Корб-Варановіч падняўся з-за стала і наблізіўся да някліканых гасцей. Парушынкі таньчылі ў сонечным промні, што працягнуўся між ім і Асяй з Вячкам, нібыта прывідны меч. Арсенія скурай адчувала небяспеку, якая сыходзіла ад гэтага волата, ад ягонай магутнай, але падцягнутай, – ані каліва тлушчу, адны цягліцы – паставы… Гэта цяпер у фільмах пра баявыя мастацтвы героі такія сабе шчуплыя ды жвавыя, як шалёныя конікі, а раней вой павінен быў быць вось такі – плячысты, упэўнены, здольны ўзняць двуручны меч і біцца нават са смяротнай ранай… Ён страшны ў гневе, але ж як спакойна і ўтульна – за спінай такога, калі ён цябе абараняе…

Для Асі гэты ваяр быў з варожага войска.

Граф нервовым жэстам адкінуў валасы з упартага ілба.

– Калі я адмоўлюся, гэта ж нічога не зменіць? Вы ўсё роўна нешта напішаце, дафантазіруеце… Я ўжо здагадаўся, што прататыпы вашых герояў – не толькі мой дзед, але й я з гэтай спадарыняй. Што ж мне, забіць вас на месцы, каб гэтага пазбегнуць? – на хвілю Арсеніі падалося, што Корб-Варановіч змагаецца з жаданнем здзейсніць сваю прапанову. – Паэтам дадзена асаблівая ўлада. Гэта нават Аўгуст Актавіян усвядоміў, хоць і саслаў Вяргілія мерзнуць у Адэсу. Не сумняюся, у вас атрымаецца чарговы выдатны раман. І мне, і маім магчымым нашчадкам далей з гэтым жыць. Што ж… – гісторык тужліва ўздыхнуў. – Зараз я дужа заняты. Рыхтуем зборнік дакументаў да юбілею інстытута. А вось у пятніцу, гадзіны ў тры, пастараюся вызваліцца і нешта пашукаць па тэме. Прыходзьце сюды, а вы… спадарыня Вяжэвіч, не забудзьцеся прыхапіць вашу палову майго кубка.

Вядома, слова “майго” было вымаўлена з адмысловым націскам.

Калі яны выходзілі з Шэрага Гмаху, Ася папыталася Вячку:

– Слухай, а гэта праўда, што ён сказаў пра майго продка з НКУС?

Вячка падумаў, пакорпаўся ў тэчцы і дастаў адтуль тры аркушы, з самага пачатку рукапісу. Потым дадаў яшчэ некалькі з канца.

– Вось, пачытай… Гэта самы пачатак рамана, пралог, а гэта – чацвёрты раздзел. Вядома, толькі рэканструкцыя плюс фантазія.

…Лісцё каштанаў памірае вельмі непрыгожа. Яно скручваецца, згінаецца, як пальцы муміі, робіцца іржава-брунатным і падае цяжка, з панылым шоргатам, без спробаў узляцець, затрымаць падзенне. Ася назнарок наступала на скурчаныя лісты каштанаў, якія душыліся пад нагой, як вусені. На працу вяртацца бессэнсоўна – праз гадзіну канец працоўнага дня, дый адна думка пра Шэрую Будыніну выклікала агіду і камяк страху пад горлам. Як у школьніка пры думцы пра заўтрашнюю кантрольную. Хаця Скрыніч паабяцаў пагаварыць з яе начальнікам, выявілася, прыхільнікам ягоных раманаў, і замяць ейны сённяшні прагул, але Ася не была пэўная, што любоў да фэнтэзійна-авантурных раманаў на мове здольная пераважыць сокал-прынтаўскую ссунутасць на дысцыпліне. Рэдактарка брыла па вуліцы, стараючыся не сутыкацца з мінакамі, якія спяшаліся, спяшаліся, спяшаліся. Яна паглядала час ад часу на свае пярсцёнкі з рознакаляровымі каменьчыкамі. Яшма, сердалік, змеявік, кашэчае вока… І як ніколі адчувала сувязь з імі: таксама – паўкроўкі, паўвысакародныя… Але Ася не мела й найменшага жадання мяняць іх, надзейных, сціпла-прыгожых на бліскучыя і дарагія. Які ж гэты… Корб-Варановіч… нягоднік. На чысціні крыві ссунуты. Рыцар, разумееш! А не выключана, што якісь ягоны прадзед-граф ейную прабабулю, простую дзяўчыну, жорстка згвалціў! Таксама, відаць, здаровы быў, як конь… А гэты, нашчадак, сядзіць, важны, як манарх, паперкі перабірае – з такімі плячыма… Няхай бы мяхі з бульбай пацягаў ці гной параскідваў, раз сілы падзець няма куды!

Арсенія зласліва ўявіла, як Корб-Варановіч у ватоўцы і дзіравых нагавіцах арудуе віламі, а на твары ў яго грэблівая няшчасная міна… І аж заўсміхалася.

А калі на часопісным століку Асінай кватэры дымілася гарбата з бергамотам, Ася змусіла сябе дастаць з сумкі Вячкавы аркушы. І пачала чытаць з пачуццём нядбайнай гаспадыні, якая адчыняе накрыўку забытага месяц назад пад сталом рондаля з супам.

“Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі памяняцца лёсам з кімсьці з тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы...”


Раздзел 5. Вежа Грыфонаў і генерал-маляр

Двор быў вузкі і гулкі, нібы калодзеж. У промнях нізкага сонца, якое, здавалася, ляжала проста на высокім даху аднаго з дамоў, сцены, фарбаваныя ў колер паранага малака, свяціліся самі па сабе, а вокны чарнелі, як студні... На гэтым фоне цагляная вежа, цёмная, магутная, змрочная, вышынёй у тры паверхі, выглядала як пракаветны цмок, што скамянеў у чаканні забойцы ў бліскучых латах. А яшчэ вежа нагадвала трубу, і, хутчэй за ўсё, ёю і была, і страшна ўявіць, якая пад ёю магла зеўраць печка. Падабенства з трубою падкрэслівалі два жалезныя абручы, якія абхоплівалі волатаў стан.

У двары, як вада ў калодзежы, стаяла цішыня, разбаўленая таямнічым шамаценнем – на гарышчах дамоў, ды і ў самой, відаць, вежы сяліліся галубы, і час ад часу ўніз, нібыта проста з неба, зляталі пёркі. Дастаткова, каб прасякнуцца містычным трымценнем… Але камсамольцы, вядома, не маглі паддацца гатычнай містыцы.

– Вось яна, вежа грыфонаў! – ціха прамовіў Алесь. – Таварыш Павал не падмануў… Як толькі пачуў, што нам на сёмую лінію Васільеўскага вострава, дом шаснаццаць, адразу ўзрадваўся. Вось шанец убачыць унікальны помнік старога Санкт-Пецярбурга!

– І што тут унікальнага? – прабурчэў Хведар П’янкоў, зусім здарожаны, так што ягоны вастраваты нос, падобны да стрэлкі компаса, паказваў усё больш не наперад, а на піцерскую, а цяпер ужо ленінградскую, брукаванку. – Проста вялікая цагляная труба.

– Таварыш Павал расказваў, што вежу пабудаваў у васемнаццатым стагоддзі аптэкар Вільгельм Пель. Знакаміты фармацэўт… Ён, між іншым, прадаваў імператарскаму двару адмысловыя лекі “Спермін-Пель”, ад старэння і нямогласці… Рабіў ён гэты спермін… – Алесь вінавата зірнуў на Вераніку, за плячом якой заззяла здагадлівай ухмылкай фізіяномія Аўтуха,—не скажу, з чаго. Але “пастаўшчыкамі сыравіны” былі парсючкі і… кашалоты. А сын Вільгельма вынайшаў медыцынскую ампулу… Да яго ў госці прыходзіў Мендзялееў. У гэтым вось доме была аптэка і лабараторыя. Старэйшы Пель захапляўся алхіміяй, а ў гэтай вежы разводзіў грыфонаў.

– Падобных да арлоў? – прашаптала Вераніка Манцэвіч, на якую відочна ўсё-ткі паўплываў гатычны антураж.

– Яны напалову арлы, напалову ільвы, – патлумачыў Алесь, усё гэтак жа не павышаючы голасу. – Галава і дзюба арла, крылы… Астатняе ільвінае. У старажытнасці верылі, што грыфоны водзяцца ў Скіфіі. Ахоўваюць багацці. А замест яек нясуць каштоўныя камяні – агаты. Скіфы нават паказвалі прыхадням вялізныя косткі, якія нібыта належалі грыфонам – каб адпалохаць ад сваіх скарбаў.

– Паўсюль цемрашальства, паўсюль багацеі людзей дурылі, – змрочна зазначыў Аўтух Папара, адзіны з кампаніі апрануты ў сапраўдную вайсковую форму – гімнасцёрка, падпярэзаная пасам з начышчанай спражкай, галіфэ, боты... Меў права – чырвонаармеец у запасе, і каб не намагаўся з усіх сілаў здавацца старэйшым, чым насамрэч, выглядаў бы нават пры ягоным дзіцячым круглым тварыку з рэдкімі светлымі вусікамі цалкам салідна.– Навошта твайму Пелю былі грыфоны?

Зверху павольна пралунала-зляцела шэрае пёрка. Вераніка нават спалохана адсунулася, каб яно не кранулася яе. Алесь павагаўся, ці варта выяўляць далей абсалютова непатрэбныя камсамольцу веды, атрыманыя ў бацькавай хатняй бібліятэцы, у якой было поўна літаратуры па гісторыі медыцыны яшчэ дарэвалюцыйных часоў:

– Алхімія ставіла за мэту здабыць філасофскі камень, які дае несмяротнасць і веды. Гэта быў вельмі складаны працэс, і на нейкім этапе са звычайных металаў у ім утваралася золата. Ну, дакладней, цёмныя людзі верылі, што яно павінна ўтварацца. Залаты грыфон і ўвасабляў гэтае золата. Таму й распавядаюць байкі, што грыфоны выляталі з вежы. Пель, ясная справа, нешта там плавіў-пераганяў, з трубы вылятаў дым… А забабонныя людзі бачылі ў ім міфічных істотаў. Дый цяпер… Кажуць, апоўначы з вежы вылятаюць нябачныя грыфоны, і толькі адлюстраванні іх можна пабачыць у шыбах гэтых дамоў.

Вераніка аж перасмыкнула плячыма ў тонкай сіняй кофтачцы, нібыта змерзла – здавалася, двор паглядаў на гасцей дзесяткамі таямнічых вачэй, і ад гэтага холад ішоў па скуры.

– Вось пра што табе распавядаў таварыш Гукайла, калі ты хадзіў да яго ў інстытут кінематаграфіі, – асуджальна прамовіў Аўтух. – Сярэднявечныя байкі распаўсюджвае. Несалідна для камуніста і прадаўжальніка справы Маякоўскага! Нічога я ў гэтай старой развалюсе асаблівага не бачу. Толькі выгляд двара псуе. Пафарбаваць ды аддаць піянерам пад які авіамадэльны гурток. Я б лепей яшчэ раз на Смольны паглядзеў, на “Аўрору”!

– Правільна! – падтрымаў Аўтуха Хведар, рассякаючы паветра рукой, нібыта яно было вінаватае. – Чаго сюды прыцягнуліся? Два дні тупаем па Ленінградзе. Усё, што трэба, сабралі, партрэт ворага савецкай улады Корб-Варановіча ўсімі фарбамі ззяе. Чаго яшчэ? Нашто нам ягоная жонка, белагвардзейскае адроддзе? Запэўніваю – будзе выгароджваць мужанька ды ілгаць.

Алесь упарта пакруціў галавой.

– Мы павінны сабраць усё, што можна! Гэта няварта савецкага чалавека – кідаць справу таму, што стаміліся. Урэшце, у спісе для апытання, які ты, Хведар, склаў, не было ніводнага сапраўды блізкага Корб-Варановічу чалавека. Адзін дацэнт увогуле ўвесь час збіваўся на тое, што ён не менш таленавіты за Варановіча, ды згадваў, што калі яны з ім у аспірантуры вучыліся, Корб-Варановіча ўсе хвалілі незаслужана, а яго, небараку, не заўважалі. Калі чалавека жаба душыць, яна яму на лоб таксама кляйно ставіць.

– Ты што, сумняешся, што сведкі гаварылі праўду? – з ледзь заўважнай пагрозай азваўся Хведар. – Ці захацелася даведацца пра светлы бок нашага… героя?

Вераніка асуджальна паглядзела на Хведара.

– Ну што ты чапляешся! Урэшце, можаш пачакаць на двары. Калі ўжо прыйшлі сюды, дык трэба даводзіць да канца. А то грыфоны задзяруць. Чаго нам баяцца? Мы з гэтай Варановічавай пані пальчаткі зараз паздзіраем!

Дзяўчына засмяялася, перакінула залатую касу з плечука на плячук… У трох спадарожнікаў мімаволі перахапіла дыханне. Якія пасля гэтага аргумента ў праўдзівага хлапца могуць быць пярэчанні?

У пад’ездзе невыносна смярдзела смажаным селядцом, катамі, квашанай капустай… Увогуле, не атрымлівалася дакладна вылучыць асобныя партыі ў гэтай сімфоніі смуроду. За аднымі дзвярыма пакутліва аганізаваў гармонік. Кватэра нумар шэсць знаходзілася на трэцім паверсе. Прозвішчы жыльцоў на заквэцаным аркушыку ля дзвярэй – адны дапісаныя, другія выкрасленыя, значыліся густа, як прусакі на нямытай патэльні, прачытаць немагчыма, каму колькі разоў належала званіць. Тым больш званок не працаваў. Алесь рашуча пастукаў, яшчэ раз, і яшчэ, але не з’явілася нават прывіду аптэкара Пеля. Хаця ў кватэры дакладна нехта быў – жаночы голас прамаўляў нешта няўхвальнае, бразгалі тазікі… Аўтух з усяе моцы штурхануў цяжкія дзверы са шнарамі ад сякеры, і яны раптам расчыніліся. Цяпер да смуроду на лесвіцы дадаўся цёплы пах прыгарэлага цеста з кватэры. А паесці было б нядрэнна…

Алесь адагнаў няпрошаныя гастранамічныя думкі.

– Ёсць тут хто?

Кватэра як відаць нагадвала мурашнік, завешаны цынкавымі тазікамі, кожны катух тут быў прыстасаваны да жылля. З аднаго з адсекаў вызірнула кабета ў шэрай кофце з падкасанымі рукавам і сіняй паркалёвай спадніцы, з неахайным сівым вузлом на галаве, падобная да булачніцы, у якой дзятва толькі што пакрала ўсе булкі. Пантофлі на ейных нагах нагадвалі двух раздушаных трамваем пацукоў.

– Чаго трэба?

– Тут жыве грамадзянка Марына Паўлаўна Корб-Варановіч?

Нават касцяныя гузікі на кофце кабеты заззялі зласлівай радасцю.

– Нарэшце! Дайшло да жылкома, што тут прапісаны шкодны елемент, які перашкаджае жыць пралітарыяту.

– Ты ўжо пралітарыят, Марфа! – азваўся з глыбіні пакоя, з якога вызірнула кабета, насмешны мужчынскі голас з п’янаватым хрыпатком. – Ці даўно семкі на Віцебскім вакзале прадавала? Не слухайце яе, грамадзяне начальнікі, Марынка добрая баба. І сынок яе харошы. Ціхія, спагадныя…

– Маўчы, боўдзіла! А то за сваёй Марынкай зараз у кантору пойдзеш! – лена гукнула кабета ўглыб пакоя і зноў утаропілася ў Аўтуха, чыя вайсковая форма, безумоўна, была для яе гарантыяй навядзення парадку ў кватэры і надзеяй адхапіць пару лішніх метраў за кошт выселенай “контры”. – Там яны жывуць, елементы, па правы бок калідора, апошнія дзверы. Дома яна, нават калі не адчыніць. Вы, таварыш начальнік, разбярыцеся, з чаго гэта нейкая пані будзе пакой займаць, які пралітарыяту належаць павінен! Да яе ўвесь час муж-буржуй прыязджае, у акулярах і капелюху. Прадукты чамаданамі возіць! Мальцу свайму веласіпед купіў. За якія грошы? Яна нават хрысціцца – сама бачыла! А я свядомая, я ў Бога не веру! Чуеце, людзі, зараз Марынку высяляць будуць!

Апошнія словы цётка крычала ўжо за спінамі студэнцкай дэлегацыі.

Напэўна, тыя крыкі было добра чуваць і ў апошнім пакоі справа па калідоры. Таму што дзверы яго адчыніліся, варта было Алесю адзін раз нягучна стукнуць.

Худзенькая жанчына з укладзенымі на галаве русявымі косамі, у штапельнай сукеначцы ў дробныя брунатна-бэжавыя кветкі з бялюткім каўнерам з усіх сілаў намагалася захоўваць спакой і выглядаць годна. Але тонкая яе рука, што трымалася за сцяну, дробна дрыжэла. Гэта было вельмі непрыемна назіраць, і Алесь перавёў вочы на твар з далікатнымі нервовымі рысамі.

– Вы Марына Корб-Варановіч? Мы з Беларусі, з Менску. Студэнты універсітэта.

У вялікіх блакітных вачах, абкружаных тонкай сеткай зморшчын, палыхнуўся жах.

– Што… што з Апанасам?

– Ды нічога з ім не здарылася, не хвалюйцеся вы так, – гэта прамовіла Вераніка, якая чамусьці страціла ваяўнічы запал.

– Мы проста хочам спытаць тое-сёе, – Аўтух Папара, які лічыў сябе чалавекам бывалым, адагнаў няёмкасць, як класавага ворага. – Можа, мы зойдзем? У вас тут шумна, на калідоры…

Жанчына неахвотна зрабіла запрашальны жэст, і студэнты ўваліліся ў пакой, у якім адразу стала невыносна цесна. Алесь з цікаўнасцю агледзеўся. Абстаноўка была спартанская. Шафа, два жалезныя ложкі з худымі коўдрамі, два старыя крэслы, стол, накрыты вязаным карункавым абрусам, на ім парцалянавыя кубкі. Хіба што магло палічыцца раскошай – кнігі на паліцах, збольшага энцыклапедыі ды слоўнікі, і чорнае піяніна, уціснутае ў кут ля дзвярэй, як збяднелы родзіч. Ніводнай фотакарткі, ніводнага партрэта. Алесь падумаў, што гэта падазрона. За вакном бачна асветленая сонцам верхняя частка вежы грыфонаў.

– Што вы хацелі ў мяне спытаць?—Марына Паўлаўна Корб-Варановіч стаяла на фоне акна, таненькая, спалоханая, упартая… Алесь, які так ірваўся сюды, разгубіўся, не ведаючы, з чаго пачаць – не пачнеш жа “я ненавіджу вашага мужа, ён вялікарускі шавініст”… І зноў праявіўся Аўтух.

– А чаму вы зноў да Апанаса Іванавіча ў Менск не пераедзеце?

Жанчына не зварухнулася.

– Яму там і без нас цяжка. А ў мяне тут цікавая праца. Я касцюмер у тэатры Ленсавета.

– А ў якасці каго ваш муж у Лаўрына Карыбутовіча служыў? – гэта ляпнуў Хведар П’янкоў, ды яшчэ такім здзекліва-ўладным тонам, што Алеся перасмыкнула. Калі гэта Хведар-вятрак навучыўся так прамаўляць? Гаспадыня ганарліва закінула галаву, Алесь падумаў, так робяць, каб не праліліся няпрошаныя слёзы.

– Колькі можна… Я ўсё шмат разоў распавядала вашым калегам яшчэ ў Менску. Усё сто разоў імі ж праверана. Так, мой стрыечны брат Паўлюк у 1918-м патрапіў у атрад Карыбутовіча “Ваўкалакі”, але ў тым жа годзе і загінуў. Яму было ўсяго семнаццаць. Мы не мелі з ім аніякай сувязі. Ні я, ні тым болей мой муж. Апанас Іванавіч увогуле тады быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, на пасаду ўпаўнаважанага па рэквізіцыі фуража. А я ў 1918-м нарадзіла, у маці ў Клецку, роды былі цяжкія, Паўлік з’явіўся на свет вельмі слабенькі… Так што, самі разумееце, нам было не да ўдзелу ў контррэвалюцыі.

Жонка дацэнта гаварыла дастаткова цвёрда, з ледзь прыхаваным гневам. Што ж, цяпер зразумела, чаму Корб-Варановіч не вязе сваячку белагвардзейца ў Менск. Алесь намагаўся прымусіць сябе ўзненавідзець і яе, як ейнага мужа. Але тонкія рукі, якія абсівералі, відаць, ад халоднай вады, і такая кранальна ганарлівая пастава, сукеначка з таннага штапелю і стамлёны блакіт вачэй, абкружаных зморшчынкамі, нічога агульнага не мелі з вобразам ворага. Вось слінцяй, аблаяў сябе Алесь і азірнуўся на Вераніку, якая стаяла, падціснуўшы вусны, у самых дзвярах і ўпарта маўчала. А яшчэ збіралася “пальчаткі здзіраць”.

– А дома Апанас Іванавіч калі-небудзь размаўляў па-беларуску? – гэта Аўтух вымудрыўся. Трэба ж, якое хітрае пытанне… Гэта не пугаю па вадзе – нешта з’ясуецца. П’янкоў вунь як вушы натапырыў, быццам збіраецца імі матылёў лавіць.

– Апанас Іванавіч выдатна валодае дзесяццю мовамі, – холадна адказала Марына Паўлаўна. – Роднай мовай ён лічыць беларускую. І, вядома, ён размаўляў і на ёй. Як і на рускай. Што ў гэтым злачыннага? – і раптам маска абыякавасці зноў зляцела з яе.

– Усё жыццё цкуюць чалавека! За што? – жанчына дастала з шуфлядкі стала тэчку, развязала тасёмкі. У тэчцы захоўвалася некалькі газетных выразак і спісаныя ад рукі аркушы.

– Гэта яшчэ дарэвалюцыйнае… “Студент из Западных губерний Корб-Воронович проявил возмутительную приверженность к не заслуживающим доверия теориям профессора Евфимия Карского. И более того, в своей работе, представленной на соискание места в аспирантуре при кафедре языковедения пошел еще дальше своего учителя, утверждая, что белоруссины – не исконная часть русской народности, и их диалект должен не ассимилироваться, но, наоборот, фиксировать и усугублять свои отличия от общеупотребительного русского языка. Мы, группа студентов филологического факультета, истинных патриотов великой России, требуем исключения из университета господина полячишки Корб-Вороновича”. Вы ведаеце, што пасля гэтага ліста Апанасу давялося пайсці на фронт?

Марына Паўлаўна брала ў рукі аркуш за аркушыкам:

– “Вредоносные идеи сепаратистского кружка про-западных настроений… Среди участников выделяется студент Афанасий Корб-Воронович, считающий себя “белорусом” и говорящий об угнетении в российском государстве национальностей”. “Мы вас, жидомасонов, насквозь видим, и происки ваши против великого русского народа будем сурово наказывать”. Гэта ананімны ліст, падкінулі ў пошту.

Марына Паўлаўна сабрала паперкі ў тэчку. Алесь зразумеў – захоўвае ў спадзеве выдаць Корб-Варановіча за ахвяру царскага рэжыму. А жанчына горка прагаварыла:

– Ён адпакутваў тут за сваю беларушчыну напоўніцу. Цяпер вы мучаеце яго там. Чым ён гэта заслужыў? І чаму вы, ягоныя землякі, хочаце яго смерці?

Алесь апусціў вочы. Ён ніколі не думаў, што станецца з Корб-Варановічам, калі яны дамогуцца свайго. Хацелася толькі, каб ненавісны прафесар перастаў у іх выкладаць, і ўвогуле куды-небудзь знік… А ён жа можа знікнуць і на Салаўкі, ці… Вось жа – стаіць сталая жанчына, якая ўжо сівее, у сваім уласным пакойчыку. Перад ёю чацвёра смаркачоў, і яна не можа іх вытурыць. Гэта яны нібыта маюць уладу зрабіць з ёю ўсё, што заманецца…

Недзе прабіў гадзіннік: адзін, два, тры, чатыры…

– А вы можаце даць нам гэтыя дакументы? – Хведар прагна цягнуў руку да тэчкі, але Марына Паўлаўна схавала яе ў стол.

– Вазьміце ордэр на ператрус і забірайце ўсё.

– Так ужо і ўсё? Ёсць такія таемныя месцы… Сховішчы… Падземныя, напрыклад… Дзе цэлая банда схавацца можа.

Алесь так і не зразумеў, ці Хведар ведаў, на што намякае, ці атрымалася выпадкова, але гаспадыня пакойчыка зноў збялела і затрэслася, як быльнёг на вятры.

– Магу толькі паўтарыць – я не ведаю нічога пра белагвардзейскае сховішча ў падпольнай царкве! Не бачыла я ў Ройна ніякай другой царквы, акрым той, што ўжо рэквізавалі пад зернясховішча. І Апанас не бачыў. Гэта мясцовы міф, казка, легенда, якім ужо некалькі стагоддзяў. Апанас проста запісаў ад якогась стогадовага дзеда, змясціў у свой зборнік… Такія легенды маюцца ў кожным фальклоры – праклятыя храмы на дне возера ці пад курганам. Гэта ўсё роўна што патрабаваць дакладны адрас пячоры, дзе сядзіць цмок.

– Добры дзень! – хлапечы голас прагучаў за спінамі дэлегацыі. Госці расступіліся, прапускаючы ў пакой бялявага хлопчыка гадоў адзінаццаці, у белай кашульцы з піянерскім гальштукам. Ён быў вельмі падобны да маці. Вялікія блакітныя вочы, тонкія вусны… Хіба ўпарты высокі лоб – як у Корб-Варановіча… Ды і ў Алеся Вяжэвіча.

Хлопчык стаў побач з маці, у адной руцэ ён трымаў парусінавы партфель, а другую вельмі па-даросламу, нібыта абараняючы, паклаў Марыне Паўлаўне на плячук. Гаспадыня паглядзела на сына, і твар яе прасвятлеў пяшчотай і гонарам. Калі яна перавяла позірк на прыхадняў, яны адчулі, што ў іх ахвяры з’явілася моц.

– Спадзяюся, адказала на ўсе вашыя пытанні. А цяпер папрашу пакінуць нас. Паўліку трэба займацца.

У двары па-ранейшаму было ціха і бязлюдна, хаця з суседніх вуліц даносіліся грукатанне ламавых рамізнікаў, крыкі тачыльшчыкаў, малочнікаў, веташнікаў ды верашчанне дзятвы. А тут з вежы грыфонаў вызіралі нябачныя пачвары. Алесь нібыта заўважаў іх жоўтыя вочы-агеньчыкі ў чорных прагалах пад дахам вежы.

Вераніка, якая ўвесь час візіту маўчала, прамовіла ціха:

– Не варта было заходзіцца. Толькі… зблытала яна мне ўсё.

– Ну чаму ж не варта? – маленькі твар Аўтуха скрывіўся ад зласлівай радасці. – Белякоў трэба прыціскаць да пазногця, не шкадуючы. Я ўжо нагледзеўся, калі мы белабандытаў на Случчыне ганялі… – Аўтух чамусьці азірнуўся, нібыта баяўся, што на яго зараз наляцяць залатыя грыфоны ці тыя белабандыты. – Здараецца, такая кабета плача, і плача, і такая ўжо няшчасная, і такая бяскрыўдная – папхні-павалюся… А яе мужык у гэты час затаіўся на гарышчы і стрэльбу на нас навёў… І толькі й чакае, каб мы зручна павярнуліся, каб усіх перастраляць, як зайцоў. І дамачка пра гэта цудоўна ведае, таму й захліпаецца, як паламаная катрынка.

– Ну навошта вы так, – спахмурнела Вераніка. – Што яны могуць нам зрабіць, гэтая Марына Паўлаўна і яе сын? Толькі – паплакацца…

– Вось бачыш, ты паддалася ўплыву ворага! – зласліва ўзрадваўся Аўтух. – Гэта вельмі лёгка. Вунь як Міхась Зарэцкі – якім здаваўся нашым, чырвонаармеец, талент! А цяпер – калі ласка. Паслугач фашыстаў! Аднойчы звярнуў са сцежкі…

– Чакай, Аўтух, – не пагадзіўся Алесь. – з Зарэцкім – дакладна памылка выйшла. Як там яго назвалі ў “Рабочым” – “Взбесившийся мелкий буржуа”? Ды хіба так можна! Ну, памыліўся таленавіты пісьменнік, але ж ён у рэвалюцыю верыць! У Беларусь!

– Веру ў рэвалюцыю трэба кожны дзень абнаўляць! – пафасна, як і ўсё, што ён пісаў, вымавіў Папара, і Алесю раптам зрабілася неяк непамысна. І страшна… Ці сам ён, Алесь, не памыліцца аднойчы? Ці… Вераніка? Непрадказальная, гарэзная Вераніка, дачка чыгуначніка, якая любіць бегаць па рэйках і збіраць жаўтацвет на адхонах, чытае Жуля Верна і ведае на памяць “Дванаццаць” Блока? Што, калі аднойчы і Вераніку выкрыюць, як “абмыліўшуюся”? Ці зможа Алесь адмовіцца ад яе вось так, як зараз павінен адмовіцца ад Міхася Зарэцкага, чые творы яшчэ нядаўна былі для яго ўзорам сапраўднай літаратуры? Алесь успомніў газетную справаздачу пра сход партыйных ячэек… Міхась Чарот, паэт, якога Алесь таксама любіў, заявіў: “Безнадзейна нянькацца з Зарэцкім, і далейшае быццё яго, кулацка-шавіністычнага элементу, у нашых шэрагах немагчымае”. Колас абмыляўся… Сам Купала… Дый Паўлюк Гукайла, футурыст і крытык, бясстрашны падпольшчык, які перабег з паняволенай Заходняй Беларусі, гарачы, але гранічна шчыры, нездарма з Менску з’ехаў у Ленінград… Алесь чуў, што таварыша Паўла ледзь не арыштавалі. А вось Корб-Варановічу – як расою ўмыўся.

Вяжэвіч азірнуўся на Вераніку. Яна ішла апошняй, разглядаючы высокія каменныя дамы з калонамі, балконамі і ляпнінай. Зверху то шчэрыліся мармуровыя ільвіныя пашчы, то пазіралі сляпымі вачыма барадатыя каменныя галовы, і раптам Алесю падалося, што Вераніка не ў сіняй паркалёвай кофтачцы і кароткай шэрай спаднічцы, а ў панскай сукенцы з гарсэтам, і вузкі шлейф цягнецца за ёй па брукаванцы, як захоплены позірк мінака… А замест чырвонай хустачкі на залатых валасах – гарэзны капялюшык з пухнатым пёркам невядомай птушкі… Як добра, што яна ўсё-ткі не паддалася адгаворам П’янкова і паехала з імі!

“И веют древними поверьями

Её упругие шелка…”

Алеся працяў сорам, нібыта нехта мог прачытаць ягоныя думкі… Яшчэ б Надсана згадаў, цюхцяй… Усё гэта – буржуазная адрыжка, плакальшчыкі… Таварыш Фадзееў у часопісе “На литературном посту” дакладна напісаў, што перадавы мастак пралетарыяту пойдзе не па лініі рамантыкі.

Чаму ж гэта так прыгожа?

Яны выйшлі на Універсітэцкую ўзбярэжную. Сонца, рэдкае ў Піцеры, чамусьці гэтыя два дні вырашыла суправаджаць беларускіх гасцей, нібыта верны сармацкаму звычаю шляхціц. Цяпер яно апусцілася нізка над шпілямі палацаў па той бок Нявы. Піцер… Перламутравыя, серабрыстыя, металёвыя адценні – холад і высакароднасць – як срэбнае блюда з раскладзенымі на ім ракавінкамі і марскімі каменьчыкамі... Алесь адчуў, як у ягоную камсамольскую душу ўпаўзае захапленне і трывожная любоў да гэтага горада… Да ягоных балоцістых нетраў і каменных берагоў… І як горка, што ў каханым Менску няма нічога падобнага да гэтых неверагодных палацаў і сабораў… Як здорава, напэўна, жыць тут! Але ўспомніўся ідэалагічна няправільны верш Язэпа Пушчы “Ліст да сабакі”, напісаны некалькі гадоў таму ў Ленінградзе:


“...У сталіцы не дазволяць жыць табе,

Адзет ня будзеш ты ў парадны кіцель,

Ня будзеш мець заслугі-мэдаля,

Зьбягуцца і абступяць цябе гіцлі,

І будзе шмат іх, дзе ні стань, ні глянь.

Жыві, жыві, знаць, дома лепей…”


Хведар між тым паспеў адбегчыся да гандляркі піражкамі, і цяпер уся чацвёрка ішла, занятая немудрагелістай студэнцкай вячэрай. НЭП скончыўся разам са стракатым і гаманлівым светам лавачак, закусачных і карабейнікаў, і гандлярка піражкамі цяпер стаяла за жалезнай скрынкай на колах з акуратным надпісам: “Ленторг”. І піражкі ў яе былі па фіксаванай цане, спечаныя ў дзяржаўнай фабрыцы-кухні і толькі аднаго гатунку.

– А пра якое сховішча ты пытаўся, Хведар? Што за падземная царква? – пацікавілася Вераніка.

– Ды ёсць такая чутка… – ахвотна патлумачыў Хведар. – У зборніку беларускіх паданняў Корб-Варановіч змясціў казку пра падземную царкву ў Ройна. А мясцовыя камбедчыкі распавялі, што гэта, магчыма, замаскаваныя звесткі пра бандыцкае логвішча… Там жа дасюль белабандыты арудуюць недабітыя! І ніяк не зловіш, нібыта пад зямлю хаваюцца. Ты ж, Алесь, таксама з Ройна родам, можа, чуў што пра сутарэнні, таемныя цэрквы?

– Ды адкуль? – паціснуў плячыма Алесь, дажоўваючы піражок, які так хутка скончыўся. – Я ў тым Ройна два разы ў жыцці быў… Апошні раз на бабуліным пахаванні. Хіба што бацька ведае? Хаця й ён з таго мястэчка ў шаснаццаць гадоў як з’ехаў, так і… А як бабуля памерла, у нашай леснічоўцы зусім чужыя людзі пасяліліся, па разнарадцы з райкаму.

– А ты спытай бацьку, як вернешся, – запатрабаваў П’янкоў. – Не забудзься толькі!

– Спытаю… Спытаю… Калі з ім гаварыць можна будзе…

Цікава, ці перастаў бацька набірацца, як Марцін мыла? Добра, хоць матулі ніколі не чапае… Але столькі піць – і Галілей урэшце зробіцца дурны, як кавальскія гарны. А ён жа доктар! Ад яго жыцці залежаць!

– Кто шагает дружно в ряд? – піянеры на чале з бледнатварай па-піцерску дзяўчынай-важатай ішлі насустрач бадзёрымі шэрагамі. Алесь не адразу зразумеў, што за такое вялікае, брунатна-чорнае, яны валакуць – здавалася неверагодным, што дзеці здатныя несці такую гаргару. Калі атрад наблізіўся, выявілася, што гэта – вялізная фігура з пап’е-машэ, якая мусіла ўвасабляць, напэўна, сусветны імперыялізм ці канкрэтна лорда Керзона: таўстун у чорным фраку і цыліндры пагойдваўся круглым жыватом уверх на руках піянераў, нібыта ўпаляваны дзівосны звер. Відаць, да агітспектакля рыхтуюцца.

Мы на горе всем буржуям

Мировой пожар раздуем!

Левой! Левой! Левой!

Вось каго трэба слухаць, а не Блока! Уладзіміра Маякоўскага, якога пераймае таварыш Павал Гукайла. Таварыш Маякоўскі ўжо дакладна не дапусціў бы сентыментальнасцяў і слабасцяў і не засіліўся б, як Сяргей Ясенін, ад чыёй паэзіі камсамольцу таксама трэба адрачыся…

Студэнты прыціснуліся да парапету, па той бок якога жыла сваім халодным бурлівым жыццём Нява, і прапусцілі чырвоную змену.

– Больш ніхто тут не ходзіць! Ніякіх піянераў! Здымаецца рэвалюцыйнае кіно! – даляцеў аднекуль спераду камандзірскі голас, узмоцнены рупарам. Алесь страпянуўся:

– Таварыш Гукайла! Пайшлі да яго хутчэй! Трэба ж развітацца!

І пабег туды, адкуль чуўся голас, і дзе тоўпіліся людзі.

Кінакамера прымасцілася ля самога парапета, там, дзе пачыналіся прыступкі да вады. Унізе, на краі пірса, стаяў матрос у парванай на грудзях і заляпанай чырвонымі плямамі марынарцы, са звязанымі за спінай рукамі. Выгляд у яго быў такі, нібыта ён зараз парве зубамі любога, хто наблізіцца, і кроў абліжа. Насупраць матроса, ля другога краю пірса, паныла стуліўся белагвардзейскі генерал (калі верыць бліскучым пагонам), худаваты, з абвіслымі сіва-чорнымі вусамі. Генерал непамысна тузаўся ад няўхвальных воклічаў з цікаўнага натоўпу на свой адрас, ягоны вузкі лоб пакутліва моршчыўся. Каля кінакамеры размахваў рукамі, у адной з якіх была жалезная варонка рупара, каржакаваты чалавек, яшчэ досыць малады, але страшэнна важны: на ім быў расшпілены часучовы пінжак, з-пад якога бачылася бялюткая кашуля з вышываным гальштукам, дыхтоўныя адпрасаваныя нагавіцы, бліскучыя чаравікі з гамашамі… Русую шавялюру прыціскаў капялюш з шырокімі брыламі, а дазволіць сабе насіць буржуазны ўбор, калі нават былыя графы перайшлі на кяпуркі і цюбецейкі, мог не кожны таварыш.

– Ну што ты сагнуўся, як пусты стручок! Ты ж генерал! Арыстакрат! Плечы разгарні, падбароддзе ўгару, і ненавідзь, ненавідзь гэтага матроса! – крычаў начальсцвенны чалавек на адрас генерала.

– Я ж не артыст, таварыш Гукайла! І не арыстакрат! Я маляр! – жаласна прагаварыў белагвардзеец тонкім, амаль бабскім, голасам. – Дайце мне другую ролю!

– Па-першае, гэта дэзерцірства, таварыш Гаўрылаў! Вы выконваеце важную для камуністычнай агітацыі ролю. Па-другое, у рэвалюцыйных фільмах павінны здымацца не недабітыя буржуі, а пралетарыі. А па-трэцяе… Няма чаго траціць час! За працу! Падайце яму сцяг!

Асістэнт, жвавы хлопец з саламянымі валасамі, падбег да “генерала” і ўсунуў яму ў рукі кавалак чырвонай тканіны.

– Таварыш Гукайла, а можна мне рукі развязаць? Сцерхлі! – таксама нечакана жаласна прагаварыў суворы матрос у скрываўленай марынарцы. – Я іх проста так за спінай трымаць буду!

– А як матросы ў семнаццатым цярпелі? – зароў Гукайла.—Мы тут не ў цацкі гуляем! Мы праўду перадаем! Дадайце яму крыві на фізію…

Асістэнтка з дзіцячымі банцікамі на косах шчодра намазала твар матроса чырвонай фарбай, так, што той пачаў адплёўвацца чырванню, якая зацякала на вусны. Плямы з агідай распаўзаліся на антрацытавых хвалях Нявы.

– Матор! – раўнуў Гукайла. Генерал падняў перад сабой, трымаючы абедзьвюма рукамі, сцяг:

– Глядзі, чырвоная морда! Вось так з усімі вамі будзе!

Тонкі голас белагвардзейца зусім не вязаўся з пагрознымі словамі, добра, што кіно – не тэатр, галасоў не чуваць. З відочнай цяжкасцю тканіна паддалася малярскім рукам, і з глухім трэскам парвалася напалам…

– Ну вось, з першага разу! Малайчына! – задаволена крыкнуў рэжысёр. – А то – слабасільны я, слабасільны… Ну што, наступную сцэну?

– Таварыш Гукайла, трэба было б буйнымі планамі гэта ўсё зазняць…– са здзеклівай ветлівасцю прагаварыў адзін з кіношнікаў, меланхалічны брунет у касцюме, з прылізанай грыўкай, падобнай да тлустай коскі. – Асобныя кадры… Як сцяг ірвецца… Мужны твар матроса… Разумееце, гэта пасля манціравацца будзе. А так, агульны план – невыразна. І яшчэ Леў Барысавіч здымае звычайна некалькі дубляў кожнага эпізоду…

– Плёнку народную не эканоміць ваш Леў Барысавіч! – шырокі твар Гукайлы пайшоў чырвонымі плямамі. – Не разумею, чаму мяне прызначылі ўсяго другім рэжысёрам. Сцэнарый мой, працую я ўдарнымі тэмпамі… І пакуль ваш Леў Барысавіч у шпіталі, працаваць будзем, як належыць! Па-пралетарску! Усе нормы перавыканаем! Ну, добра… Давайце там… буйны план…

Да радасці назіральнікаў, генералу загадалі падняцца на ўзбярэжную і ірваць сцяг перад самай камерай, так, каб на экране былі відаць толькі ягоныя драпежныя імперыялістычныя рукі. Але калі артыст пачаў тузаць чарговую анучу, Гукайла злосна закрычаў:

– Стоп! – падбег да маляра, схапіў таго за руку і падняў яе ўверх, дэманструючы асістэнтам. – Гэта, па-вашаму, рука царскага генерала, га?

Маляр апраўдваўся:

– А што, таварышы? Я ж казаў, я працоўны чалавек! Ну, раструшчыла было два пальцы на будоўлі…

Вузлаватыя доўгія пальцы маляра нагадвалі не вельмі ачышчаныя ад зямлі карэнні, ды яшчэ не ўсе былі ў наяўнасці, і сапраўды аніяк не маглі належаць панскаму нашчадку.

Гукайла раз’юшана азірнуўся вакол:

– А ну, шукайце мне чалавека з патрэбнымі грэбзамі!

Асістэнты разбегліся ўбакі, як вадамеркі ад кінутага ў сажалку камяня.

– Павал Валер’евіч! – над парапетам паказаўся заліты чырвоным твар матроса – небарака, забыты ўсімі на пірсе, самавольна падняўся наверх. – Можна мне рукі развязаць?

Балтыйская чаіца, заходзячы на віраж над здымачнай пляцоўкай, пранізліва крыкнула нешта няўхвальнае.

– Ды развяжыце гэтага ныціка! – адмахнуўся Гукайла і пачаў абводзіць поглядам натоўп, выглядаючы рукі… Піцерцы шарахнуліся, намацваючы кішэні… Нікому відавочна не хацелася ірваць рэвалюцыйны сцяг.

– Таварыш Павал! – нарэшце насмеліўся падаць голас Алесь Вяжэвіч. – Гэта мы!

Гукайла спыніў на ім незадаволены позірк.

– А, землякі… – і адразу ж нядобра ажывіўся. – Пакажы рукі!

І згас.

– Не падыходзяць... Надта далікатныя. А ты, Аўтух?

Папара неахвотна згадзіўся на агляд…

– Сямён, Ніначка! Сюды! – раўнуў Гукайла. Як ні дзіўна, але ў худога Аўтуха рукі аказаліся самыя што ні ёсць генеральскія – далоні, як лапаты, пальцы, як сасіскі, пры гэтым пазногці дагледжаныя… Збянтэжаны паэт не паспеў апамятацца, як яго апранулі ў генеральскі мундзір і паставілі перад камерай. Ён толькі жаласна мармытаў, трымаючы перад сабой анучу, ужо не чырвоную, а шэрую, бо чырвоныя скончыліся:

– Я ж сялянскі сын… Я камсамолец... Я не магу…

– Ды не тузайся, дурню! Па-першае, на экране будуць толькі твае рукі. Па-другое, лічы гэта камсамольскім даручэннем. Матор!

Чайкі кружлялі пад юлёва-жоўтым небам, якое рыхтавалася да бясчынства белай ночы, і іх выкрыкі чамусьці страшэнна нагадвалі істэрычны рогат. Аўтух, счырванеўшыся да слёз, пад вясёлыя каментары лігаўскай шпаны, якая заняла першыя шэрагі назіральнікаў, разадраў ужо трэцюю анучу – Гукайла ўсё-ткі наважыўся зрабіць дублі, відаць, каб заторкнуць раты асістэнтам. Кіношнікі, хаця й слухаліся пакорліва, аднак не прапускалі магчымасці падкрэсліць, што маюць справу з непрафесіяналам. Калі з Аўтуха знялі царскі мундзір, Алесь зноў наважыўся гукнуць земляка.

– Таварыш Павал, мы сёння ад’язджаем…

Рэжысёр сунуў рупар меланхалічнаму брунету:

– Здымай далей сам… Буйны план з матросам.

І павёў Алеся, расштурхваючы натоўп. Вераніка, Аўтух і Хведар пацягнуліся следам, прычым Аўтуха здзекліва піхалі і крычалі ўслед: “Енерал!”

Яны сталі пад ліхтаром, якому гэтай ноччу з нагоды ейнай белай хваробы выпаў выходны. Шпіль Адміралцейства ўтыркаўся ў нізкае паўночнае неба, быццам штык.

– Ну што, значыць, будзем развітвацца… Прывітанне Беларусі. – Гукайла чамусьці гаварыў холадна, зусім не так, як учора, калі яны толькі прыехалі і ён дапамагаў ім з адрасамі і начлегам. – Усё сабралі? Ворага выкрылі?

– Сабралі, усё, што трэба, сабралі, – запэўніў П’янкоў. – Можа і вы што дадасцё?

Гукайла, аднак, нат не зірнуў на яго. Увогуле, Алесь толькі цяпер усвядоміў, што Гукайла і раней ігнараваў прысутнасць Хведара, нібыта той быў бясплотным ценем.

– А ты, прыгажунька, толькі расцвіла пад ленінградскім халодным сонцам... Хочаш, у кіно цябе здыму?

Вераніка зачырванелася і матлянула залатой касой.

– Тады шчаслівай дарогі.

І адвярнуўся ўбок Нявы.

Алесь, трохі разгублены такім лаканічным развітаннем, рушыў за сябрамі ўбок Віцебскага вакзала.

– Гэй, Вяжэвіч, аловак свой забяры! – пачуўся вокліч услед. Алесь паслухмяна падбег, хаця дакладна ведаў, што ніякага алоўка ён таварышу Гукайлу не даваў. Той чакаў яго, сур’ёзны і нават устрывожаны.

– Ты, Алесь, чалавек прамы і гарачы, як і я быў у свой час. Пакуль рогі не абламалі. Таму… пастарайся думаць, перш чым нешта зробіш.

Словы рэжысёра прагучалі вельмі нечакана, ды Алесь чамусьці не дужа здзівіўся, нібыта ў ягонай свядомасці ўжо выспела тлумачэнне… Але ён усё-ткі перапытаў:

– Вы… пра што?

– Я пра жыццё… і смерць.— змрочна прагаварыў Гукайла. – Расказвалі мне пра вашую… даследчую працу гэтымі днямі. Запомні, не кожны сябар, хто табе ў рот заглядае. Не кожны вораг, хто табе ў вочы сваю праўду выкажа. Часам варта рот на замку патрымаць, а вачыма пільней глядзець. Асабліва, калі нехта аблізвае позіркам тваю дзяўчыну, быццам кот – закрыты жбан са смятанай.

Гукайла зняў капялюш, вецер, які пах морам і смерцю, ускудлаціў ягоныя валасы, і Алесь убачыў іншага Паўлюка – шырокатварага цемнавокага беларускага хлопца з Налібоцкай пушчы, патомнага інсургента. Ад ягоных словаў душа студэнта сціскалася, быццам ад марозу.

– Я за рэвалюцыю любому глотку парву. Я пад бізунамі ў дэфензіве ляжаў… Я ў пятнаццаць год жандараў вось гэтай рукой… З нагана… За рэвалюцыю – а не за якогась дзядзьку, які беларускай душы не разумее, і не бачыць вялікай бяды, калі беларусы, як асобны народ, увогуле знікнуць. Злодзей гучней за ўсіх крычыць – “Трымай злодзея”. Запомні, хлопец: мы – беларусы. Мы – тыя, каму не дадзена права на існаванне, але мы жывем, як ні выполваюць, ні прымінаюць коламі, ні выпальваюць. Галоўнае – каб з карэннямі не выдралі… Каб дзяцей не пазбавілі памяці пра тое, што яны – беларусы. Вось і ўсё, што я хацеў табе сказаць. І калі ў цябе ёсць хоць кропля мазгоў, студэнт, і прыстойнасць – а каб я ў гэта не верыў, я б табе нічога не сказаў – ты гэтыя мае словы засунеш зараз у самы далёкі куток сваёй памяці. З’ясаваў?

Алесь моўчкі хітнуў галавой, і, сціскаючы ў пальцах гукайлаў хімічны аловак, які той усё-ткі ўсунуў яму ў руку, пабег даганяць сваіх. Вераніка стаяла на фоне вечаровага неба і каменных плітаў светлая і таненькая, як свечка, а П’янкоў шыўся ля яе, нібы цёмны васковы нагар. Аўтух раздражнёна азіраўся, і Алесь раптам з усёй яснатой зразумеў, што Папара, “спявак калгасаў і заводаў”, насамрэч не любіць не толькі Корб-Варановіча, але і калгасы, і заводы, і яго, Алеся. І ўвогуле – любіць толькі сябе.

– Пра што ён з табой гаварыў? – нібыта між іншым папытаўся Хведар. Алесь паглядзеў у ягоныя вочы з алейным бляскам і чамусьці адказаў няпраўду:

– Ды так, раіў на цягнік не спазніцца… Ну і запрашаў яшчэ прыязджаць.

Да цягніка заставалася гадзіна, а Віцебскі вакзал яшчэ далёка… Хутка з вежы грыфонаў пачнуць вылятаць прывідныя стварэнні, і Марына Корб-Варановіч, напэўна ж, пабачыць іх адлюстраванні ў сваім вакне.


Раздзел 6. Падземная царква і амерыканка

“Старыя людзі кажуць, што там, дзе зараз гаік ля Ройна, стаяла царква. Вельмі прыгожая і багатая. Пабудавалі яе два браты-князі. Будавалі, а царква ўсё рушыцца. Мо таму, што браты ніяк не маглі дамовіцца, імем чыйго святога апекуна яна будзе называцца. Старэйшы хацеў, каб ягоным – святога Юры, малодшы – каб ягоным, святого Язэпа… А сцены ўсё рушацца, старэйшы меншага папікае, што той вінаваты, меншы злосць тоіць… Тады ім дзядок адзін параіў: скончыць спрэчкі, узяць кубак срэбны, кроўю сваёй удваіх яго напоўніць і ў падмурак замураваць. Так зрабілі, кроў сваю змяшалі, царкву асвяцілі ў імя святога Юры, і яна болей не рушылася. Тады князь Юры, старэйшы каторы, пайшоў на вайну, а меншы, Язэп, застаўся ў палацы. От старэйшы вяртаецца, і багацця прывёз з сабою, золата ў куфрах, і нават карону. І захацелася малодшаму тае кароны. Той і кажа старэйшаму: “Пайшлі найперш у царкву, памолімся, што ты шчасліва вярнуўся”. Ну, пайшлі яны, нікому не сказаўшы. Зайшоў старэйшы ў царкву, а малодшы дзверы за ім зачыніў на замок, і тады з падмурку кубак са сваёй і братавай крывёй дастаў і кроў тую перад брамаю выліў. І царква разам са старэйшым братам у зямлю правалілася. Вярнуўся малодшы дамоў, але ж агледзеўся: а карону брат ягоны з сабою ў царкву таемна ўзяў – хацеў абразу Маці Божае яе ахвяраваць. Ну й шкада сталася малодшаму князю кароны, спрабаваў у царкву неяк спусціцца, аж і знаку яе ўжо няма. А і шчасця ў князя болей не было. Багацце ягонае ўсё сышло, адзін срэбны кубак застаўся. На месцы, дзе царква правалілася, гаік вырас, малодшы князь пасля смерці ў лесуна ператварыўся і ў гаіку тым дасюль жыве, уваход у царкву шукае і срэбны кубак вартуе. Праз шмат гадоў пастушок адзін ройнаўскі праз гаік ішоў, нагой на нешта напароўся – ажно гэта крыж залаты з зямлі тырчыць. Пастушок ухапіўся за вярхушку крыжа, пацягнуў – і ён уверх як пойдзе, цэла царква падымаецца… Але тут лясун выскачыў у ваўчынай скуры, загалёкаў. Хлопчык, ведама, спалохаўся, упусціў крыж. І царква адразу назад, у зямлю, і нейкі плач, енк нібыта з яе пачуўся. Кажуць, каб царкву падняць, трэба ў лесуна адабраць срэбны кубак і зноў напоўніць братняю крывёю, і над крыжам падземнай царквы паставіць. А мы, малыя часта бегалі ў гаік, паслухаць, як пад зямлёй нехта моліцца, можа, князь старэйшы. Калі ў акрузе бандыты панскія з’явіліся, якія хацелі ў нас царскую грамату на волю забраць, яны ў царкве хаваліся, бо іх князь замураваны ўпусціў. Таму іх і пералавіць не маглі. І цяпер, як каму трэба схавацца – ці ад рэкрутчыны хто ўцякае, ці ад помсты – самае вернае, калі старэйшы князь падземную царкву для цябе адамкне. А адмыкае ён толькі тым, у каго іншае надзеі няма”. Запісана ад Апанаса Кульчы, 98 г., в. Ройна Наўскага пав.”.

Неяк Ася адказвала ў блогу на флэш-моб-апытанку: “Пяць рэчаў, якія я ненавіджу”. Адказвала, кіруючыся дэвізам “Вы хочаце патасу? Фіг вам, сябры”.

Атрымалася, што Ася ненавідзіць:

1. Калі ідзе дождж, вецер ірве з рукі парасон, аж спіцы выварочваюцца, а ў другой руцэ – цяжкая сумка.

2. Апранаць калготкі на мокрае цела, напрыклад, у распранальні басейна.

3. Калі лезеш у кашалёк, каб расплаціцца з манікюршай, і пераконваешся, што лак на пазногцях яшчэ не высах.

4. Пішаш тэкст у прыпадку натхнення, падымаеш вочы на манітор – і бачыш, што апошнія дзесяць хвілінаў у вордзе была ангельская мова.

5. Едзеш у грамадскім транспарце, і ёсць вольнае месца на двайным сядзенні, але нехта ўсеўся не ля вакна, а з краю – бо яму хутка выходзіць. А табе аблом угаворваць пасунуцца ці, яшчэ горш, праціскацца самому на месца ля вакна. І ты стаіш і чакаеш, што чалавек вось-вось сыдзе, і тады спакойна сядзеш, а ён усё не выходзіць…

Уплыў пункту пятага Ася цяпер адчувала на сваёй нервовай сістэме. Немаладая дзеўка ў клятчастым кароткім палітончыку, з вейкамі, на якія быў укладзены цэлы цюбік падробнай французскай тушы, ціскала на кнопкі мабільніка, як радыстка Кэт, і Ася проста не ў змозе была пераадолець сябе, каб сказаць “Ці не маглі б вы пасунуцца?”, альбо “Дазвольце, я сяду…”. Таму цярпліва навісала над эгаістычнай дамай, трымаючы проста над яе галавой разгорнутую кнігу народных казак і легендаў. Таміна была цяжкая, тралейбус, доўгі, з “гармонікам”, трэсла на паваротах, як пракаветны воз, словы старога падання мігцелі ў свядомасці, як зерне кавы ў кавамолцы, і Ася амаль ужо даспела да таго, каб абараніць свае пасажырскія правы…

– Так, Анжэла… Прабач, я, вядома, памятаю, што ты Ларыса… Ларыса Пампееўна… Што ў цябе? Мне зараз не вельмі зручна гаварыць…

Нізкі мужчынскі голас гучаў дзесьці за спінай. Ася адразу закруцілася, заазіралася – звыклы інстынкт беларускамоўнага чалавека ў горадзе на гук роднае мовы: хутчэй за ўсё, пабачыш знаёмца.

О так, гэта быў знаёмец. Нават са спіны і наводдаль, з-за чужых плеч Ася пазнала яго па той дрыготцы нянавісці, якая прайшлася па ейным целе. Корб-Варановіч. Трэба ж, яна была ўпэўненая, што халёны гісторык ездзіць толькі на ўласным аўто. А ён, як просты смяротны… А можа, машына ў рамонце? Ці ён скнарышча, на бензін шкадуе? Спрадвечная народная логіка: у госці трэба ісці басанож, а боты несці на кіёчку…

Мабільнік гісторыка быў, відаць, настроены на высокую гучнасць, бо нават Ася пачула пранізлівы жаночы голас па той бок бяздротавай сувязі. Корб-Варановіч адказваў з прыхаванай тугою і змушанай ветласцю:

– Ларыса Пампееўна, я ўсё памятаю. Я абавязкова куплю сінія фіялкі. Так, роўна сем штук. Не, яны не будуць у гаршчэчку. І прашу, прымі свае таблеткі…

Раптам з тэлефону пачулася спяванне… Суразмоўца завяла оперную арыю. Ася не залічвала сябе да меламанаў, таму не магла вызначыць, што менавіта спявалася, тым больш наколькі прафесійна, але Корб-Варановіч нават на нейкі час адняў трубку ад вуха і адвярнуўся… Потым сабраўся з духам і працягнуў размову:

– Усё, Анжэла… Ларыса.. Хопіць… Цудоўна, цудоўна спяваеш… Танальнасць самае то. Усё. Прымі таблеткі. Пакуль.

Ася хуценька адвярнулася. Размова відавочна не прызначалася для старонніх вушэй, жонка там Варановіча па мабільніку спявала, палюбоўніца ці дачка… Арсеніі дужа не хацелася, каб гісторык заўважыў, што яна за ім назірае, і ўвогуле ейную прысутнасць. І цяпер думала, ці не праехаць лішні прыпынак – бо кіраваліся яны з Корб-Варановічам у адно месца, а менавіта ў ягоны інстытут, дзе мусілі сустрэцца са Скрынічам і ягонымі інтэлектуальнымі фантазіямі. Дзеля якіх Ася, між іншым, выпрасіла тры дні за свой кошт па “сямейных абставінах”, і, відаць, толькі дзякуючы таму, што начальнік атрымаў ад Вячкі кніжку з душэўным аўтографам і перакананасць, што ў Асі і Скрыніча ўсё дужа сур’ёзна.

Імжыў паскудны восеньскі дожджык, які наліпаў на твар, як халоднае павуцінне, Шэры Гмах, родны брат Шэрай Будыніны, падзяляў раніцу на “да працы” і “на працы”. Ася, як магла, запавольвала крок, каб постаць Корб-Варановіча аддалілася на бяспечную адлегласць, але выйшла як заўсёды. Няёмка і непрыгожа. Даніла Раманавіч азірнуўся, нібыта адчуў позірк, які свідраваў ягоную абцягнутую светлай плашчоўкай спіну, і адразу пабачыў Асю, якая па-дурному шарахнулася ўбок, інстынктыўна хаваючыся за нейкую цётку. А Корб-Варановіч, вядома, прыпыніўся. Шляхціц. Трэба даму пачакаць. І Асі давялося, угнуўшы галаву, набліжацца да гісторыка, які адразу ж падняў над ёй свой чорны парасон. Парфума “Х’юга Бос” дадаткова нагадала, што з начальнікам няварта ўступаць у нефармальныя размовы. Да таго ж, адзіны позірк, які ахвяраваў Вяжэвічаўне нашчадак графаў, быў дастаткова красамоўны. Ён змерыў ад пятаў да макаўкі ейную постаць: доўгая чорная спадніца, высокія чорныя чаравікі на шнуроўцы, на рубчатай тоўстай падэшве, чорны джынсовы плашчык, зверху чорны шаль з кутасамі, фенечкі, пярсцёнкі, грыўна з белага металу на шыі… У паветры лунала: сярэднявечную прынцэсу з сябе ўяўляем, а прадзед у НКУС служыў? Так яны, пасля лаканічнага прывітання, і дайшлі моўчкі да дзвярэй, нібыта пасаджаныя на адзін ланцуг ворагі.

А Скрыніч ужо чакаў ля Варановічаўскага кабінету, як заўсёды, праскочыўшы праз усе ведамасныя рагаткі.

…Срэбны кубак пабліскваў на пісьмовым стале, цалюсенькі, як стагоддзі таму, змацаваны тонкай гумкай цялеснага колеру. Вячка прагна аглядаў яго з усіх бакоў, ледзь не датыкаючыся драпежным носам да пацямнелага срэбра. Грубаватая чаканка выяўляла паляванне – лемпард, высока ўскідваючы лапы, нёсся над цацачнымі ялінкамі і дамкамі, за ім беглі харты, і спяшаўся на прыземістым дрыгканце вершнік з узнятым мечам… Праўда, тая палова кубка, якая належала Корб-Варановічу, з вершнікам, была больш бліскучанькай – відаць, акуратны гісторык адчышчаў адмысловымі сродкамі.

– Пятнаццатае стагоддзе, – багавейліва шаптаў Вячка. – А я, калі малюнак у справе вашага прадзеда знайшоў, і не марыў, што ўдасца вось так… На свае вочы…

– Я таксама не спадзяваўся пабачыць кубак цэлым, – змрочна прагаварыў Корб-Варановіч. – І ўвогуле, не спадзяваўся, што гісторыя майго роду раптам ажыве, і я павінен буду клапаціцца, каб на паверхні гэтага кіпню не з’явілася брудная пена. Павінен… Дарэчы, я вельмі, вельмі вам уздзячны, Вячаслаў. Тое, што вы напісалі пра майго прадзеда, пра ягоных знаёмых, пра тую эпоху… Гэта важыць болей, чым тамы навуковых даследванняў. І прабабку я менавіта такой і ўяўляў. Яна ж была настаўніцай беларускай мовы – а калі пачаліся пераследванні прадзеда, яе нідзе ў школу не бралі. І дзед мой толькі з трэцяга разу ў інстытут паступіў. На фізіка. А з трэцяга курса – на фронт… Ведаеце, якая прабабка Марына была? – твар Корб-Варановіча прасвятлеў, шэрыя вочы заззялі.– Аднойчы ў іх двор прыйшлі вандроўныя музыкі – скрыпач і сляпы спявак з прыгожым моцным голасам. Марына Корб-Варановіч якраз была ў двары і пачала падпяваць… Захапілася, заспявала на ўвесь голас… Атрымалася дужа хораша, суседзі з вокнаў павысоўваліся. І скрыпач угаварыў прабабку пайсці з імі ў суседні двор. І яна згадзілася – спявалі рамансы, народныя песні… Накідалі ім грошай болей, чым звычайна… Вядома, усё засталося музыкам. А прабабка проста была шчаслівая, што ўдалося наспявацца – у камуналцы асабліва песню не завядзеш… Дзед гэты выпадак часта ўспамінаў.

– А калі яны на Беларусь вярнуліся? – не вытрымала, пацікавілася Ася. Корб-Варановіч, відаць, ужо змірыўся з яе існаваннем побач з сабою, таму, хоць болей і не ўважыў позіркам, адказаў:

– Калі прадзеда выслалі ў Саратаў, прабабка з сынам паехалі за ім. А праз два гады яго яшчэ далей адаслалі. Ажно ў Ханты-Мансійскую вобласць. І жонку ўжо з ім не пусцілі. А ў 1937-м на яго запыт у лагер прыйшоў з Беларусі. Адвезлі ў Менск, збіраліся выкарыстаць у новай справе, зняць паказанні. А ён маўчаў. Я ведаю, бо ён – Корб-Варановіч. Памёр ад катаванняў у бальніцы. Вам сказаць, чый подпіс маецца на пратаколе аб ягонай смерці “ад сардэчнай недастатковасці”?

Ася зразумела, што зноў гаворка пра ейнага продка. Вось прычапіўся… Ёй да таго прапра… як да леташняга снегу. Мала хто з продкаў кім быў… Хоць піратам Карыбскага мора. А граф працягваў, але ягоныя вочы ўжо нагадвалі шэры лёд:

– Прабабуля да апошняга не ведала, што муж памёр. Пасылкі слала, аб спатканні прасіла… А дзед, іхні сын, выжыў. Вярнуўся з фронту ў медалях. Вось тады яны з маці ў Менск і перабраліся. Але спадар Скрыніч гэта і так добра ведае… У архівах сядзеў, напэўна, не менш за мяне… Плюс пісьменніцкая інтуіцыя.

Позірк, які Даніла Раманавіч кінуў на Вячку, Асі не спадабаўся: у ім была і нейкая сабачая адданасць, і баязлівая трывога… Ды ён жа ў такой залежнасці цяпер ад Вячкі, раптам з жахам усвядоміла прадстаўніца роду Вяжэвічаў, што калі Скрыніч загадае яму ўтапіцца, пад пагрозай, што ў выпадку аслушэнства апаганіць вобраз Корб-Варановічаў у сваім несмяротным рамане – гэты, як сабачка Му-Му, паслухмяна пабяжыць у човен, да вяроўкі з глыжом… Вось рарытэт… Відаць, лічыць, што і Ася павінна за гонар роду на крыж лезці… Дзівак.

Мабільнік Корб-Варановіча загаласіў паланезам Агінскага. Гісторык скасавурыўся на свой тэлефон, нібыта спадзяваўся, што той сам па сабе заторкнецца, трохі прамарудзіў, паднёс да вуха…

Зноў спяванне нявызначанай арыі. Скамянелы твар слухача.

– Анжэла, я дужа заняты. Так, Ларыса Пампееўна. Я не забыўся. І фіялкі. Забягу ў восем. Пакуль.

Корб-Варановіч адключыў мабільнік і раздражнёна схаваў яго ў кішэню сваёй камізэлькі, на гэты раз не з чорнай скуры, а са светлай замшы, апранутай паўзверх шэрага гольфа, трохі святлейшага, чым мінулы раз. Але зноў ніякага пінжака, замест нагавіцаў – штроксы колеру марэнга-клэр, як сказаў бы модны шляхцюк дзевятнаццатага стагоддзя, што азначала адценне дыму на полі бойкі Напалеона пры Марэнга. Падобна, начальнік аддзела не дужа шанаваў касцюмы і не вельмі радаваўся “оперным” тэлефанаванням.

– Ваша жонка, відаць, спявачка? – Скрыніч, вівісектар кляты, бязвінна пазіраў зялёнымі вачыма з вечнай шалёнай іскрынкай на сваю чарговую ахвяру.

– Была…– удавана абыякава адказаў Корб-Варановіч. – Спявала ў оперным тэатры, праўда, у невялікіх ролях.

– Невялікіх роляў не бывае, – збанальнічаў Вячка, які не збіраўся кідаць плённы занятак вярэджання чужой раны, калі ўжо пашчасціла на яе натрапіць.—А якое сцэнічнае імя вашай жонкі? Я, магчыма, прыпомніў бы, я ў оперу хадзіў… Ларыса Пампееўна Корб-Варановіч?

Арсенія паспрачалася б на свой улюбёны пярсцёнак з сердалікам, што Вячка ў жыцці ў оперу не хадзіў, ну хіба пару разоў на халяву. Проста яму карціць дзеля аздобы сюжэту яшчэ трошкі душы выцягнуць з фанабэрыстага гісторыка. Вунь як той плямамі пайшоў.

– Насамрэч яе завуць Анжэла Сідарэвіч, – не дужа ахвотна адказаў Корб-Варановіч. – А Ларыса Пампееўна… Ну, проста яна любіць, каб яе называлі ў гонар Ларысы Пампееўны Александроўскай.

– Як гэта – у гонар?

Арсенія гатовая была зараз забіць Вячку, і нават адчувальна выцяла яго пад сталом нагой у цяжкім камелотаўскім чаравіку. Вячка і не здрыгануўся, не адрываючы паляўнічага позірку ад ахвяры. Корб-Варановіч ганарыста закінуў галаву:

– Анжэла не зусім здаровы чалавек. У тэатры сем гадоў таму былі скарачэнні, яна засталася без працы, голас пачаў псавацца, ды яшчэ мы з ёю напярэдадні… развяліся. Перажыванні… Стрэсы… Карацей, – у голасе гісторыка пачуўся выклік. – Яна лічыць сябе рэінкарнацыяй Ларысы Александроўскай. Усё, я задаволіў вашую цікаўнасць?

Ася гатовая была скрозь зямлю праваліцца ад няёмкасці. Мастацкая дэталь вылушчаная з рэальнасці. Разам з крывёй.

Толькі цяпер Арсенія ўсвядоміла, што Корб-Варановіч носіць заручальны пярсцёнак, які для яе адназначна быў сведчаннем сямейнасці, не на правай, а на левай руцэ. Усе Асіны знаёмыя развядзёнкі і развядзёнцы заручальных пярсцёнкаў увогуле не насілі. А ён носіць. Усё яшчэ кахае? Ці проста паказвае, што не жадае лёгкіх знаёмстваў?

Гэты пярсцёнак Корб–Варановіч зараз змрочна круціў на пальцы. Жэст, зусім як у яе, Асі.

Ну чаму яна, літрэдактар, не валодае ўсімі гэтымі прыёмчыкамі маніпулявання людзямі, каб “вырульваць” размову куды трэба? Сядзіць вось так звычайна, язык праглынуўшы, толькі ў галаве бліскучыя ідэі мітусяцца, як нязлоўленыя плоткі. А Скрыніч, як сыты вампір, адкінуўся на крэсле:

– А цяпер “хатняе заданне”, сябры! Вы зрабілі свае радаводы для параўнання?

Корб-Варановіч палез па свой дыхтоўны партфель з брунатнай тоўстай скуры, які кінуў быў пад стол, і дастаў вялікі аркуш, складзены ў чатыры столкі. Ясная справа, ён не чакаў Вячкавага загаду, каб скласці радавод… Рознакаляровае радаводнае дрэва вілося ва ўсе бакі, нагадваючы водарасці, аблепленыя ракавінкамі. Ася не сумнявалася, што арыгінал даўно вісіць у рамачцы на сцяне графскай кватэры.

Так… Шаснаццатае стагоддзе. Браты Варановічы, Георгій і Іосіф. Георгій загінуў у дваццаць пяць гадоў, нашчадкаў няма. І заканчваецца – Даніла Варановіч, апошні з роду.

Арсенія зацікаўлена схілілася над малюнкам. Усе лініі абрываюцца… Адна толькі таненькая цягнецца ўверх. Цікава, пры сабе пан Даніла не пазначыў імя жонкі… Самотны. На вастрыі свайго роду…

– А ты, Арсенія?

Ася пачырванела і дастала аркушык са школьнага сшытка ў краткі. Корб-Варановіч выразна хмыкнуў.

– Усяго да чацвёртага калена? Малавата будзе! – весела пракаментаваў Вячка. – І да таго ж у цябе Вяжэвічы – усе па жаночай лініі. Гэта няправільна. Бацька і дзед – зусім іншых прозвішчаў. А прызнайся, ты запісала прадзеда Аляксандра Вяжэвіча, дзякуючы таму, што прачытала пра яго ў маім рамане?

– І што? – агрызнулася Ася, усё яшчэ абураная. – Не ўсе могуць пахваліцца прысутнасцю продкаў у радаводных кнігах. Што ведаю, тое ведаю…

– А ў бабулі хіба не пыталася пра Алеся Вяжэвіча? – пацікавіўся па-настаўніцку Скрыніч.

– Пыталася... – буркнула Ася. – Бабуля пачала ўспамінаць, як ейная маці, Вераніка Змітраўна, нагаравалася ў вайну з ёй, маленькай, на руках, як падаліся яны ў вёску да далёкіх сваякоў, як ад карнікаў уцякалі, у партызанах былі, як пасля вайны пасяліліся ў Менску ў падвальнай камуналцы каля Опернага тэатра. Маці працавала ў школе, а яна паступіла ў харэаграфічную вучэльню. А пра бацьку свайго толькі й сказала, што маці, як яго ўспомніць, так і плача, і плача… Бедны, кажа, бедны. Загінуў малады. І ўсё. Ні паперкі, ні фотаздымка, ні нават радавой легенды. Прабабка рана памерла, яшчэ да таго, відаць, як рэабілітаваць пачалі. Таму й маўчала пра мужа. Пра дзеда ўвогуле нічога не ведаю. Адзін раз бабуля прагаварылася, што быў суворавец. Сувораўская вучэльня побач зусім была з іх камуналкай… Але не пажаніліся, хаця й вяселле былі прызначылі, бо ён чагосьці спалохаўся… Доўга прасіў прабачэння, плакаў, казаў, што кахае, але надта хоча стаць у будучым генералам… А бабуля ганарлівая, выгнала і не стала дапытвацца, чым яна яму перашкаджае ў кар’ерных планах. Думала, што не захацеў з дзеўкай без адукацыі жаніцца – яна ж, як з вучэльні сышла, нікуды не паступіла з-за нейкай траўмы, працавала швачкай.

– Проста суворавец ваш даведаўся, што ягоная каханая – дачка ворага народа, – задумліва прамовіў Корб-Варановіч. – Ён жа быў будучы афіцэр, армейская эліта, так што ўсе сувязі адсочваліся. Ну і паставілі хлапца перад выбарам… Тым болей справа была, наколькі я разумею, яшчэ да Хрушчова…

Арсенія раздражнёна зірнула на дзядзьку, чыя прысутнасць працягвала яе злаваць і нерваваць. Але ягоная гіпотэза была падобная да праўды.

– Магчыма, і так… Праверыць не магу. Так што не было ў маім дзяцінстве старой вясковай хаткі, куды на лета прыязджаеш “далучыцца да каранёў” і сырадою. Добра, бабуля па-беларуску любіла размаўляць, “Сымона-музыку” на памяць чытала, “Курган”, вершы Багдановіча… Гэта мая прабабка-настаўніца яе навучыла. А то б засвойвала я “дзэканне” па спевах “Н.Р.М.”…

– Якая розніца, якімі шляхамі чалавек прыходзіць да радзімы, – словы Асі чамусьці зачапілі Вячку. – Я дзеканне ў дваццаць гадоў толькі засвоіў. Пісаў ужо аповеды пад Караткевіча, а прамаўляць правільна не ўмеў. Скуль дзіцяці асфальту… І нічога, як бачыце, авалодаў. А колькі маіх аднакурснікаў родам з вёсак, чые бацькі чысцютка на мове ўсю жытку прагаварылі, як і яны самі ў дзяцінстве басаногім, патрапіўшы ў горад, напіналіся тлумачыцца “на языку”, усё жыццё пазбаўляюцца ад акцэнту і зненавідзелі беларушчыну, як сведчанне сваёй правінцыйнасці. Вось гэта – “штучнасць”!

Ноздры Скрыніча раздзімаліся. І Ася згадала, што яго не аднойчы шчыкалі крытыкі за “штучнасць мовы”. Комплекс, відаць, сядзіць – наконт недахопу аўтэнтычных матчыных калыханак у духоўным выхаванні… Маці Скрыніча, наколькі Арсенія ведала, калі й нешта магла яму напяваць, дык хіба “Yesterday”, бо вырасла на “Бітлах” і Высоцкім, ніколі не была замужам, працавала гукааператарам на радыё і апраналася ў пацёртую джынсоўку. Сынавы раманы чытала, але яны ёй не падабаліся. Затое Вячка не вырас “мамчыным сынком”, як часта здараецца, калі самотная кабета адна гадуе сына.

– І так, усё пачынаецца з двух братоў, якія цудоўна ўпісваюцца ў легенду пра падземную царкву, Юрыя і Язэпа Варановічаў. Прыдомак “Корб” калі ў родзе з’явіўся? – раманіст вярнуўся да сваіх марыянетак.

– Пры Жыгімонце Старым, – прабурчэў гісторык.

– Не ад сваяцтва з аўстрыйскім дыпламатам Іаганам Корбам, выпадкам?

Адкуль толькі Скрыніч столькі розуму набраўся?

– Не. Проста адзін з роду ажаніўся з уладальніцай старажытнага герба “Кораб”. На ім залаты карабель з ільвінымі галовамі і мураваная вежа з зубцамі. Шлюб быў дужа ганаровы для Варановічаў, ну і…

– Ясна, удасканалілі прозвішча для важнасці, – легкадумна падрахункаваў Вячка, не звярнуўшы ўвагу, як пераняўся нашчадак роду. – Два браты, дзве царквы… Пад зямлёю і на зямлі. Класічная падвойная беларуская існасць. Паводле легенды, малодшы брат, Язэп, забіў старэйшага. Потым пабудаваў царкву святога Язэпа. Пра царкву святога Юрыя згадваецца ў тастаменце аднаго з Корб-Варановічаў, які завяшчаў паставіць туды нейкі куфар, да магілы Юрыя Варановіча. Там жа гаворыцца пра таямніцу, якая перадаецца старэйшаму ў родзе. Ці не магло гэта быць прызнаннем у злачынстве і звесткамі пра месца пахавання старэйшага брата? Ну і пра тую “карону” з легенды? Можа быць, царква святога Юрыя – усяго толькі капліца? Усыпальніца, якую няцяжка схаваць у зямлі? І кубак, рассечаны напалам – ключ туды, палову якога далі на захаванне верным слугам.

– Гэта ўсяго толькі легенда, – гісторык разглядаў свае счэпленыя на стале далоні. – Памяць – тоўшча вады… Усё скажаецца, вобразы мяняюцца… У ваколіцах Наўя ёсць Ваўкалацкі лес і легенда пра ваўкалакаў з дзвюма пашчамі. А нядаўна гісторык Паліна Чарапавіцкая высветліла, што ў часы паўстання Каліноўскага ў тым лесе дзейнічаў атрад інсургентаў, якім кіраваў чалавек па прозвішчы Ваўкалак. Ён проста любіў апранаць ваўчынае футра, і ў яго на твары быў глыбокі шнар ад шаблі – вось вам і “другая пашча”! Менавіта таму падчас рэвалюцыі там і з’явіўся атрад Лаўрына Карыбутовіча “Ваўкалакі”, Карыбутовіч, гэткі рамантык-тэрарыст, любіў выкарыстоўваць старасвецкую атрыбутыку. Не варта верыць усяму наўпрост… Забойства радавітым шляхціцам роднага брата, да таго ж старэйшага – гэта ніяк не магло не адлюстравацца ў дакументах, – над попельнымі хвалямі валасоў Корб-Варановіча так і ўяўлялася шляхецкая шапка з дыяментавым “гузам”, такая ж, як на партрэтах, што цямнелі на сценах кабінета. – Разумееце, змяняўся спадчыннік роду – і паколькі шляхта ўся павязаная кроўнымі сувязямі, абавязкова быў бы розгалас і судовы разбор. Нашым продкам вадзіцца ды судзіцца была раскоша, судовыя дакументы чытаць цікавей, чым летапісы. Ва ўсіх дакументах запісана – Георгі Варановіч загінуў падчас бітвы на рацэ Вядрошы. Малалікае ліцвінскае войска пад началам маладога гетмана Астрожскага білася там з войскамі Івана Трэцяга. «Было масквы 40 000 конных, апроч пешых, а лiтвы чатыры з паловай тысячы... i сышлiся абодва палкi ў бiтве, i бiлiся да шасцi гадзiн абодва палкi...” Летапісец сцвярджае: «Там з-за трупаў конь не скакаў…”. Хто са шляхты выжыў – забралі ў маскоўскі палон. І Астрожскі, і Храбтовіч, і Осцік правялі дзевяць гадоў у няволі. Так што смерць… колькі там яму было? – дваццацігадовага князя ў тае калатэчы аніяк не выклікае падазрэнняў. Нідзе гэта не аспрэчана. Вінаваціць чалавека ў забойстве ўласнага брата на падставе пяцісотгадовай байкі? – гісторык раздражнёна паціснуў плячыма. – І згодзен, дзе б магла хавацца цэлая царква? Нерэальна. Я быў у Ройна не адзін раз, легенду пра падземны храм адна старая толькі й памятала – паказвала на кукурузнае поле. Відаць, там рос гаік, які згадваецца ў зборніку прадзеда.

– Таксама пераканаўча, – пагадзіўся Вячка, але Ася не сумнявалася, што ніхто яго ні ў чым не пераканаў. – Але…

Паветра страсянуў пранізлівы гук сірэны, падалося нават, што вакол прайшлі кругі, як па паверхні вады.

Вось ён, тэст на экстрэмальную сітуацыю… Арсенія скамянела, сціснулася, стаіла дыханне… М-да, не быць табе, дзеўка, Жанай д’Арк і Аміляй Плятэр. Вячка, звычайна маланкарухавы Вячка, цяпер толькі лена пацягнуўся, скептычная ўсмешка кранула вусны. Во самаўладанне… А масіўны Корб-Варановіч ужо матэрыялізаваўся ля дзвярэй, нібыта пругка пераляцеў па паветры, як лемпард, і крычаў у калідор:

– Што здарылася?

Уладны ваяводаў вокліч.

Нейкая жанчына, відаць, на бягу пачала нешта верашчаць-адказваць, але ўсе гукі тут жа накрыў забойча-спакойны барытон з усіх радыёкропак:

– Шаноўныя супрацоўнікі і наведвальнікі! Праводзіцца планавая вучэбная эвакуацыя з будынка. Захоўвайце спакой і парадак. Карыстайцеся схемамі эвакуацыі, якія размешчаныя ў кабінетах і калідорах. Просьба неадкладна пакінуць памяшканне.

Дробны тупат і ўсхваляваныя галасы на калідоры засведчылі, што народ наш дысцыплінаваны, як мае быць. Яшчэ трохі напалохаць, і пачнуць па галовах адзін аднаго бегчы. На твары Корб-Варановіча загалоўнымі літарамі была напісаная агіда.

– Дасылалі, здаецца, на тым тыдні паперу пра гэтую… эвакуацыю. Але я не паверыў, што й праўда магчымы такі маразм.

– Можа, пойдзем? – нясмела віскнула Ася, у душу якой патроху запаўзала інстынктыўная паніка: усе ж бягуць, можа, і праўда нешта страшнае, а ім не гавораць, каб не напалохаць…

Вячка пагардліва сплюнуў. Ну, так, Аксана расказвала, што ён усе школьныя лінейкі ды сустрэчы з ветэранамі ўпарта ігнараваў, а калі й быў на іх, дык з такім адсутным выглядам, што настаўнікі шалелі.

Корб-Варановіч, да здзіўлення Арсеніі, таксама не выяўляў асаблівых парыванняў да дысцыпліны. А яна лічыла, што ён такі пунктуальны і добранадзейны…

– Вось што, скарыстаемся магчымасцю пасядзець у цішыні…– рашуча прамовіў пан Даніла. – Калі вы таксама не хочаце ўдзельнічаць у гэтым фарсе, ёсць у мяне тут адна хованка... Ніякія шакалы не пралезуць.

– О кэй, дзядзька! – Вячка ажно праззяў і дазволіў сабе нечуваную інтымнасць у звароце. – Наш чалавек! Вядзі…

Арсенія, уздрыгваючы ад кожнага новага завывання сірэны, з жахам глядзела на абаіх мужчын. І ясна разумела: яны вар’яты! Што адзін, што другі. Няўжо да іх не даходзіць, што ў будынку можа апынуцца бомба, ці пажар, ці тэрарысты, ці… Асін жах меў містычную падбіўку: яна была пэўная, што збываюцца ейныя мары пра выбух у Шэрай Будыніне, толькі здзяйсняецца ўсё ў Шэрым Гмаху – кажуць жа, што калі ўвесь час пра нешта думаць, яно матэрыялізуецца… Вось яе і пакаралі вышэйшыя сілы – наклікала катастрофу, а што, калі сама ў ёй апынешся?

Але Вячка ўжо схапіў Асю за руку і пацягнуў услед за Корб-Варановічам.

“Схованка”, куды прывёў іх гісторык, аказалася катухом з адзіным вакном на нахіленай сцяне пад самай столлю – нібыта яны знаходзіліся ў куфэрку, які трохі прыадчынілі. Уздоўж сценаў грувасціліся кардонныя каробкі, напэўна, з паперамі, а пасярэдзіне – стары кухонны стол з калісьці белымі ножкамі і зялёная праціснутая канапа. Супрацоўнікі Шэрага Гмаху не надта маглі разгульваць па горадзе ў працоўны час, “дзякучы” прапускной сістэме, але, падобна, кампенсавалі гэта, нефармальна ўладкоўваючы свой працоўны побыт. Ася адчула прыступ дэжавю: зусім нядаўна яна гэтак жа сядзела ў таемным прытулку Шэрай Будыніны…

Выццё сірэны сціхла, як і тупат. Усё… Цяпер, калі што – ім, не зажадаўшым удзелу ў “фарсе”, гамон.

Срэбны кубак з гумкай на таліі красаваўся на кухонным стале.

– Вы звярнулі ўвагу на асаблівасць легенды пра двух братоў? – загаварыў Вячка, як нічога ніякага. Рэдактарка паспрабавала засяродзіцца на нечым, акрым магчымага выбуху.

– Нейкая задоўгая легенда, – няўпэўнена прагаварыла яна, пакутліва ўспамінаючы нешматлікія заняткі па фальклоры ва ўніверы. – Нагрувашчана ўсяго… Магло на некалькі легендаў хапіць.

– Вось! – Вячка ўзняў палец. – Не легенда – а бабілёнская вежа, якая стагоддзямі нарастала, пакуль не рассыпалася. У аснове – пазнавальны міф пра Рамула і Рэма. Успомніце: два браты нешта будуюць, спрачаюцца з-за таго, чыё імя яно будзе насіць. Адзін брат насміхаецца над другім, што сцены, якія той узводзіць, рушацца, абражаны забівае насмешніка. Збудаванню застаецца імя забойцы. Усё!

– Вы хочаце сказаць, што першааснова легенды, якую запісаў мой прадзед, патрапіла пад стрэхі з падручніка па лаціне з маёнтка? – задумліва прагаварыў гісторык.

– Хто ведае…– азваўся Скрыніч. – Але далей вымалёўваецца і вось гэты кубак са змяшанай крывёй, і карона, і залаты крыж, які тырчыць з зямлі… І нават лясун. Занадта шмат артэфактаў. І нарэшце, самае нетыповае – што?

Корб-Варановіч тут жа адказаў:

– Згадкі пра паўстанцаў. Безумоўна, “царская грамата на волю” – гэта адсылка да часоў паўстання Каліноўскага. Чутка, якая распаўсюджвалася ўладамі для кампраметацыі інсургентаў у вачах сялян: добры цар даў вам грамату на волю, пісаную залатымі літарамі, а злыя паны яе схавалі. Ну і – алюзіі аж да сучасных апавядальніку ўцекачоў.

– Дык што, будзем шукаць падземную царкву? – скептычна прамовіла Ася, якую ўся гэтая гаварыльня ўжо пачала нерваваць. – Зараз перамалюем гравіроўку на кубку, возьмем старыя карты і пачнем высвятляць, які ўзгорак у ваколіцах Ройна азначае вось гэты зубчык… Гэтак было ў тваім перадапошнім рамане, Вячаслаў? Толькі замест кубка там разьблёны куфэрак.

Скрыніч на дзіва сумеўся, ледзь не пачырванеў.

– Ну так, паўтор… А чаму не? Ты ж памятаеш, я якраз і хачу займець у рэале тое, што прыдумваў. Перамалюем, параўнаем… Нешта могуць сімвалізаваць вершнік, хорт і лемпард, якія-небудзь мясцовыя назвы. Не дарэмна ж гэтым сховішчам чэкісты цікавіліся. Карыбутовічаўскія “ваўкалакі” цалкам маглі знайсці прытулак у нейкім падобным месцы. І Корб-Варановіч мог яго падказаць. Апанаса Іванавіча нездарма вінавацілі ў сувязях з Карыбутовічам. Усе гэтыя ягоныя казкі пра аднафамільца… Не надта я веру ў іх. У 1918-м улады мяняліся, як козыры ў гульні. Марына Корб-Варановіч нараджала ў бацькоў у Клецку. Корб-Варановіч прыехаў туды бальшавіцкім упаўнаважаным, горад занялі палякі – стаў настаўнікам гімназіі… Мог і форму “ваўкалакаў” часова апрануць – Карыбутовіч жа пазыцыянаваў сябе гэткім незалежнікам, і з белымі, і з чырвонымі ваяваў па чарзе, нават вершы па беларуску пісаў – некаторыя інтэлігенты спакушаліся, не разумеючы, што рамантыка нядоўга ў лесе трывае, бо захлынаецца ў крыві. Швагра Апанаса Іванавіча зноў жа невядома калі загінуў. Мог хаця б дзеля яго раскрыць сямейную таямніцу – пра ўваход у царкву святога Юрыя. Мяркую, хаця таямніца мусіла перадавацца старэйшаму ў родзе, традыцыя аднойчы прыпынілася. Але падчас паўстанняў дзевятнаццатага стагоддзя Корб-Варановічы цалкам маглі ёю зноў скарыстацца. Апанас Іванавіч, як вучоны, зацікавіўся, змог дабрацца да ісціны. Варта паехаць у Ройна, там агледзімся…

– Ага, жандары не агледзеліся, чэкісты не агледзеліся, хаця, пэўне ж, усё там перапаролі, а мы праз столькі гадоў руйнавання і заарання зможам, – зазлавала Ася. – Паслухай, я не разумею... Ты ж казаў, што напісаў раман… Дык павінен і так усё ведаць!

Скрыніч вырачыў вочы.

– Ведаеш, я не прарок. Мінулае – так, магу рэканструяваць. А цяперашняе – давайце ўжо разам неяк зробім.

Вось гіцаль… А пачынаў жа калісьці з таго, што ўсё па тэксце!

– У такім выпадку ты ўпэўнены, што правільна рэканструяваў мінулае маіх продкаў? – агучыла Ася тое, што яе дужа непакоіла. – Няўжо ўсё так і было – адзін людзей у турме катаваў, другі ездзіў, збіраў кампрамат на няшчаснага прафесара, каб запраторыць таго на Салаўкі? Не разумею, як такое магло адбывацца. Здаецца, у выпадку з Алесем Вяжэвічам ты апісваеш чалавека разумнага, сумленнага, і ён жа аддае кагосьці толькі за ягоныя погляды на катаванні і расстрэл?

– Запэўніваю, гэта была норма, – задумліва і горка адказаў замест Вячкі Корб-Варановіч, зноў круцячы на пальцы шлюбны пярсцёнак, нібыта той яму апякаў руку. – Маніпуляваць чалавечай свядомасцю насамрэч вельмі лёгка. Вы думаеце, татальная прапаганда толькі цяпер з’явілася? Ды пасля рэвалюцыі на гэта былі кінутыя такія сілы, што нам зайздросціць застаецца. Каб сёння беларускую культуру так прапагандавалі, нашы пісьменнікі выдаваліся б мільённымі накладамі. Плакаты, улёткі, кіно, агітбрыгады, вулічны тэатр, рэвалюцыйныя прыпеўкі… А якія слоганы шыкоўныя! “Смерць буржуям!”, “Мір буданам, вайна палацам!”, “Хто быў нічым, той стане ўсім!”. Плюс зварот да самых прымітыўных інстынктаў: забраць у маёмасных, прынізіць тых, хто вышэй… Людзі замбаваліся на раз. Учора ты – ніхто. А сёння – носьбіт вышэйшай ісціны, суддзя і кат… Даць чалавеку адчуванне ўласнай значнасці – куды важней, чым нешта матэрыяльнае. Званне стаханаўца, пераходны чырвоны сцяг, грамату… Матывацыя, якая нічога не каштавала сістэме. Фанатызм прывабны. Ён здымае адказнасць. Што паляванне на ведзьмаў, што габрэйскія пагромы, што дыктатура пралетарыяту… Людзі, асабліва маладыя, якія ўжо пры саветах выраслі, выкрывалі таварышаў без усякай няёмкасці, узахліп. Але заўсёды былі адзінкі, якія захоўвалі годнасць.

– А хто іх ведае? – цынічна скрывіўся Вячка. – Хто “спяваў” у засценках, хто маўчаў?

– Усё час выкрывае! – усхадзіўся Корб-Варановіч. – Усплываюць дакументы…

– Дакументы складаюць людзі, і чуткі яны ж могуць спецыяльна запусціць! – запярэчыў Вячка. – Я адразу ніколі не прымаю на веру, калі нехта кажа – вось гэты стукач, гэты сумленны…

– Але яны ёсць, і іх можна і трэба пазнаваць!

– Думаеце? – Вячка больш не ўсміхаўся. – Алесь Дудар – здавалася б, такі непахісна мужны аўтар верша “Пасеклі край наш напалам…”. А калі яго “замялі”, цэлы раман спавядальны для следчага напісаў – усё падрабязна пра калег, хто што казаў, якія мае нацдэмаўскія настроі… Мог жа абмежавацца парай старонак. Я калі чытаў – плакаў ад расчаравання. Пасля супакоіўся. Ён жа і сябе выкрываў, шчыра хацеў выправіцца. Здаралася і іншае – многія падпісвалі пратаколы допытаў у такім стане, што ўжо не ўсведамлялі, што робяць… Таму не трэба нікога вінаваціць і тым болей прагнуць помсты праз гады.

– У такім выпадку давайце заявім, што гістарычная справядлівасць не патрэбная! Давайце шанаваць катаў і ахвяраў на роўных! – угневаўся граф.

– Не перабольшвайце! Я за гістарычную справядлівасць, але еднасць нацыі ўсё-ткі важней за палітычныя, рэлігійныя і якія б там ні было расколіны…

Раптам забразгаў замок, дзверы рэзка расчыніліся… Так, дыскусіі вядуць да зніжэння пільнасці – ніхто з тройкі не звярнуў увагі на крокі ў калідоры.

У дзвярах стаялі два дзецюкі ў камуфляжы і стары чыноўнік з чырванаватай фізіяноміяй. Чыноўнік выглядаў гэткім маленькім трыумфатарам: калі не войска чужое разбіў, дык хоць шыбы іншаземнага зняверцы.

– Так, Даніла Раманавіч, зноў дысцыпліну парушаем? Як дзеці, далібог. Вам што, жартачкі – эвакуацыя? А калі б сапраўды дом замініравалі? Начальнік аддзелу! Вы прыклад павінны паказваць, за сваіх супрацоўнікаў адказнасць несці… А вы! Ды яшчэ са староннімі асобамі! У вашым гэтым прытоне! Кубкі расставілі… А што ж закускі малавата?

Корб-Варановіч выпрастаўся, выяўляючы раскайвання не болей, чым вандроўны гандляр, які прадаў мядзяны пярсцёнак за залаты.

– Давайце абыдземся без школьных вывалачак, Казімір Іосіфавіч. Калі я застаўся ў будынку, значыць, у мяне былі падставы. Хочаце прымяняць санкцыі – давайце. Толькі пазбаўце мяне павучальных прамоў.

Казімір Іосіфавіч сплываў атрутай і ветлівымі ўсмешкамі.

– Ужо ж не сумнявайцеся, Даніла Раманавіч, санкцыі будуць. І такія, якіх вы не чакаеце. Усё прыпомніцца. Зборы подпісаў пад вашымі дурацкімі лістамі, цкаванне паважанага навукоўца Леаніда Калантая, і як вы выгароджвалі нацыяналіста Калюжку… Зволілі Калюжку – і вы за ім пойдзеце. Праз два месяцы ваш кантракт заканчваецца, і запэўніваю – падаўжаць яго ніхто не будзе.

– Шкадую толькі інстытут, які патрапіў у рукі такога беспрынцыпнага чыноўніка, як вы! – раўнуў Корб-Варановіч. – Пайшлі…

Апошнія словы ён адрасаваў Арсеніі і Вячку. Скрыніч паспрабаваў быў па звычцы выкарыстаць свой пісьменніцкі аўтарытэт, але для Казіміра Іосіфавіча сучасная беларуская літаратура відавочна заканчвалася на Івану Шамякіну і Васілю Быкаву, і Вячка са сваймі гістарычнымі фэнтэзі апынаўся якраз на неадкрытых папяровых землях.

Ася падумала, што ў жыцці Корб-Варановіча было сваё бетоннае пудзіла, і, магчыма, ён гэтак жа, як Ася – Шэрую Будыніну, ненавідзеў свой Шэры Гмах… Але ж не, гісторык іншы, ён любіць працу, якой тут займаецца… І якой яны з Вячкам, падобна, толькі што яго пазбавілі.

– Не хвалюйцеся за мяне, не звольняць… Пабаяцца… Каб маглі – даўно б вытурылі, – раптам прабурчэў Корб-Варановіч, які, відаць, перахапіў вінаваты позірк Асі.

– І не збіралася за вас хвалявацца!

Як ён мог падумаць, што яе цікавіць ягоная кар’ера! А меркаванне пра сябе якое! “Пабаяцца”! Падумаеш, граф! Ненавіджу…

Санлівы вераснёўскі дождж усё яшчэ сыпаўся на горад, у якім з’яўлялася ўсё больш Будынін і ўсё менш заставалася Сядзіб. Арсенія адмовілася ад Вячкавых праводзін і пашыбавала па лужынах да прыпынку. Азірнулася яшчэ на Корб-Варановіча… Той падносіў да вуха мабільнік. І хутка з яго данесліся водгукі спеваў Ларысы Пампееўны Александроўскай, якая ў свой час мела гонар агучыць вершаванае пасланне беларускага народа таварышу Сталіну. Цікава, дзе графскі нашчадак знойдзе сем фіялак не ў гаршку?


Раздзел 7. Бокс як зброя пралетарыяту

“Да кола! Да кола!” — гарлалі лонданскія пралетарыі васемнаццатага стагоддзя пры найменшым парыванні на вулічную бойку з надзеяй на відовішча.

Асаблівым поспехам карысталіся двубоі на кулаках між кабетамі. Аб іх нават абвесткі даваліся ў газетах кшталту: “Я, Элізабэт Уілсан з Кларкенуэла, жадаю атрымаць задавальненне ад Ханы Хайфілд пасля лаянкі, якая ў нас надарылася, і выклікаю яе на арэну дзеля кулачнага двубою са стаўкаю ў тры гінеі, а ў руцэ ў кожнай няхай будзе манета ў паўкроны, і тая, якая першай упусціць, лічыцца, што прайграла.”

Манеты патрэбныя былі, каб пані не драпаліся.

І вось скажыце, чаму цяпер, калі пралетарскі двубой на кулаках атрымаў высакароднае найменне бокс і пачаў служыць павышэнню фізічнай культуры савецкай моладзі, жанчыны аказаліся абдзеленымі? Хіба беларускія камсамолкі, якія садзяцца на трактары і ў кабіны аэрапланаў, меней мужныя, чымся старасвецкія лонданскія Элізабэт і Ханы? Чаму іх не прымаюць у секцыю бокса, якая стварылася пры Менскім тэхнікуме фізкультуры?

— Таму што ў баксёраў ва ўсіх зламаныя насы, — весела патлумачыў Алесь Вяжэвіч, разгарачаны, вясёлы, у незашпіленым сінім паліто-бобрыку і расхрыстанай на грудзях кашулі-вышыванцы, паўзверх якіх боўталіся на матузку дзве новенькія баксёрскія пальчаткі. – Ты што, хочаш хадзіць са зламаным носам?

Вераніка Манцэвіч мімаволі памацала свой нос, зграбненькі, роўненькі і трохі – трохі, для мілаты, кірпаты.

— Падумаеш, для савецкай жанчыны знешняя прыгажосць – не галоўнае.

— І ты б магла без ваганняў і шкадобы зламаць нос другой прыгожай дзяўчыне?

Вераніка сярдзіта наставіла каўнер драпавага палітончыка (восеньскі вецер не надта ласкавы).

— Калі яна – шпіёнка… Ці белагвардзейка… Запраста.

Алесь паблажліва ўсміхнуўся.

— А калі яна – твая сяброўка, і цябе проста паставілі з ёю біцца на рынг? А можна яшчэ і зубы павыбіваць…. Сківіцу зламаць…

Дзяўчына зазлавала:

— Ва ўсім свеце адбываюцца спаборніцтвы жанчын-баксёраў, яны нават мужчын перамагаюць. У Амерыцы ў школах для дзяўчат ёсць секцыі бокса, лічыцца, гэта добрая гімнастыка для цела. Я бачыла ў старой польскай газеце партрэт чэмпіёнкі, графіні Джын ля Мар – нават вельмі сімпатычная, нос на месцы. Ты спецыяльна перабольшваеш.

Але ў голасе дзяўчыны ўжо не чулася ранейшага энтузіязму. Вяжэвіч пераможна прыўзняў бровы. Але сёння ён гатовы быў пагадзіцца з аднакурсніцай ва ўсім: вось ужо два тыдні не бачыў яе такой вясёлай, і ўвогуле бачыў толькі здалёку, яна ўпарта пазбягала Алеся, і ён гадаў, чым яе пакрыўдзіў, што ў яе здарылася. І тое, што Вераніка прыйшла паглядзець на ягоную трэніроўку, да таго ж адна, без сябровак і гэтага клапатлівага ветрака П’янкова, напаўняла такой радасцю, што Алесю здавалася, ён зараз можа выкарыстаць у якасці баксёрскай ігрушы любую з вось гэтых цёмных навіслых над Менскам хмараў, і выб’е з яе ўсю чарнату і халодную вільгаць, і верне небу тую яснату, якая зараз у ягонай душы. Як усё ўдала – збываюцца мары. Дыскусія ў Акадэміі навук выкрыла ворагаў беларушчыны, ненавісны Корб-Варановіч, якому Ігнатоўскі рэкамендаваў пакінуць універсітэт і ўвогуле Беларусь, цяпер, напэўна, выправіцца да сваёй жонкі-белагвардзейкі ў Ленінград, дзе яму самае месца, а вось і Вераніка, якая не падпускала да сябе два тыдні — аж змарнеў Алесь, сон страціў, прыйшла сама!

Вераніка, між іншым, зноў спахмурнела, забыўшыся на жаночы бокс, падобна, яе цвяліла неадвязная і непрыемная думка. Алесь не насмельваўся распытваць, але пастараўся зноў адцягнуць увагу сяброўкі:

— Глядзі, трамвай! Гура!

Сапраўды, у канцы вуліцы паказаўся вагончык. Не прайшло й месяца з дня пуску ў Менску першага трамвая, і месцічы ўсё яшчэ дзіваваліся на гэты цуд, і ўсім жадаючым не хапала месца ў драўляных дрыготкіх вагончыках, там-сям яшчэ прыўкрашаных кветкамі.

— Пайшлі, праедзем! У мяне грошы ёсць! – пацягнуў Алесь Вераніку за руку. І, дзіва, яна паслухмяна пабегла за ім да прыпынку трамвая, што пачаў ужо адчайна і весела звінець, хаця ехаў ён зусім у іншы бок, чым студэнтам было трэба.

…Свіслач незадаволена каціла зялёныя хвалі, і былі яны такія непразрыстыя, што здаваліся глыбейшымі за хвалі Нявы.

— Вось бы збудаваць тут такую ж узбярэжную, як у Ленінградзе! – тужліва прамаўляў Алесь, выдзіраючы чаравік з чарговай рудой калюжыны і ў чарговы раз абяцаючы сабе набыць нарэшце галёшы. – Можа, пойдзем туды, дзе брукаванка?

Вераніка адмоўна паматляла галавой і, упарта адышоўшыся яшчэ далей, у самую твань, да вады і іржавых шматоў сухой травы, спынілася. Неба навісала, як зрэбны занавес вандроўнага тэатра, дзе за імправізаванымі кулісамі рыхтаваліся да рытуальнага забойства драўляныя мячы. Навокал – ніводнае жывой душы, акрамя чародкі варон, якія кіраваліся ў бок Кальварыйскіх могілак. Апошнія залатыя лісты ціснуліся да чорнага галля, нібыта дрэвы хавалі ад рэўкамаўцаў яшчэ не рэквізаваныя ашмёткі арыстакратычнай раскошы. Гэта дарэмна: зімовыя сцюжы, як і рэвалюцыя, усюдыісныя.

Алесь глядзеў у блакітныя вочы Веранікі, і ў яго кружылася галава, і здавалася неверагодным насмеліцца нават дакрануцца да гэтай тонкай рукі, да залатых валасоў, прыкрытых беленькім вязаным бярэцікам, і палалі шчокі ад таго, што так нясцерпна хацелася гэтага дотыку.

— Мяне выклікалі ў ГПУ.

Манцэвіч прагаварыла гэта на адным выдыху, нібыта баялася, што не хопіць смеласці сказаць, калі трошкі прамарудзіць.

Вароны, нібыта збіўшыся са шляху, кружлялі ў небе па коле, як смецце ў віры… У іх выкрыках чулася: “Да кола! Да кола!”

— Чаму? Калі? – непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь.

Вераніка адвярнулася. Яе чаравічкі былі ўсе залепленыя гразёю, але Алесь гатовы быў цалаваць іх – каб гэта вярнула ёй шчасце і спакой. Але спакою – гэта ўжо зразумела пакутліва ўся яго істота – не будзе.

— Пасля дакладу Корб-Варановіча ў Акадэміі… Пыталіся пра цябе.

Цяпер Алесю здавалася, што халодная гразкая вадкасць паглынула яго па горла.

— Упаўнаважаны сказаў, што ты чалавек таленавіты, але паддаўся шкодным уплывам. Яны за табой адмыслова назіраюць, каб выправіць на патрэбны шлях. А я, аказваецца, непралетарскага паходжання – уяві сабе, толькі таму, што мой бацька быў пры царызме старшынёй добраахвотнай пажарнай дружыны, і матчына радзіна ўся ў Заходняй Беларусі. А маці ж мая ўжо сем гадоў як памерла, і бацька працуе на чыгунцы. Але я не маю права працягваць сяброўства з табою і тваёй “хеўрай”, бо як чалавек хісткі ў перакананнях, цябе не змагу выправіць, затое сама патраплю пад уплыў і зраблюся шкодным элементам. Так што ў мяне два варыянты: я мушу альбо парваць з табой усялякія зносіны, каб не спіхваць цябе ў нацыяналістычную дрыгву, альбо сумленна дакладаць пра ўсё, што ты гаворыш і робіш, таварышам у ГПУ…

— І што ты вырашыла? – адчайна спытаў Вяжэвіч.

— Не ведаю… — Вераніка схапілася рукамі за скроні. — Мне ўвогуле гэтыя дні здаецца, што мяне сурочылі Начніцы, і я не магу прачнуцца. Ведаеш, Хведар П’янкоў прапанаваў выйсце… — дзяўчына нервова засмяялася.

— Хведар?

— Так… Добры таварыш Хведар. Адкуль толькі даведаўся? Прапанаваў пабрацца з ім шлюбам і забыцца на ўсе непрыемнасці. Казаў, што і ты ў турму загрыміш, і мяне за сабою пацягнеш. Намякаў на свае бліскучыя перспектывы пасля абароны дыплому… Смоўж.

— Я яго заб’ю! – Алесь сцягнуў з шыі матузок, на якім матляліся пальчаткі. — Ты не павінна змушаць сябе… Я проста паабяцаю… Не, прысягну сваім жыццём – што ніяк цябе болей не скампраметую. Ні погляду, ні слова…

— Дурань! – Вераніка злосна стукнула кулаком у баксёрскую пальчатку, якая вісела цяпер разам з напарніцай на плячы спартсмена-аматара. — Тады ўжо трэба адразу распісацца і мне, і табе ў сваім шкодніцтве! Ці ты і праўда гатовы вось так, пры першай пагрозе – ні слова, ні погляду? Ты гатовы мяне аддаць?

Алесь сумеўся.

— Хіба я маю на штосьці права? Дзеля тваёй бяспекі…

— Што ты мэкаеш, як цяля? Баксёр! Чаму ты лічыш, што мне патрэбная бяспека ад цябе? Без цябе?

Няўжо ён, Вяжэвіч, сын турэмнага лекара, неабыякавы гэтай неверагоднай, разумнай, смелай красуні? Гэта было — як, ужо амаль падаючы ў прорву, апынуцца на бяспечнай палянцы. Алесь нясмела дакрануўся да белага бярэціку… Рука слізганула ніжэй, пагладзіла залатую прадку валасоў, такую неслухмяную, што не захацела красавацца разам з усімі ў касе.

— Калі б я толькі ведаў… Што хоць трохі, крышачку табе патрэбны, я… зубамі грыз бы, жыццё паклаў… не аддаў бы.

— Таксама мне – зубамі... А боксам нашто пайшоў займацца?

Забытая светлая ўсмешка вярнулася на твар Веранікі.

…Яе вусны былі такія цёплыя – а далонькі халодныя, як ільдзяныя… Усё сталася так ясна…

— Я не дазволю разлучыць нас. Колькі цяпер часу? – Вяжэвіч сурова ссунуў густыя бровы, бы рыхтаваўся на двубой.

— Гадзіны тры, а што?

— Пайшлі! – Алесь пацягнуў дзяўчыну ўбок ад зялёных хваляў, рашуча рассякаючы восеньскую гразь. – Пойдзем у ЗАГС і распішамся. Як мая жонка, ты ж не зможаш пра мяне дакладаць – гэта нават у ГПУ павінны разумець! Ні ў адной краіне не даюць веры такім сведчанням. І П’янкоў адчэпіцца нарэшце – усвядоміць, што яму нічога не свеціць. Спадзяюся, усе гэтыя забабоны наконт вэлюма, кветак і банкету цябе абыходзяць. Я жыву ў асобным пакоі, так што…

— Чакай! – Вераніка вырвала руку і, гледзячы ў спалоханы ейным жэстам твар хлапца, перабольшана строга прамовіла. – Мы, вядома, супраць рамантыкі, але дзе хоць нейкае прызнанне ў каханні?

— А, ну так! — Вяжэвіч праззяў і раптам бухнуўся на адно калена проста ў гразкую калатэчу. — Вераніка Манцэвіч, чароўная Вераніка... я… я… кахаю… адразу пакахаў… — апошнія словы ніяк не стасаваліся з тэатральшчынай. Алесь, відаць, гэта адчуў, таму што ўзняўся і ўмольна зазірнуў у блакітныя вочы.

— Я праўда… кахаю цябе… Дужа… Я не ведаю, як мне гэта давесці… Ты станеш маёй жонкай?

Вераніка адвяла вочы.

— Скажы, верш “У святле месяцовым твая залатая каса...” ты мне пісаў?

— Табе.

— І ўсе наступныя вершы будзеш прысвячаць толькі мне?

— Вядома!

Вяжэвіч, зразумела, сам у гэта верыў, выпусцішы з увагі частку свайго творчага набытку пра трактары і станкі.

— Тады згодная!

Менскія насмешныя вароны кружлялі між хмарамі і Свіслаччу, але іх хрыпаты смех не мог прывесці да розуму дзве юныя авантурныя істоты, якія, як безліч іхніх аднагодкаў цягам безлічы стагоддзяў, былі ўпэўненыя, што свету ёсць нейкая справа да іхніх пачуццяў, і больш за тое, свет пакорліва схіліцца перед іхняй воляй быць разам…

І якое ўсё-ткі шчасце, што вопыт папярэднікаў нічаму такіх не вучыць!

…Яны стаялі на ўскрайку брукаванкі, паміж шэрымі дамамі, шэрым небам і няпэўным лёсам, такія шчаслівыя, што на іх, здавалася, азіраліся на развітанне нават восеньскія лісты, якія нёс паміраць кастрычніцкі вецер. Маладыя бясконца перачытвалі выдадзеную ім толькі што паперку: пасведчанне аб шлюбе. Добра, што працэдура гэтая да роспачы старасвецкіх матуль цяпер спрошчаная да смешнага. Але паступова ў паветры, ужо заплямленым кроплямі вечаровага дажджу, вымалёўвалася вычварнай славянскай вяззю самае непрыемнае для закаханых пытанне “Што далей?”

— Пойдзем да мяне? – прапанаваў Алесь.

Вераніка адмоўна пахітнула галавой.

— Разумееш, я так адразу не магу… Заявіцца да тваіх бацькоў… Не!

— Тады… да цябе? Усё роўна давядзецца знаёміцца са сваякамі, — як мага больш нязмушана прамовіў Алесь.

Нявеста разгублена паціснула плячыма… Бацька – чалавек круты... Мачысе, вядома, усё роўна, але пакрычаць заўсёды гатовая.

— Тады ў інтэрнат! Я ніколі сабе не дарую, калі зараз мы проста разыдземся… Адгэтуль – і назаўсёды – мы разам! Хлопцы абавякова зарганізуюць нам пакойчык!

— І банкецік? – здзекліва прамовіла Вераніка. – Прабач, але мне зараз меней за ўсё хочацца шумнай кампаніі. Як і натацый дарослых і разумных…

— Халера… Тады… вось што, пайшлі ва ўніверсітэт! – заявіў Алесь.

Дзяўчына разгубілася.

— Навошта?

— Ну як! – у вачах новаспечанага мужа загарэліся агеньчыкі. — Там яшчэ мусіць быць адчынена – бо вячэрнія курсы займаюцца. Прабярэмся. Стаімся дзесьці… І пераначуем, ды хоць бы ў актавай зале. У мяне во – ключ ад яе ёсць!

— Адкуль?

— Ты ж сама пазамінулы тыдзень з намі на рэпетыцыі туды бегала, да кастрычніцкіх святаў рыхтавацца. А мы й дасюль працягваем. Вершаваны рэвалюцыйны спектакль, лічы, гатовы. Каменданту надакучыла, што мы ключ ад актавай па дзесяць разоў на дзень пытаемся, выдаў дублікат, каб я вярнуў пасля свята. Так што – ёсць дзе адзначыць вяселле! А заўтра нешта вырашым.

Гэта, вядома, было абсалютовае глупства. Але і вокамгненны шлюб выглядаў не разумней. Яны купілі бутэльку ліманаду, чацвярцінку сітнага, кракаўскай каўбасы і некалькі шакаладных цукерак. Чым не банкет? Кастрычніцкі дождж толькі раздражнёна сыпануў услед парачцы жменю халодных пырскаў.

Алесь і Вераніка праслізнулі паўз дзядка-вахцёра, як два шкадлівыя нячысцікі-кручонікі. Яны сядзелі, прыціснуўшыся адно да аднаго, у такой вялізнай у цемры зале, і, халера, такой халоднай, пілі ліманад з цукеркамі і чакалі, калі сціхнуць апошнія галасы і крокі. Напэўна, гэта і было шчасце?

Нарэшце ўсё змоўкла, ліхтар за вакном развешваў навакол прывідныя ромбы свайго святла, вялізны партрэт Сталіна сурова пазіраў з задніка сцэны.

— Чакай, зараз мы цудоўна ўладкуемся! – заявіў Алесь. – Тут, за кулісамі, мы ўчора склалі стары зялёны занавес. Ну як стары… Проста парторг паглядзеў і сказаў, што тэрмінова трэба чырвоны, каб не ўзнікала асацыяцый з кантрэвалюцыйнай арганізацыяй “Зялёны дуб”.

— Па такой логіцы трэба ўсе дубы на Беларусі выкарчаваць! – фыркнула Вераніка. – Ідыёт у фрэнчы… Правільна Дубоўка напісаў у сваёй паэме:


Ты думаеш, культура ходзіць

У портках ката слаўнае камуны,

У портках генерала галіфэ?

Або ў марынарцы ходзіць Фрэнча –

Другога ката, ката нашых дзён?


— Ш-ш-ш… — Алесь жартаўліва зірнуў у бок партрэта. — Зараз правадыр пачуе – і парторгу дакладзе. Дапамажы мне лепей…

Маладыя выцягнулі з-за кулісаў цяжкі сувой. Алесь так-сяк зрабіў з яго падабенства ложка, падаслаўшы сваё паліто, залез між прапыленых столак, як у кокан:

— Хадзі сюды… Сагрэешся.

— Ты што, здурнеў? – разгубілася Вераніка. – Проста на сцэне?

— А чаму не? Тут цяплей, чым унізе, а між партрэтам і кафедрай і не дзьме зусім. Давай… Паліто сваё здымі, замест падушкі прыдасца.

За вакном праехала машына, святло ад фар зданню праплыло па столі. Машына, якая едзе так позна па горадзе – гэта было для месцічаў пудзіла ўжо горшае ад начніцаў, бо сведчыла аб жорсткай рэальнасці. Вераніка застыла, услухоўваючыся. Контру павезлі. Ці паехалі арыштоўваць? Колькі чалавек цяпер у Менску слепа ўглядаецца ў ноч, чакаючы, ці не наблізіцца гуд матору, ці не спыніцца ля іхняга дома “чорны варанок”? У іх на Чыгуначнай ужо з двух дамоў забіралі… Але ж гэта здараецца з кімсьці, толькі не з табой, па невядомых, але важных падставах… Пра гэта немагчыма было, не хацелася думаць.

— Хадзі сюды!

Вочы Алеся здаваліся цёмнымі-цёмнымі, нібыта прагалы, упарты лоб святлеў, як мармур… Мёртвае аблічча… Вераніка страсянула галавою, каб адагнаць страшнае насланнё, і палезла ў неверагодны будан са старога тэатральнага занавесу. Там сапраўды было ўтульна і цёпла, і там чакалі моцныя і ласкавыя рукі Алеся… А варта падняць угору вочы – зверху навісаў партрэт Сталіна. Чамусьці дзяўчыне падалося гэта падобным, як бы яны ўлягліся ў егіпецкай пірамідзе, спаміж саркафагаў, ля падножжа статуі якога-небудзь Рамзэса.

А між іншым сёння ў іх першая шлюбная ноч…

— Мне чамусьці здаецца, што я рыхтуюся скрасці тое, што мне не належыць, — са скрухаю прашаптаў Алесь. – Скажы мне, скажы, што не пашкадуеш!

— Калі не пашкадуеш ты…

— Ніколі!

Яго вусны палалі… Гузікі на кофтачцы аказаліся нязручна дробныя, і іх было занадта шмат…

Глухі грукат скалануў ноч. Потым яшчэ далучыліся шоргаты, стук дзвярэй… Да свядомасці маладых гэтае гукавое аздабленне дайшло не адразу, але гукі не змаўкалі, і над імправізаванай коўдрай прыўзняліся дзве галавы.

— Што гэта? – прашаптала Вераніка.

— Не ведаю, — напружана адказаў Вяжэвіч, абапершыся на локаць.

Зноў грукат, ужо не такі моцны. Гэтай ноччу ў будынку ўніверсітэту яны відавочна апынуліся не адны.

— Перачакаем? – шапнула Вераніка. – Можа, сюды не прыйдуць?

Вяжэвіч пазмрачнеў.

— Баюся, гэта нядобрыя госці… Ну хто можа прыйсці ва ўніверсітэт у гадзіну ночы? І вось так нешта варочаць… Злодзеі!

— Або… ператрус?

Вяжэвіч правёў рукой па хвалістых попельных валасах, азірнуўся на партрэт.

— Калі так, то… могуць дабрацца і да нас. А калі злодзеі нешта пакрадуць, папсуюць, ці па-камсамольску адседжвацца? Давядзецца паглядзець. Ты, маленькая, сядзі тут… Я толькі пагляджу і вярнуся.

Ён лёгка пацалаваў яе ў вусны, і, не зважаючы на пратэсты, ціха саслізнуў са сцэны на халодны паркет босымі нагамі.

Праз шчыліну быў відзён цёмны калідор… Ага, вось яго прарэзала дарожка святла з адчыненых дзвярэй… Там, здаецца, кафедра славянскіх моў? Нехта выцягваў з кабінету цяжкую скрыню з кнігамі. Потым выйшаў, выносячы яшчэ адну… Паставіў яе на першую… Постаць патрапіла на святло. І Алесь ад шалёнай нянавісці сціснуў зубы. Корб-Варановіч! Што ён тут робіць, зладзюга? Якія сляды замятае, што крадзе?

Каханне супроць нянавісці аказалася слабой прынадай. Вяжэвіч, не адказваючы на спалоханыя пытанні Веранікі, ускочыў на сцэну, ліхаманкава апрануўся і, не зашнуроўваючы чаравікі, вылецеў на калідор.

Корб-Варановіч стаяў пасярод ярка асветленага кабінета, трымаючы ў руках тэчкі, вакол панаваў рэзрух – шкляныя дзверцы шафаў парасчыненыя, на стале скрынкі з карткамі, стосы кніг і папер… На твары лінгвіста імгненна адлюстравалася нянавісць Алеся.

— Што вы тут робіце, студэнт Вяжэвіч?

— Тое самае пытанне я магу задаць вам!

— Вы лічыце, маеце права на ўсё? – Корб-Варановіч кінуў тэчкі на стол. – У мяне дазвол універсітэцкай адміністрацыі забраць свае рукапісы, кнігі, картатэкі. Гэта ж цяпер непатрэбна беларускай навуцы. Я ж, як даказана вашымі намаганнямі, шавініст.

Алесь зласліва ўсміхнуўся.

— Што, з’язджаеце?

— З’язджаю! Прынамсі, ёсць яшчэ навуковыя ўстановы, дзе цэняць навуку, а не нацыяналістычную дэмагогію. А вы што, паназіраць прыйшлі, каб я не скраў універсітэцкае прэс-пап’е? Мала таго, што набраліся подласці даставаць маю жонку і сына…

Апанас Іванавіч ледзь выгаворваў словы, так душыў гнеў.

— Алесь, што тут?..

Толькі яе не хапала… У дзверы спалохана зазірала Вераніка, добра хоць, кофтачку паспела зашпіліць, але погляд Корб-Варановіча спыніўся на яе растрапанай касе, і ў вачах дацэнта з’явілася сапраўдная агіда.

— Яшчэ і дзяўчыне вырашыў жыццё папсаваць. Прэч адсюль, мярзотнік! Даносчык!

— Сам мярзотнік!

Алесь сам не заўважыў, як прыняў баксёрскую стойку. Корб-Варановіч зацікаўлена хмыкнуў, зняў акуляры, паклаў у кішэню пінжака і таксама падняў кулакі.

— Што, мазгоў не хапае на слоўныя аргументы? Ці перад гэтай няшчаснай вашай ахвярай пакрасавацца захацелася? У бабуінаў гэта прынята.

— Яна мая жонка! – Алесь, не памятаючы сябе ад злосці, нанёс удар… Які, праўда, прыйшоўся ў паветра, затое Корб-Варановіч у адказ “прыклаў” ворага ў плячо – Алесь паспеў трохі ўхіліцца, іначай атрымаў бы якраз у падбароддзе. Цяпер рэшткі цывілізацыі з абаіх мужчын сплылі, як вясновы лёд з ракі. Вераніка, здаецца, ледзь не благала дзесьці побач, спрабуючы спыніць бойку, але абодва так праглі выплюхнуць назапашаную за гады нянавісць, што ўсе словы былі дарэмныя, больш за тое – Алесь цьмяна прыпамінаў, як раўнуў на дзяўчыну нешта кшталту “Не замінай!”.

Тым не менш, гэта было не дваровае тузанне – а сапраўдны двубой. Супернікі, падобна, жадалі біцца па правілах. Алесь хадзіў у секцыю бокса усяго тры тыдні, але старанна ўжываў тое, чаму навучылі. Корб-Варановіч таксама недзе засвоіў азы жорсткіх танцаў на рынгу. Абодва былі адной, магутнай, камплекцыі, можа, Корб-Варановіч трохі шырэй у плячах. А тэмперамент дакладна выяўляўся аднолькавы. Ворагі паскідалі пінжакі, закаталі рукавы кашуль і круціліся па коле, пільна назіраючы адно за адным. Удары межаваліся з рэплікамі.

— Нават калі вы мяне заб’еце, вам не ўдасца адарваць беларускую мову ад рускай! Яны з аднаго кораня, невук, запомні! – Корб-Варановіч размахнуўся. Пад левым вокам Вяжэвіча з’явілася чырвоная пляма.

— На беларускай мове пісаліся Статуты яшчэ тады, калі маскоўскі князёк з татарскіх рук еў! Мы еўрапейцы! Балты!

Вяжэвіч з усяе моцы ўдарыў у адказ. З правага брыва Корб-Варановіча выцекла кропля крыві.

— Вы скачаце пад дудку Пілсудскага! Уся гэтая пальшчызна толькі псуе яшчэ нераспрацаваную мову! – былы выкладчык ухіліўся ад удару злева.

— Кажыце ўжо, як думаеце: дыялект. Вы ж не лічыце беларускую мову паўнавартаснай?

Алесь пацэліў ворагу ў плячо.

— Нацыяналістычны засценак!

— Шавініст!

— Даносчык! Навошта ездзілі ў Піцер?

— Я даносчык? А ці не з падтрымкі ГПУ у вас такая смеласць, з “нацыяналістамі” ваяваць? Што вы ў Акадэміі нагаварылі на ўсіх?

Трапны ўдар у сківіцу Вяжэвіча.

— Я ніколі не быў стукачом!

Удар левай у галаву дацэнта.

— А хто даносы на Лёсіка і Ластоўскага пісаў?

— Гэта былі артыкулы! Аргументаваныя!

Студэнт атрымаў чарговую поўху ў левую выліцу.

— На вас таксама пісалі аргументаваныя артыкулы!

Выкладчык прапусціў удар справа.

— Вы не здольныя ацаніць тых аргументаў, у вас няма элементарных філалагічных ведаў.

— Яшчэ б, у мяне ж быў такі бяздарны настаўнік!

— Вас немагчыма нічому навучыць!

— А вы не можаце нічому навучыць!

Былы дацэнт і студэнт грунтоўна ўжо змалацілі адзін аднаго, пот, змяшаны з крывёй, заліваў вочы. Дый вочы не надта пазіралі, запухшы. Дыханне зрабілася хрыплым, так што на доўгія прыгожыя фразы абодвух баксёраў ужо не хапала. У цырку для гледачоў наступала б самая цікавая стадыя: хто першым зваліцца? Чые стаўкі выйгралі? Вераніка, адзіная глядачка, ужо даўно не назірала за бойкай, толькі ціха ўсхліпвала ў куце. Думка пра жаночы бокс, хутчэй за ўсё, болей не падавалася ёй прывабнай. Аркушы лёталі па пакоі, быццам серпанцін падчас карнавалу.

— А бо-ожачкі!

У дзвярах стаялі дзядок у кажуху — універсітэцкі вартаўнік, і маладзенькі бялявы міліцыянт, які трымаў у прыўзнятай руцэ наган. Дзядок спалохана пытаўся:

— Апанас Іванавіч... Таварыш дацэнт… Ды што ж вы тут робіце? Вы ж казалі, ціхенька ўсё будзе…

Алесь апусціў рукі… Гэта канец. Напад на выкладчыка. Што ж, ён не збіраецца ілгаць і апраўдвацца! Толькі востры ўкол віны працяў пры думцы пра Вераніку… Паабяцаў абарону, называецца! Рыцар!

Корб-Варановіч між тым скрыжаваў на грудзях рукі са збітымі костачкамі і ганарыста закінуў галаву з акрываўленым брывом і падбітым вокам:

— Хіба мы каму-небудзь перашкодзілі? Я звальняюся, і спецыяльна заяўляў, каб мне дазволілі сабраць свае кнігі ў гэты час, каб нікому не замінаць… А гэта мае студэнты, якіх я прасіў дапамагчы.

— Нешта дзіўна яны вам дапамагаюць! – недаверліва прамовіў міліцыянер, абводзячы запалымі светлымі вачыма разгромлены кабінет і расхрыстаныя постаці ўдзельнікаў мізансцэны, але ўсё-ткі схаваў наган у кабуру.

— Шафа выпадкова павалілася, кніжкі на нас падалі, цяжкія. — Корб-Варановіч, калі хацеў, мог зрабіць свой голас да агіднага фанабэрыстым і безапеляцыйным. – Але вы не хвалюйцеся, мы навядзем парадак. Заўтра ўсё будзе чыста.

Афіцыйны госць скептычна пасміхнуўся.

— Можа, і так. Але паспяшайцеся з чысцінёй — калі праз гадзіну не вызваліце памяшканне, усіх арыштую.

На развітанне дзядок-вартаўнік азірнуўся, акінуў вокам збітых на горкі яблык дуэлянтаў і прамовіў ушчувальна:

— Э-эх, людцы… А яшчэ браты…

Ні Вяжэвіч, ні Корб-Варановіч не зажадалі абвяргаць няправільныя высновы са свайго падабенства. У кабінеце запанавала няёмкае маўчанне. Яго парушыў Корб-Варановіч тым жа безапеляцыйным тонам:

— Вам запрашэнне патрэбнае? За працу бярыцеся!

Заплаканая Вераніка, пазбягаючы глядзець на недарэку-мужа, пачала збіраць з падлогі паперкі. Вяжэвіч, адчуваючы сябе апошнім нягоднікам (у адносінах, вядома, да жонкі, а не да дацэнта), падняў перавернутую скрыню з кнігамі.

Корб-Варановіч хутка перабіраў тэчкі, адначасова аддаючы па-армейску каманды сваім “памочнікам”.

— Гэта я бяру з сабою… Гэта ў тую скрыню, для Акадэміі… Гэта ў шафу. Манцэвіч, кнігі трэба ставіць роўна!

— Яна цяпер Вяжэвіч… — прабурчэў Алесь, ён пасля бойкі з цяжкасцю варочаў сківіцаю. Корб-Варановіч, які пакаваў чарговую кардонную скрынку, выпрастаўся:

— Дык вы не… перабольшвалі? І калі вы зарэгістравалі свой шлюб?

— Восем гадзін таму… — змрочна прамовіў Алесь, сам у сказанае слаба верачы. – Пасведчанне ў кішэні паліто… Магу паказаць.

Корб-Варановіч некалькі імгненняў, відаць, засвойваў інфармацыю, потым паглядзеў на Вераніку, якая з перабольшанай стараннасцю складала карткі, ігнаруючы мужчын, спыніў позірк на незашнураваных чаравіках Алеся… Але, на дзіва, стрымаўся ад здзекаў і павучэнняў. Вымавіў толькі:

— М-да… Што ж, думаю, вы павінны прасіць прабачэння ў сваёй жонкі за такую… шлюбную ноч.

Алесь і сам гэта ведаў… І лічыў справядлівым, што на ягоныя нясмелыя спробы прымірыцца Вераніка толькі адварочваецца. На душы рабілася ўсё агідней і гарчэй, куды больш балючай, чым атрыманыя ўдары, тым больш што зваліць усе непрыемнасці на ненавіснага Корб-Варановіча, як бы ні было гэта спакусна, сумленне не дазваляла. Мог жа не кідацца на дацэнта, а вярнуцца да каханай… Але – сышоў ад яе ў такі момант, за які паміраюць! Ды такой абразы яна можа павек не дараваць… Правільна маці гаворыць: “Вас, Вяжэвічаў, трэба час ад часу ў палонцы вымочваць, як лён, не будзеце ўспыхваць ад найменшай іскрынкі”.

Праз гадзіну кабінет быў зачынены, а стары зялёны занавес лёг сувоем за кулісы ў актавай зале (вядома, дацэнта ў гэты працэс Алесь не пасвячаў, сам збегаў, прыбраць раскіданыя рэчы і рэшткі “банкету”). Вяжэвіч дапамог вынесці скрыні, якія Корб-Варановіч збіраўся забраць з сабою, і перажыў іранічны позірк дацэнта з нагоды баксёрскіх пальчатак, якія давялося зноў павесіць на шыю.

Вецер нібыта спадзяваўся патушыць адзіны на вуліцы ліхтар, а каб жыццё зусім не падавалася мёдам, імжыла. Вераніка, Алесь і Корб-Варановіч стаялі на ганку ўніверсітэта, і ноч была такой чорнай, што ёю, здавалася, можна мазаць колы, як дзёгцем. Да раніцы было яшчэ, як да сузор’я Валапасу.

— Куды вы цяпер? – начальніцкі голасам спытаў дацэнт. Па-чалавечы размаўляць ён, відаць, проста не ўмеў.

— Я хачу дамоў, — тонкім ад крыўды голасам прагаварыла Вераніка, і Алесь кінуўся шаптаць нягеглыя фразы наконт таго, як ён шкадуе аб сваіх выбрыках, і “усё будзе добра”.

— А дзе вы жывяце? – папытаўся Апанас Іванавіч у Веранікі, нібыта на лекцыі пра спражэнне дзеяслова.

— На Чыгуначнай… — абыякава кінула тая.

— Далекавата… — гэтак жа абыякава адзначыў дацэнт і раптам прамовіў тонам, які не прадугледжваў пярэчанняў:

— Ідзем да мяне. Гэта літаральна праз два дамы, і адзін пакой у маёй кватэры вольны. Ну што глядзіце, як незасватаныя? Я што, сам павінен усе гэтыя скрынкі валачы?

Корб-Варановіч валодаў рэдкай здольнасцю нават добрыя свае прапановы падаваць, як плёскаць у твар воцатам, таму не было ніякай няёмкасці ўдзячнасці – яна не прадугледжвалася адпачатку.

Кватэра ў дацэнта аказалася абуральна вялікай, калі ўспомніць катух, у якім жылі ягоная жонка з сынам у Піцеры, але не дужа й шыкоўная ў параўнанні з кватэрамі прафесуры. Але пакоі сапраўды было два, асобныя, вітальня, кухня... Старая мэбля з цяжкога дрэва, лінялыя аксамітныя парцьеры с цяжкімі кутасамі з залачаных нітак… Усё гэта, як і кватэра, здавалася чужым і безаблічным і належала ўніверсітэту. А дабро Корб-Варановіча, як зразумеў Алесь, месцілася ў вялізным фанерным чамадане, які стаяў напагатове ў вітальні, ды ў тых скрынках, што яны прынеслі з універсітэту.

Бутэлечка ёду была адна на двох, і люстэрка трумо таксама. Алесь і Корб-Варановіч дзелавіта мазалі свае баявыя раны, намагаючыся адзін перад адным не моршчыцца. Алесь, вядома, паспадзяваўся, што яму дапаможа ягоная дама, але дама дэманстратыўна сышла на кухню, дзе важдалася з прымусам і імбрыкам. Раны свайго ветранага каханага яна відавочна не лічыла гераічнымі.

— Калі кахае, даруе, – спакойна прамовіў Корб-Варановіч, якому, відаць, надакучыла назіраць за перасмыканнямі былога студэнта і нядаўняга праціўніка. Алесь паклаў на сподак перамазаны ёдам ватны тампон. Твар быў так сабе, для прыцемкаў.

— Я не павінен быў вас біць, — змрочна прамовіў студэнт.

Корб-Варановіч прыгладзіў акуратныя вусікі, уздзеў акуляры і адышоўся ад люстэрка.

— Не перабольшвайце свайго ўплыву на мяне. Я мог не ўступаць у бойку.

— Чаму ж уступілі? – гэта злосна папыталася Вераніка, якая выйшла з кухні з кубкамі на медным падносе.

— Дужа хацелася набіць пысу вашаму мужу, — спакойна адказаў Корб-Варановіч.

— Цяпер задаволеныя? Абодва?

Пад вачыма нявесты заляглі цені стомы. Алесь і Апанас Іванавіч перазірнуліся.

— Збольшага, — асцярожна адказаў Корб-Варановіч.

Вусны Веранікі затрэсліся, напачатку ад абурэння, потым у яе пачаўся істэрычны смех. Паднос бразнуў аб стол, аж гарбата з кубкаў выплюхнулася.

— “Збольшага!” Божа мой! Дарослыя людзі! Можа, вам адразу на пісталетах? Вырашыце раз і назаўсёды свае пытанні…

— Хто ведае, можа, калі апынецца і так… — нечакана сур’ёзна адказаў Корб-Варановіч. — Калі жывеш у час пераменаў, невядома, як наступны раз сустрэнешся з сябрам ці ворагам. А цяпер… давайце адзначым вашае вяселле гэтай гарбатай і пайшлі адпачываць. – Памаўчаў, гледзячы на пачырванелых маладых. — У нас з Марынай таксама шлюбная ноч незвычайная была…У скляпенні.

— Як гэта? – здзівілася Вераніка.

— Ды так… Пайшлі вянчацца, і ў тую ж гадзіну палякі мястэчка занялі. А я быў у чырвонаармейскай форме… Абсурд! Ці мог я калі падумаць, што павяду сваю абранніцу да алтара ў апратцы з чырвонымі зоркамі! Але пераапранацца не выпадала. Не паспеў я пярсцёнак на руку нявесты надзець, на цвінтары – выбухі… Дык бацюшка нас там жа, у ройнаўскай царкве, у скляпеннях і схаваў. Да ранішняй службы прасядзелі. Пахавальныя пліты, надмагільныя скульптуры… Цалкавітая готыка.

Корб-Варановіч скасавурыўся на напружаны твар Алеся з падбітым вокам.

— Не, гэта не тое таемнае сховішча, пра якое ў нашай мясцовасці ходзяць чуткі і якое так настойліва шукаюць таварышы чэкісты. Царква як царква… Ваш бацька, Алесь, яе выдатна памятае. Дарэчы, яе ўжо рэквізавалі пад зернесховішча.

Голас дацэнта зрабіўся зусім нейтральным. Алесь раптам падумаў, што насамрэч Корб-Варановічу зусім не падабаецца лёс храма, і ўвогуле ён не вытравіў з душы рэлігійны опіум, і ўвогуле, невядома што з сябе ўяўляе, і як толькі яго, Алеся, занесла ў гэтае варожае логавішча… Ну і вяселле…

Ноччу яны з Веранікай проста трымаліся за рукі, і Алесь шаптаў словы кахання і маліў аб прабачэнні, аж пакуль Вераніка не заснула, але на яе вуснах лунала лёгкая ўсмешка, і Вяжэвіч зноў паверыў, што не зусім упусціў залатакосае сваё шчасце.

Яны сыходзілі вельмі рана. Заспаны Корб-Варановіч, у кашулі і нагавіцах з падцяжкамі, нават не зрабіў спробы ўсміхнуцца. Яго шэрыя вочы выпраменьвалі холад, ну і, можа, крышачку іроніі.

— Мы ўдзячныя вам… Але… — прагаварыў Алесь, сузіраючы разбітае брыво дацэнта.

— Але гэта нічога не мяняе, — холадна завяршыў ягоную думку лінгвіст.

— Так, — Вяжэвіч цвёрда зірнуў у твар, так падобны да ягонага і гэткі ж пабіты. – Я па-ранейшаму лічу, што вам не трэба было сюды прыязджаць. Што вы сваімі выказваннямі толькі справакавалі шкодныя для беларусаў спрэчкі, і нам гэта яшчэ адгукнецца. І сапраўднай беларускай мовай вы не валодаеце.

— А я па-ранейшаму лічу, што вузкі нацыяналістычны пагляд шкодзіць навуцы, — спакойна прагаварыў Корб-Варановіч. – А вы смаркач і невук.

Яны памаўчалі, празрыстая сцяна была непераадольнай.

— Ведаеце, — раптам ціха прамовіў дацэнт, — неяк я прачытаў пра адно выказванне Вальтэра… “Я не згодны з гэтым меркаваннем, але гатовы аддаць жыццё за тое, каб мой апанент мог яго вольна выказваць”. Гэта вельмі высакародна і прыгожа… Баюся, што не зусім дарос да такога ўспрымання. Але што вы і вашыя куміры не дараслі яшчэ больш – таксама праўда. Пальчаткі не забудзьцеся…

Алесь адвярнуўся і адчыніў дзверы, а Вераніка – Вяжэвіч хацеў бы думаць, што яму на злосць – раптам хутка пацалавала нягодніка Корб-Варановіча ў шчаку і, апярэдзіўшы Алеся, пабегла ўніз па лесвіцы.

І ім усім трэба было жыць далей. Трэба было б жыць…

Па яшчэ пустой і цёмнай вуліцы насустрач Вераніцы і Алесю няспешна, як сытая чорная пачвара, праехаў “варанок”…

І можна было не азірацца, каб упэўніцца, да якога дома ён зверне.


Раздзел 8. Падарожнікі і кіношнікі

Калісьці ўраджэнец вёскі Ключкі з-пад Бялынічаў Тадэвуш Падаліца апісваў, як праўдзівы беларускі шляхціч рыхтуецца да падарожжа.

Напачатку, тыдні за два-тры, ён і ягоныя будучыя спадарожнікі пачынаюць ад’ядацца. Не горш, чым барцы сумо. Таўсцеюць, мераючы станы матузкамі. Ядуць вяндліну, запечаных гусей і пірагі з зайчацінай. Пацеюць над місай з заціркай. А хатнія тым часам робяць каўбасы, тушаць капусту з мясам, пякуць пірагі. У брычку “засупоньваюцца” клункі, мяшкі, валізы, так што яна пачынае нагадваць маёнтак на колах… А пасля – дарога з прыпынкамі ў кожнай карчме. За кожным слупом – новы свет. І з’яўляюцца падарожныя нататкі, кшталту “Перэгрынацый” Генрыха Вольфа з Цюрыху, які ў 1572 годзе ехаў на Беларусь праз Германію і Польшчу.

Загрузка...