ПРАЎДА

Жыўцом палілі праўду на лаўжах,

Свінцом гарачым залівалі глоткі,

За праўду распіналі на крыжах,

Закоўвалі на катарзе ў калодкі.

Круцілі рукі, адымалі зрок,

Зірнуць у вочы праўдзе баючыся,

I, за спіною ўзводзячы курок,

Апошні раз казалі: «Адрачыся!»

Ішлі ў душагубкі, на крыжы

Падпольшчыкі, байцы, парашутысты,

I грозна на апошнім рубяжы

За праўду паміралі камуністы.

Жыццём не паскупіліся яны,

Зямлю крывёй гарачай акрапілі,

Каб ix паплечнікі i верныя сыны

Заўсёды толькі праўду гаварылі.

1966 г.



ДАБРАТА

Нялёгка быць даверлівым i шчырым,

Нялёгка крыўды, даўнія забыць;

Яны звісаюць, як цяжкія гіры,

I замінаюць верыць i любіць.

Нялёгка добрым быць,

хоць нам не трэба

Hi лёгка запрацованага хлеба,

Hi тайных поспехаў, ні скідак, ні удач,

Hi вырашаных іншымі задач,

Hi тых пахвал, што лёгка раздаюцца

Сябрамі за абедзенным сталом,

Hi плётак, што вужакамі віюцца

I патыхаюць зайздрасцю i злом.

Усё праходзіць, быццам дождж няроўны,

I боль, i злосць, i дробная брыда,

А застаецца важны i галоўны

I самы светлы талент — дабрата.

1963 г.



ЛЮБОЎ

Мой даўні боль —

Любоў мая,

I радасці, i клопат

Растуць i множацца ўдвая,

Нібы на шчасце попыт.

З чаго прызнанне мне пачаць?

Як да цябе звярнуцца?

Бо пра любоў часцей маўчаць

Ці шэптам прызнаюцца.

Любоў мая —

Зямля мая,

Адзіная да болю,

На ўсё жыццё прыкуты я

К табе па ўласнай волі.

Твае узлёты —

Мой узлёт,

Пралік —

Мае пралікі,

Таму i сэрца з году ў год,

Нібыта звон вялікі,

У грудзі б'ецца i гудзе,

I спаць яго не ўкласці —

Яно пакутуе ў бядзе

I радуецца ў шчасці.

1966 г.


Загрузка...