АБРУЧ
Я гнаў абруч,
А думаў: еду, еду
На край зямлі,
За сіні небасхіл,
Дзе не відно
Ні каляін, ні следу,
Дзе асядаў
Паружавелы пыл.
Я гнаў абруч
I бег за доўгім ценем
Праз палыны,
Каля размытых круч —
I пакаціўся
Услед за летуценнем
Па небе звонкі
Сонечны абруч
За перыстыя
Белыя аблокі,
У празрыстую
Нямую цішыню.
А я стаяў
I пазіраў здалёку,
I ведаў, што яго
Не даганю,
Што мне хадзіць
Заўсёды пехатою,
Што век не адарвацца
Ад зямлі,
Што не падняцца
Сцежкаю крутою
Туды, дзе праплываюць
Жураўлі.
Усходзілі, заходзілі
Свяцілы,
Буялі травы,
Замеці мялі,
А мне тугія
Мроіліся крылы,
Што нас цяпер
Над светам паднялі.
Пульсуюць рэактыўныя
Маторы,
Плыве над намі
Жураўліны ключ,
I коціцца
У залатое мора
Па небе звонкі
Сонечны абруч.
1964 г.
ПАЧАТАК
За Глускам, у глухіх барах,
Яшчэ мае блукае рэха,
I дзень суніцамі прапах,
I зоры плаваюць у рэках,
I золкі золак на Пцічы
Мяне туды заўсёды кліча,
Дзе расцвітаюць касачы,
Дзе мне гады зязюля лічыць,
Дзе каля цёмнае вады,
На вузенькім пясчаным мысе,
Здаецца, i мае сляды
Яшчэ дагэтуль засталіся.
Хоць я ніколі не знайду
Сваіх слядоў i хісткай кладкі,
A ўсё ж лячу к свайму гнязду,
К свайму адзінаму пачатку,
1964 г.
НАЧЛЕГ
Ці многа патрэбна старому каню?
Наскубся i спутаны стаў ля агню.
Касцёр дагарае, i прысак ачах,
Агеньчык мільгае у цьмяных вачах,
На доўгую грыву раса асядае,
I нават чуваць, як трава маладая
З зямлі прабіваецца, цёплай i волкай,
I пахне сасоннік празрыстаю смолкай.
Курыцца туман над палянай лясною,
I дрэмлецца добра у лесе вясною.
На цёплым кажусе, на першым начлезе
Мне сніцца — лясун на алешыну лезе,
Трымае ў руках сукаватую палку
I з возера кліча дадому русалку.
У лёгкім тумане, пад месяцам сінім,
Яна адгукаецца крыкам гусіным,
На бераг выходзіць, расчэсвае косы,
А з ix, нібы ягады, падаюць росы.
Скаціліся росы, як дзве журавіны,
На белыя грудзі знаёмай дзяўчыны,
I голас знаёмы я чую спрасоння,
Што піць паскакалі да возера коні.
Я вочы расплюшчыў — ля дзікай ігрушы
Бялявыя косы начлежніца сушыць.
— Каму ты у сне усміхаўся сягоння? —
Пытае яна i глядзіць з-пад далоні.
1963 г.
ПЕРШАЕ КАХАННЕ
Я першую каханую сваю
Не зваў на «ты», не цалаваў, не песціў,
Я рады быў, што побач пастаю,
I сам не свой ішоў на тое ж месца,
Дзе толькі што смяялася яна,
Дзе толькі што яе ляжалі рукі.
I першага кахання навіна
Была пачаткам радасці i мукі.
Я сніў яе, а потым, як у сне,
Убачыў: каля нашага паркана
Яна ішла, мінаючы мяне,
Не бачачы, што побач закаханы.
Яна прайшла, як сонечны прамень,
Над часам, над разлукай, над вайною.
У самы цяжкі i суровы дзень
Яна была, здавалася, са мною.
Я думаў: ёй заўжды семнаццаць год,
Яна у сне ўяўлялася такою,
Што ад вачэй любы растане лёд
I сэрца больш не будзе мець спакою.
I вось сустрэў каханую сваю:
Знаёмы твар, але патухлі вочы;
Не, гэта не яна, яе не пазнаю,
Як вершы, што пісаў мінулай ноччу.
1958 г.
ВЯСНА
Цябе палохае i кліча
Зялёны красавіцкі дым,
I незнаёмае аблічча,
I бэз над берагам крутым.
Цябе трывожыць i гукае
Іскрысты шумны крыгаход
I той хлапчук, што сустракае
Цябе штодня каля варот,
Бярэзнік у ліловым чадзе,
I рэчка ў ранішняй смузе,
I салаўі, што ў цёмным садзе
Пяюць аб шчасці i тузе.
Усё цябе кудысьці цягне,
Заснуць да рання не дае:
То ты ідзеш па топкай багне
I сцежкі свецяцца твае,
То пралятаеш над ракою,
То зноў пытаешся сама,
Чаму ранейшага спакою
Hi днём, ні вечарам няма.
Здаецца, побач навальніцы
Грымяць i б'юць за сіні лес,
А гэта ж бліскаюць зарніцы
I ціха лопаецца бэз.
Мінаюць першыя трывогі —
I вось ты бачыш з-пад рукі,
Як разбягаюцца дарогі
Ba ўсе кірункі i бакі.
І ты становішся упарцей,
Нібы збіраешся ў палёт,
Нібы адна стаіш на старце,
А за спіной — семнаццаць год.
1964 г.
СУНІЧНЫ СОК
Праходзяць цёплыя дажджы,
Сляпыя, ціхія, грыбныя.
Ты рукі ў росах палашчы,
Пакуль аж сэрца не заные,
Суніцы спелыя збірай,
Пакінь на вуснах сок барвовы
I напрасткі, нібыта ў рай,
Ідзі у цёмныя дубровы,
Дзе пад дажджом i перуном
Іскрыцца i мігціць улонне.
Прапахнуць горкім багуном
Твае i шчокі, i далоні.
I я знайду твае сляды
На багунах i мокрых травах.
Калі ж ты вернешся сюды
Уся ў вясёлкавых аправах,
У кроплях сонца i дажджу,
У сініх пырсках навальніцы,
Цябе я болей не путчу
Адну па спелыя суніцы,
А за табою крок у крок
Пайду збіраць сунічны прысак
I пакаштую спелы сок,
Што на тваіх губах не высах.
1958 г.
ХМЕЛЬ
Гудзе у вербах жоўты чмель,
I млее ўсё ў ліпнёвым звоне.
Цвіце званец,
i горкі хмель
К зялёнай цягнецца кароне,
Паўзе па беламу ствалу
I кожны раз мяняе позу,
Нібыта ўзяў у кабалу
Ён адзінокую бярозу.
А мы з табою ў гэты дзень
Прытулку іншага не мелі —
Прыбеглі пад шырокі цень
I тут ад шчасця анямелі.
На роснай маладой траве
Пад тонкім i празрыстым хмелем
Здавалася, што ў галаве
Званочкі сінія звінелі.
Гады сплылі у забыццё,
I рэкі нават абмялелі,
А мы з табой на ўсё жыццё
У гэты поўдзень ахмялелі.
1963 г.
* * *
Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў i меж,
Не на дальнім сузор'і,
A ў нас на планеце
Ты ў зялёным i ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
A маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку адно
Аднаго абмінуць,
Разысціся, як сцежкі
Расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх, пакутаваць,
Мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая бура не ссекла,
Каб цябе
Пад Палярнаю зоркай
Сустрэць,
I пазнаць,
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
У зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, i шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць
Таямніцы,
Каб душу гартаваць на высокім агні.
Час ляціць i ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся i сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..
1964 г.
* * *
Нас разлучалі вёрсты i гады,
I стылыя аснежаныя далі.
Мае дарогі, сцежкі i сляды
Зыбучыя снягі пазамяталі.
За пластам пласт лажыліся пласты,
Завеі скавыталі, як шакалы.
З усіх дарог вярталіся лісты,
А ты ішла, ты зноў i зноў шукала.
Ішла на поўдзень, захад i на ўсход,
Мяняючы кірункі i вакзалы.
Ляцелі дні, мінаў за годам год,
I сэрца шлях на поўнач наказала.
Неспадзявана, як у снежні гром,
Як у глухую поўнач промень сонца,
Нібы жар-птушка з вогненным пяром,
Ты да мяне ляцела на трохтонцы.
Шчаслівыя, да самага відна
Сядзелі мы, пабраўшыся за рукі,
I верылі, што толькі смерць адна
На свеце мае права на разлукі.
1964 г.
ПАВОДКА
Учора ноччу хрусткі іней
Яшчэ лажыўся на лугі,
А сёння у празрыстай сіні
Крутыя тонуць берагі.
I толькі макаўкі парэчак
Тырчаць з імклівае вады.
Разводдзе самых ціхіх рэчак
Зрывае з берага плыты,
Шпурляе тоўстыя бярвенні
На ледарэзы i быкі,
Галіны, трэскі i карэнні
Нясе у розныя бакі.
I сцежар леташні на мелі
Тырчыць, як мачта карабля.
Набракла гаркаватым хмелем
За дзень адталая зямля.
Мы зноў, як у юнацтве, марым,
I я паказваю табе
Дажджынку першую на твары
I першы коцік на вярбе.
Нас i узрост не перайначыў,
За рукі ўзяўшыся, праз сад,
Па лужах, каб ніхто не бачыў,
Бяжым, як дваццаць год назад.
1958 г.
РАННЯЯ ВЯСНА
Няпэўнае вясны пачатак:
Лядыш да шыбіны прыліп,
Дубеюць пальцы без пальчатак
У клёнаў, ясеняў i ліп,
I парудзелы снег не хоча
Спаўзаць у рыны без пары,
I толькі вочы, толькі вочы
Нясуць праменьчыкі зары.
У ix — i сонца, i сінеча,
I кроплі чыстыя са стрэх,
I радасць першае сустрэчы,
А на губах i ў сэрцах смех.
Вадою захлынуцца трубы,
I ўсе пачуюць навіну,
Што вочы добрыя i губы
Прынеслі раннюю вясну.
1966 г.
* * *
в. м.
Я цябе прыгадаў
Басаногаю, шустраю, тонкай.
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
I тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе уяўляў
Залатою сасонкай,
I здавалася, будзеш такою заўжды —
Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай.
Ды хіба ж загадаеш,
Каб вечна квітнелі сады
I у небе ніколі не гаслі вясёлкі?
Ды хіба ж загадаеш каму,
Каб гады
Над табою i мною улады не мелі,
Каб спынілася плынь веснавое вады,
Каб да старасці скроні у нас не сівелі?
Пасівелі, а сэрца не хоча старэць —
Мабыць, вызнана мала i зроблена мала.
Мы гарэлі ў агні, але нам не згарэць,
Навальніца прайшла, але нас не зламала.
Ты заўсёды была клапатліваю жонкай,
Ты суровай была міласэрнай сястрой.
Я цябе i цяпер уяўляю сасонкай,
Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой.
1956 г.
* * *
Будзь музаю маёй,
Маім натхненнем,
I ласкаю,
I казкаю жывой,
Маёй надзеяй i маім сумленнем,
I толькі будзь заўжды
Сама сабой,
Няўмольнаю,
Спагадлівай, вясёлай,
Маўкліваю i надта гаваркой,
У дождж іскрыся
Чыстаю вясёлкай,
У спёку стань
Крынічнаю ракой,
Прымі мяне
У залатое лона,
Ад смагі дай
Гаючую ваду,
I я з твайго
Чароўнага палону
Ніколі сам
Нікуды не пайду.
Твайго святла
Ужо нішто не засціць;
Ты для мяне,
Як зорка на зямлі;
Таму з табой
У горы i ў няшчасці
Заўсёды мы
Шчаслівымі былі.
Ты не даеш
Сабе i мне спакою
(Жывым супроцьпаказаны
Спакой).
Свяці вясёлкай,
Будзь жывой ракою,
Надзеяю i музаю
Маёй.
1964 г.
ПРЫЗНАННЕ
Ты ходзіш мяне у дарогу праводзіць,
На месяц, на тыдзень, на некалькі дзён.
Стаіш i глядзіш, як цягнік адыходзіць
I ў змроку знікае апошні вагон.
А потым па плошчах i вуліцах гулкіх
Ідзеш, не сустрэўшы нікога нідзе,
I толькі чуваць, як у вузкіх завулках,
Нібыта у трубах, завея гудзе,
Грыміць у дарожныя знакі да рання
I голыя ліпы хістае i гне.
Ты, пэўна, сумуеш пасля развітання
I з гэтай хвіліны чакаеш мяне.
Пытаеш, чаму мне з табой не сядзіцца,
Чаму, завітаўшы на некалькі дзён,
Я зноў ад'язджаю з утульнай сталіцы
У нейкі глухі i далёкі раён.
Чаму я хаджу пехатой у завею,
Чаму не такі, як мужы у людзей.
Ты думаеш, — я ад вандровак сівею,
А я адчуваю, што стаў маладзей.
Я чую, як пахне смаловае вецце,
Як стукае дзяцел па звонкай сасне,
Я чую начамі, як студзеньскі вецер
То вые, то снегам шуміць па сцяне.
Я невад на бераг цягну з рыбакамі,
Я з імі начую на Куршскай касе, —
Мне хочацца толькі сваімі рукамі
Адчуць асалоду i цяжкасці ўсе,
У ядраным жыце сустрэць агранома,
Блукаць да світання па мокрай траве,
Стаяць пад дажджом на дняпроўскім пароме,
Пачуць, як дзяўчаты пяюць на жніве,
I думаць з усімі аб сонцы i хлебе,
I самую лепшую песню злажыць.
Калі ты камусьці хоць крышку патрэбен,
Дык хочацца доўга i радасна жыць.
Я новых вандровак маршрут i кірунак
На карце, прыехаўшы, зноў правяду,
Вясёлку табе прывязу ў падарунак
I ў светлыя косы твае запляту.
1958 г.
* * *
І мы сварыліся.
За нешта папракалі
Адно другога дзень, i два, i тры.
Здавалася, што ў гэтакім напале
Маланкі свішчуць i гудуць вятры.
Здавалася, нябачнаю мяжою
Падзелены даўно i ты, i я,
I колкаю, суроваю, чужою
Зрабілася каханая мая.
За што сварыліся? Чаго не падзялілі —
Мы ўспомніць не маглі i ў першы дзень.
Ад радасцей i колішніх ідылій
У памяці астаўся толькі цень.
Нікому не хацелася скарыцца
I першаму пераступіць мяжу,
А тут бы нам усмешкай заіскрыцца,
Пайсці насустрач першаму дажджу,
Адно другому паглядзець у вочы
I адгукнуцца сонечнай вясне,
Паслухаць разам, як вада булькоча
I кропелькі сцякаюць па вясле,
Як лопаюцца клейкія пупышкі,
Як гнёзды ўюць вясёлыя дразды,
I на пяску ля парашутнай вышкі
Знайсці юнацтва нашага сляды.
Хутчэй хадзем! A крыўды i папрокі
Няхай узважыць i закрэсліць час.
Глядзі — плывуць блакітныя аблокі,
Прыслухайся — разводдзе кліча нас,
I белы свет іскрыцца i шчабеча,
Прарэзваюцца першыя лісты.
Мы зноў ідзём, абняўшыся за плечы,
Шчаслівыя ад мудрай дабраты.
1963 г.
* * *
Я шчыра люблю
Неспакойных i смелых,
I тых,
Што сабе не даруюць віну,
Люблю маладых
I люблю пасівелых,
Вясёлых люблю,
А кахаю адну.
Каханне не мае
Hi межаў, ні стажу,
Каханне прыносіць
Заўжды навіну.
I, мабыць, ніколі
Ніхто не адкажа,
За што ён кахае
На свеце адну.
1964 г.
* * *
Што я ў цябе даўно ў даўгу,
Заўсёды ведаю i помню,
A дазваніцца не магу
К табе па сонечнаму промню.
Ён, як струна, між нас вісіць,
Іскрысты, тоненькі i дрогкі.
Штодня званю, каб папрасіць
Адтэрміноўкі i палёгкі,
Прызнацца у сваёй віне,
Паабяцаць, а ты затое
Караеш кожны дзень мяне
Сваёю шчодрай дабратою.
1965 г.
* * *
Мяняешся, нібы рака, ты:
То пацямнееш ад тугі,
То на крутыя перакаты
Ўзлятаеш ветразем тугім,
Іскрышся сонечнай паводкай
I лашчышся, нібы прыбой,
Гарыш маланкаю кароткай
I ўслед гукаеш за сабой.
Тут i канчаюцца разлукі.
Сінее дзень, i побач ты
Працягваеш насустрач рукі,
Як два надзейныя масты,
Каб зноў трывожыць i смяяцца,
Знікаць, іскрыцца i любіць, —
Нібы рака, заўжды мяняцца
I, як рака, нязменнай быць.
1965 г.
* * *
Ты, мабыць, добра ведаеш сама,
Што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі
Мне без цябе ні радасці няма,
Hi шчасця, ні ратунку, ні спакою.
А прыйдзе ж дзень, i нехта з нас дваіх
Адзін у адзіноце застанецца.
Напэўна ты.
I ўжо да рук маіх
Ніколі больш ніхто не дакранецца,
Ім больш не дацягнуцца да пяра,
Не сціснуць руку другу пры сустрэчы,
I гора, як няўмольная гаpa,
Твае прыцісне вузенькія плечы.
Ніхто цябе не выйдзе сустракаць
Hi ў летні дождж, ні ў лютаўскую замець,
I толькі часам будзе дакараць
Надоўга патрывожаная памяць,
Што не паспела нешта расказаць,
Што нечага спытаць не мела часу,
Што ўжо канца з начаткам не звязаць
I не прыпомніць нечага адразу.
Але пакуль жывецца — будзем жыць,
Задумваць не на дні, а на стагоддзі,
Каханнем i сяброўствам даражыць
Пры сонечнай i ветранай пагодзе,
I ўсё, што трэба выказаць, — сказаць,
Нічога не забыцца, не адкласці,
Сустрэчнаму дарогу паказаць,
А час надыдзе — на хаду упасці.
1962 г.
* * *
Усё ў тваёй душы — i радасць, i туга,
I смех, i боль, i ласкі, i дакоры,
То іскаркі ў вачах, то мітульга
Трывожных дум або салодкай зморы.
А прыцемкам асеннім кожны раз
Ты рукі ціха мне кладзеш на плечы,
I мроіцца, што нават позні час
Не сцёр пачуццяў першае сустрэчы,
Ды толькі сэрца нельга ашукаць,
Хоць ты маўчыш, стрымаўшы хваляванне.
Хоць i пяеш, а хочаш адшукаць
Адказ на ўсе трывогі i пытанні
I расказаць аб клопатах сваіх,
Аб мітусні i дробязных турботах.
Ты хоць сягоння прамяняла б ix
На лес дзяўчынкі у кірзовых ботах,
Каб толькі зноў спачатку ўсё пачаць,
Жыць на вадзе, на хлебе i павідле,
Каб вечары на вуліцы страчаць,
Каб золкія світанні не абрыдлі.
Калі б ты зноў спачатку ўсё прайшла,
Каго б ты выбрала, каго б ты абмінула?
Kaго б сагрэла промнямі святла,
Каму б руку ласкава працягнула?
Чаго ж маўчыш? Я ведаю, што ты
Не рада ні спакою, ні дастатку,
А каб вярнуць мінулыя гады,
Ты пачала б ізноў усё спачатку.
Ізноў прайшла б са мною след у след
I сцежкі, i шырокія дарогі,
Каб у жыцці ўсё было як след —
I смех, i боль, i шчасце, i трывогі.
1961 г.
* * *
Мы з табою жылі
У бядзе i ў нястачы.
Ды ў суровыя даўнія
Тыя гады
Я не чуў ад цябе
Ні папрокаў, ні плачу, —
Ты сябе i мяне
Суцяшала заўжды.
Не было ні прытулку,
Ні хлеба, ні к хлебу,
Ні спагадлівых блізкіх,
Ні чулай радні.
Толькі сонца было
I высокае неба,
A начамі свяцілі
I грэлі агні.
А цяпер вось бядуеш,
Што нечага мала: .
То фіранкі старыя,
То трэба змяніць дываны...
I здаецца,
Зязюля даўно адкувала,
I не чутна
За вокінамі
Звону вясны.
Я ж на неба, на зоры
Хачу наглядзецца,
На зямлю, на сяброў,
Бо ніхто не навек!
I пакуль не замоўкне
Гарачае сэрца,
Буду верыць —
Для шчасця жыве чалавек.
1964 г.
ЗАЙЗДРАСЦЬ
Па начах жаніхі i нявесты
То вартуюць чужыя пад'езды,
То шукаюць у скверы прытулку,
То блукаюць па цёмным завулку.
Ix не дождж i не золкія ночы
Заганяюць у цемень, а вочы,
Што глядзяць з недаверам, што судзяць,
Што каханне юначае студзяць.
Кожны вечар у мокрай алеі
Нехта шэпча, цалуецца, млее
Ад гарачай салодкае стомы.
Потым разам стаяць каля дома
I ніяк развітацца не могуць.
Вось нявеста кусае пазногаць
I на вокны глядзіць час ад часу,
Дзе калючыя цені альясу,
Дзе цяпло стометровай кватэры
I цыратай абітыя дзверы,
Дзе фіранкі i фікусы ў пыле,
I карціны у рыначным стылі,
Дзе сталы i серванты з арэху
I не чутна ні песень, ні смеху,
Дзе «Здароўе» — адзіны часопіс,
I «шпіёнскі» зачытаны опус.
Хоць i люстры гараць i таршэры,
Кожны вечар тут змрочны i шэры.
Ды спакою начальніка траста
Не зайздросцяць жаніх i нявеста.
Ім бы той вунь маленькі пакойчык,
Што на год адчыняецца двойчы
(На Кастрычнік i Першага мая,
Калі пыл пакаёўка сцірае).
Ім бы толькі настольную лямпу
I акно без адзінае плямкі,
Чарцяжамі завалены стол,
I высокую светлую столь,
I праменьчыкі ранняга сонца,
Ледзяную ваду у калонцы,
Ім бы стос непрачытаных кніг,
Ім бы радасць адну на дваіх,
Ім бы, змораным, разам упасці
У абдымкі спякотнага шчасця,
Запрасіць бы паўгорада ў госці
На ўрачыстасць сваёй маладосці.
Ім прыйдзецца на дужыя плечы
Узяць i радасць i боль чалавечы...
Вось ідуць маладыя на плошчу,
Я гляджу ім услед i зайздрошчу.
1962 г.
ТВОЙ ГОЛАС
Тут сонца i ружы у скверы,
Тут спеюць інжыр i хурма,
I цяжка адразу паверыць,
Што недзе ў Сібіры — зіма,
Што хмары, звісаючы нізка,
Дарогі вадой залілі,
Што восень у нас i над Мінскам
Ляцяць i ляцяць жураўлі,
Што голыя мокнуць асіны,
Што з клёнаў aпалі лісты,
Ад ix, як ад лапак гусіных,
Наўкол засталіся сляды.
Мне так закарцела дадому,
Пакуль не мінуў лістапад.
I раптам знаёмы-знаёмы
Твой голас паклікаў назад.
Хоць ты гаварыла, што рана
Вяртацца, што варта пажыць...
Я чуў, што дрыжыць не мембрана,
А сэрца i голас дрыжыць.
Здалося, нібы ўвачавідку
Мы побач з табою стаім
I провада тонкую нітку
Сагрэлі дыханнем сваім.
Здалося, крануліся скроняў
Гарачыя вусны твае,
Расцвіў віінаград на адхоне
I сонца над намі ўстае.
Бо шчасце не ведае меры,
А шчасця без веры няма.
Няхай жа у нашыя дзверы
Hi разу не грукне зіма.
I раптам, не скончыўшы сказа
Ты змоўкла: хвіліны прайшлі..
I зноў над хрыбтамі Каўказа
Ляцяць i ляцяць жураўлі.
1959 г.
ЧАКАННЕ
Над Іртышом гудзе завея,
Шляхі i сцежкі замяла,
I пасмы белыя, як змеі,
Паўзуць па вуліцах сяла.
Растуць калматыя сумёты,
Прысады гнуцца да зямлі.
За тыдзень нават самалёты
Даставіць пошту не змаглі.
Мароз усё яшчэ лютуе,
Да клямкі прыстае рука,
А каляндар нібы жартуе,
Што ўжо канец сакавіка,
Што недзе вербы ў завушніцах
Стаяць па плечы у вадзе.
Вясна мне толькі часта сніцца,
Але чамусьці не ідзе.
Маўчыш i ты каторы тыдзень,
Хоць напісала б слова ты.
Калі вясна не хутка прыйдзе,
Хоць бы прыйшлі твае лісты.
1958 г.
* * *
Каб пісаліся вершы,
Трэба быць закаханым
У жанчыну, у неба,
У добрых людзей.
I ад шчасця заўсёды
Быць крышачку п'яным,
I ніколі, ніколі
Не траціць надзей.
Трэба быць закаханым
У гоманы бору,
У світанні над полем,
У дождж на сяўбе,
Трэба быць закаханым
У сінія зоры
I ніколі, ніколі —
У самога сябе.
1964 г.
НА КАТКУ
Бывае, што ў часіну адпачынку
Канькі i пада мною зазвіняць,
I хочацца цыбатую дзяўчынку
На віражы дагнаць i перагнаць.
Мільгае патэфоннаю пласцінкай
Блакітны затуманены каток,
I, як іголка, тонкая дзяўчынка
На лёдзе робіць тысячны віток.
Яна ў тумане іскаркай здаецца
Далёкага юначага агню,
Паблісквае канькамі i смяецца,
Што я цяпер яе не даганю.
Яна віецца, кружыцца, лятае —
Яшчэ рывок i зараз абміне,
Бялявая, i ўсё ж такі не тая,
Што некалі адстала ад мяне.
Жанчына каля сіняга сумёту
Трымае шалік, паліто i боты.
Я паглядзеў у вочы i пазнаў,
Што i яе калісьці даганяў.
1964 г.
ПЛАЧА ЖАНЧЫНА
Жанчына плача на прыпынку.
А ёй не робіцца лягчэй,
Хоць i бягуць, бягуць слязінкі
З яе заплаканых вачэй.
Якая ж у яе прычына?
Што ёй спакою не дае?
Я думаю,
ці не мужчына
Пакрыўдзіў толькі што яе?
Не дапамог або абразіў,
Упёрся ў графік ці ў статут,
Ці ні за што заляпаў граззю
I столькі нарабіў пакут.
Жанатыя і. халастыя,
Успамінайце кожны раз,
Што ўсе жанкі крыху святыя,
Што маці нарадзіла вас.
1963 г.
ТАБЕ ЗАЙЗДРОСЦІЦЬ СОНЦА
Тані
Твайму юнацтву пазайздросціць сонца,
I горы упадуць да ног тваіх,
Табе не трэба болей абаронцы, —
Ты абароніш i сябе i ix.
Ад зайздрасці, ад смутку i ад злосці,
Ад чэрствасці, спакусы i хлусні
Па праву непадкупнай маладосці
Ты i сябе i блізкіх барані.
I не прасі ні ласкі, ні апекі,
Hi дапамогі чулае радні.
Ты ж напрасткі пераплываеш рэкі,
Гартуешся на сцюжы i агні.
I не шукай удачы выпадковай,
Што крышыцца i гнецца у руках
Стаптанаю іржаваю падковай,
Пакінутай на збітых бальшаках.
Лаві губамі пругкі вецер мая
I абдымі асмужаны прастор,
Твая рука гарачая трымае
Сцяблінку, што дацягнецца да зор.
Ты перайначыш колеры i формы,
Ты выратуеш кволых, ледзь жывых,
А загадаеш — i заціхнуць штормы,
I горы упадуць да ног тваіх.
Ты сілу сэрца, розуму i цела
Сваёй зямлі хоць сёння б аддала.
Табе у вочы сонца паглядзела,
Зажмурыўшыся ад твайго святла.
1962 г.
БАГАЦЦЕ
Нічога мне ніколі не шкада,
На шчырасць i на ласку не скуплюся,
Калі ў твой дом пастукае бяда,
Апошняю скарынкай падзялюся.
Нічога не збіраю, не таю,
Не берагу на чорны дзень i свята,
А ўсё, што ёсць, да кроплі аддаю
I тым шчаслівы i багаты.
1965 г.
* * *
Чалавеку патрэбна не слава,
А людская увага i ласка,
I сардэчнае шчырае слова,
I вясёлая добрая казка.
Чалавеку патрэбна усмешка
Незнаёмых вачэй i знаёмых,
Каб дажджамі размытая сцежка
Стала лёгкай на кручах i стромах.
Чалавеку не трэба спагады, —
Дабрата чалавеку патрэбна,
Каб, мінаючы прорвы i спады,
Узбірацца на стромкія грэбні,
Каб сяброў сустракаў клапатлівых
На дарогах далёка ад дому
I каб сам быў заўсёды шчаслівы,
Калі шчасце прыносіць другому.
1964 г.
KAЛI Ж ТЫ ВЫРАСЛА?
Званкі i голас незнаёмы
Мяне трывожаць кожны раз,
I тое, што знікаеш з дому,
I што вяртаешся не ў час.
А тут i дождж сячэ па шыбах,
I вецер вые як знарок,
I за сцяной, нібыта выбух,
Грыміць па бруку кожны крок.
Усе спяшаюцца кудысьці
Праз вецер i праз дождж густы,
У шыбу стукаецца лісце,
А мне здаецца — гэта ты.
Калі ж ты вырасла, дачушка,
Калі паспела пасталець?
То ціха плачаш у падушку,
То раптам пачынаеш пець.
Чакаеш вечара ад рання,
Хапаеш плашчык на бягу,
Каб не спазніцца на спатканне,
I недзе мокнеш на рагу.
Што ж, я цябе не сунімаю,
Адказваю на ўсе званкі
I ўсё часцей успамінаю,
Што сам калісьці быў такі,
Што не адважваўся спазніцца,
Калі мінула дваццаць год,
Што на спатканне ў навальніцу
Праз ручаіны бег уброд...
А вось трывожуся заўсёды,
I неспакой душу дзяўбе,
Калі i ў добрую пагоду
Няма да поўначы цябе.
Мая трывога вочы засціць,
Душы спакою не дае,
Бо я трывожуся пра шчасце
I пра няшчасці ўсе твае.
1963 г.
БЕЛЫЯ ЛІПЫ
Горад цудоўны юнацтва майго
Кветкамі скверы усыпаў,
I на праспектах i плошчах яго —
Белыя, белыя ліпы.
Белыя ліпы здалёку прыйшлі,
Ix напаілі жывыя крыніцы
Водарам нашае шчодрай зямлі.
Голле раскінулі i зацвілі
Белыя ліпы сталіцы.
Тут прызначае юнацтва сустрэчы,
Мараць пра заўтрашні дзень юнакі.
Белыя ліны каханым на плечы
Сыплюць i сыплюць з пялёсткаў вянкі.
Моцна сплятуцца гарачыя рукі
Шчырых i самых шчаслівых людзей,
Так, каб ніколі не ведаць разлукі,
Так, каб любіць, як не любяць нідзе,
Так, каб сагрэтыя дружбай далоні
Нават гады астудзіць не змаглі б,
Так, каб i ў старасці белыя скроні
Часам нагадвалі замеці ліп.
1955 г.
ПЕСНЯ
Яна зусім з другімі не такая —
Прыпыніць кожнага, без жарту не міне,
Ды рантам чырванее i змаўкае,
Угледзеўшы на вуліцы мяне.
I я маўчу, хаваючы усмешку,
I смеласці, прызнацца, нестае,
А вечарам ізноў прыводзіць сцежка
Да хаты невялічкае яе.
Зачыненыя шчыльна аканіцы,
Паволі расцвітаюць на сцяне.
Яна заснула, ёй, напэўна, сніцца...
Ёй, мабыць, сніцца тое, што i мне...
Лугі у квецені, i росная дарога,
I неба сіняе, i сінія ільны —
На нашай сцежцы не відаць нікога,
Здаецца, ў цэлым свеце мы адны.
Ды не адны. Выходзяць на змярканні
У поле пары, ходзяць i маўчаць,
Адвагі не хапае закаханым
Аб самым запаветным расказаць.
Разыдземся, i песня узаўецца,
Што нам здаўна спакою не дае,
I зноў мая каханая смяецца,
Пра што маўчым, аб тым яна пяе.
1956 г.
НОЧ НАД MIHCKAM
Ясныя, зорныя ночы над Мінскам.
Што ж ты блукаеш адзін уначы?
Чуеш, спявае каханая блізка,
Мабыць, насустрач табе ідучы.
Сад закіпае ружоваю пенай,
Зоры плывуць у вясновай вадзе.
I па завулку, закончыўшы змену,
Тая, што сэрца трывожыць, ідзе.
Ціха ідзе i кагосьці шукае,
Кліча i, мабыць, яму аднаму
Песню ад шчырага сэрца спявае,
Толькі не ведае добра, каму.
Лёгкі туман праплывае над Мінскам,
Быццам пялёсткамі сыплюць сады.
Ты не хвалюйся — каханая блізка,
Хутка яе напаткаеш i ты.
1956 г.
ШЧЫРАСЦЬ
З гадамі мой не прытупіўся зрок,
I вастрыні пачуццяў я не трачу:
Твой кожны pyx, твой кожны крок,
I радасць, i тугу навылет бачу.
Перада мной душою не крыві,
Здавацца не імкніся самай лепшай
I як мяне пяшчотна ні заві,
Я не паверу, нават i аслепшы,
У шчырасць i праўдзівасць пачуцця,
У чысціню імкненняў i намераў,
Бо на парозе сталага жыцця
Я мала бачыў, а табе паверыў.
Паверыў, што ca мною ўсе гады,
Куды ні кіне лес, заўсёды будзеш разам.
Але шкада, што я не змог тады
Адрозніць шчырых ад прыгожых сказаў.
Але, як май на змену йдзе зіме,
На змену гору надыходзіць шчасце,
I я, жыццё пазнаўшы, зразумеў —
Цяжэй устаць бывае, чым упасці.
Бо сам знячэўку ледзьве не упаў,
Ды нечакана каля самай стромы
Руку ў бядзе мне моцную падаў
I шчыра усміхнуўся незнаёмы.
Дык што ты мне цяпер ні гавары,
Больш не крануць ні ласкі, ні дакоры,
Бо добра ведаю, што шчырыя сябры
Аднолькавыя ў радасці i ў горы.
1956 г.
ЖОНКА
Калісьці самаю прыгожай
З усіх дзяўчат яна была,
I ты за ёю вечар кожны
Хадзіў па вуліцах сяла.
Здавалася, у цэлым свеце
Такіх яшчэ не сустракаў,
I ў пралескавым букеце
Ты ёй запіскі пасылаў.
Чакаў яе i спадзяваўся,
Здалёк у вокны паглядаў,
На роўным месцы спатыкаўся
I песні пра яе складаў.
Спяваў аб харастве дзявочым,
A ў змроку восеньскіх начэй
Табе яе свяцілі вочы,
Што прыгажэй за ўсіх вачэй.
Яна цябе назвала любым,
I у апошні мірны год
Яе ты песціў i галубіў
I піў гарачых вуснаў мёд.
Яна ў паход цябе збірала,
Як толькі грымнула вайна,
Яна касіла, жыта жала,
Лісты табе на фронт пісала,
Табой жыла, цябе чакала,
I дачакалася яна.
Прыйшоў дамоў,
У кожнай хаце
Ты быў для ўсіх жаданы госць —
Знайшоў сяброў, ды хутка страціў
Сваю былую маладосць.
I песень не складаеш болей,
Знаходзіш сотні розных спраў
I топчаш тыя кветкі ў полі,
Што колісь для яе збіраў.
I ў асенні змрочны вечар
Яна дамоў ідзе адна,
Бо ты забыў пра ўсе сустрэчы,
Бо стала жонкаю яна.
1955—1956 гг.
* * *
Люблю зямлю, што пахне лесам,
Люблю густой жывіцы дух,
Вільготны водар свежых трэсак
I скрыпеня ружовы пух,
Зялёнае святло ігліцы
I пах сунічнае расы,
Што, як іскрынкі навальніцы,
Усе асыпала лясы.
Люблю сівых дубоў калоны,
I соснаў стромкія ствалы,
I мёду поўныя калоды,
I звон вясёлае пчалы.
Я сок бярозавы з надрэза
Губамі прагнымі лаўлю,
I рэкі, што прапахлі лесам,
I зрубы звонкія люблю.
Здавён зялёнаю, лясною
Завецца наша старана,
I пахнуць смольнаю сасною
Калыска, хата i труна.
1964 г.
АСЕННІ ДЗЕНЬ
Дзень па-асенняму кароткі.
Зганяе вецер з хваль луску,
I перавернутыя лодкі
Гудуць на стоптаным пяску.
Празрыста, пуста i сцюдзённа.
Бярэзнік, як манетны двор,
Чаканіць золата штодзённа
I шчодра кідае ў касцёр,
Што задыміўся верасамі,
Што тлее жарам журавін
I над празрыстымі лясамі
Шугае полымем рабін.
Ляцяць лісты з няўлоўным рэхам
На бераг, сцежкі i сляды,
А мне здаецца, пахнуць снегам
Мае наступныя гады.
1966 г.
ДРУЖЫННІЦЫ
Расінкі дрыжаць на ажыне,
I падаюць зоры ў раку.
Чацвёра сур'ёзных дружынніц
Па ціхім ідуць гарадку.
Прыбраныя, быццам на свята,
У пышных каронах валос,
Сур'ёзныя, ходзяць дзяўчаты
I шчасцем свіцяцца наскрозь.
Выходзяць на ціхую Прыпяць,
I вецер ляціць наўздагон.
Зірнеш i адважышся выпіць,
Каб трапіць да ix у палон.
1962 г.
* * *
Здравствуй, племя младое,
Незнакомое.
Рамонкавым пылам i пахамі жыта
Авеялі горад начныя вятры.
Здаецца, i чвэртка яшчэ не пражыта
Таго, што мінула да гэтай пары.
Іду па праспекце, па бруку Нямігі
Туды, дзе студэнцкі гудзіць інтэрнат.
I нас тут чакалі канспекты i кнігі,
А мы на прыпынку чакалі дзяўчат,
Смуглявых i тонкіх, нібы чарацінкі,
З брывамі, як пара разгорнутых крыл.
Праходзіла ноч, i трамвай на прыпынкі
Прыносіў pacy i рамонкавы пыл.
Нас клікала лета на дымныя сцежкі,
Дзе наша дзяцінства прайшло басанож,
Дзе першае гора было, i усмешкі,
I буйныя слёзы, як чэрвеньскі дождж...
Часамі заныюць суставы i косці
Ад сотні хвароб i ад тысячы страт,
А я па дарогах сваёй маладосці
Заўжды вечарамі іду ў інтэрнат.
Мне ўслед углядаюцца ясныя вочы
З адчыненых вокан i вузкіх двароў.
У спрэчках хлапцоў i у песнях дзявочых
Мне чуецца голас далёкіх сяброў.
Хоць я ім чужы i зусім незнаёмы,
Прыблудны дзівак i няпрошаны госць,
Хаджу вечарамі ля гэтага дома,
Каб збоку зірнуць на сваю маладосць.
Рамонкавым пылам i жытам дасіпелым
Павеюць на горад начныя вятры...
Я ведаю: буду i я пасівелы
I толькі ніколі не буду стары.
1963 г.
* * *
Не пойдзем сёння ні ў кіно, ні ў госці
Такая ноч, такая ў небе сінь!
I уздыхаць, каханая, пакінь,
Што больш ужо не вернеш маладосці.
А лепш паходзім па старым бульвары,
Дзе да вясны не падмятаюць снег,
Дзе толькі ходзяць закаханых пары,
Нібы у казцы ці ў дзівосным сне.
У ix марозам пабяліла скроні,
A ў нас — даўно завеялі гады.
Дык пойдзем, любая.
Няхай i сёння
Сябе адчуе кожны маладым.
Не будзем больш з табою уздыхаць.
Зірні, як ноч дарогі снегам мосціць.
Патрэбна так да старасці кахаць,
Як некалі кахалі ў маладосці.
1956 г.
MAMA
Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны
прыйшло
дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, «мама»,
Таму часцей не называў ніяк.
A вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мігаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
A ў час жніва зусім не чула ног,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок».
I зноў сама збіралася па дровы,
A ў валасах гусцела сівізна —
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова «мама»
Цяпер сказаць ужо няма каму.
1962 г.