ГАСТРАЛЁРЫ


Сон пра сон вярнуў мяне ў тую бесклапотную пару, калі так добра марылася, бо не было яшчэ чаго ўспамінаць. Верылася, што наперадзе толькі светлая шчаслівая далеч, узлёты і поспехі, без клопатаў, трывог і няўдач. А ў жыцці было ўсё наадварот. Такі ўжо лёс майго пакалення: і ў горы былі свае радасці, без пакут і шчасцю не быў бы рады. У жыцці чалавека ўсё чаргуецца, як дзень і ноч, як дождж і сонца, як зіма і лета...

А ў тым шчаслівым падлеткавым узросце чым толькі не захапляліся мае аднагодкі, чаго толькі не прыдумлялі ў нашай палескай глушы.

Глуш была сапраўдная, але хлебная і сытая, і нялёгкую дарогу да яе часта знаходзілі нейкія сумніцельныя трупы з пастарэлымі «гераінямі» і аблыселымі «любоўнікамі». Яны ставілі «Марусю Багуслаўку» і «Салдата-чараўніка», «Цыганку Азу» і «Бандарівну», з казакамі і шаблямі, гапакамі і спевамі, з трагічным каханнем і самагубствам на сцэне. За білеты часцей за ўсё плацілі жытам і салам, а такія жэўжыкі, як я, лазілі ў нардом праз адчыненае кім-небудзь спагадлівым акно і не прапускалі ніводнага прадстаўлення. Потым у абсмаленай пажарам пустой ксяндзовай стадоле з аполкаў ладзілі сцэну і паўтаралі па памяці тыя спектаклі, што бачылі ў нардоме.

Аднаго разу мястэчка ўзрушыла навіна — прыехаў і будзе выступаць гіпнатызёр. Што гэта такое, ведалі не многія, хоць і здагадваліся, што незвычайны чараўнік пакажа нешта зроду не бачанае. І прозвішча яго было дагэтуль нікім не чутае — Альберт Маран.

Як жа дапяць у нардом, каб пабачыць, што гэта за гіпноз. Пра білеты не было чаго і думаць: грошай у мамы не было, ды каб і былі, на забаўкі б ніколі не дала. Праз тое ж прыадчыненае акно я ўкуліўся ў забіты людзьмі клуб, прашыўся наперад і з-за абшмулянай спінамі грубкі ўглядаўся ў кожны крок і рух на сцэне. А там сапраўды былі ніколі не бачаныя дзівосы.

Нячутна, нібы плаваў, рухаўся невысокі шчуплы мужчына ў чорным сурдуце, з вялікім чорным бантам на шыі, і валасы былі чорныя, расчасаныя на роўны прабор і нібыта прылепленыя да невялікай круглай галавы. На століку ён узяў доўгую блішчастую шпільку, памахаў ёю са свістам у паветры, высалапіў язык, левай рукою прытрымаў яго за кончык і праткнуў навылёт. У зале войкнула некалькі жанчын, а гіпнатызёр пайшоў па праходзе, паказваючы свой прапораны язык. Гэтак жа спакойна ён праткнуў навылёт ніжэй локця руку, потым па самае дзяржанне праглынуў зіхатлівы кінжал.

Публіка прытаілася ад здзіўлення і страху, што ён можа і галаву сабе адрэзаць. Жанчыны заплюшчваліся і адварочваліся. Наздзекаваўшыся з сябе, гіпнатызёр запрасіў на сцэну жадаючую жанчыну. Доўга ніхто не адважваўся. Ён упрошваў і ўгаворваў, што ні калоць, ні пароць не будзе, пакажа «сеанс індывідуальнага гіпнозу». І ўгаварыў-такі зграбную маладзіцу, што ляскала на машынцы ў райвыканкоме. Гіпнатызёр пасадзіў яе ў зручнае крэсла, нахіліўся над тварам і доўга ўглядаўся ў яе вочы, потым вялікім і ўказальным пальцамі ўзяўся за скроні і загаварыў павольна і ціха, нібы заспяваў калыханку: «Спіце, спіце, засынайце. Вы стаміліся, вам хочацца спаць, нямеюць рукі, нямеюць ногі, вы засынаеце, вось заплюшчыліся вочы. Вы спіце, спіце глыбокім прыемным сном». Праз некалькі хвілін жанчына сядзела з заплюшчанымі вачыма і адкінутай галавой. Маран падняў яе руку, адпусціў, і яна ўпала, як пусты рукаў.

«Вам на лоб села муха, поўзае і казыча. Зганіце яе». Жанчына ляпала рукою па лбе. У зале нехта хіхікнуў, на яго засыкалі, Маран пагразіў пальцам і прыклаў яго да вуснаў, каб маўчалі. Гэта быў толькі пачатак. Гіпнатызёр устрывожана загаварыў: «У пакой праз вокны хлынула вада. Яна прыбывае і -прыбывае, падымаецца ўсё вышэй і вышэй...» Жанчына пачала паднімаць ногі, «вада паднялася да каленяў», машыністка вышэй падцягнула спаднічку, пад ёю нешта мільганула белае. У зале нехта выдыхнуў: «О-г-о-го!», а жанчына пачала грэбці рукамі, нібыта плыве. Калі спаднічка паднялася да крытычнай адзнакі, Маран абсмыкнуў яе і павольна загаварыў: «Супакойцеся. Вада сышла, небяспека мінула, свеціць і грэе сонца». Машыністка апусціла ногі і спаднічку. «Вы соладка паспалі на беразе мора, слухалі шум прыбою, загарэлі на сонцы...» Жанчына расшпіліла свой жакецік. «А цяпер будзем прачынацца... вы ўжо не спіце, вы ўсё чуеце...» Гіпнатызёр робіць рухі рукамі ўздоўж цела, фукае ў вочы, а машыністка не ўстае. У зале захваляваліся: «Можа, і не прачнецца... Хоць выспіцца за свае грошы»,— нехта пажартаваў у канцы клуба.

З дапамогаю Марана машыністка павольна паднялася, доўга далонямі працірала вочы, глядзела ў залу, відаць, не пазнаючы, дзе яна і адкуль столькі народу. Гіпнатызёр правёў яе на месца. Усе выцягваліся, каб паглядзець на яе. Сяброўка спытала: «Папраўдзе спала ці прыкідвалася, Жэня?» — «Не ведаю, дзе была. І вада лілася»,— млява адказала машыністка.

Маран прайшоўся па праходзе, спыніўся на сярэдзіне і спытаў: «Прашу жадаючага дапамагчы мне правесці яшчэ адзін сеанс гіпнозу». Усе маўчалі, пазіраючы адзін на аднаго... Маран папрасіў яшчэ раз: «Няўжо сярод вас няма ніводнага сапраўднага мужчыны? Тым больш, ніхто нічым не рызыкуе. Запрашаю трох чалавек. Як вы сябе адчуваеце?» — запытаў ён у машыністкі. «Добра»,— ціха адказала яна. «Скажыце, калі ласка, гучней».— «Добра. Вельмі добра!» — голасна паўтарыла тая.

Устаў высокі статны стругаль з арцелі Грыня Білімовіч, звонка пратупаў падкоўкамі наваксаваных ботаў на сцэну, за ім пайшлі яшчэ два хлопцы. На сцэне паставілі тры табурэткі — адну пад галаву, другую пад ногі, трэцюю пад сярэдзіну. Грыня лёг на іх. Маран пачаў закалыхваць яго павольным угаворам: «Спіце, спіце, засынайце». Ад такой «калыханкі» ў некаторых у зале заплюшчваліся вочы. Гіпнатызёр, не датыкаючыся, вадзіў над Грынем рукамі і паўтараў: «Ваша цела дранцвее, дзеравянее, напружваецца, вы яго не адчуваеце, яно стала бязважкім». З-пад сярэдзіны асцярожна выцягнуў табурэтку, тулава ніколькі не прагнулася, ляжала роўненька, як дошка. У зале ўсе замерлі. Тады Маран загадаў аднаму з асістэнтаў сесці Грыню на жывот. Загіпнатызаваны не зварухнуўся. Потым сеў цяжэйшы: Грыня як апруцянеў. Было яшчэ шмат нумароў, а першыя ўразілі і запомніліся асабліва.

Цэлы тыдзень людзі валам валілі ў нардом. Скептыкі казалі, што Маран добра плоціць сваім памочнікам, і тыя слухаюцца яго, большасць верыла ў сілу гіпнозу, некаторыя баяліся гіпнатызёра. Верыў і я.

Аднаго разу на начлезе каля не надта зыркага вогнішча я расказваў хлапчукам пра гіпнатызёра і пачаў паказваць, як ён і што рабіў; пасадзіў на пянёк паслухмянага Матронінага Алёшу, сціснуў скроні і замармытаў: «Спіце, спіце, засынайце». Потым паднімаў руку — і яна бяссільна падала, падцягваў Алёшка штонікі, ратуючыся ад «вады», рабіў усё, што я загадваў, не расплюшчваючы вачэй. Я падумаў, што так і Марана выручалі яго асістэнты, але Алёшка не прачынаўся. Я казытаў пад носам сухою сцяблінкаю, а ён і не зварухнуўся. «Хопіць, Алёшка, дурыкі строіць. Пагулялі і досыць!» А ён спіць сабе, седзячы. Мяне апанаваў страх: «А што, як не прачнецца?» Занепакоіўся і старэйшы з нас Цімох Салянскі: «Што ж ты нарабіў? Га? Давай адсыпляй назад». Я ўспомніў, як будзіў сваіх падвопытных Маран, і пачаў дзьмухаць Алёшку ў твар, прыгаворваць: «Прачынайцеся, сон прайшоў, вам трэба ўставаць, вы расплюшчваеце вочы, вам лёгка і добра. Фу-фу!» Асветленыя водбліскам вогнішча, Алёшкавы павекі ўздрыганулі і з намаганнем расплюшчыліся. Ён паглядзеў навокал, не пазнаючы нас. Устаў, але не адышоў ад пянька. Заікаючыся, спытаў: «Дзе я быў? Вады болей няма?» —і павольна, як сляпы, пайшоў да вогнішча. «Ты папраўдзе спаў ці прыдурваўся?» — сурова запытаў Цімох. «Спаў і яшчэ хачу спаць. Навошта пабудзіў? А вада аж дасюль даходзіла,— ён правёў далонню па грудзях.— Чуў твой голас здалёку-здалёку»,— прызнаваўся Алёшка.

— Скокні адвярні коней,— загадаў яму Цімох.

Алёшка павольна пайшоў у змрок вільготнага выгана, дзе тупалі і ржалі спутаныя коні.

— Ты што, папраўдзе ўмееш гэтую гіпнозу напускаць? — спытаў у мяне Цімох.

— Сам жа бачыў: спаў Алёшка і слухаўся ўсё, што ні скажу,— пачаў задавацца я, сам не верачы, што ўсё было папраўдзе. Назаўтра ўся наша вуліца ведала, што я загіпнатызаваў Матронінага хлопца.

Як і кожнаму ў такім узросце, і мне хацелася быць непадобным на іншых, нечым вылучацца сярод равеснікаў, быць здатным на незвычайнае. Сябры прасілі загіпнатызаваць іх, а я адвільваў, баючыся, што нічога не выйдзе і кончыцца мая «слава». Аднаго разу наезджая аднекуль з горада дзяўчынка Волька сказала, што ў іх ёсць кніжка пра гіпноз, і паабяцала даць пачытаць. Старую, рассыпаную па старонках, кніжку з цвёрдымі знакамі і яцямі мне далі на некалькі дзён. Каму яна была пільна патрэбна, невядома. Відаць было, што даўно ніхто яе ў рукі не браў — драцяныя сашчэпкі праржавелі, клей на карашку стачылі чарвячкі. Я старанна сшыў усе старонкі, прыляпіў вокладку і ўзяўся чытаць. Чытаў, чытаў і амаль нічога не зразумеў, але добра засвоіў некаторыя прыёмы і ўжо смялей пачаў спрабаваць свае сілы.

Таемна ад настаўнікаў дзяўчаты і хлопцы старэйшых класаў вечарамі збіраліся на вечарынкі: гулялі ў фанты, у «пошту кветак», танцавалі, шапталіся, трымаліся за рукі, а потым разыходзіліся парамі. На такія вечарынкі, як фокусніка, пачалі запрашаць і мяне. Перад танцамі я каго-небудзь гіпнатызаваў — «напускаў мух», «вады», прымушаў «тушыць агонь», часам прызнавацца ў тым, у чым ніхто ніколі б не прызнаўся. Папулярнасць мая расла. Хоць да гэтага часу не ведаю, сапраўды мне нешта ўдавалася ці проста была сумесная гульня ў гіпноз.

Хутка мае «гастролі» закончыліся. Ідучы ад хворага суседа, да нас завітаў усімі паважаны доктар Аляксандр Сцяпанавіч, нібыта папытаць, ці ўсе ў нас здаровыя. Пасядзеў, пагаварыў з мамаю, а выходзячы, папрасіў мяне правесці яго да майго дзядзькі, бо там у двары грымеў ланцугом здаравенны ваўкадаў. Толькі мы выйшлі за браму, Аляксандра Сцяпанавіч запытаў: «Гэта праўда, што ты займаешся гіпнозам?» — «Я... я... і сам не ведаю,— пачаў апраўдвацца я,— паказаў, што рабіў той, прыезджы гіпнатызёр, а яны засыналі і слухаліся, што ні загадаю».— «М-да-а...— прамармытаў доктар,— слухаюцца, кажаш, а раптам загадаеш такое, чаго б ніхто не паслухаўся па добрай волі? А? За такія фокусы засудзіць могуць. Гіпнозам лечаць спецыяльныя дактары. Той гастралёр, мабыць, меў дазвол. А табе раю больш ніколі гэтым глупствам не займацца. Зразумеў?» Я толькі чырванеў, ківаў галавою і больш ніколі не парушаў перасцярогу доктара.

У сталым веку мяне спрабавалі лячыць гіпнозам, я нават не заплюшчыў вачэй.


Загрузка...