АСІЛАК


Самаробная афіша паведамляла: «Анонс! Анонс! (што такое анонс, ніхто ў нас ве ведаў). Асілак з асілкаў — барэц Патапаў: рукі і грудзі мацней каменя і жалеза! Не пераможаны на арэнах цыркаў свету! Жывы выходзіць з магілы. Спяшайцеся бачыць. Толькі два выступленні...»

Хто ж сабе адмовіць убачыць такія цуды? Здавалася, на наша мястэчка хлынулі самыя выдатныя артысты і чараўнікі. Сакрэт быў просты: наш далёкі ад чыгункі раён быў хлебны і тлусты...

Паглядзець на асілка местачкоўцы валілі валам. У нардоме забілі ўсе праходы, сядзелі на падлозе каля сцэны, на падаконніках, прымошчваліся хто дзе мог.

На сцэну выйшаў высачэзны, даўгатвары, з запалымі вачыма, худы, але з магутнаю крутою мускулатураю мужчына. Усмешка адкрыла вялікія жоўтыя зубы. На асілку былі кароценькія сінія трусы, на запясцях — скураныя манжэты. Два пажарнікі ўнеслі нанізаныя на калок дзве трохпудовыя гіры. Патапаў іх падкідаў і лавіў, як гумавыя мячыкі. Запрасіў на сцэну шасцёра хлопцаў. Выйшлі дзецюкі адзін у адзін, асілак паклаў на шыю доўгі каромысел, за яго ўзяліся па тры чалавекі на кожным канцы, і Патапаў закруціў іх, як на каруселі. Потым скрутак шыннага жалеза наматаў сабе на руку, як бранзалет, выпростваў і зноў згінаў падковы, ламаў напал жалезны прэнт.

Вынеслі на сцэну збіты з дошак памост і выкацілі вялікі валун. Патапаў абапёрся рукамі і нагамі аб падлогу, на грудзі паклалі шчыт, а на яго ўскацілі камень, і два здаравенныя малатабойцы ўзяліся гасіць па ім вялізнымі кувадламі, толькі іскры ляцелі. Асілак трываў, пакуль не разваліўся валун напалам.

Самы незвычайны быў апошні нумар. Усе выйшлі ў двор, запалілі некалькі прамасленых квачоў, пасталі вакол свежавыкапанай ямы. Патапаў ускочыў у яе і лёг спінаю дагары, яго накрылі збітымі дошкамі і хуценька засыпалі яму ўпоравень з зямлёю. Усе замерлі ад страху: упершыню закапалі жывога чалавека. Нехта сказаў: «Адкопвайце. Ён жа затхнецца». Але пясок у яме заварушыўся, пачаў пучыцца і асыпацца, з ямы пачуўся крэкт, паказаліся тарцы дошак, з-пад іх высунулася галава Патапава, пры святле паходняў бліснула змакрэлая спіна, пясок ссунуўся, адваліўся шчыт. У яме стаяў і змушана ўсміхаўся Патапаў. Яму падалі рукі, і ён, цяжка дыхаючы, вылез з ямы, пакланіўся на ўсе бакі пад бурныя воплескі местачкоўцаў.

На другі дзень Патапаў паўтарыў усе нумары, але ў яму болей не палез. Гледачы абураліся: «Ашукаў! За тыя ж грошы з магілы вылазіў, а нам дулю паказаў». Ім хацелася за свайго паўрубля конча паглядзець пакуты гэтага дужага чалавека, а ён, відаць, болей не мог, бо і ўчора ледзьве вылез з ямы...

Ніхто не бачыў і не ведаў, калі і куды паехаў Патапаў, а хлапчукі яшчэ доўга гулялі ў асілкаў, як і ён, уцягвалі жываты, напіналі худзенькія грудзі, спрабавалі падкідаць гіры, але часцей збівалі сабе на нагах пальцы. Так гулялі ў асілка да прыезду наступнага гастралёра.

У 1930 годзе я пачаў працаваць на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Запомніўся табельны 510 нумар і абліччы сяброў па беладрэўным цэху, імёны майстроў і брыгадзіраў, пах сталярнага клею, звон цыркулярных піл, гул фугавальных і шпіндэльных станкоў, смольны дух гарачага пілавіння. Аднаго разу апоўначы, пасля другой змены, у прахадной мне сустрэўся высокі даўгатвары мужчына ў старым кавалерыйскім шынялі, у стаўбунаватай будзёнаўцы і падсмаленых залатаных валёнках. Твар быў хваравіты і жоўты, вочы гарэлі ліхаманкавым бляскам. Ён павесіў свой нумар на табельную дошку фанернага цэха і павольна пайшоў у змрок двара. У ім нешта здалося знаёмае.

— Хто гэта? — спытаў я ў вахцёра.

— О-о-о, брат, гэта не абы-хто. Можа, чуў, быў асілак з асілкаў, Патапаў яму хвамілія. Ніхто яго ніколі не пабораў, ніхто не мог зраўняцца сілаю. Была, ды сплыла. Цяпер ледзьве ходзіць. Ні сям'і, ні здароўя няма, а меў жа такую сілу!


Загрузка...