“Ляйпцыг. 4-га студзеня бачыў я вярблюда, паказваў яго на рынку тамтэйшы лекар.

31-га пан Сімонэ Сімані пачаў тлумачыць трактат “Аб гніенні”.

2-га сакавіка пан Гітлер распачаў выклад кнігі “Аб душы”.

А тады Вольф пераязджае на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. І тут ужо расповеды, як берасцейскія сяляне ледзь згадзіліся вывесці яго з пушчы за апошні срэбны сыкгнет, як б’юць зуброў і мядзведзяў і лаканічны запіс: “Магнаты п’юць з шапак”.

У пасёлку Ройна пілі з пластыкавых шклянак, дакладней сказаць, “пластыковак”. Прынамсі пад кустамі ля закінутай капліцы іх было столькі, быццам яны там раслі, падобна бледным грыбам невядомай пароды.

А вось ад’ядацца, едучы сюды, можа, і варта было. Тады б вецер не змушаў што ні хвіля прыгінаць галаву і рабіць няпэўныя крокі ўбок. Паветра, якое не па-шляхецку штурхаецца, Асі нават фоткаць не хацелася, хаця фотаапарат матляўся на раменьчыку, перакінутым праз шыю, а сухое лісце, ужо болей падобнае на ашмёткі брунатнай паперы, старанна падкрэслівала ўсе павевы. Вядома, ні Вячка, гэткі сабе спрактыкаваны турыст, з нацягнутым на галаву капюшонам курткі і заплечнікам, ні тым болей масіўны Корб-Варановіч у скураной кяпурцы з апушчанымі вушамі і скураной жа куртцы, падобнай да лётчыцкай, такіх праблемаў не адчувалі… Тупалі размашыстым крокам, уяўляючы, магчыма, сябе героямі тэлеперадачы “Падарожжа дылетанта”. Ветрам можа здзімаць толькі легкадумных паненак, як у аповедзе Яна Баршчэўскага. Праўда, там пані-інсекту, якую знесла ветрам ад даверлівага мужа, выявілі праз нейкі час у абдоймах суседскага пана…

Арсеніі больш за ўсё хацелася зараз апынуцца ў сваёй кватэрцы, на канапе, перад уключаным тэлевізарам… Хай бы віхор знёс яе адсюль, з гэтага вар’яцкай вандроўкі!

Тым болей ёй зусім не падабалася ўкліньвацца ў шумлівы натоўп, заняты нейкай агульнай справай, а менавіта такі сабраўся чамусьці перад сядзібным домам Ройна, які ўжо бялеў на даляглядзе калонамі – незадоўга да рэвалюцыі адзін з Сітавых, апошніх уладальнікаў, перарабіў сядзібу ў духу класіцызму. Мітынг там, ці што, сход сяброў кааператыву?

За спінамі вандроўнікаў нарастаў трактарны рокат, але яны нават не азірнуліся, шыбуючы па ўзбочыне – была ахвота вецер вушамі лавіць, а дарэмна — хутка ім давялося ўсвядоміць, што іх абганяе зусім не трактар ці нейкая іншая мірная сельгастэхніка, а… танк. Не надта новы, папраўдзе, хіба чырвоная зорка на брані намаляваная зусім нядаўна. Танк прагрукатаў у бок сядзібы, дзе адбывалася незразумелае дзейства, і цяпер можна было разгледзець людзей у вайсковай форме, чырвоныя сцягі і пражэктары, якія абмацвалі промнямі будынак і купку людзей на ганку.

— Прыехалі, спадарства, — працэдзіў скрозь зубы Вячка, супаставіўшы пабачанае. – “Партызанфільм” здымае чарговы опус пра вайну. Ваша радавая сядзіба мае шанец праславіцца на кінафестывалі “Лістапад”, спадар Даніла.

Корб-Варановіч замыкаў ад агіды.

А Арсенія дык нават зацікавілася… Нават прыспешыла крок. Яна ні разу ў жыцці не бачыла, як здымаюць кіно. Не, Ася ў прынцыпе ведала, чаго вартыя ўсе гэтыя серыялы, дзе артысты, пераходзячы з адной здымачнай пляцоўкі на другую па пяць разоў на дзень, могуць не ведаць, як завуць іх героя і што ён робіць у фільме. І тым болей ведала, чаго вартыя ідэалагічна вывераныя падробкі, якія мусілі ўвекавечваць з максімальна сціплым фінансаваннем вялікі подзвіг народа… Але дзяўчыне ну так хацелася спазнаць на сабе магію экрана, як часам самы скептык марыць сустрэць варажбітку, якая скажа ўсю чыста праўду…

Сядзіба, па фасадзе якой прайшоўся добразычлівы пэндзаль бутафораў, магла ўвасабляць наступствы бамбёжкі і без макіяжу. З-пад белай фарбы бачыліся воспіны чырвонай цэглы, калоны, здавалася, паабгрызаў не самы сыты цмок… Над уваходам вісела бялюткая прасціна з намаляваным чырвоным крыжам — менавіта так ва ўяўленні кіношнікаў абазначваў сябе палявы шпіталь. Калі ўспомніць, што па буднях у гэтых сценах цяпер рабілі кукурузныя палачкі, атрымлівалася ўвогуле нешта сюрэалістычнае.

Хударлявы фацэт з бакенбардамі і мікраскапічнай цёмнай бародкай, нібыта намаляванай, раўнуў на натоўп, і ўсё заварушылася: хтосьці нёс насілкі з параненым, хтосьці прыкурваў, а камера была скіраваная на бландзіністую медсястрычку, якая вяла на ганку сядзібы, напэўна, вельмі кранальную размову з параненым салдатам з перавязанай галавой. Да засмучэння Асі, ні слова з тае размовы не было ёй чутно, хаця яна пастаралася прабрацца ў першыя шэрагі цікаўнікаў, разам з ройнаўскімі падлеткамі. Рэдактарка шчыра думала, што ўсё будзе, як у тэатры. Але акцёры размаўлялі між сабою зусім ціха, ніколькі не клапоцячыся, каб іх чулі гледачы, не рабілі выразных жэстаў. Да таго ж перашкаджаў увесьчасны гуд і шум вакол. А яшчэ чым далей, тым болей вярэдзіла недаўменне: падзеі, напэўна ж, мусілі адбывацца падчас вайны, каля лініі фронту, у перапынку між баямі, а на салдатах, якія па ідэі толькі што з акопаў, чысценькія адпрасаваныя гімнасцёркі, нават са складкамі ад прасаў, беленькія каўнерыкі. Штучная кроў глядзелася на гэтых гімнасцёрках зусім недарэчы. Бінты таксама былі бялюткія, боты блішчэлі, нібыта героі прыйшлі не з фронту, а з балю ў сувораўскай вучэльні. Прычоскі, твары і рукі нагадвалі пра касметычны салон. Арсенія з жахам разглядала нафарбаваныя да лялечнасці вейкі медсястры, блакітныя бліскучыя цені на яе павеках, памаду колеру “спакуса кабарэ”… Ды й на твары ейнага суразмоўцы з акуратнай павязкай на галаве нават здалёк бачылася касметычная тынкоўка. І гэта пасля фільмаў Турава і Пташука!

Рэжысёр скамандаваў “Стоп”, і адразу ля камеры намаляваўся невысокі сіваскроневы мужчына ў пясочнага колеру плашчы і капелюшы. Твар мужчына меў пляскаты, невыразны і чырванаваты, а голас віскліва-важны:

— Альберт Аляксандравіч, трэба абавязкова дадаць крыві ў кадр! На павязцы галоўнага героя павінна быць выразная пляма! Гэта ж вайна!

— Добра, Леанід Паўлавіч, — пакорліва згадзіўся фацэт з піжонскай бародкай.

Ася падумала, што для натуральнасці трэба было б найперш змыць хаця б з медсястры макіяж і манікюр, але паслухмяныя асістэнты ўжо забегалі з балончыкамі чырвонай фарбы, як пачынаючыя вампіры, і шчодра прыкрашалі пад густ Дракулы псеўда-параненых. Галоўны герой атрымаў сваю чырвоную пляму на галаву.

— Матор!

Нехта тузануў Асю ззаду за куртку. Жэстыкуляцыя Вячкі ясна паказвала: калі сама адсюль не пойдзе, зараз выцягне гвалтам.

Ася незадаволена адарвалася ад відовішча. Пад старой таполяй чакаў Корб-Варановіч, падобны да шляхцюка, якога зараз збіраюцца адсцябаць на голай зямлі, не падсцілаючы дыванка. А гэта для шляхты ганьба нечуваная, бо без дыванка лупцуюць толькі мужыкоў.

— Леанід Калантай, сучара! – шыпеў граф, не адрываючы вачэй ад чалавека ў пясочным плашчы, здзівіўшы Асю брутальнай тэрміналогіяй. – Няўжо гэты падлюка і бездар у сцэнарысты падаўся?

— Хутчэй, у сааўтары ці кансультанты пралез, — змрочна патлумачыў Вячка.—Сцэнар адзін драматург забамбіў, Трубачоў, здаецца, прозвішча. А гэты ж у нас тыпу гісторык, па сумяшчальніцтве ідэолаг.

— Пайшлі адсюль… — злосна прамовіў Корб-Варановіч. Але Ася замарудзіла, заазіралася. На здымачнай пляцоўцы пачаліся крык і мітусня. Кансультант Калантай голасна даказваў, што рука параненага байца, якога павінны былі праносіць на насілках перад галоўнымі героямі, выглядае непераканаўча. Баец быў увесь акрамя вачэй абкручаны бінтамі, і па сюжэце толькі па ягонай працягнутай да гераіні руцэ ў ім апазнавалі ці то мужа галоўнай гераіні, ці то ейнага брата.

— У сцэнарыі напісана – скалечаная, пачарнелая рука салдата з заручальным пярсцёнкам. А гэта што? – Калантай падняў уверх канечнасць артыста, які ляжаў на насілках. – Такой рукой толькі на піяніна іграць! Ніякі грым не дапаможа. Знайдзіце адметную, працоўную, баявую руку! Гэта ж не роля са словамі. Давайце любога з масоўкі, хто ў стане варушыцца.

Артыст нешта бубнеў праз бінты, якія абмотвалі ягоны твар, але яго ўжо скінулі з насілак, як фальшывую мумію. Зорны час гэтага масоўшчыка незваротна скончыўся. Асістэнты забегалі ў натоўпе, разглядаючы рукі, рукі, рукі… Леанід Паўлавіч незадаволена круціў галавой, аглядаючы кандыдатаў.

— Не хочаце зняцца ў кіно? – задабральна прагаварыў высокі мужчынскі галасок. Корб-Варановіч, не верачы, што звяртаюцца да яго, павярнуўся і пачаў ператвараць позіркам у попел маладзенькага асістэнта з доўгімі чорнымі валасамі, абматанага памаранчава-зялёным шалікам аж па вушы. Асістэнт схіліўся носам да рукі гісторыка, што трымала сумку.

— А, не, прабачце, не падыходзіце, — расчаравана прагаварыў асістэнт з шалікам, відаць, не знайшоўшы ў далані гісторыка патрэбнай пралетарскасці, і пашнырыў далей, так і не падняўшы (на сваё шчасце) вачэй на твар патэнцыйнага кандыдата. А то хто ведае – спапяліўся б яшчэ, як Семела перад Юпітэрам…

— Гадасць якая, — з пачуццём прагаварыў Корб-Варановіч. Ася і Вячка ціха кіслі ад смеху, намагаючыся яшчэ болей не раззлаваць ганарыстага гісторыка.

Гэта, аднак, зрабіў перабольшана радасны вокліч:

— Даніла Рама-анавіч! Каго я бачу! Калега!

Да Корб-Варановіча сунуўся Леанід Калантай, і не трэба было быць Станіслаўскім, каб распазнаць пад шырокай усмешкай забойчую порцыю нянавісці. Па Скрынічы і Асі кансультант слізнуў абыякавым вокам, як па статыстах. Беларускае гістарычнае фэнтэзі спадару Калантаю было, падобна, да фіялетавага ліхтара, і пісьменніка Вячку Скрыніча ён у твар не ведаў.

— Якім лёсам? Да нас ці так, на сядзібу палюбавацца?

— Да вас мне няма аніякай справы, Леанід Паўлавіч. – Корб-Варановіч быў падобны да помніка самому сабе, такі застылы зрабіўся ягоны твар. Ну-ну, ведаем мы цану гэтаму ільдзяному спакою… – Затое мне ёсць справа да нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якім вы адмаўляеце ў праве на існаванне. Навошта паляўнічы дамок з вашай падачы зруйнавалі?

— Гучнае слова – “паляўнічы дамок”, — скрывіўся Калантай. – Звычайны будан.

— З грубкай васемнаццатага стагоддзя, аблямаванай унікальнай мсціслаўскай кафляй? З каванымі кратамі расліннага арнаменту? З рэшткамі двухсотгадовага паркету? – ноздры Корб-Варановіча пачалі нядобра раздзімацца.

— З гніллём і іржой векавой даўніны, — са спакойнай здзеклівасцю паправіў Калантай, і Ася з жахам зразумела, што гэты дзядзька ў плашчы колеру сухога пяску выдатна разумее, як “завесці” гісторыка, і чамусьці менавіта гэтага й дамагаецца. – Трыццаць гадоў адзін вецер там гуляў – нікога не хвалявала. Ведаем мы вас, вы гатовыя бараніць спарахнелыя бэлькі, абы давесці, што “усё гіне”, благое начальства нішчыць помнікі. А што пры гэтым многа чаго будуецца, рэстаўруецца – не заўважаеце. На аб’ектыўнасці імя не зробіш. Лепей на выкрыванні ды ляманце. Як вы там у рэцэнзіі на маю апошнюю кнігу напісалі? “Замахваюцца на святыя муры гісторыі”? “Заядаюць кукурузнымі палачкамі сумленне”? А вось фільм гэты наш на святую тэму, пра Вялікую Айчынную, вас не цікавіць. Вы б хутчэй пра белабандыта Карыбутовіча, які па калена ў бязвіннай крыві, кіно знялі, ці не так, Даніла Раманавіч?

Вячка вылез наперад, адціраючы плячом Варановіча:

— Мы ўпэўненыя, што фільм на святую тэму знойдзе свайго гледача, шкада, часу не маем паназіраць за ягоным стварэннем. Мы тут так, праходзілі… Нас чакаюць пільныя справы.

Апошнія словы Скрыніч вымавіў з асаблівым націскам і ўзяўся за перадплечча Корб-Варановіча. Ага, так той і супакоіўся. Пасмяротны муж Ларысы Александроўскай скінуў з сябе Скрынічаву руку, як лось – маладзенькага харта:

— Зверстваў хапала. І з боку чырвоных, і з боку белых, і з боку зялёных… Чытаў дакументаў не меней за вас. І адказнасці з Карыбутовіча не здымаю. Але і гэта – частка нашай гісторыі, гэтак жа, як і паўстанне Каліноўскага, як бітва на Вядрошы і пад Воршай, Грунвальд… А вы ўсё, што было да рэвалюцыі, проста касуеце. А там жа свае героі і свае злачынцы, там – цэлая гістарычная Атлантыда, пра якую пісаць ды здымаць, ствараючы нацыянальны міф!

— Ды няўжо ж? Выпады палякаў супраць расійскай дзяржавы – гэта вам цікава… А вось гераічны подзвіг беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі акупантамі – відаць, не так рамантычна, – працягваў цвеліць гісторыка кансультант.

— Мая бабуля са сваёй маці ледзь ад фашысцкіх карнікаў уратаваліся, у канцлагеры былі, пасля – у партызанскім лагеры… Мне не трэба даводзіць, што такое – фашызм, – вочы Корб-Варановіча палалі шэрым ваярскім агнём. — Але не трэба прыкрывацца балючай для кожнага беларуса тэмай, каб аддаваць забыццю тое, што перажылі ранейшыя пакаленні! Ды толькі падчас Паўночнай вайны ў нас кожны другі загінуў! Гарады палілі, мірных жыхароў выразалі… Адных – за тое, што ўніяты, другіх – за тое, што праваслаўныя, трэціх – за тое, што тут жылі… Татары, шведы, маскоўцы, казакі, палякі… Усе патапталіся…


“Між Усходам і Захадам – круцяцца іх жарнавы –

Перамелены лёсы, падзелены нават магілы…”


Калантай здзекліва папляскаў у ладкі, відавочна задаволены тым, што слухачоў у дыспута (і сведкаў для патэнцыйнай міліцэйскай справы) дадалося.

— Трэба ж, які пафас! Гэта вам не трэба спекуляваць на мінулым, спадар. Такія, як вы, любому бандыту ўсё гатовыя дараваць, калі ён аднойчы назваўся барацьбітом за Незалежную Беларусь. А савецкую ўладу, без якой Беларусі не было б зусім, ва ўсіх грахах вінаваціце… У мяне самога дзед быў рэпрэсаваны, бязвінна расстраляны. І што, мне сябе ў грудзі пяткай стукаць – ах, я ахвяра рэжыму?

Корб-Варановіч ужо тросся ад праведнага гневу, з вушэй ледзь пара не йшла.

— Вушам не веру, гэта вы пафас асуджаеце? Ды вы на пафасе і ідэалагічнай траскатні кар’еру сваю зрабілі!

— Вы называеце тэму Вялікай Айчыннай вайны ідэялагічнай траскатнёй? – голас Калантая быў мяккі, як шоўк, з якога скручвалася пятля. – І гэта гаворыць загадчык аддзела дзяржаўнай навуковай установы?

Асі зрабілася страшна. Няўжо шалёны граф не разумее, што ад яго толькі і чакаюць, каб сарваўся?

Шалёны граф не разумеў. І невядома, чым скончылася б гэтая сцэна, калі б не выбух, ад якога завібрыравала пад нагамі гразкая восеньская глеба.

— Што?.. — падскочыў Леанід Калантай. — Што яны вытвараюць, ідыёты? Я сігналу не даваў!

Яшчэ адзін выбух… Танк, які стаяў ля сядзібы-шпіталю, уздрыгваў, нібыта ад стрэлаў. А там, дзе заканчвалася поле, уздымаліся фантаны зямлі. Але фантанаў тых неяк было зашмат. Ася ўспомніла, што бачыла фільм пра тое, як здымаюцца падобныя сцэны. Стрэлы толькі імітуюць, а з дапамогай пульта ўзрываюць загадзя падрыхтаваныя закапаныя ў зямлю запалы. Камера прагна здымала відовішча, мясцовая дзятва вішчэла ад захаплення.

— Стоп! Вашы піратэхнікі што, зусім здурэлі? Вы там усё сваё начынне ўзарваць вырашылі? Тут па сцэнарыі адзін танк страляе! І хіба не бачыце, што сінхроннасці няма! – Калантай лысаватай Немезідай ляцеў да рэжысёра з прыклеенай бародкай.

Вячка з усіх сілаў тузануў гісторыка за руку.

— Дзіцячы сад пры неўралагічным аддзяленні! Пайшлі адсюль, альбо я ў наступным раздзеле рамана апішу, як ваш прадзед прымусы ў камуналцы краў!

Скрыніч, нягледзячы на жартоўныя словы, таксама раззлаваўся наўсур’ёз, нават гісторык гэта зразумеў і дазволіў сябе звесці, хаця й сычэў пры гэтым нешта страшнае і няўхвальнае.

Ася подбегам рушыла па жухлай траве і вясковых лужынах за двума ахвярамі гістарычнай памяці і гадала, наколькі б яе ўзрадвала відовішча пабітага арыстакрата Корб-Варановіча. Відовішча, несумненна, было б прыемнае… Але калі б пры гэтым таварыш Калантай атрымаў двайную порцыю кухталёў, было б яшчэ прыемней. А то цяпер адчуванне, як быццам праехала побач машына і абліла цябе тванню з лужыны. І пацалуй яе ў бампер…

…У шэрым-шэрым небе, над шэрай-шэрай зямлёй, ляцелі шэрыя-шэрыя хмары, і маленькі белы самалёцік, патрапіўшы між імі, таксама зрабіўся шэрым-шэрым і з усяе моцы кінуўся ўцякаць у бок сонечных турэцкіх берагоў, дзе зможа вярнуць сабе сваю бель, і ніхто з ягоных пасажыраў у гэты час не шкадаваў, што злятае адсюль.

— Якая прыгажосць! – у гэты час мройна прамовіў Вячка, азіраючы панылыя ройнаўскія краявіды з зааранымі ўзгоркамі, купкамі бярозак-соснаў, з нежылой хатай закінутага хутара, крытай дранкай, з амаль аголенай арабінай з рэдкімі чырвонымі гронкамі і няшчасным калгасным конікам, што цягнуў барану на нечым пустым гародзе… Ася недаверліва паглядзела на аўтара фэнтэзі і зразумела: ён сапраўды ва ўсім гэтым бачыць прыгажосць! І Корб-Варановіч расчулена паглядае вакол, і цалкам салідарны са сваім лялькаводам…

Рэдактарка нават пазайздросціла: чаму вось ёй зараз толькі холадна, шэра і непамысна, а гэтыя атрымліваюць эстэтычнае задавальненне? Гэтак чалавек, якому не дадзена кахаць, пазірае на закаханых, шчаслівых ужо ад погляду адзін на аднаго…

Корб-Варановіч быў у іх за сталкера, і Асю гэта трохі непакоіла. Зараз уцягне ў гісторыю… Завалачэ да мясцовых апазіцыянераў, арганізуе пікет у абарону родавой сядзібы, а пасля яе, Арсенію, з “Сокала-прынта” за саўдзел, як казюрку раздушыць, зволяць. Адна справа – сысці з горда ўзнятай галавой, іншая – калі выкінуць, як анучу з коміна, а ў цябе крэдыт… Вячку, вядома, хоць бы што… Падбухторвае ды радуецца, Пятроній з Серабранкі. Як кажуць на вёсцы, дзяўчыне – вяселле, а карове – смерць.

Але ў хаце за акуратным зялёным плотам, куды прывёў іх Корб-Варановіч, жыла толькі старая настаўніца. Дабрэнная бабуля сямідзесяці гадоў з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і выцвілымі вачыма, у старым джынсавым камбінезоне і чамусьці ў ружовых гумовых боціках з палосамі чорна-белых ромбаў.

— Унучка пакінула, калі пасля вакацый у горад ад’язджала, — патлумачыла Аляўціна Пятроўна, заўважыўшы цікаўны позірк Арсеніі. – Сказала, што за лета перарасла культуру эма.

Арсенія міжволі хіхікнула. Яна заўсёды весялілася, калі бачыла падлеткаў, якія спрабавалі касіць пад модную плынь эма, апранаючы ружова-чорна-белае, робячы пірсінг дзе толькі бачна, хаваючы вочы пад даўжэзнымі чорнымі грыўкамі і пры гэтым відавочна не прачытаўшы ніводнай старонкі Дастаеўскага. А між тым, калі гэты рух пачынаўся, яго ідэялогіяй лічыліся творы Дастаеўскага з рэфлексіўнымі, эмацыйна-дэпрэсіўнымі героямі… А ўсё звялося да ружовых боцікаў і прымітыўных благанняў эстрадных хлопчыкаў пра тое, што ўвесь свет – дзярмо…

Вельмі новая выснова.

Добра яшчэ, што разумненькія ўнучкі сельскіх настаўніц гэта ўсё перарастаюць.

Аляўціна Пятроўна – вось ужо не навіна! – была адданай прыхільніцай раманаў Вячкі Скрыніча і ад прысутнасці такога госця пачувалася, як на святой гары. На стале з’явілася патэльня з яешняй са скваркамі, нарэзаная паляндвіца, салёныя гурочкі і бутэлька сухога малдаўскага віна “Лідзія”, якую Корб-Варановіч выгрузіў са сваёй элеганцкай сумкі. А яшчэ дастаў цэлы стос літаратурных і гістарычных часопісаў і кніг… За якія Аляўціна Пятроўна расцалавала “Даніка” ў абедзве шчакі.

Хата была абстаўленая напалову па-гарадскому, напалову – па-вясковаму… “Сценка” з тэлевізарам, куфар, накрыты посцілкай… Гліняныя медалі ў гонар беларускіх дзеячоў, партрэты пісьменнікаў, падшыўкі беларускіх выданняў… На сцяне вісеў склеены з двух ватманаў вялізны плакат з назовам “Кароткая гісторыя Ройна”. Наклееныя выразкі з газет і фотаздымкі, подпісы рознакаляровымі фламастарамі… Пачэснае месца, вядома, займаў радавод Корб-Варановічаў. Род Сітавых таксама прысутнічаў, заканчваўся на штабс-капітане, які пасля рэвалюцыі з усёй сям’ёй з’ехаў за мяжу. Род самой Аляўціны Пятроўны вёўся ад заможных сялянаў, большая частка якіх была раскулачаная і згінула ў Сібіры. Подпіс пад адлюстраваннем невялікага драўлянага дома з двума калонамі на ганку і мансардай змусіў сэрца Асі забіцца хутчэй: “Сядзіба А.Вяжэвіча, ляснічага. 1890-я гады. Урочышча Звяркі, ваколіцы Ройна”. А побач – партрэт лабастага светлавалосага хлопца, відавочна фрагмент нейкага агульнага фотаздымка: “Алесь Вяжэвіч, паэт. 1908-1938”. Справа – выява чалавека з такім жа ўпартым ілбом і адкрытым позіркам, з цёмнымі валасамі і вусікамі: “А.І. Корб-Варановіч, філолаг. 1892-1938”. Вось цікава, паляўнічы дамок, відаць жа, у лесе, і сядзіба ляснічага мусіць быць у лесе… Выходзіць, і Вяжэвічы, і Корб-Варановічы – гэткія лясныя сумотнікі? Ася пашукала ў сабе пакліканне да пушчанскіх нетраў, і не знайшла.

— Як бачыце, усё можна даведацца пра свой радавод, трэба толькі сапраўднае жаданне, — гэта апошні Корб-Варановіч з’едліва пракаментаваў Асіна здзіўленне. Арсенія злосна прыкусіла губу. Ментар… А дзе ж ты сам на плакаце сваёй знаёмкі? Не заслужыў?

Подпіс “Д. Р. Корб-Варановіч” выявіўся… Але пад фотаздымкам хлопчыка гадоў пяці. Бялявенькі хлопчык, лабасты, у белай кашульцы з “матыльком” і чорных шорціках, прыціскаў да сябе скрыпку і быў такі спалоханы, такі няшчасны… І ягоная ўсмешка відавочна была спароджаная суровым загадам дарослых усміхнуцца.

— Гэта вы? – папыталася Арсенія, не ў апошнюю чаргу спадзеючыся засмуціць фанабэрыстага гісторыка. Удалося. Корб-Варановіч раздражнёна сціснуў вусны, за яго адказала Аляўціна Пятроўна:

— Так, гэта Данік! Такім я яго першы раз пабачыла – на конкурсе юных талентаў у Менску! Я павезла туды двух сваіх вучняў, і Данік там быў… Такі разумненькі, такі таленавіты хлопчык! А як прозвішча яго дазналася – адразу знаёмства з ягоным бацькам завяла. Раман Паўлавіч Корб-Варановіч, інтэлігентны чалавек, настаўнік музыкі, шкада, памёр рана. Таксама радаводам сваім цікавіўся. Усе сілы на выхаванне сына аддаваў! Без маці ж гадаваўся хлопчык… Так і пасябравалі. Я да іх ездзіла ў Менск, яны да мяне ў Ройна, на радзіму продкаў… Я канцэрты Даніка арганізоўвала ў клубе… Усе проста млелі! Як ты іграў, Данік!

Гісторыка чамусьці перасмыкнула, і ён пераключыўся на другое:

— Галоўнае, дзякуючы Аляўціне Пятроўне, я зацікавіўся гісторыяй.

Вячка, відаць, адчуў, што зноў можна дабрацца да саменькіх параненых нерваў героя:

— А чаму музыку кінулі?

— Таму. Перабраў я ў свой час музыкі, — скрозь зубы прагаварыў Корб-Варановіч, кінуўшы ненавісны позірк на спадчынніцу Вяжэвічаў, хаця пытанне задала не яна, а Скрыніч. — Лепей па справе пагаварыць… Што вы думаеце, Аляўціна Пятроўна, наконт легенды пра падземную царкву і двух братоў?

— Ох, Данік… Гэтай падземнай царквою нас усіх у свой час замучылі, — нечакана адказала настаўніца, сярдзіта падціснуўшы вусны. – Не праходзіла і дзесяці гадоў, як улады, якія яны там ні былі, пачыналі месцічаў трэсці: дзе таемнае бандыцкае сховішча? Немцам і тое нехта даклаў, шукалі партызан пад зямлёй… Але калі хто й ведаў – мне не сказалі. А ты мне таксама не сказаў, што ў цябе ёсць такая прыгожая сваячка. Каб ты старэйшы быў – я б падумала, дачка?

Апошняя фраза прагучала з няўпэўнена-запытальнай інтанацыяй. Гісторык і Ася з аднолькава збянтэжанымі і абуранымі фізіяноміямі загаварылі, узаемна перабіваючыся, наконт абсалютовага недачынення адно да аднаго.

— Гэта Арсенія Вяжэвіч, з тых Вяжэвічаў, што ў вас былі ляснічымі, — патлумачыў Скрыніч, якога сітуацыя шчыра весяліла. Аляўціна Пятроўна заззяла.

— Вось падарунак ты мне, Данік, зрабіў! Такія госці! Далібог, упершыню на душы лягчэй стала пасля таго, як гэтыя навалачы дом тваіх продкаў парушылі… Калантай жа нездарма сюды кіношнікаў сваіх прывалок – у яго доля ў кукурузных палачках, вам кожны ройнавец скажа. А на месцы паляўнічага дамка ён свой зараз збудуе, вілу над штучным возерам. Яму тое месца дужа спадабалася. Да вайны там хоць нарыхтоўчая кантора была, пасля новую пабудавалі, вось і закінулі дамок. Мы хацелі там музей зрабіць – не далі… Чакалі, покуль зусім усё валіцца не пачне. Вось яны, новыя ўладары… А леснічоўка, што тут на фотаздымку, таксама знішчаная. Яшчэ падчас вайны – немцы спалілі, партызанаў шукалі. Апошні Вяжэвіч, ляснічы Антоні, жыў у ёй напачатку ХХ стагоддзя. Ягоны сын паступіў у медыцынскі інстытут, з’ехаў у горад – і з канцамі… Як у моладзі заведзена. Яшчэ ведаю, ягоны ўнук вершы пісаў. Знайшла некалькі вершыкаў, здымак, зроблены на з’ездзе “Маладняка”… Але ўсё на гэтым. А род, аказваецца, прадоўжыўся! Жывуць ройнаўцы! І хто вы, таксама гісторык?

— Не, я літаратурны рэдактар, — з няёмкасцю адказала Ася, шчыра спадзеючыся, што ніхто з яе спадарожнікаў не вымавіць назвы “Сокал-прынт”, якая на свядомых беларусаў рабіла абсалютова пэўнае ўражанне, і да чалавека з гэтай адыёзнай установы адносіны ўтвараліся таксама пэўныя.

Пасля рытуальных фразаў захаплення Асінымі патэнцыйнымі творчымі здольнасцямі, якія дабрадушная настаўніца проста не магла не агучыць, Скрыніч жалезнай воляй дэміурга павярнуў размову да свайго раману. Але нават разгляданне срэбнага распалавіненага кубка не ўнесла ясноты. Нават Аляўціна Пятроўна, відаць, стамілася ад спрэчак і пайшла пазавіхацца па гаспадарцы. Арсенія не магла не выказаць расчаравання.

— Прабач, Вячаслаў, але ў тваіх раманах на гэтай стадыі ўсё заўсёды высвятляецца. Гэткі навуковы савет герояў – і калі ласка, месца на карце вылічылі, скарбы адкрылі. А тут – і тастамент сярэднявечны, і легенда, і артэфакт з таямнічымі малюначкамі... І нічога.

Скрыніч адкінуў з ілба доўгую грыўку.

— Я, можа, таксама хацеў бы, каб было, як у рамане. Вось толькі не атрымліваецца. Пракляты кубак… — Вячка раздражнёна зірнуў на злашчасны артэфакт. — Між іншым, гэта не мая родавая таямніца. Добра, з цябе, Ася, узяць няма чаго. А няўжо вы, Даніла Раманавіч, не можаце хоць нешта прыдумаць пра гэтых лемпардаў-хартоў? Вось жа, царква выбіта… Вершнік некуды мячом паказвае… Што вы, дурней за сваіх продкаў? Думайце!

Корб-Варановіч узяў фамільны скарб у рукі:

— Калі дадумваць мінулае – атрымаецца тое, што мы з вамі сёння назіралі на здымачнай пляцоўцы. Прабачце ўжо, не магу вам распісаць маршрут да апошняй купіны. Якім чынам вылічваць? Звер можа ўказваць на урочышча Звяркі… Хорт, скажам, на паляўнічы дамок… Па любому месца, дзе магла б знаходзіцца падземная царква, і па легендзе вядомае: там, дзе зараз поле, насупраць галоўнай сядзібы. Вось толькі катакомбнага хрысціянства на Беларусі не прыпомню. У шаснаццатым стагоддзі царкву не маглі будаваць пад зямлёй. Так, яна была праваслаўная — але праваслаў’е тады мела на нашых землях магутных абаронцаў: Алелькавічы, Астрожскія… Радзівілы і Хадкевічы фундавалі праваслаўныя цэрквы, хоць былі ў асноўным кальвіністамі. Пасля ўжо, у васемнаццатым стагоддзі, і царква святога Язэпа ў Ройна стала ўніяцкай, потым – касцёлам, а тады – зноў праваслаўным храмам, пасля рэвалюцыі – зернясховішчам, а калі адно скляпенне засталося, бульбасховішчам… А ў ВКЛ жылі ўсе рэлігіі – і праваслаўе, і каталіцызм, і пратэстанцтва, і юдаізм…

— Так ужо мірна ўжываліся… — не дала веры Ася.

— Не так ужо мірна, але на фоне нецярпімасці ў той жа Масковіі, Нямеччыне ці Іспаніі з іхнімі інквізіцыямі – тут, на скрыжаваннях Еўропы, было проста вальнадумства, — брыдкім фанабэрыстым тонам патлумачыў гісторык. – Магнаты ўвогуле веру мянялі, як вопратку. Згадайце, у тастаменце майго продка загадваецца не рабіць шкоды веры “вартаўнікоў лесу” Вяжэвічаў. Тым больш не магу ўявіць, што пабудаваную царкву нехта, не пад час ваенных дзеянняў, а з рэўнасці разбурыць. Хутчэй гаворка ўсё-ткі пра ўсыпальніцу ці капліцу. І ўвогуле – чаму мы прычапіліся да малюнкаў на кубку? – Корб-Варановіч перавярнуў срэбную штуковіну. – Вось гэтая падстаўка васьмікутнай формы дзейнічала як ключ. Устаўлялася ў адтуліну на камяні…

— Гэта вы фільмаў пра Індыяну Джонса нагледзеліся! – фыркнула Арсенія. – Магчыма, кубак меў такое вялікае значэнне для ўладальнікаў, бо калісьці выкарыстоўваўся як пацір, для прычасця. – На дзяўчыну сышло натхненне. — І тое, што такі сакральны сасуд нехта рассек напалам – магло адбыцца толькі ў надзвычайных абставінах. Падчас вельмі важнай трагічнай падзеі…

— Напрыклад, забойства Язэпам Варановічам свайго старэйшага брата Юрыя Варановіча з дапамогай вернага слугі Вяжэвіча! – прапанаваў версію Вячка. – Таму Вяжэвічам гаспадары і давалі прывілегіі – за саўдзел у злачынстве. Таму і ненавідзелі – як сведкаў. І часткі кубка былі напамінам пра агульную тамніцу!

Версія актыўна не спадабалася Корб-Варановічу, якому за гонар роду было крыўдна. Нічога, на крыўдлівых ваду возяць… Ася не бачыла нічога заганнага ў тым, каб стацца нашчадкам якой-небудзь сярэднявечнай ледзі Макбет беларускага разліву.

— Гэта таму, што ў вас адмерла гістарычная памяць! – безапеляцыйна заявіў Корб-Варановіч.

— Гэта таму, што я шаную сваіх продкаў усялякіх! Думаеце, яны ўсе павінны быць героямі?

— Ды каб і былі – вы іх не ведаеце. А прычынай — абыякавасць і непісьменнасць…

Ася адчула, як кроў кінулася ў галаву. Гліняныя медалі, развешаныя на матузках па сценах настаўніцкай хаты, завібрыравалі...

— Прабачце, але калі хто зацыклены на гонары роду – неадменна няздзейснены сам па сабе!

Дзесьці на варыўні імбрык пачаў закіпаць на выключаным агні.

— У такім выпадку лепшыя людзі свету былі такімі нядзейсненымі! А быдла заўсёды самадастатковае…

Валасы графскага нашчадка калмаціліся, як ад ветру. Арсенія так крутанула свае пярсцёнкі, што два зляцелі на стол, грукнулі, закруціліся, быццам хацелі ў паніцы схавацца.

— Мне падалося, ці вы толькі што аднеслі мяне да катэгорыі быдла?

— Гэта не я вас аднёс! Вы разважаеце, як уласціва гэтай распаўсюджанай катэгорыі!

— Вы проста самазакаханы індывід!

— Не пераацэньвайце мяне, мне да вас у гэтым плане далёка…

Ася ўскочыла і зрабіла крок да ворага.

— Вы атрымліваеце задавальненне, калі прыніжаеце людзей! Прызнайцеся!

Корб-Варановіч таксама ўскочыў, як грэшнік з гарачай патэльні.

— Паверце, таго, хто мае ўласную годнасць, нельга прынізіць! А мяне найбольш раздражняе, калі людзі не цэняць таго, што ім дадзена! Ламаюцца пры першым подыху ветру! У вашых апавяданнях у “Маладосці” было шмат наіву, шмат пачаткоўскага пераймання, але было галоўнае – шчырае жаданне нешта данесці да чытача, здольнасць бачыць тое, што не бачаць іншыя… І куды яно падзелася? Чатыры гады прайшло – што вы напісалі?

Арсенія разгубілася… Корб-Варановіч чытаў ейныя аповеды! За якія самой сёння сорамна…

— А можа, я проста зразумела, што пісьменніцы з мяне не атрымаецца?

— А можа, вам проста не хапае самаахвярнасці? Бог даў здольнасці, але ж развіваць іх цяжка. Славы не чакаецца, грошай не плоцяць… Таму на табе, Божа, назад гэты крыж, у мяне плечыкі баляць!

Каля сядзібы здымалі чарговыя сцэны фільма пра вайну ў адпрасаваных гімнасцёрках, кабанчык Аляўціны Пятроўны дажоўваў вараную бульбачку, усе самалёты з Беларусі ў Турцыю на сёння адляцелі, а Вяжэвіч і Корб-Варановіч так глядзелі адно аднаму ў вочы, што каб між іхнімі поглядамі паставіць шкло – трэснула б… Каламутная, застаялая, старажытная нянавісць віравала ў двух шэрых позірках, Арсеніі падалося нават, што іх з гісторыкам прыцягвае адно да аднаго, як супрацьлегла зараджаныя металёвыя плыты... Дзяўчына апамяталася ад таго, што Корб-Варановіч трымае яе за запясце – няўжо яна замахнулася на паскудніка? – і ягоныя сківіцы сціснутыя да рыпення. І яе ўсю пераварочвае ад гэтага дотыку…

І тут у кішэні гісторыка зайграў паланез Агінскага…

Ася ўжо ведала, што Корб-Варановіч пачуе па сваім мабільніку. Ларыса Пампееўна Александроўская выдала чарговыя рулады. Арсенія пачала супакойвацца. Падабрала са стала пярсцёнкі… Змеявік і кашэчае вока… Вось жа, найшло! Ніколі так не “заводзілася”. Тым больш на старэйшых. Чаму адзін выгляд графскага нашчадка так на яе дзейнічае? Ды і ён на яе спакойна глядзець не можа…

Былая спадарожніца графскага жыцця працягвала спяваць. Вусны Вячкі перакрывіла з’едлівая ўсмешка. Ася зразумела, што раманіст зараз страшэнна злосны, відаць, з-за збою ў развіцці сюжэту.

— І чаму вы развяліся з такой неардынарнай жанчынай? – бязвінным тонам папытаўся Вячка, варта было Корб-Варановічу скончыць песенную размову. Той сабраўся адмаўчацца… Але Скрыніч быў настроены на карыду. Пазайздросціў, ці што, гарачай дыскусіі сваіх спадарожнікаў?

— А гэта ж сюжэт раману! Маладая жонка-спявачка карысталася вялікім поспехам у прыхільнікаў і калегаў. Творчая натура… Тэмперамент… А муж – у гістарычных архівах корпаецца, амаль што бухгалтар… Нецікава. Яна нават дзяцей ад яго не хацела. І тым болей не цярпела кантролю, абмежавання волі… А ён кахаў, хадзіў следам, упрошваў… А яна співалася, апускалася да выпадковых сувязяў…

Чаму Скрыніч так здзекуецца? За Асю вырашыў заступіцца?

— Не вашая справа! – Корб-Варановіч паставіў срэбны кубак на стол, нібыта ўпячатаў, ажно дзве паловы, змацаваныя гумкай, ссунуліся адна ад адной. Значыць, раманіст патрапіў у самую болевую кропку. – Да вашага будучага твора мае адносіны з Анжэлай не маюць дачынення!

Вусны гісторыка небяспечна дрыжэлі.

— А чаму яна захапілася вобразам Александроўскай? Не якой-небудзь Палінай Віярдо?

Корб-Варановіч збіраў рэшткі ўраўнаважанасці, відавочна не жадаючы раўсці на свайго куміра, як дагэтуль на рэдактарку з “Сокала-прынта”. Ася мімаволі смакавала прыніжэнне графчыка. Вось і пакутуй за гонар роду, як дэклараваў.

— Яшчэ студэнткай Анжэла патрапіла ў майстэрню да славутага скульптара Заіра Азгура. Той шукаў мадэль для нейкага афіцыйнага заказу… І да яго вадзілі студэнтак знаёмыя выкладчыкі з тэатральна-мастацкага інстытута, фізкультурнага, ну і з кансерваторыі… А Азгур усіх бракаваў пад разважанні, што ў сучасных жанчын зусім папсаваліся прапорцыі, і не знойдзеш класічнай, гарманічна развітай фігуры… У якасці прыкладу паказваў скульптуру Александроўскай: вось тут утвараецца ідэальна роўны трохкутнік, між смочкамі грудзей і цэнтрам ямінкі пад шыяй… А вось тут залатое сячэнне… Сапраўдная жанчына! Так у Анжэлы і ўтварыўся ідэал…

— Значыць, Азгур і вашу будучую жонку збракаваў… Ну-ну. Цікава, а ў цябе, Ася, падобных комплексаў няма? Як у цябе з залатым сячэннем? Праверым?

Ася ўздрыгнула ад нечаканасці. Гэта да яе? Скрыніч зноў выяўляўся такім самым хамлом, як калісьці на выставе, калі прапаноўваў Асінай сяброўцы наручнікі. Але Арсенія была ўжо памудрэй. Калі Вячка гэтак бессаромна сцябаецца, хоча схаваць нейкія пачуцці. Цікава, што на гэты раз яго так завяло? Іхняя з Корб-Варановічам спрэчка? Проста тое, што не могуць разгадаць таямніцу кубка? А Скрыніч кідаў жорсткія драпежныя позіркі то на Данілу Раманавіча, то на Арсенію, нібыта не мог выбраць, хто з іх болей яму варожы.

Добра, Аляўціны Пятроўны няма, давялі б старую да інфаркту.

— Вячаслаў, перастань! – Арсенія надала голасу належнай упэўненасці. – Давай вернемся да нашых продкаў.

— Ланцуг роду неперарыўны, як на бачку ад унітаза! – блазнаваў Скрыніч. – Сучасныя нашчадкі мне гэтак жа цікавыя, як і іх продкі. Хаця й дэградавалі, як прапорцыі жаночых фігур. — Скрыніч спыніў позірк на дзяўчыне. Позірк нейкі незразумелы, тужлівы, які не зусім вязаўся з яго здзекліва-паблажлівым тонам. – Пачынаеш пісаць, і не ведаеш, што выйдзе. Цікавая гераіня атрымліваецца ў маім рамане. Строіць з сябе незразуметую інтэлектуалку, а сама ўсё працуе і працуе ў ідэалагічна правільным выдавецтве, дапамагаючы розным Калантаям абгрунтоўваць знішчэнне беларушчыны. Дзіва што ні мужыка ў яе няма, ні таленту…

Корб-Варановіч нешта абурана загудзеў, але Скрыніч як не пачуў.

— Што з такой гераіняй далей рабіць? — Вячка пазіраў спадылба, скрозь чорную грыўку, выгаворваючы словы, нібыта яму было балюча. — Катарсіс ёй арганізоўваць, пераацэнку жыццёвых каштоўнасцяў? Але як? Яна ж нават пакахаць не можа. Чужых пачуццяў у бінокль з трох крокаў не заўважае. Можа, падкажаце, як сюжэт далей карэктаваць?

Арсенія адчула, што ў яе перахоплівае дыханне. За што ён з ёю так? Ды яшчэ на вачах Корб-Варановіча! Не, яна не паддасца! А Скрыніч бязлітасна працягваў:

— Дарэчы, адна наша з табой, Ася, агульная знаёмая, Волечка, памятаеш такую, на незалежнае радыё пайшла! І я ёй усё-ткі даў інтэрв’ю, з задавальненнем!

Гэта ўжо занадта… Адразу граф, цяпер гэты… Гэты… Да якога яшчэ не ўсё перагарэла, не мані самой сабе, малявалася ж, як пасля напісання рамана ўспыхне полымя пачуццяў.

Ася выдатна разумела, што Скрыніч спецыяльна даводзіў яе да зрыву, намацваючы самае балючае, як і з Корб-Варановічам. Што гэта патрэбна для ягоных пісьменніцкіх маніпуляцый… Але нічога не магла з сабой зрабіць. Вячка сказаў пра яе праўду. І з гэтай праўдай сядзець тут гэтак жа невыносна, як з самай добразычлівай муміяй…

Не, якія ўсё-ткі ўсе мужыкі сволачы!

Зараз пачнуць супакойваць, абмотваць нератамі слоў, спаконвеку прадназначаных для істэрычных баб, і змусяць адчуць сябе менавіта такой істэрычкай… Ну чаго ты ўсхадзілася, малая, падумаеш, сказалі ёй нешта!

Ася паднялася, намагаючыся захоўваць спакой, мармытнула пра тое, што ёй трэба на двор, у сенцах схапіла куртку і… Сутыкнулася на двары з Аляўцінай Пятроўнай, тая нешта пыталася… Потым пачуліся галасы Вячкі і Корб-Варановіча… А рэдактарка ляцела скрозь прыцемак, а ён імкліва згушчаўся, быццам кісель з чарніцаў, які паставілі на агонь. Ляцела з усёй даступнай хуткасцю, на фізкультуры так не бегала, і хваліла сябе за нелюбоў да абцасаў, і абы далей, далей, далей… Мільганула думка: здаецца, аўтобусны прыпынак за сядзібай, ля таго месца, дзе парэшткі зруйнаванай царквы… Ці ходзяць яшчэ аўтобусы, Ася нават не гадала. Каб скараціць шлях, ірванула праз поле, як зацкаваны заяц. Справа бялелі калоны старой сядзібы. Кіношнікі, мабыць, з’ехалі, танка не відно. Удалечыні цямнела палоска Ваярскага лесу, у якім калісьці жылі яе продкі. А пад нагамі тварылася лясун ведае што – поле толькі здаля здавалася роўным. Арсенія пачала ў прыцемку спатыкацца што ні крок, цяжкія чаравікі-берцы вайсковага ўзору чапляліся за нейкія карэнні… Хутчэй, хутчэй! Тым болей за спінай усё гучней клікалі ненавісныя галасы. Хоць скрозь зямлю праваліся – у адчаі і безнадзейнасці падумала Ася…

І правалілася.


Раздзел 9. Карнавал пятага кола

Калісьці Дантэ прыдумаў свой план пекла.

У пятым коле, дзе Стыгійскія балаты, Дантэ змясціў душы ўгневаных. Іхнія глоткі забітыя тванню, каб яны не маглі болей лаяцца. Зразумела, пакрыўджаны жыццём фларэнтыец не мог не змясціць туды душы сваіх палітычных праціўнікаў – а няхай ведаюць, як лаяцца ды выганяць з радзімы паэтаў…

Алесь Вяжэвіч быў пэўны, што ў гэтым сырым, як парыжскія катакомбы, катуху любыя палітычныя спрэчкі таксама скончыліся б тванню ў горле, як у пятым крузе дантава пекла. Твані тут хапала. Халодная смярдзючая жыжа – амаль па шчыкалаць… На сценах жывапісныя рагі цвілі – Леанарда да Вінчы быў бы ў захапленні. Якія хочаш сюжэты можна ў вычварных пацёках уявіць…

А ён, Алесь, сваю ранейшую камеру, набітую вязнямі так, што на адных нарах даводзілася спаць утрох, лічыў пеклам… Што значыць – усяго два тыдні турэмнага стажу. Усё пазнаецца ў параўнанні. Там хоць нары былі, а тут толькі тры драўляныя цурбаны, ды яшчэ абсечаныя наўскос, каб зняволены не мог прыдрамаць, надзейна седзячы… Ну а што хацець – карцэр! Але тут жа Вяжэвіч успомніў, як яму расказвалі і пра іншыя карцэры, якія тут ёсць… Напрыклад, пра каменны мяшок – нішу ў сцяне, куды ставілі чалавека. Ні павярнуцца, ні рукі прыўзняць, ні выпрастацца… І замыкалі. На суткі, на двое, на трое… Часам – у поўнай цемры, часам проста ў твар свяціла зыркая лямпачка… Так, у параўнанні з падобным – гэты карцар што? Курорт! Праўда, Алесь думаў, што апынецца адзін. І ніяк не чакаў суседа… Ды шчэ якога – сам Леанід Калантай! Былы супрацоўнік наркамату знешніх зносінаў, такі заўсёды элегантны, такі ўсюдыісны, у прэзідыумах ззяў, як новы медаль… І на табе – разам з маладым выкладчыкам педтэхнікума ў карцэры. Праўда, у адрозненне ад Алеся, у якога ўжо пачалі ад холаду нямець босыя ногі, Калантай быў у ботах, дый фрэнч, хаця брудны і смярдзючы, усё-ткі цяплейшы, чым Алесева кашуля, ды яшчэ ўся парваная падчас апошняга допыту. Алесь мімамолі завёў руку за спіну, памацаць шнары – ці ўсё яшчэ сочацца крывёй… Аднакамернік зараз жа пачаў выказваць спачуванні і абурэнне на адрас недазволеных метадаў следства… Алесь абмежаваўся кароткім:

— Нічога, разбяруцца…

У пятым коле гняўлівым словам няма месца. Усё-ткі два тыдні – таксама тэрмін для не зусім дурнога чалавека, каб засвоіць такія-сякія правілы выжывання… У тым ліку як паводзіцца з такім занадта балбатлівым і вальнадумным суседам, якому дужа карціць дамагчыся тваёй шчырасці.

Та-ак, нагледзеўся за два тыдні… Алеся й цяпер перасмыкае, калі ўспамінае спухлы ад пабояў, зарослы шчэццю твар Міхася Зарэцкага, ці падбітыя вочы і ссутуленую па-старэчы постаць свайго былога дэкана… Таму адбілі ныркі, і ўвогуле ўсё адбілі так, што той па-сабачы скавытаў ад болю, калі трэба было справіць малую патрэбу. А ў першы дзень Алесева зняволення ў іхнюю камеру шпурнулі чалавека толькі што з допыту. Увесь збіты, скрываўлены, няшчасны мог толькі мыкаць і хапацца за вушы рукамі з садранымі пазногцямі… Пасля Алесь даведаўся, што следчыя любілі гэтым завяршаць допыты – у вушы паддоследнага ўстаўлялі зробленыя з аркушаў паперы рупары і штомоцы крычалі, змяняючы адзін аднаго, гадзінамі… Алесь толькі са словаў іншых з жахам усвядоміў, што гэты напалову сівы небарака – паэт Міхась Чарот, чые партрэты школьніцы па ўсёй Беларусі мройна ўклейвалі ў свае альбомы…

Якім ён сам стане праз яшчэ пару тыдняў? Месяц? А мо і год такога пекла? І бацька не вылечыць… Але няхай з ім зробяць што заўгодна – абы сюды не патрапіла Вераніка… Абы не зачапіла яе гэтая крывавая віхура… Як яна там з дачушкай? Ірынка… Маленечкая, бялявенькая, а як хораша таньчыць!

Самае страшнае для Алеся было – сустракацца на допытах са сваімі сябрукамі і чуць з іх разбітых вуснаў, што ён, Алесь, нацыянал-фашыст і вербаваў іх у антысавецкае падполле, якое ачольвалі Гікала, Галадзед, Чарвякоў і Жылуновіч. Алесь зрываўся, пярэчыў, абураўся... Неабламаны яшчэ! Таму й апынуўся тут, у карцэры. А цяпер, успомніўшы пра Вераніку і дачку, уявіў: калі б іх сюды прывялі, пад рулі наганаў, пад бізуны… а такое было цалкам магчыма… Ці ўстаяў бы ён? Ці адмовіўся б даваць паказанні на сяброў?

Засталося спадзявацца, што Вераніка праявіла мудрасць і зрабіла, як ён наказваў: жыве на кватэры ў Кунцаўшчыне, пры школцы, дзе выкладае, сюды нават не суецца, і як мага хутчэй падала на развод…

Вяжэвіч успомніў іхняе неверагоднае вяселле сем год таму і сумна засмяяўся… Ён тады шчыра верыў, што іхні шлюб зберажэ яе ад цікаўнасці органаў! Наіўны!

Калантай адразу ж пачаў распытваць, што развесяліла суседа? Што ён такое прыпомніў? Можа, нешта з банкету з нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці Якуба Коласа? Вяжэвіч жа там быў?

— Не памятаю… — прабурчэў Алесь і паспрабаваў падціснуць пад сябе змерзлыя ногі, уладкаваўшыся на хісткім цурбанчыку. І як тут спаць? А ўжо двое сутак сна і ў адным воку не было…

Раптам да дзвярэй карцэра падышлі, нехта зазірнуў у закратаванае вакенца, забразгалі засовы…

— Устаць, падлы!

Вяжэвіч не паверыў бы сваім вачам, каб за гэтыя дні не ўпэўніўся, што тут магчыма ўсё. У камеру штурхнулі высокага плячыстага дзядзьку з упартым ілбом і фанабэрыстым поглядам шэрых вачэй. Апанас Іванавіч Корб-Варановіч! Былога дацэнта добра патрапала турэмная машына. Ён таксама быў босы, у адной парванай кашулі нявызначальнага колеру, уся ў закарэлай крыві і брудзе. Нагавіцы таксама ператварыліся ў вартыя жалю ашмёткі. Што Алеся ўразіла ў знешнасці былога выкладчыка – калісьці цёмныя валасы як прысыпаныя снегам, і адраслі да плеч, неахайная барада, ледзь не як у Рабінзона Круза. Толькі трымаецца па-ранейшаму ганарыста, хаця фанабэрыя змяшаная з панурасцю. На Вяжэвіча ледзь зірнуў… Падобна, усё яшчэ ненавідзіць. Пятае кола пекла – як раз для гняўлівых.

Леанід Калантай радасна падскочыў да новага суседа:

— Апанас! Вось не чакаў цябе тут пабачыць! Ты ж нібыта на пасяленні ў Ханты-Мансійску… Якім чынам? І адразу ў карцэр… Ну, характар у цябе не змяніўся… Зараз усё раскажаш… Чакай, мэблю табе пастаўлю… Якраз і былы вучань твой тут, пазнаеш?

Пакуль Калантай мітусіўся з так званай мэбляй, Корб-Варановіч, які дагэтуль не зрабіў і спробы прывітацца з Алесем, сустрэўся з тым позіркам і запытальна кіўнуў у бок былога сябра і дарадчыка. Алесь, зразумеўшы, крануў пальцам вусны… Дзяцел побач, заторкніся, салоўка. Нечакана Корб-Варановіч слізнуў у бок Калантая і, пакуль той быў павернуты да яго спінай, націснуў яму некуды на шыю… Былы супрацоўнік наркамату знешніх зносінаў змоўк на паўслове, як выключанае радыё, і ціха споўз на мокрую цэментавую падлогу. Корб-Варановіч акуратна прыўзняў яго, пасадзіў проста ў лужыну, прыхінуўшы да сцяны.

— Ну, вось, з гадзінку часу ў нас ёсць…

І працягнуў Вяжэвічу руку.

— Вітаю!

Алесь агаломшана паціснуў руку былому апаненту. Першы і апошні раз у жыцці.

— А што вы з гэтым… Калантаем… зрабілі?

Корб-Варановіч усміхнуўся ў бараду і ўсеўся на вызвалены цурбан, нібыта на каралеўскі пуфік.

— Крымінальнікі навучылі. Ачуняе і нічога не ўспомніць.

Алесь не стаў распытвацца, дзе гэта выхаванец акадэміка Карскага змог пераняць крымінальны досвед. Абодва нейкі час памаўчалі – і столькі змясцілася ў гэтых некалькіх хвілях маўчання, што яны здаваліся незносна цяжкімі, бы кроплі лавы.

— Як ваша жонка? – парушыў маўчанне Корб-Варановіч.

— У Кунцаўшчыне… Дачцы пяць гадоў… — лаканічна адказаў Алесь. — А вашыя як?

— Марына да мяне ў Саратаў прыехала, хоць я і быў супраць. Калі мяне ў Ханты-Мансійскую вобласць саслалі, у Югру, таксама ірвалася за мною… Але туды сваякам дарогі няма – на шчасце. Хаця Марына ледзь не прабілася. Уяўляеце, да самага лагера дайшла, дзесяць вёрст па тайзе, нават пасылку з сухарамі і цыбуляй нейкім цудам мне перадала. Яна ў мяне адчайная… Зараз, напэўна, у Ленінград вярнулася з Паўлікам. Я два гады быў у лагеры. Лес валілі…

Корб-Варановіч глядзеў на свае рукі… Алесь таксама зірнуў і жахнуўся: у былога дацэнта не хапала двух пальцаў, а тыя, што засталіся, належалі ніяк не чалавеку разумовай працы. Пазногці абламаныя, чорныя, скура парэпаная…

— Пальцы я адмарозіў, — проста патумачыў Корб-Варановіч, не ўдаючыся ў падрабязнасці.

— Але да лагероў вы ўсё-ткі сталі прафесарам?

— Так, і нават загадчыкам кафедры пабыў у Саратаўскім універсітэце. А вы?

— Я тры гады як выкладаю ў педтэхнікуме, — ціха прамовіў Алесь, і нязжытая туга па тым, іншасветным, жыцці сціснула сэрца.

— Ведаце, некаторы час маім падначаленым быў Ластоўскі, яго таксама саслалі, — Корб-Варановіч сумна ўсміхнуўся. – Я тады яшчэ не перагарэў, напісаў заяву на звальненне… Не хацеў працаваць з ім побач.

— Разумею… — апусціў галаву Алесь.

— Дзіўна, — да Корб-Варановіча вярнуўся з’едлівы тон. — І вам болей не хочацца адправіць мяне ў накаут?

— Гэта і без мяне ёсць каму тут рабіць, — адказаў Алесь, і абодва горка засмяяліся.

— Чым гэта скончыцца? – раптам вырвалася ў Алеся. — Чаму так усё?

— Т-с-с… — прашыпеў Корб-Варановіч. — Ад такіх пытанняў адразу намагайцеся пазбавіцца. І ў думках, і ў размовах. Табу! Пасля… тыя, хто выжывуць, пачнуць шукаць адказы. Я спадзяюся – што пачнуць… Магчыма, вы будзеце сярод іх, Алесь. А для мяне ўсё скончана. Я адсюль не выйду.

Вяжэвіч зразумеў, што пярэчыць і суцяшаць не выпадае. Суразмоўца проста ўпэўнены ў тым, што гаворыць.

— Я – як вы з сябрамі і прадказвалі – іду ў іх як вялікадзяржаўны шавініст, а заадно агент японскай разведкі. А вы? Нацыянал-фашыст? Агент дэфензівы? Што ж… У мяне ў бараку быў выкладчык лаціны, які прызнаўся на допыце, што ён агент Карфагену і Вавілонскага царства. Каму справа? Трэба ўсвядоміць, што адпаведнасць нашых прызнанняў ісціне і шчырасць нашых раскайванняў насамрэч не маюць ніякага значэння. Мае значэнне толькі колькасць выкрытых ворагаў і “расколатых” вязняў. Вы чулі, Вяжэвіч, што новы кіраўнік беларускага НКУС Берман загадаў, каб тут кожны дзень вымагалі прызнання ад аднаго-двух арыштаваных? Любымі сродкамі. Так што адзінае, што магчыма ў такой сітуацыі – пацягнуць за сабой паменей людзей.

Корб-Варановіч раптам зайшоўся ў прыступе пакутлівага кашлю, і Алесь зразумеў, які суразмоўца насамрэч выснажаны і змучаны. На адной фанабэрыі трымаецца… Вось жа – у карцэр загрымеў. А можа, гэта называецца пачуццё годнасці?

Тут такога панятку няма.

Былы дацэнт перастаў перхаць, дыханне вырывалася з ягоных грудзей з нядобрым свістам. Але Варановіч не рабіў нават спробы прыўзняць з халоднай вады пасінелыя ногі.

— Слухайце, Алесь… У нас мала часу, і калі ўжо ўдалося хоць крышачку выйграць яго ў гэтых… Я павінен распавесці… тым болей шанец у вас сапраўды ёсць – ваш бацька на добрым рахунку ў наркамаце, я ведаю… Бо тое, што я мушу расказаць, закранае і вас. Вы – Вяжэвіч. Вы з Ройна.

— Ды я сто гадоў у тым Ройна не быў! – запярэчыў Алесь.

— Не важна… У вашай сям’і захоўваецца палова старажытнага срэбнага кубка…

— Адкуль вы ведаеце? – падазрона спытаў Вяжэвіч.

— У маім родзе таксама захоўваецца такая палова. Пацір, рассечаны мячом і аддадзены нашым продкам на захаванне. Насамрэч гэта – ключ… Ключ ад той самай таемнай царквы, пра якую ўсе пыталіся.

— І… дзе яна? – схаладнеў Алесь. А раптам стукач – не толькі Калатай, але і дацэнт, дакладней, прафесар? З чаго б такая шчырасць? Але Корб-Варановіч цвёрда адказаў:

— Прабач, я не скажу табе, як туды патрапіць. Не ў тым мы месцы, каб грузіць адно аднаго небяспечнымі звесткамі. Усё роўна што валіць свае куфры з уласнага прабітага чоўна на іншы, у якім не меншая прабоіна. Але нехта яшчэ павінен ведаць… маю гісторыю… Я не хачу зносіць яе з сабой у магілу. Сябру было б распавесці цяжэй… А вы і так пра мяне немаведама што думалі, якія ўчынкі прыпісвалі… Вас не ўразіць ніякае маё злачынства… Чакай, праверу, як наш сябар пачуваецца.

Дацэнт прайшоўся, хлюпаючы босымі нагамі па вадзе, да Калантая, што мірна прытуліўся да сцяны, памацаў…

— Дрыхне…

Забраўся на свой цурбанчык, правёў рукамі па твары.

— Проста слухай і нічога не пытайся. Я зараз скажу… пакуль магу… І болей да гэтай тэмы мы ніколі не вернемся, нават калі і будзе магчымасць. Гэта было ў 1919 годзе. Клецк пераходзіў з рук у рукі, я быў то чырвонаармейскім упаўнаважаным, то настаўнікам мясцовай гімназіі, то “старэйшым ваўкалакам” у атрадзе Карыбутовіча… Што вы так на мяне глядзіце? Апрануў мундзір месяцы на тры… Лаўрын Карыбутовіч мог завабіць. Распавядаў пра ВКЛ, пра дух беларускай вольнасці, пра аднаўленне Беларусі ад мора да мора… Марку трымаў, маўляў, “ваўкалакі” – гэта вам не савінкаўцы і не балаховічаўцы, а высакародныя беларускія ваяры, абаронцы простага люду. Але аднойчы я даведаўся, што некалькі чалавек з нашага атрада, а там жа шваль усялякая прыбівалася, самавольна спрычыніліся да пагрома, што ўтварыла іншая банда… А я гэтую жывёльную нянавісць да іншаверцаў проста не зношу. І на месцы Карыбутовіча расстраляў бы паганцаў, як толькі даведаўся. А ён проста адчытаў іх… Нешта тлумачыў пра талерантнасць у новым Вялікім княстве, якое абавязкова будзе створанае… Вядома – не хацеў аслабляць атрад. Але ягоныя высокія словы назаўсёды страцілі для мяне прывабнасць. Я сышоў ад тых “ваўкалакаў”… Пасля на нейкі час паверылася, што пры бальшавіках магчыма нацыянальнае адраджэнне. Марына нарадзіла… А ў атрадзе Карыбутовіча мяне лічылі дэзерцірам. Асабліва пагарджаў мною Марынін брат, Сяргей Паўлючыц. Яму было сямнаццаць, усе рэвалюцыі свету трымаліся менавіта на такіх юнаках… Ён шчыра верыў ва ўсё, што прамаўляў Лаўрын, і не даваў веры таму, што магло збіць з яго атамана німб. Сяргей з Марынай разам гадаваліся, і жонка вельмі ім даражыла. Апекавалася амаль па-мацярынску. І вось, калі ўжо ўсталявалася савецкая ўлада, і я на нейкі час пераехаў з жонкай і дзіцем у Ройна, вядома, каб быць падалей ад сведкаў, якія маглі здаць мяне ЧК, да мяне ўночы, крадма прыйшоў Сяргей… Каб не безвыходнае становішча – нізавошта не наведаў бы здрадніка. Але іх засталіся шасцёра з атраду, яны аказаліся якраз у маіх ваколіцах, і іх абклалі, як ваўчыную зграю, а ў іх меліся параненыя… Сяргей неяк чуў мае разважанні пра родавыя таямніцы, пра старажытныя дакументы, якія я знайшоў, звесткі пра таемны храм, у якім хаваліся інсургенты — Варановічы… Чуў, як я зачытваў легенду, якую меркаваў уключыць у будучы зборнік… Карацей, ён запатрабаваў, каб я адкрыў ім шлях у падземнае сховішча. Дарэмна я папярэджваў, што гэта небяспечна, што ў тым сутарэнні гадоў пяцьдзесят ніхто не быў, ад часоў апошняга паўстання, і механізм, які адкрывае дзверы, можа быць папсаваны… Ён абазваў мяне баязліўцам. Пагражаў, што прывядзе ўсіх сюды, яго сястра абавязкова іх схавае. І я… навучыў яго. Я хацеў, каб ён сышоў… Каб усе яны пакінулі нас у спакоі. Раз і назаўсёды. Ён паабяцаў гэта – нават у выпадку няўдачы са сховішчам. І я даў яму ключ… Разумееце, каб адкрыць дзверы, патрэбны цэлы кубак… Тады яшчэ я не ведаў, дзе можа захоўвацца другая палова. Ды і каб ведаў – застрэліўся б, не пайшоў да Вяжэвічаў. Але нашы продкі дарэмна былі ўпэўненыя ў непаўторнасці кожнага свайго вырабу. Не так цяжка было сагнуць з мосенжу нешта падобнае да падстаўкі таго паціру, дакладна тых самых памераў. Сам я дзверы не адмыкаў, не да таго было, толькі месца знайшоў. І ніхто ў цэлым свеце болей пра гэтае месца не ведае. Я ўручыў яшчэ Сяргею трохі прыпасаў і пастараўся выкінуць гэты візіт з галавы. Я быў пэўны, што дзверы яны не адчыняць.

Я мог пайсці праверыць іх сховішча назаўтра… Праз дзень… Праз тыдзень… Але я не пайшоў. Марына ляжала з бранхітам, маленькі Паўлік патрабаваў догляду… Новая ўлада апантана шукала ворагаў, а мы ж былі “быўшыя”. Нашчадкі граф’ёў. Адсочваўся кожны крок. Я меў некалькі непрыемных візітаў да чэкістаў. Хаця… ніякія апраўданні тут не дарэчы.

Праз месяц Марына папыталася, ці не чуў я штосьці пра Сярожачку. І я сказаў – “Не”. Узяў кошык для грыбоў дзеля апраўдання вандроўкі і адправіўся... туды, дзе сховішча.

Яны ўсё-ткі адчынілі дзверы… Замураваны князь адгукнуўся на іх просьбу. Але выйсці назад не змаглі. Яны дасюль ляжаць там разам з таямніцай нашага роду. І ляжаць будуць павек. Так, я ведаю, што мусіў іх выцягнуць, пахаваць па-хрысціянску… Хаця б забраць іхнія дакументы… Але я… не змог. Учыніў, як апошні баязлівец – замкнуў сутарэнне і сышоў.

Я нікому нічога не сказаў, тым болей жонцы. Ці мала чалавек гінула ў тых віхурах? Але мне цяпер паміраць з гэтым. Святара тут не прадугледжваецца, так што… Вось мая споведзь. Калі выйдзеш адсюль, раскажы ўсё Марыне. Так, гэта жорстка… Але хай яна ведае, што жыла ўвесь гэты час з нявартым чалавекам. Ёй будзе лягчэй перажыць маю смерць і знайсці сваё шчасце з іншым. Будзе каму па-хрысціянску спамянуць загінулых. А калі яна мяне прабачыць – маёй душы будзе так лёгка, як не было тут, на зямлі. Бо я ўжо амаль дваццаць гадоў уяўляю сабе, ледзь не штоночы, як яны там паміраюць…

Корб-Варановіч зноў закашляўся, і Калантай заварушыўся, неўразумела азірнуўся, стаў на ногі… Ён быў малы, лысы, мокры і разгублены.

— Ну ты, браце, і спіш! – удавана весела прамовіў дацэнт, здушыўшы кашаль. – Сеў проста ў лужыну – і захроп. Тут такія парушэнні дысцыпліны праходзяць?

Калантай злосна азірнуўся на Вяжэвіча, на былога сябрука, на ўласныя мокрыя штаны… Пацёр шыю… І адчайна застукаў у дзверы, увесьчасна кідаючы позіркі на Корб-Варановіча, нібыта чакаючы, што той зноў яго ўкладзе спаць.

У камеру ўварваліся трое.

— Ты, і ты! – чарнявы вартаўнік тыцнуў пальцам на Калантая і Вяжэвіча, – На выхад! А ты, контра, сядзець! – раўнуў у бок Корб-Варановіча.

Былы дацэнт і ягоны былы вучань не развіталіся нават позіркамі. Няхай каты застаюцца ва ўпэненасці, што шавініст і нацыяналіст па-ранейшаму варагуюць.

Турма жыла сваім нялюдскім жыццём, напоўненым болем, нянавісцю і крыкамі. Калантая павялі далей па калідоры, а Вяжэвіча ўпіхнулі ў маленечкі пакой справа. Кінулі чаравікі, чыстую кашулю, пінжак… Нават кальсоны. Прынамсі, падлога тут была сухая, і замест цурбаноў – нары… Алесь з задавальненнем расцёр знямелыя ногі. Пераапрануўся, абуў чаравікі – якраз па памеры… Прайшла гадзіна, дзве… На якое кола дантава пекла яго кінуць далей? Дзверы расчыніліся, вязня зноў некуды павялі, цяпер ужо на другі паверх. Тут былі не камеры, а кабінеты. Зноў допыт? У пакоі, утульным, цёплым, нават з парцьерамі на закратаваных вокнах, з паркетнай падлогай і ляпнінай на столі насустрач падняўся з крэсла турэмны лекар.

— Тата!

Старэйшы Вяжэвіч змрочна глядзеў на сына.

— Падпісвай пратакол, і пайшлі…

— Які пратакол? Куды… пайшлі?

Справа, за пісьмовым сталом, сядзеў малады нкусавец, сыты, як млынарова карова, і з засяроджаным выглядам чытаў нейкія паперы. Ён і падазваў Алеся.

— Вось тут распішыцеся.

Вяжэвіч недаўменна наблізіўся. Схіліўся над аркушамі… Гэта была распісаная па рэпліках ягоная нядаўняя размова з Корб-Варановічам.

— Давай, Алесь, падпісвай… Цябе вызваляюць, – адрывіста прагаварыў старэйшы Вяжэвіч.

Увушшу выкладчыка педтэхнікума зашумела, нібыта зноў нехта роў яму ў вушы праз папяровыя варонкі.

Вось чаго ён чакаў дзве гадзіны – пераздымалі стэнаграму!

— Я не хачу…

— Заткніся! – скрозь зубы прашыпеў лекар і сілай уклаў у руку сына пяро. – Удалося паўдзельнічаць у раскрыцці ворага – радуйся. – І дадаў яму на вуха амаль бязгучным шэптам. – Калі табе на нас з маці напляваць, падумай пра жонку з дзіцем. Ну!

Алесю падалося, што зямля сыходзіць з-пад ног. Так і бачылася, як Корб-Варановіч, прачытаўшы імя пад пратаколам, крывіць вусны і шыпіць з пагардай: “Вяжэвічы…”

І цяпер ён цалкам будзе мець падставу адносіцца да іх з пагардай… Але як жа гэта?... Няўжо сусед па карцэры іх з прафесарам падмануў?

А гэта выйсце…

— Няхай Калантай падпісвае.

— Пры чым тут ён? Калантай абмішурыўся, як дурань, — патлумачыў з брыдкай усмешкай нкусавец. – Даў сябе адключыць гэтаму белагвардзейцу… Так што ваша дапамога неацэнная, Вяжэвіч. У тым карцэры акустыка добрая, але мы не ведалі дакладна, хто праб’е гэтага хітравана на шчырасць: былы сябар ці былы вораг. Колькі гадоў не маглі раскалоць яго наконт бандыцкага логавішча! Трымаўся, як сталёвы, некаторыя следчыя нават паверылі ў версію наконт “проста легенды”. І вось, калі ласка – за паўгадзіны вам удалося! – нкусавец пакруціў светлавалосай галавой, як быццам яму далі пакаштаваць нешта смачнае. — Вядома, шкада, падрабязнасцяў не выцягнулі… Але гэта ўжо справа тэхнікі. Цяпер расколем суку, як гнілы арэх! Але ж трэба, як гэты ваш контрык... сваіх жа... ажно шэсць штук умарыў!

Службовец шчыра зарагатаў. Алесь зразумеў, што з ім ужо гавораць, як са сваім…

— Дык навошта вам тое сховішча?

— На то! – важка адрэзаў следчы. – Вораг – нават мёртвы застаецца ворагам. Дакументы пры іх нейкія будуць. Асобы ідэнтыфікуем. У кожнага ж сваякі, злачынныя сувязі… Гэта, таварышы, раскрыццё цэлай банды!

Тлусты твар нкусаўца свяціўся ад шчасця.

— Трэба толькі тыя паловы кубка канфіскаваць… Вы ўжо пашукайце ў сваіх сямейных хованках.

Лекар схапіў сына за бязвольную руку з заціснутым пяром і гвалтам змусіў паставіць нейкую закаручку.

— Пайшлі!

Алесь ачомаўся і кінуў пяро, як гадзюку:

— Сволачы! Я ніколі…

І сагнуўся напалам, бо бацька моцна ўдарыў пад рэбры.

Лекар трымаў сына ў абдоймах і цягнуў да выхаду.

— Усё нармальна, таварыш лейтэнант! У яго шок…

— Ну, шок дык шок… — абыякава пагадзіўся нкусавец. – Падлячыце, і будзьце гатовыя. Калі што, мы яшчэ звернемся да паслугаў вашага сына. У яго добра атрымліваецца.

Ужо ў калідоры Алесь упаў на калені і захлынуўся плачам.

Гэта было дзевятае кола пекла. У якім умярзалі ў лёд здраднікі.


Маладая прыгожая жанчына гадоў пад трыццаць стаяла ў чарзе, прыціскаючы да грудзей невялікі клунак. Залатая каса жанчыны была ўкладзеная каронай вакол галавы, зялёная сацінавая кофтачка з белым каўнерыкам, строгая спадніца і туфлікі-лодачкі вельмі пасавалі б настаўніцы… Магчыма, жанчына і была настаўніцай – разумны, строгі выраз гожага твару, горка падціснутыя вусны, стомленыя вочы. І ганарыстая пастава. Нягледзячы на тое, што ў чарзе жанчына прастаяла ўжо пяць гадзінаў, а перад гэтым прайшла пешкі кіламетраў дзесяць, ажно з Кунцаўшчыны, для чаго давялося падымацца зацемна.

У гэтым натоўпе ніхто не спяшаўся. Не абураўся, не спрабаваў пралезці наперад. І складалі яго адны жанчыны – старыя, маладыя, былі і дзеці… Усе з клуначкамі, усе маўклівыя і спалоханыя…

У прынцыпе, да чэргаў у гэтым горадзе даўно ўжо прывыклі. Па селядцы, па хлеб, па запалкі, па паркаль… Дзесяць год таму ў паэтычным зборніку “Угрунь” цяперашняга намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў БССР Алеся Александровіча быў надрукаваны нават верш пра гэтую з’яву:


“Холадна. Застыў

Шумлівых вуліц гул.

Бягу ў каператыў

раней заняць чаргу.

Поўна галава

Радасці, надзей.

Будуць выдаваць

Воблу і алей.

Вогнішча расклалі.

Холадна. Мароз.

Рана паўставалі.

Выцягнуўся “хвост”.

Дзе там пералічыш,

Абіраюць голь:

Выдаюць сярнічкі,

А хаваюць соль.

Пішуць для парадку,

Крэйдай, як па норме:

На грудзях, на латках,

Кожнаму свой номер.

І ў мяне дзясяты,

А прыйшоў другім.

Хочацца дахаты.

Сцеражэш чаргі.

Сонца разбудзіла

Прозалаць-зара,

І мяне змяніла

Замярзаць сястра”.


А пару дзён таму паставілі пытанне аб вывадзе Александровіча са складу праўлення Саюза пісьменнікаў. А яшчэ перад гэтым перарэзаў сабе горла, праўда, не да смерці, старшыня праўлення Саюзу пісьменнікаў Міхась Клімковіч. Кажуць, не вытрымаў, як намеснік яго выкрываў на сходах.

Але гэтая чарга была не па селядцы і не па алей. Яе хвост пачынаўся дзесьці на Камсамольскай, а “галава” заканчвалася ля Жоўтага дома, наркамату ўнутраных справаў, ля вакенца, праз якое прымалі перадачы для арыштаваных. Акенца часта зачынялася, і тады па чарзе праносіўся як бы агульны ўздых расчаравання і трывогі. Часам у кагосьці перадачу не прымалі… Тады мог пачуцца альбо лямант роспачы, альбо плач палёгкі – гледзячы, па якой прычыне адмовілі… Але зараз жа ізноў запаноўваў парадак і цішыня.

Жанчына з залатою касой стомлена пераступіла з нагі на нагу. Дома засталася маленькая дачушка, на міласэрную суседку. Таму трэба абавязкова паспець закупіцца гасцінцамі, у тым ліку і для дабрадзейкі…

Радыё на слупе азвалася бадзёрым маршам.

“Менск сустракае совецкіх герояў! Заўтра на святочных вуліцах сталіцы Беларускай Совецкай Соцыялістычнай Рэспублікі можна будзе пабачыць гераічных лётчыкаў Чкалава, Байдукова, Белякова, якія едуць у Маскву, здзейсніўшы свой беспрыкладны палёт. Лепшыя прадстаўнікі беларускага народу будуць удастоеныя гонару сустрэцца з экіпажам самалёта Валерыя Чкалава…”

Голас дыктара, глыбокі прыгожы барытон, гучаў так аптымістычна, што хацелася зараз жа бегчы на вакзал і займаць чаргу, каб сустракаць герояў…

Але з гэтай чаргі ніхто не скрануўся.

— Значыць, заўтра перадачы не будуць прымаць… — прашасцела наперадзе. Жанчына ў белай хустцы ледзь варушыла збялелымі вуснамі.

— Чаму? — перапытала яе суседка, заплаканая маладзенькая дзяўчына ў моднай сіняй сукенцы і бярэціку.

— Ну як жа ж – прыедуць героі, а тут мы стаім праз увесь праспект… Разгоняць, як відаць…

Яшчэ адна кабета, немаладая, шыракакостная і змрочная, прамовіла нават з нейкім выклікам:

— А чулі, два дні таму Галадзед застрэліўся?

— Што, і ён? – здзівілася жанчына ў белай хустцы. — Чарвякоў жа таксама застрэліўся… Ва ўласным кабінеце.

— І Гамарнік… І былы старшыня саўнаркаму Адамовіч… — пацвердзіла змрочная кабета.

— Сціхніце! Пасаромеліся б антысавецкія размовы весці! – гэта завішчэла пані ззаду, якая абчапіла сваю белую блузку значкамі Мопра і Асавіяхіма, нібыта западозраны ў блюзнерстве абвесіўся крыжамі ды іконкамі. — Правільна вашых сямейнікаў пасадзілі! Усе вы антысаветчыкі!

— А ты сама чаго тут стаіш? Тваіх не пасадзілі? — злосна спытала змрочная.

— У нас памылка! Хутка разбяруцца.

— Чакай, чакай, дурніца… Дачакаешся! Не нашым носам маліну дзяўбаць.

Але з усіх бакоў на дыскусійніц спалохана зашыкалі…

Жанчына з залатой каронай кос сцішана ўздыхнула і прыціснула мацней клунак. Хоць бы ўдалося дастаяцца да вечара…

— Вераніка?

Невысокі, ніжэйшы за жанчыну на паўгалавы, шчуплы мужчына ў вайсковай новенькай форме пазіраў запытальна-паблажліва хуткімі шэра-зялёнымі вачыма, як пакрытымі плёнкай алею. Яго боты блішчэлі, як медзь духавога аркестру.

— Прывітанне, Хведар, — стрымана адказала жанчына. – Ты што, працуеш там? – кіўнула наперад, у бок Жоўтага дома.

— Ну чаму абавязкова там? – усміхнуўся мужчына, энергічна махнуўшы рукой, і Вераніка згадала ягонае студэнцкае прозвішча “Вятрак”. — Я ў міністэрстве знешніх зносінаў.

— Пад началам таварыша Калантая? – з ледзь заўважнай непрыхільнасцю прамовіла жанчына. – Ён жа так табою апекаваўся…

— Я не маю нічога агульнага з грамадзянінам Калантаем, — холадна прамовіў мужчына. – Ён аказаўся добра замаскаваным ворагам, трацкістам, і зараз знаходзіцца пад следствам.

— І ты, Хведар, вядома, дапамагаў выкрываць ворага? – вельмі спакойна спытала-сцвердзіла Вераніка.

— Вядома, я праявіў пільнасць, — адвёўшы вочы, згадзіўся Хведар і зараз жа ажывіўся: — А хочаш, дапамагу табе? Ты ж Алесю перадачу прынесла? Вось і перадамо без чаргі. У мяне там добрыя знаёмыя… Пайшлі!

Вераніка з няёмкасцю азірнулася. Кабеты побач пазіралі з зайздрасцю, а некаторыя і з непрыхаванай злосцю. Веры гэтаму… ветраку… няма ніякай, але дзеля Алеся…

— Добра, пайшлі!

Радыё працягвала трансляваць маршы. Па праспекце Сталіна ішлі вясёлыя людзі, моладзь у талстоўках і футболках, са значкамі, з марозівам… Служачыя з парусінавымі і скуранымі партфелямі… Шнырылі піянеры з плакатамі “Купляйце білеты 4-й рэчавай латарэі дзеткамісіі пры УЦВК!”… Ва ўсіх было цікавае, скіраванае ў непазбежную светлую будучыню, жыццё. Ніхто не звяртаў увагі на ланцуг панылых жанчын на ўзбочыне праспекту.

— А я цябе папярэджваў, Веранічка, — спачувальна прамовіў Хведар. – Папярэджваў… Вось і дачакалася.

Вераніка збіралася нешта адказаць, і, магчыма, непатрэбна рэзкае, але яны ўжо апынуліся перад уваходам у дом, які месцічы лічылі за лепшае нават не згадваць, як смяротную пошасць. Хведар паказаў пропуск вартавому чырвонаармейцу. Той узяў пад казырок, і Вераніка апынулася ў вестыбюлі, прыкрашаным белымі калонамі, чырвонымі сцягамі і партрэтамі Сталіна, Леніна і Дзяржынскага. Нічым не адметная зала ўрадавай установы. Толькі больш нідзе не было б гэтак страшна і прыкра. Дзесьці ў нетрах гэтага будынку зараз знаходзіўся Алесь Вяжэвіч…

— Давай сюды свой клунак… Пачакай мяне трохі, — уладна распарадзіўся Хведар і знік за прахадной з жалезнай “вяртушкай”, якую таксама ахоўвалі пільныя таварышы. Вераніка глядзела на чырвоны сцяг, устаўлены ў адмысловую падстаўку, з вышытымі на ім залатымі літарамі, і паўтарала ў галаве ціхія вершы:


“Пра чырвоную хустку на косах тваіх залатых

Я хацеў расказаць табе казку, ды словы забыўся.

Іх забраў у мяне сумны вецер, як я, малады,

І да зоркі каханай аднёс, з зоркай ён ажаніўся”.


Як гэтыя вершы лаяў Аўтух Папара, пачуўшы за сяброўскім сталом! Дэкадэнцтва, буржуазны сентыменталізм… У часопісы Алесь нат не думаў несці, ведаў, што таксама толькі аблаюць. А Вераніцы падабаліся ягоныя такія радкі. Вось толькі ці не яны паспрыялі таму, што яна гэтыя дні правяла ў страшнай чарзе!

Праўда, і Аўтух арыштаваны. Не ўратавалі паэмы пра станкі…

— Вераніка, хадзі сюды! – Хведар махаў рукою з-за прахадной.

…У невялічкім пакоі з закратаваным вакном на другім паверсе Жоўтага дома было зусім не страшна. Звычайны кабінет, якіх шмат. Парцьеры на вокнах і ляпніна на столі. Мажны службовец прыўстаў з-за пісьмовага стала і расплыўся ва ўсмешцы:

— Вось якая вы, чароўная Вераніка! Вераніка Змітраўна Вяжэвіч, у дзявоцтве Манцэвіч. Не, не хвалюйцеся, дапытваць вас ніхто не будзе. Зараз вызвалю кабінет, каб вы маглі вольна пагутарыць са старым сябрам. Настойліва раю прыслухацца да слоў таварыша П’янкова. Ён жадае вам толькі дабра, Вераніка Змітраўна.

Падміргнуў Хведару і выйшаў.

Хведар адразу замітусіўся, падсунуў да стала крэсла…

— Садзіся, Веранічка! Гарбаты хочаш?

— Хведар, навошта ты мяне сюды прывёў? — холадна, стараючыся, каб голас не дрыжэў, папыталася жанчына.

— Ты ж чула – пагаварыць, раз ужо надарыўся выпадак. Ты ж мяне ў госці не пускаеш…

— Мы даўно ўсё між сабой перагаварылі, Хведар. Я замужам, у мяне дзіця, і ты нібыта ажаніўся.

П’янкоў усеўся за пісьмовы стол, паклаў перад сабой счэпленыя рукі, якія так і намагаліся зноў разганяць паветра.

— Абставіны мяняюцца… Ты сама выдатна разумееш. Ну што цябе чакае? Алесь сам сябе пахаваў. Нават калі зараз абыдзецца – усё роўна яго не пераробіш, зноў патрапіць сюды. І цябе пацягне. Хто будзе гадаваць вашае дзіця? Аддадуць у спецыяльны прытулак для дзяцей ворагаў народа. А ты думаеш, што са сваёй знешнасцю вось так і захаваеш вернасць у лагерах? Не будзь дурнічкай… Ды падчас следства ўжо… Думаеш, на гэтым стале мала ганарлівак такіх ляжала, з задранымі спадніцамі?

Жанчына сціснула рукі, каб не дрыжэлі.

— Не трэба мяне палохаць. Алесь ні ў чым не вінаваты…

— А я і не палохаю, — Хведар гаварыў вельмі спакойна. Цяпер “вятрак” выклікаў у былой аднакурсніцы сапраўдны жах. – Проста так і будзе… А я табе прапаноўваю надзейную абарону. Новае жыццё! Я ж кахаю цябе… Колькі гадоў кахаю! Пасялю цябе з дачкой у выдатнай кватэры ў Раманаўскай Слабадзе, табе не спатрэбіцца працаваць, забяспечу пайком. Жонка ў мяне – вось дзе, дзяроўня няшчасная, — Хведар сціснуў кулак. – Так што нічога не бойся… Усё будзе – і для цябе, і для малой. Хочаш – какава, хочаш – аксамітныя сукенкі… Як у Бога за плячыма жыць станеш! Летам у Піцунду, у Сочы… Валюты для Таргсіну буду даваць… У мяне замежныя камандзіроўкі…

Хведар патроху расхваляваўся, рукі ягоныя зноў пачалі рассякаць паветра, падкрэсліваючы жэстамі кожную заваблівую прапанову. Вераніка ўскочыла:

— Замаўчы! Слухаць не хачу... Я буду чакаць Алеся! Я веру, што яго вызваляць! Ён чысты, сумленны… Ён не стане сябе агаворваць, усё вытрымае!

Хведар з’едліва рассмяяўся.

— Твой чысты Алесь пяе, як салоўка, на следстве. Два тыдні ўсяго праседзеў, а ўжо дапамог вельмі буйную рыбіну раскалоць. Так што нават калі яго і выпусцяць… часова, падкрэсліваю… героя ты ў ім болей не пазнаеш. А то строіў з сябе… Прынцыповы такі…

Вераніка непаслумянымі вуснамі прамовіла:

— Я табе не веру…

— Вер — не вер, кажу, як ёсць. Сама спытаеш у мужанька, як надарыцца.

— Чакай... Дык яго ўсё-ткі выпусцяць? – вочы Веранікі загарэліся надзеяй. Хведар скрывіўся.

— Можа, і выпусцяць… Дарэчы, каб гэта хутчэй адбылося, ты б таксама дапамагла следству. У вас захоўваецца срэбны кубак, дакладней, ягоная палова?

Вераніка падазрона паглядзела ў ільсняныя вочы суразмоўцы.

— Не памятаю…

— А ты ўспомні! Гэты кубак тэрмінова трэба здаць у асобы аддзел. Ад гэтага залежыць лёс твайго мужа!

Жанчына закрыла твар рукамі, нібыта жадала падумаць, адасобіўшыся ад навакольнага свету.

— А што гаворыць пра гэты кубак Алесь?

Хведар нецярпліва ўстаў з-за стала і падышоў да жанчыны.

— Якая розніца... Дык ёсць кубак? Алесеў бацька сцвярджае, што сын з сабой забраў. Значыць, у вас дзесьці…

Вераніка цвёрда глядзела ў вочы П’янкову.

— Я не ведаю, дзе той кубак. Няхай Алесь прыгадае сам. Мы пераязджалі, ты ж чуў, напэўна, з ягоным бацькам не надта ўжыліся, ламачча поўна пакідалі на кожнай кватэры… Можа, заваліўся куды… А можа, Алесь яго ўжо здаў на срэбны лом, калі грошы трэба былі?

П’янкоў прыкметна захваляваўся.

— Як гэта здаў? Такую старажытную рэч… Ты, гэта, пашукай! Можа, давай разам да цябе паедзем, пашукаем? Зараз машыну выклічу…

— Дзякую, не трэба. У маім пакойчыку ў Кунцаўшчыне срэбра дакладна няма.

Хведар злосна скрывіўся.

— Ну, глядзі, Вераніка… Не памыліся. На жыццё іграеш. Не забывай, дзе знаходзішся. Сюды прыйсці лёгка, а вось выйсці…

Жанчына зноў сціснула рукі, нібыта ад холаду. Зараз падалося, што самае галоўнае – пакінуць гэты кабінет і гэты будынак… А тады нешта з’ясуецца. На волі можна ўцячы, схавацца, засіліцца… А цяпер што заўгодна – толькі б выбрацца з гэтай твані.

— Я ўсё зразумела, Хведар. Дзякую табе за ўсё. За прапанову… Я падумаю. І кубак пашукаю. Не забудуся.

Голас госці падступна дрыжэў, і П’янкоў падабрэў.

— І праўда, што гэта я на цябе так націснуў… Падумай, пашукай… Праз пару дзён я цябе знайду.

— Добра…

— Ну, тады пайшлі, праводжу… А хочаш, заедзем у краму, цукерак купім для дачкі?

Ля двярэй кабінета Хведар нібыта выпадкова правёў рукой па спіне жанчыны, тая ледзь стрымала дрыготку агіды. Гэтак купец агладжвае аблюбаваную на рынку кабылу, пра цану за якую амаль дамовіўся.

Раней бы развярнулася ды адвесіла яму поўху… Па-баксёрску… Каб па сценцы размазаўся, смоўж…

Толькі б выйсці адсюль… Вярнуцца да дачкі… І гэты пракляты кубак схаваць як мага падалей. Хаця ён і так у надзейным месцы… Калі б Алесь хацеў, каб ён патрапіў у іхнія рукі, сказаў бы ім, дзе шукаць. А яна нізавошта гэтым не аддасць. Алесь заўсёды паўтараў – галоўнае, захоўваць годнасць. Таму яна і не верыць нагаворам на яго. Выклікаць на сябе злосць – гэта Вяжэвіч можа. А кагось здаць? Дапамагаць следству? Не, гэта на яго не падобна.

Праўда, калісьці яны ж ездзілі ў Ленінград, збіралі кампрамат на Корб-Варановіча ў кампаніі П’янкова… Алеся ж так лёгка завесці, падбіць на шалёныя ўчынкі…

Ну а што, калі яго і праўда ўблыталі ў нешта ганебнае? Калі зламалі? Што, муж ёй патрэбны толькі з гераічным бляскам у вачах? Не дачакаецеся… Яна прыме яго ўсякім. Зразумее і даруе. Абы застаўся жывы…

Дарэчы, Гукайлу таксама шукаюць, каб арыштаваць. Збег з Піцеру, цяпер невядома дзе…

…На вуліцы па-ранейшаму свяціла сонца, мітусіўся натоўп, радыё перадавала беларускую народную песню “Ой, пасеяла Улляніца лянок…” А жанчына з залатымі косамі, укладзенымі каронай на галаве, ішла пасярод вуліцы, трохі пахістваючыся, як пасля цяжкой хваробы, і ў яе вачах патроху памірала неба.

Гэта было восьмае кола дантава пекла, у ягоным цэнтры знаходзіцца бяздонны калодзеж, а ў ірвах, запоўненых агнём і распаленым пяском, сядзяць ілжывыя дарадцы, падлюкі, крывадушнікі і зводнікі.

Толькі ніхто з мінакоў, акрым жанчыны, пра гэта не здагадваўся.


Раздзел 10. У гасцях у замураванага князя

Чалавек істота цікаўная. Ён сілкуецца ўражаннямі. Напрыклад, прагне выйсці з таго ўзроўню, на якім яму адведзена жыць прыродай.

Цікаўнасць падлягае пакаранню. Пасля восьмага паверха страчваецца сувязь з зямлёй, на дваццаць пятым немагчыма адчыніць фортку… Мы не павінны спаць вышэй за дрэвы, а самымі высокімі будынкамі ў горадзе мусяць быць храмы!

Але мы будуем хмарачосы, уздымаемся ў горы і лезем у пячоры.

Людзі заўсёды лічылі, што пад зямлёй існуе цэлы сусвет. У Гадэс старажытных грэкаў можна было прыплысці толькі па хвалях горнай ракі Ахерон, ракі ўздыхаў. Нічога добрага вандроўніка там, аднак, не чакала — нуда, вечны прыцемак, і старажыл таго месца Ахіл не дарэмна скардзіўся Адысею, што хацеў бы лепей быць няшчасным наймітам на полі сярод жывых, чымся цараваць мёртвым над мерцвякамі. Духі зляталіся, нібыта пякельныя мухі, каб адчуць водар, дакладней, смурод, ахвяры, якую спальвалі дзеля іх на вогнішчы… Калі нейкі таемнаведца хацеў перамовіцца з канкрэтным духам, мусіў адганяць іншых ад вогнішча, як надакучлівую машкату. Пад Мідгардам, светам скандынаваў, існаваў Нідавелір, Цёмныя палі гномаў. Натуральна, з незлічонымі скарбамі. А вось падземны свет кёльтаў Анвін быў зусім не такі страшны, гэта ўвогуле падземны рай, туды можна патрапіць нават жывому, калі адчыніць дзверы. Там сваё сонца, у промнях якога песцяцца жывёлы з белай поўсцю і чырвонымі вушамі…

Ася зусім не імкнулася ні ў Гадэс, ні ў гномскія цёмныя палі, ні нават у прыемны Анвін, пагладзіць белых пухнацікаў… Яна, вядома, прыхільна ставілася да андэграунду, і нават лічыла сябе дзесьці ў яго пасвечанай… Але апынуцца ў андэграундзе ў прамым сэнсе гэтага слова, ды яшчэ вось так раптоўна! Марыў заяц пра піва, і яго прынеслі на стол пад піўной падліваю…

Аднекуль даносіліся ледзь чутныя галасы, якія клікалі дзяўчыну. А вакол была цемра. Халодная, вільготная, смярдзючая цемра сутарэння, смак зямлі ў роце… Магіла?

— Ася, ты тут? Ты жывая?

Але з горла Арсеніі змог выціснуцца толькі нейкі здушаны нават не крык – віск… Як у сціснутай у кулаку птушкі. Ад панікі не магла нават уцяміць, ці жывая, ці не зламала што, як настойліва пыталіся галасы зверху.

Нарэшце крык прарваўся дзікімі ўсхліпамі, і зараз жа адчуўся боль у левай галёнцы… Але, дзякуй Богу, не рэзкі... Рукі намацвалі рыхлую халодную зямлю… Падобна, Ася і павалілася на кучу зямлі, што яе і выратавала.

Патроху свядомасць разамглялася, і варыянт з магілай і жыццём-пасля-смерці аддаляўся.

У такім выпадку куды ж яе занесла? Закінутая студня? Бомбасховішча?

— Вяжэвіч, адыдзіцеся! Я зараз да вас саскочу!

— Стой! Куды..?

Ася ледзь паспела адсунуцца, як побач зваліўся яшчэ нехта, нос і рот зноў забіла земляным пылам, так што пачаўся кашаль і чханне… Потым непадалёк заварушылася жывое, вялікае, надзейнае…

— Ася, вы тут? Нічога не зламалі? Асцярожна… Лягчэй…

Але дзяўчына ўжо з усёй моцай панікі ўчапілася ў чалавека побач з сабою, ледзь не павісла, шукаючы абароны… Чалавек гладзіў яе па спіне, па галаве, заадно асцярожна абмацваючы, правяраючы на траўмы:

— Ціха, ціха… Усё добра… Не баліць? Ну вы і напалохалі нас…

А зверху даносіліся злосныя крыкі:

— Здурэў, гісторык сраны? Ты хоць калі думаеш, перш чым зрабіць? Узяць і сігануць уніз! Крэтын! Прыдурак! Як мне вас цяпер двух выцягваць? Ды вы хоць жывыя там? Гэй!

Корб-Варановіч – да Асі паступова даходзіла, што гэта менавіта ён – падняў галаву і гукнуў уверх:

— Здаецца, без пераломаў… Толькі не шуміце, спадар Скрыніч! Пастарайцеся, каб пра гэтае месца не даведаліся пабочныя…

— Ды што ж я вас, адзін выцягну?

— І не палохайце Аляўціну Пятроўну. У ейнага брата машына ёсць, папрасіце, каб яна вам арганізавала… Прыдумайце якую прыстойную падставу. Ну і вяроўкі знайдзіце. Галоўнае – без розгаласу!

Запанавала маўчанне. Ася зразумела, што Вячка сышоў, і нястрымны жах зноў змусіў яе сэрца закалаціцца, быццам град у бляху. А калі Скрыніч не вернецца? Калі ў ягоную геніяльную галаву ўзбрыло прыкончыць галоўных герояў рамана гэткім эфектным спосабам? Быў жа такі старажытнагрэчаскі мастак, Парасій Эфескі, які, каб дасканала выявіць пакуты Праметэя на карціне, загадаў укрыжаваць проста ў майстэрні старога раба, адмыслова для гэтага купленага, і пры гэтым яшчэ прыпякаць няшчаснага распаленымі абцугамі, дзеля жывасці мімікі. Замучыў старога да смерці, і Асю больш за ўсё абурала, што гэткія садысцкія схільнасці не заміналі шаноўнаму Сакрату весці з Парасіем разважныя філасофскія гутаркі пра сутнасць мастацтва…

— Дзе… дзе мы?

— Думаю, менавіта там, куды так зацята хацелі патрапіць.

Корб-Варановіч акуратна аддзёр Асіны рукі ад сябе, устаў, пры гэтым сцішана застагнаўшы (таксама пабіўся, ці што?), і па вачах разанула святло… Гісторык уключыў мабільнік у функцыю ліхтарыка. Вузкі прамень нахабна слізгануў вакол…

Напэўна, белабандыт Карыбутовіч не супраць быў бы ўзяць Асю ў штурмавую групу ў якасці гукавой зброі. Таму што нават конь, які насіў камандарма Будзёнага, ашалеў бы і панёс вусатага гаспадара прэч ад ейнага дзікага віску. Даніла Раманавіч ледзь не выпусціў з рукі ліхтарык, прынамсі, ягоны прамень пераскочыў некуды пад каменныя зводы.

Але ў вачах Асі стаяла пабачанае відовішча ў найлепшых традыцыях готыкі: трупы. Шкілеты ў гнілых ашмётках… Чарапы… Чорныя прагалы вачэй, там-сям – наліплыя на брунатную костку пасмы валасоў… Іржавыя стрэльбы… Біклагі… З падсвядомасці ўсплыло вычытанае ў адрэдагаваным падручніку па судовай медыцыне, што пару год таму немаведама як апынуўся ў выдавецкім партфелі: згодна правіла Каспера, адзін тыдзень гніення трупа на паветры роўны двум тыдням гніення ў вадзе і васьмі тыдням гніення ў зямлі. А для даследвання неабходна ўзяць пяцьсот грамаў цягліцаў, змесціва мачавога пухіра і страўніка…

— Ды сціхніце, далібог! І не ламайце мне руку. Яны нам нічога не зробяць. Мне што, па шчоках вас лупіць?

Ася дрыжэла, як у ліхаманцы… Але патроху рабілася сорамна: вось ужо не чакала ад сябе, што ў экстрэмальных абставінах так запанікуе. Колькі разоў глядзела фільмы жахаў, і заўсёды пацяшалася над дзяўчаткамі, якія вось так па-вар’яцку верашчалі, забачыўшы шкілеты… І, вядома, думалася: дурніцы, сама ніколі не заверашчу!

Прамень ліхтарыка абшарыў сутарэнне, спусціўся пад ногі…

— Дзесьці тут шапка мая павінна быць… – гісторык неяк з цяжкасцю нахіліўся, памацаў рукой унізе, падняў і ўздзеў, абтросшы, на галаву свой стылёвы скураны шлем. Потым задраў галаву, пасвяціў уверх.

— Відаць, піратэхнікі калантаеўскія запалы побач ставілі! – з задавальненнем зазначыў гісторык. – Кладка зусім нядаўна абвалілася. Пяцьсот гадоў праіснавала – і гамон… Не ад сапраўднай бамбёжкі нават, а ад бутафорыі… — пасвяціў на Арсенію. — Але ж трэба, спадарыня, які ў вас талент увальвацца ў непрыемнасці! У цэлым полі наступіць менавіта туды, дзе яміна! Мы на хвілю нават у містыку паверылі – вось ваша жвавая постаць наперадзе мільгае, як лісіны хвост, вось – знікла… Як скрозь зямлю правалілася. І наце вам ключы ад Магілёва – правалілася ўзапраўду!

Да Корб-Варановіча вярнуўся фанабэрыста-з’едлівы тон, і гэта дапамагло Асі супакоіцца і нават пачаць злавацца.

— Між іншым, вы таксама сюды для чагосьці скочылі, замест таго, каб мяне падымаць… А я б вашу прысутнасць з ахвотай памяняла на магчымасць апынуцца наверсе! Удвух вы б мяне ўжо дасталі!

— А што б вы адна рабілі, пакуль бы мы вяроўку знайшлі? Ад жаху звар’яцелі б ужо... — з некаторай няёмкасцю прабурчэў гісторык і пачаў вадзіць промнем ліхтарыка па сценах. — А калі б вы сама не маглі варушыцца? Крывёй сцякалі? Дастануць вас усё роўна… Не хвалюйцеся… А раз ужо мы тут – дык давайце даследваць.

Асі цяпер было шчыра напляваць на ўсе таямніцы свету, нават калі б тут захоўваўся Святы Грааль… Корб-Варановіч, відаць, баючыся новага прыступу крыку, не асвятляў тое месца, дзе ляжалі чалавечыя парэшткі, вывучаў зводы скляпення. І Асі здавалася, што ўся неасветленая прастора забітая шкілетамі.

— Ну вось і разгадка наконт праваленай царквы, — спакойна прамовіў гісторык. – Яе проста не дабудавалі. Гэта ўсяго толькі лёхі. Вунь там мусілі быць сходы наверх, і там таксама. І знарок завалена камянямі. Засыпалі зверху зямлёй, накідалі дзірвану – і ўсё… З другога боку, калі ў тастаменце гэта называецца царквою – яе мусілі асвяціць… Можа, як капліцу?

У промні ліхтарыка вычарніўся на сцяне вялізны каваны крыж, прымацаваны пад самай столлю. Гісторык, да здзіўлення Асі, некалькі разоў перахрысціўся і пакланіўся, і нават малітву прамовіў.

— Слава Айцу і Сыну і Святому Духу, і цяпер, і назаўсёды, і адвеку… Амін. Вы ведаеце малітвы, Арсенія? Па-мойму, самы час паўспамінаць іх… Тут дакладна адпраўлялі набажэнствы. Вось і алтар…

Чатырохкутны камень быў зусім не падобны да алтара, якім яго ўяўляла Арсенія — багата аздобленым, прыгожым… Проста глыж, з груба насечанай палоскай арнаменту з крыжыкаў.

— Такія алтары рабілі ў першых хрысціянскіх цэрквах. Магчыма, тут нават жыў нехта з пустэльнікаў… — разважаў гісторык, ніколькі не клапоцячыся пра тоны зямлі над галавой. — Чым бліжэй чалавек да Бога, тым болей яму патрэбная ціша. Свяціцель Мікалай Сербскі неяк сказаў: вялікае кола коціцца павольна, ціха… Маленькае круціцца куды хутчэй, і ад яго болей шуму. Але вялікае кола лёгка абганяе малое. Так і з людзьмі. А самае вялікае кола душы чалавечай – Бог. Яго хаду можна асэнсаваць толькі тады, калі маленькія колцы нашыя перастануць мітусіцца і рыпець. Тады і асэнсуеш сябе часткай Боскага кола, якое ахоплівае Неба і зямлю… Пачуеш яго хаду… Але камусьці дадзена пачуць яго і ў зямным жыцці… Можа быць, у такім месцы.

Мужчына пайшоў наперад, і дзяўчына, учапіўшыся за яго рукаў, рушыла ўслед, і баючыся застацца адна, і баючыся наступіць на яшчэ адзін шкілет, тым болей, пад нагамі нешта агідна пахрумствала... Трымацца за ворага – гэта, трэба сказаць, хвалюе нават у такіх абставінах.

— Тут і сапраўды хаваліся стагоддзямі, — задумліва прамовіў спадар Даніла, знайшоўшы нешта падобнае да місы. – Гэтай пасудзіне гадоў сто пяцьдзесят, – пасвяціў уніз. – Калісьці ложак быў… Згніў. О, цэлы набор! – падняў тры доўгія нажы. – Афіцэрскія, царскай арміі… Няйначай, трафеі продкаў… Мусіць, пад падушкай трымаў нейкі інсургент. А дзе, уласна кажучы, таемныя дзверы? І як іх адчынялі, калі для гэтага патрэбны быў цэлы кубак? Хіба хтосьці з Вяжэвічаў і Корб-Варановічаў аб’ядноўваліся, як вось мы з вамі? Нешта не верыцца…

Пасярод памяшкання, не такога ўжо вялізнага, як адразу падалося, але ўсё-ткі метраў дваццаць у даўжыню, стаялі ў два рады калоны з цэглы, якія пераходзілі ў зводы. Над тым месцам, куды ўпала Ася, столь уздымалася вышэй, утварала купал, вось ён пасярэдзіне і абваліўся.

— Вентыляцыя павінна быць, іначай нельга, — мармытаў Корб-Варановіч. – З адной дзіркі тут не было б такога свежага паветра. Тым болей – нябожчыкі… Мы б адразу задыхнуліся. І свечкі тут калісьці гарэлі… — Даніла Раманавіч зноў са сцішаным стогнам нахіліўся, асвятліў нешта пад нагамі, крануў пальцам. — Воск… Шкада, не палю, зараз бы вызначыліся са скразняком з дапамогай агеньчыка…

Ася здушыла віск. Ліхтарык высветліў яшчэ адзін шкілет у рэштках вайсковай формы. Чалавек памёр, лежачы тварам уніз. Ён нібыта хацеў некуды дапаўзці, у яго выцягнутай руцэ было заціснута нешта падобнае да гранаты. Арсенія нават занепакоілася – а раптам ірване? Корб-Варановіч скасавурыўся на дзяўчыну:

— Вы… адвярніцеся, калі вам блага, — і схіліўся над нябожчыкам. Падняў крыж з жоўтага металу, памацаў рэшткі папругі.

— Гэта форма атраду Карыбутовіча… Ён адмыслова сто такіх спражак замовіў, з ваўчынымі галовамі…

Голас даследчыка прагучэў зусім ціха, з нейкай горыччу… Ася захлынулася ад здагадкі:

— Выходзіць, Вячка праўду апісаў у рамане! Гэта ваш прадзед іх сюды паслаў!

Гісторык адказаў са злосцю:

— Вячка выкарыстоўваў пратакол следства! Мне што, трэба тлумачыць, як пісаліся такія пратаколы ў разгар рэпрэсій? Тым болей да складання быў датычны Алесь Вяжэвіч.

— Але ж ён не назнарок… Яго падставілі нкусаўцы…

— Назнарок, не назнарок – гэта аўтарская фантазія, — адрэзаў Даніла Раманавіч. – Ёсць дакумент, пад ім – подпісы... Усё. Прынамсі, мой прадзед, як вы можаце пераканацца, месца сховішча не адкрыў нават пад катаваннем!

— Мог бы і адкрыць… Ім жа ўсё роўна ўжо было! — заўважыла Ася, думаючы пра нябожчыкаў, і Корб-Варановіч зазлаваў яшчэ больш.

— Ён гэтых людзей абараніў, хоць і мёртвых. Іх сваякоў, іх сяброў… Вось хаця б, — Корб-Варановіч паднёс да промня ліхтарыка нешта круглае. – Бачыце? На гадзінніку дарчы надпіс: “С.Павлючицъ, г.Клецкъ, на память об окончании гимназии, 1917 г.”. Вось і вылічылі б арганісты ворагаў, лёгка, як перыну асмаліць… Хто з белабандытам вучыўся, хто сябраваў, хто мог ведаць пра ягонае сховішча… У трыццаць сёмым нкусаўцы за ўсё хапаліся, абы крывавы план выканаць. Страшна ўявіць, колькі б людзей перасаджалі, калі б Апанас Іванавіч не змаўчаў. А вось і ключ…

Гісторык прысеў ля выцягнутай наперад рукі шкілета, у якім была “граната”. Ася адвярнулася, не ў змозе назіраць, як Корб-Варановіч лёгка расціскае мёртвыя пальцы, і яны падаюць асобнымі брунатнымі костачкамі.

— І куды гэта павіна было ўстаўляцца? – мармытаў гісторык, круцячы ў руках нешта. Ася з цікавасці наблізілася… Скручаны ліст мосенжу ў разрэзе ўтвараў васьміканцовы ромб. Даніла Раманавіч кінуўся абмацваць сцены ў тым накірунку, куды паказваў рукой няшчасны Паўлючыц, сваяк ягонай прабабкі. А цемра навакол усё згушчалася, і скурай адчуваўся цяжар зямлі над галавой.

— Стойце! А калі тут усё абваліцца? — устрывожылася Арсенія. Але гісторык ужо заглыбіўся ў нейкую нішу:

— Ага, вось яны, дзверы… Дакладней, камень… Значыць, за ім павінен быў пачынацца падземны ход. Цікава, куды ён мог весці? Вось адтуліна… Зараз паспрабую…

Арсенія нават трохі забылася на нябожчыкаў, цікуючы за Корб-Варановічам, ды той ужо сунуўся назад, заклапочана разглядаючы масянжовы ключ, як бедны пляменнік – запавет багатай цётухны.

— Бескарысна… Я думаю, справа ў тым, што гэтая штуковіна зроблена з мяккага металу і дэфармавалася, калі няшчасныя адмыкалі дзверы сюды.

— Яны загінулі ад голаду? — прашаптала Арсенія.

— Прынамсі, не падобна, каб задыхнуліся. Іх позы… Але не будзем пра гэта, — перапыніў сябе Корб-Варановіч, відаць, не жадаючы жаночай істэрыкі. І дадаў падазрона мяккім тонам. — У мяне кепская навіна для вас, Арсенія. У маёй мабілцы хутка сядзе батарэйка. Я мушу выключыць ліхтар. А ў вас мабільнік з сабою?

Ася пачала ліхаманкава абмацваць кішэні курткі, джынсаў… А ўласна кажучы, дзе яе сумка, джынсовая, з кішэнькамі, гоцкімі нашыўкамі і заклёпачкамі? Яна забрала яе з хаты Аляўціны Пятроўны, калі ўчыніла свае вар’яцкія ўцёкі?

Сюды сумка дакладна не падала… Значыць, або засталася наверсе, на полі, або ў хаце… Разам з мабільнікам і фотаапаратам.

— Ясна… — зразумеў Даніла Раманавіч намаганні дзяўчыны. – Значыць, прыдзецца пацярпець. Зараз мы з вамі выберам самы прывабны сухі куток… Падалей ад… таго, што вас палохае… Ну вось тут хаця б, дзе ложак быў. З ягоных дошак можна зрабіць падабенства лаўкі… Та-ак… Мы сядзем сюды, і я выключу ліхтарык. Гэта ненадоўга. Хутка прыедзе Скрыніч, дастане нас… А потым мы сюды вернемся з усім належным абсталяваннем. Зробім тое, што не змог мой прадзед – пахаваем гэтых людзей па-хрысціянску. Усё агледзім… Можна ўжо без вас. Вы і так здзейснілі подзвіг – без вас мы б ніколі гэтае сховішча не знайшлі.

Ася, адчуваючы сябе, як журавель на хвойцы, паслухмяна села каля гісторыка, пастараўшыся сесці максімальна блізка, але не датыкаючыся. Калі ён чакае, што яна будзе яму ўдзячная – памыляецца. Ён таксама зрабіў свой унёсак у тое, што ёй закарцела ўцячы на злом галавы, арыстакрат няшчасны.

І тут святло згасла.

Дзяўчына адразу ж прытулілася да ненавіснага дзядзькі. Як кажуць, у поцемку і гніляк свеціць. Ад дужага цела Корб-Варановіча, здавалася, сыходзілі ўперамежку хвалі то нянавісці, то нейкага хвалюючага прыцягнення – трывожны кактэйль, ад якога сэрца абрыналася ў прорву.

Слуп цьмянага святла з дзіркі ў купале зусім знік у цемры, як прывід.

— А нас знойдуць? – спалохана прагаварыла Ася. – Можа, Вячаслаў блукае, не можа адшукаць уваход?

— Глупства! – строга прагаварыў гісторык. – Пакрычыць – мы пачуем, адкажам. Урэшце, тут не так ужо глыбока. Вунь, нацягаю камянёў пад адтуліну, залезеце мне на плечы – якраз дастанеце да паверхні. Калі праз гадзіну нічога не зменіцца – так і зробім.

— Добра… — прамовіла Ася і страпянулася ад падазронага шолаху. Зараз мерцвякі падымуцца…

— А чаму вы ўсё-ткі кінулі пісаць?

Можна падумаць, яму не ўсё роўна… Як усё-ткі нервуе дотык да яго! Рэдактарка рашуча адсунулася, але адчуць вакол сябе адну цемру было занадта страшна, і Ася зараз жа зноў прыціснулася плячом да нягодніка. Сядзіць, напэўна, здзекуецца ў думках…

Добра хоць, што грэбліва не адсоўваецца.

— Часу няма… Натхнення няма… Вы вунь таксама музыку сваю кінулі!

— Хочаце, раскажу, чаму я музыку кінуў? – падтрымаў свецкую бяседу граф, які старанна здзяйсняў праграму па адцягненні ўвагі істэрычнай дзявулі ад праблемнай рэчаіснасці. Ася моўчкі хітнула галавой, забыўшыся, што ў цемры яе жэст усё роўна не бачны. Цяпер ёй было фіялетава, прапанавалі б паслухаць пра шаманаў Чукоткі, гісторыю стварэння “Рамаяны” ці сюжэт невядомага рамана ракаўскага кантрабандыста Сяргея Пясецкага.

— Мой бацька хацеў выхаваць з мяне Моцарта, — з горыччу і нават агідай прагаварыў гісторык. – Дакладней, Паганіні. Аляўціна Пятроўна думала, ён беларускай гісторыяй апантана цікавіцца – а яго цікавіла пацвердзіць маю радавітасць, для гучнасці імя, для будучых артыкулаў і тэлеперадач. Мы ж колькі гадоў былі проста Варановічы – не ведаю, ці нашчадкі рэпрэсаваных не жадалі цвеліць уладу арыстакратычным прыдомкам, ці ў пашпартным стале адмовіліся аднойчы запісваць “нестандартнае” прозвішча… Бацька дамогся, каб у нашых дакументах значылася радавое імя. Юны геній Даніла Корб-Варановіч мусіў стаць сусветнай знакамітасцю!

— А што ў гэтым дрэннага? – нервова пракаментавала Ася, якой усё мроіліся ў цемры то крапанне, то шолахі…

— Дрэнны не энтузіязм, дрэнны фанатызм… Самая лепшая ідэя праз яго ператвараецца ў пачварнасць. Маці памерла, калі мне было тры гады… Год бацька піў. Яшчэ праз год знайшоў адхланне: уладкаваўся настаўнікам музыкі на паўстаўкі, так, абы на ежу заробку хапала, і пачаў рабіць з мяне Паганіні. З пяці гадоў я прачынаўся а шостай, тады – прабежка ў парку, потым – скрыпачка… Сняданак, гімнастыка, амаль армейская – зноў скрыпачка… Абед. Гадзіна на сон – скрыпачка. Прабежка – скрыпачка. Гадзіна на чытанне ці падрыхтоўку да ўрокаў – зноў скрыпачка. І ў адзінаццаць – у ложак. Разнастайнаць уносілі наведванні канцэртаў і ўдзел у конкурсах юных талентаў ды рэдкія візіты да бабы з дзедам. Яны мяне шкадавалі, але ж не вельмі ўяўлялі, як я жыву. Дагледжаны, крэпенькі, на скрыпачцы так добра грае… А скардзіцца я і ў маленстве не ўмеў. У ліцэй пры кансерваторыі мяне да бацькавага шаленства не ўзялі, прапанавалі аддаць у музычную школу… Тут ужо бацька заўпарціўся і не аддаў – раз выкладчыкі не могуць распазнаць будучага генія, дык няхай лаўры яго выхавацеля належаць толькі Корб-Варановічу-старэйшаму, і я пайшоў у звычайную школу. Але расклад мой змяніўся мала. Сяброў у мяне не мелася, гуляць сам па сабе я не мог... Я дужа любіў чытаць, дык даводзілася рабіць гэта пад коўдрай з ліхтарыкам. Вядома, калі толькі ўдавалася, уцякаў з дому, хаваўся, пракуднічаў з дваровымі хлопцамі… І так да шаснаццаці гадоў.

— А што здарылася ў шаснаццаць гадоў? – шэптам папыталася Ася.

— Да гэтага часу нават самы ўпёрты ментар мусіў зразумець, што вучань, які пры такой сістэме навучання не можа заняць і сёмага месца на конкурсе сярод равеснікаў, проста не мае адпаведных здольнасцяў. Бацька не разумеў. А ў шаснаццаць я стаў ужо настолькі дужы, што выхапіў у яго з рук дзягу, галоўны інструмент навучання. А потым разламаў на ягоных вачах на трэскі скрыпку. Ён маўчаў, глядзеў… Назаўтра быў п’яны, як бэля. І цвярозым я яго болей не бачыў. Дзесяць год таму ён памёр ад цырозу. Вось так, Арсенія… Так што можна сказаць, што я забіў уласнага бацьку. Гэтак жа, як мой прадзед забіў людзей у гэтай царкве.

Голас гісторыка загучаў глуха, Ася схапілася за скроні.

— Ну што вы ўсе з пачуццём віны! З нейкімі комплексамі! Мне ўвогуле калі-небудзь сустрэнецца нармальны мужчына?

— Нармальны мужчына сустракаецца нармальным жанчынам, — не прапусціў паздзеквацца Корб-Варановіч, і Арсенія ледзь не забылася ад злосці, дзе знаходзіцца. – А з вамі нават нармальны пачынае рабіцца шаленцам.

— Вы хочаце сказаць, што гэта я вінаватая, што Вячка на мяне так накінуўся? – агучыла Ася нядаўнюю крыўду. – Што вы мяне даводзіце – ясна. Вы мяне ненавідзіце ў гістарычным кантэксце. Узаемна. А яму я што зрабіла?

Корб-Варановіч адкашляўся, нібыта перад лекцыяй.

— А хіба вы не разумееце, Ася, што ён вас кахае?

— Ён… што?

— Не, ну нельга ж быць такой эмацыйна глухой! Ка-ха-е! – са злосцю сказаў гісторык. – Па-хлапечы, з выбрыкамі, з гульнёй самалюбства… А вы мне нагадваеце правінцыялку, якая стаіць пасярод сталічнага вакзала і абедзьвума рукамі прыціскае да сябе сваю няшчасную сумачку са штучнай скуры з трыма тысячамі ў кашальку. І ў кожным бачыць злодзея, які на гэтую яе сумачку ўжо вочы распаліў.

У Асі задрыжэлі вусны.

— Вы… вы… нягоднік! Вы ўсё выдумляеце, абы мяне абразіць!

— Дурніца! – спакойна-атрутна прамовіў Корб-Варановіч.

— Сволач! – Арсенія гатовая была зараўсці, але зверху пачуўся голас:

— Даніла Раманавіч! Ася! Вы тут?

Вузкае лязо святла пачало абмацваць сутарэнне, зараз жа спатыкнуўшыся аб выцягнутыя ногі аднаго з нябожчыкаў… Ну, тое жудаснае, у што гэтыя ногі ператварыліся.

— Мы тут! Тут! – закрычала Ася.


Цёмна было, як у кішэні, халодна, як у маёнтку Зюзі, басаногага славянскага бога холаду, мокра, як у валасах русалкі. Неба і зямля нічым не адрозніваліся, зліваючыся ў адзін восеньскі хмарны космас без адзінай зоркі і без адзінай кветкі. Але як тут было добра! Без таямніцаў, без шкілетаў, без навязанай залежнасці ад ненавіснага чалавека… І нават усе пярсцёнкі засталіся на пальцах. Можа быць, хтосьці і здольны ўбачыць Бога, седзячы ў сутарэнні, але для Асі гэта было недасяжна.

Рэдактарка зірнула ў бок Корб-Варановіча: той наблізіўся да машыны, якая адна разганяла фарамі густы змрок. Арсенія заўважыла, што ён ідзе, неяк нязручна трымаючя ля боку локаць. Усё-ткі пабіўся? Але ў Асі не ўзнікла й найменшага парывання папытацца. Цяпер, на паверхні, яна ўявіць не магла, як шчэ нядаўна прыціскалася да гэтага немаладога дзядзькі, прысутнасць якога адчувала скурай, нібы сцюжу…

А Вячка паводзіўся дзіўна. Доўга пытаўся, ці не баліць у Асі што, запатрабаваў нават закасаць калашыну джынсаў на пабітай назе – нічога, костка цэлая… Голас ягоны гучаў насмешна, але рукі дрыжэлі. А цяпер, у машыне (трэба ж, умее кіраваць!) замест таго, каб пачаць распытваць пра такое жаданае сутарэнне, ён маўчаў і глядзеў у цемру, нібыта лена трымаючы рукі на рулі старэнькага “Міцубісі”. І Корб-Варановіч, падобна, не мог адарвацца ад нямога дыялогу з духамі продкаў. А зусім нядаўна Арсенія дзесьці ў падсвядомасці была ўпэўненая, што Скрыніч, якому карцела знайсці падземную царкву, так і планаваў, што Ася раззлуецца на ягоныя словы, паляціць у палі і там зваліцца проста ў патрэбнае месца. Вячка ж і сам намякаў, што ледзь не правідца ды празорца…

Раптам Корб-Варановіч парушыў цішу задуменным маналогам:

— Вось я думаю… У Расеі быў такі звычай… Каб пеўні не будзілі гаспадара надта рана, над шастком нацягвалі дрот. Толькі асабліва актыўны вястун прачнецца, страпянецца, пацягнецца, каб усё наваколле збаламуціць – і цюк галавой з гордым грабеньчыкам аб дрот… Тут ужо не да спеваў.

Ася не вельмі зразумела, да чаго гэтая прыпавесць, але Скрынічу, відаць, было ясна, таму што ён скалануўся, нібыта за каўнер патрапіў лядзяш:

— Часам я і сам шкадую, чаму нада мной не вісіць якая-небудзь рэйка… Меней бяды было б. Прабач, Арсенія. З-за мяне ледзь не адбылося няшчасце. Прабач…

Ася вушам не паверыла: Вячка – просіць прабачэння? Ды яшчэ такім голасам, нібыта зараз заплача. А дзе ж натацыі на адрас істэрычнай паненкі?

Аднак калі яны аддалі машыну брату Аляўціны Пятроўны, якога ў цемры Ася толкам і не разгледзела, так, цёмны сілуэт за плотам, хрыплаваты голас на фоне неверагодна спакуснага паху падгарэлай у вогнішчы бульбы, да Вячкі зноў вярнулася былая сцёбнасць і нахабная цікаўнасць, як да выпушчанага з клеткі вераб’я ягоная жвавасць. І ён нават наехаў на Корб-Варановіча за тое, што не прыхапілі артэфактаў са сховішча.

Корб-Варановіч Асю непакоіў. Ён ішоў, як заўсёды, выпрастаўшыся, але неяк асцярожна, нібыта нёс нешта біткое. Пракляты графчык… Калі й балюча – не прызнаецца, што хоць лоб медны, але ж і мур каменны. Ідыёт… Як яшчэ можна расцаніць ягоны ўчынак з саскокваннем невядома куды? А калі б Ася не паспела адсунуцца, і ён прызямліўся ўсёй сваёй вагой на яе? Заўсёды ён так — проста з моста… Дзяўчына разумела, што разважае несправядліва, і ад гэтага яшчэ больш апаноўваў гнеў. “Ненавіджу…” – думала яна, гледзячы ў шырокую спіну мужа вар’яткі, і кроў пульсавала ў скронях. Няхай Вячка апіша яго вось такім дэбілам, нядзейсненым Паганіні… Хаця б за тое, што сачыніў пра Скрыніча гэтую лухту з падлеткавым каханнем, якога Ася і з трох крокаў не бачыла.

Прынамсі, нянавісць да апошняга з Варановічаў дапамагала адагнаць думкі пра тых, хто застаўся ляжаць у сутарэнні… Сціскаючы ў мёртвых пальцах даўно пустую біклажку, з якой калісьці чорныя ад смагі вусны спрабавалі злавіць хоць кроплю вады… Ася заганяла кадры нядаўняга мінулага ў самыя глыбіні свядомасці, а яны няўмольна ўсплывалі, як пухіры з вады. У аднаго мерцвяка прастрэлены чэрап, а побач ляжыць наган… Падобна, небарака не вытрымаў пакутаў павольнай смерці, сышоў сам… А вось нацельны крыжык, які праваліўся скрозь рэбры, павіс на ланцужку там, дзе калісьці білася сэрца… А вось нешта варушыцца ў чорнай вачніцы, не, не рабак, нейкая бяскрыўдная машката, але ад гэтага не менш жудасна… Усё, згіньце, мроі некрафіла! Вось разбіты і мокры вясковы асфальт, які ў цьмяным святле ліхтароў блішчыць, нібы лёд, вось пластыкавая бутэлька з-пад піва “Аліварыя”, па якой праехалася кола аўтамабіля, вось бетонныя слупкі са светаадбівальнымі палосамі, нібыта гномаўскія асочнікі ў аднолькавых мундзірах, вартуюць свой Нідавелір пад Мідгардам… На баку – улюбёная джынсовая сумка, у сумцы – мабільнік і ключы ад Кватэры… А яшчэ фотаапарат, якім Ася так і не скарысталася. Непадалёк ад прыпынку – тое, што засталося ад царквы святога Язэпа. Бляшаны дах накрывае парэшткі сценаў. З былога бульбасховішча даносіліся п’яныя галасы – зруйнаваны храм стаўся прытулкам для ўсіх мясцовых алканаўтаў. Гэта – рэальнасць, звыклая, зразумелая… І акрамя яе зараз няма нічога, так што скрыпкі ў торбу – і дахаты.

На апошні аўтобус, зразумела, спазніліся.

Давялося ісці да шашы, лавіць машыну – ідэя аптымістычнага Вячкі. Ася слаба спадзявалася на міласэрнасць кіроўцаў – вядома, адну дзяўчыну хтосьці прыхапіў бы, але напалоханая крымінальнай хронікай рэдактарка нізавошта б да незнаёмца не села. А такую кампанію хто возьме? Яны з Корб-Варановічам упэцканыя, як бамжы, дарэмна што трохі паабчысціліся ў Аляўціны Пятроўны. На каленнях Асіных шэрых джынсаў чорныя плямы выглядалі проста непрыстойна. Добра, сцямнела так, што нават сядзіба не праглядалася скрозь мокры і ветраны змрок.

Раптам наперадзе пачулася сапрана: “Любоў дзіця, дзіця свабо-оды…” Спевы набліжаліся, і можна было не гадаць, чый светлы сілуэт выплывае да іх з восеньскай слаты – Корб-Варановіч так скалануўся, быццам у яго пад нагамі разарваўся снарад з кіношнага танка. Ну што ён такі эмацыйны, хоць у скафандры трымай…

Ася зноў успомніла сваё наведванне выставы пацыентаў неўралагічнага дыспансера, іх спакойныя-спакойныя, нібыта змятыя, а тады наспех разгладжаныя шэрыя твары, а яшчэ працу Чэзарэ Ламброза пра сувязь геніяльнасці і вар’яцтва. Ламброза апісваў шмат выпадкаў, калі неадукаваныя “прасцякі”, звар’яцеўшы, раптам выяўлялі незвычайны талент. Адзін сялянскі хлопчык з Павіі, напрыклад, пачаў сачыняць арыгінальныя оперныя арыі…

Рэдактарка спрабавала супакоіцца і “паліткарэктна” сустрэць тое, што зараз выплыве з цемры і слаты…

Ларыса Пампееўна Александроўская ад часоў свае смерці здорава схуднела і ператварылася ў натуральную бландзінку. Гламурнай, праўда, назваць яе было цяжка, бо гламурныя бландзінкі не апранаюць сцёганае балоневае паліто выцвіла-бурачковага колеру вытворчасці фабрыкі “Калінка” і боты з выцертай да бляску штучнай замшы на гумавай падэшве. Сумачку з бруднай белай скуры ўпрыгожвалі пачварныя, выразаныя з жоўтага дэрмаціну кветкі. Твар спявачкі, безумоўна, калісьці быў прыгожы гэткай “простай славянскай прыгажосцю”, але скура даўно страціла і бель, і румянак, нагадваючы зжаўцелую і змятую шорсткую паперу, а светлыя вочы хваравіта запалі, абкружыліся цёмнымі плямамі. Бляклыя валасы заплеценыя ў дзве кароткія коскі, перавязаныя аксамітнымі анучкамі. У гэтай кабеце было нешта драпежна-птушынае, і рухалася яна рыўкамі, нібы вышукваючы яшчарак, так што здавалася, зараз прадзяўбе цябе вастраватым носам.

— Анжэла, што за фокусы! – Корб-Варановіч паспрабаваў узяць камандны тон.

— Я гатовая да здымкаў! Куды ісці? – голас спявачкі быў яшчэ больш камандны. — Я не магла адмовіцца ад прапановы зняцца ў радавой сядзібе! Мне дадуць персанальную грымёрку, н’ест сэ пас?

Пасля перамоў, што нагадвалі дыялогі са спектакля абсурду, высветлілася, што Анжэла, яна ж Ларыса, не дазваніўшыся да былога мужа, які праваліўся пад зямлю ў літаральным сэнсе, уключыла тэлевізар і пабачыла сюжэт пра здымкі новага беларускага фільма пра вайну. Яго рэжысёр даваў інтэрв’ю, красуючыся на фоне Ройнаўскага маёнтка. А ў кадры выразна бачыўся знерваваны нашчадак колішніх уладальнікаў сядзібы. Па адной ёй зразумелай логіцы спявачка вырашыла, што гэта былы муж здымае кіно, і ёй адведзеная там галоўная роля. Вакзал – аўтобус – Ройна – муж… А дзе кіно?

— Любоў дзіця, дзіця свабо-оды…

Недзе ў вёсцы забрахалі сабакі, ловячы чорнымі пашчамі мокры вецер, а той цвеліў іх празрыстым хвастом, сцябаў па чуйных мяккіх насах, і хутка ўсё Ройна ператварылася ў заказнік адмысловага сабачага брэху… А потым усё сціхла, як і не было. Мясцовыя сабакі выдатна разумелі, што, як ні брашы, ланцуг не саржавее. Па бляклых косах прымадонны сцякалі кроплі, і Корб-Варановіч падняў над сваім вар’яцкім лёсам чорны парасон.

Нью-Александроўскай доўга тлумачылі, што здымкі на сёння скончаныя, што трэба прыехаць удзень, Вячка і Ася наперабой сакаталі нешта пра бліскучыя перспектывы сінематографа ў асобна ўзятай пазанацыянальнай студыі, выдатна разумеючы, што галоўнае цяпер – адвезці не цалкам адэкватную спадарыню у горад, а там няхай пігулкі скажуць сваё антыдэпрэсантнае слова. Корб-Варановіч, уладна ўзяўшы Анжэлу-Ларысу пад руку, скіроўваў яе да шашы. Гэта было горай, чым весці чалавека нападпітку, бо рухі ў пані былі па-птушынаму імклівыя, здавалася, вырвецца – і паляціць, спяваючы, так, што не дагоніш…

Яшчэ адна істэрычка ў той жа яміне – гэта быў не той падрахунак дня, якога ўсе жадалі.

Жадалася — дахаты, вячэраць і ў ложак… На жаль, самыя простыя мары часта прыводзяць да самых вычварных шляхоў здзяйснення.

Жоўты, як рамонкавая гарбата, старэнькі “форд” прытармазіў ля іх, і падаўся Асі аздобленым незямным ззяннем, проста ў німбе дабрадзейнасці. У машыне былі двое, кіроўца і ягоная жонка, і за дзесяць тысяч з носу маглі прыхапіць трох чалавек, калі з задняга сядзення, вядома, прыбраць вядро з морквай у багажнік.

Ясна было, што Корб-Варановіча з ягонай спяваючай нагрузкай трэба адпраўляць у першую чаргу.

— А мы з табой, Ася, наступную машыну пяроймем! – аптымістычна заявіў Вячка.

Арсенія разгублена азірнулася… Яшчэ чакаць на гэтай слаце, пакутліва адганяючы вобразы нябожчыкаў? Ды яны гэтую машыну дваццаць хвілінаў чакалі, дзякуй добраму духу Дарожніку, злітваўся – ну а што, калі ў лесе – Лясун, у полі – Палявік, у дарогі мусіць жа быць Дарожнік…

Раней казалі пра ўдалага вандроўнага, што яму воўк дарогу перабег… Ні ваўкоў, ні новых машын дзяўчына чакаць не збіралася.

— А чаму я не магу з імі паехаць? – нервова запытала Ася, азіраючыся на машыну з прыветна расчыненымі дзверкамі. Вячка неяк сумеўся.

— Ну чаму не можаш… Калі хочаш, едзь… Проста…

Арсенія не стала слухаць далейшыя разважанні ўшанаванага рамантычнымі дзяўчатамі пісьменніка і палезла ў “Форд” услед за Данілам Раманавічам і рэінкарнацыяй з коскамі. Корб-Варановіч змрочна зірнуў на Асю:

— Можа, вы ўсё-ткі складзеце кампанію спадару Вячаславу?

Ды што яны, згаварыліся? Эгаісты няшчасныя! Ася сціснула вусны… Менск маніў мацней за жалейку пацукалова.

Ну, чаму не едзем?

Калі ўжо “Форд” набраў хуткасць, Ася азірнулася: сумная постаць Вячкі, які стаяў нерухома і глядзеў ім услед, раптам абудзіла ўкол сумлення: кінулі чалавека аднаго, ноччу, на дарозе… Ды не проста ж чалавек, культавы пісьменнік… Гонар нацыі… Новы Караткевіч! А калі раптам тое, што казаў Корб-Варановіч… пра хлапечую закаханасць… у нейкай ступені праўда? Тады тое, што яна зрабіла, проста ганебна!

Але не, не можа быць. Каб Скрыніч – і раптам датклівы… Нічога з ім не станецца, выкруціцца, ён жа такі – з касцёла галку здыме. Яшчэ хутчэй за іх на урбаністычныя прасторы вернецца, назапасіўшы атруты і ўражанняў…

Калі глядзіш праз вокны машыны, якая едзе па начной шашы ў далёкі горад, чамусьці апаноўвае роспачная туга, а раптам ты ніколі не прыедзеш дадому, і адначасова ўяўленне малюе, як апынаешся вось у гэтым сівым у святле фараў хмызняку, ці вось ля тае хаткі, чые вокны свецяцца цьмяным жоўтым агнём не для цябе… І тут надалей пройдзе твой век…

Корб-Варановіч сядзеў паміж Асяй і сваёй былой жонкай. Дзяўчына зноў адчувала дотык моцнага цела, але ўвага спадарожніка была скіраваная толькі на Анжэлу… Зразумела, гісторык непакоіўся, як міласэрныя гаспадары машыны, якія завялі між сабою дужа практычную размову, ці варта набыць на лецішча біятуалет, паставіліся б да арыі з оперы Бізэ ў жывым выкананні. Даніла Раманавіч нешта ціха гаварыў, гаварыў, гаварыў… Супакойваў, пераконваў, адцягваў увагу… Ася ўспомніла, як пару гадзінаў таму ён гэтак жа адцягваў ейную ўвагу… І ледзь не захлынулася ад хвалі раздражнення з незразумелай горыччу. Графчык!

— Ты ніколі нічога з сябе не ўяўляў! Ты мне проста зайздросціш! Ты нікчэмнасць!

У голасе вар’яткі гучала сапраўдная пагарда, і ні кроплі вар’яцкага ў ейным тоне цяпер не было. Нават жонка кіроўцы цікаўна-трывожна азірнулася, раз, другі, трэці, нібы запамінаючы цікавую сямейную звадку для пераказу сяброўкам.

Корб-Варановіч замаўчаў, не зрабіўшы аніякай спробы апраўдацца, абурыцца альбо перавесці ўсё ў жарт. Ася скасавурылася… Ён сядзеў з заплюшчанымі вачыма, і такая стома была ў ягоных рысах, безнадзейная, застарэлая, што Асіна зласлівая радасць бачыць графчыка прыніжаным трохі прывяла.

Апынуўшыся на Нямізе, Ася ледзь сама не заспявала: яшчэ пятнаццаць хвілінаў на метро – і дома… Нават забылася, што ўпэцканая, нібы свінчо. А вось Корб-Варановічу прыйшлося пабачыць семдзесят і сем агнёў. Ён трымаў сваю падапечную пад руку, а тая нечакана ажывілася, як смалы ў агонь падлілі, і цяпер трымала ўвагу ўсёй вуліцы… Арсенія збіралася было ўжо ўцякаць, сказаўшы абавязковыя ветлівыя словы, але спявачка, якая круцілася, як уюн на патэльні, упусціла на зямлю сваю сумачку з нашытымі жоўтымі кветкамі, і Корб-Варановіч паспрабаваў яе падняць…. Адна рука ў яго была занятая ўтрыманнем былой жонкі, а другой ён падобна не мог як след карыстацца… Спробы ягоныя нахіліцца і выцягнуць руку суправаджаліся сцісканнем зубоў, праступаннем поту на ілбе і стрыманым шыпеннем… І вось будзе тут займацца мазахістычнай гімнастыкай, а дапамогі не папросіць, ганарлівец няшчасны.

Загрузка...