Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце

Пераклад Язэпа Семяжона


Дзейныя асобы:

АРСІНА, герцаг Ілірыйскі

СЕБАСЦЬЯН, брат Віёлы

АНТОНІА, марскі афіцэр, сябра Себасцьяна

КАПІТАН КАРАБЛЯ, сябра Віёлы

ВАЛЯНЦІН, КУРЫЁ } дваране са світы герцага

СЭР ТОБІ БЭЛЧ, дзядзька Алівіі

СЭР ЭНДРУ ЭГ’ЮЧЫК

МАЛЬВОЛЬЁ, дварэцкі Алівіі

ФАБІЯН, ФЭСТА } слугі Алівіі

БЛАЗЕН

АЛІВІЯ

ВІЁЛА

МАРЫЯ, камерыстка Алівіі


Вяльможы, свяшчэннікі, маракі, ураднікі, музыканты і іншыя прыдворныя.


Месца дзеяння: горад у Ілірыі і марскі бераг непадалёку.



АКТ I


СЦЭНА I

Пакой у палацы герцага. Уваходзяць ГЕРЦАГ, КУРЫЁ і іншыя ВЯЛЬМОЖЫ, за імі — музыканты.


ГЕРЦАГ

Хвіліначку, шаноўныя! Каханне,

Гавораць, кормяць музыкай; папросім

Расшчодрыцца звыш меры музыкантаў,

Каб нашае жаданне ў здавальненні

Спачыла. Вы яшчэ раз той матыў,

Што, плаўна заміраючы, пяшчотна

Ўлагоджваў слых, як слодыч мёду — вусны.

Мы гэтак удыхаем пах фіялак,

Калі яго пад шчодрым сонцам мая

То дорыць нам, то крадзе подых ветру.

Даволі! Штось не тое,— мне здаецца,

Раней было ў ім значна больш пяшчоты.

О, дух кахання, свежы, лёгкакрылы,

Як матылёк! Хоць у табе адным

Усё змясцілася, як скарбы ў моры,

Нішто ў твае патайныя глыбіні

Не ўнікне,— нават і высакароднасць —

Без рызыкі згубіць цану адразу ж!

Фантазія — такі клубок жаданняў,

Што без фантазіі канца не знойдзеш.

КУРЫЁ

Вы паляваць збіраліся, мой герцаг?

ГЕРЦАГ

На што?

КУРЫЁ

На лань.

ГЕРЦАГ

Я на яе палюю

Даўно, а ўзяць на мушку не ўдаецца.

Калі я ўпершыню сустрэў Алівію,—

Здалося, быццам свет мне праясніўся,

I разам з тым няшчасны паляўнічы

Ўвасобіўся ў аленя, за якім,

Як ганчакі, бягуць услед жаданні.

Уваходзіць ВАЛЯНЦІН.

Ну, што яна сказала?

ВАЛЯНЦІН

Ваша светласць,

Мяне сустрэцца з ёй не дапусцілі,

Праз камерыстку ж быў такі адказ:

Яшчэ не менш сямі спякотных лет

Не ўбачаць твар яе з-пад пакрывала.

Няўцешная, у чорным, як манашка,

Яна дала зарок насіць жалобу

I кожны дзень слязьмі па многу раз

Крапіць сваю пустэльніцкую келлю.

Адна прычына гэтых слёз, здаецца:

Каб не завяла і заўсёды свежай

Была яе сястрынская любоў

Да брата, што даўно ўжо на тым свеце.

ГЕРЦАГ

О, шчодралюбная! Калі ў яе

Такое сэрца, што даўгі любові

Не закаханаму, а нават брату

Адплачвае гадамі, дык з якою ж

Адданай шчодрасцю яно палюбіць,

Калі ў яго пацэліць залатая

Страла і не адно, а ўсю чародку

Пачуццяў кволых, што жывуць у ім,

Глыбока раніць! Што ж тады, калі

Мозг, сэрца, печань — гэтыя прастолы

Вярхоўных органаў у чалавеку,—

Адзіны зойме самаўладца — муж?

Пайшлі; вы ўперад, у цянёк платана,

Дзе так прыемна марыць аб каханай.


Выходзяць.


СЦЭНА II

Марскі бераг.

Уваходзяць ВІЁЛА, КАПІТАН і МАРАКІ.


ВІЁЛА

Што тут за край, сіньёры?

КАПІТАН

Тут наўкол—

Ілірыя, сіньёра.

ВІЁЛА

Што я буду

Рабіць у Ілірыйскім тут краі,

Калі мой брат, магчыма, ўжо ў раі —

Ў Элізіі? Хто ведае, мо ён

Уратаваўся выпадкам. А як

На вашу думку, капітан?

КАПІТАН

Вы самі

Жывыя засталіся выпадкова.

ВІЁЛА

Мой бедны брат! Дык, можа быць, і ён...

КАПІТАН

О так, і, каб суцешыць вас, скажу вам:

Калі на рыфах карабель разбіўся,

І вы з той групкай, хто паспеў саскочыць

У лодку, апынуліся на хвалях,

Ваш брат — я бачыў сам,— не разгубіўся:

Ён, прывязаўшыся вяроўкай к мачце,

Таўшчэзнай і нятонучай, адчайна

Пусціўся плыць. Адважны чалавек:

Якая б ні спасцігла небяспека,

Надзей не траціць; гэткі быў ваш брат.

Я час ад часу бачыў, покуль мог,

Як ён з вяршыняў хваль ныраў у прорвы

I то знікаў, то зноў з’яўляўся зверху,

Падобны Арыёну на дэльфіне.

ВІЁЛА

Вось залаты за добрую навіну.

(Дае яму дукат.)

Маё уратаванне акрыляе

Ўва мне надзею, што і брат, магчыма,

Жывы застаўся. О, калі ж бы так!..

Тваё паведамленне ў пэўнай меры

Дае падставу для такой надзеі.

Табе знаёмая мясцовасць гэта?

КАПІТАН

О, так, сіньёра. Тры гадзіны ходу

Адсюль да месца, дзе я нарадзіўся.

ВІЁЛА

Хто ж уладарыць тут?

КАПІТАН

Высакародны

Паходжаннем і чулы сэрцам герцаг.

ВІЁЛА

А як яго завуць?

КАПІТАН

Арсіна.

ВІЁЛА

Як?

Арсіна! Мне даводзілася чуць

Ад бацькі гэтае імя. Здаецца,

Ён нежанаты быў тады.

КАПІТАН

О, так.

Ён і цяпер, напэўна, нежанаты.

Калі лічыць, дык не прайшоў і месяц,

Як я адплыў адсюль; тады ў народзе

Шапталіся — вядома ж, просты люд

Пагаварыць аматар пра вялікіх,—

Што герцаг закаханы ў прыгажуню —

Алівію-суседку.

ВІЁЛА

Хто яна?

КАПІТАН

Дачка памерлага нядаўна графа,

Дзяўчына — з прыгажуняў прыгажуня.

Якісьці час была пад апякунствам

Свайго ж браценніка, нашчадка графа.

Нашчадак скора ўслед пайшоў за бацькам;

Яна, асірацелая, ў жалобе

Па двух нябожчыках, а больш па брату,

Зраклася ўцех зямных і адзінока

Жыве пустэльніцай.

ВІЁЛА

Ах, калі б мне

Наняцца да яе хоць пакаёўкай,

Але пры ўмове, каб ніхто не ўведаў.

Хто я і што, пакуль для высвятлення

Не прыйдзе зручны момант.

КАПІТАН

Не, сіньёра,

Курс — не па компасе. Яна ніколі

Прымаць сабе паслуг не дазваляе

Не толькі ад людзей нязнатных родам,

А і ад герцага.

ВІЁЛА

Мне імпануе

Твая манера, капітан, трымацца.

Хоць часта пад прывабным знешнім бляскам

Прырода тоіць гніль, такой заганы

Ў табе я не знаходжу. Мне здаецца,

Што ўсё ў табе — характар і душа —

Адпавядаюць выпраўцы адменнай

Марскога воўка і прыгажуна.

Прашу цябе — я заплачу не скупа,—

Не гавары нікому, хто і што я,

I памажы мне так пераадзецца,

Каб знешні выгляд быў візітнай карткай

Маіх намераў. Я хачу наняцца

Да герцага ў прыслугі. Ну, напрыклад,

Рэкамендуй мяне да іх на службу

Як еўнуха. Я згодна, і павер —

Я ўмею пець, іграць на інструментах,

I дагаджаць ва ўсім змагу як трэба.

Што будзе, тое будзе, марачок,

Адно прашу: пра мой намер — маўчок!

КАПІТАН

Дзе будзе еўнух, будзе і нямы.

Дык, значыць, вы — не вы і мы — не мы!

ВІЁЛА

Вось дзякуй! Ну, вядзі.


Выходзяць.


СЦЭНА III

Дом Алівіі.

Уваходзяць ТОБІ БЭЛЧ і МАРЫЯ.


СЭР ТОБІ

Якога чорта мая пляменніца так ужо гаруе па нябожчыку браце? Ці ж яна не ведае, што гора — жыцця нашага вораг.

МАРЫЯ

Сэр Тобі, пабойцеся бога: вам не шкодзіла б раней вяртацца дадому вечарамі; ваша пляменніца, мая мілэдзі, вельмі перажывае, што вы не ведаеце ні пары, ні часу.

СЭР ТОБІ

Ну і няхай перажывае, пакуль жыве, а памрэ — не будзе.

МАРЫЯ

I ўсё ж вам не пашкодзіла б у сваіх паводзінах пераняць іншую моду.

СЭР ТОБІ

Бач ты, іншую моду! Ніякай іншай моды я не знаю і знаць не хачу. Маё адзенне зусім падыходзіць для таго, каб у ім піць, і гэтыя батфорты — таксама. А калі не, то няхай яны павесяцца на сваіх вушках.

МАРЫЯ

Глядзіце ж, каб гэтыя п’янкі ды гулі вас не раздзелі ды не разулі. Я чула шчэ ўчора, што мая мілэдзі гаварыла тое самае, успамінала і пра нейкага прыдурка-кавалера, якога вы аднойчы ноч-апоўнач прывялі сюды сватацца.

СЭР ТОБІ

Гэта пра каго ж, пра гэтага «Бледнашчокага» — сэра Эндру Эг’ючыка?

МАРЫЯ

Ну пра яго, вашага «Чыкчырыка».

СЭР ТОБІ

Дык ён жа самае тлусценькае залатое цялятка ва ўсёй Ілірыі.

МАРЫЯ

Ну і што з таго?

СЭР ТОБІ

А тое, што ў яго тры тысячы дукатаў прыбытку ў год.

МАРЫЯ

Гэтае залатое цялё — вялікі дурань і абармот, якому тры тысячы — толькі на год.

СЭР ТОБІ

Фэ, сорамна вам так гаварыць. Ён жа грае на віёль-гамбоне і размаўляе на трох ці чатырох мовах — слова ў слова і ўсё са сваёй галавы. У гэтым чалавеку добрыя задаткі ад прыроды.

МАРЫЯ

Ага, задаткі ад прыроды. А хто імі валодае — вы, уроды? Ён не толькі вялікі дурань, а яшчэ і не меншы задзіра. Крый бог, каб у яго яшчэ не было задатку баязлівасці, што стрымлівае яго гарачку ў сварках. Тады б, як кажуць разумныя людзі, яго б скора азадачыла магіла.

СЭР ТОБІ

Клянуся гэтай рукой, мярзотнікі і плеткары ўсе тыя, хто так гаворыць пра яго. Хто яны?

МАРЫЯ

Тыя самыя; яны яшчэ і дадаюць, што ваш «Чыкчырык» напіваецца штовечара, як жаба гразі, у вашай жа кумпаніі.

СЭР ТОБІ

Дык чалавек жа п’е за здароўе маёй пляменніцы. I я буду піць за яе здароўе, аж пакуль не захрасне праход у маім горле і не высахне дно ў вінных бочках Ілірыі. Той палахлівец і смаркач, хто не стане піць за здароўе маёй пляменніцы і піць датуль, пакуль у яго мазгах не закруціць, як у завіруху. Вось так, языкастая пакаёвачка, ці як гэта па-латыні? — castiliano vulgo. А вось і лёгкі на ўспаміне сам Эндру.


Уваходзіць сэр ЭНДРУ ЭГ'ЮЧЫК.


СЭР ЭНДРУ

Сэр Тобі Бэлч! Як маецеся, сэр?

СЭР ТОБІ

Мілейшы мой сэр Эндру!

СЭР ЭНДРУ

Блаславі вас бог, куслівая прыгажуня.

МАРЫЯ

I вас таксама, сэр «Бледнашчочка».

СЭР ТОБІ

Тупай-тупай, сэр Эндру, і смялей!

СЭР ЭНДРУ

Што за яна?

СЭР ТОБІ

Камерыстка маёй пляменніцы.

СЭР ЭНДРУ

Дабрэйшая міс Тупай, мне б хацелася пазнаёміцца з вамі бліжэй.

МАРЫЯ

Мяне завуць Марыя, сэр.

СЭР ЭНДРУ

Дабрэйшая міс Мэры Тупай...

СЭР ТОБІ

Вы памыляецеся, высакародны рыцар, «тупай» значыць пад’язджай, падлашчвайся, атакуй і кладзі на лапаткі.

СЭР ЭНДРУ

Ах, вось што яно такое — «тупанне». Страшнавата, скажу вам, падтупваць да такой у кампаніі, дальбог.

МАРЫЯ

Да пабачэння, сэры пустасмехі!

СЭР ТОБІ

Доблесны рыцар, калі ты яе так адпусціш,— закляну, каб рука твая ва векі вякоў не агаляла клінка.

СЭР ЭНДРУ

Чуеце, міс, калі я вас так адпушчу, то руцэ маёй ніколі не агаляць майго начыння. Ці вы, золатка, думаеце, што ў вашы ручкі трапіў няўмека?

МАРЫЯ

Шкада, што вы не пабывалі ў маіх руках, сэр.

СЭР ЭНДРУ

З прыемнасцю пабываю, ягадка. Вось вам мая рука.

МАРЫЯ

Рука не парука, сэр. Я б вам раіла занесці вашу руку ў паграбок і акрапіць чым-небудзь.

СЭР ЭНДРУ

Навошта, сэрцайка маё? Што азначае ваша метафара?

МАРЫЯ

Тое, што яна ў вас сухаватая, сэр.

СЭР ЭНДРУ

Думаю, што так. Я не такі асёл, каб пры падобных справах утыкаць рукі ў што-небудзь мокрае. Але ўсё-такі, што значыць ваш жарт?

МАРЫЯ

Сухі жарт, сэр.

СЭР ЭНДРУ

А ў вас іх па завязку?

МАРЫЯ

А як жа, сэр. Паўнютка, паўнюсенька; і на кожным пальчыку па жарціку. А цяпер, калі я адпускаю вашу руку, яны ўсе — фырр, і я — за імі ўслед. (Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

О, рыцар, табе не хапае добрага кубка канарскага іскрыстага. Ніколі мне не даводзілася бачыць, каб ты так нізка падаў.

СЭР ЭНДРУ

I мне думаецца, што ніколі; магчыма, аднак, толькі тады, калі я падаў ад канарскага. Часамі, праўда, здагадваюся, што ў гэтым чарапку розуму столькі ж, як і ў любога іншага хрысціяніна — простага чалавека. Уся мая бяда, мабыць, у тым, што я вялікі ядок мяса, і думаю — гэта шкодна маім мазгам.

СЭР ТОБІ

Несумненна.

СЭР ЭНДРУ

О, калі б я ў гэтым не сумняваўся, я даў бы сабе зарок і ў рот яго не браць. Заўтра я ад вас адбываю, сэр Тобі.

СЭР ТОБІ

Pourgui, мой дарагі рыцар?

СЭР ЭНДРУ

Што значыць «pourgui»? Ехаць ці не ехаць? Ах, ах, лепш бы мне было патраціць той час, які я змарнаваў на фехтаванне, танцы і паляванне на мядзведзяў,— на вывучэнне моў. На жаль, мне не хапае красамоўства. Адразу відаць — не займаўся чалавек віційствам.

СЭР ТОБІ

А каб займаўся, дык што — на галаве ў цябе звілося б цэлае гняздо?

СЭР ЭНДРУ

А ты думаешь, што ад гэтага валасы палепшалі б.

СЭР ТОБІ

Безумоўна, ты ж бачыш, што без віційства яны ў цябе не віліся.

СЭР ЭНДРУ

Але і без завіткоў яны мне ўсё-такі да твару, га?

СЭР ТОБІ

Дзіва што, завісаюць, як кудзеля з прасніцы; баюся, што якая-небудзь папрадуха зашчэміць цябе паміж каленяў і пачне іх сукаць на верацяно.

СЭР ЭНДРУ

Дальбог жа, заўтра я еду, сэр Тобі. Вашу пляменніцу пабачыць немагчыма. А калі б і пашчасціла, то — чатыры супроць аднаго — я мог бы быць самым першым, каго яна і знаць не захоча. Тут сам граф пускае па ёй слінкі.

СЭР ТОБІ

А ёй на графа начхаць; Яна не выйдзе замуж за чалавека, які б пераўзыходзіў яе багаццем, гадамі, ну і розумам. Сама ў тым бажылася, я колькі разоў чуў. Не журыся, стары, яшчэ не ўсё страчана.

СЭР ЭНДРУ

Застануся яшчэ на месяц, калі так. Сказаць па праўдзе, дык я — чалавек кампанейскі: люблю маскарады, гулюшкі, асабліва тое і другое ў вясёлым спалучэнні, страх як люблю!

СЭР ТОБІ

А ты не скора скісаеш у такіх забавах, рыцар?

СЭР ЭНДРУ

Як і любы ў Ілірыі, хто б сабе ён ні быў, акрамя, вядома, тых, хто вышэй за мяне па рангу. Але з бражнай бочкай я ўсё ж не магу зраўняцца, старына.

СЭР ТОБІ

А ў чым жа ты асабліва дасціпны, рыцар? Можа, у гэтай моднай цяпер гільярдзе?

СЭР ЭНДРУ

Ды як сказаць, падбрыкнуць козлікам умею.

СЭР ТОБІ

А я аддаю перавагу козліку ў закусі.

СЭР ЭНДРУ

Думаю, што і ў адскоках назад са мной мала хто зраўняецца ва ўсёй Ілірыі, дальбог.

СЭР ТОБІ

Дык чаму ж, скажы ты мне, трымаць у тайне такія таленты? Чаму яны за заслонай? Ці, можа, іх завешваюць, каб не запыліліся, як партрэт конкурснай прыгажуні? Чаму ты не ходзіш у царкву маршавым крокам гільярды і не вяртаешся адтуль дадому ў нрыскоках каранты? Модныя ж танцы. Я на тваім месцы ступаў бы толькі з падбрыкамі джыгі, а, прабач, малую патрэбу спраўляў бы ў тэмпе контрданса. Ці ж можна на гэтым свеце ўтойваць свае таленты, скажы ты мне, рыцар? Гляджу вось на вытачаныя лініі тваёй нагі і думаю: як тонка сфармавалася, жэрдка, пад зоркай гільярды!

СЭР ЭНДРУ

О так, нага ў мяне дзябёлая і вельмі не блага выгдядае ў панчосе палымянага колеру. Дык як, наладзім мы сёння якую-небудзь балюшку-весялушку?

СЭР ТОБІ

А чым жа іншым нам, лайдакам, заняцца? Ці мы нарадзіліся не пад хвастом у цяльца?

СЭР ЭНДРУ

Цяльца, цельца!.. У маім уяўленні — гэта грудзі і сэрца.

СЭР ТОБІ

Не, рамантык. Гэта лыткі і сцягнякі. Пакажы лепш свой спрыт, як ты скачаш. Гоп-ля, вышэй, вышэй! Гоп-ля, гоп! Надзвычайна!


Выходзяць.


СЦЭНА IV

Пакой у палацы герцага.

Уваходзяць ВАЛЯНЦІН і ВІЁЛА ў мужчынскім адзенні.


ВАЛЯНЦІН

Калі герцаг і далей будзе рабіць вам такую ласку, Цэзарыё, то вы далёка пойдзеце, ён знае вас усяго тры дні, а вы ўжо тут зусім не чужы.

ВІЁЛА

Адно з двух: альбо вы асцерагаецеся яго зменлівасці, альбо сумняваецеся ў маіх здольнасцях, калі ставіце пад сумненне пастаянства яго любові. Ён што — непастаянны ў сваіх сімпатыях?

ВАЛЯНЦІН

Паверце мне, пастаянны.

ВІЁЛА

Дзякую. Сюды ідзе сам герцаг.


Уваходзяць ГЕРЦАГ, КУРЫЁ і СЛУГІ.


ГЕРЦАГ

Цэзарыё не бачылі, сіньёры?

ВІЁЛА

Я тут, да вашае паслугі, герцаг.

ГЕРЦАГ

(да слуг)

Вы адыдзіце ўоок і пачакайце.—

Цэзарыё, табе мне больш нічога

Няма сказаць. Перад табой, мой хлопчык,

Раскрыў я кнігу таямніц душэўных,

Пагэтаму прашу цябе, мой мілы,

Кіруйся проста да яе з пасольствам.

Адмовы не прымай, стань пры варотах,

Гразі, што ступакамі ўрос у камень

I не скранешся з месца. Патрабуй:

«Мне толькі да яе» — і ўсё.

ВІЁЛА

Мой герцаг,

Калі дзяўчына шчэ ў такой жалобе,

Як кажуць, то яна ж мяне не прыме.

ГЕРЦАГ

Скандаль, пераступай усе граніцы

Прыстойнасці — прыдатны сродкі ўсе

Для дасягнення поспеху.

ВІЁЛА

Дапусцім,—

Графіня прыме, ну, а што далей?

ГЕРЦАГ

О, самае ж галоўнае ў далейшым:

Старайся ўвесь парыў майго кахання,

Ўсю страсць яго раскрыць, каб гэтым самым

Расчуліць, паланіць дзяўчыны сэрца.

Кажы, што я адданым, і пяшчотным,

I верным мужам буду ёй да смерці.

Ты ж лёгка можаш зразумець пакуты

I мой адчай: ты сам яшчэ юнак,

Бо маладое ж маладому верыць

Хутчэй, чым пасланцу ў гадах.

ВІЁЛА

Наўрад,

Я сумняваюся.

ГЕРЦАГ

Павер мне, мілы.

Ачэрніць той шчаслівы твой узрост,

Хто скажа — ты мужчына. Свежасць шчочак,

Румянасць вуснаў, шыйка — ты Дыяна,

Багіня хараства, і сам твой голас,

Пявучы і высокі, зграбнасць рухаў,

Як у дзяўчыны,— ты самой прыродай,

Здаецца, створаны іграць жанчыну.

Я ўпэўнены, што гэтае сузор’е

Тваіх задаткаў тут якраз да месца.

(Да слуг.)

Чацвёра з вас ці пяцера, ступайце

Ўслед за паслом маім, а — хоць і ўсе!

Мне лепш, калі нікога з вас няма тут:

Зрабіў што, не зрабіў — ніхто не бачыць.

Дык ты вярніся, юны друг, з удачай

I зажывеш прывольна, як мы самі —

Усім з табой падзелімся.

ВІЁЛА

Зраблю

Ўсё, што змагу, каб вам яе сасватаць.

(Убок.)

Быць сватам, значыць, быць і добрым хватам.

А што, каб сват сабе яго сасватаў?

(Выходзіць.)


СЦЭНА V

Дом Алівіі.

Уваходзяць камерыстка МАРЫЯ і блазен ФЭСТА.


МАРЫЯ

Не, галубок, калі не скажаш мне, дзе ты валачыўся, дык я і языком не павярну, каб заступіцца. Гаспадыня павесіць цябе, валацугу, за адлучку.

БЛАЗЕН

Няхай вешае. Хто на гэтым свеце навісіцца, той на тым — і д’ябла не пабаіцца.

МАРЫЯ

Чаму гэта?

БЛАЗЕН

Таму, што там ён нічога не ўбачыць.

МАРЫЯ

Складна, але не зусім дакладна. Я магу сказаць, дзе ты падабраў сваю чартоўскую прымаўку.

БЛАЗЕН

Ну дзе, дабрэйшая міс Мэры?

МАРЫЯ

У разбоях, вось дзе, разбойнік. I не дзіва, што ты яе смела абкатваеш у сваіх дурыках.

БЛАЗЕН

Што ж зробіш? Дай бог мудрасці тым, у каго яна ёсць, а дурням — карыстацца сваім талентам.

МАРЫЯ

I ўсё-такі цябе павесяць — гэта ж так доўга недзе швэндаўся! А калі не павесяць, то патураць з двара. Ці гэта табе не ўсё роўна?

БЛАЗЕН

Многіх вісусаў добрая вісельня ратуе ад благой жаніцьбы; прагоняць — скажам: «Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому».

МАРЫЯ

Упарціся, упарціся, болей заробіш!

БЛАЗЕН

Я не ўпарчуся і не апраўдваюся; проста ў мяне — во памочніца з двух бакоў.

МАРЫЯ

Ага, значыць, калі лопне з аднаго боку, з другога прытрымае. А калі лопнуць абедзве, крый бог, дык і штаны з ног?

БЛАЗЕН

Удала, ей-жа-ей, вельмі ўдала. Шпар, шпар і далей такім манерам. Калі б сэр Тобі перастаў п’янстваваць, ты магла б яму быць самым смачным кусочкам Евінага мяса ва ўсёй Ілірыі.

МАРЫЯ

Прыкусі язык, мярзотнік,— хопіць дурыкаў. Вунь ідзе мая гаспадыня; прасі прабачэння і не блазнуй: табе ж самому будзе лепш. (Выходзіць.)

БЛАЗЕН

О, мудрасць! Калі будзе на тое твая добрая воля, пашлі мне добрую дураслівасць. Тыя разумнікі, якія думаюць, што табой у іх набіты кішэні, вельмі часта аказваюцца набітымі дурнямі. А я ўпэўнены, што цябе мне якраз не хапае, магу выдаваць сябе за разумнага. Бо што сказаў філосаф Свінтафал? «Лепш разумны дурань, чым дурны мудрэц».


Уваходзяць АЛІВІЯ і МАЛЬВОЛЬЁ.


АЛІВІЯ

Блаславі вас бог, мадонна. Ганіце прэч дурное стварэнне...

БЛАЗЕН

Вы што, паглухлі ўсе? Ганіце прэч мілэдзі.

АЛІВІЯ

Прэч, прэч з вачэй, пустапарожні дурань! Вы мне больш не патрэбны. Акрамя сваіх заганных выхадак, вы яшчэ становіцеся проста непрыстойным.

БЛАЗЕН

Два недахопы, мадонна, можна выправіць з дапамогай спагады і добрай парады. Паспагадаўшы пустапарожняму дурню, дайце яму паесці і папіць — вось дурань і запоўніць сваю пустату. А непрыстойнаму парадзьце выправіцца. Калі ён выправіцца, то перастане быць непрыстойным, а калі не пойдзе на папраўку, то аддайце яго на рамонт нашым шаўцам. Усё, што іхнімі рукамі кратана,— так-сяк прыбіта і залатана; дабрадзейнасць з душком залатана грашком, выпраўленыя грахі зладзеяў — міласцю дабрадзеяў. Прыгодны вам гэта няхітры сілагізм — прымайце; не прыгодны — з дурня не спаганяйце. На бязрыб’і і рак — рыба, а ў багатым доме — і дурань мудрэц. Мадонна загадала выштурхнуць блазноту, таму я і паўтараю — праганіце яе!

АЛІВІЯ

Сіньёр, я загадвала прагнаць вас.

БЛАЗЕН

Мяне? Страшэннае непаразуменне! Мадонна, cucullus non facit; monachum — другімі словамі: «і ў блазна галава не булава». Найдабрэйшая, міласэрная мадонна, дазвольце мне даказаць, што іменна вы і ёсць блазнота.

АЛІВІЯ

А вы гэта зможаце?

БЛАЗЕН

Найлепшым чынам, дабрэйшая мадонна.

АЛІВІЯ

Дакажыце.

БЛАЗЕН

Для гэтага я павінен паспавядаць вас.

Дабрадзейная мая мышка, адказвайце мне.

АЛІВІЯ

Раз няма іншай забавы, я гатова.

БЛАЗЕН

Найдабрэйшая мадонна, па кім вы носіце жалобу?

АЛІВІЯ

Найдабрэйшы дурачына, па нябожчыку брату.

БЛАЗЕН

Я думаю, што яго душа ў пекле, мадонна.

АЛІВІЯ

А я ўпэўнена, што яго душа ў раі, неразумны.

БЛАЗЕН

Тым больш неразумна, мадонна, шкадаваць, што душа вашага брата ў раі.— Ганіце прэч дурное стварэнне, сіньёры слугі!

АЛІВІЯ

Што вы думаеце пра гэтага дурня, Мальвольё? Выпраўляецца ён ці не?

МАЛЬВОЛЬЁ

А як жа, і будзе выпраўляцца, пакуль яго не выправяць на могілкі. Няздатнасць, мілэдзі,— згуба для разумных і заўсёды вялікая знаходка дурным.

БЛАЗЕН

Пашлі вам, божа, раптоўную няздатнасць, сіньёр, на вялікую карысць вашай дурасці! Сэр Тобі гатовы прысягнуць, што я не лісіца, але ён і двума грошыкамі не паручыцца, што вы не дурань.

АЛІВІЯ

Што вы на гэта скажаце, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

Я проста здзіўляюся, як ваша міласць можа знаходзіць задавальненне ў жартах такога бязмозглага нягодніка. Я нядаўна сам бачыў, як ён збянтэжыўся і замоўк перад нейкім фіглярам, а той і сам быў варты жалю. Ён выжыў з розуму, ды і мазгоў у яго не больш, чым у заваляшчым камені. Вось гляньце — ён ужо здаўся. Калі вы самі не смеяцеся і не даяце яму падставы для блазнавання, то ён і — язычок на кручок. Па-мойму, разумныя людзі, што пацяшаюцца з жартаў такіх нанятых блазнаў, нічым не лепшыя за падручных гэтых дурняў. Запэўняю вас!

АЛІВІЯ

О, ды ў вас хворае самалюбства, Мальвольё, і я запэўняю вас. Вы ні ў чым не адчуваеце смаку. Хто велікадушны і не адчувае за сабой віны,— успрыме ўсё тое, што вы лічыце гарматнымі ядрамі, не больш як стрэлы з курынага крыла. Прызнаны блазен не зневажае, хоць ён тым толькі і заняты, што кпіць і здзекуецца, як не зневажае і разумны чалавек, калі ён толькі тое і робіць, што выкрывае і кляйміць.

БЛАЗЕН

Хай табе, мадонна, пашле бог Меркурый дар прыхлушвання за тваю добрую праўду пра блазнаў!


Вяртаецца МАРЫЯ.


МАРЫЯ

Міласцівая мілэдзі, там каля нашых варот стаіць нейкі малады сіньёр; ён вельмі хоча пагаварыць з вамі.

АЛІВІЯ

Ад графа Арсіна, мабыць?

МАРЫЯ

Хто ж яго ведае, мілэдзі. З выгляду такі прыгожы малады чалавек, і світа — людзі прыстойныя.

АЛІВІЯ

Хто з маіх людзей яго не пускае?

МАРЫЯ

Сэр Тобі, мілэдзі, ваш дзядзечка.

АЛІВІЯ

Адклічце яго ад варот, калі ласка; ён з людзьмі не ўмее інакш размаўляць, як толькі лаянкай ды крыкам. Вар’ят, проста сорамна за яго.

МАРЫЯ выходзіць.

Ідзіце туды і вы, Мальвольё. Калі там пасланцы ад графа,— мне нездаровіцца, альбо скажыце, што мяне няма дома. Кажыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву, толькі б адчапіцца.

МАЛЬВОЛЬЁ выходзіць.

Ну вось, сіньёр блазен, самі бачыце, што вашы блазнаванні старэюць і перастаюць падабацца.

БЛАЗЕН

Вы заступаецеся за нас, мадонна, так, як бы ваш старэйшы сын сам быў блазнам — набі, святы Юпітэр, яго чарапок мазгамі. Бо ў аднаго — а вось і ён сам! — у аднаго з вашай радні ведьмі рэдзенька ў яго pia matar (Паказвае на галаву.)


Уваходзіць сэр ТОБІ.


АЛІВІЯ

(сама сабе)

Магу прысягнуць — ён добра выпіўшы.— Хто там каля варот, дзядзя?

СЭР ТОБІ

Пачцівы сіньёр.

АЛІВІЯ

Які сіньёр?

СЭР ТОБІ

Кажу ж, адзін сіньёр, а які... Чума на іх, гэтых марынаваных сяледчыкаў! — Ну, як маешся, дурачына?

БЛАЗЕН

Добранькі наш сэр Тобі!

АЛІВІЯ

Дзядзя, дзядзя, як жа гэта вы з самага ранку дайшлі да такой летаргіі?

СЭР ТОБІ

Літургіі? Ану яе ў балота! Там нехта каля варот.

АЛІВІЯ

Хто ж там, скажыце, нарэшце?

СЭР ТОБІ

Хай сабе і сам д’ябал, калі хоча, мне што з таго? Я вам не брашу, а зрэшты — мне ўсё роўна. (Выходзіць.)

АЛІВІЯ

На каго падобны п’яны — чуеш, блазен?

БЛАЗЕН

На дурнога, вар’ята і тапельца: адзін лішні кубак — адурніць, другі — зваліць, а трэці — утопіць.

АЛІВІЯ

Схадзі пашукай следчага, каб агледзеў майго дзядзьку; ён у трэцяй ступені ап’янення і, мабыць, ужо на дне. Бяжы паглядзі, дзе ён.

БЛАЗЕН

Пакуль што, мадонна, ён толькі вар’яцее, і дурню ў самы раз у кампанію з вар’ятам. (Выходзіць.)


Вяртаецца МАЛЬВОЛЬЁ.


МАЛЬВОЛЬЁ

Ваша міласць, той малады чалавек клянецца, што яму неадкладна трэба штось такое вам сказаць. Я яму гавару, што вы хворыя; ён адказвае, што яму ўжо так сказалі, таму ён і дамагаецца дазволу пагаварыць з вамі. Я тлумачу, што вы спіце; яму быццам бы і гэта вядома і таму ён спяшаецца да вас з нейкай навіной. Што яму яшчэ сказаць, ваша міласць? Ён, здаецца, прадбачыць любую нашу адгаворку.

АЛІВІЯ

Скажыце, што са мной размовы не будзе.

МАЛЬВОЛЬЁ

Так ужо было сказана, а ён кажа, што застанецца нерухома каля варот, як слуп пры ганку шэрыфа, і будзе стаяць, пакуль не дачакаецца размовы з вамі.

АЛІВІЯ

Якога роду гэты чалавек?

МАЛЬВОЛЬЁ

Мужчынскага, якога ж яшчэ!

АЛІВІЯ

Якіх манер, я маю на ўвазе.

МАЛЬВОЛЬЁ

Вельмі благіх, ваша міласць: настойліва патрабуе сустрэчы і не пытаецца, жадаеце вы яе ці не.

АЛІВІЯ

Які ён сабой? У гадах?

МАЛЬВОЛЬЁ

Каб сказаць мужчына, дык не, недаростак, а для хлапчука — пераростак; нешта накшталт зялепушкі-яблыка альбо гарохавага стручка ў «лапатачках» — і не надта каб мужчына, і не зусім каб хлапчук. Абліччам прывабны і ў гаворцы порсткі, як скакунок. Глядзіш на яго і думаеш: дзіця горкае, яшчэ ж толькі-толькі матчына малако аблізаў з вуснаў.

АЛІВІЯ

Хай пройдзе сюды. Паклічце маю камерыстку.

МАЛЬВОЛЬЁ

Шаноўная Мэры, мілэдзі кліча! (Выходзіць.)

Вяртаецца МАРЫЯ.

Падайце пакрывала і вуаль; папраўце тут на галаве. Ну што ж, выслухаем яшчэ раз пасольства ад Арсіна.


Уваходзяць ВІЁЛА і СВІТА.


ВІЁЛА

Хто з вас высокашаноўная гаспадыня гэтага дома?

АЛІВІЯ

Можаце гаварыць са мной. Я буду адказваць за яе. Што пажадаеце?

ВІЁЛА

Найпрамяністая, найцудоўнейшая, непараўнальнейшая прыгажосць, скажыце мне, вы гаспадыня дома ці не вы, бо я ніколі не меў шчасця і гонару яе бачыць? Мне б не хацелася дарэмна рассыпаць жамчужыны сваёй прамовы не толькі таму, што яна бліскуча складзена, але яшчэ і таму, што мне нялёгка было завучыць яе на памяць.— Добрыя прыгажуні, не раньце майго сэрца сваім смяшком. Я вельмі чулы нават да самага нязначнага непачцівага абыходжання.

АЛІВІЯ

Адкуль вы завіталі да нас, сіньёры?

ВІЁЛА

Я магу сказаць вельмі нямногае звыш таго, што я завучыў, а ваша пытанне — па-за тэкстам маёй ролі. Дабрэйшая, міласэрнейшая сіньёрына, дайце мне сціплую ўпэўненасць у тым, што вы — гаспадыня гэтага дома, каб я мог працягваць сваю прамову па тэксце.

АЛІВІЯ

Вы камедыянт?

ВІЁЛА

Не, глыбакачулае сэрцайка, не! I ўсё-такі — хай знявечаць мяне клыкі каварства,— калі ілгу! — я нё тое што разыгрываю. Вы гаспадыня дома?

АЛІВІЯ

Калі я не прысвойваю нічыіх правоў, то я сама.

ВІЁЛА

Само сабой разумеецца, калі вы — гэта вы, то вы іх і прысвойваеце, бо тое, ад чаго ваша добрая воля адмовіцца, вы не маеце права ўтойваць. Але гэта ўжо за рамкамі майго даручэння. Лепш пачну ўсхваляльную ў ваш адрас прамову, а потым адкрыю і самае сэрцайка майго пасольства.

АЛІВІЯ

Пачніце з самага істотнага ў ёй; мы даруем вам, калі ўсхваленні будуць апушчаны.

ВІЁЛА

Вельмі шкада. Мне каштавала немалых намаганняў завучыць іх, і яны паэтычныя.

АЛІВІЯ

Тым больш верагодна, што яны няшчырыя. Прашу вас, пакіньце іх пры сабе. Я чула, што вы дзёрзка паводзілі сябе каля нашых варот, і дазволіла вас прыняць хутчэй з цікавасці зірнуць на вас, чым слухаць. Калі вы чалавек разважлівы і разумны, то скажыце коратка, што вам ад нас трэба, і вяртайцеся дадому. Цяпер не тая квадра месяца, каб мне ўступаць тут з кім-небудзь у бясконцыя дыялогі.

МАРЫЯ

Ці не павярнуць вам, сіньёр, свой карабель у сваю затоку? Вось вам бог, а вунь — парог!

ВІЁЛА

Не, дабрэйшы швабрмайстар! Я яшчэ пагайдаюся ў вашай гавані.— Ахаладзіце крышачку гарачку вашага велікана, чароўнейшая гаспадыня дома. Я ўсё-такі пасол, як вы лічыце?

АЛІВІЯ

Вы, напэўна, збіраецеся паведаміць нам што-небудзь агіднае, калі праяўляеце такую прытарную пачцівасць. Выказвайце, што вам даручана.

ВІЁЛА

Яно — толькі для вашых вушэй. Я прынёс не аб’яўленне вайны і не патрабаванне непасільнай кантрыбуцыі. У руцэ пасланніка — галінка алівы, а ў яго словах — мір і добразычлівасць.

АЛІВІЯ

Аднак жа ваша ўступленне ў межы нашых уладанняў азмрочвала непачцівасць з вашага боку. Хто вы такі? Чаго вы хочаце ад нас?

ВІЁЛА

Непачцівасць, якая была праяўлена за варотамі, была адказам на непачцівую сустрэчу. Хто я такі і чаго я хачу — так жа таямніча, як тайна дзявочай чэснасці: для вашых вушэй яна — святыня, для старонніх — прафанацыя.

АЛІВІЯ

Пакіньце нас адных, сіньёры; хочацца паслухаць, што гэта за святыня.

МАРЫЯ і СЛУГІ выходзяць.

Ну, слухаю вашу прамову, сіньёр.

ВІЁЛА

Чароўнейшая з чароўных...

АЛІВІЯ

Невычарпальная ў вас тэма: з якога канца ні пачняце, усё тое ж самае. Дзе ж яе сарцавіна, так сказаць — кульмінацыйны пункт?

ВІЁЛА

У грудзях у Арсіна.

АЛІВІЯ

У яго грудзях? А ў якім жа раздзеле?

ВІЁЛА

Калі адказваць метадычна, то ў самым першым.

АЛІВІЯ

О, пра гэта я ўжо чытала — трафарэтная ерась! Больш вам няма чаго сказаць?

ВІЁЛА

Дабрэйшая сіньёрына, дазвольце мне глянуць на ваша аблічча.

АЛІВІЯ

А што —ваш гаспадар даручыў вам весці перагаворы з маім абліччам? Вось вы і адступілі ад завучанага тэксту. Ну што ж, мы адкінем фіранку і пакажам вам усю карціну. (Адкідвае вуаль.) Глядзіце, сіньёр, вось такой я была толькі што. Ну, як, неблагі жывапіс?

ВІЁЛА

Надзвычайна, калі толькі ўсё гэта боскае тварэнне.

АЛІВІЯ

Фактура трывалая, сіньёр, і фарбы змогуць процістаяць і вятрам, і непагодзе.

ВІЁЛА

Якая дасканаласць прыгажосці!

Сама прырода тонкімі мазкамі

Размеркавала белізну і чырвань,

Як ні на кім. Паслухайце, мадонна,

Вы б засталіся самай бессардэчнай

З усіх жанчын, калі б сваю красу

Ў магіле пахавалі, не зрабіўшы

У спадчыну для свету свой адбітак.

АЛІВІЯ

О, сіньёр, я не буду такой бессардэчнай; я паклапачуся, каб выдалі каталогі і алеаграфіі майго хараства; яно пройдзе па ўсіх інвентарных кнігах, кожная яго часцінка будзе пранумаравана і прыкладзена да майго спадчыннага завяшчання. Так, напрыклад, вось гэта прыналежнасць, інвентарны нумар адзін,— вусны, дастаткова пунсовыя; альбо нумар два — два блакітныя вокі, з навекамі да іх; пасля — шыя, адзін падбародак і гэтак далей. Вас прыслалі сюды, каб мяне ацаніць?

ВІЁЛА

Я бачу, хто вы; вы — сама гардыня,

Але калі б былі вы нават д’яблам,

Вы неадольныя ў сваёй красе. Мой герцаг

Кахае вас, і гэтакім каханнем

Грэх грэбаваць, калі б на вас была

Не цёмная вуаль і пакрывала,—

Карона першай прыгажуні свету!

АЛІВІЯ

У чым жа да мяне яго пачуцці

Вы заўважалі?

ВІЁЛА

У патоках слёз,

Гаротным уздыханні, ува ўсім;

Як гром з маланкаю, яго каханне.

АЛІВІЯ

Мае пачуцці да яго ваш герцаг

Выдатна ведае: ён мне не мілы.

Ён доблесны, я гэта дапускаю,—

Багаты, знатны, малады і дужы —

Я гэта знаю ўсё, і што ў народзе

Яму хвала за шчодрасць і вучонасць

Дый за адвагу. I самой прыродай

Ён не пакрыўджаны — прыгожы з твару,

Асаністы і рослы, але ўсё ж

Я не магу кахаць яго. Ён сам

Даўно мог даць сабе такі ж адказ.

ВІЁЛА

Калі б

Я сам вас пакахаў, як ён, так палка

I так зазнаў пякельныя пакуты,

Што белы свет не міл, то ваш адказ

Мне здаўся б бессэнсоўным, неразумным,

Незразумелым.

АЛІВІЯ

Што ж бы вы зрабілі?

ВІЁЛА

Шалаш бы з вербалозніку паставіў

Пры браме вашай і, як дзень, так ноч,

Прасіў і клікаў бы душу ў тым доме

Адклікнуцца. Складаў бы ў яе гонар

Рамансы аб каханні нешчаслівым

I распяваў бы іх у змроку ночы;

Палохаў бы ваколіцу і ўзгоркі,

Каб наш пляткар і перасмешнік — рэха

Ўсё паўтарала: «О, мая Аліва!»

Так нават паміж небам і зямлёй

Вы не знайшлі б спакою, аж пакуль

Не злітаваліся б.

АЛІВІЯ

Так, вы маглі б

Дабіцца многага. А хто вы родам?

ВІЁЛА

Я лёсам задаволены, ды род мой

Усё-такі вышэйшы, я — з дваранства.

АЛІВІЯ

Вяртайцеся дадому, монсіньёр,

I далажыце так: на узаемнасць

Няхай не спадзяецца, і пасольстваў

Больш слаць не мае сэнсу; толькі вы,

Магчыма, зойдзеце сказаць мне, як

Ён успрыняў адказ. Цяпер — бывайце!

Вось за паслугі вам у знак падзякі.

ВІЁЛА

Схавайце кашалёк, я не хлапчук,

Што на пасылках; вашу ўзнагароду

Чакае гаспадар мой, а не я.

Жадаю вам, каб вы сваё каханне

Каменнаму адрасавалі сэрцу

I каб яно сустрэла ваш парыў

З такой пагардаю, як вы сустрэлі

Пачуцці герцага. Цяпер — бывайце,

Красуня цвёрдакаменная жорсткасць!

(Выходзіць.)

АЛІВІЯ

«А хто вы родам?» — я ў яго спытала.

«Я лёсам задаволены, ды род мой

Усё-такі вышэйшы, я — з дваранства».

I можна веры даць, што гэта так.

Тваё аблічча, стан, манеры, розум,

Нарэшце, мова — выдаюць пароду,

Дый пяцікратны герб!.. Але не будзем

Спяшыць: паспех — людзям на смех, гавораць;

Не тахкай, сэрца, сцішся! Гэты сват

Усё-такі не герцаг. Вельмі дзіўна.

Няўжо так лёгка падхапіць заразу?..

Я адчуваю, як той прыгажун

Пранік няўлоўным і нячутным крокам

У глыбіню вачэй маіх. Ну што ж,

Пранік — не выганіш.— Мальвольё, дзе вы?


Вяртаецца МАЛЬВОЛЬЁ.


МАЛЬВОЛЬЁ

Я да паслугі вашай.

АЛІВІЯ

Даганіце

Таго гаваруна, што зараз выйшаў,

Ну — пасланца Арсіна. Ён пакінуў

Пярсцёнак тут, мяне не запытаўшы,

Я згодна ўзяць дарунак ці не згодна.

Скажыце так: пярсцёнка мне не трэба;

Я не хачу, каб гэты падарунак

Ільсціў яго гаспадару Арсіна

Пустой надзеяй. Я не для яго.

Дадайце пасланцу няўзнак, між іншым,

Што калі б ён зайшоў да нас хоць заўтра,

То гаспадыня — значыць я — сказала б,

У чым была прычына. Ну, бяжыце!

МАЛЬВОЛЬЁ

Я — вопрамеццю, куляй, ваша міласць.

(Выбягае.)

АЛІВІЯ

Што я раблю, сама не разбяру,

А што, як зрок не прывядзе к дабру?

Лёс, вырашай,— мы можам памыліцца.

Хай будзе тое, што павінна збыцца.

(Выходзіць.)


АКТ II


СЦЭНА І

Марскі бераг.

Уваходзяць АНТОНІА і СЕБАСЦЬЯН.


АНТОНІА

Значыць, застацца вы не хочаце і не хочаце, каб я ішоў за вамі?

СЕБАСЦЬЯН

Не сярдуйце, не хачу. Мае зоркі свецяць нада мной цьмяна; баюся, што неспагадная хмарнасць майго лёсу можа азмрочыць і ваш; пагэтаму я вымушаны прасіць у вас дазволу ісці з усімі сваімі злыбедамі аднаму. Было б няўдзячнай узнагародай за вашу прыязнасць і любоў ускладаць частку іх на вас.

АНТОНІА

Дазвольце мне хоць даведацца, куды вы накіроўваецеся ?

СЕБАСЦЬЯН

Не трэба пытаць, прыяцель; узяты мной напрамак — не што іншае, як вандроўка: гіайду куды вочы глядзяць. У вашых роспытах я заўважаю такое неацэннае пачуццё сціпласці, якое, мне здаецца, не дазваляе вам спытаць і пра тое, што я жадаў бы трымаць толькі ў сабе. Пагэтаму маё пачуццё такту падказвае раскрывацца ва ўсім самому. Дык вось, Антоніа, вы павінны ведаць, што маё хроснае імя Себасцьян, якое я пазней змяніў на Радрыга. Мой бацька быў той самы Себасцьян у Месаліне, пра якога, мне вядома, вы чулі. Ён, нябожчык, пакінуў нас двое — мяне і сястру; па волі нябёс мы, двайняты, з’явіліся на гэты свет адначасова; незразумела толькі, чаму не было іх волі, каб мы і на той свет адправіліся разам. Гэта вы, добры чалавек, рассудзілі інакш, бо за нейкую гадзіну да таго, як вы вывудзілі мяне з прыбою, мая сястра пайшла на дно.

АНТОНІА

Пракляты шторм!

СЕБАСЦЬЯН

Хоць мы, як сцвярджалі знаёмыя, былі падобныя адзін на аднаго, як дзве кроплі вады, сястру маю, прыяцель, многія лічылі казачнай прыгажуняй. I я, хоць тады не мог згаджацца з такой узнёслай ацэнкай, цяпер магу смела сказаць і думаю, што без перабольшання,— гэта была дзяўчына такой душы, якую б і сама зайздрасць не магла не назваць цудоўнай. Яна ўжо там, дарагі прыяцель, у бездані салёных патокаў, і я ўсякі раз гатовы ўспаміны аб ёй тапіць у сваіх салёных слязах.

АНТОНІА

Даруйце мне, сіньёр, калі я, можа, не зусім добра даглядаў вас.

СЕБАСЦЬЯН

Ды што вы, дабрэйшы Антоніа; гэта вы даруйце мне за прычыненыя турботы і клопат.

АНТОНІА

Калі вы не хочаце забіць мяне за маю любоў, дазвольце застацца хоць вашым слугой.

СЕБАСЦЬЯН

Дарагі Антоніа, калі вы не хочаце звесці са свету тое, што самі ж вярнулі з таго свету,— не прасіце аб гэтым. Развітаемся адразу. Маё сэрца разрываецца ад болю — па натуры я вельмі падобны да сваёй маці. Яшчэ адно слова, і мае вочы без языка раскажуць, які я... Я бяру напрамак да двара графа Арсіна. Бывайце! (Выходзіць.)

АНТОНІА

Пайшоў. Няхай жа пойдзе з ім і літасць

Усіх багоў. Я з ім пайсці не мог —

Там ворагі мае, а лепш бы ўдвох.

Пагроза там, але — такой бяды:

Ён дарагі мне, я іду туды!

(Выходзіць.)


СЦЭНА II

Уваходзіць ВІЁЛА, за ёй — МАЛЬВОЛЬЁ.


МАЛЬВОЛЬЁ

Ці не вы толькі што былі ў графіні Алівіі?

ВІЁЛА

Толькі што адтуль, сіньёр, і, не спяшаючыся, паспеў дайсці толькі дасюль.

МАЛЬВОЛЬЁ

Яна вяртае вам гэты пярсцёнак, сіньёр; вы не задалі б мне турботы бегчы ўслед, калі б забралі яго з сабой. Графіня наказала яшчэ дадаць, каб вы пераканалі вашага гаспадара ў марнасці яго дамаганняў: ён ёй зусім не патрэбны. I яшчэ не ўсё,— каб вы ў далейшым не асмельваліся з’яўляцца тут па яго справах, за выключэннем толькі таго разу, калі б вы маглі прыйсці паведаміць ёй, як ваш гаспадар усё гэта ўспрыме. Так што — прашу прыняць.

ВІЁЛА

Пярсцёнак я ўручыў, вяртаць не трэба.

МАЛЬВОЛЬЁ

Прабачце, сіньёр. Вы свой падарунак не ўручылі ёй, а са злосцю шпурнулі, і графіня пажадала, каб такім жа чынам ён і быў вернуты. Калі вы лічыце, што гэты пярсцёнак варты таго, каб па яго нагнуцца ды падняць,— вунь ён пакаціўся да вашых ног. Калі ж не, то няхай ён будзе здабычай таго, хто яго знойдзе. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

Што значыць гэта ўсё? Пярсцёнка ёй

Не пакідала я. Няўжо фартуна

Яе зачаравала мной? Магчыма.

I сапраўды, з якім замілаваннем

Глядзела, аж здавалася, што позірк

Не тое кажа, што язык. Часамі ж

I ў роспытах яе мне заўважаўся

Той разнабой між пачуццём і словам,

Калі ўкахаешся. Няма сумнення —

Сват герцага сабе яе сасватаў!

А гэты грубы пасланец з пярсцёнкам —

Праверка, хітрасць — клюне ці не клюне.

Ніякага пярсцёнка гаспадар мой

Не пасылаў. О, тут віноўнік я!

Што ж, калі так, то лепш бы беднай ёй

У мару закахацца. Тут віною —

Касцюм, касцюм! Пад ім, як пад эгідай,

Нярэдка дзейнічае хітры вораг.

Прыгожы хлус без цяжкасці пакіне

Ў жаночым мяккім сэрцы свой адбітак.

Такі, на жаль, наш род, і вінаваты

Не самі мы, а наша мяккацеласць.

Якім ён створан з цела і без грэху,

Такім ён быў і ёсць,— кажу без смеху.

Дык як жа быць? Яе кахае герцаг,

Я, бедны монстр,— яго, яна — мяне,

Зусім не распазнаўшы, хто і што я.

Што ж выйдзе? Калі я ў вачах у графа —

Мужчына, значыць, для яго пачуццяў

Няма падстаў, а калі я жанчына —

Алівіі хоць плач. О, сум і сплін:

Як ні прыкінеш, а выходзіць — клін!

Ну, час, цяпер усё ў тваіх руках:

Тут вузел мёртвы — мне не па зубах!

(Выходзіць.)


СЦЭНА III

Дом Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.


СЭР ТОБІ

Праходзь, сэр Эндру, смялей. Не быць у пасцелі пасля поўначы — значыць устаць ні свет ні зара; а «diliculo sergere — хто рана ўстае...». Канец ты ведаеш сам.

СЭР ЭНДРУ

Не, дальбог, не ведаю. Я толькі ведаю, што быць на нагах у позні час — значыць быць на нагах у позні час.

СЭР ТОБІ

Памылковае заключэнне, а гэта я ненавіджу, як парожнюю кварту. Быць на нагах за поўнач, а пасля класціся спаць — гэта рана; так што класціся спаць пасля поўначы — значыць класціся спаць рана. Жыццё наша, як сцвярджае навука, складаецца з чатырох элементаў — зямлі, паветра, агню і вады. Як ты думаеш?

СЭР ЭНДРУ

Навука сцвярджае так, а па-мойму яно хутчэй складаецца з ядзення і піцця.

СЭР ТОБІ

Ты мудры, як сава. Пагэтаму давай будзем есці і піць. Гэй, Марыяна, гладыш віна!


Уваходзіць БЛАЗЕН.


СЭР ЭНДРУ

Вось і дурань, дальбог!

БЛАЗЕН

Як вы тут, сардэчныя мае? Глядзелі калі-небудзь на шыльду «Нас трое»? Ну,— на тую, на якой дзве асліныя морды, а трэці — разявака перад шыльдай?

СЭР ТОБІ

Пазіраем на цябе, асёл. Падсуседжвайся. Зацягнем застольную.

СЭР ЭНДРУ

Гатоў пабажыцца, у дурня адмысловы галасок. Я не пашкадаваў бы кашалька, каб мець і такую ножку, як у яго, і такі чароўны галасок. Сапраўды, ты ўчора вечарам быў проста беспадобны ў сваім блазнаванні, калі «марозіў» пра караван Піграграмітуса і вапіянцах на нейкім Квеўбускім экватары. Гэта была сапраўдная ўмора, дальбог! Я паслаў табе шэсць пенсаў для тваёй сяброўкі. Ты атрымаў іх?

БЛАЗЕН

Я прыкараваніў ваш «брызенцік». А як жа інакш? У Мальвольё нос на траіх рос — пранюхае за вярсту; у маёй дарагушкі ручкі — заграбушкі, а мы з вамі мірмідонцы-салдаты, а не магнаты.

СЭР ЭНДРУ

Надзвычайна! З усіх тваіх блазнаванняў гэта адно з найлепшых. Давай — песню.

СЭР ТОБІ

Давай, давай! Вось табе шэсць пенсаў, зацягвай песню.

СЭР ЭНДРУ

I ад мяне на чай таксама. Калі ўжо сэр Тобі дае, дык...

БЛАЗЕН

Дык вам і бог даў. Вы якую ж песню хацелі б: любоўную ці павучальную?

СЭР ТОБІ

Любоўную, любоўную.

СЭР ЭНДРУ

О, о, толькі такую. Мне павучэнняў не трэба.

БЛАЗЕН

(спявае)

Ночка чорная, як сажа,

Пастаю, мо песня скажа,

Дзе каханай след.

Бегаць нечага далёка,

На спатканне выйсці лёгка:

Маладзён — не дзед.

СЭР ЭНДРУ

Надзвычайна ўдала, далібог!

СЭР ТОБІ

Добра, проста добра.

БЛАЗЕН

(спявае)

Пакуль любіцца, любіся;

Пакуль молад, весяліся,

Не марнуй начэй.

Заляцанняў час кароткі.

Пацалунак мой салодкі.

Ну, хадзі ж хутчэй.

СЭР ЭНДРУ

Салодкамоўны галасок, слова рыцара!

СЭР ТОБІ

Як шклом па піле.

СЭР ЭНДРУ

Невыносна шкляны, дальбог жа!

СЭР ТОБІ

Калі слухаць носам, дык хоць і соладка казытна, але ўсё-такі праціўна. Дык мы пусцім неба ўпрысядкі ці не, я пытаюся? Спудзім сыча такой кругавой застольнай, каб ёю тры душы выматала, га? Пачнём?

СЭР ЭНДРУ

Калі вы мяне паважаеце, то давайце. Я на кругавых застольных пры добрай закусі сабаку з’еў.

БЛАЗЕН

Пры нашай мілэдзі, сіньёр, ёсць сабачкі, што і падкусяць і з’ядуць каго хочаце.

СЭР ЭНДРУ

Дзіва што — з’ядуць! Спяём «Ты круцель».

БЛАЗЕН

«Памаўчы, круцель» — гэту, рыцар? Я вымушаны буду ў песні называць вас круцялём, рыцар.

СЭР ЭНДРУ

Э, ці ўпершыню я даю падставу людзям называць сябе і круцялём і плуцягам. Пачынай, блазнота. Пачынаецца так: «Памаўчы, круцель».

БЛАЗЕН

Я ніколі не пачну, калі буду маўчаць.

СЭР ЭНДРУ

Ой, бесталковы, дальбог. Пачынай!


Спяваюць кругавую застольную.

Уваходзіць МАРЫЯ.


МАРЫЯ

Што гэта за каціны канцэрт вы тут развялі? Калі мілэдзі яшчэ не паклікала дварэцкага і не загадала пратурыць вас за вароты, то можаце мне ні ў чым не верыць.

СЭР ТОБІ

Ваша мілэдзі — кітаянка, мы — палітыкі, Мальвольё — навушнік, а наша тут тройца — «Тры веселуны». Я што — не адзінакроўны з ёй? Не з аднаго з ёй гнязда? Тралі-валі, графіня вялікая!

(Спявае.)

«У біблейскім Вавілоне

Быў я ў жончыным прыгоне».

БЛАЗЕН

Забі мяне гром, рыцар, ён — выліты блазен.

СЭР ЭНДРУ

О так, такія кулькі ён, захацеўшы, адлівае не блага; я таксама добры адлівака. У яго гэта выходзіць больш далікатна, а ў мяне затое больш натуральна.

СЭР ТОБІ

(спявае)

«Тыдні два пасля каляд...»

МАРЫЯ

Цішэй, богам прашу,— цішэй!


Уваходзіць МАЛЬВОЛЬЁ.


МАЛЬВОЛЬЁ

Шаноўныя гулякі, вы павар’яцелі, ці што? Няўжо вам не стае розуму, прыстойнасці, гонару, нарэшце, каб не рабілі стукату-грукату, як бляхары, у глухую поўнач? Ці, можа, вы лічыце дом маёй гаспадыні піўнушкай, што гарлапаніце свае кравецкія дрындушкі, не сцішаючы ні буянага разгулу, ні голасу? Ёсць у вас хоць якая павага да месца, людзей на гэтым месцы, хоць які-небудзь такт, скажыце вы мне?

СЭР ТОБІ

Такт, сіньёр, мы ў сваіх песнях трымаем. Правальвай!

МАЛЬВОЛЬЁ

Сэр Тобі, вы прымушаеце мяне выпаліць вам адкрыта ўсё. Мая гаспадыня распарадзілася давесці вам да ведама, што хоць яна і прыняла вас, як сваяка, у свой дом, тым не менш яна не мае нічога агульнага з вашымі папойкамі. Калі вы можаце адмежаваць сябе ад усіх вашых непрыстойнасцей, вы — жаданы госць у гэтым доме. Калі ж не, то будзьце ласкавы развітацца з ёй. Яна з вялікай ахвотай пажадае вам шчаслівай дарогі.

СЭР ТОБІ

«Разлука надышла.

Ну, што ж, бывай!»

МАРЫЯ

Сціхніце, дарагі сэр Тобі.

БЛАЗЕН

«Журбу ў вачах За ўсмешкай не хавай».

МАЛЬВОЛЬЁ

Вы што — здзекавацца?

СЭР ТОБІ

«Не, не памру! Ніколі не памру».

БЛАЗЕН

Сэр Тобі, міленькі,— вярзеш муру.

МАЛЬВОЛЬЁ

Гэта не робіць вам вялікага гонару.

СЭР ТОБІ

«Нам прэч яго прагнаць?»

БЛАЗЕН

«Ну, гэта так сказаць».

СЭР ТОБІ

«Пайшоў у будку, пустазвон!»

БЛАЗЕН

«Ах, не, глядзі — цябе ж прагоняць вон».

СЭР ТОБІ

Збіліся з панталыку, спявак. Не туды заехаў.— А ты што там у яе — вялікая шышка, шаноўны? Дварэцкі — гэта ўсяго толькі лёкай, халуёк. Ці ты думаеш, што калі ты такі анёлак, дык не павінна быць ні піражкоў, ні піва?

БЛАЗЕН

Так, так. Прысягаю святой Аннай, што і наш жываток просіць праз раток.

СЭР ТОБІ

Святая праўда твая, дурачына.— А ты марш жыва ў будку і натры свой ланцужок мякішам.— Нясі гладыш віна, Марыя!

МАЛЬВОЛЬЁ

Містрыс Мэры, калі б вы лічылі, што міласць вашай дабрадзейнай гаспадыні варта нечага большага, чым пагарды, вы не сталі б патураць такім ганебным паводзінам. Яна пра ўсё даведаецца, прысягаю гэтай рукой. (Выходзіць.)

МАРЫЯ

Ідзі, ідзі, пратрасі свае асліныя вушы.

СЭР ЭНДРУ

Святой бы справай было, як і глынуць кубачак, калі чалавек галодны,— выклікаць яго на дуэль, а потым парушыць слова і пакінуць таго шалахвоста ў дурнях. Дальбог, праўда!

СЭР ТОБІ

Зрабі гэта, рыцар. Я напішу табе тэкст выкліку альбо перадам яму тваё абурэнне вусна.

МАРЫЯ

Любенькі сэр Тобі, перацярпіце вы гэтую ноч. Пасля таго як той малады графаў пасланец пабываў у маёй гаспадыні, яна стала проста сама не свая. А што датычыць моські Мальвольё...

СЭР ЭНДРУ

Мёсье, вы хацелі сказаць, містрыс?

МАРЫЯ

Ага ж, моські Мальвольё, то даручыце яго мне. Калі я яго не пашыю ў дурні і не зраблю пасмешышчам перад кожным сустрэчным-папярэчным, лічыце мяне недапекай, якая не ўмее роўна ляжаць у ложку. Я ўпэўнена, што гэта ў мяне выйдзе цюцелька ў цюцельку.

СЭР ТОБІ

Цікава, цікава. Раскажы нам што-небудзь пра яго.

МАРЫЯ

Яшчэ чаго! Праўда, ён іншы раз паводзіць сябе як пурытанін.

СЭР ЭНДРУ

Ого, каб я гэта ведаў, адпаласаваў бы яго тут, як зброднага сабаку.

СЭР ТОБІ

Што? За тое толькі, што ён пурытанін? А якія ў цябе пераканаўчыя падставы, ваяўнічы рыцар?

СЭР ЭНДРУ

Пераканаўчых падстаў у мяне няма, але падстаўкі, каб дабрацца да яго фізіі, у мяне дастатковыя.

МАРЫЯ

Ніякага ён д'ябла не пурытанін, і наогул — ні рыба ні мяса. Ён проста графінін угоднічак, крыўляка-вослік, які дзяўбе і дзяўбе ўсім правілы паводзін, падкладваючы іх, як каню сена, цэлымі ахапкамі. Сам сябе выдае — уга, што-та я, і, як яму здаецца, сам такая ўжо маляваная карцінка, што ўсе быццам толькі аб тым і мараць, каб утрэскацца ў такога херувімчыка. Вось па гэтай яго загане мая помста і знойдзе балючае месца ўдарыць.

СЭР ТОБІ

А што ты надумала зрабіць?

МАРЫЯ

Хачу падкінуць на яго сцежку такія-сякія няясныя любоўныя пасланні; у іх па апісанні колеру бародкі, формы ног, паходкі, вачэй і прыплюснутай лабаціны ён беспамылкова пазнае самога сябе. Я ўмею пісаць амаль аднолькавым почыркам з маёй мілэдзі, вашай пляменніцай. Там, дзе мы ўжо забыліся, калі і што хто пісаў, мы ледзьве адрозніваем, чыя там была рука.

СЭР ТОБІ

Надзвычайна! Я ўжо носам чую, чым тут пахне.

СЭР ЭНДРУ

Ваш план, містрыс, і мне казыча ў носе.

СЭР ТОБІ

Ён падумае, што пісьмы, якія ты яму падкінеш, пісаны маёй пляменніцай і што яна ўтрэскалася ў яго?

МАРЫЯ

О, о, мой план сапраўды жарэбчык такой масці.

СЭР ЭНДРУ

I ваш жарэбчык зробіць з дварэцкага асла?

МАРЫЯ

У такім разе зробіць, не сумняваюся.

СЭР ЭНДРУ

Вось будзе сцэна, дальбог!

МАРЫЯ

Каралеўская пацеха, будзьце ўпэўнены. Я зараней ведаю, што маё зелле на яго падзейнічае. Вас абодвух, а блазен няхай будзе трэці, я прыткну ў цянёк у тым месцы, дзе ён знойдзе пісьмо. Панаглядаеце, як ён будзе яго сабе тлумачыць. А пакуль што кладзіцеся спаць і няхай вам тое сніцца, што павінна адбыцца. Дабранач! (Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Добрай ночы Пентазілея, царыца амазонак.

СЭР ЭНДРУ

Бядовая дзеўка, дальбог!

СЭР ТОБІ

Учэпістая, як ганчак чыстай крыві. I па мне душу

раняе, нягодніца. Ну, дык як у цябе?

СЭР ЭНДРУ

I па мне аднойчы раняла душу адна...

СЭР ТОБІ

Пайшлі спаць, рыцар. Табе трэба адправіць ганца да сваіх, каб прыслалі яшчэ грошай.

СЭР ЭНДРУ

Калі я не ўсватаю вашай пляменніцы, я здорава сеў на мель.

СЭР ТОБІ

Не стагні, а пасылай па грошы, рыцар. Калі ўрэшце яна табе не дастанецца, абзывай мяне хоць сівай кабылай.

СЭР ЭНДРУ

Калі не дастанецца, можаце мне ні ў чым не верыць, і як вы сабе хочаце.

СЭР ТОБІ

Пайшлі, пайшлі. Я згатую жжонку, і апахмелімся. Класціся спаць цяпер ужо позна. Рушылі, рыцар, рушылі.


Выходзяць.


СЦЭНА IV

Палац Герцага.

Уваходзяць ГЕРЦАГ, ВІЁЛА, КУРЫЁ і іншыя.


ГЕРЦАГ

Зайграйце! — Добрай раніцы, сябры!

Пачніце з песні,— з той, якую тут

Учора ўвечары вы нам спявалі,—

Са старадаўняй, прастадушнай песні.

Я ёй адвёў душу, здаецца, больш,

Чым пустазвонствам лёгенькіх мелодый

I пісаных прамоў, на што так здатны

Наш мітуслівы час. Ну, паспявайце

Хоць бы адзін куплет.

КУРЫЁ

Выбачайце, ваша светласць, але сярод нас цяпер няма таго, хто б мог спець яе.

ГЕРЦАГ

А хто ж гэта быў?

КУРЫЁ

Фэста, пацешнік Фэста, ваша светласць; той самы блазен, які так падабаўся некалі бацьку сіньёрыны Алівіі. Ён павінен быць недзе тут, у пакоях.

ГЕРЦАГ

Пашукайце яго, а пакуль што сыграйце мне маю любімую мелодыю.

КУРЫЁ выходзіць. Іграе музыка.

Хадзі сюды, мой хлопчык. Прыйдзе час,

Сам пакахаеш; вось тады і ўспомні

Пра нас у слодычы сваёй пакуты.

Усе, хто закахаўся, як і я,

Непастаянныя ў сваіх парывах,

I толькі мілы вобраз іх каханай

Нязменным застаецца ў іх душы.

Ну, як вам музыка?

ВІЁЛА

О, я сказаў бы,

Што водгулле яе ляціць да трона,

Дзе каралеваю — само каханне.

ГЕРЦАГ

Жыццём гатовы клясціся, адказ

Майстэрскі. Ты хоць малады, а позірк,

Напэўна, ўжо спыняў на тым, што вабіць

I сэрца, і душу? Адказвай, хлопчык,

Так ці не так?

ВІЁЛА

Бывала, ваша міласць.

ГЕРЦАГ

Што гэта за яна?

ВІЁЛА

Як вы, на выгляд.

ГЕРЦАГ

Як я? Тады яна цябе не варта.

А ўзрост яе? Яна ў гадах?

ВІЁЛА

Як вы.

ГЕРЦАГ

Уга! Клянуся небам,— перастарка.

Звычайна муж павінен быць старэйшы

За жонку — вось і будзе раўнавага

Між ім і ёй. Ды і самой жа жонцы

Лягчэй такога чараваць, каб ім жа

I кіраваць. Хоць мы сябе і хвалім,

А мы ў каханні ветранікі, мілы,

Як матылёчкі,— з кветачкі на кветку.

Ды і трываласцю, сказаць па праўдзе,

Мы не раўня жанчынам.

ВІЁЛА

Ваша праўда.

ГЕРЦАГ

Няхай твая абранніца, якую

Ты пакахаеш, будзе маладзейшай,

Чым ты, бо ў іншым выпадку спасцігне

Бяда: яе халодная ўзаемнасць

Не зможа задаволіць вашу палкасць.

Жанчыны, як і ружа: не паспела

Бутон раскрыць, як тут жа і — апала.

ВІЁЛА

Так абдарыў іх лёс няўдзячны кпліва:

У росквіце ж і адцвітаць. Жахліва!


Вяртаецца КУРЫЁ з БЛАЗНЕМ.


ГЕРЦАГ

А вось і ты, спявак. Мо паспяваеш

Нам тую песню, што спяваў учора? —

Цэзарыё, паслухай, тут душа

Паэзіі ў самім напеве песні,

Наіўная да смешнага нявіннасць

I праўда разам з тым. Яе звычайна,

На сонцы прымасціўшыся дзе-небудзь,

Спяваюць рукадзельніцы. Давайце!

БЛАЗЕН

(спявае)

Ты прыйдзі, мая смерць, прыйдзі.

Я стаміўся ў каханні, няшчасны.

Бессардэчная, паглядзі —

Праз цябе паміраю заўчасна.

Пакладзіце ў маю труну

Хоць галінку любімай алівы.

Я да сэрца яе прыгарну

Ў адзіноцтве сваім тужліва.

Хай ні руж, ні вянкоў з дзеразы

Не прыносяць — хай бог бароніць!

Бо ніхто ж аніводнай слязы

На магілу маю не ўроніць.

Хай яна зарастае тугім

Быльнягом, палыном з куколем,

Каб табе, бессардэчнай, з другім

Не садзіцца на ёй ніколі.

ГЕРЦАГ

Вось — за старанне. (Дае Блазну манету.)

БЛАЗЕН

Якое ж тут старанне? Для мяне, гаспадар, спяваць — адна асалода.

ГЕРЦАГ

Тады хай гэта будзе за асалоду.

БЛАЗЕН

Сказана дакладна. За асалоду, гаспадарок, даводзіцца расплачвацца ўранні ці пазней.

ГЕРЦАГ

Даруй мне мае дары — і ў дарогу!

БЛАЗЕН

Хай засцерагае цябе бог меланхоліі ў тваёй меланхоліі, а кравец пашые табе камзол і штонікі з пералівістай парчы, бо і душа ў цябе непастаянная і пералівістая, як бляск апалу. Я б такіх адпраўляў у мора, каб ім там і гайдацца: то туды, то сюды. I было б для іх там вясёленькае падарожжа. Будзьце здаровенькі!

(Выходзіць.)

ГЕРЦАГ

Пакіньце нас і вы.

КУРЫЁ і СЛУГІ выходзяць.

А ты, мой хлопчык,

Яшчэ раз будзь гатовы з даручэннем

Наведаць тую каменную жорсткасць.

Маё каханне — скажаш ёй — вышэй,

Мацней і гарачэй за ўсё на свеце.

Мяне не спакушаюць — растлумач ёй —

Ні плошча земляў у пасаг, ні тое,

Што ёй, шчаслівіцы, сама прырода

Ўдзяліла шчодра,— гэта мне ўсё роўна,

Як і ўсё роўна шчасце. Дасканаласць

Красы з характарам яе — вось цуд,

Якім мой дух палоніць іхні кут

I вабіць да яе — у тым прычына.

ВІЁЛА

Але ж, калі ўзаемнасцю дзяўчына

Не можа адказаць?

ГЕРЦАГ

Такі адказ

Я не прыму: для графа ён не ветлы.

ВІЁЛА

А вы прыняць павінны, ваша светласць.

Дапусцім, што якаясьці жанчына

Кахае вас, душу па вас раняе,

Як вы па той Алівіі, тым часам

Вы раўнадушны да яе і нават

Сказалі ёй аб тым. Яна ж павінна

Прыняць адказ ці не? Ну, як,нармальна?

ГЕРЦАГ

О неба! Хлопчык мой, недапушчальна,

Каб кволы стан жанчыны мог стрываць

Такі напор страсцей, як тут, у сэрцы,

А ў ім — вулкан пачуццяў. Іх каханне —

Не бунт крыві, а апетыт, патрэба,

І варта толькі задаволіць голад,

Як у жанчын адразу ж наступае

Апатыя і грэблівасць ад сыці.

Маё каханне — гэта голад мора,

Яно няўтольнае, і параўнання

Між тым, як я Алівію кахаю,

I тым, як быў бы я другой каханы,

Няма, не можа быць!

ВІЁЛА

I ўсё ж я знаю...

ГЕРЦАГ

Ты знаеш — што?

ВІЁЛА

А тое, як кахаюць

Жанчыны. Вернасць іх жаночых сэрцаў

Такая ж, як і ў нас. У майго бацькі

Была дачка. Яна кахала так,

Што, выпадкам, калі б я быў дзяўчынай,

То пакахаў бы вас не менш аддана.

ГЕРЦАГ

Цікавая гісторыя, расказвай!

ВІЁЛА

Цікавая, ды сумная: пачуцці

Яна таіла моўчкі. Так да часу

Бутоны тояць вусень. Жар кахання

Паліў яе знутры, і паступова

Згасаў румянец шчок. Яна ў маркоце

Пазелянела, зжоўкла і застыла,

Як статуя Пакорнасць над магілай,

I ўсё ўсміхалася. Ці ж гэты прыклад

Не лепшы доказ шчырасці кахання?

Мужчыны — мы падатлівы на клятвы,

На абяцанні. Словы ж — мітусня,

А капанеш глыбей — адна хлусня.

ГЕРЦАГ

Я слухаю, а сэрца ў заміранні:

Што ж, бедная, й памерла праз каханне.

ВІЁЛА

З сыноў і дочак я адзін застаўся,

Хоць, можа быць... Дык мне ісці яшчэ

Да вашай мілай?

ГЕРЦАГ

Так, ідзі, хутчэй

Спяшы, аддай дарунак. Да спаткання!

Скажы — не адступлю ў сваім каханні!


Выходзяць.


СЦЭНА V

Сад Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.


СЭР ТОБІ

Смялей — за мной, сіньёр Фабіян.

ФАБІЯН

Іду, а як жа. Калі я прапушчу хоць крупінку такой пацехі, дык няхай мяне на смерць абварыць панурая меланхолія.

СЭР ТОБІ

Не дзіва. Хіба ж ты не быў бы рады пабачыць публічнае пасмешышча з таго скупога нягодніка і падбрэхіча?

ФАБІЯН

Я пусціўся б у скокі з такой радасці. Ведаеце, гэта ж ён наклікаў на мяне няміласць гаспадыні дома з-за адной тут мядзведжай аблавы.

СЭР ТОБІ

Каб яго раззлаваць, мы на яго напусцім мядзведзя яшчэ раз і разыграем абармота і ў пяць, і ў дзесяць. Як вы думаеце, сэр Эндру?

СЭР ЭНДРУ

Калі не разыграем яго ў Марыіны карты, то і самі мы нічога не варты.

СЭР ТОБІ

А вось і наша маленькая ашуканка.

Уваходзіць МАРЫЯ.

Жамчужыне індыйскай — прывітанне!

МАРЫЯ

Усё зубаскаліце? Схавайцеся ўсе ўтрох вунь за той куст. Мальвольё ідзе па алейцы. Ён там на сонцы больш паўгадзіны навучаў высакародным манерам свой цень. Пасачыце за ім дзеля пацехі, калі любіце пацяшацца. Я ўпэўнена, што пісьмо, якое я тут падкіну, зробіць з яго летуценнага ідыёта. Хавайцеся ж хутчэй, каб не сапсаваць гульні. А ты паляжы тут (упускае пісьмо з рук на траву), бо сюды падплывае рыбіна, якая клюе толькі на жыўца. (Выходзіць.)


Уваходзіць МАЛЬВОЛЬЁ.


МАЛЬВОЛЬЁ

Гэта толькі шчаслівы выпадак, шчаслівы выпадак — і не больш. Марыя неяк намякнула мне, што мілэдзі Алівія любіць мяне, а аднойчы я і сам падслухаў, як яна гаварыла, што калі б і палюбіла каго-небудзь, то толькі чалавека, падобнага на мяне. Што ж да яе сімпатый, то да мяне яна ставіцца з такой узнёслай павагай, як, здаецца, да нікога іншага са сваіх прыдворных. Які я з гэтага мушу зрабіць вывад, га?

СЭР ТОБІ

Які самаўпэўнены нягоднік!

ФАБІЯН

Цішэй вы! Самааналіз гэтага паўгалоўка ператварае яго ў надзьмутага індыка. Бач, як пыжыцца, натапырыўшы пер’е!

СЭР ЭНДРУ

Дальбог, у мяне свярбіць рука — заляпіць гэтаму лізуну аплявуху.

СЭР ТОБІ

Маўчы, кажу!

МАЛЬВОЛЬЁ

А чаму б і не стаць графам Мальвольё!

СЭР ТОБІ

Ах, падваротнік!

СЭР ЭНДРУ

Стральніце, стральніце ў яго з пісталета.

СЭР ТОБІ

Чакай, цярпі!

МАЛЬВОЛЬЁ

А што? — прыклады ёсць: графіня Стрэчы выйшла замуж за свайго камер-лёкая.

СЭР ТОБІ

Каб ты спрах, Езавель у панталонах!

ФАБІЯН

Цішэй, сіньёры! Ён у экстазе. Гляньце, гляньце, зараз лопне ад фанабэрыі!

МАЛЬВОЛЬЁ

Уяўляю: прайшло тры месяцы, як я ажаніўся з ёю. Сяджу сабе ў крэсле...

СЭР ТОБІ

О божа, хоць бы была пад рукой якая прашча, каб запусціць гэтаму ўроду каменем у вока!

МАЛЬВОЛЬЁ

...навокал стаяць мае слугі. На мне расшыты золатам аксамітны халат — толькі ж, толькі падняўся з сафы, на якой пакінуў яшчэ сонную Алівію.

СЭР ТОБІ

Зямля і неба!

ФАБІЯН

Цярпенне, сэр Тобі, цярпенне!

МАЛЬВОЛЬЁ

...Галоўнае — самавітасць у паводзінах: уладна глянуць на прысутных і даць ім зразумець, што я сваё месца знаю і жадаў бы, каб не забывалі сваё і яны, а пасля загадаць, каб паклікалі майго сваяка, сэра Тобі.

СЭР ТОБІ

Божа літасцівы,— ланцугі б і калодкі на гэтага прахвоста!

ФАБІЯН

Цішэй, цішэй, вы толькі слухайце!

МАЛЬВОЛЬЁ

Сямёра з маёй дворні куляй ляцяць па яго, а я тым часам напускаю на сябе строгі выгляд і, магчыма, пачынаю заводзіць свой гадзіннік альбо... забаўляюся якой-небудзь дарагой рэччу... Тобі падыходзіць, расшаркваецца і адбівае мне паклон

СЭР ТОБІ

Вой, і гэта стварэнне застанецца жывым?

ФАБІЯН

Сэр Тобі, калі б ваша цярпенне цягнулі з вас поцягам, усё-такі не войкайце!

МАЛЬВОЛЬЁ

...Я падаю яму руку, важна падаю — вось так, стрымліваючы прытым паблажлівую ўсмешку строгім уладным позіркам...

СЭР ТОБІ

I Тобі не трэсне табе па зубах, губашлёп?

МАЛЬВОЛЬЁ

...і кажу: «Дзядзька Тобі, мой лёс, падараваўшы мне вашу пляменніцу, дае мне права размаўляць з вамі менавіта такім манерам...»

СЭР ТОБІ

Што, што ён блюзнерыць?

МАЛЬВОЛЬЁ

...«Вам належыць пакончыць з п’янкай раз і назаўсёды».

СЭР ТОБІ

Вон, шалудзівае свінчо!

ФАБІЯН

Ах, стрымлівайцеся ж вы, сэр Тобі, інакш правалім увесь наш план.

МАЛЬВОЛЬЁ

...«Акрамя таго, вы ж марна траціце скарб вашага часу з нейкім дурнаватым рыцарам».

СЭР ЭНДРУ

Гэта са мной, запэўняю вас.

МАЛЬВОЛЬЁ

«...з нейкім там «Чыкчырыкам» — сэрам Эндру»...

СЭР ЭНДРУ

Я адразу здагадаўся, што гэта пра мяне, бо многія завуць мяне дурнаватым.

МАЛЬВОЛЬЁ

А тут што за папера? (Падымае з долу пісьмо.)

ФАБІЯН

Наша ўзяло — трапіў у сіло!

СЭР ТОБІ

Цішэй вы! Маліцеся, каб дух весялосці падшыхнуў яго чытаць знаходку ўголас.

МАЛЬВОЛЬЁ

Каб я так жыў,— гэта почырк маёй мілэдзі: яе «элі», яе «эры», так яна выводзіць вялікае «эн». Не можа быць ніякага сумнення — гэта яе пачырк.

СЭР ТОБІ

«Яе «элі», яе «эры». Што ўсё гэта значыць?

МАЛЬВОЛЬЁ

(чытае)

«Невядомаму каханаму разам з маімі найлепшымі пажаданнямі». О, дык гэта ж адзін з яе любімых эпісталярных зваротаў — з вашага дазволу, воск. Так, так — асцярожненька. (Распячатвае канверт.) I пячатка яе — камея Лукрэцыі. Пісьмо ад яе, ад яе! Да каго ж бы яно магло быць, цікава?

ФАБІЯН

Узяло за пячонку і за ўсё іншае нягодніка!

МАЛЬВОЛЬЁ

(чытае)

«Я палонена тайком.

Кім жа? Юнаком?

Імя — тайна пад замком!

Вусны — пад замком».

«Імя — тайна пад замком!» Што ж тут далей? Памер таксама вершаваны, але ўжо іншы. «Тайна пад замком». А што, там, пад замком — тваё імя, Мальвольё?

СЭР ТОБІ

Не пад замок цябе, а на шыбеніцу, смярдзючы барсук!

МАЛЬВОЛЬЁ

(чытае)

Магла б я тым, якога сэрца любіць,

Камандаваць, ды што зраблю з сабой,

Бо, як Лукрэцыю — кінжал,

Мяне загубіць

Мой мілы М. О. А. Ё.— абраннік мой.

ФАБІЯН

Нейкая напышлівая лухта!

СЭР ТОБІ

Хітрушчая шэльма — гэта Марыя, скажу я вам.

МАЛЬВОЛЬЁ

«М. О. А. Ё.— абраннік мой». Хто ж ён такі? Пачакайце, дайце падумаць. Дайце, дайце мне падумаць!

ФАБІЯН

Ох і ядавітага ж зелля яна яму падкінула!

СЭР ТОБІ

I з якой прагавітасцю гэты сцярвятнік на яго накінуўся!

МАЛЬВОЛЬЁ

«Магла б я тым, якога сэрца любіць, камандаваць». О так, яна можа мной і камандаваць, і распараджацца, я ёй служу, яна мая гаспадыня. Што ж тут можа быць незразумелага для чалавека з ясным розумам? Але вось канец — што можа азначаць гэтая расстаноўка літар не ў алфавітным парадку? Ах, каб я толькі мог знайсці ў гэтай шарадзе што-небудзь падобнае на сваё імя. Ціха, ціха — М. О. А. Ё.

СЭР ТОБІ

«Эм», «о» — шукай, шукай! Збіўся з следу, сухарлявы доберман-пінчар!

ФАБІЯН

Нічагуткі, гэты сабачка-сышчык знойдзе: у яго нюх, як у ганчака на лісіным тропе.

МАЛЬВОЛЬЁ

«М» — Мальвольё. «М» — о, эўрыка! З гэтай літары пачынаецца маё імя.

ФАБІЯН

А, што я казаў? Востры нюх заўсёды верне выжлятніка па згублены след.

МАЛЬВОЛЬЁ

«Эм» — супадае, але ў далейшым паслядоўнасць парушаецца. Чаму «О», а не «А»? Тут яўная загваздка. Чаму тут «О»?

ФАБІЯН

Для эфектнага фіналу, спадзяюся?

СЭР ТОБІ

Безумоўна, а калі не, то я вымешу з яго гэтае «о» кіем!

МАЛЬВОЛЬЁ

Ага, яшчэ ж у канцы і гэтая галосная «Ё».

СЭР ТОБІ

Так, так, брат, галосная табе ў канцы будзе — загалосіш і зацяўкаеш на ўвесь свой сабачы голас.

МАЛЬВОЛЬЁ

М. О. А. Ё.? У гэтай другой страфе намёк не такі, як у першай, і ўсё-такі, калі тое-сёе пераставіць ды прыціснуць адно к аднаму, дык сэнс можа схіліцца і да мяне, бо кожная ж з гэтых літар уваходзіць у напісанне і майго імя. Ціха, ціха! Тут ужо ідзе проза. (Чытае.) «Калі гэта трапіць у твае рукі, задумайся. Зоркі майго лёсу паставілі мяне вышэй за цябе, але ты не бойся вялікасці: адны вялікімі нараджаюцца, другія велічы дасягаюць, а трэцім веліч даруецца. Твой лёс прасцірае да цябе рукі; няхай жа твая кроў і дух прымаюць іх у абдымкі, а сам ты, каб прызвычаіцца да таго, чым можаш стаць, скінь з сябе сваю пакорную скуру і з’явіся на свет новым і свежым. Праяўляй непрыязнасць да сваяка, рэзкасць — да слуг; няхай твой язык загадвае па-дзяржаўнаму; прымі на сябе маску выключнай важнасці. Гэтыя парады дае асоба, якая ўздыхае па табе. Прыгадай, хто хваліў твой убор, калі ты быў у жоўтых панчохах; хто жадаў засёды бачыць цябе ў панчохах лімоннага колеру і каб чорныя стрыпкі на тваіх панталонах былі завязаны накрыж. Прыгадай гэта ўсё, кажу я табе. Дзейнічай смялей — і ты ўсяго дасягнеш, калі толькі таго пажадаеш. Калі ж не захочаш, то я, як і раней, буду бачыць у табе толькі слугу — аднаго з чэлядзі, які не варты дакрануцца нават да пальчыкаў фартуны.

Тая, што хацела б памяняцца з табой сваім становішчам — Трагічна Нешчаслівая».

Дзённае святло і роўнае поле не праяснілі б большага — тут жа ўсё так ясна. Я буду гордым; я буду чытаць трактаты палітычных аўтараў; я буду кпіць і здзекавацца з сэра Тобі; я змыю і счышчу з сябе ўсе шапачныя знаёмствы з рознай драбязой; я стану цюцелька ў цюцельку такой важнай персонай, як тут патрабуецца. Не, я не памыляюся. Гэта не плод распаленага ўяўлення, бо кожны ж радок у пісьме — яўны доказ таго, што мая гаспадыня ўлюбілася ў мяне. Менавіта яна нядаўна хваліла мае жоўтыя панчохі, падвязаныя чорнымі стрыпкамі крыж-накрыж. Ёй тады гэта вельмі падабалася, і сваім напамінкам аб тым маім уборы яна праяўляе сваё пачуццё захаплення мной і тонкім намёкам, нібы загадваючы, падказвае мне апранацца так, як ёй падабаецца. О, вялікі, вялікі дзякуй маім пуцяводным зоркам за пасланы лёс: я шчаслівы! Я буду непрыступны, фанабэрысты, буду з’яўляцца перад ёй толькі ў жоўтых панчохах з падвязкамі крыж-накрыж. Хвала, хвала табе, Юпітэр, і вам, мае зоркі! Ага, тут яшчэ прыпісачка. (Чытае.) «Ты не можаш не здагадацца, хто я. Калі ты прымеш мае пачуцці і гатовы адказаць на іх узаемнасцю, дакажы гэта сваёй усмешкай; твае ўсмешкі вельмі табе да твару. Пагэтаму ў маёй прысутнасці ты заўсёды ўсміхайся. Дарагі мой, каханы мой, я прашу ў цябе гэтага». О Юпітэр, дзякую табе, усемагутны бог! Я буду, буду ўсміхацца, буду рабіць усё чысценька тое, што табе жадаецца, мілая! (Выходзіць.)

ФАБІЯН

Ну, сіньёры, я не згадзіўся б саступіць сваю долю ў такой забаўцы нават за пенсію ў некалькі тысяч — вядома з казны персідскага шаха.

СЭР ТОБІ

А за такую выдумку гатоў ажаніцца з той шэльмай-выдумшчыцай.

СЭР ЭНДРУ

Я таксама гатоў.

СЭР ТОБІ

I не дамагацца ніякага пасагу, апроч яшчэ аднаго такога жарту.

СЭР ЭНДРУ

I я не дамагаўся б.

ФАБІЯН

А вось і яна — наша знаходлівая свавольніца.


Вяртаецца МАРЫЯ.


СЭР ТОБІ

Хочаш наступіць мне нагой на карак?

СЭР ЭНДРУ

Альбо мне?

СЭР ТОБІ

Пажадаеш, містрыс, каб мне зараз жа разыгралі ў косці маю свабоду, і я станаўлюся тваім вечным рабом?

СЭР ЭНДРУ

Альбо я, дальбог!

СЭР ТОБІ

Ты падумай толькі, галава садовая, у які вір летуценняў ты яго ўштурхнула. Хай толькі іх прывід знікне, дык ён жа звар’яцее.

МАРЫЯ

Не, вы праўду кажаце: гэта на яго падзейнічала?

СЭР ТОБІ

Як шклянка гарэлкі на павівальную бабку.

МАРЫЯ

Дык вось што: калі хочаце бачыць вынікі нашай пацехі, панаглядайце за яго першым выхадам да мілэдзі. Ён з’явіцца перад ёй у жоўтых панчохах, а гэты колер у яе выклікае гідлівасць, і ў падвязках крыжыкамі — шык моды, якога яна цярпець не можа. Ён увесь час будзе перад ёй скаліцца, а гэта так не пасуе да яе цяперашняга настрою: мая мілэдзі цяпер у такой меланхоліі, што ягоныя дурныя ўхмылкі выклічуць у яе да яго толькі пагарду. Калі вы ўсё гэта хочаце бачыць на свае вачы,— марш за мной!

СЭР ТОБІ

Хоць у браму Тартара, непараўнальны д’ябал знаходлівасці!

СЭР ЭНДРУ

Эх, мая не мая — куды дзеўка, туды й я!


Выходзяць.


АКТ III


СЦЭНА I

Сад Алівіі.

Уваходзяць ВІЁЛА і БЛАЗЕН з бубнам.


ВІЁЛА

Памагай бог, прыяцель, і табе, і тваёй музыцы. Ты так і жывеш прыбубенным?

БЛАЗЕН

Не, сіньёр, я жыву прыцаркоўным.

ВІЁЛА

А ты што — званар ці клірык?

БЛАЗЕН

Не ў занятку справа, сіньёр; я бубню ў сваёй халупцы; мая ж халупка стаіць пры царкве, вось і жыву прыцаркоўнікам.

ВІЁЛА

У такім разе ты і пра караля мог бы сказаць, што ён прыдурак, бо пры ім жыве дурань, альбо што царква стала забубеннай, калі ты пры ёй блазнуешся з бубнам.

БЛАЗЕН

А чаму б і не, сіньёр? Падумаць толькі, які наш век! Любая прымаўка, што саф’янавая рукавічка для баламута: шах-мах — і ўсё «шыварэйшн-навыварэйшн».

ВІЁЛА

Пэўна, што так. Калі словы распускаць направа і налева, дык яны ж могуць разбрысціся абы-куды.

БЛАЗЕН

Вось то-та ж і яно! Таму, сіньёр, я і хацеў бы, каб у маёй сястры не было імя.

ВІЁЛА

Чаму ж гэта?

БЛАЗЕН

А таму, сіньёр, што імя — слова, а паколькі словамі часта гуляюць, то як бы і мая сястра не загуляла. Бяда ім, словам, калі над імі, беднымі, чыняць шальмоўства, калі іх зневажаюць кайданамі.

ВІЁЛА

А якія ў цябе падставы, скажы?

БЛАЗЕН

Шчыра кажучы, сіньёр, я не магу нічога сказаць без слоў, а словы апошнім часам сталі такімі хлуслівымі, што ў мяне няма ахвоты даводзіць імі сваю праўду.

ВІЁЛА

Ты, як бачу, жывучы каля бога, не баішся нікога.

БЛАЗЕН

О, не, сіньёр, таго-сяго я ўсё-такі пабойваюся. Па шчырасці сказаць, вы, сіньёр, для мяне нішто; я быў бы рады, каб мая абыякавасць зрабіла вас невідзімкай.

ВІЁЛА

Ты не дурань сіньёрыны Алівіі?

БЛАЗЕН

Не, сапраўды не, сіньёр. Пры ёй дурняў няма і не будзе, аж пакуль яна не выйдзе замуж. Але і мужа таксама часамі цяжка адрозніць ад дурня, як і сяледчык ад сардынкі; толькі муж, здараецца, бывае тлусцейшы. Я, па праўдзе кажучы, у яе не за дурня, а за словаблуда.

ВІЁЛА

А цябе я не так даўно сустракаў у двары графа Арсіна.

БЛАЗЕН

Дурасць, сіньёр, ходзіць па свеце, як сонца; яна свеціць усюды. Мне было б шкада, сіньёр, калі б яна радзей наведвала вашага гаспадара, чым маю гаспадыню. Здаецца, у яе пакоях я сустракаў і вашу мудрасць?

ВІЁЛА

Ну не, калі ты ўжо і за мяне прымаешся, я цябе пакіну. На вось пятак за тваю дасціпнасць.

БЛАЗЕН

Хай Юпітэр, калі будзе стрыгчыся, дасць табе на бараду!

ВІЁЛА

Шчыра кажучы, я і сам не счакаюся барады (убок), хоць мне і не хацелася б, каб яна ў мяне вырасла. Твая гаспадыня дома?

БЛАЗЕН

А як вы думаеце, сіньёр, калі б іх была пара, яны б пачалі размнажацца?

ВІЁЛА

Безумоўна, калі скласці разам і пусціць ва ўжытак.

БЛАЗЕН

Я не адмовіўся б ад ролі Пандара Фрыгійскага, сіньёр, каб раздабыць Крэсіду для такога сімпатычнага Траіла.

ВІЁЛА

Я разумею цябе, хітрун, ты нядрэнна выпрошваеш.

БЛАЗЕН

Спадзяюся, сіньёр,— не так ужо цяжка будзе і вам выпрасіць тут што-небудзь. Крэсіда якраз і была папрасімкай. Мая гаспадыня дома. Я ёй перадам, адкуль вас занесла сюды, а вось хто вы і што вам ад яе трэба — гэта ўжо вышэй маёй сферы. Я сказаў бы маёй «стыхіі», але ж слова гэта ўжо вельмі зашмальцавана. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

Мазгі на месцы ў ім, каб строіць дурня;

Без розуму не многа наблазнуеш.

Сапраўдны блазен мусіць добра ведаць,

Калі і дзе з каго і як пакпіць —

Умець ацэньваць і ахвяру жартаў,

I зручнасць выпадку. А ўсё ўлічыўшы,

З налёту біць, як вастрадзюбы ястраб,

Ці па дурному ўдоду ці, ў варону.

Майстэрства блазна, як мастацтва слова,

Нічым не ўступіць іншаму мастацтву,

Што ў нас чамусьці лічыцца па праву

Арэнай дзейнасці адных разумных.

Дурны мудрэц, хоць колкі і сярдзіты,

Лепш, чым разумнік, дурасцю набіты.


Уваходзяць сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.


СЭР ТОБІ

Бог з вамі, добры чалавек.

ВІЁЛА

I з вамі, міласцівыя сіньёры.

СЭР ЭНДРУ

Dieru vous garde, monsieur.

ВІЁЛА

Et vous aussi, votre serviteur.

СЭР ЭНДРУ

Спадзяюся, сіньёр, што пад боскай апекай і мы, і вы. А што датычыць вашай гатоўнасці служыць мне, то і я — ваш пакорны слуга.

СЭР ТОБІ

Вы хацелі б сутыкнуцца з гэтым домам? Мая пляменніца хоча, каб вы зайшлі, калі менавіта туды вы ідзяце.

ВІЁЛА

Я трымаю курс на вашу пляменніцу, сэр. Я хачу гэтым сказаць, што менавіта яна — канечны пункт майго падарожжа.

СЭР ТОБІ

Ну што ж, спрабуйце мабільную сілу вашых хадуль, сіньёр.

ВІЁЛА

У здольнасці маіх хадуль я больш упэўнены, чым у тым, ці правільна я разумею вашу прапанову праверыць рухавасць сваіх ног.

СЭР ТОБІ

Я хачу сказаць: калі ласка, сіньёр, уваходзьце.

ВІЁЛА

Я вам адкажу цвёрдым поступам і рашучым уваходам. На жаль, нас апярэдзілі.

Уваходзяць АЛІВІЯ і МАРЫЯ.

Беспадобна, чароўная мілэдзі! Няхай пральюцца на вас з нябёсаў дажджы водараў.

СЭР ЭНДРУ

Гэты юнак — рэдкі экземпляр нават між прыдворных. Якое красамоўства! «Дажджы водараў» — здорава!

ВІЁЛА

Мая місія, мілэдзі, набудзе права голасу толькі для вашых успрымальных і добрапрыязных вушэй.

СЭР ЭНДРУ

«Водары», «успрымальныя», «добрапрыязныя» — слоўцы — шэдэўры! Прыберагу сабе ўсе тры.

АЛІВІЯ

Няхай зачыняць садовыя вароты, і не перашкаджайце мне слухаць.

Выходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і МАРЫЯ.

Дайце вашу руку, сіньёр.

ВІЁЛА

Прыміце мой доўг і мае паслугі, мадам.

АЛІВІЯ

Як зваць вас?

ВІЁЛА

Ваш пакорлівы слуга —

Цэзарыё, чароўная прынцэса.

АЛІВІЯ

Вы — мой слуга? Маркотна стала жыць,

Як толькі ў свеце нізкае прытворства

Хавацца пачало за этыкетам.—

Юнак, ды вы ж — слуга Арсіны.

ВІЁЛА

Так,

Граф ваш слуга, а я слугую графу.

Хто служыць вашым слугам — служыць вам.

АЛІВІЯ

Пра графа я не думаю, і лепш бы

Ў ягоных думках быць пустой старонцы,

Чым мной запоўненай.

ВІЁЛА

Я і прыйшоў

З тым, каб схіліць напрамак вашых думак

Да графа.

АЛІВІЯ

Не і не! Пры той сустрэчы

Я вас прасіла — больш аб ім ні слова.

Калі на гэты раз вы з іншай просьбай,

Я выслухаю з большаю ахвотай,

Чым музыку нябесных сфер.

ВІЁЛА

Мілэдзі...

АЛІВІЯ

Дазвольце мне сказаць. Мінулы раз,

Калі вы тут у нас тварылі чары,

Я вам слугой паслала ўслед пярсцёнак.

Цяпер я думаю, што ашукала

Сама сябе, слугу і вас, быць можа.

Вы можаце судзіць мяне сурова

За тое, што, ганебна схітраваўшы,

Я вас штурхала ўзяць не вашу рэч.

Што толькі вы маглі тады падумаць?

Вы да слупа ганебнага мой гонар

Паставілі, каб здзекваліся ўволю

Ўсе домыслы, народжаныя ў вашай

Бязлітаснай душы?.. Здаецца, досыць,

Каб стала ясна, што на гэтым сэрцы

Даспехі зняты і вось тут, як сімвал

Адкрытасці,— галінка кіпарыса.

Ну, што вы скажаце?

ВІЁЛА

Я вас шкадую.

АЛІВІЯ

Гавораць, шкадаванне і каханне — Сінонімы.

ВІЁЛА

З істотным адхіленнем

У паасобных выпадках: бывае,

Што мы і ворагаў сваіх шкадуем.

АЛІВІЯ

Што ж, зноў, напэўна, час з вясёлай мінай

Сядзець у пройгрышы. О, свет наш, свет!

Нялёгка гордасцю прыкрыць жабрацтва.

Калі ўжо лёс быць некаму здабычай,

То лепш — у лапы льву, чым воўку ў зубы.

Б'юць куранты.

Мы, відавочна, марна трацім час.

Не бойцеся, юнак, мне вас не трэба,

А ўсё ж, калі даспеліць час ваш розум

I маладосць,— дастанецца шчаслівай

Сапраўдны муж. Ну што ж, ваш шлях на захад?

ВІЁЛА

На захад. Аставайцеся здаровы!

Для графа вы не скажаце нічога?

АЛІВІЯ

Чакай, прашу цябе; скажы мне,

Што пра мяне ты думаеш?

ВІЁЛА

Што ў вас

Адно на языку, другое — ў думках.

АЛІВІЯ

Ах, вось як? Я пра вас такой жа думкі.

ВІЁЛА

Што ж, правільна, мілэдзі, я — не я.

АЛІВІЯ

О, калі б ты быў тым, кім я хацела б!

ВІЁЛА

А ці было ж бы лепш тады, мілэдзі,

Для вас? Я — блазен ваш.

АЛІВІЯ

Які магніт

Прывабнасці ва ўсмешцы гэтых вуснаў,

I гнеўных, і пагардных! Вот бывае ж:

Віну забойца тоіць, укрывае,

А як стаіць каханне, скрыць у цень,

Калі і ноч яго, як ясны дзень?

Цэзарыё, клянуся ружай мая,

Дзявочай чэсцю — усім, усім, што маю,

Ты мне так любы, дарагі, так мілы,

Што страсць маю таіць не маю сілы.

Ты горды, і твая святая воля

Судзіць і так: што ж, любіш — і даволі,

А мне — нашто? Ды на прысуд свой беглы

Ты падрыхтуй і доказ супрацьлеглы,

Які з пакутамі дастаўся мне:

Няпрошанае мілае ўдвайне.

ВІЁЛА

Сваёю маладосцю і сумленнем

Клянуся: як жыву, ні на імгненне

Не заглядала ні адна жанчына

У гэта сэрца — ў ім усё нявінна,

I ні адна ні з ласкай, ні з гардыняй

Сюды не ўвойдзе поўнай гаспадыняй.

Слёз герцага вы болей не чакайце:

Я іх не прынясу да вас. Бывайце!

АЛІВІЯ

Прыйдзі яшчэ! Ты змог бы — я прашу,—

Схіліць к няміламу маю душу.


Выходзяць.


СЦЭНА II

Дом Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.


СЭР ЭНДРУ

Не, дальбог жа, не! Я тут больш не застануся ні на хвіліну.

СЭР ТОБІ

Прычына, дарагі злюка, якая ж прычына?

ФАБІЯН

Вы павінны назваць свае падставы, сэр Эндру.

СЭР ЭНДРУ

Назваць падставы? — калі ласка: я сам бачыў, як ваша пляменніца праяўляла да графскага прыслужніка такую ласкавасць, і дзесятай долі якой яна ніколі не праяўляла да мяне. Я сам гэта бачыў толькі што ў садзе.

СЭР ТОБІ

А яна цябе пры гэтым бачыла, старына? Скажы мне,— бачыла?

СЭР ЭНДРУ

Так, як я зараз — вас.

СЭР ТОБІ

Дык гэта ж і ёсць яўны доказ яе схільнасці да вас.

СЭР ЭНДРУ

Вы што — хочаце зрабіць з мяне асла? Досыць!

ФАБІЯН

Я вам дакажу гэта лагічна, сэр, прывёўшы к прысязе розум і разважанне.

СЭР ТОБІ

А яны ўжо лічыліся прысяжнымі паверанымі яшчэ да таго, як Ной павёў свой каўчэг.

ФАБІЯН

Яна аказвала ласку графскаму юнаку толькі з тым разлікам, каб неяк раскатурхаць вас, расшавяліць, прабудзіць храбрасць у гэтакай соні, як вы,— так сказаць, закінуць іскру ў ваша сэрца і шчапотку перцу ў вашу печань. Вам варта было незаўважна прычаліць у іхнюю ціхую гавань, прывітацца як належыць і некалькімі адборнымі жарцікамі — толькі не заезджанымі, а новенькімі, свежай чаканкі,— так сцебануць па тым жаўтароціку, каб ён анямеў на месцы. Вось чаго ад вас чакалі, і вось што вы праваронілі: двайную пазалоту зручнага выпадку вы дазволілі часу змыць падчыстую і цяпер, па меркаваннях мілэдзі Алівіі, адплываеце на поўнач, дзе вы і завіснеце, як ледзяная цырубалка пад носам у галандца; ну, разумеецца, калі толькі не адкупіцеся якім-небудзь пахвальным выбрыкам храбрасці альбо тонкім палітычным манеўрам.

СЭР ЭНДРУ

Калі на тое пайшло, то толькі праяўленнем храбрасці, бо палітыканства я ненавіджу. Для мяне любы палітыкан нічым не лепшы за пурытаніна ці браўніста.

СЭР ТОБІ

Значыць, падводзь пад сваё шчасце фундамент храбрасці. Выкліч таго графскага малакасоса на дуэль, парань яго рапірай у адзінаццаці месцах. Мая пляменніца даведаецца, і, павер мне, ні адзін пляткар на свеце не размалюе з такой ліслівасцю мужчыну жанчыне, як слава пра ягоную храбрасць.

ФАБІЯН

Другога выйсця няма, сэр Эндру.

СЭР ЭНДРУ

Хто-небудзь з вас згодзіцца занесці яму мой выклік?

СЭР ТОБІ

Перш ідзі і напішы яго сваёй ваяўнічай рукой. Пішы рэзка і коратка; дасціпна складзеш ці не — гэта не мае значэння, галоўнае, каб было красамоўна і з выдумкай. Паздзекавайся з яго, ачарні, наколькі хопіць чарніла. Калі ты яго і «тыкнеш» разы два-тры, будзе не лішне, а небыліц пабольш — колькі змесціцца на аркушы паперы, хоць бы ён быў памерам з прасціну на ложку англійскай каралевы. Адным словам, пляці колькі напляцецца. Ідзі, ідзі і бярыся за пяро. Глядзі толькі, каб у чарніліцы хапіла бычынай крыві, а там крамзоль сабе гусіным пяром ці пальцам. За справу, сэр Эндру, за справу!

СЭР ЭНДРУ

А дзе ж я з вамі сустрэнуся?

СЭР ТОБІ

Мы самі прыйдзем да цябе ў твой cubiculo, толькі глядзі — не засні там. Ідзі!


Сэр ЭНДРУ выходзіць.


ФАБІЯН

Вам гэты чалавек дарагі, сэр Тобі?

СЭР ТОБІ

Гэта я яму дарагі, мой мілы: у тысячы дзве не менш ужо абышоўся.

ФАБІЯН

Унікальнае будзе пісьмо, калі напіша. Але ж вы яго не перадасце?

СЭР ТОБІ

Гром і бліскавіца! Назавеш мяне хлусам, калі я гэтага не зраблю. А ты рассыпся макам, а падзудзі таго шалахвоста, каб даў адказ. Мне думаецца, іх быкамі на вяроўках не прыцягнеш адзін да аднаго. Што ж да Эндру, то калі б хто яго распатрашыў і сказаў, што ў ягонай печані крыві больш, чым трэба, каб уліпнуць блышынай ножцы, я б плюнуў і згадзіўся праглынуць усю астатнюю анатомію!

ФАБІЯН

Дык жа і ў праціўніка яго, таго маладога чалавека, няма на твары ніякіх прыкмет драпежнай жорсткасці.


Уваходзіць МАРЫЯ.


СЭР ТОБІ

Глядзіце, вось і мая крапіўніца выпырхнула!

МАРЫЯ

Калі хочаце пацешыцца і нарагатацца да колікаў у жываце — хадземце са мной. Той пустадом Мальвольё стаў сапраўдным язычнікам, дзе там — рэнегатам! Бо які ж хрысціянін, што шукае ратунку душы ў боскай веры, паверыў бы ў такую несусветную лухту? Каб вы толькі бачылі — ён у жоўтых панчохах!

СЭР ТОБІ

I ў падвязках крыж-накрыж?

МАРЫЯ

Ага ж, як у цыфірніка з прыходскай школы. Я цікавала за ім, як лісіца за курыцай. Ён выконвае ўсё па тых парадах у пісьме, якое я яму падкінула. Ад ухмылак на яго абліччы зморшчын і рысачак больш, чым на новых картах з дадаткам усіх Індый. Кажу вам,— нічога падобнага вы ў жыцці не бачылі. У мяне проста рукі свярбелі — так хацелася запусціць у яго чым-небудзь. Я ўпэўнена, што мілэдзі аддубасіць яго, а той дуб будзе толькі ўхмыляцца і лічыць сінякі велізарнай міласцю.

СЭР ТОБІ

Рушылі! Вядзі нас, капітан у спадніцы, вядзі туды, дзе ён.


Выходзяць.


СЦЭНА III

Вуліца.

Уваходзяць СЕБАСЦЬЯН і АНТОНІА.


СЕБАСЦЬЯН

Я сам не даў бы вам такой турботы,

Але паколькі вам яна прыемна,

Не буду вам пярэчыць больш, Антоніа.

АНТОНІА

Я кінуць вас адных не мог, паверце.

Нібы кап’ё ў спіну, маё жаданне

Мяне вяло. I не адно хаценне

Мець вас на воку,— хоць яно таксама

Магло б павесці ў дальнюю дарогу,—

Але і клопат: як бы ў незнаёмых

Мясцінах вы не збіліся з дарогі,—

Сказалі мне — ідзі. У Ілірыі

Прыезджых без сяброў падчас прымаюць

Без асаблівай ласкі. Вернасць друга

I боязь за бяспеку вашу ўладна

Мяне вялі за вамі.

СЕБАСЦЬЯН

Добры друг мой,

Чым я змагу аддзякаваць за ўсё вам?

Пакуль што толькі словам — дзякуй, дзякуй...

На жаль, занадта часта за паслугі

Мы, як манеткай, плацім гэтым словам.

Каб быў мой кашалёк даверху поўны

Грашыма, як удзячнасцю вам — сэрца,

Я б не пакрыўдзіў вас. Ну, што мы зробім?

Пайшлі — паглядзім горад.

АНТОНІА

Можа, заўтра?

Перш трэба ўладкавацца недзе на́нач.

СЕБАСЦЬЯН

Я не стаміўся, ноч яшчэ далёка.

Прашу вас, павандруем па завулках,

Дадзім нацешыцца душы і зроку

Славутай старажытнасцю, якою

Так ганарацца жыхары.

АНТОНІА

Даруйце,

Мне не зусім бяспечна тут разгульваць.

Аднойчы ў сутыкненні з графскім флотам

Я ўскосна быў ублытаны у справу,

Якая шчэ й сягоння не закрыта.

Так што, калі я траплю ім у рукі,

Мне літасці не будзе.

СЕБАСЦЬЯН

А ў сутычцы

Былі таксама і людскія страты?

АНТОНІА

Ды не, крыві не так было і многа,

Хоць і прычына нашага нападу,

I час той перапалкі дзвюх флатылій

Маглі ім абяцаць ахвяр нямала.

За гэты час у нас была магчымасць

Вярнуць з ліхвою герцагству ўсё тое,

Што мы знялі на мбры з іхніх баржаў.

Сказаць дакладна, гільдыя купецтва

У нашым герцагстве так і зрабіла,

Але не я адказчык. Вось за гэта,

Калі мяне тут сцапаюць, мне амба!

СЕБАСЦЬЯН

Асцерагайцеся.

АНТОНІА

Што ж, беражоных

Бог беражэ. Дык наце ж кашалёк мой.

Спыніцца б вам найлепей у прадмесці

Ў таверне «Слон». I сам я курс трымаю

Туды ж,— дамовіцца аб размяшчэнні,

Вы ж скарыстайце час, здавольце сэрца

Аглядам старажытнасцей. Я буду

Чакаць вас там.

СЕБАСЦЬЯН

А кашалёк навошта?

АНТОНІА

Ды так. Магчыма, нейкім сувенірам

Спакусіцеся; вашых сродкаў, мабыць,

Наўрад ці хопіць і на тую дробязь.

СЕБАСЦЬЯН

Ну — па руках. Дык я, ваш казначэй,

Забаўлюся з гадзінку.

АНТОНІА

Значыць, згода?

Сустрэча ля «Слана».

СЕБАСЦЬЯН

Так, так. Я помню.


Выходзяць.


СЦЭНА IV

Сад Альвіі.

Уваходзяць АЛІВІЯ і МАРЫЯ.


АЛІВІЯ

Мой пасланец сказаў, што ён павінен

Прыйсці. А як жа я яго сустрэну?

Чым адару? Бо маладосць часамі

Лягчэй прывабіць добрым падарункам,

Чым просьбамі. Але пра гэта — ціха!..

Дык дзе ж Мальвольё? Ён стаў замкнуты

I нейкі важны, нават непадобны

На вернага слугу. Ідзе Мальвольё?

МАРЫЯ

Ідзе, мілэдзі, але вельмі ўжо неяк нязвычна. Я ўпэўнена,— ён звар’яцеў, мілэдзі.

АЛІВІЯ

Ну што ты? Што з ім здарылася? Ён бушуе, загаворваецца?

МАРЫЯ

Не, мілэдзі. Ён толькі бясконца ўсміхаецца. Ці не лепш бы вашай міласці мець пры сабе каго-небудзь з вашай чэлядзі на выпадак, калі ён прыйдзе сюды. Мне думаецца,— здурнеў чалавек, не інакш. Гатова пабажыцца.

АЛІВІЯ

Ідзі пакліч яго сюды, спяшайся!


МАРЫЯ выходзіць.


Хваробы дзве, дзве розныя бяды:

Ён з радасці здурнеў, а я — з нуды.

Вяртаецца МАРЫЯ з МАЛЬВОЛЬЁ.

Ну, як, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

Так сабе, мілэдзі,

Хо-хо!

АЛІВІЯ

Смяешся? Па цябе паслалі

З-за вельмі, вельмі невясёлай справы.

МАЛЬВОЛЬЁ

Невясёлай справы, чароўная мілэдзі? Магу быць і сумным. Во гэтым падвязкі, каб яны спрахлі, папераціскалі лыткі — ногі аж мярцвеюць ад застою крыві. Дзе ж тут быць вясёламу? Але калі гэта дае асалоду вачам адной, то мне вельмі пасуе радок з санета:

«Калі ты міл адной, ты кожнай мілы».

АЛІВІЯ

Як ты сябе адчуваеш, шаноўны? Што з табой сталася?

МАЛЬВОЛЬЁ

У галаве ясна, мілэдзі, хоць ногі мае і ў жоўтым. Тое, што было ў канверціку, трапіла яму у рукі па прызначэнні, і ўсе парады будуць выкананы. Спадзяюся, што вам знаёмы гэты далікатны почырк.

АЛІВІЯ

Ці не хочаш ты легчы ў пасцель, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

У пасцель. О так, неацэнная, і я да цябе — тэп-тэп умомант!

АЛІВІЯ

Памажы яму, божа! — Чаму ты ўсё ўсміхаешся і так часта цалуеш сабе ў руку?

МАРЫЯ

Як ваша здароўе, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

На ваша пытанне я адказваю так, як салаўі — галкам.

МАРЫЯ

Ага! Чаму гэта вы паказваецеся перад мілэдзі ў такім нахабным выглядзе?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Ты не бойся вялікасці» — так літаральна і было сказана ў пісьме.

АЛІВІЯ

Што ты хочаш гэтым сказаць, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Адны вялікімі нараджаюцца...»

АЛІВІЯ

Божа мой, божа мой!..

МАЛЬВОЛЬЁ

«...другія велічы дасягаюць...»

АЛІВІЯ

Што ён — трызніць?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...а трэцім веліч даруецца».

АЛІВІЯ

Ратуй яго, божа!

МАЛЬВОЛЬЁ

«...прыгадай, хто хваліў твае жоўтыя панчохі?»

АЛІВІЯ

Твае жоўтыя панчохі?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...і жадаў бачыць іх з падвязкамі накрыж...»

АЛІВІЯ

Накрыж?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Дзейнічай смялей, і ты ўсяго дасягнеш, калі толькі таго пажадаеш...»

АЛІВІЯ

Гэта я дасягнула ўсяго?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...Калі ж не захочаш, то я, як і раней, буду бачыць у табе толькі слугу...»

АЛІВІЯ

Не, гэта сапраўднае шаленства, як здараецца і ў жывёлы пад купальскую ноч.


Уваходзіць СЛУГА.


СЛУГА

Мілэдзі, прыйшоў малады чалавек ад графа Арсіна. Я ледзьве ўгаварыў яго вярнуцца. Ён цяпер чакае, якая будзе воля вашай міласці.

АЛІВІЯ

Я выйду да яго сама.

СЛУГА выходзіць.

Мілая Марыя, няхай за гэтым нашым прыяцелем панаглядаюць. Дзе ж мой дзядзя Тобі? Няхай хто-небудзь з маіх людзей возьме на сябе клопат апякацца над ім. Я не паскупілася б і паловай сваёй маёмасці, каб толькі з ім не здарылася бяды.


АЛІВІЯ і МАРЫЯ выходзяць.


МАЛЬВОЛЬЁ

Ого — я! Спрабуйце цяпер са мной зраўняцца! Не каго-небудзь, а самога сэра Тобі прыстаўляюць да мяне ў прыслугу! Ну што ж, так дакладна і гаварылася ў яе пісьме. Яна падсылае да мяне свайго сваяка знарок, каб я мог прадэманстраваць перад ім сваю фанабэрыю. На гэта ж яна і падбівае мяне ў пісьме: «Скінь з сябе сваю пакорную скуру,— гаворыць яна,— праяўляй непрыязнасць да сваяка, рэзкасць — да слуг; няхай твой язык загадвае па-дзяржаўнаму; прымі на сябе маску выключнай важнасці». А адпаведна з гэтымі парадамі рэкамендуе і неабходныя манеры: насупленасць твару, самавітасць асанкі, запаволенасць мовы, як у якога-небудзь выдатнага прамоўцы, і таму падобнае. Уліпла ты ў мяне, птушачка, як сінічка ў клей. Хвала, хвала табе, усемагутны Юпітэр; я малю цябе, каб ты навучыў мяне ўдзячнасці!.. А вось і зараз, калі адыходзіла: «Няхай за гэтым нашым прыяцелем панаглядаюць». Прыяцелем! Не за Мальвольё — простым дварэцкім, а за прыяцелем! О, так-так, усё супадае адно з адным дакладнейшым чынам, так што ні кроплі сумнення, ніякіх перашкод і бар’ераў, ніякіх неверагодных або неспрыяльных абставін... Ды што тут разважаць! Няма і не можа быць нічога непрадбачанага, што магло б стаць перашкодай паміж мной і поўным здзяйсненнем маіх надзей. О так, Юпітэр, не я здзяйсняльнік усяго гэтага, і дзякую толькі табе, мой божа!


Вяртаецца МАРЫЯ з сэрам ТОБІ і ФАБІЯНАМ.


СЭР ТОБІ

Дзе ён тут, у імя ўсіх святых? Хоць бы ў яго ўсяліліся ўсе д’яблы пекла і сам Легіён у прыдачу, я з ім загавару!

ФАБІЯН

Вунь ён, вунь.— Як вы сябе адчуваеце, сіньёр?

Я пытаю, як вы маецеся, мілы чалавеча?

МАЛЬВОЛЬЁ

Прэч адгэтуль! Я вас звальняю. Не заважайце мне, прэч!

МАРЫЯ

Чуеце, як бубніць у ім нячыстая сіла! Ці ж я няпраўду казала? Сэр Тобі, мілэдзі просяць вас паклапаціцца аб ім.

МАЛЬВОЛЬЁ

Хо-хо! Так і прасіла?

СЭР ТОБІ

Адыдзіце ўбок. Цішэй, цішэй: з ім трэба... далікатна. Я пагавару з ім сам.— Як вы тут, Мальвольё? Як ваша здароўечка? Ведаеце што, шаноўны,— адрачыцеся вы ад д’ябла. Улічыце, што ён, нячысты дух,— вораг роду людскога.

МАЛЬВОЛЬЁ

Вы разумееце, што гаворыце?

МАРЫЯ

Бачыце, як ён захваляваўся, як вы толькі загаварылі дрэнна пра д’ябла. Крый бог, калі ён кім-небудзь зачараваны!

ФАБІЯН

Занясіце яго мачу да знахаркі.

МАРЫЯ

Заўтра ж раніцай, калі буду жывая. Вы не ўяўляеце, як мілэдзі не хацелася б яго страціць.

МАЛЬВОЛЬЁ

Вы што гэта, містрыс камерыстка?

МАРЫЯ

О, божа!

СЭР ТОБІ

Прашу цябе, памаўчы, так жа нельга! Ці ж вы ўсе не бачыце, што ваша балбатня яго раздражняе? Пакіньце нас удвух.

ФАБІЯН

Інакш, як толькі ласачкай, яго не ўтаймуеш. Памякчэй з ім, памякчэй; як гэта кажуць: хоць сам чорт з куслівых, а слуг любіць ліслівых.

СЭР ТОБІ

Ну, як пеўнік? Як табе кукарэкаецца?

МАЛЬВОЛЬЁ

Шаноўны, не забывайцеся!

СЭР ТОБІ

Цып, цып, цып. «Хадзем са мной, Брыгіта». Не, міленькі, вашай вялікасці не да твару гуляць у хованкі з Сатаной. Хай ён павесіцца, шыбенік рагаты!

МАРЫЯ

Трэба прымусіць яго пашаптаць малітву. Дарагі сэр Тобі, прымусьце яго памаліцца.

МАЛЬВОЛЬЁ

Маліцца, макака?

МАРЫЯ

Вось — чулі? Ён і слухаць не хоча пра боскую моц.

МАЛЬВОЛЬЁ

Ідзіце і хоць павесьцеся! Усе вы — шэльмы, пустадомкі і пустабрэхі. Я вам не раўня. Хутка вы пра мяне даведаецеся яшчэ не тое! (Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Ці можа такое быць?

ФАБІЯН

Калі б гэта нам зараз паказалі на сцэне, я гатоў бы быў асудзіць камедыянтаў за неверагодную выдумку.

СЭР ТОБІ

Ён, дзівак, сам пачуў смак у кашы, якую мы заварылі.

МАРЫЯ

Ну дык і грэйце ў яго апетыт, бо каша скора астыне і пракісне.

ФАБІЯН

А як жа. Мы такі сапраўды давядзём яго да вар’яцтва.

МАРЫЯ

I спакайней стане ў доме.

СЭР ТОБІ

Ведаеце што: мы яго звяжам і ўпхнём у цёмную камору. Пляменніца мая пераканалася ўжо, што ён «без цара ў галаве». Такім чынам, сябры, мы можам працягваць пацеху сабе на забаву, а яму ў навуку, пакуль сама пацеха не лопне ад смеху. Тады толькі мы злітуемся з яго, раскажам перад людзьмі пра сваю выдумку і карануем цябе, містрыс, лаўровым вя... венічкам як апазнавальніцу псіхаў. Але... глядзіце, глядзіце!..


Уваходзіць сэр ЭНДРУ.


ФАБІЯН

Яшчэ адна забава, як для майскага ранішніка!

СЭР ЭНДРУ

Вось — мой выклік, чытайце. Ён з воцатам і перцам, дальбог.

ФАБІЯН

Такі востры?

СЭР ЭНДРУ

Ядавіты, і той уюнок у гэтым пераканаецца. Вы толькі прачытайце.

СЭР ТОБІ

Дай сюды. (Чытае.) «Малакасос, хто б ты ні быў, ты ні больш ні менш, як шалудзівы шчанюк».

ФАБІЯН

Трапна і смела.

СЭР ТОБІ

(чытае далей)

«Не здзіўляйся і не круці мазгамі ў здагадках, чаму я цябе так абзываю, бо ніякіх тлумачэнняў гэтага ты ад мяне не дачакаешся».

ФАБІЯН

Прадбачлівая агаворка: яна засцерагае цябе ад караючай рукі закона.

СЭР ТОБІ

(чытае далей)

«Ты раз-поразу прыходзіш да лэдзі Алівіі, і яна, у мяне на вачах, аказвае табе ласкавую міласць, а ты ёй бессаромна і беспардонна хлусіш, нягоднік, але я цябе выклікаю не пагэтаму».

ФАБІЯН

Коратка і сярдзіта, проста-такі выдатна, а сэнсу — ніякага.

СЭР ТОБІ

(чытае далей)

«Я падсцерагу цябе, як будзеш вяртацца дамоў, і там, калі выпадзе шчасце мяне ўкакошыць...»

ФАБІЯН

«укакошыць...» — надзвычайна!

СЭР ТОБІ

(чытае далей)

«...ты мяне заб’еш, як баязлівец і разбойнік з вялікай дарогі».

ФАБІЯН

А вам, я бачу, хацелася б і героем праславіцца, і ад смерці пазбавіцца. Хітра!

СЭР ТОБІ

(чытае далей)

«Бывай, і памілуй бог адну з нашых душ! Магчыма, што ён памілуе маю, бо я спадзяюся на лепшае, а табе скажу: сцеражыся!

Твой друг, калі ты мяне не пакрыўдзіш, і твой люты вораг

Эндру Эг’ючык».

Калі гэта пісьмо яго не расшавеліць, дык ён наогул не здольны шавяліцца. Я яго ўручу яму.

МАРЫЯ

У вас будзе для гэтага зручны выпадак: ён якраз размаўляе цяпер з мілэдзі і павінен скора вяртацца назад.

СЭР ТОБІ

Ідзі, сэр Эндру, і, як шпік, чакай яго ў канцы саду. Як убачыш, так і пачынай яго лаяць, як толькі ўмееш, бо часам адборная лаянка, калі яе упэўнена выкрыкваеш, дае лепшае ўяўленне аб мужнасці, чым учынкі сапраўды адважнага чалавека. Валюхай, старына!

СЭР ЭНДРУ

Ну, лаянцы мяне не вучыць. Я ўжо яму ўсыплю, ой, усыплю!

(Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Яго «сачыненне» я запхнуў у кішэню, там яно і сатрэцца. Мяркуючы па знешнім выглядзе і манерах, той малады чалавек не абы-хто — ён з галавой і выхаваны няблага. Яго пасрэдніцтва паміж ягоным гаспадаром і маёй пляменніцай таксама сведчаць, што гэта джэнтльмен! Так што крывое пісіва — гм, прабачайце, містрыс,— крывая пісаніна нашага сэра Чыкчырыка, гэтае пісі...— пісаніна пацвярджае тое самае і не нагоніць на юнака ніякага страху. Разумны чалавек адразу скеміць, што выклік напісаў дурань. Не, мой дарагі Чыкчырык, я перадам твой выклік на словах; надзялю цябе нечуванай славай храбрасці і падстрашу юнага сіньёра, а ён, па маладосці сваёй, лёгка мне паверыць. Адным словам, пушчуся ва ўсё грэшнае,— што яго супернік і шалёны, і гарачы, і лоўкі, як чорт. Гэта версія так напалохае іх абодвух, што пры сустрэчы яны заб’юць адзін аднаго позіркамі, як чарадзейныя васіліскі.


Паказваецца АЛІВІЯ з ВІЁЛАЙ.


ФАБІЯН

Вунь ён ідзе з вашай пляменніцай. Схіліцеся ўбок, пакуль ён развітаецца, і адразу ж — за ім назіркам!

СЭР ТОБІ

А я тым часам паварушу мазгамі, каб прыдумаць якія-небудзь жахлівыя выразы для ягонага выкліку.


Выходзяць сэр ТОБІ, ФАБІЯН і МАРЫЯ.


АЛІВІЯ

Я ўсё сказала каменнаму сэрцу;

Я нават гонар свой змагла даверыць

Яму, няўдзячнаму. I вось цяпер я

У раскайванні віню сябе сурова

За гэту слабасць,— тут я вінавата,

Але ж віна упарта не здаецца

Перад раскаяннем — і суд не страшны.

ВІЁЛА

Адчай майго гаспадара, мілэдзі,

Ва ўсім падобны і да вашай страсці.

АЛІВІЯ

Вось медальён. ён будзе вам на памяць.

Там мой партрэт,— не бойцеся, бярыце,

Ён без’языкі. Дык прыходзьце заўтра,

Прашу вас. Я любую вашу просьбу,

Якая не запляміць чэсць, гатова

Хоць зараз выканаць для вас. Прасіце ж!

ВІЁЛА

Прашу не многа: пакахайце графа.

АЛІВІЯ

А ці ж дазволіць гонар, чэсць графіні

Падаранае вам — дарыць Арсіна?

Як думаеце вы?

ВІЁЛА

Я дазваляю.

АЛІВІЯ

Ну што ж,— да заўтра. Помніце — чакаю!

Каб гэтакай красы быў дэман зла,

Я без вагання ў пекла б з ім пайшла!

(Выходзіць.)


Вяртаюцца сэр ТОБІ і ФАБІЯН.


СЭР ТОБІ

Міласцівы джэнтльмен, блаславі цябе бог.

ВІЁЛА

I вас, сэр.

СЭР ТОБІ

Якія б ні былі пры табе сродкі абароны, пускай іх у ход. Калі і якую знявагу ты яму ўчыніў, я не ведаю, толькі твой праціўнік сочыць за табой і аж кіпіць ад нянавісці. Як лоўчы ў прадчуванні здабычы, ён прытаіўся ў канцы саду і чакае цябе, прагнучы крыві. Распражы сваю шпагу, не марудзь у ізгатоўцы, бо твой супернік спрытны і паваротлівы, а ўдар яго смертаносны.

ВІЁЛА

Сэр, вы памыляецеся. Я ўпэўнены, што няма чалавека, з якім бы я калі-небудзь пасварыўся. У маёй памяці і следу няма нават падабенства на крыўду, якую б я мог каму небудзь прычыніць.

СЭР ТОБІ

Ты пабачыш, што гэта не так, запэўняю цябе. А таму, калі ты хоць трохі даражыш сваім жыццём,— рыхтуйся да абароны, бо, паўтараю, праціўнік твой валодае ўсім, чым маладосць, сіла, спрыт і гнеў могуць адарыць чалавека.

ВІЁЛА

Даруйце, сэр, хто ж ён такі?

СЭР ТОБІ

Рыцар, і хоць яго ў гэта званне пасвяцілі незазубранай шпагай не на полі бітвы, а на дывановых дарожках палаца,— на дуэлі ён д’ябал д’яблам. Душ, адлучаных ад цела, на яго рахунку, як толькі мне вядома,— тры. Кажу табе, што яго заядласць на дуэлі такая шалёная, што задаволіць яе могуць толькі перадсмяротная агонія і грабніца. Яго дэвіз — забі або памры.

ВІЁЛА

Я вярнуся ў дом і папрашу ў гаспадыні даць мне каго-небудзь у праважатыя. Я ж зусім не дуэлянт, хоць мне, праўда, даводзілася чуць пра людзей, якія знарок распачынаюць сварку з другімі, каб выпрабаваць іхнюю храбрасць. Мабыць, і той чалавек, ваш рыцар, з такімі замашкамі.

СЭР ТОБІ

Ні ў якім разе, джэнтльмен. Яго абурэнне вынікае з вельмі істотнай крыўды. Карацей кажучы, падрыхтуйся і выконвай яго пажаданні. Назад у гэты дом ты не вернешся, калі не хочаш мець справы са мной і ў такой самай перапалцы, якую з поўнай бяспекай можаш дазволіць яму. Ітак,— наперад і шпагу нагало, бо схапіцца з ім ты павінен — гэта вырашана. Інакш — закайся назаўсёды насіць пры сабе сваю жалязяку!

ВІЁЛА

Гэта і непачціва і дзіўна. Я вас прашу зрабіць мне паслугу: калі ласка,— даведайцеся ў таго рыцара, чым я яго зняважыў. Калі крыўда і магла мець месца, то яна была прычынена толькі выпадкова, а не сумысля.

СЭР ТОБІ

Зраблю, гэта не цяжка.— Сіньёр Фабіян, пабудзьце з джэнтльменам, пакуль я не вярнуся. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

Прабачце, сіньёр, вы што-небудзь ведаеце пра гэту непрыемнасць?

ФАБІЯН

Мне вядома, што рыцар раз’юшаны, як дзік, і поўны рашучасці расправіцца з вамі. Больш мне нічога невядома.

ВІЁЛА

А скажыце, калі ласка, што за чалавек гэты рыцар?

ФАБІЯН

Калі меркаваць па яго выглядзе, то ён не абяцае тых цудаў, якія вы ў ім убачыце, калі станеце мішэнню выпрабаванняў яго храбрасці. Гэта — малады чалавек, сапраўды самы спрытны, самы крыважэрны, можна сказаць,— ракавы праціўнік, якога пашукай — не знойдзеш ва ўсёй Ілірыі. Жадаеце прайсці са мной да яго? Я вас паміру з ім, калі ўдасца.

ВІЁЛА

О, вы мне зрабілі б тым самым вялікую ласку. Я з тых, хто аддае перавагу не свецкай, а духоўнай зброі, я зусім не імкнуся праславіцца сваім ваяўнічым гартам.


Выходзяць.

Вяртаюцца сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.


СЭР ТОБІ

Ты мне не верыш? Не, брат, гэта не супернік, а сам нячысты дух. Я ў жыцці не сустракаў такога амазона. Мне даводзілася адзін раз сутыкнуцца з ім у паядынку і то прыйшлося адбівацца не толькі шпагай, а і ножнамі і ўсім іншым. Ён робіць выпады з такім смертаносным націскам, што ўстаяць немагчыма, і пры адбоі трапнымі ўдарамі суправаджае кожны крок вашага адступлення. У бойцы шэльма, нібы танцуе, прытупваючы абцасікамі. Кажуць, што ён быў першы фехтавальшчык у персідскага шаха.

СЭР ЭНДРУ

Чума на такога д’ябла, я не хачу з ім мець справы.

СЭР ТОБІ

Яно так, але ж цяпер яго не ўтаймуеш; там Фабіян ледзьве-ледзьве стрымлівае яго.

СЭР ЭНДРУ

Прападзі ён пропадам! Каб я ведаў, што ён такі галаварэз і спрытнюга ў фехтаванні, я б хутчэй паслаў яго да ўсіх чарцей у апраметную, чым выклікаў на дуэль. Няхай ён плюне на ўсе свае крыўды, змірыцца са мной, а я яму падару свайго скакуна — шэрага Капілета.

СЭР ТОБІ

Ну што ж — гэта справа: я яму скажу. Стой тут і трымайся з апломбам. Усё закончыцца без душагубства. (Убок.) Эге, я папаезджу на тваім коніку, як езджу і на табе.

Вяртаюцца ФАБІЯН і ВІЁЛА.

(Да Фабіяна.) Калі я іх прыміру, яго рысак — мой. Я пераканаў рыцара, што гэты юнак — д’ябал д’яблам.

ФАБІЯН

Такога ж страху мы нагналі і на другога: дрыжыць увесь, збляднеў, быццам за ім мядзведзь гоніцца.

СЭР ТОБІ

(да Віёлы)

Нявыкрутка, сіньёр, нічога не зробіш: ён прагне біцца з табой, каб не парушыць клятву. Аднак, цвяроза абдумаўшы сітуацыю, ён лічыць, што пра вашу там спрэчку цяпер і гаварыць не варта. Пагэтаму агаліце шпагу для праформы; ён запэўняе, што не зачэпіць цябе.

ВІЁЛА

(убок)

Засцеражы мяне, неба! Яшчэ адно выпрабаванне — і я гатова ім прызнацца, да якой ступені я не мужчына.

ФАБІЯН

Як толькі заўважыце, што ваш праціўнік уваходзіць у раж,— адступайце.

СЭР ТОБІ

Ну, адклад не йдзе ў лад — падыходзьце, сэр Эндру. Гэты дваранін у імя гонару жадае скрыжаваць з вамі шпагі адзін раз. Па правілах дуэлі, ён не можа ўхіліцца ад выкліку, але мне ён, як дваранін і салдат, паабяцаў, што вас ён не кране.— Наперад — пачынайце!

СЭР ЭНДРУ

Малю цябе, божа, каб ён стрымаў клятву.

ВІЁЛА

Паверце мне, што ўсё гэта супроць маёй волі.


Яны агаляюць шпагі.

Уваходзіць АНТОНІА.


АНТОНІА

Ўлажыце шпагу ў ножны, джэнтльмен!

Калі юнак зняважыў вас, то я

Гатоў адказваць за яго. Калі ж

Віноўнік вы, я з вамі буду біцца.

СЭР ТОБІ

Вы, сіньёр? А хто вы такі?

АНТОНІА

Я той, які гатовы нават больш

Зрабіць для юнака, чым абяцаўся.

СЭР ТОБІ

Ну што ж, калі вы пасрэднік,— я да вашых паслуг.


Яны агаляюць шпагі.

Уваходзяць УРАДНІКІ.


ФАБІЯН

Сэр Тобі, даражэнькі, спыніце іх. Сюды ідуць ураднікі.

СЭР ТОБІ

Пачакайце хвіліначку, я — зараз.

ВІЁЛА

Прашу вас, сіньёр, улажыце вашу шпагу, калі ласка.

СЭР ЭНДРУ

З ахвотаю, сіньёр. А што да майго абяцання, то я свайму слову гаспадар. Рысак мой цудоўны, такі паслухмяны і лёгкі на бягу.

1-шы УРАДНІК

Вось ён. Выконвай сваё даручэнне.

2-гі ЎРАДНІК

Антоніа, па загадзе герцага Арсіна, я цябе арыштую.

АНТОНІА

Сіньёр, вы памыліліся.

1-шы ЎРАДНІК

Ніколькі.

Цябе я й так без цяжкасці пазнаў бы,

А то ў матроскай бесказырцы.— Ўзяць!

Ён добра помніць наша з ім знаёмства.

АНТОНІА

Бярыце.

(Да Віёлы.)

Вось што значыць — вас шукаць!

А як жа вы? На жаль, мне давядзецца

Прасіць у вас свой кашалёк, бо грошы

Спатрэбяцца цяпер і мне самому.

Свая бяда мяне не так турбуе,

Як тое, што я вас пакінуць мушу

Тут аднаго. Вы здзіўлены? Не трэба

Так гараваць.

2-гі ЎРАДНІК

Пайшлі.— Спыніць размову!

АНТОНІА

Я папрашу ў вас частку з той казны.

ВІЁЛА

Якой, сіньёр? За што патрэбна плата?

За вашу да мяне добразычлівасць.

Улічваючы гэты арышт, я

Гатовы са сваіх нязначных сродкаў

Пазычыць вам, але не шмат: паверце,

Наяўны капітал мой вельмі сціплы.

Тут вось і ўся казна, вам — палавіна.

АНТОНІА

Вы ад мяне хацелі б адступіцца?

Няўжо вы гэтак хутка ўсё забылі,

Што я зрабіў для вас? Не памнажайце

Майго няшчасця! Вельмі б не хацеў я

Быць да такой ступені крыхаборам,

Каб у дакор нагадваць вам пра ўсе

Свае паслугі.

ВІЁЛА

Я пра іх не знаю,

Як і не знаю вас. Мы незнаёмы.

Няўдзячнасць чалавека мне самому

Праціўна нават больш, чым ашуканства,

Хлусня, пляткарства, п’янётва і няшчырасць —

Усе заганы, што псуюць і труцяць

Жывую нашу кроў.

АНТОНІА

О, неба, неба!

2-гі ЎРАДНІК

Канчай, сіньёр!

АНТОНІА

Дазвольце ж мне сказаць.

Таго хлапца я ў шторм самаахвярна

Паўмёртвым вырваў з прагнай пашчы мора.

Пакуль ачуньваў ён, я дні і ночы

Сядзелкай быў пры ім, карміў, выходжваў,

Бярог яго з такой святой любоўю

I вобразу яго, як ідэалу,

Гатовы быў маліцца...

1-шы ЎРАДНІК

Не стагні!

Нам што з таго? Нам — некалі. Канчайце!

АНТОНІА

А гэты ідэальны бог — не што, як ідал!

Ты, Себасцьян, падумаў бы пра тое,

Што ганьбіш прыгажосць сваю маною.

Прыроду пляміць можа толькі той,

Хто сам жыве з заплямленай душой.

Дабро — само сабою вабіць нас,

А зло прывабна толькі напаказ!

1-шы ЎРАДНІК

Спыніць лухту, вар’ят! Ану — пайшлі!

АНТОНІА

Вядзіце, чорнай справы каралі!


Выходзіць з ураднікамі.


ВІЁЛА

Ён гаварыў так страсна і ўсяму

Ён верыў. Дык чаму ж не верыць мне, чаму?

О спраўдзіся, душой жаданы сон,—

Што брат жывы, і нас тут зблытаў ён!

СЭР ТОБІ

Падыдзі сюды, рыцар. I ты, Фабіян,— давай бліжэй: перашушукаемся ўтрох парачкай-другою мудрых думак.

ВІЁЛА

Назваў імя ён Себасцьяна, брата,—

Дык брат — жывы. О шчасце, як я рада!

Блізняты, я і брат, былі з маленства Адно ў адно — такое падабенства:

I рост, і твар — усё адзінай пробы,

I нават вопратка адной аздобы.

Калі нам лёс прызначыць тут спатканне,

Соль мора стане слодыччу кахання!

(Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Хлапчук без гонару і чэсці, малакасос — вось ён хто, і баязлівы ў дадатак, як заяц. Кінуў-рынуў тут свайго лепшага сябра ў бядзе, адрокся ад яго. Вось няхай Фабіян скажа, што ён за арол!

ФАБІЯН

Палахлівы пстрыкунчык, перакананы баязлівец, трус чыстай пароды!

СЭР ЭНДРУ

Дальбог,— пайду за ім і яшчэ раз адлупцую як след.

СЭР ТОБІ

Дуй, усып яму па завязку, але глядзі толькі — шпагі не агаляй!

СЭР ЭНДРУ

Агалю, дальбог, агалю. (Выходзіць.)

ФАБІЯН

Хадзем і мы, паглядзім, чым гэта скончыцца.

СЭР ТОБІ

Іду ў заклад, што ўсё-такі — нічым.


Выходзяць.


АКТ IV


СЦЭНА I

Перад домам Алівіі.

Уваходзяць СЕБАСЦЬЯН і БЛАЗЕН.


БЛАЗЕН

I вы хочаце, каб я паверыў, што мяне не па вас пасылалі.

СЕБАСЦЬЯН

Не прыставай ты, шалапут,— абрыдзеў.

Пакінь мяне,— ты чуеш? Не чапляйся!

БЛАЗЕН

Выдатна разыграна, бачыць бог. Ну так, я вас не знаю, і мая гаспадыня мяне па вас не пасылала з просьбай прыйсці да яе на аўдыенцыю. I вас завуць не Цэзарыё, і гэты мой нос — не мой. Я — не я, і будка не мая.

СЕБАСЦЬЯН

Прашу цябе — паяснічай, дзе хочаш,

А не са мной: з табой я не знаёмы.

БЛАЗЕН

«Паяснічай, дзе хочаш»! Ён чуў гэты выраз ад якой-небудзь важнай персоны і цяпер звяртаецца з ім да блазна. Паяснічаць мне і бог казаў, а я баюся, як бы ўвесь свет, гэты вялікі цюхцяй, не пачаў паяснічаць са сваёй паствай.— Прашу цябе ўсё-такі: распаясай сваю замкнёнасць і скажы, як мне паяснічаць са сваёй гаспадыняй — дурыць ёй галаву, чаго ты і чакаеш?

СЕБАСЦЬЯН

Прашу цябе, дакучны грэк, ідзі! —

На грошы за адчэпку і — правальвай,

А станеш дакучаць, не так заробіш.

БЛАЗЕН

У цябе шчодрая рука, слова гонару. Разумныя людзі, што цыркаюць манеткі дурням, набываюць добрую славу, але толькі пасля сотай падачкі.


Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.


СЭР ЭНДРУ

Ага, вы зноў тут, сіньёр? Вось вам, вось — атрымайце!

СЕБАСЦЬЯН

А вось вам здачы,— вось, і вось, і вось! —

Вы што, сіньёры, ўсе павар’яцелі?

СЭР ТОБІ

Стоп, стоп, сіньёр, бо я закіну тваю шпагу на дах гэтага дома!

БЛАЗЕН

Пра гэта я неадкладна далажу гаспадыні. Ні з адным з вас я і за два грошы не памяняўся б скурай. (Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Сіньёр, спыніся, злітуйся над слабым!

СЭР ЭНДРУ

Не, няхай б’е. Я знайду на яго ўправу. Калі толькі ў Ілірыі ёсць закон, ён адчуе на сабе яго сілу. Тое, што я ўдарыў яго першы, для суда не мае ніякага значэння.

СЕБАСЦЬЯН

Прэч руку!

СЭР ЭНДРУ

Не, сіньёр, я вас не пушчу. Вы, мой юны ваяўнік, схавайце сваю жалязяку. Вельмі ж ужо вы раз’юшыліся. Ну!

СЕБАСЦЬЯН

Не дамся вам у рукі, не спрабуйце

Узяць хітрасцю: не на таго напалі.

Жадаеце яшчэ працягваць схватку?

Што ж,— шпагу нагало! Я згодзен біцца.

СЭР ТОБІ

Што, што? Ну не — тады прыйдзецца мне раздабыць пару кілішкаў тваёй шалёнай крыві.


Уваходзіць АЛІВІЯ.


АЛІВІЯ

Стой, Тобі! Стой! Загадваю: ні з месца!

СЭР ТОБІ

Чаго ты ад нас хочаш, гаспадыня?

АЛІВІЯ

Дакуль жа будзе так, дзікун няўдзячны?

Такому б жыць у джунглях ці ў пячоры —

Пачцівасці ніякай. Прэч адсюль! —

Ты не крыўдуй, Цэзарыё, што так

З табою абышліся.— Прэч, разбойнік!

Выходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.

Прашу цябе, мой горды друг, няхай

Твой розум, а не злосць, утворыць суд

Над гэтым грубым і несправядлівым

Учынкам дзікуна. Цяпер заходзь

У дом — смялей! — і там, калі пачуеш,

Якую процьму глупства і няславы

Тут натварыў па п’янцы гэты невук,

Ты усміхнешся. Пойдзем, пойдзем, мілы,

Не адмаўляй. Агідны чалавек:

Біў у цябе, а сэрца мне рассек.

СЕБАСЦЬЯН

Што гэта тут? Незразумела мне:

Павар’яцелі ўсе, ці я — у сне?

Куды ж цяпер прыгоніць плынь прыбою?

Э, выйграла-прайграла, я — з табою!

АЛІВІЯ

Прашу ж, ідзі. Я буду за кампас.

СЕБАСЦЬЯН

Мадам, іду.

АЛІВІЯ

За мной — і ў добры час!


Выходзяць.


СЦЭНА II

Дом Алівіі.

Уваходзяць МАРЫЯ і БЛАЗЕН.


МАРЫЯ

На, нацягні на сябе гэтыя транты і прыклей бараду. Трэба ж, каб ён паверыў, што ты сэр Топас, свяшчэннік. I не марудзь, калі ласка, а я тым часам падскочу па сэра Тобі. (Выбягае.)

БЛАЗЕН

Зраблю, усё зраблю — і надзенуся, і прыкінуся. Добра бы о б, каб я быў першы, хто прыкідваецца ў такім адзенні. На жаль, я не дабраў росту, каб пераканаўча выглядаць у такім сане, і перабраў у вазе, каб мяне маглі прыняць за стараннага студэнта. Дарэчы, быць чалавекам і дбайным гаспадаром нічым не горш, чым лічыцца заклапочаным дабрадзеем і вялікім вучоным. А вось і мае саюзнікі.


Уваходзяць сэр ТОБІ і МАРЫЯ.


СЭР ТОБІ

Блаславі цябе Юпітэр, святы айцец.

БЛАЗЕН

Bonos dies, сэр Тобі, бо як калісьці сказаў пляменніцы караля Гарбадука нейкі пражскі пустэльнік, што ніколі не меў справы ні з пяром, ні з чарнілам: «Тое, што ёсць — ёсць». Так і я, стаўшы святым айцом, я ёсць сэр святы айцец, бо што ёсць «тое», як не «тое», і што значыць «ёсць», як не «ёсць»?

СЭР ТОБІ

Ты пагавары з ім, сэр Топас.

БЛАЗЕН

Гэй, як вас там велічаць? Мір сей цямніцы!

СЭР ТОБІ

Добра, шэльма, прыкідваецца. Выдатны артыст, шэльма!

МАЛЬВОЛЬЁ

(з каморы)

Хто там кліча?

БЛАЗЕН

Сэр Топас, свяшчэннік, прыйшоў наведаць блажэннага нябогу Мальвольё.

МАЛЬВОЛЬЁ

Сэр Топас, а, сэр Топас! Добры сэр Топас, схадзіце да мілэдзі.

БЛАЗЕН

Ізыдзі з яго, ізыдзі, трывялікі д’ябал! Як ты катуеш гэтага чалавека! А ў цябе, грэшніка, і ўсёй той гаворкі, што пра сваю мілэдзі.

СЭР ТОБІ

Сказаў як звязаў, сэр святы айцец.

МАЛЬВОЛЬЁ

Сэр Топас, ні з кім на свеце так не абыходзіліся. Дабрэйшы сэр Топас, вы не думайце, што я вар’ят. Я ў сваім розуме. Яны тут замкнулі мяне ў жудаснай цемры.

БЛАЗЕН

Цьфу, бясчэсны сатана! Я цябе называю як мага больш прыстойна, бо я з тых пачцівых людзей, якія нават з д’яблам паводзяць сябе высакародна.

МАЛЬВОЛЬЁ

Ты гаворыш,— там цёмна?Як у пекле, сэр Топас.

БЛАЗЕН

Памілуй цябе бог, ды тут жа вокны з ліхтарамі, празрыстыя, як аканіцы, верхняе святло на поўнач — поўдзень прамяністае, як чорнае дрэва. А ты скардзішся, што цябе пасадзілі ў цёмную.

МАЛЬВОЛЬЁ

Я пры сваім розуме, сэр Топас. Я вам кажу: тут цёмна.

БЛАЗЕН

Вар’ят, ты памыляешся. Я сцвярджаю, няма цемры, апроч невуцтва, а ў ім часам здараецца замарачэнне і з намі, як часта і з егіпцянамі ў іхнім тумане.

МАЛЬВОЛЬЁ

Я гавару, што камора гэта цёмная, як невуцтва, нават калі невуцтва цёмнае, як само пекла, і кажу, што нікога на свеце так не крыўдзілі. Я такі ж вар’ят, як і вы. Праверце мяне любымі лагічнымі пытаннямі.

БЛАЗЕН

Праверым. Якой думкі быў Піфагор адносна дзічыны?

МАЛЬВОЛЬЁ

Якой думкі? Ага,— што душа маёй бабкі можа перасяліцца ў птушку.

БЛАЗЕН

А што ты думаеш наконт яго думкі?

МАЛЬВОЛЬЁ

Я думаю аб душы больш высакародна і зусім не падзяляю яго думкі.

БЛАЗЕН

Бывай,— заставайся ў цемры. Пакуль ты не згодзішся з думкай Піфагора, я не прызнаю, што ты ў сваім розуме. I глядзі, не забі куліка, бо абяздоліш душу сваёй бабкі.— З богам!

МАЛЬВОЛЬЁ

Сэр Топас, сэр Топас!

СЭР ТОБІ

Беспадобны сэр Топас!

БЛАЗЕН

Бачыце, я на ўсе ролі майстар.

МАРЫЯ

Ты мог усё гэта разыграць без барады і сутаны: ён жа цябе не бачыць.

СЭР ТОБІ

А цяпер пагавары з ім сваім голасам і прыйдзеш мне сказаць, як ты яго знаходзіш. Мне хацелася б гэты спектакль хутчэй скончыць. Калі яго можна вызваліць прыстойным чынам, то варта так і зрабіць. Зараз я ў такіх неладах са сваёй пляменніцай, што не змог бы гэтую пацеху давесці да канца, не наклікаўшы бяды на сваю галаву. Варушыся і прыходзь хутчэй у мой пакой.


Выходзяць сэр ТОБІ і МАРЫЯ.


БЛАЗЕН

(спявае)

«Гэй, чыжык Робін, братка,

Ну як твая стрынатка?»

МАЛЬВОЛЬЁ

Гэта ты там, блазен?

БЛАЗЕН

«Яна мяне ўсё чубіць».

МАЛЬВОЛЬЁ

Блазен, чуеш?

БЛАЗЕН

«За што? Напэўна, любіць».

МАЛЬВОЛЬЁ

Блазен, паслухай...

БЛАЗЕН

«Ды дзе там. Сыч ёй мілы».

Га! Хто там кліча? Гэй, хто там? Я тут.

МАЛЬВОЛЬЁ

Мілы блазен, зрабі мне, калі ласка, невялікую паслугу — прынясі мне свечку, пяро, чарніла і паперы. Клянуся словам двараніна,— век буду табе ўдзячны.

БЛАЗЕН

Сіньёр Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

Я, добры блазен.

БЛАЗЕН

Ай-яй-я-яй, сіньёр, як жа гэта вы страцілі ўсе свае пяць розумаў?

МАЛЬВОЛЬЁ

Блазен, нікога ў свеце так бязлітасна не крыўдзілі, як мяне. Я пры сваім розуме, як і ты.

БЛАЗЕН

Усяго толькі? Тады вы сапраўды бязмозгі, калі ў вас розуму не больш, як у дурня.

МАЛЬВОЛЬЁ

Гэта яны тут зрабілі з мяне дурня: трымаюць мяне ў цемры, падсылаюць нейкага ёлупня — святога айца і наогул падстройваюць усё, каб я звар’яцеў.

БЛАЗЕН

Падумайце, што вы гаворыце. Святы айцец тут, побач са мной.— «Мальвольё, Мальвольё, да ніспашлюць святыя нябёсы згаенне на твой убогі розум!» Пастарайцеся заснуць і не гарадзіце свой «бібл-бэбл».

МАЛЬВОЛЬЁ

Сэр Топас!

БЛАЗЕН

«Не вядзі размовы з паўгаловым, добры чалавек».— Размовы? А хто з ім вядзе? Я? Я, сэр, не вяду. Памагай вам бог, добры сэр Топас.— «Ну што ж, амін».— Слухаюся, сэр, слухаюся.

МАЛЬВОЛЬЁ

Блазен, а блазен, паслухай!

БЛАЗЕН

Ах, сіньёр, супакойцеся там.— Што вы сказалі, сэр? — Мне тут перападае, што перагаворваюся з вамі.

МАЛЬВОЛЬЁ

Добры блазен, раздабудзь мне агню, хоць якога-небудзь, і паперы. Запэўняю цябе, што я такі ж нармальны, як і любы недурны чалавек у Ілірыі.

БЛАЗЕН

Ах, каб жа гэта было так, сіньёр.

МАЛЬВОЛЬЁ

Клянуся гэтай рукой, што так. Добры блазен, дзеля ўсяго святога, раздабудзь агню, чарніла і паперы! I занясеш маю запіску мілэдзі. На гэтым ты заробіш столькі, колькі ў жыцці сваім не зарабляў ні на адным пісьме.

БЛАЗЕН

Я раздабуду, але скажыце праўду: вы сапраўды вар’ят ці толькі прыкідваецеся?

МАЛЬВОЛЬЁ

Дальбог жа, блазен, я не звар’яцелы. Кажу праўду.

БЛАЗЕН

Не, я ніколі не дам веры малахольнаму, пакуль не праверу яго мазгоў. Агню я вам раздабуду, паперы і чарніла — таксама.

МАЛЬВОЛЬЁ

Блазен, а я нічога не пашкадую, каб аддзячыць табе, толькі прашу,— схадзі хутчэй.

БЛАЗЕН

(спявае)

Я, ваш халоп,—

З месца ў галоп,

Кулём туды, сюды,

Як Грэх у камедыі,

Каб вашай трагедыі

Большай не знаць бяды.

Рапірай з драніцы

Па ўсіх шаляніцах

Дубасіць буду так,

Каб цела гарэла

Ды шэрсць курэла,

А ты пакукуй, прастак.

(Выходзіць.)


СЦЭНА III

Сад Алівіі.

Уваходзіць СЕБАСЦЬЯН.


СЕБАСЦЬЯН

Вось хараство вясны, вось ззянне сонца,

А вось і дар яе — сапраўдны жэмчуг.

Усё наяве, і хоць гэта дзіўна,

Неверагодна, але я не трызню...

Дзе ж знікнуць мог Антоніа? Чамусьці

Ён не сустрэў мяне каля таверны,

Аднак, казалі, ён туды прыходзіў,

Пытаўся пра мяне, пайшоў расшукваць.

Цяпер яго парада і змагла б

Мне неабходную зрабіць паслугу.

Хаця мой розум не спыняе спрэчкі

З пачуццем, тут у нечым ёсць памылка.

Я не ў палоне мар; выпадак гэты

I гэты вал нягаданага шчасця

Настолькі яўнае пераўзыходзяць,

Што я гатоў не верыць ні вачам,

Ні розуму, які давесці здольны

Мне ўсё, апроч таго, што я вар’ят.

А мо яна вар’ятка?.. У гэткім разе

Яна была б няздольна гаспадарыць —

Загадваць, кіраваць усёй прыслугай

Разважліва і цвёрда. Я быў сведкам,

Сам бачыў гэта ўсё. Не, тут — памылка,

А ў чым ці ў кім?.. Ды вось — яна сама.


Уваходзяць АЛІВІЯ і СВЯШЧЭННІК.


АЛІВІЯ

Прашу,— не асуджай маю паспешнасць:

Калі ты не супроць, то зараз пройдзем

За ім, святым айцом, тут недалёка

Ў капліцу. Там, перад свяшчэнным крыжам

I перад абразом дасі мне клятву

Ў сваім каханні, каб мая душа,

Раўніва-баязлівая бязмерна,

Была спакойная. Я буду ў тайне

Трымаць тваю прысягу, аж пакуль

Ты не назначыш дзень і месца шлюбу,

Як патрабуе сан мой. Што ты скажаш?

СЕБАСЦЬЯН

Няхай вядзе нас добры чалавек.

Я паклянуся ў вернасці навек.

АЛІВІЯ

Вядзі, айцец. Няхай жа ўсе нябёсы

Адораць нас з табой шчаслівым лёсам!


Выходзяць.


АКТ V


СЦЭНА I

Перад домам Алівіі.

Уваходзяць БЛАЗЕН і ФАБІЯН.


ФАБІЯН

Слухай, калі ты мне друг, пакажы яго пісьмо.

БЛАЗЕН

Дабрэйшы сіньёр Фабіян, калі вы мне друг, зрабіце мне другую паслугу.

ФАБІЯН

Любую, якую пажадаеш.

БЛАЗЕН

Не прасіце ў мяне, каб я паказваў яго пісьмо.

ФАБІЯН

Гэта значыць — прэзентаваць сабаку і ва ўзнагароду за падарунак патрабаваць сабаку назад.


Уваходзяць ГЕРЦАГ, ВІЁЛА, КУРЫЁ і ВЯЛЬМОДЫ.


ГЕРЦАГ

Вы што, шаноўныя сіньёры, усе з дома мілэдзі Алівіі?

БЛАЗЕН

Так, паважаны. Мы — яе рэквізіт.

ГЕРЦАГ

З табой я знаёмы даўно. Як пажываеш, прыяцель?

БЛАЗЕН

Так сабе, сіньёр. З ворагамі балюю, з прыяцелямі ваюю.

ГЕРЦАГ

Якраз наадварот: з прыяцелямі ж добра.

БЛАЗЕН

Не, сіньёр, з імі якраз і нядобра.

ГЕРЦАГ

Як жа гэта так? Чаму?

БЛАЗЕН

Таму, сіньёр, што прыяцелі перахвальваюць і сваёй няшчырасцю робяць з мяне асла, а ворагі — тыя шчапаюць праўду ў вочы; яны кажуць: ты асёл. Як бачыце, сіньёр, ворагі дапамагаюць мне ў самапазнанні, а прыяцелі ашукваюць. Так што калі вывады раўназначныя пацалункам, а чатыры адмаўленні роўныя двум сцвярджэнням, то і атрымаецца, што з прыяцелямі мне дрэнна, а з ворагамі добра.

ГЕРЦАГ

Дык гэта ж выдатна!

БЛАЗЕН

Не, сіньёр, слова гонару, выдатнага тут мала, хоць і вы мелі ласку назвацца маім прыяцелем.

ГЕРЦАГ

Але са мной табе не павінна быць блага. Вось залаты.

БЛАЗЕН

Сіньёр, не было б двудушнасцю, калі б вы ўдвоілі вашу велікадушнасць.

ГЕРЦАГ

О, ты даеш мне благую параду.

БЛАЗЕН

Я ўсяго толькі раю, каб ваша шчодрасць параіла вашай плоці і крыві злазіць у кішэню па добрую параду, сіньёр.

ГЕРЦАГ

Добра, хай будзе па-твойму, вазьму на сябе грэх двудушнасці — вось табе другі.

БЛАЗЕН

Prima, secundo tertia — добрая гульня. I ёсць старая прымаўка: бог тройцу любіць. У музыцы ж таксама — тры ступені гамы, тры тэрцыі, у паэзіі — тры стапы — тэрцыны, ды і царкоўныя ж званы бомкаюць у тры інтэрвалы: бом-бом-бом.

ГЕРЦАГ

Больш грошай ты ў мяне не выжартуеш ні тэрцыямі, ні тэрцынамі. Аднак калі б ты далажыў сваёй гаспадыні, што я прыбыў, каб пагаварыць з ёю, і прывёў бы яе з сабою, мая шчодрасць магла б зноў абудзіцца.

БЛАЗЕН

Згода, сіньёр, толькі, калі ласка, пакалышыце сваю шчодрасць, пакуль я не вярнуся. Я іду, сіньёр, але вы не падумайце, што мяне падганяе грэшная сквапнасць. Значыць, мы дамовіліся: няхай ваша шчодрасць, як вы кажаце, крышачку прыкар-хне, а я вярнуся і зараз жа яе разбуджу. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

О, ваша светласць, гляньце: вунь марак, Што ўратаваў мяне.


Уваходзяць АНТОНІА і ЎРАДНІКІ.


ГЕРЦАГ

Чакайце, з твару

Ён мне знаёмы. Так, я добра помню,

Хоць пры апошняй нашай з ім сустрэчы

Ён потны быў, увесь запэцкан сажай,

Нібы Вулкан — ішоў жа бой гарачы.

Ён капітанам быў хутчэй карыта,

Чым карабля,— мізэрнай нейкай шхуны —

I тым сваім карытам так угрызся

Ў цудоўнейшую нашу каравелу,

Што нашы не клялі яго за страты,

А з зайздрасці крычалі: «Чэсць і слава!»

А ў чым яго віна цяпер, скажыце?

1-шы ЎРАДНІК

Арсіна, гэты чалавек — той самы

Антоніа, які разграбіў «Фенікс»,

Калі ён дастаўляў тавар з Канды.

Тады пры перастрэлцы ваш пляменнік

Нагу, здаецца, страціў. Ён, як тыгр,

Напаў на «Тыгра», ваш фрэгат найлепшы,

I ўзяў на абардаж. А тут нядаўна,

Забыўшы, мабыць, і закон, і сорам,

На вуліцы ўступіў у паядынак

I быў захоплены.

ВІЁЛА

Ён, ваша светласць,

Абараняў мяне і вельмі спрытна.

Вось толькі пад канец яго размова

Нагадвала трызненне.

ГЕРЦАГ

Ах, пірат,

Прасолены грабежнік! Як ты мог

Адважыцца прыйсці да тых, якія

Цаной крыві сваёй, што пралілася

Праз твой разбой, табе ж павінны помсціць?

АНТОНІА

Высакародны граф, сіньёр Арсіна,

Не спаганяйце, калі я адкіну

Абодва тытулы, якія зараз

Вы мелі гонар даць маёй асобе.

Я не пірат і не грабежнік, хоць

Я добра знаю, помнячы былое,

Што ў вас ёсць дастатковыя падставы

Лічыць мяне за ворага. Сюды

Мяне занесла нейкім чарадзействам,

Вось ён, хлапчук няўдзячны, што пры вас,

Быў мною выратаван з пашчы мора

У шалёны шторм. Каб я не падаспеў,

Загінуў бы, няшчасны. I за тое,

Што вывудзіў яго з нутра прыбою,

Вярнуў жыццё, з бязмернаю любоўю,

Пакуль нядужы быў, пры ім сядзелкай

Быў дзень і ноч,— за тое, што з любові ж

Услед за ім пайшоў у гэты горад,

Варожы мне, і тут ужо ўступіўся

Зноў за яго ж, калі мяне схапілі,

Ён, крывадушны, нават не падумаў

Аб дапамозе другу ў небяспецы.

Наадварот, пры людзях мне ж у вочы

Сцвярджаў, што ён са мною не знаёмы,

Тым самым ставячы сябе ж самога

На дваццаць год аддаленым ад друга;

Стаіў мой кашалёк, што паўгадзіны

Да гэтага па дабраце сардэчнай

Я даў яму пакарыстацца.

ВІЁЛА

Мне, вы?

Як гэта можа быць?

ГЕРЦАГ

Калі мой сябар,

Па-вашаму, прыбыў у гэты горад?

АНТОНІА

Сягоння, ваша светласць. Перад гэтым

Мы з ім не разлучаліся, паколькі

Ён хворы быў, а я пры ім — сядзелка.


Уваходзяць АЛІВІЯ і яе СВІТА.


ГЕРЦАГ

Ідзе яна. Якая нечаканасць:

Цвярдыня неба на зямной цвярдыні!

Паслухай, друг, бяссэнсіцу ты мелеш:

Ён у мяне не першы дзень на службе.

Але цяпер не час.— Убок сыдзіце!

АЛІВІЯ

Чым, монсіньёр, магла б вам быць карыснай

Алівія? Я да паслугі вашай.—

Цэзарыё, вы не стрымалі слова.

ВІЁЛА

Я — не стрымаў?

ГЕРЦАГ

О, мілая!

АЛІВІЯ

Вы штосьці

Сказалі мне, Цэзарыё? — Я зараз.—

Вы, міласцівы монсіньёр...

ВІЁЛА

Я мушу

Маўчаць, пакуль мой гаспадар гаворыць.

АЛІВІЯ

Калі ў вас песня тая ж, монсіньёр,

Яна, паверце, проста рэжа вуха,

Як лямант пасля музыкі.

ГЕРЦАГ

Усё тая ж

Бязлітаснасць.

АЛІВІЯ

Усё тое ж пастаянства.

ГЕРЦАГ

У непрыступнасці? О жорсткасць сэрца!

На твой алтар мая душа пакорна

Прыносіла свяшчэнныя ахвяры —

I ўсё дарэмна! Што ж цяпер рабіць ёй?

АЛІВІЯ

Усё, што пажадае ваша светласць.

ГЕРЦАГ

Мой бог, калі б такую мець рашучасць,

Якую меў егіпецкі разбойнік,—

Як ён, забіць таго, каго ты любіш!

I ў дзікай рэўнасці бывае часам

Высакароднасць. Вось што я скажу вам:

Паколькі вы не аказалі ўвагі

Ні вернасці маёй, ні пастаянству,

I я часткова ведаю прычыну,

Чаму і праз каго ў пачуццях вашых

Я не знаходжу месца,— хай ачнецца

Бязлітасны тыран і ў гэтым сэрцы.

Яго, любімца вашага,— я знаю:

Вы ў ім душы не чуеце, дарэчы,

I мне ён — бачыць бог — таксама любы,—

Я назаўсёды вырываю з сэрца,

Дзе ён асеў наперакор развазе.—

Ідзі са мной, юнак; мой ясны розум

Даспеў, каб здзейсніць зло. Цябе, мой мілы,

Я закалю. Віна ўсяму — яна,

Галубка гэта з сэрцам гругана.

ВІЁЛА

А я, каб супакоіць вас, паверце,

Гатовы сто разоў за вас памерці.

АЛІВІЯ

За кім ідзеш, Цэзарыё?

ВІЁЛА

За тым,

Хто даражэй за ўсё ў жыцці маім,

Які мне мілы, невыказна любы

Больш, чым магла б быць жонка мне па шлюбе.

Калі я хлушу, хай мяне не стане,

Паклёпніка на шчырае каханне!

АЛІВІЯ

Які падман! О, вераломны час!

ВІЁЛА

Хто падмануў і хто пакрыўдзіў вас?

АЛІВІЯ

А ты забыў? Ды толькі ж што ў царкве

Мы пакляліся. Хай хто пазаве

Айца святога ў сведкі.


АДЗІН СА СЛУГ выходзіць.


ГЕРЦАГ

(да Віёлы)

Марш за мной!

АЛІВІЯ

Куды вы, монсіньёр? — Мой муж, пастой!

ГЕРЦАГ

Ваш муж?

АЛІВІЯ

А чый жа? Ну, вядома,— мой.

Няхай ён скажа сам.

ГЕРЦАГ

Ты — муж? Скажы.

ВІЁЛА

Не я, мілорд, не я! Каб я так жыў.

АЛІВІЯ

О гора! Гэта страх цябе прымусіў

Сябе самога вырачыся, мусіць.

Не бойся. Ах, святая маладосць;

Будзь мужны, пакажы ім, хто ты ёсць,

І будзеш роўным з той, перад якою

Пасуеш і з паніклай галавою

Стаіш, дрыжыш, як агнец між авец.

Уваходзіць СВЯШЧЭННІК.

А вось і сведка ў час. Святы айцец,

Прашу цябе пачціва тут усім

Раскрыць сакрэт, што паміж мной і ім

Павінен быў таіцца нейкі час,

Але які прыспешыў нехта з нас,—

Прашу сказаць, якой падзеі сведкам

Ты быў — між мной і гэтым паўналеткам.

СВЯШЧЭННІК

Яднанне неразлучнае дзвюх душ,

Што, па любові і ўзаемнай згодзе,

Адзначана злучэннем рук абоіх,

Засведчана гарачым пацалункам

I скована абменам іх пярсцёнкаў,—

Замацаваў святы абрад. Ён мною

Аформлены па кнізе, як належыць.

Калі не лжэ нам час, ад той падзеі

Я, смертны, да няўхільнае магілы

Прайшоў не болей дзвюх гадзін.

ГЕРЦАГ

Шчанё прытворнае, якім жа змеем

Ты станеш, калі поўсць твая ссівее?

А мо тваё круцельства, з ласкі бога,

Абваліць і сатрэ цябе ж самога?

Бывай, бяры яе і каб ніколі

Ты не сустрэўся мне ў адкрытым полі!

ВІЁЛА

Я вам клянуся...

ГЕРЦАГ

Клятвы не патрэбны.

За што ж ты здрадзіў мне? За трыццаць

срэбных?

Знай, крывадушны, што і ў тленнай дрэні

Павінна быць хоць кропелька сумлення.


Уваходзіць сэр ЭНДРУ.


СЭР ЭНДРУ

О, людцы добрыя, дзе лекар? Пашліце лекара да сэра Тобі. Напрамілы бог, пашліце і як найхутчэй!

АЛІВІЯ

Што здарылася?

СЭР ЭНДРУ

Ён праламаў мне чэрап, ды і сэру Тобі так расквасіў галаву, што, напэўна, ужо і мазгі выцеклі. Напрамілы бог прашу вас, акажыце дапамогу. Я не пашкадаваў бы і сарака фунтаў, абы толькі быць цяпер дома.

АЛІВІЯ

Хто гэта ўсё натварыў, сэр Эндру?

СЭР ЭНДРУ

Ды ўсё ж той графскі прыслужнік, нейкі Цэзарыё. Мы думалі,— ён палахлівец, аж аказалася, што гэта сам крутадух у чалавечым вобразе.

ГЕРЦАГ

Мой камердынер Цэзарыё?

СЭР ЭНДРУ

О божа літасцівы, ён тут.— Вы ні за што ні пра што рассеклі мне галаву. А калі я што і зрабіў, дык трэба ж было лічыцца, што мяне нацкаваў на вас сэр Тобі.

ВІЁЛА

Пры чым тут я? Я пальцам вас не кратаў,

А там тады, калі без дай прычыны

Вы агалілі шпагу, я таксама

Вас не чапаў і ўгаварыў змірыцца.

СЭР ЭНДРУ

Калі расквасіць чэрап, па-вашаму, не чапаць, дык вы такі мяне добра зачапілі. Вы, я гляджу, мой скрываўлены чарапок і ў грош не ставіце.

Уваходзяць сэр ТОБІ і БЛАЗЕН.

А вось кульгае і сам сэр Тобі, ён вам яшчэ не тое раскажа. О, каб ён тады не быў падпіты, задаў бы вам шчыкоткі не такім манерам.

ГЕРЦАГ

Ну што, шаноўны, дзе вы зарабілі?

СЭР ТОБІ

Ды што там — драпіна! Пакуль жаніцца,— загаіцца. Перахрысцілі ў схватцы — і ўсё па ўсім.— Паслухай, дурачына, ты бачыў Дзіка-лекара? Не бачыў?

БЛАЗЕН

Бедненькі сэр Тобі, лекар наш, п’яная завала, заваліўся спаць больш гадзіны таму назад, а вочкі яго асалавелі і закаціліся яшчэ з самай ранічкі.

СЭР ТОБІ

Свіння, хто ж напіваецца зрання? Ненавіджу п’яную жывёліну.

АЛІВІЯ

Выведзіце яго. Хто іх так скрамсаў?

СЭР ЭНДРУ

Я сам вам дапамагу, сэр Тобі,— нас жа будуць перавязваць разам.

СЭР ТОБІ

Ён мне дапаможа! Асліная твая галава, набіты дурань! Ты — жулік і разлезлы пантофель. «Я сам вам дапамагу» — цьфу ты, сухарлявы прахвост. Ідзі вон!

АЛІВІЯ

Адвесці раненага ў дом, у ложак,

I зараз жа няхай агледзяць рану.


Выходзяць БЛАЗЕН, ФАБІЯН, сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.

Уваходзіць СЕБАСЦЬЯН.


СЕБАСЦЬЯН

Мне вельмі непрыемна, ваша светласць,

Што ў схватцы мной паранены ваш родзіч.

Але калі б ён быў і брат мой родны,

Я быў бы вымушаны заступіцца

За слабага. Вы на мяне з пагардай

Чамусьці гледзіцё. Я разумею:

Сваёй гарачкаю я вас зняважыў.

Даруйце мне, анёл мой, у імя

Хаця б нядаўняй нашай з вамі клятвы.

ГЕРЦАГ

Аблічча, вопратка, манеры, голас —

Адны і тыя ж, двайнікі — ды годзе:

Тут — гэты, а паводдаль — гэткі ж самы.

СЕБАСЦЬЯН

Антоніа, мой дарагі Антоні!

Якой пакутай кожная гадзіна

Была мне з той пары, як мы з табою

Рассталіся!

АНТОНІА

Вы — Себасцьян?

СЕБАСЦЬЯН

Вядома,

А ты яшчэ пытаешся?

АНТОНІА

Дык як жа

Маглі вы з ім раздвоіцца? Каб яблык

Разрэзаць напалам,— дзве палавінкі

Не разабраў бы лепш у падабенстве,

Чым вас дваіх. Каторы ж Себасцьян тут?

АЛІВІЯ

Неверагодна! Што тут — чарадзейства?

СЕБАСЦЬЯН

Ці ж я не я? Ніякага я брата

Не маю і не меў, як і не маю

Той боскай двуадзінасці з’яўляцца

То тут, то там адразу ў дзвюх асобах.

Была ў мяне адна сястра, якую

Ў шалёны шторм, як карабель загінуў,

Сляпыя хвалі мора паглынулі.—

Вы часам не сваяк мой? Як завуць вас?

Адкуль вашы бацькі?

ВІЁЛА

Я з Мессаліні.

Мой бацька зваўся Себасцьян, і брата

Майго таксама звалі Себасцьянам.

Ён быў, як вы: і твар, і рост, і постаць —

Ў такой жа форме дол салёны мора

Яго прыняў. Калі душа памершых

Увасабляцца можа ў іхні вобраз,

То вы прыйшлі палохаць нас.

СЕБАСЦЬЯН

Паверце,

Я дух і ёсць, што добраю душою

Быў выратаваны; а грубы воблік

Я атрымаў у спадчыну ад маці.

Вы?.. Не, не вы! Каб вы былі жанчына,

Я б ручаямі слёз заліў вам шчокі,

Бясконца паўтараючы: «Сястрыца,

З бяздоння мора ўскрэслая Віёла!»

ВІЁЛА

У бацькі над брывом была, я помню,

Радзімка.

СЕБАСЦЬЯН

I ў майго была таксама.

ВІЁЛА

I ён памёр ў дзень, калі Віёле

Трынаццаць год спаўнялася — вось дата!

СЕБАСЦЬЯН

О, я ўсё гэта помню, як жывое.

Так, ён закончыў справы ўсе зямныя,

Калі сястры спаўняўся чортаў тузін.

ВІЁЛА

Хоць іншых перашкод я больш не бачу,

Чым гэты мой касцюм, але стрымайся.

Не абдымай мяне, пакуль не зверым

Усіх абставін — месца, час, прычыны,—

I калі сыдзецца, то я — Віёла.

Каб гэта ўсё праверыць, мы павінны

Прайсці з табой у дом непадалёку

Да аднаго марскога капітана —

Я там пакінула сваё адзенне.

Ён дапамог мне паступіць на службу

Да графа. З той пары мая фартуна

Мне вызначыла месца між дваімі —

Гаспадаром Арсіна і графіняй.

СЕБАСЦЬЯН

(да Алівіі)

Мілэдзі, выйшла прыкрая памылка.

Аднак прырода вас беспамылкова

Вяла: збіраліся вы заручыцца

З дзяўчынаю і — я жыццём клянуся! —

Не памыліліся: двайнік дзяўчыны,

Магу прызнацца, чэсны, як дзяўчына.

ГЕРЦАГ

Вы здзіўлены? Жаніх ваш знатны родам,

I сумнявацца ў вас няма падставы.

Я спадзяюся, гэтае крушэнне

Таксама і мяне адорыць шчасцем.—

(Да Віёлы.)

Ты тысячу разоў сцвярджаў, мой хлопчык,

Што я мілей табе любой жанчыны.

ВІЁЛА

I я магу хоць зараз пад прысягай

Ахвотна паўтарыць свае прызнанні

І зберагчы іх у душы навечна,

Як гэта сонца беражэ святло,

Што аддзяляе ясны дзень ад ночы.

ГЕРЦАГ

Падай руку і дай магчымасць бачыць

Цябе, нарэшце, у жаночым плацці.

ВІЁЛА

Яно не тут, а недзе ў чалавека,

Што ўратаваў мяне насля крушэння.

На жаль, той капітан арыштаваны

I кінуты ў цямніцу па даносу

Мальвбльё, што дварэцкім у графіні.

АЛІВІЯ

Ён будзе вызвалены неадкладна.—

Паклічце мне Мальвольё! Ах, нягоднік,

Хаця, мой бог, я чула: мой дварэцкі

Нібыта, бедны, з розуму скрануўся.

Вяртаюцца БЛАЗЕН з пісьмом і ФАБІЯН.

Я і сама ў такім расстройстве думак

I пачуцця, што пра яго вар’яцтва

Зусім забыла. Як ён там, нябога?

БЛАЗЕН

Па праўдзе сказаць, мілэдзі, ён там адбіваецца ад сатаны, вядома, наколькі можа чалавек адбрыквацца ў яго становішчы. Напісаў вам сюды пісьмо; мне трэба было аддаць яго вам сёння раніцай, але ж пасланне звар’яцелага не евангелле, так што можа і пачакаць.

АЛІВІЯ

Разгарні і чытай.

БЛАЗЕН

Ну, вастрыце вушы і матайце на вусы, калі дурань вяшчае ад імя вар’ята. (Чытае.) «Бачыць бог, дарагая...»

АЛІВІЯ

Што такое ты чытаеш? Ты звар’яцеў, ці што?

БЛАЗЕН

Не, мілэдзі, я толькі чытаю пісьмо звар’яцелага, і калі вашай міласці будзе пажадана, каб яно было прачытана так, як напісана, то не пазбаўляйце мяне права голасу.

АЛІВІЯ

Прашу, чытай як належыць.

БЛАЗЕН

Я так і раблю, мілэдзі; каб яго чытаць як належыць, трэба чытаць так, як я чытаю. А пагэтаму — нахіліцеся сваім вушкам, прынцэса

АЛІВІЯ

(да Фабіяна)

Паслухай, чытай лепш ты.

ФАБІЯН

(чытае)

«Бачыць бог дарагая мілэдзі, Вы мяне крыўдзіце, і свет пра гэта даведаецца. Хоць Вы і ўштурхнулі мяне ў цемру і дазволілі Вашаму п’янаму дзядзечку камандаваць мною, я ўсё ж валодаю сваімі пачуццямі не горш, чым Ваша міласць. Пры мне тут Ваша ўласнаручнае пісьмо, і менавіта яно падштурхнула мяне апранацца і паводзіць сябе так, як я і паводзіў сябе перад Вамі. I я не сумняваюся, што яно пацвердзіць маю поўную правату, а Вашу — поўную ганьбу. Можаце думаць усё, што хочаце. Не запэўняю Вас у сваёй пачцівасці, бо гавару як прыгнечаны і зняважаны

Бязмерна пакрыўджаны

Мальвольё».

АЛІВІЯ

I гэта пісаў ён?

БЛАЗЕН

Ён, ваша міласць.

ГЕРЦАГ

А ненармальнага ў пісьме не многа.

АЛІВІЯ

Паклапаціся, Фабіян, каб зараз

Яго сюды даставілі.

ФАБІЯН выходзіць.

Мой герцаг,

Улічваючы ўсе папраўкі часу,

Цяпер, магчыма, будзе ваша воля

Лічыць мяне сястрой, а не нявестай.

Калі на гэта будзе ваша згода,—

То ў гэты шчасны дзень мы б змацавалі

Шчаслівых два саюзы ў гэтым доме,

У мяне ў гасцях.

ГЕРЦАГ

Мой бог! Я ў захапленні

Ад вашай прапановы.

(Да Віёлы.)

А каб вам

Аддзячыць за адданасць і за службу,

Неадпаведную для вас, жанчыны,

Высакароднай, выхаванай, кволай,—

За гэту вашу службу і за тое,

Што я, як гаспадар, сваёй рукою

Вас пасылаў сюды-туды,— вось вам

Мая рука, каб з гэтае хвіліны

Вам стаць графіняй — жонкаю Арсіна —

I паўнаўладнай гаспадыняй дома.

АЛІВІЯ

А мне — сястрой названай маладому.


Вяртаецца ФАБІЯН з МАЛЬВОЛЬЁ.


ГЕРЦАГ

Дык ён і ёсць вар’ят?

АЛІВІЯ

Так. Ён той самы

Мальвольё.— Як ты маешся, шаноўны?

МАЛЬВОЛЬЁ

Я вамі так зняважаны, мілэдзі,

Так жорстка зганьбаваны!

АЛІВІЯ

Мной, Мальвольё? МАЛЬВОЛЬЁ

Так, вамі. Калі ласка, вось — чытайце!

Чыя рука тут? Ваша. Паспрабуйце

Пісаць інакшым почыркам і складам.

Скажыце,— думкі і пячаць не вашы?

Ага, не скажаце! Тады сумленна

Прызнайцеся, навошта вы мяне

Ашуквалі: хадзі ў панчохах жоўтых

З падвязкамі крыж-накрыж, усміхайся,

З пагардай паглядай на сэра Тобі,

Будзь рэзкім з чэляддзю? Калі ўсё гэта

Я, верачы ва ўсім парадам вашым,

Пачаў выконваць, дык тады завошта ж

Мяне запёрлі ў цёмную камору,

Свяшчэнніка на споведзь падсылалі

I кпілі ўсяк, зрабіўшы чалавека

Пасмешышчам з пасмешышчаў, якога

Не бачыў свет? За што гэта, скажыце?

АЛІВІЯ

Чакай, Мальвольё, почырк тут не мой,

Хаця, прызнацца, падабенства многа.

Бясспрэчна, тут была рука Марыі.

Прыпамінаю: аб тваім вар’яцтве

Сказала мне яна, а ты ў пакоях

Якраз з’явіўся з дзіўнасцю паводзін —

Раскланьваўся, усміхаўся без прычыны,

I знешні выгляд твой быў адпаведны

Таму, які табою ўпамінаўся

Ў пісьме. Прашу, не апярэджвай следства:

З цябе пажартавалі і сярдзіта.

Ты не адчайвайся, чакаць не доўга:

Як толькі высветлім прычыну жарту

I знойдзем завадатараў, ты будзеш

Суддзёю і істцом па ўласнай справе.

ФАБІЯН

Дазвольце мне быць сведкам, ваша міласць,

I праясніць усё, каб ні варожасць,

Ні суд, ні звады не маглі азмрочыць

Той урачыстасці, якой мы рады.

З такой надзеяй я па добрай волі

Прызнаюся ва ўсім: мы з сэрам Тобі

Падцукравалі гэты свой гасцінец

Шаноўнаму дварэцкаму за тое,

Што ён на нас фіскаліў вам і іншым.

Па просьбе і пад грозьбай сэра Тобі

Пісьмо было напісана Марыяй.

Там быў, вядома націск, ды затое ж

Аплачаны: ён з ёю ажаніўся.

Вось, як на споведзі,— святая праўда.

Паколькі ўся з яго пацеха наша

Была хоць злоснай, але ўсё ж вясёлай,

То тут — судзіце самі, ваша міласць,—

Да месца быў бы лепей смех, чым помста,

Дый прыказка ж гаворыць так, здаецца,

Як сам гукнеш, дык так і адгукнецца.

АЛІВІЯ

Ах, бедны наш, і як ты пакараны!

БЛАЗЕН

Ну, што ж, «адны вялікімі нараджаюцца, другія велічы дасягаюць, а трэцім веліч даруецца». Я таксама, сіньёр, бязмерна пакрыўджаны, удзельнічаў у гэтай інтэрмедыі, у ролі сэра Топаса. Але гэта ўсё роўна: што поп, што асталоп — адна парафія. «Дальбог жа, блазен, я не звар’яцелы». Памятаеце? «Я проста здзіўляюся, як ваша міласць знаходзіць задавальненне ў жартах такога бязмозглага нягодніка. Калі вы самі не смеяцеся, то і ён язычок на кручок». Вось так-та кругаварот часу падкатвае адплату нашаму брату!

МАЛЬВОЛЬЁ

Я адплачу ўсёй вашай злоснай тройцы!

(Выходзіць.)

ГЕРЦАГ

Пашліце наўздагон і ўгаварыце

Змірыцца: ён яшчэ сказаць павінен,

Дзе капітан. Калі ўсё стане ясна

I залаты наш час нам паспрыяе,

Наступіць і ўрачыстасць рытуалаў

Яднання нашых душ. А мы тым часам,

Мілейшая сястра, у вашым доме

Пабудзем у гасцях.— Ідзём, Цэзарыё,

Мой мілы хлопчык і слуга мой верны.

Ты мой слуга, пакуль ты так адзеты.

Пасля ж вянца ты станеш мне, вядома,

Царыцай сэрца і графіняй — дому.


Выходзяць усе, акрамя БЛАЗНА.


БЛАЗЕН

(спявае)

Калі я падбрыкваў без портак, хлапчук,

Стаяла благая пара:

Мне ўсё блазнаванне сыходзіла з рук,

Хоць з неба ліло як з вядра.

Калі я падрос, блазнаванні тварыў,

Не лепшала злая пара:

Сабакам цкавалі на кожным двары,

А з неба ліло як з вядра.

Калі я дзяўчыну сабе прысачыў,

Яшчэ паблажэла пара:

Імжэла, грымела ўсе дні, а ўначы

Ліло і ліло як з вядра.

Чужому вяселлю аддаўшы сваё,

Мне ў вырай збірацца пара.

Якое ж цяжкое пахмелле маё!

А з неба ліе як з вядра.

Наш свет існуе з дапатопнай пары,

Льюць ліўні на бедных бадзяг.

Сягоння пацеху мы скончым, сябры,

А заўтра — глядзіце працяг.

(Выходзіць.)


Канец


Загрузка...