Ён усё спрабаваў падняць з мокрага асфальту сумачку, Ларыса Пампееўна ірвалася ў другі бок, выводзячы рулады Расіні. Аксамітныя анучкі з яе валасоў даўно згубіліся, і мокрыя бляклыя пасмы жаласна тырчэлі ва ўсе бакі… Гатовы скетч для “Монці Пайтан”, ангельскага комік-гурта, аматараў абсурду і чорнага гумару кшталту трусіка-забойцы.

Добрая справа падлягае пакаранню... Урэшце, Варановіч выратаваў яе ад жаху сутарэння… Цаной уласнага здароўя, падобна. Арсенія, загадзя раскайваючыся ў сваім парыванні, падняла сумачку ў жоўтыя кветкі, ускінула сабе на плячо і падхапіла спявачку пад руку з другога боку.

— Ну, куды ідзем?

— Как ярко све-етит после бу-ури солнце… — зараз жа азвалася Ларыса Пампееўна. Корб-Варановіч, нават у прыцемку было відаць, пачырванеў.

— Направа… На вуліцу Караля…

Цікава, праходзяць стагоддзі, і першаасновы гарадскіх назваў забываюцца, думала Ася, калатаючыся ў бакі ад вольных рухаў Александроўскай, быццам паслухмяная дэталь гадзіннікавага механізму. Плошча Юбілейная нават у БССР не перайменоўвалася – цалкам ідэалагічна вывераная назва, а была ж заснаваная ў гонар юбілею хрышчэння Русі. Пройдзе яшчэ некалькі вякоў, вуліца Караля застанецца… Хто ўспомніць, што жыў такі архітэктар за Саветамі? Будуць уяўляць сабе старажытнага манарха… Галоўнае, каб вуліц з імёнамі катаў не засталося.

Дзверы ў пад’езд давялося таксама адчыняць самой Асі – Корб-Варановіч злітасцівіўся прашыпець пра ключы ў кішэні курткі… Змрочны пад’езд са скрэмзанымі сценамі і паскуднымі пахамі, дзверы, абабітыя дэрмацінам, спрэс парэзаным чымсьці вострым, прычым у некалькіх месцах парэзы складаюцца ў непрыстойнае слова. На кнопку званка, такую брудную, што брыдка датыкацца, давялося зноў жа націскаць Асі.

Дзверы расчыніліся, выпусціўшы на лесвічную пляцоўку воблака перагару і цыгарэтнага дыму. Няголены чырванатвары мужык гадоў трыццаці пяці, у майцы з плямамі і трэніках аптымістычна пазіраў бліскучымі светлымі вочкамі з-пад прыпухлых павекаў з белымі вейкамі:

— О, Ларыска вярнулася! Якраз табе каўтануць пакінулі! На донцы – самае сонца…

Александроўская какетліва ўсміхнулася, няўважна адсунула былога мужа, як вецце, якое навісла над сцежкай, і заплыла ў кватэру. Мужык па-сяброўску прыабняў яе за плечы, насмешна зірнуў на Корб-Варановіча:

— Табе не прапаноўваю, паніч – свіны лыч.

Дзверы зачыніліся гучна, нібыта вылаяліся. Ася спахапілася:

— Сумачку! Сумачку забярыце!

Ляскатнуў замок, няголены мужык моўчкі выхапіў у Асі гламурны аксесуар з дэрмаціну і зноў зачыніўся. У кватэры пачуліся спевы і рогат.

Гісторык, не зважаючы на Асю, павольна спусціўся па лесвіцы. На вуліцы паглядзеў на зоры, якіх не было відно ў прынцыпе, паправіў свой скураны псеўдашлем, буркатнуў:

— Дзякую за дапамогу… Заўтра стэлефануемся, — і рушыў некуды ў бок дома з гордым найменнем “Напалеон” – высотка воляю архітэктараў была ўвенчаная бетоннай “трохвуголкай” з аляпістым надпісам “Вэлкам”.

Плечы разгорнутыя, галава ганарыста задраная… А дзверы ён сабе сам адчыніць? З яго станецца прастаяць усю ноч, спрабуючы павярнуць ключ левай рукой. А калі пераломы? І да доктара наўрад пойдзе. Вось жа характар упроўны… Ася, якая ўжо была адыйшлася на адлегласць, як гранату кінуць, паглядзела на графскую спіну і бегма вярнулася. Корб-Варановіч раздражнёна зірнуў на Вяжэвічаўну:

— Што яшчэ? Вы думаеце, мне не хапіла вашай прысутнасці на сёння?

— Зараз сыду, але напачатку падыміце руку ўгару! – холадна скамандавала Ася, якую перасталі кранаць гэтыя дзіцячыя выбрыкі. – Правую.

— Што за глупства! — Корб-Варановічу зноў клямка запала.

— Не глупства, а праява міласэрнасці, — гэтак жа холадна прагаварыла Ася – узаемнае раздражненне, якое яны з графам адчувалі адно да аднаго, пазбаўляла яе дзіўным чынам звыклай скутасці ды корпання ва ўласных комплексах, і нават з’яўлялася прыемная ўладнасць і вольнасць. — У вас нешта з правай рукой, і бок пабіты. Можаце кульгаць сабе самі, а можаце прыкусіць сваю фанабэрыю, пакуль я не ўпэўнюся, што вы ўдала патрапілі ў кватэру. Хопіць, што Вячаслаў застаўся сярод ночы на дарозе за сорак кіламетраў ад горада. Вы ж нікога не пыталіся, трэба скакаць да мяне ў сутарэнне ці не…

Гісторык нешта прабубнеў пра нахабную моладзь, але рушыў далей, моўчкі церпячы прысутнасць прадстаўніцы варожага роду.

Ася ішла побач, і ад хвалявання ажно перасыхала ў роце. Яна сама не магла растлумачыць, навошта цягнецца за малазнаёмым дзядзькам. Ідзе сам, не хістаецца… Не памрэ, калі яна яго не праводзіць. Але развярнуцца і сысці дадому, у пустую кватэру – ад адной думкі апаноўвала нясцерпная туга. І гісторык жа яе чамусьці не праганяе… Маўчыць… Дзяўчына час ад часу лавіла на сабе ягоны задумлівы позірк.

Яна проста дапаможа адчыніць яму дзверы, і ўсё…

Ля пад’ездаа яны спыніліся, Корб-Варановіч набраў левай рукой код на дамафоне, штурхнуў дзверы… І застыў, прытрымліваючы іх плячом, нібыта не ведаў, як учыняць далей. І Ася спынілася, адчуваючы, як шалёна калоціцца яе сэрца. У святле, якое струменіла з лесвічнай пляцоўкі, Арсенія разгледзела, што Корб-Варановіч гэтак сціснуў рукою край жалезных дзвярэй, нібыта хацеў здабыць з жалеза ваду. Як быццам нечага моцна баіцца альбо нецярпліва чакае. Вось толькі незразумела, чаго: каб Арсенія знікла, ці каб засталася.

Калі б гісторык зараз штосьці сказаў, рэдактарка завярнулася б, відаць, ды пабегла. Але ён проста маўчаў, чакаючы, пакуль Ася вызначыцца сама. Яна зноў перанялася пад незразумелым цяжкім позіркам. І рашуча зайшла ў пад’езд.

Трэба ж упэўніцца, што ён не моцна пакалечыўся.

Кватэра Корб-Варановіча аказалася вялікай, цёмнай і пустой, як пакінуты палац. Святло гарэла толькі ў вітальні – яго працэджвала скрозь краты стылізаваная пад старажытны каваны ліхтар лямпа, таму немагчыма было вызначыць – тры пакоі, два… Столь высокая, белыя шпалеры, паштоўкі і фотоздымкі старога Менску на сценах… Карціны – зноў жа з відамі старога горада, Ася нават пазнала аўтарства вядомых мастакоў. Асабліва “прыкалола” каванае крэсла – нават думка ў яго сесці выклікала адчуванне холаду, уяўляўся дотык металу. Але ж стыльна як! І, вядома, абраз у куце, накрыты аўтэнтычным рушніком, а пад ім вісіць лампадка.

А ў куце вітальні ззялі ружовыя пухнатыя пантофлікі з вышытымі золатам сэрцайкамі.

Сэрца Арсеніі чамусьці прапусціла адзін удар, а тады стала горача. У гэтых пантофлях цяжка было ўявіць рэінкарнацыю Александроўскай. Ну а што, ты думала, дужы і не стары мужчына з плячыма, як засланка, і пародзістым да стэрэатыпнага тварам бачыць жанчын толькі па тэлевізары? Тэмперамент у пана яшчэ той… Разведзены, пры пасадзе. Ад кабетаў, мабыць, не адбіцца.

Чамусьці думаць пра гэта Арсеніі был непрыемна да болю, хаця пухнатыя пантофлі цалкам маглі быць братамі тых мужчынскіх пантофляў з вышытым надпісам “Speed” з вітальні Асінай кватэры і прызначацца збольшага для дэманстрацыі. Але яна іх усё роўна не абула, хаця і скінула свае брудныя цяжкія берцы і засталася ў шкарпэтках (файна, што не ірваныя). Далей вітальні праходзіць не збіралася. Упэўніцца, што графчык дзеяздольны, і дахаты…

А Корб-Варановіч усё шаргацеў у лазенцы, спрабуючы паставіць сабе дыягназ, як таго запатрабавала Ася. Дзяўчына асцярожна зірнула ў шчыліну… Гісторык звалок з сябе куртку, а вось кашулю не мог… Ася рашуча адчыніла дзверы.

— Гэта трэба вадой!

На кашулі гісторыка красавалася іржава-чорная пляма прысохлай крыві, на ўвесь бок. Не дзіўна, што ён не мог рукі падняць і нахіліцца… Тканіна намёртва прыліпла да раны і стаяла лубам. Як ён гэта ўмудрыўся?

— Жалязяка нейкая з зямлі тырчэла… Якраз паміж курткай і кашуляй праехалася, калі саскочыў… Добра, куртка не парвалася, — незадаволена патлумачыў Корб-Варановіч. Вопратку шкадуе, ага, а калі б яшчэ ўбок – мог, як хрушч на іголку, на тую жалязяку начапіцца… Ася аж пахаладзела, уявіўшы відовішча. Але ж здохне – не прызнаецца, што няправільна зрабіў.

А ў лазенцы акуратна… Стэрыльна чыста. Сантэхніка блішчыць, на керамічных плітках пад малахіт ні следу цвілі… У Асі так ніколі не атрымлівалася. Дарагі шампунь, масажная мачалка… Няўжо сам граф такі гаспадарчы? Ці прыходзіць хто дапамагае?

Працэс лячэння Корб-Варановіч зносіў стаічна. Яшчэ б ён стаў стагнаць... Ася нават спаймала сябе на садысцкіх думках – назнарок зрабіць яшчэ больш балюча, каб урэшце спадар скінуў з сябе міну камсамольца на допыце. Кашулю ўдалося адляпіць, рэбры, як запэўніў гаспадар, былі цэлыя. Драпіна, і ўсё. Мазь, ёд, бінты – ну, як умела рэдактарка, так і забінтавала! З пяску бізуна не спляцеш. Ася выйшла ў вітальню, адкасваючы рукавы швэдара, і падумала, што ў Вячкавых раманах часта здараецца, што герой паранены, гераіня яго вось так ратуе, а тады ён і ўтрэскаецца ў яе, як пярун у сухую ігрушу, а яна ў яго… Тыповая схема: Трышчан і Іжота. Скрыніч дакладна б зараз закруціў жарсці… Дзяўчына нервова хіхікнула. Вось дурноцце ў галаву лезе…

Забінтаваны Корб-Варановіч выйшаў за Асяй у вітальню, пасунуўся да шафы:

— Выбачайце, зараз накіну кашулю…

Пасля ні ён, ні яна не маглі ўспомніць дакладна, як усё было. Проста ў пэўныя моманты свядомасць чалавеку толькі перашкаджае, ну і адключаецца яна, лагічная наша. Вучоныя кажуць, што жарсць і стрэс праяўляюцца аднолькавымі сімптомамі, і аднолькава пакутліва і неадольна.

Іх проста прыцягнула адно да аднаго, як два па рознаму зараджаныя кавалачкі металу. Гэтаму немагчыма было супрацьстаяць. Іхні пацалунак меней за ўсё нагадваў пяшчотны пацалунак закаханых. І ён быў доўгі, як прамінулы дзень, і падгіналіся ногі, і можна было абысціся без паветра…

А потым Ася адляцела да супрацьлеглай сцяны вітальні, адшпурнутая Корб-Варановічам, як кацяня.

Граф стаяў, прыціснуўшыся спінай да сваёй сцяны, нібыта сабраўся ў яе ўрастаць.

— Ідзіце адсюль. Зараз жа. Ну! Дурное дзяўчо! Прэч!

Арсенія нават не адразу зразумела, што за шумныя цяжкія гукі чуе – а гэта дыхаў мужчына насупраць. Як загнаны звер. Яго грудзі, на якіх ляжаў пацямнелы срэбны крыж, цяжка ўздымаліся, цягліцы напружваліся, як перад смяротным двубоем. А ў вачах былі здзіўленне, адчай, злосць… Але галоўнае – нешта яшчэ…

Тое, што змусіла Асю падысці і проста няўклюдна торкнуцца тварам у яго грудзі…

Гэта было мацней за смерць.

— Я цябе ненавіджу… — разгублена, з безнадзейным адчаем прагаварыла Арсенія.

— Узаемна… — скрозь зубы працэдзіў мужчына і з нейкім звярыным стогнам зноў прыпаў да яе вуснаў — як самазабойцы кідаюцца ў агонь.

А праз паўтары вечнасці ён сурова прашаптаў:

— Што ж… Значыць, так суджана… Такі, значыць, кон... Сышліся шляхі…

І Арсенія адчула, што яе адрываюць ад падлогі, і дужыя рукі нясуць… А, няхай хоць бы і ў прорву…


Раздзел 11. Закон Януса

Захопнікі-рымляне старанна пераймалі ўсіх багоў зваяваных грэкаў, уладальнікаў вытанчанай культуры, толькі імёны ім свае давалі… Замест Арэса – Марс, замест Зеўса – Юпітэр… А вось адзін бог быў фірменна рымскі, непаўторны… Двухтвары бог Янус. Гэты бог, акрамя іншых важлівых справаў, ахоўваў ганак дома і выпраўляў у шлях. І кожны жыхар магутнай імперыі, асабліва ў часы, калі штодзень ён мог па загадзе імператара апынуцца ва ўласнай лазенцы з перарэзанымі на руках і пад каленьмі венамі, ведаў, што мудры бог Янус дае яму слушны прыклад: мець адзін твар – для дому, другі – для грамадства, дакладней, поліса. І той твар, з якім высоўваешся за ўласны парог вонкі, мусіць быць такі самы, як ва ўсіх добранадзейных грамадзянаў імперыі, спалучаючы гонар за прыналежнасць да магутнага Рыму і адданасць вялікаму імператару, роўнаму ўсім багам…

Алесь, пераступаючы парог аўдыторыі, у чарговы раз уявіў, як у яго з’яўляецца іншы твар… Сур’ёзны, добранадзейны твар савецкага выкладчыка педагагічнага тэхнікуму… Ці мог ён яшчэ нядаўна ўявіць, што пачне прыходзіць да сваіх вучняў уласным двайніком, пачувацца з імі не так, як у размовах з сябрамі? Ён калісьці і ўзяўся за выкладанне з устаноўкай – быць заўсёды шчырым і навучаць не літаратуры, а любові да літаратуры… Якія дыскусіі ўзнікалі на ягоных лекцыях! Вочы юнакоў і дзяўчатак, у большасці з вёскі, палалі такім энтузіязмам, што верылася – справа Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Гаўрылы Гарэцкага, пазбаўленых звання акадэмікаў, арыштаваных, сасланых, і, падобна, згінулых назаўсёды, не знікне… Калісьці, калі народны ўрад пастанавіў, што навучанне мусіць быць на беларускай мове, хапіла тых, хто гэтаму супрацівіўся. “Кому нужны вместо аттестатов ваши “посьведчаньни”? Как можно преподавать “арыхметыку” на неразработанном, насильственно навязываемом населению белорусском языке”? Алесь быў яшчэ на першым курсе, калі ў “Крестьянской газете” з’явіўся ліст ад грамадзянаў горада Полацка, горада Скарыны, аб тым, што беларуская мова – вымысел купкі нацыянал-шавіністаў, 90 адсоткаў насельніцтва рэспублікі размаўляе па-расейску, і нельга ж сур’ёзна лічыць за пісьменнікаў Якуба Коласа і Янку Купалу! Як ён тады абураўся разам з таварышамі! А старыя настаўнікі сабатавалі пераход навучання на беларускую, дый самі сяляне, выпраўляючы дзетак у школу, злаваліся: гэтак мы й дома гаварыць умеем, а вы навучыце сыночка па-вучонаму! І тады сотні дзяўчат і хлопцаў з рабфаку пайшлі ў школы, выкладаць свайму народу і вяртаць яму яго годнасць, рабіць так, каб ён не знік… Бо калі знікне мова – непазбежна знікне, сальецца з іншым і народ… Алесь тады таксама з сябрамі пасля заняткаў ва ўніверсітэце бегаў выкладаць у школку…

Так, калісьці ён не баяўся нічога. Мог у твар крыкнуць падонку, што той падонак. А цяпер часам ловіць сябе на думцы, што баіцца ўласных вучняў. Не ўсіх, некаторых… Шаснаццацігадовых камсамольцаў, якія гэтак жа шчыра змагаюцца супраць антысавецкіх праяў, як ён у студэнцкім юнацтве.

Першую частку лекцыі давялося саступіць зачытванню артыкула з “Комсомольской правды” аўтарства маскоўскага журналіста Міхаіла Кальцова пад назвай “Свора кровавых собак”. Артыкул быў прысвечаны працэсу над трацкістамі-бухарынцамі. Вядома, Алесь мог запатрабаваць, каб гэта рабілі на спецыяльных гадзінах – на палітінфармацыі, на толькі што ўведзеных лекцыях па марксізме-ленінізме… Але гэтым ён бы выявіў, што не хоча слухаць пра суд над ворагамі, а паколькі ён сам – пасля арышту, гэтак учыніць – падпісаць сабе прысуд… А як жа Вераніка і Ірынка?

І ён сядзеў з не сваім, уважліва-спакойным тварам, і слухаў. “…Когда встают прохвосты, которых судебный язык корректно называет подсудимыми, когда они встают и начинают, то с прибитым видом кающихся грешников, то с цинической развязностью кающихся негодяев, подробно рассказывать о своих чудовищных деяниях, — хочется вскочить, закричать, ударить кулаком по столу, схватить за горло этих грязных, перепачканных кровью мерзавцев, схватить и самому расправиться с ними. …Вот они сидят за прочным барьером, под стражей красноармейцев с винтовками, плененные, обезвреженные звери. А ведь они бродили на свободе!”.

Вяжэвіч глядзеў на твары сваіх студэнтаў, на якіх адбіткам гарэў праведны гнеў журналіста, і вельмі добра ўяўляў, якім чынам былі атрыманыя гэтыя падрабязныя, жахлівыя паказанні падсудных… Так, гэта, безумоўна, ворагі ўлады, мацёрыя, зацятыя. У адрозненне ад Зарэцкага, Галавача, Маракова, яго самога. Ды Алесь пакаштаваў працэдуру следства. Асабліва “кранула”, як былы наркам унутраных справаў Ягода, нядаўна ўсемагутны і пагрозны, у якасці змякчальных абставінаў успамінаў, што кіраваў будаўніцтвам каналаў, якія зараз з’яўляюцца “прыкрасай эпохі”. І прасіўся, каб яго паслалі на гэтыя каналы…

Каб Алесю матчына вера ў Бога – зараз папрасіў бы ў Яго адняць хоць на час заняткаў частку памяці… Замкнуць, як куфэрак з доказам забойства…

Лекцыя ўсё-ткі загінула не да канца. Засталося яшчэ хвілінаў пятнаццаць на расповед пра творчасць Якуба Коласа.

— Такім чынам, у паэме “Сымон-музыка” паэт таленавіта, з глыбокім псіхалагізмам паказвае нам пакутлівы шлях станаўлення таленту, праз непрызнанне, праз спакусы забяспечанага жыцця, праз сумнівы ў самім сабе…

Вучань з першага рада, яснавокі хлопец з акуратна зачасанай на бок цёмнай грыўкай, нібыта прыклеенай да ілба, адразу падняў руку:

— Аляксандр Антонавіч, але ў “Полымі” напісалі, што гэтая паэма Коласу не ўдалася, у ёй ён дапускае ідэалізм і містыку, і нават ужывае слова “бог”! Замест таго, каб паказваць барацьбу працоўных супраць эксплуататараў, малюе жабракоў, якія толькі стогнуць, плачуцца і знаходзяць ратаванне ў дурных фантазіях!

Суседка хлапца з грыўкай, гаваркая выдатніца Наста, дзьмухавец з бялявенькімі пушыстымі валасамі і блакітнымі вялізнымі вачыма, зараз толькі нізка апусціла галаву над сталом і сціснула тонкія пальцы, аж збялелі.

— Ды Колас увогуле замаскаваны вораг! – строга прамовіла чарнявая дзяўчына з такімі бялюткімі каўнерыкам і манжэтамі на брунатнай сукенцы, нібыта яны былі зробленыя з арктычнага снегу, асвечанага крокамі гераічных чалюскінцаў. – У яго месяц таму вобыск быў, зброю шукалі…

— Ілжэш, Калінкіна! – абурана крыкнуў з апошняй парты руды хлопец, шчодра ўсыпаны рабацінкамі, так што здавалася, быццам вакол яго болей сонца. – Якуб Колас – рэвалюцыянер, ён у Пішчалаўскім замку сядзеў! Ён клікаў беларускі народ да свабоды!

Дзяўчына строга падціснула і без таго вузкія вусны.

— Можаш не верыць, Гаўрылкін, але мы жывем непадалёк ад Міцкевічаў, і маю маці запрашалі падчас вышуку за сведку. Яна ўсё бачыла: як ваш Колас моўчкі стаяў тварам да сцяны, рукі ўгару, зусім як сапраўдны шпіён, а супрацоўнікі НКУС усё ў хаце пераварочвалі. Думаеш, калі б нічога не было, з класікам так бы абыходзіліся?

Вяжэвіч адчуў, як цёмная гарачая хваля гневу ахоплівае яго, яшчэ трошкі – і ён ганебна сарвецца… Стоп! Дурня і ў касцёле б’юць. Ты не бязмозглы юнак, ты адказваеш за чужыя жыцці! І за… душы тых, хто перад табой. Каб ніхто з іх не ператварыўся ў… таксама ж камсамольцаў, якія дапытвалі Кузьму Чорнага і Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова і яго самога, Вяжэвіча, у Жоўтым доме, і каб не сталася нікому з іх улюбёнай забавай гарлаць абразы і пагрозы ў папяровы рупар, устаўлены ў вуха паддоследнага…

— Шмат хто з творчых людзей часам памыляецца, таму што творчасць – гэта няспынны пошук. Памятаеце, як у паэме Купалы гаворыцца – “Гуслям, княжа, не пішуць законаў”? У Пушкіна гэты матыў таксама гучыць – “Затем, что ветру, и орлу, и сердцу девы нет закона”… Паэт — Сымон-Музыка, ён жыве, нібыта скуру садралі, пакутуе за тое, што іншы б не заўважыў, прапускае праз сябе боль эпохі. Нямецкі паэт Гётэ сказаў: “Расколіна прайшла праз сэрца паэта”. І калі ў яго ёсць сапраўдны талент і любоў да народу, ён усё роўна выпрастуе на правільны шлях. І гэта галоўнае. Якуб Колас публічна, у газеце, прызнаў свае памылкі і адмежаваўся ад іх, і для нас адно мусіць быць важным – яго таленавітыя творы…

— А вы таксама прызналі свае памылкі, Аляксандр Антонавіч?

Хлопец з прылізанай грыўкай не насмешнічаў, ён быў нават вельмі сур’ёзны і сур’ёзна чакаў адказу.

Вяжэвіч адчуў, што вось-вось забудзецца на парады Януса.

Яго выратаваў званок. Лекцыя скончылася. Але не скончыўся дзень і час… Наперадзе чакаў чарговы сход выкладчыкаў і камсамольска-партыйнага актыву тэхнікума. Не ісці было нельга. А ісці – пакута невымоўная.

Яму дужа пашанцавала. Звычайна тых, хто пабываў пад следствам, нідзе не бралі на працу, знаёмыя перабягалі на другі бок вуліцы… Жонка сасланага Язэпа Лёсіка, Ванда Лявіцкая, дачка пісьменніка Ядвігіна Ш. і маці трох малалетніх дзяцей, так радавалася, калі ўзялі мыць посуд на адну з менскіх выстаў… А тады іх сям’ю і з кватэры сагналі, і пашпарта спадарыні Вандзе не далі, і давялося з’ехаць у Паволжжа… Але Вяжэвіч быў вызвалены дужа хутка, з працы яго нібыта і не звальнялі, і, на дзіва, начальства паставілася вельмі добра. Вакол ягонай кар’еры арыштанта хадзілі розныя чуткі. Вядома, некаторыя пазбягалі Алеся – а раптам “недавыкрыты” вораг народу! Іншыя ж, якія лічылі сябе асабліва здагадлівымі, у прысутнасці Вяжэвіча стараліся сказаць нешта ідэйна правільнае, падкрэсліць, як усёй душой падтрымліваюць працу нястомных органаў па выкрыцці нацыянал-фашыстаў… І ад няшчырага пафасу Алесю рабілася горш, чым ад спалоху іншых. А здаралася, да яго падыходзілі таемна, з просьбаю паспрыяць у вызваленні сваякоў альбо адвесці немінучую пагрозу ад сябе… І хіба хтосьці паверыў, што ён сапраўды не можа дапамагчы? Але самае горшае – поўныя пагарды позіркі тых, хто яшчэ заставаўся на волі і не да канца зламаўся…

Толькі думкі пра сям’ю ратуюць. Ірынку абавязкова трэба аддаць у танцавальны гурток… Трэба ж, як прыгожа ў яе атрымліваецца – то паказвае, як таньчыць сняжынка, то ператвараецца ў пчолку, то ў ветрык… Нават Вераніка, калі глядзіць, проста расцвітае, усміхаецца, як калісьці – а яна нібыта развучылася шчыра, гарэзна ўсміхацца пасля ягонага арышту. Ходзіць, як цень… Некалькі разоў заставаў яе ў слязах – а пасля сустракаў такі вінаваты позірк, нібыта гэта яна яго катавала ў турме… Можа, справа ў жончынай новай працы – узялі сакратаркай у наркамат асветы. Як было адмовіцца ад такой выгоды? Занятая ўсяго да абеду, і тое не кожны дзень, праўда, здараюцца вячэрнія паседжанні. Затое паёк – проста акадэмічны, для дзяцей супрацоўнікаў – падарункі… Тканіну размяркоўваюць, абутак… Праўда, Вераніка чамусьці не любіць абновак, прынесла неяк панчохі – таненькія, як павуцінка, кінула ў шуфляду. Так і не ўздзела ні разу. Алесь неяк быў папрасіў – пафарсі хоць перад мужам… Адмовілася, як быццам прапанаваў дакрануцца да здохлай жабы. Можа, ёй варта вярнуцца выкладаць у школку?

На сходах Вяжэвіч змушаў сябе проста не слухаць, думаць пра сваё… Але на гэты раз саркафаг, у якім ён сябе замкнуў, не тое што даў трэшчыну – разляцеўся на друз… Бо абмяркоўвалі, што рана ці позна непазбежны перавод навучання ў тэхнікуме на расейскую мову. Пакуль яшчэ толькі некалькіх спецыяльных прадметаў. Гэта дасць выпускнікам магчымасць лягчэй асвойвацца ў вучэбных установах іншых рэспублік савецкай краіны, ды й час пазбавіцца штучных тэрмінаў, прыдуманых нацыянал-фашыстамі, што пісалі першыя беларускія падручнікі. У нас інтэрнацыянал, усім трэба вяртацца да мовы, на якой размаўляў Ленін…

У шыбы ўдарыў мокрай лапай вясновы дождж. Вяжэвіч ускочыў з месца, ноздры ягоныя раздзімаліся:

— Гэта будзе здрада свайму народу! Здрада тым, хто загінуў у царскіх турмах, дамагаючыся права беларусаў мець свае школы і інстытуты! Нагадваю, дэкрэт аб беларусізацыі прымаўся Усебеларускім з’ездам саветаў. Дзеці, якія навучаюцца на роднай мове, паказваюць найлепшыя вынікі у ведах… Ачомайцеся! Як можна адмаўляцца ад таго, што далося такой крывёю! Ды ўспомніце верш Янкі Купалы да вялікарускага шавініста:


Ён, гэты скінуты сатрап,

Не знае, што ў свабодзе жыць,

Яму дай вісельню, дый каб

На ёй “языкі” ўсе ўшчаміць.


Не па нутру, як смерць, яму,

Што беларускае дзіцё

Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.


Спужаўся, што хлапчук ў лапцях

Напаўадзеты вёскі сын,

У роднай мове ўчыцца мог?

О стыдна, рускі гражданін!


Язык твой царскі ён табе

Не выража, спакойны будзь!

Цябе тваім жа у кляцьбе

Ён не забудзе памянуць.


Алесь не змог дачытаць апошнюю страфу –


“Былых не выклічаш вякоў,

І ты, Масквы кароннай гразь,

Парваных не скуеш акоў,

З якой брахнёю не вылазь!”.


Відаць, гэты верш ведаў не толькі ён, таму што з першых жа радкоў усчаўся такі вэрхал, такое абурэнне, змяшанае са страхам, нібыта ў пакой запусцілі жывога грыфона… Прарвала ўсіх – не таму, што праглі вяртання ва ўлонне расейшчыны, а таму, што кожны, хто не запярэчыць, мог патрапіць у саўдзельнікі. Нават калі нехта палічыў Алесеў выбрык правакацыяй органаў – яшчэ больш напінаўся… Сход паступова пераўтвараўся ў выкрыццё канкрэтнага ворага, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Вяжэвіча. Які дапускае на ўроках нацыяналістычныя і ідэалістычныя выказванні і скіроўвае вучняў убок ад генеральнай лініі, і насмешнічае над святымі для савецкага народу традыцыямі, і займаецца рэлігійнай прапагандай…

А ён, дурань, уяўляў, што навучыўся прыкідвацца і прыстасоўвацца! Алесь агледзеўся вакол… Некалькі выкладчыкаў, збялелыя, маўчалі і хавалі вочы… Астатнія… Ды што б ён зараз ні сказаў – яго проста не пачуюць.

Вяжэвіч падкрэслена лена падняў з падлогі свой партфель і, не азіраючыся, выйшаў з залы. Па ілбе каціліся кроплі поту. Што ж, рана ці позна гэтым мусіла скончыцца. Так, аднойчы з яго зрабілі здрадніка і правакатара. Але ж здраднікам ён ніколі не быў! Як угневаецца бацька!

На ганку Алесь трохі пастаяў, падставіўшы твар халодным кроплям дажджу, у якіх так хацелася адчуць прысмак вясны, але чулася толькі халадэча і туга.

— Таварыш Алесь, мне трэба з вамі пагаварыць…

Выдатніца Наста, нервова круцячы ў руках парусінавы партфельчык, стулілася пад маладой бярозкай, нібыта тонкае вецце, яшчэ не апранутае ў зялёны сает, магло абараніць ад дажджу. Алесь пакруціў галавой. Наіўнае дзяўчо… Лепей ёй цяпер не паказвацца побач з крамольным выкладчыкам. Але Наста ўжо падышла, так умольна гледзячы вялізнымі блакітнымі вачыма, што адмовіць было злачынствам.

— Добра, Наста... Гавары, што ў цябе за пытанне?

Дзяўчынка дрыжэла, але хутчэй ад нерваў, чым ад холаду.

— Толькі мама сказала, пра гэта няможна расказваць… А мне абавязкова… Я не магу… А каму, як не вам? Вы ж нікому, ніколі… Праўда? Толькі… давайце адыдземся.

Алесь адчуў сябе трохі непамысна… Нашто яму падлеткавыя таямніцы? Але паслухмяна рушыў да прысадаў, якіх не было відаць з вокнаў тэхнікума. Сакавіцкае неба стваралася нібыта з цёмна-шэрага дыму… Колер марэнга…

— Ну, што здарылася?

Наста падняла на выкладчыка вочы, абведзеныя ценямі.

— Я на Цне жыву… Пазаўчора, у нядзелю, мы пайшлі на Брод, коцікі ламаць… Ну, вербачкі. Не, не дзеля вербнай нядзелі, — спалохана удакладніла камсамолка. – Так проста, любім вербачкі… Я, сястра, двое хлапцоў суседскіх… Раптам чуем – загулі машыны… Едзе “эмка”, а за ёю тры “чорныя вораны”. Усе збеглі, а я спалохалася, не паспела, прысела ў хмызняках за горкай пяску. А “эмка” якраз туды пад’ехала, і выйшла з яе чацвёра ў вайсковым. Усе ў рамянёх, з партупеямі. Падышлі да маёй горкі і заглядаюць уніз – а там, аказваецца, яміна вялізная. “Вораны” развярнуліся, сталі ў рад. Адзін з ваенных падышоў да “ворана”, расчыніў дзверцы і пачаў выводзіць адтуль людзей са звязанымі за спінай рукамі. А тады… падвялі іх да яміны — і ў патыліцу… з наганаў… Жанчыны там былі... Усе так проста адзетыя, гавораць па-нашаму… Дзядзька ў лапцёх, як з машыны выйшаў, адразу – на калені, і давай благаць: “А людцы мае, а Божа ж мой, а што ж я кепскага зрабіў? У чым я вінаваты?” А яго – у патыліцу…

Дзяўчына закрыла твар рукамі, яе худзенькія плечыкі, абцягнутыя драпавым палітончыкам, пачалі ўздрыгваць. Алесь разгублена глядзеў на яе, не ведаючы, як вярнуць гэтаму дзіцяці веру ў людскасць і савецкую ўладу. А калі яна гэта страціць… Як ёй далей жыць? Наста сутаргава ўздыхнула і зноў працягнула страшны расповед.

— Як цяпер бачу… Выведуць шэсць чалавек, рукі развяжуць… Паставяць на край яміны… Выводзяць і выводзяць… Страляюць і страляюць... Людзі лямантуюць, просяцца… А ваенныя толькі: ”Становись! Становись!” Я аж самлела. А некалькіх ужо мёртвых з машыны выкінулі. Засталося два чалавекі. Надта вымаляліся. Адзін зусім малады, на нашага Казіка подобны… З паралельнай групы… Тады ім кінулі рыдлёўкі, каб яміну закопвалі. Тыя пазасыпалі. І іх таксама прыстрэлілі. Пяском прысыпалі зверху… Пайшлі да машын. Я адпаўзаць, адпаўзаць… У лаўжы нейкія звалілася, у калюгу…

Наста паглядзела ў вочы выкладчыку зусім не дзіцячым позіркам.

— У нас усе пра гэта ведаюць. Толькі так вось, як я, зблізку не бачылі. Крыкі ж далёка чуваць. Улетку зямля, бывае, “дыхае” над такімі ямінамі... Стогны з-пад пяску.. Але ж хто пойдзе раскопваць? У нас у пасёлку таксама двое жывуць, з тых, што растрэльваюць… Яшчэ й хваляцца. Дзеўкі ёсць, што гараць выйсці замуж за нкусаўца. А гавару я вам вось чаму…

На мужчыну і дзяўчынку з шалёнай злосцю сыпануў халодны дождж, але яны гэтага не заўважылі.

— Калі выкінулі з машыны аднаго мерцвяка, ён якраз на бок упаў, тварам да мяне, блізенька… І... гэта былі вы.

— Што? – не зразумеў Алесь. Але дзяўчынка ўпарта паўтарыла.

— Гэта былі вы. Толькі старэйшы, сівы зусім, і лоб увесь збіты. Я пасля, як на наступны дзень у тэхнікуме вас пабачыла, пералякалася. Я ж думала, вы мёртвы.

Ад страшнай здагадкі Алесь прыкусіў губу, каб не закрычаць, не спалохаць дзяўчо, але твар яго, відаць, змяніўся жахліва…

Наста жаласна ўсміхнулася.

— Ну, вось… Распавяла… Трохі лягчэй стала. Пайду…

Вяжэвіч пакутліва шукаў словаў – дзяўчынка ж таксама, відаць, спадзявалася нешта выратавальнае ад яго пачуць.

— Я ведаў таго чалавека, на мяне падобнага. Ён быў… добры чалавек. У кожным, самым крывавым часе, ёсць дабро… Павер, Наста, яно ёсць… Ёсць сумленныя, чыстыя людзі… Каханне… Трэба заставацца чалавекам. Заўсёды заставацца чалавекам. Чуеш?

Алесь змахнуў з вачэй салёны дождж.

— Быў такі беларускі паэт, Франц Савіч… Ён уваходзіў у падпольнае “Дэмакратычнае таварыства” ў Віленскім універсітэце. Калі яго схапілі, яму было дваццаць тры гады. Яго страшэнна катавалі. Франц сядзеў у смярдзючай яміне, дзе яго заядалі вошы, у кайданах. А ён жа яшчэ і збіты быў увесь. Аднойчы паспрабаваў утапіцца ў збане з вадой, які яму прынеслі наглядчыкі – так баяўся, што не вытрывае, здасць таварышаў… Яго паважалі нават каты. Франца саслалі ў Сібір, у салдаты. А тады ён уцёк, далёка, на чужыну, і стаў доктарам. І лячыў людзей. І калі здарылася пошасць халеры, застаўся з зусім чужымі яму хворымі і памёр, ратуючы іх… Не чакаючы ні славы, ні ўзнагароды. Разумееш, пра што я?

Наста хітнула галавой, яе вочы нарэшце страцілі страшную пустэчу.

— Дзякуй вам.

У галінках дрэваў, чорных, голых, абуджаўся сок, жыццёвая сіла напаўняла мёртвыя пупышкі, і тыя рыхтаваліся выставіць свае слабыя, незнішчальныя зялёныя сцяжкі насустрач сіверу і залеве.

Алесь ішоў дахаты, і амаль нічога не бачыў перад сабою – слёзы, пякучыя мужчынскія слёзы, наварочваліся на вочы. А ён быў пэўны, што Корб-Варановіча расстралялі яшчэ год таму… Неўзабаве пасля іх размовы, гэтак падступна ператворанай у данос. Прынамсі гэтак сказаў бацька. Схлусіў…

Алесю хацелася кагосьці забіць… Як калісьці ён хацеў знішчыць чалавека, якога пазаўчора закапалі ў халодны вясновы пясок. Значыць, Корб-Варановічу ўдалося пражыць яшчэ год… Як ён вытрымаў? Ці не зламаўся?

Алесю так і не ўдалося выканаць ягоную просьбу, сустрэцца з Марынай Корб-Варановіч. У Ленінград яна пакуль не вярнулася, адшукаць яе ў Саратаўскай вобласці не змог… А цяпер – ці застаецца на гэта час? Пасля сённяшняга сходу ў Алеся ёсць усе магчымасці легчы побач з былым ворагам, і блакітныя вочы якой-небудзь вясковай дзяўчынкі, пацямнелыя ад недзіцячага жаху, будуць назіраць яго смерць з-за хмызнякоў...

Паэт можа перастаць пісаць вершы, але не можа пазбавіцца ад вобразаў, як віхла не можа ганарліва ўзняць угару свае таненькія галінкі. Вяжэвіч уявіў, як адна з багіняў Парак, кашчавая старая з адзіным вокам у лобе, намацала ў агульным скрутку нітку ягонага лёсу, не залатую, не срэбную, проста белую з прымешкам чырвонага суворую нітку, і прымерваецца ўжо бліскучымі, як водбліск сонца на вадзе, нажніцамі, каб перарэзаць… Алесь нават чуў глухі ляскат сталёвых лёзаў, ад якога зводзіць сківіцы, як ад няспелай чаромхі.

Прынамсі, ён паспее пабачыць сваіх родных…

Ад Веранічынай працы ім далі ордэр на кватэру на ўскрайку горада, на Даўгабродскай, на першым паверсе цаглянага двухпавярховіка. Два пакойчыкі і кухня – гэта здавалася верхам раскошы! На кухні, за паркалёвай фіранкай, аказалася нават ванна – вялізная, чыгунная, на жалезных ільвіных лапах, з белым эмалевым пакрыццём спрэс у іржавых плямах… Для Ірынкі – лічы, возера, калі пару вёдзер вады заліць…

— Тата! Я навучылася таньчыць, як рыбка!

Рыбка ты мая… Алесь падхапіў бялявенькае сваё цуда на рукі, пацалаваў у лобік… Ірынка не дужа ўдалася ў Вяжэвічаў – толькі валасы ды вочы ягоныя, і цяпер ужо зразумела, што фамільнай мяккасці ў рысах не будзе, і Алесь шчыра гэтаму радаваўся. З характарам дзеўка вырасце, жвавенькая…

Вераніка паказалася з другога пакою. Як яна ўсё-ткі схуднела, аж пад вачыма – цёмна… Але ад гэтага яшчэ прыгажэй.

Можа быць, удасца неяк уберагчы яе, каб не перажываць ёй зноў грукат у дзверы, ператрус, арышт мужа… Вар’яцкая думка – пайсці самому ды здацца “ў апрацоўку”… Не засільвацца ж – маці ніколі не даруе. Колькі разоў паўтарала: няма страшнейшага граху, як адмовіцца ад дару Боскага, ад жыцця… Нават на крыжы ёсць надзея!

Калі б ён мог маліцца, як у дзяцінстве! Шчыра, з верай непарушнай і шчаслівай, звяртацца не да пагрознага цара нябёсаў – а да ўсёдаравальнага, усёразумеючага Айца…

…Калі магчыма, пранясі гэтую чару паўз мяне… Але няхай будзе, як ты хочаш…

Усё-ткі добра, што маці ўпотай ад усіх пахрысціла сваю ўнучку – прыйшла ў галаву настаўніка крамольная думка. Пахрысціла тут, побач, у Аляксандра-Неўскай царкве, якая адна й засталася дзейнічаць з усіх культавых пабудоваў… Алесь і Вераніка доўга абураліся, але супакоіліся – што ж, забабоны жывуць доўга, а дзіцяці шкоды няма. А цяпер Алесь быў рады, што ў дачкі нябёсны заступнік… Не, Вяжэвіч не збіраўся апраўдваць цемрашальства. Але… А раптам усё, у што ён верыў у дзяцінстве, рай і апраметная, анёлы-ахоўнікі і дэманы-спакушальнікі, Прасвятая Багародзіца і сонм святых угоднікаў, насамрэч існуе, як і Усёдаравальная Любоў і Страшны Суд?

Каб жа гэта было так…

Званок разануў па вушах, як пугай. Яшчэ раз, яшчэ… Няўжо так хутка?... Вераніка пайшла адчыняць. Алесь схіліў галаву над пісьмовым сталом, ператварыўшыся ў слых. Вось бразгае замок… Рыпяць дзверы… П’яны голас бацькі.

Даўно ўжо ягоны голас не звязваўся для Алеся з радаснай палёгкай.

Старэйшы Вяжэвіч стаяў пасярод вітальні, трымаючыся рукой за сцяну. Ён усё яшчэ быў дужы і прыгожы, калі не прыглядацца, і старонні чалавек мог і не зразумець, наколькі ён ва ўладзе шклянога бога. Ды Алесь выразна бачыў: твар азыз, скура робіцца пергаментна-жоўтай, на носе праступаюць юлёвыя прожылкі, цёмныя валасы адбягаюцца ад высокага ілба ўсё далей, а у светлых вачах – жудкая пустэча, як у наўца, які загінуў гвалтоўнай смерцю. Алесь чытаў пра вучоных, што намагаліся здабыць выяву, якую нібыта захоўваюць вочы мерцвяка – тое апошняе, што ён бачыў у жыцці. Што ж давялося пабачыць бацьку, пасля чаго ён, колішні, памёр?

Лепей не ведаць.

Антон Антонавіч Вяжэвіч упёрся цяжкім паглядам у сына.

— Што ж ты нарабіў, Сашка? Праўду кажуць – ратавалі вадзяніка ад вады, затапіў вадзянік гарады… Каму стала лягчэй ад тваіх палымяных прамоваў? Што зменіцца да лепшага? І да булавы трэба галавы…

Трэба ж, якая аператыўнасць… Даклаў нехта, куды трэба, пра сённяшні сход.

Вераніка спалохана спытала ў свёкра:

— Няўжо… зноў?

— Зноў! – злосна пасміхнуўся лекар. — І яшчэ як пракукарэкаў наш пястун паэтычны! Да Масквы дайшло. І на гэты раз ніхто не дапаможа. Ні мае сувязі, ні… твае, Вераніка.

Алесь змрочна прамовіў:

— Я не зрабіў ніякага злачынства.

Бацька засмяяўся, быццам ламалася сухое дрэва.


— Паляванне на ведзьмаў – вясёлы занятак,

Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў.

Нарадзіўся на свет —

дык ужо вінаваты…

Вінаваты стакроць, хто ў загон не пайшоў.


Та-ак, калі бацька пачынае цытаваць вершы, значыць, справа зусім дрэнь…

— Ты не сябе сёння загубіў… Ты ўсю сям’ю загубіў. Ты хіба сабе належыш? Дзеля чаго я і твая жонка душы свае заклалі, сябе прадалі, каб цябе, боўдзілу, ад смерці выкупіць? Каб ты героем непрызнаным беспакаранна над травою лунаў, нехта мусіў у гразі папоўзаць! Ты пра гэта не задумваўся, лятун? І што, усё дарэмна?

Бацька стаяў, злёгку пахістваючыся, пасярод вітальні, вялікі, роспачны, варты жалю… А ягоныя словы, як кроплі кіслаты, раз’ядалі свядомасць, дастаючы да жывога…

— Пры чым тут Вераніка? – непаслухмянымі вуснамі прашаптаў Алесь, зірнуў на жонку… І скамянеў ад жаху: яна, скурчыўшыся, спаўзала на падлогу, закрыўшы галаву рукамі, нібыта на яе сыпаўся гарачы попел.

— Веранічка! Што з табой? Ды яшчэ ж нічога не здарылася! – Алесь кінуўся дапамагаць, падымаць… А яна з нейкім адчаем адштурхоўвала яго рукі, хавала твар:

— Не чапай мяне! Не датыкайся да мяне! Ты не разумееш… Ты нічога не разумееш!

А турэмны лекар зарагатаў страшным, пякельным рогатам…

Малодшы Вяжэвіч застыў ад раптоўнай здагадкі.

— Ты… ты прасіла за мяне Хведара? Як ты магла!

Вераніка сядзела на падлозе, прыхінуўшыся да сцяны, яе прыўкрасны збялелы твар нагадваў маску. А голас быў мёртвы.

— Калі б я не была з ім, цябе б даўно забралі.

— Чакай, а праца твая… Усе гэтыя пайкі, какава, панчохі… Вячэрнія паседжанні… — Алесь чуў свой голас нібыта збоку.

— І ордэр на кватэру, і паблажлівасць твайго начальства ў тэхнікуме! — дакончыў з горкім здзекам Антон Антонавіч. – Толькі калі ты, смаркач, зараз уздумаеш разыгрываць Атэла – я цябе ўласнай рукой прыб’ю… Адзін ты, рыфмар недароблены, не бачыў, як твая каханая пяклуецца… Не хацеў бачыць, удумвацца… А цяпер позна. Вось жа пашчасціла мне на самагубцаў… Можа, хоць маці тваю паспею выцягнуць з дрыгвы, перш чым самога…

— А што з маці? – Алесь адчуваў сябе, як човен, на які зараз кінуць апошні камень – і пойдзе на дно.

— Верніца твая маці… — Антон Антонавіч раптам усхліпнуў. — Сёння на Аляксандра-Неўскую налёт быў. Забралі ўсіх… Святароў, харыстаў, прыхаджанаў… Абразы, шаты ў кучу сцягнулі, падпалілі… А Сафійка абраз проста з полымя выхапіла, пад кофту схавала… Няўжо спадзявалася, што не ўгледзяць? Вось і пацерпіць цяпер за веру сваю, як марыла… Вянец пакутніцкі атрымае… Я пабег пра яе дазнавацца. А там мне й пра цябе знаёмыя даклалі.

Голас Антона Антонавіча здрыгануўся. Турэмны лекар правёў рукой па твары, змахваючы слёзы, гора і прывід чалавечнасці.

— Адзінае, што можа нам усім яшчэ дапамагчы – аддай ім палову срэбнага кубка, якую ты ў мяне забраў. Я ведаю, вас і абшуквалі, і распытвалі… Ды сэрца мне падказвае – затаіў ты кубак з нейкіх рамантычных меркаванняў. Нашто табе пакрываць графскіх вылюдкаў, Корб-Варановічаў? Яны над намі стагоддзямі здзекваліся. Дзе кубак?

Алесь упарта ссунуў бровы.

— Няма. І не будзе.

Старэйшы Вяжэвіч пільна ўгледзеўся ў твар сына.

— Няўжо цябе зачапіла раскрыццё родавых таямніцаў, усе гэтыя падземныя цэрквы, княскія магілы? Дурань! Сыдзеш разам з таямніцамі ў зямлю і нас пацягнеш…

— Кубка няма!

Бацька скрушліва ўздыхнуў:

— Парода… Ды не графская. Не спадзявайся – для Корб-Варановічаў мы назаўсёды – род прыслугі, ніжэйшы гатунак. Дом, дзе можна спраўдзіць права першай шлюбнай ночы… Проста час ад часу трапляліся сярод Вяжэвічаў такія, якім здавалася, нібы могуць зраўняцца, парадніцца з гаспадарамі… Цягнула адно да аднаго, як смалу да абцаса. І што добрага? Нянавісць назапашваецца вякамі, адзін глыток любові не пазбавіць моцы возера атруты. Адна Вяжэвічаўна гадоў сто таму звязалася з графам Варановічам, што ў паўстанне падаўся, хавацца яму дапамагала, насуперак сям’і пайшла, усё, што ні прасіў, рабіла, жыццём рызыкавала… А ён яе кінуў, як скарыстаную анучу, і пашлюбаваўся з князёўнай. І тады Вяжэвічаўна здала ўладам увесь ягоны атрад, на чале з камандзірам. За такое маглі ўзнагародзіць канфіскаванай маёмасцю бунтаўнікоў. А падманутая паненка ўзяла ды адмовілася. І маёнтак у Ройна дастаўся нейкім расейцам. А мог быць нашым. Нашчадкі доўга неразважлівую бабулю нядобрым словам успаміналі. Вось як…

Турэмны лекар змрочна агледзеў маладых.

— Шкада, унучку не пабачыў… Але, можа, гэта і да лепшага. Дзеці, яны адчуваюць, што ў дарослых на душы. Усё. Пайду ворагаў народу лячыць. Мог бы параіць збегчы, схавацца… Але пакуль не ведаю тых, каго б не знайшлі. А можа, табе пашанцуе? Калі ў Саранск які… У Казахстан…

Турэмны лекар паклаў на этажэрку пачак купюр, перацягнутых гумкай.

— Вось, болей не маю… Бывай, сыне… Наўрад мы на тым свеце сустрэнемся.

Дзверы зачыніліся. У кватэры запанавала ціша, якую парушала толькі вясёлае шчабятанне Ірынкі з-за зачыненых дзвярэй пакоя — відаць, зноў вучыць сваіх лялек таньчыць балет. Вераніка ўсё гэтак жа нерухома сядзела на падлозе, і Алесь змог, хаця й не адразу, здушыць мужчынскі эгаістычны гнеў, выгнаць з уяўлення жахлівыя карціны, ад якіх вар’яцеюць – як тваю каханую лашчаць чужыя рукі… Замест гэтага засталіся толькі жаль і скруха, і каханне, якое ўсё даруе.

Алесь прысеў побач з жонкай, абняў… Вераніка, быццам не верачы, прыхінулася да яго, і мужчына адчуў, што яна ўся дробна дрыжыць…

— Не трэба нічога гаварыць, нічога тлумачыць… Гэта я не змог цябе абараніць. Прабач мяне, калі можаш… Калі выжыву – Ветрака прыб’ю ўласнаручна. Чэрап яго гнілы кулаком раструшчу, – Алесь з цяжкасцю перавёў дыханне, перанятае гневам. — Паслухай, дарагая… У мяне апошняя просьба. Знайдзі, калі ласка, Марыну Корб-Варановіч… Памятаеш, мы да яе ездзілі ў Ленінград? Можа, яна туды вернецца… І перадай вось што…

Алесь хутка зашаптаў ёй на вуха…

Вераніка недаверліва адсунулася, паглядзела на мужа.

— Так, гэта была ягоная просьба… І мая такая ж…

Алесь устаў, падняў жонку.

— Ну, дзе мой турэмны клунак?

Гэта быў не жарт – апошні год, як і ў тысячах сем’яў, у Вяжэвічаў заўсёды ляжаў напагатове “турэмны клунак”: сухары, змена бялізны, цёплыя шкарпэткі… Вераніка ўпарта падкладала туды адзінае багацце – залаты пярсцёнак з заімглёным смарагдам, што дастаўся ад бабулі…

— Мы зараз жа павінны сабрацца ўсе! – як прачнуўшыся, горача загаварыла Вераніка. – Бацька твой сказаў – а раптам удасца? З горада выберамся пешкі, пераначуем у маёй цёткі ў Воўкаўшчыне, а там – у Казахстан… Сядзець і чакаць смерці – горай за смерць!

Алесь адмоўна пахітаў галавою.

— Зловяць – тады і цябе арыштуюць. А Ірынка на каго застанецца?

Але Вераніка ўжо ліхаманкава забегала па кватэры, выкідаючы з шафаў на падлогу нейкія транты.

У дзверы не пастукалі – загрукаталі, нібыта ламіўся статак шалёных адзінарогаў…

— Ірынку трымай! – крыкнуў Алесь і сам пайшоў адчыняць.

Ім далі хвілю развітацца – ён пацалаваў Вераніку, дачку… Узяў свой клунак…

У “варанку” ён аказаўся апошнім – столькі было напхана людзей, што ўсе стаялі, прыціснутыя адзін да аднаго, як сцяблінкі лёну ў снапку. Мужчыны, жанчыны, старыя, маладыя, зусім падлеткі… Лямант, шэпты, праклёны, малітвы… Нехта ўвесь час трывожна ўскрыкваў проста ў Алеся над вухам:

— Цішэй! Сціхніце! Грамадзяне, давайце не ўсугубляць!

Нібыта крыкам тут можна было штосьці “усугубіць”…

Некалькі галасоў – падобна, святары ці пеўчыя – спявалі пакаянны канон. Проста карціна Босха ў зацямненні…

— Аляксандр Антонавіч! – таненькі галасок зрываўся ад слёз. Алесь азірнуўся, але што ўбачыш у цемры?

— Гэта я, Наста…

Божа мой, Божа, папусціў ты нам за грахі нашыя…

— Не бойся, Настачка!

— Ды што ж ужо… Як яно будзе, так і будзе... — з адвечнай пакорлівасцю патомнай беларускі прашасцелі словы.

Пакорлівасць, рахманасць, талерантнасць… Як жа без іх беднаму бульбаеду? Вось калі трэба на кагось беларуса нацкаваць – яму ўбіваюць у голаў пра ягоныя мужнасць, гераічнасць і ахвярнасць. А калі ён гераічна, паліўшы сваёй крывёю ўласныя стаптаныя палі, пераможа – крыжакоў, татараў, французаў, сваіх жа братоў дзеля выгодаў чужога дзядзькі, яму зноў трындзяць пра талерантнасць і братнюю лагоду. А хто абароніць вось гэтую блакітнавокую беларускую дзяўчынку? За што ёй наканавана згінуць між бязлітасных шасцяронак бяздушнага механізму? Чаму беларусы вечна ядуць адзін аднаго па чужым загадзе? Каталікі — праваслаўных, праваслаўныя – уніятаў, шляхта – мужыкоў, усходнікі — заходнікаў… Вяжэвіч адчуў, як яго ахоплівае гнеў, б’ецца ў сэрцы, у скронях… Дурань! Які ён дурань! Што даў год прыстасавальніцтва, змірэння? Пакуты і ганьбу жонкі? У што ён сваёй баязлівасцю яе ператварыў! Хоць бы вершы пісаў! А ён іх душыў у сабе, жывых, балючых... Усё! Больш не дачакаюцца. Ані слова пакоры… Ані намёку на згоду… Хай робяць з ім, што хочуць.


Раздзел 12. Хай мёртвыя самі хаваюць сваіх мерцвякоў

Заснавальнік беларускага тэатра Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч сваю жонку Юзэфу Бараноўскую выкраў. Яго нанялі за хатняга настаўніка да віленскіх багацеяў, ён закахаўся ў шаснаццацігадовую дачку гаспадароў, яна адказала ўзаемнасцю – і настаўнік яе звёз. Ноччу, на конях… Таемна павянчаліся… І нарадзілі чатырох дзетак.

Няма жанчыны, якая б не марыла, што аднойчы яе вось так звязуць.

У Асі было неадольнае адчуванне, што з ёю менавіта так і сталася. Шалёны намёт коняў, надзейныя рукі каханага, таемнае вянчанне, першая шлюбная ноч… Нават усплывалі немаведама адкуль карцінкі: белыя калоны сядзібы застаюцца за цёмнымі прысадамі, мяккая ігліца прыглушае стук капытоў, дрыжыць полымя вянчальнай свечкі ў бязлюднай царкве, голас святара гучыць пагрозна, узлятае пад самую столь, насупраць жаніх у сурдуце, нібыта Даніла Корб-Варановіч, ён – і не зусім ён, глядзіць трывожна і ўладна, і з такой жарсцю… А каля левай скроні ў яго – след ад шаблі…

Гістарычных раманаў трэба меней чытаць.

Рэдактарка невідушчымі вачыма глядзела ў вакно, за якім не было нічога цікавага. Толькі шэрая бетонная сцяна, з якой можна атрымаць хіба што асацыяцыі пра расстрэл…

Унутры Шэрай Будыніны ўтварыўся кокан, непрасякальны для звычайнай бюракратычна-дысцыплінарнай гульні. Спазніся раней Арсенія на дваццаць хвілінаў, зараз бы круцілася ў крэсле, як жук у павуціне, і думала, якімі страшнымі рэпрэсіямі адгукнецца сённяшняя вольнасць. А цяпер яе думкі былі толькі пра мінулую ноч (вечар, дзень, раніцу).

Што гэта было?

Гэта вось тое самае, што прадказвала ёй маці на падлеткавае ныццё пра незапатрабаванасць у амурна-гіменейных справах: “Пачакай, прыйдзе твой час”? Чаму невядомая сіла кінула яе ў абдоймы ненавіснага чалавека, мужчыны, які старэй за яе на… ну, не так шмат, на дванаццаць гадоў? Што за стыхійная моц абудзілася ў заўсёды закамплексаванай дзеўцы, якая раней, цалуючыся, звычайна думала толькі пра тое, што ўсё робіць няправільна, што зараз над ёй пасмяюцца? А распрануцца… Як можна – з ейным няўклюдным целам, ды на вачах чужынца… Адкуль цяпер такі спакой, такая… паўната жыцця і абароненасць! З люстэрка глядзеў новы твар… Стамлёны і шчаслівы, з больш вытанчанымі рысамі, і тая дзеўка ў люстэрку захоўвала вялікую таямніцу… Яшчэ там адбіваліся лямпы дзённага асвятлення са столі кабінета, схаваныя пад рабрыстыя рашоткі, і Арсенія ўявіла, што гэта два прывідныя ланцугі твараў цягнуцца да яе з мінулага – род Корб-Варановічаў і род Вяжэвічаў. Твары былі аднолькава раз’юшаныя.

Ася нацягнула вышэй каўнер тонкага чорнага швэдара-гольфа, пазычанага ў Корб-Варановіча: далібог, даводзіцца, як школьніцы пасля вясковай дыскатэкі, хаваць чырвона-сінія плямы на шыі… Дадому ж так і не дабралася пераапрануцца. Добра, джынсы ейныя і бялізну Корб-Варановіч вымыў у пральнай машыне, устаўшы сярод ночы, пакуль Ася спала, а тады паклаў на электрасушылку…

Неўзабаве пасля таго, як Арсенія ажыццявіла параду старога паэта набыць досвед “мордай аб асфальт”, вядомы празаік, які рэдагаваў ейныя аповеды, пачаў наракаць, што ў іх усё занадта прыгожа.

– Крышталёвыя келіхі, клавесіны, вэлюмы… Што вы, бруду ў гэтым жыцці не бачыце? Болю? Урэшце, жывой плоці з пахамі поту і мачавіны? Уявіце, што вам трэба апісаць першую шлюбную ноч… Як вы справіцеся? Зноў – “Яны зліліся ў жарсным пацалунку, і сузор’і спусціліся з нябёсаў, і зямля сплыла з-пад ног”? Альбо сур’ёзную прозу пішыце, альбо займіцеся вышываннем.

Тады Ася вельмі перанялася. Яна ж сама толькі што перажыла “першую шлюбную ноч” з незнаёмым пэтэвушнікам. І што, апісваць, як ён крактаў над ёю, і не мог адразу патрапіць, куды належыць, і жаласным голасам папрасіў дапамагчы, а яна, ледзь не ванітуючы ад агіды, але поўная рашучасці давесці эксперымент да канца, дакранулася да ягонага… Цьху! Які мэсэдж для чытача яна гэтым пашле? Абудзіць юрлівасць? Падорыць вобразы для начных фантазій? Не для таго бралася за асадку, пардон, клавіятуру. Чаму кожны мастак-графік абавязкова мусіць быць Бердслеем? Дый той, паміраючы ад сухотаў, сумленнага каталіцкага прычасця запрасіў і свае ілюстрацыі да “Лісістраты”, з чэлесамі, загадаў знішчыць.

Арсенія прагартала процьму кніг у пошуках згаданага апісання першай шлюбнай ночы. У Караткевіча гэта выглядала так: “І яна даравала мне нават боль”, альбо вакол закаханых у адказны момант сапраўды нешта закруцілася, заззяла… “Я паміраў двойчы…” – “Я таксама…”.

У Івана Шамякіна ў “Шлюбнай ночы” дастаткова было, як яны прачнуліся, а ў дзяўчыны сцерхла рука, бо там ляжала галава каханага, але маладая баялася паварушыцца, каб не пабудзіць яго… Хапала, вядома, і тэкстаў, у якіх фігуравалі напружаныя чэлесы і набрынялыя похвы, клітары, аргазмы і фрыкцыі… І гэта чамусьці хвалявала куды меней.

Цікава, а як бы Арсенія апісала мінулую ноч з Корб-Варановічам? Як увогуле можна кранаць словамі тое, што мусіць застацца таямніцай між двума?

Але ад успамінаў закруцілася галава, аж млосць разабрала.

На стале ляжаў чарговы рукапіс, няўважна скрэслены Асяй, але што яна там крэсліла, калі трэба яго здаваць, ёй было, як да Бабілону… Неадменна тут пабываў чорцік Тытывіл, які ў сярэднявечных скрыпторыях штурхаў мніхаў-перапісчыкаў пад руку, каб крыва напісалася…

Ася зноў і зноў пракручвала ў галаве нядаўнія кадрыкі… Раніца пасля першай сумеснай ночы… З’ява, якая спаконвек выклікае жах не толькі ў легкадумных асобаў, адвечных пікапшчыкаў. Уладзімір Караткевіч і той пісаў:


“І ёсць дзясяткі, з кім можна спаць,

Прачынацца – ніводнай няма...”


Сёння Ася прачнулася і нават нейкі час ляжала, ледзь не муркочучы, як котка, ад утульнага шчасця, якое тоненька пазвоньвала ў душы, як срэбныя званочкі… Хаця колькі там удалося паспаць? Гадзіны чатыры ад сілы…

– Ну што, паненка, калі прызначым вяселле?

Корб-Варановіч глядзеў на яе, падпершы галаву рукою, з насмешкай і прыхаванай пяшчотай. Ася правяла пальцам па ягоным твары, паўтараючы абрысы, гэтак падобныя да ейных… Высокі лоб, просты нос (толькі ў яе трошачкі прыўзняты), вусны з гэтай асаблівай, даткліва-даверлівай складкай, якія могуць рабіцца саркастычнымі і жорсткімі... А падбароддзе ў яго мужнае, з ямінкай…

Вяселле? Якое вяселле? Хіба між імі было сказана хоць паўслова пра каханне?

– Ты што, думаеш, гэта – ўсё? Я вось так цябе вазьму і адпушчу?

Мужчына змусіў яе адкінуцца на падушку, нахіліўся зверху. Яго вочы здаваліся цёмнымі, як восеньская вада, і нават пагрознымі.

– Зразумей, дурнічка, тое, што адбылося – не можа быць проста дзеля задавальнення. “Стануцца двое адною плоццю…” — думаеш, для прыгожага слоўца сказана? Я – хрысціянін. Кепскі, грэшны хрысціянін… Але я ведаю, да чаго трэба ставіцца сур’ёзна. Мы звязаныя назаўсёды. Я за цябе адказваю перад Богам і людзьмі…

Ася на хвілю забылася на ўсё, адказваючы на пацалунак, хаця вусны ўжо і так балюча гарэлі, а пасля адчула, як у яе едзе дах ад неверагоднай прапановы. Хрысціянін, пачуццё доўгу… Ну так, зразумела цяпер, чаму ён са сваёй спявачкай важдаецца…

– Ты што, кожнай жанчыне, якая бывае ў гэтым ложку, робіш такія ультыматумы?

Корб-Варановіч памаўчаў.

– Не, не кожнай…

Ася адвярнулася. Пацвердзіў, што тут бывала не адна да яе…

– Вось ён, вынік маскуліннага выхавання! Найвышэйшым дасягненнем для жанчыны лічыцца – пашлюбавацца… Злавіць свайго мужчыну… Займець уладара… А калі мне гэтага не трэба?

– А што табе трэба? – Даніла зусім не раззлаваўся, наадварот, паблажліва ўсміхаўся, гледзячы на яе, як на дзіцё, якое ўгневалася, што пясочны піражок нясмачны. – Што хочаш ад гэтага зямнога існавання ты сама, Арсенія?

– Ну, хаця б пачуць, як мяне кахаюць…

А Корб-Варановіч, вось паскуднік, замест таго, каб прызнавацца ў каханні, лена сеў, пацягнуўся па нагавіцы, пачаў апранаць. Калі Вячка нагадваў ваўка, дык гэта быў леў. З попельнай хвалістай грывай. А на бінтах жа ў яго зноў трошкі кроў праступіла… Ну, не дзіўна – уночы ён быў то неверагодна пяшчотны, то проста шалёны… Уй-й, як усё баліць – быццам чатыры ўрокі фізкультуры запар… Нават забылася пра здаравучы сіняк на назе, клапатліва змазаны Корб-Варановічам нейкай празрыстай адмысловай маззю.

– Усё вельмі проста. Уяві, што мы ніколі больш не сустрэнемся. Разыдземся – і зробім выгляд, што нічога не адбылося. Так, зацямненне свядомасці… Пожад… Ты згодная на такое?

Ён стаяў перад ёю і чакаў адказу, нібыта зусім спакойна, але грудзі ягоныя ўздымаліся амаль як учора, калі ён спрабаваў змагчы жарсць і адправіць нахабную Вяжэвічаўну дадому… І Ася таксама паднялася, і напляваць ёй было, што стаіць яна без адзежы перад мужчынам, і што зусім не так уяўляла свайго рамантычнага героя…

– А ты… Зможаш болей мяне не бачыць?

Корб-Варановіч холадна прамовіў:

– Спадзяюся, не памру ад гэтага.

Памаўчаў, цешачыся Асіным абурэннем, і ціха, незадаволена дадаў, так, што не ўзнікала сумненняў у шчырасці:

– Можа, і не памру… Але памерці мне было б лягчэй.

І перарывіста ўздыхнуў:

– Вось такое насланнё.

Нягоднік! Яна ж яго зусім не кахае! А ён – яе! Каханне – гэта доўгія прыгляданні і лёгкія дотыкі, нясмелыя і палкія прызнанні… Пяшчота, якая перарастае ў тое полымя, у якое ім давялося раптоўна скочыць… Складаны танец… А не бойка...

Хаця, чакай, у некаторыя эпохі каханне якраз атаясамлялі з бойкай! Катул, напрыклад… Пацалункі да крыві, драпіны і сінякі, раз’ятранае сутыкненне, крыкі палюбоўнікаў… Ася мімаволі скасавурылася на жывапісныя чырвоныя драпіны, што прыкрашалі плячук гісторыка, і гэтыя драпіны пакінула ноччу зусім не котка… Як гэта стасуецца з хрысціянскім вызначэннем любові, якая ўсё пакрывае і лагодзіць? А цяпер ёй трэба далучыць сюды ранішнюю яешню (сам згатуе!), мыццё брудных шкарпэтак (нізавошта!), спатыканне аб непадымныя гантэлі, што валяюцца вунь там, на дыванку (прыбярэ ў кут!)… Ці доўга могуць трываць такія адносіны?

Урэшце, ёсць Вячка… Іранічны, геніяльны, непрадказальны… Як жа ён? А, ды ён жа застаўся пасярод чыста поля ля шашы…

Значыцца, што, развітацца з дзядзькам і ніколі больш?

Уявіла.

І ледзь не застагнала ад болю – усё ўнутры абрынулася, скруцілася ў халодны вузел жаху… Ды што ж гэта настолькі пазбавіла яе волі? Як прыкавала…

З вуснаў дзяўчыны сарвалася зноў адчайнае:

– Я цябе ненавіджу! Як жа я цябе ненавіджу!

І тая ж невядомая сіла шпурнула яе да мужчыны, змусіла прыціснуцца, адчуць ягонае моцнае цела, ухапіцца за яго, нібы патанала...

– Я цябе… таксама… ненавіджу… – задаволена адказаў мужчына, лёгка цалуючы яе твар і рукі. – Таму неадкладна прыгатую сняданак… Вопратка твая высахла, забірай у лазенцы. Бо мы абодва ўжо капітальна спазняемся. А мне яшчэ ў Ройна ехаць…


– Вяжэвіч, гэта вы рэдагавалі?

Начальнік кінуў на стол перад Асяй скрэсленыя старонкі. А, гэта з ранішняй порцыі, якую рэдактарка, відаць, паспела здаць у карэктуру.

– Вы што, здзекуецеся? Што за глупства! Ці гэта правакацыя?

Арсенія сумленна паспрабавала засяродзіцца на аркушах паперы. Тыповы “сокал-прынтаўскі” тэкст… Пра развіццё эканомікі, няспыннае, як ікота ў п’янога, і падвышэнне дабрабыту народа ажно да накрыўкі каналізацыйнага люка… І са здзіўленнем прачытала выведзеныя ўласнай рукой паўзверх друкаваных радкоў фразачкі кшталту “лапша ідэалагічная, вышэйшага гатунку, паўпразрыстая, утрыманне штучнага тлушчу ніжэй нормы, біялагічна-дэфектыўныя антыдэпрэсантныя дабаўкі правераныя на студэнтах журфака”.

Начальнік сыходзіў гневам, як мінералка – бурбалкамі. А Арсенію раптам разабраў дурны смех.

– Яна сёння нейкая не такая, – тут жа азвалася з-за свайго кампутарнага стала каляжанка Валянціна. – У Вяжэвіч, падобна, нервовы зрыў, Канстанцін Львовіч. Нешта ў яе здарылася сур’ёзнае, на пытанні не адказвае, маўчыць… Вось у істэрыку кінулася. Не звяртайце ўвагі. Ёй да доктара трэба.

– Нервовы зрыў! – начальнік ледзь не пляваўся, раздражнёна сузіраючы Арсенію, якую працягваў казытаць Чорцік-Рагатунчык. – Ва ўсіх здараюцца няшчасці. Хто развёўся, у каго родны чалавек памёр, Аля Сакурава з маркетынгу вунь дзіця мёртвае нарадзіла… І ніхто на працы істэрык не закатвае! Тым болей шкодніцкіх акцый не ўтварае. Развяла раманы з раманістамі! Яны добраму не навучаць… Хворыя нервы – заяву на стол, і наперад! Сюды чарга стаіць, няма чаго месца займаць! Сёння ж тлумачальную на стол дырэктару… Трэба ж… “Лапша ідэалагічная, вышэйшага гатунку”…– прабурчэў ён, сыходзячы, і сам сабе хіхікнуў. Ася ведала, што ейныя фразачкі з рэдактуры зараз пойдуць гуляць па кабінетах. Тыя, хто вырабляе туфту для шараговага спажыўца, як правіла, цудоўна ведаюць ёй цану.

– Здаецца, абышлося, – з палёгкай уздыхнула Валянціна. – Мне падзякуй. Ды што на цябе такое сёння найшло?

– Так, замуж выходжу, – весела прамовіла Арсенія абсалютовую лухту, закрыла тэчку, аж пыл пайшоў ад старонак, схапіла сумку, куртку, трывала забылася ў шафе чорную спартовую шапачку, якую Корб-Варановіч насунуў на яе раніцай з буркатаннем пра “мазгі апошнія адмарозіш” і выбегла за дзверы, ігнаруючы крыкі Валянціны пра тое, што замужжа замужжам, а да абеду яшчэ сорак хвілінаў, і можа прыйсці праверка, і план, план...

“План”, між іншым, гэта яшчэ і порцыя наркотыку на слэнгу нарыкаў.

Шэрая Будыніна раптам страціла над Арсеніяй усялякую ўладу. Ася накрэмзала ў прыёмнай заяву на звальненне “па сямейных абставінах”, падміргнула ашалелай сакратарцы і пайшла прэч…

Даніла ж так і сказаў – “І нагі тваёй не будзе ў “Сокале-прынце!”.

Вось камандаваць сабою яна дакладна нікому не дазволіць. І ўвогуле, яшчэ нічога наконт далейшых адносінаў не вырашыла… Так яму і сказаць, няхай памучаецца. Але з Данілам цяпер пабачыцца дай Бог увечары… Ён жа зараз, напэўна, дастае са сваёй камандай нябожчыкаў з сутарэнняў… Ёсць, аказваецца, у яго каманда – двое археолагаў і адзін самавук-краязнавец, гэткія ж шаленцы на гістарычнай глебе, як і ён. Варта гукнуць – усё пакідаюць і паімчацца ці старую сядзібу ратаваць, ці гарадзішча раскопваць… Ну і студэнты ёсць на падхваце, змена маладая старых фанатаў…

Значыць, ён можа там і заначаваць… Калі да родавых таямніцаў дойдзе, на ўсё забудзецца! Хоць бы яшчэ ў якую зваду з Калантаем не патрапіў…

Думка, што нягодніка Варановіча яна, магчыма, сёння не сустрэне, і не зможа падрабязна растлумачыць, як яго ненавідзіць і чаму, раптам сапсула Асі ўвесь настрой… Аж да слёзаў…

– Прывітанне паненцы!

У вестыбюлі, пад рэкламнымі плакатамі выданняў “Сокала-прынта” стаяў Вячка. З гэткай жа драпежнай усмешкай, у чорнай джынсавай куртцы, з заплечнікам, з якога тырчэла сіняя тэчка.

Ася адчула, што чырванее, і хуценька папыталася, спрабуючы схаваць няёмкасць:

– Ну, як ты дабраўся?

– Нармалёва! –Скрыніч працягваў усміхацца. Але Асі падалося, што ў ягонай усмешцы не болей весялосці, чым на шкле – поўсці.—А ты як даехала?

– Таксама нармальна…– Ася шчыра спадзявалася, што голас яе гучыць, як заўсёды.

– Нармальна? – выскаліўся Вячка і раптам схапіў яе за руку, аж балюча стала.—Я табе ўсю ноч тэлефанаваў! Нават сваякам тваім… Няма, кажуць, Асі! Думаў, прыехала, спіш… Раніцай хацеў цябе на працу правесці – няма… Корб-Варановіч таксама слухаўку не бярэ, паскуда. Дзе ты была?

Арсенія асцярожна вызваліла руку.

– А чаму ты лічыш, што маеш права мяне дапытваць? Я ўжо вялікая дзяўчынка. Якая табе справа, дзе я была?

Скрыніч закінуў чарнавалосую галаву, нібыта сабраўся завыць, але раптам засмяяўся. Сухавата, няшчыра… Але ўсё-ткі цяпер ён быў болей падобны да звычайнага цынічна-вясёлага Вячкі.

– Ну, мне ж трэба праверыць, ці спраўджваецца тое, што я напісаў пра сваіх герояў… Памятаеш, я абяцаў, што мы пражывем дакладна ўвесь мой новы раман?

Вячка дастаў з заплечніка сінюю пластыкавую тэчку, тузануў гумку, знайшоў патрэбны аркуш…

– “Яе проста пацягнула да гэтага немаладога, ненавіснага чалавека нейкая неадольная сіла… Іх пацалунак менш за ўсё быў падобны да рамантычнага пацалунку закаханых… Калі б яшчэ яна магла зазірнуць у гэтую хвілю ў ягоныя халодныя, разважлівыя вочы, дык удалося б утрымацца на краі прорвы, зразумець, што для яго яна – усяго толькі маладзенькая дурнічка, чарговы аб’ект жывёльнай жарсці, якую ён так умела абуджаў у нявопытных дзяўчатак…”

У Арсеніі пацямнела ўваччу ад гневу. Яна ірванула з Вячкавых рук паперу, скамячыла, кінула…

– Перастань! Даніла, калі б пачытаў, цябе б праз вакно выкінуў!

– Значыць, праўда! – вусны Вячкавы дарэмна спрабавалі скласціся ва ўсмешку. – Ён для цябе ўжо “Даніла”! Вось яна, моц пісьменніцкага ўяўлення! Усё па плане!

– Ты што, хочаш сказаць, што спланаваў, каб я і Корб-Варановіч… – Ася захлынулася ад абурэння.

– Не я спланаваў – Кніга! – урачыста абвесціў Вячка. – Куды ж ты магла падзецца ад свайго кону…

А Даніла таксама гаварыў пра кон…

І Ася зусім бы паверыла ў гэты блёкат, у сваю марыянеткавую асуджанасць, калі б… Калі б у Скрыніча не дрыжэлі вусны, не плёскаўся на дне зялёных вачэй боль, калі б той самы боль не хаваўся за блазенскім тонам…

Ды аўтар фэнтэзі нават схуднеў за гэтую ноч, твар выснажыўся, як ад смяротнай пакуты…

– Ты што, пешкі да Мінску дабіраўся? – вырвалася ў Асі з нечаканай шкадобай, і вочы Скрыніча адразу ўспыхнулі. Шкадаванне – найвялікшая абраза для таго, хто хоча быць пераможцам.

– Ну чаму пешкі, на рыжскай фуры з марожанай рыбай даехаў, як пан. Не разам з рыбай, вядома, а ў кабіне з кіроўцам. Байкамі пра здані беларускіх дарог расплаціўся. Напрыклад, пра Міколку-паравоза… Стаіць сабе такі хлопчык ноччу ля дарогі і паказвае голую дупу ўсім машынам, што едуць з захаду. А як машына параўняецца з тым месцам – няма нікога… Толькі на асфальце белай крэйдай роспіс Міхася Лынькова. Эдмундасу, кіроўцу, дужа гісторыя спадабалася.

Скрыніч відавочна змог суняць свае псіхі на сёння. Што ж, нават Плябанскія млыны, ад якіх Няміга стагоддзямі разлівалася, аднойчы знеслі…

– Наконт маладзенькіх дурнічак – гэта я пажартаваў. Прабач. Заносіць часам. А папярэдні раздзел, пра трыццаць восьмы год, чытала? Я табе на “мыла” скінуў…

Арсенія вырашыла прыняць “люльку міра” з пісьменніцкіх рук.

– Не, прабач, не да таго было…

І зноў пачырванела. Ну так, “да звязды” ёй было… І яшчэ не да адной “звязды”…

– Тады пайшлі ў кавярню! Ты ж, як я зразумеў па тваім выглядзе – быццам верабей, які гругана задзёўб – сёння, прынамсі, на працу вяртацца не збіраешся? Пачытаеш, а тады рушым у Ройна… Думаеш, я ўпушчу паглядзець, што там наш гісторык выкапае? На гэты выпадак нават машыну пазычыў у сябра.

Вячка ўрачыста пакруціў на пальцы ключы.

– У геніяльных пісьменнікаў свае перавагі. Можна не купляць уласнай машыны, пакуль ёсць багатыя адданыя прыхільнікі.

– У Ройна!

Значыць, Ася хутка ўбачыць Данілу! Які, вядома, зноў напусціць на сябе фанабэрыю, а яна… Яна абалье яго пагардай, і расцвеліць, і давядзе да тэмпературы вадкага металу, бо цяпер выдатна ведае, што пад абалонкай ганарыстага волата жыве безабароннае даверлівае дзіцё, якое прагне любові і прагне аддаваць сваю любоў – нават калі ведае, што не варта… Відаць, Асіны спадзяванні адбіліся на твары…

– З’еш лімон… – груба буркатнуў Вячка, павярнуўся і пайшоў да выхаду, прыгорблены, хударлявы, напяты… Арсенія толькі на вуліцы, ідучы за ім да сіняга, амаль новенькага, “Рэно”, зразумела, што значыць ягоная рэпліка, і са спазненнем раззлавалася. Раўнуе… От мужчыны, трэба кожнаму пачувацца адзіным пеўнем на двары…

У кавярні яны занялі самы кутні столік, аддзелены ад залы стылізаванай пад сцяну сярэднявечнага замка перагародкай. Свечка палала ў каваным падсвечніку, адкідваючы цені, падобныя да зубцоў каралеўскай кароны. Вячка замовіў дзве кавы-латэ.

– Ведаеш, мяне заўсёды нервуе, калі бачу, як нашыя міфы замяшчаюцца іншакультурнымі. Вось як называецца гэтая кавярня? “Три богатыря”. Чаму “богатыри”? Чаму не рыцары? Людзі нашыя, калі ўяўляюць сваё мінулае, думаюць пра церамы і баярскія шапкі… “Каб не Пётр Першы, у нас бы дасюль каптаны з доўгімі рукавамі насілі ды сарафаны з какошнікамі…” А тое, што калі ў Масковіі быў Пётр Першы, у нас быў Жыгімонт, і ніякіх церамоў і баяраў – ужо і ўявіць не могуць… Што і ў Менску, і ў Гародні, і ў Нясвіжы яшчэ да таго, як Пётр пачаў рэфармаваць сваіх русічаў, насілі пудраныя парыкі, ладзілі балі і філасофскія дыспуты, біліся на шаблях па дуэльным кодэксе і ўчынялі маскарады…

Арсенія тужліва лізнула смачную белую пенку з лыжкі… Вячка зноў усеўся на ўлюбёнага дрыгканта і ляцеў над верасовай пусткаю, аж туман з-пад капытоў курэў… Але ж і Корб-Варановіч – з таго самага куста, няўжо ён таксама на сняданак і вячэру пачне чытаць лекцыі? А Вячка гаварыў ліхаманкава, быццам нешта сам у сабе загаворваў, замаўляў хваробу:

– А параўнаць Грунвальдскую бойку з Лядовым пабоішчам – гэта ж смех! У бітве на Дубровенскім полі 40 тысячаў крыжакоў забілі, і яшчэ 15 тысячаў у палон узялі. А Аляксандр Неўскі, названы брат сына татарскага хана, на Няве разбіў усяго 5 тысячаў шведаў. У знакамітым Лядовым пабоішчы з абодвух бакоў білася 25 тысячаў вояў… У дзесяць разоў меней, чым пад Грунвальдам. 400 нямецкіх рыцараў забілі, 50 узялі ў палон… Лакальныя бойкі, якія не мелі вялікага гістарычнага значэння. Але цяпер Аляксандра Неўскага ведаюць усе, у школе вучаць, а пра Грунвальд браткам-беларусам трэба яшчэ даводзіць, што меў да нас дачыненне і ўвогуле нешта значыць… Так што нам трэба вучыцца, як ствараць уласныя міфы! Нават што ёсць, раскруціць не можам… Алеша Паповіч, Дабрыня Нікіціч, разумееш…

Вячка нарэшце выгаварыўся і ўсміхнуўся амаль жаласна.

– Добра, ты пакуль чытай, а я пакурыць схаджу…

“А Даніла не курыць”, – мімаволі падумала Ася і адразу ж зазлавала на сябе за гэткую зацыкленасць. Нешта пачала ў думках звязваць сваё жыццё з гісторыкам… З чаго б то?

А хутка не магла думаць ні пра што болей, акрым лёсаў іхніх прадзедаў…

“Ані слова пакоры… Ані намёку на згоду… Хай робяць з ім, што хочуць”.

Апошнія радкі расплываліся ў вачах ад слёз. Ася апусціла галаву на стол, паўзверх аркушаў, не ў змозе назіраць гламурнае начынне кавярні… Бо ўяўленне давала зусім іншыя малюнкі… На якіх людзі з прастрэленымі патыліцамі валіліся ў ямы… Няўжо так і было? А гэтыя жорсткія словы аднаго з герояў… Пра ўзаемнае прыцягненне Вяжэвічаў і Корб-Варановічаў і абавязковую здраду… Зямля ў Курапатах – вось што з’яднала іх лёсы. Ася ўсхліпнула і агледзелася. Вячка яшчэ не вярнуўся. Але які ж ён таленавіты! Так пісаць, такое праз сябе прапусціць… Ды ёй, звычайнай, шараговай дзеўчынёсе, трэба з яго парушынкі здзімаць, кілімам слацца… А ён з-за яе яшчэ перажывае! Любая іншая зараз песні б спявала ад радасці, што сталася музай такога пісьменніка! Што, магчыма, ён падорыць ёй сваё каханне… Корб-Варановіч жа гаварыў пра гэта…

Скрыніч, нібы пачуў яе думкі, паказаўся між столікаў, усеўся, ганарліва адкінуўшы доўгую цёмную грыўку… Ад яго чамусьці пахла не тытунём, а дажджом і палыном… Як ад ваўкалака.

Ася пастаралася ўкласці ў погляд усё захапленне і раскайванне ва ўласных паводзінах:

– Гэта… гэта выдатна!

Вячка, нават не стараючыся схаваць задавальненне, хітнуў галавою, як антычны бог.

– Зразумела, выдатна! Выбітна, я сказаў бы! Больш за тое – знойдзецца аж дваццаць чалавек, якія гэта пачытаюць і захопяцца. З іх яшчэ дзесяць не пабаяцца ўслых пахваліць… Астатніх жаба задушыць, бо яны таксама літаратары. З дзесяці смелых выявяцца два крытыкі, якія нешта напішуць пра мой раман. І я магу назваць прозвішчы гэтых крытыкаў проста цяпер.

Ася разгубілася ад такога самабічавання.

– Ну навошта ты перабольшваеш… Твае раманы чытаюцца тысячамі!

– Людзі зараз нічога з таго, што напружвае, не чытаюць. Тым болей ім у лом чытаць па-беларуску. Думаеш, студэнты, што мяне хваляць, паглыналі начамі мае кніжкі? Яны проста чулі, што каб быць прасунутым – трэба мяне хваліць. Вось і ўсё. Я, як і мае калегі, пішу ў вялікую прорву, спадзеючыся, што ў ёй акажацца дно, і нехта асабліва цікаўны калісьці пасвеціць туды ліхтарыкам… Ці выпадкова ўваліцца. Як ты ў Ройнаўскую царкву.

Арсенія адразу ўспомніла, што зараз у тым сутарэнні шчыруе яе… каханак? Жаніх? Блёкат адной ночы? І што ў яе ёсць шанец хутка з ім пабачыцца. Дакрануцца… “Не трэба было так доўга манашкай жыць”, насмешна прагаварыў нехта нядобры ў свядомасці. Шалёная сумесь нянавісці і прыцягнення зноў ударыла ў галаву…

Вячка, які зноў пазмрачнеў, назіраючы за зменамі настрою Асі, кінуў на стол грошы.

– Усё, паехалі… А то дні цяпер кароткія…

Восень злітасцівілася прыўзняць шчыльны шэры вэлюм і зірнула цёмна-сінімі халоднымі вачыма на маленькія хаты, крыты бляхай сядзібны дом з белымі калонамі і голае поле, пасярод якога стаяў невялікі намёт і важдаліся людзі з дзіўным, не зусім сельскагаспадарчым, рыштункам. Вячка пад’ехаў як бліжэй, машына незадаволена падскоквала на барознах. Прытармазіў ля старэнькага чорнага “джыпу”, на якім, падобна, прыехала Варановічаўская каманда.

– Усё, вылазь…

Арсенія выскачыла з “Рэно”… Яшчэ з машыны яна заўважыла сярод іншых плячыстую постаць у скураной куртцы, са скураным шлемам-кяпуркай на попельных непаслухмяных валасах.

Яна доўга пракручвала ў галаве сцэнар іх цяперашняй сустрэчы… Забяспечыць абыякавы выгляд, падысці няспешна… Бо графчык, вядома, напусціць на сябе важнасці, можа, і поглядам не адорыць… Ад уяўленага халоднага выразу на ягоным твары ў Асі загадзя сціскалася сэрца…

А ён узяў і адразу падбег да яе… І яна таксама, аказваецца, ужо бегла яму насустрач… Пацалаваў, прагна, моцна, адарваўшы ад зямлі, ад чаго галава проста пайшла кругам… Паставіў перад сабой, зірнуў строга, як выхавацелька.

– Чаму без шапкі? Мазгі сагрэліся? Вецер жа!

Насунуў ёй на галаву свой скураны шлем.

– Маці маіх будучых дзяцей павінна быць здаровай!

Няўважна кінуў некуды за спіну дзяўчыны:

– Добры дзень, спадар Скрыніч!

І павёў ашалелую дзяўчыну, прыабняўшы, да калегаў.

– Пайшлі знаёміцца… Паўло, Віталь, Алесь – гэта Арсенія Вяжэвіч, літаратарка і мая нявеста.

А ён у гэтым увесь! Ніякай маскіроўкі, намёкаў, нюансаў, пастанавіў нешта шляхціц – так і будзе!

Археолагі рук Асі не падавалі – бо ўпэцканыя былі… Але ўсміхаліся ёй ад душы, не хаваючы зацікаўленасці. Ася ад разгубленасці не надта запомніла, як каго звалі, хто якія кампліменты ў ейны адрас казаў… Аднаго, барадатага дзядзьку ў ватоўцы, па прозвішчы Калюжка, яна ведала – бываў на літаратарскіх тусоўках, артыкулы друкуе часта… Словы пра “не збіраюся я замуж!” – прагучэлі б тут дурным какецтвам, і Ася змаўчала. Тым болей было чым заняць увагу. Вакол, на цыратах, рассцеленых на зямлі, красаваліся ў адмысловым парадку экспанаты з сутарэння – стрэльбы, пісталеты, спражкі, нацельныя крыжыкі ды іншае… На цэлы музей хопіць! Маладзён з цёмнымі валасамі, забранымі ў куртаты хвосцік, старанна фатаграфаваў усё, худзенькая дзяўчынка ў хакі занатоўвала…

Ася здрыганулася: справа ляжала шэсць вялікіх скруткаў з чорнай цыраты… Перавяла позірк на Корб-Варановіча. Той сумна хітнуў галавой:

– Так, гэта яны… Жаўнеры з атраду Карыбутовіча. Я дамовіўся са святарамі, заўтра зладзім адпяванне… Трое каталікоў, двое праваслаўных, адзін юдэй… Рабіна цяжкавата знайсці, але нібыта атрымаецца.

Арсенія за здзіўленнем зірнула на Данілу: а яна думала, ён так уцаркоўлены ў праваслаўе, што іншай веры не прызнае! Даніла адгадаў яе думкі:

– Так, я праваслаўны. Ад прадзедаў… І веры сваёй не здраджу. Але галоўны Боскі дар чалавеку – свабода. Сапраўдная, боганатхнёная. І калі Гасподзь паважае нашую волю, чаму мы павінны пагарджаць воляю бліжніх? Усе добрыя справы рабіліся з праўдзівай вераю, а гнюсныя – ад фанатызму… На гэтай зямлі не павінна мець уціск нічыя вера.

Побач усчаўся захоплены гуд, праца прыпынілася: чытачы пазналі вялікага пісьменніка Вячку Скрыніча. А паколькі ў гісторыкаў былі з аўтарам гістарычнага фэнтэзі свае рахункі, завіравала дыскусія…

– Ты палуднавала? – Корб-Варановіч, падобна, не перабольшваў пра сваю адказнасць за Асю, апякуючыся ёю, нібы заўсёды так рабіў. – Што ела?

Арсенія сумленна паўспамінала.

– Каву-латэ...

– Ну так, спадар геній спраўджвае запавет Сірано дэ Бержэрака наконт таго, што абед паэта – дзве вінаградзінкі. Пайшлі…

Корб-Варановіч прывёў Арсенію ў намёт, дзе былі састаўленыя нейкія скрыні, грувасціліся заплечнікі і вопратка, бо спрактыкаваныя экспедыцыянеры, вядома, змянілі красоўкі ды скуранкі на гумовікі і балоневыя курткі. Гісторык усадзіў “нявесту” на нейкую скрынку і ўсунуў ёй у рукі вялізную канапку, сапраўдную “канапішчу” з батону, вяндліны і свежага агурка.

– Чакай, тут тэрмас быў з гарбатай… Вось, трымай, не апячыся.

Арсенія паслухмяна спажывала палявую ежу і спрабавала асэнсаваць, што з ёй адбываецца. Тыран і дэспат сядзеў побач і пільна, проста з жарсцю, вывучаў пажаўцелыя паперы. Аж захацелася вярнуць ягоную ўвагу да сваёй персоны.

– Цікавае што знайшлі?

І галавы не падняў.

– Так…

– А пра таямніцу роду Корб-Варановічаў?

– І пра яе… Зараз спусцімся разам, паглядзіш…

– А Калантая не сустрэў?

Не адарваўся ад улюбёных папер.

– Сустрэў…

– Пасварыліся?

У адказ – няўважнае мыканне. Нехта казаў пра шкоду фанатызму…

– Я з “Сокала-прынта” звольнілася…

– Увечары куплю шампанскае, адзначым.

І зноў чытае, чытае, чытае…

– А… Анжэла тэлефанавала?

– Тэлефанавала. Спявала арыю Керубіна. Папрасіла купіць тры апельсіны.

Корб-Варановіч нарэшце падняў на Арсенію насмешны погляд.

– Не падабаецца? Што ж, такі да мяне даважак: амбітная вар’ятка з асацыяльным ладам жыцця. У многіх ёсць нягеглыя сваякі. А я не кідаю бліжніх у бядзе, нават калі гэта напружвае.

– Ты яе кахаў? — Ася змрочна запхнула ў сябе апошні кавалак канапкі.

– Кахаў, вядома, – легкаважна адказаў гісторык. – Не, паненка, нават і не прасі, каб я параўноўваў пачуцці да яе і да цябе. Каханне заўсёды непаўторнае.

– Значыць, ты што, і мяне кахаеш?

Злыдзень з’едліва ўсміхнуўся.

– Што значыць – “і мяне”? Я не разменьваюся. А часам хочацца цябе прыдушыць…

І ўсяго толькі пасунуўся да Асі і правёў рукою па яе шыі… Пяшчотна-пяшчотна… І ўсяго толькі паглядзеў ёй у вочы… Калі мужчына так глядзіць на дзяўчыну, у той непазбежна ўзнікае жаданне загадаць яму нешта страшное і неверагодна цяжкое, бо ясна, што пакорліва пабяжыць выконваць.

А толькі ўчора яны сядзелі ў сутарэнні, у цемры, і яна баялася прыхінуцца да яго…

– Смачна есці, – пахмурны, як восень, Вячка, які нарэшце вырваўся з чэпкіх рук навукоўцаў, зазіраў у намёт.—Трэба ж, у вас, Даніла Раманавіч, нечакана матрыманіяльныя планы намаляваліся.

Усё, упёрліся рагамі ў адныя вароты.

Ася ўскочыла.

– Вячаслаў, гэта нашая справа! Да таго ж яшчэ нічога не вырашана…

– А па-мойму, усё вырашана, – фанабэрыста прамовіў граф. – Так і напішыце ў новым раздзеле рамана, спадар Скрыніч.

– Аляўціна Пятроўна, здаецца, прыняла Асю за вашу дачку? – з няшчырай усмешкай прамовіў Скрыніч.

Корб-Варановіч выпрастаўся, як спружына.

– Думаю, не варта шумець на вачах дзяўчыны… Давайце адыдземся.

Бо-ожа, класічны варыянт двух падлеткаў нападпітку: “давай выйдзем, пагаворым”…

Даніла сурова кінуў Асі:

– Сядзі, не высоўвайся! Усё нармалёва.

І пайшлі… Двубой? У чыстым полі, на вачах вучонай публікі?

Ася, вядома, высунулася паназіраць… Дзве постаці стаялі наводдаль і нешта адно аднаму даводзілі. Не біліся, што нават трохі расчаравала Арсенію. Згодна хітнулі галовамі. Вячка першы рэзка павярнуўся і пайшоў. За ім пасунуўся Корб-Варановіч, нібыта несучы на плячах нябёсны звод, як Атлант... Абодва не жадалі нічога тлумачыць Асі, і яна пачала падазраваць, што гэта па агульнай дамове, і пакуль адбылося, так бы мовіць, абмеркаванне месца двубою і зброі. Трэба сачыць за гэтымі дурнямі, каб чаго не ўтварылі…

Купал падземнай царквы расчысцілі, і цяпер былі бачны фрагменты цаглянай кладкі. А ўніз ішлі дыхтоўныя металёвыя складныя драбіны, прымацаваныя ўбітымі ў кладку альпінісцкімі жалязякамі. Арсенія трохі павагалася – ці лезці ў сутарэнне, дзе перажыла такі страх… Тым болей выпадкова пачула, як археолагі заклапочана абмяркоўвалі нетрываласць канструкцыі... Маўляў, хоць бы не абвалілася тая царква. Але Корб-Варановіч, як заўсёды, не раздумваючы, палез першы, і Ася – куды ж падзецца! – пасунулася за сваім мужчынам, ледзь не віснучы на ім… І толькі ўнізе дадумалася спытаць, прыклаўшы даланю да ягонага боку:

– Баліць?

Той накрыў яе далоньку сваёй, прыціснуў да сябе, прыслухаўся:

– О, вось зараз усё зажыло. Дзякуй.

І, не выпускаючы яе рукі, пацягнуў за сабой.

Гэта зусім не нагадвала мінулы візіт. Зверху на провадзе звісала лямпачка, якую сілкаваў рухавік “джыпа”. Усе артэфакты старанна прыбраныя, на сценах і падлозе крэйдай зробленыя загадкавыя паметкі… Ін-вен-та-ры-за-цыя…

А Даніла прывёў яе да каменнага алтара. Перахрысціўся на жалезны крыж, які вісеў на сцяне. Гісторык цяпер быў вельмі сур’ёзны, нават урачысты, і Ася мімаволі пачала хвалявацца. А ён дастаў скрутак, разгарнуў… Збліснула старое срэбра. Родавы кубак! Рассечаны напалам і з’яднаны. Корб-Варановіч ціха паставіў яго ў ямінку ў цэнтры камня.

– Не ведаю, што менавіта хацелі продкі… Чыёй крывёй трэба напаўняць гэты посуд… Але… хоць часткова выканаю.

Яны пастаялі, было ціха-ціха, галасы наверсе даносіліся як з таго свету.

– Ідзі сюды… Чакай! Памятаю тваю неадэкватную рэакцыю на нябожчыкаў. Пастарайся зараз быць мужнай. У твайго ўлюбёнага Юнга сказана, што ў кожным чалавеку ўжываюцца Аніма і Анімус – жаночая і мужчынская часткі душы. Давай, абуджай свайго Анімуса!

У далёкім куце, дзе знайшлі шкілет з выцягнутай да выхаду рукой, святла не хапала, і Корб-Варановіч уключыў ліхтар. У каменнай падлозе зеўраў чорны простакутнік. Адну пліту ссунулі, а ўнізе, у глыбіні, бачылася… Так, яшчэ адзін шкілет, са складзенымі на грудзях рукамі і шасціканцовым залатым крыжам, які пабліскваў на брунатных скабах, прыкрытых лахманамі ўзорыстай тканіны. Чэрап з рэшткамі бясколерных, магчыма, калісьці попельных, валасоў ахопліваў залаты абруч з гравіраваным арнаментам, падобным да скандынаўскага, з буйнымі чырвонымі каменнямі.

– Юры Корб-Варановіч, – прамовіў шэптам Даніла, нібы баяўся пабудзіць продка-нябожыка. – І залатая карона… Спецыяльна хацеў табе паказаць. Замураваны князь. Мы пакуль не чапалі… Самая каштоўная знаходка. Заўтра прыедзе прафесар Сымон Антонавіч Прымач з прадстаўнікамі гістарычнага музея, дужа прасілі, каб усё заставалася, як ёсць. Толькі вось гэта я ўсё-ткі забяру…

Гісторык стаў на калені, нахіліўся і асцярожна выцягнуў з каменнай труны цяжкі скураны скрутак.

– Думаю, гэта тое, што ён хацеў бы мне перадаць… Там унутры металічны футарал, а ў ім павінны быць паперы... І я хацеў бы іх прачытаць першым. На, патрымай ліхтарык і гэты скрутак… Адыдзі…

Корб-Варановіч з сілай піхнуў пліту, яна, на дзіва, ссунулася нібыта на нейкім механізме і са злавесным грукатам упала на ранейшае месца.

– Бачыш, зроблена так, каб адзін чалавек мог адкрыць, нават не самы моцны. Таму зараз учынім так…

Даніла прывалок некалькі каменняў, наваліў на надмагілле продка, так што ніхто б не западозрыў, што ўнізе нешта ёсць.

– Ну, вось, – задаволена прагаварыў гісторык. – А то яшчэ залезе хто… Зараз кіношнікі прыедуць, на вячэрнюю натуру… А нашто нам лішнія цікаўныя вочы, асабліва Калантаеўскія? Так што мы дамовіліся – а чацвертай збіраем манаткі, каб увагі не прыцягваць. А, забыўся… Хадзі сюды… Мы ж учора так і не скарысталіся прыцемкам і тэт-а-тэтам…

– Ты проста нягоднік і блюзнер!

– Не-сум-нен-на!


Наверсе і праўда зборы ішлі поўным ходам. Двое археолагаў збіраліся заначаваць у Аляўціны Пятроўны, астатнія выпраўляліся нанач дахаты. Вячка стаяў ля “Рэно”, сунуўшы рукі ў кішэні курткі, і вывучаў блакітныя вастраўкі ў шэрым беларускім моры, якое ў беларусаў над галавой. Намёт, скрыні, рыдлёўкі – усё ўжо было пагружанае ў “джып”. Страшныя скруткі з чорнай цыраты таксама зніклі. Затое цяпер у машыну акрамя кіроўцы ніхто б не ўсунуўся. Скрыніч прапанаваў “чаўночны метад” – чатырох падкіне да шашы, потым вернецца за іншымі. Да яго адразу падселі худзенькая студэнтачка і хвастаты фатограф, прычым студэнтачка пастаралася ўладкавацца на пярэднім сядзенні.

– А ты, Ася? – звярнуўся Скрыніч да дзяўчыны нібыта абыякава.

– Мы пазней, – адказала Арсенія, якой дужа не хацелася зноў апынацца поруч з двума “пераклінутымі” мужчынамі.

– Як хочаш… – Вячка зачыніў дзверы і скрануў з месца сваё “Рэно” так злосна, што тармазы віскатнулі, як коткі.

Ася і яе леў няспешна ішлі за іншымі, якія далікатна перагналі парачку. Пад нагамі было ўжо не поле, а гравійка, час ад часу замест каменьчыкаў траплялася патрушчаная на друз керамічная плітка – стракатая, як крыллі матылёў. А ля дома з белымі калонамі пачыналася знаёмая мітусня. Патрыятычны фільм пра вайну працягваў нараджацца, пакутліва і натхнёна. Масоўка віравала, як патрывожаны мурашнік. Узмоцненыя мікрафонамі галасы аддавалі загады зрабіць устрывожныя твары, азірацца на гукі выбухаў і ні ў якім разе не глядзець у камеру. Адзін раз пачуўся і вісклівы голас Калантая, ад якога Корб-Варановіч скрывіўся, як ад няспелай ажыны ў роце. А потым гісторык бы спатыкнуўся, пачаў ліхаманкава корпацца ў заплечніку.

– Слухай, мы там кубак пакінулі… Вось я асёл… А раптам ноччу ўсё-ткі хто залезе! Мы ж і драбіны не дасталі. Ты ідзі з усімі, а я збегаю… Хутка даганю.

Ася незадаволена паморшчылася. Цалавацца над княскімі магіламі не трэба, тады й правалаў у памяці менш здарацца будзе. Праўда, было… хвалююча…

– Не затрымлівайся толькі.

Даніла сунуў ёй цяжкі заплечнік, лёгка пацалаваў у лоб і пабег… Паколькі вячэрняя і ранішняя прабежкі ад часоў вундэркіндства заставаліся для яго святым рытуалам, гісторык быў у добрай бягунскай форме і мусіў справіцца сапраўды хутка. Ася трохі паглядзела яму ўслед і пацягнулася даганяць археолагаў.

Над галавой пачуліся хрыплыя крыкі, якія нібыта сыпаліся на зямлю бруднымі камякамі. Вяжэвіч задрала галаву: у небе кружлялі сотні… а можа, тысячы чорных сілуэтаў, быццам камары… Выпісвалі адным ім вядомыя руны між зямлёю і аблокамі, нібыта рабілі замову на гэтую няшчасную краіну… Гракі? Крумкачы? Галкі? Вароны? Як гарадская дзеўчынёха, Арсенія ў такіх тонкасцях не разбіралася.

Метраў праз сто яна азірнулася: Корб-Варановіч, ейны патомны вораг, знікаў у зямлі… Потым азірнулася яшчэ раз: роўнае поле, як нікога не было. Аж неяк непамысна… Ды што граф так заваждаўся пад зямлёй, на магілу продка медытуе?

– Увага! Матор! – данеслася ад сядзібы, і раптам пачуўся моцны выбух… Ася не давала веры вачам: непадалёк ад таго месца, дзе знаходзіўся падземны храм, асядаў фантан зямлі. І зноў падняўся такі ж фантан… Нешта глуха грукнула… Яшчэ і яшчэ… Пад нагамі скаланулася зямля.

Вядома, гэта была бутафорыя… Вядома, ніхто ні ў кога тут насамрэч не страляў… Але сэрца сціснула ільдзяная рука жаху. Учора ж ад такіх бутафорскіх выбухаў абваліўся купал царквы! Відаць, устрывожылася не толькі Ася. Барадаты археолаг у ватоўцы сарваўся з месца і пабег, як шалёны, да сядзібы, зрываючы голас крыкам:

– Стойце! Спыніцеся! Там чалавек!

А Ася ірванула туды, дзе застаўся Даніла.

За ёй таксама нехта бег, абганяючы, благаючы… Вось зараз, зараз насустрач выйдзе плячытая постаць, іранічны нізкі голас папытаецца, што за паніку ўчынілі?

Каб яе не ўтрымалі за куртку, Ася б кульнулася ўніз. Там, дзе хавалася падземная царква, зямля прасела, утварыўшы вялізную яміну. Акуратны такі кратэр. На рыхлай паверхні ні знаку – толькі там-сям раскіданыя кавалкі цэглы.

Нехта побач пачаў разгублена, са слязьмі, лаяцца… І гэта было горш за смяротны прысуд.

Арсенія проста ўпала на калені і глядзела на свежую магілу свайго новага, няспраўджанага жыцця.

Чорныя птушкі раіліся ў небе, як пякельныя пчолы.


Раздзел 13. Агонь навагодняга балю

Колькі разоў гэты горад знішчаўся амаль цалкам… Яго нішчылі татары, шведы і маскоўцы, пажары, паводкі і пошасці… А ён аднаўляўся.

Аднаўляўся ён і цяпер, пасля чарговай ваеннай навалы… Людзі, як мурашкі, карпатліва разбіралі па каменьчыку завалы, ладзілі трамвайныя шляхі і лініі электраперадач… Ніякая галеча не магла зменшыць радасці ад таго, што настала Вялікая Перамога, што вайна скончаная, і жыццё чалавечае нарэшце набывае каштоўнасць… Вярталіся надзеі і святы.

Новы, 1946, год рыхтаваліся адзначыць як мага пышна… Толькі старыя памяталі, што калісьці ў праваслаўных гэта быў час каляднага посту, і да Раства Хрыстова, каляднай вячэры і падарункаў ад Святога Мікалая заставаўся цэлы тыдзень, а каталікі ўжо тыдзень як тую калядную вячэру з’елі… Цяпер ёлкі, прыкрашаныя на вершалінах чырвонымі зоркамі, ставіліся па ўсёй краіне менавіта ў гонар Новага Году. У вызваленай сталіцы Беларусі самы пышны, самы вялікі баль мусіў адбыцца ў клубе магутнай арганізацыі, якая аддана змагалася з ворагамі народу, нямецкімі шпіёнамі і імперыялістычнымі дыверсантамі ўсіх масцей. 3 студзеня ў клуб імя Дзяржынскага на плошчы Свабоды былі запрошаныя паўтысячы лепшых вучняў горада і лепшыя настаўнікі. Якая бойка адбывалася за тыя запрашальнікі! Колькі інтрыгаў закруцілася, колькі слёзаў пралілося! Расказвалі легенды пра незвычайныя падарункі і пачастункі, якія чакаюць шчасліўчыкаў. Па ўсім Мінску шылі пышныя сукенкі – хто з атласу і крэпдэшыну, а хто й з парцьераў ці накрухмаленай марлі… Нехта здабываў для танцаў на паркеце лакавыя лодачкі з саюзніцкай дапамогі, а нехта падфарбоўваў самаробныя парусінавыя туфлі на пяньковых падэшвах…

Гэта мусіла быць адмысловае савецкае свята.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы нумар тры не атрымала запрашэння на гэтую вечарыну. Не таму, што яна была не самай лепшай настаўніцай, але акрамя педагагічных якасцяў улічвалася шмат што… Членства ў партыі, удзел у грамадскім жыцці… А яшчэ – ці быў пад акупацыяй, ці ўдзельнічаў у партызанскім і падпольным руху, ці няма падазроных сувязяў…

Пад акупацыяй жанчыне давялося пабыць, але нічым яна сябе не запляміла. У вёсцы ў цёткі давялося перажыць нашэсце карнікаў, ледзь уратавала сябе і малую дачку ад смерці ў падпаленай адрыне, у якую фашысты сагналі жыхароў. Потым – партызанскі атрад, праца настаўніцай у лясной школцы, удзел у баявых дзеяннях… Гэта дало права пасля вызвалення атрымаць пакой у камуналцы падвальнага паверху шыкоўнага дома на вуліцы Горкага, дзе жылі вядомыя пісьменнікі, толькі тыя, зразумела, не ў падвале, і выкладаць у прэстыжнай гарадской школе. Але жанчына мела пляму ў біяграфіі – яе муж яшчэ да вайны быў расстраляны як нацыянал-фашыст і агент польскай дэфензівы… Таму настаўніцу ніколі не пасылалі на злёты і з’езды перадавікоў адукацыі, і білетаў на імпрэзы, падобныя да гэтай, у клубе Дзяржынскага, ён не прызначалася.

А яна не пайшла б і сама. Не хацела сустракаць людзей з магутнай канторы, увогуле зноў мець хоць нейкае дачыненне з НКУСам… І дачку сваю яна б не пусціла.

Але Ірынка – лепшая вучаніца харэаграфічнай вучэльні, якая адчынілася ў Мінску ў год Перамогі, будучая зорка савецкага балета. Каму трэба, ведаюць, хто яе бацька, якога яна сама не памятае, але паблажліва дазволілі станьчыць разам з іншымі навучэнкамі на ўрачыстым навагоднім балі… А сукенку, пышную, як дзявочы сон, Ірынка сшыла сабе сама – так ужо любіць уборы майстраваць, відаць, намарылася ў сваім страшным дзяцінстве пра прыгожыя сукенкі…

Настаўніца стамлёна адсунула стос сшыткаў… Магла б не правяраць – вакацыі. Але хацела наступную чвэрць пачаць з разбору хатніх сачыненняў пра любімага героя беларускай літаратуры, якія папрасіла здаць на апошнім уроку. Дзеці стараліся, прыкрашалі аркушыкі малюнкамі, адзін хлопчык напісаў нават у вершах – пра героя Змітрака Бядулі, прыгоннага генія Салаўя. Да таго ж звыклая праца дапамагае скараціць чаканне, прыцішыць незразумелую трывогу…

Жанчына вызірнула ў вакно, дзеля чаго давялося стаць на зэдлік, бо ў падвальным паверсе яно месцілася пад самай столлю. Настаўніца была яшчэ дастаткова маладая і прыгожая: зграбная постаць, твар з правільнымі рысамі, цёмныя бровы ўразлёт, вялізныя блакітныя вочы, вакол якіх толькі зблізку можа было ўгледзець сетку дробных зморшчын. Ды й сівізна ў залатых косах, укладзеных каронай вакол галавы, незаўважная…

“Ты ў мяне як актрыса!” – часта з гонарам гаварыла Ірынка, худзенькая, але жвавая і пругкая, нібы маладая казуля.

Калі ж яна вернецца? Палітончык, як кажуць, ветрам падшыты… Хоць бы не пацягнулася, натхнёная святам, па вуліцах блукаць… Відаць, фейерверкі пачалі пускаць, неба ажно асвятлілася над плошчай Свабоды.

Жанчына ўздыхнула і хацела ўжо злазіць на падлогу… Але за вакном пачулася сірэна. Праехала пажарная машына… Яшчэ адна… Міліцыя… Устрывожаныя людскія галасы… Нехта прабег туды, дзе ззяла святочнымі сполыскамі неба…

Святочнымі?

Настаўніца кінулася ў вітальню, ускінула футра-цыгейку, пуховую хустку… Людзей на вуліцах рабілася ўсё больш, яны беглі за Оперны тэатр, у бок плошчы… Усё часцей гучала: “Пажар! Пажар! Дом культуры загарэўся!”.

Там было пекла… Як у вайну. Сыпаліся іскры, нешта трашчала, выбухала… Валіў чорны дым. З вокнаў высоўваліся языкі полымя і дзеці, якія крычалі, прасілі дапамогі… Пышныя спадніцы, гэтак любоўна пашытыя матулямі і бабулямі, успыхвалі, як фанцікі… Нехта выкідваўся ўніз – кагосьці паспявалі злавіць на расцягнутыя шынялі… Мароз быў такі, што аблітыя вадой выратаваныя рызыкавалі зараз жа памерці ад ахалоджвання… Пад вокнамі клуба мітусіліся роспачныя людзі, выкрыкваючы імёны сваіх дзяцей… Настаўніца таксама бегала і крычала:

– Ірына! Ірачка!

Божа мой, ды ці ёсць Ты – зберагла дачку ад спецдамоў для дзяцей ворагаў народа, ад фашысцкіх карнікаў, ад голаду там, у лесе – каб страціць цяпер, у мірны час, на навагоднім свяце! Алесь, любы, даруй!

– Ірачка!

– Мама!

Настаўніца кінулася на родны голас, расштурхоўваючы людзей.

– Ірачка!

– Я тут!

Высокі ваенны ў шынялі нёс на руках дзяўчынку. Жанчына кінулася да яе.

– Асцярожна. Яна абгарэла… Асабліва ногі… – задыхана і хрыпла прамовіў вайсковец і азірнуўся ў пошуках дапамогі, бо яго захістала. – Дзе ж дактары? Хуткая дапамога? Яе трэба ў бальніцу…

— Мамачка! Як балюча! – плакала Ірынка, і жанчына скінула з сябе футра, разаслала на снезе.

– Кладзіце яе сюды!

Ваенны асцярожна паклаў юную балерыну на футра. І сам са стогнам сеў побач, проста на снег, цяжка перхаючы. Настаўніца зрывала з сябе хустку, кофту, захутвала дачку, плачучы і ад неверагоднай палёгкі, і ад жаху – бо ногі, цудоўныя, таленавітыя ногі яе дачкі былі спрэс ранай…

– Нічога, нічога, любенькая, зараз цябе адвязуць у бальніцу, падлечаць… Будзеш таньчыць лепей, чым раней!

– Мама, ён нас выратаваў! Мы за сцэнай засталіся, выйсці самі не маглі, бо дэкарацыі пападалі. Танечку вынес, Іну… Потым за мной вярнуўся – а я і ісці не магу, бо на мне нешта ляжыць…

Настаўніца схапіла вайскоўца за руку, паднесла яе да вуснаў… Той з няёмкасцю адняў руку.

– Ну што вы! Мы ж савецкія людзі!

Ад пажару светла было, амаль як днём. Жанчына разгледзела выратаваўцу: малады, гадоў дваццаць сем, высокі ўпарты лоб, просты нос, хвалістыя валасы… Нешта было ў гэтым абліччы, што змусіла сэрца сціснуцца ад застарэлага болю.

– Скажыце, прашу вас, як вас завуць?

– Павел Корб-Варановіч, лейтэнант артылерыі, зараз – студэнт фізфаку. Давучваюся.

І закашляўся…

Настаўніца адчула, што ў яе спынілася на хвілю сэрца… Пад горла падступілі рыданні. Не можа быць! Яна ж па запавеце мужа спрабавала перад вайной знайсці Корб-Варановічаў, але дарэмна. Ёсць Гасподзь! Ёсць воля Ягоная…

Ірынка заплакала ад болю… Настаўніца бездапаможна забегала, спрабуючы знайсці медыкаў… Кінулася да машыны з чырвоным крыжам – але яе ўжо загрузілі так, што дзверцы не зачыняліся…

– Толку не будзе… Занадта шмат параненых, – прахрыпеў той, хто выратаваў Ірыну. – Чакайце, зараз трохі галавакружэнне пройдзе… Дапамагу занесці дзяўчынку. Тут жа бальніца зусім побач.

Лейтэнант Корб-Варановіч стаў на калені, зачэрпнуў прыгаршчай снег, з сілай расцёр твар, скроні… Страсянуў галавой… Падняўся, трохі пахістваючыся, на ногі.

– Дыму наглытаўся… Ну што, маленькая, у дарогу? Пацярпі яшчэ трохі… Як цябе завуць?

Падхапіў на рукі, панёс. Настаўніца мітусілася, паспяваючы за ім, захутваючы на хаду сваё дзіця, нешта гаворачы супакаяльнае, хаця душылі слёзы… А побач гэта жа на руках неслі дзяцей… Кульгалі самі ахвяры, хто мог…

Назаўтра людзі шапталіся, што хаця ў зводках значылася сто семдзесят загінулых падчас пажару ў клубе, насамрэч іх нашмат болей. Шапталіся і пра тэрарыстычны акт… Але следства зваліла ўсё на дзіцячыя штукарствы. Нібыта сын аднаго з НКУСаўцаў з агнём забаўляўся… І ўвогуле, няма чаго языкі распускаць, паніку разводзіць. Не было пажару на навагоднім балі.

Грушаўка, замеценая снегам, нічым не адрознівалася ад звычайнай вёскі, хаця была мінскім прадмесцем, і насялялі яе самыя натуральныя гарадскія пралетарыі. Да весніцаў аднаго з дамкоў падышла высокая жанчына ў цыгейкавым футры і белай пуховай хустцы, з пакункам у руцэ. Руды віславухі сабака весела ірваў ланцуг, сыплючы на някліканую госцю хрыплы брэх. З хаты выйшла таўсманая кабета, хутаючыся ў кажух.

– Што вам?

– Мне Марыну Паўлаўну Варановіч… – адказала госця.

– Гэта з другога боку… Прайдзіце па сцежцы, вось тут, – патлумачыла кабета і гукнула на ланцуговага вартаўніка: – Рудзька, сціхні! Вушы, далібог, закладае!

Рудзька, аднак, заліўся брэхам яшчэ адчайней, але відаць было, што не ад злосці, а каб паскакаць, пагарэзаваць… Хвост у яго круціўся, як прапелер у аэраплана.

– Ціха, ціха, міленькі… – прагаварыла госця, заходзячы на двор. Сцежка, пратаптаная ад веснічак, вяла за рог хаты, хадзілі тут, падобна, досыць часта, і нават пяском пасыпалі. За рогам аказаўся яшчэ адзін ганак і дзверы, акуратна пафарбаваныя ў зялёны колер с сінімі ромбамі, якія нагадвалі скандынаўскі арнамент. Жанчына трохі памарудзіла, змагаючы хваляванне, і пастукала ў дзверы. Пачуліся крокі, груканула клямка. Гаспадыня, худзенькая, невысокая жанчына з зусім сівымі валасамі, забранымі ў вузел, глядзела на госцю насцярожана-запытальна.

– Добры дзень, Марына Паўлаўна! Я… мне трэба з вамі пагаварыць. Ваш сын нядаўна на пажары выратаваў маю дачку.

Насцярожанасць знікла з вачэй гаспадыні.

– Праходзьце, калі ласка…

У хаце вясковага не было нічога. Нават грубку нехта расфарбаваў дэкадэнцкімі сінімі вензелямі на белым фоне. Шмат кніг – на паліцах, на этажэрках, старасвецкі круглы столік, накрыты кавалкам цюлю, з вышытымі па краях рабінавымі гронкамі, зверху на круку звісае газоўка. На стале – парцалянавыя кубкі і цукарніца, у куце ля вакна – швейная машынка “Зінгер”… Дарэвалюцыйная, сапраўднае багацце ў пасляваенным горадзе.

– Гэта вам…

Госця працягнула гаспадыні цяжкі пакунак, тая замахала рукамі.

– Нічога не возьмем, нават не думайце!

– Ды вы паглядзіце адразу…

Марына Паўлаўна паклала падарунак на стол, разгарнула… Стос сініх кніжак, старых, з залатым абрэзам.

– Блок! Поўны збор твораў! Божа мой, ад гэтага сапраўды немагчыма адмовіцца!

Гаспадыня прагна разгарнула верхні томік.


– “О весна без конца и без краю.

Без конца и без краю мечта.

Узнаю тебя, жизнь, принимаю,

И приветствую звоном щита”…


– Дзякуем! Як я даўно гэтага не чытала! Паўлік таксама Блока любіць.

– Гэта ад бібліятэкі майго мужа засталося, – ціха прагаварыла госця. — А вы не памятаеце мяне, Марына Паўлаўна?

Гаспадыня ўгледзелася ў гожы твар.

– А мы раней сустракаліся?

– Так, мы прыходзілі да вас у ленінградскую кватэру, на сёмай лініі, калі былі студэнтамі філфаку. Я – Вераніка Вяжэвіч, жонка Алеся Вяжэвіча.

Гаспадыня паклала сіні том на іншыя, нібыта ён апёк ёй рукі.

– Не думаю, што нам ёсць пра што гаварыць.

Вераніка сутаргава ўздыхнула, але вачэй не апусціла.

– Я прыйшла не толькі для таго, каб падзякаваць… Хаця Ірына – гэта ўсё, што засталося ў мяне ў жыцці, і даражэй за жыццё. Але я прыйшла і для таго, каб выканаць апошнюю волю вашага мужа і майго.

Худзенькая жанчына сціснула кулакі.

– Што агульнага могло быць у Апанаса з Алесем Вяжэвічам? Я помню, як Апанас мне распавядаў пра цкаванне яго ва ўніверсітэце… Колькі ён перажыў! А як ваш муж з сябрамі мяне дапытваў! Я пасля вашага візіту кожны дзень чакала арышту.

Вераніка Вяжэвіч сцягнула хустку на плечы, сціснула яе краі.

– Майго мужа расстралялі ў тым жа годзе, што і вашага. Толькі трохі пазней. Быў выпадак, калі яны апынуліся ў адной камеры. Паверце, між імі ўжо не было ранейшай варожасці. Яны… паважалі адзін аднаго. Апанас Іванавіч распавёў Алесю страшную гісторыю… Папрасіў вам пераказаць. Ды Алесь, якога вызвалілі на нейкі час, вас не знайшоў – ні ў Ленінградзе, ні ў Саратаве. А перад тым, як яго зноў забралі, загадаў мне адшукаць вас.

Марына Корб-Варановіч раздражнёна выцерла слёзы, які навярнуліся на светлыя вочы.

– А я ж толькі нядаўна даведалася, што Апанас загінуў у трыццаць восьмым. Мне ж не казалі… Я ўсю вайну думала, што ён жывы… І Паўліку на фронт пісала – жывы бацька, пра цябе пытаецца, чакае перамогі і вызвалення… Колькі запытаў ва ўсе інстанцыі… А колькі пасылак пераслала – і хоць бы адну, навалач, вярнулі… Толькі ў верасні атрымала паперку – асуджаны Апанас Корб-Варановіч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца ў бальніцы мінскай турмы. Я не сумнявалася, што хаваецца за гэтым эўфемізмам… Сардэчная хвароба са свінца… – Марына Паўлаўна зноў правяла па твары вузкай даланёй. – Сядайце… Зараз зраблю гарбаты з трускаўкамі. У нас ёсць сапраўдны цукар, не сахарын… А як вашая дачушка?

Вераніка стамлёна села на венскае крэсла, старое, вытанчана-нетрывалае.

– Дактары кажуць, што хадзіць зможа. Праўда, лячэнне зойме не адзін год. А вось таньчыць… З балетам давядзецца развітацца. А яна ж такая таленавітая… Ведаеце, нават у партызанскім лагеры канцэрты паказвала… Адзін падрыўнік у нас добра на вуснавым гармоніку граў, дык Ірынка такое вырабляла… Полечка, кракавяк, танец маленькіх лебедзяў… У вучэльню адразу конкурс прайшла, першым нумарам… Але галоўнае – жывая. Не прападзем… Яна яшчэ і шые добра, любіць строі прыдумваць. Магчыма, на мадыстку захоча пайсці.

– Мне вельмі шкада… – ціха і шчыра прамовіла гаспадыня. – Вы піце, піце гарбату… І печыва пакаштуйце.

А потым яны разам плакалі, нават не робячы спробы суцешыць адна адну.

– Вось чаму Апанас па начах крычаў нешта пра Сярожачку… – урэшце прагаварыла Марына. – Бедныя… І тыя, у сутарэнні, і Апанас… Як ён жыў з гэтым… Думаў, што я не дарую…

– Нас усіх час ламаў, – ціха прамовіла Вераніка. – Алесь мне таксама не змог прызнацца, што ягоную размову з Апанасам Іванавічам канспектавалі асабісты… Ён нічога не ведаў. А выйшла – нібыта ён правакатар. Таксама дараваць сабе не мог… Па начах плакаў…

– А вы адкуль даведаліся?

– Былі ў мяне… крыніцы інфармацыі… – глуха прагаварыла Вераніка, нібы цераз сілу, і гаспадыня заўважыла, што госцю пачынае калаціць як ад ліхаманкі. – Я не магу пахваліцца, што выйшла чысценькай. У мяне таксама было… індывідуальнае пекла.

І схавала твар у далоні.

Марына Корб-Варановіч з далікатнасці памаўчала. Потым перавяла размову на іншае.

– Вось жа і на мне ёсць правіна… Вы засталіся Вяжэвіч, а я нават прозвішча не захавала. У пашпарце я – проста Варановіч. І сына так запісала. Надта паўсюль чапляліся, што “Корб-Варановіч” гучыць арыстакратычна. А так бяспечней. Варановічаў на Беларусі як вазёраў. Толькі Паўлік не змірыўся, упарта называе сябе Корб-Варановічам. Характарам у бацьку…

На двары зноў забрахаў нястомны Рудзька, пачуліся галасы суседзяў… Сціхлі. Вераніка выпрасталася.

– І яшчэ адно… Вельмі важнае. Тая палова срэбнага кубка, што захоўваецца ў вас… Такая ж ёсць і ў сям’і Вяжэвічаў. І ваш муж, і мой больш за ўсё хацелі, каб кубак не патрапіў у рукі органаў, але й не знік, працягваў перадавацца ў спадчыну. Разам з таямніцай роду.

– Так, Апанас пра гэта гаварыў… Я схавала ягоны кубак у…

– Не гаварыце мне, дзе! Не прамаўляйце ўслых… – адразу спыніла жанчыну госця. – Я таксама сваю палову перахавала… Няхай пра месца даведаюцца толькі нашыя дзеці, бо настане ж час, калі гэтыя рэліквіі можна будзе беспакаранна ставіць хоць у буфет. І няхай пераходзяць далей…

– Я выканаю гэта…

…За вакном пачынаў згушчацца ранні зімовы прыцемак, снег зрабіўся сінім, а неба імкліва чарнела, нібыта шэрая прамакатка ўсмоктвала атрамант з перакуленай чарніліцы. Гаспадыня запаліла газоўку, і цені адбегліся ў куты пакоя, як віжы. Вераніка парушыла маўчанне.

– Марына Паўлаўна, а дзе вы зараз працуеце? Вы ж, наколькі я памятаю, мая калега, выкладчыца беларускай…

Кабета горка ўсміхнулася.

– Куды ўжо мне… У школцы я толькі пару гадоў у маладосці і выкладала, да замужжа. Не хачу прасіцца на працу, дзе пачнуць пераглядаць маю падазроную біяграфію. Яшчэ Паўліку нашкоджу. Уладкавалася ў Дом фізкультуры, выдаваць спартыўны інвентар.

Абедзве памаўчалі, перабіраючы ў думках успаміны…

– Хоць бы ведаць, дзе магіла Апанаса! – горка прагаварыла гаспадыня. – Каб хоць так развітацца…

– Я ведаю прыблізна… – ціха сказала Вераніка, і яе суразмоўца ўскочыла.

– Адкуль?

– Свёкар распавёў… Перад тым, як засіліцца. Ён быў доктарам, працаваў у турэмнай бальніцы, – з няёмкасцю патлумачыла госця.

– Ведаю, Апанас гаварыў… І дадаваў, што ад Вяжэвічаў нічога іншага і не чакаў. Прабачце…

Вераніка кіўнула галавою.

– Алесь са сваім бацькам таксама не надта ладзілі. Хаця той рабіў усё, што магчыма, каб абараніць сям’ю, скарыстаўшы службовае становішча. Не змог… І свякроў забралі, і Алеся… Іх забілі практычна там жа, дзе і Апанаса Іванавіча. Гэта пад Мінскам, на Цне.

– Адвядзіце мяне туды!

Светлыя вочы сівой жанчыны пазіралі так адчайна, быццам яна прасілася за сваё жыццё.

– Толькі ж – там проста яміны… Насыпы… А цяпер усё замецена, дый асачыць могуць, – папярэдзіла Вяжэвіч.

– Мне ўсё адно! Я не магу чакаць спрыяльнага надвор’я… Я ўжо дзесяць гадоў мрою хоць пра найменшую звестку пра яго… Прашу вас! Як хутчэй!

– Добра, добра… Як я магу адмовіць… – Вераніка ўстала і пачала завязваць хустку. – У школе цяпер вакацыі, так што я не занятая. А ў вас калі вольны дзень?

Твар Марыны Паўлаўны прасвятлеў надзеяй.

– У сераду. Давайце дамаўляцца, дзе сустрэнемся.


Калісьці ў гэты час ад хаты да хаты хадзілі калядоўшчыкі, людзі рыхтавалі шчодрую куццю, дзяўчаты лілі ў ваду воск і кідалі за вароты чаравік, каб спраўдзіць адвечныя дзявочыя трывогі: ці выйдзе замуж, калі, за каго…

Магчыма, гэта яшчэ недзе рабілася, крадма, ціха, але не тут. Хаты бліжэйшай вёскі, замеценыя снегам па шыбы, здаваліся непрыветна маўклівымі, нават дым з іх комінаў нагадваў не пра ўтульнасць хатняга цяпла, а пра пякучы дотык агню…

Дзве ўдавы з цяжкасцю прабіраліся па замеценай дарозе між хмызоў да недалёкага лесу.

– Напэўна, трэба было ў абход пайсці, па шашы, – задыхана сказала маладзейшая, больш высокая і зграбная.

– Нічога, дойдзем, – супакоіла яе старэйшая, падобная постаццю да падлетка на фоне станістай спадарожніцы. – За мяне не хвалюйцеся, Вераніка… Я трывушчая.

На шчасце, завірухі сёння не было, хаця неба навісала шэрым саванам…

– Вунь туды цяпер, направа… – сказала маладзейшая. — Якраз выйдзем на дарогу.

Дзве постаці ўпарта прабіраліся да лесу. Сосны ў накінутых на цёмныя шаты белых бурносах нагадвалі змрочных вартавых.

– Цяпер хвілінаў пятнаццаць лесам – і зноў направа… Толькі б не замецена было. Я тут апошні раз у лістападзе была, на Дзяды…

Але на лясной дарозе, куды яны звярнулі, бачыліся свежыя сляды ад колаў. Тут даволі часта ездзілі машыны. У глыбіні лесу раздаўся адзіночны стрэл… Жанчыны трывожна перазірнуліся.

– Няўжо… тут яшчэ расстрэльваюць? – ціха прашаптала Вераніка.

Марына Паўлаўна нахмурылася.

– Не думаю… Месца, вы ж самі казалі, ужо вядомае ў народзе, катаў, якія сюды вазілі, таксама знішчылі свае ж яшчэ да вайны. Дый хто будзе капаць яміны такімі маразамі! Страляў нейкі паляўнічы… Думаю, няма чаго турбавацца.

Яны збочылі са сцежкі і выйшлі на просеку. Снег тут ляжаў няроўнымі гурбамі, скрэмзанымі слядамі ад лыжаў.

– Вось... Недзе тут… Пад адным з гэтых узвышшаў ляжыць мой муж, пад другім – ваш… Дакладней вам ужо ніхто не скажа, – ціха прагаварыла Вераніка. І дадала, як сама сабе.

– Прывітанне, Алесь…

Побач пачулася такое самае, ціхае і горкае:

– Прывітанне, Апанас… Любы…

Трое лыжнікаў, двое юнакоў і дзяўчына, у цёплых шараварах і куртках, у яркіх вязаных шапачках і шаліках, праляцелі па лыжні, весела ўскрыкваючы, калі лыжы падскоквалі на ўзгорках, на хвілю адрываючы сваіх уладароў ад засыпанай снегам зямлі... Маладзёны неўразумела паглядалі на двух жанчын, якія асобна адна ад адной прагульваліся па сумётах, спыняючыся, прыгінаючыся…

– Пралескі шукаюць! – весела пракрычала лыжніца сябрам, і кампанія са смехам паімчала далей, да берага Цны.

Дзве цёмныя постаці наблізіліся адна да адной.

– Ну што, можа, пойдзем? – папыталася маладзейшая жанчына.

– Зараз… Яшчэ хвілінку… – папрасілася старэйшая, чый голас перарываўся ад плачу.— Прабачце… Але даўно мне не ўдавалася так выплакацца. Нібыта ў Апанаса на плячы… – вінавата ўсміхнулася. – Супакоюся… А то да людзей выходзіць брыдка.

З таго боку, адкуль яны прыйшлі, зашаргатаў снег. Да ўдоваў набліжаўся мужчына ў ватоўцы. Мужчына як мужчына, загарэлы хударлявы твар, упэўненыя рухі чалавека, які звык да вандровак, пранізлівыя цёмныя вочы ў сетцы глыбокіх зморшчынаў… Падобна, звычайны паляўнічы, бо за плячыма ў яго вісела стрэльба, а да пояса з патранташам быў прычэплены падстрэлены заяц.

– Дабрыдзень, жанчынкі! Нешта невясёлая ў вас прагулка, гляджу?

Усмешка і голас былі шчыра аптымістычныя. Вераніка кінула хуткі позірк на напятую Марыну Паўлаўну.

– Мы проста так сюды заблукалі. Яловых лапак хочам наламаць, упрыгожыць актавую залу.

– А вочы заплаканыя, – зазначыў паляўнічы. – Нешта вы тут, нібыта па могілках, ходзіце, грамадзяначкі.

– На Беларусі ўся зямля – могілкі, – не вытрывала Вераніка, і Марына Паўлаўна спалохана абняла яе:

– Ціха, Вераніка... Не слухайце яе…

– Так, загубілі народу праклятыя фашысты! – мужчына спачувальна паківаў галавой, дастаў пачак папяросаў “Казбек”, вытрас адну, прыкурыў… – Дык што, у вас тут і праўда пахаваны хтосьці?

– А каб і так, якая вам справа? – не вытрывала Вераніка, у якой усё ў душы пераварочвалася ад упэўненага тону паляўнічага.

– Ну вы скажаце – якая справа… Савецкі чалавек ніколі ад чужой бяды не адвернецца. І ад усяго падазронага таксама. Пільнасць страчваць нельга, грамадзяначкі. Фашыстаў пагналі, а бандыты ж засталіся, паліцэйскія недабіткі, шпіёны…

Незнаёмец паглядзеў, нібыта ўкалоў цёмнымі вачыма.

– А вы ж гарадскія, так? На настаўніц падобныя… У калгасе, куды мяне парторгам прыслалі, цяпер добрая школка… Дабіўся, каб адрамантавалі. Нядаўна двух настаўніц-камсамолак прыслалі ажно з Масквы. А адну, старую, арыштавалі. Пры немцах у школе выкладала, дзяцей новаму парадку вучыла, сука. Таксама інтэлігентная. У берэціку белым хадзіла. Цяпер не пафарсіць.

Жанчыны маўчалі, самі не разумеючы, чаму іх апаноўваў халодны жах. А паляўнічы спакойна выпусціў у зімовае паветра струмень казбекаўскага дыму.

– Так, пільнымі трэба быць, жанчынкі. Вораг – ён паўсюль хаваецца. Я ўжо добра гэта ведаю. Давялося вылоўліваць гадаў.

Мужчына кінуў недапалак пад ногі і прамовіў на развітанне з прыхаванай насмешкай:

– Ну, ламайце свае яловыя лапкі…

Зручней закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў пругкай хадою ў бок Цны. Марына Паўлаўна з плачам села на снег.

– Божа мой, як я напалохалася, мне раптам падалося, што гэты чалавек мог быць з тых, што забілі нашых мужоў!

– Уставайце, уставайце, пойдзем хутчэй… – зашаптала Вераніка, падымаючы яе. – Нам нельга тут заставацца…

Калі яны, падтрымліваючы адна адну, выйшлі з лесу, Вераніка парушыла маўчанне трывожным шэптам:

– Як вы думаеце, гэты чалавек выпадкова тут апынуўся?

Марына Паўлаўна варухнула збялелымі вуснамі.

– Магчыма, што невыпадкова.

Кабеты зноў замаўчалі. Калі яны наблізіліся да замеценых снегам дамкоў, Вераніка папыталася гэтак жа ціха:

– Вы казалі Паўлу пра тое, куды мы ідзем, увогуле, хто я?

Марына Паўлаўна паматала галавою.

– Не, не казала…

– Правільна! І не кажыце! – горача зашаптала Вераніка, азіраючыся, нібыта іх маглі падслухоўваць проста тут, на дарозе. – І я дачцы нічога не скажу… Яна і пра бацьку дакладна нічога не ведае. Толькі, што загінуў рана. Дзяцей трэба зберагчы…

– Так, ваша праўда... Дзяцей трэба зберагчы. І акрамя гэтага анічога не мае значэння.

Яны развіталіся на ўскрайку горада, калі ўжо сцямнела. Вераніка села ў трамвай, Марына Паўлаўна суха, амаль незаўважна, кіўнула на развітанне і засталася на прыпынку, хаця ёй трэба было ехаць таксама ў гэты ж бок. Але Вераніка не насмелілася яе ўгаворваць ці дамаўляцца на наступную сустрэчу. Магчыма, ім і праўда лепей не падтрымліваць знаёмства…

Загрузка...