У сонечным асеннім скверы ледзь чутна ападае лісце і шамаціць, шамаціць пад нагамі. На суседняй не вельмі зручнай лаўцы маладзенькая мама на руках пагойдвае дзіцятка, нешта гаворыць яму, угукае і смяецца. Побач стаіць чырвоная з блішчастаю аблямоўкаю каламажка.
Маці шчаслівая, аж свіціцца.
Можа, толькі што ўсміхнулася яе дзіцятка, можа, пралепятала нешта невыразнае, а ёй пачулася доўгачаканае «мама». А можа, рэжацца першы зубок,— круціцца ад болю, енчыць малое, а маці пакутуе падвойным болем, гатовая ўзяць на сябе любыя пакуты, абы дзіцятку добра было. А барані божа, захварэе каторае, здаецца, нічога страшней і на свеце няма. Каб можна было, жыццё б аддала за сваё дзіцятка. Не спіць начамі маці. Няхай сабе не спіць, абы спала спакойна, калі сыну ці дачушцы стукне семнаццаць.
З першага дня мацярынства ў кожнае маці трывог і пакут болей, чым радасцей. Пакаўзнуўся сынок, скрывавіў носік, матчына сэрца ледзь не парвецца. Першая двойка — гора для маці. А яна ўсё чакае радасцей і ўцех.
Паступілі сын ці дачка ў інстытут,— пасвятлела наўкол, маці вышэй падняла галаву, а ў валасах ужо бліснула першая павуцінка ранняй восені. А як чакае маці кожнага ліста з трыкутнай пячаткай салдацкай пошты: усё прыслухоўваецца, усё прыглядаецца, куды зверне, што прынясе паштальён. З трывогай слухае маці кожную перадачу радыё і тэлебачання: недзе ж юнакі забіваюць адзін аднаго, хоць зроду не бачылі тых, па кім страляюць з гарматаў. А за што? Навошта? — думае і бядуе кожная маці.
Дачушка паехала ў вялікі свет,— не спіць маці,— хоць бы ніхто не ашукаў і не пакрыўдзіў яе. І так да скону будуць побач любоў і радасць, боль і трывога ў адным сэрцы.
Як жа яны месцяцца ў ім? Месцяцца. Яно ж матчына! А большага сэрца няма.
Маладзенькая мама з дзіцяткам у каламажачцы не заўважае мяне — яна аж праменіцца ад радасці за сваё дзіця. А яно светлае, ласкавае, лагоднае, здаволена пускае бурбалкі з ружовых вуснаў і ўсміхаецца маме і сонцу. Шчаслівая мама!
Я гляджу, зайздрошчу. І раптам падумалася: адкуль жа бяруцца нягоднікі, ашуканцы, ачмурэлыя п'яніцы і прайдзісветы?
Не адмахвайцеся, мацеры, не заплюшчвайце ад жаху воч — ваша дзіця нягоднікам не будзе, а калі ім стане чужое, хіба лягчэй?
Глядзіце, мацеры, як ваша дзіцятка зробіць першы крок. Сачыце, куды яно пойдзе.