Пераклад Язэпа Семяжона
Дзейныя асобы:
ЛОРД, КРЫСТАФЕР СЛАЙ, КАРЧМАРЫХА, ПАЖ, АКЦЁРЫ, ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ } асобы ў Пралогу
БАПТЫСТА, багаты дваранін з Падуі.
ВІНЧЭНЦ’Ё, стары дваранін з Пізы.
ЛЮЧЭНЦ’Ё, сын старога Вінчэнц'ё, закаханы ў Б’янку.
ПЕТРУЧ’Ё, дваранін з Вероны, жаніх Катарыны.
ГРЭМ’Ё, ГАРТЭНЗ’Ё } жаніхі Б'янкі
ТРАНЬЁ, Б’ЁНДЭЛА } слугі Лючэнц'ё
ГРУМ’Ё, КЕРТЫС, НАТАНЬЁЛЬ, ДЖОЗЭФ, НІКЛАС, ФІЛІП, ПІТЭР } слугі Петруч’ё
ПЕДАНТ
КАТАРЫНА, Б’ЯНКА } дочкі Баптыста
УДАВА
КРАВЕЦ, КРАМНІК
СЛУГІ Баптыста і Петруч'ё.
Месца дзеяння: Падуя і загародні дом Петруч'ё.
Дзейныя асобы ў Пралогу:
ЛОРД
КРЫСТАФЕР СЛАЙ, меднік КАРЧМАРЫХА,
ПАЖ, АКЦЁРЫ,
ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ
Перад карчмой за ваколіцай.
Уваходзяць КАРЧМАРЫХА і СЛАЙ.
СЛАЙ
Мне на цябе начхаць, і ўсё па ўсім.
КАРЧМАРЫХА
А на цябе — калодкі б, валацуга.
СЛАЙ
Дрэнь ты, дрэнь — скажу табе. Слаі не валацугі; Заглянь у летапісы: мы прыйшлі сюды з Рычардам Заваявальнікам. Адным словам — Paucas calabris — усё цюцелька ў цюцельку! Sessa — не на таго натрапіла.
КАРЧМАРЫХА
Дык за разбітыя куфлі так і не заплаціш?
СЛАЙ
Не, ні дзінарыка. Сказаў жа: «Праходзь, Сінкліта, пакуль не біта, кладзіся ў пасцель, пакуль нос цэл».
КАРЧМАРЫХА
Ну дык я ж ведаю, што з такімі рабіць: Я пайду ў паліцыю па асэсара! (Выходзіць).
СЛАЙ
Па асэсара, хоць і па самога кесара — я ўсім здолею адказаць па законе: не сыду з месца — і ўсё па ўсім. Вядзі, вядзі бяду на сваю галаву. (Лажыцца на зямлю і засынае.)
Трубяць у рогі.
Уваходзяць ЛОРД з ЛОЎЧЫМІ і СЛУГАМІ.
ЛОРД
(да 1-га Лоўчага)
Дык не засудзься ж: перш за ўсё — сабакі:
Дагледзі і накармі. У Тарбахвата
Аслаб ашыйнік — ён прыстаў на гонах.
Лягавага звяжы з вяртлявым Басам.
Ты не заўважыў, як напаў мой Срэбны
На ранні зайцаў след ускрай прысады?
Ах, Срэбны — проста золата! Такога
Я не прадаў бы і за дваццаць фунтаў.
1-шы ЛОЎЧЫ
Мілорд, нічым не горшы і Званар.
Ён чуе след за мілю, а, крый божа,
Саб’ецца, так зазвоніць на ўвесь лес,—
За дзесяць міль чуваць. О не, Званар —
Паверце мне — найлепшы ваш сабака.
ЛОРД
Хвалько ты. Калі б Гук не быў гультай,
Ён каштаваў бы тузін гэткіх выжлаў,
Як твой Званар. Дагледзь і накармі,
I зараз жа! Хай адпачнуць да рання,
А заўтра выйдзем зноў на паляванне.
1-шы ЛОЎЧЫ
Усё зраблю як мае быць, мілорд.
ЛОРД
А гэта што? Мярцвяк? Правер, ці дыша?
2-гі ЛОЎЧЫ
Сапе, мілорд. Здаецца,— пад хмяльком.
Зямля — не ложак: не заснеш цвярозы.
ЛОРД
Быдляціна! Разлёгся, як свіння.
I быццам адубеў. Якая брыдасць!
Не грэх было б і правучыць п’янчугу.
Што, калі нам яго пакласці ў ложак,
Змяніць бялізну, хораша прыбраць,
Надзець пярсцёнкі, а пры ложку — столік
З усякімі прысмакамі, і ў спальню —
Паслаць прыслугу? Выспіцца нябога —
I сам сябе палічыць за другога.
1-шы ЛОЎЧЫ
Ды ён за нежывога спіць, мілорд.
2-гі ЛОЎЧЫ
Прачнецца — здзівіцца: ну што за чорт,
Я — і не я.
ЛОРД
I ложак тут не мой.
Падумае, што ў сне вярзецца прывід.
Бярыце ж і зрабіце ўсё, як трэба:
Пакладзіце ў маім пакоі спальным,
Там, дзе вісяць «скаромныя» карціны.
Само сабой — абмыеце старанна
З пахучым мылам, а падушкі у ложку
Духамі спырсніце. Калі праспіцца,
Адразу ж дайце знак — няхай музыкі
Чароўнай музыкай напоўняць спальню;
А гаварыць пачне, вы ў той жа момант
Пытайце: «Што жадае ваша міласць?» —
З пачцівасцю, вядома, і з паклонам,—
I тут жа слугаваць: адзін прыносіць
Сярэбраны ўмывальнічак з вадою,
Знарок падфарбаванаю, і кветкі,—
Другі — збанок з вадой гарачай, трэці —
Ручнік. Пытайцеся: «Мо ваша міласць
Жадае вымыць рукі?» А тым часам
Чацвёрты падрыхтоўвае адзенне,—
Вядома, не яго, а з гардэроба
Маіх убораў — самай лепшай моды,
I з рэверансікам: «Ці ваша міласць
Гатовы апранацца?» I размовы —
Паток размоў для марнатраўства часу:
Аб конях, аб сабаках, паляваннях,
Аб чорту-д’яблу, аб каханай лэдзі,
Што плача, як бабрыха, па ахвяры
Атрутнай вадкасці «шклянога бога».
Спытае пра хваробу,— адкажыце,
Што быў не ў розуме, а можа, стане
Расказваць пра сябе, дык вы даводзьце,
Што гэта ўсё не так,— адно трызненне,
Што ён — вяльможны лорд. Не трацьце ж часу,
Усё зрабіце так, як я вам раю,
Старанна, дзеля смеху і забавы!
Але ж глядзіце: не сапсуйце справы.
1-шы ЛОЎЧЫ
Мілорд, не бойцеся. Усе старанні
Мы прыкладзём, каб ён паверыў нам,
Што ён — не ён, а лорд. Мы гэта зможам.
ЛОРД
Нясіце ж асцярожненька у ложак,
А як прачнецца, так і пачынайце.
СЛАЯ выносяць. За сцэнай трубяць.
Схадзі даведайся, чаго там трубяць.
СЛУГА выходзіць.
Мо дваранін які ці падарожны
Шукаюць, апазніўшыся, начлегу.
СЛУГА вяртаецца.
Ну, хто там?
СЛУГА
Ды акцёры, ваша міласць,
Зноў прапануюць вам свае паслугі.
ЛОРД
Пакліч сюды.
АКЦЁРЫ ўваходзяць.
Дзень добры, дзецюкі.
Як маецеся?
АКЦЁРЫ
(разам)
Дзякуем, у норме.
ЛОРД
Жадаеце ў мяне застацца нанач?
1-шы АКЦЁР
Дазвольце адплаціць за ласку ласкай.
ЛОРД
З прыемнасцю.— Вось гэтага я помню:
Роль паніча іграў у нас аднойчы,
У п’есе... Як жа назва? Дай бог памяць —
Забыў. Ды ён, напэўна, добра помніць.
Сын фермера, ужо ў гадах, з вусамі —
Такі марцовы кот і ўсё так тонка
Да лэдзі падлабуньваўся. Не ўспомню
Імя яго па п’есе. Ролю трапна
I зразумеў, і выканаў, шальмоўнік.
1-шы АКЦЁР
Напэўна,— фермер Сота, ваша міласць.
ЛОРД
Вось, вось — Басота.Тонка, брат, сыграў ты,
Бліскуча! — Вы, скажу я, прыбылі
Да нас у самы час. Я жарт задумаў,
I ваша рамяство якраз дарэчы.
На ваш спектакль прыбудзе сёння к нам,
Скажу вам,— вельмі важная асоба:
Якісьці лорд, але не ў гэтым справа.
Ўся справа ў тым, што гэты самы лорд
Каб жа спектакляў, нават балагана
Не бачыў. Я не ўпэўнены, сіньёры,
У вашай вытрымцы, ў пачуцці меры.
Калі яго паводзіны, крый божа,
Смех выклічуць у вас,— усё прапала:
Ён фанабэрысты, і выскалянне
Палічыць за абразу.
1-шы АКЦЁР
Вы, мілорд,
Не бойцеся. Сыграем як на струнах
Не толькі лорду, а й самому чорту.
ЛОРД
(да слугі)
Вядзі іх у буфет і там усё ядкое
Пастаў на стол, усё, чым дом багаты.
Гасцінна пачастуй, не паскупіся.
СЛУГА і АКЦЁРЫ выходзяць.
(Да другога слугі.)
А ты — кулём за пажам Барталом’ю,
Няхай хутчэй прыстроіцца пад лэдзі,
Каб быць гатовым да візіту ў спальню.
Ты прывядзеш яго і з далікацтвам
Слугуй: заві «мадам», ківай паклоны.
А ён — «яна» — ты гэта разумееш? —
Каб яўна заслужыць яго прыхільнасць,
Няхай сябе з дастойнасцю трымае —
Дастойнасцю арыстакраткі-лэдзі
Да іх вернападданых. Ён павінен
Пытаць з лагоднай сціпласцю, з усмешкай:
«Вы штосьці пажадаць зрабілі ласку?
Чым можа вам пакорлівая лэдзі
Зрабіць паслугу ў знак сваёй пашаны?
I тут, не скупячыся на пяшчоты,
Хай дорыць пацалункі, абдымае
I, галаву к грудзям яго схіліўшы,
Хай выцісне слязу, нібы ад шчасця,
Што бачыць мужа дужым і здаровым
Пасля сямігадовае хваробы
I валтузні паміж жыццём і смерцю.
Калі ж хлапчук не здолее адразу
Ўсё разыграць: ну, плакаць па заказу,
Дык ёсць цыбуля, самы пэўны сродак.
Хай ёй каля вачэй і падбародак
Праз хустачку натрэ, нібы ў тых месцах
Свярбела, а цыбуля ў вочы ўесца.
Зрабі ўсё гэта і без затрымання,
А там — чакай далейшых указанняў.
СЛУГА выходзіць.
Не так-та ўжо і цяжка пераняць
Паходку, голас і натуру лэдзі.
Аднак хацелася б хоць раз зірнуць,
Як апівоку будзе зваць ён мужам
I як прыслуга будзе дагаджаць
Мужыцкай пысе, душачыся смехам.
Я сам пайду прыцішыць весялосць,
Перасаліць — о не, не дам дазволу!
Не іх вучыць, што значыць лорда злосць
I што чакае іх за перасолы. (Выходзіць.)
Спальня ў доме Лорда.
Уваходзяць адзін за адным СЛАЙ і СЛУГІ: адзін з адзеннем, другі з тазікам, трэці з гарлачыкам і іншымі прадметамі дамашняга ўжытку; нарэшце — Лорд, пераапрануты ў вопратку слугі.
СЛАЙ
Ох, напрамілы бог — хоць куфель квасу!
1-шы СЛУГА
Мо кубачак наліўкі, ваша міласць?
2-гі СЛУГА
Ці мо бруснічкі варанай, мілорд?
3-ці СЛУГА
Што апрануць жадала б ваша светласць?
СЛАЙ
Я — Крыстафер Слай; не велічайце мяне ні міласцю, ні чэсцю. Я зроду не наліваўся наліўкай. I калі ўжо такія пераліўкі, што вам зажадалася замарыць мяне варэннем з брусніцы, то мне лепш замарыць чарвяка варывам з ялавічыны. Не пытайцеся ў мяне, што я апрану, бо ў мяне, апрача штаноў, ніякіх абноў, тут і сурдут і камзолы, а зад голы, столькі панчох, колькі ног, у чаравіках ступні, а нагой не тупні, бо тыя шчукі-чаравікі ні больш ні менш як для прылікі: ні падкоў, ні шнуркоў, толькі пальцы — тыц з наскоў.
ЛОРД
Ад гэткіх жартаў — барані вас божа.
Ну як жа можна, каб такі вяльможа,
Пачцівы, знатны і высакародны,
Кпіў, блазнаваў. Фэ, сорам, ваша чэсць!
СЛАЙ
Што гэта, ці не хочаце вы ачмурыць мяне? Ці ж я не Крыстафер Слай, сын старога разносчыка Слая з Бэртан-Хіта,— не разносчык па паходжанні, не ваўначос па рамястве, не мядзведжы павадыр па волі лёсу і не меднік па цяперашнім занятку? Запытайцеся ў Мар’яны Гэкіт, у гэтай набрынялай шынкаркі з пастаялага двара за паселішчам Уінкот, ці ведае яна мяне. Калі яна скажа, што я не вінаваты ёй чатырнаццаць пенсаў медзякамі за яе — цьфу ты! — ячменную бурду, бэсціце мяне як апошняга злыдня ва ўсім хрышчоным свеце. Ну, што вы на гэта скажаце? Я ж хоць і піў, але ж розуму не прапіў. Вось я тут...
3-ці СЛУГА
Праз гэта і смуткуе ваша жонка.
2-гі СЛУГА
Праз гэта і ў жалобе вашы слугі.
ЛОРД
Вас выракацца стала ўся радня,—
Яе палохае шальмоўства ваша.
О, знатны лорд, падумай, чый ты сын,
Успомні слаўных продкаў і з выгнання
Вярні свой шык былы, былую мудрасць.
Гані трызненне прэч. Ты толькі глянь,
З якой адданасцю шчыруюць слугі,
Гатовыя па першым жа кіўку
Разбіцца, каб зрабіць табе паслугі.
Ты чуеш? — музыка. Сам Феб іграе!
Музыка.
I дваццаць салаўёў шчабеча ў клетках.
Ты, можа, адпачнеш? Што ж — добрай ночы!
Мы аднясём цябе на гэткі ложак,
Які не сніўся і Семірамідзе —
Даліна шоўку і гара падушак.
Ці хочаш прагуляцца? Будзе конь,
Такіх стаеннікаў табе прыгонім,
Як лялек, збруя ззяе пазалотай.
Папаляваць захочаш — сокал твой
Ўзляціць у вышыню, куды й жаўрук
Ніколі не ўзнімаўся. Пажадаеш
Пайсці на зайца — псярня пад рукой.
Так заяхкочуць, так зальюцца брэхам,
Што неба і зямля адкажуць рэхам.
1-шы СЛУГА
Захочаце на гоны — ваўкадавы
Нагоняць вам не то ваўка — аленя!
2-гі СЛУГА
Мо любіце карціны? Мы вам зараз —
Карцінку-заглядзенне: над ракой
Адоніс голенькі, а за вярбою,
У трыснягу,— лябёдка Цытэрэя.
Стаілася — не дыша, а чарот,
Здаецца, шэпча ад яе дыхання.
ЛОРД
Адоніс — што? — мазня. Мы прынясём
Шэдэўр. Напрыклад, «Згвалтаванне Айі» —
Канец яе дзявоцтва, самы акт:
Усё як мае быць, як і бывае.
3-ці СЛУГА
Ці Дафну між царкоўнікаў. Зірнеш —
I прысягнеш: жывы кусок натуры,
Жывая кроў цячэ з глыбокіх ранаў,
Жывая мука на абліччы Феба
I слёзы на вачах — усё жывое.
ЛОРД
Ты не што-небудзь, а сапраўдны лорд.
Ты маеш жонку — божа мой — багіню;
Такой прыгожасці наш век распусты
Не ведаў і, бадай,ці будзе ведаць!
Пакуль яна ў адчаі рэкі слёз
Не праліла ў жальбе, яна, бясспрэчна,
Была сярод красунь самой красою,
Хоць і цяпер яшчэ няма ёй роўні.
СЛАЙ
Няўжо я лорд? Няўжо я гэткі Крэз,
Што прыгажэйшае з усіх тварэнняў
На гэтым грэшным свеце — мне належыць?
А мо я сплю і розум свой праспаў?
Ды не, вось бачу ўсіх, размовы чую
I адчуваю: мяккая пасцель
I нечым добрым пахне. Цьфу ты, д’ябал!
I сапраўды, я — лорд. Не Крыштан Слай,
Не брудны меднаклёп, а ваша лордства!
Ану-с, дастаў сюды мой мілы скарб.
I заадно — коўш піва альбо квасу.
2-гі СЛУГА
Лорд, мабыць, зробіць ласку вымыць рукі?
СЛУГІ, падносяць збан-гарлам, таз і ручнік.
О, як мы рады бачыць вас, мілорд,
У добрым розуме. О, як мы рады,
Што вы, пасля пятнаццаці гадоў
Бяспамяцтва, перамаглі хваробу
I хоць праз сон, а ўрэшце ачунялі!
СЛАЙ
Пятнаццаці гадоў? Вось гэта сон!
I ўсе гады маўчаў, як без’языкі?
1-шы СЛУГА
Не, гаварылі, толькі ўсё ўпаблыт —
Страшэнную лухту. У летаргіі
Вы спачывалі ў гэтай самай спальні,
А ўсё вярзлі, што быццам вас з карчмы
Пратурваюць, і лаялі карчмарку.
Вы нават пагражалі ёй судом,
Што піва лье не квартамі, а кубкам.
Часамі ж выклікалі Сайслі Гэкіт.
СЛАЙ
Дзяўчыну карчмарыхі? Можа быць.
Дзябёлае дзяўчо. Што ж, натуральна..
3-ці СЛУГА
I дзеўка карчмарыхі, і карчма
Вам гэтак жа знаёмыя, як тыя,
Якіх вы ўспаміналі ў час хваробы:
Там нейкі Пітэр Тэрф і Сцівен Слай,
Стары Джон Нэпс, па-вулічнаму «Скварка»,
Кульгавы Генры Пімпернэль і плойма
Ўсялякіх іншых з іхняга бамонда,
Якога анідзе ніхто не знае.
СЛАЙ
Прымі падзяку, літасцівы бог,
Што я ўваскрос.
УСЕ
Амін.
СЛАЙ
Яшчэ раз дзякуй.
Я даўжніком тваім не застануся.
Уваходзіць ПАЖ, апрануты ў жаночае адзенне, за ім — прыслуга.
ПАЖ
Як адчуваеце сябе, мілорд?
СЛАЙ
Нічога, добра. Тут даволі слаўна.
А жонка не прыйшла?
ПАЖ
Прыйшла, мілорд.
Я вам патрэбна?
СЛАЙ
Ты мой распараднік,
А мужам не завеш мяне. Для слугаў
Я — лорд, а для цябе я — муж, і кропка.
ПАЖ
Ты — муж мой, ты мой лорд і гаспадар мой,
А я — слуга пакорлівая — жонка.
СЛАЙ
Само сабой. (Да Лорда.)
А як яе імя?
ЛОРД
Мадам.
СЛАЙ
Мадам Эліс ці Джэн-мадам?
ЛОРД
Мадам — і ўсё: так і прынята ў лордаў.
СЛАЙ
Мадам супруга, кажуць,— я праспаў
Пятнаццаць год, як вечнасць, без прачынку.
ПАЖ
Так. Мне здалося нават — трыццаць год
Прайшло, як я пакінула ваш ложак.
СЛАЙ
Само сабой.— Гэй, слугі,— выйсці вон! —
Мадам, вы распранайцеся — і ў ложак.
ПАЖ
О, тройчы далікатны лорд,— не час.
Стрымайцеся хоць ноч ці дзве, не болей,
Альбо хоць да змяркання. Лекар ваш
Мне раіць — дзеля вашага ж здароўя —
Сказаць вам гэта і прасіць стрымацца.
СЛАЙ
Закавыка, высмаліў бы пярун адно месца таму лекару. Гэтулькі чакаць! Чорту хочацца, а ведзьма колецца. Не вялікая ахвота зноў кануць у сон, як медны таз у проламку. I да чаго ж трапна прыдумана: на хаценне ёсць цярпенне. Бурлі кроў, ажывай цела, а пара не прыспела. У доме не спяць — прыйдзецца чакаць.
Уваходзіць СЛУГА.
СЛУГА
Акцёры вашай міласці, прачуўшы,
Што вы здаровы, хочуць вашу міласць
Камедыяй пацешыць. Медыцына
Вітае іх пачын. Сон летаргічны
I забыццё, якімі вы хварэлі,
Вам загусцілі кроў атрутай суму,
А сум — дарожка ў буралом вар’яцтва.
Пацешную камедыю даўно
Ўсе лічаць за найлепшае віно.
Яна, мілорд,— і мудрасць, і пацеха,
I невычэрпная крыніца смеху.
Смех-доктар лечыць сум і белакроўе,
Бо сам здаровы смех — залог здароўя.
СЛАЙ
Я не супраць. Пацеха дык пацеха. Толькі што яны там пакажуць: каляднага «казла» ці блазенскія выбрыкі?
ПАЖ
Мілорд, пакажуць неблагія рэчы.
СЛАЙ
Якія рэчы — бытавога ўжытку?
ПАЖ
О, не. Цікавы жарт.
СЛАЙ
Ага, цікава.
Паглядзім.— Ну, дык што ж, мая мадам,
Сядайце побач. Так, бліжэй. Паселі. —
Ану, музыкі — пачынай вяселле!
Садзяцца.
Музыка
Канец Пралога.
Падуя. Гарадская плошча.
Уваходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і ТРАНЬЁ.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дык вось, друг Траньё, даўні свой намер
Пабачыць Падую, навук рассаднік,
Я здзейсніў. Мы ў цудоўнейшым кутку
Квітнеючай Ламбардыі, у садзе
Італіі вялікай. Воляй бацькі
Я тут заручаны і абвянчаны
З тваім сяброўствам, дружа мой адданы.
Ён так жадаў, і я магу сказаць,
Што мы з табой падружым дружбай братняй
I з боскай воляй станем вывучаць
Азы навук — дакладных і абстрактных.
Я родам з Пізы; там жа нарадзіўся
I бацька мой таксама. Гэты горад
Славуты легіёнам знатных сем’яў.
Купецкі род багатых Бенцівольё
I ёсць мой род па бацькавым калене;
Мой старына, Вінчэц’ё Бенцівольё,
Вядзе заморскі гандаль з цэлым светам,
Адзіны сын бацькоў, я рос на волі
Ў Фларэнцыі, калысцы ўсіх паэтаў,
I я павінен бацькаву казну
Ўвянчаць сваім стараннем дабрачынным.
Пагэтаму, слуга мой, я й пачну
З раздзелаў філасофіі, што чынна
Трактуюць нам аб дасягненні шчасця
Добрасумленнем, а не тым, каб красці.
Ну, што ты скажаш: Пізу, свой кумір,
Змяняць на Падую? Не даў я маху,
Як той, што стрымгалоў ляціць у вір
З адзінай мэтай — задаволіць смагу?
ТРАНЬЁ
Мі pardonato[1], сябра гаспадар,
Хоць я ва ўсім і ўсякім з вамі згодзен
I рад, што вы, зірнуўшы лёсу ў твар,
Рашылі лёс паспрабаваць на мёдзе
Салодкай філасофіі, я рады
Вам караценька даць свае парады.
Добрасумленнасць — гэта вельмі слушна
Для стоікаў ды ідалаў бяздушных;
Прад Арыстоцелем б’ючы паклоны,
Авідзію не варта слаць праклёны[2];
Частуйце логікай сваіх знаёмых,
Рыторыку ўжывайце на прыёмах;
Паэзія і музыка — занятак
Для незамужніх і для нежанатых,
А матэматыка, як сыр гаркавы,—
Патрэбная прыправа к важным справам.
Што не да густу, тое бескарысна,—
Вось і парады ўсе мае, прыблізна.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну, дзякую за добрыя парады.
Ды дзе ж Б’ёндэла? Калі б ён прыехаў,
Мы ўсё уладкавалі б без адкладу:
З кватэрай, рэчамі і ўсё без спеху.
Маглі б наладжваць для сяброў прыёмы,
З якімі ў Падуі мы ўжо знаёмы.
Чакай: а гэта што там за магнаты?
ТРАНЬЁ
Магчыма, горад выслаў дэлегатаў
Сустрэць нас урачыста, прывітаць[3].
Уваходзяць БАПТЫСТА, КАТАРЫНА, Б'ЯНКА, ГРЭМ'Ё і ГАРТЭНЗ'Ё.
Лючэнц'ё і Траньё адступаюць убок.
БАПТЫСТА
Сіньёры, досыць! Годзе дакучаць!
Як і раней, цяпер кажу таксама:
Я не аддам дачкі малодшай замуж,
Пакуль старэйшай не прыдбаю мужа.
Калі б хто-небудзь з вас у Катарыну
Ўлюбіўся, я не бачыў бы прычыны
Адваджваць. Не, любіце колькі ўлезе...
ГРЭМ’Ё
(сам сабе)
Няма дурных на ржавае жалеззе —
Быць можа, вы, Гартэнзіё,— ахвотнік?
КАТАРЫНА
(злосна)
Мной набівацца? Бацька, вы як зводнік!
Як вам не сорамна і як не гадка,
Мяне на карасёў рабіць насадкай?
ГАРТЭНЗ’Ё
Што вы сказалі? Гэта я — карась?
Карась не язь і сярод рыб не князь,
I ўся зямля здаўна пра тое чула,
Што не да пары карасю акула.
КАТАРЫНА
Сіньёр карась, вам нечага баяцца:
Не з вашым носам з нашым родам знацца.
Каб і пашчасціла вам нейкім чынам
Утрэскацца ў зубастую дзяўчыну,
Яна вам задала б такога чосу,
Што засталіся б з носам ці без носу.
ГАРТЭНЗ’Ё
Ад гэткіх д’яблаў — божа барані!
ГРЭМ’Ё
Ратуй нас, неба, ад такой радні!
ТРАНЬЁ
Пацеха,— далажу я вам, сіньёр: —
Вар’ятка, непакора з непакор.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Затое пад маўклівасцю другой,
Здаецца мне, таіцца супакой,
Самой пакорлівасцю сэрца б’ецца.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, вам гэта ўсё толькі здаецца.
БАПТЫСТА
Усім вам мой адказ цяпер вядомы.
(Да Б'янкі)
А ты, дзяўчынка, лепш ідзі дадому
I не крыўдуй. Не будзь к парадзе глуха:
Я — бацька і люблю цябе, скакуха.
КАТАРЫНА
Скакуха, і пястуха, і няўдача:
То скача, то, як скажаш слова,— плача.
Б’ЯНКА
Сястра, не джаль! I так — адны напасці...
Будзь ты шчаслівая маім няшчасцем.
Я адыходжу ў дом. Там, у зацішку,
Каб сум развеяць, пачытаю кніжку
Альбо забаўлюся на лютні граннем...
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дальбог,— Мінервы мудрасць. Чуеш, Траньё?
ГАРТЭНЗ’Ё
Шкада, сіньёр Баптыста,— наша шчырасць
Сіньёры Б’янцы прычыніла гора.
Мы ўсе прасілі б вас адзіным хорам:
Велікадушна гнеў змяніць на міласць.
ГРЭМ’Ё
Сіньёр, вялікі грэх невінаватых
Караць за грэх другіх, якія ў сваты
Ішлі з разлікамі.
БАПТЫСТА
Хто праў, нам невядома.
Бог разбярэ.— Дачка, пайшла дадому!
Б'ЯНКА выходзіць.
Мне, бацьку, відавочна схільнасць Б’янкі
Да музыкі, паэзіі і спеваў,
То, каб не рупілі ёй пагулянкі
I не разбэсцілі спакусы Евы,—
Пара б у дом настаўнікаў наняць,—
Хай вучаць маладосць і настаўляюць,—
Даўно б пара! Ды дзе мне іх узяць?
Такія ж бібікаў не абіваюць.—
Мо вы, сіньёры, знаеце такіх?
Прышліце іх ка мне: не паскуплюся,
Прыму, дам стол, прывечу, як сваіх,—
Дзеля дачкі апошнім падзялюся.
Ну, мне ўжо час дамоў, да спраў вяртацца.
Ты, Катарына, можаш аставацца. (Выходзіць.)
КАТАРЫНА
Магу? Скажыце, як велікадушна!..
А я пайду. Пайду, і будзе слушна.
Наперакор пайду — бягом, скачкамі —
Раз так, дык так: найшла каса на камень.
(Выбягае.)
ГРЭМ’Ё
Бяжы цнота хоць да чорта ў балота. Вашы чары з такой кашары, што ніхто з прысутных не стане вас утрымліваць. Як мне здаецца, Гартэнз’ё, любоў паміж імі не такая ўжо і гарачая. Давядзецца нам абодвум трошкі папасціць ды паглытаць слінкі, бо наша рыбка яшчэ ў рацэ, а не ў руцэ. Бывайце! I ўсё ж у імя любві, якою я палаю да мілай Б’янкі, як толькі мне трапіцца такі чалавек, каторы зможа навучыць яе таму, што ёй па сэрцы,— я пашлю яго да яе бацькі.
ГАРТЭНЗ’Ё
I я зраблю тое самае, сіньёр Грэм’ё. Прашу вашай увагі яшчэ на адно слова: хоць зацятасць нашай непрыязнасці яшчэ ніколі не збліжала нас да прыязнай размовы, тое, што я хачу вам сказань, паверце мне, датычыцца нас абодвух. Каб нам мець доступ да нашай цудоўнай прыгажуні Б’янкі і быць шчаслівымі сапернікамі ў любові да яе, нам трэба патурбавацца і ўладзіць адну невялічкую справу.
ГРЭМ’Ё
Якую іменна?
ГАРТЭНЗ’Ё
А такую, сіньёр: падшукаць мужа для яе сястры.
ГРЭМ’Ё
Чорта ёй з балота, а не мужа!
ГАРТЭНЗ’Ё
Кажу: мужа.
ГРЭМ’Ё
А я кажу: чорта рагатага. Абмазгуй, Гартэнз’ё: хоць яе бацька і не ведае ліку сваім грошам, дзе вы знойдзеце такога ёлупня, што ажэніцца з нячыстай сілай?
ГАРТЭНЗ’Ё
Пакіньце, Грэм’ё. Хоць ні вам, ні мне не хапае змогі цярпець яе стукатню-грукатню, свет, прыяцель, не без добрых малайцоў. I, як кажуць, калі б гэту Катарынку павадзіць па рынку, знайшоў бы Кузьму, які і скажа: вазьму. Ну, вядома, з добрай падношай бацькавых грошай.
ГРЭМ’Ё
Ой, не кажыце! А, зрэшты, я і сам не адмовіўся б загрэбці яе пасаг з тым угаворам, што мяне кожную раніцу будуць лупцаваць, прывязаўшы да ўслончыка.
ГАРТЭНЗ’Ё
У тым-та і перапалка, што калі не кіем, дык палкай. Ну, вось што, паколькі ўжо гэта замінка нас зблізіла, давай падтрымліваць таварыскія адносіны, пакуль не падшукаем мужа для старэйшай дачкі Баптыста і тым самым не расчысцім сцежку для мужа маладзейшай. А тады ўжо, сустрэўшыся лоб у лоб на гэтай сцежцы, счэпімся зноў, як рагатыя казлы. О, любая Б’янка! Шчаслівы той, хто будзе твой. Хто хутчэй дабяжыць, з тым ёй і жыць. Што вы на гэта скажаце, сіньёр Грэм’ё?
ГРЭМ’Ё
Што праўда, то праўда. Я купіў бы ў Падуі найлепшага жарабца для таго малайца, які яе не толькі заляцае, але і заляйцае, павядзе да шлюбу і век будзе любы, пакладзе ў пасцель і наробіць дзяцей. Пайшлі.
Выходзяць ГРЭМ'Ё і ГАРТЭНЗ'Ё.
ТРАНЬЁ
Няўжо, сіньёр, любоў — такая сіла,
Што хопіць раптам — і жыццё не міла?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Пакуль сваімі я вачыма, Траньё,
Не ўбачыў, сам ніколі б не паверыў.
А тут — стаяў жа збоку ў сузіранні
I запалаў каханнем кавалера.
Скажу табе, слуга адданы, Траньё,
Давераны і шчыры друг, як Анна,
Паслушная і верная слуга
Царыцы Карфагена,— я гару,
Палаю, паміраю і памру
Альбо ў віры бяздонным захлынуся,
Калі з той скромніцай не ажанюся.
О, добры Траньё, я прашу спагады:
Дапамажы! Ты зможаш. Дай мне рады!
ТРАНЬЁ
Не шкодзіла б вам лазню даць, сіньёр,
I выхвастаць, але ж, на жаль, не зараз:
Калі ў сухмень іскрыць касцёр на бор,
Не выклікай вятроў, бо быць пажару.
Для закаханых вось адна з замоў:
«Redime te captum quam queas minimo»[4].
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну і сказаў жа, шэльма, як звязаў;
Прымі падзяку і скажы яшчэ што.
ТРАНЬЁ
Нічога не скажу вам. Але, зрэшты:
Хто палюбіў з наскоку — не разява,
Такому і сава здаецца павай.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
О, не! Аслеплены ж быў хараством
Усёй яе я, як святы Юпітэр —
Красой Еўропы і прад бажаством
Стаў на калені на ўзбярэжжы Крыта.
ТРАНЬЁ
I толькі? Ну, не бачыць вам дабра!
А вы заўважылі, спытаць я мушу,
Які шурум-бурум яе сястра
Тут узняла, што ўсім заклала вушы?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я пазіраў і бачыў чырвань шчок,
Пунсовых вуснаў рух; яе дыханне
Струменілася водарам. Дружок,
У ёй святое ўсё, усё дазвання!..
ТРАНЬЁ
(сам сабе)
Ну, справа — дрэнь. У хлопца яўны транс...—
Сіньёр, не спаць! Калі ўжо так вам трэба
Багіня тая, дык у вас ёсць шанц
Свайго дабіцца — хоць каменне з неба!
А я ўсё ж вам скажу: яе сястра —
Страшэнна ўпартая і непакора,
I да таго, пакуль яе з двара
Не сплавіць бацька, вам пасёрбаць гора:
Бо ваша Б’янка будзе пад замком,
Каб жаніхі не выкралі тайком.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ах, Траньё, у яе не бацька — кат!
Але ж ты чуў, што мае ён намеры
Аддаць на найм настаўнікаў падрад,
Вучыць яе?
ТРАНЬЁ
Чуў, скеміў і прымерыў,
I выйсце ёсць, падумаўшы цвяроза.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Як, ты яго знайшоў? Я й думаў так!
ТРАНЬЁ
Дзве галавы — адразу бачны розум.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну гавары ты першы. Ты мастак
На выдумкі.
ТРАНЬЁ
Як бы не так! Ды ладна.
Вы цэліце ў настаўнікі,— не так?
У дом Баптысты? Так?
ЛЮЧЭНЦЁ
У дом — дакладна!
А ці змагу?
ТРАНЬЁ
О не, сіньёр,— ніяк!
Ніяк, Лючэнц’ё, гэта — мара, сон...
Ну хто, скажыце, з нас сыграе ролю
Вінчэнц’ё сына ў Падуі, дзе ён
Жыве прыстойна, згодна з этыкетам,
Займаецца навукамі і ўволю
П’е з землякамі ўзапар восем дзён,
А на дзевяты сам дае банкеты,
Трымае дом, прымае шмат сяброў...
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Даволі, Траньё! Basta![5] План гатоў;
Я ўсё абдумаў. У ніводным доме
Мы не былі тут, нас ніхто не знае,
Хто Траньё, хто Лючэнц’ё — невядома:
Разумны змоўчыць, дурань не пазнае.
Ты, Траньё, станеш мной; ты — гаспадар;
Распараджайся домам і прыслугай,
А я — слуга: з Фларэнцыі шкаляр
Альбо настаўнік з Пізы. Ты, брат, слухай:
Так мае быць і будзе. А цяпер —
Здымай штаны!.. Не бойся, я жартую.
Вазьмі мой плашч; жвавей! Бяры прымер
Мой капялюш з пяром і белай тульяй.
Табе слугой Б’ёндэла мае быць,
Калі прыедзе, толькі мне патрэбна
Ў бязмозглы чарапок яго ўдаўбіць,
Што золата — маўчанне, слова ж — срэбра.
ТРАНЬЁ
Яму-та не пашкодзіла б тужэй
Трымаць язык на прывязі, бо часта
Ён дастае ім да чужых вушэй,
А слых чужы на плёткі — вой вушасты!..
Дык што ж, сіньёр, калі ўжо ваш загад
Змяняцца ролямі, мы — вашы слугі.
Па просьбе бацькі вашага я рад
«Гадзіць, служыць сыночку» без аддухі.
Ён так прасіў, хоць і ў інакшым сэнсе,
I я — Лючэнц’ё, бо люблю Лючэнц’ё.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Будзь, Траньё, мной, бо і Лючэнц’ё — раб
Сваёй любві; ён ад любві марнее,
Ён у палоне ў Б’янкі; ён аслаб,
Ён плача; ён ад гора камянее.—
Вось ён — нягоднік!
Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.
Шэльма, дзе ты быў?
Б’ЁНДЭЛА
Як гэта — «дзе я быў?». А вы дзе былі? Сіньёр гаспадар, што ў вас тут такое: ці мой напарнік. Траньё абадраў вас ці вы — яго? А можа, абодва — адзін аднаго? Што тут парабілася?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Хадзі сюды, трапло, і не жартуй,
Узваж абставіны суладна з часам:
Ратуе ён мяне, і ты ратуй.
Ў жыцці бывае ўсяк: то часам з квасам,
Парою ж і з вадою. Каб з вады
Сухім я выбраўся, ён апрануўся
Ў маё адзенне — і такой бяды! —
Я — Траньё, ён — Лючэнц’ё. Я схінуся
Адгэтуль зараз жа, бо нада мной
Вісіць бяда, як буду апазнаны.
Я тут у катавасіі адной
Парнуў нажом кагосьці, той ад раны
Памёр. Ты зразумеў?
Б’ЁНДЭЛА
Здаецца,— не.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Служы аддана Траньё. На мяне
Забудзься, я ўцяку. Слугуй і ведай:
Ён гаспадар твой, ён — твой цар і бог!
Б’ЁНДЭЛА
Пірог у зубы чорту: еш, абедай —
Няхай бы бог і мне так дапамог.
ТРАНЬЁ
(сам сабе)
Каб мне і сапраўды такая ўдача,
Дык я тады запеў бы вам іначай;
Як той казаў, і слугі часам ласы
Паквапіцца на панскія прыпасы.—
Ты, чмут, запомні нашы ўсе дакоры:
Не для мяне старайся, для сіньёра;
Не совай носа у чужое проса
I не хварэй пляткарствам, як паносам.
Калі мы ўдвух з табою, твар у твар,
Я — Траньё, а пры людзях — гаспадар.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Пайшлі, Траньё. Цябе чакае яшчэ адна справа: сядзеш паміж вунь тымі маладажонамі. Не пытайся: навошта? Наперад скажу табе: так трэба.
Выходзяць.
Размова паміж гледачамі на галёрцы.
1-шы СЛУГА
Мілорд, вы носам дзюбаеце і не сочыце за п’есай.
СЛАЙ
Бажуся святой Аннай,— сачу. Дарма сабе відовішча, дальбог жа. Пакажуць яшчэ што-небудзь?
ПАЖ
Гэта толькі пачатак, мілорд.
СЛАЙ
А-а, выдатная штучка, мадам жонка. Хутчэй бы толькі скончылася!
Садзяцца і глядзяць.
Падуя, вуліца. Перад домам Гартэнз'ё.
Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё і яго слуга ГРУМ'Ё.
ПЕТРУЧ’Ё
Я ў Падуі жыць доўга не змагу;
З Вероны я прыехаў, каб з сябрамі
Сустрэцца тут, і ў першую чаргу
З Гартэнз’ё, мілым другам. Я па браме,
Здаецца, пазнаю і дом Гартэнз’ё.—
Гэй, Грум’ё, стукні! Чуеш, дурань,— трэсні!
ГРУМ’Ё
Стукнуць ці трэснуць, сіньёр? Каго? Няўжо хто-небудзь абразіў вашу міласць?
ПЕТРУЧ’Ё
Нягоднік, кажуць табе стукнуць вось тут, ды мацней!
ГРУМ’Ё
Стукнуць вам тут, сіньёр? Вот калі дзіва! Хто ж я такі, каб вам настукаць, сіньёр?
ПЕТРУЧ’Ё
У дзверы стукай, у вушак, дурыла,
Бо вывядзеш з цярпення,— стукну ў рыла.
ГРУМ’Ё
Задзіра вы, сіньёр! Каб я пачаў,
Дык і зубоў бы, мабыць, не сабраў.
ПЕТРУЧ’Ё
Лайдак, мяне задзірай абзываеш?
Чакай жа, ты вось зараз атрымаеш
Гасцінчыка, не гэтак заспяваеш!
(Круціць Грум'ё за вушы.)
ГРУМ’Ё
Ратуйце! З глузду з’ехаў мой сіньёр.
ПЕТРУЧ’Ё
Ага, запеў? Цяпер жа бі ў запор.
З дому выходзіць ГАРТЭНЗ’Ё.
ГАРТЭНЗ’Ё
Што тут за гвалт? У чым справа?
А, дружа Грум’ё. Дарагі сябра Петруч’ё!
Як вы там усе ў Вероне?
ПЕТРУЧ’Ё
Гартэнз’ё, вы прыйшлі суняць лупцоўку.
«Con tutto il core bentro vato»[6] —
хтосьці лоўка
Сказаў, і сапраўды — я рад сустрэчы.
ГАРТЭНЗ’Ё
Цытаты дык цытаты. Вось, дарэчы:
«Alla nostra cosa benvenuto, molto
Honorato signor mio Petrucio»[7]
Ну, Грум’ё, рушым з мірам, мы вас змірым.
ГРУМ’Ё
Не, сіньёр, не такая тут расхадзілася бура, каб суняць каламбурам. Ці ж гэта не законная падстава, каб сабрацца ціха — і не памінайце ліхам. Памяркуйце вы самі, сіньёр: ён загадваў мне ці то стукнуць, ці то трэснуць, сіньёр, і на ўсю сілу, сіньёр. Ці ж пасуе гэта слузе, сіньёр, так стукаць свайму гаспадару, якому, у добры час сказаць, а ў благі памаўчаць — ужо за трыццаць гадоў стукнула?
Ну што ж было б, каб я без доўгіх спраў
Пачаў? Зубоў бы нават не сабраў.
ПЕТРУЧ’Ё
Абух! Вы толькі слухайце абуха:
Я загадаў, каб стукнуў у вушак.
Ён толькі й чуў. Упёрся, як ішак...
ГРУМ’Ё
Ну чулі? — «У вушак». Чаму ж не ў вуха?
Хіба ж не вашы словы: «Ах, лайдак,
Сюды вось бі, жабуцька ты, рапуха»?
А зараз — «у вушак». Вушак — не вуха!
ПЕТРУЧ’Ё
Чмут, змоўкні, бо не сцерплю і пратуру!
ГАРТЭНЗ’Ё
Цішэй, Петруч’ё. Я яго натуру
Даўно ўжо ведаю і паручуся,
Што Грум’ё — гаварун, у заварусе
Не разабраўся і не пастараўся.
ГРУМ’Ё
(сам сабе)
Няўжо ж, наняўся, кажуць, як прадаўся.
ГАРТЭНЗ’Ё
Скажыце лепш, які шчаслівы вецер
У Падую з Вероны вас прынёс?
ПЕТРУЧ’Ё
Той самы, дружа, што па белым свеце
Развеяў моладзь спазнаваць свой. лёс,
Шукаць дабра за межамі радзімы,
Сталець і разумнець. А карацей,—
Петруч’ё, сын Антоніа адзіны,
З мінулай восені асірацеў
I, як і ўсе мы, апынуўся ў свеце,
Каб ажаніцца і разбагацець.
Пакуль што кроны ёсць у партманэце,
Ажэнімся — і болей будзем мець.
Я, ваш слуга, рашыў пабачыць свету...
ГАРТЭНЗ’Ё
Ці не пасватаць мне табе кабету
Звяглівую і ўпартую, Петруч’ё?
Баюся толькі, што пасля заручын
Ты скажаш мне: «падсунуў, чорт рагаты!»
Скажу наперад, друг, яна багатых
Бацькоў дачка, на выгляд не старая;
Ды не, ты — Друг, і я табе не раю.
ПЕТРУЧ’Ё
Гартэнз’ё, паміж шчырымі сябрамі,
Як мы з табой, не тое, што у краме
Паміж купцамі. Калі лад дык лад,
А не, дык і аглоблі, брат,— назад.
Да чорта торг! Я хлопец нежанаты,
А ты мой друг, дык будзь у друга сватам —
Вядзі хоць зараз, толькі да багатай.
Багацце — лейтматыў ва ўсім вяселлі,
А там — няхай яна такое зелле,
Такі пякун-палын, брыдота, жолаб,
Што перад ёй карга Сівіла — голуб[8],
Сакратава Ксантыпа — мір і ласка[9],
А качарга Фларэнцыяна — краска[10],—
Яна не зладзіць нас, і не разгладзіць,
I радай сваёй бабскай не парадзіць,
Каб нават раз’юрылася віхурай,
Як Адрыятыка страшэннай бурай.
Хачу і прагну, завітаўшы ў Падую,
Жаніцца і разжыцца да упаду я.
ГРУМ’Ё
Вось бачыце, сіньёр, ён вам выклаў усё, як на споведзі. Толькі дайце яму торбу дукатаў, і ён ажэніцца хоць з чортам рагатым, хоць з бервяном ці лялькай у акне; ажэніцца хоць з кабылай, што крумкачы дабілі, не паглядзіць, што ў яе было столькі хвароб, колькі і ў бярэмя б не згроб. Яму каб толькі грошы, а на вошы ён не паглядзіць.
ГАРТЭНЗ’Ё
Калі па шчырасці, не цырымонна,
Сказаць табе, Петруч’ё, дружа мой,
Дык на прыкмеце ёсць адна мадонна,
Ну копія прыгожасці самой.
Каб ёй, багатай, выхаванай, гордай,
Але з адной заганай — непакорнай,
Як наравісты конь, такой упартай,—
Я, божа барані, прадуў у карты
Усё, што маю, і мае сябры
Сказалі: вось засватай ды бяры
Яе са скарбам,— я б хутчэй тапіцца
Згадзіўся, чым з такою ажаніцца.
ПЕТРУЧ’Ё
Маўчы, Гартэнз’ё. Ты яшчэ не знаеш
Улады золата, цаны грашам.
Чыя яна, скажы маім вушам,
А там — хоць тарарам, пярун і гром:
Пайду, знайду і забяру сілком!
ГАРТЭНЗ’Ё
Яна дачка Баптысты Мінала,
Шаноўнага і знатнага сіньёра;
Зваць — Катарынай; летняя пчала
Не джаліць так ахвочых за мядком,
Як гэта пчолка джаліць язычком.
ПЕТРУЧ’Ё
Аб ёй не чуў, а бацьку добра знаў,
I мой нябожчык знаўся з ім няйначай.—
Гартэнз’ё, ты мне, дружа, сон прагнаў:
Я не засну, пакуль яе не ўбачу.
Дазволь жа пажадаць табе дабра
I развітацца — мне ісці пара,
А мо і ты пайсці са мной ахвочы?
ГРУМ’Ё
Няхай ідзе, куды сабе ён хоча. Прашу вас, сіньёр, не ўтрымлівайце. Паверце мне: калі б яна так добра ведала яго, як я, то, дальбог жа, адразу б раскусіла, што лаянкай яго не проймеш. Яна можа абліць яго знявагамі, як валацужнага сабаку памыямі, абклеіць мянушкамі, як тумбу афішамі — ён і вухам не павядзе. Але калі ўжо сам ён расшмаргне свой мех, дык і плаксівага разбярэ смех: не спыніцца, пакуль не высыпле ўсю сваю рыторыку. I, паміж намі, сіньёр: калі, божа барані, яна хоць малечка ў чым стане яму ўпоперак, дык ён залепіць ёй у «анфас» такую фігуру, што яе фігурка ўмомант сфігурыцца і выглядаць яна будзе, як сляпое кацянё. Вы яго яшчэ не ведаеце, сіньёр.
ГАРТЭНЗ’Ё
Чакай, Петруч’ё, я з табой пайду:
Баптыста ж у сваім халодным доме
Мне на тугу-згрызоту і бяду
Замкнуў маё каханне маладое,
Мой скарб бясцэнны — Б’янку. Да пары
Ён вырашыў трымаць яе ў запоры,
Бо лічыць, што язык яе сястры
Ёй можа прычыніць такое гора,
Так ачарніць і зганьбіць, абняславіць,
Што ўжо нішто не справіць, не паправіць.
Так ёй пакутаваць датуль, мой дружа,
Пакуль Катрына-чорт не знойдзе мужа.
ГРУМ’Ё
Катрына-чорт. Страшэнная абраза,
А незамужняй — горай у два разы!
ГАРТЭНЗ’Ё
Цяпер і ты паслугай за паслугу
Аддзякуй мне, Петруч’ё. Ў іхні дом
Ты прапануй мяне, як бы прыслугу:
Скажы, што чуў, нібыта мажардом
Патрэбны ім: пры гэтым дадасі,
Што я і ў музыцы не лыкам шыты:
Іграць — мастак. Галоўнае ж, прасі,
Прасі прыняць, наняць — і шыта-крыта;
Лічы, што я ўжо ў іх, ля мілай Б’янкі,
А там — бог бацька: пойдуць пагулянкі,
Сустрэчы, заляцанкі.
ГРУМ’Ё
(сам сабе ўбок)
Дзве цыганкі:
Ну, ці гэта не крутадухі? Палюбуйцеся на змову гэтых двух маладых, каб як найлепей абалваніць старых.
Уваходзяць пераапранутыя ГРЭМ'Ё і ЛЮЧЭНЦ'Ё са звязкай кніг.
Сіньёр, сіньёр, азірніцеся, хто да нас ідзе.
ГАРТЭНЗ’Ё
Ты, Грум’ё, не крычы. Ён — мой сабрат
Па рамяству. Петруч’ё, йдзі сюды.
ГРУМ’Ё
Амурчык, як агурчык — хоць куды!
Яны адыходзяць убок.
Што ж, вельмі добра. Гэту кіпу кніг
Я прагартаў: падбор іх адабраю.
Пабольш бы вам выданняў дарагіх,
У залатым цісненні. Я вам раю
Браць толькі тое, што трапляе ў цэль:
Любая кніга — толькі пра каханне,
I вы сачыце, каб само чытанне
Ёй дзень пры дні, нібы дакучны чмель,
Звінела ў вушы — як... замілаванне...
Вы зразумелі? Акрамя таго,
Што вам сіньёр Баптыста падаруе
За вашу працу, я вам са свайго
Куфэрачка таксама ахвярую.
Таблічкі, сшыткі трэба надушыць
Парфумамі з арабскага шафрана,
Бо тая, што вы будзеце вучыць,
Духмяней ружы, расквітнелай рана.
Скажыце, што вы будзеце чытаць?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Што б ні чытаў, усё будзе казаць
Вам на карысць, сіньёр, паверце слову,—
Не горш, чым гэта самі вы змаглі б,
А мо і лепш, дарма што і паловы
Я не разгрыз вучоных вашых глыб.
ГРЭМ’Ё
О, глыб навук без краю і без меры!
ГРУМ’Ё
О, цецярук без гаю і цяцеры!
ПЕТРУЧ’Ё
Цішэй ты, чмут!
ГАРТЭНЗ’Ё
Цыц, Грум’ё.
(Выходзіць наперад)
Мой сіньёр,
Шаноўны Грэм’ё, як я рад вас бачыць!
ГРЭМ’Ё
I я не менш, Гартэнз’ё. Угавор:
Не балбатаць дарэмна, не лайдачыць.
Куды я йду? К Баптысту Мінала:
Я абяцаў яму для любай Б’янкі
Ў настаўнікі знайсці хлапца-арла,
Які не смакаваў ні пагулянкі,
Ні п’янкі. Я такога адшукаў
У гэтым хлопцы, сціплым і вучоным;
Паэт душой, шмат кніг перачытаў,
Прыстойных кніг, дазволеных законам.
ГАРТЭНЗ’Ё
Цудоўна. Мне таксама добры друг
Паабяцаў знайсці для іх музыку.
Так што цяпер да іх хадзем удвух,—
Хадзем, сябры, без гоману і крыку.
Дзеля чароўнай Б’янкі я пайду
За вамі, калі трэба, на край свету.
ГРЭМ’Ё
Я за яе — і ў пекла, і ў ваду.
ГРУМ’Ё
(убок)
Ну і ў бяду — і песня будзе спета.
ГАРТЭНЗ’Ё
Не будзем выхваляцца, хто куды
Гатовы рынуцца дзеля кахання.
Не час, сябры. Ідзіце лепш сюды,
Я вам скажу такое, што дыханне
Вам займе у грудзях. Вунь той дзівак,
З якім я сёння стрэўся выпадкова,
Бажыўся, прысягаў мне, што гатовы
Засватаць Катарыну. Чулі, як?
I возьме, калі бацька дасць пасагу.
ПЕТРУЧ'Ё і ГРЭМ'Ё падыходзяць да іх.
ГРЭМ'Ё
Сказаць — зрабіць: дай божа добры час!
Вы расказалі пра яе заганы?
ПЕТРУЧ’Ё
Я чуў: язык яе вастрэй мяча,
Дык гэта можна дараваць каханай.
ГРЭМ’Ё
Няўжо? Скажыце, хто вы і адкуль?
ПЕТРУЧ’Ё
На жаль, пакінуў дома метрыкул[11].
Я сам з Вероны, сын купца Антоньё,
У Падую прыехаў толькі сёння;
Нябожчык бацька жыў, не знаўшы гора,
Я ж спадзяюся век пражыць не горай.
ГРЭМ’Ё
Пражыць без гора з жонкай-непакорай?
Не верыцца. Хай бог вам дапаможа,
I мы тут, як гавораць, калі зможам,
Таксама дапаможам. Вы без жартаў
Рашылі сватацца да той упартай?
ПЕТРУЧ’Ё
Пытаецеся ў хворага здароўя:
Мне без яе не жыць!
ГРЭМ’Ё
(убок)
Вось будзе роўня:
Ганчак і кошка. Зрэшты ж, ліха з ёй!
ПЕТРУЧ’Ё
Дык вы ж не распазналіся са мной:
Я ў Падую прыбыў з адзінай мэтай —
Жаніцца. I ніякая брахня
Не вымусіць мяне ад думкі гэтай
Адмовіцца.— Сябры мае, ці ж я
Не чуў, як львы равуць, бушуе мора,
Раз’юшанае, як гайня дзікоў?
Ці ж я не чуў раскатаў грому ў горах,
Нябеснай артылерыі багоў?
Не чуў, як на палях крывавай сечы
Звіняць мячы, ржуць коні — грукат, крык?
I вам скажу: мяне застрашыць нечым,
Як не застрашыць і ліхі язык!
Баяцца жонкі ды яе дакораў —
Тады ўжо лепш і не насіць штаноў.
Трашчыць — трашчы, хоць лопні, непакора,
Як лопаюць шкарлупкі каштаноў.
У печы. Жуяце, сябры, пустое.
ГРЭМ’Ё
Нічым яго не ўстрашыш. Ды не тое,
Не тое я хацеў сказаць, Гартэнз’ё:
Знаёмы ваш з’явіўся ў добры час.
ГАРТЭНЗ’Ё
Мы згаварыліся, што кожны з нас
Пароўну заплаціў за ўсе расходы
На сватанне.
ГРЭМ’Ё
Калі мой гаспадар
Свайго даб’ецца, то тады мы згодны.
ГРЭМ’Ё
(убок)
Даб’ецца: па тавары і гандляр.
Уваходзяць зухавата апрануты ТРАНЬЁ і Б'ЁНДЭЛА.
ТРАНЬЁ
Асмелюся, сіньёры, імем бога
Вас запытаць, якая пралягла
К шаноўнаму Баптысту Мінала
Найкарацейшая з усіх дарога?
Б’ЁНДЭЛА
Гэта да дома таго, у якога дзве прыгажуні дачкі?
Вы маеце на ўвазе таго самага?
ТРАНЬЁ
Таго самага, Б’ёндэла.
ГРЭМ’Ё
А можа, сіньёр, сказаўшы шчыра?
ТРАНЬЁ
Яго, яе? — не з вас жа барышы.
ПЕТРУЧ’Ё
Не сквапцеся, сябры: яна — задзіра.
ТРАНЬЁ
Задзірыстыя нам не па душы.—
Хадзем, Б’ёндэла.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Так іх, малайчына!
ГАРТЭНЗ’Ё
Сіньёр,— слаўцо, а там сабе — гайда:
Вы часам ці не ў сваты к той дзяўчыне?
ТРАНЬЁ
А калі ў сваты, што вам за бяда?
ГРЭМ’Ё
Нам — тры пляўкі!
Правальвай вось — і квіты.
ТРАНЬЁ
Прабачце, шлях, здаецца, не закрыты
Ні мне, ні вам, і вуліцы стае.
ГРЭМ’Ё
Сіньёр,— стае, але ж не да яе.
ТРАНЬЁ
Чаму ж гэта, скажыце, калі ласка?
ГРЭМ’Ё
Таму, сіньёр, што вашую мілашку
Прымілаваў сабе слуга ваш Грэм’ё.
ГАРТЭНЗ’Ё
Вы не туды, сіньёр, не ў тое стрэмя:
Я сам абраў яе сваім кумірам.
ТРАНЬЁ
Сіньёры, ціха! Скончым сварку мірам.
Прашу паслухаць, калі вы дваране,
Што скажа ваш слуга пакорны Траньё:
Сіньёр Баптыста знатны, радавіты;
Ён з бацькам маім знаўся ў лепшы час.
Няхай цяпер прыкіне кожны з вас:
Дапусцім, да ягонай Афрадыты —
Чароўнай Б’янкі прывалілі ў сваты
Сем жаніхоў адразу,— я, вядома,
З іх буду першы і не выйду з дому,
Не атрымаўшы згоды: «Я — твая».
Царэўну Леду[12] тысячы кахалі,
Хай будзе ў Б’янкі з тысячы адзін,
I той адзін — Лючэнц’ё, ну а далей —
Хоць не расці трава, хоць дзіва з дзіў,
Хоць сам Парыс няхай прыскача з Троі[13].
ГРЭМ’Ё
Ён — скакунок. Хаця нас тут і трое,
А зазяваемся,— усіх абскача.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Скакун на месцы, а прышпорыш — кляча.
ПЕТРУЧ’Ё
Гартэнз’ё, што вы гэткі ганарысты?
ГАРТЭНЗ’Ё
Асмелюся спытацца ў вас, сіньёр:
Вы бачылі хоць раз дачку Баптысты?
ТРАНЬЁ
Не, але чулі шмат пра дзвюх сясцёр.
Старэйшая сварлівая без меры.
Малодшая — красою незямной.
ПЕТРУЧ’Ё
Старэйшай не лічыце, кавалеры:
Я ўжо сказаў вам, што яна за мной.
ГРЭМ’Ё
Ды вы — герой. З такою непакорай
I Геркулес пакаштаваў бы гора.
ПЕТРУЧ’Ё
Але ж паслухайце мяне, сіньёры,
Што я скажу: Баптыста Мінала
Яе сястру трымае на запоры;
I хоць бы й маладосць яе прайшла,
Датуль не быць ёй замужам за вамі,
Пакуль яго старэйшая дачка
Сядзіць у дзеўках. Самі вы з вусамі,
Як той казаў, тут — самая рука:
Адну сасватаць, волю даць другой.
ТРАНЬЁ
То калі вы той самы малайчына,
Што дзеля нас гатовы і ў агонь,
I ў воду, і гатовыя, магчыма,
Жаніцца на старэйшай,— быў бы грэх
Пярэчыць вам. Бярыце, вы з вачыма,
Сабе на гора, а людзям на смех.
Вы гэтым самым вызваліце Б’янку,
I той шчаслівец з нас, каму яна
Аддасць руку, збярэ ў ваш гонар п’янку
Такую, што зальешся ад віна.
ГАРТЭНЗ’Ё
Балака вы, сіньёр. Пакінем кпіны.
Красуня й вам засела пад рабро.
Вы, як і мы, аддзякаваць павінны
Таму, хто рады нам зрабіць дабро.
ТРАНЬЁ
Сябры, сіньёры, к- чорту нараканні!
Умова — згода, а адклад — не ў лад,
І я прашу сягоння ж на змярканні
Ка мне на баль. Я вельмі буду рад
Перакуліць за шчасце нашай любай
Так кварты тры вінца альбо настойкі,
Бо, як сказаў якісьці дыпламат:
За справай — спрэчкі і рука да чуба,
А за сталом — сяброўскія папойкі.
ГРУМ’Ё і Б’ЁНДЭЛА
Выдатна сказана, сябры. Засядзем
Упобач — і адразу справу зладзім.
ГАРТЭНЗ’Ё
Пайшлі, Петруч’ё. Я на гэты раз
У ролі benvenuto буду ў вас,
Што значыць «госць жаданы» ў перакладзе.
Выходзяць.
Падуя. Пакой у доме БАПТЫСТЫ.
Уваходзяць КАТАРЫНА і Б'ЯНКА са звязанымі рукамі.
Б’ЯНКА
Сястрыца, развяжы; табе ж няслава
З мяне смяяцца, кпіць. Другая справа —
Так здзекавацца з беднай пакаёўкі,
А мне, сястры,— і крыўдна, і няёмка.
А што да плаццяў і другіх пажыткаў,
Дык ты не думай, прама мне скажы,
I я аддам табе — усё да ніткі,
Аддам, ты толькі рукі развяжы.
Я ўмею быць паслушнай у старэйшых.
КАТАРЫНА
А ты скажы мне, хто табе мілейшы
З усіх тваіх залётнікаў, лісіца?
Б’ЯНКА
Залётнікаў? — Ніхто; павер, сястрыца;
Гатова пабажыцца імем бога,—
Я з іх яшчэ не выбрала нікога.
КАТАРЫНА
Ілжэш, дзяўчо! А гэта — не Гартэнз’ё?
Б’ЯНКА
Клянуся,— не! Каб не было прэтэнзій,
Я гэтага Гартэнз’ё саступаю...
КАТАРЫНА
Як? Не шкадуеш? Бачу,— не скупая.
Дык мо на Грэм’ё сквапішся, на грошы?
Б’ЯНКА
А ты раўнуеш? Ён жа непрыгожы.
Ды ты жартуеш, Кэт, я гэта бачу.
Жартуеш? Кошцы — смешкі, мышцы — плач.
Сястрыца, развяжы, а то заплачу.
КАТАРЫНА
Так, я жартую жорстка ад няўдач.
(Б’е Б’янку.)
Уваходзіць БАПТЫСТА.
БАПТЫСТА
Што тут за гвалт? Чаго не падзялілі? —
Ты плачаш, Б’янка? Бедненькую білі.
Ідзі і вышывай наверсе, крошка,
I не займайся з гэтай злоснай кошкай.—
А як табе не сорамна, вар’ятка,
Да слёз даводзіць гэтае ягнятка,
Што нават слова ўпоперак не скажа?
КАТАРЫНА
Яна з прыбыткам, а ў мяне пакража.
Яна маўчыць, а я крычу і помшчу.
(Кідаецца на Б'янку.)
БАПТЫСТА
Разбой пры бацьку? — Адступіся, змоўчы! —
Ты ж, Б’янка, у пакой хутчэй схініся.
Б'ЯНКА выходзіць.
КАТАРЫНА
Мне злосць — хоць галавой аб сцены біся.
Я вам абрыдла. Што ж вы макам селі?
I дурань скажа, што такое зелле,
Як я, вы не рашыліся б прыняць;
Яна — ваш скарб, і на яе вяселлі
Хацелі б вы і будучы ваш зяць
Пацешыцца з таго, як басанож
Я ўпрытупкі пайду; а на тым свеце
Наймуся ў малпаў нянькай ні за грош
I буду забаўляць чужыя дзеці[14].
Дык знайце ж: слёзы дзеўкі-векавухі
Вам дапякуць, як жнівеньскія мухі.
(Выходзіць.)
БАПТЫСТА
Ну, хто на свеце быў такі няшчасны!
Хто? Хто шчэ там сюды ідзе?..
Уваходзяць ГРЭМ'Ё з бедна апранутым ЛЮЧЭНЦ'Ё, ПЕТРУЧ'Ё з ГАРТЭНЗ'Ё — пад музыканта, ТРАНЬЁ з Б'ЁНДЭЛА, які трымае лютню і пакунак з кнігамі.
ГРЭМ’Ё
Сусед Баптыста,— можна? Добры дзень!
БАПТЫСТА
Дзень добры, Грэм’ё! Праўда, добры дзень.
Прашу, сіньёры,— у залу крочце з богам.
ПЕТРУЧ’Ё
Зайшлі без просьбы, не судзіце строга.
Скажыце, гэта ў вас тут Катарына,
Прыгожая і скромная дзяўчына?
БАПТЫСТА
У нас, сіньёр. Яна — мая дачка.
ГРЭМ’Ё
(да Петруч'ё)
Вы надта порстка. Нельга з кандачка.
ПЕТРУЧ’Ё
Не замінайце, Грэм’ё,— без суфлёра! —
Я — дваранін, сын знатнага сіньёра
З Вероны. У нас былі аднойчы госці
I так расказвалі аб прыгажосці,
Ласкавасці і скромнасці дзяўчыны,
Што я, наслухаўшыся іхніх казак,
Сказаў сабе: мой лёс і абавязак
Праверыць чуткі ўсе пра Катарыну.
I вось — без запрашэння, ў вольны час
З’явіўся са слугой маім да вас.
(Знаёміць Баптыста са сваім «слугой» Гартэнз'ё.)
Музыка і дасціпны матэматык,
Ён, мне здаецца, як ніхто другі,
Настаўнікам для меншае дачкі
Прыйшоўся б да двара вам на пачатак
I змог бы навучаць яе старанна
Навукам, што па густу ёй самой;
Я спадзяюся,— будзе ён абраны,
А з тым ацэнены і выбар мой.
Ён родам з Мантуі, завуць — Лючыа.
БАПТЫСТА
Ну за каго мяне вы палічылі? —
Ды вы, сіньёр,— жаданы госць. Я рады
Прыняць і вас, і вашага слугу,
А што да Катарыны — дайце рады,
Сказаць нічога пэўна не магу:
На жаль, яна вам будзе не да пары.
ПЕТРУЧ’Ё
Я бачу, вам расстацца з ёй шкада,
Ці, можа, я і скромны мой таварыш
Вам не да густу?
БАПТЫСТА
Новая бяда;
Наадварот, сіньёр. Кажу вам шчыра,
Без хітрыкаў.— Скажыце, як вас зваць,
Адкуль?
ПЕТРУЧ’Ё
Я сын Антоньё дэ Лючыа;
Вы можаце ў любога запытаць:
Па ўсёй Італіі наш род вядомы.
БАПТЫСТА
Ну, сын Антоньё — мой жаданы госць,
Мой дом — ваш дом і будзьце тут, як дома.
ГРЭМ’Ё
Сіньёр Петруч’ё: нам не весялосць —
Стаяць, маўчаць і слухаць вашы казкі,
Якія ўсім вядомы з роду ў род.
Вы дайце й нам хаця б разявіць рот.
Даволі, мех ваш повен да завязкі.
ПЕТРУЧ’Ё
Даруйце, але ж мой быў першы ход.
Ды і ў самой ігры сюжэт закручан.
ГРЭМ’Ё
«Хваліся жонкаю праз дзесяць год,
А не праз дзень пасля заручын»,—
сказаў сусед, што быў разлучан. (Да Баптысты.) Сусед, нам вельмі прыемна, што вы мелі ласку абысціся з намі так ласкава. Каб зрабіць вам такую ласку, я сам, болей чым хто-небудзь з нас крануты вашай ласкавасцю, асмелюся прапанаваць вам гэтага маладога вучонага (прадстаўляе Лючэнц’ё), які доўгі час грыз граніт навук у Рэймсе; ён аднолькава дасведчаны ў грэчаскай, лацінскай і іншых мовах, як і вунь той — у музыцы і матэматыцы. Завуць яго Камб’ё. Прашу вас прыняць яго паслугі.
БАПТЫСТА
Тысячу разоў удзячны вам, сіньёр Грэм’ё.— Сардэчна запрашаем, дабрадзею Камб’ё. (Да Траньё.) А вы, паважаны сіньёр, як мне здаецца, прыезджы. Даруйце мне, што асмельваюся пацікавіцца мэтай вашага прыезду ў нашы краі.
ТРАНЬЁ
Няхай сіньёр маю даруе смеласць,
Што, завітаўшы ў Падую на час,
Я вырашыў сваю асірацеласць
«Ашлюбіць». З гэтай мэтаю да вас
Я і прыйшоў пасватацца да Б’янкі.
Я знаю, што да Б’янкі, як цыганкі
Да легкавера, ліпнуць кавалеры;
Вядомыя мне вашыя намеры
Спачатку мужа большай падшукаць,
А меншай — з гурту выберацца зяць,
Аднак я ўсё ж прашу вас, дайце згоду
Нас выслухаць: адкуль, якога роду
Я — ваш слуга, а там без кампліментаў
Да ліку ўсіх ранейшых прэтэндэнтаў
Дадаць мяне, нябогу, чын па чыну.
Для навучання вашых дзвюх дзяўчынак
Прынёс я гэту лютню ў падарунак
I, акрамя,— вось гэтых кніг пакунак.
Прашу прыняць ад сэрца, без абразы,
А я вам буду вечна абавязан.
БАПТЫСТА
Лючэнц’ё — вас завуць? Адкуль вы родам?
Я з Пізы, сын Вінчэнц’ё-гандляра.
БАПТЫСТА
Старэйшыны гандлёвага двара?
Ды як не знаць такога верхавода
Сярод купцоў! Што ж, будзьце ў нас, як свой.
(Да Гартэнз'ё.)
Вазьміце інструмент.
(Да Лючэнц'ё.)
Вы — кніжак кіпу
Ды йдзіце к вучаніцам у пакой.—
Слуга — сюды!
Уваходзіць СЛУГА.
Без гоману і скрыпу
Вядзі сіньёраў да маіх дзяцей.
Хай прымуць іх гасцінна, без дакораў,
Як і належыць ім прымаць гасцей.
Выходзяць слуга з ГАРТЭНЗ'Ё, ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЁНДЭЛА.
А мы тым часам,— папрашу сіньёра,—
Прайдзёмся ў сад. Я буду вельмі рад
Пагаварыць.— Ды і абедаць скора.
ПЕТРУЧ’Ё
Шаноўнейшы сіньёр, адклад не ў лад.
А я — заняты, я не маю часу
Вам абіваць парогі дзень пры дні.
Я раскажу вам шчыра і адразу
Ўсю радаслоўную сваёй радні.
Адзіны спадчыннік багаццяў бацькі,
Я іх не праматаў у пух і прах,
А павялічыў. З ёй мне зладзіць — цацкі,
А вось які дасце вы ёй пасаг?
БАПТЫСТА
Калі памру — маёнткаў палавіну,
А ў дар гатоўкай — дваццаць тысяч крон.
ПЕТРУЧ’Ё
Хай будзе так. Я ёй усё пакіну
Пасля таго, як пахавальны звон
Па мне адзвоніць,— уладанні, двор,
Арэнды, рэнты, фермы там і свірні.
Дык што ж, сіньёр, заключым дагавор,
Каб ведаць, хто што вінны і павінны.
БАПТЫСТА
Наперад вы павінны з ёй таксама
Пагаварыць: ці любіць яна вас?
ПЕТРУЧ’Ё
Э, дробязь! Бацька, гавару вам прама:
Яна — палын, а я — не хлебны квас,
Яна — наруга, а ў мяне — папруга;
А калі ўссыпаць вугальку на жар
Ды пададзьмуць яшчэ — шугне пажар.
Я — крэмень, і змагу такога струга
Ёй адцясаць, што стане ўся, як шоўк.
Я — не хлапчук, не блазен, не п’янчуга,
Што дзеля кпінаў сватацца прыйшоў;
Я не люблю ні спешкі, ні наскоку...
БАПТЫСТА
(сам сабе)
Дай бог, каб гэты спрыт не выйшаў бокам.—
Аднак рыхтуйся да размоў няветлых.
ПЕТРУЧ’Ё
Пабачым: буду як гара пад ветрам;
Вятры бушуюць, а яна ні з месца.
Уваходзіць ГАРТЭНЗ'Ё з разбітай галавой.
БАПТЫСТА
Сіньёр, вы пабляднелі, мне здаецца.
Чаго вы так збянтэжаны, мой друг?
ГАРТЭНЗ’Ё
Ад страху ледзьве пераводжу дух.
БАПТЫСТА
А як дачка? Ці ёсць у ёй задаткі?
ГАРТЭНЗ’Ё
Усе як на падбор,— дзеля салдаткі:
Не лютня ёй патрэбна, а пішчаль.
БАПТЫСТА
Ўсё гэта праўда, на вялікі жаль.
Няўжо яна за йгрою вас чапала?
ГАРТЭНЗ’Ё
Няўжо! Аб чэрап лютню пашчапала.
Я толькі ёй заўважыў на памылку
Ў ладах і палец мерыўся прыгнуць,
А тая — наравістая кабылка —
Круць бокам, нібы ладзіла ўбрыкнуць,
I ў крык: «Не ладзіцца? Няма хацення?
Вось я вам паказаць лады хачу»,—
I так мне лютняй трахнула па цемю,
Што ажно стала зелена ўваччу,
А галава праскочыла праз струны.
Я ачмурэў: стаю, разявіў рот,
Уставіў вочы, як баран бязрунны
Каля чужых зачыненых варот.
Яна ж усяк: свістулькаю і грыжай
Давай мяне хрысціць і абзываць,
Нібы грахі замольвала пад крыжам.
ПЕТРУЧ’Ё
Бядовая — магу і я прызнаць.
Яна мне ў сто разоў мілейшай стала;
Ах, як я прагну пабалакаць з ёй!
БАПТЫСТА
Вы ласыя, сіньёр, як кот на сала.—
(Да Гартэнз'ё.)
Пайшлі, пабудзьце з меншаю маёй;
Павучыце яе, яна ў два разы
Здальнейшая, і нораў — хоць куды.—
Сіньёр Петруч’ё, можа, пойдзем разам,
Ці мо вам лепей Кэт прыслаць сюды?
ПЕТРУЧ’Ё
Прашу прыслаць: я тут яе сустрэну.
Выходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё, і ГАРТЭНЗ'Ё.
Як толькі прыйдзе, так і аглушу:
«О, птушачка, спяваеш ты не дрэнна»,—
Калі яна пачне сваю імшу;
«Ты выглядаеш, як уранні ружа,
Абсыпаная ядранай расой»,—
Калі зацыкае сярдзітым вужам
Альбо скасурыцца ў мой бок казой.
Замоўкне на хвілінку, пачакае —
Пачну хваліць празмерна, як на здзек,
Што і гасцінная, і гаманкая;
А гнаць пачне, схапіўшы нейчы стэк,—
Рассыплюся ў падзяках дробным макам,
Нібыта просіць з тыдзень пагасціць;
Адхіліць прапанову,— я са смакам
Падлашчуся: «Калі ж вяселлю быць?»
Яна ідзе. Петруч’ё, за работу! —
Уваходзіць КАТАРЫНА.
Дзень добры, Кэт! Даруйце за турботу:
Я чуў, што Кэт — найлепшае з імён.
КАТАРЫНА
Чуць звон не значыць ведаць, дзе той звон
Мяне завуць не Кэт, а Катарына.
ПЕТРУЧ’Ё
Мана, вы звацца Кошачкай павінны;
Лагоднай Кіскай ці зласлівай Кісай,
Курняўкай Муркай, ласачкай Кіс-Кіс
Ці кошкай-ведзьмай з маляванай пысай,
Ці кіскай-чортам — цьфу, бадай ён скіс! —
Паслухай, кіска Кэт, маё прызнанне:
Прачуўшы, як цябе за хараство
Ўсе людзі розных цэнзаў, станаў, званняў
Расхвальваюць, а ціхі нораў твой
Не знаюць як і ўзносіць, я прыкінуў:
Пахвалы — фіміам, але не вам,—
I рушыў сватацца, кажу без кпінаў.
КАТАРЫНА
Як той Абрам, што заблудзіў між брам.
Хто здуру рушыў, той — я вам не хлушу —
Рухомая маёмасць.
ПЕТРУЧ’Ё
Хто ён, Кэт?
КАТАРЫНА
Старызна, хлам, напрыклад, табурэт.
ПЕТРУЧ’Ё
У цэль! Сядай вярхом, гані да жару...
КАТАРЫНА
Аслам пад грузам быць і бог вялеў.
ПЕТРУЧ’Ё
А наравістым — вохкаць пад цяжарам.
КАТАРЫНА
Ідзі шукаць такіх у іншы хлеў.
ПЕТРУЧ’Ё
Цябе, катулька, я не абцяжару:
Ты кволая і лёгкая, як пух.
КАТАРЫНА
Такая лёгкая, што ўшчэнт запару,
Калі пагоніцца, як ты, цяльпух.
Мая вага такая, колькі важу.
ПЕТРУЧ’Ё
Ты — пчолка і гудзеш: жу-жу-жу-жу.
КАТАРЫНА
А ты — гарласты сыч.
ПЕТРУЧ’Ё
Я не абражу,
Калі па шчырасці табе скажу:
Галубка, сыч табе палічыць косці.
КАТАРЫНА
А гарлапан — на горле кіпцюры.
ПЕТРУЧ’Ё
Ого! Аса, пры ваяўнічай злосці
Кусае, але толькі да пары.
КАТАРЫНА
Ах, гэта я — аса? Дык бойся джала!
ПЕТРУЧ’Ё
Я вырву джала, і які там страх?
КАТАРЫНА
Калі б дурному розуму ставала
Знайсці яго.
ПЕТРУЧ’Ё
Катуля, церпіш крах:
Вядома ўсім, дзе скрыта джала ў восаў:
Ў хвасце, ў пушку.
КАТАРЫНА
О не, у языку.
ПЕТРУЧ’Ё
Чыім?
КАТАРЫНА
Тваім, што тыцкаешся носам
Асе пад хвост. Бывай!
ПЕТРУЧ’Ё
Зыкуй, зыкуй,
Пярэдайка ў спадніцы! Ну — манеры!
Так заляпіць у твар абразай мне?
Я дваранін.
КАТАРЫНА
Дварняга — дакладней,
А, зрэшты, я праверу.
(Дае яму аплявуху.)
ПЕТРУЧ’Ё
Дай яшчэ раз,
Клянуся: здачы дам; удар за ўдар.
КАТАРЫНА
Галантны кавалер, а зубы шчэрыш
На слабы, мірны пол. Ты ж уладар,
Гербовы дваранін, а двараніну
Пачаць разбой — з дваранствам развітацца.
ПЕТРУЧ’Ё
Разумна, Кэт. Даволі калатніны;
Ты — гербазнаўца, бакалаўр мастацтва.
Запісвай вернага раба свайго ў гербоўнік.
(Кленчыць перад ёй.)
КАТАРЫНА
Што тут на шлеме ў вас — курыны чуб?
ПЕТРУЧ’Ё
Будзь куркай, я твой пеўнік-палюбоўнік.
КАТАРЫНА
Курам не даспадобы курашчуп.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну хопіць, Кіса, не глядзі так кісла.
КАТАРЫНА
Так кісы ўсе глядзяць на слімака.
ПЕТРУЧ'Ё
А дзе слімак? Сказала, і не лыса.
КАТАРЫНА
Пры боку.
ПЕТРУЧ’Ё
Дзе? Падаць яго, жука!
КАТАРЫНА
Шкада, няма люстэрка,— паказала б.
ПЕТРУЧ’Ё
Мой твар?
КАТАРЫНА
Здагадлівы малакасос.
ПЕТРУЧ’Ё
Я не дарос, дык пацягні хоць залап,
Мо падрасту.
КАТАРЫНА
Дарос, і перарос,
I пераспеў.
ПЕТРУЧ’Ё
Турботы.
КАТАРЫНА
Ад ляноты.
Пайду.
ПЕТРУЧ’Ё
О, Кэт, застанься,— пачакай!
КАТАРЫНА
Іду. З табою тут адна сумота.
ПЕТРУЧ’Ё
А мне з табой, анёл мой,— божы рай.
Казалі,— ты сварлівая і злая,
Я ж бачу: гэта злосны нагавор.
Ты любіш жартаваць, але ж не лаяць,
I памаўчаць, як адспяваўшы хор.
Прывабная фіялка, ты не ўмееш
Ні хмурыцца, ні бліскаць назнарок,
Злаваць і сыкаць, нібы злюкі-змеі,
Не скажаш нават слоўца папярок.
Ты кавалераў стрэнеш і прывеціш
Шаноўна, сціпла, ласкава — як след.
Адкуль той погалас паўзе па свеце,
Што Кэт кульгае? О, зласлівы свет!
Паклёп! Ты зграбная, нібы ляшчына,
I смуглая, як вылузак-арэх.
I калі б я сказаў пра густ мужчыны,
Ніхто б з мужчын не палічыў за грэх
Пасмакаваць зярнятка ў тым арэсе.
Прайдзіся, Кэт, я збоку пазірну:
Ты не кульгаеш?
КАТАРЫНА
Вон пайшоў, гарэза,
Загадвай пакаёўкам.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну і ну:
Дыяна ў пушчах ці была б такою
Царэўнаю, як ты ў сваім пакоі.
О, стань Дыянай, Кэт, і будзеш павай,
Паважнай, скромнай, а Дыяна — жвавай!
КАТАРЫНА
Вы дзе злізалі гэтыя прамовы?
ПЕТРУЧ’Ё
Прыродны дар; мне гэта ўсё не нова.
КАТАРЫНА
Ад мудрасцей прыроды ў вас — ні кроплі.
ПЕТРУЧ’Ё
Я недапёка?
КАТАРЫНА
Так, утрыце соплі.
ПЕТРУЧ’Ё
Ты намякаеш мне, што я прастуды
Схапіў на скразняках, дык то ж не сплін.
Сагрэемся. Я ўдакладняць не буду, дзе:
Тут, на сафе, альбо ў цяпле пярын.
Паслухай, Кэт, мы з бацькам вашым змоўцы:
Ён абяцаў мне вас і ваш пасаг.
Цяпер вам, як цялушцы на вяроўцы,—
Не разгуляцца: вы ў маіх руках.
Я буду вам пад нораў і да пары,
Рахманы, дужы, муж у самы раз.
Клянуся месячным святлом з-за хмары,
Што я ў любві, як у дрыгве заграз.
Ты пра другіх не думай, не журыся,
Я буду твой. Паслухай мой сакрэт:
Мне выпаў лёс цябе з шалёнай рысі
Зрабіць рахманай кошачкаю, Кэт,—
Звычайнаю, дамашняй мілай кошкай,
Вось цесць ідзе, не гаварыце ж «не».
Я мушу быць і буду ў вашым ложку...
Уваходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё і ТРАНЬЁ.
БАПТЫСТА
Ну, чым, Петруч’ё, стрэнеце мяне?
Паладзілі з дачкой?
ПЕТРУЧ’Ё
Усё ў парадку:
Раз-два — і мат. Я промаху не дам.
БАПТЫСТА
У вас, дачка, усё, здаецца, гладка?
КАТАРЫНА
«Дачка»? Мне верыць ці не верыць вам?
Дачкой назвалі — дзіўна, вельмі дзіўна!
Дык, можа, вы і добранькі такі,
Што гэты хлюст нахабны і праціўны
Вам у гульні хадзіў у паддаўкі,
Каб лёстачкамі вырваць вашу згоду
На шлюб са мной і налапам узяць.
ПЕТРУЧ’Ё
Шаноўны цесць, скажу вам мімаходам,
Як трэцяя асоба, а не зяць:
Дарэмшчыну ўзвялі на Катарыну
I вы, і ўсе, што быццам бы яна
Упартая, сварлівая дзяўчына
I задзірастая, што барана.
Яе упартасць для вачэй адводу,
На справе ж — гэта мілы галубок;
Увесь яе запал — жарок усходу,
А паслушэнства — і Грызельда ўбок[15].
Нявіннасцю сваёй і чысцінёю
Яна магла б Лукрэцыю[16] зацьміць.
Хай будзе ясна ўсім: між мной і ёю —
Лад, згода — і ў нядзелю будзем піць
За шчасце маладых.
КАТАРЫНА
Каб да нядзелі
Цябе з вяроўкай ажаніў сам бог!
ГРЭМ’Ё
Петруч’ё, чуеш? — Лад ваш свінні з’елі.
Тут просяць бога, каб Петруч’ё здох.
ТРАНЬЁ
Паспех — курам на смех. Дальбог,— пацеха:
Ад цесцевых варот і — паварот.
ПЕТРУЧ’Ё
Дазвольце, што за смех? Тут не да смеху.—
На мой кусок не разяўляйце рот.
Мы з ёю згаварыліся сам-насам,
Што пры старонніх к ёй не падыдзі.
Сіньёры, калі б я прызнаўся часам,
Што з ёю вытвараў тут я адзін,
Як мілаваўся — не далі б вы веры.
Яна бажылася ў каханні мне:
То пацалуе, то, прымкнуўшы дзверы,
Прыгорне, прыгалубіць, ушчыпне...
Вы — навічкі. I не прайшлі навуку,
Што робяць двое ў спальні без агню,
Што нават суслік лютую гадзюку
Гатоў утаймаваць, прыпёршы к пню.—
Катуль,— руку! Я еду на куплянне
Ў Венецыю. Прашу не сумаваць.—
А вы, цясцёк, рыхтуйцеся к гулянню,
Гасцей склікайце — будзем баляваць.
Я веру: кіска будзе мілай, добрай.
ТРАНЬЁ
Так, так: кось-косю, косю — ды ў аглоблі.
БАПТЫСТА
Я так расчулены... Вы, маладыя,
Злучыце рукі. Богам бласлаўлю.
ТРАНЬЁ і ГРЭМ’Ё
Дай бог! Мы тут у вас як панятыя.
ПЕТРУЧ’Ё
Бывайце, цесць.— Каток, не плач, люблю.
Бывай, катулька, міленькая краля;
Ўсё прывязу: пярсцёнкі і каралі,
Уборы, вэлюмы — усё к вяселлю.
Цалуй і знай: заручыны ў нядзелю.
ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА выходзяць у розныя бакі.
ГРЭМ’Ё
Ну бачылі: ні села і ні пала,
Кляп-цяп — і шлюб, і выпіўка, і сала.
БАПТЫСТА
Заселі ў печань мне яе выборы,
I я пайшоў на рызыку, сіньёры,
Як той купец, збываючы тавар.
ТРАНЬЁ
Тавар з гнільцой, ды меў падробны твар.
Цяпер гадай на два: ці зяця купіш,
Ці, як разгледзіцца,— вялікі кукіш.
БАПТЫСТА
Адна падзяка трэба мне — іх шлюб.
ГРЭМ’Ё
Шлюб іхні будзе, абы цесць не скуп.
Але ж давайце гутарку завершым
Аб вашай меншай. Перашкод няма.
Я ваш сусед, і сватаўся я першы.
ТРАНЬЁ
А я па ёй душу раняў дарма?
I так раняў, што нават немагчыма
Ні выказаць на словах, ні ўявіць.
ГРЭМ’Ё
Шчанё, ты шчэ не ўмееш чын па чыну
Вусы завіць, не то што палюбіць.
ТРАНЬЁ
Сівабароды, а ў цябе каханне
Прымёрзла пад лядком.
ГРЭМ’Ё
А ты з жарком,
Глядзі не апячы. Гады — не ганьба:
Стары-стары, як кажуць, ды з дурком.
ТРАНЬЁ
Юнак — прынада у вачах жанчыны.
БАПТЫСТА
Сіньёры, хопіць сваркі без прычыны.
З вас кожны атрымае па заслугах.
Мы спрэчку ўладзім так: каторы з вас
Адкажа Б’янцы ў прадсмяротны час
Палову спадчыны, таму, як другу,
Скажу: яна твая, бяры, шануй.
Вы чулі ўмову.— Грэм’ё, прапануй.
ГРЭМ’Ё
Па-першае, як вам усім вядома,
Мой двор не тое, што ў другіх двары:
Гаспадары і слугі ў нашым доме
Ядуць і п’юць заўжды на серабры.
Збаноў, тазоў, каб мыць ёй рукі, ногі —
Хоць адбаўляй. I вам не навіна,
Што сцены ў нас ад столі да падлогі
У самых лепшых цірскіх дыванах[17].
Слановыя куфэркі, як належыць,
Трашчаць ад крон, а кутыя куфры
Пад века напакованы адзежай;
Там полагі, куніцы і бабры,
Цянюткая бялізна для пасцелей;
Турэцкія падушкі ў жамчугах;
Шыццё венецыянскай каніцеллю,
Вязанне, розны посуд па кутках —
Трывалы, толькі медны, алавяны.
Усім, што ў доме трэба,— повен дом.
На фермах, дзякуй богу, пастаянна
Да ста кароў — заліся малаком.
Ну, а валоў — дык тым няма і ліку,
Авец, свіней, дальбог, хоць гаць гаці.
Я сам, сказаць, асілак невялікі,—
Задышка. Колькі там яшчэ ў жыцці...
Дам заўтра дуба,— я ж у дамавіну
Не забяру з сабой сваё дабро.
Усё б да крошкі ёй адной пакінуў,
Калі б яна зрабіла мне дабро,
Згадзіўшыся пайсці і стаць маёю.
ТРАНЬЁ
Прычына ўся ў калі б: «калі б пайшла».
Дык што ж, сіньёр, згадзіцеся са мною:
Калі я ў вас, шаноўны Мінала,
Засватаю дачку і стану зяцем,
То я, сваіх бацькоў адзіны сын
I спадчыннік адзіны іх багаццяў,
Пакіну ёй у Пізе не адзін,
А пяць дамоў цагляных ды багатых,
Нічым не горшых, чым у Грэм’ё дом.
Апроч таго — дзве тысячы ў дукатах
Зямельнай рэнты чыстым серабром.—
Ну што, жаніх, я даў вам дулю ёмка?
ГРЭМ’Ё
Дзве тысячы прыбытку ад зямель!
Мне столькі не набраць з маіх маёнткаў;
Я даць магу ў прыдачу карабель,
Які цяпер на якары ў Марселі.—
Ну што, прымак, цяпер вы макам селі!
ТРАНЬЁ
Я — сеў? Супернічак, усім вядома,
Чатыры ў нас такія караблі
Ды тузін з гакам шхун і галіёнаў.
Калі б яшчэ вы трошкі наскраблі,
Я ў торзе абганю — і ёй пакіну.
ГРЭМ’Ё
На жаль, я ўсё, што меў, прапанаваў,
А болей даць з таго, што я даваў,
Я не змагу. Што не змагу, то не...
Не толькі ж тое сонца, што ў акне.
ТРАНЬЁ
Аперадзіць — купіць. Яна за мною.
Вы абяцалі; Грэм’ё ўжо не ў лік.
БАПТЫСТА
Сказаць па праўдзе, вы сваёй цаною
Пераўзышлі. Багаты вы кулік
На бедным кірмашы сярод балота,
Ды не кажыце гоп, не ўзяўшы брода.
Я зразумеў тут з вашай абяцанкі,
Што спадчынаю ўсёю нашу Б’янку
Надзеліць бацька ваш. Да вас пытанне:
Ці згодзен ён зрабіць ёй завяшчанне
Яшчэ да смерці? Згодзіцца — бярыце,
А не — прабачце. Што ні гаварыце,
А той, хто ўсё прымае ў абяцанку,
Падчас трымае — дзірку ў абаранку.
ТРАНЬЁ
I маладыя могуць дуба даць.
БАПТЫСТА
Усяк бывае з грэшным чалавекам:
Каму — калі? — не можам мы сказаць.—
Дык вось, сіньёры, як мы парашылі:
У гэтую нядзелю адгуляць
Вяселле Катарыны, а пасля,
Праз тыдзень, зможам ціха, спакваля
Вяселле Б’янкі і Лючэнц’ё справіць.
Але калі не будзе завяшчання,
То й не пайсці вам з Б’янкай на вянчанне.
Аддам яе за Грэм’ё, так і знайце;
Што ж,— дзякуй вам абодвум — і бывайце.
ГРЭМ’Ё
Бывай, сусед!
БАПТЫСТА выходзіць.
А ты, марцовы кот,
Мне больш не страшны. Ну, ці чулі дзіва,
Каб сівы дзед быў ёлуп, абармот,
Што ўсё табе аддасць, а сам лісліва —
К сынку пад старасць на хлябы і піва?
Брахня! Аж верне ад такой маны:
Ты хітры, але й бацька не дурны.
ТРАНЬЁ
Сатлей ты прахам, лысы жываглот,—
Не смейся! Я шчэ зведаю ўрачыстасць:
Прыдумаў я адзін рашучы ход,
Каб дагадзіць шаноўнаму Баптысту.
Я думаю, што ўяўнаму Лючэнц’ё
I бог вялеў уяўнага Вінчэнц’ё
Ўзяць у бацькі. Усё наадварот:
Не тата — сына, каб прадоўжыць род,
А сын, які узяўся быць за свата,
Каб высватаць,— стварыць павінен тату.
(Выходзіць.)
Падуя. Пакой у доме Баптысты.
Уваходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё, ГАРТЭНЗ’Ё і Б’ЯНКА.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Музыка, не шмаруйце так па струнах.
Ці вы забыліся пра пачастунак,
Якім вас прывітала Катарына?
ГАРТЭНЗ’Ё
Уедлівы шкаляр, вы знаць павінны,
Што лютня — ўсёй гармоніі багіня;
Вы зоймецеся справамі другімі,
А мы з гадзінку зоймемся іграннем,
А потым — адпачнеце за чытаннем.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Скрыпач — партач, смаркач — адно і тое ж,
Адкуль жа невуку тупому знаць
Аб прызначэнні музыкі: спакоем
Мозг, сілы чалавека асвяжаць
Пасля работы, дум і цяжкай працы.
Ну, вось што: зараз я пачну займацца,
А там, як свой урок закончу я,
Пацешыць нас гармонія твая.
ГАРТЭНЗ’Ё
Хлапчук, я не сцярплю твайго нахабства!
Б’ЯНКА
Сіньёры, ваша спрэчка крыўдна мне
Тым больш, што я не запрадана ў рабства
Нікому з вас, і мне самой відней,
З чаго пачаць, чым кончыць. Я не школьнік,
Якому трэба пернік і дубец.
Я вольны ваш слухач, а не нявольнік,
Вось лаўка.— Вы сядайце на канец,
Вазьміце лютню, падкруціце струны;
Адольвайце святыню са святынь —
Навуку. Сядзьце тут, філосаф юны,
I мы з гадзінку пагрызём латынь.
ГАРТЭНЗ’Ё
Мне — што? Брынь-брынь, і ўсё, а вы ці скора?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Пацерпіць, не гарыць. Ты знай — круці.
Б’ЯНКА
Ну, дзе ж мы скончылі?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Вось тут, сіньёра.
«Hic ibat Simois, hic est Sigeia tellus;
Hic stelerat Priami regia celsa senis»[18].
Б’ЯНКА
Перакладзіце.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
«Hic ibat» — як я ўжо гаварыў вам раней: «Simois» — я, Лючэнц’ё, «hic est» — сын Вінчэнц’ё з Пізы; «Sigeia tellus» — пераадзеты, каб дабіцца вашай любові; «hic stelerat» — а той Лючэнц’ё, каторы сватаецца да вас, «Priami» — мой слуга Траньё; «regia» — выдае сябе пад маім імем; «celsa senis» — каб мы змаглі абдурыць старога Панталоне[19].
ГАРТЭНЗ’Ё
Сіньёра, інструмент ужо ў парадку.
Б’ЯНКА
Сыграйце.
ГАРТЭНЗ'Ё іграе.
Ой, рыпіць, як панарад!
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Паплюй на смык ды пачынай спачатку.
Б’ЯНКА
Чарга за мной. Чытаю пераклад: «Hic ibat Simois» — я вас не знаю; «Hic est Sigeia» — я вам не давяраю; «hic steteraf Priami» — асцерагайцеся, каб ён нас не падслухаў; «regia» — не забывайцеся: «celsa senid» — не адчайвайцеся.
ГАРТЭНЗ’Ё
Сіньёра, накруціў.
(Іграе.)
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Што ж, дармавата, Але нізы гугнявяць.
ГАРТЭНЗ’Ё
Не нізы,
А нізкі чмут махлюе зухавата.
(Сам сабе.)
Ён не шкаляр, а лысы чорт з лазы.
Шальмоўнік хоча мне наставіць рогі.
Знай, іжыца, вучоны кавалер,—
Падгледжу, падцікую — бачаць богі,—
Заб’ю, скалечу д’ябла!
Б’ЯНКА
(гадае на пальцах)
Вер не вер,
А ўсё ж не верыцца.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Б’ЯНКА
Скажу вам прама,
Паколькі ў вас такі вучоны від
I вы настаўнік мой,— я мушу верыць.
Даволі жартаў.— Ліч’ё, ваш урок.
Прашу вас жарты жартамі і мерыць,
Вам не сакрэт: дзяўчына — вецярок.
ГАРТЭНЗ’Ё
(да Лючэнц'ё)
Вы можаце ісці. Так, так, да стрэчы!
Гармонія — не трохгалосы хор.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Не будзем педантычныя, сіньёр.
Я пачакаю збоку і, дарэчы,
Панаглядаю.
(Сам сабе.)
Мілы музыкант,
Здаецца мне, таксама закаханы.
ГАРТЭНЗ’Ё
Сіньёра, прызнаюся: я — педант;
Педант у поўным сэнсе — не загана.
Вы мусіце дакладна пераняць
Маю ігру, мой метад браць акорды,
I да таго, як струны зазвіняць
Пад пальчыкамі, вы павінны цвёрда
Азы мастацтва знаць, запомніць гаму.
I я вас запэўняю: метад мой —
Дакладная і поўная праграма
Майстэрства, віртуознасці самой.
Ён не раўня шаблону ў гэтай сферы —
Па ім вучыцца, нібы піць віно.
Вось тут ён выпісаны на паперы.
Б’ЯНКА
Але ж я гаму ведаю даўно.
ГАРТЭНЗ’Ё
Вы не знаёмы з гамаю Гартэнз’ё.
Б’ЯНКА
(чытае)
«Я — гама, ўсёй мелодыі аснова;
A, re — я за Гартэнз’ё вас малю:
B, mi — о, Б’янка, на яго любоў вы слова
С, — скажыце, прашанчыце: я люблю.
Д, sol, ге — ключ адзін, дзве ноты побач;
Е, la, mi — зжальцеся. Каханне ў помач».
Дык гэта гама? Не, я не жадаю
З ёй знацца. I нашто такі размен?
Лепш буду вернай той, якую знаю.
Пераацэнка — дрэнны сябар цэн.
Уваходзіць слуга.
СЛУГА
Сіньёра, бацька ваш вам загадалі
Пакінуць кнігі і пайсці сястры
Дапамагчы прыбраць у іхняй зале:
Вяселле ж заўтра, як ні гавары.
Б’ЯНКА
Сіньёры, я развітваюся з вамі.
Бывайце!
Б'ЯНКА і СЛУГА выходзяць.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я іду за вамі ўслед.
ГАРТЭНЗ’Ё
Я ўсе падставы маю пільным вокам
Сачыць за шкаляром. Здаецца мне,
Што ён занадта сквапна, хоць і збоку
Заглядвае на Б’янку. Ім відней,
Але калі ты сораму не маеш —
Згаджаешся і з іншым на грашкі,
Дык знай: ты ад Гартэнз’ё атрымаеш
За здраду — здраду, рогі — за ражкі!
(Выходзіць.)
Падуя. Перад домам Баптысты. Уваходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё, ТРАНЬЁ, КАТАРЫНА, Б'ЯНКА, ЛЮЧЭНЦ'Ё і СЛУГІ.
БАПТЫСТА
(да Траньё)
Вось, мой сіньёр, і наступіў той дзень,
Калі жаніх Петруч’ё з Кэт-нявестай
Павінны павянчацца. Час ідзе,
А тут ад жаніха — ніякіх вестак.
Што стануць гаварыць з канца ў канец?
Якія плёткі пойдуць заўтра ўранні?
«Адрокся, не з’явіўся пад вянец,
Калі каноннік рыхтаваў вянчанне!»
Зрабіць такую ганьбу нам, сіньёр,—
За што, скажыце?
КАТАРЫНА
Хопіць, гэты сорам
На мне адной. Які тут вам дакор,
Якая ганьба і якое гора?
Я не па згодзе, прызнаюся вам,
Рашылася звязаць свой лёс і шчасце
З нахабным зухам. Той шалёны хам
Мяне гатовы быў з наскоку ўкрасці,
Каб выманіць пасаг. А вось пра шлюб
Ён і не дбаў. На тыдзень, на гадзіну
Жаніўся б... Мог ён быць мне міл і люб,
Такі праныра, што пад хітрай мінай
Развязнасці хавае злыя жарты
I, каб праславіцца, што ён — мастак,
Сягоння сватае, а заўтра ў карты
Гатоў прайграць нявесту за пятак
Альбо засватаць тысячу адразу,
Назначыць дзень вяселля, склікаць свет
Гасцей, нагнаць турбот і без адказу
Прапасці ў шлюбны дзень, замёўшы след?
Цяпер пачнуць зласловіць, строіць кпіны,
Паказваць пальцам: «Вунь яна ідзе
Петруч’ю суджаная — Катарына,
Якую кінуў муж у шлюбны дзень!»
ТРАНЬЁ
Цярпенне, цесць; цярпенне, Катарына,
Прашу вас верыць доказам маім:
Ад вас ён не адрокся і не кінуў;
Мо што ў дарозе здарылася з ім?
Ён — вісус, зух, але добрасумленны;
Ну, зубаскал, але не пустадом.
КАТАРЫНА
Няхай бы лепш я з каменем, з паленам
Спазналася, чым з гэткім жаніхом.
Выходзіць плачучы; за ёю Б'ЯНКА і іншыя.
БАПТЫСТА
Ідзі паплач гаротнаю слязой,
Я спачуваю — крыўдна, пажурыся.
Святая не стрывала б, а з тваёй
Натурай непакорнай — хоць разбіся.
Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.
Б’ЁНДЭЛА
Сіньёр, а сіньёр! Навіны, старыя навіны, але такія, што вы яшчэ і не чулі ніколі!
БАПТЫСТА
Навіны і раптам старыя? Як жа гэта магчыма?
Б’ЁНДЭЛА
А ці ж не навіна — пачуць аб прыездзе Петруч’ё?
БАПТЫСТА
Ён прыехаў?
БЁНДЭЛА
Прыехаў? Хто вам сказаў?
БАПТЫСТА
Дык што ж тады?
Б’ЁНДЭЛА
Ён едзе, сіньёр.
БАПТЫСТА
Калі ж ён будзе тут?
Б’ЁНДЭЛА
Калі стане, дзе я цяпер, і ўбачыць вас вунь там.
БАПТЫСТА
Кажы хутчэй, якія ў цябе старыя навіны?
Б’ЁНДЭЛА
Ого! Петруч’ё едзе ў новым капелюшы і ў старой куртачцы; штаны на ім такія вынашаныя — аж свіцяцца, можа, трэці раз пераніцаваныя; боты — не тутэйшай работы, абноскі, у якія пакаёўкі скідалі агаркі свечак і ссыпалі смецце: адзін на спражцы, другі на падвязцы; меч заваляшчы, іржавы, пазычаны ў гарадскім арсенале, рукаятка — летась была, ножны без наканечніка, партупея ў двух месцах перавязана нейкай аборынай. Кабыла пад ім — кульгавая кляча; сядло на ёй — адна трухляціна: так з’едзена моллю — курыцы няма дзе клюнуць; страмёны — адно са Швецыі, другое — з Венецыі,— прывязаны абрыўкам не то лейцаў, не то супоні. Акрамя таго, у яго стаенніцы — сап, грыва ў струпах, спіна ў гузах; губы як трубы; скура ў каросце, кільчак у роце; падбрушша распухла, калені раздуліся — запаленне суставаў ці якая іншая хвароба; на кожным кроку спатыкаецца, у кожнай лужыне валяецца; крыж усыпаны гузамі, сточаны аваднямі; лапаткі тырчаць — і смех, і грэх, і пацеха. А збруя! Божа літасцівы, якая збруя! Едзе не на снасці, а на шчасці: цуглі ў роце ліпяць на дроце, а што да аброці — дальбог, аздоба: ці то з кажурыны, ці з благой ляйчыны; вузлоў — лічы і лік згубіш; падпруга з шасці кавалкаў, нахвоснік — акраек з аксамітнага жаночага сядла і з кляймом: дзве літары, выбітыя галоўкамі цвічкоў, і каб жа цэлы, а то ж звязаны ў двух месцах нейкай каляровай стужкай.
БАПТЫСТА
А хто яшчэ з ім едзе?
Б’ЁНДЭЛА
О, сіньёр,— вельмі важная персона: яго лёкай, прыбраны не з меншым густам, як і тая кульгавая кабыла. На адной назе панчоха з суровых нітак, на другой — суконны шчыблецік; адна падвязка ружовая, другая — зялёная. Капялюш — не тое што не дуж, а так ледзьве дыша, і замест пяра ўваткнута нейкае пудзіла з «Сарака выдумак»[21]. Страшыдла, скажу я вам, сіньёр, дальбог, страшыдла. I блізка не быў ні каля слугі хрысціянскага, ні каля лёкая панскага.
ТРАНЬЁ
Навошта ж ён задумаў гэты жарт?
Звычайна апранаецца ён скромна.
БАПТЫСТА
Няхай хоць д’яблу на пацеху, абы толькі прыехаў.
Б’ЁНДЭЛА
О не, сіньёр, ён не прыедзе.
БАПТЫСТА
А ці ж не ты гаварыў, што ён едзе?
Б’ЁНДЭЛА
Я? Што Петруч’ё едзе?
БАПТЫСТА
А як жа.
Б’ЁНДЭЛА
Не, сіньёр, я гаварыў, што каняка яго ідзе, а ён на ёй едзе.
БАПТЫСТА
Ну, гэта ўсё адно і тое ж.
Б’ЁНДЭЛА
Клянуся ўсімі
Багамі святымі —
Не адно і тое.
Колькі ж ценяў
Прэцца праз цемень?—
Двое.
Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё і ГРУМЁ.
ПЕТРУЧ’Ё
Дзе ж шаферы і сват? Ці ёсць хто дома?
БАПТЫСТА
З дабром, зяцёк!
ПЕТРУЧ’Ё
Якое там дабро!
БАПТЫСТА
А вы ўпару, мы рады маладому.
ТРАНЬЁ
Убор ваш, як рагаціна ў рабро.
ПЕТРУЧ’Ё
Каб нават лепшы быў, я ў заварусе
Надзеў бы толькі гэты ў цесцеў дом.
Як жывы, цесць? А дзе ж мая Катуся?
Чаго вы ўсе так здзіўлены кругом,
Як быццам я статуй з манашскай келлі
Альбо камета?
БАПТЫСТА
О, шаноўны зяць,
Як вам вядома, сёння ў нас вяселле,
I мы тут пачыналі бедаваць,
Што вас няма. Ды вось і вы знаскоку —
Мы зноў бядуем: што на вас за ўбор?
Ды гэта ж ганьба нам, бяльмо на воку
Вясельнае бяседы ўсёй, сіньёр!
Скідайце лахманы.
ТРАНЬЁ
Што за прычына
Так доўга разлучала вас з дзяўчынай?
Чаму, адкуль, з якога сутарэння
Вы прыляцелі ў гэтым апярэнні?
ПЕТРУЧ’Ё
Расказваць — доўга, слухаць — сумната:
Я абяцаў прыбыць — прыбыў, чаго вам болей?
Спазніўся — на дарозе слізгата,
Вы ж разумееце,— адзін у полі,
Дарога невядомая. Пасля
Дакладна апішу ўсё, дружа любы.
Ну дзе ж Катулька? — Пчолка,— да вулля!
Ужо нярана; нам пара да шлюбу.
ТРАНЬЁ
У гэткіх трантах, барані вас божа,
З’явіцца да нявесты? Вы — вар’ят!
Хадзем ка мне; я дам убор прыгожы,
Паспагадаю вам, як брату — брат.
ПЕТРУЧ’Ё
Не дакучайце! Так вось і з’яўлюся.
БАПТЫСТА
Хоць да вянца вы замяніце ўбор!
ПЕТРУЧ’Ё
Ні ў якім разе. Што вы тут, сіньёр,—
Ўсё вопратка ды вопратка! Катуся
Вянчаецца са мной, не са штанамі.
Каб змог я, што яна ў мяне ўнутры
Парве, пашаматае без пары,
Змяніць на транты, то, сказаць між намі,
Я палічыў бы транты за знаходку.
Ды што я тут балакаю ўсім вам,
А не іду вітаць сваю лябёдку
I запрашаць радню на месу ў храм.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё і ГРУМ'Ё.
ТРАНЬЁ
Ну што ты з ім?.. Крыўлянні, адгаворкі;
Ён нейкі план забраў у галаву.
Хадзем усё ж прасіць, каб хоць знадворку
Пераапрануўся ў лепшае ў царкву.
БАПТЫСТА
Пайду за ім і гляну, што рабіць.
Выходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё і СЛУГІ.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, к яе каханню неабходна
Спагаду і любоў да вас схіліць
Баптысты так, каб ён сказаў: «Я згодны».
Для гэтага мне трэба падшукаць
Якога-небудзь падуанца-дзядзьку,
Што даў бы згоду пізуанцам стаць,
Каб ролю выканаць Лючэнц’ё-бацькі,
I тут, у Падуі, каб паручыўся
За сумы, што ад вашага імя
Тады пры сватанні не паскупіўся
У спадчыну за вас прызначыць я.
Калі знайду такога, вашы шанцы
Жаніцца на сваёй красуні Б’янцы
Лічыце пэўнымі.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Каб пільным вокам
Пракляты Ліч’ё тут, на кожным кроку,
За Б’янкай не сачыў, мы б пры прыёры
Даўным-даўно звянчаліся ў саборы.
А ўжо тады, каб нават цэлы свет
Паўстаў на нас, парушыць запавет
Было б па часе — я зрабіў сваё;
Што ўзяў у рукі, дудкі, брат,— маё!
ТРАНЬЁ
Турбот у нас — не схопіш і ў бярэмя.
Тут трэба тонка, з мерай пачуцця,
Каб акалпачыць пня старога Грэм’ё,
А разам з ім і хітрага цясця
Дый й Ліч’ё-скрыпачу падсунуць дулю,
I ўсё вам на карысць, мой гаспадар.
Уваходзіць ГРЭМ'Ё.
Вы ад вянца, сіньёр, ляціце куляй?
ГРЭМ’Ё
Лячу, як з перапуду на пажар.
ТРАНЬЁ
Жаніх з нявестай адбылі дадому?
ГРЭМ’Ё
Дадому ці ў салому — невядома,
А жанішок, сіньёр, скажу вам — зелле.
ТРАНЬЁ
Ну не такі ж упарты, як яна.
ГРЭМ’Ё
Ён — чорт, нячысты дух, бязбожны шэльма.
ТРАНЬЁ
Дык што ж,— да пары, чорт і сатана.
Як кажуць, чорт за чорта ды ў балота.
ГРЭМ’Ё
Яна — галубка ў параўнанні з ім,
Ягнё бязмоўнае, святая цнота,
Анёлак, легкакрылы херувім.
Вось вы ўявіце, мой сіньёр, карціну:
Царква. Вікарый, скончыўшы абрад,
Пытае: «Згодны дзеву Катарыну
У жоны ўзяць?» А ён, нібы снарад,
Як вухне: «Згодзен, забіраю дзеўку».
Ажно канонік трэбнік долу бразь;
Нагнуўся, каб падняць, а той знячэўку
Як штурхане, аж толькі шпора — хрась...
Служыцель культу — носам у падлогу,
А ён: «Маліся, ксёндз, за грэшных богу».
ТРАНЬЁ
А калі ксёндз падняўся, маладуха
Аблаяла Петруч’ё?
ГРЭМ’Ё
Вы — фантаст:
Збялела і дрыжала ўся без духу,
Як на асіне ліст у грозны час.
А ён каноніка ўшчуваў, гарланіў,
Нібыта ў тым уся была віна.
I толькі на канцы, пасля вянчання,
Калі паднеслі маладым віна,
Схапіў з падноса чашу і са спрытам
Кіўнуў, гукнуў: «Здарова будзь, каток».
Нат не скрывіўшыся, адзіным глытам
Каўтнуў — і толькі аблізнуў раток.
Як быццам ён пасля страшэннай буры
З камандай баляваў сабе ў шынку.
Зарагатаў, а чашу так і шпурыў
У твар каноніку, не юнаку,
Які — яму здалося — прагна сліну
Глытаў і трос казлінай барадой,
А потым хап за шыю Катарыну
I гэтак цмокнуў проста ў вусны ёй,
Што ажно рэха ўдарыла ў скляпенне...
Я з сораму і ганьбы ледзь жывы
Перахрысціўся ды да пабачэння,
А ўслед за мной і ўсе — бягом з царквы.
Такога апраметнага вянчання
Я колькі жыў не бачыў за свой век.
Ён чортам створан — гэты чалавек.—
Ідуць. Чуваць жа музыкі ігранне.
Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё, КАТАРЫНА, Б'ЯНКА, БАПТЫСТА, ГАРТЭНЗ'Ё, ГРУМ'Ё і ГОСЦІ.
ПЕТРУЧ’Ё
Сіньёры, сіньёрыны,— шчыры дзякуй
Вам за турботы і за ваш абед.
Вы тут нагатавалі нам прысмакаў
I спадзяваліся са мной як след
За стол засесці, выпіць, разгуляцца,
Але, на жаль, нам не спрыяе час,
Я з вамі вымушаны развітацца.
БАПТЫСТА
Няўжо вы нанач едзеце ад нас?
ПЕТРУЧ’Ё
Так, еду. Дом не блізка — аж за светам.
Вы не здзіўляйцеся, калі б вам знаць,
Якія справы і якія мэты
Мяне і коней прымушаюць гнаць,
Вы б самі папрасілі: ад’язджайце.
Ну, госцікі шаноўныя, бывайце.
Яшчэ раз дзякую. Усе вы чулі
I бачылі, як я сябе ўсяго
Аддаў чароўнай ёй, сваёй Катулі,
Аддаў навек, а не на нейкі год,
Ва ўладу паслухмянай, мілай жонкі.
Балюйце з цесцем тут, а нам не час;
Апаражняйце вінныя бачонкі
I добрым словам памінайце нас.
ТРАНЬЁ
Дазвольце запрасіць вас на бяседу.
ПЕТРУЧ’Ё
Не, не магу.
ГРЭМ’Ё
Я богам вас прашу, Застаньцеся.
ПЕТРУЧ’Ё
Я еду, еду, еду.
КАТАРЫНА
Магчыма, я крану яго душу: Застаньцеся!
ПЕТРУЧ’Ё
Застацца? Як я рады!
КАТАРЫНА
Застацца рады?
ПЕТРУЧ’Ё
Не, я рад таму,
Што сэрца ў жонкі поўнае спагады
Да мужа. Радуйся, шчаслівы муж!
I ўсё ж я не магу пабыць да рання,
Бо мушу дома быць яшчэ да дня.
КАТАРЫНА
Застаньцеся ў імя майго кахання.
ПЕТРУЧ’Ё
Не! — Грум’ё, дзе ты? Накарміў каня?
ГРУМ’Ё
Дык дзіва што, сіньёр, і накарміў і напаіў.
З’елі авёс і аўсюк, а цяпер ім каюк.
Пашкадавалі б вы дзяўчатак-кветак.
ПЕТРУЧ’Ё
I рад бы — не магу!
КАТАРЫНА
Ах, калі гэтак,—
Як знаеш, я не еду ні сягоння,
Ні заўтра — аж пакуль не захачу.
Шлях вольны; сабірайся — і па конях,
Марнуй сябе ў сядле альбо начуй
У полі, пад дажджом. Я застаюся,
Пакуль не надакучыць піць, гуляць.
Сябе вы паказалі, не стаюся,—
Натура, гонар — нечага сказаць.
ПЕТРУЧ’Ё
Катулька, супакойся і не злуйся.
КАТАРЫНА
Злую, кіплю, калі не на сваім
Пастаўлю.— Вы не бойцеся; ён хлусіць,
Ён застанецца; будзем разам з ім.
ГРЭМ’Ё
Ну, дзякуй табе, бог — захамуталі;
Цяпер пачнецца шум-бурум, сіньёр.
КАТАРЫНА
Садзіцеся за стол, чаго пасталі?
Жанчыну, што не ўмее даць адпор,
Апошні задавака ўраз абдурыць.
ПЕТРУЧ’Ё
Яна, як бачыш, іх адсюль пратурыць.—
Сіньёры, трэба слухаць маладую;
Ідзіце баляваць, закусваць, пець
I прапіваць касу яе крутую,
Каб маладым хутчэй прыбытак мець:
Дзяцей пабольш ды грошай з паўасьміны.—
А ты, Катулька, хоць і з кіслай мінай,
Усё ж сямейнай даўнасці нічым не руш:
Не злуй, не хмарся: свет сышоўся клінам,
Дзявоцтва час кароткі: я твой муж,
А ты — мая маёмасць і падпора,
Мой дом, мой скарб, мой свіран і засек,
Мой вол, асёл і стол — мая сіньёра,
Якой я ахвярованы на здзек.
Ты ўсё на свеце і ў адным абліччы.
Вось ты стаіш — мадонна без прыкрас.
Хай пальцам хто кране — зубоў не злічыць,
Ці, скажам, нападзе ў нядобры час,
Я ў крык: — Дай зброю, Грум’ё.— I за тымі
Разбойнікамі, будзь іх пяць ці шэсць —
Ратуй, слуга, сіньёру гаспадыню,
Калі ты цэніш рыцарскую чэсць.
Не бойся, Кэт, ніхто нас не зачэпіць,
Калі б іх нават цьма была — мільён.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё, КАТАРЫНА і ГРУМ’Ё.
БАПТЫСТА
Няхай ідуць. Вось гэта пустазвон.
Яе, напэўна, ў прыпражку прычэпіць.
ГРЭМ’Ё
Каб не пайшлі, дык я б памёр ад смеху.
ТРАНЬЁ
З усіх шалёных шлюбаў іхні шлюб —
Найшалянейшы.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дурням на пацеху.—
Сіньёра, ён сястрыцы вашай люб?
Б’ЯНКА
Шалёная з шалёным і сышлася.
ГРЭМ’Ё
Яна Петруч’ё з розуму звяла.
БАПТЫСТА
Суседзі, людзі, хоць бяда збылася
I маладых няма каля стала,
Затое ж закусь на стале гарою.
Лючэнц’ё сядзе ў нас за жаніха,
А Б’янка — ёй, адсутнаю сястрою.
ТРАНЬЁ
Хай прывыкае, бо яе ж чарга,
I ёй нявестаю засесці скора.
БАПТЫСТА
Так, так, Лючэнц’ё.— Ну, хадзем, сіньёры.
Выходзяць.
Загарадны дом Петруч'ё.
Уваходзіць ГРУМ'Ё.
ГРУМ’Ё
Прападзіце вы пропадам, усе загнаныя клячы, усе шалёныя гаспадары і ўся непралазная дарожная гразь! Ці быў чалавек калі-небудзь так збіты, знябыты, так змучаны і так забруджаны? Мяне паслалі наперад раскласці цяпельца, а самі прыплюганяцца грэцца. Не спарадзіла б мяне маці рухавым, выносным, а толькі недарослым, давялося б маім губам прымерзнуць к зубам, языку — к нёбу, а сэрцу — к вантробам яшчэ да таго, пакуль бы даклыпаў да цяпла, каб так-сяк адтаяць. Але цяпер сагрэюся, дзьмухаючы на вугалькі, бо пры такім надвор’і адубее не то што я — таракан, а і велікан. Дзе ты, Кэрціс, агу!
Уваходзіць КЭРЦІС.
КЭРЦІС
Хто гэта гукае такім прастуджаным голасам?
ГРУМ’Ё
Лядзяк. Калі сумняваешся, дык можаш скаўзануцца па мне ад плячэй да пятак, узняўшы разбег з галавы да шыі. Агню, хутчэй агню, спагадлівы Кэрціс!
КЭРЦІС
Гаспадар мой з жонкай едзе, Грум’ё?
ГРУМ’Ё
О так, Кэрціс, едзе. Давай, давай хутчэй агню! Паменш вады ў роспытах.
КЭРЦІС
Няўжо яна такая ўпартая свавольніца, як тут ідзе пра яе пагалоска?
ГРУМ’Ё
Была такой, добры Кэрціс, ды збылася на гэтай сцюжы. Ну ты ж сам ведаеш, зіма бярэ ў свае шоры і мужчыну, і жанчыну, і скаціну; зацугляла і ўтаймавала яна і даўняга майго гаспадара, і цяперашнюю маю гаспадыню, і мяне самога, дзядуля Кэрціс.
КЭРЦІС
Гэй, ты, аршын з шапкай, вунь табе бог, а вось парог: я не скаціна.
ГРУМ’Ё
Усяго аршын ды яшчэ і з шапкай? Адзін твой рог даўжынёй з фут, а я ні на цюцельку не карацейшы за яго. Раскладзеш ты, нарэшце, агонь ці не? А то я паскарджуся на цябе нашай новай гаспадыні, і ты як бач адчуеш ласку яе рукі, бо да яе самой цяпер ужо рукой падаць; і гэта цябе крыху падскварыць; вельмі ж ты ўжо марудзіш пры такой гарачай справе.
КЭРЦІС
Прашу цябе, добры мой Грум’ё, раскажы, што дзеецца на свеце.
ГРУМ’Ё
Марозіць, мароз і холад усюды, акрамя тваёй справы, а таму, Кэрціс, распальвай агонь. Зрабі сваю работу і наслухаешся ў ахвоту, бо гаспадар з гаспадыняю змерзлі, як ледзякі.
КЭРЦІС
Агонь жа гарыць, зірні, як шугае. Не адпірайся, дзяціна Грум’ё, выкалочвай навіны.
ГРУМ’Ё
Ну, «дзяціна, ну, хлапчына, будуць казкі і навіны». Будуць, Кэрціс, і ў мяшок не забярэш.
КЭРЦІС
Э, ты круцель вядомы: толькі круціш ды чмуціш.
ГРУМ’Ё
Падкладвай дроў, каб камін ажно роў. Надта ж мяне прадзьмула, браце,— зуб на зуб не трапляе. Дзе гэта кухар? Ці згатавана вячэра, ці прыбрана кватэра, ці разасланы дываны, ці змецена павуціна са сцяны? Мільён турбот, дружа Кэрціс, і ўсе на «ці». Ці апрануліся слугі ў абновы і белыя панчохі, а ўся чэлядзь — у святочныя ўборы, ці ўсё яшчэ сноўдаюцца па пакоях у зашмальцаваных рызманах? Ці вычышчаны лыжкі і міскі зверху і з сярэдзіны, ці разасланы абрусы? Ці ўсё гатова, я пытаюся?
КЭРЦІС
Усё гатова, не турбуйцеся; заклінаю — навіны.
ГРУМ’Ё
Перш за ўсё, знай, што мой конь стаміўся, падбіўся, а гаспадар з гаспадыняй рынуўся.
КЭРЦІС
Як гэта ім собіла?
ГРУМ’Ё
Вельмі проста: з сядла ды ў гразь. Ён і яна выкачаліся, як у лужыне парасё,— вось і ўсё.
КЭРЦІС
Працягвай, золатца Грум’ё.
ГРУМ’Ё
Падстаў вуха.
КЭРЦІС
Вось яно — вуха.
ГРУМ’Ё
Аплявуха.
(Дае яму поўху.)
КЭРЦІС
Дык гэта ж значыць навіну адчуць, а не пачуць.
ГРУМ’Ё
Таму гэта і называецца адчувальнай навінай. А поўхавіцай я табе пастукаўся ў вуха, каб ты лепей слухаў. Пачынаю казаць. Перш-наперш, мы спускаліся з касагорыны: ён за ёю, адным словам, абое.
КЭРЦІС
Абое на адным кані?
ГРУМ’Ё
А табе канечне ведаць?
КЭРЦІС
Чаму мне — і каню.
ГРУМ’Ё
Ну дык расказвай сам: вось калі б ты не перабіў мяне, ты б пачуў, як яе конь спатыкнуўся, кульнуўся і як яна апынулася пад канём; ты б пачуў, у якой яна была калатушы, як запэцкалася па вушы; як ён усё кінуў-рынуў, а яе пад канём пакінуў, як ён на мяне наваліўся і як за тое біўся, што яе конь паваліўся, і як яна клыпала па гразі, каб развесці мяне з ім, як ён лаяўся і як яна яго ўпрошвала — а да таго ж нават і слова «просьба» не прызнавала,— як я енчыў, што ажно коні разбегліся па полі, як у яе распаўзлася аброць, а ён, звяруга, збіў на мне падпругу,— і безліч такіх векапомных падрабязнасцей, якія цяпер для цябе ні гаў-гаў, ні кукарэку, і памрэш ты недарэкам.
КЭРЦІС
Мяркуючы нават па гэтым урыўку, ён яшчэ больш наравісты, чым яна.
ГРУМ’Ё
А як ты думаў? I гэта ты сам і самы фанабэрысты з усёй тутэйшай чэлядзі адчуеце на сваёй скуры, як толькі ён прыбудзе дадому. Ды што гэта я тут рассупоньваюся? Кліч Натаньела, Джозэфа, Нікласа, Філіпа, Уолтэра, Ласуна ды іншых. Няхай яны хоць прычэшуцца, пачысцяць свае сінія камзолы і падвяжуць зафлюндраныя панчохі, бо на іх усіх сарамата глядзець; накажы ім, каб паводзілі сябе прыстойна, расшаркваліся левай нагой і не кранулі нават валаска ў хвасце каня гаспадара, пакуль не пацалуюць яму ў ручку. Яны ўсе прыбраліся?
КЭРЦІС
Усе.
ГРУМ’Ё
Пакліч іх сюды.
КЭРЦІС
Гэй, вы,— чуеце? Вы павінны сустрэць свайго гаспадара, каб зрабіць ласку сваёй гаспадыні.
ГРУМ’Ё
А яна сама з ласкай?
КЭРЦІС
Хто ж гэтага не ведае?
ГРУМ’Ё
Ты, калі склікаеш людзей, каб зрабіць ёй ласку.
КЭРЦІС
Для іх зрабіць гаспадыні ласку — усё роўна як бы аддаць доўг.
ГРУМ’Ё
Яна едзе сюды на тое, каб рабіць даўгі.
Уваходзяць НЕКАЛЬКІ СЛУГ.
НАТАНЬЕЛ
З прыездам, Грум’ё!
ФІЛІП
Як жывеш, Грум’ё?
ДЖОЗЭФ
Што новага, Грум’ё?
НІКЛАС
Сябра Грум’ё!
НАТАНЬЕЛ
Як маешся, вусаты дзяцюк?
ГРУМ’Ё
Прывітанне ўсім вам, галубы мае! Як жывы-здаровы, сівакі мае? Што новага, буркунчыкі? Сябрына мая, дружына мая! Ну, і досыць для прывітання. А зараз скажыце, шчырыя другі мае, ці ўсё ў вас гатова, ці ўсё на месцы?
НАТАНЬЕЛ
Усё чысценька гатова. А гаспадар блізка?
ГРУМ’Ё
Рукой падаць: можа, нават тут, а таму не будзьце... Лёгкі чорт на ўспаміне. Цішэй: я чую яго крокі.
Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА.
ПЕТРУЧ’Ё
Куды ж змяло ўсіх гэтых лайдакоў?
Каля варот — ніводнага зладзюгі:
Ні стрэмя патрымаць, ні жарабкоў
Адвесці ў стайню некаму.— Дзе слугі
Натаньел, Грэгары, Філіп?
СЛУГІ
Мы дома;
Мы дома ўсе. Мы тут даўно стаім.
ПЕТРУЧ’Ё
«Мы тут; мы дома». Гэта невядома,
Ці ўсё ў вас дома, злыдні, гультаі —
Ні паваротлівасці, ні запалу.
Дзе ж пасланец мой, Грум’ё-абібок?
ГРУМ’Ё
Вось толькі ж, толькі што зайшоў у залу
Ваш абібок, якому зад і бок
Счарнілі вы надоечы папругай.
ПЕТРУЧ’Ё
Разява, кляча дохлая, кіжлай.
Ці ж я не загадаў табе, наруга,
Нас выйсці сустракаць пад самы гай
I за сабою весці гэту «схізму»?
ГРУМ’Ё
Калі ж Натаньел латаў свой сурдут,
А Пітэр, выбачайце, ставіў клізму,
А Габрыэль, здаецца, шыў хамут;
Уолтэр — той, казалі, ля сталярні
Тачыў кінжал. I толькі пад рукой
Былі Адам і Рэльф, ды на вяндлярні
Ўсё кашляў Грэгары. Вось тут і строй
Такое войска беднаму кур’еру,
А ўсё ж я іх пастроіў і прывёў.
ПЕТРУЧ’Ё
Марш, лайдакі! — Прынесці нам вячэру.
НЕКАЛЬКІ СЛУГ выходзяць.
(Петруч'ё напявае.)
«Дзе дні юнацтва засталіся?
Дзе дні...»
Ты, Кэт, сядай і не сумуй.
Ох-ма, жыццё, жыццё...
Уваходзіць СЛУГА, несучы вячэру.
Ну, што ж ты, Кіса,
Стаіш, маўчыш? Сядай.— А ты, статуй,
Сцягні мне боты. Чуеш, недаробак?
(Напявае.)
«Жыў-быў дзябёлы капуцын,
Ліхі ахвотнік да жанчын...»
Лягчэй, халява,— вывіхнеш нагу.
Цягні другі — і атрымай заробак.—
(Дае слузе поўху.)
Вады падаць! — Кэт, што ж ты ні гу-гу?
Развесяліся.— Дзе вы, арыштанты?
Прывесці пса Траіла! — Прэч, цюхцяй;
Пакліч сюды кузена Фердынанда.
СЛУГА выходзіць.
Кэт, Фердынанд — наш мілы хлопчык-пай.—
Вы дзе пантофлі дзелі і ці скора
Дасце вады?
Уваходзіць СЛУГА з тазам.
Ну, мый жа рукі, Кэт,
I будзь за гаспадыню.
СЛУГА ўпускае з рук таз.
Ох ты гора! —
Няўклюда, сухарукі шпінгалет.
(Б'е слугу.)
КАТАРЫНА
Не біце, ён неназнарок; не біце!
ПЕТРУЧ’Ё
Кіжлай, шлапак, сляпая курая.—
Сядайце, Кэт, і трошкі закусіце.
Памолішся сама ці, можа,— я?
Тут што, рагу з бараніны?
1-шы СЛУГА
З ягняці.
ПЕТРУЧ’Ё
Хто пpадаваў?
ПІТЭР
(слуга)
Я.
ПЕТРУЧ’Ё
Гэта ж вугалі.
Згарэла ўсё дазвання. О, пракляцце!
Дзе кухар? Выкапаць хоць з-пад зямлі
I зараз жа — сюды! Ці ж не распуста?
Як вы адважыліся мне падаць
На нейкіх кішках шэрую капусту?
Прыбраць, вы чуеце? Усё прыбраць!
(Змятае ўсё са стала і раскідае па сцэне.)
Ах лізуны збрадлівыя, падлюгі!
Вы што — бубніць? Чакай жа мне, лайдак!
КАТАРЫНА
Прашу вас, муж, не трэба заварухі.
У мяса, я сказала б, добры смак.
ПЕТРУЧ’Ё
А я кажу, што тут прыгаркі ў мясе,
Нібы яго пяклі на пажары.
Не то што я, а кошка б не ўзялася
Такое палізаць. Мне дактары
Ад смажаніны раяць адхрысціцца:
Яна турбуе жоўць і будзіць гнеў.
I нам абоім лепей папасціцца,
Бо й без таго з касцямі б часам з’еў
У злосці я цябе, а ты — Петруч’ё.
Не будзем хрумстаць гэту карыну.
Перагавеем ноч пасля заручын;
Ўжо ж неяк перацерпім ноч адну,
А раніцай нам пададуць сняданне.
Хадзем, каток, на шлюбны ложак наш.
Выходзяць КАТАРЫНА, ПЕТРУЧ'Ё і КЭРЦІС.
Уваходзяць паасобку НЕКАЛЬКІ СЛУГ.
НАТАНЬЕЛ
Ты, Пітэр, бачыў гэта ўтаймаванне?
ПІТЭР
Па кліну клінам ды абухам пляж!
Уваходзіць КЭРЦІС.
ГРУМ’Ё
Ну, дзе ён дзеўся?
КЭРЦІС
Там, у спальні, чытае ёй пропаведзь аб устрыманні.
Шуміць, грыміць, і лаецца, і бэсціць,
А ёй, гаротнай, гэта ў навіну:
Не знае, дзе прылегчы, дзе прысесці,
Маўчыць, як непрытомная са сну.
Хадзем, хадзем адсюль! Ён зараз прыйдзе.
Выходзяць.
Уваходзіць ПЕТРУЧ'Ё.
ПЕТРУЧ’Ё
Дзе мука, там, гавораць, і навука,
А мне двайная мука, што й казаць.
Упадабаць свавольніцу не штука,
Ды як з ёй жыць? Спрабуй тут рады даць.
Мая саколка хмурая сягоння:
Не снедала. Ну, што ж — скубі валлё,
Пакуль не закрычу: «Акыш — у лёт
За зайцам узагнаным у пагоню!»
Нейк галубятнікі мне гаварылі,
Як прыручыць галубку, каб стралой
На свіст гаспадара, злажыўшы крылле,
З-пад хмар ляцела ўніз, на вільчык свой —
Пазбавіць трэба сну, не даць спачыну,
Як беркута, каб выбіць дух ліхі.
Вось так і я ўтаймую Катарыну
I выб’ю наравісты дух благі.
Не спала тую ноч і зноў не будзе
Адпачываць і ў гэту — пахадзі,
Пабудзь у калатні, у перапудзе
Ды мужу ўсім і ўсюды дагадзі.
Падняў учора гвалт з-за парушынкі
Ў булёне, з-за прыгарачкі ў рагу,
А сёння «пакаштуе смак разінкі»,
Калі я ў спальні гэтак жа змагу
Віхурай усхадзіцца, прычапіцца
Да шлюбнае пасцелі і пачну
Падушкі, коўдры і яе спадніцы
Шпурляць пад ногі і не дам ёй сну
Ніводнае хвіліны.
А знябытай,
Асалавелай кошачцы сваёй
Зманю, што муж нервовы і сярдзіты
З кахання: ён душы не чуе ў ёй.
Пачне драмаць. «Ах, спаткі захацела?» —
Пачну шаптаць на вушка: шу-шу-шу.
Такою ласкай можна выбіць з цела
Не толькі дух благі. Мой бог,— душу!
А наравы змяніць — і пагатове.
Не ўсё ж мядок, калі пайшло на тое.
Вам што, сіньёры, шкода маладой?
Лепш не магу. Парайце вопыт свой.
(Выходзіць.)
Падуя. Перад домам Баптысты. Уваходзяць ТРАНЬЁ і ГАРТЭНЗ’Ё.
ТРАНЬЁ
Няўжо магчыма, каб сіньёра Б’янка
Любіла не Лючэнц’ё, а другога?
Хто толькі не накпіў з мяне, дурнога:
Замест гасцінца — дзірка з абаранка.
ГАРТЭНЗ’Ё
Каб вам праверыць праўду слоў маіх,
Паслухайце цішком «навуку» іх.
Адыходзяць убок.
Уваходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКА.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Расказвайце пра поспехі ў чытанні.
Б’ЯНКА
А вы — пра вашы поспехі ў каханні.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Любві навука — гэта мой прадмет,
А раб навукі — у любві аскет.
Б’ЯНКА
Вам лепш бы майстрам быць таго прадмета,
А не рабом яго.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я вам на гэта
Адно скажу: хай сведкай будзе бог, —
Аскет — ваш раб, і ён ля вашых ног.
Адыходзяць убок.
ГАРТЭНЗ’Ё
Паспех і поспех — сутнасць не адна:
Тут розніца ўся ў націску.— Скажыце:
Не вы мне прысягалі, што яна
Кахае толькі вас?
ТРАНЬЁ
Э, лепш маўчыце.
Каварства пад прыгожанькім абліччам.
Паверце, Ліч’ё, крыўдна мне — хоць плач.
ГАРТЭНЗ’Ё
Прэч гульні ў жмуркі! Я, сіньёр,— не Ліч’ё
I не скрыпач. Так-так, і не скрыпач.
Абрыдла мне таіцца тут пад маскай
Дзеля яе адной, што можа ўзяць
Кумірам сэрца нейкага падпаска,
А сыну двараніна ганьбы даць.
Дык вось, сіньёр, мяне завуць Гартэнз’ё.
ТРАНЬЁ
Сіньёр Гартэнз’ё, я так часта чуў
Пра даўнасць вашых да яе прэтэнзій,
Што вам па шчырасці сказаць хачу:
Цяпер, пераканаўшыся ў каварстве
I легкадумнасці яе пустой,
Я разам з вамі, за яе махлярства,—
Пры ўмове, калі згодны вы са мной,—
Адмоўлюся ад Б’янкі назаўсёды.
ГАРТЭНЗ’Ё
Сіньёр Лючэнц’ё, гляньце вы на іх:
Цалуюцца, мілуюцца. Я згодны:
Клянуся ад імя усіх святых,
Што век не закрану яе, не гляну.
Яна не варта жару пачуцця
Маёй душы, якой і боль, і рану
Нанесла гэта здраднае дзіця.
ТРАНЬЁ
I я клянуся, што не ажанюся
З ёй ні за што, каб нават са слязьмі
Яна прасіла. Лепей утаплюся,
Чым параднюся з гэткімі людзьмі.
Цьфу, аж агідна, як яна там трэцца
Каля таго ўюна.
ГАРТЭНЗ’Ё
Хай цэлы свет
Яе асудзіць, збэсціць і зрачэцца.
А я, сіньёр, я здзейсню запавет.
Праз дзень ці два з багатай удавою
Аформлю шлюб. Яна мяне даўно
Трымае на прыкмеце. Бог з табою,
Гардыня Б’янка... Вам цяпер адно
Скажу я, мой сіньёр, на развітанне:
Не хараством сваім, а дабратой
Жанчына заваёўвае каханне.
Ну і бывайце! Клятвы я сваёй
Не адмяню.
(Выходзіць.)
ТРАНЬЁ
(сам сабе)
А складна ўсё ж маню.—
Сіньёра Б’янка, пажадаць вам шчасця,
Якое вам не снілася дваім?
Такога шчасця, што і ўсе напасці
Рассеюцца, нібы на ветры дым.
Падцікаваўшы вашае спатканне,
Сіньёры Траньё і Гартэнз’ё, іх
Я падтрымаў: я з імі ўжо ў кампаніі —
Вас выракліся.
Б’ЯНКА
Праўда, удваіх?
ТРАНЬЁ
Абодва.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Значыць, Ліч’ё — не жаніх?
ТРАНЬЁ
Ён парашыў да нейкай удавіцы
Пасватацца, жаніцца ці ўдавіцца.
Б’ЯНКА
Дай бог ім радасць.
ТРАНЬЁ
Ён яе ў баранні
Ражок сагне і вышкаліць.
Б’ЯНКА
Няўжо
Ён так хваліўся?
ТРАНЬЁ
Ў школу ўтаймавання,
Здаецца, запісаўся ваш дружок.
Б’ЯНКА
Куды? А дзе была такая школа?
ТРАНЬЁ
Была і ёсць. Там класнаю сіньёрай
Сіньёр Петруч’ё, швагер ваш вясёлы,
Дасціпна выкладае, як і чым
Выструньваць паслухмяны, ціхі нораў
У наравістых непакор-жанчын.
Б’ЁНДЭЛА
Сіньёр, сіньёр, ад бегання і посту
Я збіўся з ног, нібы стары ганчак.
I вось, нарэшце,— бачыце, ля мосту,
З узгорка клыпае сюды апостал,—
Ён нам якраз.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
А хто ён, небарак?
Б’ЁНДЭЛА
Не ведаю: гандляр ці таннай платы
Педант-настаўнік; па сваёй хадзе,
Гадах і выгляду — ён ніштаваты
Для нашай справы. Вунь, сюды ідзе.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну, як па-твойму?
ТРАНЬЁ
А не падвядзе?
Калі прастак і згодзіцца ўсё чыста,
Што я яму скажу, на веру ўзяць,
То будзе за Вінчэнц’ё, і Баптысту
Паабяцае ўсё, што па ўгаворы
Мы абяцалі ў спадчыну аддаць
Сіньёры Б’янцы. А цяпер, сіньёры,
Зрабіце ласку не перашкаджаць.
Выходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКА.
Уваходзіць ПЕДАНТ.
ПЕДАНТ
Дапамагай вам бог, сіньёр.
ТРАНЬЁ
I вам, сіньёр.
У пуць ці мо завернеце на двор?
ПЕДАНТ
Пабуду з тыдзень тут, куплю спажывы,
А там — дарога зноў у самы Рым,
А з Рыма ў Трыпалі, каб толькі жывы.
ТРАНЬЁ
Адкуль вы?
ПЕДАНТ
Я — вандроўнік, пілігрым
З самое Мантуі.
ТРАНЬЁ
Не смеяцеся?
Вы з Мантуі? Пан бог вас барані.
I за сваё жыццё не баіцеся
У нашай Падуі?
ПЕДАНТ
Жыццё? Ні-ні.
Не разумею вас: чаго баяцца?
ТРАНЬЁ
Ды вам жа тут з-за кожнага вугла,
Як мантуанцу, беднаму паяцу,
Смерць пагражае — куля ці страла.
Ваш мантуанскі герцаг пасварыўся
За нешта з нашым, наш жа жываглот,
Каб дапячы вам і каб разарыўся
Ваш край, ён загадаў увесь ваш флот
Знянацку захапіць — усе карветы...
Мне дзіўна, што не чулі вы аб тым;
Хоць вы і нетутэйшы, ды аб гэтым
Усюды ўжо даўно вядома ўсім.
ПЕДАНТ
Авой-авой, сіньёр, дык я ж загінуў.
Мне тут па фларэнтыйскіх вэксалёх
Належыць доўг, працэнты з палавіны...
ТРАНЬЁ
Я спачуваю вам, сіньёр, дальбог,
I ад душы хачу вам даць параду.
Скажыце мне, вы ў Пізе не былі?
ПЕДАНТ
Быў, быў, сіньёр,— у госці ездзіў к брату;
Славуты горад — вежа, караблі,
I ўлады не скупяцца на прыёмы.
ТРАНЬЁ
Вам там сіньёр Вінчэнц’ё не знаёмы?
ПЕДАНТ
Старэйшына гандлёвае канторы?
Купец магнат? На жаль, у іхні дом
Я не хадзіў, а чуў аб ім замнога.
ТРАНЬЁ
Ён бацька мой, і шчыра вам скажу:
Вы так падобны да майго старога.
Б’ЁНДЭЛА
(сам сабе)
Як малако — на бурую іржу.
ТРАНЬЁ
Аддаючы даніну падабенству,
Я вам, сіньёр, гатоў дапамагчы,
Каб вас уратаваць. Мяне з маленства
Спагадваць людзям бацька прывучыў.
Для вас, скажу я,— танна і сярдзіта
Быць двайніком Вінчэнц’ё ў гэты час.
Пад іменем яго, з яго крэдытам,
Вы, можа быць, паселіцеся ў нас?
Старайцеся трымацца ў ролі брава.
Вы разумееце мяне, сіньёр?
Жывіце і спраўляйце вашы справы.
Ну, як — згаджаецеся? Угавор?..
ПЕДАНТ
Я згодны. Цэлы век вам буду ўдзячны.
Вы ж мне жыццё і волю збераглі.
ТРАНЬЁ
Дык пойдзем. I самому хлеб той смачны,
Што з бедаком у горы падзяліў.
Між іншым, я звяртаю вашу ўвагу:
Мой бацька неўзабаве будзе тут,
Каб даць гарантыю майму пасагу
I вынесці апошні свой прысуд
Па справе сватаўства майго да меншай
Дачкі Баптысты. Рушым жа, сіньёр.
Шчэ будзе часу — гутарку завершым,
А зараз трэба вам змяніць убор.
Выходзяць.
Пакой у доме Петруч'ё.
Уваходзяць КАТАРЫНА і ГРУМ'Ё.
ГРУМ’Ё
Не, ні за што на свеце не пасмею.
Каб мог, дык я ж бы вас перасцярог.
КАТАРЫНА
Што божы дзень — то горш мне з гэтым змеем:
Сагнуў, скруціў мяне ў баранні рог.
Няўжо ён для таго са мной пабраўся,
Каб голадам марыць мяне? Жабрак.
Што ў нас, бывала, ля дзвярэй спыняўся,—
I той у дар атрымліваў пятак,
А не пятак, то і куском не грэбаў...
Я ж, век не ведаючы, як прасіць,
Як галадаць, я рада крошцы хлеба,
Глытку вады, каб горла арасіць!
Я прагну адпачынку, як збавення —
Забыцца б сном, зваліцца напавал.
I вось: замест яды — яго маленне,
Замест спачынку — лаянка і гвалт.
Я вар’яцею, клекачу ад злосці,
Што гэты здзек мой скараспелы муж
Тлумачыць тым, што гэта ўсё з любосці,
З замілавання да мяне. Чаму ж
Ён на сабе такое ўтаймаванне
Не хоча спрабаваць? I, сапраўды,
Калі б я ўночы спала, ела ўранні,
Няўжо б з таго памерла я тады
Ці захварэла? — Грум’ё, ты хоць трошкі
Дастань харчоў, хаця б пакаштаваць.
ГРУМ’Ё
Кусочак шынкі ці цялячай ножкі?
Што вам па густу?
КАТАРЫНА
Хопіць жартаваць;
Хутчэй нясі хоць што, без перабораў.
ГРУМ’Ё
Баюся я: ад мяса будзе боль
У жываце.— Мо вам рубцы пад нораў?
КАТАРЫНА
Ахвотна з’ем. Ты прынясі пабольш.
ГРУМ’Ё
Я й рад бы, але ж крыху страшнавата:
Трыбух для жоўці шкодны — вось бяда.
А як наконт грудзінкі, вы — не хваты?
З хранком сярдзітым? Смачная яда.
КАТАРЫНА
З’ем, не пытай: я ўсё гатова з гора
Са смакам з’есці.
ГРУМ’Ё
Так,— не без прычын.
Але ж хранок — ён можа ўзбурыць горыч.
КАТАРЫНА
Грудзінку прынясі, а хрэн пакінь.
ГРУМ’Ё
Без выбару: альбо хранок з гарчыцай,
Альбо нічога; выбар невялік.
КАТАРЫНА
Не раздражняй, каварная лісіца,
Мяне харчы цікавяць, а не лік.
Я з голаду не знаю, дзе прысесці.
Хутчэй прынось абы-якую дрэнь:
Дзве стравы ці адна — абы пад’есці.
ГРУМ’Ё
Ну, што ж, цудоўна: я прыношу хрэн.
КАТАРЫНА
Душыся хрэнам сам, ілгун каравы;
Пайшоў адгэтуль, чортаў абармот!
Кпіць проста ў вочы пералікам страваў,
Калі ў мяне к спіне прысох жывот.
Чума на вас усіх, на вашу зграю!
Ты чуеш,— прэч, у будку марш сваю.
Уваходзіць ПЕТРУЧ'Ё з талеркай у руках, за ім — ГАРТЭНЗ'Ё.
ПЕТРУЧ’Ё
Катулечка, ну як ты пажываеш?
ГАРТЭНЗ’Ё
Сумуеце, сіньёра?
КАТАРЫНА
Не, пяю.
ПЕТРУЧ’Ё
Развесяліся, глянь разок з усмешкай,
Які ў цябе руплівы, добры муж:
Сам пёк, сам смажыў, поркаў галавешкі,
Не ў свой упрогшыся мужчынскі гуж,—
I вось прынёс, каб заслужыць падзяку
Хаця б за ўвагу, клопаты.
(Ставіць талерку на стол.)
Маўчыш?
Відаць, мае прысмакі не да смаку
I за старанні мне ў падзяку — шыш.
(Да слуг.)
Прыміце прэч!
КАТАРЫНА
Прашу вас, не прымайце.
ПЕТРУЧ’Ё
За харч падзякуй, звычай ёсць такі.
Хто дзякуе, тым кажуць: «Спажывайце».
КАТАРЫНА
Што ж, дзякуй.
ГАРТЭНЗ’Ё
О, жаніх, вы гаваркі
Прыдзірлівы педант, што нам аж сорам.—
Сіньёра, я падсяду ў пару к вам.
ПЕТРУЧ’Ё
(шэпча на вуха Гартэнз'ё)
Гартэнз’ё, ты адзін з’еш гэты скорам.—
Жуй, жуй, каток, работу дай зубам,
Бо час бяжыць, а мы павінны сёння
Дапяць у Падую пад ноч хаця
I там гульнуць. Журботнае дзіця,
Пакінь нуду. Дзе пешкі, а дзе конна
Даедзем, дойдзем — і на людным сходзе
Так здзівім свет раскошаю абноў —
Шаўкамі плаццяў па агюшняй модзе,
Плюмажаў, фіжмаў, брыжаў і штаноў,
Капелюшоў, візітак, руж і рушак,
Пярсцёнкаў, завушніц, калье, камей
I розных фінціфлюшак і бразгушак,
Што зайздрасць вочы выесць у гасцей.
Ты скончыла жаваць? Кравец чакае,
Каб аксамітам твой аздобіць стан.
Уваходзіць КРАВЕЦ.
Ідзі сюды. Чаго дрыжыш, як Каін?
Кладзі тавар.
Уваходзіць КРАМНІК.
А што ў цябе, кафтан?
КРАМНІК
Капелюшок, сіньёр, для ваша кіска.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну-ну, развязвай вузел, пакажы.
А гэта што тут — плісавая міска,
Кіла ці вымя дойнае казы?
I ты асмеліўся мне ў дом прыстойны
Прынесці бессаромна гэту дрэнь —
Курыны вылівак, благі падойнік,
Што хоць варон пужаць на кол надзень?
Цьфу! Забірай свой лямец і па згодзе
Паказвай большы.
КАТАРЫНА
Гэты — самы шык.
Цяпер капелюшы малыя ў модзе,
Блін-капялюш — апошняй моды крык.
У свеце ўсе прыстойныя жанчыны
Такія носяць.
ПЕТРУЧ’Ё
Вось і ты, калі
Пакорнай, свецкай станеш, Катарына,
Сабе закажаш гэты самы блін,
А да тае пары не мар аб новым.
ГАРТЭНЗ’Ё
(убок)
Не скора ж прыйдзе той жаданы час.
КАТАРЫНА
Чакайце, я, здаецца, маю слова
I я скажу адкрыта, без прыкрас.
Я не дзіця, і верце — я не хлушу —
Не вам раўня, а слухалі мяне,—
А стане прыкра, зашпаклюйце вушы;
Язык, як мяліца,— усё самне,
Што коле ў сэрца, і сыпне кастрыцай —
Калючай праўдай, жорсткаю, як жвір.
Бо станеш уступаць вам і таіцца,
Ад крыўды рынеш галавой у вір.
ПЕТРУЧ’Ё
Э, што там гаварыць: убор не модны
Варэнік, бурбалка, шаўковы торт.
Люблю цябе, што ты са мною згодна.
КАТАРЫНА
Любі ці не любі, а слухай, чорт:
Не згодна, і хачу капэлюш-чэпчык
Вось гэты, толькі гэты,— не другі.
КРАМНІК забірае клумак і выходзіць.
ПЕТРУЧ’Ё
Кравец, а ты там што ў парозе шэпчаш?
Прынёс заказ? Ды што ж гэта — кругі,
Якіясь абручы? Ты не для ціра
Ўсё гэта нашпіляў? Тут што — рукаў?
Дальбог, пузыр. Раздутая марціра
I ромбы, нібы кросны ў павука;
Надрэз, прарэз, прарэха на прарэсе —
Курыльніца з цырульні: крыжык, крыж,
Так-сяк і накасяк. Чаго ты трэшся,
Чаго блішчыш? Чакаеш на барыш?
Ты спадзяешся, што табе заплацяць
За твой так званы падвянечны ўбор?
ГАРТЭНЗ’Ё
Ўсё ясна: быць ёй без чапца і плацця.
КРАВЕЦ
Вы ж самі загадалі мне, сіньёр,
Пашыць і па сезону і па модзе.
ПЕТРУЧ’Ё
Так, загадаў у час падгатаваць,
Па модзе скроіць і пашыць — і годзе.
А хто ж табе загадваў сапсаваць?
Складай манаткі і скачы панура;
Даскачашся, як блошка, на пліце:
Заказы знікнуць, знікне кліентура,
I кішкі справяць хор у жываце.
Бяры свой хлам, рабі з ім што захочаш
I — з богам!
КАТАРЫНА
Я ізноў адкрыта ў вочы
Скажу: такога плацця я ніколі
Не бачыла — прыемны мне фасон,
Па модзе, зграбнае. Вы, муж-саколік,—
Страшыдла, пудзіла пужаць варон
З мяне зрабіць хацелі б?
ПЕТРУЧ’Ё
Гэта праўда,
Але не я, а ён, вось гэты чмут.
КРАВЕЦ
Сіньёра, ваша міласць, плаццю рада.
ПЕТРУЧ’Ё
Страшэннае нахабства! Лжэш, хамут.
Выкручваешся, вуж, цурбан, напарстак,
Крывы аршын, шырынка і прарэх.
Ты, спрытная блыха, пакінь штукарства,—
Мне ў злосці не да жартаў, пустабрэх!
Запечны цвыркунок, а бачыш — прытак,
Кусае спадцішка. Сляпая моль.
Ці чулі — ён, вось гэта шпуля нітак,
Мне грубіяніць, сыпле ў рану соль?
Вон, вон з пакоя, вылівак курыны!
Абрэзак, лапікла з азадка — вон!
А то я так цябе тваім аршынам
Прамеру, што ў вушах зазвоніць звон.
Я гавару, што плацце ты схалтурыў.
КРАВЕЦ
Не, ваша міласць, плацце ў самы раз:
Прыгнана і пашыта па фігуры,
Як Грум’ё, ваш слуга, і даў заказ.
ГРУМ’Ё
Я даў матэрыю, а не ўказанне.
КРАВЕЦ
А ўсё ж, вы як сказалі мне пашыць?
ГРУМ’Ё
Іголкай з ніткай і дадаць старанне.
КРАВЕЦ
А скроіць як сказалі вы? Маўчыць!
ГРУМ’Ё
Ты многіх рабіў фасоністымі?
КРАВЕЦ
Многіх.
ГРУМ’Ё
А мяне цябе не перафасоніць: я не хачу, каб мяне абалванілі і перафасонілі. Сцвярджаю, што я загадаў свайму гаспадару плацце пакроіць, а не пакрамсаць яго на дробныя шматкі; а пагэтаму ты хлусіш.
КРАВЕЦ
Чакайце, вось запіска, дзе сказана аб пакроі плацця.
ПЕТРУЧ’Ё
Чытай, што напісана.
ГРУМ’Ё
Напісана — кабыла лысая, жарабё рабое — з’еў воўк абое. Аднак запіска яўна хлусіць, калі ў ёй сказана, што гэта гаварыў я.
КРАВЕЦ
(чытае)
«Па-першае, свабодна аблягаючае плацце».
ГРУМ’Ё
Клянуся, сіньёр гаспадар, што, калі я каму-небудзь гаварыў «свабодна аблягаючае плацце», няхай мяне зашыюць у яго падол і лупцуюць да смерці канцом суровай ніткі; я проста сказаў «плацце».
ПЕТРУЧ’Ё
Чытай далей.
КРАВЕЦ
(чытае)
«З невялікім круглым каўняром-жабо».
ГРУМ’Ё
«Каўняром» — гаварыў, а «жабы» — не памятаю.
КРАВЕЦ
(чытае)
Рукаў — трубачкай.
ГРУМ’Ё
Не рукаў, а два — гэта я казаў.
КРАВЕЦ
(чытае)
«I каб рукавы з выдумкай».
ПЕТРУЧ’Ё
Вось, вось: гэта якраз і выдумка, Грум’ё.
ГРУМ’Ё
Тут памылка ў запісцы, сіньёр, яўная памылка. Я гаварыў, каб рукавы былі спярша выкраены, а пасля ўшыты, і я табе, кравец, дакажу гэта, хоць твой палец і ўзброены напарсткам.
КРАВЕЦ
Я гавару праўду. Папаўся б ты мне ў другім месцы, я б табе даказаў!
ГРУМ’Ё
Дык, калі ласка,— я перад табой; дай мне ў рукі твой аршын, вазьмі запіску і дубась не шкадуючы.
ГАРТЭНЗ’Ё
Барані бог, Грум’ё. Тады ў яго не будзе аніякіх шанцаў на аплату.
ПЕТРУЧ’Ё
Мне вас шкада, а плацце не па мне.
ГРУМ’Ё
Нашто ж па вас? Яно па гаспадыні.
ПЕТРУЧ’Ё
Забірай яго ў карысць твайго гаспадара.
ГРУМ’Ё
I не падумай, нягоднік, забіраць плацце маёй гаспадыні ў гардэроб твайго гаспадара.
ПЕТРУЧ’Ё
А што? Ты што пад гэтым разумееш?
ГРУМ’Ё
Пад гэтым — нічагуткі, а вось глыбей —
Глыбокі змест і форму. Я не дам.
Дарыць яе уборы нейкай глыбе,
Азызлай з тлушчу — нечай там мадам!
ПЕТРУЧ’Ё
(на вуха Гартэнз'ё)
Скажы, што ты краўцу за ўсё заплаціш.
(Да Краўца.)
Бяры і прэч — і больш не галагань.
ГАРТЭНЗ’Ё
(на вуха Краўцу)
Кравец, я заўтра заплачу за плацце.
Згаджайся з ім ва ўсім, паддаквай, гань.
Ідзі. Гаспадару скажы мой дзякуй.
КРАВЕЦ выходзіць.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну што ж папішаш, Кэт, на бацькаў баль
Паедзем мы ў будзённым, пахадзякі,
У гэтых трантах, на вялікі жаль.
Прынята і вядзецца так спрадвеку,
Што цэняць не ўпакоўку, а тавар.
Бо не адзежа красіць чалавека,
А розум. Як праз аблачыны ўдзень
Багацце сонца ззяе, так і зроду
Свіціцца чэсць праз бедны ўбор людзей.
Ці ж салавейка не раўня удоду,
Якога апярэнне багацей?
Няўжо мы станем выхваляць яхідну
I ганіць вераценніка-вугра
За тое, што на выгляд ён агідны,
А футра у яхідны з серабра?
О не, каток! Цябе твой скромны выгляд
Не зганьбіць і не ўнізіць ані-ні.
Ён так табе да твару, быццам выліт.
А будзе сорамна, ва ўсім віні
Мяне, нягодніка. Пара дадому.
Развесяліся. Едзем жа гуляць.
Кліч слуг. Вось будзе радасці старому!
Стаеннікаў за браму падагнаць,
Туды — за ўзгорак, у канец прысады.
Мы дойдзем, тры вярсты — не дальні свет.
Разыдземся крыху. Вось будуць рады,
Раптоўна, нечакана — на абед
Такія госці! Ранак нейкі шэры.
Зарэе. Сем гадзін — не больш цяпер.
КАТАРЫНА
Ўжо дзве гадзіны дня. Мы не паспеем,
Не толькі на абед, а й на вячэру.
ПЕТРУЧ’Ё
Мы выедзем у сем, дакладна ў сем.
I што ў цябе за нораў, Катарына,
Ці я раблю што, ці кажу, ці нем —
Ты ўсё наперакор? Гэй вы, дружына,
Назад! Не еду. Будзем тут датуль
Сядзець, пакуль свой нораў не паправіць
Мая непаслухмяная Катуль.
ГАРТЭНЗ’Ё
(убок)
Дальбог, ён хутка сонцам стане правіць.
Выходзяць.
Падуя. Перад домам Баптысты.
Уваходзяць ТРАНЬЁ і ПЕДАНТ, пераапрануты пад Вінчэнц'ё.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, вось дом Баптысты. Мо заглянем?
ПЕДАНТ
Чаму б і не? Не ведаю, калі,
Гадоў таму за дваццаць — мы ў Мілане
З ім разам дні са два ці тры жылі
Ў гасцініцы «Пегас». Павінен ведаць.
ТРАНЬЁ
Цудоўна. Пастарайся як мага
Трымацца з гонарам старога дзеда.
ПЕДАНТ
Ручаюся.
Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.
А вось і ваш слуга.
Вам і яго не шкодзіла па дружбе
Наструніць.
ТРАНЬЁ
Не хвалюйцеся.— Гэй, ты,
Прайдоха, ты хітруй ды ведай службу:
Я — сын, ён — бацька, а удвух — сваты.
Ты зразумеў?
Б’ЁНДЭЛА
Ха, гора б больш не меў.
ТРАНЬЁ
Баптысту, што прасіў я, перадаў ты?
Б’ЁНДЭЛА
Сказаў, што бацька ваш ужо прыбыў
Ў Венецыю і што не сёння-заўтра
Ён будзе тут.
ТРАНЬЁ
Падбіўся ад хадзьбы,
Вазьмі — глыні. З табою не загінеш.
Баптыста йдзе. Іграйце ж роль, стары!
Уваходзяць БАПТЫСТА і ЛЮЧЭНЦ'Ё.
Сіньёр Баптыста, лёгкі на ўспаміне.
(Да Педанта.)
Ён — той сіньёр, што я вам гаварыў.
(Да Баптысты.)
Прашу вас, будзьце добрым бацькам, цесць,
I як пасаг, аддайце вашу Б’янку.
ПЕДАНТ
Чакай, сынок.— Вітанне вам і чэсць.—
Сіньёр, дазвольце? Я сягоння зранку
Прыбыў сюды, каб атрымаць даўгі,
I тут, як снег на галаву — навіна:
Мой сын Лючэнц’ё, хлопец не благі,
Здаецца, хоча стаць у вас за сына;
Між ім і вашаю дачкою — лад.
Спагадлівы да вашай добрай славы
I верачы, што для любві адклад —
Вядзе разлад, як бацька, я вам штосьці
Скажу: Кэт любая яму і ён ёй любы —
Хай жэняцца. Сіньёр, мы ў маладосці
Былі такімі. Не пярэчу шлюбу.
Калі я вам, сіньёр Баптыста, ўладзіў
Пад ваш намер, то шчэ магу дадаць,
Што як упобач сядзем — справу зладзім.
А мне ў машне завязкі развязаць,
Шурхнуць казной — мы ў гэтым не падгадзім.
Нявестку забяспечыць я гатоў,
Каму-каму, а вам не пашкадую,
Пакрыю ўсе выдаткі ў барышы...
БАПТЫСТА
Сіньёр, за праўду, кажуць, не крыўдуюць.
Мне ваша шчырасць вельмі па душы,
Ваш сын Лючэнц’ё і мая пястушка,
Як двое галубкоў ці спарышы —
Адна душа, а як наконт кахання,
Дык хто ж іх ведае — мо строяць пастку?
Але калі вы згодны завяшчанне
Пацвердзіць і тым самым Б’янцы частку
Дакляраваць з іх скарбаў і дабра,
Калі яна, крый божа, заўдавее,—
Дык і па ўсім. Па прыказцы: з двара
На двор суседу добрым ветрам вее,
Калі сусед не злодзей, а радня.
ТРАНЬЁ
Цудоўна, цесць. I дзе ж бы гэта зручна
Было нам пасядзець хаця б з паўдня,
Прыгубіць чарачку на знак заручын
I шлюбны наш аформіць дагавор?
БАПТЫСТА
Не ў нас, Лючэнц’ё, сцены маюць вушы:
Мой дом — не дом, а пастаялы двор:
Там безліч слуг, і Грэм’ё там дасужы,
А ён на гэта мае тонкі слых.
ТРАНЬЁ
Дык, калі ласка, к нам — мы будзем рады.
Мы з бацькам пражываем удваіх,
Вось там без подслухаў, без шуму, здрады
Уладзім справу як і мае быць.
Вы па сваю дачку пашліце Камб’ё,
А па натарыуса пабяжыць
Мой пасланец. Сіньёр, каб мы чакалі,
Што выйдзе так, дык мы б накрылі стол,
А тут цапом-лапом — закускі мала.
БАПТЫСТА
Тым лепш. Дык вы бяжыце к нам, сакол,
Скажыце Б’янцы, каб мяне чакала,
I можаце таксама ёй сказаць,
Што ў Падую прыбыў стары Вінчэнц’ё
I што яго сынок — мой мілы зяць,
А Б’янка — жонка любая Лючэнц’ё.
Б’ЁНДЭЛА
О божа, хай жа будзе ў добры час!
ТРАНЬЁ
Не божкай, а бяжы, калі сказалі.
Б'ЁНДЭЛА выбягае.
Сіньёр Баптыста, мы праводзім вас.
Прашу. Вы ўжо прабачце — не чакалі:
Закускі мала — толькі сальцісон.
Затое ў Пізе мы развяжам торбы.
Выходзяць ТРАНЬЁ, ПЕДАНТ і БАПТЫСТА.
Вяртаецца Б’ЁНДЭЛА.
Б’ЁНДЭЛА
Гэй, Камб’ё!
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну чаго ты, пустазвон?
Б’ЁНДЭЛА
Заўважылі, як Траньё вам падморгваў?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дык што?
Б’ЁНДЭЛА
Сто; ён пакінуў мяне тут, каб разжаваць вам сэнс і сутнасць яго знакаў і кіўкоў.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Заклінаю, растлумач!
Б’ЁНДЭЛА
Не заклінайце, а слухайце. Стары карась Баптыста клюнуў і яго пацягнулі; ён цяпер зводзіць рахункі з падробным бацькам падробнага сына.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Ну дык што?
Б’ЁНДЭЛА
Яшчэ раз сто — з вас. Вам належыць вывесці яго дачку на вячэру.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Далей?
Б’ЁНДЭЛА
Не далей, як у царкву святога Лукі. Стары канонік у любы час гатовы да вашых паслуг.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
А што з гэтага?
Б’ЁНДЭЛА
Вось гэтага я не ведаю; а толькі, як на мой розум, за тог. пакуль яны будуць заняты фальшывым забеспячэннем, вам варта было б забяспечыць яе за сабой cum privilegio imprimendum solum[22]. Хутчэй тупайце ў касцёл, захапіце з сабою псаломшчыка і некалькі прыстойных сведак.
Калі вы будзеце такі бязвольны,
То й не пабачыць Б’янкі вам ніколі.
(Збіраецца ісці.)
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Паслухай, Б’ёндэла.
Б’ЁНДЭЛА
Няма калі. Я знаў адну верціхвостку, якая аднойчы выскачыла ў агарод нарваць пятрушкі, каб начыніць труса, натрапіла на нетруслівага і выскачыла замуж. Гэта і вам навука, сіньёр,— бярыце прыклад з тае дзеўкі. Да пабачэння, сіньёр, адзью! Мой гаспадар наказаў мне схадзіць у сабор святога Лукі і сказаць свяшчэнніку, каб той быў гатовы сустрэць вас з вашым апендыксам. (Выходзіць.)
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я ўсё змагу, чаго яна жадае,
Бо я ўсяго хачу, чаго й яна.
Сумненні прэч. Ты чуеш, маладая,
Наш лёс адзін — і воля ў нас адна.
На рызыку, як і на суд народны,
Ідзе адважны і высакародны. (Выходзіць.)
Праезная дарога.
Выязджаюць ПЕТРУЧ’Ё, КАТАРЫНА, ГАРТЭНЗ'Ё, за імі — подбегам СЛУГІ.
ПЕТРУЧ’Ё
Хутчэй, хутчэй — да бацькі ж, у цяпло
Спяшаемся. Як месячна на полі.
КАТАРЫНА
Шчэ відна. Гэта дзённае святло.
ПЕТРУЧ’Ё
А я кажу, што месячна. Даволі!
КАТАРЫНА
Я не сляпая: сонца не зайшло.
ПЕТРУЧ’Ё
Клянуся сынам маці — сам сабою,
Сабой клянуся: што б там ні было:
Маланку, месяц, зоркі — ўсё такое,
Што свеціць уначы — я бачыць рад,
А сонца мне не трэба, я не еду.—
Гэй, ездакі, вяртайцеся назад!
Усё наперакор. Яна са свету
Мяне зжыве упартасцю ліхой.
ГАРТЭНЗ’Ё
Згаджайцеся, бо нам і не даехаць.
КАТАРЫНА
Каб недалёкі шлях, дык я з табой
Счапілася б насмерць. А так — хай вехаць,
Хай месяц, смольны корч, хай медны таз
Там свеціць — мне ўсё роўна, мне ўсё роўна.
Я больш не буду. Вось вам мой адказ.
ПЕТРУЧ’Ё
Я гавару, што месяц.
КАТАРЫНА
Праўда, поўня.
ПЕТРУЧ’Ё
Хлусня, ды гэта ж сонца, божы дар.
КАТАРЫНА
Бог з ім, з тым дарам. Мо і праўда — сонца?
А скажаце не сонца, гаспадар,
Я паўтару, бо так і трэба жонцы.
Непастаянны месяц, як і вы,
Чым назавеце, тым яму і звацца.
Цішэй вады, сіньёр, ніжэй травы
Я буду перад вамі.
ГАРТЭНЗ’Ё
Бог мой, братцы,
Петруч’ё,— крэпасць пала! Вось адкрыцце!
ПЕТРУЧ’Ё
Так і павінен шар на ўвесь разгон
Таціцца па наклоне дна у карыце,
А не паўзці, як п’яны на адхон,
Але цішэй. Там хтось да нас кульгае.
Уваходзіць ВІНЧЭНЦ'Ё.
Сіньёра, добрай раніцы! Куды вы? —
Скажы мне шчыра, Кэт, без балаўства:
Ты бачыла хоць раз такое дзіва —
Асанкі, свежасці і хараства?
Румянца з белізною шчок змаганне,
Пад крыллем броваў — іскры яркіх зор,
I на нябесным твары ўсмешкі ззянне,
Самой прыгожасці найлепшы ўзор? —
Красуня, вам яшчэ раз прывітанне! —
Кэт, пацалуй яе за хараство.
ГАРТЭНЗ’Ё
Той дзед ад гэтакага шанавання
I канчаткова страціць розум свой.
КАТАРЫНА
Чароўная ў самой красе дзяўчына,
Куды спяшаешся, ў якую даль?
Найшчаслівейшая з жанчын жанчына,
Сынку каторай шчодры лёс, як дар,
Аддасць цябе, радні сваёй уцеху.
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, ды у цябе апілкі ў галаве.
Глянь, гэта ж грыб-смарчок, мішэнь для смеху,
А ты дзяўчынаю яго завеш.
КАТАРЫНА
Даруй, дзядуня, мне маю памылку:
Праменні сонца слепяць вочы — змрок.
Кругі ў вачах, зялёныя пражылкі.
Вось зараз бачу: ты — стары дзядок.
Даруйце, калі ласка, мне няўдачы.
ПЕТРУЧ’Ё
А ты, стары, не гневайся, прабач.
Скажы, куды ты клыпаеш, бядача?
Магчыма, падвязём на пары кляч.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Сіньёр і вы, сарока-сіньёрына,
Вы так мяне здзівілі,— проста смех.
Я з Пізы і вось дыбаю да сына,
Каторы ў Падую шукаць уцех
Паехаў і прапаў. Хачу сустрэцца.
Маё імя Вінчэнц’ё.
ПЕТРУЧ’Ё
А сынка?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Дык жа і вісуса Лючэнц’ё зваць.
ПЕТРУЧ’Ё
Сустрэча наша — цуд, магу сказаць,
Цяпер ужо не можна памыліцца;
Ты — бацька мой па нітачцы вянка:
Мая швагерка, вось яе сястрыца,
Выходзіць замуж за твайго сынка.
Ты не дзівіся і не плач з адчаю,
Яна дачка багатага купца,
Адзін другога варты. Я канчаю
I з вашага дазволу, як айца,
Вас абдыму, старога двараніна.
Паедзем разам сына сустракаць.
Такая будзе радасць бацьку й сыну!
ВІНЧЭНЦ’Ё
А вы не смеяцеся з бедака?
Вы гэта праўду кажаце, без жартаў,
Якімі спадарожным галаву
Марочаць выскалякі і банкарты?
ГАРТЭНЗ’Ё
Я гэта шчырай праўдай назаву,
Як чалавек старонні, я не блазан.
ПЕТРУЧ’Ё
Прыедзем — сам пабачыш, што і як.
Жарт жартам, бо язык жа не завязан.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё, КАТАРЫНА, ВІНЧЭНЦ'Ё і СЛУГІ.
ГАРТЭНЗ’Ё
Вось гэта дык Петруч’ё, вось мастак!
Ў такога б нежанатым павучыцца,
Яго майстэрству жонкай кіраваць.
Я ж пакажу табе, мая ўдавіца,
Як з наравістых нораў выбіваць.
(Выходзіць.)
Падуя. Перад домам Лючэнцё.
Уваходзяць спачатку ГРЭМ'Ё, за ім — Б'ЁНДЭЛА, ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКА.
Б’ЁНДЭЛА
Мякчэй і хутчэй, сіньёр: канонік чакае.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Лячу, Б’ёндэла. Магчыма, ты цяпер спатрэбішся ім дома; пагэтаму пакінь нас.
Б’ЁНДЭЛА
Ну, не, я хачу зірнуць, як за вамі зачыняцца дзверы сабора, а тады ўжо з усіх ног пабягу да дзвярэй свайго гаспадара.
Выходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё. Б'ЯНКА і Б'ЁНДЭЛА.
ГРЭМ’Ё
Дзіўлюся, што няма дагэтуль Камб’ё.
Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё, КАТАРЫНА, ” ВІНЧЭНЦ'Ё, ГРУМ'Ё і СЛУГІ.
ПЕТРУЧ’Ё
Сіньёр, вось дзверы: гэта дом Лючэнц’ё,
А каля рынку цесця майго дом.
Я пабягу туды, а вы сустрэньце
Любоў вось тут. Спяшайцеся — бягом!
ВІНЧЭНЦ’Ё
Спачатку выпіць вы са мной павінны;
Я спадзяюся ў дом вас запрасіць,
А ў доме знойдуцца для госця віны.
(Стукае ў дзверы.)
ГРЭМ’Ё
Не чуюць: вам мацней патрэбна біць.
ПЕДАНТ выглядвае з акна.
ПЕДАНТ
Хто гэта так грукае, нібы збіраецца выламаць дзверы?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Скажыце, сіньёр, сіньёр Лючэнц’ё дома?
ПЕДАНТ
Дома, але да яго нельга.
ВІНЧЭНЦ’Ё
А калі б хто-небудзь прынёс сотню-другую дукатаў, каб павесяліцца, то тады б можна?
ПЕДАНТ
Пакіньце вашы сотні пры сабе; пакуль я жыў, ён ні ў чым не будзе мець патрэбы.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну, я ж казаў вам, што вашага сына ў Падуі вельмі любяць.— Вы чуеце, сіньёр? Спыніце балбатню, перадайце, калі ласка, сіньёру Лючэнц’ё, што яго бацька прыбыў з Пізы і чакае тут каля дзвярэй, каб пагаварыць з ім.
ПЕДАНТ
Ты хлусіш: яго бацька прыбыў з Падуі і глядзіць вось з гэтага акна.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Ты яго бацька?
ПЕДАНТ
Так, сіньёр, калі верыць яго маме.
ПЕТРУЧ’Ё
(да Вінчэнц'ё)
Ну, што вы на гэта скажаце? Ды гэта ж чыстае ашуканства — прысвойваць сабе чужое імя.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Схапіце гэтага нягодніка! Я ўпэўнены, што ён збіраецца абмахлярыць каго-небудзь у гэтым горадзе ад майго імя.
Вяртаецца Б'ЁНДЭЛА.
Б’ЁНДЭЛА
Бачыў іх у саборы ўдваіх. Пашлі ім бог шчаслівага плавання.— А-яй, хто ж гэта? Мой стары гаспадар Вінчэнц’ё. Цяпер мы прапалі. Усё пайшло прахам.
ВІНЧЭНЦ’Ё
(убачыўшы Б'ёндэла)
Хадзі, хадзі сюды, лежань.
Б’ЁНДЭЛА
Спадзяюся, я ад вас не залежу, сіньёр?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Ідзі сюды, шэльма. Ці ты ўжо не памятаеш мяне?
Б’ЁНДЭЛА
Не памятаю вас? Не, сіньёр, я не магу вас памятаць хоць бы сабе і таму, што я вас з роду ў вочы не бачыў.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Як? I ты, адпеты нягоднік, ніколі ў вочы не бачыў бацьку твайго гаспадара, старога Вінчэнц’ё?
Б’ЁНДЭЛА
Як? Майго старога, высокашаноўнага гаспадара? Дык дзіва што бачыў, сіньёр: зірніце, вунь ён выглядае ў акно.
ВІНЧЭНЦ'Ё
Выглядае? Я ж табе выгляну!.. (Б'е Б'ёндэла.)
БёНДЭЛА
Ратуйце, ратуйце, добрыя людзі! Тут нейкі шалёны старац хоча мяне забіць. (Выбягае.)
ПЕДАНТ
Барані, сынок! Заступіцеся, сіньёр Баптыста.
(Адыходзіць ад акна.)
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, адыдземся ўбок і паглядзім, чым закончыцца гэтая валтузня.
Адыходзяць убок.
Уваходзяць ПЕДАНТ, БАПТЫСТА, ТРАНЬЁ і СЛУГІ.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, хто вы такі, што дазваляеце сабе вольнасць біць майго слугу?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Хто я такі, сіньёр? Не, хто вы такі, сіньёр? — О бяссмертныя богі! Ах шыбенік, ах нягоднік! Шаўковая камізэлька. Аксамітныя штаны. Пурпурны плашч. Пірамідальны капялюш. О, я абкрадзены, ашуканы дурань! У той час, калі я скуплюся ў Пізе, мой сын з гэтым шалахвостам-слугою праматвае ўсё направа і налева ва універсітэце.
ТРАНЬЁ
Ды што вы, што такое?
БАПТЫСТА
Што здарылася, ці ў сваім ён розуме?
ТРАНЬЁ
Сіньёр, на выгляд вы — чалавек паважны, пажылы дваранін, а гаворка ваша выдае вас за прыдурка. Што вам да таго, калі б я насіў на сабе нават жэмчуг і золата? Дзякуючы майму багатаму бацьку я маю на гэта сродкі і нашу.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Твайму бацьку! Ах, махляр! Ён жа вырабляе ў Бергама парусы.
БАПТЫСТА
Вы памыляецеся, сіньёр, памыляецеся. Скажыце, калі ласка, як, па-вашаму, яго імя?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Як яго імя? Ці ж я не ведаю, як яго імя? Я ж выхоўваў яго з трох гадоў: яго імя Траньё.
ПЕДАНТ
Прэч пайшоў, недарэчны асёл! Яго завуць Лючэнц’ё; ён мой адзіны сын і спадчыннік усіх маёнткаў, якія належаць мне, сіньёру Вінчэнц’ё.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Лючэнц'ё? О, ён забіў свайго гаспадара! — Вяжыце яго, загадваю вам ад імя герцага.— О, сын мой, сын мой! — Скажы, душагуб, дзе сын мой Лючэнц’ё?
ТРАНЬЁ
Паклічце сюды паліцыю!
Уваходзіць СЛУГА з ПАЛІЦЭЙСКІМ.
Вядзіце гэтага прыдурка ў турму! — Цесць Баптыста, патурбуйцеся, калі ласка, каб яго адправілі.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Адвесці мяне ў турму?
ГРЭМ’Ё
Стой, гарадавы! Ён у турму не пойдзе.
БАПТЫСТА
Не заступайцеся, сіньёр Грэм’ё; я вам кажу, што ён пойдзе ў турму.
ГРЭМ’Ё
Асцерагайцеся, сіньёр Баптыста, бо вас уцягнуць у брудную гісторыю. Магу прысягнуць, што гэта сапраўдны Вінчэнц’ё.
ПЕДАНТ
Прысягні, калі пасмееш.
ГРЭМ’Ё
Не, не пасмею.
ТРАНЬЁ
Вы, магчыма, сказалі б, што і я не Лючэнц’ё?
ГРЭМ’Ё
Не, я ведаю, што вы — сіньёр Лючэнц’ё.
БАПТЫСТА
Забірайце круцяля. У турму яго!
ВІНЧЭНЦ’Ё
Вось як у вас зневажаюць і прыцясняюць іншаземцаў.— О несусветны нягоднік!
Уваходзяць Б'ЁНДЭЛА з ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКАЙ.
Б’ЯНКА
Мы загінулі! Вунь ён. Адрачыцеся ад яго, адступіцеся, інакш усе мы прапалі.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
(становячыся на калені)
Даруй мне, бацька.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Радасць ты мая.
Б'ЁНДЭЛА, ТРАНЬЁ і ПЕДАНТ выбягаюць.
Б’ЯНКА
(становячыся на калені)
Даруйце, бацька родны.
БАПТЫСТА
Дайце рады,
А дзе ж Лючэнц’ё?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Тут. Лючэнц’ё — я.
Сапраўднага Вінчэнц’ё сын сапраўдны,
Пакуль вы тут з падробным гаварылі,
Мы з вашаю дачкой к вянцу схадзілі.
ГРЭМ’Ё
Вось вам і суд, і справа, безліч сведак —
I ўсё ж вас акаўпачаць напаследак.
ВІНЧЭНЦ’Ё
А дзе ж нягоднік Траньё, дзе той бусел,
Які мне так нахабна ў вочы хлусіў?
БАПТЫСТА
Вы ці не Камб’ё маеце на ўвазе?
Б’ЯНКА
Ваш Камб’ё стаў Лючэнц’ё; я ў адказе.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Зрабіла гэта ўсё адно каханне:
Я дзеля Б’янкі стаў слугою Траньё,
А Траньё ў горадзе для ўсіх быў мною,
I я, сіньёры, назаўжды, навек
Пакаштаваў жаданага спакою:
I шчасця: я — жанаты чалавек!
Даруйце, бацька, Траньё: ён, нявінны,
Стараўся як мага для твайго сына.
ВІНЧЭНЦ’Ё
А пры сустрэчы я ўсё ж расквашу нос таму нягодніку, што хацеў мяне пасадзіць у турму.
БАПТЫСТА
(да Лючэнц'ё)
Паслухайце, сіньёр, як жа гэта вы павянчаліся з маёй дачкой без майго дазволу?
ВІНЧЭНЦ’Ё
Не турбуйцеся, сіньёр Баптыста, мы з вамі паладзім. Але я спачатку хачу расквітацца за такія кпіны.
(Выходзіць.)
ЛЮЧЭНЦ’Ё
(да Б'янкі)
Не хвалюйся, Б’янка: твой бацька не будзе доўга сердаваць.
Выходзяць ЛЮЧЭНЦЁ і Б'ЯНКА.
ГРЭМ’Ё
Пайду і я, бо на чужым вяселлі
Не выпіўка, як кажуць, а пахмелле.
(Выходзіць.)
Выходзяць наперад ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА.
КАТАРЫНА
Пойдзем за імі, гаспадар, паглядзім, чым скончыцца ўся гэтая шуміха.
ПЕТРУЧ’Ё
Пойдзем, але спярша пацалуй мяне, кошачка.
КАТАРЫНА
Што,— пасярод вуліцы?
ПЕТРУЧ’Ё
А ты што, саромеешся мяне?
КАТАРЫНА
Хай бог крые, сіньёр,— не, але я саромеюся цалавацца.
ПЕТРУЧ’Ё
Ах, так? Назад! — Гэй, чуеш, чмут, дамоў!
КАТАРЫНА
Не, не, не трэба, мілы. Пацалую.
ПЕТРУЧ’Ё
Вось і цудоўна, кіска, і — даволі.
Хоць позна, а ўсё ж лепей, чым ніколі.
Выходзяць.
Падуя. Пакой у доме Лючэнц'ё. Вясельны стол.
Уваходзяць БАПТЫСТА, ВІНЧЭНЦ'Ё, ГРЭМ'Ё, ПЕДАНТ, ЛЮЧЭНЦ'Ё, Б'ЯНКА, ПЕТРУЧ’Ё, КАТАРЫНА, ГАРТЭНЗ’Ё і ЎДАВА. У якасці слуг: ТРАНЬЁ, Б'ЁНДЭЛА, ГРУМ’Ё і другія.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Пасля турбот, падману, перашкоды,
Нарэшце паміж намі мір і згода,
Цяпер, калі нам шчасце лёс падкіне,
I усміхнуцца б час былому дзіву.
Вітай жа свёкра, жонка-гаспадыня,
Як я — цясця, сардэчна і пачціва.
Швагерка Катарына, брат Петруч’ё
I ты, Гартэнз’ё з любай удавой,
I ўсе — бярыце дам сваіх пад ручку,
I, проша да стала, каб пір — гарой.
Сядайце, і завершым нашы справы.
Расправай над гарою рознай стравы.
ПЕТРУЧ’Ё
Нам — што? Хутчэй засесці ды пад’есці.
БАПТЫСТА
Гасцінны горад — Падуя, зяцёк.
ПЕТРУЧ’Ё
I людзі ў ім гасцінныя, цясцёк.
ГАРТЭНЗ’Ё
Хай будзе так, але ж каб не напіцца.
ПЕТРУЧ’Ё
Дальбог, Гартэнз’ё за ўдаву баіцца
УДАВА
Сіньёр, паверце: я не з баязлівых.
ПЕТРУЧ’Ё
Разумніца, а ўсё ж і не змаглі вы
Уразумець, што ён трымціць за жонку.
УДАВА
Відаць, вам жонка ўелася ў пячонку.
ПЕТРУЧ’Ё
Уедліва.
КАТАРЫНА
Аб чым у вас гаворка?
УДАВА
Мы з ім сышліся.
ПЕТРУЧ’Ё
Спарыліся? Горка!
А што нам скажа наш маладажон?
ГАРТЭНЗ’Ё
Петруч’ё, твой язык нібы ражон.
Сышліся ў поглядах: — яна сказала.
ПЕТРУЧ’Ё
I толькі? Для такіх дзябёлых мала.
(Да ўдавы.)
Цалуйце мужа, калі ён вам любы.
КАТАРЫНА
Наконт чаго вы буркнулі праз зубы
Пра жонку і пячонку?
УДАВА
Пра мужчын:
Наш мерыць нас, жанчын, на свой аршын,
А ваш, апёкшыся на наравістай,
Гатоў усіх жанчын праводзіць свістам.
Вось я куды цаляла.
КАТАРЫНА
Ў неба пальцам.
УДАВА
О не,— у вас.
КАТАРЫНА
Эй, ты, куцця з закальцам.
Сама нябось з душком.
ПЕТРУЧ’Ё
У нос ёй, Кэт!
ГАРТЭНЗ’Ё
Лупі ёй, удава.
ПЕТРУЧ’Ё
Вось і канцэрт:
Іду ў заклад, што Кэт наколе дроў.
ГАРТЭНЗ’Ё
А муж нашто?
ПЕТРУЧ’Ё
На тое ж. Будзь здароў! (П'е за Гартэнз'ё.)
БАПТЫСТА
(да Грэм'ё)
Дасціпнікі, сусед,— вось тая двойка.
ГРЭМ’Ё
Бадуцца бойка, чуючы папойку.
Б’ЯНКА
Бадуцца? Недасціпна і няўдала;
На вашым месцы я б пажартавала:
Басціся мусіць той, хто носіць рогі,
Напрыклад,— вы, знаток мастацтваў строгі.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Гром смеху разбудзіў у сына жонку.
Дзе й сон падзеўся.
Б’ЯНКА
Гэта я спрасонку.
Гром разбудзіў, але не напалохаў,
І я ізноў засну.
ПЕТРУЧ’Ё
Не будзе сну.
Хто ў бой палез, стральнуўшы хоць бы ў неба,
Павінен паспытаць вайну, як хлеба.
Б’ЯНКА
Дык што ж я — дзіч? Цяцера ці глухар?
Вы цэльцеся, смакуйце новы жарт,
Што раніць чэсць глыбей, чым стрэлы — цела,
А я з куста — пырх-пырх і паляцела.
Выходзяць Б'ЯНКА, КАТАРЫНА і ЎДАВА.
ПЕТРУЧ’Ё
Аперадзіла стрэл.— Як справы, Траньё?
Па гэтай кнігаўцы і ты цаляў
Ды схібіў, брат. Дык вып’ем, як дваране,
За ўдачу тых, хто колісь маху даў.
ТРАНЬЁ
Як з ланцуга спусціў мяне Лючэнц’ё:
Ганчак жа гоніць звера на лаўца.
ПЕТРУЧ’Ё
Дасціпна параўнаў, ажно пячэцца.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, вы ж не для краснага слаўца
Так завіхаліся і палявалі
Ды, кажуць, не зусім утаймавалі.
БАПТЫСТА
Петруч’ё, чуеш? — Траньё вас падстрэліў.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Прымі падзяку, добры мой штукар.
ГАРТЭНЗ’Ё
Прызнайцеся, што ён удала цэліў.
ПЕТРУЧ’Ё
Драпок — далёка не смяротны ўдар.
Аднак іду ў заклад — адзін на дзесяць —
Я ранены, а вы разбіты ў пух.
БАПТЫСТА
Зяцёк Петруч’ё, годзе куралесіць:
Наруга ваша горш за ўсіх наруг.
ПЕТРУЧ’Ё
О, я не згодзен. Каб не быць у крыўдзе,
Давай пашлём па жонак пасланцоў,
I той, чыя паслухае і прыйдзе
На выклік мужа, той без лішніх слоў
Бярэ заклад, які мы тут паставім.
ГАРТЭНЗ’Ё
Я згодны. Колькі ставіш?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дваццаць крон.
ПЕТРУЧ’Ё
Як, дваццаць крон? Бяры, сіньёр, разгон.
За сокала, за выжла ставяць столькі,—
За жонку ж — болей у чатыры столкі.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Хай будзе сто.
ГАРТЭНЗ’Ё
Даволі.
ПЕТРУЧ’Ё
Ціснем рукі.
ГАРТЭНЗ’Ё
Хто пачынае?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я — і без панукі.—
Б’ёндэла, чуеш? Клікні гаспадыню.
Б'ЁНДЭЛА
Іду. (Выходзіць.)
БАПТЫСТА
За Б’янку я пастаўлю палавіну.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Не трэба, цесць. I ў бацькі крон не мала.
Вяртаецца Б'ЁНДЭЛА.
Ну што? Ідзе?
Б’ЁНДЭЛА
Сіньёра вам сказала,
Што размаўляе і прыйсці не можа.
ПЕТРУЧ’Ё
Занятая размовамі? Мой божа!
Які адказ!
ГРЭМ’Ё
А што ж: старыя песні,
Дай бог, каб вам і гэтакі прынеслі.
ПЕТРУЧ’Ё
Я веру, Кэт пакорна мне адкажа.
ГАРТЭНЗ’Ё
Б'ендэла, друг, па службе патранажа
Яшчэ разок прайдзіся на тэрасу
I папрасі ўдаву прыйсці адразу.
ПЕТРУЧ’Ё
«І папрасі». Пры гэтакай пашане
Якая б не прыйшла?
ГАРТЭНЗ’Ё
Без выскаляння!
Да вашай і пашана не прыстане.
Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.
Ну як, а жонка дзе?
Б’ЁНДЭЛА
Там на дыване.
Гаворыць: «Ну й дзівак жа мой жаніх».
Не пойдзе. Вам сказала йсці да іх.
ПЕТРУЧ’Ё
Што больш, то горш. «Не пойдзе». Ох ты, гора!
Якая неслуш! Ну, такой бяды.—
Эй, Грум’ё,— куляй да маёй сіньёры,
Скажы — я загадаў прыйсці сюды.
ГРУМ'Ё выбягае.
ГАРТЭНЗ’Ё
Адказ вядомы.
ПЕТРУЧ’Ё
Што?
ГАРТЭНЗ’Ё
I не скранецца.
З наседжанага месца.
ПЕТРУЧ’Ё
Ёй суфлёр
Больш не спатрэбіцца.
БАПТЫСТА
Мой бог! Зірніце — прэцца!
Уваходзіць КАТАРЫНА.
КАТАРЫНА
Вы мелі ласку клікаць, мой сіньёр?
ПЕТРУЧ’Ё
А дзе ж сястрыца і ўдава Гартэнз’ё?
КАТАРЫНА
Гамоняць у гасцінай ля каміна.
ПЕТРУЧ’Ё
Схадзі пакліч сюды, а іх прэтэнзій
Не слухай. Клінне вышыбаюць клінам.
Гані ў каршэнь, не пойдуць — валачы.
Скачы, каток, хутчэй, хутчэй скачы!
КАТАРЫНА выходзіць.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Вось дзіва, калі ёсць яны на свеце.
ГАРТЭНЗ’Ё
А што вяшчуе гэты дзіўны цуд?
ПЕТРУЧ’Ё
Мір, згоду, цішыню, любоў і дзеці,
Трывалую сям’ю і правы суд
Главы сям’і і да главы пашану,
А карацей — шчаслівы быт, як рай.
БАПТЫСТА
Дык будзь шчаслівы, зяць мой паважаны,
Ты ў выйгрышы, а я не скупердзяй.
К іх пройгрышу прыбаўлю тысяч дваццаць.
Дачка другою стала — і пасаг
Павінен быць другім.
ПЕТРУЧ’Ё
Сіньёры, братцы,
Я выйгрыш свой у вас жа на вачах
Хачу законна ўзяць і без машэнства,
I пакажу з узораў лепшы ўзор
Яе пакорнасці і паслушэнства.
Ды вось яна — вядзе шумлівы хор
Паклонніц непакорнасці жаночай.
Уваходзяць КАТАРЫНА з Б'ЯНКАЙ і ЎДАВОЮ.
Кэт, ах, які ў цябе нягеглы ўбор!
Скінь на падлогу гэты брыль-збаночак.
КАТАРЫНА скідае капялюшык і кідае яго на падлогу.
УДАВА
Дай бог мне не пачуць такі дакор
Ад мужыка ніколі. Гэта ж дурасць!
Б’ЯНКА
(Катарыне)
Фэ, сорам! Што ты годзіш ліхачу?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Паверце, што і я таго ж хачу
Ад вашай найпакорнейшай натуры.
Упартасць ваша мудрая і тон
Мне сёння абышліся ў сотню крон.
Б’ЯНКА
У сотню крон? Як гэта легкадумна
Такую суму ставіць! Слухаць сумна.
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, навучы ты гэтых непакорных
Іх абавязку: што такое муж,
I як ім шанаваць мужоў законных,
Каб муж быў муж і да ўсяго дасуж.
УДАВА
Нас павучаць? Вучыце лепш прыдворных.
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, не марудзь. З яе вось і пачні.
УДАВА
О, не!
ПЕТРУЧ’Ё
Пачне! Ну, Кіска, драпані!
КАТАРЫНА
Шаноўная, не злуй, не пырскай слінай.
Навошта ж соль у прымачку да ран
Твайго ж гаспадара і сем’яніна?
Гнеў точыць прыгажосць, як снег — туман.
Ён можа зганьбіць і зняславіць мужа
Ды і ў вачах усіх прынізіць вас.
Благая жонка, што благая лужа,
Дзе свой «тавар» купае свінапас,
А не ручай — крыштальная крыніца,
З якой са смагі кожны рад напіцца.
Мой муж — мой гаспадар і абаронца,
Мой дабрабыт, апека, светач мой.
Я сплю, а ён устаў яшчэ да сонца,
Унурыўся ў работу з галавой.
Каб я ні ў чым ні ў будні, ні ў нядзелі
Не ведала нястачы ані-ні,
Ён, цягавіты, «ў дзеле» ці «пры дзеле»,
Як чорны вол у плузе дзень пры дні.
Пакуль я паняй кволюся ў пярынах,
Ён, мой руплівы, згоніць сем патоў,
I за старанне шчырае даніну
Ад жонкі патрабуе ён, як доўг,
Адзінае — любоў яе, пакорнасць —
Мізэрны мінімум за свой мазоль.
А мы ў падзяку — што? Капрызы, гордасць.
I точым, точым, як тканіну моль.
Мы забываемся — і гэта дрэнна! —
Плебеі мы. I вучыць нас закон:
Плебей — слуга пакорны суверэна.
А хто наш суверэн? Вядома ж, ён —
Наш муж. I непакорных волі мужа
Мы з поўным правам можам тут назваць
Адступніцамі таінства замужжа.
А што да вас, шаноўная ўдава,
То я заўважу: трэба мець сумленне
I сварак пазбягаць. Навошта бой
Там, дзе нам, жонкам, лепш бы на каленях
Маліцца за сямейны супакой!
Хацелі б роўнасці і раўнапраўя,
Каб казыраць, як тузам з рукава?
Дык сам жа бог супроць у гэтай справе,
А разам з боскай воляй — і царква.
Любіць пакорліва, самааддана —
Наш абавязак. Адкажыце: чым
Фарсіць нам перад сілаю тытана,
Затоенай у мускулах мужчын?
Што нашы плечы, рукі, нашы спіны
У параўнанні з ёю? Мякіш. Мы
Сваю пяшчотнасць і любоў павінны
Дарыць мужам, і гэты дар — нямы.
Упартыя, мы слабыя, сястрыцы,
I я была свавольнаю наўздзіў —
Куслівай, злой і горкай чамярыцай,
А зараз — хоць к скуле мяне кладзі.
Я зразумела з часам: нашы пікі —
Салома. Гонар наш і наравы —
Пустая мітусня, пустыя ўпікі.
Замашкі ўсе на роўныя правы —
То ж мімікрыя нашага бяссілля.
Мы сыкаем і лезем на ражон,
А джаліць чым? Падрэзана ў нас крылле.
Дык зложым іх да ног сваіх мужоў
I змірымся. Ну, вось і ўвесь урок,
Які нам трэба ведаць назубок.
ПЕТРУЧ’Ё
Вось гэта жонка! Лепшы скарб на свеце.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Твая ўзяла. Шануй і шчасця зыч.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Прыемна ба.чыць паслушэнства ў дзецях.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
I непрыемна, калі жонка — сыч.
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, нам пара з табой «на бакавую» —
Ты прамахнуў, Лючэнц’ё,— паспяшыў;
Цаляў па роўнай, а схапіў крывую —
Наругу, злую,— вось каб я так жыў.
Не ўсё, брат, сонейка, што слепіць вочы.
Хай бог пашле вам асалоду ўночы.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА.
ГАРТЭНЗ’Ё
Ну — пара: кошачка і кот падласы!
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дзіўлюся, як яна яму здалася?
Выходзяць.