Сон у Іванаву ноч

Пераклад Алеся Разанава


Дзейныя асобы:

ТЭЗЕЙ, герцаг Афінскі

ЭГЕЙ, бацька Герміі

ЛІЗАНДР, ДЗЯМЕТРЫЙ } кахаюць Гермію

ФІЛАСТРАТ, маршалак цырымоній і гульняў пры двары Тэзея

ХВІГА, цясляр

ЗЭДЛІК сталяр

МАТАВІЛА, ткач

ДУДКА, наладчык арганных мяхоў

ХРАПА, бляхар

НЕДАЕДАК, кравец

ІПАЛІТА, царыца амазонак, нарачоная Тэзея

ГЕРМІЯ, кахае Лізандра

АЛЕНА кахае Дзяметрыя

АБЯРОН, цар эльфаў і феяў

ТЫТАНІЯ, царыца эльфаў і феяў

ПУК, альбо ГАРЭЗА РОБІН, эльф

ДУХМЯНЫ ГАРОШАК, ПАВУЦІНКА, МАТЫЛЁК, ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА } эльфы

Іншыя ЭЛЬФЫ і ФЕІ са світы Абярона і Тытаніі

СВІТА Тэзея і Іпаліты


Месца дзеяння: Афіны і лес непадалёку.


ДЗЕЯ I


З’ЯВА I

Афіны, палац Тэзея.

Уваходзяць ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ФІЛАСТРАТ і СВІТА.


ТЭЗЕЙ

Да нашага вяселля, Іпаліта,

Рукой падаць. Чатыры дні — й Купалле.

Але павольна ветах растае

I замінае спраўджвацца жаданням,

Бы тая скнара-мачаха ў маёнтку

Ліпіць, рыпіць, а пасынку — трывай.

ІПАЛІТА

Чатыры дні пяройдуць шпарка ў ночы,

Чатыры ночы зачаруе сон,

I маладзік, бы лук срабрысты, гожа

Прарэжацца ў нябёсах і азорыць

Наш урачысты шлюб.

ТЭЗЕЙ

Гэй, Філастрат,

Шыбуй і раскатурхай нашу моладзь,

Гульні гарэзнай горан распалі,

Няхай нуда пляцецца на хаўтуры:

Няма ў нас месца гэтакім гасцям.

ФІЛАСТРАТ выходзіць.

Ах, Іпаліта, у вайне з табою

Тваё каханне я здабыў. За свата

Мне быў мой меч. Але вяселле наша

Згуляем мы на іншы лад: любоўна,—

У баляваннях, досціпах, гульні.


Уваходзяць ЭГЕЙ, ГЕРМІЯ, ЛІЗАНДР і ДЗЯМЕТРЫЙ.


ЭГЕЙ

Будзь баславёны, герцаг наш Тэзей!

ТЭЗЕЙ

Здароў, Эгей!.. Што скажаш, дабрадзею?

ЭГЕЙ

Абураны, я скардзіцца прыйшоў —

На Гермію, дачку сваю. Дзяметрый!

Хадзі сюды! Вось гэты чалавек

Мной, вашамосць, ёй мужам абяцаны.

I ты хадзі, Лізандр! А гэты

Абваражыў душу яе нахабна.

Ты, ты, Лізандр! Ты вершы ёй складаў,

Даваў і браў любоўныя цыдулкі,

Ты па начах пад вокнамі ў яе

Ціліўкаў ёй пра вечнае каханне.

Ты захапіў дзявоцкае ўяўленне,

Ёй дорачы то кудзер свой, то кветкі,

То спражкі, то пярсцёнкі, то ласункі,

То цапстрыкі ўсялякія — усё,

Што цноце неспрактыкаванай міла.

Ты сэрца выкраў у маёй дачкі,

Перавярнуў пакору даччыную

Ў зацятую нязгоду. Вашамосць,

Калі вось тут, перад абліччам вашым,

Яна й цяпер адмовіцца ад шлюбу

З Дзяметрыем — прашу: хай падтрымае

Мяне бацькоў афінскіх прывілея;

Яна — мая, і я над ёю ўладны,

Таму яе аддам, як і рашыў,

Дзяметрыю, а не — тады на згубу,

Як гэта і прадбачыцца ў законе.

ТЭЗЕЙ

Ты чуеш, Гермія? Чуй, мілае дзяўчо —

Быць для цябе павінен бацька богам,

Што даў табе жыццё і прыгажосць:

Ты для яго нібы фігурка з воску...

I гэта ў яго моцы — зберагчы

Альбо не зберагчы яе... Дарэчы,

Дзяметрый чалавек надзвычай годны.

ГЕРМІЯ

Таксама і Лізандр.

ТЭЗЕЙ

Лізандр таксама.

Ды бацькаў голас не за ім, таму

Прыгоднейшым назваць другога трэба.

ГЕРМІЯ

О каб жа паглядзець мой бацька мог

Вачмі маімі!..

ТЭЗЕЙ

Лепш было б, калі

Ягонымі вачамі ты глядзела.

ГЕРМІЯ

Даруйце, ваша светласць, я сама

Не ведаю, адкуль бяру адвагу

І як мне сціпласць не затуліць рот

Пры ўсіх казаць, што думаю ціхмяна,—

Дазвольце мне даведацца усё ж

Найгоршае, што мне наканавана,

Калі я за Дзяметрыя не выйду.

ТЭЗЕЙ

Цябе чакае смерць... Альбо навекі

Цябе адлучаць ад сябрыны нашай.

Таму перапытай свае жаданні,

Пачуй, што скажа маладая кроў,

Перш чым бацькоўскай волі запярэчыць.

Няўжо табе захочацца надзець

Манаскі ўбор, замкнуцца ў цёмнай келлі,

Век звекаваць пустэльніцай бясплоднай,

Маркотны месяц славячы маркотна?!.

Хто, ўтаймаваўшы кроў, ахвяраваў

Сябе дзявоцтву — тройчы баславёны;

Ды ўсё-такі, парфумай стаўшы, ружа

Шчасліўшая за тую, што расце,

Цвіце і памірае нечапанай.

ГЕРМІЯ

I я так аджыву, так адцвіту

I так памру, сваёй дзявоцкай волі

Перад ярмом прымусу не скарыўшы.

ТЭЗЕЙ

Разваж рупліва, і ў купальскі дзень —

У дзень, які пячаткай запаветнай

Мяне з маёй каханаю змацуе,—

Рыхтуйся, зрэшты, ці пайсці на смерць

За непакору бацькавай уладзе,

Ці абвянчацца з тым, каго ён выбраў,

Ці асудзіць прад алтаром Дыяны

Сябе на пажыццёвы манастыр.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Злагодзься, Гермія! А ты, Лізандр,

З маім бясспрэчным правам пагадзіся.

ЛІЗАНДР

Цябе, Дзяметрый, бацька любіць — ты

Жаніся з ім, а мне й дачкі даволі.

ЭГЕЙ

Жартуеш ты, а мне ўсё ж любы ён,

I любасці ўся спадчына належыць.

Дачка мая, і права на яе

Я аддаю Дзяметрыю ахвотна.

ЛІЗАНДР

О валадар! Як ён, я радавіты,

Як ён, багаты, дый мацней кахаю,

І доляю ласкавай, як і ён,

Надзелен шчодра, нат шчадрэй, магчыма,

I самае галоўнае прытым,

Што я дзівоснай Герміяй каханы!

Чаму ж тады я адступіцца мушу?!.

Зусім нядаўна — я скажу як ёсць —

Дзяметрый заляцаўся да Алены,

Нядаравай дачкі: ў сваё сіло

Злавіў яе, збіў з тропу, і дзяўчына,

Кахаючы, ў агні цяпер гарыць,

I не знаходзіць месца, і малітвы

Шалёныя шле гэтаму чмуту.

ТЭЗЕЙ

Я чуў таксама тое-сёе, нават

Пагутарыць з Дзяметрыем збіраўся.

Але, заняты клопатамі ўсімі,

Адклаў размову. Дык хадзем цяпер

Са мной, Дзяметрый, ты, Эгей, таксама:

Мне вас абодвух трэба паўшчуваць.

Ты ж, Гермія, старайся так схіліць

Свае пачуцці, каб яны супалі

З намерам бацькі. Бо інакш...

Інакш стары закон нелітасцівы,

Змякчыць які і мы не маем права,

Табе рыхтуе смерць ці шлюб самоты.

Што, Іпаліта? Што, мая душа?!.

Ідзём ужо. I вы са мною разам.

Я вам павінен штосьці даручыць

Да дня ўрачыстага, параіцца пра штосьці,

Што вас абодвух тычыцца надзвычай.

ЭГЕЙ

Мы рады слугаваць вам, вашамосць!..


ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ЭГЕЙ, ДЗЯМЕТРЫЙ і СВІТА выходзяць.


ЛІЗАНДР

Чаму збляднела мілая мая?

Чаму завялі ружы яе шчокаў?

ГЕРМІЯ

Таму, відаць, што не абмыла іх

Вачэй маіх захмараных залева.

ЛІЗАНДР

Усё, што чуў я і што сам чытаў

У казках ці ў паданнях, гаварыла:

Гасцінцам роўным не ідзе каханне.

Альбо не супадае радавод...

ГЕРМІЯ

Ах, злыбеда! Гара даліну лашчыць.

ЛІЗАНДР

Альбо гады няроўныя...

ГЕРМІЯ

Ах, сорам!

Мілуецца пялёстак з сівізною.

ЛІЗАНДР

Альбо выборы твораць сваякі...

ГЕРМІЯ

Ах, чорны дзень! Кахаць чыімсьці зрокам.

ЛІЗАНДР

Калі ж тут акурат усё — вайна,

Бяда і смерць каханню пагражаюць

I робяць яго хісткім, як усклік,

Як цень — міготкім і як сон — кароткім.

Так бліскаўка, успыхнуўшы ўначы,

Раззеўрыць гнеўна долы і нябёсы,

Але раней, чым выгукнеш: «Глядзі!» —

Яе ўжо зяпа цемры паглынае...

Ўсё яркае кароткі мае век.

ГЕРМІЯ

Калі такая зорка ў закаханых —

Пакутаваць, трываць замахі зла,

Прывучымся і самі да трывання.

Ідзе каханне па цярністай сцежцы,

А летуценні, мары, уздыханні

I слёзы — спадарожніцы яго.

ЛІЗАНДР

Ты праўду кажаш... Слухай зараз пільна:

Ёсць цётухна ў мяне, яна ўдава,

Заможная прытым, дзяцей не мае,

За сем вялікіх вёрстаў ад Афін,

Калі браць нацянькі, яе сядзіба.

Я для яе — нібыта родны сын.

Напэўна, мы там зможам павянчацца.

Туды законы наскія дапяць

Не здолеюць. Калі мяне кахаеш,

Дык выкрадайся з дому заўтра ўноч...

А за вярсту ад горада, у лесе,

Там, дзе цябе аднойчы напаткаў,

Прыгадваеш, калі з Аленай разам

Вы раніцу маёвую ўслаўлялі,—

Там буду я чакаць.

ГЕРМІЯ

Лізандр, мой дружа!

Я лукам Купідонавым найдужым,

Яго стралой найвострай залатой,

Венерынай галубкаю святой,

Усім, у чым бярэ каханне сілу,

Тым вогнішчам, якое ахапіла

Царыцу Карфагенскую, калі

Траянец адплываў на караблі,

Ўсёй здрадаю мужчын — ніякім чынам

Зраўняцца з ёй не здолеюць жанчыны,—

Клянуся: я прыйду на месца тое,

Не баючыся цемрадзі лясное.

ЛІЗАНДР

Трымайся клятвы! Вунь ідзе Алена.


Уваходзіць АЛЕНА.


ГЕРМІЯ

Куды ідзеш, Алена-мілавіца?

АЛЕНА

Я мілавіца? О, пакінь цвяліцца.

Не мной Дзяметрый звабіўся ахвоча.

Як зоркі, ясна ззяюць твае вочы,

У жаваранка не званчэйшы голас,

Калі квітнее глог і спее колас.

Была б краса заразлівай — не ўтою,—

Хацела б заразіцца я тваёю.

Усё ў цябе пераняла б рупліва —

I бляск вачэй, і гукаў пералівы.

Валодала б я светам — аддала б

Усё табе, сабе яго ўзяла б.

Адкрый сакрэт, якою варажбою

Дзяметрыя звяла ты за сабою?

ГЕРМІЯ

Ласкавы ён тады, калі я ў злосці.

АЛЕНА

А я ўсміхаюся — злуецца ён чагосьці.

ГЕРМІЯ

Кляну яго — ён яшчэ больш кахае.

АЛЕНА

Малю яго — ён, як сцяна глухая.

ГЕРМІЯ

Хіба ў ягоных шалах я віною?

АЛЕНА

Твая краса. Ах, каб яна маёю

Была...

ГЕРМІЯ

Суцешся! Навіна такая:

Адгэтуль я з Лізандрам уцякаю.

Пакуль каханне стукалася квола,

Бы райскі сад, квітнела ўсё наўкола,

Але ўвайшло — і ўраз усё падсекла,

I неба перакульваецца ў пекла.

ЛІЗАНДР

Табе даверым нашу таямніцу:

Ледзь у люстэрках вадзяных зальсніцца

Аблічча срэбрагожае Дыяны

I жэмчугам абросяцца паляны,

У час, які любоўнікам спрыяе,

Мы выйдзем з брамы гэташняга раю.

ГЕРМІЯ

I ў лесе, дзе з табой за ўцеху мелі

Ляжаць на ложку з дзятлінкі і хмелю

I ў сэрцы песціць маладыя мроі,

Лізандр мяне сустрэне той парою.

Калі павернем ад Афін галовы,

Хай новы свет дае сяброў нам новых.

Перажагнай нас ад ліхіх напасцяў,

I хай табе з Дзяметрыем пашчасціць!

Бывай, Лізандр, дык памятай: да ночы

Гавець павінны нашы вочы.

(Выходзіць.)

ЛІЗАНДР

I я пайшоў... Алена, мне здаецца,

Дзяметрый да цябе наноў прыб’ецца.

(Выходзіць.)

АЛЕНА

Каму лёс шкодзіць, а каму дык мосціць.

Мы роўныя ў Афінах прыгажосцю.

Ды што з таго, калі яму зацьміла:

Што ўсім відаць, таго не бачыць мілы.

Як ён — вар’ят, у гэткім жа парадку

I я, ім засляпёная, вар’ятка.

Запэцканыя, брыдкія прадметы

Каханнем аздабляюцца ў саеты.

Яно не зрокам бачыць, але сэрцам.

I нездарма яго па даўняй мерцы

Малююць невідушчым і крылатым,

Не трэба яму розуму палаты,

Ні просты глузд. Яно — дзіця, і ўпору

Падманвацца яму ў сваіх выборах.

Як дзеці божацца адно перад адным,

Так для кахання ўсе зарокі — дым.

Пакуль Дзяметрый не падаўся ў мены,

Ён градам клятваў абсыпаў Алену.

Але дыхнула Гермія цяплынню —

I град растаў, і клятвы не ў паміне.

Скажу яму пра Гермію на вуха —

Ён рынецца за ёю што ёсць духу

У лес, у ноч. За гэту таямніцу

Удзячнасці яго куплю драбніцу.

Я дорага плачу, ды маю шмат:

Я з ім прайду туды і з ім назад.

(Выходзіць.)


З’ЯВА II

Афіны. Хата ХВІГІ.

Уваходзяць цясляр ХВІГА, сталяр ЗЭДЛІК, ткач МАТАВІЛА, наладчык арганных мяхоў ДУДКА, бляхар ХРАПА і кравец НЕДАЕДАК.


ХВІГА

Ці ўся наша сябрына ў зборы?

МАТАВІЛА

А ты зрабі пераклічку па сваім спісе, тады твар кожнага будзе відаць.

ХВІГА

Вось паімённы пералік тых, хто з усіх афінейцаў прызнаны вартым удзельнічаць у нашай інтэрлюдыі і каму выпадае ўвасобіць яе перад герцагам і герцагіняй у дзень іхняга шлюбавання, калі сцямнее.

МАТАВІЛА

Найперш, даражэнькі Пятрусь Хвіга, скажы нам, што да чаго ў гэтай п’есе, тады прачытай прозвішчы акцёраў — так і дапнеш да самай рыскі.

ХВІГА

П’еса наша называецца: Найжалобная камедыя і найтрагедыйная смерць рыцара Пірама і паненкі Фісбы.

МАТАВІЛА

Цудоўная штука, запэўніваю вас, і пры гэтым пацешная. Давай, даражэнькі Пятрусь Хвіга, выклікай акцёраў па спісе. Панове, не лезьце наперад!

ХВІГА

Я выклікаю, а вы адгукайцеся. Мікола Матавіла, ткач.

МАТАВІЛА

Я тут. Скажы, якая мне ўгатавана роля — і рухайся далей.

ХВІГА

Ты, Мікола Матавіла, увасобішся ў Пірама.

МАТАВІЛА

Хто ён такі, Пірам? Ці каханак, ці, можа, разбойнік?

ХВІГА

Каханак, які найцырымонна адбірае ў сябе жыццё за каханне.

МАТАВІЛА

Ага! Гэта адгукнецца слязьмі, калі паказацца ў поўны рост. Як я ўжо вазьмуся, няхай глядзельная зала хапаецца за вочы: я выклічу вадаспады, я ўзрушу сэрцы, я, калі на тое пайшло, лямантаваць буду. А ўсё ж такі найбольшы мой стрыжань — разбойніцкі. Грэкулеса я згуляў бы хвацка альбо такую ролю, дзе кошку раздзіраюць на шматкі, ажно ўсё верашчыць навокал.

Лупіў Пярун I Гапалон,

У дахі трун, Як медальён,

Крышыў, як тур, Прагнаўшы змрок,

Астрожны мур. Блішчаў здалёк.

Ну як, праняло? А цяпер выклікай астатніх акцёраў. Вось гэта — Грэкулесаўскі стыль, разбойніцкі. Каханак — ён слязлівейшы.

ХВІГА

Францішак Дудка, наладчык арганных мяхоў.

ДУДКА

Я тутака, Пятрусь Хвіга.

ХВІГА

Дудка, ты возьмеш на сябе Фісбу.

ДУДКА

Фісбу? А хто гэта? Хіба вандроўны рыцар?

ХВІГА

Гэта паненка, якую будзе кахаць Пірам.

ДУДКА

Не, далібог, не давайце мне жаночай ролі. У мяне ўжо вусы растуць.

ХВІГА

Гэта не мае розніцы. Ты будзеш выступаць у масцы, а гаварыць можаш самым танюткім голасам.

МАТАВІЛА

Калі знойдзецца маска, дайце мне згуляць таксама і Фісбу. Я буду красамоўнічаць жахліва танюсенькім галаском: «Хвіся, Хвіся!», «Ах, Пірам, каханак мой ненаглядны! Я твая мілая Фісба, я твая абранніца дарагая!..»

ХВІГА

Не, не... Ты згуляеш Пірама, а ты, Дудка, Фісбу.

МАТАВІЛА

Ну, добра! Падавайся далей.

ХВІГА

Беньямін Недаедак, кравец.

НЕДАЕДАК

Мы тут, пане Хвіга.

ХВІГА

Беньямін Недаедак, ты згуляеш Фісбіну матку. Тамаш Храпа, бляхар.

ХРАПА

Вось я, трасцы з хваробаю.

ХВІГА

Ты — Пірамаў бацька, а я — Фісбін бацька. Зэдлік, сталяр, табе даручаецца роля льва. Ну вось, здаецца, і ўсе асобы размеркаваны.

ЗЭДЛІК

А ці ёсць у цябе львіныя рэплікі? Калі ёсць, давай адразу, а то мне навука ідзе, як сырое гарыць.

ХВІГА

Тут і вучыць няма чаго, згуляеш без рэплік: табе давядзецца толькі рыкаць.

МАТАВІЛА

Дайце і мне льва згуляць! Я так буду рыкаць, што ў вас сэрца будзе радавацца; я так буду рыкаць, што сам герцаг скажа: «Ну-тка, хай рыкне яшчэ разок, хай рыкне яшчэ разок».

ХВІГА

Калі ты рыкнеш на ўсё горла, ты перапалохаеш герцагіню і ўсіх паненак. Яны закрычаць, а то і самлець надумаюць, а гэтага хопіць, каб нас усіх павесілі на адным дубе.

УСЕ

А-га-га, перавешаюць нас усіх — і квіта.

МАТАВІЛА

Святая праўда, сябры. Калі мы ў пух і прах перапалохаем мамзэляў, дык лепшае платы і шукаць не давядзецца. Але я так расчулю свой арган, што буду рыкаць, як галубяня ў гняздзечку, я буду рыкаць, як той салавейка ў садзе.

ХВІГА

Апроч Пірама, табе і гуляць нікога нельга, бо Пірам — пісаны прыгажун, кавалер на ўсе сто, з манерамі, выкшталцоны, словам, цюцелька ў цюцельку такі, як ты... Табе проста на раду напісана гуляць Пірама.

МАТАВІЛА

Згода, пераканалі, я бяруся. А ў якой барадзе з ім выстаўляцца?

ХВІГА

У якой хочаш.

МАТАВІЛА

Дык я зарэкамендую яго з барадой саламянага колеру, альбо з вогненна-рудою, альбо нават з пурпуроваю, альбо, лепш за ўсё, з барадой па-натуральнаму жоўтай, ну, як французская крона.

ХВІГА

Французская карона?!. Да твайго ведама, асобныя прадстаўнікі французскай кароны зусім безвалосыя, і табе, у такім разе, давялося б гуляць з паголенай пысай... Шаноўныя панове, калі ласка, вось вашы ролі. I пры гэтым прашу вас, малю і заклінаю, каб да заўтрашняй ночы ўсё ведалі назубок. А заўтра ноччу мы спаткаемся ў замкавым лесе, за вярсту ад горада: там і наладзім пры месяцовым асвятленні сваю рэпетыцыю. Бо сабярыся ў горадзе — прычэпяцца розныя разявакі, салапякі, расплявузгаюць загадзя аб нашым намеры. За гэты час я складу спіс рыштунку для нашага спектакля. Яшчэ раз нагадваю — не падвядзіце.

МАТАВІЛА

Прыйдзем, пра што гаворка. Збяромся і прарэпеціруем свае ролі на ўлонні прыроды бязбоязна і бессаромна. Каб нам не пляснуцца тварам у гразь — трэба старацца. Да скорай сустрэчы!

ХВІГА

Сустрэча — каля Старога дуба.

МАТАВІЛА

Добра. Са скуры павылузваемся, а будзем на месцы.


Выходзяць.


ДЗЕЯ II


З’ЯВА I

Лес непадалёку ад Афін.

Уваходзяць з аднаго боку ФЕЯ, з другога — ПУК.


ПУК

А, фея! Мой паклон! Куды ідзеш?

ФЕЯ

Цераз яр і гушчар,

Курганоў чараду,

Праз шырокі абшар,

Праз агонь і ваду —

Я лунаю безупынна,

Абганяю месяц плынны.

Я служу царыцы феяў,

Перад ёю росы сею.

Вартавыя-першацветы

Увабраліся ў саеты:

Іх рубіны, быццам сіта,

Цэдзяць водар самавіты.

Я з жамчуговых росаў гаю

Ім завушнічкі ў вушкі паўдзяваю.

Ну, мужычок, бывай! Марудзіць годзе —

Сюды царыца з феямі прыходзіць.

ПУК

I цар сюды заявіцца, дарэчы,—

Дабра не будзе з гэтае сустрэчы.

Раз’ятраны, ён з ёю на нажах

З-за хлопчыка, што ходзіць у пажах

У ейнай свіце. Фея падмяніла

Яго ў цара індыйскага. Ён мілы,

Акраса світы, ўсе ў яго ўлюбёны,

Аж зайздрыкі хапаюць Абярона.

З сабою мець яго ён хоча — страх!

Каб разам з ім бадзяцца па лясах.

Але царыца ўпарціцца-такі,

З ім бавіцца, пляце яму вянкі.

Цяпер дзе ні сустрэнуцца міжволі —

Ў гаі зялёным, ці на голым полі,

Ці на паляне зорнай, ці над рэчкай,—

Між імі гэткая закручваецца спрэчка,

Што небаракі-эльфы стрымгалоў

Хаваюцца пад шапкі жалудоў.

ФЕЯ

Як я гляджу, дык ты, па ўсіх прыкметах,

Той дух свавольны, што пужае гэтак

Дзяўчат знянацку, дотыкам ці ўскрыкам,

Збівае падарожных з панталыку,

Той, што здымае ў гладышах смятанку,

Што маслу збіцца не дае ў біянках,

Што адбірае дрожджаў моц у піва,

Ўпарожне круціць жорны ўсім надзіва,

Хто ж яго кліча «даражэнькі Пук» —

Таму ён і памочнік, і сябрук.

Дык ты Гарэза Робін?

ПУК

Угадала.

Бадзяга я начны, штукар удалы.

Сам Абярон рагоча, у гуморы,

Калі я па-кабылляму гутору

I жарабца ўзварушваю да шалу;

Ці яблыкам прыпечаным, бывала,

Стаюся ў кубку кумчыным на дне,

Яна ледзь толькі з кубка сербане —

Я шусь у губы кумчыны!.. I ўраз

На грудзі ёй выплюхваецца квас.

Альбо кабеце, што жалобіць словы,

Я ўслончыкам падамся адмысловым:

Нацэліцца яна ўмасціцца гладка —

Я з-пад яе, кабета плясь азадкам!

Закрэкча гучна, заікнецца квола,

Аж за бакі бяруцца ўсе наўкола.

I божацца гаспадары і госці:

Даўно не мелі гэткай весялосці...

Хавайся, фея! Бачыш: Абярон!..

ФЕЯ

А вунь царыца. Як няўпору ён!


Уваходзяць з аднаго боку АБЯРОН са сваёй СВІТАЙ, з другога — ТЫТАНІЯ са сваёй.


АБЯРОН

Пыхлівая Тытанія?!. I ветах

Сустрэчу нашу, мусіць, не злагодзіць.

ТЫТАНІЯ

Раўнівы Абярон?! Прэч, феі, прэч!

Мне брыдкія і твар яго, і ложак.

АБЯРОН

Стой, неслухмянка! Хто я табе — муж?!

ТЫТАНІЯ

А я хто? Ці не жонка? Ды хіба

Не пакідаў ты ўпотай царства феяў,

Каб на жалейцы ў вобразе Карына

Па днях дудзець і пра каханне баяць

Філідзе вабнай?! А цяпер нашто

Ты з Індыі далёкай заявіўся?!

Таму, што баявая амазонка,

Твая сяброўка ў чабатках прыўкрасных

Шлюбуецца з Тэзеем і ты хочаш

Паслаць іх ложку радасць і памыснасць.

АБЯРОН

Саромейся! Табе хіба ўшчуваць

Мяне за сябраванне з Іпалітай,

Калі з Тэзеем водзішся сама?!

Ці ўпоцемках не ты яго звяла

Ад Перыгены, ўзятае гвалтоўна?

I ці не праз цябе ён адступіўся

Ад Эгле, Арыядны, Анціопы?

ТЫТАНІЯ

Набаяла табе ўсё гэта рэўнасць.

За цэлы год ні разу не ўдалося

У лесе, у ярах ці на пагорках,

Ля рэчкі ціхаплыннай, ля крыніцы

Ці на пясчаным беразе марскім

Пад музыку вятроў нам пакружыцца,

Каб ты не папсаваў нам нашы гульні.

Ад прыкрасці, што рупяцца дарэмна,

Вятры ўзнялі, нібыта ў помсту, з мора

Туман шкадлівы. Ён апаў — і рэчкі

Такою фанабэрыяй напоўніў,

Што тыя пазахоплівалі сушу.

Дарэмна вол ярмо цягнуў, дарэмна

Араты пот ліў: гіне збажына

Зялёнаю, вусоў не прычакаўшы.

Палеткі апусцелі, мрэ жывёла,

Адно жыруе вараннё на трупах.

Гразюкай зацягнула мурагі,

Дзе пастушкі гулялі і ў апуку,

I ў булу — сцёрся гульняў след.

Зімы чакаюць з гора бедалагі.

Начамі вусціш: не пяе ніхто.

I вось ад гневу пабляднелы месяц,

Вады ўладар, паветра завільготніў

I распладзіў раматусы без меры.

Ўсе поры года зрушыліся з месца:

I падае сівагаловы шэрань

У свежыя абдымкі пульхнай ружы.

Затое да кароны зімняй сцюжы

Вянок духмяны з веснавых бутонаў

Прычэплены на смех. Вясна і лета,

Зіма і восень, як на прадстаўленні,

Мяняюцца апраткай, і не можа

Адрозніць свет, якая дзе пара.

I ўсё праз нашы нелады і сваркі

Непамыслоты гэтыя паўсталі.

Мы — іх прычына, мы ствараем іх.

АБЯРОН

Усё ў тваіх руках, аднак. Навошта

Тытанія пярэчыць Абярону?

Прашу я толькі хлопчыка сабе.

ТЫТАНІЯ

Дарэмна ты сабе вярэдзіш сэрца,

За царства феяў не аддам дзіцёнка.

Мне яго маці жрыцаю служыла:

У водары начэй індыйскіх часам

На залатым няптунавым пяску

Сядзелі разам з ёю мы, сачылі

За лайбамі купецкімі, дасціпна

Смяяліся, калі распуснік-вецер

Вятрылы, надзімаючы, цяжарыў.

Жартуючы, яна іх пераймала:

Цяжарная ўлюбёнцам нашым, плаўна

Плыла па сушы, каб вярнуцца тут жа

З якою-небудзь драбязою ў жменях,

Бы з грузам дарагім з краёў заморскіх.

Аднак яна смяротнаю была.

Жыцця ёй каштаваў дзіцёнак мілы.

Я хлопчыка ўзгадую ёй у памяць

I ў памяць ёй не разлучуся з ім.

АБЯРОН

Ці доўга ты прабудзеш тут, у лесе?

ТЫТАНІЯ

Пакуль не павянчаецца Тэзей.

Калі ты ў гульнях нашых месяцовых

I ў карагодах хочаш браць удзел,

Прыстойна, мірна,— заставайся з намі.

А калі не — нам лепш не сустракацца.

АБЯРОН

Аддай дзіця — і я з табою ў згодзе.

ТЫТАНІЯ

Не, нізавошта. Прэч адгэтуль, феі,

Ад Абярона зноў вайною вее.


ТЫТАНІЯ са сваёй СВІТАЙ выходзіць.


АБЯРОН

Ну, што ж, ідзі! Ды з лесу ты не выйдзеш,

Пакуль я за знявагу не адпомшчу.

Сюды, мой слаўны Пук! Ты помніш,

Як слухаў я сірэну, што плыла

Па моры на дэльфіне? Так прывабна,

Так соладка яна тады спявала,

Што хвалі неўтаймоўныя аціхлі

I зоркі пазрываліся з арбіт,

Каб спеў яе паслухаць...

ПУК

Як жа, помню.

АБЯРОН

Прыкмеціў я (хоць ты не мог убачыць),

Як між зямлёй і месяцам халодным

Ляцеў тады са зброяй Купідон.

Ён цэліўся ў вясталку, што пануе

На захадзе, і так пусціў стралу,

Што здолеў бы працяць мільёны сэрцаў!

Ды палкая драціна Купідона

Ў вільготным месяцовым ззянні згасла,

I ў роздуме дзявоцкім, непарушнай,

Ішла сабе царэўная вясталка.

Але я змеціў: трапіла страла

У кветку, што з малочна-белай стала

Ураз барвовай ад любоўнай раны,—

Яе дзяўчаты называюць «чмутай».

Дык варта сокам кветкі той абпырскаць

Павекі спячаму — ўраз, як прачнецца,

Ён загарыцца палам да найпершай,

Якая ў вочы кінецца, істоты.

Знайдзі мне тую кветку — і сюды

Імчыся з ёй, хутчэй, чым праплывецца

Левіяфанам міля.

ПУК

Досыць мне,

Каб абляцець зямлю ўсю, сорак хвіляў.

(Знікае.)

АБЯРОН

Я высачу, калі засне царыца,

I ў вочы нацаджу ёй соку з кветкі.

I вось да той істоты, што найперш

Убачыцца, калі расплюшчыць вочы —

Хай гэта будзе воўк, мядзведзь,ці дзік,

Ці малпа шустрая, ці хто яшчэ,— адразу

Яна душой усёй сваёй прыліпне.

Пакуль з яе не зняты будуць чары —

А зняцца яны змогуць іншым зеллем,—

Яна аддасць мне хлопчыка без бою!..

Сюды хтось набліжаецца. Зраблюся

Я зараз незаўважным і пачую,

Пра што размову весці будуць людзі.


Уваходзіць ДЗЯМЕТРЫЙ, следам— — АЛЕНА.


ДЗЯМЕТРЫЙ

Цябе я не кахаю! Адчапіся!

Дзе Гермія і дзе Лізандр? Жадаю

Яго забіць, а ёю сам забіты.

У лес яны, ты кажаш, уцяклі?!

I вось я мітушуся ў нетрах дзікіх

I сам дзічэю, Герміі ж не бачу.

Прэч! Адкасніся! Я табе чужы!

АЛЕНА

Магніт з няўмольным сэрцам — не жалеза

Ты да сябе прыцягваеш, а сэрца

Адданае, як сталь. Адкінь жа моц

Прыцягваць так — і я цягнуцца кіну.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я заляцаюся?

Ўпадаю за табой?

Кажу табе са шчырасцю вялікай:

Не, не кахаю і кахаць не буду...

АЛЕНА

А я ў адказ кахаю ўсё мацней.

Я што сабачка. Бі мяне, Дзяметрый,—

Я толькі буду лашчыцца. Лічы

I сапраўды, што я ў цябе сабачка.

Лупцуй, хвашчы, ганьбуй, але дазволь

Ісці мне, недарэчнай, за табою...

Хіба ў тваёй душы яшчэ ёсць месца,

Ніжэйшае — а мне й такога досыць,—

Чым тое месца, што пасуе псу?!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не спакушай нянавісці маёй.

Мне моташна, ледзь толькі цябе ўбачу.

АЛЕНА

Мне ж моташна наўпроці — без цябе.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ты сціпласць, мусібыць, паклала спаць,

Каб смела дом пакінуць і ўручыцца

Рукам таго, хто трызніць не табой,

Даверыўшы падшэптам цёмнай ночы

I хісткім пакручастасцям пустэчы

Скарб нечапанасці сваёй...

АЛЕНА

Твой гонар

Найлепшая ахова мне. Дзіўлюся

Я на тваё аблічча — і начы

Ужо не існуе, і тут, наўкола,

Не ноч, не пушча, а дзівосны свет,

Бо для мяне ты стаўся цэлым светам.

Ну, як жа мне казаць, што тут сама я,

Калі ўвесь свет са мною размаўляе?!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Зашыюся я ў нетры, а цябе

Драпежнікам пакіну: хай з’ядаюць!

АЛЕНА

Ах, самы хіжы звер не гэткі жорсткі.

Што ж, уцякай! Хай казкі зменяць воблік:

Хай гоніцца за Апалонам Дафна,

За крумкачом — галубка, лань — за тыграм...

Дарэмны спех, калі ўцякае змога,

А слабасць мкне за ёю наўздагон.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я не жадаю слухаць больш. Пусці!

А ўчэпішся за мною зноўку — ведай:

Я закатую ў гушчары цябе.

АЛЕНА

Усюды: ў полі, ў горадзе, ў бажніцы

Катуеш ты мяне,— й табе не брыдка?!

Жанчыну ува мне ты зневажаеш.

Змагацца за каханне — каляіна

Не нашая... Не мы прасіць павінны,

А нас...

ДЗЯМЕТРЫЙ выходзіць.

Я — за табой. О слодыч мук —

Займець загубу ад каханых рук.

(Выходзіць.)

АБЯРОН

Спакойнай ночы! Хутка сам, псяюха,

Ён за табой пашпарыць што ёсць духу.

Вяртаецца ПУК.

Вітанне пілігрыму! Кветка ёсць?

ПУК

Вядома. Вось!..

АБЯРОН

Давай яе сюды.

У лесе ёсць ляха, там, дзе ўсё лета

Растуць агаткі, цмен ды першацветы,

Там, дзе знаўкола паспляталі шаты

Ажына, глог, язмін і бэз кашлаты.

Прытомленая скокамі, гульнёй,

Тытанія, бывае, спіць на ёй.

Звычайна там скідаюць скуру змеі —

Апоны найдыхтоўныя для феяў.

Там я ўцаджу ёй гэты сок у вочы,

Каб яры чмур Тытанію марочыў.

Нá і табе! Па гушчарэчы, тут,

Ад дзеўкі гожай хлопец-шалапут

Хаваецца. Дык ты яму павекі

Так нашмаруй, каб твар тае паненкі

У вочы ўпаў яму. Той кавалер

На гарадскі апрануты манер.

I так, глядзі, зрабі, каб моц напалу

Яго нясцерпней, чым яе, праймала.

Сюды вяртайся зноў да першых пеўняў.

ПУК

Мой валадар, усё зраблю найпэўна.


Выходзяць.


З’ЯВА II

Другі лясны кут.

Уваходзяць ТЫТАНІЯ са сваёй СВІТАЙ.


ТЫТАНІЯ

Спярша пакарагодзьце, паспявайце!..

Пасля, на трэць хвіліны, хто куды:

Хто нішчыць чарвячкоў у кветках ружы;

Хто біцца з кажанамі — з іхніх крылаў

Пашыем нашым эльфам камізэлькі;

Хто гнаць сычоў, што вухкаюць на нас

I зеўраць з цемры. Я ж у сон хілюся.

Мяне закалышыце — дый за працу.

ПЕРШАЯ ФЕЯ

(спявае)

Гэй, вужакі, чарвякі,

Мышы, яшчаркі, макрыцы,

Разбрыдайцеся ў бакі,

Прэч ад нашае царыцы!

ХОР

Разам з намі, філамела,

Калыханку снуй умела!

Люлі, люлі, люлі-бай!

Люлі, люлі, люлі-бай!

Хай ні чары, ні пачвары,

Ні памжа, ні патарочча

Сон царыцын не сурочаць!

Спі шчасліва, спачывай!

Добрай ночы! Люлі-бай!

ПЕРШАЯ ФЕЯ

Павукі-крыжавікі,

Не пляціце павуціны,

Жабы, вожыкі, жукі,

Прэч у норы, ў твань, у ціну!

ХОР

Разам з намі, філамела,

Калыханку снуй умела!

Люлі, люлі, люлі-бай!

Люлі, люлі, люлі-бай!

Хай ні чары, ні пачвары,

Ні памжа, ні патарочча

Сон царыцын не сурочаць!

Спі шчасліва, спачывай!

Добрай ночы! Люлі-бай!

ДРУГАЯ ФЕЯ

Яна ўжо спіць. Да працы спорнай

Бяжым, ляцім!.. Хтось будзь дазорнай!


ФЕІ знікаюць. Тытанія спіць.

Уваходзіць АБЯРОН і выціскае сок з кветкі на вочы Тытаніі.


АБЯРОН

Каго ўбачыш, як прачнешся,

Тым захопішся, пратнешся.

I няхай любоўны пал

Воўк, мядзведзь, альбо шакал,

Альбо дзік з лычом-капалкай

У табе запаляць палка.

Абудзіся, як ля твару

Заварушыцца пачвара! (Выходзіць.)


Уваходзяць ЛІЗАНДР і ГЕРМІЯ.


ЛІЗАНДР

Ты знемаглася, ты прыстала дужа,

Я ж, як на тое, з тропу збіўся, дружа.

Ці не знайсці нам дзе які прыстанак

I пачакаць: хай дапаможа ранак?!

ГЕРМІЯ

Ладкуй сабе, Лізандрачка, бярлог,

А я прытнуся побач тут — на мох.

ЛІЗАНДР

I я з табой на гэтае ж радно:

Душа адна — і сховішча адно.

ГЕРМІЯ

Між намі правядзі, Лізандр мой, рыску,

Не выпадае класціся нам блізка.

ЛІЗАНДР

Ці я ў гаворцы схібіў выпадкова?!

Каханне мае розум свой і мову.

I ці не праўда, што кахання сіла

Дзве розныя душы ў адну злучыла

I змацавала гэткаю пячаткай,

Што з іх не знікне шчырасць даканчатку?!

Каб і хацеў, схлусіць бы я не змог.

Навошта нам дзяліць надвое мох?

ГЕРМІЯ

О несумненна, шчыра кажаш ты!

Згарэла б я, відаць, з сараматы,

Калі б цябе ў няшчырасці ўпікнула.

Але, мяне кахаючы, будзь чулы

І ляж, каб падзяляла нас прастора,

Як юнаку і як дзяўчыне ўпору.

Вунь там, вось гэтак. Добрай ночы, мілы!

Кахай мяне аддана да магілы!


Абое засынаюць.

Уваходзіць ПУК.


ПУК

Я абшастаў лес наўсцяж —

Дзе ж падзеўся хлопец наш,

Каб яму ўцадзіць глыбока

Сок чароўны проста ў вока?!

Цемра, ціша... Ша! Хто тут?

Хто зашыўся ў гэты кут?

Гэта ж ён, ва ўсёй акрасе,

У афінскай апранасе,

Фанабэрысты дзівак,

Што ў дзяўчыне страціў смак!..

А яна, як сірата,

Прыкарнула ля куста.

Не пасмела легчы зблізу

Каля гэтага бамбізы.

Дык праз меру яму, шэльму,

Нацаджу я соку ў бельмы

(Выціскае сок з кветкі на вочы Лізандру),

Каб ад моцы шчырых чараў

Палымнеў, нібы ў пажары,

Без аддухі й абароны...

Я ж імчу да Абярона.

(Знікае.)


Убягае ДЗЯМЕТРЫЙ, услед — АЛЕНА.


АЛЕНА

Забі мяне, але спыніся ўрэшце!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Дарэмна ты спадзеўкі ў сэрцы песціш!

АЛЕНА

Няўжо мяне ты кінеш тут, у змроку?

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не падыходзь! Стой, дзе стаіш! Ні кроку!..

(Выходзіць.)

АЛЕНА

Я знемагаю. Ледзь плятуцца ногі.

Тым меншы плён, чым большыя вымогі.

Дзе Гермія? Шчаслівай, што ёй морак,

Калі ў паглядзе льсніцца ззянне зорак.

Хіба ад слёз святло яе вачэй?!.

Мае ў слязах купаюцца часцей.

Я брыдкая — о так!..— нібы мядзведзь:

Звяры баяцца на мяне глядзець.

Не дзіва, што й Дзяметрый, ледзь зірне,

Бы ад пачвары, мкнецца ад мяне.

Што за люстэрка падало мне знак,

Каб з Герміяй спаборнічаць?!. Аднак

Тут хтось ляжыць. Лізандр? Няўжо забіты?

Але крыві няма. Ён спіць нібыта...

Лізандр, прачніся! Што з табою, дружа?!

ЛІЗАНДР

(прачынаецца)

Я за табой пайду ў агонь і сцюжу!

Празрыстая Алена! Нібы ў цудзе,

Твая душа высвечвае праз грудзі.

А дзе ж Дзяметрый?! Дзе гэты свінтух?!

Мой меч умэнт з яго дастане дух!

АЛЕНА

Чакай, Лізандр, і словы супакой:

Хай сохне ён па Герміі тваёй —

Яна цябе кахае. Будзь жа рады!

ЛІЗАНДР

Быць радым?! Дзякуй! Анішто парада.

I так я змарнаваў шмат дзён без ладу.

Цябе — кахаю! Па табе — спрагнёны!

Хіба з галубкай параўнаць варону?

Кіруе розум воляю нязменна,

За ўсіх, ён кажа, прыгажэй Алена.

Усё на свеце паспявае ўпору,

Мой розум быў яшчэ няспелы ўчора.

Але паспеў — і ўзяў свае правы:

Маім жаданням розум — стырнавы.

Загадвае ён мне ў вачах тваіх

Чытаць няўтольна кнігу з усіх кніг.

АЛЕНА

Што выклікала гэткія знявагі?

Чым заслужыла кпіны я, чым — звягі?

Няўжо табе, штукар зласлівы, мала,

Што я ў жыцці ніколі не зазнала

Дзяметравай спагады і пяшчоты?

Паздзекавацца йшчэ табе ахвота?

О грэх табе смяяцца, быццам блазну,

З пачуццяў запаветных безадказна!

Ну, што ж, бывай! Не ведала дасюль,

Што рыцарства ў табе напарстак, нуль.

Калі адным адрынута жанчына,

Няўжо для здзеку гэта ўжо прычына?!

(Выходзіць.)

ЛІЗАНДР

Яна не бачыць Герміі. Спі з богам!

Перадаёмся розным мы дарогам.

Так захапленне ласаю ядой

Нязменна адрыгаецца нудой.

І ерась уяўляецца найгнюснай

Таму, хто смакаваў яе на вусны.

Ты — мой ласунак, ты — нуда мая:

Агіднай будзь усім, а мне ўдвая.

Я моц, адвагу, ўсю душу сваю

Па-рыцарску Алене аддаю.

(Выходзіць.)

ГЕРМІЯ

(прачынаецца)

Ратуй мяне, Лізандр, аблегчы муку,

Хутчэй здымі з грудзей маіх гадзюку!

Жахлівы сон! I мітульга ўваччу!

Ну, што ж ты не ідзеш? Я ўся трымчу

Мне снілася: жрэ сэрца мне гадзюка,

А ты глядзіш з усмешкай — і ні гуку.

Лізандр!.. Дзе ён падзеўся?!. Божа!..

Няма. Прапаў? Пусты ягоны ложак.

Лізандр! О дзе ты? Адгукніся мне!

Малю цябе! Мяне ты чуеш? Не?..

О, я дарма маруджу і чакаю:

Яго альбо пагібель напаткаю!

(Выходзіць.)


ДЗЕЯ III


З’ЯВА I

Лес.

ТЫТАНІЯ спіць.

Уваходзяць ХВІГА, МАТАВІЛА, ЗЭДЛІК, ДУДКА, ХРАПА і НЕДАЕДАК.


МАТАВІЛА

Ці ўсё наша кодла ў зборы?

ХВІГА

На сто працэнтаў. Мясціна, вам скажу, якраз для нашай рэпетыцыі. Вось гэтая зялёная палянка будзе нам сцэнай, а вунь тыя кусты глогу — прыбіральняй. I мы разыграем усё рыхтык, як перад самім герцагам.

МАТАВІЛА

Пятрусь Хвіга!

ХВІГА

Я слухаю цябе, шаноўны Матавіла.

МАТАВІЛА

У гэтай кумедыі пра Пірама і Фісбу ёсцека сёе-тое, што сяму-таму будзе не па нутры. Па-першае. Пірам мусіць паказаць свой меч, каб закалоць сябе сваёю рукою, а гэтага не перажыве аніякая пані. Што ты на гэта скажаш?

ХРАПА

Трасцы з хваробаю! Гэта ж крымінальная справа.

НЕДАЕДАК

На разумную галаву, ад забойстваў насмерць мы проста абавязаны адпіхнуцца абедзвюма рукамі.

МАТАВІЛА

Ні ў якім разе! Я прыдумаў такую хітрую штуку-друку, што ўсё ўдасца як мае быць. Напішыце мне пралог. I хай пралог растлумачыць, што нашай зброяй мы не прычынім сабе шкоды і што Пірам на самой справе не забівае сябе. А для большай гарантыі скажыце ім, што я, Пірам, зусім і не Пірам, а ткач па прозвішчы Матавіла. I ўвесь іхні страх растане як дым.

ХВІГА

Добра, мы такі пралог змайструем. I напішам яго вершам па восем і па шэсць складоў.

МАТАВІЛА

Не, ты гэты верш яшчэ трохі надтачы. Няхай будзе па восем, а потым яшчэ раз па восем.

ХРАПА

А ці не набяруцца, трасцы з хваробаю, пані ад нас ільвінага страху?

НЕДАЕДАК

А-я-яй, далібог, набяруцца, і сумнявацца не даводзіцца.

МАТАВІЛА

Вы толькі сабе ўявіце, панове! Упусціць ільва ў жаночы асяродак — хай нас бог крые! — гэта жахлівы намер. Бо няма сярод пярнатых драпежнікаў большага злыдня, чым жывы леў. Нам тут трэба ох як паварушыць мазгамі.

ХРАПА

Няхай жа другі пралог растлумачыць, што гэты леў зусім і не леў.

МАТАВІЛА

Правільна! А лепш за ўсё, каб ён сам сказаў, хто ён такі. I каб палавіна яго чалавечай пысы была відаць з-пад ільвінай шкуры. I галоўнае, няхай ён сам загаворыць праз гэтую шкуру і ўсё растлумачыць. Ну вось так, напрыклад: «Далёкашаноўныя спадарыні!..», альбо: «Прывілейныя пані і паненкі! Я ласкава хацеў бы вам пажадаць...», альбо: «Я зычліва хацеў бы вас перасцерагчы...», альбо: «Я ад шчырага сэрца хацеў бы вас папрасіць, каб вы не пужаліся і не заплюшчвалі вачэй. Маё жыццё належыць вам. I калі вы дапускаеце, што я прыйшоў сюды львом, то для мяне гэта смяротная роспач. Але я зусім-зусім не леў і не даводжуся яму ніякім родзічам. Я такі самы чалавек, як і ўсе людзі». I няхай ён тут жа назавецца: без усялякіх фігляў-мігляў так і скажа, што ён Зэдлік, сталяр.

ХВІГА

Так мы і зробім. Але застаюцца яшчэ дзве перашкоды. Перш за ўсё — як увесці ў залу месяцовае святло? Бо, як вядома, Пірам і Фісба сустракаюцца пры месяцовым святле.

ХРАПА

А ці свеціць месяц у той вечар, як нам прадстаўляцца ?

МАТАВІЛА

Хто мае каляндар? Неадкладна праверце, дзе будзе ў той вечар месяц, дзе будзе ў той вечар месяц.

ХВІГА

Не хвалюйцеся, месяц у той вечар свеціць.

МАТАВІЛА

Тады ўсё добра. У той зале, дзе мы будзем паказвацца, адчынім вялікую аканіцу — і хай сабе месяц свеціць проста ў акно.

ХВІГА

Ідэя! А яшчэ лепш будзе, калі нехта ўвойдзе з абярэмкам хмызу і з ліхтаром і абвесціць, што ён прадстаўляе месяцовае святло. Ну, а па-другое вось што: нам у той зале патрабуецца сцяна. Бо Пірам і Фісба, як сведчыць аповесць, размаўлялі праз шчыліну ў сцяне.

ХРАПА

Але ж, трасцы з хваробаю, сцяну ў залу ніяк не ўцягнеш. Як, па-твойму, Матавіла?

МАТАВІЛА

Няхай хто-небудзь увасобіць і сцяну. I хай яго абпэцкаюць якой-небудзь тынкоўкай, альбо глінай, альбо якой вапнай, каб усе здагадаліся, што гэта сцяна. I хай ён вось так растапырыць пальцы: праз гэтую шчыліну Пірам і Фісба і будуць між сабой субяседнічаць.

ХВІГА

Ну калі ўсё так і зробіцца, то будзем лічыць, што мы на кані. А цяпер ладкуйцеся, дзе хто можа, і бярыцеся за свае ролі. Пірам, з цябе пачынаем. Калі скончыш сваё прамаўленне, адхіляйся адразу ў кусты. I гэтак — усе, адзін за адным... Увага!..


За імі ззаду з'яўляецца ПУК.


ПУК

Што за кацапы гарлапаняць тут,

Паблізу ад царыцынай калыскі?

Ля-ля!.. Тэатр!.. Ну, я тады глядач,

А калі трэба — і акцёрам буду.

ХВІГА

Пірам, пачынай! Фісба, бліжэй сюды, бліжэй!

МАТАВІЛА

«Я з твайго рота подых рэстарана...»

ХВІГА

Што ты вярзеш?!. Подыхі старанна... Старанна...

МАТАВІЛА

«...подыхі старанна,

О Фісба, п’ю, ўнутры ў мяне пажар...

Ажно я чую галасы і лямант.

Чакай, прыйду я зноўку. Твар у твар».

(Выходзіць.)

ПУК

Ну і Пірам! Дзівосны экземпляр!..

(Выходзіць.)

ДУДКА

А зараз мая чарга красамоўнічаць?

ХВІГА

Ну, ведаеш!.. А чыя ж яшчэ!.. Ты мусіш уцяміць, што ён падаўся, каб толькі ўбачыць лямант, які ён пачуў, а потым зноў вернецца да цябе.

ДУДКА

«Вяльможнейшы Пірам, бялейшы за лілею,

Ружовейшы за ружу ў густой лістоце той,

Надзейны, быццам конь, што ўсё рабіць умее,

Каштоўны, як брыльянт, з паставай маладой...

Мы стрэнемся, Пірам, ля Нінчынай магілы...»

ХВІГА

«Ля Нінавай магілы», хлопча! Але табе яшчэ рана гэта казаць, гэта ты скажаш Піраму потым. Шпарыш усю ролю галопам, усё змяшаў у адну кучу. Пірам, уваходзь. Ён заскочыў наперад цябе. У яго рэпліцы апошнія словы былі «...з паставай маладой».

ДУДКА

Ага! «Каштоўны, як брыльянт, з паставай маладой».


Уваходзяць ПУК і МАТАВІЛА з аслінай галавою.


МАТАВІЛА

«Каб я быў прыгажун, я быў бы толькі твой!..»

ХВІГА

О, жах! О, пекла! Маліцеся, людцы! Ратуйцеся!.. Тут насланнё! Нячыстая сіла! На помач!..


ХВІГА, ЗЭДЛІК, ДУДКА, ХРАПА і НЕДАЕДАК уцякаюць.


ПУК

Я за вамі, людцы, ўслед,

Я ў кальцо замкну ваш свет.

Праз балота і карчы

Буду гнаць вас і таўчы.

То пад ногі сяду пнём,

То забліскаю агнём.

Буду рохкаць, выць, іржаць,

Дапякаць і пагражаць,

Адусюль на вас глядзець:

Вось я — пудзіла-мядзведзь,

Вось я — дзік, сабака, конь,

Вось я — зманлівы агонь!

(Знікае.)

МАТАВІЛА

Аднак чаго яны ўсе так усхадзіліся? Ведаю-ведаю: гэта ўсё штукі, каб збіць мяне з панталыку.


Убягае ХРАПА.


ХРАПА

Матавіла, трасцы з хваробаю! Цябе перавярнулі! О, што я бачу на табе!..

МАТАВІЛА

Што ты яшчэ можаш бачыць, недавярак?! Хіба што сваю асліную булдавешку!


ХРАПА выбягае. Убягае ХВІГА.


ХВІГА

Ратуй цябе бог, Матавіла! Ратуй цябе бог! Цябе абалванілі! (Выбягае.)

МАТАВІЛА

Мяне не проймеш. Наскрозь бачу іхнія шахі-махі! Яны змовіліся даказаць, што я асёл. Спуду на мяне нагнаць. Няхай што хочуць вычвараюць, я з гэтага месца не зрушуся. Буду шпацыраваць сабе туды-сюды і песні галёкаць, каб яны чулі, што я не спалохаўся. (Спявае.)

Пені-пенічка-вяснічка,

Чорны, з рыжай дзюбай дрозд,

Зяблік, пташка невялічка,

Чыжык-чыж — куртаты хвост...

ТЫТАНІЯ

(прачынаецца)

Мяне анёл у ложку з кветак будзіць.

МАТАВІЛА

(спявае)

Вера-вера-верабейка,

I зязюля, што вякі

Нам вясткуе весткай нейкай,—

Мы ж маўчым як мерцвякі...

Шчыра кажучы, хто стане спрачацца з такой дурніцай? Хто скажа шэрай шэльме, што яна нахабна брэша, колькі б разоў яна ні паўтарала сваё ку-ку?!

ТЫТАНІЯ

О не змаўкай, яшчэ спявай, яшчэ!..

Твой дзіўны голас лашчыць мне душу,

Твой зорны твар уражвае мне вочы,

А прыгажосць — і дзе ты ўзяў яе?!.—

Табе маё каханне аддае!..

МАТАВІЛА

Я, пані, мяркую, што ў аснове вашай гаворкі не хапае нітак розуму. Зрэшты, яно і не дзіва, бо каханне і розум у наш век не дужа між сабой ладзяць. Ад гэтага добрым суседзям адна шкода, аднак яны нічога не могуць зрабіць, каб іх запрыязніць. Ну як? Бачце, я часам і жартаўнік не абы-які.

ТЫТАНІЯ

О так, твая мудрасць такая ж, як і прыгажосць.

МАТАВІЛА

Ну, гэта кампліменты: я і не мудры, і не прыгожы. Але б калі ў мяне хапіла глузду выблытацца з гэтых нетраў, дык на астатняе мне яго хопіць.

ТЫТАНІЯ

О не!.. О не!.. Пакінь свае намеры —

Ты будзеш жыць заўжды ў маёй кватэры.

Багіня — я, наўкол — мае паветы:

У іх ніколі не мінае лета.

Цябе кахаю! Будзь са мною, друг!..

Чатыры эльфы да тваіх паслуг —

Каб жэмчуг даставалі табе з мора

І калыхалі, калі дрэма зморыць.

Цябе ачышчу ад зямнога праху —

I, роўны нам, ты залунаеш птахам.

Хутчэй сюды, Гарчычнае Зярнятка,

Гарошак, Павуцінка, Матылёк!


З’яўляюцца чатыры ЭЛЬФЫ.


ДУХМЯНЫ ГАРОШАК

Я тут!

ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА

Я тут!

ПАВУЦІНКА

I я!

МАТЫЛЁК

I я!

УСЕ ЧАЦВЁРА

Што загадаеш?

ТЫТАНІЯ

Аддана пану гэтаму служыце —

З ім бегайце, кружыцеся, скачыце.

Каб ён быў у гуморы — ўсе чацвёра

Малінаю карміце яго ўпору,

Суніц прыносьце поўныя кашы,

З чмяліных гнёздаў мёду гладышы,

Рабіце з вошчаных пчаліных лап

Свяцільнікі начныя, каб

Іх запаліць ад светлякоў сцярожка

I весці файна мілага да ложка.

А з крылаў махаонаў — абдзімалы,

Каб месяцовасць спаць не замінала.

Цяпер яму паклон аддайце дбала.

ДУХМЯНЫ ГАРОШАК

Паклон табе, земляжыхар!

ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА

Паклон!

ПАВУЦІНКА

Паклон!

МАТЫЛЁК

Паклон!

МАТАВІЛА

Ад шчырага сэрца, ваша шаноўнасць, прашу мне прабачыць, але ці нельга даведацца імя вашай шаноўнасці?

ПАВУЦІНКА

Павуцінка.

МАТАВІЛА

Вельмі рады буду бліжэй з вамі пазнаёміцца, шаноўная спадарыня Павуцінка. Калі я раптам парэжу сабе палец, асмелюся звярнуцда да вас за дапамогай. А якое вы імя носіце, высокашаноўны пан?

ДУХМЯНЫ ГАРОШАК

Духмяны Гарошак.

МАТАВІЛА

Калі ласка, перадайце ад мяне найсардэчнае прывітанне пані Лупінцы, вашай маці, і пану Струку, вашаму бацьку. Дужа цешуся, што пазнаёміўся з Вамі, мілы пане Духмяны Гарошак. А як вы завяцеся, дабрадзею?

ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА

Гарчычнае Зярнятка.

МАТАВІЛА

Любы пане Гарчычнае Зярнятка! Я выдатна ведаю вашу дабрату і што зносіць ваша цярплівая радзіна ад гэтай ненажэрнай бессаромніцы Кілбасы. Паверце, вашы сваякі не раз выціскалі слёзы з маіх вачэй. Прагну бліжэй пазнаёміцца з Вамі, даражэнькі пане Гарчычнае Зярнятка.

ТЫТАНІЯ

Вядзіце зараз мілага на дачу.

Здаецца, месяц траціць сваю ясь.

А плача месяц — кожны квет з ім плача,

Што цнота згвалтавалася чыясь.

Ну, дык ідзіце, ды глядзіце — ціха.


Выходзяць.


З’ЯВА II

Другі лясны кут.

Уваходзіць АБЯРОН.


АБЯРОН

Цікава, ці прачнулася царыца

I хто ёй першы ў вока ўпаў, каго

Яна цяпер без памяці кахае?

З'яўляецца ПУК.

А вось і ён.

Ну, неўтаймоўны дух,

Што адбылося — далажы — наўкруг?

Чакаю весткі важнай ад пасла.

ПУК

Тытанія ўкляпалася ў асла!..

Другі з ім не зраўняецца і трошкі.

Царыца, значыць, спала ў сваім ложку,

Калі афінскіх дурняў талака,

Што кормяцца з пілы ды малатка,

Прывандравала ў лес, сярод начы,

Каб адну п’есу тут ператаўчы.

Акцёры тыя з ёй надзею мелі

З’явіцца на Тэзеевым вяселлі.

Па ходзе рэпетыцыі Пірам —

Яго іграў найпершы іхні хам —

Пакінуў прадстаўленне — і ў карчы.

А я ў той час, пад прыкрыццём начы,

Дуротны чэрап замяніў асліным.

Тут і да Фісбы выйсці ён павінны.

А выйшаў — дык тэатр наўцекача,

Бы качкі ад лаўца-сцерагача,

Калі раптоўна выдасць ён сябе

Альбо вароны, калі стрэльба б’е.

Пруць, падаюць, піхаюцца кацапы,

I я лаўчу між імі ціхай сапай.

Палохаюць сабой адзін другога,

«Ратуйце! Гвалт! — крычаць.—

На дапамогу!..»

А сціхнулі, галовы ўтнулі ў плечы —

Загаварылі стрыманыя рэчы.

На сцэну выйшлі хмызнякі цяперка:

Праверкаю хапалі за магеркі,

Заставы — дрэвы, кантралёры — пні...

Я іх завёў — хай круцяцца ў крутні!

Не выбрацца збянтэжаным сябрам.

Застаўся на палянцы сам Пірам.

I вось пры гэткім розыгрышы ўдалым

Тытанія асла сабе прыдбала.

АБЯРОН

Я не чакаў ямчэйшай пастаноўкі.

З адным заданнем справіўся ты лоўка.

А як наконт пыхліўца-хлапака?

ПУК

Апрацаваў. Даваў ён храпака.

Дзяўчына з ім ляжыць — непадалёку.

Яна яму ўпадзе адразу ў вока.


Уваходзяць ДЗЯМЕТРЫЙ і ГЕРМІЯ.


АБЯРОН

Ідуць сюды абое. Сцішся, стой!..

ПУК

Дзяўчына тая, ды хлапец не той!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Чаму ты бэсціш, хто цябе кахае?

Хай ворагу даецца лютасць тая.

ГЕРМІЯ

Яшчэ ўшчуваю толькі, ды няшчасце

Ўжо да кляцьбы загадвае прыпасці.

Калі тваёй рукой Лізандр забіты —

Ў крыві па пояс, да канца брыдзі ты

I мне ўгатуй таксама гэту ж згубу.

Як сонца — дню, адданы быў мне любы.

Каб ён уцёк, калі я спала?!. Не!..

Не можа быць!.. Лягчэй паверыць мне,

Што пракапалі шар зямны ў Афінах

Наўпрост, наскрозь, на тую палавіну,

Да нашых проціземцаў — антыподаў,

Каб месяц сонца ўбачыць мог заўсёды...

Няўжо забіў?! Ах, неба ў сведкі клічу:

Глядзіш забойцам, страшнае аблічча.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я не забойца, я забіты ўсё ж.

Ты ў сэрца мне бязлітаснасці нож

Накіравала, а сама — о божа!..—

Нібы Венера ў небе, ззяеш гожа.

ГЕРМІЯ

Які Лізандру з тваёй мовы плён?

Скажы, Дзяметрый, дзе падзеўся ён.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я труп ягоны кіну лютым псам!

ГЕРМІЯ

Як я трываю гэта? Псіна — сам.

Прэч, дрэнь! Я мацюкацца стану.

Двурушны твой язык, душа — з рызману.

Няма табе больш месца між людзей —

Кажы мне праўду, чуеш, ліхадзей!

Забіў яго?!. Было табе з ім блага?!.

А ў вочы паглядзець не меў адвагі

I соннага прыкончыў?!. Ма-лай-чак!..

Гадзюка так зрабіла б ці чарвяк.

Дык хай цябе кахаюць чарвякі,

О прападзі ты пропадам — такі!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

Пакінь, аднак, свае сляпыя кляты —

Ў крыві Лізандра я не вінаваты.

Не мёртвы ён: што-што, але не гэта.

ГЕРМІЯ

Дык ён жывы?!. О, не чыні сакрэту!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

А што ў аддзяку будзе мне за тое?

ГЕРМІЯ

Ніколі больш не бачыцца са мною.

Ты цешышся з маёй бяды, ліхвяр!

Агідны мне і голас твой, і твар.

Я адыходжу, але ўжо мяне

Не смей больш бачыць — мёртвы ён ці не!

(Выбягае.)

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ісці за ёю — ганьбіцца ў граху.

Лепш прыкархну дзе-небудзь тут крыху.

Маркоціцца маркота даастатку,

Калі не аддае ёй сон падатку.

Пасплю, дальбог, сабе я тут часіну —

Вось і аддасца нейкая часціна.

(Кладзецца і засынае.)

АБЯРОН

Што ты зрабіў?!. Як зблытаў ты ўсё,ўрэшце!..

Абпырскаў вочы шчырыя чыесьці.

Праўдзіваму падсунуў зману лусту,

А рэспуста не выбавіў з распусты.

ПУК

Так водзіцца здаўна ў людскім хаўрусе:

Адзін хтось кажа праўду, процьма — хлусіць.

АБЯРОН

Сюды-туды крутніся вокамгненна

I расшукай афінскую Алену.

Яна каханнем хворая, збляднела,

Адно ўздыхае, як душа без цела.

Прываб яе сюды якою вабай,

Я ж вочы ўстаўлю гэтаму нахабу.

ПУК

Глядзі — бягу, хаваюся ў імглу

Імклівей за татарскую стралу. (Знікае.)

АБЯРОН

(выціскае сок на павекі Дзяметрыю)

Квет барвовы, квет сурочы

Хай прасочваецца ў вочы,

У вантробы і ў сустаў,

Каб станоўчым хлопец стаў,

У пячонку і ў мазгі,

Каб ён вобраз дарагі

У сабе насіў нязгасна

I прасіў у дзеўкі краснай,

Падхапіўшыся ва ўзруху,

Каб дала яму аддуху!


Вяртаецца ПУК.


ПУК

Валадар! Усё чын чынам —

Набліжаецца дзяўчына.

Той, абпырсканы, амеля

Ёй пра сувязь сэрцаў меле.

Ну, падзівімся забаву —

У смяротных глузд кульгавы.

АБЯРОН

Будзе шум тут. Скрый сябе ты —

Бо прахопіцца і гэты.

ПУК

Хочаш — падай, хочаш — стой:

Двое склешчацца з адной.

Я люблю, калі ўсе рэчы

Мітусяцца ў калатэчы.


Уваходзяць ЛІЗАНДР і АЛЕНА.


ЛІЗАНДР

Я не цвялюся — падзівіся проста!

Ці тужыць здзек? Ці плача гамана?

А я ў слязах. Хрышчонай гэткім хростам

Прысязе не ўласцівая мана,

Хіба прысяга можа быць маною,

Асвечаная праўдаю самою?!

АЛЕНА

Па-д’ябальску ты круцішся, імгліш,

Прысягай вынішчаючы прысягу.

На Герміі ты ставіш крыж, вазьмі ж

I пакладзі прысягі дзве на вагі —

Што Герміі даваў і мне затым:

Адна вага ў іх, і абедзве — дым.

ЛІЗАНДР

Я быў без глузду, калі з ёю спрогся

АЛЕНА

Як і цяпер, калі раз-два, й адрокся.

ЛІЗАНДР

Дзяметрый не цябе — яе кахае.

ДЗЯМЕТРЫЙ

(прачынаецца)

Алена! Німфа, ўвасабленне раю!

З чым бляск вачэй тваіх я параўнаю?!

Крышталь — падробка! Губ тваіх ласункі —

Як вішні, што чакаюць пацалунка!

Руку ўзнясеш — і ўжо, нібы вароны,

Чарнеюць Таўра снежныя кароны.

Царэўна чысціні! Дазволь прыпасці

Да гэтай ручкі — да пячаткі шчасця.

АЛЕНА

О пекла! Ганьба! Змовіліся разам

З мяне блюзнерыць, дапякаць абразай!..

Каб вы былі шляхетнейшых паводзін —

Мне раны не вярэдзіў бы ніводзін.

Няўжо вам простай непавагі мала,

Што дорыце даважкі гэтак дбала?!

Каб вы былі мужчыны не знадворку,

Вы прыпынілі б гэтую гаворку —

Дзе заляцанні пазіраюць скоса,

Дзе хваласпевы джаляць, быццам восы.

Спіраліся за Гермію ў каханні,

Цяпер жа за Алену — ў ганьбаванні.

Вось дык геройства, рыцарскія чыны —

Увесці ў слёзы, ўвесці ў плач дзяўчыну

Без дай прычын... Ці гэта новы знак

У кодэксе мужчынскасці, магчыма,—

Каб з небаракі здзекавацца так?!

ЛІЗАНДР

Тут лішняе, Дзяметрый, крываслоўе.

Ты Гермію кахаеш. На здароўе!

Я на яе з ахвотаю, спаўна

Правы перадаю: твая яна.

А мне ўступі, прашу цябе, Алену —

Яе кахаю пачуццём нятленным.

АЛЕНА

Якія шахі-махі зношу, мены!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Бяры, Лізандр, сабе свой скарб агулам.

Я заляцаўся?! Гэта ўжо ў мінулым.

Да Герміі хадзіла сэрца ў госці,

Цяпер прыйшло дадому, ягамосці,

Каб тут застацца!..

ЛІЗАНДР

(Алене)

Хлусіць ён, не вер!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Чужое веры не ганьбуй, блюзнер!

А не, дык пакаранне напаткае.

Глядзі, хто тут! Каго кахаеш — тая.


Уваходзіць ГЕРМІЯ.


ГЕРМІЯ

Сляпая ноч, што засланяе вока,

Для вуха адтуляецца далёка.

Хай гасіць розум зроку, ды затое

Слых абвастрае чуйнасцю двайною.

Знайшоў цябе, Лізандр, не мой пагляд —

Праз цемру слых мяне вёў наўздагад.

Чаму ты знік? Мне жах вярэдзіў грудзі...

ЛІЗАНДР

Калі каханне кліча — не марудзяць.

ГЕРМІЯ

Куды? Якое? Ўпрочкі ад мяне?

ЛІЗАНДР

Не бачыш — і дзівуешся, я ж — не.

Маё каханне — вось яно: Алена,

Чыя краса ў нябёсы б’е праменна.

Табой жа пагарджаю: невідушча

Зідушчага расшукваеш ты ў пушчы.

ГЕРМІЯ

Што кажаш ты?!.— Дзівотныя манеўры....

АЛЕНА

I ты, і ты — о трэба ж! — з іхняй хеўры!

Цяпер я разумею: вы ўсе трое

Інсцэніроўкі гнюснае героі.

Няўдзячніца, адступніца-сяброўка!

Ты, значыць, стала іхняй памагатай,

Каб ганьбаваць мяне супольна з імі?!

Няўжо былое нашае сяброўства,

Сардэчныя размовы і гадзіны,

Якія мы дзялілі па-сястрынску,

Шкадуючы, што час занадта хутка

Разлучыць нас,— усё гэта забыта?!.

Дзяцінны век і школьныя гады?!.

Мы, як два боствы ўмелыя, з табою

Пасеўшы побач, жвава, ў дзве іголкі

Адзін узор, бывала, вышывалі,

Спяваючы адну і тую ж песню.

I нашы рукі, душы й галасы —

Усё было адзіным. Мы раслі,

Нібы двайняткі-вішні: звонку — розна,

Але сумесна сутнасцю самой;

Дзве ягадкі, але з адной сцяблінкі;

Два целы, але з сэрцам, што адно;

Дзве часткі аднаго герба, якія

Вянчаюцца каронаю адной.

Ганьбуючы мяне, адначасова

Ганьбуеш ты і нашую любоў.

Учынак не сяброўскі, не дзявоцкі —

Цябе за гэта ўвесь наш род асудзіць,

Хаця знявагі зношу я адна.

ГЕРМІЯ

Пра што ты кажаш? Што на ўвазе маеш?

Не я цябе ганьбую, ты — мяне.

АЛЕНА

А хто ж яшчэ Лізандра падбухторыў,

Каб ён мяне хваліў, хадзіў за мною?

А хто свайго другога заляцанка,

Які мяне нагой піхаў, намовіў,

Каб ён мяне зваў німфаю, багіняй,

Нябеснай, райскай? Чаму раптам той,

Што брыдзіўся мяне, мяне вялічыць?

Чаму Лізандр умомант забывае

Сваё каханне, што насіў у сэрцы,

I прысягае мне ў каханні палкім?

Няма сумнення: з тваёй згоды толькі.

Не гэтак ясна шчасце свеціць мне,

Не гэтак, як цябе, удача лашчыць,

Кахаць і некаханай быць — мой лёс...

Ён варты не пагарды, а спагады.

ГЕРМІЯ

Куды ты хіліш — я не разумею.

АЛЕНА

Прыкідвайся, блазнуй, вачамі лыпай,

Ну а за спінай дык рабі гіморы,

З хаўрусам пераміргваючыся кпліва,—

Магчыма, вас праславіць гэты жарт.

Калі б вы мелі гонару на шэлег,

На грош спагады — так рабіць не сталі б.

У нечым і сама я вінавата.

Ды ўсё паправіць смерць альбо расстанне.

ЛІЗАНДР

Чакай, Алена! Мне сказаць дазволь —

Жыццё маё, душа мая, Алена!

АЛЕНА

Ах, як прыгожа!

ГЕРМІЯ

Не цвяліся, любы!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Прасіць не варта — я яго прымушу.

ЛІЗАНДР

Ты не прымусіш, а яна не ўпросіць:

Дым — яе просьбы, дым — твае пагрозы

I я свайго жыцця не пашкадую,

Каб прысароміць кожнага, хто кажа,

Што я хлушу... Не, не хлушу — кахаю!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мацней, чым ён, кахаю я — павер!..

ЛІЗАНДР

Ідзі і дакажы на справе гэта.

ДЗЯМЕТРЫЙ

I ты са мной!

ГЕРМІЯ

Дык што гэта, Лізандр?!

ЛІЗАНДР

Прэч, эфіопка, прэч!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Трымай, трымай!

Ха-ха! Ён толькі пыл пускае ў вочы,

А сам ні з месца. Баязлівец пан.

ЛІЗАНДР

Пусці, назола! Адчапіся, кошка!

А то страсу цябе, нібы вужаку.

ГЕРМІЯ

Чаму ты гэткі грубы стаў? Адкуль

Такія перамены, мой каханы?

ЛІЗАНДР

Каханы твой?! Прэч, бурая татарка!

Згінь, здрадлівае зелле, згінь, атрута!

ГЕРМІЯ

Жартуеш ты?

АЛЕНА

Ага, з табой на пару.

ЛІЗАНДР

Я спраўджу свой намер, Дзяметрый!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Кволы,

Гляджу я, у цябе ён, каб паверыць.

Ты б далучыў да абяцанняў доказ.

ЛІЗАНДР

Дык што ж я мушу — даць ёй кухталёў

Альбо насмерць зацюкаць? Ненавіджу,

Ды болю прычыняць ёй не жадаю.

ГЕРМІЯ

Твая нянавісць мне баліць найболей.

Ты ненавідзіш?! А за што, за што?!.

Што здарылася раптам? Што набегла?

Я гэткая ж прыгожая, бы ўчора.

Ноч наставала — ты мяне кахаў,

Не скончылася ноч — а ты ўжо кінуў.

Дык ты папраўдзе — о багі, багі! — Мяне кідаеш?

ЛІЗАНДР

Далібог, папраўдзе!

Больш не жадаю бачыць твайго твару,

Адкінь сумненні, просьбы, спадзяванні,

А ведай, ведай: не на жарт цябе

Я ненавіджу, а яе кахаю.

ГЕРМІЯ

Ах, вось што!..

Прайдзісветка!.. Моль, што точыць

Бутоны ружы!.. Чорная зладзейка!..

Падкралася ты ў цемры апраметнай

I ўкрала сэрца ў любага...

АЛЕНА

Някепска!

Згубіла ў лесе ты дарэшты сорам,

Дзявоцкую прыстойнасць, што зрываеш

Адказ нясціплы з маіх сціплых вуснаў.

Ачомайся, камедыянтка, лялька!

ГЕРМІЯ

Ах лялька!.. Лялька!.. Зараз разумею —

Ты рост наш параўноўваеш. Цыбатай

Паставай сваёй хвалішся. Мяне

Ты ад Лізандра засланіла ёю,

Прывабіла яго, звяла, купіла.

Ты вырасла ў яго вачах высока,

Бо я не надта ростам удалася.

Ну, тычка маляваная! Якой бы

Малой я ні здавалася, а ўсё-ткі

Да зекраў тваіх кіпцямі дастану.

АЛЕНА

(Дзяметрыю і Лізандру)

Хаця вы і кпіцё з мяне абодва,

Абараніце ад яе. Я зроду

Заядлай не была. Не ўмею біцца

У згодзе з баязлівасцю дзявоцкай.

Хай меншая яна, але змагацца

Не здолею я з ёй.

ГЕРМІЯ

Зноў! Меншая! Вы чулі?!.

АЛЕНА

Ах, Гермія, не злуйся на мяне.

Цябе я ўсёй душой заўжды любіла,

Усе твае сакрэты берагла.

I толькі раз, учора, безразважна,

Дзяметрыю, кахаючы яго,

Ўзяла й адкрыла план уцёкаў вашых.

Ён рынуўся за вамі, я — за ім.

Мяне ён бэсціў, зневажаў бязбожна,

Знявечыць пагражаў, забіць... Я не магу

Тут больш трываць. Дазволь мне — я ў Афіны,

Назад, падамся, а з сабой вазьму

Адно сваю дурноту і другі раз

Сюды больш не вярнуся. Адпусці!..

Маю пакору бачыш ты...

ГЕРМІЯ

Дык з богам!

Ідзі хоць зараз. Хто цябе трымае?

АЛЕНА

Ніхто, апроч майго сляпога сэрца,

Якое застаецца тут.

ГЕРМІЯ

З Лізандрам?

АЛЕНА

З Дзяметрыем.

ЛІЗАНДР

Алена, не хвалюйся,

Яна цябе, клянуся, не зачэпіць.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не, не зачэпіць, хоць бы й ты быў з ёю.

АЛЕНА

Калі яна злуецца — ведзьма, й годзе.

Баяліся яе — такой — і ў школе:

Няхай малая — лютасці праз меру.

ГЕРМІЯ

Малая! Зноў! Каторы раз — малая.

Вы ж маўчыцё: хай зневажае!.. Так?!.

Пусці!.. Дай да яе дарвацца!..

ЛІЗАНДР

Прэч!

Прэч, ліліпутка, вош, пухір, калючка,

Насенне злое, прэч!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ажно занадта

Слугуеш той, хто на твае паслугі

Глядзець не хоча. Сам прэч ад яе!

Заступніцтва тваё, тым больш твае прызнанні

Ёй не патрэбны. Калі ты Алене

Хоць заікнешся пра сваё каханне —

То сцеражыся.

ЛІЗАНДР

Гермія мяне

Ўжо не трымае... Калі ты, васпан,

Не баязлівец, то ідзі за мною.

Мы вырашым сам-насам канчаткова,

Хто на Алену мае больш правоў.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я за табою? Не, плячо ў плячо.


ЛІЗАНДР і ДЗЯМЕТРЫЙ выходзяць.


ГЕРМІЯ

А за цябе ўвесь гэты гвалт, паненка!..

Куды ты? Не ўцякай...

АЛЕНА

О не, о не!..

З табою заставацца страшна мне.

Для бойкі ў цябе рукі лаўкачы,

А ногі — у мяне: каб уцячы.

(Выбягае.)

ГЕРМІЯ

Прыгода за прыгодаю ўначы.

(Выходзіць.)

АБЯРОН

Ты зноўку памыліўся ці знарок

Наблазнаваў, каб цешылася зала.

ПУК

Мой валадар! Само ўсё так супала.

Ты сам жа мне сказаў: той кавалер

На гарадскі апрануты манер.

Хай літуюць мяне спагнання лейцы —

Бо шмараваў я вочы афінейцу.

А не таму — дык гора ў гэтым мала:

Шмат што мяне ў іх ростырках займала.

АБЯРОН

Яны шукаюць месца для міжбою —

Ты зблытай сцежкі ім, каб між сабою

Яны цяпер сустрэцца не змаглі,

Імглу-цямрыцу болей заімглі,

I агарні ўсе зорныя кароны

Мярцвячай чарнатою Ахярона.

Ў Лізандра запазычыўшы гаворку,

Дзяметрыя ты ёй вярэдзь і торкай,

То, як Дзяметрый, гні пагроз крукі...

Хай сябрукі кідаюцца ў бакі,

Пакуль не апусціў на іх галовы

Сон, родны смерці, ступакоў свінцовых

I кажановых крыл... Вось гэтым зеллем

Намаж Лізандру вочы, каб глядзелі

Яны, пазбаўленыя ўроку,

На свет сваім ранейшым зрокам.

Калі ад сну абудзяцца героі —

Ўсё, што было, яны палічаць мрояй,

I ўсе чацвёра рушаць у Афіны,

Каб шчасна жыць, як людзі жыць павінны.

Пакуль з хлапцамі будзеш ты дражніцца,

Дык я дзіцёнка выпрашу ў царыцы.

Яе ад прыкрых зманаў эліксірам

Я ацалю — і скончыцца ўсё мірам.

ПУК

Мой валадар, спяшаймася! Здалёку

Імчацца цмокі цемры праз аблокі.

Паходню запаліў вястун зары —

I прывіды бягуць на цвінтары

Гурмой да трун. Праклятыя, чый прах

На раздарожжах прэе, ў балатах,

Да чарвякоў улегліся ў мярлог,

Каб іхняй ганьбы ўбачыць дзень не змог.

Яны ўцякаюць самі ад святла,

А з імі змрокі — у прытулак тла.

АБЯРОН

Мы — духі, ды не гэткія. Ахвоча

Я часта сам глядзеў Аўроры ў вочы,

Блукаючы па лесе як ляснічы,

Пакуль усход зарою маляўнічай

Не зашугае і праменнарунна

Не пазалоціць стойбішчаў Няптуна.

Але марудзіць годзе: час няўпынны.

Да раніцы мы ўправіцца павінны.

(Выходзіць.)

ПУК

Павяду іх там і тутка

Па палянах і закутках,

Па закрутках і палях

Ім надзіва, ім на страх.

Дык сігай, Пук, жвава, хутка

Тут і тамка, там і тутка.

Адзін ужо ідзе.


Уваходзіць ЛІЗАНДР.


ЛІЗАНДР

Дзяметрый, дзе ж ты? Голас дай!..

ПУК

Я тут!

Мой меч прасветліць зараз твой маршрут.

ЛІЗАНДР

Іду. Іду.

ПУК

Ідзі за мною проста —

Тут роўны пляц.


ЛІЗАНДР ідзе на голас Пука.

Уваходзіць ДЗЯМЕТРЫЙ.


ДЗЯМЕТРЫЙ

Вашывец ты, кароста!..

Спужаўся? Ўцёк? Ускочыў у кусты?

Лізандр, вылазь, калі мужчына ты!

ПУК

Ты пустабрэх! Ты хвалішся кустам,

Крычыш карчам, што ў бой ляціш, а сам

Хаваешся. Сюды хадзі, шчанюк!

Каб меч не ганьбіць і не пэцкаць рук,

Я дам табе дубца...

ДЗЯМЕТРЫЙ

Эх, ноч як сажа...

ПУК

Ідзі на голас. Тут сябе пакажаш.


Выходзяць.

Уваходзіць ЛІЗАНДР.


ЛІЗАНДР

Ён гойсае наперадзе, няўседа,

Я ўслед прыходжу — не знаходжу й следу.

На ногі ён, прызнацца трэба, лёткі:

Я шпарка джгаю — ён шпарчэй усё-ткі.

Тут што ні крок — выбоіна ці пень.

Мне легчы лепш.

(Кладзецца.)

Прыйдзі, жаданы дзень!

Ледзь зоймецца над светам ранак шары —

Знайду я круцяля, і знойдзе кара.

(Засынае )


Уваходзяць ПУК і ДЗЯМЕТРЫЙ.


ПУК

Ха-ха! Смяльчак! Дык ты баішся бою?

ДЗЯМЕТРЫЙ

На месцы стой, каб стрэцца мне з табою.

Я ўсё вакол агойсаў самапасам,

Ды ўбачыцца не змог з табой сам-насам.

Ты дзе цяпер?

ПУК

Хадзі сюды, я тут.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Заплаціш за круцельства, баламут.

Альбо лепш сам табе я заплачу...

Як я стаміўся, як я спаць хачу!..

Улягуся, напэўна, дзе стаю.

А стане днець — знайду душу тваю.

(Кладзецца і засынае.)


Уваходзіць АЛЕНА.


АЛЕНА

О доўгая, зняможлівая ноч,

Дай месца дню! Прыспеш свае хвіліны!

Каб ад людзей, што жорсткія, як нож,

Хутчэй змагла я адысці ў Афіны.

Хай сон, што засціць зрок і долі злой,

Мяне схавае ад мяне самой.

(Кладзецца і засынае.)

ПУК

Толькі трое? А для спісу

Трэба нам чатыры пысы.

Вунь ідзе: як ноч — пагляд.

Купідон найпершы хват:

Зводзіць з розуму дзяўчат.


Уваходзіць ГЕРМІЯ.


ГЕРМІЯ

Я падаю ад смутку, ад знямогі,

Калючкі колюць, мочыць рос макрэдзь.

Я ледзь іду, я ледзь паўзу, а ногі

Не могуць за жаданнямі паспець.

Спыніцца мушу. Ды прашу ў нябёсаў,

Хай літасцяць Лізандраваму лёсу.

(Кладзецца і засынае.)

ПУК

Моцна спі,

Не сапі,

З тваіх бед

Гэты квет

Цябе выбавіць дазвання.

(Выціскае сок у вочы Лізандру.)

Раніцой Дзеўцы той,

Што ў журбе

Ля цябе,

Зноў прызнаешся ў каханні.

Хай здзяйсняецца прыслоўе:

Што тваё — то на здароўе.

Знойдзе Ян сваю Яніну,

Верабей — сваю мякіну,

I кабылу — удалец,

А канец — вянцам вянец.

(Знікае.)


ДЗЕЯ VI


З’ЯВА І

Лес.

ЛІЗАНДР, ДЗЯМЕТРЫЙ, АЛЕНА і ГЕРМІЯ спяць. Уваходзяць ТЫТАНІЯ і МА ТАВІЛА, ДУХМЯНЫ ГАРОШАК, ПАВУЦІНКА, МАТЫЛЕК, ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА і іншыя ЭЛЬФЫ. У глыбіні — схаваны ад усіх АБЯРОН.


ТЫТАНІЯ

Прымосцімся — у кветкі, у траву!

I ружамі, барвовымі, як душы,

Я ўквечу дарагую галаву,

Я абцалую вушы-велікушы.

МАТАВІЛА

Дзе Духмяны Гарошак?

ДУХМЯНЫ ГАРОШАК

Я тут.

МАТАВІЛА.

Навядзі ў мяне парадак у галаве, Духмяны Гарошак,— начухай, пашкрабі. А дзе мамзэль Павуцінка?

ПАВУЦІНКА

Тут.

МАТАВІЛА

Мамзэль Павуцінка, вазьміце ў руку якую-небудзь прычындалу і ўкакошце, прашу вас, вунь таго нахабнага чмяля ў чырвоных штроксах, што ўсеўся на макаўцы дзядоўніку, і тады, дарагая мамзэль, прынясіце мне яго торбачку з мёдам. Вы, мамзэль, не надта завіхайцеся ў бойцы, каб, крый божа, торбачка з мёдам не лопнула: мне будзе вельмі шкада, калі вы раптам абальяцеся мёдам. А дзе васпан Гарчычнае Зярнятка?

ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА

Тут.

МАТАВІЛА

Дайце мне, калі ласка, вашу руку, васпане Гарчычнае Зярнятка. Ды кіньце вы ўсялякія цырымоніі, мілы васпане Гарчычнае Зярнятка.

ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА

Што загадаеце?

МАТАВІЛА

Ды нічога асаблівага, мой дабрадзею. Вось толькі дапамажыце кавалеру Духмянаму Гарошку шкрэбці маю галаву. Зрэшты, я мусіў бы схадзіць да цырульніка, бо мне здаецца, што маё аблічча стала зусім калматае. А я такі далікатны асёл, што, калі мяне казыча хаця б адна валасінка, мушу пашкрэбціся.

ТЫТАНІЯ

Мо хочаш музыкі пачуць, каханы?

МАТАВІЛА

О, што да музыкі, дык у мяне выдатнае вуха. Няхай сыграюць што-небудзь на клешчах і на трашчотцы.


Чуваць гукі грубай музыкі.


ТЫТАНІЯ

Мо хочаш, мілы, чаго-небудзь з’есці?

МАТАВІЛА

Шчыра кажучы, я ахвотна ўмяў бы цяпер гарнец-другі корму. Я з апетытам пажвакаў бы добрага сухога аўса, але адчуваю, што найбольшую асалоду я цяпер меў бы ад абярэмка сена. З добрым салодкім сенам нішто не можа зраўняцца.

ТЫТАНІЯ

Я маю эльфа ўвішнага: умомант

Абшнырыць ён вавёрчыныя сховы

I прынясе табе арэхаў свежых.

МАТАВІЛА

Я ахвотней схрумстаў бы пару прыгаршчаў сухога гароху. Але няхай цяпер ніхто з тваіх людцаў мяне не турбуе. Мяне цягне на храпака.

ТЫТАНІЯ

Засні, я апляту цябе рукамі.

А вы ідзіце, эльфы, хто-куды.

ЭЛЬФЫ выходзяць.

Так аплятае палявы павой

Бружмелю рукі, так на пальцах вяза

Пярсцёнкамі накручваецца плюшч.

О, як шалёна я цябе кахаю!


Засынаюць. Уваходзіць ПУК.


АБЯРОН

А, Робін, прывітанне! Падзівіся

На гэты абразок — ён варты ўвагі.

Мне робіцца шкада ўжо бедалажкі.

Надоечы сустрэў яе на ўзлеску —

Яна збірала там свайму прыдурку

Найводарныя кветкі; я сварыцца

Стаў на яе, што вось яна вянчае

Найлепшымі вянкамі лоб калматы;

I тыя росы чыстыя, што ззяюць

Святлей за перлы ўсходнія, цяпер

Імгліліся ў вачах маркотных кветак,

Нібы яны аплаквалі свой сорам.

Я паўшчуваў царыцу ад душы —

Пакорліва яна адказ трымала.

Згадаў ёй пра дзіцёнка — не сказала

Ні слова супраць, а паслала эльфаў,

Каб адвялі яго ў маю гасподу.

Цяпер ён мой, і я хачу прагнаць

З яе вачэй туман непамыслоты.

Тым часам ад аслінай мазгаўні

Ты вызваліш афінскага латрыгу,

Каб мог ён разам з іншымі дамоў,

Ачомаўшыся раніцай, падацца;

I разам з іншымі ўсё, што было ўначы,

Успамінаў як сон неверагодны.

(Дакранаецца кветкай да яе вачэй.)

Будзь такою, як заўчора! —

Зараз мы ўсё перачворым.

Разгані, бутон Дыяны,

Купідонавыя зманы.

Прыйдзі ў сябе, Тытанія, царыца!

ТЫТАНІЯ

Мой Абярон! Якая я дурніца!

Мне снілася, што я асла кахаю.

АБЯРОН

Дык вунь ён, твой каханак!..

ТЫТАНІЯ

Як магла я

Пачварай захапіцца?!. Прыкры зман.

АБЯРОН

(Пуку)

Здымі з яго дуротны гэты збан.

А ты, царыца, музыку навей —

Няхай заснуць пяцёра ўсе глыбей.

ТЫТАНІЯ

Гэй, музыку, якая цешыць неба!

Гучыць ціхая музыка.

ПУК

(здымае з Матавіла асліную галаву)

Прачнешся, дурань, дык глядзі як трэба.

АБЯРОН

Грай, музыка! Царыца, дай руку —

Мы пагайдаем спячых талаку

«Лявоніхай» ці «Янкам»... Зноў, сябры,

Мы заўтра ўжо ў Тэзеевым двары

Ўначы ўрачысты рэй свой павядзём,

Багаславіўшы шлюб яго і дом

Ды плюс каханкаў нашых... У нядзелю

Яны згуляюць і свае вяселлі.

ПУК

Цар, увага! Чуеш гук? —

Абвяшчае дзень жаўрук.

АБЯРОН

Мы за цемраю-цямрыцай

Зараз рынемся, царыца.

Абляцім зямлю наўкруг,

Абагнаўшы часу рух.

ТЫТАНІЯ

Дык ляцім жа, мілы муж!

Ты раскажаш мне, чаму ж

Тут, у нетрах, як папала

Між смяротнымі я спала.


Адлятаюць.

Гучаць паляўнічыя рогі.

Ўваходзяць ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ЭГЕЙ і СВІТА.


ТЭЗЕЙ

Схадзіце па ляснічага хто-небудзь —

Мы завяршылі ўсе свае абрады.

I перад тым як нас застане дзень,

Няхай мая каханая пачуе

Хартоў і выжлаў музыку. Спусціце

Усю гайню ў заходняй катлавіне.

I зараз жа ляснічага паклічце.

Хадзем, царыца! I вунь з той гары

Паслухаем, як брэх сабачы з рэхам

Зліваецца ў жывое сугалоссе.

ІПАЛІТА

На Крыце, ў лесе, неяк з Геркулесам

I Кадмам зацкавалі мы мядзведзя

Спартанскімі сабакамі. Ніколі

Я музыкі цудоўнейшай не чула.

Нябёсы, горы, лес — усё наўкол

Там екатала. Свет не чуў грымот

Прывабнейшых, мілейшай — спрачаніны.

ТЭЗЕЙ

Мае харты спартанскага заводу:

Масць — што пясок, нібы нажніцы — морды;

Вушамі росы раніцой змятаюць;

Кручкастаногія; падгруддзе ў іх вісіць,

Нібы ў быкоў фясальскіх; хай не порстка

Яны бягуць, затое галасы,

Нібы званы, суладныя. Такому

Сабачаму аркестру аніхто

Дагэтуль не трубіў і не цюгакаў

Ні ў Спарце, ні ў Фясаліі. Аднак

Упэўнішся сама! Што тут за німфы?!.

ЭГЕЙ

Мой валадар! Дачка мая тут спіць.

А вунь Лізандр, а той другі — Дзяметрый.

А вось дачка Нядарава — Алена.

Цікава ўсё-ткі, што яны тут робяць?

ТЭЗЕЙ

Абрады святаянскія, відаць,

Яны спаўнялі, а калі пачулі,

Што будзе гон, чакаць тут засталіся.

Аднак, Эгей, ці не сягоння мусіць

Нам Гермія сказаць пра выбар свой?

ЭГЕЙ

Сягоння, валадар!

ТЭЗЕЙ

Няхай затрубяць,

Каб разбудзіць іх, рогі паляўнічых.

Гучаць паляўнічыя рогі.

ДЗЯМЕТРЬІЙ, ЛІЗАНДР, ГЕРМІЯ і АЛЕНА прахапляюцца.

Ну, прывітанне! Валянцінаў дзень

Даўно прайшоў, аднак лясныя пташкі

Яго цяпер, па ўсім відаць, святкуюць.

ЛІЗАНДР

Даруйце, валадар!


Усе апускаюцца на калені.


ТЭЗЕЙ

Прашу: устаньце.

Я ведаю, абодва вы былі

Зацятыя супернікі ў каханні.

Адкуль жа згода гэтая ўзялася,

Што спіць адна нянавісць ля другой

I не трымае аніякай зброі?

ЛІЗАНДР

Адказ мой будзе цьмяны, валадар,—

Між яваю і сном. Ды я таксама

Не ведаю, чаму тут апынуўся.

Але здаецца...— прагну прыгадаць

Я праўду ўсю...— было ўсё так, вядома:

Мы з Герміяй сюды ўцяклі ўначы,

Намерыўшыся з ёй шукаць прытулку

Ад грознага афінскага закону.

ЭГЕЙ

О досыць з вас, о досыць! Валадар,

Хай прад законам галавой адкажуць!

Яны тайком задумалі ўцячы

І ўкрасці ў нас, Дзяметрый, як зладзеі,—

Ў цябе дык жонку, а ў мяне дык права

Бацькоўскае аддаць табе дачку.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мой валадар! Алена мне адкрыла

Задуму ўцёкаў іхніх, і тады,

Лютуючы, я ўслед пайшоў за імі,

Кахаючы — Алена ўслед за мной.

Не ведаю, чаму так адбылося,

Але чамусьці ўсё маё каханне

Да Герміі растала тут, як снег.

Цяпер яно мне цацкаю здаецца,

Якой, калі малы быў, захапляўся.

Цяпер жа змест і скарб маёй душы,

Вачэй маіх святло і асалода —

Алена. Я заручаны быў з ёй,

Калі яшчэ пра Гермію не ведаў.

Як у хваробе пагарджаюць ежай,

Я гэтаксама пагарджаў Аленай.

Вярнулася здароўе — смак вярнуўся.

Яе кахаю і яе хачу,

I буду ёй усё жыццё адданы.

ТЭЗЕЙ

У добры час мы стрэліся, сябры,

Раскажаце пра ўсё мне падрабязна.

Змяніць, Эгей, ты мусіш сваю волю.

Ў бажніцы неўзабаве разам з намі

Яшчэ дзве пары злучацца навек.

Аднак світанак зблякнуў — і таму

Мы адкладзём на потым паляванне.

Хутчэй жа ўсе ў Афіны! Нас тры пары,

I нам зазвоняць тры вяселлі ў чары.

Хадзем жа, Іпаліта!


ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ЭГЕЙ і СВІТА выходзяць.


ДЗЯМЕТРЫЙ

Мне ўсё здаецца невыразным, быццам

У хмары перайначыліся горы.

ГЕРМІЯ

Ну, а ў маіх вачах усё дваіцца,

Бы кожнае з іх бачыць паасобку.

АЛЕНА

Ў маіх таксама. Для мяне Дзяметрый

Нібы рубель, які знайшла я раптам:

Ён — мой, і — не...

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ці вы перакананы,

Што мы прачнуліся? Мне дык здаецца,

Што мы ўсё спім і снім. Няўжо папраўдзе

Тут герцаг быў і клікаў нас з сабой?

ГЕРМІЯ

I бацька мой быў з ім.

АЛЕНА

I Іпаліта.

ЛІЗАНДР

I нам казаў за ім ісці ў бажніцу.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Дык, значыць, мы не спім. Тады хадзем

I па дарозе сны свае згадаем.


Выходзяць.


МАТАВІЛА (прачынаецца)

Калі наблізіцца мая рэпліка, вы мяне толькі гукніце — і я ў два скокі тут. Аднак я памятаю: спачатку павінны быць словы: «Вяльможнейшы Пірам...» Гэй, вы там! Пятрусь Хвіга! Дудка, наладчык арганных мяхоў! Храпа, бляхар! Зэдлік! Недаедак! Родны божа! Яны паўцякалі, а мяне аднаго тут гібець пакінулі. Ну і відовішча мне прымірсцілася! Я меў такі сон, што глузду чалавечага не хопіць, каб растлумачыць яго. Той, хто надумае гэты сон пераказаць, будзе праўдзівым аслом і нічым іншым. Здаецца мне, што я быў — ніводная жывая душа не здагадаецца, кім я быў. Здаецца мне, што я быў, і здаецца мне, што я меў...— але чалавек быў бы круглым дурнем, калі б намерыўся расказаць у словах, што мне здаецца наконт таго, што я меў. Чалавечае вока не чула, чалавечае вуха не бачыла, рука чалавечая не каштавала, язык чалавечы не спасцігаў, чалавечае сэрца не вымаўляла, што гэта быў за сон. Пра гэты сон Пятрусь Хвіга мне мусіць скласці баладу. Яна будзе называцца «Матавілаў сон», бо ў ім столькі ўсяго наматалася, што кожны, хто паспрабаваў бы яго разблытаць, паставіў бы сам сабе мат. Я праспяваю яе перад герцагам у канцы нашага прадстаўлення. Альбо, для большага эфекту, я праспяваю яе ў час Фісбінага канца.

(Выходзіць.)


З’ЯВА II

Афіны. Святліца ў Хвігавай хаце.

Уваходзяць ХВІГА, ДУДКА і НЕДАЕДАК.


ХВІГА

Ну што, пасылалі па Матавіла? Няўжо ён яшчэ не вярнуўся з лесу?

НЕДАЕДАК

Ад яго ані хуху ані духу. А гэта пэўны знак, што яго зашкрабала нячыстая сіла.

ДУДКА

Калі ён не вернецца, пішы прапала наша прадстаўленне. Без яго нам нявыкрутка.

ХВІГА

I яшчэ якая! Ва ўсіх Афінах, апроч яго, няма нікога такога другога, хто змог бы згуляць Пірама.

ДУДКА

Ага. Такой галавы, як у яго, не мае ніводны афінскі саматужнік.

ХВІГА

I такой прыгожай фігуры. А голас у яго да таго салодкі — ну проста опера слухаеш.

ДУДКА

Оперу, ты хочаш сказаць. Бо ні опер, ні ўчастковы да нас, дзякаваць богу, цікавасці не праяўляюць.


Уваходзіць ЗЭДЛІК.


ЗЭДЛІК

Дабрадзеі! Герцаг вяртаецца з бажніцы, там, апрача яго, яшчэ двое ці трое паненак і кавалераў павянчаліся. Ох, каб наша п’еса пайшла, мы ўсе выбіліся б у людзі.

ДУДКА

Эх, Матавіла-Матавіла, герой наш мілы! I трэба ж ні з таго ні з сяго страціць такі ганарарый. А мог бы мець на кожны божы дзень аж да самай смерці па шастаку. Гэты шастак яго проста не мог бы мінуць. Хай бы мяне павесілі на сухой галіне, калі б герцаг не выклаў яму на кожны дзень шастака. Ён бы заслужыў гэтыя грошы. Шастак у дзень за Пірама альбо — хвігу.


Уваходзіць МАТАВІЛА.


МАТАВІЛА

Дзе гэтыя хлапчакі-смельчакі? Дзе мае сардэчныя камрады?

ХВІГА

Матавіла! Каго мы бачым?! О святая хвіліна! О найшчаслівы дзень!

МАТАВІЛА

Ну, людцы, раскажу вам дзівосы. Але самі ні аб чым у мяне не пытайцеся, бо калі раптам што-небудзь я ляпну не так, я кепскі афінянін. Словам, усё, што са мной здарылася, мае свой сюжэт і свае сакрэты.

ХВІГА

Мы слухаем цябе, наш дарагі Матавіла.

МАТАВІЛА

Але цяперка ша! — ні слова пра мяне. Я вам толькі паведамлю, што герцаг ужо скончыў вячэраць. Хапайце вашы гарнітуры, чапляйце новыя шнуркі да бародаў і новыя матузы да пантофляў — і спехам-пехам збірайцеся ў палацы. Хай кожны яшчэ раз агледзіць сваю ролю, бо, карацей кажучы, мы ўжо трапілі ў параграф. Ва ўсякім разе, Фісба павінна мець чыстую бялізну, а Леў няхай не надумае стрыгчы пазногці: яны павінны вытыркацца з-пад скуры як ільвіныя рэліквіі. I крый божа, дарагія акцёры, не ешце ні часнаку, ні цыбулі, бо ад нас павінна газаваць салодкае дыханне. I я не сумняваюся, што кожны прысутны скажа: якая салодкая камедыя! Але досыць слоў! Шыбуйма наперад! Наперад!


Выходзяць.


ДЗЕЯ V


З’ЯВА I

Афіны. Зала ў палацы Тэзея.

Уваходзяць ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ВЯЛЬМОЖЫ і СВІТА.


ІПАЛІТА

Шмат дзіўнага, Тэзей мой, у расказах

Вандроўнікаў начных.

ТЭЗЕЙ

Але наўрад ці

У іх шмат праўды. Я не веру гэтым

Дзіцячым казкам, дзедавым паданням.

Мазгі і ў закаханых, і ў вар’ятаў

Заўжды ў гарачцы; іхняе ўяўленне

Ахоплівае больш, чым успрымае

Цвярозы розум. З галавы да пят

Вар’яты, закаханыя, паэты

Фантазіяй пранятыя наскрозь.

Вар’ят — ён бачыць легіёны д’яблаў:

Каб іх змясціць, і пекла не хапіла б.

Такі ж і закаханы: у цыганцы

Ён здольны ўбачыць прыгажосць Алены.

Паэт жа пазірае ва ўтрапенні

З зямлі на неба, з неба на зямлю.

Ледзь прывідныя вобразы ўяўленню

Абвесцяцца, пяро паэта жвава

Уцелясняе іх, і летуценням

Дае і месца на зямлі, і назву.

Такую здольнасць уяўленне мае:

Калі чакае радасці — стварае

I вестуна, які б яе прынёс.

А ў цемрадзі, дзе страх у вочы едзе,

Мы куст прыняць гатовы за мядзведзя.

ІПАЛІТА

Ў расказах пілігрымаў нашых ёсць,

Па-мойму, не адна гульня ўяўлення.

Пачуцці ў іх мяняліся ўсур’ёз,

Хаця яны й не ведалі прычыны.

Як гэта ўсё і дзіўна, і дзівосна!

ТЭЗЕЙ

Вось і яны. Аж свецяцца ад шчасця.

Уваходзяць ЛІЗАНДР, ДЗЯМЕТРЬІЙ, ГЕРМІЯ і АЛЕНА.

Няхай таварышуе вашым сэрцам

Заўсёды радасць!

ЛІЗАНДР

Ну, а вам стакроццю —

У час вандровак, за сталом і ў ложку!

ТЭЗЕЙ

Што ж нам прыдумаць? Маскарад ці танцы?

Каб скараціць бязмежжа трох гадзін

Паміж вячэрай і спачынкам? Дзе ён,

Маршалак гульняў і пацех вясёлых?

Што мае пад рукою? Ці няма

Відовішча якога, каб аздобіць

Панурую хаду гадзін марудных?

Дзе Філастрат?

ФІЛАСТРАТ

Я тут, вялікі герцаг!

ТЭЗЕЙ

Скажы, чым вечар сённяшні запоўніш?

Балетам? Спевамі? Ну, чым жа яшчэ час

Ашукваць нам, калі не весялосцю?!

ФІЛАСТРАТ

Вось, калі ласка, поўная праграма.

Што ваша светласць пажадае выбраць?

(Падае спіс.)

ТЭЗЕЙ

(чытае)

«Кентаўрава змаганне,— праспявае

Афінскі еўнух пад гучанне арфы».

Не, не жадаю. Я пра гэта й сам

Апавядаў калісьці нарачонай —

Там славіцца мой родзіч Геркулес.

(Чытае.)

Далей. «Шаленства ўхмеленых вакханак,

Што шарпаюць Арфея-песняра».

Старая рэч. Глядзеў яе тады,

Калі вяртаўся з Фіваў з перамогай.

(Чытае.)

«Плач муз дзевяцярых каля труны

Вучонасці, што згінула ў галечы».

Якая-небудзь кплівая сатыра,

Што не зусім стасуецца з вяселлем.

(Чытае.)

«Каротка-доўгі акт: Пірам і Фісба.

Пацешная трагедыя». Як так?

Каротка-доўгі? Трагіка-пацешны?

Снег чорны! Цёплы лёд! Як прымірыць,

Што выключае мір, паміж сабою?

ФІЛАСТРАТ

У гэтай п’есе мо з дзесятак слоў,

Не сустракаў я п’есы карацейшай.

Ды лішнія ўсе дзесяць слоў у ёй —

Таму яна задоўгая. Не знойдзеш

У п’есе аніводнага акцёра

I слова аніводнага, якія

Былі б дарэчы, сэнсу пасавалі.

Трагедыя яна таму, што ў ёй

Пірам жыццё канчае самагубствам.

Дальбог, я рэпетыцыю глядзеў

Праз слёзы, ды праз слёзы смеху.

ТЭЗЕЙ

А хто акцёры?

ФІЛАСТРАТ

Ды тутэйшы люд,

Чаляднікі з шурпатымі рукамі,

Што век не выкшталцоўвалі мазгоў.

У гонар ваш сваю слабую памяць

Яны тлумілі п’есай гэтай.

ТЭЗЕЙ

Што ж,

I мы яе пабачым.

ФІЛАСТРАТ

Вашамосць,

Яна не варта вас; я слухаў п’есу,—

Лухта ўсё гэта, глупства. Вас, вядома,

Забавіць можа іхняя задума,

Яны над ёю рупіліся шчыра,

Каб дагадзіць вам.

ТЭЗЕЙ

Мы пабачым п’есу.

Не можа быць занадта кепскім тое,

Што ахвяруюць нам ад шчырых сэрцаў.

Схадзі па іх. Займайце месцы, дамы.


ФІЛАСТРАТ выходзіць.


ІПАЛІТА

Мне прыкра бачыць, як марнее немач,

А шчырасць выстаўляецца на смех.

ТЭЗЕЙ

Каханая, ты гэтага не ўбачыш.

ІПАЛІТА

Ён кажа, што ўсё гэта абы-што.

ТЭЗЕЙ

А мы ім скажам дзякуй за іх клопат.

Мы прымем іх памылкі, як сюрпрызы.

А іхнія бяссільныя вымогі

Высакародства наша ўзнагародзіць.

Не раз мяне, дзе быў я, красамоўцы

Вітаць хацелі пышнаю прамовай.

Здаралася, аднак,— яны ў спалоху

Збіваліся раптоўна з панталыку

І словы не маглі звязаць у сказы

I авалодаць голасам сваім.

Збляднелыя, яны змаўкалі ўрэшце,

Пакінуўшы мяне без прывітання.

Але, павер, я ў тым зняменні іхнім

Чуў прывітання непадробны голас,

А іхняя нясмеласць мне казала

Больш, чым брахня крыўляк-балбатуноў.

Такая рыса ў пачуцця жывога:

Казаць няшмат, затое значыць многа.


Уваходзіць ФІЛАСТРАТ.


ФІЛАСТРАТ

Пралог ужо гатовы, вашамосць,

Каб распачаць спектакль.

ТЭЗЕЙ

Хай пачынае.


Гучаць трубы.

Уваходзіць ХВІГА ў ролі ПРАЛОГА.


ПРАЛОГ

У чым наш план? Вярэдзіць вам рабро.

Мы не пасмелі б, нават стаўшы зверам,

Вам паказаць нутра свайго дабро.

Вось нашыя сапраўдныя намеры.

Мы не шкадуем рупнасці сваёй.

Каб нашы ўчынкі прычынілі шкоду.

Я лепей бы расстаўся з галавой.

Калі б яна дала на тое згоду.

I вось цяпер мы вам згуляем смела,

Каб стала разуменне зразумелым.

ТЭЗЕЙ

Гэты рызыкант не надта зважае на знакі прыпынку.

ЛІЗАНДР

Ён выехаў на сваім пралозе, як на неаб’езджаным жарабцы: сядзець можа, але спыніцца, дзе трэба, не можа. Адсюль выснова: усякая галава мае свой язык, але не ўсякі язык — сваю галаву.

ІПАЛІТА

Ён сыграў свой пралог, як дзіцёнак іграе на флейце: гук быў, але бракавала ладу.

ТЭЗЕЙ

Яго прамова была, як заблытаны ланцуг: усё ў ім цэлае, але ўсё не на месцы. А што цяпер узычаць нам абраннікі Мельпамены?


Уваходзяць ПІРАМ, ФІСБА, МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО і ЛЕЎ.


ПРАЛОГ

Шаноўныя, вам нешта тут няўцям?

Хвіліначку — і будзе ўсё чын чынам.

Вось гэты пан аздобісты — Пірам,

А гэта Фісба — мілая дзяўчына.

Абпэцканы тынкоўкаю — Сцяна,

Што падзяляла злосна іх сабою.

Праз шчыліну малую (вось яна!),

Гаротнікі, шапталіся абое.

А гэта — Месяцовае Святло

З сабакам, ліхтаром, кустом пахілым.

Каханкі, калі поцемна было,

Збягаліся да Нінавай магілы.

А гэты звер, які завецца Леў,

Прыкмеціў Фісбу, што ішла на стрэчу,

I так яе спужаў (і як ён смеў!),

Што плашч губляюць Фісбіныя плечы.

Леў да яго: хапае плашч прапашчы

I рве яго сваёй крывавай пашчай.

Ажно Пірам з’яўляецца якраз

I бачыць мёртвы плашч, што роспач будзіць.

Выцягвае Пірам свой меч і — ррраз! —

Устрыквае ў свае жывыя грудзі.

Тут Фісба: ах, Пірама ўжо няма,—

Бярэ той меч і колецца сама.

Астатняе пакажуць вам у тварах

Сцяна, Леў, Месяц і каханкаў пара.


ПРАЛОГ, ПІРАМ, ФІСБА, ЛЕЎ І МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО выходзяць.


ТЭЗЕЙ

Цікава, ці загаворыць і Леў?

ДЗЯМЕТРЫЙ

У гэтым не будзе нічога дзіўнага: там, дзе размаўляе гэтулькі аслоў, чаму б не загаварыць і льву?

СЦЯНА

Мы зараз пазнаёмімся са мною:

Я, меднік Храпа, стану тут Сцяною.

Прытым такою, у якой якраз

Прысутнічае шчыліна ці паз.

Праз гэтую адтуліну з ахвотай

Пірам і Фісба знюхваліся ўпотай.

А вапна, і каменьчыкі, і гліна,

Што я сцяна, усім сказаць павінны.

Вось шчыліна: сюды ідзе, туды,

Каб з маладой шаптаўся малады.

ТЭЗЕЙ

Ці можна патрабаваць ад вапны і гліны, каб у іхніх словах было больш клёку?

ДЗЯМЕТРЫЙ

Гэта, вашамосць, самая дасціпная перашкода, якую я калі-небудзь чуў.

ТЭЗЕЙ

Увага! Да Сцяны набліжаецца Пірам.


Уваходзіць ПІРАМ.


ПІРАМ

О ноч! О ноч, якой сам д’ябал брат!

Ноч бачная, калі не бачна ранку!

О ноч! О ноч! Ні ўперад ні назад!

Ці выканае Фісба абяцанку?

І ты, Сцяна, што ўстала на мяжы,

Бацькоўскай варажнечы і валокаў,

Мне шчыліну зычліва пакажы,

Каб мог я да яе прыпасці вокам.

Сцяна растапырвае пальцы.

Паклон табе, шаноўная! Паклон!

Ды што я бачу? Фісбы я не бачу.

О здрадніца Сцяна! Хай мой праклён

Цябе агрэе перуном гарачым!

ТЭЗЕЙ

Па-мойму, Сцяна, калі яна валодае ўсімі адчуваннямі, павінна была б уставіць мазгі Піраму.

МАТАВІЛА

Не, вашамосць, шчыра кажучы, не павінна: «перуном гарачым» — гэта рэпліка Фісбе. Яна зараз будзе ўваходзіць, а я буду назіраць яе праз шчыліну ў Сцяне. Пабачыце, усё будзе акурат, як я сказаў. Вось і яна.


Уваходзіць ФІСБА.


ФІСБА

Ты слухала, Сцяна, мой плач і зовы,

Што ад мяне адлучаны Пірам.

Як часта цалаваў мой рот вішнёвы

Тваю тынкоўку з глінай напалам!

ПІРАМ

Я бачу гук, пру да Сцяны штосілы,

Абы пачуць жаданай Фісбы зрок.

Ты — Фісба?

ФІСБА

Фісба. Ты — Пірам наймілы?

ПІРАМ

Я гэта, я. Рукой падаць. За крок.

Нібы Лімандр, я берагу прысягу.

ФІСБА

Я ж — бы Алена: без цябе не лягу.

ПІРАМ

Шафал не быў адданы так Пракрусе.

ФІСБА

Пракруса на мяне раўняцца мусіць.

ПІРАМ

Дай жа праз дзірку губ сваіх ласунак.

ФІСБА

Дастаўся дзірцы Фісбін пацалунак.

ПІРАМ

Мы стрэнемся ля Нінавай магілы.

ФІСБА

Няхай памру — а палячу на крылах.


ПІРАМ і ФІСБА выходзяць.


СЦЯНА

Тут сваю ролю скончыла Сцяна,

А скончыўшы, ідзе адсюль яна.

(Выходзіць.)

ТЭЗЕЙ

Вось і знікла перашкода паміж суседзямі.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Гэта, па-мойму, для адводу вачэй, вашамосць, бо сцены, як вядома, маюць вушы і падслухоўваюць, не пытаючы на тое дазволу.

ІПАЛІТА

Я не чула ніколі нічога больш бязглуздага, чым гэтая п’еса.

ТЭЗЕЙ

У іхнім рамястве нават самыя лепшыя — толькі цені; ну, а самыя горшыя не будуць выглядаць надта кепскімі, калі ім дапаможа ўяўленне.

ІПАЛІТА

Але гэта будзе не іхняе ўяўленне, а наша.

ТЭЗЕЙ

Калі ў нашым уяўленні яны не стануць горшымі, чым у сваім, яны могуць здацца выдатнымі акцёрамі. Вось уваходзяць дзве высакародныя істоты: Месяц і Леў.


Уваходзяць ЛЕЎ і МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО.


ЛЕЎ

Спадарыні, у кім пачуццяў лішак

Пужацца прымушае дробных мышак,

Засцерагаю, каб ніхто не млеў,

Калі пры вас разявіць зяпу леў,

Бо я не леў і не яго кабета,

Я проста Зэдлік, па сталярцы спец,

Калі б сюды я львом прыйшоў, за гэта

Самому мне прыйшоў бы тут канец.

ТЭЗЕЙ

Надзвычай лагодны звер. I які сумленны!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Самая цудоўная жывёліна, вашамосць, якую я калі-небудзь бачыў.

ЛІЗАНДР

Гэты леў па храбрасці — сапраўдная ліса.

ТЭЗЕЙ

Правільна, а розумам — праўдзівы гусь.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не зусім так, вашамосць, бо яго храбрасць не можа адужаць розуму, а ліса заўсёды адужвае гуся.

ТЭЗЕЙ

Упэўнены, што ў яго і розум не дужэйшы за храбрасць, бо і гусь не дужэйшы за лісу. Зрэшты, няхай ён сам разбіраецца, што да чаго ў яго звярынцы, а мы паслухаем, што скажа Месяц.

МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО

Рагаты Месяц — мой ліхтар. Ліхтар.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Яму варта было б насіць гэтыя рогі на галаве.

ТЭЗЕЙ

Ён не маладзік. Яго рогі схаваныя ў самой галаве.

МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО

Рагаты Месяц — мой ліхтар. Ліхтар. А я — на гэтым Месяцы жыхар.

ТЭЗЕЙ

Жыхар. Вось тут ён стратэгічна памыляецца. Каб стаць Месяцам, ён павінен быў бы ўлезці ўнутр ліхтара.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ён не адважваецца ўлезці туды з-за нагарэлай свечкі: баіцца, што і яму нагарыць.

ІПАЛІТА

Мне надакучыў гэты Месяц. Пара б яму і змяніцца.

ТЭЗЕЙ

Мяркуючы па цьмяным бляску яго розуму, ён ужо ў апошняй квадры. Але дзеля прыліку нам варта пачакаць.

ЛІЗАНДР

Кажы далей, Месяц!

МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО

Я толькі хачу вам паведаміць, што ліхтар — гэта Месяц, а я — чалавек на Месяцы, што цярновы куст — мой цярновы куст, а сабака — мой сабака.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Дзякуй. Без яго дапамогі, вядома, мы тут нічога не расшалопалі б. На добры лад, уся гэта кампанія і на самой справе павінна была б атабарыцца ў ліхтары. Але цішэй: ідзе Фісба.


Уваходзіць ФІСБА.


ФІСБА

Вось Нінава магіла. Дзе ж мой мілы?

ЛЕЎ

(рыкае)

Ы-ы-ы!..


ФІСБА ўцякае.


ДЗЯМЕТРЫЙ

Выдатна рыкаеш, Леў!

ТЭЗЕЙ

Выдатна ўцякаеш, Фісба!

ІПАЛІТА

Выдатна свеціш, Месяц! Папраўдзе, Месяц свеціць вельмі прыемна.


ЛЕЎ шкамутае Фісбін плашч і потым выходзіць.


ТЭЗЕЙ

Выдатна шкамутаеш, Леў!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Тут з’яўляецца Пірам.

ЛІЗАНДР

Затое Леў знікае.


Уваходзіць ПІРАМ.


ПІРАМ

О, дзякуй, Месяц, за тваё ірдзенне!

О, дзякуй, брат, за сонечны твой жар!

Магчыма, маё сэрца смутак здзене

I ўбачыць Фісбы ненагляднай твар.

Што гэта? Ой!

О рыцар, стой!

Бяды ляжыць даведка!

Што бачу? Жах!

Імгла ў вачах.

Мая ты пташка! Кветка!

Хто плашчык твой

Заліў крывёй?

Ляціце, фур’і, шпарка!

Мне больш не жыць.

Жывую ніць

Абрэж умомант, Парка!

ТЭЗЕЙ

Такая роспач і згуба такой сяброўкі могуць каго хочаш у слёзы ўвагнаць.

ІПАЛІТА

Мне ад усёй душы шкада небараку.

ПІРАМ

Нашто, Прырода, львоў ты напладзіла?

Маю каханку згвалціў гангстар-леў.

Няма — а-яй! — няма ўжо гэткай мілай

Сярод астатніх маладзіц і дзеў.

Сляза, цячы!

Ты, меч, сячы! —

Зрабі ў Піраме дзірку.

Ў бок левы лезь —

Тут сэрца дзесь.

(Коле сябе.)

На ўвесь абсяг, кроў, цыркай!

Цяпер я труп.

Ірвецца з губ

Душа на неба ў госці.

Замры, язык!

Ты, Месяц,— пстрык!

МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО выходзіць.

Бразь-бразь — упалі косці.

(Памірае.)

ДЗЯМЕТРЫЙ

Кепска ўпалі яго косці: усяго адно ачко. Ён жа адзін.

ЛІЗАНДР

Нават менш, чым адно ачко: ён памёр — значыць, ён — круглы нуль.

ТЭЗЕЙ

З дапамогай добрага лекара ён яшчэ можа ўстаць на ногі і стаць здаровым аслом.

ІПАЛІТА

Як жа так здарылася, што Месяцовае Святло пайшло перш, чым вярнулася Фісба? Ёй жа трэба яшчэ знайсці свайго Пірама.

ТЭЗЕЙ

Знойдзе яго і пры зорках. Вось і яна сама. Яе імклівым горам і канчаецца п’еса.


Уваходзіць ФІСБА.


ІПАЛІТА

Па такім Піраме, па-мойму, ёй і бедаваць доўга не выпадае. Спадзяюся, што яна выкажацца коратка.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Пылінка перацягне шалю вагаў, калі пачаць узважваць, хто з іх лепшы,— Пірам ці Фісба: ён як мужчына (барані нас бог!) ці яна як жанчына (ратуй нас божа!).

ЛІЗАНДР

Яна ўжо ўгледзела яго сваімі вачанятамі.

ДЗЯМЕТРЫЙ

I пачынае па ім галасіць.

ФІСБА

Ты спіш, дружбак?

Памёр! Як так?

Няма ў мяне Пірама.

Ляжыш — маўчыш

I бачыш ціш,

Цябе схавае яма.

Меў лён валос,

Меў сіні нос

I ружы губ чырвоных.

Ах, плачце ўсе

Па той красе,

Па тых вачах зялёных.

Нажы нажніц

Зноў рэзаць ніць

Нясіце, Паркі,— й квіта!

Вунь мой сябрук.

Бель вашых рук

Яго крывёй заліта.

Ды годзе слоў!

Меч востры, зноў

Пратні жывыя грудзі!

(Коле сябе.)

Усё. Капут. Закончан суд.

Бывай, жыццё і людзі!

(Памірае.)

ТЭЗЕЙ

Месяцовае Святло і Леў засталіся ў жывых, каб пахаваць нябожчыкаў.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мабыць, і Сцяна таксама.

МАТАВІЛА

Запэўніваю вас, што не. Сцяна, якая падзяляла іх бацькоў, зруйнавалася. Хочаце зараз паглядзець эпілог ці паслухаць бергамаскі танец у выкананні двух нашых акцёраў?

ТЭЗЕЙ

Дзякуй, эпілога не трэба: ваша п’еса не мае патрэбы ў апраўданні. Якое апраўданне? Раз усе акцёры пайшлі да Абрама на піва, няма на каго зваліць віны. Далібог, калі б той, хто ўсё гэта напісаў, сам згуляў Пірама і павесіўся на Фісбінай падвязцы, гэта была б выдатная трагедыя. Але яна і без таго такая, і згулялі вы яе слаўна. Так што давайце ваш бергамаскі танец, а эпілог пакінем у спакоі.


Танец.


Апоўнач языком сваім жалезным

Дванаццаць лічыць. Гэй, каханкі, ў ложак

Кладзіцеся! Прыйшла часіна чараў.

Баюся, мы ўсю раніцу праспім,

Як прасядзелі вечар. Ашукала

Бязглуздая пацеха поступ цемры.

Сябры, спаць, спаць! Вас ложак зачакаўся.

Яшчэ два тыдні маем, ягамосці,

Начных пацех, вясельнай весялосці.


Выходзяць.


З’ЯВА II

Тамсама.

Уваходзіць ПУК.


ПУК

Месяц свеціць. Леў раве.

Вые воўчая гайня.

У халупе ці ў хляве

Дрыхне п’яніца-даўбня.

Ў печы паляцца карчы,

Ў лесе вухкаюць сычы.

Чуе хворы плач сычыны —

Бачыць вечка дамавіны.

Час настаў — і трунаў зяпы

Разяўляюць цвінтары.

Духі ўюцца ціхай сапай

У нябесным серабры.

Эльфы з конямі Гекаты

Мы ляцім праз цемрыню.

Нашы гульні, нашы святы

Не ўпадуць у вока дню.

Мы пануем. Нават мыш,

Не паруш святую ціш.

Я прыйшоў з мятлой наперад

Смецце вымесці за дзверы.


Уваходзяць АБЯРОН і ТЫТАНІЯ са СВІТАЙ.


АБЯРОН

Асвятліце сонны дом

Бледным прывідным агнём.

Эльфы з феямі, у згодзе,

Быццам птушкі, ў карагодзе

Лёгка, жвава залунайце,

Маю песню заспявайце.

ТЫТАНІЯ

Ды спачатку ўсёй арцеллю

Упрыгожым словы ў трэлі

I затым усім гуртком

Блаславім мы гэты дом.

Спяваюць і танцуюць.

АБЯРОН

Да світанку там і тут

Абжывіце кожны кут.

Царскі ложак асабіста

Акраплю вадой святлістай.

Хай на ім зачаты плод

Шчасце мае ўсякі год.

Усе пары тры навечна

Злучым повяззю сардэчнай.

Не зазнае іх парода

Прыкрай шкоды з рук прыроды.

Свішч, заечая губа

Ці гузак сярод ілба —

Вады, звыклыя ў людзей,

Не зачэпяць іх дзяцей.

Хай чароўнаю расою

Скропяць эльфы ўсе пакоі,

Каб жылі гаспадары

Тут у міры і ў дабры.

Дык бягом! Усю суполку

Зноў чакаю тут на золку.


БЯРОН, ТЫТАНІЯ і СВІТА выходзяць.


ПУК

Можа, маху даў я дзесьці —

Гэта лёгка ператрэсці.

Палічыце, што вы спалі

I прад вамі сны мільгалі.

Што ішло тут самапасам —

Сну, лічыце, выкрутасы.

I тады парой любою

Ўсё паправіцца сабою.

Слова гонару, калі

Дагадзіць мы вам змаглі,

Дык шчаслівыя акцёры

Яшчэ лепш згуляюць скора.

Не хлушу я — так і будзе.

А цяпер дабранач, людзі!

Вы папляскайце — а Робін

Вам аддзячыць.

Так і зробім.

(Выходзіць.)


Канец


Загрузка...