі на ўсё гэта глядзелі скептычна, але, як казалі немцы: «Бэфэль іст бэфэль» — і вось кожны гэтаму прыказу падпарадкоўваўся, каб толькі ня трапіць у сталінскія крывавыя кіпцюры.
Прафэсар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.
Сестры ўжо добра ўладзілі сваё жыцьцё, і здавалася, што ім будзе спакойна й добра. Мае знаёмыя, хто як мог і хто чым мог, памагалі ім. Яны нават пісалі, што ім яшчэ ніколі так добра не жылося. Была добрая кватэра й кожнай праца, і ўсе тры разам. На жаль, ім хацелася яшчэ лепей, галоўнае — весялей. Усё гэта кончылася посьле трагічна.
Алёша пісаў паранейшаму. Ужо пачаў звыкацца з лёсам і новай сваёй Бацькаўшчынай — гасьціннай зямлёю Англіі. Бліжылася вясна, яна раньняя ў горах. Калі доўга не прыходзіў муж, дык я выходзіла на двор і глядзела, як імкнуць цёмныя хмары і як губляецца ў іх бездапаможна адзінокі месяц. Той пэўнасьці жыцьця, стабільнасьці заўтрашняга дня, што была некалі, не прадбачылася нават. Кожны жыў абы дзень да вечара, нават партыйныя. Меліся быць выбары ў Чэхаславаччыне, але не адбыліся. Замест іх зноў была рэвалюцыя, на гэты раз разьдзяліўшая народ на камуністаў і дэмакратаў. Выйгралі камуністы, бо так загадаў тады Зорыну Сталін.
Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маей і маяго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасьць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі свае жыцьце прысьвяціла. Надыходзіць другая пара выпрабаваньняў. Для мяне яна будзе яшчэ страшнейшай, але Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх, дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае. Няхай вернасьць мая й любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Тваяго дрэва, пясчынка з палёў Тваіх, нясу Табе рэшткі жыцьця маяго й маб сэрца. Як жа хачу пралажыць мукамі сваімі сьветлы сьлед да заўтрашняй Твае долі. Пакідаю Вам усім на памяць словы мае й на міласьць Вашу маіх нашчадкаў. Няхай крыўды, мне зробленыя, адкупяць шчасьлівыя дні для іх на Зямлі, якая ёсьць нашай. Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасьцяў сваяго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаваньне сільнейшаму, але падпарадкаваньне роўнасьці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас самых не сьпяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», ня ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы[81], самабытны, стары й варты народ!
I так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў пэрспэктыве сэрца, расьпятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына маяго адзінага й ня дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцьця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе зьдзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: зьдзек над намі ці мая любоў? Няхай на мабй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу маяго, наша культура ад сьвятой Еўфрасіньні ўжо гуманная, якія ж вартасьці гэга ў сьвеце лагероў, забіваючых чалавецтва сьцюжай Варкуты й агнём Асьвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыцьцё й зьнішчэньне такія вартасьці народу бяз шкоды для ўсяго чалавецтва? Сьпі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усе будзе забрана мне, і сьлед мой амаль зацёрты, але зярняты чынаў вашых і нашых слоў перажывуць усб маральнае катаваньне й закрасуюць у недалёкім часе, каб вечна наш жыў народ!
Не, нельга мне вінаваціць маяго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зьверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагодзьдзя кіркаваньня Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»??? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т. зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.
Ня можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі мэтадамі ў жыцьцё. Вялікае крывавымі мэтадамі брыдзіцца! Канчаецца гасьціна мая ў т. зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасьць славянству на грузінскія вусы сваяго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так бяздумна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных сьвету грузінскіх вусоў… Ну й «натхненьне» для народаў зямлі, ды яшчэ эўрапейскіх!
Недзе ў закрытым вартаваным памяшканьні дагараў чэскі прэзыдэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны… Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псэўдапраўдах XIX стагодзьдзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненьняў вялікіх людзей на гуманным разьвіцьці чалавечай культуры.
Мяне чакала павольнае забіваньне паэта й ніякай магчымасьці творчае працы наагул. Але ўсе ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тага вазіў на яе лес аж з-за Немана. Бярвеньні былі смольныя, аб’ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасьцелі з адмарожанымі нагамі. Пасьля ставілі дом, пасьвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зельлячка, як рабілася яшчэ да нас. Разьвіталася я з ёю ў 37-м годзе, ад’яжджаючы да мужа з сынам. Калі вывезьлі нашых бацькоў, перавезьлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расьціслаў вярнуў яе назад на свае месца, каб мама, вярнуўшыся, мела гдзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезьлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезьлі й нашае гумно на гараж. Было там ДЭУ[82], а цяпер нават ня ведаю, якая там установа.
Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, гата з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвеньні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людзкую сьведамасьць прадчуваньнямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людзкасьці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае сьвята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосьці, і памяць бацькоў будзе асьвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы Беларусы, у якіх ня гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасьціне. Усё благое адыходзіць у небыцьце, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсьмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсе ж прыходзяць да нас у кожную восень… I пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.
Жыцьцё нашае было працай, болем, але было й песьняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застольлі, раве бяздумна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песьня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы: «Ты яшчэ не засьпявала ў нашай хаце, таму ты ня нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла… Не мадэрныя, чужыя песьні, а нешта з душы нашай, з душы народу…
Знача, застанецца за намі Залатая Прага. Былі ў мяне з ёю свае гутаркі. Старыя муры й каменьні болей мне гаварылі за жывую сучаснасьць. Узнагароджвалі за пакінуты родны край. Цяпер пазбавяць нас аднаго й другога. Пазбавяць нас зусім усяго, і буду нумарам толькі «0-287», які мне нашыюць на плечы й па якім будуць аклікваць мяне ў нечалавечы мароз нечалавечага краю аленяў і комі…
Хто ж даў права, хто ж даў права вырываць людзям душу й пераліцоўваць, пераварочваць на нейкі лад адвечную душу народаў? Ці могуць судзіць аб вартасьцях тыя, якія не разумеюць паняцьця сапраўдных вартасьцяў людзтва? Недзе яшчэ думалі аб нас, нехта яшчэ хацеў ратаваць нас. Былі гэта чужыя людзі, а лёс гнаў нас ужо на Поўнач загадамі Сталіна й яго халубў. У Празе бушавала рэвалюцыя, і падалі апошнія стаўпы незалежнасьці, якой не ануліравалі нават суровыя акупанты немцы. Крычалі яшчэ на вуліцах сакалы — сіла й гордасьць народу, але й яны замоўклі перад хітрай і грубай сілай.
Дваццаць пяць гадоў пражыў муж мой у гэтым горадзе і ў гэтым народзе. Ён ужо думаў па-чэску, так, як па-беларуску. Цяпер вырывалі яго з карэньнямі, і мне было вельмі жаль яго. Людзей, якіх нельга было зламаць, належала зьнішчыць. Пазьней скажа мне нейкі журналіст, які забрыў на дапрос у знамянітую «амэрыканку», што якая розьніца — з чэскім мы грамадзянствам ці з іншым, гэта толькі пытаньне пару гадоў, калі ўсё гэта будзе — рускае… Адна дзяржава… Нейкі гібрыд Эўропы й азыятчыны, падумала я.
Што ж, чалавек — жывёліна, якая магла жыць некалі на дрэве, пасьля ў пяшчэры, дык пэвен час стрывае й тут, але гэта будзе рэгрэс! Хвост нам пэўне ня вырасьце, але духовыя вартасьці атупеюць альбо й зьнікнуць зусім. Шчасьце людзей рэч індывідуальная, так і народаў. Як жа страшна пакідаць мілае сэрцу, прывычнае, роднае…
Ці ж заменяць нам бяздумныя й бяздушныя лозунгі сьвята нашых дзядоў? Руінамі глядзелі ў будучыню нашыя старыя замкі, гарады й сьвятыні. Іх заціралі, бурылі вялікую мінуласьць, як хацеў некалі сам фюрэр: зьнішчыць усё й тады цьвердзіць, што немцы прынесьлі культуру. Ён усё зьнішчыў, толькі далейшы яго плян праводзілі нагла ў жыцьце другія калянізатары. Вартасьці спрадвечнага Ваўкавыска пачыналіся ад Баграціёна… I так усё і ўсюды. Паявіліся новыя гэбэльсы, ніяк не ўступаючыя яму ў хлусьні і ярасьці прапаганды. Тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў.