У Сусвеце плыве вялікая планета Зямля. На ёй жывуць шмат народаў. Усе яны – людзі, зямляне. Але кожны зямлянін мае яшчэ свой асабісты край – куточак, які называе малой радзімай.
Малая радзіма – гэта тое невялікае месца на планеце Зямля, да якога мы прывязаны каранямі. Тут мы нарадзіліся і жывём. Сюды мы будзем заўжды вяртацца з далёкіх вандровак.
Людзі заўсёды будуць нас называць імем нашай малой радзімы. Таму дзяўчынку са Старога Сяла клічуць стараселкай, хлопчыка з вёскі Азяты – азятчуком, а жыхароў горада Столін і Столінскага раёна – столінцамі.
Адшукаць нашу малую радзіму лёгка. Трэба толькі адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу. Усё, што ўбачыш навокал, – гэта яна, твая малая радзіма. Твая рэчка. Тваё поле. І твой лес. Твая школа. Твая першая настаўніца... І яшчэ шмат, шмат чаго.
У класе вісіць карта краіны Беларусь. У гэтай краіне жыве народ – беларусы. І твая малая радзіма – часцінка Беларусі.
– Значыцца, я – беларус? – спытаешся ты.
– Так, беларус. Беларусь – твая краіна. Тут нарадзіліся твае мама і тата, твае дзядулі і бабулі. Гэта яны будавалі дамы і палацы, гэта яны расцілі хлеб, гэта яны абаранялі сваю зямлю ад ворагаў. І ўсё гэта дзеля таго, каб табе, іх нашчадку, лепей было жыць.
Але ў Беларусі жыве многа розных народаў. Галоўнае, каб усім было тут утульна. Галоўнае любіць зямлю, якая табе стала, як маці.
Давай адшукаем на карце Брэсцкую вобласць. Часам яе завуць Брэстчынай, ці Берасцейшчынай. Менавіта ў яе склад уваходзіць твая малая радзіма, таму суседзі называюць усіх нас берасцейцамі. Але гэтыя мясціны часам яшчэ клічуць Палессем. Атрымліваецца, што мы яшчэ і палешукі.
Вось колькі шмат у цябе імёнаў, паважаны чытач!
Брэстчына размяшчаецца на паўднёвым захадзе Беларусі. Плошча нашай вобласці – 32 тысячы квадратных кіламетраў. Здаецца, зусім няшмат, за дзень-другі яе можна праехаць уздоўж і ўпоперак. Але ў свеце ёсць краіны, нават меншыя за нашу вобласць. Напрыклад, Бельгія ці Албанія меншыя за нашу Брэстчыну.
Вобласць складаецца з 16 раёнаў. Кожны з іх мае свае асаблівасці. Напрыклад, на той плошчы, што займае Столінскі раён, можна было б размясціць ажно пяць Жабінкаўскіх!
Кожны раён мае свой адметны знак – герб.
Сярод гербоў сустракаюцца вельмі старажытныя. Божая Маці з маленькім Хрыстом на руках і святая Ганна, змешчаныя на прыгожым гербе Кобрыншчыны, аберагаюць Беларусь ужо доўгія стагоддзі. А вежы на камянецкім і высокаўскім знаках расказваюць пра гісторыю мясцін, што спрадвеку баранілі край.
Косаўцы змясцілі ў сябе на гербе Косаўскі палац, ляхаўцы – Ляхавіцкі замак, а бярозаўцы – былы Бярозаўскі манастыр. Адметны знак Пружанаў радніць беларускі горад з італьянскім Міланам!
У Брэста (старажытнага Берасця) на блакітным полі ёсць сярэбраны лук са стралой. Таму многія гарады Брэсцкай вобласці цяпер маюць на гербах менавіта лукі са стрэламі. Сярод іх Белаазёрск, Драгічын, Іванава. А ў Пінска лук залаты: напамін пра тыя часы, калі горад сам быў сталіцай.
Брэстчына заўжды была гасцінным, хлебасольным ды гандлёвым краем. Пра гэта сведчаць гарадскія знакі Баранавічаў і Давыд-Гарадка.
Любяць палешукі кветкі і дрэвы, якія ёсць на гербах Жабінкі, Івацэвічаў, Лунінца, Маларыты. Асабліва яны шануюць бусла. Вераць, што белакрылая птушка селіцца толькі каля добрых людзей, прыносіць у сем’і дзяцей, аберагае Беларусь ад няшчасцяў. Нездарма буслы кружаць на гарадскіх знаках Ганцавічаў і Століна.
Слова мяжа зразумее кожны. Азначае яно тое, што знаходзіцца “паміж”, “меж”... Межаваліся тыя, хто працаваў на зямлі і валодаў ёю. Межавацца было нескладана, калі абшары падзяляліся самой прыродай: ракою, ручаём, узгоркам, лесам. На дрэвах ставілі знакі-насечкі ці высякалі крыжы. Ужо ў старажытнасці гэтыя насечкі называлі граніцай. Так мы гаворым і цяпер.
Наша вобласць месціцца на поўдні Беларусі. Мы суседнічаем з Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцямі, маем агульную граніцу з замежнымі краінамі – Польшчай і Украінай. А Брэст – самы вялікі горад у свеце, у якога гарадская мяжа супадае з дзяржаўнай граніцай.
1. А цяпер паўторым:
– мы зямляне, бо жывём на планеце. . . . . . ,
– мы беларусы, бо жывём у краіне. . . . . . . ,
– мы палешукі, бо жывём на . . . . . . . . . . . . ,
– мы берасцейцы, бо жывём у. . . . . . . . . . . .
Яшчэ ўспомні назву сваёй малой радзімы і дапоўні:
– мы . . . . . . . . . , бо жывём у . . . . . . . . . . . .
2. Раскажы, з чаго складаецца твая малая радзіма? Намалюй яе.
3. Што цікавага ты можаш расказаць пра раён, у якім жывеш?
4. З якой краінай наша вобласць мае самую працяглую граніцу? А з якой краінай яна мяжуецца па рацэ?
5. Напішы лісты сябрам з іншых абласцей Беларусі. Раскажы, як цябе клічуць, даведайся, а як завуць іх?