Трэба заехаць у краму, атаварыць прадуктовыя карткі… Каб занесці Ірынцы ў бальніцу штось смачнае. Няхай не стане балерынай, няхай не спазнае гучнай славы… Але працягне род Вяжэвічаў і аднойчы атрымае ў спадчыну ад продкаў палову срэбнага кубка, рассечанага невядома калі і навошта.
За вокнамі трамваю свяціліся яшчэ рэдкія агні горада, што паўставаў з руінаў.
А калі на голых галінках кволых дрэўцаў, высаджаных ля Тэатра оперы і балету, паказаліся празрыста-зялёныя кволыя лісткі, у вакно падвальнай кватэры пастукалі.
– Вам пасылка!
Мужык у непадперазанай гімнасцёрцы, пакінуўшы вазок ля пад’езду, звалок па прыступках цяжкую скрынку.
– Ну, гаспадыня, куды ставіць?
Дзяўчынка, што ляжала на ложку пад вакном з кніжкай казак у руках, папыталася:
– Мама, што гэта?
– Не ведаю... — паціснула плячыма гаспадыня. Пасыльны спрытна разламаў скрынку і дастаў адтуль разабраную нажную машынку “Зінгер”, яшчэ дарэвалюцыйную, чорную, бліскучую, з выгінастымі, як рогі аленя, каванымі падстаўкамі...
– Вось, сказалі, даставіць для дзяўчынкі, якая надта добра шые. Відаць, гэта ты і будзеш, вачастая? А плаціць не трэба, мне ўжо заплочана… Ну, куды паставіць?
– Мама, швейная машынка! – дзяўчынка схапілася за мыліцы, што стаялі каля ложка, і падкульгала да свайго шчасця. – Вось сюды, дзядзечка, пастаўце. Да вакна, каб відней было!
Мужчына спрытна сабраў машынку, нацягнуў на чорнае металёвае кола скураны раменьчык…
– Ну, хай добра шыецца! Можа, прыйду, замоўлю што!
І пайшоў.
У падвальнай кватэры нібыта сталася святлей і цяплей. Дзяўчынка ўселася на падстаўлены маці зэдлік і паспрабавала націснуць нагой на ўзорысты каваны педаль, войкнула ад болю, але ўсё-ткі націснула. Кола лёгка зрушылася, з мяккім шоргатам закруціліся хітрыя механізмы…
– Гэта ты купіла, мама?
– Не, дарагая… Гэта падарунак табе ад адной добрай цёткі. Ты яе не ведаеш.
– Я стану самай лепшай у свеце швачкай, мама! І пашыю табе сукенку, як у каралевы!
– Добра, Ірынка! Я дачакаюся…
У горадзе панавала вясна. Узгоркі ў лесе над празрыстай рачулкай Цной прыкрасіліся шыкоўным кілімам кураслепу, і гарадскія дзеці бегалі па ім са шчаслівым смехам, і збіралі кволыя букецікі, і палілі вогнішчы ў гэтым цудоўным, бесклапотным, маляўнічым месцы, у якім чамусьці там-сям нехта ставіў драўляныя крыжы. Але яны вельмі хутка гэтак жа немаведама кім прыбіраліся, і нішто не азмрочвала спакой гараджанаў, што прыходзілі сюды, каб адпачыць на прыродзе…
Арфей калісьці вывеў Эўрыдыку з царства мёртвых, скарыўшы сэрца змрочнага Аіда, ён жа Гадэс, чароўнай песняй…
У прынцыпе, “Паланэз Агінскага” таксама здольны крануць падземныя сэрцы, прынамсі, кожны свядомы беларус павінен у гэта верыць.
Ася ў чарговы раз націскала на кнопку мабільніка, каб пачуць у адказ “Апарат абанента выключаны альбо знаходзіцца па-за зонай дзеяння Сеці”.
Гэта было абсалютовае глупства, але ёй здавалася кожны раз, калі яна так рабіла, што нейкая нябачная павуцінка працягваецца ад яе да Данілы Корб-Варановіча, праз тоўшчу зямлі, цэглы і каменняў.
Даўно сцямнела, дождж прывіднымі ніткамі з’ядноўваў чорнае неба і чорнае поле, у святле ліхтароў і фараў гэтыя ніткі часам здаваліся залатымі.
Ася дакранулася да сваёй шыі… Там усё яшчэ сляды ад пацалункаў Данілы. Нібыта трошачкі прысутнічае ён сам.
– Слухай, Ася, чацвёртыя суткі пайшлі… Ідзі да Аляўціны Пятроўны, паспі, у намёце ж холадна.
Дзяўчына адмоўна пахітала галавой.
Нехта ж мусіць быць на сувязі з замураваным князем…
Рукі і спіна балелі ад рыдлёўкі… Яны адразу пасля няшчасця ўсе кінуліся раскопваць завал, яшчэ верачы, што не адбылося непапраўнага, што варта толькі дабрацца да зводаў сутарэння…
Але нават экскаватар не даў рады. Падземная царква абрушылася капітальна, разам з тонамі зямлі… Захаваліся калоны – сёння адкапалі іх верхнія часткі, якія зараз сіратліва тырчэлі над руінамі… А ўсё астатняе было друзам. Зусім як у Асіных мроях пра скон Шэрай Будыніны. Спецыялісты нешта казалі пра ўплыў шматвекавой вільгаці, уздзеянне грунтовых водаў, што дастаткова было нязначнага сатрасення зямлі, каб усё пасыпалася… Праца выратавальнікам не на адзін дзень. І не на два. Дай Бог да маразоў управіцца, каб знайсці цела…
– Ён жывы! – пачуўшы першы раз пра “цела”, скрозь зубы прагаварыла Ася, і ўсе чамусьці “звялі”, як кветкі ў мароз. Але папраўку ў лексіку ўнеслі.
Увушшу ўсё яшчэ стаяў крык Леаніда Калантая:
– Чаму ўчынілі самавольныя раскопкі? Не ўзялі дазвол у сельсавеце, не ўзгаднілі ні з кім? А тэхніка бяспекі! Хоць бы сцяжок які пакінулі, што там ёсць збудаванне, і могуць быць людзі! Ніхто ж скрозь зямлю не бачыць!
У прынцыпе, усё гаварылася справядліва… Але слухаць, што “Корб-Варановіч зрабіўся ахвярай уласнай недысцыплінаванасці і авантурызму” было невыносна. Ася проста падышла і схапіла спадара ідэолага за гальштук, накруціла на руку і нешта такое прасычэла проста ў барвовы твар, што Калантаю на нейкі час адняло мову, а на лобе праступіў пот.
“Гэта яго нявеста, вы ўжо прабачце”, – гаварылі нейкія галасы.
Першую ноч яны таксама ўсе капалі, цягалі камяні... Прыехалі два эмчээсаўцы з сабакам і адмысловымі прыборамі, агледзеліся… Сказалі, што пакуль ніякіх прыкметаў жыцця пад завалам не назіраюць. Але капайце, капайце… Мёртваму, вядома, усё роўна, але ж там, па вашых сцверджаннях, скарб каштоўны…
Ася не сумнявалася, што нехта пільна прыглядае за лёсам таго скарбу.
Цяпер ішла чацвёртая ноч. Вядома, людзі працягвалі працаваць, але Ася выдатна бачыла, што ўжо без асаблівага энтузіязму. Тры дні – крытычны тэрмін, усё часцей чула яна пра гэта перашэптванні. Даставаць нябожчыка – можна і не спяшацца. Падобна, акрамя Асі ніхто не верыў, што Даніла Корб-Варановіч можа выратавацца.
У намёт зайшла “каманда” – барадаты Калюжка, лысаваты краязнавец Паўлюк, высокі археолаг у акулярах Алесь… Выстраіліся ўрачыста, як на паніхідзе.
– Арсенія, паверце, мы зробім усё, што можна. Мы вельмі шанавалі Данілу Раманавіча. Ён сказаў, што вы ягоная нявеста. А ён словамі не кідаўся. Таму ведайце: блізкі чалавек Данілы Раманавіча заўсёды будзе дарагі і нам. Можаце, калі што, разлічваць…
Арсенія толькі ўскінула галаву “фірменным” Корб-Варановічаўскім рухам:
– А чаму гэта вы гаворыце пра яго, як быццам ён мёртвы? Мой жаніх – не такі чалавек, каб даць вось так сябе пахаваць жыўцом! Ён жывы. Ён моцны, як леў, і бясстрашны, у яго дужыя рукі, ён выберацца.
Археолагі сышлі з няёмкімі паперхваннямі і мыканнем. Затое з’явіўся Вячка. Наколькі можна бачыць у святле ліхтара, упэцканы па вушы і ўвесь напяты, хаця яны ж тут усе такія…
– Ты едзеш са мной у горад. Не вар’яцей, да раніцы ўсё адно нават да паловы не раскапаюць, ты яму нічым не дапаможаш, седзячы ў чыстым полі. Выспішся, памыешся – раніцай прыедзем назад. Не хочаш сама – сілай павязу. Мяне тут проста моляць цябе забраць, каб жаласлівым выглядам на нервы не ціснула. Людзям і так не салодка. Ну!
Ася няўцямна глядзела на мабільнік, які зусім разрадзіўся, і вось-вось яго экранчык стане чорным... Як зямля. Вячка схапіў дзяўчыну за плечы і змусіў падняцца. Яна зірнула на яго пачырванелымі вачыма:
– А ў тваім рамане і гэта апісана, Вячаслаў? Класны фінал… Ды й нязручны персанаж сыходзіць са сцэны.
– Ідыётка! – Вячка груба выштурхнуў яе з намёту, Ася ледзь паспела прыхапіць заплечнік Данілы, з якім нізавошта б не рассталася… Гэта была рэч, звязаная з ім…
У машыне Ася адразу заснула, скруціўшыся на заднім сядзенні, абняўшы заплечнік...
Ёй прысніўся Даніла. Ён ляжаў у вузкім, як труна, месцы, вакол яго былі зямля і камяні. Але ён быў жывы. Грудзі пакутліва ўздымаліся, вусны на твары, зарослым шчэццю, выснажаным, чорным ад гразі, варухнуліся… Асі хацелася б, каб ён вымавіў яе імя… Але, падобна, зняможаны графскі нашчадак проста вылаяўся. Відзежа атрымалася такой натуральнай, што Асі падалося, быццам можа дакрануцца да свайго мужчыны… Яна прачнулася ад уласнага крыку, Вячка ўжо падрульваў да ейнага дому…
– Добра, што ноч, сустрэчных машынаў няма, а то б яшчэ ўрэзаўся ад такіх гукавых эфектаў… – прабурчэў Скрыніч. – Які ў цябе пад’езд?
Яшчэ пару тыдняў таму Ася з візіту Вячкі зрабіла б для сябе цэлы рытуал… Цяпер ёй было абыякава. Колькі б рук яе ў будучым ні абдымалі – ёй патрэбныя толькі адны абдоймы…
Вячка няёмка патаптаўся на парозе.
– Ты не супраць, калі я тут заначую? Не хацелася б пакідаць цябе адну… Ты б сябе бачыла збоку…
Арсенія яго пытання проста не ўспрыняла і моўчкі пайшла ў лазенку… Яна стаяла пад гарачым душам і думала пра Данілу… Уяўляла, што ён стаіць побач… Вось ягоныя рукі лашчаць яе… Прыціскаюць да сябе пад цёплымі струменямі вады… Набліжаюцца ягоныя вусны… Ася нават прыадкрыла свае вусны, ловячы прывідны пацалунак… І застагнала, сустрэўшы пустэчу.
Ён зараз у зямлі… Камяні ляжаць у яго на грудзях…
У дзверы лазенкі пастукалі.
– Арсенія, з табой усё нармальна?
А яна сядзела ў ванне, абняўшы калені, і сыходзіла слязьмі…
– Не памірай, калі ласка! Не памірай…
Пасля Вячка спрабаваў карміць яе нейкімі кансервамі з адкаркаваных наспех бляшанак, але яна ўпала ў ложак, як была, у джынсах і тым жа варановічаўскім чорным гольфе, і адключылася.
Ёй зноў прысніўся Даніла. На гэты раз ён ляжаў на грудзе камянёў, выцягнуўшы наперад руку, як той ягоны родзіч, Сяргей Паўлючыц, і ў руцэ быў заціснуты, вядома, срэбны кубак… Ася там, у сне, трывожна ўглядалася, услухоўвалася – ці жывы? Ці дыхае? Чуваць было, як крапае вада… Ну, давай, падай прыкметы жыцця… Нібыта пачуўшы, мужчына паварушыўся…
Ася зноў прачнулася ад уласнага крыку.
– Я там бляшанку тушонкі адкрыў на кухні… І батон ёсць, – азваўся Вячка, які сядзеў за ўключаным кампутарам. – Астатняе з’еў. Выбачай, з гатаваннем ежы ў мяне праблемы…
– Якая ежа… Паехалі ў Ройна, – прамармытала Ася. Добра, не распраналася – а Вячка не ўздумаў ёй з гэтым дапамагчы.
Як там сотавы? Працуе? У шалёным спадзеве пабачыць жаданы выклік з нетраў Ася кінулася да стала, дзе вяртаўся да жыцця пасаджаны на чорны шнур да разеткі мабільны тэлефон... Было толькі два прапушчаныя выклікі, абодва ад маці.
— Паслухай, Арсенія… – няёмка пачаў Скрыніч. – Я некалькі разоў тэлефанаваў у Ройна. Ноччу экскаватар не працаваў, так што практычна нічога не змянілася… Хлопцы вельмі прасілі, каб я цябе тут хоць да вечара затрымаў. Прабач, ты іх нервуеш.
– Чым? Тым, што нагадваю, што Даніла не памёр? – Асю пачало калаціць. У краіне столькі ўсялякай тэхнікі для капання зямлі, столькі выратавальнікаў, жаўнераў, міліцыянтаў… Чаму не прыгнаць адразу кучу, няўжо немагчыма ўсё зрабіць хутка?
– Я павінна ехаць. Зразумей, кожная прыгаршча зямлі, якую я зніму з яго, мне залатая…
Вячка падняўся, узяў дзяўчыну за плечы.
– Калі што, нам патэлефануюць… Давай пачакаем хоць да абеду. Ідзі, памыйся, паеш, як чалавек, тады можаш палазіць у Інтэрнеце… Там-сям пра Корб-Варановіча згадваюць.
На афіцыйных сайтах “трагедыя ў Ройна” не згадвалася. Толькі некалькі неафіцыйных напісалі, што з вядомым навукоўцам Данілам Корб-Варановічам адбыўся няшчасны выпадак падчас раскопак, але цела (зноў цела!) пакуль не знойдзена. На форумах, вядома, людзі гулі, у Жывым Часопісе ўтварылася суполка, якая сачыла за падзеямі. Ася пабачыла, што там рабілі запісы добраахвотнікі, што раскопвалі царкву, і выклікаліся дапамагчы новыя. А Арсенія і не ведала, што Корб-Варановіч быў аўтарам дваццаці манаграфій і зборнікаў артыкулаў, доктарам навук і чальцом немавед якіх міжнародных камітэтаў і грамадскіх арганізацый… Што ж, у “Сокале-прынце” ягоныя кніжкі не друкаваліся, на вечарыны памяці гістарычных асобаў, дзе Даніла мог прысутнічаць, Ася даўно не хадзіла…
Відаць, нехта пасылаў інфармацыю на форум проста з Ройна, таму што апошнія звесткі пра падзеі былі дваццаціхвіліннай даўнасці. Экскаватар запрацаваў, але ўсё ўскладняе моцны дождж, прыкметаў жыцця пад заваламі няма, да ніжняга слоя, дзе павінны быць парэшткі, дакопвацца шчэ не адзін дзень…
“Парэшткі”! Самі вы парэшткі…
А за вакном сапраўды залева, ажно шыбы здаюцца перакрыўленымі ад струменяў, што па іх сцякаюць, і здаецца, што да іх з вуліцы прыціскаюцца белыя твары тапельцаў.
Ася набрала ў пашуковіку імя свайго мужчыны. Трэба ж, спасылак, як на класіка якога… Фотаздымкі… У Крэўскім замку, у Міры, у Празе, у Кліўлендзе… На канферэнцыях, круглых сталах, на раскопках… Манітор расплываўся ў вачах ад слёз.
Нешта пляснула побач… Ася павярнулася. Гэта Вячка бразнуў аб стол сваю запаветную сінюю тэчку. Ягоны твар быў збялелы і таксама нейкі перакрыўлены.
– Каб я ведаў, чым гэтая гульня абернецца… Зараз нават у Гогаля толкам не сыграеш – той мог эфектна спаліць у агні рукапіс, а мне застаецца толькі файл з кампутара выдаліць. А які ж гэта жэст для вечнасці? Ніякай урачыстасці…
Вячка правёў абедзьвума рукамі па зблажэлым твары, парослым чорнай шчэццю.
– Я ж дзеля чаго ўсё пачаў пісаць… Каб цябе залучыць! Штучку такую ганарыстую… Марго казала, як ты нудзішся ў “Сокале-прынце”, як табе не хапае прыгодаў на ўласную… галаву. Я пакорпаўся ў тваім радаводзе… І такі шыкоўны матэрыял падвярнуўся! Следчая справа твайго прадзеда, якая выцягнула на свет справу Корб-Варановіча… І пачалося. Я ж фанат… Я не ілгаў. У мяне рэальнасць і ўяўленне непаздзельныя. Я сам часта не ведаю, чаму так ці іначай напісалася… За герояў жыву… Пра карціну з тваім двайніком я даўно ведаў, і, шчыра кажучы, паспрыяў таму, каб менавіта яе сюды прывезлі. Так, я здагадваюся, што ты хочаш сказаць, – падняў руку Скрыніч. — Што можна было куды прасцейшым шляхам звярнуць на сябе тваю ўвагу. Але проста – мне было б не цікава. Я хацеў Вялікай Гульні. Ты была ідэальнай гераіняй. Рамантычная, закамплексаваная, самотная. Не падобная да тых дзевак, што скакалі да мяне ў ложак і якіх так проста “раскласці на элементы”… Як тваю сястру, напрыклад. І ўсё з табой амаль атрымалася!
Гэта было жахлівае адкрыццё, але цяпер Арсеніі толькі трохі зрабілася брыдка ад здагадкі, што Марго ўсё-ткі атрымала славутага аднакласніка калі не ў мужы, дык у часовыя каханкі. Вядома, нэдарэка Гоша ніяк не мог задаволіць ейныя амбіцыі. Вячка ўскочыў і захадзіў па пакоі.
– Я збіраў звесткі пра сваіх герояў, распісваў ролі. Выходзіла, што Корб-Варановіч – дзядзька ў гадах, жанаты, характар паскудны – агрэсіўны, фанабэрысты… Як яго лаялі чыноўнікі з аддзела культуры! Ну чаму я не ўлічыў, што два гісторыкі называлі яго “дабрэннай душы чалавекам” і “сумленнем гістарычнай навукі”, не прыглядзеўся да тых кабетаў, якія, пачуўшы “Даніла Раманавіч Корб-Варановіч” рамантычна ўздыхалі ці чырванелі… Яны ж не ўсе былі сталыя ды шараговай знешнасці… Я планаваў, што ён у табе адразу выкліча моцную антыпатыю, а значыць, па ўсіх законах псіхалогіі, ты дапусціш мяне бліжэй. Хто мог падумаць, што між вамі такое здарыцца! – Вячка ўчапіўся ў свае чорныя валасы. – Гэта было нешта неверагоднае! Я ніколі не бачыў, каб людзей так цягнула адно да аднаго – з першага ж погляду! Вы яшчэ самі не разумелі, што з вамі адбываецца… Але ж я – пісьменнік! Я – дэміург, лялькавод, рэжысёр, сцэнарыст! Я выдатна заўважаў, як між вамі аж паветра віравала ад напружання, ад узаемнай цікавасці… Тады, у Аляўціны Пятроўны, не вытрымаў, сарваўся… Сяджу, як на чужым вяселлі, на якое прыйшоў быў, як жаніх. Ведаеш, момантамі падчас вашай бліскучай сваркі ў мяне было такое ўражанне, што вы проста ў мяне на вачах зараз кінецеся адно да аднаго, як галодныя да хлеба, і пачнеце цалавацца… Блін…
Вячка сеў назад, у крэсла. Ася агаломшана спрабавала асэнсаваць тое, што чула. А так жа і здарылася… Урэшце яны кінуліся адно да аднаго… Няўжо звонку гэта выглядала непазбежнасцю? Яна ж гісторыка цярпець не магла… І ён яе таксама… А Скрыніч шпурнуў свой рукапіс на падлогу, так што разляцеліся старонкі, падскочыў да Асі, падняў яе з крэсла, як ляльку:
– Дарагая, мілая, зразумей, гэта проста гульні псіхікі! Мне Данілу Раманавіча таксама страшэнна шкада, і я таксама ночы не сплю, і буду хоць рукамі разбіраць той кляты завал… Але не ўяўляй таго, што няма, і не магло быць. Ты расла без бацькі, сядзіць падсвядомая патрэба ў прысутнасці старэйшага мужчыны… Каб насіў на ручках, ушчуваў, прабачаў, падказваў… А ён у дзяцінстве не атрымаў любові, і цяпер прагне яе атрымліваць і дарыць – вечнае недалюбленае дзіцё… Сваіх дзяцей не зрабіў, родзічаў няма, а так хочацца пра кагосьці клапаціцца… Вось з гэтай вар’яткай важдаўся. І з табой, як з дзіцем, нянькацца пачаў. Надзень шапачку, не хадзі босая, паеш… Ён жа кантраляваў бы кожны твой крок! Дзе затрымалася, чаму невясёлая? Згадзіся, ты ўсё роўна такога б не сцярпела! Я разумею… Першы ўдалы сэксуальны досвед – гэта зачароўвае. Але, павер, ён не адзіны вопытны мужчына, з якім жанчыне можа быць добра. А я цябе кахаю. Чуеш, кахаю!
Вячка пачаў асыпаць яе пацалункамі, але Ася спакойна адсунулася, прамовіла з мяккім дакорам.
– Не трэба казаць пра яго ў мінулым часе, Даніла жывы. А выберацца, я яму ўпраўлю комплексы на месца. А для бацькі ён занадта… хуліганісты. Часам як дзіця горкае…
Ад яе ціхай мройнай усмешкі Вячку проста затрэсла. Ён адпусціў Асю і зноў сеў у крэсла, мармычучы сам сабе:
– Ёлуп… Знайшоў калі, усё сапсаваў… Пачакаць трэба… Проста пачакаць…
Зазваніў тэлефон, не мабільны, гарадскі. Але Арсенія кінулася здымаць трубку, ледзь усё на стале не перакуліла.
– Асенька, дзе ты знікла? Трубку не бярэш, і на працы кажуць, што цябе няма…
– Бабуля, я звольнілася.
Па тым баку дрота на імгненне запанавала маўчанне.
– Ну, можа, і да лепшага.
Ася нават усміхнулася – мілая бабуля, ідэалістка, якая выхавала ідэалістаў… Вечная галеча, затое ўзаемаразуменне і згода.
– Два тыдні не паказваеш носу, – між тым дакарала бабуля. – Замуж выйдзеш – а мы і не даведаемся. А я табе цікавую сукенку пашыла, як ты і хацела, чорную, доўгую, з устаўкамі з тафты… Як у цябе, дарэчы, са Славікам?
– З якім Славікам? – затармазіла Ася, не адразу зразумеўшы, што згаданая асоба сядзіць з ёй у адным пакоі і меланхалічна даядае тушонку з бляшанкі вытворчасці г. п. Бяроза.
– Ну з пісьменнікам, які з Рытачкай вучыўся. Быў, памятаю, у школе здохлы, бледны, шкадлівы… А цяпер – цікавы такі мужчына, разумны, вясёлы… Ён у мяне ў панядзелак тры гадзіны прасядзеў. Пра мінулае распытваў… – бабуля горка-горка ўздыхнула. – Што ж, навошта мне ў магілу ўспаміны забіраць… А Славік, можа, нешта карыснае для людзей напіша. Ты глядзі, дзеўка, не ўпусці яго. Ён жа за табой са школы ўпадаў.
Арсенія разгублена зірнула на Вячку. Каго ні паслухаць, усе за ёй упадалі… Ці яна дурнаватая, ці яны не туды падалі. Паколькі ва ўласным інтэлекце Арсеніі сумнявацца было крыўдна, выбрала другі варыянт.
Пазнавата гэтыя ўпаданні выявіліся… Гора зноў сціснула сэрца кіпцюрыстай лапай. Яшчэ толькі дзевяць раніцы. Яна абяцала патрываць да абеду, не ехаць у Ройна. А Даніла там, у сутарэннях, пад грудамі камянёў… Ася націснула зноў на кнопку сотавага, каб набраўся нумар Корб-Варановіча… “Апарат абанента знаходзіцца па-за зонай дзеяння Сеці…” Аднак хопіць плачу. Сёння ёй яшчэ давядзецца ўсяляць надзею ў людзей, якія зняверыліся.
Вячка паныла паставіў каля клавіятуры пустую бляшанку.
– Ну вось, як знервуюся, ваўчыны апетыт прачынаецца. Табе застаўся батон і палова пачка масла. Здаецца, яшчэ яйкі ёсць… Можа, падсмажым?
Ася пахітала галавой, хаця паесці з меркаванняў самазахавання не перашкодзіла б.
– Ты чаго да маёй бабулі хадзіў?
Вячка сумна ўсміхнуўся.
– Хочаш ведаць? Зараз пакажу…
Лена ўстаў і пачаў перабіраць рассыпаныя па падлозе аркушы, як быццам шукаў залаты пярсцёнак пад восеньскім лісцем. Падабраў некалькі, склаў, падаў Асі.
– На, чытай… І яшчэ батон пажуй, а то звалішся. Пайду, гарбаты завару.
А Даніла б зараз хуценька згатаваў амлет, адпускаючы здзеклівыя жартачкі пра нягеглую гаспадыню, у якой у халадзільніку тры хвосцікі ад каўбасы і дзвесце свежазамарожаных галодных паглядаў, і прымусіў бы паснедаць, а потым…
Ася неверагодным намаганнем волі адагнала тугу і паглыбілася ў чарговы тэкст з Вячкава рамана.
Хочаш пераканацца, што ты не самы няшчасны чалавек на свеце? Азірніся на бліжніх. А сорамна як… Яна ж нічога не ведала! У бабулі хворыя ногі, а як гэта сталася? Дзе магіла прадзеда, таксама Арсенію раней не цікавіла…
Яны з Данілам павінны абавязкова схадзіць у Курапаты… Хаця Даніла, вядома ж, там бываў. Такі чалавек, як ён, не мог не наведаць месца, дзе закапаная частка крывавай беларускай гісторыі.
І зноў віна перад Скрынічам лягла на душу… Ён сапраўды талент. Не ён мусіць амлеты пячы, а яму павінны спунаваць, усе ўмовы ствараць, абы пісаў… А ён ёй гарбату вунь падае…
– Ты вялікі пісьменнік… – ціха прамовіла Арсенія. – Я ганаруся, што знаёмая з табою…
– Але ты мяне не кахаеш, – змрочна сказаў-сцвердзіў Вячка.
Арсенія разгублена паглядзела на яго. Так, геніі – эгацэнтрысты… Але няўжо ён не разумее…
– Табе не здаецца, што зараз не самы спрыяльны час высвятляць адносіны? Калі мой… дарагі мне чалавек… адзіны… магчыма, памірае? Што за сцэны рэўнасці да таго, хто чацвёра сутак камянямі засыпаны?
Відзежа са снення паўстала перад вачыма.
Дзяўчына ўскочыла, схапілася за галаву.
– Усё, не магу… Паехалі!
Вячка таксама ўскочыў, раз’юшаны і адчайны.
– Ды чым ён цябе так прываражыў? Мазгі зусім пераклініла…
І з усяе моцы нянавісці ўдарыў па заплечніку Корб-Варановіча, які сціпла стаяў, прыхінуты да сцяны. Заплечнік з глухім шоргатам паваліўся, рэчы з яго пападалі на падлогу… Упакоўка вільготных сурвэтак, распухлы ад запісаў нататнік у скураной вокладцы, патрапаны маленькі малітоўнічак, такі ж патрапаны агульны сшытак, цэлы пук асадак, якія раскаціліся, нібы ліцвіны з маскоўскага палону, рулетка, металёвы тэрмас, складны паляўнічы нож… Каб жа гэта Корб-Варановіч прыхапіў з сабою ў сутарэнне!
Вячка падняў цяжкі скрутак, загорнуты ў цалафанавы пакет.
– А гэта што?
– Гэта Даніла з труны Юрыя Варановіча дастаў, – успомніла Арсенія.—Але сказаў, што толькі сам хоча прачытаць.
Ды Вячка ўжо здзёр цэлафан і раскручваў каляную ад часу скуру. Унутры аказаўся футарал, як маленькі тубус, зверху абмазаны нечым брыдкім, падобным да застылага тлушчу. Скрыніч бесцырымонна абчысціў налёт нажом. Збліснуў метал.
– Зверху воск, унутры – срэбра… – няўважна патлумачыў ён Асі, узяўся за футарал абедзьвума рукамі, з сілай крутануў… Той распаўся на дзве паловы, і на стол вываліўся шорсткі шчыльны ліст, спісаны выцвілым атрамантам.
– Пергамент, адмыслова апрацаваны, разлічаны да доўгае захаванне… – задумліва канстатаваў Скрыніч. – Пачатак шаснаццатага стагоддзя. Яго не адзін раз разварочвалі, між іншым. Вось трэшчынкі… Я, вядома, не прафесійны паляограф, але чытаць такія дакументы насабачыўся.
Арсенія змрочна зазірнула ў дакумент, не разабрала ані слова ў стражытнай вязі. Гэта была таксама частка Данілы. Таямніца ягонага роду, якую ён так прагнуў адкрыць. Ці варта дазваляць Вячку соваць у яе свой драпежны нос? Ася зусім было ўжо сабралася выхапіць пергамент з рук “дэміурга” і спаслацца на тое, што Даніла вернецца, сам пачытае, але раптам ёй прыйшло ў галаву… А што, калі словы далёкага продка дапамогуць вызваліць Данілу? Дадуць невядомыя звесткі пра падземную царкву?
– Чытай хутчэй…– хрыплым голасам прамовіла Ася, зірнуўшы яшчэ раз на свой сотавы, які маўчаў, як трыпутнік пад капытом.
Вячка расклаў пергамент на кампутарным стале, адсунуўшы клавіятуру і манітор, прыціснуў жорсткія краі марскімі каменьчыкамі, якія Ася калісьці расклала па ўсёй кватэры ўперамежку з ракавінкамі, быццам імітуючы караблекрушэнне, запаліў настольную лямпу і нізка нагнуў яе над тэкстам… Адразу відаць, спрактыкаваны… І пачаў чытаць, перакладаючы, як мог, на сучасную мову…
– Я, раб Божы Іосіп Варановіч, пакідаю тэстамент… запавет непарушны ўсім сваім… “щадком”… напэўна, нашчадкам, колькі б іх ні было… без… “омешканья”… Прамаруджвання, ці што? “запавет той у труне павінен захоўвацца майго старэйшага брата, “роженого”… гэта значыць, адзінароднага, Юрыя Варановіча, які ў царкве святога Юры пахаваны. І кожны старэйшы ў родзе няхай, калі ягоны старэйшы сын… “до лет зуполных”… карацей, калі той сын падрасце, адкрые яму шлях… Не вельмі разумею, куды… Напэўна, да месца пахавання Юрыя Варановіча? “А той, прыйшоўшы і прачытаўшы запавет гэты, пакладзе яго на месца і воскам запячатае, каб ягоны старэйшы сын у свой час таксама прыйшоў і прачытаў… “І на то есмо…” Ну, гэта можна прапусціць… Няхай гісторыя нашага роду паслужыць “щадком” нашым у навучэнне і ва ўстрашэнне, чым абярнуцца можа здрада каралю і айчыне і безразважная жарсць, якая адольвае падобна… “форобе”… хваробе. Змірайце ж свае сэрцы, якія ў Варановічаў палкія, як вагонь паганскага Купалля, малітваю і пастом і суворай шляхецкаю воляю.
У год ад нараджэння Хрыстова 1508 была злашчасная бітва на рацэ Вядроша. Разбілі маскоўцы, якіх было, як… жамяры, войска кароннага гетмана Канстанціна Астрожскага, так што вада ў рацэ чырвоная плыла, і пабралі ў палон усіх шляхціцаў… “заставятьсе не зонехаемо”… Не ведаю, як перакласці… “І пайшлі на гэтую бойку пад штандарам кароннага гетмана бацька мой, Антоні Варановіч, і старэйшы брат мой, Юры Варановіч, “рыцер зацны”… воін магутны, як тур, і бясстрашны, як леў. Бацьку прывезлі верныя слугі параненага. А Юрыя не было сярод палонных, і не было яго сярод тых, каму ўдалося вярнуцца. І прыйшла вестка, што ён мёртвы. Загінуў Юры Варановіч у сечы на Вядрошы. Так казаў я сваім дзецям, і так няхай кажуць мае дзеці сваім.
А што адбылося насамрэч з братам маім, Юрыем Варановічам, я зараз вам распавяду.”
Цёмна было, як у коміне, каб хто вытнуў, не ведаў бы, з кім сварыцца… Ды яшчэ дождж ліў. Сакавік у гэтым годзе ўвогуле быў халодны, як рыбіна, і дажджлівы, і неба здавалася мокрай анучай, якую дбайная гаспадыня старанна выціскала над зямлёй, замяшанай разам са снегам у агідную калатушу. З-пад капытоў коней выплюхваліся брудныя вадаспады, і хацелася аднаго: у цёплы прытулак.
Але часам цемра і холад падаюцца больш прывабнымі, чым яркае сонечнае святло. Прынамсі для тых, хто хаваецца і ўцякае.
Да Ройнаўскага палацу, які абазначаўся на фоне чорнага неба толькі ледзь бачным, трохі цямнейшым ад неба абрысам высокага даху, упрыгожанага па кутах вежачкамі, у якіх цьмяна свяціліся вакенцы, пад’ехалі намётам двое вершнікаў. Адзін, вышэйшы і больш дужы, падтрымаў меншага, які зусім абсунуўся на спіну зняможанага каня, спешыўся і падышоў да брамы. Твар ягоны быў схаваны нізка насунутым коптурам, толькі відаць было па паставе, што нечаканы госць высокі, магутны, як тур, і не стары. На грукат азваўся суворы голас вартавога, у браме адчынілася закратаванае вакенца, і прыўзняты над агароджай ліхтар, у алеі якога канаў светлай смерцю тоўсты кнот, разагнаў цемру на адну валасіну. З двух бакоў паўзверх агароджы на прыхадняў наставілі рулі крэмневых стрэльбаў, падобныя да жалеек смерці. У Вялікім Княстве – неспрыяльны час для адчыненых брамаў і начных гасцяванняў.
– Перадайце пану Язэпу Варановічу гэты сыкгнет, – уладна пракрычаў вершнік і перакінуў цераз браму скрутак, у якім згаданы прадмет, відаць, і знаходзіўся. – Пабудзіце яго, калі спіць, бо гэта вельмі важна, і ваш пан дужа раззлуецца, калі вы ўчыніце іначай.
За брамай пачуліся галасы і крокі.
Чалавек зноў ускочыў у сядло са звыклай лёгкасцю ваяра і цярпліва пачаў чакаць. Ягоны спадарожнік, таксама шчыльна захутаны ў плашч з коптурам, стуліўся ў сядле, нібыта птушка. Нарэшце загрукалі засовы, брама з тоўстых бярвенняў адчынілася, і двое начных гасцей прыспешылі коней…
Прыслужнікі скіравалі прыхадняў да чорнага ўваходу, як загадаў ім пан, і згодна ягонаму ж загаду разбегліся. Падобна, госці сапраўды прывезлі важныя звесткі, і гэтыя звесткі, гэта жа, як і абліччы гасцей, не прызначаліся для старонніх вушэй і вачэй. У палацы запанавала ціша.
Ля ганку больш высокі госць спешыўся і дапамог сысці з каня другому, літаральна зняў, асцярожна паставіў на ногі, прытуліў да сябе… Дзверы грукнулі, выпусціўшы ў імжу і цемру слабое святло свечкі. Стары лёкай запрашальна махнуў рукой, і двое ўвайшлі. Старэча ў зялёным каптаніку з утэрфіну, не выказваючы ані каліва цікаўнасці, не азіраючыся, ці ідуць за ім госці, ветліва-абыякавы патомны прыслужнік, правёў прыхадняў па калідоры, падняўся па вузкай вінтавой лесвіцы на другі паверх, адчыніў дзверы пакоя, нізка схіліўся, счакаўшы, пакуль двое зойдуць, і замёр ля дзвярэй. Калідор абудзілі хуткія гучныя крокі маладога мужчыны гадоў дваццаці трох, са светла-русымі густымі хвалістымі валасамі і дагледжанымі доўгімі вусамі, у модным фалендышавым саяніку, такія пачала насіць шляхта пры двары Жыгімонта з падачы маладой каралевы-італьянкі Боны, але пры баявым мячы на баку. Пан змрочна кіўнуў вернаму слузе:
– Глядзі, каб пакуль ніхто сюды не набліжаўся, і носу цікаўнага не высоўваў, бо засяку! І сам каб не ўздумаў падслухоўваць, іначай сядзеш на палю. Ты мяне ведаеш, Гаўрыла.
І зайшоў у пакой з таямнічымі прыхаднямі.
Слуга падумаў быў, што госці надта важныя і небяспечныя – бо малады пан, нават сярод ночы пабуджаны, не паленаваўся ўскінуць на сябе саян з узорыстай парчы, відаць, каб выглядаць адмыслова важна, і ўзяў сваю ўлюбёную шаблю, не парадную, а вострую ды надзейную, напітую варожай крывёй.
Але стары зараз жа адагнаў думкі, бо добраму слузе нельга разважаць пра панскія справы, ён мусіць толькі выконваць загады. Тым болей Язэп Варановіч – пан акрутны і гарачы, як кіпень. Таму прыслужнік адышоўся далей да лесвіцы, дзе гарэла ў жалезным абручы паходня, і прытуліўся да сценкі, гатовы прастаяць так хоць да раніцы.
Пакой быў ярка асветлены свечкамі ў двух срэбных кандэлябрах, зробленых у выглядзе аленяў з галінастымі рагамі. Гаспадар стаў перад гасцямі, ганарыста адкінуўшы галаву. Вышэйшы госць зрабіў крок наперад і адкрыў твар, дужа падобны да твара гаспадара, толькі аброслы кароткай светлай бародкай.
– Здароў будзь, браце Язэп!
– І табе вітанне, брат Юры, – змрочна адказаў гаспадар. – Не думаў, што пабачу цябе жывога.
– Не дужа рады ты мяне бачыць, Язэп, – з дакорам прагаварыў госць. — А мы ж пяць гадоў не бачыліся, аж з Кракава. І не забывай – я старэйшы, і гэты палац, і ўвесь маястат мог быць маім…
– І я б слова не сказаў, каб ён быў тваім! – са злой гарачнасцю прагаварыў Язэп Варановіч. – Тады я б не быў братам чалавека, якога бацька пазбавіў спадчыны, а кароль – шляхецкай годнасці!
– Годнасці шляхціца не можа пазбавіць ніхто, ні кароль, ні людскі суд! – з гэткай жа гарачнасцю адказаў госць. – А перад Богам я адкажу – бо я не здрадзіў веры прадзедаў, не звязаўся з папістамі, як ты.
Полымя свечак здрыганулася, другі госць, па ранейшаму захутаны ў плашч, пахіснуўся. Абодва Варановічы маўчалі, такія падобныя, шэравокія, магутныя, намагаючыся ўтаймаваць ятрасць, якая ў абодвух, падобна, была спадчыннай, а двубой між братамі – грэх… Нарэшце малодшы парушыў напружаную, як нацягнутая цеціва, цішу, кіўнуўшы ў бок другога госця:
– Гэта яна?
– Так, гэта Алена, мая вянчаная жонка.
Другі госць зрабіў крок наперад. Тонкія рукі адкінулі коптур. Дзявочы твар дзіўнай прыгажосці быў такі белы, быццам дзяўчына ніколі не бачыла сонца. Чорныя, як бяззорная ноч, доўгія валасы, выгінастыя бровы, вялізныя цёмныя вочы, абкружаныя ценямі, гожы рот з пульхнымі вуснамі…
– Вось дзеля чаго ты загубіў сябе, браце, – горка прамовіў Язэп Варановіч. – Што ж… Прызнаю… Птушка такая рэдка ў сіло трапляецца.
Госця апусціла галаву, і муж зараз жа абняў яе, прытуліў да сябе.
– Не трэба вінаваціць ва ўсім яе! Дзеля адной гожасці жаночай я б не ўчыніў таго, што ўчыніў. Хіба толькі я перайшоў на службу да маскоўскага цара? Так зрабілі многія праваслаўныя. Няўжо ты не бачыш, як з Польшчы да нас лезуць папісты, і ўсіх абярнуць у сваю веру хочуць? І хіба няпраўда, што нашу каралеву Алену Рурыкаўну, дачку Івана Трэцяга, змушалі да каталіцтва? Хто яе ў кляштар сілком цягнуў? Ці не Осцік, з якім ты хаўрусаваўся?
Язэп Варановіч грэбліва скрывіў вусны.
– Каралева не павінна быць прычынай вайны, не павінна дапускаць, каб на народ, якім яна кіруе, нападаў той народ, які яе ўзрасціў… Моцна ты змяніўся, браце, ад тых часоў, што мы бачыліся ў Кракаве. Калі хацеў лацвей Богу паслужыць, лепей бы вярнуўся, каб царкву ў імя свайго святога дабудаваць – а то грошы паслаў, запатрабаваў, каб ніхто да фундавання, акрым цябе, не датыкаўся... А як будоўля ідзе, хоць раз пацікавіўся? Што грошай не хапіла, сцены два разы рушыліся, так што ад зямлі іх не падняць, і людзі ўжо і дабудоўваць не хочуць, бо пайшлі благія чуткі пра месца, ведаеш?
Малодшы Варановіч глыбока ўздыхнуў, відаць, каб канчаткова не сарвацца на крык, і працягваў больш разважна.
– Маскалям не вера, а зямля нашая патрэбная! А каталік Казімір, між іншым, пабудаваў у княстве тры касцёлы і пяць цэркваў. А цяпер з-за нападу маскоўцаў палякі якраз і ўціснуць нашую веру. Ды што я табе даказваю… Хіба гетман Астрожскі, Рыгор Осцік, Літавор Храптовіч, якія зараз у кайданах сядзяць у маскоўскім палоне, меней праваслаўныя за цябе? Калі ты такі вернік, што прысягай каралеўскай у імя веры пагарджаеш, чаму ж на адзінаверцаў руку падняў? Каб бацька табе пад руку патрапіўся, і яго забіў бы? Каб я на Вядрошы ваяваў, забіў бы і мяне? Бацьку на смерць паранілі твае новыя хаўруснікі, праз год пад Смаленскам на мне чатыры шнары пакінулі, цудам крывёй не сцёк, і на крыж мой не паглядзелі… Трэба было табе заставацца ў маскоўшчыне, брат…
Юры Варановіч апусціў шэрыя вочы.
– У маскоўшчыне… Там мала каштуе чалавечае жыццё, і следу нашай залатой вольнасці шляхецкай няма, шляхціц там – халоп цара, і можа без суда, па адной царскай волі, быці пакараны… Ды ў нас нават лапцюжны шляхцюк не сцярпеў бы таго, што церпяць самыя радавітыя баяры! Там надта шмат ад ардынскіх парадкаў… Ну і, ты ж ведаеш, мусіць, я ледзь не забіў Шчэпу…
– Чуў, – голас Язэпа Варановіча быў халодны, як вецер за вакном. – Што ты пабіўся з улюбёным царскім ваяводам, які пасек ліцвінскія войскі, толькі ўхваляю… А вось што пабіўся не з-за айчыны, а з-за дзеўкі – ухваліць не магу. Яна ж у Шчэпы не жонкай была, а звычайнай наложніцай... Ды яшчэ паланянкай. Ну, адбіў, звёз… Нашто яшчэ трэба было з ёй жаніцца, псаваць кроў шляхецкага роду?
– Алена высакародней за нашых шляхцянак! – выкрыкнуў Юры, кладучы руку на дзяржальна мяча. – Напачатку яе і праўда падаслалі да мне, каб быў больш прыхільны да пераходу пад штандары Івана, але потым… Ты не ведаеш, што такое каханне, брат! Калі Шчэпа мяне ў поруб пасадзіў, яна мяне выцягнула, схавала… І не прызналася, дзе, нават калі дапытвалі. А потым, дурнічка, хацела мяне вызваліць ад сябе, з ракі яе даставаў…
Юры Варановіч прытуліў да сябе жонку і пяшчотна пацалаваў яе ў лоб, потым зірнуў на брата.
— Мне без яе не жыць. А яна чакае дзіця.
Язэп змрочна памаўчаў, гледзячы на братавую.
– Ты хоць хрышчаная?
Тая моўчкі кіўнула, не падымаючы вачэй.
– З якога народу? Хазарка, мусіць?
– Яна праваслаўная, і яна – Алена Варановіч, і яна народзіць спадчынніка роду! – сказаў важка, як адрэзаў, Юры.
Твар малодшага брата пацямнеў ад гневу.
– Не быць вашаму сыну спадчыннікам роду! Ты забыўся, што ты – нават не шляхціц. Ты пазбаўлены шляхецтва, ты не маеш права насіць наша слаўнае прозвішча, валодаць нічым, што належыць Варановічам, у тым ліку са спадчыны нашае маці з роду Парэшкаў. Гэтак напісаў у тэстаменце наш бацька, а ягоны тэстамент зацвердзіў кароль. Твая здрада звяла бацьку ў магілу! З Вядрошы яго прывезлі параненага, але ён адольваў і горшыя раны. Цэлы павет ведае, як ён кляў цябе і тваё семя да сёмага калена! Нават на смяротным ложку. Ты ведаеш пра загад, каб такіх, як ты, што на Вядрошы перайшлі на бок ворага, аддаць смерці? Цябе асудзілі па ўсіх правілах і законах, як дзяржаўнага злачынцу! Добра, што прыйшлі звесткі, нібыта цябе забілі твае ж маскоўцы, і бацька ўмаліў караля з гэтай нагоды, каб нашае імя не ганьбілася, калі загад чыталі на ўсіх пляцах Кароны і Княства.
– У маскоўскім княстве мяне таксама асудзілі на горла, – холадна прамовіў Юры Варановіч. – За намі гналіся ад Смаленску… І ўдалы паляўнічы можа атрымаць узнагароды за нашыя галовы. Як жа ўчыніш ты, Язэпе, з намі?
Цяперашні гаспадар памаўчаў, зялёная парча ягонага саету, расшытая перлінамі, паблісквала ў святле свечак, як скура змяінага караля.
– Я не выдам цябе, бо ты мой брат. Але і прыняць цябе, як брата, як Юрыя Варановіча, не магу. І жонку тваю прызнаць сваячкай нават не прасі.
Жанчына павярнулася да старэйшага Варановіча.
– Любы, пайшлі адсюль! Я ж казала – не варта ехаць… Лепей у Чэхію… Ці ў Інфлянты…
Голас у яе быў прыгожы, трошкі нізкаваты, з нязвыклым вымаўленнем.
– Ты не зможаш доўга ехаць, – з жорсткасцю адчаю прамовіў мужчына. – Загубіш дзіця, загубіш сябе… Нас будуць лавіць па ўсіх дарогах… І нават калі ўдасца прарвацца… Жыць на чужыне? Сярод іншаверцаў? Што будзе з нашымі нашчадкамі? Лепей на радзіме ім быць слугамі, чым дзесьці – панамі-перахрэстамі…
І павярнуўся да брата.
– Я прыму тваю волю, Язэпе. Толькі дапамажы.
Малодшы Варановіч задумаўся, яго твар рабіўся ўсё больш суровым і рашучым.
– Што ж, я дам табе магчымасць выкупіць сваю правіну. Табе – і тваім нашчадкам. Быць ім слугамі маіх нашчадкаў да сёмага калена. Ты з’ехаў у Кракаў адзінаццаць год таму, яшчэ дзіцем, цябе тут ніхто не пазнае… Я скажу, што ты – сын пакаёўкі Марыі Вяжэвіч, бацькавай каханкі, які выгадаваўся ў яе радзіны ў Камянцы. Няхай бацька прабачыць мяне за гэтую ману, у імя Госпада... – Язэп перахрысціўся на абразы ў куце пакоя. – Але ж Марыя Вяжэвіч і праўда не аднойчы сагравала ягонае ложа. Памерла яна даўно, сваякоў тут няма. Ніхто не ўсумніцца. Нават братам маім пры гэтым застанешся. Пад яе прозвішчам і жыць вам. Нядаўна памёр мой ляснічы, можаш заняць ягонае месца. Ты ж выбітным быў паляўнічым, памятаю. Аддам вам дамок ля Волатавага дуба, там усё патрэбнае для шляхецкага жыцця. Грошай вылучу дастаткова, каб ні ў чым не мелі нястачы. Адзіная ўмова – ніхто не павінен даведацца, хто ты. Юры Варановіч загінуў у сечы на Вядрошы.
Юры прагаварыў глухім голасам:
– А як жа дзеці?
– Дзеці вырастуць Вяжэвічамі, – жорстка прамовіў Язэп Варановіч. – Пакуль не зменіцца сем пакаленняў. Пакуль не сыдзе бацькоўскі праклён. Не бойся, я не дапушчу, каб твае праўнукі апусціліся да стану смуродных мужыкоў, і іх секлі на стайні мае праўнукі. Я пакіну тэстамент, каб кожны старэйшы ў родзе даведваўся, хто такія Вяжэвічы, і, не раскрываючы ім гэтага, даваў грошы на годнае жыццё, адукацыю для дзяцей, на шлюбы з добрымі сем’ямі, і аберагаў ад прыніжэнняў, і захоўваў у праваслаўнай веры. А нашчадку ў восьмым калене будзе ўсё раскрыта, і вернецца яму прозвішча і шляхецтва. Той, хто застанецца з роду Варановічаў, няхай пашлюбуецца з кімсьці з Вяжэвічаў, і ўз’яднаецца братняя кроў у іх дзецях.
– Мая душа не супакоіцца, пакуль гэтага не здарыцца, – ціха і горка прагаварыў Юры Варановіч. – Вякі прамінуць, і ці застанецца хто жывы з роду? Але хай будзе, як ты вырашыў… Адзіная просьба мая – няхай пахаваны я буду пад сваім прозвішчам, і згодна свайму ранейшаму званню.
Малодшы Варановіч задумаўся.
– Гэта павінна быць таемнае месца… І асвячонае. Вось што... Тая царква святога Юрыя, якую ты не дабудаваў, няхай станецца тваёй усыпальніцай. А я пабудую іншую – святога Язэпа. Твая царква ўзведзеная на цалю над зямлёю… Яе можна схаваць пад дзірваном і зладзіць таемны ўваход туды праз новую царкву. Такі самы, як зрабіў наш бацька з маёнтка Вялынічы да кляштару. Там яшчэ камень паварочваўся адмысловым ключом. Майстар з Полацку, мусібыць, яшчэ жывы.
Язэп Варановіч падышоў да камоды, што стаяла пад абразамі, адчыніў дзверцы, інкруставаныя дзівоснымі кветкамі. Збліснула срэбра.
– Памятаеш гэты кубак? – прамовіў Язэп. – Яго падараваў нашаму бацьку за верную службу вялікі князь Казімір. З яго прыняў бацька сваё апошняе прычасце. Я думаў ахвяраваць у храм, каб надалей служыў пацірам… Але няхай станецца ён пячаткай нашае дамовы і ключом…
Язэп паставіў кубак на маленькі стол, які стаяў ля вакна, выхапіў меч, размахнуўся… Лязо з дамаскае сталі ўвайшло глыбока ў дрэва, кубак распаўся на дзве роўныя палавіны. Малодшы Варановіч працягнуў адну палавіну брату, другую ўзяў сабе.
– Няхай перадаецца старэйшаму ў родзе… У тваю царкву нельга будзе ўвайсці, не склаўшы абодвух палавін, таму не перарвецца сувязь між Варановічамі і Вяжэвічамі. Памолімся ж, каб не варагавалі нашыя нашчадкі і выканалі прадзедаву волю.
– Амін… – прашаптаў Юры Варановіч. І чарнавалосая жанчына з дзівосна прыгожым і спакутаваным тварам перахрысцілася таксама.
Для тых, хто сышоў, усё адно – прамінаюць хвілі, гады альбо стагоддзі… Толькі для душы, яшчэ з’яднанай са сваім грэшным і балючым футаралам, час працякае, як пясок скрозь пальцы… Гэтыя пясчаныя струмені ўсё згусалі перад вачыма, так што нават святло свечак, запаленых па ўсім пакоі, заімглілася… Пан Астафі не памыліўся – гэта грамнічныя свечкі, значыць, надзеі няма… Толькі б паспець выканаць тое, што запаведалі продкі…
Як ён прыспешваў фурмана, які вёз яго дадому, у Ройна, нягледзячы на тое, што кожны каменьчык, які трапляўся пад колы карэты, вяртаў у раны боль ад вострага жалеза. Нездарма жонка, Адэліна з Корбутаў, папікала, што Варановічы ў гарачай вадзе купаныя, у вагні хрышчаныя. З усяго роду ён апошні застаўся, Астафій Варановіч, калі не лічыць ягонага малога сынка, усе сваякі палеглі – хто ў бойках са шведамі, расійцамі альбо казакамі, хто – у шляхецкім двубоі… Ледзь што – за шаблю альбо шастапёр, і – справа гонару! Вось і ён…
Але як, як было змаўчаць! Гэты “нямы сойм” і так увойдзе ў гісторыю, як ганьба і Вялікага Княства, і Рэчы Паспалітай. Прапілі сваю залатую шляхецкую вольнасць, прагулялі, прагарлалі ў бясконцых “лібэрум вета”… Не маглі дамовіцца, хто ж сядзе на трон, магнаты інтрыгавалі, змаўляліся хто са шведскім каралём, хто з расійскім царом, нават з казацкімі правадырамі і татарамі, шляхцюкі перабягалі з групоўкі ў групоўку, і ўсе ўрэшце скарыліся чужынцам. І вось расейскі цар Пётр дамаўляецца з саксонцам Аўгустам Моцным, і вяртае таму польскі трон, з якога яго ўжо былі сагналі. Чужыя ўладары дамаўляюцца сачыць за парадкам у Рэчы Паспалітай! Ганьба! А цяпер збіраецца сойм, на якім прызнаюць, што ўся шляхта не каталіцкага веравызнання – адгэтуль “дысідэнты”, урэзаныя ў правах. А заадно, відаць, і языкі ўсім урэзалі – бо, як распавялі Астафію, ніхто не запратэставаў, змірыліся… Усохлі, як вывешаныя на дроце рыбіны, перад гэтым выпусціўшы ў Божы свет смурод гніення сваёй пыхі… Каб ён сам змог патрапіць на сойм! Хоць адзін крык пачуўся б… Калі б толькі Корб-Варановічы былі магнатамі, як Сапегі альбо Радзівілы, каб да яго, Астафія Корб-Варановіча, далучаліся з боязі альбо ў спадзеве на багатую ўзнагароду… Але Варановічы – шляхта сярэдняй рукі… А цяпер яшчэ – і “дысідэнты”, якіх можна і на сойм не пусціць, нечуванае парушэнне шляхецкіх правоў! Перастрэлі на вуліцы, зачапілі… А ён – не, каб зразумець, што гэта змова, што імкнуцца не дапусціць у залю асабліва непакорлівых, кроў у галаву кінулася, ну і… Атрымалася тузаніна, абражаныя павыхоплівалі зброю…
Двубоямі нікога не здзівіш. Варановічы – не трысцінкі, адзін у адзін волаты… Але саксонец, якога супраць яго выставілі, быў проста пачварай, створанай для забойстваў, ягоныя рукі выглядалі як сцёгны звычайнага чалавека, ды яшчэ імклівы, як вяпрук, пра што можна было здагадацца, толькі ўжо атрымаўшы лязо пад рэбры.
Астафій не думаў, што вось так раптоўна адправіцца да прадзедаў на піва, хаця праўдзівы шляхціц мусіць быць падрыхтаваны да гэтага падарожжа штодня.
Варановіч абвёў вачыма пакой, у якім рабілася ўсё цямней.
– Дзе Антось?
– Зараз яго прывядуць, – гэта жонка, Адэля. Ён не мог разгледзець пра смяротную імглу, але і так памятаў: худы бледны твар, строга падціснутыя тонкія вусны… Добра было б, каб сынок, Антось, удаўся не ў яе, а ў Варановічаў, але пакуль ад бацькі ў яго толькі шэрыя вочы. Эх, ну чаму даводзіцца выбіраць – альбо нявеста добрая, альбо пасаг добры… Ды каб яшчэ сам выбіраў! Для ягоных бацькоў пасаг пераважыў нават тое, што нявеста – рымскай веры, а яшчэ больш, чым пасаг – радавітасць нявесты, магчымасць атрымаць у карыстанне ейны герб “Кораб”, бо Адэля засталася таксама апошняй са свайго роду, і можна было дадаць да свайго прозвішча гучны прыдомак “Корб”.
– Дзе пісар?
– Тут… І пан Міхал, і пан Раман прыйшлі за сведкаў… І айцец Казімір. Можаш складаць свой новы тэстамент.
Голас Адэлі халодны, як імжа.
Пакрыўдзілася, калі ён, толькі прынеслі параненым у дом, ледзь языком варочаў, абвесціў, што хоча скласці новы запавет. Баіцца, што яе абдзеліць, ці нешта такое ўпіша супраць каталіцкай веры. І навошта прывалакла сюды свайго ксяндза? Але няма сіл яго выганяць. Хоць бы хапіла распавесці тое, што павінен быў распавесці Антосю на паўналецце… Як калісьці яму самому бацька. Астафі ніколі не забудзецца цяжар складзенага з двух паловаў срэбнага кубка, змрочнае падарожжа праз сутарэнне, магілу забытага продка, шорсткі гук пергамента, які разварочвалі ягоныя рукі, і страшны сэнс словаў… Потым ён павінен быў узяць з труны апошні з сямі скруткаў з залатымі манетамі, каб перадаць яго ляснічаму Вяжэвічу, які чакаў ля ўваходу ў сутарэнне, і вярнуць яму ягоную палову срэбнага кубка. А на Астафіі яшчэ і асаблівы кон: прамінула ўжо дзвесце гадоў, як у дамку ля Волатава дуба пасяліліся Вяжэвічы. І вось ужо восьмае пакаленне іх з’явілася там на свет Божы – у асобе чарнявенькай жвавай Вяжэвічаўны, якой зараз годзікі два.
А вось і Антось… Худзенькі, у маці цемнавалосы, спалоханы…
– Сын, я павінен паспець сказаць… Ты – апошні з роду Варановічаў… На табе – выканаць запавет прадзедаў… Вазьмі ў той шафе, на сярэдняй паліцы, палову срэбнага кубка…
Астафію здавалася, што ён выказваецца зразумела і проста, але ягоныя загады чамусьці выконваліся страшэна марудна. Ён хацеў, каб яго словы запісвался, але не мог бачыць, ці так гэта. Тлумачыў пра Вяжэвічаў, пра неабходнасць шлюбу…
– Ты зробіш гэта, сыне? – хапаўся рукой за худую хлапечую руку, Антосік спалохана ківаў, згаджаўся.
– Іначай праклён продкаў на наш род ляжа… – шаптаў зняможаны Корб-Варановіч.
Сабраўшы апошнія сілы, ён прамовіў:
– Запаведую таксама, каб сын мой, Антон, і дзеці ягоныя захоўваліся ў праваслаўнае веры.
У пакоі стала цёмна-цёмна… А пасля ўспыхнула сляпуча-яркае святло, якое не абпаляла і не змушала прымружвацца, бо было не ад зямнога сонца.
– Тастамент гатовы, пане, – прамовіў пісар, сагнуты крукам худы шляхцюк, які даўно адвучыўся здзіўляцца тым жарсцям і паскудствам, якія творацца вакол ложа паміраючых. Адэліна абвяла вачыма прысутных.
– Мой муж памёр. Перад смерцю небарака трызніў, вы ўсе сведкі.
– Вядома, які там шлюб спадчынніка Корб-Варановічаў з дачкой ляснічага! – паслужліва падтакнуў шляхцюк у пашарпаным камзоле. – Трызніў бедны пан!
– Не дзіўна, амаль крывёй сцёк, пакуль давезлі! – пацвердзіў другі сведка, шляхціц, падобны да аблыселага ката.
Адэліна нахіліла галаву, правяла даланёй па сухіх вачах.
– Пані-маці, а што хацеў мне запаведаць пан-бацька? Што я мушу зрабіць з гэтым кубкам? – дрыжачым голасам папытаўся Антось, трымаючы абедзьвума рукамі старажытнае срэбра.
Маці падыйшла, паклала руку на цемнавалосую галаву.
– Гэта рэліквія роду Корб-Варановічаў. Ты павінен захоўваць яе і перадаць старэйшаму сыну, а той – свайму старэйшаму сыну. Проста беражы гэты кубак, як памяць пра слаўных продкаў.
Ксёндз устаўляў у складзеныя на грудзях рукі нябожчыка тонкую свечку, а яна ўсё валілася.
– Пані-маці, а што ён казаў пра Вяжэвічаў? Я павінен з кімсьці жаніцца?
Адэліна Корб-Варановіч паглядзела сыну ў шэрыя вочы.
– Вядома, ты калісьці жэнішся. Выбераш сабе самую радавітую, самую лепшую нявесту. А пра Вяжэвічаў бацька хацеў нагадаць, што яны рабілі важныя паслугі вашым продкам, таму мы павінны іх сям’ю таксама дарыць сваёй міласцю. Зразумеў?
Антось хітнуў галавой. Больш за ўсё на свеце яму хацелася ўцячы з гэтага страшнага пакоя, дзе немагчыма дыхаць ад смуроду свячнога дыму, крыві і нянавісці, дзе бацька ляжыць з гэткім пажаўцелым, незнаёмым тварам, а побач нешта шэпча айцец Казімір.
– Ідзі, сын, і скажы, каб цябе апранулі ў жалобу. Цяпер ты – старэйшы ў родзе!
Хлопчык з палёгкай сышоў, ледзь стрымліваючыся, каб не бегчы, а пані падышла да мёртвага цела, перахрысцілася, пацалавала нябожчыка ў лоб.
– Небарака так і памёр схізматыкам.
– Мы не ведаем межаў міласэрнасці Божае, – дакорліва прагаварыў ксёндз. –Усё ў ягонае волі… Вы, пані, можаце адмаліць душу свайго мужа – ахвярамі на храмы, праведным жыццём і выхаваннем сына ў сапраўднай веры.
– Амін, – прагаварыла пані Адэліна і перахрысцілася. Тое ж зрабілі і сведкі.
Наперадзе ўсіх чакалі доўгія дні памінання і хаўтураў – у Вялікім княстве, нягледзячы на войны і пошасць, не забыліся на дзядоўскія звычаі, і за чарай медавухі не адзін шляхцюк, выціраючы мокрыя вусы, сказаў: “Добры быў ваяр пан Астафі, супакой, Госпадзе, душу яго”. Усім слугам далі падарункі, каб памянулі памерлага. Ляснічым Вяжэвічам дастаўся тузін срэбных лыжак, інкруставаных перлінамі – у пасаг маленькай Вяжэвічаўне.
…Лістота прасявала зорнае святло, і ўсё навокал, залітае таямнічым блакітам, здавалася прывідным, і шаты дрэваў, і шчодрыя чэрвеньскія травы, і абліччы людзей.
– Ну што, прынесла?
– Так, любы… – стройная, як трыснёг, дзяўчына разгарнула скрутак ільняной тканіны, і ў месяцовым святле збліснула старое срэбра. Высокі плячысты мужчына ў інсургенцкім мундзіры ўзяў у рукі палову срэбнага кубка, пакруціў у руках… Дастаў са скураной паляўнічай торбы, што вісела на плячы, такую самую палову кубка, прыклаў іх адна да адной…
– Трэба ж, не манілі легенды… Цэлы кубак… Калі ён яшчэ і дзверы нам адчыніць – пастаўлю па свечцы ўсім продкам. Бацька не заўважыў?
Дзяўчына нахіліла галаву.
– Не… Іначай ён бы гэта хутчэй знішчыў, чым дапусціў, каб ты трымаў у руках. А мяне проста забіў бы. Кажа – вы бунтаўшчыкі, каталікі, якія хочуць аддаць нас пад уладу Польшчы, зруйнаваць цэрквы і ўсіх зноў парабіць кметамі, халопамі. Ён Корб-Варановічаў увогуле не любіць, хаця й служыць ім. У бацькі зараз у гасцях царскі афіцэр, Сітаў, п’юць разам…
Мужчына пагардліва фыркнуў.
– Ну як жа. Правадыр атраду карнікаў, прысланых па нашыя душы. Не вер нікому, Ганна, хто гаворыць, што ў нас адзіны шлях – быць часткай імперыі, вечным малодшым братам. Я ж табе даваў чытаць “Мужыцкую праўду”… Мы – беларусы, наш шлях – не з маскоўскімі гаспадамі і не з польскімі панамі… Проста пакуль што нам з палякамі па адной дарозе – супраць царызму, “за нашу і вашую волю”…
– І мой бацька тое самае гаворыць, што ў нас мусіць быць свой шлях… – нясмела запярэчыла Ганна. – Але кажа, што лягчэй пакуль дамовіцца з адзінаверцамі, бо палякі ўжо давялі, як яны суседзяў шануюць – пападзем пад іх, праз пару пакаленняў усе стануць палякамі. Усходнімі крэсамі. Нашыя ж продкі праваслаўнымі былі ад пачатку… Іх гвалтам у унію папераводзілі.
– Ну а пакуль што мы – Заходнія губерні. Сапсаваныя рускія, якіх трэба выправіць на славянскі капыл. Таксама гвалтам.
Паўстанец схаваў абедзве паловы кубка ў скураную торбу, прыўзняў твар дзяўчыны за падбароддзе:
– Дзякуй, Ганна… – і пацалаваў яе ў вусны. Дзяўчына палка адказала на пацалунак, прыхінулася да мужчыны, учапілася ў яго тонкімі рукамі, нібы шукала абароны. Ноч пазірала тысячамі вачэй, але ў іх не было цікаўнасці… Чаго толькі не адбывалася пад святлом зораў цягам незлічоных стагоддзяў!
– Андрусь, любы, ты – жыццё маё… Я пайду за табой паўсюль… – прагаварыла дзяўчына, хаваючы твар у яго на грудзях. Мужчына асцярожна адсланіўся.
– Зараз у мяне іншая спадарожніца – смерць… Калі нам не ўдасца знайсці таемны прытулак – канец усяму… Абклалі з усіх бакоў, як дзікіх звяроў. Ведаеш, мой брат Павал паранены… – голас Корб-Варановіча здрыгануўся. – Падобна, у яго пачаўся антонаў агонь… Стары Каргут прыкладае цестам, але ці дапаможа? Атрад Снядэцкага разбіты, дзесяць чалавек павесілі проста на месцы, без суда…
Ганна горда ўскінула галаву.
– Я не баюся смерці, бо ганьба – страшней, а я пайшла на ганьбу… Здрадзіла бацьку, згубіла цноту… Зараз збіраюся апаганіць нечыя магілы…
– Гэта магілы Корб-Варановічаў, маіх продкаў, Ганна, – сурова прамовіў мужчына. – Думаю, яны самі паўсталі б, каб маглі, каб абараніць сваіх нашчадкаў.
– Што ж, тады пайшлі, – цвёрда прамовіла дзяўчына. — Я ўзяла ліхтар і крэсіва. Толькі кажу – я не маю пэўнасці, што тая легенда, якая перадаецца ў маім родзе, праўдзівая. Мала што прапрадзеду прымроілася… Твой продак мог прынесці золата з сабою, а не спускацца за ім у сутарэнне, у таемны ход пад царквою…
Храм узвышаў свае востраверхія купалы на фоне цёмна-сіняга аксаміту неба, здавалася, што перад табой – стромая гара, на вершаліне якой пачынаецца лесвіца ў свет святла і любасці. Але тут, унізе, гэтая гара здавалася пагрознай…
Прынамсі, пакуль бразгалі цяжкія замкі, дзяўчына ўся дрыжэла, нібыта чакала нябёснай кары…
– Запалі свечку ў ліхтары, Ганна!
Гэта быў апошні шанец… А калі людзьмі валодае такі адчай, страх у душах памірае, як агонь свечкі на занадта моцным ветры, і нечакана ўсё ўдаецца.
…Яны стаялі пад зводамі падземнага храму, дзе ўжо паўтары стагоддзі ніхто з жывых не быў. Цёмныя зводы навісалі, як вечка каменнай труны, над тымі, што насмеліліся парушыць спакой гэтай прасторы.
– Выдатнае месца! – узрушана прагаварыў Андрэй Корб-Варановіч, і ягонае захапленне старонняму назіральніку падалося б недарэчным у прытулку шматвекавой цемры і тла. – Вось і магіла майго продка… Юры Корб-Варановіч… Трэба ж, а мы гадалі, дзе ён пахаваны. Юры загінуў у бойцы з маскоўцамі, тры з паловай стагоддзі ўжо прамінула. Я пастараюся, каб ягоны спакой не быў парушаны… У гэты кут мы нават заходзіць не будзем.
Андрэй Корб-Варановіч перахрысціўся, потым агледзеўся, уздыхнуў.
– Адзіная нязручнасць – уваход праз царкву… Давядзецца карыстацца ім толькі вось так, начамі. Але ж затое ніхто не надумаецца шукаць тут! Дзякуй, Ганна!
Мужчына пацалаваў дзяўчыну ў шчаку. Тая горка ўздыхнула.
– Ты цяпер не такі палкі, як калісьці… Калі год таму на Купалле ты змусіў мяне скакаць з табой праз вагонь, а пасля мы заблукалі ў лесе… Яшчэ трошкі – і я паверу ў плёткі, якія звязваюць з тваім імем імя панны Людвікі. Вядома – яна шляхцянка, а я – з роду прыслугі…
– Кінь дурное, Ганна! – раздражнёна адказаў мужчына. – Я наведваў Снядэцкіх, бо яны – нашыя паплечнікі. Бо бацька і браты панны Людвікі загінулі, ёй пагражае канфіскацыя маёмасці, і, магчыма, высылка… А яна, нягледзячы на небяспеку, рыхтуе для нас лекі і перадае зброю… Я захапляюся ёю! Але… не больш. І яна да мяне абыякавая. Зусім абыякавая. – У апошніх словах быў ледзь прыкметны дамешак горычы. Андрусь памаўчаў. –Так што табе няма пра што хвалявацца. Хіба я мог бы так даверыцца жанчыне, якую не кахаю! А я – у тваіх руках, гэтак жа, як жыццё маіх братоў і маіх людзей.
– Праўда, ты ў маіх руках…– ціха прамовіла дзяўчына. – Але ж і я – у тваіх… Без твайго кахання я памру. Таму прашу цябе – не хадзі да Снядэцкіх… Пасылай каго другога.
Мужчына памаўчаў.
– Добра… Болей не пайду.
Інсургентаў не маглі спаймаць вось ужо каторы месяц. Як скрозь зямлю праваліліся… Урадавыя войскі абшуквалі ўсе лясы і дамы, зазіралі на млыны і ў леснічоўкі… Шукалі і сяляне, бо за выкрыццё бунтаўшчыкоў была абяцана нечуваная ўзнагарода, уся маёмасць злачынцы мусіла адысці тым, хто яго зняволіць. Няўлоўнасць злыдняў спараджала чуткі пра чарадзейства…
Восеньская ноч пахла прысакам і трывогай. Некалькі чалавек у форме расійскіх жаўнераў занеслі на плашчы ў дом ляснічага цела. На падлозе ўтварылася дарожка з цёмных кропляў…
– Тата! Што з ім?
Дачка ляснічага, прыгажуня Ганна, цёмнавокая і гнуткая, калацілася ад роспачы. Вяжэвіча паклалі на ложак, але ён нават не адплюшчыў вачэй. На яго правым баку, на шэрым сурдуце ўсё пашыралася цёмная пляма, з-пад крыса сурдута тырчэла ануча, якой, відаць, закрылі рану – тканіна захоўвала лапікі сляпуча-белага толькі па краях, уся набрынялая і цяжкая ад крыві... Ганна апусцілася на калені і дрыжачымі пальцамі пагладзіла бацькаву руку – яна была халоднай, як мармур.
– Бунтаўшчыка высачылі, а ён, навалач, адстрэльвацца пачаў… – змрочна прагаварыў адзін з вайскоўцаў, капітан, халёна- небяспечны, як пародзісты хорт. – Не пераймайцеся, спадарыня, мы ўжо паслалі па лекара. Толькі самі не чапайце – тут нічым не дапаможаш.
– Якога бунтаўніка? Дзе? – збялелымі вуснамі прагаварыла паненка, не адводзячы вачэй ад выснажанага твару бацькі, які моўчкі ляжаў з заплюшчанымі вачыма, сцяўшы сківіцы, толькі кроплі поту праступалі на ягоным высокім ілбе...
– Ды ў Снядэцкіх засоку зрабілі…. Туды ваш граф панадзіўся хадзіць штоноч, галоўны бунтаўнік, – патлумачыў капітан.
– Андрэй Корб-Варановіч? Да Снядэцкіх? – мёртвым голасам прагаварыла дзяўчына, якая стаяла на каленях над ложкам параненага бацькі.
– Ну, ён самы… Да паненкі, відаць, шастаў, – прамовіў гучным басам шыракатвары жаўнер з вусамі і брывамі такімі чорнымі, быццам выпэцкаў іх у сажы.—Кабяліна ваш граф, здаровы такі, шустры… А тая таксама сучка, гарыць на ёй усё… Прабачце, паненка, за грубасць. Ваш бацька – малайчына, высачыў… Але ж вось…
– Значыць, гэта граф яго параніў… – дзіўным голасам спытала-сцвердзіла Ганна Вяжэвіч. Ляснічы захрыпеў, на вуснах ягоных паказалася чырвоная пена.
– Ганна… Кубак... Кубак нашчадкам перадавай…
– Адыходзіць, – прашаптаў нехта.
Ляснік захрыпеў і сціх, чуваць было толькі сутаргавае дыханне ягонай дачкі. Прысутныя пасцягвалі шапкі, захрысціліся… А вось паненка не стала плакаць, нават слязы не ўраніла. Яна паднялася, і яе цёмныя вочы гарэлі, як у шалёнай.
– Вы хочаце яго злавіць? Графа Андрэя? Я магу дапамагчы.
Бунтаўнікоў перахапілі ля суседняй вёскі – яны ехалі лагчынай, дзе ніхто б і не надумаў шукаць, калі б не дачка забітага ляснічага. На гэты раз жаўнераў было дастаткова, каб заліць свінцовым дажджом усю лагчыну. Некалькіх злачынцаў нават удалося затрымаць жывымі… У тым ліку Андрэя Корб-Варановіча, які страціў прытомнасць ад ран.
Панна Людвіка Снядэцкая, вось нечаканасць, абвесціла, што яна – таемная жонка графа. Вядома, людзі пачалі гаварыць, што гэта мана, што злоўленыя злачынцы часта прыкідваюцца жанатымі, каб мець магчымасць спатканняў з фальшывымі жонкамі, але паненка на сваім настояла і нават здабыла пасведчанне аб шлюбе, заверанае ксяндзом.
Паколькі двое братоў Корб-Варановіча ў бойцы загінулі, апошняму з роду, з улікам бесперастанных просьбаў новаяўленай жонкі, было дараванае жыццё – і вечная катарга.
Хадзілі чуткі, што гэтаму паспрыяла і міласэрнасць Вяжэвічаўны, якая даравала злачынцу смерць бацькі і таксама прасіла за яго.
Да таго ж Ганна Вяжэвіч адмовілася ад узнагароды за гэткую важную паслугу дзяржаве з дзіўнымі словамі, што таму, хто памёр, нічога не трэба, а яна памерлая. Запатрабавала толькі, каб арыштаваны інсургент вярнуў ёй палову срэбнага кубка, якая, па яе словах, была скрадзеная з іх дому. Як выявілася, сямейная рэліквія знаходзілася ў панны Людвікі Снядэцкай – яна і перадала яе Вяжэвічаўне. Дзе ўвесь гэты час хаваліся злачынцы, засталося невядомым. Маёнтак у Ройна быў аддадзены капітану Івану Сітаву, які непасрэдна кіраваў уціхамірваннем бунту ў павеце.
У замку каля Львова цікаўным турыстам паказваюць каменні тампліераў… На адным – таямнічыя знакі і літары, на другім – выбіты вянок, падобны да лаўравага, і глыбокая вузкая дзірка… Немавед для чаго. Зразумела, спрактыкаваныя экскурсаводы прыстасавалі камень з дзіркай для таго ж, для чаго іх калегі па ўсім свеце іншыя рэчы, ад пляцоўкі на скале да старога куфра ў сутарэнні: для гульні “загадай жаданне”. Прынамсі, у замку каля Львова не патрабавалася класці на камень грошы, а ўсяго толькі засунуць у дзірку вялікі палец і пастарацца, не дастаючы яго, павярнуцца вакол сябе, вядома, па сонцы. Ну і што пры гэтым загадаеш, абавязкова збудзецца.
У такіх справах галоўнае – верыць. Тады і цыдулка, сунутая ў стары збан, і манета, кінутая ў фантан, непазбежна арганізуюць табе шчаслівы шлюб, паступленне ва ўніверсітэт, спрыянне шэфа і гэтак далей… Калі ж не – верыў, браце, мала…
Гадоў пяць таму Ася старанна круцілася ля камня тампліераў, ледзь не вывіхваючы палец, і прамаўляла пра сябе палкае жаданне аб палкім каханні… А аб чым яшчэ можа марыць студэнтачка журфаку, якая жыве ў прахадным пакоі “хрушчоўкі” з маці і бабуляй, а ў другім пакоі высвятляюць адносіны сястра з мужам?
Цяпер усё спраўджвалася ў адваротным парадку. Палкае каханне ўжо было, і належала знайсці камень з дзіркай, які мог бы гэтае каханне выратаваць…
Ася больш не насмелівалася прыспешваць Вячку, які кіраваў машынай, бо той толькі злосна сычэў пра патэнцыйныя два трупы ў чужым разбітым на лузгу “Рэно”… А яны абавязкова павінны даехаць! Як хутчэй! Ася выратоўвалася ад нясцерпнае спешкі тым, што чытала малітоўнічак, аднойдзены ў Данілавым заплечніку.
“Пакінуў Цябе, не пакінь жа мяне… Пакінуў Цябе, не пакінь жа мяне”… – гэтыя словы проста крычалі ў галаве.
Арсенія праклінала сябе, што за ўвесь гэты час не наважылася паглядзець змесціва заплечніка. Не прачытала тэстамент Язэпа Варановіча. Каб жа раней даведацца, дзе ўваход у падземную царкву! Можна было б адразу паспрабаваць дабрацца да Данілы праз яго. Якая яна няўважлівая… Трэба было хаця адсачыць тую дэталь, што Апанас Варановіч з толькі што абвенчанай жонкай праседзелі ноч у сутарэннях царквы святога Язэпа – быў час агледзецца, выпадкова адшукаць у якой-небудзь каменнай пліце адтуліну складанай формы, якая нагадала спадару лінгвісту пра сямейную рэліквію.
Чорныя дрэвы мільгалі за вокнамі машыны, як быццам уцякалі ў краіну восеньскіх ценяў ад немінучай зімы. Вячка лаяўся ўжо не скрозь зубы, а ўслых, не саромячыся, на бязмозглых ёлупняў, якія купляюць правы і не ўмеюць ездзіць, займаюць паласу, не даюць абагнаць, хаця самім ужо так пільна патрэбна завесці скрыню піва “Балтыка” на лецішча… Цікава, як за рулём змяняюцца людзі – нават самыя ціхмяныя могуць падацца монстрамі. Напэўна, Даніла з ягоным выбуховым характарам лаяўся б яшчэ апантаней… Не, лепей далей ад граху, не трэба ім з Данілам набываць машыну…
Калі, вядома, ім надарыцца магчымасць рабіць такі выбар…
Ася зноў пачала паўтараць, як заклён, як малітву: “Не памірай… Толькі не памірай…”
Яна не надзела ніводнага свайго пярсцёнка з каменьчыкамі-талісманамі, і не таму, што спяшалася, а таму, што само слова “камень” выклікала ў яе цяпер жах… Да Ройна яны заехалі ўсяго за паўгадзіны. Добра, ужо калі пад’язджалі, Арсенія датумкала патэлефанаваць археолагам, каб хоць хтосьці прыйшоў сюды з інструментам… За столькі гадоў выкарыстання таго, что засталося ад царквы Святога Язэпа ў якасці бульбасховішча таемныя дзверы ў падземны ход, хутчэй за ўсё, заваленыя, засыпаныя, дый невядома, ці не абваліўся за столькі гадоў сам ход… Як адчыняць тыя дзверы, Ася пакуль не турбавалася: абыйшоў жа ўмову з наяўнасцю цэлага кубка Апанас Іванавіч Корб-Варановіч. Значыць, можна нешта прыдумаць, змайстраваць ключ па памеры падстаўкі ад кубка, якая і абмераная, і замаляваная… Невядома, ці цалкам паверыў спадар Калюжка “са таварышы” істэрычным крыкам нявесты загінулага доктара навук пра нейкія катакомбы, але, калі й дапусціў, што дзеўка ад гора розумам паехала, расхваляваўся і запэўніў, што ўжо бягуць да парэшткаў царквы.
Праўда, калі машына з Мінску падруліла туды, ніхто яшчэ не падыходзіў. Вось знаёмы хмызняк, за ім вымалёўваюцца сціплыя дамкі Ройна, а вось аўтобусны прыпынак, пусты, як сцэна летняга тэатру ў залеву, за ім – недарэчнае збудаванне, падобнае да бамбасховішча ці закапанага ў зямлю па самы дах кароўніка. Бляшаны дах, здаецца, стаіць проста на зямлі, у каменным фасадзе зеўраюць прагалы замест дзвярэй…
Учорашняя залева ператварыла глебу ў балота. Вячка рэзка тармазнуў, пусціўшы з-пад колаў няшчаснага “Рэно” ніягары бруднай вады. Пасажырка выскачыла з машыны, як верабей з падпаленай адрыны, і панеслася да былой царквы, расплюхваючы цяжкімі “камэлотамі” гразь.
Смурод пад бляшаным дахам стаяў неверагодны, нібыта там захоўвалі не бульбу, а гной. І цёмна зусім… Пад нагамі хрумсцелі аскалёпкі бутэлек. Пустая яміна, апрацаваная па баках цэментам, зеўрала пасярэдзіне, а з краёў яшчэ заставалася пляцоўка, метры тры, якая з таго моманту, як бульбу перасталі сюды засыпаць, працвітала як клуб мясцовых алканаўтаў і заклапочаных падлеткаў. Калісьці ўніз вёў з’езд для грузавікоў, але ад яго засталіся толькі дзве іржавыя сагнутыя рэйкі, насціл увесь згніў. Цікава, няшчасных выпадкаў тут не здаралася? Ніхто не ўвальваўся ў яміну? Наколькі там глыбока? Ася захісталася на краі каменнай кладкі, углядаючыся ў прорву…
Нехта моцна тузануў яе назад за куртку.
– Зусім здурэла! Зноў хочаш упасці? Мала нам няшчасцяў?
Вячка запаліў ліхтар, пасвяціў вакол. Да дна было метры чатыры, там царавала цемра. Можна было разгледзець толькі бляск лужынаў, горы смецця і ўсялякае ламачча, ад старых унітазаў да выкарыстаных шын.
А ўніз як жа спусціцца? Ася гатовая была хоць скокнуць… Скрыніч цярпліва пайшоў па перыметры яміны, падсвечваючы ліхтарыкам:
– Дзесьці павінна ж быць лесвіца…
Сапраўды, злева выявіліся жалезныя скобкі, увагнаныя ў камень, абмазаныя цэментам. Арсенія адштурхнула Вячку і пачала жвава спускацца ўніз, як праўдзівая спартоўка – хаця насамрэч вышэй тройкі па фізкультуры атрымаць была няздольная. Вячка, лаючыся, падсвечваў ёй ліхтарыкам. Пару разоў нага саслізнула, напэўна, і пальцы паабдзірала… Пляваць, не да таго.
Пад нагамі хлюпнула твань, смурод забіў горла слізкім камяком… Яшчэ на ваніты час траціць! Не ўжо… Не да сантыментаў, як сказаў праглынуты акулай боцман, калі ўспорваў нажом жывот беднай рыбіне, занесенай у Чырвоную кнігу.
Пакуль Вячка спускаўся з ліхтаром, Арсенія дадумалася ўключыць свой мабільнік на рэжым падсветкі. Агледзелася… Безнайдзейнасць скруціла на імгненне душу: ды ў гэтай сметніцы за год нічога не адшукаеш!
Значыць, няма чаго марудзіць. І зараз жа ледзь не на каленях пачала аглядаць падлогу з каменных плітаў, адкідваючы нагамі смецце. Вячка саскочыў з лесвіцы ціха, як рысь, вылаяўся і таксама пачаў абшукваць былое сутарэнне царквы. У сценах віднеліся нішы, закладзеныя цэглай: падобна, там знаходзіліся пахаванні Корб-Варановічаў, пакуль рабоча-сялянская ўлада не вычысціла парэшткі эксплуататараў з патрэбнага ў гаспадарцы памяшкання. Не хацелася думаць пра лёс тых парэшткаў… Ася шчыра спадзявалася, што іх хаця б закапалі ў зямлю, а не ўчынілі, як са свінцовай труной пані Ядвігі Любанскай з капліцы Лошыцкага парку: пусцілі на пераплаўку для вырабу дэталяў для электрастанцыі. Над нішамі па ўсёй сцяне красаваліся іржавыя краты, якія прыкрывалі круглыя адтуліны памерам з кулак, магчыма, сярэднявечныя галаснікі, якія спрыялі акустыцы. Але думкі пра гэта віліся побач са свядомасцю, як леныя восеньскія мухі. У свядомасці было іншае. Пайшлі пятыя суткі, як Даніла апынуўся пад завалам. Сто з лішнім гадзінаў.
Пачуўся грукат, нешта павалілася, разбілася, пакацілася… Ася нават трохі адарвалася ад пошукаў, каб азірнуцца: Вячка, не цырымонячыся, расчышчаў падлогу ад непатрэбшчыны, падфутбольваў, пхаў…
– Падобна, тут каналізацыя блізка праходзіць… Як пісаў Максім Гарэцкі пра няздольнасць тубыльцаў пакласці праз гной кладку, так і цяпер актуальна… Свінні…
Ася ліхаманкава абмацвала кожную пліту падлогі, на якіх калісьці стаялі на каленях вернікі. Ва ўяўленні яна проста бачыла, як на яве, патрэбную выбоіну… Госпадзе, ну падкажы! Ну скіруй, куды належыць!
Наперадзе, у куце, пачуўся ціхі шоргат. Вячка быў у другім баку, таму ясна, што шаргаталі самыя натуральныя жыхары падобнага месца. Пацукі, у лепшым выпадку – каты… Ася з бояззю ўгледзелася ў той бок, дзе шаргатала, падсвечваючы ліхтарыкам… Здаецца, нічога… Але намечаны ёю маршрут расчысткі вёў менавіта туды – абмінаючы вялікія завалы, якія Асі было не адолець.
Ага, зараз яна спалохаецца пацукоў, завішчыць, усё кіне, збочыць… Размарыліся! – злосна адказала Ася ў думках невядомаму апаненту і рушыла наперад, рассоўваючы бруд дошкай, прыстасаванай замест шуфліка…
Зноў нешта валяецца наперадзе… Куча смецця, шыны… Нешта ў гэтым завале паварушылася…
Ася на нягнуткіх нагах наблізілася. Кроў запульсавала ў скронях…
Адна з каменных плітаў у самым куце была ссунута, там зеўрала акуратная простакутная прорва, а на яе краі ляжаў…
З чалавекам падабенства было аддаленае – істота спрэс у гліне і глеі, у мокрых лахманах, і смярдзіць нялітасціва… Хто гэта – Асі не трэба было здагадвацца, бо сусвет звузіўся да маленькай кропкі… Дзяўчына ўпала на калені, спрабуючы перавярнуць цяжкое цела. Здаецца, нешта крычала. Твар аднойдзенага быў увесь у гразі, у прыцемку сутарэння – проста чорны…
Жывы? Ён жывы? Анёлы Божыя, зрабіце так, каб ён быў жывы! Ася гладзіла упэцканае аблічча, адціраючы бруд, вызваляючы знаёмыя рысы, спрабавала расчуць, ці б’ецца сэрца, прыкладаючыся да грудзей, але ўвушшу толькі шалёна шумела яе ўласная кроў.
Зрабілася светла – нехта скіроўваў сюды промні адразу некалькіх ліхтарыкаў. Раптам на брудным да непазнавальнасці твары расплюшчыліся такія знаёмыя шэрыя вочы.
– Даніла Раманавіч, як вы? – нехта з археолагаў, якія паспелі сюды спусціцца, вядома, не мог прыдумаць больш разумнага пытання.
А хрыплы, глухі голас прыхадня з таго свету прамовіў амаль мройна.
– Ну што вам адказаць, калега… Жэ не манж па амаль сіс жур, як сцвярджаў Кіса Вараб’янінаў.
І дадаў з адценнем фірмовай графскай фанабэрыі:
– А ўласна кажучы, з чаго б то столькі панікі?
Пасля некаторага анямення вакол загулі галасы, замітусіліся людзі, пачалі назвоньваць мабільнікі наконт хуткай дапамогі і матэрыялізоўвацца тэрмасы з гарбатай і нечым яшчэ, што, як вынікала з кароткіх энергічных дыскусіяў, можна спажыць пасля доўгай галадоўкі. А Арсенія, як шалёная, заліваючыся слязьмі, быццам кандовая гераіня мыльнай оперы, цалавала свайго мужчыну, які адмыслова дзеля яе вярнуўся з Аіду, які дзеля яе прабіўся скрозь каменні, зямлю і ваду, неверагодна бруднага, смярдзючага, згаладалага, зняможанага і каханага.
* * *
– Калі пасыпаліся каменні са столі, раздумваць асабліва не было як. Тут толькі па-звярынаму, інстынкты ды цягліцы… У мяне ў руках быў кубак, злева знаходзіліся каменныя дзверы… Там не круціць трэба, а добра націснуць. Ну і… націснуў, мабыць, як след. Старажытныя механізмы, яны ж на стагоддзі разлічаныя, не тое, што сёння: кніга максімум праз семдзесят гадоў спарахнее, мэбля з ДСП – праз паўстагоддзя рассыпецца, замкі кітайскія з металёвага прэсаванага друзу кожны год мяняй… А тут каменная пліта раз, і сама ўбок пайшла. Як у ліфце. Толькі выскачыў у падземны ход, за маёй спінай усё і абвалілася… І, галоўнае, пліта тая пахілілася, з-за яе камяні пакаціліся... Ну і ўсё, назад, значыць, ніяк.
Корб-Варановіч ляжаў на бальнічным ложку, у бэжавым махровым халаце, прывезеным Асяй з ягонай кватэры, ад левай рукі цягнулася празрыстая таненькая трубачка да кропельніцы, у правай руцэ быў свойскі ж парцалянавы кубак, распісаны японскімі іерогліфамі, у кубку выпраменьваў вохкую пару прынесены Асяй курыны булён, Ася ў казённым белым халаціку сядзела побач, на зэдліку… І выгляд у графа быў такі самазадаволены і элеганцкі, нібыта ён у графскім сваім палацы літасціва прымаў просьбітаў. Нават абсунуўся не асабліва, толькі што здрапаны ўвесь ды ў сіняках, рукі збітыя зусім. Але ні пераломаў, ні сур’ёзных ран, толькі знясільванне. І драпіна на рэбрах зацягнулася. Ася шчасліва ўсхліпнула. І як добра, што ў палаце другі ложак пакуль пусты, можна спакойна пагаварыць.
– Бо-ожа, колькі я каменняў перацягаў за гэтыя дні! – працягваў сібарыцкім тонам Корб-Варановіч, папіваючы булён. – На ўсё жыццё нацягаўся. Калі мяне цяпер у якое сутарэнне пасадзіць, як графа Мантэкрыста, на раз падкоп змайстрачу. Толькі б ліхтарык з сабой быў. Без сотавага мне цяжка давялося б. А так хапіла сілкавання амаль да канца, вядома, ашчаджаў, адключаў. Вось улучыў я ліхтарык, агледзеўся… Падземны ход продкі будавалі дыхтоўны. Карэта б не праехала, а вось маленькі вазок – цалкам магчыма. І самае галоўнае – там была вентыляцыя! Падобна, каменная труба, умураваная зверху ў кладку, з адтулінамі праз роўныя прамежкі. Каб не гэты павеў, подых волі, няхай і смярдзючы – дык не ведаю, ці выжыў бы. А так зразумеў, што ёсць шанец. Недзе ж гэтая вентыляцыя выходзіць на паверхню! Цяпер можна здагадацца: памятаеш, у бульбасховішчы па перыметры сценаў круглыя іржавыя краты? І каб уся гэтая раскоша, якую я апісаў, захоўвалася ў тым стане, у якім была пару стагоддзяў таму, я б, можа, хвілінаў праз дзесяць пабачыў неба. Але прабегчыся, як па брукаванцы, не атрымалася…
Корб-Варановіч цяжка ўздыхнуў і пацягнуўся паставіць пусты кубак на тумбачку. Ася перахапіла яго, паставіла сама… А што ж, трэба, каб і цябе, самастойны наш, нехта паабслугоўваў, а то вечна незадаволена фыркае на любую дапамогу.
– Булён сама варыла?
Арсеніі дужа хацелася зманіць, але хіба яму зманіш…
– Не, бабуля…
– Дзякуй Богу. А то я быў падумаў, што перастаў разбірацца ў людзях, і мая нявеста ноччу згатавала сабе чароўнае зелле, выпіла і навучылася гаспадарыць.
Даніла адкінуўся на падушкі, узяў Асіну руку ў сваю і, лёгка пагладжваючы яе пальцамі, працягнуў расповед уцекача з таго свету.
– М-да, дык вось, калі я агледзеўся, мне зрабілася трохі няўтульна, як мядзведзю, які зразумеў, што ў Смаргонскай акадэміі яго стануць вучыць не мёд з вулля даставаць, а на ланцугу таньчыць, ды яшчэ навучанне будзе адбывацца з дапамогай распаленай рашоткі. Звод так абваліўся, што не бачна было праходу… Нават пралазу. Пасля такіх завалаў я сустрэў яшчэ штук восем. Каб пра іх ведаў, можа, не хапіла духу разбіраць і першы. А так – ну што ж, пачаў працярэблівацца, як крот. Тым болей прыпасы выявіліся – у кішэні курткі завалялася ўпакоўка лядзенчыкаў ад кашлю “Холс”. Дзесяць штук. Так што вячэры, сняданкі, абеды былі забяспечаныя на тры дні. Дый зубы можна было не чысціць – мянтолавы пах… Яшчэ бонус – вада. Яе было досыць. Дажджы лілі кожны дзень, і на мяне цякло з усіх расколінаў. Нават шыкоўны посуд меўся: срэбны кубак. Адну палову я выкарыстоўваў як шуфлік, у другую збіраў ваду. Вось так цягаў ды раскопваў, цягаў ды раскопваў.
Корб-Варановіч аж застагнаў, успомніўшы сваю працоўную эпапею.
– Калі звод абрынуўся, можа, дзесь утварылася дзірка на паверхню? — умяшалася Ася.
– Я спадзяваўся, што так і ёсць… Але гэта было б занадта проста для майго квесту. Толькі праз адну гару пракапаюся, прайду пяцьдзесят метраў – зноў завал… Як жук у слоіку, якога злы школьнік ганяе праз штучныя перашкоды.
Арсенія адразу ўспомніла Вячку, з ягонымі эксперыментамі як над жамярой, так і над людзямі… І зласліва падумала: цікава, ён прадугледжваў хэпі-энд у сваім рамане?
– А апошнія дзвесце метраў зусім пачаўся сюрэалізм – паморшчыўся Корб-Варановіч. – Мясцовая каналізацыя там прарвалася ў падземны ход, і я ішоў па пояс у лайне. Іду і думаю: вось каб я гэта прысніў, дык грошай перапала б куча! Прыкмета такая ёсць, ведаеш… А так – наяве… Ды яшчэ спатыкнуцца баюся… Ногі ўжо не надта трымаюць, а нырца ў гэта дабро даваць не хочацца. Пад самы канец выбраўся на прыступкі. Здагадаўся, што ля выхаду знаходжуся. Ліхтарык ужо не свяціў, таму намацваў адтуліну ў дзвярах рукамі, а дзверы ж над галавой... Даволі доўга намацваў. Звязаў дзве паловы кубка разам, як было… І ўстаўляць баюся. А што, калі не адчыніцца? Калі над плітой – зямля ці ўвогуле якое збудаванне? Карацей, натузаўся я з гэтымі дзвярыма так, што не памятаю, як выпаўз… Ну і на свежым паветры адключыўся. Апрытомнеў – нада мной дзявочая істэрыка.
Апошняя фраза прагучала гэтак самазадаволена, што Арсенія проста павінна была абурыцца, але яе адразу ж пацягнулі за руку, і вось яна ўжо цалуецца з прычынай абурэння… Ад гісторыка прыемна пахла шампунем для мужчын “Дав”, і Ася з іроніяй успомніла, як адчайна граф адмываўся ад набытага ў сутарэннях водару, і ўмудрыўся скарыстаць за раз тры бутэлечкі гэтага шампуня.
– Чакай…. — Ася вызвалілася і палезла ў сумку. – Мне сказалі, што цябе нельга хваляваць, але я ведаю, што ты мне не даруеш, калі я не дам табе адразу ж пачытаць…
І працягнула пергамент з тэстаментам. Даніла Раманавіч, прымацаваны да кропельніцы, заварушыўся ў ложку, спрабуючы зручней уладкавацца, каб прытрымліваць шорсткі ліст, Ася дапамагла…
Ён чытаў старажытную вязь, вядома, хутчэй, чым Вячка. Прачытаў і адкінуўся на падушку, заплюшчыўшы вочы. Пергамент з ціхім шоргатам звярнуўся ў трубку, як змяя, якая ўкусіла ахвяру і лена скручваецца ў кольцы. Ася маўчала, даючы магчымасць нашчадку Корб-Варановічаў асэнсаваць і перажыць прачытанае.
– Братняя кроў… – прашаптаў Даніла, не адплюшчваючы воч. – Божа мой, колькі мы адзін аднаму пралілі тае братняе крыві… Уся Беларусь залітая. Колькі маны. Колькі дарэмнай нянавісці. Здрады. Дурасці.
Ён паглядзеў у шэрыя вочы Вяжэвічаўны сваймі шэрымі вачыма, у якіх пульсаваў боль.
– Ты казала, я завернуты на чысціні крыві… Толькі для мяне гэта значыць зусім не тое, што для дбайцаў пра арыйскую расу. У нас жа – і ў ва мне, і ў табе – столькі ўсяго, напэўна, намешана за стагоддзі, і беларускага, і габрэйскага, і расейскага, і украінскага, і польскага, і татарскага… Якая розніца! Не гэта вызначае прыналежнасць да роду, да зямлі, а толькі любоў да гэтай зямлі і гонар за свой род. Вось і ўсё.
Корб-Варановіч правёў здрапанай рукой па арыстакратычным твары, які яшчэ нядаўна знаходзіўся ў ганебнай блізкасці да натуральнага дзярма.
– Што з таго, што Калантай – беларус па нараджэнні? Яму тут усё чужое, усё малацікавае і недаразвітае, ён адчувае сябе на маргіналіях, правінцыялам вялікай імперыі, цэнтр якой не тут. А мой сябар Алесь, археолаг – са смілавіцкіх татар, калі да бацькоў у Смілавічы прыязджае, у мячэць ходзіць. І ён галаву скласці гатовы, калі спатрэбіцца, каб адратаваць якую старажытную царкву ад разбурэння, вочы сапсаваў, начыма разбіраючы старасвецкія хронікі, абы белай плямай у нашай абылганай гісторыі сталася меней… У яго не толькі дзеці, але і ўнукі на чысцюткай беларускай мове паўсюль размаўляюць! Мы з ім таксама адной крыві. Аляўціна Пятроўна з Ройна – з патомных сялянаў. Але яна ведае свой род да восьмага калена, пра кожнага з продкаў адсачыла звесткі… І яна больш радавітая, чым які-небудзь прамы нашчадак князя, якому пляваць на ўвесь гэты продкавы ланцуг, і добра, калі дзеда ўласнага памятае, і жыве ён толькі тут і цяпер. Ведаць свой род – гэта яшчэ і мець адказнасць перад сваёй зямлёй. Разумееш, малая?
Корб-Варановіч трымаў Арсенію за руку, і яна адчувала, што да яго вяртаецца ранейшая моц, небяспечная і надзейная. І пачуццё гумару, чорнага, як ройнаўскія сутарэнні.
– А ты ўсё-ткі арыстакратка! Арсенія Варановіч! Ах, як шкада… А я ўжо склаў у галаве сюжэт кшталту беднай Лізы… Я ўвесь такі радавіты, адорваю сваёй міласцю сціплую пейзанку! А пейзанка ўся такая сарамлівая… Каханка па начах кіпцюрамі не драпае…
– Мярзотнік! Я цябе ненавіджу! – Арсенію ажно затрэсла ад абурэння – а яна і забылася за апошнія дні, як яе можа злаваць гэты... Гэты…
– Узаемна! – расплыўся ва ўсмешцы Корб-Варановіч. Раптам павярнуўся да сваёй правай рукі, падключанай да кропельніцы, твар у яго зрабіўся знаёма шалёны.
– А, пайшло яно… – і рашуча пацягнуў з вены голку.
– Што ты робіш! Ненармальны! Асцярожна! – заверашчала Ася. Але Даніла ўжо грэбліва адкінуў катэтар, які абурана загайдаўся, па кроплі губляючы гаючую вадкасць. Граф схапіў Асю за руку, змусіў упасці на вузкі ложак побач з сабою, нахіліўся над ёю на адлегласць апошняй пяшчоты, прашаптаў:
– Я здагадаўся пра сакральны кубак, напоўнены змяшанай братняй крывёй, які трэба паставіць на алтар… Ён у нас народзіцца. Месяцаў праз дзевяць. Мы панясем хрысціць, а паколькі ён хлопчык, яго абнясуць вакол алтара, уводзячы ў храм!
Ася няёмка закруцілася на ложку – а раптам зойдзе хто! І ўвогуле…
– Па-першае, чаму хлопчык? Па-другое, я яшчэ не згадзілася на шлюб! Па-трэцяе, ты мне яшчэ ні разу не сказаў, што кахаеш!
Даніла крануў вуснамі яе шчаку, зашаптаў на вуха, казычучы цёплым подыхам.
– Па-першае, мне, па-праўдзе, усё роўна, хлопчык ці дзяўчынка. Па-другое, інтэлігентная гарадская паненка, аматарка кавы-латэ і срэбных пярсцёнкаў, якая абцалоўвае мужчыну, які толькі што вылез з каналізацыі, альбо вычварэнка, альбо сапраўды яго кахае. І па-трэцяе, хіба я выбраўся б з-пад усіх гэтых завалаў, каб не кахаў цябе?
І нахіліўся яшчэ бліжэй… Амаль наваліўся… І яна абхапіла яго, і вусны яе цяпер сустрэлі зусім не пустэчу…
– Хворы Варановіч! Як вам не сорамна! Чым вы займаецеся!
Медсястра, маладая і сімпатычная, як тэлевядучая, чырванела ад абурэння.
– Кропельніцу знялі… Гэта парушэнне рэжыму! Вы забыліся, што вы не дома, а ў бальніцы! Дзяўчына! Пакіньце палату!
Ася паспрабавала ўскочыць з ложка, але Даніла магутнай рукой затрымаў яе, прыціснуў да сябе, нязмушана разваліўшыся.
– Дзяўчына застанецца, колькі захоча, таму што яна мая нявеста, і мы занадта доўга не бачыліся. Таму давайце мяне выпішам з бальніцы за парушэнне рэжыму. Я ж зусім здаровы, самі бачыце…
– Гэта галоўны ўрач будзе вырашаць, каго калі выпісваць! А мы толькі супакаяльнае можам укалоць! Ачысціце палату ад старонніх!
– Мая нявеста не старонняя!
Медсястра раззлавалася наўсур’ёз, неяк аж занадта ўсхадзілася… Ася ўспомніла, што калі першы раз яе пабачыла і папрасілася ў палату да Данілы, тая неяк асабліва пазмрачнела… М-да, а ў Данілы яшчэ і студэнткі ёсць… І супрацоўніцы маладыя…
Трэба адразу ж выкінуць ружовыя пантофлікі з ягонай кватэры на сметніцу.
Крык стаяў на ўсю бальніцу, як на Ракаўскім кірмашы, што, падобна, графу прыносіла шчырае задавальненне. Хіба ён і праўда спланаваў, каб яго зараз адсюль выкінулі са скандалам?
– Усім добры дзень! Што за бітва на Сіняй Вадзе, а татараў не відаць?
Гэта ў палату зайшоў Вячка Скрыніч, вясёлы, іранічны, імклівы… Праўда, убачыўшы Асю пры баку Данілы, таксама на імгненне пазмрачнеў. Але тут жа з уласцівым яму імпэтам і хітраванскай дыпламатыяй пачаў улагоджваць медсястру, вывеў яе ў калідор, прыабняўшы, нешта інтымна нашэптваў…
Арсенія прыслухоўвалася да дыялогу ў калідоры, але перашкаджаў Даніла, бо калі ён да яе дакранаўся, свядомасць неяк імглілася. Нарэшце паслядоўніца Флорэнс Найнтынгел, заснавальніцы медсястрынскага руху, гучна сказаўшы наастачу нешта кшталту “Зусім сумленне страцілі”, але ўжо без ранейшай злосці, змоўкла і сышла. Па калідоры гучна прастукалі яе абцасікі. Вячка вярнуўся ў палату. Арсенія ўсё-ткі выслізнула з абдоймаў графа і ўселася на зэдлік, прыгладжваючы валасы.
Скрыніч ужо не ўсміхаўся. Ён апусціўся на акуратна засланы пусты ложак і кінуў каля сябе на падлогу заплечнік.
– Пастарайцеся да раніцы не патрапіць у псіхушку, і тады, магчыма, заўтра вас выпішуць…
Корб-Варановіч незадаволена паморшчыўся.
– Мне тут пю-рэ даюць… А я хачу адбіўную. З кетчупам.
– Адбіўную табе пакуль нельга… Ну што ты, як малое дзіця… – нервова азвалася Арсенія, якой было страшэнна няёмка перад аўтарам культавага фэнтэзі – за сваё шчасце, за тое, што яна і сама марыць проста зараз збегчы з Данілам дахаты…
– Просьбу выканаў, вашую спявачку наведаў...—змрочна працягваў Скрыніч адчытвацца перад недысцыплінаваным пацыентам. – У хаце, здаецца, экзатычных гасцей няма, занёс хлеб, малако, яек, сасісак… Сасіскі яна ж можа зварыць? Выслухаў дзве арыі, паабяцаў букет белых ружаў.
Даніла пасур’ёзнеў.
– Дзякуй вялікі… А то ейныя сябры, што цягаюцца выпіць ды пагудзець, і не падумаюць нешта ёй прынесці з прадуктаў. А яна забываецца на такія грубыя матэрыяльныя рэчы, як абед. Праз пару тыдняў яе зноў у Навінкі кладуць.
Вячка запытальна зірнуў на Арсенію: як яна ставіцца да падобных клопатаў? Ася нязмушана вытрымала ягоны позірк. Кепска было б, каб гісторык у сувязі з аднойдзеным маладзенькім шчасцем забыўся на старое сваё няшчасце, і няхай жыве бедная вар’ятка, як атрымліваецца. А ягоны альтруізм Ася як небудзь перажыве. Скрыніч апусціў вочы, палез у заплечнік і дастаў запаветную сінюю тэчку, распухлую ад аркушаў. Беражліва ўзважыў… Наўрад ездзіў збіраць старонкі з падлогі Асінай кватэры – пэўна ж усё вывеў наноў.
– Ну вось, практычна закончыў.
Корб-Варановіч зацікаўлена прысеў на ложку.
– Ну і як атрымалася?
Скрыніч сумна ўсміхнуўся.
– Здаецца, някепска. Гэткая кальцавая кампазіцыя: пачалося ў шпіталі, заканчваецца ў шпіталі. Не хвалюйцеся, я не садыст, прозвішчы ў рамане трохі змяніў.
Арсенія нерашуча спытала, па-ранейшаму адчуваючы віну.
– А як з… ролевай гульнёй? Ты пражыў свой раман, як хацеў?
– Пражыў, халера! – Вячка кінуў рукапіс побач з сабой на ложак. — Уражанняў атрымаў з накрыўкай! Суперрэалістычна! Асабліва апошні тыдзень.
Раманіст правёў рукой па худым твары.
– І вось што цікава, спадарства… Я часта ўжываю ў раманах і аповесцях такую схему: галоўная гераіня, побач два героі. Адзін – асноўны, каханне да якога ў гераіні выспявае паступова, супроць ейнай волі, і дадатковы герой, уведзены ў тэкст проста для таго, каб паненцы было з каго выбіраць. Бо я ж загадзя ведаю, што яму нічога не свеціць, і лёс ягоны – да апошняга тупіць і не верыць у сваё фіяска. Таму гэты герой выпісваецца больш блякла, інэртна, толькі надзелены некалькімі характэрнымі рысамі для запамінальнасці, ну і каб гераіню нечым адштурхнуць. І вось я – я! – апынаюся ў ролі гэтага дадатковага героя! Проста ўлёт!
Вячка істэрычна зарагатаў, але рэзка абарваў смех. Памаўчаў, утаропіўшыся ў падлогу, пакрытую выцертым зялёным лінолеумам.
– Так што я вам удзячны. Вы свае ролі выканалі.
Корб-Варановіч зірнуў на Арсенію, якая пунсавела ад няёмкасці, падняўся, стаў над Вячкам, як ганаровая варта.
– Вы не можаце быць дадатковым героем, спадар Скрыніч. Вы – аўтар. І гэта мы вам удзячныя. Без вашага ўмяшальніцтва мы б не сустрэліся з Арсеніяй. Не адкрылася б таямніца нашага роду. Не выканаўся запавет продкаў. Не з’явіўся б ваш выдатны твор.
– І фіг з ім, каб не з’явіўся… – прабурчэў Вячка, без былой крыўды, затое з ранейшай мізантропіяй. — Усё роўна чытач наш на адной канапе змяшчаецца.
– Усе вялікія справы пачыналіся з кола аднадумцаў, якія змяшчаліся на адной канапе, – усміхнуўся Даніла. – І толькі што на прыкладзе Вяжэвічаў і Корб-Варановічаў вы самі давялі, чаго вартыя ўсе варагаванні беларусаў і іх схільнасць падзяляцца на групоўкі.
Скрыніч тужліва ўздыхнуў, зірнуў у шэрыя вочы графа, устаў і працягнуў яму руку.
– Спадзяюся, мне не давядзецца перапісваць шчаслівую канцоўку… Пра тое, як нарэшце – і навекі – з’яднаўся срэбны кубак.
– Не давядзецца, — цвёрда прамовіў гісторык, паціснуў пісьменніцкую руку і азірнуўся на Арсенію. Тая, як прыцягнутая нябачнай вяроўкай, стала побач, і адразу ж яе прыабняў той, з кім можа разлучыць толькі смерць.
– А, дарэчы, дзе ён, той кубак? — пацікавіўся Вячка. — Гэта ж якая рэліквія… Увесь раман – вакол яго лёсу, фактычна… У Ройна царкву амаль раскапалі, зараз да магілы продка Асі дабяруцца. Можа, і кубак можна знайсці?
Корб-Варановіч спахмурнеў.
– Не чапаў бы я магілы Юрыя Варановіча… Ён і так пры жыцці пекла зведаў, і пасля смерці спакою няма. А кубак тым болей шукаць не стану. Няхай сымболь раз’яднання родных братоў застаецца там, дзе зараз знаходзіцца. Лепей паставіць помнік па Алесю Вяжэвічу і Апанасу Корб-Варановічу… Хаця б крыж які. Месца прыблізна ведаем…
У калідоры загрукатала каталка, пачуліся сярдзітыя галасы санітараў… Ася зразумела, што зараз у палату прывязуць яшчэ аднаго хворага. Вячка схаваў рукапіс у заплечнік, закінуў яго за спіну, выпрастаўся – іранічны, шалёна-вясёлы, адчайны беларускі пісьменнік, не патрэбны масаваму чытачу…
– Ну, чым жа завяршыць нашую эпапею? – падумаў. – Вось што, скажыце мне, спадар Даніла, як у рамане Булгакава гаворыць Майстар Понцію Пілату: “Свабодны!”.
Корб-Варановіч сур’ёзна паглядзеў на аўтара і без ценю іроніі прамовіў адведзеную рэпліку:
– Свабодны!
– І вы таксама! Жыве Беларусь!
Раманіст падняў руку ў развітальным жэсце і выскачыў за дзверы палаты нумар шэсць, паспеўшы ў апошні момант размінуцца з каталкай, на якой везлі чарговага скалечанага незалежным жыццём беларускага індывіда ў абдоймы самай бясплатнай у свеце медыцыны.
2009-2010