Ніхто не можа жыць без імені. Ужо ў старажытнасці чалавек прыдумаў імёны не толькі для сябе, але і для сваёй малой радзімы.
Таму ў кожнай вёскі, як у чалавека, ёсць імя. Але адкуль яно бярэцца? А вось адкуль.
Жыў чалавек. Звалі яго Павел. І былі ў яго сыны – Паўлавічы. Пабудаваў Павел з сынамі вёску.
– Хто тут жыве? – пытаецца падарожнік.
– Мы – Паўлавічы, – адказваюць сяляне.
Значыць, гэтая вёска на Бярозаўшчыне атрымала назву ад імя чалавека.
А ў Івацэвіцкім раёне ёсць вёска Бабровічы. Людзі там раней лавілі баброў. Вось і клічуць вёску па назве жывёлы. Хоць баброў там ужо даўно няма...
Ёсць на Брэстчыне паселішчы, якія атрымалі імя з-за свайго месцазнаходжання. Вось пад Драгічынам жывуць вёсачкі Зарэчка ды Заверша. Адна знаходзяцца за рэчкай, другая – у нізіне, за грудком. Такіх назваў шмат па ўсёй Берасцейшчыне: Заазер’е – за возерам, Залуззе – за лугам. А Задзерць? За – дзерцю, атрымоўваецца. А што гэта такое – “дзерць”? Каб пабудаваць вёску, чалавеку прыйшлося шмат папрацаваць: ачысціць месца з-пад лесу і кустоў. Такое месца і звалася дзерцю.
А можа, ты сам здагадаешся, якая вёска ўзнікла раней: Старое Сяло ці Навасёлкі? Новая Мыш ці Старая Мыш?
Вось як шмат можа расказаць простае імя!
Некалі існавалі два падобныя словы: вёска і сяло. А чым яны адрозніваліся? На гэта пытанне адказаць проста: сяло звычайна было большае за вёску і ў кожным сяле абавязкова меўся храм.
Расказаць гісторыю ўсіх нашых сёл і вёсак немагчыма. Таму апішам толькі некаторыя, пра якія маем цікавыя легенды і паданні.
Калі яшчэ я вучыўся ў школе, мне дарослыя часта казалі: “Што ты адны крывулі ў сшытку пішаш?” А калі хацелася мне пахваліцца, перапынялі: “Глядзі, які крыўляка-задавака знайшоўся!” Вырас я і задумаўся, што гэта за словы такія дзіўныя, “крывулі” ды “крыўлякі”?
Аднойчы ў вельмі старой кнізе прачытаў пра паселішча, якое людзі назвалі Крывой Вуліцай. Значыць, уся вёска тады складалася з адной вуліцы. А пабудавалі яе жыхары так, як некалі я ў сшытку пісаў, – крывулямі. Хаты свае паставілі не па адной лініі, а як бог на душу пакладзе.
Прыязджаюць сяляне з суседніх вёсак і дакараюць:
– Чаму вы вёску крывулямі пабудавалі? Хіба так прыгожа?
– А нам і гэтак гожа! – адказваюць крыўлянцы.
– Ну і крыўлякі-задавакі!..
Хоць і не ўсё, відаць, у гэтай легендзе праўда, але прыкладна так узніклі пад Камянцом і Жабінкай дзве вёскі з аднолькавай назвай Крыўляны.
Паблізу Антопаля, там, дзе цяпер стаіць Першамайск, некалі было паселішча Прышыхвосты. Расказваюць, што гэтая дзіўная назва вось адкуль узялася.
Жыў у вёсцы Мужык. Усё было добра ў працавітага селяніна, вось толькі неяк прыжылося ў яго хаце Чарцянятка. І так пачало сваволіць – ратунку няма! Толькі гаспадар працу справіць, толькі на іконку памоліцца ды спаць пакладзецца, як пачынаецца пад стрэхамі мітусня. Посуд звініць, смецце ляціць, а нягоднік гагоча.
Цярпеў-цярпеў Мужык. Ды аднойчы не стрымаўся, сярод ночы выбег на падворак. Глядзіць, а Чарцянятка на страсе сядзіць ды ў комін гудзіць.
– Страшна, Мужычок? – пытаецца.
– Лёгка жывеш, нячыстая сіла. У комін: гу ды гу… Гэтак і я змагу. Вось ты мае працы парабі. Ой, як спужаешся!
– Гэта я спужаюся!? – скрывіў Чорцік свой роцік. – Такога на зямлі яшчэ не было, каб мяне спалохала!
– А раз так, давай у заклад біцца, – прапанаваў селянін. – Калі ты, зладзяйчук, з трыма маімі работамі справішся і дапамогі ад мяне не папросіш, тады я свае жытло табе пакіну ды па свету пайду. А калі не – тады твайго духу тут болей не будзе.
– Дык давай свае работы!
– Тады – першая… Ёсць у мяне, вашая нечысць, тры полі. Адное – камяністае, другое – ад веку не родзіць, а трэцяе – яшчэ аблогай ляжыць. Папрацуй, Чорцік, мо спіна не пераломіцца!
На досвітку пайшлі палі аглядаць. Чорт плуга не бярэ (не хоча ад селяніна дапамогі). На свае сілы спадзяецца.
І спраўна пачаў! Рогам глебу падымае ды зубамі грудкі раздрабняе. Усё б добра, ды як па камяністаму полю пайшоў, зубкі з рожкамі абтачыў. У бязродным – пясочку наеўся. А па цаліне араць пачаў – ды загруз…
– Што дапамагчы, паночку? – пытаецца Мужык.
– Сам, сам, сам! – сапіць Чорцік.
І глядзіш ты – даараў! Шкада толькі, без зубоў застаўся. Адпачыць не паспеў, а селянін ужо другую турботу задае:
– Трэба кароўку маю з пашы прыгнаць ды падаіць.
Чарцянятка ў луг пабегла. А рагуля, як нячыстага пабачыла, адразу наўцёкі кінулася. Той бегаў за ёю ў лузе, бегаў у полі, ледзь у лесе злавіў. Толькі капыты згубіў, вярнуўся злы ды кульгавы.
– Бачу, хлопча, без дапамогі не абысціся?
– Сам, сам, сам! – упарціцца Чорцік.
Хоць малака і надаіў на адно капытца, але слова трымае.
– Ну, рыхтуй, Мужык, торбу ў свет выбірацца.
– А ты не спяшайся. Яшчэ адна праца не зроблена.
– Дык давай, дзядзька.
– Тады двор яшчэ вымяці чыста.
– Вох!!! – узрадаваўся Чорцік ды кінуўся хвастом мясці, языком вылізваць. Ды так пашчыраваў пыл ганяць, што хвост ягоны – грэ-э-эх! – і пераламіўся. Як узвыў нячысцік, як заплакаў, заенчыў:
– Хвосцік мой, хвасток! Дапамажы мне, Мужычок!
– Што выручка патрэбна?
– Ой, патрэбна! Хвосцік мой, хвасток! Прышый яго, Мужычок!
Узяў селянін іголку-шыршатку і грубую нітку дый прыладкаваў чортаў хвост да задка.
З тае пары ў нашыя краі нячысцік ужо не заходзіць. Рожкі ды капытцы беражэ, а болей за іншае – хвост. Таму і вёску назвалі Прышыхвостамі.
Ад Пружанаў, дзе зліваюцца Муха і Вец, нараджаецца Мухавец. Пазней ён збірае воды сваіх прытокаў і нясе іх у дарунак Заходняму Бугу. Сярод шматлікіх прытокаў Мухаўца вылучаецца невялікая рэчка Рыта. А ў Рыты ёсць і свой прыток-невялічка, названы Маларытай.
На берагах Маларыты была заснаваная вёска Малая Рыта, а побач, на Рыце, – вёска Вялікая Рыта. Цяпер Малая Рыта (Маларыта) – даволі буйное мястэчка, значна большае за сваю цёзку. А некалі было наадварот. Ды часы мяняюцца. І цяпер Вялікарыта – усяго толькі вёска ў Маларыцкім раёне.
Здавён праз гэтыя землі, па гэтых рэках ішлі гандлёвыя шляхі ад Берасця да ўкраінскіх межаў і далей – да самага Чорнага мора.
Калі ў 1546 годзе праводзілася мяжа паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім, упершыню ўспомнілі і рытчан, якія жылі на той мяжы.
Ладненькая была вёсачка. Хаты ў ёй адна да адной туліліся. І ўсе гэтыя хаты паставіў мясцовы цясляр Цесля. Працавіты ды паважаны быў чалавек. Шмат дзетак на палатках сядзела. Жонку меў маладую, гаваркую ды спраўную.
Жылі ні багата, ні бедна: быў хлеб і да хлеба нешта было. Працавалі дзень пры дні, за тое і дзякавалі Богу. Пакрысе збіралі грошык да грошыка. Неўзабаве вырашылі купіць цяля, ды бычка, ды кароўку белабокую.
У нядзельку з раніцы выправіліся Цеслі ў Кобрын на кірмаш. Тлумна на кірмашы. Якога толькі тавару гандляры не прывезлі! Вось адзенне ладнае, чобаты – лапцям не роўня. Вось збаны, місы, гаршкі… Вочы разбягаюцца ад таго хараства і багацця.
А вось – конь Гнядко. Як убачыў яго Цесля, пра ўсё на свеце забыўся. І ўсе свае грошы за каня аддаў.
Жонка Цеслева хацела насварыцца, а зірнула на каня і пахваліла:
– Такога і ў воз запрагаць шкада!
Паглядзеў Цесля на свайго Гнядка ды махнуў рукою:
– Ат, пойдзем пехатою, як і сюды ішлі.
Вось ідуць дарогаю: Цесля каня вядзе, за ім жонка з дзеткамі тупаюць. Дайшлі да ростані. Каб да ночы дамоў патрапіць, вырашылі напрасткі рухацца, праз ручай. Толькі тут замінка выйшла.
Ручай пад камень бяжыць, балбоча. А конь стаіць, вушамі стрыжэ. Колькі ні нукаў гаспадар – конь як да зямлі прырос.
“Што за ліха? – думае Цесля. – Каб ведаў, што ты такі наравісты, купіў бы цяля, ды бычка, ды кароўку белабокую”.
Вымушаны былі вяртацца доўгай дарогай.
Ужо добра змяркалася, як падышлі Цесля з Гнядком ды Цясліха з дзеткамі да сваёй вёсачкі. Аднак што тут робіцца? Светла, як поўдзень! Бачаць, хаты гараць, па падворках полымя бегае, гудзе.
За ноч вёсачку пажар бы языком злізаў. Плачуць людзі, збіраюцца ў свет пайсці – міласціну прасіць.
– Чаго вы засумавалі? – пытаецца Цесля ў вяскоўцаў.
– Усё ж панішчана… Нічога не засталося!
– А рукі ў вас засталіся? Дык давайце хаты свае адбудоўваць. Вось ужо і конь у мяне ёсць, Гнядко. Дапаможа нам, пагарэльцам, бярвёны вазіць.
А жонцы майстар сказаў:
– Як вёску адбудуем, купім яшчэ і цяля, і бычка, і кароўку белабокую…
Вось так і паўстала некалі ў нашых мясцінах новая вёска. У памяць пра той пажар Гарэлкамі завецца.
За добрую службу аддзячыў вялікі князь Касцюшку Фёдаравічу, свайму пісару. Атрымаў той грамату на вёску недалёка ад Берасця.
Строгі пан Касцюшка. Конь у яго добры, шабля вострая, чорны жупан на плячах, шапка, лісам падбітая, на галаве. Адразу бачна – едзе новы гаспадар.
Сышліся сяляне павітацца з панам.
– Казалі мне, што першымі на гэтым месцы пасяліліся Перка, Кісель, Ляховіч ды Сяхно, – распачаў гаворку Касцюшка Фёдаравіч. – Дзе яны? Дзе Перка?
– Няма Перкі ўжо, – адказалі з натоўпу. – Адны Перкавічы засталіся.
– А Ляховіч дзе?
– І ён памёр. Засталіся Ляховічы.
– Можа, Кісель жывы?
Выйшаў наперад дзед з белаю барадою.
– Я Кісель. А вунь – мае Кісялевічы.
Абступілі старога дзеці і ўнукі, стаяць, чакаюць, што яшчэ пан скажа.
– А Сяхно тут? Казалі мне, першы майстра быў у вёсцы.
Маўчаць людзі, галовы схілілі. Зняў Касцюшка Фёдаравіч шапку, лісам падбітую, ціха спытаў:
– А дзеці яго дзе?
– Не было ў яго дзяцей. Пасля сябе пакінуў у вёсцы толькі хаты…
Сказаў так стары Кісель і нізка пакланіўся Касцюшку:
– Дзеці і ўнукі мае – Кісялевічы. Ёсць Перкавічы і Ляховічы. Зрабіце ласку, пане: няхай ужо вёска, якую збудаваў Сяхно, Сяхновічамі завецца.
Пагадзіўся гаспадар. З таго часу і жыве ў назве вёскі памяць пра майстравога чалавека.
1. Ёсць на Брэстчыне вёскі Пятровічы, Задвор’е, Багданаўка, Мышчыцы, Жабчыцы, Вярхі, Маціевічы, Бабры, Нагараны, Запруды, Лугі, Ёжыкі. Якія з іх атрымалі назву: а) ад імя чалавека; б) ад назвы жывёлы; в) ад месцазнаходжання паселішча?
2. Чым раней адрознівалася сяло ад вёскі?
3. Адкуль узялося імя ў Крыўлянаў?
4. Скарыстайце легенды і казкі пра вёскі Прышыхвосты, Гарэлкі і Сяхновічы, каб падрыхтаваць невялікія сцэнкі.
5. Якія рэкі далі назву Вялікарыце і Маларыце?