Раптам прыснілася даўно забытае і некалькі дзён не давала спакою, ажывіла ў памяці ўсё да драбніц — знаёмыя і незнаёмыя абліччы, пахі, колеры, гукі, нізкія хмары і дажджынкі на шчацэ, чорны, як дзёгаць, размешаны коламі і нагамі жужаль на базарнай плошчы, сотні фурманак з паднятымі аглоблямі, пах каламазі і сырамятнай скуры — усё ажыло і паплыло перад вачыма.
Гуў, таптаўся, гаманіў на ўсе галасы кірмаш, свісталі гліняныя пеўнікі і рохкалі на вазах подсвінкі, мэкалі авечкі, іржалі коні. У палатняных палатках пішчалі бляшаныя дудачкі, віселі нізкі ружовых, з цукровым хрустам, пернікаў, каля вазоў, запусціўшы галовы ў зрэбныя торбы, коні хрумсталі авёс. Каля доўгага шару крамаў стаялі гаршкі, глякі, «спарышы», макатры і гладышкі, а над імі каціўся перазвон: дзядзькі стукалі па боку пугаўём, жанкі — пушкаю сагнутага пальца і куплялі добра паліваны і звонкі посуд. Перапечкі насілі кашы пахкага цёплага печыва і крычалі: «Каму халы, куханы, абаранкі, б-у-б-лі-кі!» Іх перакрывалі сіпатыя галасы: «Чобаты новыя, перады юхтовыя, з рыпам, з берасцінкай, шыты дратвай і шчацінкай».
Чаго толькі не было на гэтым кірмашы?!
На дзяўчатах мільганулі чырвоныя, сінія і зялёныя шаліноўкі, ладныя кабацікі аблягалі зграбныя станы. Хлопцы казырыліся сваімі чубамі, што выкручваліся з-пад збітых набакір шапак з прыгнутымі блішчастымі казыркамі. Усе лузалі гарбузікі і пеўнямі круціліся каля незнаёмых дзяўчат, скалілі зубы, нешта вясёлае балабонілі, спрабуючы то абняць, то ўшчыкнуць каторую.
Адным бокам рыначная плошча ўпіналася ў цвінтар драўлянай царквы, трошкі далей, з другога боку, стаяла белая, як воблака, з блакітнымі купаламі і пазалочанымі крыжамі каменная царква. Непадалёк, за здзірванелым валам высіўся касцельны гмах з дзвюма стромкімі званіцамі. Казалі, ён відзён аж за трынаццаць вёрст ад мястэчка. Можа, і праўда. Так што кожны рыначны злодзей і ашуканец, праваслаўны і каталік, мог адразу замаліць свае грахі, не адыходзячы ад месца сваёй дзейнасці.
Але не толькі рэлігійнай сутнасцю, а сваёй вышынёю касцёл і цэрквы заміналі прагрэсу. Справа ў тым, што было вырашана ў нардоме мець сваё радыё. З Мінска прыехаў паважны высокі мужчына ў блішчастых акулярах, у капелюшы і кароткім клятчастым палітоне. Інжынер. Месца для радыёмачтаў ён выбраў на пустыры непадалёк ад рынку і нардома і сказаў, што яны павінны быць вышэй за ўсе местачковыя будынкі. З лесу прывезлі самыя гонкія хвоі, акарылі іх, стачылі ў замок, паскручвалі жалезнымі хамутамі, прыварылі расцяжкі, абедзве мачты злучылі антэнаю, прымацаванаю беленькімі, як фасоліны, ізалятарамі. Паднімала і закопвала тыя мачты бадай палова мястэчка, а другая стаяла наўкол і давала парады: каму за які канат лепей цягнуць. Нарэшце мачты сталі, замацаваныя тоўстымі драцянымі расцяжкамі. Інжынер хадзіў вясёлы і рады. Заставалася ўстанавіць у нардоме прыёмнік, і загаворыць радыё. Праўда, мала хто з местачкоўцаў верыў, хіба можна пачуць, што скажуць у Маскве і ў Мінску: гэта ж такая далеч, а дрот толькі паміж двума слупамі, і ўсё ж чакалі гэтага дзіва.
Неяк ноччу ўсхадзіўся вецер, ды такі, што дзе-нідзе пазбіваў каміны, пааддзіраў ад таполяў сукі, зламаў стралу каля студні, а раніцай на зямлі ляжаў адзін канец антэны з белымі фасолінамі ізалятараў. Інжынер не знаходзіў сабе месца і ніяк не мог даўмецца, як пачапіць на месца антэну. Апусціць і назад паставіць мачту наўрад ці ўдасца — зверыліся людзі, прыйдуць, паглядзяць, пасмяюцца, пакпяць і разыдуцца...
У кірмашовы дзень прыйшоў інжынер на рыначную плошчу, стаў на воз і падняў руку. Маленькі кудлаценькі капельмайстар духавога аркестра добраахвотнай пажарнай каманды на ўсю плошчу пратрубіў сігнал: «Слухайце ўсе!» Аж спудзіліся маладыя коні, ад нечаканасці войкалі і затыкалі вушы палахлівыя жанкі. Гамана сціхла, усе глядзелі на чалавека на возе. Інжынер зняў капялюш і замахаў, каб падышлі бліжэй.
— Таварышы! Мы зрабілі ўсё, каб вы пачулі голас Масквы і нашай беларускай сталіцы. Бура мінулай ноччу сарвала антэну, а без яе нічога не пачуеш. Я спадзяюся, што сярод вас знойдуцца спрытныя і адважныя хлопцы, узлезуць на мачту і зачэпяць антэну. Хто гэта зробіць, атрымае ўзнагароду 25 рублёў.
Дальнія перапытвалі, што ён там кажа, няўжо дваццаць пяць рублёў, гэта ж такія грошы! «Але і ўзлезці не на печ ці азярод»,— пярэчылі асцярожныя.
Інжынер пайшоў да мачты. Міналі хвіліны — ніхто не падыходзіў. Віхляючыся, прытупаў падпіты хлопец у саматканым фрэнчы і ружовай расхлістанай кашулі і запытаў:
— А грошы адразу ці па ве-ма-дасці, цьфу! Ве-да-масці?
— Табе па ведамасці, як толькі праспішся,— адказаў інжынер.
— Чулі? Мяне спаць пасылае. Да я табе гэную драціну, калі хош, адсюль закіну. Не верыш? Давай на заклад. Ну.
Тым часам да інжынера падыходзілі хлопцы, задзіралі ўгору галовы, прытрымліваючы на патыліцы шапкі, углядаліся ў кончык мачты, а ён, здавалася, чыркае па нізкіх хмарах. «Адсюль глядзець, галава круціцца, а адтуль ляснешся, і касцей не збяруць».— «А ты не глядзі, зажмурся і лезь, дык і страху не будзе»,— перагаворваліся хлопцы. «Паспрабаваць, ці што?» — падышоў дзяцюк у крамных портках з напускам над наваксаванымі халявамі, скінуў світку, ухапіўся за гладка абструганы камель, пралез метраў пяць і ссунуўся, як куль. Яшчэ чалавекі чатыры караскаліся, але, не далезшы да першай расцяжкі, з'язджалі долу.
Інжынер стаяў разгублены і змрочны. «Ну, хлопцы, хто яшчэ паспрабуе?» — пытаўся ён. Аднекуль з-за натоўпу праціснуўся невялічкі хлопец, з тварам, усыпаным рудымі вяснушкамі, у вялікіх ботах і злінялай будзёнаўцы. Нічога не кажучы, разуўся, скінуў будзёнаўку і світку, расперазаў папружку, спутаў ёю босыя ногі, папрасіў у хлопца яшчэ адну дзяжку, да яе прычапіў канец антэны, падперазаўся. Да яго падбег інжынер і пачаў тлумачыць, як і за што прыкруціць антэну. Нейкі весялун крыкнуў з натоўпу: «Глядзі, канапаты, порткі згубіш, голым задам на ўсё мястэчка пасвеціш». А той толькі скоса зірнуў, цыркнуў праз зубы слінаю, ухапіўся за мачту, ашчаперыў яе спутанымі нагамі, спрытна і лёгка палез угору, толькі надзімалася на спіне сіняя кашуля ды пагойдвалася мачта, а ён лез і лез усё вышэй і вышэй.
У натоўпе каля мачты ўсе сцішыліся і задралі ўгору галовы. Тыя, што спрабавалі ўзлезці, пакеплівалі: «От палядзіш, зараз шусне», «Ужо трымціць. А тычка гэтая, як лазіна, гнецца». А канапаты дзяцюк лез усё спрытней і спрытней. Прывязаная да папружкі антэна паўзла ўгору і ўсё больш напіналася, постаць хлопца менела і менела. Інжынер не зводзіў з яго вачэй — радаваўся і баяўся, каб не сарваўся, тады яму нездабраваць. Пры кожным перахопе рукамі і нагамі мачта згіналася і выпроствалася зноў. Сцішыўся і рынак. Людзі пазадзіралі галовы і сачылі за кожным рухам хлопца на мачце, а ён усё менеў і менеў. Калі далез да верху, звязанымі папружкай нагамі моцна ашчаперыў мачту, падаўся назад, каб прутчэй напялася дзяга на поясе, і пачаў прыкручваць канец антэны. Усталявалася такая цішыня, што чуваць было, як часта дыхае інжынер, ціха божкае і хрысціцца немаладая кабета.
Праз колькі хвілін хлопец папоўз уніз. Натоўп з палёгкаю ўздыхнуў, а хлопец асцярожна абміноўваў жалезныя хамуткі і расцяжкі, чым ніжэй спускаўся, тым павольней перабіраў рукамі. Ужо відаць былі пачырванелыя ад холаду босыя ногі і вяснушкавы твар. Ён саскочыў на зямлю, адвязаў абедзве папружкі, выцер рукавом кірпаты нос і, нічога не кажучы, сеў абувацца. Да яго падышоў інжынер:
— Дарагі ты мой! Ну, выручыў, ну, дзякую...
— На дзякуй сала не спячэш. Гані манету. Там я парсюка сабе нагледзеў,— прытупнуў ботамі верхалаз, надзеў світку і ўскінуў на патыліцу будзёнаўку. Інжынер з-за пазухі дастаў пляскаты партманецік, адлічыў грошы і аддаў хлопцу. Той іх старанна разгладзіў на далоні, схаваў за падкладку будзёнаўкі і знік у кірмашовым натоўпе. Хто ён, чый і адкуль, ніхто не ведаў, толькі дзівіліся смеласці і спрыту, а некаторыя зайздросцілі, што так хутка адхапіў столькі грошай.
Да самых замаразкаў наезджы інжынер корпаўся ў нардоме каля прыёмніка з вялікаю, як у грамафоне, трубою. У ёй нешта шаргацела, трашчала, булькала і мармытала. Вучыў інжынер упраўляцца з гэтаю скрынкаю майго суседа Лаўрэна Грамыку. Ён часам і мяне пускаў паглядзець, як мільгае зялёнае вочка ў прыёмніку. З першымі маразамі прыёмнік загаварыў, не заўсёды выразна і гучна, але гаманіў. Лаўрэн выстаўляў трубу ў адчыненае акно. Каля нардома збіраўся натоўп местачкоўцаў паслухаць не столькі што гавораць, а як гэта без правадоў даходзяць галасы з Масквы і Мінска. Самая скептычная жанчына вырашыла, што гэта Лаўрэн схаваўся і нешта мармыча. «Лаўрэн, пакажыся!» — «Ну, чаго?» — вытыркаўся Лаўрэн з акна і пускаў радыё на ўсю сілу, а калі заіграла музыка і заспявалі, паверылі ўсе, што і Масква і Мінск чуваць без падману.
Прыходзілі слухаць радыё ў кажухах і валёнках, жанкі закручваліся ў вялізныя хусткі, тупалі па хрусткім снезе на марозе, пад халоднымі буйнымі зоркамі. Самыя трывушчыя дастойваліся да самага «Інтэрнацыянала».
Там, дзе некалі была рыначная плошча, шуміць ужо састарэлы парк; ад нардома і знаку не засталося, зніклі абедзве царквы і касцёл, у мястэчку выраслі пяціпавярховыя дамы, па асфальтаваных вуліцах гуляюць падлеткі ў джынсах і штроксіках, з транзістарамі цераз плячо. Гучыць залівістая да крыку песня: «Жизнь невозможно повернуть назад...» Нельга і не трэба!