Доля людзкая, відавочна, даецца нам пры нараджэньні, яе не абыдзеш і канем не аб’едзеш, як кажуць у нас. Колькі разоў я ўжо магла ў гэтым пераканацца за свой век, так як і ў тым, што прадчуваньні мае былі як верныя сябры, якія папераджаюць перад няшчасьцем. Край, з якога я выйшла, і асяродзьдзе яшчэ былі цесна злучаны з зямлёй, прыродай, яе стыхіяй, паверамі й спрыяльнасьцю такіх сілаў, якія падсьведама адчуваюць толькі дзікія зьвяры і ў меншай меры хатняя жывёла, асабліва сабакі. Памятаю, мне ніколі не бывала сумна на бацькавым хутары Жлобаўцы. Я адчувала таварыства дрэў, расьлінаў і матчыну прыхільнасьць да мяне атуленага сутоньнем, засеянага шырокага поля. Мне было цесна й сумна нават у невялікім гарадку Ваўкавыску, гдзе я вучылася, мне бракавала цёплай ласкі маіх нямых сяброў — шырокага поля, дрэў і жывёлы, ня кажучы ўжо аб нашай сям’і, да якой я была да болю прывязанай. Я ня знала, што выпадае, што трэба, што можна, што модна, я толькі ведала і ў душы маёй цаніла тое, што я люблю. Болей за ўсе на сьвеце я любіла маіх бацькоў і Радзіму, якую я разумела тады, як мой народ. Любіла вятры й зямлю, песьні старыя, ціхіх сялянак, коні й маладосьць. Гэта было даўно.
Я ўжо дзесяць гадоў у Празе, у мяне харошы муж і ўжо вялікі разумны сын, але сэрца мае належыць маей Зямлі, і яна мяне асьцерагае. Ужо тры гады, як няма мне спакою. Дрыжу й лекачу, калі чую расейскую мову, а калі бачу савецкіх людзей у ваеннай форме, замірае мне сэрца й хочацца быць там, гдзе іх не відно. Аднойчы йшлі мы са знаёмаю чэшкай пані Тэскавай вечарам па Празе, і мне зрабілася раптам пагана й неспакойна, я аж затрымалася, ня йшлі ногі. Аказалася, мы праходзілі каля савецкага пасольства, аб чым я нічога ня ведала. Маё добрае поле было са мною, быццам шаптала…
I так мы ў Вімпэрку на граніцы Чэхіі і Нямеччыны. Мужа далі там на паўгода лекарам, звольніўшы з фабрыкі, на якой ён працаваў у Празе. Сын вучыўся ў чэскай гімназіі й жыў на кватэры ўкраінцаў Кушчынскіх у Празе. А я то пабуду ў Вімпэрку, то зноў еду да сына. Цяжка без мяне аднаму й другому. А з Вімпэрка як жа блізка да граніцаў свабоднага сьвету, гдзе не крадуць людзей, гдзе людзі жывуць, можа, не багата, але свабодна, не баяцца ні ноччу ні днём нечага такога страшнага, ад чаго мне замірае сэрца й чаго сама яшчэ не разумею. Я не баюся, адвагі хапае мне й рашучасьці ў жыцьці, гэта ня страх. Я выжыла ў вайну, не скрывіўшы, не запляміўшы чысьціні сваяго беларускага сумленьня. Гэта нешта горшае, нейкая непазьбежнасьць, як мукі й пекла яшчэ за жыцьця. Муж прымае хворых у сваім кабінэце, а калі едзем да іх за Вімпэрк, у мяне заўсёды паяўляецца надзея, што ноччу пераедзем граніцу, і я пачынаю дыхаць лягчэй, хочацца толькі, каб разам быў сын, а болей нічога ня трэба. Гэта былі толькі мары, у мужа не было прадчуцьця. У лекараў падобнага не бывае, яны не паэты…
5 сакавіка 1948 года было мне страшна ўжо з самай раніцы. Я рыхтавалася да дня нарадзінаў маяго мужа, якія 8 сакавіка. Замовіла яму торт у цукерні, на картачкі выбрала цукеркі й другія падобныя драбніцы, якія ён любіць, але нічога мяне ня цешыла, тая нейкая чорная непазьбежнасьць вісела нада мной, як хмара, паралізавала крокі. Нават малітва не прыносіла палягчэньня. Не пасьпеў мне муж зрабіць нейкай заўвагі раніцай, як я горка расплакалася, і ён мусяў суцяшаць мяне, як малую. Абед прайшоў спакойна на вонак. Але калі муж быў, як кожны дзень пасьля палудня, на працы ў касе хворых, мне ўжо было зусім пагана. Што паўгадзіны аказваліся званкі, то з суседняй Квільды прасілі, каб ён прыехаў, то пыталіся, калі ён будзе ўдома і т. п. Была пятніца, я прыгатавала вячэру й першы раз падумала, што пост і адбіўныя катлеты, бульба й малако кіслае — ці ня грэх у гэты дзень?
Пасьля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінэце, а пасьля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісьці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы езьдзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасьля апэрацыі й аблучэньня, заставалася ёй толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавеньня. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.
На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасьля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным сьвятле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзьвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэньняў. За яе хваробу ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеця так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сьцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога ня зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывелу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасьці?» — «Адна мільённая за тое, што сяньня ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесьці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай зьвярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нэрвовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім бяз сьнегу, але яшчэ без травы.
Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясьніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не пасьпела я адысьці ад дзьвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са зьдзіўленьнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто ня мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне, Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сьцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзьверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыцьцё й чуў аб гэтай нечалавечай сыстэме. «I вам ня сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэньне. Робячы збольшага вобыск, яны паясьнілі нам, што вобласьць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але ня далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бясьсільныя.
Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, гдзе запісалі нашыя пэрсаналіі, а пасьля пад надзорам стражнікаў — у вязьніцу, якая мясьцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў… Надзірацелі ў вязьніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой ня меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязьніцы…
У бруднай, зялёнай ад плесьні камеры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагэдыю адзінокага сваяго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла… Ды наагул я ня думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізычнага адчуваньня той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэньні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сыстэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы…
Назаўтра прынясьлі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, гдзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям’ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу… Лёс нам, відно, наканаваны зьверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.
Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Імпэрку іх было мала. 8 сакавіка прынясьлі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсе яшчэ сьпіць пасьля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпеньне наша зацягнецца… Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прынясьлі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзячы побач, у прадчуваньні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.
Нас выклікаў чэскі судзьдзя, чаго — ужо ня памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ён крыху апрытомнеў са свае тупасьці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сьляпое прыладзьдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленьняў яго недальназоркіх продкаў… Так пачынаўся канец «гасьціны» чэскага народу да бяздомнай і бяздольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэньня, якое там адчувалі ўсе, хто ня гутарыў чыста па-чэску да вайны, у вайну й пасьля яе… Велікадушнасьць у палітыцы свомая[83] толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо ня нова…
Усе гэтыя дні ў бязьмежным уласным горы прад вачыма стаяў мне твар той жанчыны, што канала недзе бяз помачы ў муках. Ніхто за тую ноч не знайшоў лекаў, каб яе ратаваць, і ніхто не памог ёй абязбольваючым уколам. У параўнаньні з яе доляй наша не была яшчэ самай горшай. Калі вялі мяне да судзьдзі, я прыкмеціла, як надзірацель валачыў наверх нашую машынку да пісаньня. Знача, ужо раскрадалі кватэру. Былі там рэчы, крыху маей біжутэрыі, кніг і новакупленыя мужам столікі й мэдычныя інструменты й шафкі для ўласнага кабінету. У пакоі ляжалі недакончаныя акварэлі й мае рысункі алавікамі, мікраскоп, крыху мэблі, пасьцелі. Машынку й пару болей вартасных рэчаў судзьдзя дазволіў перадаць знаёмым, рэшту, здаецца, раскралі. Гэтага надзірацеля я бачыла, калі нас перавезьлі ў горад Пісэк, сярод зьняволеных. Ён прадстаўляў уладу, належаў да народнага выбару й шырока карыстаўся ёю, як многія тады, г. зн. краў што траплялася й гвалтаваў нямецкіх дзяўчат, якіх арыштоўвалі за пераход граніцы. Адну маладзенькую пакалечыў прытым, так і дастаўся ненадоўга за краты. Быў гэта грубы, агідны чалавек, як і ўсё, што ў той час наверх выплывала. Чэхі стараліся дараўняць сваяму настаўніку ўсходу ў мэтадах змаганьня за камунізм.
На дзевяты дзень павялі нас канвоі праз Вімпэрк да цягніка. Нас адвозілі ў Пісэк, у вобласьць. Людзі глядзелі на нас са спачуваньнем. На адной з астановак шумна было на пэроне, адзін з канваіраў выйшаў і, вярнуўшыся назад, з болем апавясьціў нам, што іх улюбёны Ян Масарык, міністар замежных спраў ЧСР[84], выскачыў з вакна. Стала жудасна. Нядаўна яшчэ ён гаварыў, што ня можа для іх быць усход і захад, што для яго народу: усход, захад, поўнач і поўдзень. Такі цяпер жыць ня мог. Старэйшы канвой задумаўся, малодшы сядзеў і плакаў. «Гэта горай, як у 38-м годзе», — сказаў ён і, паглядзеўшы на нас, пачаў пераконваць нас, што будуць старацца ня выдаць нас, што таму й вязуць у Пісэк, бо маюць надзею яшчэ ратаваць нас, нейк іначай адразу павязьлі б на граніцу. На станцыі ў Пісэку канвоі спынілі гутарку з намі й строга загадалі йсці наперад. Вуліцы былі з вясны яшчэ шэрыя, пустыя. Час быў перадвелікодны, і на сьценах дамоў красаваліся плакаты, на якіх вялікімі літарамі было напісана «ГЭГЭННА»[85]. Гэтыя плакаты як бы віталі нас прадсказаньнем нашага лёсу наступных гадоў. Для нас сапраўды пачалася «Гэгэнна».
Вязьніца ў Пісэку была ў старым мураваным кляштары над самой рэчкай Атавай. Дзень і ноч шумеў там вадаспад і жудасна вішчэлі чайкі. Здаецца, яшчэ сяньня чую іх безнадзейны піск і адчуваю холад і сырасьць неапальваных камераў старыннага муру. Мы былі першымі вязьнямі новай рэвалюцыі. У камерах сядзелі пераважна людзі, суджаныя за акупацыю. Былі гэта хворыя, знасілаваныя савецкімі салдатамі немкі, былі й чэшкі. Як аказалася пасьля, былі гэта згорклыя, злыя, завістлівыя жанчыны, якія рады даносілі адна на адну й падлізваліся начальству. Асабліва непрыемнай была велькая, маладая немка Ольга, хітрая й двудушная. Былі й сымпатычныя бабкі, гэта сялянкі. Сядзелі яны за тое, што добра самыя ня ведалі — немкі яны ці чэшкі. Адна з іх, засуджаная на два гады пані Доўлёва, цесна са мной падружыла. У адным канцы будоўлі быў касьцёл, і мы з ёю ахвотна аб гэтым гаварылі. Яе дарослыя сыны не забываліся аб маці, толькі што з нашым прыходам у вязьніцу забаранілі перадачы. Зрабіў гэта нейкі начальнік пан Гоўска, якому здавалася, што вязьні добра выглядаюць. Пані Доўлёва першая падышла да мяне, калі мяне амаль бяз памяці ўвялі ў камеру. Калі нас прывялі ў вастрог і здалі надзірацелю, ён зароў на мяне такім дзікім голасам, як ніхто ніколі ў жыцьці. На гэта якраз прыехаў Юра з панам Кржываноскам, якія, не застаўшы нас у Вімпэрку, ехалі сьледам за намі. Падвялі мяне з мужам да кратаў, за якімі вонку яны стаялі. Я, ня могучы вымавіць слова, апусьцілася на калені і, здаецца, плакала й шаптала, каб сын дараваў нам свой сірочы лёс, на які мы яго пакінулі. Хлопчык быў бледны, але спакойны. Здаецца, гладзіў мяне ручкай, працягнутай праз краты. Ежы, якую ён нам прывез, канвой узяць не дазволіў. Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, гдзе разьдзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасьля кінула ў камеру, паказаўшы мне жалезную койку ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй былі Бог, сын і боль і страшное нейкае атупеньне, бы правал памяці, які ўжо аддзяляў мяне назаўсёды ад учарашняга дня. У тую хвіліну й падышла да мяне харошая старушка.
Малодшыя жанчыны-вязьні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й ня суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзяным пакоі, Вясна ў вязьніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзьлі. Ложак быў цьвёрды, рабрысты, і посьцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацьця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зьверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спэцыяльнай нянавісьцю да маей асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямельле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зьняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, бяз сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі ня плакаў пад час гутаркі з намі. Усе, начальства й зьняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіньнічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізытаваць[86] польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. I так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.
Калі нас прывезьлі ў Пісэк, дык сьледавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачваньня, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасьцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засьмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усей сілай сваяго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусьню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент маяго дзеяньня. Пасьля толькі я зразумела, што падобныя мэтады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й мэтадах зьдзекаваньня над людзьмі. Абвінавачваньні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсьмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласьць, выясьняючы, што ўсё гэта хлусьня, і калі, як заявілі чэхі, мы ня мелі ніякай віны па чэскіх законах, а самыя былі чэскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто вьтдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласьці мне адказалі, што яны не кампэтэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.
Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры зьдзекаваліся над ім, а я тым часам выясьняла ў меры магчымасьці справу нашага лбсу. I адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы зьяўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаваньне за бяспраўнае зьняволеньне. Я гэта прачытала — вачам ня веру, як усе талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але… Але саветы, прагныя найбольшай колькасьці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам[87]. Як жа было сумна расчароўвацца…
Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цьвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амэрыканцы ядуць адныя кансэрвы, а ён іх ня любіць. Часта пасьля ён сабе ўспамінаў тыя амэрыканскія кансэрвы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цьвярдога селядца, якога некалі бачыць ня мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыяжджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсе пыталася, як ён ёсьць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывьгчная я ў жыцьці да выгодаў, але адно — не магу на цьвёрдым спаць. Пасьцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасьцірадла гадамі… Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асьцярожна нехта і ў сьне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленьняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасьць яго ў жыцьці перад зьмяінай, найпадлейшай хітрасьцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Юра часта прыяжджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усьмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысьціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасьля адсуну Бэнэша новы прэзыдэнт Чэхаславакіі Готвальд адзначаў сваё прэзыдэнцтва амністыяй для вязьняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амэрыканскім сьняданьнем з варункам, што я яго зьем пры ёй. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне сьлезы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сьцен вязьніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязьніцы, дарма там стоячы да позьняга вечара.
У міжчасе ведаючы, што нас ратаваць немагчыма, кум наш забіраў хлопчыка ў Польшчу. Мы падпісалі даверанасьць, што аддаем сына пад яго апеку. Перадаў ён мне зажатую ў пальчыках маленькую фігурку сьвятога Антонія, калі прыйшоў разьвітацца. Было крыху лягчэй, што адвозяць яго ў Польшчу, здавалася, там ён хутчэй выратуецца. На сабе мне не залежала, я была гатовая прыняць самыя страшныя цярпеньні, якія моўчкі прымаюць змагары за сваю Радзіму. Няведама пашто й за што ўпляла доля ў гэтае цярпеньне й маяго мужа, і гэта было мне балюча й непрыемна. Калі людзі ад’яжджалі на Захад, ён упарта цьвердзіў, што ён сацыяліст і яму будзе добра пры новай уладзе ў Чэхах. Тое ж думалі амаль усе чэхі, а мне замірала сэрца з жудасных прадчуцьцяў усходніх Асьвенцімаў, гдзе места печаў спальвалі людзей палярныя маразы, зьдзекі надзораў адпаведных сваяму палітычнаму рэжыму, непасільная праца, амаль забарона лістоў (пісаць два разы ў год) і чвэрць стагодзьдзя пакараньня за патрыятызм, што чалавеку нагадвала сьмерць за жыцьця…
У Пісэку ніколі не было палітвязьняў, дык і бібліятэка вязьніцы была прыстасаванай для абмежаваных праступнікаў людзкіх законаў. Не магла я чытаць тых убогіх абмежаваных раманаў са слашчавасьцю мінулага веку й аднойчы сказала гэта мужу пры сустрэчы. Судзьдзя, які прысутнічаў пры нашай размове (такі закон), прыслаў мне ў камеру пару цікавейшых кніг, між імі й томік паэзіі Бадлера. Мая ўвага спынілася на вершы, гдзе адыходзіць карабель і людзі адплываюць ад сваіх назаўсёды. Ня памятаю слоў, але верш гэты прадсказваў маю долю, нечалавечна жудасную, бязьлітасна адзінокую.
Надышоў дзень, калі падліза немка Ольга, няшчасная дзеўчына й адумысловы стукач, пранюхала недзе ў начальства, што мяне адвязуць, каб выдаць у рукі расейцам. Гэта ўжо адчувалася, і я была даволі спакойнай. На выратаваньне не было надзеі, і трэба было йсьці насустрач усяго, што вякамі нёс расеец няшчасным сваім суседзям, мала ўступаючы сваяму сябру па духу Адольфу Гітлеру. Увесь ператварыўшыся ў плаза, поўзаў цяпер расейскі народ ля клятых сталінскіх ботаў, ліжучы падэшвы вялікага крывапіўца й прадаючы на мукі безьліч сваіх братоў. Ня кожны трынаццаты тут быў Іудам і ня кожны пяты! Я мала памылюся, калі скажу, што Іудам тут быў кожны другі. Ня маючы магчымасьці чэсна жыць, мець нармальныя варункі існаваньня й росту — расеец меў адзіны шлях выбіцца над узровень другіх рабоў — ён даносіў. Даносіў з пялюшак і з пялюшак хваліў ня думаючы страшных тыранаў чалавецтва, якія натхнялі нянавісьцю да Бога й чалавека сваіх грамадзян і сталіся «прадцечам» самога фюрэра ў сэнсе злачынстваў. Паняцьце «чалавек», на ўзровень якога ўзняло нас хрысьціянства й дасягненьні людзкога розуму, дзіка бурылі «частку божага твору», ператвараючы ў «шрубку» пякельнай сталінскай машыны, папераджаючай печы Асьвенціма й колькасьцю ахвяр перавышаючай іх… Не пратэставаў ужо амаль ніхто. Усё было аберуч вынішчана самымі расейцамі, а хто й сказаў слова супраць, дык сказаў яго толькі — раз… Другі раз нікому не давялося, бо такіх хапалі, судзілі й засылалі ў пустыні, гдзе ўсё, пачынаючы ад клімату, было прадумана прыстасаваным да масавага нішчаньня людзей маральна і, безумоўна, фізычна. Вось што мяне чакала.
Яшчэ зацемна прыйшоў па нас канвой. Меў загад весьці нас з закаванымі рукамі, аб чым нас папярэдзіў, але нечаму зрабіць гэтага ня змог, хоць я й не пратэставала, бо ж якая розьніца, калі гутарка датычыць фанатыкаў? Ішлі мы, несучы свае мяшкі, і я аступілася па дарозе. Трэснуў мне напалову абцасік маяго туфля. Так ён там і застаўся чэхам на ўспамін аб славянскай гасьціннасьці…
Вязьлі нас цягніком, людзі ўзіраліся на нас часам абыякава, часам варожа. Ян Масарык даўно ўжо спачываў на могілках, і яго былыя падданыя шукалі цяпер другіх шляхоў да «сыцейшага» існаваньня. Мы з мужам маўчалі. Канваіры былі каменныя, няветлівыя. Калі муж папрасіўся выйсьці й адзін з канваіраў яго павёў, дык другі, нейк пачалавечы на мяне глянуўшы, сказаў мне, што, так як я сільнейшая духам ад маяго мужа, ён хоча прыгатаваць мяне на тое, што нас вязуць дзеля выдачы саветам. Ва мне ўсё зьледзянела раптам. Гэта ўжо была нагая суровая праўда, падступаючыя пад самае горла крывавыя сталінскія кіпцюры… Я не заплакала. Я проста скамянела, і нейкі прыліў адчайнай адвагі ахапіў усю маю асобу. Я адчувала, што йду на няроўны бой. Я гэты бой успрымала бяз капелькі страху ў сэрцы. Упарта адганяла толькі думку аб сыну, з гэтым болем я ня справілася ўсё жыцьце… Памалу я прыгатавала мужа да гэтай жудаснай неабходнасьці. Ён зьбялеў, але не самлеў, як і я.
Так нас прывезьлі ў Прагу. На вуліцах хадзілі сакалы, быў, мусяць, апошні чэскі сакольскі зьлёт. Бледныя мы, як папера, стаялі ў канцы трамвая. Паўгода прабываньня ў Пісэку ўжо пакінула на нас сьлед. А пасьля адбывалася ўсё як звычайна, толькі не загадалі тут нам дагала распрануцца й гідкія пальцы надзоркі не краналі маіх валасоў і цела, як гэта рабілі са мною ў Пісэку. Была гэта праская паліцэйская вязьніца, куды нас завезьлі. Была яна прыспасоблена да часовага прабываньня там злодзеяў і прастытутак. Канвой, перадаючы нас, даў нам падпісаць нейкую складзеную ўдвое паперу. Муж падпісваць не згадзіўся й зажадаў, каб яму паказалі, у чым справа. Аказваецца, Прахаціцкі «обэц» (сельсавет) гэтай паперкай апавяшчаў нас, што менавіта ён пазбаўляе нас чэскага грамадзянства. Што мелі супольнага з намі тыя Прахаціцы, і сяньня не разумею. Ня памятаю, ці мы гэта падпісалі, магчыма, што падпісалі з нейкай ужо тупой абыякавасьці да ўсяго, што нас акружала.
У вязьніцы былі брудныя ложкі, але цікавыя людзі. Былі гэта саколкі, якія мелі адвагу крычаць лозунгі, ня згодныя з духам усходу, і дзяўчаты, якіх абвінавачвалі ў арганізаваньні атэнтату на нейкага камуніста з ЦК. Атэнтат гэты зрабіў, здаецца, адзін малады студэнт, які вечарамі хораша й сумна сьпяваў сваей дзяўчыне: «Доброў ноц, ма міля». Усе мы, як і тая дзяўчына ў адной з камер, з любасьцю слухалі тую песеньку й падзіўлялі мужную сілу хлопца. Сядзела з намі яшчэ адна з дачок Круліш-Ранды, чэскага магната, Эва, маладая разумная жанчына, якая, здаецца, несла ў сваім сэрцы ўсю адказнасьць за тое, што тварылася ў яе каханай айчыне. Рознае ў ёй бывала, але ўпершыню страшная рука ўсходу ў сваіх брудных кіпцюрох заціскала жывое сэрца рэспублікі, стараючыся выкрасьліць з сэрцаў дарагое імя Масарыка — бацькі й сына. Чэхі пачыналі разумець свае жудаснае становішча, і нянавісць да ўсходу замяніла старое славянафільства. Часта прыходзілі ў камеру жанчыны й плакалі, што яны не за палітыку сюды трапілі. Недзе схавалі Бэнэша, і людзі ведалі, што няшчасны прэзыдэнт ужо жывым ня выйдзе. Да мяне нейк па-дзіцячаму «прыліпла» маладая гэбрэйка, якая ўцякала з Мадзяршчыны праз Прагу ў Палестыну й апынулася з намі. Яна ня ведала моваў і са страху ад мяне не адыходзіла… У камеры забаронена было плакаць і наракаць. Усё рабілася, каб захаваць нэрвы свае й другіх ды здароўе, бо пакута пачыналася толькі. Гэты дэвіз маладых чэшак вельмі мне дапамог у дальнейшым на Поўначы. «Кіп смайлінг»[88], — часта паўтарала я сабе ў найцяжэйшыя хвіліны жыцця. Пакуль чэхі, на ўзор сваіх усходніх «апекуноў», гатавалі адпаведныя вязьніцы для палітвязьняў, мужныя чэскія дзяўчаты памагалі мне перажыць хвіліны разлукі з Захадам і пакінулі харошы ўспамін аб лепшай частцы сваяго народу. У гэтай паліцэйнай вязьніцы Прагі прабылі мы нешта месяц ці паўтара. У адной з камер сядзеў мой муж, але ён цяпер меў курава, тут яно дазвалялася, і адчуваў сябе крыху лепш. Сын ужо быў у Польшчы, і здавалася нам, што ён душою й думкамі заўсёды пры нас. Сьнілася мне, што мы з ім ідзем па беразе рэчкі, кругом вада, а дождж яшчэ лье на нас, ідзем доўга, так, як гэта аказалася пазьней — гады разлукі й мукаў, і Бог ведае, ці не цяжэй было адзінокаму дзіцяці ў пасьляваенным Вроцлаве…
Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэскай вязьніцы ў Празе. Сакольскі зьлет, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зьняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на зьлёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасьці, свае рэспублікі супраць насільля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзяячкі хрысьціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасьля перавароту. Пасадзілі бедную ў камеру прастытутак, гдзе былі бруд, заўшыўленасьць, цяснота. Як я чула, дык чэскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зьняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.
Аднойчы вечарам нейкі сьледавацель-крыміналіст адчыніў дзьверы нашай камеры. Я са зьдзіўленьнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент маяго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яё кавалерам, які, як пасьля высьветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візыта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са сьпешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасьцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі бяз курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасьці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі сьлёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў, спыніў мне і сьлёзы, і дых. Доля сына сьвідравала мозг, паласавала нэрвы. Толькі прыклікаўшы на памяць усе цярпеньні мае Радзімы й колькасьць ахвяраў праз усе варожыя акупацыі, я зноў прыклікала ўсе свае духовыя сілы, каб стрываць і найгоршае.
А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’езьдзе. Гэта было нешта, як сьмяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусьцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усей душою прасіла ў Бога літасьці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная бязглузьдзіца й бесчалавечнасьць, гдзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людзкое культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў сьлязьмі змываць кроў вынішчанага тыранствам маяго роду.
Нас пасадзілі ў машыну, якую вязьні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці зьбеглі з яе, адвезьлі ў савецкі лагер перамяшчэньня захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі плян сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.
Нарэшце падагаалі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схудненьня й бледнасьці твар, і жнівеньскае сонца літасьцівымі праменьнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часьць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязьлі нас далей ад сына й ад Эўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край сьвету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязьлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязьлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасьць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозьніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласьці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэскія пагранічнікі, як быццам вязьлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.
На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усей сваей культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязьлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, гдзе, памятаю, была на сьцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў сьнег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сьцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сьведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы. у падзямельлі якой мучыліся сотні зьняволеных, кінулі й нас. Ледзь пасьпелі мы разьвітацца, як раскідалі нас у тым падзямельлі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.
У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэньні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я разьдзяліла з імі часьць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафэсіянальная шпіенка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бэстыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіенка, і ў савецкай камеры рэкамэндуючы асьцярожнасьць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросьце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, гдзе найчасьцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзьвярох, раздражаючы сваею нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра сваяго мужа, прафэсіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала прасьледаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль, тойфэль»[89] — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасьці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабываньня ў падзямельлі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасьці з гэтага мець ня будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзыдэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзыдэнтам у цяні Бэнэша. На пытаньне аб кампартыі чэскай сказала, што яна лічная[90] колькасна, але якасна нічога ня вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы зьнекуль прывезьлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязьніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Эўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часьцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасьць пакінулі Менску.
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагэдыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сьціхалі гучэць да раніцы. Савецкія сьледавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праяжджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэньнях. Месяцамі без мыцьця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была ня лёгкай, пераважна нешта мыць пасьля рамонту ці бяленьня, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зьняволенай абслугай гэтай патайной вязьніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсьці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зьверх свае працы. Быў там у абслузе й зьняволены малады лекар. Ён зьвярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зьняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скрозь слезы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасьць, што памагчы зьняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясьняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розьніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінэт, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасьля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.
Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і ня ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усе ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азьвярэла, але кніжку, як я пасьля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.
Нас разьмяшчалі на грузавых машынах і ўсе стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сымпатычны грэк стаяў бедны ў чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.
Павезьлі нас за Вену, гдзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзьвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зьняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязьняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзячы на цягнік, як іронію дасягненьняў людзкасьці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часьці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзьці. Паабдзіралі мы і адзеньне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсе. Для нас, эўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назьбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[91] кансэрваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есьці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь ня рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чакістых, паджарых, з хітрымі, сьвідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і зьдзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязьлі «да мядзьведзяў». Ад’яжджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдзкі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця, самое ў шырокім бязьлітасным сьвеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’яжджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана ня так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасьля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганьні, каб маральна й фізычна зьнішчыць няшчаснага хлопца.
З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісьцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасьцю адварочвалася ад Эле Вінклер і нейкай Геры, якую ўсе пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.
У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца мае акрэпло.
Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне сваяго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампрамэтаваўся і ў Амэрыку яго ня пусьцяць. А фрау Фіні малілася сьвятому Шчэпану, праз край якога нас вязьлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.
Так нас прывезьлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасьцёркі, а побач гаалі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямельлі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых… Нарэшце я ўбачыла маяго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азьвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».
Завялі нас у вялізны хлеў, гдзе сарціравалі нас і разьдзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зьняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.
Нарэшце нас пусьцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку… На гэты раз я сваю чэскую Біблію схавала пад пальто, якое спэцыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усе пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіньнік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зьняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасьля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на сьмярдзячых рыбіных касьцех. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амэрыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амэрыканскім адзеньні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафэсыйныя шпіёны прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі шпекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву[92] — печаную гуску. Пасьля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасьля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога ня сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезьлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есьці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо не віноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэксу тых часоў.
Ужо быў асеньні месячны вечар, а мы ўсе сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сестрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.
У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы як людзі без грамадзянства мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розьніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле»[93], ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я як паэтка дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэскай мабілізацыі, ды прытым яго выгаалі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зьберагчы мужавы нэрвы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас сьледства.
Позьнім вечарам і да нас дайшла чарга здаваць свае рэчы і йсьці ў жаночыя баракі. Мы разьвіталіся з мужам. Заплакалі. Пасьля нас, жанчын, павялі ў баню. А быў там толькі душ. Ваду пушчаў нейкі яўрэй. Уся амаль адміністрацыя таго лагеру й тут была з яўрэяў. Трудна толькі было разабрацца, хто з іх вольны, а хто зьняволены. Вось той яўрэй як пачаў лаяць немкаў ды з помсты за ўсе Асьвенцімы як пачаў пускаць на нас то гарачую, то халодную ваду, што мы енчылі немымі галасамі, аж пакуль я ня вылаяла яго як сьлед і не прыгразіла, што канцы на яго знайду! Гэтак калі мы прыехалі ўжо на савецкую граніцу, дык уляцелі да нас з візгам нейкія савецкія салдаты: «Девушки, девушки!» Я ім тады сказала, што, думаю, мы прыехалі ў культурную дзяржаву й нас тут ня скрыўдзяць. «Да, да, мы культурные», — адказаў нейкі з іх, зачыняючы наш быдлячы вагон. Фрау Рэнэ мне за гэта дзякавала. Пасьля бані я разлучылася са сваімі немкамі, і мяне павялі ў нейкі барак, пусьцілі на карыдор, сказаўшы нумар дзьвярэй. Карыдор той даўгі. Я паволі цадышла да адных дзьвярэй, заглянула ў тое «вока» й аж замерла! Працерла вочы й гляджу далей, а там як зачараваная казка! Сядзяць на клуначках цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты, прыгожыя, маладзенькія, у вышываных блюзачках, усе з косамі, і сумна нешта пяюць. Пакой вялікі, і многа іх, многа, і такая нейкая чысьціня й сьвятасьць б’е ад іх, што вачэй не адарваць. Мне замерла сэрца — о Украіна, дарагая, родная, за што табё такая пакута ад ворагаў?
Дзьверы я знайшла, адкрыў мне іх нейкі высокі мажны блатны, як я пасьля даведалася, Валя. Зачыніў іх ключом зноў, і я апынулася ў невялікім пакоі, гдзе з браку месца сядзелі ля клуначкаў жанчыны. Спалі. У куце стаяла агромністая параша. Толвкі ля яе між дзьвёх украінак мне выпала месца. У кутку, каля печы, сядзела на клуначку старая, незвычайна прыгожая жанчына. Яе чорныя з белым косы дакраналіся амаль да зямлі. Яна ня спала. Украінкі сказалі мне, што гэта ігуменьня Васільянскага манастыра — Маці Марта. Пачалі адразу ў мяне выпытвацца — скуль я й хто, і калі я ім сказала, што я беларуска з Прагі Чэскай, дык яны мяне нейк штурхнулі адразу й прыціснулі да самай сьмярдзячай парашы. «Вы дурная, — сказалі яны мне, — вас чаго сюды прынесла, да раю захацелі, дык вось вам рай, паглядзіце!» Я засьмяялася й калі расказала сваім новым сяброўкам, як сюды трапіла, дык яны толькі ўздыхнулі, падсунуліся колькі маглі, каб мне было выгадней, расказалі яшчэ пра сваю найтрагічнейшую долю, і, здаецца, паснулі мы. Сон быў ня сон, бо па галовах бегалі даўгія хвастатыя пацукі, якія перагрызалі й чаравікі пад галавою, а па сьценах паўзьлі тысячы сытых блашчыцаў, ад якіх не было ратунку. Раніцай быў пад’ём, хадзілі да парашы мыцца. Пасьля прынесьлі нейкай баланды пасьнедаць, далі па крысе хлеба немучнога нейкага, нясьпечанага, які прытым трэба было разьдзяліць на цэлы дзень. Я пачала разглядацца па камеры, і вочы мае зноў спыніліся на велічавай, дастойнай постаці Маці Марты. Пасьля сьнеданьня, а было яшчэ шэра, вывелі нас на «прагулку» па лагерным двары. Я ўбачыла вужы пастроеных па пяцёрках калонаў няшчасных людзей. Былі там нялетнія дзеці, былі калекі на кулях і дзядкі, як лунь белыя, і старэнькія бабусі, і моладзь — бледная, нэрвовая з болю, са сьледстваў, ненавідзячая акупантаў, з баявым, упартым агнём старых казакоў. Вокал пляцу стаялі баракі. Цяжка было падумаць, што ў іх зьмясьцілася столькі людзей, а вывелі іх толькі частку!
Маці Марта прыклікала мяне да сябе, і я ёй шчыра ўсё пра сябе расказала. Яна, відавочна, адразу паверыла мне, і ў нас завязалася нейкая цеплыня й давер. Пасябравала я й з другімі ўкраінкамі. Тут я ажыла! Гэта не былі ўжо цынічныя сварлівыя аўстрыячкі, а ідэйныя, чыстыя, як сьляза, баявыя дзяўчаты й жанчыны, са сьлядамі пабояў на целе. Мы клаліся на падлогу, накрываліся якім гуцульскім радном, каб нас меней чулі, і гаварылі гадзінамі. Мне забівала дух ад іх адвагі, мужнасьці, мукаў. Усе гэта яны ўспрымалі натуральна, думаючы толькі пра Украіну. Старыя жанчыны, якім забралі ўсё й дзяцей за тое толькі, што яны накармілі сыноў-паўстанцаў, несьлі свой крыж дастойна, ціха. Дзеці з жудасьцю ўспаміналі пра «маскалёў», як тыя рабілі аблавы, вынішчалі сёлы, заганялі іх у лагеры. З намі сядзела дзяўчынка лет дванаццаці. Яна з брацікам, дзесяцігадовым хлапчуком, уцякла з высылкі на Украіну ад голаду. Іх злапалі й праз вязьніцу, як і шмат іншых, варочалі назад недзе ў Комі ці Казахстан. Дзяўчынцы прыносілі перадачы й хлопчыка часам пушчалі ў нашую камеру, каб ён пад’еў, бо ў яго камеры галодныя блатныя дзеці адразу ўсё адабралі б. Мы ўжо прывыклі да хлопчыка, быў ён малы, паважны. Аднойчы ён мне сказаў, што моцна верыць у тое, што іх «жовто-блакітны» сьцяг будзе над Кіевам! О, дай гэта Божа, харошы хлопча! Разумнае было дзіця, меў там яшчэ такога ж сябру. Раніцай давалі ім па пайцы хлеба. Адразу яго зьесьці было нельга, бо яшчэ цэлы дзень наперадзе, а схаваць хлеб таксама нельга, блатныя жулічкі адбяруць. Дык хлапчаняты з раніцы прадавалі адну пайку, грошы добра перахоўвалі, а ўвечары куплялі сабе пайку зноў. Дзяліліся яны ўсім, і спадзяюся, што выжылі. На перасылцы гэтай адчуваўся бой, атмасфэра несказанага, падобнага грэцкаму, шляхотнага геройства. Усё тут дыхала ўкраінскай адчайнай прагай волі й барацьбой. Жанчыны сьпявалі, маліліся суполвна й ніколі ня плакалі. Голкамі з рыбіных касьцей ці нейкай цудам захаванай сапраўднай голкай яны з адзеньня выпаранымі ніцямі вышывалі на лапінках трагічную гісторыю гэтых часоў. Былі гэта цуды, на якія пайшло крыху й мае бялізны. Былі гэта мадонны, з малітваю пад нізам, сэрцы, прабітыя мячом, з якіх капала кроў на ўкраінскую зямлю, магілы пабітых мужоў і сыноў з надпісамі й вянкі цярновыя, і разарваныя на руках дзяўчыны-Украіны варожыя ланцугі. Некалі будзе музэй змаганьня й болю гэтай Зямлі й чалавецтва паклоніцца бабусям пабожным і мужным і «каранаваным» дзяўчатам. Каранаваньне… Гэта чакісты ставілі ля сьценаў дзяўчат і абстрэльвалі ім кароны вакол галавы. Ад гэтага сівелі, дурэлі, а ў адной «каранаванай» Вольгі так і засталася дзірачка на чале.
З Маці Мартай мы шчыра пасябравалі. Нягледзячы на свае 64 гады, была яна «наймалодшай у камеры», а можа, і ў цэлым лагеры. Заўсёды ў курсе палітычных і лагерных спраў, радзіла ўсім, памагала. Нават маладыя дзяўчаткі засуджаныя дзяліліся з ёю зьместам запісачкаў ад сваіх каханых, між радкамі якіх былі заўсёды і іншыя справы. У той час якраз, а быў гэта 48-мы год, забілі нейкага сьвятара, які выступаў супраць вуніі, і аб гэтым галоўна вяліся гутаркі. Маці Марта кожны дзень, акрамя сьвятаў ці т. зв. савецкіх выхадных, атрымоўвала з горада ад сёстраў перадачы. Дорага гэта ёй абыходзілася, бо трэба было шчодра дзяліць іх з «адміністрацыяй», але ў Маці Марты знайшлося заўсёды нешта ня толькі для мяне, але й для маяго мужа, якому гэтая цудоўная асоба здолела пераслаць ежу і ў зусім другі барак. Яўрэі народ вёрткі, яны за грошы зробяць што хочаш, ды прытым, як я пазьней пераканалася, яны палічылі маяго мужа сваім. Быў ён худы, зарослы, чорны й сапраўды паходзіў крыху не на сваю расу. Мілая гэніяльная Маці Марта здолела зрабіць нават так, што аднойчы нейкі старшыня прывёў мужа ў наш барак. Была нядзеля, і мы якраз супольна адпраўлялі імшу. Я выйшла, і мы доўга маглі пагаварыць з сабою. Муж расказваў, як грэк Янайка са сваімі аўстрыйскімі сябрамі й «адміністрацыяй» барака добра ўляпілі Вінклеру. Адлупілі яго на горкае яблыко, зьдзерлі з яго ўсе амэрыканскія рэчы, якімі адразу «завалодала адміністрацыя», і так хоць часткова адпомсьцілі за безьліч крыўд. Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветаў, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чакісты й гэтую пару і, як усіх, паперлі да «белых мядзьведзяў». Апавясьціў мне таксама муж, як ён прадаў сваю кашулю ў пасачкі, бо «ў пасачкі кашуляў ён ня любіць»… за пачачку нейкага тлушчу, якога ня можа есьці, а свае пражскія боты прагандляваў так: папрасілі яго, каб праз кармушку перадаў нейкаму купцу адзін бот памераць, бота таго яму не вярнулі, а ноччу пацягнулі з-пад галавы другі. Успамінаў недзе пасьля тую раскошную папялінавую кашулю ў пасачкі, носячы савецкія дзяругі, як і амэрыканскія кансэрвы, якіх так баяўся. Мы стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час. Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі ня гутарыць аб ім.
З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існаваньня ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай мэдыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блюзку, эскуляпка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, гдзе быў мой муж. Погляд, усьціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ сьледственнай, і мне дазвалялі йсьці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўседы паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.
Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесьці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сьціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсе стрываць, бо чалавек гэта небясьпечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны пачальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.
Аднойчы несьлі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, разьвесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас ня ўбачыў». Мяне крыху зьдзівіла яго блатная далікатнасьць, але засталося добрае ўражаньне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весьці мяне ў т. зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна ня мела чаго злажыць[94], і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Ня ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх маяму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі ня маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясьняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красьці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасьля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор», — казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзбн прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спэцыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць… «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, гдзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы», — гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блюзах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амэрыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасьля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амэрыка куды страшней была для іх, чымсьці разьбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на сьледстве, гдзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысьцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданьне й рады Маці Марты былі для мяне сьвятасьцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусьню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.
Пасьля трох тыдняў нашага прабываньня ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіены. Ніяк не мясьцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаваньняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублеў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сьцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна разьвіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.
Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спэцыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усе ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зьняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязьлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зьняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле сваяго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валенак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва зьдзекаваліся. Там недзе былі й «апартамэнты» для канваіраў.
Колькасьць зьняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т. п. — гэта было добра з’арганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часьць дзяржаўнай дзейнасьці й неабходнасьці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і сьмешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх мэтадах нішчэньня людзкасьці. Такое ня мае, ня можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі ня моўкнуць са сьмерцю, а голасна крычаць да сумленьня ўсяго сьвету, гдзе ўзровень чалавека на вышыні. Усе, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму эўрапейцу сьціскала горла вялікім болем людзкім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Эўропы, зьвярталіся да сваяго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды сьвятым. Незразумелы садызм распасьціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэньням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязьлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т. зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.
Ну а пакуль што вязьлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі ў Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.
У Баранавічах вязьніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасьля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамэндавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес… Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу зьмяніўся. Перад сном яшчэ яны пасьпелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасьцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненько, яшчэ не развіднело, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, цi няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасьць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, гдзе загадалі прысесьці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасьля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў зьвярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезьлі нас у Менск. Мы ехалі Беларусьсю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш сваяго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».
У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завостраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесьці й нахіліць голавы, а пасьля павялі ў іншы вагон, гдзе мы праседзелі да позьняга вечара. Гутарылі мы праз сьценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб ня лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю зьдзекаваньня, дык пастараюся ня жыць. Ён так зьбянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т. зв. «амэрыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі зьдзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў… Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуваньне сьціснула сэрца… Нас разьдзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасьля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амэрыцы, як мне пасьля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасьць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол… Увесь Менск разьбілі бязьлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, гдзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.
А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і ня думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізычна, і рвала нэрвы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэця што хачаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж мэдыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце…» Мне стала сорамна за мужа, што так бн уніжаецца дзеля кніжак. Я ня ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў…
Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязьніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есьці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках… У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.
Пачаліся дапросы. Сьледавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасьць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасьці савецкага сьледства, а побач разьлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой сьледавацель ня мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімые». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы гіростыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакараньня сваёй моладзі, забіраеце ёй усю магчымасьць людзкога жыцьця й шчасьця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго сьледавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі сьледавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэця, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэньні гэтага слова».
Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, гдзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я зьдзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозьвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разьведцы, але ў мяне паявілася ўражаньне, што ён служыў і ў савецкай… Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозьвішчам мужа, бо яго нечакана, як тслькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасьці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небясьпекі, апутаныя нацысцкай хітрасьцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай…
Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асьвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысьці ў змаганьні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера[95] ўбогая, а рэлігія, вера хрысьціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён ня меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г.д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога ня меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасьце, ніякі не манах!»
Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесьніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказаньне маіх братоў, гдзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але мэтады вялікай і дробнай подласьці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сыстэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх бэрыяў. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасьці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцьце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменнмого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыцьцё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі… Прагрэс — гэта мудрасьць. Нехта сказаў, што гэта ня робяць вучоныя, бо вучоныя экспэрымэнтуюць на сабаках. Саветы — на людзях.
Я ўжо амаль год у вязьніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць сьледавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозьвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, гдзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасьля кідаюць мяне ў другую адзіночку, гдзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэньне. Калі я ўвайшла туды, стварэньне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваньнем[96] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Ня ведаючы паганага ў жыцьці, я не магу дадумацца, што гэта т. зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі сьледчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, сьледства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сьведкаў. Яе выклікаюць да сьледчага, усьміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасьцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сьцежка ля сьцяны. Ля дзьвярэй калярыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А гдзе ж гэта я буду спаць?» — «Сьледавацель казаў — пад ложкам», — адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзьверы і ўсоўвае нары, якія трэба класьці адным канцом на тумбачку, другім на калярыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафэсарам. Маці яе быццам прыбіралыпчыца ў нейкім урадзе. Ёсьць брат і ёсьць Сенька — яе ўхажор, і ёсьць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разьлюбіў… Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасьць у гэтай нары на злосьць ім усім, усей гэтай бесчалавечнай сыстэме! Мяне выклікае сьледавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д. «Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бэстыя…» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа сьледавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей…
Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасьля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленьні. Яна была асуджаная на тры гады за «розглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданьне сачыць і даносіць усе на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасьля Ліля некаму прызналася. Усе гэта мне сказалі дзяўчаты.
Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне ці да маяго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязьніцы й зьдзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна… Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ[97] павіс над нашай сям’ей, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязьніцы сказаў мне зьбірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызьверыўся, што ня будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да сьмерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»…
Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, гдзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы сьледавацель пачаў часьцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезьлі з лагероў, здаецца, спэцыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага зьдзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад сьледавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сьляды, г. зн. жудасны слоўнік і адсутнасьць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на сьмярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае… Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязьніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязьніцы. Ніхто яго прозьвішча ня ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне ня глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым ня можа памагчы… Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.
Ноччу ў камерах гарэў заўсёды сьвет. Сьвяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі ня хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыцьцё й прагнуць выжыць. Начамі часта разьлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсе, некага білі, было нейк жудасна.
Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далбка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсьці. Пасьля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сьцяны й так трэснуў маім лобам у сьцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасьля валок мяне далей, далей… Нарэшце завёў у кабінэт Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінэце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трех принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранічна, можа, перакласьці. «Не, ня трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам сьледственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосьць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцьця ня вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязьніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю сьмерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасьць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страгана, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Усе было пры мне, г. зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? I Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі ня страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на „Г“?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет маяго другога сьледавацеля, гдзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-сьледавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяньня пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, сьледавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцьця. На стале ляжала прэспап’е, дык я няхочучы падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэспап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасьля асьцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцьці болей не было мовы.
Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасьці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага зьвяр’я, гдзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць… Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданьні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыцьцё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчасьлівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы, што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасьць жыцьця й яго цікавасьць, у маім паняцьці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцьця й яго радасьцяў за ўсялякую цану й за цану сумленьня. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існаваньня яны ня ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх… Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязьніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску… Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэсксй! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра…
Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візыту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуцьцяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Ня раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта ня толькі ратунак, але й кар’ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людзкасьці, адрачыся ад Хрыста й зьмяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэньне іх і адсутнасьць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасьцю канстатаваў Коган, што ёсьць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зьняволеньня чалавека. О, гуманізм XIX стагодзьдзя, як далёка мы адступілі назад!
Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці сьледавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скрозь зубы, што ёсьць два ўрады й два прэзыдэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не зьвяртаўся, і ён выйшаў. Чужы сьледавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы сьледства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.
I вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў маяго таты былі ў лютым, ён не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла[98]. Я ведала, што судзіць мянt будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненьне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезьлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для судзьдзяў, вышэй крыху й на абадраных сьценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й маяго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесьці, і пачаліся абвінавачваньні. Я ўжо дакладна ня памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе, а мужава тое, што ён быў у Слоніме (па камандзіроўцы). Нешта гаварылі, а муж, худы, страшны, бяз зуба наперадзе, на нікога не ўслухаўся, толькі паглядаў на мяне праз сьлёзы й шаптаў: «Мама, мамачка, вось я табе прынёс часнычок, ён так падобны на лілью, якія ты любіш. Думай, што гэта кветачка, лілья. Трэцяга ж была гадавіна нашага вясельля, я выпрасіў табе часнычок у баптыста…»[99] Я яму дала свае падаркі, і мы амаль не зьвярталі ўвагі, што гавораць да нас апрычнікі. Гэта быў Вярхоўны суд БССР пры ваенным пракурору. Сядзела там і нейкая баба, а прадсядацелем яго быў нейкі Шаўчэнка. Гэтае аднафамільства гіцля й генія мяне бянтэжыла. Нарэшце далі мужу апошняе слова, і ён заплёўся ў словах, і пацяклі яму сьлёзы. Я штурхнула яго ў бок, але ён плакаў… Маё апошняе слова было злосным, я ўспомніла сьмерць бацькоў і ўсю іх суровасьць і несправядлівасьць, амаль лаялася з імі, бо й гаварыць не было там з кім. Суд выйшаў. Але не пасьпеў выйсьці, як ужо вярнуўся назад. Знача, вырак быў ужо гатовы, і працэс суда быў суцэльнай камэдыяй! Гэта ж амаль як у Гітлера, а то й мандрэй, падумала я сабе. А нам чыталі вырак па 25 гадоў ІТЛ кожнаму, без канфіскацыі маёмасьці з той прычыны, што ў нас яе няма. Мне падкасіліся ногі, але злосьць і нянавісьць да садыстаў вярнулі мне сілы, і я выслухала ўсе да канца. Бедныя людзі, бясьсільныя стварэньні, падумала я, убогая дзяржава мучаных і мучыцеляў і другіх між імі няма! А той Шаўчэнка, між іншым, пачаў гаварыць: «Лариса, мы за воровские организации даем по десять лет, мы вас пересудим. Мы не имели бы места для вас, если бы вы были с нами, но вы с этими бандитами. Вы пишите, мы вас пересудим». Не, кацюга, я ня буду з такімі, як ты!!!
Суд адышоў, пачынала зьмяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, разьдзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са сьветам, з культурай, з усім… Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу… Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»… Нас вывелі на засьнежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпеньні й адзіноту. Сьмешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага… Нас прывялі пад нейкую вязьніцу, гдзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру…
Завязьлі мяне зноў у тую «амэрыканку». Начальнік вязьніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў… Я засталася сама, і думкі пра зьдзек над намі, пра сына, пра загубленае жыцьце адымалі розум. У галаве стукалі словы: гдзе гора, гдзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынесьлі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезьлі ў вязьніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусьцілі ў камеру жанчын. Як я пасьля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя сьветлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.
Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасьліва жыць, калі б толькі слухала голасу сваяго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, гдзе трэба…
У вязьніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта ня сьмешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам сьнілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум маяму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасьцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне сьнілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскрозь прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй… Раз мне прысьнілася землетрасеньне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю… Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сьне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць сьвет: праясьніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэх… Мой чэскі сьледавацель меў тубэркулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прысьнілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю тубэркулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам зьбіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысьніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб ня плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла… Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў маяго сроку. Я ня ўсе сны сяньня памятаю, але яны былі амаль прарочыя.
У камеры жанчын мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзячы на паўстагодзьдзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, гдзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасьля павязьлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязьніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зьняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас разьдзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.
Паверхі й сходы вязьніцы ў Брэсьце… На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсьць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакараньня. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есьці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданьні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся з намі й аднойчы паведамілі нас, што маяго мужа паклалі ў больніцу. Я так і прыпала да сьцяны, і мяне на гэтым злапаў канваір. Начальства назначыла мне 5 сутак карцара. Жудасная адзіночка ў сутарэньні цюрмы. Пуста, толькі стоўб каменны, укапаны ў зямлю, і холад. 20 дэкаў[100] хлеба ў суткі й адзін раз на 5 сутак талерка жудаснай зупы. Побач крычаць ненармальныя людзі. Крычаць неймавернымі галасамі, іх б’юць. Магу зразумець, што яны выліваюць сабе парашу на голаву, грызуць сьцены, робіцца страшна, не магу зразумець, пашто яшчэ мучаць яны ненармальных, ужо й так пакрыўджаных Богам? Знача, розуму ў іх ніяк няма — зьвяры! А час ужо бліжыцца да вясны. На шырокі бліскучы падаконьнік асеў пыл. Недзе зазванілі ў царкве на вячэрню, і праз закратаванае вакно прабілася вельмі яснае неба. Сонца яшчэ не заходзіць. Сэрца маё перапоўніла прага малітвы, і я пальцам па чорным запыленым падаконьніку пачала маляваць голаў ХРЫСТА ў цярновым вянку. Галава выйшла цудоўна, і кропелькі крыві быццам зьбеглі па сьвятым ЯГО твары. Абраз выйшаў вельмі харошы, быццам нехта натхнёна вадзіў маею рукою, і мне пацяклі сьлёзы. У гэты мамэнт з грукам адчыніліся дзьверы й раз’юшаны савецкі афіцэр схапіў мяне за шыю й пачаў раўсьці, паказваючы на Хрыста: «Кто это, кто это?» — «ХРЫСТОС», — кажу. Тут ён выразіўся на Хрыста такім жудасным, непаўтарымым словам, якое толькі можа прыдумаць абсалютнае бясьсільле ўбогага твору ў змаганьні з ніколі недасяжнай яму веліччу духу. Паўтарыць гэтага не магу. «Еще пять суток карцера дать ёй за эти рисунки!» — енчыў няшчасны, сьціраючы рукавом з шырокага бліскучага падаконьніка голаў ХРЫСТА. А за вакном званілі соладка званы, і бліжыўся дзень ХРЫСТОВАГА ЎВАСКРАСЕНЬНЯ. Той страшны чакіст ня раз пасьля заглядаў да нас у камеру, падыходзіў, калі адвозілі мяне на этап, і з лютай нянавісьцю сычэў на мяне: «Касмапалітка…» Яны прывыклі да ламаньня людзей на першы загад, а я пастанавіла да сьмерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паломаным хрыбтом няма чалавека.
Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасьля сустрэліся на этапе. Называўся ён Лёша, прозьвішча ня памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Зьвялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Маяго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ён усе ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.
На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косьці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага зьдзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасвць радьт выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасьць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спэцыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдзкімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гэстапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі… Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынэлі нёс пад пахаю цэглападобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гаалі б сваяго роднага бацьку… Мы пакідалі Беларусь, тую, па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насьмерць.
Нас разьмясьцілі ў знаёмыя ўжо мне «апартамэнты вагонзака», дапаўняючы намі ўжо й так поўныя клеткі. Мы з Нінай Камбэрскай, здаецца, з Менску, і нейкай другой цяжарнай жанчынай з-за Брэста трапілі ў клетку побач з ксяндзамі. Мы маглі гаварыць. Ксёндз Лазар знаў многа моваў, праўда, ён не лічыў патрэбным на Беларусі ведаць беларускую мову, ну, але гэта няхай яму прабачыць Бог, які даў пакуль што магчымасьць цярпець беларусам за сваю свабодную будучыню, у якую мы цэлым сэрцам верым. Была каталіцкая Вялікая Пятніца, усе былі крыху пад гэтым уражаньнем. Ксяндза асудзілі на 10 гадоў, а за што, ён нават добра ня ведаў. Затое ён ведаў дзень сваяго арышту яшчэ перад арыштам і ведаў дзень, калі яго пусьцяць. Гэта ён ведаў з прарочага сну, з якога многа ўжо спраўдзілася. Ля нас ехаў яшчэ другі Лёша, як ён расказваў нам, яго схапілі, калі прызямляўся на Беларусі, скінуты з дэсантам, так і быў яшчэ ў камбінэзоне. Ехаў там яшчэ й харошы беларускі студэнт Борыс па прозьвішчу, і так стварылася наша маленькая група. Мы стараліся дапамагчы сабе ўзаемна хоць словам, беглі да сябе заўсёды, калі нас выводзілі на этап з чарговай перасылкі.
Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы. Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г. зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта. Была там адна беларуска, жонка яўрэя. Яна мне казала, што яе сынок выжыў толькі дзякуючы таму, што быў яўрэям, яго глядзелі, і муж яе хутка дзіця забраў. У другіх лагерох дзеткі так паміралі, калі іх меліся з лагеру забіраць сваякі. Маюць, напрыклад, прыехаць па дзіця, і вось паўтараюцца ўсе сымптомы запаленьня лёгкіх, і дзіця да прыезду па яго канае. Адна харошая расейская жанчына Шура (прозьвішча ня памятаю), якой муж-хірург пазбыўся розуму, калі яе цяжарную забралі, казала мне, што й з яе дачушкаю зрабілі таксама. Калі радзіла яна, дык разрывы вялікія, якіх такая менавіта медсястра загадала не зашываць, бо быць жанчынай ці быць маці болей зьняволенай ня прыйдзецца… Шура высокая, прыгожая, маладая, заўсбды сумная, усё хварэла далей па-жаночаму. Так жа рабілі на поўначы, і мужчыны прасілі нас лічыць, колькі бедных дзетак памерла. Яны гэта ведалі.
Нас вязьлі далей. Першай вязьніцай, гдзе мы трапілі па дарозе, была вязьніца ў Арле. Калі забіралі ў капцёрку мае рэчы, дык паведамілі мне бытавікі зьняволеныя, якія там працавалі, што сюдой праехаў ужо нехта Геніюш, доктар. Я падзякавала за вестку. Знача, Яначку вязуць на поўнач… У Арлс ўвялі нас з Нінаю ў дзеравяную вязьніцу, у камеру, поўную жанчын. Стаяла там неймаверна велькая дзеравяная параша, па берагі поўная, адпаведна араматная, і жанчыны былі большасьцю зусім абарваныя, хоць пару было й апранутых лепей. Сустрэлі яны нас вельмі сардэчна, да сьлёз цёпла, як нідзе болей. Падзяліліся хлебам і нейкімі ляпёшкамі з бульбы і яшчэ нечага, якія цяжка было раскусіць, але раскусіўшы ўжо нейк было можна жаваць. Многія з іх сядзелі за самагонку, якую гналі з буракоў, каб пракарміць дзяцей, бо мужыкі не вярнуліся з вайны. Яны былі радыя хоць тым, што маюць тут хлеб, і плакалі толькі па дзецях. Жанчьшы гэтыя з усім зьмірыліся, лічылі сваю зямлю няшчаснай, як пад татарскім ігам, і час акупацыі, жудасны час акупацыі, лічылі лепшым часам сваяго нялюдзка суровага жыцьця, бо маглі тады сеяць і жаць на сваім. Яны нічога не баяліся. Сярод іх былі й дзьве настаўніцы з Арла, і жонка прадсядацеля калгаса, якая, калі я ад’яжджала, дала мне 10 рублёў на дарогу, можа, спатрэбяцца. Сядзелі яны таму, як казалі, што нехта сядзець мусяў, доля выпала на іх. Апрача іх былі там немкі з Паволжа й татаркі. Гэтыя дзяўчаты ўцяклі з месца, гдзе пасялілі іх народы. Далі ім за гэта па 20 гадоў катаргі, і ўсіх іх, як я пасьля даведалася, павезьлі на Варкуту.
Пабыўшы ў іх пару тыдняў, мы папрашчаліся з гэтымі амаль сьвятымі жанчынамі. Нас выклікалі далей. Наша малая групка зноў сустрэлася ўся на этапе, і мы маглі крыху пагаварыць. Ксёндз тут адсьвяткаваў свае сьвяты спакойна. Гэта ў Вялікую Пятніцу ў «вагонзаку», калі мы з ім гаварылі праз сьценку, падышоў да яго афіцэр і папытаўся, за што ён, абманшчык, які адурманьваў народ, дастаў срок? «Па графіку, — кажа ксёндз, — падышоў графік, і мяне ўзялі». — «Дык вось ідзі цяпер памый падлогу ў карыдоры, навучышся працаваць». — «Я ўмею ўсё рабіць, — сказаў ксёндз, — а вось вы, акрамя насіць пагоны й мучыць людзей, больш ні на што ня здольныя…» Афіцэр закусіў губы, і калі бедны ксёндз Лазар вымыў той карыдор уздоўж усіх закратаваных клетак з намі, зьвярочкамі, яго далі ў карцар, бо й там ён быў таксама. Дык ксёндз нам, сустрэўшыся, казаў, што не было там так страшна, ён спаў там, а ў клетачцы ля нас сядзела іх болей дваццаці, адзін на адным, і яму было горай. Нас зноў пасадзілі недалёка, і мы між сабой час ад часу перакідаліся словам. Ва ўборную пускалі нас рэдка, а то й не пускалі даўжэйшы час, што было асабліва пацешна для канваіраў, і яны адпаведна камэнтавалі сьпех няшчасных і далей зьдзекаваліся з ксяндза.
Нас прывязьлі ў Горкі ў т. зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, разьмесьцяць, бо зьняволеных назьбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасьцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасьці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са сваяго ўбогага чамаданчыка дзьве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.
Ах, гэты Горкі, кляты Горкі… Там і шманалі нас не палюдзку. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія пасьпелі ім уесьціся ў косьці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана. Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сьведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасьцямі на іх скромным ваенным вясельлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчасьлівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Ня ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі сьветлае. Мне пасьля болей года вязьніцы асабліва хацелася быць вонку.
Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап зьбіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасьля даведалася, абодвух Лешаў і Борыса павезьлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў зьвісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасьцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, ня мог паўтарыць той жудасьці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і разьдзелі, і зьдзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзеньне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і ня чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людзкасьці, якога яна й зьнішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзьверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзі з дзесяцігадовымі срокамі ён ня выжыве. Ён шчыра зайздросьціў нам дваццаціпяцігадовага сроку…
Нас павезьлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усе роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька Марта. Вечарам, нешта расказваючы, выкрала блатная яшчэ сукеначку з таго мяшка, але мне ўжр было ўсе роўна. Начальнік канвою сказаў мне, што ўжо вез сюдэмі маяго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку… Гэта вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах, брудзяць усякае пачуцьце брудным дотыкам сваіх крывавых рук. Пасьля той начальнік стаў ля нашай клеткі й пачаў пяяць панылыя расейскія песьні. Выў гэтак не пераставаючы да поўначы, відно, і самому было нялёгка. Адно бачыць тысячы зьняволеных людзей, а тут цягнуць іх яшчэ на страшную поўнач… Некаторых зьняволеных высаджвалі па дарозе, іншых набіралі. Цяпер ужо суцэльны цягнік быў з «вагонзакаў». Гэта «галіна прамысловасьці» гандлю людзьмі была найлепей арганізаваная ў Савецкім Саюзе й пастаўленая на першае месца. Там недзе амэрыканцы арганізоўвалі дапамогу людзям пасьля вайны ці сваю магутную прамысловасьць… Што ж, каго Бог хоча пакараць — розум адыме…
Нарэшце нас прывезьлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязьніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут ня чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць…
Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…
Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК[101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы…[102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…
Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…
Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…
Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…
Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касьцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, гдзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое ня мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасьці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косьці й скуру, ні на што не зьвяртаючы ўвагі, Мы атупелі да іх навакольля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас разьвялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясьціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеньнікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцьвякам. Есьці нас вадзілі ў сталовую строем, гдзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.
З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасьля этапу чэх. Пасьля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчасьлівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласьць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-летгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць зьдзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі… Сьмешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасьць бесчалавечнасьці супраць мяне. Лячыў мяне зьняволены доктар-паляк. Прозьвішча яго ня памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала… Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людзкасьць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер 1-шы ОЛП[103], з якім належыць мне наладзіць лучнасьць, каб працаваць».
Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцьвенныя сьпевы, то ў дэталі жудаснага сьледства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цьверда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры Нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.
Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зьняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсьці тут адну пісьменьніцу, жонку доктара з Чэх. Знача, яна шукала мяне. Я да сяньня ня пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ… Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсьці. Мужа павезьлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач… Стала нейк безнадзейна, нясьцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На двард была сьлякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэпляць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвэнтуальны пабег… Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласьць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок… Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я ня думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасьць няшчасных. Падаў сьнег з дажджом, і некалькітысячны шнур людзкі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й сьнегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асьвенціме й Майданаку. Навука Гітлера не пайшла ў лес… Што будзе, куды гэта дойдзе людзкасьць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. I вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезьці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя… Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішней цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт»[104], — казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які ня сьніўся нават ардзе Джынгісхана… Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцьвенны сьпеў двух дзядкоў, я расплакалася.