Брэст-Літоўск — павятовы горад і, разам з тым, чыгуначная станцыя. Білеты ўзялі да Лібавы. Іх, хто адважыўся на гэтае падарожжа да Амерыкі, трое: Лявонка і Цімоша з Піліпком. Засталася ззаду ціхая Пруска, жыццё ўступала ў паласу невядомасці, несла новыя адчуванні, мяняла рытм.
Наперадзе іх чакала Амерыка…
…Загрукацелі на стыках вагонныя колы. Хутка засталіся ззаду перон, людзі, вакзал, гарадскія будынкі. За вокнамі замігцелі дарожныя прысады, асобныя дрэвы, палі. У вагоне ўсё для прускаўцаў новае — і людзі, і абстаноўка. Новае і чужое. Невядома ад чаго, магчыма ад хваляванняў, адразу ж захацелася есці. Як толькі цягнік рушыў, Піліпко, крыху счакаўшы, дастаў шматок сала, хлеб і патроху пачаў жаваць.
Цімоша занепакоіўся:
— Э-э, Піліпко, куды ты спяшаешся! Дзён больш, як каўбас, яшчэ паспееш умяць.
— Надта есці хочацца.
Піліпкаў апетыт не спадабаўся і Лявонку.
— Патрывай, усе разам вячэраць будзем…
…Лібава сустрэла гарадскім тлумам. Як-ніяк — порт. Народу — шмат. Кужалю ўспомніўся той смелы прамоўца ў Брэсцкай крэпасці: «У Лібаве бунтуюць матросы!» Пра бунт нішто тут нават не нагадвала, усё спакойна. Прускаўцы знайшлі банк, памянялі рублі на даляры і адразу рушылі ў порт, хоць ведалі, што іх параход адплывае толькі назаўтра. Трапіўшы на прыстань, яны ўбачылі мора і вялікі карабель, які нерухома стаяў непадалёку ад берага. На борце можна было разабраць надпіс «Santa Maria». Ад яго да пірса цягнуліся тоўстыя прасмоленыя канаты.
— Якімі вяроўкамі прывязаны! — здзівіўся Піліпко.
— Але дзе ж нам начаваць? — непакоіўся Цімоша. — Можа, тут недзе, на прыстані?
Яшчэ дацямна падарожнікі аблюбавалі шырокую лаўку і прылеглі на ёй, але іх угледзеў там гарадавы і, зрабіўшы суровую вымову, накіраваў у эмігранцкі дом. Аднак там ім не хапіла месца і адтуль прускаўцаў паслалі ў гарадскія казармы, дзе яны і заначавалі. Назаўтра з самай раніцы, прыхапіўшы куфэркі, зноў падаліся на прыстань. Карабель стаяў на тым жа самым месцы, аднак цяпер з усіх трох яго вялікіх труб валіў чорны дым. На пірсе процьма народу, усе з клункамі. Пасадкай займаліся здаравенныя матросы.
Адзін з іх узяў у прускаўцаў білеты, пакруціў у руках:
— Амерыканцы?
— Едзем, — хорам адказалі хлопцы.
— Эмігранты, значыць. У вас трэці клас. — Матрос паказаў тры пальцы і растлумачыў: — На самае дно, у трум!
Іх тут жа падхапілі пад пахі, паказалі, куды ісці. Па драўляных мастках прускаўцы спусціліся ўніз, у той самы трум. І тут шмат людзей — яблыку няма куды ўпасці. «Столькі народу, — падумаў Лявонка, — няўжо, як і ім, усім трэба ў Амэрыку?» Пакуль разабраліся з месцамі, ніхто і не заўважыў, як «Santa Maria» скранулася з месца і няспешна пачала паварочваць у бок мора.
— Ці не плывём? — азірнуўся па баках Цімоша.
Яны падняліся з трума на палубу і ўбачылі катэр, які, учапіўшыся тоўстым ланцугом за нос іхняй аграмадзіны, адцягваў яе ад берага, на якім стаялі людзі і махалі шапкамі. У небе вакол парахода з крыкам мітусіліся чайкі. Прускаўцам ажно заняло дых. Лявонка пазіраў на тых, што засталіся на беразе і ўсё больш аддаляліся ад парахода. Скаланулася душа: «Хто яны? Хто я ім? Чужы. І ўсё ж такі гэта хвалюе, што вось людзі развітваюцца, дораць усмешкі, махаюць рукамі, капелюшамі, чымсьці яшчэ…»
Катэр, які вывеў параход у мора, аддаў буксір і павярнуў назад, у порт. Яшчэ больш надрыўна загаласілі чайкі. Яны са звыклай плаўнасцю коўзаліся на хвалях, нават не кранаючы вады. Бераг усё больш аддаляўся, ніжэў і, здавалася, усё больш патанаў у моры. Нарэшце ён і зусім знік. Зніклі і чайкі. Недзе ўдалечыні засталіся радзіма, родная вёска, людзі, дрэвы, утульная рэчка Лосьна, а тут панавала бясконцая стыхія ветру і вады. Быў час абеду. Прускаўцы атрымалі па кавалку хлеба і па бляшанцы мясных кансерваў. Дасведчаныя пасажыры распорвалі бляшанкі нажамі. Тое ж самае, паглядзеўшы на іх, зрабіў і Цімоша — сваю кансерву адчыніў і сябрам таксама. Абедалі на палубе.
— Ну, марыканцы, як адчуванне? — гучна і радасна выдыхнуў з сябе Цімоша.
— Эх, каб дзядзьку Васіля сустрэць!
— Добра было б! — падтрымаў Лявонкава жаданне Піліпко. — Свой!
— А што, калі адмовяць? — напаўсур'ёзна, напаўжартам сказаў Лявонка.
Вядома было, што не ўсіх пускаюць на амерыканскую зямлю, існуе праверка на мытні.
— Як гэта адмовяць? У арышце мы не сядзелі,— запярэчыў Цімоша, — і на здароўе не скардзімся.
Такой жа думкі быў і Піліпко, які ляпнуў сябе па грудзях:
— Наконт здароўя паперы маем!
Цімоша засмяяўся:
— Хлопцы, а можа, гэта сон?
— Што — сон? — насцярожыўся Піліпко.
— А тое, што мы тут, сярод акіяна.
Прускаўцы міжвольна сталі азірацца. Не, не сон. Усюды прыткнуты рэчы эмігрантаў: мяшкі, скрынкі, кошыкі, клункі…
— Але ж і карабель! — захапляўся Піліпко. — Няўжо ўсе такія?
— Я чуў, кажуць, што на гэтым параходзе звычайна скаціну возяць, — сказаў пра ўсё дасведчаны Цімоша.
Гэта быў карабель трэцяга класа. Трапіць сюды мог кожны. І сапраўды, каго тут толькі не было! Лявонка звярнуў увагу сяброў на чорнага чалавека, які сядзеў пад дымавой трубой і весела глядзеў на іх. Хлопцы ад здзіўлення ажно раты паразяўлялі. Зусім чорны! Што ён — можа, з гэтай трубы і вылез? Толькі потым даведаліся, што чалавек такім і нарадзіўся — негр.
Сярод пасажыраў вылучалася невялічкая купка цыганоў. Гэтых прускаўцы адразу пазналі. Неўзабаве знайшліся і землякі — двое з-пад Берасця. Такія ж, як і яны, — едуць на заробкі.
— Вас хто-небудзь чакае ў Амэрыцы? — пацікавіўся Лявонка.
— Хто там можа чакаць? Едзем… — няпэўна адказаў чалавек з расплывістым тварам, абсыпаным белаватымі гнойнымі прышчыкамі, з пажаўцелымі плямінамі пад вачыма.
Лявонка заўважыў, што пасажыры, якія прадстаўлялі людзей самых розных нацый і становішчаў, паступова — сілаю агульных перажыванняў, клопатаў і мэт — згуртаваліся ў адну і даволі цесную чалавечую супольнасць, якую аб'яднала гэта штодзённае карабельнае існаванне.
Нанач ізноў спусціліся ў трум. Спалі ў гамаках. «Як малыя, у калысках» — жартаваў Піліпко. Так пачалося іх карабельнае жыццё. У сем гадзін раніцы званок клікаў на сняданак. Есці хадзілі ў карабельную сталоўку, якую тут называлі камбузам і якая знаходзілася на другім канцы карабля. І так тры разы на дзень. Бляшаныя міскі стаялі на спецыяльных падстаўках, прымацаваных да сталоў.
З раніцы давалі каву, у поўдзень — юшку з салёным мясам і сухары, на вячэру кавалак смажанай рыбы. Елі ў тры змены. Многія бавілі час тым, што ігралі ў карты. Некаторыя пілі гарэлку (у каго яна была).
Прускаўцы, падмацаваўшыся, падымаліся наверх, на палубу. Уражваў акіян, нагадваючы шырокае поле, пасечанае белымі разорамі, што рухаліся з ветрам. «Santa Maria» плыла на захад, даганяючы сонца, якое кожны дзень хавалася ў хвалі, недзе наперадзе, дзе павінна была знаходзіцца Амерыка, куды яны кіравалі свой шлях. Уначы акіян выпраменьваў з бяздонных сваіх глыбінь роўнае зеленаватае святло. Неба, як просам, усыпана зорамі. Свет палохаў неспазнанай сваёй веліччу. На капітанскім мосціку, ля штурвала, стаяў рулявы, побач знаходзіўся яшчэ адзін чалавек — вахценны штурман.
Цяжка ішлі хвалі і аднастайна біліся аб борт «Santa Maria».
Дні праз тры выявіліся прыкметы марской хваробы. Спачатку напала ікаўка, і хлопцы часцей, чым звычайна, бегалі ў гальюн — як тут называлі адхожае месца. Падарожнікаў ванітавала. На сёмы дзень трапілі ў шторм. Першы паскардзіўся Цімоша.
— Нешта гушкаць пачало ці мне так здаецца? — заўважыў ён, лежачы ў гамаку, а падняўшыся, ніяк не мог трапіць нагой у штаны. — Што за халера! — лаяўся ён.
— Гэта гайданка, — тлумачыў Кужаль.
Услед за ім устаў Піліпко:
— Ого, кідае так, што не апрануцца.
Даводзілася пастаянна за нешта трымацца. Яшчэ да снедання падняліся на верхнюю палубу. Акіян выглядаў непрывычна: як бы хто яго раз'юшыў. Высокія хвалі вырасталі перад носам «Santa Maria», крута ўзнімалі яго ўверх і з грымотамі абрушваліся на палубу, змываючы ў акіян усё, што на ёй было. Над гарызонтам пагрозліва ўзнялося крывава-чырвонае вока сонца. Нават знаходзіцца на палубе было небяспечна, і пасля снедання прускаўцы спусціліся ўніз да сваіх гамакоў. Карабель, які ў порце ўяўляўся гіганцкай нерухомай глыбай, непадуладнай ніякім сілам, сцята дрыжэў, хіліўся настолькі, што вада залівала тоўстае шкло ілюмінатараў. Станавілася страшна. Навёўшы на людзей жах, карабель марудна, са стогнам, выпрамляўся і зноў, як лёгкая трэска, узлятаў на шматметровы грэбень хвалі, але нядоўга на ім затрымліваўся, падаў, пад заміранне сэрца, у самае марское прадонне, у невядомасць. Ад разварочаных, упрэлых лахманоў моцна несла церпкім чалавечым потам, мачой. Прускаўцы, звыклыя да палявых прастораў і лясной свежасці, задыхаліся ў гэтых неправетраных трумных памяшканнях. Цімоша з Піліпком увесь час ляжалі ў гамаках і дзіка пакутавалі ад марской хваробы і цяжкіх думак.
— Каб хоць вытрымаў гэты карабель, — уздыхаў Цімоша.
Страшна было і Лявонку. Ён успомніў, як едучы некалі з дзедам Кірылам у Камянец, на Бабіцкай гары іх разам з возам раптам падняло ўверх, да самых сонечных промняў Каб цяпер не апынуцца ўнізе! Недзе па кутках тоненькімі галасочкамі пішчэлі пацукі. Часам здавалася, што яны ўсе, разам з пацукамі, правальваюцца ў невядомасць вадзянога бяздоння. Сэрца сціснулася ад жаху, калі пад гамакамі, у якіх гайдаліся і пакутавалі прускаўцы, паказалася вада.
— Усё, гамон! — разгублена хапаўся за галаву Піліпко.
Таксама думаў і Лявонка: «Ці варта было ехаць, каб памерці ўдалечыні ды яшчэ ў моры? Больш недарэчнага не прыдумаеш. А ў Прусцы чакаюць… Мама, дзядуля, сястрычкі… І Ганна, Ганна…»
Прыкладна ж тое думалі Цімоша з Піліпком. Хлопцы пачалі ўжо развітвацца адзін з адным. Чакалі канца, але яго не было. Шторм працягваўся. Здавалася, што ён так ніколі і не заціхне, і страху не будзе канца. Ні снедаць, ні абедаць не выходзілі — выварочвала ўсё нутро. Адолела бяссонніца…
І ўсё ж такі Лявонка нейкім чынам асвоіў рытм шторму і нават як быццам прывык да яго. Ён даведаўся, што на караблі знаходзіўся ўрач, мелася аптэка, карыстацца якой можна было бясплатна, і часта бегаў да ўрача і ў аптэку, каб хоць як дапамагчы сябрам, якія нерухома гайдаліся ў гамаках. Ён праходзіў праз бясконцыя трумныя памяшканні і калідоры, уздоўж кают і некалькі разоў нават блудзіў, так што Цімоша з Піліпком ніяк не маглі яго дачакацца.
— Мы думалі, можа, ты ўтапіўся? — знайшоў сілы для жарту Цімоша.
— Калі тапіцца, дык лепш ужо ў нашай Лосьне, тут глыбіня вялікая, не дастаць дна, — жартам на жарт адказаў Лявонка.
На караблі яны яшчэ больш пахудзелі, сталі зусім як падлеткі. Дні праз два, пасля шторму, усё ж такі ачунялі ад марской хваробы і падняліся наверх. Сонца свяціла да рэзі ў зрэнках. Яны доўга стаялі, успёршыся на парэнчы, глядзелі на мора. Зрэдку трапляўся сустрэчны карабель.
Тады Піліпко казаў:
— Перасесці б на яго ды дадому.
Сябрукі сумна смяяліся, углядаючыся ў невядомы далягляд, што раскрываўся перад імі. Так праходзілі дзень за днём. Людзі ў труме прачыналіся, пазяхалі, часаліся, выпаўзалі з гамакоў. Той-сёй шаптаў малітву.
Праз тыдзень плавання параход трапіў у туман ды такі густы і белы, што нагадваў малако. Павеяла холадам. Натужна завыла сірэна, і тут прускаўцаў, як і астатніх пасажыраў, што стаялі на палубе, чакала яшчэ адна неспадзяванка. Наперадзе, па курсу, паказаліся нейкія белыя заснежаныя астраўкі, якія там-сям тырчэлі з вады.
— Айсбергі! Айсбергі! — закрычаў нехта з натоўпу. — Гэта небяспечна!
Але карабель абмінаў астраўкі і няўхільна пасоўваўся наперад.
Яшчэ больш здзівіліся прускаўцы, калі недзе за вярсту ад карабля ўбачылі каля дзесятка фантанчыкаў, якія ўзнімаліся над акіянскай паверхняю.
— Гэта — кіты! — растлумачыў нехта з пасажыраў, які, можа, не першы раз пераплываў Атлантычны акіян.
Тут, на палубе карабля, Лявонка адчуў сябе іншым чалавекам; якім — невядома, але не тым, учарашнім, што касіў сена і хадзіў за канём.
Нарэшце адна за адной з'явіліся чайкі.
— Зямля! — крыкнуў нехта з матросаў.
— Новы Свет! — падтрымалі яго іншыя галасы.
— Амэрыка! — загулі пасажыры.
На дваццаць першы дзень плавання, апоўдні, «Santa Maria» ўвайшла ў Гудзонаў заліў. Уперадзе, над морам, паўстала высокая, асветленая сонцам постаць жанчыны з паходняй ва ўзнятай руцэ. Стомленыя амаль трохтыднёвым падарожжам пасажыры падняліся наверх і са здзіўленнем углядаліся ў яе суровае аблічча.
— Хто гэта?
— Статуя Свабоды, — патлумачыў нехта побач.
Горад уставаў з вады. Узнімаліся рознай вышыні прамавугольнікі будынкаў, безліч фабрычных комінаў, шматлікія карабельныя мачты. Нью-Йорк, па меры набліжэння, рос, шырыўся на вачах, прамавугольнікі ператвараліся ў высотныя хмарачосы. Увайшлі ў порт, які здзівіў мітуснёю і няўрымслівасцю сваіх працоўных рытмаў: вылі сірэны, грымелі якарныя ланцугі, туды-сюды снавалі катэры. «Santa Maria» падцягнулі да прыстані, спусцілі масткі, і пасажыры сталі выходзіць на амерыканскую зямлю. Людзі не таілі радасці, што нарэшце, пасля такой працяглай вадзяной няпэўнасці, апынуліся на беразе. Гэта быў востраў Эліс-Айленд, з якога пачынаўся Нью-Йорк. Тут знаходзіўся галоўны іміграцыйны пункт Злучаных Штатаў Амерыкі. Далёка не кожнаму прыезджаму шукальніку шчасця ўдавалася адолець гэта «чысцілішча» і трапіць у краіну, якая з'яўлялася мэтаю іх падарожжа. Нездарма Эліс-Айленд называлі «востравам слёз».
Пасажыраў «Santa Maria» сустрэлі высокія, аднолькава апранутыя дзецюкі з нейкімі, як падалося прускаўцам, даўбешкамі ў руках. Гэтымі даўбешкамі яны паказвалі ў напрамку шэрых аднапавярховых будынкаў, куды павінен быў кіравацца прыезджы люд. Зайшоўшы ў адзін з такіх будынкаў, пасажыры апынуліся ў распараджэнні чыноўнікаў эміграцыйнай службы і медыцынскіх інспектараў, якія праводзілі апытванні, праверку дакументаў і агляд усіх хто прыехаў. Амерыканскія федэратыўныя законы 1882–1892 гадоў забаранялі ўезд жабракам, палітычна ненадзейным асобам, хворым, а таксама тым, хто мог быць у цяжар грамадству.
Прускаўцы палахліва азіраліся па баках. Перш за ўсё іх чакаў пашпартны кантроль.
— Пашпарт! — загадаў чыноўнік, нават не глянуўшы, хто перад ім стаіць.
Хлопцы прад'явілі дакументы, той доўга іх вывучаў, і нарэшце штосьці запісаў у свой гросбух. Лявонка паглядзеў на незнаёмыя словы. «White Russia», — стаяла ў радку.
У Піліпковым куфэрку адляцела зашчапка, і яго прыйшлося звязаць вяроўкай.
— Вы не анархісты? — строга спытаў чыноўнік, аглядаючы ўсіх трох.
Прускаўцы рашуча заматлялі галовамі, адчуўшы сур'ёзнасць гэтага пытання, хоць і не ведалі, адкуль яна, гэтая сур'ёзнасць. Не ведалі, што ахвярай анархіста колькі гадоў назад стаў прэзідэнт Злучаных Штатаў — Мак-Кінлі.
Пытанні і адказы праходзілі праз перакладчыка.
— Чаму пакінулі свой край? — З твару чыноўніка не сыходзіў халодны выраз.
— Можа, грошай заробім…
Перакладчык пераклаў. Адказ, відаць, задаволіў мытніка, і ён загадаў прапусціць. Затым імі зацікавіўся чалавек у белым халаце. Лявонку здалося, што іх ён аглядаў асабліва прыдзірліва — адцягваў павекі, узіраўся ў вочы. Трахому шукаў ці якую іншую трасцу… Пасля ўрача іх чакала новая праверка. Мытнік, да якога яны трапілі, сядзеў у незвычайнай позе: ногі задраў на стол і курыў тоўстую чорную папяросу.
— Колькі ў вас грошай пры сабе?
У кожнага з прускаўцаў было па дваццаць даляраў, і гэта задаволіла інспектара. Ён нават падняўся і хлопнуў па плячы нізенькага Піліпка, сказаўшы нешта па-амерыканску.
— Ты ў Амерыцы. Амерыка — лепшая ў свеце краіна! — растлумачыў перакладчык.
І тут прускаўцам давялося стаць сведкамі жахлівай сцэны, якая зрабіла на іх цяжкае ўражанне. У іх спадарожнікаў з-пад Берасця, якія ішлі следам, не аказалася належнай сумы даляраў, каб пачаць жыццё ў Амерыцы. Мытнікі былі няўмольныя. Тут жа падскочылі дзецюкі ў форме і літаральна выштурхнулі людзей з памяшкання.
— Іх назад вяртаюць! — жахнуўся Цімоша.
Землякі спрабавалі нешта даказаць, але дарэмна. Эліс-Айленд стаў для іх першым і апошнім пунктам знаходжання на гэтай невядомай зямлі. Хлопцы маўчалі, перажываючы за землякоў. Гэта ж колькі нягод давялося адолець, каб выбрацца ў дарогу і ў самой дарозе. Цяпер трэба было вяртацца…
Драўляныя куфэркі прускаўцаў нікога з мытнікаў не зацікавілі.
З Эліс-Айленда яны пераправіліся на бераг і апынуліся на шырокай плошчы з процьмай народу. «Ну, чалавеча, лаві сваё шчасце!» — мільгатнула ў Лявонкавай галаве. Відаць, у гонар прыезджых увесь час іграла музыка, і гэта падбадзёрвала.
— Ого! Тут усё бурліць! — не ўстрымаўся ад захаплення Цімоша.
Ад такога скопішча народу прускаўцам стала не па сабе, і яны адно толькі круцілі галовамі, зыркаючы па баках. Лявонку здзівіў непрывычны, дзіўны нейкі пах — пах вялікага порта, які перамешвае дух мора і горада. Асабліва ўразілі высокія, у дваццаць і больш паверхаў дамы, якія акружалі плошчу. Сапраўды, хмарачосы… Піліпко, задраўшы галаву ўверх, непакоіўся: «А што, як каторы паваліцца?.. Прыдушыць…» Яны глядзелі на свет, як дзеці, шырока расплюшчыўшы вочы, уражаныя ніколі нябачаным і разгубленыя…
Куды ж падацца? «Там вас сустрэнуць!» — запэўніў дома вярбоўшчык. Не відаць нешта, каб сустракалі. Дзе ж спыніцца? На прыстані жыць не будеш. І на дзядзьку Васіля спадзявацца не даводзілася — невядома, дзе яго знайсці. Сярод натоўпу, праўда, круціліся нейкія ўвішныя, у саламяных капелюшах, постаці, перабягаючы ад адной купкі прыезджых да другой. Адзін з такіх увішных падступіўся да прускаўцаў. На ім капялюш збіты на патыліцу, штаны ў клетку, на шыі матлялася шырокая, нейкага няпэўнага колеру хустка.
— А вы откудава? — спытаў незнаёмец па-руску.
Ад нечаканасці прускаўцы ажно падскочылі.
— Так і ёсць — з Расіі! — упэўнена вырашыў незнаёмы, які нечым нагадаў Лявонку камянецкага яўрэя Алту, што гандляваў цялятамі.
— Мы, з-пад Берасця! — амаль не крыкнулі прускаўцы, з радасцю пачуўшы знаёмую мову.
— Дык я сам з Польшчы! Рады сустрэць землякоў! Завуць мяне містэр Лейбе Грос! — Чалавек франтавата паправіў капялюш. — Едзем на Іст-Сайд! Будзеце мець ложак і снеданне.
«Яўрэй, напэўна, — падумаў Лявонка, здзіўлена ўглядаючыся ў гэтага вясёлага чалавека, — але ж надта непадобны на камянецкіх знаёмых — людзей ціхмяных і набожных».
Прускаўцам нічога не заставалася, як згадзіцца.
— Першыя два месяцы я грошай не бяру, — патлумачыў містэр Лейбе.
— А тады?
— А тады па пяць даляраў з чалавека ў тыдзень.
Прускаўцы пераглянуліся паміж сабой.
— Гэта не шмат! — махнуў рукою Лейбе.
Падняўшы куфэркі, усе разам пайшлі па адной з вуліц. Пад нагамі ўсюды цвёрды покрыў, не відаць ні травінкі. Містэр Лейбе ішоў наперадзе. Абліччы людзей, якія траплялі ім насустрач, дыхалі энергіяй і бадзёрасцю. Шмат чарнаскурых. Уражанне было такое, што ўсе некуды спяшаюцца. Лявонка ўвесь час углядаўся ў людскія твары: а раптам Ганнін бацька— дзядзька Васіль!
Міма, шырока распрыскваючы лужыны, з аглушальным трэскам праімчаўся матор — дзіўнае стварэнне — самаход на чатырох колах. Чорны, як жук. Матораў, аднак, не так і шмат — больш карэт, вазкоў, брычак. На тратуары стаялі невялічкія цялежкі з малаком у бутэльках, хлебам і іншымі прадуктамі. Прускаўцы пачувалі сябе так, нібы трапілі ў нейкія вялікія жорны, і ходу назад няма. Лявонка ўспомніў нават пра землякоў з-пад Берасця: «Можа, і сапраўды лепш, што вяртаюцца?..»
Але містэр Лейбе, усё роўна як ведаў настрой сваіх кліентаў, не даваў маркоціцца:
— Вы павінны быць удзячны ўжо за тое, што вас пусцілі ў Амэрыку!
Прускаўцы маўчалі, уважліва слухалі кожнае слова новага знаёмага, які да таго ж быў амаль што іхнім земляком.
— А якая ваша прафесія? Што вы ўмееце рабіць? — пацікавіўся Лейбе.
— Усё, што спатрэбіцца, — за ўсіх адказаў Лявонка.
— Амерыка — добрая краіна, толькі тут трэба ўмець уладкавацца, — тлумачыў Лейбе. — Калі пашанцуе, і мільянерам можна стаць!
Яны не ведалі, што такое мільянер, але слухаць земляка было прыемна.
— У нас кожны марыць стаць мільянерам!
Жыццё на нью-йоркскіх вуліцах віравала і пенілася. Крычалі прадаўцы газет. Праносіліся аўтамабілі. Паўсюль валялася шмат рознага смецця. Там-сям проста на тратуары сядзелі негры са шчоткамі ў руках. Размахваючы гэтымі шчоткамі, яны прапаноўвалі прахожым свае паслугі — пачысціць чаравікі. Сярод чысцільшчыкаў шмат дзяцей.
Грукатаў па бруку сваімі вялікімі ботамі Піліпко. Сустрэчныя і асабліва чысцільшчыкі звярталі ўвагу на яго дзіўны абутак. Нейкі падлетак крутнуўся каля Піліпка, і той згледзець не паспеў, як гэты вісус сарваў з яго галавы прускаўскую шапку-кучомку. Бедны Піліпко кінуў куфэрак, схапіўся за галаву, але было ўжо позна: разбойнік знік гэтак жа хутка, як аб'явіўся.
— От, халера! — вылаяўся Лявонка. — Дагнаць бы заразу!
— Глядзі, каб боты не знялі,— насмешліва насцярожыў дружбака Цімоша, — бо нешта ўсе яны на іх зіркаюць.
Містэр Грос з абурэннем паківаў галавой.
Аграмадныя шыльды над дзвярыма розных кантор глядзелі на прускаўцаў вялікімі пазалочанымі літарамі і як бы суцяшалі нават: «Не бядуйце, будзе ў Піліпка шапка і яшчэ шмат чаго будзе!..» І сапраўды, вітрыны здзіўлялі багаццем: тканіны, гатовае адзенне, абутак, посуд, прылады розныя, упрыгожанні, парфума — што хочаш! Дзівіла мноства рэкламы. Напачатку яны не ведалі, што гэта такое, і вымушаны былі запытаць, што азначаюць гэтыя шматлікія надпісы.
— Гэта ўсё фірмы, — ахвотна тлумачыў Лейбе, ведаючы, што яго спадарожнікам не проста адразу ўсё зразумець, — прапаноўваюць тавар.
— А гэта хто — гарадавы? — павёў галавой Лявонка.
Усе звярнулі ўвагу на нейкага здаравілу ў форме. На цёмна-сіняй фуражцы — бліскучая кукарда. На шырокім скураным поясе — звязка з ключамі, наручнікі і нейкая зброя ў адкрытай кабуры. З гарадавымі прускаўцы пазнаёміліся ў Рызе, калі дабіраліся ў Лібаву. Вусатыя, здаравенныя дзядзькі, у кожнага з аднаго боку матляецца шабля, з другога — рэвальвер. Наручнікаў, праўда, няма.
— Коп. Палісмен! — з павагай адказаў Лейбе.
Палісмен нешта жаваў, павольна працуючы сківіцамі. У руках ён трымаў такую ж даўбешку, як і тыя, на мытні, і ляніва вярцеў ёю, як прускаўскі пастух кіем.
— Гумавая дубінка! — растлумачыў Лейбе і з захапленнем дадаў: — Каб стаць палісменам, патрэбны вага і рост. Вага не менш, як сто кіло.
— Цябе, Піліпко, не возьмуць, — зарагатаў Цімоша, маючы на ўвазе і рост, і худзізну Піліпка.
У гасцініцу містэра Гроса дабіраліся «паветранай дарогай» — на нью-йоркскай электрычцы, якая называлася тут «элевейтэд». Электрычка часам паднімалася ўпоравень з невысокімі дамкамі. Падарожнікаў здзівіла рознакаляровая стракатасць дахаў: зялёныя, сінія, чырвоныя, рудыя — розных фарбаў і адценняў! Бралася ўжо на вечар, калі яны нарэшце сышлі на нейкай станцыі і вузкімі вулачкамі дабраліся да ўладанняў містэра Гроса. Гэта быў прадаўгаваты драўляны дамок няпэўнага колеру з дзесяткам пакойчыкаў па абодва бакі доўгага калідора.
— Вось ваш пакой, — сказаў гаспадар, шырокім жэстам рукі запрашаючы новых пастаяльцаў,— ложкі выбірайце самі. Будзеце забяспечаны снеданнем. За снеданне асобная плата.
— А за абед?
Лейбе пасміхнуўся:
— Вяртацца сюды на абед у вас не будзе часу.
Прускаўцы здзіўлена паглядзелі на гаспадара.
Містэр Лейбе падняў угору палец:
— Заўтра прыйдуць…
— Хто прыйдзе? — раскрыў рот Піліпко.
— Ну, наймаць вас на работу.
Прускаўцы ўзрадаваліся.
— З работай не так проста, — пацмокаў языком містэр Лейбе, — цяпер тут крызіс, нават карэнныя амерыканцы не могуць дастаць работы… Але, я думаю, пашанцуе! Тым, хто спыняецца ў мяне, заўсёды шанцуе. А пакуль што адпачывайце! З дарогі трэба адпачыць, — з гэтымі словамі Лейбе выйшаў.
Лявонка выбраў ложак ля акна, сеў на яго. Цімоша з Піліпком атабарыліся побач. Пакой быў даволі вялікі і ўвесь застаўлены ложкамі. У кутку стаяла печка. Ракавіна з халоднай вадой знаходзілася тут жа, у пакоі. На акне — вазоны з кветкамі.
— Што, хлопцы? Відаць, дадому трэба напісаць, каб не думалі… — устрывожыўся Лявонка.
— Паспеецца… — стрымаў яго Цімоша. — Давай крыху павячэраем.
Хлопцы адчынілі свае куфэркі, дасталі рэшткі сала, сухары, нацадзілі з крана вады (паказаў Лейбе), склалі ўсё разам і пачалі вячэраць.
— Трэба, мусіць, дзядзьку Васіля ды Ляксея шукаць, — сказаў Лявонка.
— Дзе ж ты іх у такім мурашніку знойдзеш? — усумніўся Піліпко. — Як іголку ў стозе сена.
— Ёсць жа адрас.
— Заўтра ж прыйдуць на работу наймаць, а дзядзьку Васіля і потым пашукаем, — разважыў Цімоша.
Стомленыя, яны распрануліся і паклаліся спаць.
Крызіс 1907 года ў Амерыцы ўзмацніў беспрацоўе і голад. Працу цяжка было знайсці. Але прускаўскім хлопцам пашанцавала. Цімоша адразу ж уладкаваўся ў рэстаран мыць посуд.
— Там хоць галодны не будзеш! — падтрымалі яго сябры.
Піліпка ўзялі падносчыкам у магазін адзення. Яго справа — упакаваць куплены тавар, скласці ў карзіну, памагчы паднесці. Праз тыдзень ён і Цімоша пахваліліся заробленымі грашыма: дзесяць даляраў!
Лявонку не шчасціла: яго ніхто нікуды не браў Дзядзькі Васіля па ўказаным адрасе не аказалася — перамяніў, відаць, і кватэру, і работу. Лепшую, можа, знайшоў. У яго ж пакуль што не было ніякай. «Таму, відаць, што малы я ростам ды і з выгляду малады надта… — з трывогай думаў Кужаль. — Але Піліпко яшчэ меншы за мяне, а ўзялі, працуе…» Ён хадзіў у розныя месцы, але безвынікова. Вечарам тлумачыў сябрам і гаспадару:
— Спазніўся і на гэты раз. Каб крыху раней, а так ужо заняў нейкі чалавек…
Містэр Грос, які не пераставаў апекавацца сваімі пастаяльцамі, параіў:
— Тут ёсць спецыяльнае бюро іміграцыі і натуралізацыі, якое займаецца такімі людзьмі, як ты. Схадзі туды.
Лявонка ўжо быў і галаву апусціў. Містэр Грос гэта бачыў.
— Кеер smiling! — сказаў гаспадар і дадаў: — Так гавораць у Амерыцы.
Гэта значыць: заўсёды ўсміхайся, нават калі табе цяжка.
Тут і сапраўды больш за ўсё цанілі вясёлы нораў і незалежнасць. Лявонка падаўся ў тое бюро, куды яго настрэнчыў містэр Лейбе. Яно знаходзілася на 21-й авеню, і прускавец хутка яго знайшоў. У зручным крэсле, бокам да акенца, сядзеў чалавек без пінжака, у адной камізэльцы, паклаўшы ногі на стол. Цяпер гэта ўжо не здзіўляла. Чалавек маленькімі нажнічкамі падпраўляў пазногці. Зірнуўшы на новага кліента, паклікаў перакладчыка.
— А што ты ўмееш? — запытаў праз перакладчыка.
Што ён умеў? Араць, касіць, сеяць…
— Вам трэба ў іншы штат.
Перакладчык пераклаў. У думках Лявонка ўжо быў гатовы да такога кроку, але…
— Перш, чым ехаць, я хацеў бы зарабіць трохі грошай, каб мець на што ехаць, — растлумачыў ён.
Выслухаўшы адказ у перакладзе, чыноўнік перастаў абразаць пазногці, апусціў ногі на падлогу, парыўся ў паперах.
— Ёсць тут адно месца, — сказаў ён таксама праз перакладчыка, — пакуль што вакантнае. Мыць вокны.
— Вокны мыць? — перапытаў Лявонка ў перакладчыка і падумаў: «У нас жа гэта жанчыны робяць. Перад Паскай. Прыехаў у Амэрыку, каб мыць вокны? У Прусцы засмяюць… Ды і што там заробіш — на тых вокнах? Зрэшты, мые ж Цімона посуд. Чаму ж вокны нельга мыць?»
— Ну, як?
Давялося згадзіцца.
— Гэта непадалёку, — перакладчык назваў адрас, і Лявонка, падзякаваўшы, тут жа пайшоў.
Гэта быў вядомы многім дом на 23-й авеню, які меў дваццаць восем паверхаў. У ім размяшчаўся салідны гатэль. Навічка накіравалі ў падвал, дзе месціліся гаспадарчыя службы. Падалося, што там нават узрадаваліся яго прыходу. Адразу ж атрымаў рабочае месца і адзенне — камбінезон з шырокім брызентавым поясам, швабру і вядро. Назаўтра трэба было пачынаць.
— Ну што? — спыталі Цімоша з ІІіліпком, калі вечарам вярнуліся з працы.
— Тое-сёе як быццам абяцалі. Вокны мыць маю.
— Вокны? — са здзіўленнем перапытаў Цімоша. — Няўжо?
Піліпко таксама быў здзіўлены:
— Няўжо іх мыюць?
Лявонка нічога не адказаў.
На працу ён пабег з самай раніцы. Пераапрануўся ў камбінезон, напусціў у вядро вады і з дапамогай майстра-сантэхніка зрабіў мыльны раствор. Майстар тлумачыў больш рукамі і мімікай, чым словамі. Абавязкі акнамыя не такія ўжо і складаныя, але і іх трэба ўмець выконваць.
— Weil? [5]
Прускавец кіўнуў галавой і апрануў, як вучыў майстар, камбінезон. Спачатку трэба было вымыць унутраны бок акна, потым знадворны. Майстар паказаў, як гэта робіцца. Да пояса камбінезона прымацаваны дзве скураныя шлейкі з крукамі, якія чапляліся за ўмураваныя ў сцяну дома тоўстыя жалезныя скобы і ўтрымлівалі мыйшчыка ў паветры. Пачалі з першага паверха. Падняўшы ніжнюю шыбіну, Лявонка асцярожна, каб не сарвацца, стаў каленямі на падаконнік і, трымаючыся адной рукой за раму, другой пачапіўся крукамі за скобы.
— О'кэй! — сказаў майстар і пайшоў па сваіх справах.
Пачалася праца. Ступіўшы нагамі на карніз, хлопец нацягваў шлеі і асцярожна завісаў у паветры, браў у рукі швабру, мачаў яе ў вядро з мыльнай вадой, шураваў па шыбіне, затым выціраў шкло сухой анучай і, нарэшце, канчаткова праціраў кавалкам замшы. Шыбіны ззялі святочным бляскам. Пасля гэтага акнамый вяртаўся ў памяшканне, зачыняў вымытае акно і браўся за наступнае.
«Добра, што вазонаў з кветкамі на вокнах не трымаюць, — думалася пры гэтым, — а то нязручна было б праз падаконнік пералазіць. Раптам зачапіў бы нагой, ды той вазон зваліўся з дваццатага паверха каму-небудзь на галаву».
Кожны паверх узносіў яго вышэй і вышэй, усё больш аддаляючы ад зямлі. Не жартачкі, дваццаць восем паверхаў! Папярэднік Лявонкі, як потым ён даведаўся, сарваўся з дваццаць першага. Спачатку ў Лявонкі кружылася галава, здавалася, што пад напорам ветру хістаецца, і ўсё з большым размахам, сам будынак, пагражаючы скінуць яго з падаконнага карніза. Людзі ўнізе выглядалі мурашамі. Сэрца падпірала пад самае горла і ўтрапёна калацілася, гатовае выскачыць з грудзей. У нагах з'яўлялася здрадлівая няўпэўненасць. Адольвала слабасць, ногі дрыжэлі, рабіліся як не свае, не ставала зямной апоры. Успомнілася чамусьці Вавілонская вежа, пра якую некалі ў Камянецкім вучылішчы (як даўно гэта было!) расказваў айцец Нікадзім: «Хмар дасягнула і ўперлася ў неба…» Але як дрэнна ўсё скончылася! Гэты хмарачос — тая самая вежа…
Непадалёку стаяла яшчэ некалькі дамоў, амаль такіх жа высокіх, вокны якіх таксама мыла чыясьці швабра. Не адзін ён такі! І побач з панылымі настроямі ў свядомасці нечакана прачнулася як бы супрацьлеглая думка: «Гэта твая работа, і ніхто яе за цябе не выканае. Прывыкай! Але ці магчыма загартаваць волю так, каб не баяцца?»
Адчуваў, як на руках і нагах цвярдзеюць мускулы і ўвесь ён становіцца цяжкім і шчыльным. Норма ў яго — сорак вокнаў за дзень. З верхніх паверхаў далёка відаць. Амаль у цэнтры Нью-Йорка вялікімі купінамі дрэў зелянеў цэнтральны парк. На поўнач ад горада віднеўся лес. Калі Лявонка мыў вокны з паўднёвага боку і паднімаўся на чатырнаццаты паверх, то бачыў удалечыні шырокі абсяг акіяна — таго, па якім нядаўна плыў на «Santa Maria».
Заканчваўся кастрычнік, але надвор'е стаяла вельмі цёплае, і ўдзень, і ўночы, — не такое, як у Прусцы, дзе ў гэты час ноччу ўжо пракідаліся замаразкі. А тут і свяціла і грэла гарачае сонца. Лявонка глядзеў знізу на сваю работу — вокны ззялі чысцінёй, і яму было прыемна. Успамінаў Ганну: «Эх, каб яна ўгледзела мяне тут… Там, пэўна, нават і не ўяўляюць, чым я тут займаюся. Ці каб дзядуля Кірыла ўбачыў, як я тут на гэтых вяроўчынах матляюся, от бы здзівіўся!»
У суботу ён атрымаў заробленыя за тыдзень грошы, разлічыўся з гаспадаром — містэрам Лейбе. Вечарам выпіў кружку піва. Больш сабе не дазволіў — работа патрабавала здаровай галавы і незамутнёнай развагі. Ноччу бачыў сон: небаскроб разгайдала так, што, здавалася, крукі вось-вось вырвуцца з петляў і ён паляціць уніз, у бездань вуліцы, заціснутай, як калодзеж, паміж гэтымі высознымі дамамі. А потым прыснілася Ганна…
Але сум не адступаў.
На вачах у Лявонкі раскрываўся новы свет, праявы нязнанага жыцця. Спачатку ён успрымаў іх вельмі няпэўна — як скрозь туман. Цяжка давалася мова. Спярша гэтая чужая гаворка здавалася яму як бы нейкая птушыная: у разнастайных гуках цяжка было ўлавіць сэнс. Але паступова даходзіў да сэнсу пачутых слоў, запамінаў іх: йес, гуд бай, о'кэй, сэнк'ю… На першым часе выручалі рукі і міміка. Даводзілася доўга і цярпліва тлумачыць, ужываючы не столькі мову, колькі першабытна-адмысловыя рухі і жэсты, каб высветліць найпрасцейшыя справы. Аднак з цягам часу запас слоў пашыраўся, ахопліваючы ўсё больш побытавых сітуацый.
У Амерыцы не толькі мова іншая — усё іншае, хлопцы неяк нават былі разгубіліся пад напорам новага жыцця з яго цяжкасцямі, клопатамі і супярэчнасцямі. Гарадская праца супраць ранейшай, прускаўскай, кожнаму здавалася вельмі нязвыклай, нават дзіўнай. І за што толькі, думалася, грошы плацілі! Аднак паступова пачалі асвойвацца.
Аднойчы містэр Грос, паглядзеўшы на сваіх пастаяльцаў, сказаў:
— Калі ты жывеш у Амерыцы, то і апранацца павінен адпаведна па-амерыканску. Вам трэба касцюм, кашуля, гальштук!
Яны ўжо і самі пераканаліся, што на адзенне тут звяртаюць асаблівую ўвагу. Цімоша з Піліпком ужо купілі сабе туфлі — па пятнаццаць даляраў за пару, і Лявонка збіраўся купіць такія ж. У нядзелю, пасля чарговай пэйды (так эмігранты называлі тыднёвы заробак), накіраваліся ў магазін гатовага адзення, які нагледзелі загадзя. У нядзелю магазіны, як правіла, не працавалі — выхадны, а гэты быў адкрыты і ў нядзелю. Гіры ўваходзе сядзеў, задраўшы ногі на стол, прадавец, але, калі прускаўцы ўвайшлі ў магазін, ён увішна ўстаў, сустрэў пакупнікоў усмешкай, прапанаваў свае паслугі. Лявонку і яго сяброў ужо не здзіўляла, што людзі тут пастаянна пасміхаюцца. Усмешка не сыходзіла з вуснаў амерыканцаў.
Пачалі з Цімошы — першы прымяраў ён — як найбольш грашавіты. Прадавец паклаў на прылавак касцюм — тройку з цёмнага матэрыялу ў белую палоску. Цімоша салідна крануў крысо, абмацаў пальцамі матэрыял.
— Дабрэнны! — падахвоціў сябра Піліпко, які таксама памкнуўся мацаць. — Панскі! Камізэлька шоўкавая…
Цімоша апрануў. Камізэлька падышла, а пінжак аказаўся завялікі — вісеў на Цімошу як на калку. Але прадавец, весела ўсміхаючыся, абвёў вакол сваёй таліі рукамі (у будучым, маўляў, містэр стане таўсцей, патрэбен запас) і ёмка паляпаў пакупніка па плячы:
— О'кэй!
Прускаўцы таксама заўсміхаліся, задаволеныя тым, што ўсё складваецца, як яны хацелі. Чалавек ізноў паляпаў Цімошу, цяпер ужо па грудзях, дастаў з-за прылаўка нешта белае, падобнае на кашулю, але без рукавоў, і ўсклаў хлопцу на грудзі.
— Манішка! — крутнуў прадавец пальцам.
Паўбіраўшыся ў гэтую незвычайную апранаху, прускаўцы зразумелі, што тлумачыў ім прадавец: «Гэта рэч, калі прыгледзецца, нават больш практычная, чым кашуля, асабліва для халасцякоў. Выдатна! Трэба купляць!»
Цімоша асцярожна зняў пінжак і апрануў манішку. Увішны прадавец насунуў яму на рукі белыя бліскучыя трубачкі і зашчыпнуў іх на запясцях, лоўка скалоўшы металічнымі запінкамі. Потым адшукаў яшчэ адну неабходную дэталь — белыя шнурочкі, якімі прывязаў манжэты да плячэй. На шыю прымайстраваў цэлулоідны каўнерык. Кліент, глянуўшы ў люстра, быў моцна ўражаны сваім выглядам.
— Элегант! — не скупіўся на кампліменты прадавец.
— О, як пан! — не стрымаў свайго захаплення і Піліпко.
Лявонка з Піліпком таксама прымералі па касцюму і манішцы. Усё ж такі вока ў прадаўца спрактыкаванае. Угадаў! Новы гарнітур — сіняя ў палоску тройка з падвужанымі па модзе штанамі і камізэлькай — сядзеў на Лявонку як уліты. Крыху даўгаватым здаваўся пінжак, але што ж — мода такая. Купілі па гальштуку і тут жа пад кіраўніцтвам прадаўца навучыліся іх завязваць, і не абы-як, а па-амерыканску. Апрануўшыся, дзівіліся, стоячы перад люстрам, як адзенне мяняе чалавека. Цяпер з выгляду хлопцы нічым не нагадвалі ранейшых прускаўцаў і не адрозніваліся ад мясцовага люду.
Збоку, у камізэльцы, Піліпко намацаў кішэнь для гадзінніка і паглядзеў на таварышаў.
— Яшчэ каб гадзіннік прыдбаць, дык быў бы ўжо зусім як амерыканец.
Выйшаўшы з магазіна, яны, склаліся, купілі на трох пачак танных цыгарэт, закурылі і рушылі ў бок Вашынгтонскага сквера. Гэта — гарадскі цэнтр. Ісці недалёка. Па дарозе загледзеліся на помнік нейкаму чалавеку ў капелюшы, падобным на талерку (гэта быў помнік Гарыбальдзі).
— І нам трэба капелюшы, — павярнуўся да сяброў Цімоша. — Як думаеш, Кужаль?
— Усё адразу не купіш, — супакоіў той сябра. — Надта хутка ты амерыканцам хочаш стаць.
Цімоша ліха прысвіснуў:
— А чаму б і не?
Падышлі да кіёска, выпілі па куфлі піва. Цімафей хацеў і па другім, але Піліпко выразна паглядзеў на яго, і той сцішыўся. Па вуліцы праімчаўся аўтамабіль з адкрытым верхам і шырока пастаўленымі коламі.
— Вось каб такую штуку мець!.. — мройліва сказаў Піліпко.
— Чаго захацеў! — усклікнулі сябрукі.
— Сто гадоў, мусіць, трэба мыць посуд, — дадаў Цімоша.
Пайшлі далей, і раптам пачулася музыка. На перакрыжаванні, на рагу сумежных вуліц, стаяў беднага выгляду чалавек і іграў на скрыпцы. Падышлі бліжэй і спыніліся ў здзіўленні, убачыўшы, што скрыпач іграў як бы для сябе, — побач нікога не было. Адзінкі з прахожых спыняліся, кідалі нейкую дробязь. У раскрытым футарале, ля ног музыканта, ляжала некалькі манет.
— Пабіраецца, ці што? — паціснуў плячыма Піліпко.
Мусіць, убачыўшы прускаўцаў, якія падыходзілі да яго, гаротнік зайграў яшчэ жаласлівей, і хлопцам захацелася кінуць у яго футарал хоць бы цэнт, але рабіць гэтага не сталі, паспадзяваўшыся на больш багатых.
— А от каб так з гармоняю стаў — ці далі б што? — як бы ў самога сябе запытаў Піліпко.
— Га-га-га! — зарагатаў Цімоша. — Каб польку ўцяў — яны б у скокі пайшлі! Ніхто б нічога не кінуў.
Тут яны зарагаталі ўсе трое.
Нейкія грошы яшчэ заставаліся, і Цімоша прапанаваў з'ездзіць на Коні-Айленд.
— Паглядзім, як тут людзі бавяць час.
Коні-Айленд — Востраў Забаў. Яны селі ў аўтобус, які прывёз да вялікага зялёнага парку, абнесенага высокай жалезнай агароджай. Да варот у багатых кабрыялетах, а некаторыя і ў аўтамабілях пад'язджалі па-святочнаму апранутыя людзі. Большасць — мужчыны з маладымі жанчынамі.
— У раскошы жывуць — што і казаць! — у голасе Цімоша! чулася здзіўленне і захапленне адначасова.
— Багатыя! — падтрымаў яго Лявонка, азіраючы вясёлую публіку.
— Эх, нам бы так! — з зайздрасцю сказаў Піліпко.
І прускаўцы, як роўныя, уліліся ў вір незнаёмых людзей. Усе прыгожа апрануты, асабліва жанчыны і дзяўчаты. Праўда, нейкія, як здалося прускаўцам, залішне танклявыя і худыя.
Парк быў падобны на добра дагледжаны лес. Паміж дрэвамі лёгкія ажурныя альтанкі, у якіх можна пакурыць сігару, адпачыць, выпіць піва, што-небудзь з'есці. У некаторых адпачываючых у руках жаўцелі пачаткі смажанай кукурузы — мясцовы ласунак.
— А гэта што? — Цімоша ткнуў пальцам у дзіўныя зеленаватыя струкі, куды большыя за фасолю, якія таксама прадаваліся тут жа, на вуліцы.
— Банан, — адказаў чарнаскуры гандляр.
Склаліся і купілі адзін, каб пакаштаваць.
— Як картоплі,— скрывіў губы Цімоша, аблупіўшы струк і адкусіўшы першым.
І сапраўды па смаку банан нагадваў адвараную бульбу, саладжавую ад таго, што яе крыху прыхапіла марозам.
На эстрадзе іграў аркестр.
Піліпко заўсміхаўся:
— Дома б у царкву пайшлі, а тут…
Кругом — атракцыёны. Падышлі да дзіўнага збудавання: на высокіх слупах-апорах пракладзены жалезныя рэйкі, па якіх уверх-уніз з грукатам каціліся счэпленыя адзін з адным адкрытыя вагончыкі. Стаяла чарга жадаючых пакатацца на «Рускіх горах» (так называўся гэты атракцыён), прускаўцы ўзялі па білеціку і сталі ззаду. Дачакаўшыся, селі ў вагончык. Поезд адразу крута ўзяў уверх, а потым раптоўна пакаціўся ўніз. Хлопцы міжвольна ўхапіліся адзін за аднаго. Потым іх зноў кінула ўверх. Поезд то ўзбіраўся па гэтай паветранай дарозе ўверх, адольваючы крутыя пад'ёмы, то абрываўся ўніз — як у нейкую прорву — усімі сваімі вагончыкамі. Цімоша ледзьве не вываліўся за борт, калі вагончык завіс уверх коламі. Ён роспачна перажагнаўся і яшчэ мацней учапіўся за Лявонку. Піліпко знямеў ад страху. Галава кружылася больш, чым на караблі, калі плылі сюды. У думках яны ўжо пашкадавалі, што трапілі на. гэтыя «горы», але ўсё неяк абышлося, а ў канцы нават спадабалася. Кужаль напалохаўся менш. Працуючы акнамыем, ён паспеў прывыкнуць і да вышыні, і да гайданкі.
Выйшаўшы з вагончыкаў, убачылі яшчэ адну цікавую забаўку — сіламер. Ахвотнікі, звягнуўшы цэнтам, цягнулі за спецыяльную спружыну, і стрэлка паказвала вынік — наколькі чалавек дужы.
— Што, хлопцы, рызыкнём? — падбадзёрыў сяброў Цімафей. — Дай нам! — звярнуўся ён жэстам да чалавека ў чорным капелюшы-кацялку, які кіраваў усёй гэтай пацехай.
— Адкуль вы? — пацікавіўся той, спытаўшы па-англійску.
— Рашэн, — адказаў асмялелы Цімоша. — О!
— Беларашэн, — паправіў сябра Піліпко, як бы гэта магло нешта сказаць іхняму суразмоўніку, аднак той згодна заківаў галавою: «я-я» і тут жа абвясціў: «Дзвесце фунтаў!» — калі сіламерную спружыну пацягнуў шыракаплечы мацак з вясёлым тварам, які стаяў перад прускаўцамі.
Падышла і іх чарга. Першы да справы падступіўся Цімоша, хапануў за кальцо, з усяе сілы рвануў, і стрэлка імкліва тузанулася ўверх.
— Сто восемдзесят пяць! — гукнуў чалавек у чорным кацялку.
— Ого! — прамовіў Піліпко, але сам да спружыны не падыходзіў.
— О'кэй! — пахваліў «кацялок».
«Можа, мне паспрабаваць?» — падумаў Лявонка, ужо намацаўшы ў кішэні патрэбны цэнт. Аддаўшы яго ўладальніку чорнага кацялка, ён павольна прыклаўся да кальца, зручна ашчаперыў яго і вокамгненна рвануў на сябе.
— Дзвесце дваццаць! — у адзін голас крыкнулі чалавек у чорным кацялку і той здаравяк, што перад гэтым вырваў дзвесце фунтаў. Яны разам кінуліся да хлопца і пачалі мітусліва мацаць яго рукі і плечы.
Уражаны былі і Цімоша з Піліпком. «Ну, Кужалёк!..» — круцілі галовамі адзін і другі. Але больш за ўсіх здзівіўся сам Лявонка, яшчэ і яшчэ раз аглядаючы спружыну з кальцом і стрэлку, якая так высока падскочыла. Прыгладзіў на галаве чуб. Для яго гэта было поўнай нечаканасцю.
Пайшлі далей. Палогім, нізінным берагам Коні-Айленд апускаўся ў акіян. Тут знаходзіўся пляж. Ля самай вады, на пяску, бессаромна грэліся на сонцы голыя людзі, у адных кароткіх штоніках. Мужчыны і жанчыны, старыя і маладыя, худыя і тоўстыя. Прускаўцы паглядзелі адзін на аднаго і паскрэблі патыліцы. У гэтай краіне здзіўленне чакала іх на кожным кроку…
У сваё прыстанішча яны вярнуліся з пустымі кішэнямі. На вуліцах ужо гарэлі газавыя ліхтары.
Вечарам Лявонка сеў пісаць ліст дадому. Там ужо, пэўна, стаміліся чакаць ад яго хоць якой весткі. Яшчэ на мінулым тыдні купіў у кіёску паперу, канверт і чарніла. Цяпер вось адсунуў вазон з кветкамі, прымасціўся да падаконніка (стала не было) і ўявіў, як Масей Галёнка паедзе ў воласць, у Ратайчыцы, зойдзе на пошту і забярэ яго ліст, адрасаваны Кужаль Марыі. Дома прачытаюць. І ён пачаў:
«Дарагія малю, дзядуля, Тоня, Фядора, Барбарка! Шлю вам паклон з-за акіяна, з далёкай Амэрыкі, дзе я знаходжуся ўжо амаль паўтара месяца. Прабачце, што доўга не пісаў, бо пакуль уладкаваўся на прагну, пакуль крыху асвоіўся. Цяпер пішу вам усё па парадку. Пераплылі акіян. Той акіян, пра які расказваў Кузёмка, нішто супраць гэтага, па якім мы плылі на параходзе. Не ведаю, ці правільна я зрабіў, але спыніўся пакуль што ў Нью-Йорку, у пансіёне містэра Гроса. Добры чалавек. Маю работу. Працую па восем гадзін у дзень, а часам і болей. Мыю вокны ў вялікіх дамах. Збяру крыху грошай і пашлю вам і Падгурскаму, каб разлічыцца за тое, што пазычалі. На работу ўладкавацца не так проста: перад фабрыкамі чэргі. Нашы хлопцы працуюць. Цімоша мые посуд у рэстарацыі. Піліпко працуе ў магазіне адзення, дапамагае насіць і запакоўваць тавар. Усім нам, можна сказаць, пашанцавала. Такія, як мы, называюцца тут эмігранты. Летам пасылаюць працаваць на фермы, зімой — на фабрыкі і шахты. Пад вясну, можа, і я падамся куды на ферму. Цяжка прывыкнуць да гарадскіх муроў. У Нью-Йорку яны ціснуць з усіх бакоў. Тут, на чужыне, у Амэрыцы, успамінаю вас вельмі часта і вельмі шкадую, як вы там без мяне. Амэрыка — гэта Вавілон, тут змяшаліся ўсе народы, нацыі. Мяне тут дзівіць нейкая адчужанасць, нікому да цябе няма ніякай цікавасці і ніякай справы. Не тое, што ў нас дома, дзе ўсё i. ўсе навідавоку. Але грошы зарабіць можна. Галоўнае — каб праца была. Доўга я тут, думаю, не затрымаюся, цягне дадому.
Моцна ўсіх вас абдымаю і цалую. А яшчэ прывітанне дзядзьку Хведару і яго сям'і, суседу Хомку, яго жонцы, цётцы Хомчысе, усім знаёмым. Прывітанне Ганне і яе маці.
Ваш Лявон».
Ідучы на работу, забег на пошту, кінуў ліст у скрынку і зноў засумаваў. У паветры кружыліся сняжынкі. Лявонка падставіў далоні. Сняжынкі, дакранаючыся да чалавечага цяпла, хутка раставалі, як бы каналі, але ён усё ж такі паспеў разабраць іх махнаты ўзор: «Такія ж, як у Прусцы». На далоні заставаліся ледзь прыкметныя кропелькі вільгаці. Снег усюды аднолькавы — і дома, і тут, у Амерыцы. Праўда зіма тут мяккая — ніякага параўнання з прускаўскай. Але ўсё роўна праца акнамыя сезонная — зімой, у снег і халады, ніхто вокнаў не мые, аж да вясны. Што ж будзе далей? І як бы пачуўшы Лявонкавы неспакойныя думкі, яго раптам выклікаў старшы адміністратар гатэля — бос, як яго тут называлі.
На стале дыміўся кубачак з гарачай пахучай кавай.
— Містэр Леан! — звярнуўся ён да Лявона. — Мы можам прапанаваць вам новую работу.
Нязвыклае ў дачыненні да сябе «містэр» здзівіла. Ён ажно пачырванеў. Каб да вясны не страціць добрага работніка, бос прапанаваў яму новую працу — ужо ўнутры будынка — ліфцёрам.
— А вясной зноў!.. — Бос пакруціў рукой у паветры, нібы выціраючы нябачнае шкло.
Як звычайна і робіцца ў такіх выпадках, з Лявонкам заключылі кантракт і тут жа выдалі уніформу з блішчастымі гузікамі і жоўтымі галунамі. Давялося асвоіць яшчэ адну прафесію: хто б думаў, што некалі яму давядзецца працаваць ліфцёрам. Цяпер абавязкам было развозіць людзей па паверхах — каму на які трэба. Час ад часу прыходзілася працаваць у начную змену — паднімаць і апускаць не толькі людзей, але і грузы. Аплачвалася праца слабавата, але, як кажуць, дзякуй і за гэта. Калі пасажыраў не было, ён старанна драіў латунныя дэталі ліфта.
Змена цягнулася дванаццаць гадзін. І ўдзень, і ўночы прасторнае мармуровае фае напоўнена зыркім святлом мноства электрычных лямп. У цэнтры і па кутках стаялі вялікія мяккія крэслы, у якія сядалі людзі з ганарліва-незалежным выглядам. Ля сцен у ёмістых плеценых карзінах раслі пальмы. Пячэй не было — грэлі радыятары, размешчаныя пад вокнамі. Спяшаліся на работу заклапочаныя канторшчыкі і розны падсобны люд. К канцу дня дзелавая гарачка спадала, рытмы слабелі і замаруджваліся. Лявонка чакаў ля адчыненых дзвярэй ліфта, але кліентаў не было, і ліфцёра адольвала нудота. І аднойчы здарылася непрадбачанае. Непадалёк, у гардэробе, ішла гульня ў косці, і ён — як нячысцік падштурхнуў — пакінуў ліфт і падышоў да гульцоў. Якраз у гэты момант яго і аклікнуў старшы парцье, паказаўшы рукой на расчыненыя дзверы ліфта. Што ж ты, маўляў, пакідаеш рабочае месца? Пагэтаму ці не пагэтаму, але пасля таго, як захварэў апальшчык, яго прызначылі ў кацельную.
— Хутка ж ты мяняеш спецыяльнасці,— пацвельваў з яго Цімоша. — Як толькі вывучвацца паспяваеш? Шанцуе табе, не інакш.
Сам Цімоша па-ранейшаму мыў посуд.
— Шанцуе, — з сумнай усмешкай пагаджаўся Лявонка.
Раніцай яны хуценька пілі каву і спяшаліся на працу.
Частку дарогі яму даводзілася ісці па вуліцы Баверы, бруднай і цёмнай, амаль закрытай зверху памостам паветранай дарогі. Лявонка ішоў па ёй як па тунелі. Народу шмат, але адчуваеш сябе яшчэ больш адзінокім, чым тады, калі застаешся сам-насам з сабой. Кожнага дня, апроч выхадных, ён уліваўся ў людское мора, якое плыло ў напрамку станцыі метро. Там разам з усімі апускаўся ў цёмны лаз падземкі. Бывае, столькі народу набіваецца, што не зачыняюцца дзверы. Каб ушчыльніць пасажырскую масу, на станцыі метро ёсць спецыяльныя людзі — забівалы, якія ў такіх выпадках дзейнічаюць без асаблівых цырымоніі умінаючы сваіх падапечных кулакамі і каленямі. Кожны раз, ідучы сціснуты натоўпам, ён успамінаў прускаўскія прасторы — абсягі палёў, шырокі луг, надрэчныя далягляды, лес. У электрычцы, калі вяртаўся з работы, яму амаль заўсёды саступалі месца, нават прыязна ўсміхаючыся. Поезд у метро ідзе хутка, грыміць на стыках, хістаецца з боку ў бок. Пасажыры, трымаючыся за поручні, чытаюць ранішнія газеты, жуюць гумку, маўчаць, пра нешта думаюць…
Першы набыў гадзіннік Цімоша. Дастаючы яго з кішэні камізэлькі, падносіў да вуха і працягваў Лявонку:
— Паслухай, як ідзе! Лявонка слухаў і хваліў:
— Добрая рэч!
— А ланцужок?
— І ланцужок.
— Сярэбраны, сказалі ў краме, і крыху пазалочаны. Піліпко таксама пахваліў, прыгадаўшы валаснога пісара:
— Лепшы, чым у Пацея!
Лявонка ўспомніў, што і камянецкі шавец Нохім марыў пра такі гадзіннік. Цікава, ці набыў…
— Быў мужыком, а цяпер чалавекам стаў! — падміргнуў Цімоша, хаваючы гадзіннік у кішэньку.
Усе дружна і з задавальненнем засмяяліся.
— Так то яно так, але пазарасталі мы! — сказаў Лявонка, паглядзеўшы на сябрукоў і памацаўшы рукой патыліцу. — Пастрыгчыся трэба!
Пастрыгчыся ў цырульні тут каштавала пятнаццаць цэнтаў. Вырашылі, дачакаўшыся выхаднога, усім разам пайсці ў цырульню. Галіцца — галіліся дома, праз дзень-два. Брытву «Solling» купілі ў складчыну, і адной карысталіся ўсе трое. Лявонка, каб не здавалася, што ён надта малады, вырашыў адпусціць вусы.
Цырульнік — насаты і вірлавокі мужчына — пастрыг іх пад бокс, толькі над ілбом пакінуўшы трохі чупрыны. Лявонавы кончыкі вусоў закруціў уверх. Канчаючы стрыжку, пстрыкнуў на кожнага з гумовай грушы — запахла адэкалонам. Потым узяў у рукі люстра і паднёс да кожнага, каб прускаўцы маглі на сябе паглядзець.
— О'кэй! — пахваліў ён ні то сябе, ні то кліентаў, што прыйшлі адразу ўтрох, і ў захапленні прыцмокнуў языком.
Расплаціўшыся з вірлавокім цырульнікам, яны выйшлі на вуліцу. Падстрыжаныя, наадэкалоненыя, у новых касцюмах.
Лявонка прапанаваў:
— Давайце сфатаграфуемся!
— І дадому пашлём, хай убачаць, якія мы амэрыканцы! — падхапіў яго думку Цімоша.
Згадзіўся і Піліпко.
Фотасалон знаходзіўся непадалёку, на 85-й авеню. Там іх як бы ўжо і чакалі. Фатаграфаваліся спачатку ўсе разам, утрох, а потым паасобку. Высокі, сухарлявы, з каротка падстрыжанымі вусікамі фатограф кожны раз залазіў пад чорную накідку і доўга прымяраўся. Было ў ім, як і ў цырульніку і іншых людзях, якіх яны тут сустракалі, нешта няўлоўна амерыканскае — усмешлівасць, лоўкасць, маторнасць… Фатографу дапамагала маладая негрыцянка, выконваючы загады фотамайстра. Яна паказвала прускаўцам, як сесці ў крэсле і ў які бок глядзець. Цімоша сфатаграфаваўся пры гадзінніку з ланцужком, потым пазычыў яго сябрам. Кожнаму хацелася выглядаць як найлепш.
Па фотакарткі пайшоў Лявонка. Яны былі пакладзены ў канверт, які хутка знайшла і паслужліва аддала яму тая самая негрыцянка. Хлопец упершыню ўбачыў сябе і сваіх таварышаў на фотакартцы. «Няўжо гэты прыгожы амерыканец з бледным застыглым тварам і чорнымі вусікамі — я?» Цімоша і Піліпко атрымаліся, здаецца, больш падобнымі. Фотакартка наклеена на цвёрды кардон. Пад ёй адрас майстэрні, дата: Нью-Йорк, 85-я авеню, 1907 год. Унізе — размашысты роспіс майстра.
— А нішто сабе картачка выйшла! — смяяўся задаволены Цімоша.
І Піліпку спадабалася.
— От дома дзівіцца будуць!.. — захапляўся ён.
Нарэшце Лявонка атрымаў ліст ад сваіх. Пошта з Прускі ідзе сюды доўга — амаль тры месяцы. Надарваў жоўты канверт, дастаў некалькі лісткоў з вучнёўскага сшытка. Усхваляваў ужо самы першы радок:
«Дарагі сынок, брацік і ўнучак!..»
На вочы навярнуліся слёзы.
«…Паведамляем, што мы пакуль жывыя і здаровыя, чаго і табе жадаем у тваім амэрыканскім жыцці. Наша Ланька ацялілася, прывяла рабенькую цялушачку, падобную да бычка Падгурскага: чорнае з белым. Дзед Кірыла быў пазаўчора ў Камянцы. Цана на жыта паднялася да 1 рубля 25 кап. За пуд. Мы вельмі шкадуем цябе, што ты цяжка працуеш. Перш за ўсё самому трэба, сынок, апрануцца, дагледзець сябе, а потым ужо будзеш думаць, як расплаціцца з Падгурскім. Людзі з Ратайчыцаў ледзьве яго не забілі, двор спаліць гразіліся за тое, што зямлі не аддаў у арэнду.
Добры чалавек наш настаўнік Фама Фаміч, а галоўнае, што смелы. „Бач, кажа, да чаго народ давялі“. У нас ізноў выбіралі ўпаўнамочаных для выбараў у Думу. Выбралі бацюшку айца Глеба. Прыязджаў да нас у Пруску дэпутат Дзяржаўнай Думы Улас Гаўрылюк. Ганілі яго людзі за тое, што ён за паноў, а пра народ забыў. А бяцаў дабіцца, каб мужыкам далі папоўскую зямлю, але, відаць, дурыў людзям галаву, бо расказваюць, што сам Гаўрылюк, калі знаходзіла ў Пецярбургу, жыве ў адным доме з панамі. Нашы людзі, хто разумней, патрабуюць самаўпраўлення, надта збрыдлі паны і чыноўнікі. Ясё аціх, зла ён нам не чыніць.
Ганна вельмі ветлівая, часта заходзіць да нас, пытаецца пра цябе, перадае паклон і прывітанне. Ці напісаў ты ёй ліст? Калі не напісаў, то напішы, бо яна таксама чакае весткі ад цябе. Як там Васіль? Нешта мала ён піша. Глядзі, шануй там сябе, апранайся цёпла, каб не прастудзіўся. Вярнуўся з японскай вайны Фэдар Швед. Паранілі і доўга лячыўся. Цяпер моцна накульгвае на левую нагу.
Прывітанне ад дзядзькі Хведара, ён цябе любіць, пытаецца, як там ён у Амэрыцы. Мы ўсе жывём спадзяваннем на лепшае, марым, калі ты вернешся дадому. А яшчэ перадаюць паклон сусед Хомка Назар і яго сям'я. Чакаем атвета, як салавей лета. Сцеражы цябе Бог.
Твае родныя».
Адказваючы на гэты ліст, ён паклаў у канверт і сваю фотакартку Каб успаміналі. Сум грыз бесперастанку, як іржа жалеззе. З думак не выходзіў успамін пра Ганну. Расстанне з ёю ён перажываў асабліва балюча. Успамінаў, як яна лагодна называла яго «Кужалёк». Як яна там? З кім ходзіць? Цяпер ён вельмі востра адчуў, як не хапае яе, і адразу кінуўся пісаць ліст. Узяў чысты аркуш і зверху вывеў:
«Дарагая Ганначка!»
Напісаць ліст каханай дзяўчыне не проста і не лёгка. Успомнілася ўсё, ён нават адчуў яе пах, як быццам яна была побач. І ўявілася яму раптам у мілым прускаўскім малюнку: ішла па вуліцы, мусіць, вярталася з вячорак ці, разам з сяброўкамі (бо побач Гэлька Відэрка), з музыкаў. Эх, хутчэй бы вярнуцца! Яны пажэняцца і будуць жыць у поўнай згодзе і замілаванні…
«…Пішу табе з Амэрыкі, з Нью-Йорку, дзе я цяпер жыву. Маю працу ў гатэлі. Прыеду — раскажу. Праўда, не магу звыкнуцца з гарадской мітуснёй…»
Здавалася, ён пачуў яе звонкі, меладычны смех — засмяялася з яго скаргі. Таму захацелася пахваліцца — не ўсё ж блага:
«…Купілі ўжо з хлопцамі па касцюму, нават паспелі сфатаграфавацца. Фотакартку высылаю разам з лістом. Пытаўся пра твайго бацьку, але пакуль што нічога пэўнага не дазнаўся. Пераехаў, відаць, у іншае месца. Тут усё зусім не так, як у нас, свае парадкі. Зіма ў Нью-Йорку не зіма — калі гаварыць пра нашы маразы. У Амэрыцы цяпер крызіс, шмат заводаў і фабрык пазачыняліся. Людзі засталіся без працы і без хлеба, усіх беспрацоўных, кажуць, налічваецца чатыры мільёны семсот пяцьдзесят тысяч чалавек!..»
Тут ён злавіў сябе на думцы: каб лішне не напалохаць. Гэта ж яны пра дзядзьку Васіля будуць турбавацца! Трэба супакоіць.
«…Але бацьку твайго я знайду. Увесь час думаю пра цябе. Я б цябе цалаваў і цалаваў, не адрываючыся ад тваіх салодкіх вуснаў. Беражы сябе дзеля нашага адзінага кахання. І яшчэ перадай прывітанне маці. І маім. Моцна цябе цалую і абдымаю. Пішы, бо мне вельмі цяжка.
Твой Лявонка».
Яшчэ раз прачытаў ліст і словы «бо мне вельмі цяжка» выкрасліў.
Зіма ў Амэрыцы хоць і цёплая, але на Коні-Айленд не паедзеш — зачынены да вясны. Тым не менш кожны дзень прыносіў новыя ўражанні. Яны прагна пазнавалі навакольнае жыццё. Раней невядомае адчуванне свабоды распірала грудзі. Мусіць, гэтае адчуванне і навяло іх аднойчы на думку ў адзін з суботніх вечароў наведаць салун. Прыбраліся. На грудзі ўздзелі манішкі з каўнерыкамі, пачапілі гальштукі-матылёчкі, у рукавы прасунулі запінкі. Паглядзелі адзін на аднаго.
— От каб у Прусцы такое пабачылі! — смеючыся сказаў Цімоша, які да таго ж яшчэ ўпрыгожыў грудзі гадзіннікам з ланцужком.
Адно толькі, што стала халаднавата і паверх касцюмаў даводзілася апранаць усё тыя ж прускаўскія світкі, а на галовы насоўваць шапкі-кучомкі, але гэта часова! Справа паправімая.
Салуны — на кожным кроку. Ёсць вельмі танныя, разлічаныя на такіх, як яны — новых эмігрантаў. Недзе на ўскраіне яны знайшлі асабліва танны салун, гаспадар якога арыентаваўся, па ўсім відаць, на вельмі дэмакратычныя густы. З вуліцы адразу ж трапілі ў залу з нізкай столлю. Як бы падвал. У ноздры пругкаю хваляй ударыў бражны дух. Распрануліся. Світкі і кучомкі павесілі на вешалку.
— Ну і нягоднік я! Да гэтага часу не паслаў дадому ні пенса! — сказаў Лявонка, калі яны селі за свабодны столік.
— Пачакае твой Падгурскі! Нічога з ім не зробіцца, — суцешыў сябра Піліпко.
— Не, тое, што пазычыў, трэба вярнуць, я слова даў!
Заказалі імбірнага піва. Людзі, што сядзелі за столікамі, не звярталі на іх ніякай увагі. У некаторых павольна, нібы самі па сабе, рухаліся сківіцы. «Гумку жуюць», — падумаў Лявонка. Час ад часу дакраналіся да куфляў і шклянак з напоямі, падносячы іх да вуснаў. Прускаўцы стараліся выглядаць, як і ўсе, і рабіць тое ж самае.
Піва здалося Лявонку кіславатым і не надта свежым. Ён азірнуўся па баках. Непадалёку за пустым столікам сядзела незнаёмая смуглаватая дзяўчынка з кучаравымі валасамі. Заўважыўшы Лявонкаў позірк, яна прыязна пасміхнулася бліснуўшы прыгожымі белымі зубамі. Цімоша з Піліпком таксама звярнулі на яе ўвагу. Мяркуючы па яе ўпэўненых паводзінах, яна была свая ў гэтым салуне.
Падышоў афіцыянт, што разносіў піва, і адразу ўлавіў настрой кліентаў.
— Метыска, сэр, — усяго пяцьдзесят цэнтаў,— кіўнуў ён Цімошу, з выгляду, мусіць, найбольш саліднаму ў іх кампаніі.
Прускаўцы на ўсе вочы глядзелі на афіцыянта і нічога не маглі сцяміць з таго, што ён казаў.
— Можа, бландзінку? Толькі што з Еўропы. Тры даляры…
Хлопцы пераглянуліся між сабой і зноў паўзіраліся на чалавека з піўнымі куфлямі.
— Ёсць у нас два свабодныя пакоі для аматараў.
Гаварыў ён сур'ёзна — як пра нейкую важную і надзённую справу, — ні разу не ўсміхнуўшыся. Нарэшце тое-сёе пачало да іх даходзіць. Але ж яны ўжо ведалі, што прастытуцыя ў Амерыцы забаронена. У Лявонкі пахаладнела на сэрцы, калі ён успомніў Ганну. «А калі яна даведаецца — што тады?» — з жахам падумаў ён. І разам з Піліпком адмоўна пакруцілі галовамі. Цімоша засмяяўся, нібы гэта была звычайная для яго справа.
Па ўсім відаць, ён быў не супраць прыняць прапанову афіцыянта і ўжо пачаў уставаць з-за стала, але Піліпко схапіў яго за крысо пінжака:
— На паліцыю нарвешся — заарыштуюць! І дадому вернуць…
Цімоша фанабэрліва задраў галаву:
— Так ужо і заарыштуюць! Ты, Піліпко, як скажаш…
— Хлопцы, — умяшаўся ў гаворку Лявонка, — ці за гэтым мы сюды прыехалі?
Цімоша яшчэ крыху пакуражыўся і сеў, узяўшыся за свой куфель.
— А каб негрыцянку паспрабаваць? — падмігнуў ён Лявонку, здуваючы з піва пену.
— You! — даляцела да іх ад таго століка, за якім сядзела смуглатварая. Яна, мусіць, здагадвалася, пра што ішла гаворка ў іх кампаніі.
— Як гэта — паспрабаваць? — не зразумеў Піліпко.
— Ну, пазнаёміцца, — растлумачыў Лявонка.
— Дык яна ж чорная! — жахнуўся Піліпко.
— У тым-то і справа, што не белая! — выскаліў зубы Цімоша.
— Ха-ха-ха! Чаго захацеў! — Піліпко залівіста зарагатаў.— От каб у Прусцы даведаліся, што хто-небудзь з нас з негрыцянкай меў справу, — от бы смяяліся. Ха-ха-ха!
Заказалі віскі.
— Вы іншаземцы? Праўда? — запытаў афіцыянт.
Прускаўцы кіўнулі галовамі.
— Адкуль прьгехалі?
— Рашэн, — за ўсіх адказаў Цімоша.
— О-о!
Гэтае «О-о!» яны часта чулі ад тых, хто даведваўся, што яны — «рашэн», і таму не здзівіліся.
Дадому з'явіліся на добрым падпітку.
— Не пусцілі мяне да той, што сядзела. Эх вы! Палахліўцы! — упікаў сябрукоў ІДімоша. — Наступным разам не буду вас слухацца.
Праз хвіліну, ужо кладучыся спаць, ён зноў успомніў:
— А бачылі, як яна мне вочкі строіла?
— Табе? А можа, мне? — рагатнуў Піліпко, каб крыху падражніць задаваку.
— Табе? Якраз! — чмыхнуў на сябрука Цімоша.
Недагаварыўшы, яны паснулі, Піліпко нават захроп.
На раніцу, калі яны прачнуліся, Лявонку чакаў неспадзевак. З тых трох даляраў і некалькіх цэнтаў, што яшчэ заставаліся пасля салуна, нічога ў кішэні не было. Мільганула думка: «А можа, я іх згубіў?» Але ж ён добра помніў, што, калі ўчора ён вешаў пінжак, яны былі ў кішэні. Агледзеў памяшканне, нават пад ложак зазірнуў. Невялікія грошы, але ўсё ж такі…
— Што здарылася? — пацікавіўся Цімоша. — Шукаеш, што?
— Нідзе грошы не магу знайсці…
— Прапілі, не іначай! — пазяхнуў Цімоша, устаючы з ложка.
— Не, тры даляры яшчэ заставаліся!
— Прапіў, відаць! — сказаў, праціраючы вочы, Піліпко.
— Не пераймайся! — супакоіў Цімоша. — Заробіш!
Лявонка ўсё яшчэ з надзеяй узіраўся па кутках.
— Ой, што зробіш! — не то паспачуваў, не то павініўся Піліпко. — Можа, згубіў дзе?
Відаць было, як кроў прылягла яму да шчок. «Ці не ты іх і ўзяў? — падумаў Лявонка. — Няўжо табе яны патрэбны больш, чым мне?» Падумаў і пачырванеў ад гэтай думкі — стала як бы сорамна за тое, што здарылася.
Містэр Лейбе, даведаўшыся пра гэты выпадак (сказаў яму Цімоша), разважыў вельмі лаканічна: «Калі ёсць грошы, дык іх трэба пакласці ў банк. Яны не толькі захаваюцца, але вырастуць яшчэ працэнты».
«А можа, і так? — падумаў Кужаль. — Ну, што ж, наступным разам буду разумнейшы, пакладу ў банк. Дачакацца б вясны — паеду куды-небудзь у сельскую мясцовасць. Там больш заробіш і спакусаў менш…»
У Прусцы ў сакавіку яшчэ мароз кусае за пальцы, а тут амаль лета! Вось якая яна — нью-йоркская вясна, і сапраўды падобная на лета. Заіскрыліся на сонцы лужыны. Хлопцы паскідалі свае світкі, засталіся ў адных пінжаках. Днём у глыбокіх сутоннях гарадскіх завулкаў пачала настойвацца духата.
Лявонку зноў чакалі вокны і швабра. Праца цяжкая, небяспечная, аднак не толькі па гэтай прычыне яна была нялюбай яму. У хлопца ўсё часцей здараліся жорсткія прыступы настальгіі, абвостранае жаданне вярнуцца дамоў, да ранейшага, свайго, як здавалася яму, жыцця. З вясной у ім прачнуўся, відаць, патомны земляроб. Абрыдлі і надакучылі горад, лабірынт вуліц, захацелася ў поле. Шукаючы працы, многія эмігранты падаваліся на захад — у Дэтройт, Чыкага, ехалі ў далёкія штаты — Агайо, Індыяну, Мічыган, Ілінойс, Аяву… Спачатку ішлі на біржу, дзе заўсёды стаялі даўжэзныя чэргі. Не абмінуў гэты шлях і прускаўца, які хацеў трапіць у сельскую мясцовасць. На біржы да яго паставіліся з увагай. Чыноўнік агледзеў кліента паверх акуляраў у жалезнай аправе, выслухаў, задаў некалькі пытанняў і, пачуўшы «рашэн», кінуўся да скрынак з карткамі і выцягнуў адну з іх. Патрабаваўся работнік на ферму, штат Ілінойс, і абавязкова каб з Расіі. Гаспадар — містэр Бузук.
«Чаму ж абавязкова з Расіі?» — падумаў Лявонка. Гэта яго нават заінтрыгавала. Чыноўнік, не здымаючы акуляраў, падвёў яго да геаграфічнай карты, што вісела на сцяне, знайшоў тую мясціну — штат Ілінойс.
— Станцыя Маршалтаўн, — сказаў чыноўнік, яшчэ раз ткнуўшы пальцам у карту. — Ферма ўсяго дзве мілі ад станцыі.
Лявонка падзякаваў. «Працы я не баюся, — думаў ён, — горш не будзе, чым цяпер. У гэтым я ўпэўнены. Галоўнае, што здаровы. Праўда, Цімошу з Піліпком давядзецца пакінуць. Што ж рабіць — у Амэрыцы людзі не вельмі трымаюцца адзін аднаго…»
Сапраўды, сябрукоў гэта не надта каб засмуціла: трэба— значыць трэба. «Дай вестку, дзе будзеш», — папрасіў Цімоша на развітанне. Разлічыўся і развітаўся з містэрам Лейбе, які даў яму першы прытулак на амерыканскай зямлі. Падзякаваў за гасціннасць і сабраў свой небагаты скарб: акуратна злажыў куплены ў Амерыцы касцюм, паклаў яго ў куфэрак, запхнуў туды рабочае адзенне, пару кашуль, брытву з памазком, якія набыў нядаўна, яшчэ тое-сёе і падаўся на вакзал.
Ранішні Нью-Йорк укрыты празрыстай бялёсай смугой. На балконах сушыцца развешаная бялізна. Дворнікі прыбіраюць смецце. Ісці добра, але да вакзала ўсё ж такі далекавата. Сеў у «элевейтэд», і праз некалькі прыпынкаў быў на чыгуначным вакзале. Загадзя ўзяты ў касе білет да станцыі Маршалтаўн ужо ляжаў у кішэні.
Ён ехаў ад гарадскога тлуму і мітусні. «Маршалтаўн», — сказаў кандуктару, калі той правяраў білеты.
Народу ў вагоне няшмат. Жанчына сярэдніх гадоў везла канарэйку ў клетцы. Спачатку трымала клетку на каленях, а потым папрасіла Лявонку падвесіць яе за кручок над акном. На лавах сядзелі яшчэ нейкія людзі. Цягнік крануўся з месца, застукаў коламі і неўзабаве быў ужо за горадам. Замільгалі тэлеграфныя слупы, дымныя фабрычныя коміны, невядома чые адзінокія домікі. У цягніку, пры ўсім шматлюддзі, ён адчуў сябе раптам адзінокім, маленькім і бяссільным, падобным на гэтую канарэйку, што пераскоквала з галінкі на галінку і раз-пораз, губляючы раўнавагу, падавала тонкі галасок. Такі, відаць, людскі лёс, што чалавек асуджаны на вандраванні.
Першы прыпынак — Нью-Варк, як значылася на станцыйным будынку. Стаялі не доўга. У вагон зайшла група дзівакаватых людзей у стракатым адзенні, якія моўчкі курылі, трымаючы ў зубах невялічкія люлькі і ні на кога не звярталі ўвагі. Жанчына, якой належала канарэйка, сказала, што гэта індзейцы — мясцовае карэннае насельніцтва. Як толькі яны паселі, цягнік, скрыгатнуўшы коламі, пабег далей, на захад.
Чыгунка з Нью-Йорка ў Ілінойс цягнулася праз усходняе ўзбярэжжа, то, набліжаючыся да акіяна, то аддаляючыся ад яго, і тады адкрываліся шырокія раўнінныя прасторы, якія тут называліся прэрыямі. Наш прускавец з цікавасцю ўзіраўся ў гэтыя краявіды. Траплялі на вочы невялікія рачулкі, балоты, азёры і, зрэдку, адзінокія фермы каля іх. Цягнік, не збаўляючы хуткасці, бег праз штат Нью-Джэрсі. Зрэдку спыняўся і стаяў на станцыях — выходзілі і заходзілі пасажыры. Затым пайшла Пенсільванія.
Нарэшце сонца перагнала цягнік і пакінула яго сам-насам з вечаровым сутоннем, а потым з ноччу. Спаў прускавец седзячы. Ноч здалася кароткай, хоць ён не раз прачынаўся пад грукат колаў. На раніцу зноў пачаў углядацца ў вагоннае акно, за якім адкрываўся новы для нетутэйшага чалавека свет. Сярэдні Захад Злучаных Штатаў — так называўся гэты край. Пачынаўся ён недзе ад штата Агайо і цягнуўся далёка на захад, ажно да Скалістых гор. Мясцовасць мянялася па меры таго, як цягнік рухаўся ўперад, усё далей на захад. Ніжэлі гарады, і іх станавілася ўсё менш, і пацягнуліся лясы, палі, на якія хутка павінны былі выйсці аратая з плугам. Вясна…
Сярэдні Захад — ураджайная зямля. Прастора для фермерства. Карэннае насельніцтва адступіла пад націскам прышлых, якія засялялі і абжывалі тэрыторыі гэтага краю. Прабіваючыся на захад, яны асвойвалі цаліну, аралі плугамі прэрыі, будавалі жыллё. Слабыя выбывалі са строю, не вытрымліваючы суровых умоў жыцця, неўраджаяў, непасільнай працы. Тыя, хто выжываў, заставаўся, былі моцным, учэпістым людам, здольным пастаяць за сябе ў любых жыццёвых акалічнасцях. Такімі былі продкі цяперашніх насельнікаў, параскіданых па мясцовых фермах і маленькіх гарадах.
«Ці хутка той Ілінойс?»
Бадзёры бег цягніка напаўняў Лявонку прылівам узбуджанасці, нават крыху і страшыў: як у яго ўсё будзе далей? Ілінойс, тлумачыў выпадковы спадарожнік, з якім ён паспеў пазнаёміцца толькі што ў цягніку, карыстаўся славай развітага сельскагаспадарчага краю, які карміў вялікі абшар Злучаных Штатаў. Тут займаліся кукурузай, пшаніцай, сояй, садзілі бульбу. Развівалася свінагадоўля.
— Маршалтаўн! — нечакана крыкнуў, адчыніўшы дзверы, кандуктар і махнуў Лявонку рукой: трэба, маўляў, выходзіць.
Прускавец падхапіў куфэрак, развітаўся з выпадковым спадарожнікам і выйшаў на перон.
Тут стаяла ўжо сапраўдная вясна. К абеду адчувальна падпякала сонца, але паветра заставалася светлым і чыстым. Даўно ўзніклую патрэбу пад'есці ён збольшага прагнаў у станцыйным буфеціку і адчуў сябе даволі ўпэўнена. Па пероне прахаджваўся палісмен. Прускавец дастаў з кішэні лісток паперы, на якім быў запісаны адрас фермы і падышоў да яго. Палісмен прачытаў паперку і паказаў дарогу. Як аказалася, містэра Бузука ён ведаў нават асабіста. Пераходзячы чыгуначную лінію, Лявонка звярнуў увагу на некалькі высокіх будынін-веж, якія стаялі амаль што побач з рэйкамі. Потым дазнаўся, што гэта элеватар, у якім захоўваецца пшаніца. Элеватарная вежа нагадвала сабой Камянецкі стоўп. Паабапал дарогі, радуючы вока, зелянела трава, раслі нейкія кусты з чырванаватым лісцем. Пад кустамі цвілі падснежнікі і маргарыткі, ліліі і жоўтыя фіялкі. Як у папоўскім садзе! Ад прасёлачнай дарогі ён павярнуў на нешырокую сцяжынку, якая вяла на ферму. Але не адзін Бузук тут жыў! Бліжэй да лініі гарызонту віднелася некалькі ферм. Гэта было падобна на хутары. Ля кожнай сядзібы раслі магутныя вязы, якія тут, як ён даведаўся пазней, называлі ільмамі.
«Трымаюць, відаць, для красы, — памеркаваў хлопец. — А дрэвы і сапраўды прыгожыя — мажныя, выносныя».
Ён прыслухаўся. Канец сакавіка, а тут ужо спявалі салаўі. Мільганула думка: «Вось дзе, напэўна, жывуць шчаслівыя людзі». Сустрэчны чалавек у паношаным войлачным капелюшы, з шыракаскулым тварам, паказаў ферму Бузукоў — чародку будынкаў наводдаль дарогі. Побач з імі ў даволі шырокай лагчыне цякла рэчка, за якой пасвіўся, збіўшыся ў гурт, авечы статак. Пад дрэвамі, у цяньку, ляжалі каровы, ляніва абмахваючыся хвастамі.
Вакол сядзібы — каменная агароджа, каля якой расла крапіва. Хата — драўляная, але дах бляшаны, на чатыры скаты. За агароджай, побач з хатай, крытыя саломай хлявы.
«Рыхтык, як у нас, у Прусцы». Будынкі зроблены з неабчасаных бярвёнаў, перакладзеных мохам. Большы хлеў нагадваў прускаўскую клуню. Накрыты драніцай. Зверху, на каньку, тырчала вертыкальна прымацаваная жэрдка. Пазней даведаўся: громаадвод. Усе будынкі ад часу набылі замшэла-шэры колер. Побач стаяў калодзежны зруб, за ім пачынаўся зялёны поплаў, што аддзяляў сялібу ад невялічкай рэчкі. Па двары хадзілі куры. «Як у Прусцы! — зноў успомнілася родная вёска. — Праўда, нейкія вялізныя. У нас, здаецца, меншыя…» За хлявом тапталася сямейства індыкоў. «Такіх стварэнняў у Прусцы няма». На вяроўцы вісела бялізна, адзенне.
У цэнтры гэтага раю стаяў пабудаваны з бярвення дом з ганкам, абвітым дзікім вінаградам. Сонца хілілася на захад, і яго ўжо аслабелыя праменні мякка адлюстроўваліся ў аконным шкле. «А тут можна жыць» — падумаў прускавец, і пачуў звон ланцуга — першы звярнуў увагу на з'яўленне незнаёмага сабака. Лявонка спыніўся і ўбачыў, як з хлява выйшаў рослы мужчына ў ссунутым на патыліцу капелюшы, рабочым камбінезоне, скураных, заляпаных граззю ботах. За ім паказаўся другі — больш сталага веку, каржакаваты, некалі, відаць, вельмі дужы, з худым абветраным тварам, пакрытым густой сеткай сухіх маршчын, сівымі абвіслымі вусамі. Росту ён быў аднолькавага з Лявонкам — не высокі. З выгляду — засяроджаны і непаспешлівы. Апрануты таксама, як і маладзейшы. «Гаспадар з сынам, няйначай», — падумаў прускавец і павітаўся:
— Гуд монінг!
— Хэло! — адказаў старэйшы.
Ён падышоў першы і падаў руку далонню ўверх. З выгляду гэта быў бадзёры і моцны, упэўнены ў сабе чалавек, як і многія ў гэтай краіне. Войлачны капялюш насунуты на лоб. З-пад ссівелых броваў з цікавасцю пазіралі шэрыя, запалыя вочы.
— Лявон Кужаль.
— Лівінь? — здзіўлена перапытаў чалавек, перайначыўшы прозвішча на ўкраінскі лад. — Грыцько, — прадставіўся ён, яшчэ раз моцна паціснуўшы Лявонкаву руку, — Бузук. Тут мяне называюць — містэр Грыц. — Ён стаяў перад Лявонкам і пазіраў яму проста ў вочы. — А гэта мой сын Іван.
— Я так і падумаў,— прызнаўся госць.
Ля хлява стаяў яшчэ адзін чалавек — негр у выцвілай на сонцы кашулі і штанах, якія віселі на шлейках, перакінутых цераз шырокія плечы. Твар яго, чорны аж сіні, ільсніўся ў прыветнай усмешцы.
«Работнік у іх, відаць, ужо ёсць, — падумаў прускавец, убачыўшы негра, — паспелі ўжо ўзяць…»
— Адкуль ты будзеш, хлопча? — запытаў Грыцько.
— З Беларусі.
— З Білорусі?
— Ну, так, Гродзенскай губерні, з-пад Брэста. Я па аб'яве, праз біржу працы.
— Тю-ю-ю! — Грыцько ажно прысвіснуў і яшчэ раз агледзеў госця. — Ось воно шчо…
Яны і сапраўды давалі аб'яву — яшчэ ў мінулым годзе, і з таго часу нават і надзею страцілі — узялі негра. Але што той негр? Грыцько быў ім незадаволены.
— З Білорусі, кажаш? А мы, браце, карпатаросы! — у голасе гаспадара пачуўся гонар. — Мелані! — гукнуў ён. — Дай чалавеку паесці. З дарогі ён…
У дзвярным праёме паказалася жанчына і з цікавасцю паглядала на Лявонку вялікімі, як слівы, чорнымі вачыма.
— Добры дзень! — павіталася яна.
— Добры дзень!
На ёй была доўгая спадніца і прыталеная жакетка, на галаве — шэрая выцвілая хустачка.
«Гаспадыня! — здагадаўся Лявонка. — Малання, значыць».
Жанчына запрасіла ў хату, наліла кубак малака, адрэзала лусту белага хлеба. Ён агледзеўся. У хаце наслана драўляная падлога. На сцяне вісела люстра, побач з ім — газнічка з бліскучым металічным адлюстравальнікам. На падаконніках стаялі вазоны з геранню, якая цвіла пышнымі чырвонымі кветкамі. Госць памыў рукі, сеў за стол…
Умовы абмяркоўвалі на двары, калі Лявонка падсілкаваўся і выйшаў з хаты. Містэр Грыц філасофскі зазначыў, што чалавек можа і павінен абыходзіцца ў жыцці ўласнымі сіламі, аднак гаспадарка такая, што даводзіцца наймаць работнікаў.
Сышліся, даляр за суткі. Суткі — гэта ад відна да відна. «Не шмат, — падумаў новы работнік, — калі ад відна да відна».
— Даляр у дзень на поўным утрыманні,— сказаў Грыцько і дадаў: — Гэта да лістапада. Зімою буду плаціць менш.
Слухаючы яго, можна было падумаць, што ён жорсткі і бессардэчны, але Лявонку ён чамусьці спадабаўся.
— Спаць пастаялі яму ў павільёне! — сказаў Грыцько, звяртаючыся да сына. Павільёнам ён называў прыбудаваную да хаты веранду.
«Ну, вось, трапіў я ў парабкі,— ужо засынаючы, падумаў прускавец, — а батрачы хлеб, кажуць, сабачы».
Гэткім чынам ён уладкаваўся сезонным рабочым.
Назаўтра першы ўстаў Грыцько і адразу ж пачаў завіхацца ля печы. Развёў агонь, паставіў на пліту чыгун з вадой і пабудзіў сына. Нявестка (Мелані была Іванава жонка) яшчэ спала. Спаласнуўшы вёдры гарачай вадой, бацька і сын збіраліся, мяркуючы па усім, даіць кароў. Не жадаючы адставаць ад гаспадароў, падняўся і Лявонка. Перакінуўшы цераз плячо ручнічок, выйшаў у двор, спаласнуў з рукамыйніка рукі, твар.
— Гуд монінг! — згледзеў яго Іван.
— Гуд монінг!
— Гуд монінг! — азваўся і Грыцько, выходзячы з вядром на ганак. — Ты ўжо на нагах?
— Беларусы рана прачынаюцца! Як жаўранкі,— пажартаваў Лявонка.
— Добра, калі так! — пахваліў гаспадар. — Ты, пакуль снедаць, агледзься, дзе жыцьмеш. А мы кароў падоім.
Бацька з сынам, ціха бразгаючы вёдрамі, накіраваліся ў кароўнік, што стаяў у канцы двара з загонам для жывёлы. Праз пару хвілін пачулася, як у вёдры зацурчэла малако. І цурчэла доўга. Гэта былі, як потым ён даведаўся, дойныя каровы галандскага тыпу, малака давалі шмат.
Лявонка прайшоўся па двары. З бліжэйшага хлевушка пачуўся храп. «Той негр! — здагадаўся хлопец. — Спіць яшчэ, мусіць…» Каля дзвярэй хадзілі куры, не звяртаючы на прускаўца ніякай увагі, быццам яго і не было. «Нават куры незалежна сябе трымаюць». Далей за хлевушком, у якім задаваў храпака негр, знаходзілася канюшня, паветка для калёс і сельскагаспадарчых машын, майстэрня.
Мелані ўстала толькі пасля таго, як каровы былі падоены і мужчыны прынеслі ў хату поўныя вёдры малака. Нягледзячы на гэта, яна аказалася ўвішнай гаспадыняй: неўзабаве было гатова і снеданне.
Лявонка прыбраў пасцель.
— Уставай, Букер! — пачулася ад хлевушка. — Хопіць спаць! — Гэта гаспадар будзіў работніка-негра.
Снедаць рыхтаваліся ў невялікім задышку, які называўся сталоўкай, і знаходзіўся побач з кухняй. Трапіць туды прускавец нават і не спадзяваўся. Няўжо пасадзяць побач з сабою батрака? Паклікалі. Ён быў гэтым нават узрушаны. Здзівіў стол: гаспадыня напякла аладак, насмажыла яечні, наварыла аўсянай кашы. Перад тым, як есці, маліліся, пастаўшы вакол стала.
«Набожныя, — падумаў Лявонка, шэпчучы разам з усімі словы малітвы, — нашым прускаўцам далёка да іх».
Лк і ўсе, ён еў яечню, хрумстаў падсмажаным і яшчэ гарачым белым хлебам. Смачнай здалася аўсянка — густая і вязкая, але не падобная на прускаўскі калядны кісель. На заканчэнне пілі каву.
Негр снедаў на кухні. Пасадзіць негра за стол разам з белымі? Гэта немагчыма. Работнік лічыўся тут раўнапраўным членам сям'і, але толькі не негр.
Калі Лявонка паснедаў, апрануўся і выйшаў з свайго павільёна, негр ужо чакаў каля свайго хлевушка, прыветна ўсміхаючыся новаму чалавеку. Зубы былі ў яго надзвычай прыгожыя: белыя, чыстыя і бліскучыя. Лявонка падышоў да калегі, падаў руку, назваў сваё імя.
— Букер Вашынгтан! — назваўся той, раздуваючы шырокія ноздры.
Нягледзячы на такое гучнае імя, гаспадар адвёў яму месца ў драўляным хлевушку, прызначаным для гаспадарчага рыштунку. Апрануты Букер неяк неахайна, да чаравікаў прысох гной. Палінялыя штаны ледзь трымаліся на сцёртых шлейках. Пасля снедання ўзяліся за работу. Ставілі новы плот. І не толькі вакол самой фермы. Ферма Бузукоў межавала з некалькімі іншымі гаспадаркамі, і Грыцько меўся паставіць агароджу вакол усяго поля. Лявонку здзівіў і размах гаспадаровай задумы, і яе мэтазгоднасць.
Нібы адчуўшы яго недаўменне, Бузук патлумачыў:
— Каб у згодзе жыць з суседзямі.
Пачуўшы гэта, Букер лісліва засмяяўся.
Грыцько паглядзеў на яго і ганарліва дадаў:
— Мы, амерыканцы, не любім хадзіць у статку. Кожны — асобна.
Жыццё на ферме ён, па ўсім відаць, лічыў найбольш для сябе прымальным. У поле далёка ехаць не трэба — яно тут, вакол сядзібы. Участак разбіты на правільныя квадраты. «Севазварот», — здагадаўся прускавец. Поле здалося шырокім, як у Падгурскага. У чыстым блакіце там-сям віселі невялічкія белыя аблачынкі.
Працавалі моўчкі. Лявонку нават здзівіла маўклівасць гаспадароў — старога і маладога, якія поўнасцю ўвайшлі ў работу. На іх спіне скрозь сінія кашулі праступалі вялікія цёмныя пляміны ад поту. Бліжэй да поўдня Мелані прывезла ланч. Хлеб, мяса, сыр. На полі ўсе елі разам. Прускавец жаваў сандвіч і задумліва ўглядаўся ў лінію гарызонту.
— Зямлі ў нас хапае! — па-свойму зразумеў яго погляд гаспадар.
Маўклівы за працай, цяпер ён неяк ажывіўся, пачаў, як бы крыху хвалячыся, казаць пра сваю гаспадарку, пра сябе:
— Яшчэ трыццаць гадоў таму гэта быў закінуты і забыты Богам край. Тады мы і пасяліліся тут — некалькі сем'яў украінцаў, выхадцаў з Галіччыны. Супраць сваёй волі давялося развітацца з родным краем. Былі на тое прычыны… Затое тут, у Амерыцы, у Ілінойсе, зямлю атрымалі бязвыплатна. Кожнай сям'і — па 50 акраў. Зямлю атрымалі, аднак сурова і непрыветна сустрэў Ілінойс нас і іншых перасяленцаў. Зразумелі мы кошт той бязвыплатнасці. Зямлю даводзілася адваёўваць ад лясной глухамані. Спачатку ў бурдзеях жылі. Гэта нешта накшталт зямлянкі. Будаваць навучылі мясцовыя індзейцы.
Лявонка не ўтрымаўся і перабіў расказчыка, успомніўшы дзівакаватых людзей у стракатым адзенні, з якімі ехаў у поездзе:
— Індзейцы? А што гэта за народ?
— Індзейцы тут — як там у нас цыганы, — растлумачыў Грыцько, — не спадабалася нешта ім, пайшлі далей на Захад.
— Індзейцы абавязаны саступіць! У белых — новая цывілізацыя! — дапоўніў бацькава тлумачэнне Іван.
(Потым, праз гады, Лявонка зразумеў, што гэта не зусім так, а дакладней — зусім не так. Індзейцы — не цыганы. Гэта мясцовы, карэнны народ, і калі іх з кім параўноўваць, дык не з вандроўнікамі-цыганамі…)
Містэр Грыц працягваў свой аповед:
— Паспыталі ліха перасяленцы, асабліва цяжка даводзілася жанчынам. Найбольшыя хваляванні для жанок перасяленцаў і іх сем'яў былі звязаны з цяжарнасцю і нараджэннем дзіцяці. На нейкую пэўную дапамогу разлічваць проста не прыходзілася. Тут маглі дапамагчы хіба толькі муж ці нейкая спагадлівая суседка, бо сялібы навасёлаў знаходзіліся на далёкай адлегласці адна ад адной. Калі я пакідаў сваю абсаду, падаваўся некуды па справе, сям'я заставалася адна, без абароны, спадзеючыся на саміх сябе і ні на кога больш. Цёмнымі начамі вылі ваўкі і каёты, на людзей яны нападалі без папярэджання і без літасці. Часам звяры прыходзілі да жытла, скрабліся ля дзвярэй і пад вокнамі. Даводзілася нават адстрэльвацца.
Улетку смаліла сонца, даймала непрывычная спякота. Восенню пагражалі пажары. Яны ўзнікалі ў прэрыях невядома ад чаго: ад удару маланкі або ад выпадковай іскры з паравознай топкі,— сухая, парыжэлая пад жорсткім сонцам трава і чырваналістае кустоўе гарэлі як порах. Пажар быў відаць здалёк і тушыць яго выбягалі ўсе суседзі…
Праз колькі гадоў не выцерпелі — пачалі ўсё ж такі ставіць хаты: з дрэва, вокнамі на ўсход, на трывалым каменным падмурку. Дах чатырохсоты, бляшаны. Як дома. Індзейцы вельмі дзівіліся, недаверліва ківалі галовамі: як у такім памяшканні жыць?
Тут Букер зноў засмяяўся, але Грыцько не звярнуў на яго ўвагі. Працягваў расказ:
— Спачатку абрабляў гаспадарку на мулах, а потым завяліся і коні, і я пачаў гадаваць коней. Коней забірала армія. Вайскоўцы добра плацілі. Было за што: коні здаровыя, прыгожыя, цёмна-шэрай масці. Завяліся і авечкі. Ферма пачала прыносіць даход…
Лявонка паглядзеў сабе пад ногі:
— Я таксама вымушаны быў ехаць…
— А можа, уцёк? Ад каго? — Грыцько паглядзеў на яго прыжмуранымі вачыма.
— Не, не ўцякаў я, — вытрымаў яго погляд прускавец.
— Я гэта кажу чаму: усякае можа здарыцца. У маладосці я сярод апрышкаў быў. Уцёк у Карпаты ад войска. Летам у гарах, зімой у сёлы спускаліся, служылі ў гаспадароў. Сялян не чапалі, а панка якога, бывала, добра прыжучым.
Расказчык уздыхнуў, пацёр лоб.
— Пагайдамачыў я з хлопцамі на Галіччыне… Спачатку ўсё ішло добра, а потым прыціснулі нас. Таго-сяго злавілі. Вось мы параіліся і рушылі сюды…
Час ланчу заканчваўся. Едакі запівалі сандвічы крынічнай вадой: у тым месцы, дзе поле пераходзіла ў луг, была халодная крыніца. Зноў узяліся за работу — за тую ж агароджу. Цягалі каменне, навешвалі вароты, капалі канавы. Быў яшчэ і абед, калі сонца добра ўжо нахілілася на захад, і праца пасля абеду, пакуль не звечарэла. Завіхаліся цэлы дзень і здолелі-такі зладзіць добры кавалак агароджы, што больш выразна акрэсліла абрысы гаспадаровай зямельнай уласнасці.
На вячэру прускавец, як і ўсе, атрымаў лусту хлеба і міску густога фасолевага супу. Вечарам гаспадар сказаў, што трэба рабіць заўтра. Глеба падсохла і ўжо чакала плуга. Пачыналіся веснавыя клопаты, блізкія і зразумелыя прускаўцу. «Важна не ўпусціць час!» — сказаў Грыцько. З гэтай думкай Лявонка пайшоў у свой павільён, разаслаў пасцель. Букер, чутно было, ужо спаў.
Раніцаю наступнага дня з канюшні і кароўніка вывозілі на поле гной.
— Восенню дадамо яшчэ і хімічных угнаенняў,— сказаў фермер.
Вазы параконныя, як у пана Падгурскага. Запрэгчы дапамог Іван. Коні, праўда, спакойныя, ненатурлівыя. Фермер ведаў толк у конях. Дужыя. Зрэдку толькі стрыглі вушамі, азіраючыся на незнаёмага чалавека. Каб супакоіць, Лявонка гладзіў іх, адчуваючы прыемны, як яму здавалася, пах конскага поту.
Ад раллі ішла пара, а разам з ёю спакваля сачылася просьба: зямля прасіла плуга, каб ажывіў родавыя, плодныя сілы, абудзіў да наканаванай лёсам і прыродай дзейнасці — зелянець, красаваць, налівацца.
На даляглядзе, за вярсту ці нават крыху болей, у ранішнім празрыстым паветры таксама былі відаць постаці людзей з плугамі і коньмі. Чуліся панукванні аратых. На суседніх фермах работа ішла поўным ходам. Гной прыворвалі таксама параконнымі плугамі, на колах, з некалькімі жалезнымі лемяшамі. Ноздры казытаў водар абуджанай зямлі, навяваючы думкі аб яе нерастрачанай сіле і пра будучы плён ураджаю.
Грыцько назіраў, як ідзе праца, залішне, мусіць, не давяраючы сваім работнікам. Праз нейкі час падняў руку:
— Перадыхніце! Хай коні адпачнуць…
— Добрыя коні! — пахваліў Лявонка.
Ён ужо паспеў заўважыць, што ў гаспадара мелася слабінка: любіў, каб яго хвалілі.
Грыцько павярнуўся да яго:
— У вас яшчэ сохамі людзі аруць…
Лявонка не зразумеў, пытаецца ў яго гаспадар ці проста кажа тое, што думае.
— Сохамі, але ўжо і жалезныя плугі купляюць.
Гады тры таму Грыцько быў на Сусветнай выстаўцы ў Чыкага, дзе была прадстаўлена гісторыя цывілізацыі. Былі там і сохі.
— Правільна зрабіў, што прыехаў: Амэрыка — лепшая краіна ў свеце. Тут многаму можна навучыцца.
Лявонка акінуў поглядам палявы прастор. Ралля цешыла вока роўна праведзенымі барознамі.
— Я сам, уласным плугам перавярнуў гэту зямлю! — Грыцько не без гонару абвёў рукой шырокі абсяг навокал.
— Зямля ў вас добрая! Куды лепшая, чым у нас, пагадзіўся прускавец.
Гаспадар задаволена пасміхнуўся:
— У нас зямля — адзін чарназём! Колькі б ні капаў — да пяску не дакапаеш!
Апоўдні гаспадыня прывезла ланч. На траве разаслала настольнік, дастала сандвічы, халоднае мяса. Яно ўжо і хацелася есці — паспеў, бадай, прывыкнуць да тутэйшага раскладу дня.
— Зямлю трэба купляць, а яны таўкуцца на гэтым надзеле, — сказала Мелані, раскладаючы ежу.
— Гэта справа будучыні,— адказаў муж.
— А там хто арэ? — спытаў Лявонка, мыючы рукі (ваду бралі ўсё з той жа крыніцы).
— Суседзі. Гэп з сынам, — Грыцько пасміхнуўся ў вусы.
Прускавец уздыхнуў:
— Вось расплачуся з даўгамі, вярнуся дадому, таксама прыкуплю кавалак зямлі.
— Правільна! — падтрымаў гаспадар. — Каб паважалі, братка, трэба быць багатым — бедны ты нікому не патрэбен! Добра, калі ўраджай. Як толькі няўрод, мы, братка, вылятаем, як той казаў, у трубу, — Грыцько пачухаў чупрыну, але ніякай разгубленасці ў ім не адчувалася. Лявонка дзівіўся: стары чалавек, а колькі ў ім энергіі, якія размах і рухавасць.
Дадому вярнуліся позна. На вячэру гаспадыня падала бульбу з кіслым малаком. З бульбы ішла густая пара, белыя бульбінкі рассыпаліся і іскрыліся вільготнымі кропелькамі крухмалу. Госць пакаштаваў.
— Што, смачная? — пасміхнуўся Грыцько.
— Смачная…
Грыцько сказаў, што ў мінулым годзе яны пасадзілі з паўдзесяціны бульбы, не на продаж — для сябе.
— «Айдага»! Гатунак такі…
— А калі вам паспрабаваць больш садзіць бульбы? — рызыкнуў параіць Лявонка і дадаў: — Наш край слаўны бульбай.
— Не выгадна.
Грыцько патлумачыў, што на гэтых землях растуць добрая пшаніца, авёс і асабліва кукуруза. А бульба? Бульба… Стомлены работнік ужо не чуў, што ён гаварыў, змарыў сон, і ён пайшоў адпачываць. Заснуў задаволены і з пачуццём апраўдання, дзеля чаго ён тут на гэтай ферме.
Праз колькі дзён, апрацаваўшы поле, пасеялі пшаніцу, а к канцу мая пасадзілі кукурузу — таксама непадалёк ад абсады. Фермер прытрымліваўся строгага севазвароту: звычайна пасля кукурузы ён сеяў авёс, затым канюшыну і люцэрну і зноў кукурузу. Садзіў яшчэ і буракі. Сказаў, што пшаніца і буракі нагадваюць пра пакінутую Украіну.
Вечарам, як па заказу, калі яны вярнуліся дадому, пачаў імжыць дробненькі дождж. Можна было і адпачыць. Стомлены Букер прысеў на лавачку каля свайго хлевушка, але гаспадару гэта не спадабалася.
— Хіба не бачыш, — упікнуў ён чарнаскурага работніка, — кабыла падкову згубіла, а табе хоць бы што!
Прускавец ужо ведаў, што безрабоцце фермер лічыў за страшны грэх і нават злачынства, але ж быў ужо вечар і відаць было, што чалавек замарыўся.
Букер спрабаваў штосьці сказаць ці патлумачыць. Гаварыў з гаспадаром пачціва, але той нават слухаць не стаў. З Букерам ён гаварыў па-англійску.
— Прыкусі язык! Працаваць трэба! — і дадаў яшчэ нешта, чаго Лявонка не зразумеў.
Букер падаўся на поле, адкуль яны толькі што вярнуліся.
Фермер пагардліва паглядзеў яму ўслед і сказаў, звяртаючыся да Лявонкі:
— І найменне нехта яму даў — Букер…
Аказваецца, ад гаспадара Букер атрымаў загад палохаць варон. Відаць было, што жыццё адвучыла фермера спагадаць каму-небудзь…
Пасля пасеялі канюшыну і люцэрну. Тым часам паднялася і зазелянела густая пшанічная рунь, а побач і кукуруза. Здавалася б, можна і перадыхнуць. А не! У гаспадара на ўліку кожная хвіліна. Усе працуюць цэлы дзень, няма калі адпачыць. І кожны мае сваю працу. Учора яны валілі і карчавалі дрэвы на ўскраі лесу, каб пашырыць поле, і Лявонка добра-такі натрудзіўся, але не паказваў, што стомлены. Напачатку містэр Грын зрэдку назіраў за тым, як ён працуе, ці ўсё ў яго атрымліваецца як трэба. Пераканаўшыся, што той усё робіць сумленна, як для сябе, перастаў на яго аглядацца. Выйшаўшы з лесу, пачалі рамантаваць плот вакол сядзібы. Потым быў час ланчу — селі падсілкавацца. Лявонка загледзеўся на прыгожую, з блакітным адценнем, елку, што расла побач з плотам.
— Нарвежская, — не без гонару сказаў гаспадар.
Непадалёку ад фермы цякла невялікая рэчка, упадаючы ў адно са шматлікіх азёраў, раскіданых па ўсёй гэтай прасторы. Рэчка мела дзіўную назву: Матушка Волга. Хто так назваў — невядома. Мабыць, нейкі чыноўнік з штата ці вайсковец — рускі па паходжанні.
— Вам, містэр Грыц, каб рэчку гэтую запрудзіць ды млын паставіць…
Гаспадар быў здзіўлены:
— Наша Матушка Волга часам і наравістая бывае, асабліва ў дажджы. Тады вады прыбывае!
— Тым лепш! Шпарчэй будзе кола круціць.
— А ты вунь, аказваецца… Розум у цябе пракідкі! Я ўжо і сам над гэтым думаў. Хіба што з цягам часу…
Цяплей стала на душы ад яго пахвалы.
— Беларусы на прызбе не сядзяць, — успомніў ён словы дзядзькі Хведара, сказаныя ім перад ад'ездам.
Грыцько засмяяўся:
— Удалая прымаўка!
— Але ж шчасця там няма, разбрыдаюцца людзі па ўсім свеце. Ні шчасця няма, ні дастатку, усюды гора, галеча…
Наступіла паўза.
— Я табе скажу, чаму, — кашлянуў Грыцько, прачысціўшы голас.
Лявонка чакаў, што ён скажа.
— У вас канстытуцыі няма. Гэта — раз. І ў вас паноў шмат. Амэрыка, у адрозненне ад Расіі, краіна дэмакратычная! У вас цар пры ўладзе, ніхто яго абмежаваць не можа. Што хоча — тое і робіць. — Грыцько развёў рукамі. Размаўляў ён у сваёй ранейшай паблажлівай манеры. — Ты от неяк быў сказаў, што вашы беларусы рана прачынаюцца… Як жаўранкі…
— Не помню, можа, і казаў.
— Дык вось, па вашым народзе гэтага не відаць. Не чутно нешта вас…
— Добра вам так разважаць, містэр Бузук, — у вас людзі хоць неяк паважаюць адзін аднаго, а ў нас — не! Ушчаміць адзін аднаго стараюцца. Можа, таму і іншыя да нас дрэнна ставяцца: ні нас, ні мовы нашай не прызнаюць.
— У вас там то халера, то рэвалюцыя… — Грыцько плюнуў на дол. — Нашы багачы-капіталісты хацелі ў Расію ехаць ды фабрыкі будаваць, але, баяцца. Край багаты, а парадку няма: няволя, голад, бяспраўе, ад гэтага і рэвалюцыі. Народ бунтуецца… — Памаўчаўшы, Грыцько сказаў: — Бунтамі нічога не дасягнеш, хай усё ідзе як яно прадвызначана…
— Казалі, што і ў вас не так даўно вайна была! — падаў голас Лявонка.
— Так-так! — пагадзіўся Грыцько. — Сорак гадоў назад, братка, тут паміж сваімі вайна грымела. Шмат крыві пралілося. — Ён перавёў дыханне. — Рабства адмянілі, але цяпер вось гандляры насядаюць. Пасля вайны ўсе верылі, што ўсё будзе добра, а здарылася ці не наадварот — няма справядлівасці! Але нічога! — бадзёра закончыў ён. — Бог любіць Амэрыку!
…На змену сінім тонам пралесак прыйшлі зіхоткія фарбы лета. Саспела для касьбы трава. У Бузукоў рыхтаваліся да сенакосу. Грыцько з Іванам наладзілі параконную касілку, а Лявонка павінен быў дапамагаць касой — у тых мясцінах, куды грувасткая касілка не мела доступу. На світанні мужчыны з'елі снеданне, падрыхтаванае Мелані, узялі з сабой некалькі сандвічаў, кавалак халоднага мяса, тэрмас з кавай. Букер ужо чакаў каля свайго хлевушка. Выйшлі за вароты. Касілка, запрэжаная параю коней, з Іванам на жалезным сядле, ехала паперадзе. Свежае ранішняе сонца ярка загарэлася на чырвоных маках, роснай зеляніне травяных паплавоў, блакітных палетках лубіну. Хілілася пад ветрам ужо добра адрослая ад зямлі пшаніца. Усё расло. Па пояс узнялася маладая кукуруза, якую паспелі ўжо і прапалоць. Чырвоным дываном слалася па полі канюшына.
Любата! Цяпла, дажджу і ветру ў гэтым годзе было дастаткова і ў добрым спалучэнні,— усё выглядала на славу.
Ужо з самай раніцы надта ярка свяціла сонца — куды ярчэй, чым у Прусцы. Блішчэла трава, усцяж абсыпаная расой. Па небе плылі белыя баранчыкі хмарак. Лявонка вёў касу размашыста і лоўка, пакідаючы за сабой шчаціністы пракос. Касіў са смакам, у ахвоту. Непадалёку сакатала сенакасілка, якою кіраваў малады гаспадар. На ім кепка з доўгім казырком, каб не паліла спякотнае ілінойскае сонца. Прускавец сабе такой яшчэ не прыдбаў. Роўнымі радамі цягнуліся пракосы свежаскошанай травы. Прыемна было чуць, як жыкае вострая каса.
«Ты на пяту націскай, на пяту!» — успомніў ён словы дзеда Кірылы, адчуваючы, як лёгкі ветрык абвявае разгарачаны твар, грудзі. Наперадзе і па баках зелянелі кусты яшчэ недаспелай ажыны. Вядома, з касілкай тут не развярнуцца. Ён спыніўся памянціць касу. Ззаду ішоў Букер — раскідваў пракосы, каб трава сохла. У яго таксама змакрэла на спіне выцвілая рубашка. Працавалі яны — Лявонка і Букер — звычайна разам. Ад гарачыні ў негра яшчэ больш завіваліся кароткія, густа-кучаравыя валасы і раздуваліся шырокія ноздры. У магутнай постаці адчувалася вялікая фізічная сіла. У Прусцы роўнага такому няма. Хіба што толькі Марка Замагільны — той, пэўна, мог яго пабароць.
У паветры стаяў густы, дурманячы пах кветак, што раслі вакол кустоў — і такія прыгожыя, што прускавец міжволі прыпыніўся і загледзеўся на іх. Назвы ён не ведаў. Кветкі гарэлі чырвоным полымем. Разам з Лявонкам задзівіўся на іх і Букер. Прускавец ужо прызвычаіўся да таго, што побач з ім знаходзіцца чалавек з цёмнай (амаль што сіняй) скурай. Чарнаскураму цяжэй, чым беламу. Аднак усмешка не сыходзіла з вуснаў негра, а пагляд вялікіх пукатых вачэй нават палохаў нейкім незвычайным спакоем і бессэнсоўнасцю.
Букер расказваў свайму напарніку, што неяк у дзяцінстве, каб пасвятлець, ён еў мел. Ён не любіў спяшацца з выкананнем работы, бо пераканаўся, што як толькі скончыш адно, тут жа знойдзецца нешта яшчэ. Непаспешлівасць рабіла яго ў чымсьці падобным на прускаўскага чалавека. Лявонка не пытаўся колькі яму год, — на выгляд можна было даць гадоў трыццаць. У мінулым, казаў Букер, даводзілася пабыць і афіцыянтам у сапуне, і кандуктарам на чыгунцы, і чысцільшчыкам ботаў, папрацаваць на плантацыі. Доўга бадзяўся па Сярэднім Захадзе. Але паводле характару ён быў наіўны, можна сказаць, прастафіля. Некалі над ім вельмі ж бессаромна пажартаваў нейкі прыезджы гандляр, які прадаў Букеру некалькі — па даляру штука — рознакаляровых калочкаў, быццам бы спецыяльна прызначаных, каб іх куплялі негры.
Гэтымі калочкамі, запэўніў хітрэц, можна было адзначыць любы ўчастак зямлі, які аблюбуе сабе негр, і стаць яго ўласнікам. «Вы шмат пакутавалі,— тлумачыў гандляр, увішна махаючы рукамі перад Букеравым носам, — перамога вас вызваліла, урад абяцаў вам, кожнай сям'і, па сорак акраў і па два мулы». Той паверыў, аддаў за гэтыя калочкі апошнія даляры і адзначыў імі невялікі кавалак зямлі ў адным са штатаў Сярэдняга Захаду. Аднак гэтая зямля, аказваецца, мела ўжо гаспадара, які хутка ўгледзеў тыя каляровыя калочкі і разабраўся, што да чаго. «Хто тут палкі паставіў?» — засіпеў ён ад злосці, убачыўшы негра. Букер спачатку спрабаваў яму нешта тлумачыць, а потым сарамліва апусціў вочы. Да яго дайшло, што яго жорстка ашукалі. Лявонка ў душы паспачуваў новаму сябру і зразумеў безабароннасць гэтага чалавека. Грыцько лічыў яго лянівым і бесталковым.
Над пракосамі гайдаўся бесклапотны, страката расквечаны матылёк, — ляцеў туды, дзе дрыгвяністым балотам, парослым чэзлымі дрэўцамі, заканчвалася сенажаць і ціха драмала ў кустах Матушка Волга.
— О'кэй! — пачулася ззаду. Гэта падышоў Грыцько. — Палуднаваць пара.
Палуднаваць селі на ўзмежку, каля ружовага палетка канюшыны. Лявонка дастаў з воза карзіну з харчам. «Эх, зараз бы кіндзюка паспытаць — нашага, прускаўскага», — мройліва падумаў ён, прыгадаўшы смак гэтага дамашняга вырабу, які вісеў на гарышчы з зімы, чакаючы сенакоснай пары. Але і тут неблагія харчы. Гаспадыня ўмела гатаваць смачную фасолю з грудзінкай. Касу цягнуць можна…
На скошаную, ужо прывялую траву мякка клаліся лёгкія кроплі дажджу. Пяшчотна дакраналіся да шчок, ілба, вуснаў. Клаліся і тут жа высыхалі. Дождж ледзь-ледзь пакрапаў. Слабы ветрык панёс хмарку далей на поўдзень… Зноў пара брацца за касу. Скошаную траву сушылі і складвалі ў капыці — Грыцько прывёз гэта слова з радзімы. Тут яна таксама такая ж духмяная, амаль як дома…
Хілілася да гарызонту сонца, апісаўшы на небе высокую дугу — вышэйшую, чым у Прусцы. Летні вечар надыходзіў тут вельмі хутка, неяк адразу. Калі яны вярнуліся дадому, сонечныя праменні яшчэ трымаліся на вершалінах дрэў, але потым зніклі і яны. Спыніў сваё дыханне ветрык, і ў паветры запанавалі цішыня і спакой. Узмацніліся пахі.
Водар свежага сена нагадваў колішнія спатканні з Ганнай. Ён уявіў сабе той вечар, тую сцяжынку ля вербачак. Крамянасць дзявочага цела… Пашкадаваў, што цяпер яна ад яго так далёка.
Нарэшце на сядзібу ўз'ехаў першы фургон, цяжка нагружаны сенам, якое складвалі ў хлеў.
На вячэру, як звычайна, хлеб і фасоля. Павячэраўшы, Лявонка глянуў у люстра і ўбачыў чыюсьці незнаёмае, па-юнацку худое аблічча. З чорнай чупрыны тырчалі сухія травінкі.
Місіс Мелані сказала:
— Мужчынам у нас добра — вярнуўся з работы і адпачывай, а вось жанчыне клопатаў хапае: накармі, ды прыбяры, ды памый… Ой-ёй-ёй!..
Прускавец стрымаў усмешку, каб не пакрыўдзіць гаспадыню. Дзіўныя стварэнні — жанчыны. Да палявой працы місіс Мелані не дакраналася. Гэта — справа мужчын, кароў даілі таксама мужчыны. Агарод, праўда, садзіла і палола гаспадыня, і малочныя прадукты — таксама быў яе абавязак. Не, хапала турботаў і ёй. Можна было падзівіцца яе энергіі і спрыту — адна вядзе хатнюю гаспадарку. Гэта — куры, гусі, качкі, індыкі, а таксама свінні, авечкі… І кухня таксама за ёю. Мужчыны цэлы дзень на полі, а яна дома. Адзіноту пераносіла моўчкі і з годнасцю. Тупала цэлы дзень па гаспадарцы і к вечару моцна стамлялася. Некалі, мяркуючы па ўсім, яна была прыгажуняй, але нялёгкая доля жонкі фермера састарыла і яе. З Лявонкам яна гаварыла па-ўкраінску:
— Хлопец, хлопец!
— Што такое?
— А ты не жанаты?
— А што? Не, не жанаты.
— Смелы чалавек, калі вось так, адзін, рашыўся ехаць у Амэрыку…
Прускавец паціснуў плячыма. Успомнілася маці: як яна там?
Гаспадыня прапанавала кубак малака — запіць вячэру. Місіс Мелані прымушала і свёкра піць малако, бо лічыла, што гэта супакойвае.
— Гуд бай, — сказаў прускавец на развітанне і, хістаючыся ад стомы, пайшоў у свой павільён.
Сельская праца цяжкая, але гэта была яго праца. Нанюхаўся свежага сена і аж сп'янеў. Заснуў адразу, як толькі лёг.
Потым скасілі канюшыну, люцэрну Іх таксама сушылі і вазілі на ферму Уставаць даводзілася ў чатыры гадзіны раніцы, а клаліся недзе а дзевятай вечара. Семнаццаць гадзін у дзень! Калі было зусім цяжка, Грыцько як бы жартам прыгадваў Лявонкавы словы: «Ты ж сам казаў, што беларусы на прызбе не сядзяць». Сам ён кожную хвіліну быў заняты справамі і ім з Букерам увесь час знаходзіў нейкую работу. Усё лета яны змагаліся са страшным ворагам фермераў — пустазеллем, якое вяло няспынны наступ на палі, укаранялася ў зямлі, глуміла пасевы. Прускавец з цікавасцю і немалым здзіўленнем усё больш пераконваўся, што амерыканцы не дзеляць працу на чорную, мужыцкую і высакародную, што ніякая праца тут не выклікала да сябе пагардлівых адносін. Чалавек павінен умець усё і фізічна быць моцным. Самая цяжкая гаспадарчая работа лічылася ўпаўне прыстойнай і паважалася гэтак жа, як і любая іншая. Выходзіла, што «работа» — галоўнае амерыканскае слова. Нават ліст дадому няма як напісаць.
Чакаў нядзелі. Нядзеля — свята, выхадны, твой дзень. Рабі, што хочаш. Букер спаў, а ён сеў пісаць ліст.
«Дарагія мама, сястрычкі і дзядуля!
Я жывы і здаровы, чаго зычу і вам. Працую цяпер на ферме ў аднаго гаспадара. Жывецца мне не блага. Гаспадар папаўся добры, і мне тут падабаецца. З сябрамі Цімошам і Піліпком давялося расстацца. Яны засталіся ў Нью-Йорку. Калі мы сюды ехалі, дык надта сябравалі, а тут у розныя бакі падаліся, на розную работу. Як каму пашанцуе.
Цяпер я ў штаце Ілінойс.
Фермеры, аказваецца, працуюць шмат і цяжка. Многае залежыць ад надвор'я і цэнаў. Гаспадар містэр Грыц — украінец па паходжанню — з гонарам называе сябе амэрыканцам. Жыве ён тут даўно, гадоў, можа, з сорак.
Як ні дзіўна, але тут няма паноў. Гаспадары працуюць нароўні з намі, работнікамі. Працую на ўсім гатовым, але за ўсё павінен адрабіць. Ашчаджаю кожны даляр. Побач са мной працуе негр. Так тут называюгща людзі з чорнай скурай. Ферма накшталт хутара ці фальварка — тут свой невялічкі свет, свае інтарэсы і клопаты. Вельмі прыгожая прырода. Не так далёка і горад — Маршалтаўн. Цяпер у нас тут касавіца — косім люцэрну. Лета вельмі гарачае, а дзень цягнецца доўга. Але гэта і добра — стаміцца, напрацаваўшыся, а потым легчы і адразу заснуць ды не варочацца ад бяссонніцы…»
Тут ён спыніўся, перачытаў напісанае, усміхнуўся: «Каб не падумалі, што кладуся спаць не вячэраўшы». Дадаў пра тое, што падаюць на вячэру. І дапісаў яшчэ:
«…Дарагія мае мама, дзядуля і сястрычкі! Вы там не сумуйце без мяне. Неўзабаве вярнуся. Хочацца дадому. Вялікае прывітанне перадайце дзядзьку Хведару. Паміж ім і містэрам Грыцам шмат падобнага.
Як там Ганна пажывае? Што чутно пра яе бацьку — дзядзьку Васіля? Тут я яго так і не сустрэў…»
Праз адчыненыя дзверы відаць было, як у двор уехала брычка. Гэта вярнуліся з Маршалтаўна гаспадары. У нядзелю Бузукі, як шчырыя вернікі, не маглі не наведаць царквы, не аддаць Богу Богава. Іван пачаў распрагаць каня, Мелані і містэр Грыц пайшлі ў дом. Праз нейкі час яго паклікалі:
— Лявон, ідзі абедаць!
Есці не хацелася, у галаве прыемна снаваліся прускаўскія ўспаміны.
— Я яшчэ не галодны, — заставалася напісаць некалькі слоў,— паклоны астатнім родзічам і знаёмым, але Мелані ўжо падавала на стол.
— Лявон! — пачулася зноў.
Гаспадары лічылі, відаць, што добры работнік павінен і ў нядзелю адчуваць сябе нароўні з імі. Букеру, аднак, падавалі асобна.
Праз хвіліну-другую ліст быў скончаны, і Лявонка, заклеіўшы канверт, рушыў у гаспадаровы пакоі.
Раз у два тыдні гаспадыня пякла хлеб. Пах яго чуўся не толькі ў самім доме, але і ў двары. Адчыніўшы дзверы, Лявонка пачуў:
— Работнік ён добры, — гэта гаварыў старэйшы Бузук, — за ім прыгляду не трэба.
— Любіць капацца ў зямлі,— азваўся сын.
«Пра каго гэта яны? Пра мяне?»
Святліца была акуратна прыбраная. Да аклееных абоямі сцен прытулілася трывала збітая, хоць і крыху грубаватая мэбля. На ложках ляжалі стракатыя посцілкі. З-за печы віднеўся стары драўляны куфар, абабіты жалезам. У покуці цямнела распяцце. Пад распяццем, на стале, ляжала тоўстая кніга ў чорным скураным пераплёце. «Біблія», — здагадаўся Лявонка.
Перад тым, як пачаць абедаць, напаўшэптам памаліліся. Грамчэй за іншых выдзяляўся шэпт старога гаспадара. Пад канец малітвы, расчулены размовай з Богам, Грыцько некалькі разоў ёмка стукнуў сябе кулаком у грудзі і ўголас папрасіў Усявышняга дараваць грахі, вялікія і малыя.
Лявонка таксама перахрысціўся.
— Сядай, браце, — запрасіў гаспадар.
Сямейнікі сёрбалі суп з адной вялікай міскі. Суп смачны, наварысты. Прускавец стараўся працаваць лыжкай паважна, не спяшаючыся, як і ўсе, хто знаходзіўся за сталом. На другое елі тлустую сакавітую свініну і палітую алеем фасолю. Да мясных страў гаспадыня абавязкова падавала прыправу — кетчуп, які з'явіўся на стале і гэты раз. Тут жа ляжалі распараныя кукурузныя пачаткі, стаяла соль. Елі моўчкі.
— Можа, яблычнай настойкі? — прапанавала Мелані.
— Не, абыдзецца, — за ўсіх адказаў Грыцько.
Калі сям'я скончыла абедаць, пайшоў дождж. Лявонка падзякаваў гаспадыні, падняўся і хацеў выйсці.
— Дождж накрапвае, — сказаў Грыцько, — пабудзь у хаце, перачакай.
Адчувалася, што стары хоча пагаварыць. Лявонка загледзеўся на пацямнелыя ад часу гравюры з нейкімі малюнкамі, што віселі на сценах. Нейкія батальныя эпізоды. Потым кінуў погляд у той кут, дзе ляжала Біблія — тоўсты фаліянт нейкага даўняга выдання. Каля Бібліі ў невысокім гарлачыку стаяў напаўзасохлы букецік жоўтых кветак.
— Не адным хлебам жыве чалавек, — паважна сказаў гаспадар, заўважыўшы, што работнік глядзіць на Біблію.
Лявонка згодна паківаў галавой і сеў у прапанаванае гаспадаром плеценае з лазы крэсла.
— Тут у нас розныя веры. Каля Маршалтаўна жывуць, скажам, квакеры. У Амэрыцы на гэта свабода. Ты якой веры?
— Праваслаўнай. А вы, мусіць жа, таксама?
Пад гаспадаром рыпнула лазовае крэсла.
— Па веры сваёй мы уніяты грэка-каталіцкага абраду, — з нейкай падкрэсленай годнасцю адказаў фермер.
Лявонка ўспомніў расказы дзеда Кірылы. Калісьці ж і ў Прусцы была уніяцкая царква.
— Але Біблія адна — і для праваслаўных, і для уніятаў,— растлумачыў Грыцько.
Стары, аказваецца, чытаў яе кожны дзень, хоць часу не ставала і жыхарам фермы не да таго было, каб абцяжарваць сябе яшчэ і чытаннем кніг.
— Біблія вучыць паважаць іншага чалавека, ставіцца да яго як да самога сябе. Гэта вельмі важна, — працягваў гаспадар.
Адчувалася, што гаворка пра Біблію дастаўляе яму нейкае ўнутранае задавальненне.
— Наш вялікі прэзідэнт Джордж Вашынгтан сказаў, што без Бібліі нельга справядліва правіць светам. Вось як! Таму Бог любіць Амэрыку, — фермер падняў палец угару і ўважліва паглядзеў на Лявонку, нібы спрабуючы даведацца, даходзіць да таго сэнс ягоных слоў, ці не.
Той слухаў, што гаварыў гаспадар.
— Калі прэзідэнт не чытае Бібліі, ён можа дрэнна скончыць! — працягваў Грыцько, не апускаючы пальца. — Не так даўно быў застрэлены Уільям Мак-Кінлі. Прэзідэнт!.. — Ён апусціў палец і абедзвюма рукамі ўзяў са стала тоўсты фаліянт.
Лявонка з цікавасцю сачыў за яго словамі і рухамі.
— Ёсць тут, каб ты ведаў, кніга прарока Ісаі. Славуты прарок! Гасподзь адкрыў яму, што некалі на зямлі надыдуць такія часы, калі больш не будзе зла і гора, таму што Сатана будзе звязаны.
Прускавец ажно раскрыў рот:
— Калі ж гэта будзе?
— Пасля другога прыходу Хрыста! Не раней. Тады людзі будуць рабіць адзін аднаму толькі дабро.
Слухач адчуў на сабе доўгі і цяжкі погляд верніка.
Грыцько тлумачыў далей:
— Біблію, браце мой, разумець трэба — не словы, а што за словамі.
Каля карашка тырчалі закладкі — на адной з іх ён і раскрыў фаліянт, асядлаўшы нос акулярамі:
— Адкравенне Іаана Багаслова, Апакаліпсіс, інакш кажучы… Гэта апошняя кніга Бібліі, напісаная ўжо пасля нараджэння Хрыста, у дзевяноста пятым годзе.
— Як — у дзевяноста пятым? Гэта ж надта даўно!..
— Даўно, — згадзіўся Грыцько, — у тым-то і справа, што даўно! Апостал Іаан Багаслоў, прарок, яшчэ ў той час з дапамогаю Бога прадбачыў нашмат упярод і прадказваў апошнюю барацьбу дабра і зла ў канцы свету. Погляд яго такі, што дастае ажно да нашых дзён. — Аддаліўшы Біблію ад вачэй амаль на выцягнутую руку, гаспадар пачаў чытаць, старанна вымаўляючы словы: — «После сего я увидел иного Ангела, сходящего с Неба и имеющего власть великую; земля осветилась от славы его. И воскликнул он сильно, громким голосом говоря: „Пал, пал Вавилон, великая блудница, сделался жилищем бесов и пристанищем всякому нечистому духу, пристанищем всякой нечистой и отвратительной птице; ибо яростным вином блудодеяния своего она напоила все народы, и цари земные любодействовали с нею, и купцы земные разбогатели от великой роскоши её“».
Прачытаўшы гэта, ён зняў акуляры, урачыста паглядзеў на работніка, які таксама быў вельмі ўсхваляваны.
— А некаторыя кажуць, я сам чуў, што Бога няма…
Ад нечаканасці гаспадар ажно здрыгануўся:
— Не трэба так казаць! Волас з чалавечай галавы не зваліцца, калі Ён таго не захоча!
Лявонка згодна паківаў галавой. Рэлігійныя перакананні гаспадара здзівілі. Прускаўцы былі куды спакайнейшыя ў пытаннях веры. А тут… Мінула хвіліна некаторай няёмкасці, Лявонка яшчэ раз паківаў галавой, падзякаваў і выйшаў з пакоя.
Атрымаўшы ад гаспадара першыя грошы — дванаццаць даляраў, прускавец купіў сабе фермерскія джынсы з падцяжкамі, кашулю ў клетку і капялюш, а таксама чаравікі. Дзеля гэтага давялося з'ездзіць у Маршалтаўн. Букер ехаць не захацеў. «А мне той горад не трэба, я лепш у траве паляжу», — сказаў ён з нязменнай сваёй усмешкай. Сапраўды, такая-сякая вопратка на ім была — ці шмат чалавеку трэба? Лявонка з дазволу гаспадара запрог брычку і паехаў у Маршалтаўн сам.
Павяваў ветрык. Паабапал дарогі расла дзікая канюшына, у якой гудзелі пчолы. Пшаніца ўжо адкрасавала і цяпер стаяла, як мур, наліваючы колас. Пахла полем і лесам. Розныя думкі раіліся ў галаве. Так і не сустрэў ён пакуль што дзядзьку Васіля. Абяцаў знайсці, сустрэць… А дзе цяпер хлопцы — Цімоша з Піліпком? Там працуюць, ці з'ехалі куды?.. А што, цікава, у Прусцы зараз? Як Ганна? Ні на адно з гэтых пытанняў ён не меў пэўнага адказу…
Праз гадзіну якую колы загрымелі па гарадскім бруку. Маршалтаўн — тыповы амерыканскі гарадок. Пабудаваны роўнымі квадратамі кварталаў. Фасады дамоў выходзяць на вуліцу, двары — у вузкія, часта забітыя смеццем завулкі. Лявонка цікавіўся — народу жыве тут тысяч дванаццаць, не болей. Нешта накшталт Камянца. Праўда, Камянец, здаецца, весялейшы, не такі сумны і аднастайны.
Раптам недзе ўдарылі ў звон. Амаль адначасова азваўся звон і ў другім месцы, у трэцім. Дык, аказваецца, тут набожныя людзі. Сапраўды, духоўны бок жыцця гарадка забяспечвалі каля сарака цэркваў, якія прадстаўлялі больш двух дзесяткаў веравызнанняў і моцна ўплывалі на жыццё гарадка. Цэнтральнае месца займала англасаксонская царква, але была тут і царква грэка-каталіцкага абраду, якую наведвалі Бузукі. Святар хрысціў, вянчаў, спавядаў, хаваў, словам, быў патрэбны на кожным кроку чалавечага існавання на гэтай грэшнай зямлі. Што здзівіла прускаўца — царква з'яўлялася тут асяродкам не толькі рэлігійнага, але і свецкага, а таксама сямейнага жыцця, і гэтым адрознівалася ад прускаўскай, якая да свецкага, а тым больш да сямейнага ўзроўню, не апускалася.
Брычка ўз'ехала на галоўную вуліцу гарадка, якая так і называлася — Галоўная вуліца. З абодвух бакоў яна абсаджана прыгожымі дрэвамі, у засені якіх снуюць прахожыя. Установы, магазіны, майстэрні, салуны — пра іх паведамлялі страката размаляваныя шыльды. Гэта — цэнтр Маршалтаўна, дзе можна ўсё купіць, сустрэцца з кім трэба, пагаварыць. Своеасаблівы, як казаў Грыцько, фермерскі клуб.
Прускавец спыніўся на спецыяльнай стаянцы, прывязаў каня, агледзеўся, шукаючы шыльду з намаляванымі на ёй джынсамі. Сагнуўшыся, прабег кітаец з карамыслам на шыі, на канцах якога віселі плеценыя кошыкі з персікамі. Зазыўна, з белазубай усмешкай, як бы заманьваючы, махалі шчоткамі негры, прапаноўваючы свае паслугі. Пад дрэвамі — невялічкія вазкі з малаком і хлебам. Хацелася б і пахадзіць па гарадку, але ён вырашыў не затрымлівацца. Заўтра працоўны дзень. Купіўшы, што трэба, вярнуўся на ферму.
Водар зямлі вярнуў ураўнаважанасць і ўпэўненасць у сабе. Падабалася ўстаць на досвітку і прайсціся вакол фермы, агледзець абсаду з паўднёвага боку, дзе ў гаспадара былі пасаджаны яблыкі, грушы, слівы, вішні, некалькі персікавых дрэў. Містэр Грыц, відаць, любіў працаваць у садзе. Лявонка не раз бачыў, як ён непаспешліва пераходзіў ад аднаго дрэва да другога.
Сад акружалі ільмы і платаны. Былі і знаёмыя дрэвы: акацыя, ляшчына, елка. «Гэта і ў нас ёсць, — думаў прускавец, — толькі елка тут нейкая як быццам блакітная». За садам пачынаўся лес — дубы, букі, кусты барбарысу і яшчэ нейкія мясцовыя дрэвы. У лясным зарасніку спяваў дрозд — сталы жыхар гэтых мясцін. Лявонку здалося, што ён ужо некалі быў тут, толькі вельмі даўно. Успомніўся свой лес, прускаўскі,— грыбны і ягадны. На той паляне, куды яны любілі з дзедам Кірылам прыходзіць, цвіла пахучая шыпшына. Яе аблюбавалі пчолы і чмялі, якія гулі каля яе асабліва заклапочана. У канцы лета ў лесе шмат арэхаў. Зрэдку падавала голас зязюля. Дзядуля спрабаваў лічыць, колькі яна накукуе. Аднойчы налічыў дванаццаць «ку-ку». Значыць, дванаццаць гадкоў яшчэ жыць. А яму, Лявонку, так піць захацелася. Дзед Кірыла мякка паспачуваў: «Пацярпі, унучак. Мне таксама хочацца, але ж я цярплю». Але смага даймала. «Ну, што ж, калі гак, пап'ём з капытнік», — прапанаваў дзед Кірыла. Вада падалася нечакана смачнай…
Вярнуўшыся ў сядзібу, сустрэў гаспадара.
— Ну што, спадабалася наша прырода? — спытаў Грыцько.
— Спадабалася.
Папраўдзе, ён не заўважыў, каб фермер меў уцеху з усёй гэтай прыгажосці. Яго жыццём больш кіравалі практычны сэнс і інстынкт карысці. Відаць было, што Грыцько па-ранейшаму адчуваў сябе моцным і спрытным, здатным да любой работы. Сына ўсё яшчэ лічыў дзецюком. Клопатам яго было адно — больш узяць ад зямлі. Дзеля гэтага фермер павінен быць аграномам і бізнесменам адначасова.
У хлевушку пры канюшні захроп Букер. У гэтым хлевушку, дзе жыў работнік-негр, звычайна захоўваліся вупраж і рымарскі інструмент. Ложкам Букеру служыла прадаўгаватая скрыня, набітая саломай. Магутны храп работніка часам нечакана пераходзіў у стогн, нейкае дзіўнае мармытанне, ці нават як бы просьбу.
Грыцько нервова прыцмокнуў языком:
— От здаровы! Каб ён яшчэ і працаваў так, як храпе…
— Але ж ён стараецца, — абараніў напарніка Лявонка.
Працавалі, як-ніяк, разам. Калі выязджалі на аддалены палетак, звычайна бралі з сабой адну палатку.
— Каб жа стараўся! Я ж бачу — гультай! — Гаспадар пайшоў па справах.
На падворак выйшла Мелані і пачала склікаць сваё птушынае царства.
— Цюп-цюп-цюп-цюп! — На голас гаспадыні адусюль збягаліся куры, гусі, качкі, індыкі. Яна шчодра сыпала ім кукурузнае зерне.
— Ганна! Ганна! Дзе ты там? Устала?
Лявонка ажно сумеўся, падумаў, што гэта яму здалося, але азірнуўся, прачыніў дзверы і ўбачыў на ганку дзяўчыну. «Адкуль яна з'явілася?» На ёй была простая спаднічка светла-сіняга колеру і блузка з тонкага белага палатна. На плечы падалі хвалістыя чорныя (як у прускаўскай Ганны!) валасы. Вочы спакойныя і вялікія, як галубіныя яйкі. Міжвольна падумалася, што гэта прымроілася, бо тую, прускаўскую, Ганну цяпер аддзялялі бясконцыя акіянскія прасторы. Не, не яна. Дзяўчына, не ведаючы пра яго думкі, пазірала на яго, незнаёмага чалавека, пакусваючы ружовыя губкі. Лёгкая ўсмешка прыадкрывала зіхоткую белізну зубоў. Раніца і чароўная свежасць юнацтва рабілі яе прыгожай, амаль такой, як і тая, прускаўская.
— Паглядзі, колькі ў нас сёлета птаства! — гэта маці хвалілася перад дачкой сваёй птушынай гаспадаркай.
Дачка залівіста смяялася, радуючыся і птаству, і добрай летняй раніцы.
Ён нават разгубіўся: «Няўжо і яе зваць Ганна? Насланнё нейкае… Хто ж прыдумаў такое супадзенне?» Аслупянелы, ён глядзеў на амерыканскую прыгажуню, пакуль тая не схавалася ў хаце.
«Ого, такая здольна разбіць сэрца любога хлопца. Вясёлая якая! Але не, мая Ганна прыгажэйшая! — падумаў ён, успомніўшы прускаўскую каханую. Затым сумеўся: — Трэба было павітацца, а я ж не павітаўся. Ёлупень…»
Праз колькі часу ён убачыў яе яшчэ раз. Яна несла з хлява кошык, у якім ляжалі курыныя яйкі. «І пастава ў яе такая ж, як у Ганны, — быццам збанок на галаве трымае…» Ён хацеў памагчы ёй паднесці і не рашыўся прапанаваць свае паслугі. Сціпласці не мог перамагчы. Але здалося, што яна ўсміхнулася загадкавай жаночай усмешкай. Днём бачыў яе на агародзе з маці — палолі грады.
Пазнаёміліся толькі на наступны дзень. Маці, відаць, расказала ёй, хто такі гэты хлопец і адкуль ён.
Яна — не была б амерыканка! — аказалася смялейшая за яго — першая спыніла, склікаючы курэй і пасыпаючы ім зерне:
— А як цябе завуць?
— Лявон, — сціпла адказаў ён.
— А мяне — Ганна. — Потым дадала: — Гэта мяне дома так завуць, а для ўсіх астатніх я Анет…
Лявонка падумаў, што гэта, мусіць, сам лёс надарыў яго сваёй прыязнасцю, міла жартуе з ім і сваволіць, інакш кажучы, павярнуўся да яго светлым бокам. Чутно было, як гаспадыня на ганку выбівала палавікі. Іван дапамагаў ёй. Можа, яны і прыслухоўваліся да іх размовы…
— Дзядуля казаў, што вы з ім землякі.
— Землякі. Ён з Валыні, я з пад Брэста — гэта побач.
Яна чамусьці засмяялася, як быццам гэта было смешна.
Калі яна смяялася, на шчочках з'яўляліся какетлівыя ямачкі. Па ўсім відаць, ёй не было яшчэ і дваццаці, але нагадвала яна ўпаўне дарослую жанчыну, спелую, з развітымі формамі. Анет нядаўна скончыла прыватную школу ў Маршалтаўне, дзе яе вучылі не толькі чытаць і пісаць, але шыць і гатаваць, а цяпер вучылася ў настаўніцкім каледжы ў самім Чыкага. Даць выхаванне — гэта, вядома, каштуе нямала. Летам яна прыязджала на канікулы, але не столькі адпачывала, як працавала — дома, у полі. Праца як бы і была яе адпачынкам. Цяпер вось прыбірала ў хаце — Бузукі рыхтаваліся да свята Чацвёртага ліпеня.
Прускавец паспеў заўважыць, што жанчына ў Амерыцы паводзіць сябе вельмі незалежна і карыстаецца вялікай павагай. Ну, а Анет, апроч усяго, яшчэ і гаспадарова дачка…
Чацвёртага ліпеня — нацыянальнае свята Злучаных Штатаў. Дзень незалежнасці. У 1776 годзе ў гэты дзень на філадэльфійскім нацыянальным сходзе была падпісана Дэкларацыя незалежнасці. Чацвёртага ліпеня сям'я Бузукоў збіралася на ўрачысты абед. Запрашалі гасцей. Да Грыцька ставіліся тут як да патрыярха. З'язджаліся суседзі разам з жонкамі, дзецьмі. Адзінота навучыла гэтых перасяленцаў цаніць суседства. Усе яны з'яўляліся членамі мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, які купляў у іх гатовую прадукцыю — пшаніцу і кукурузу. Гэта была рэгіянальная кааператыўная фірма «Экавіта».
Так было і на гэты раз. Госці заходзілі ў дом, шумна віталіся, распраналі верхняе адзенне. Жанчыны цалаваліся з гаспадыняй, спраўляліся пра здароўе. Як земляка, запрасілі і работніка. На першым часе ён у такім паважаным застоллі адчуваў сябе крыху скавана. Ля стала стаялі крэслы з арэхавага дрэва і плеценыя з лазы. Прускавец сеў у адно з іх.
Разам з іншымі прыехаў і Ганнін жаніх. На ім шчыльна сядзеў шэры касцюм-тройка, белая сарочка са стаячым каўнерыкам, сіняга колеру гальштук. Гэта быў сын іхняга суседа Гэпа, такога ж фермера, як і Бузукі. Бузукі выношвалі патаемную мару аддаць за яго Ганну. Такім чынам злучыліся б дзве гаспадаркі. Пітэр — так звалі гэтага «жаніха». Яго бацька — стары Гэп атрымліваў у год амаль паўтары тысячы даходу.
Ганна дапамагала маці ставіць на стол, а потым пайшла пераапрануцца.
— Ты ж будзь прыветлівей з ім! — прасіла Мелані.
Стол ламаўся ад кукурузнага хлеба, сотавага мёду, крута звараных яек, смажаных куранят і рыбы. На шырокім падносе, у цэнтры стала, ляжаў сакавіты свіны кумпяк.
— Ой, чаго тут толькі няма! — пляскала ў далоні нейкая вясёлая фермерша з грыўкай чорных валасоў над ілбом і маладым румянцам на шчоках. — Эндзі, Джэсі, Марыён, вы толькі паглядзіце! — гаварыла яна сваім сяброўкам — таксама жонкам фермераў, аглядаючы багаты стол Бузукоў.
— Даротка! Даротка! — усе ўзрадаваліся новай госці, якая толькі што прыехала разам з мужам — каржакаватым мужчынам з вусамі.
Мужчыны гуртаваліся асобна.
— Загарадзь тую ці скончылі? — пытаўся Пітэр у Грыцька.
— Не, будзем вышэй паднімаць! — запэўніў той і паказаў рукой, якой вышыні павінна дасягнуць агароджа.
— А што гэта вы, суседзе, агароджу пачалі будаваць ад мяне? — азваўся стары Гэп, які з высока ўзнятай галавой сядзеў у цэнтры стала.
— Гэта ж добра, містэр Гэп! Лепш сябраваць будзем! — засмяяўся Грыцько.
— Вунь Спаркі сваю гаспадарку заводзяць, — сказаў адзін з гасцей — фермер з доўгімі сівымі вусамі.
— Папярэднік іх прагарэў,— напомніў містэр Гэп.
— Думаю, што ў нас да гэтага не дойдзе, — засмяяўся Пітэр.
Госці крыху прымоўклі. Словы Пітэра, пэўна здаліся ім залішне самаўпэўненымі. З'явілася нарэшце і Ганна. На галоўцы ў яе акуратна сядзеў блакітны капялюшык з чырвоным пяром.
Першы падаў голас гаспадар. Не ўстаючы з крэсла, ён сказаў:
— Схілім галовы і звернемся ў думках да Усявышняга.
Худы, маршчыністы твар Грыцька яшчэ больш выцягнуўся, шчыльна сціснутыя вусны зашавяліліся. Седзячы за сталом, ён уголас прачытаў малітву, а потым, нібы каменціруючы яе, прамовіў, абвёўшы поглядам прысутных:
— Хрыстос патрабуе, каб мы любілі бліжняга, як і самога сябе.
Лявонка ўжо і раней меў магчымасць адчуць, што рэлігійнае пачуццё ў гэтых людзей уключала і ўвасабляла любоў да жыцця, да навакольнага свету, прыроды, да гэтага даволі багатага стала, які сведчыў пра сямейны дастатак.
Пачуўся стук нажоў і відэльцаў. Людзі як бы ажылі, нечакана павесялелі, зрабіліся бадзёрымі, раскаванымі і шчодрымі. Усе яны шмат працавалі, але шанцавала не ўсім аднолькава. Гэпам шанцавала, мусіць, больш, чым іншым. У свінарніку — хай сабе і невялікім — пародзістыя свінні. Здолелі завесці. Цяпер парасят бралі суседзі. Прускавец дзівіўся: свінні парасіліся тут тры-чатыры разы на год.
Пачалося абмеркаванне перспектыў на ўраджай. Ганна паднялася з-за стала, каб дапамагчы маці.
Грыцько — як бы самому сабе — сказаў:
— Вядома, нечага можна дасягнуць і аднаму, але ўсё роўна многага не дасягнеш. Трэба нам бліжэй быць.
Усе крыху як бы насцярожыліся: куды хіліць стары Грыц?
— Прэзідэнт Рузвельт назваў нежанатых мужчын і незамужніх жанчын «злачынцамі супраць расы».
— Так, так! — засмяяліся і ўхвальна заківалі галовамі госці.
— У гэтай справе не варта спяшацца… — таксама смеючыся, адгукнуўся містэр Гэп, зразумеўшы, што мае на ўвазе сусед.
Лявонка незаўважна паглядзеў на Пітэра: той як бы пачырванеў.
— Дзяўчо яшчэ, — сказаў Іван, нібы ў нечым апраўдваючы дачку.
Мелані з дачкой не прыслухоўваліся да размоў, стараліся дагадзіць гасцям. На стале задыміла параю гарачая патэльня са смажанай маладой бульбай, пасыпанай свежай пятрушкай. Асабліва ажывілася застолле тады, калі гаспадыня падала варэнікі. Пілі сідр і піва. Потым на стале з'явілася бутэлька віскі і содавая вада. Гэта было кукурузнае віскі хатняй вытворчасці.
— А мне крынічнай вады! — папрасіў містэр Гэп, і ў яго просьбе прагучала відавочная самазадаволенасць. Чалавек як бы ганарыўся тым, што піў не віскі, а ваду, ды яшчэ падкрэсліваў: чыстую, крынічную!
— Вып'ем за маю Адарку. Хай ёй на тым свеце лёгка ікнецца! — прапанаваў Грыцько і гукнуў у бок кухні: — Мелані, прынясі картачку!
Гаспадыня прынесла і паказала гасцям здымак-дагератып: на ім свёкар быў сфатаграфаваны з свякроўю.
Грыцько паглядзеў на спінку крэсла з прыгожай вышыўкай, на драўляны куфар за печчу, і вочы яго павільгатнелі:
— Яе вышыўка, і куфар яе…
Лявонка ўжо ведаў пра гэту незвычайную жанчыну, што пакінула пасля сябе добры ўспамін.
Аказваецца, яна — жонка фермера — умела спраўляцца з усімі непрадбачнымі акалічнасцямі і, калі муж адлучаўся куды па справах, з адзінотаю. Быў выпадак. Тады яны якраз пачалі разводзіць авечак, якія звычайна пасвіліся за рэчкай. У паводку пасля праліўнога дажджу, авечкі апынуліся на другім баку бурнага, імклівага патоку, у які ператварылася маленькая, амаль перасохлая рэчка з гучнай назваю Матушка Волга. Адарка не разгубілася, запрэгла каня і пачала перавозіць бедных авечак, што тоўпіліся на тым беразе, збіўшыся ў кучу ў чаканні дапамогі. Вада ўвесь час падымалася. Цяпер рэчка і сапраўды нагадвала тую невядомую Волгу. Хвалі падступалі да самага дна вазка, пагражаючы затапіць ці знесці яго на яшчэ большую глыбіню. Яна баялася, ад жаху сціскалася сэрца, але ехала — і раз, і два, і пяць, — пакуль апошняя авечка не апынулася на гэтым баку.
Грыцько расказваў, махаў рукамі, хапаўся за галаву, пазіраў на гасцей павільгатнелымі вачыма. Госці, хоць і не ўпершыню чулі гэтую гісторыю, успрымалі яе вельмі эмацыянальна, дзівіліся.
Адчуўшы падтрымку слухачоў, гаспадар пачаў новы аповед:
— Ніколі не забуду і другі выпадак. Яна якраз мелася радзіць, але роды, як бывае, усё затрымліваліся, а я ў той дзень, як на зло, паехаў у лес па дровы. Гэта, вы ж ведаеце, міль дзесяць ад фермы. Малады быў, розуму не хапіла. Адарка мая ўсё роўна як ведала, што нешта здарыцца, але — такая яна была — нічога сказаць не пасмела. А потым расказвала… Не паспеў я, значыць, схавацца за выспачкай, як адчула, што яно вось-вось пачнецца. Да бліжэйшых суседзяў, да Гэпа вось, — Грыцько паказаў у бок старога Гэпа, — тры мілі. Уявіце сабе становішча!
— Ай-яй-яй! — жахаліся жанчыны, ад перажыванняў пляскаючы далонямі.
— Але Адарка мая малайчына, не ўпала духам. Яна што зрабіла — склала адзенне для дзіцяці на крэселка, падрыхтавала ваду, нажніцы і ўсё, што трэба яшчэ. Нават пра мяне падумала… — Тут Грыцько не змог стрымаць слёз. Нявестка падала яму хусцінку, і ён, хлюпаючы носам, працягваў: — Паставіла на стол крынку малака, зрабіла некалькі сандвічаў, дастала нават з калодзежа на ўсякі выпадак вядро вады…
— Ой, гэта ж цяжка! — паспачувала нейкая з жанчын.
Грыцько яшчэ больш захлюпаў носам.
— Потым, ведаеце, паклікала Бура (сабака ў нас быў такі — усё разумеў, як чалавек, толькі што гаварыць не мог) і загадала яму дзверы сцерагчы…
За сталом устанавілася цішыня.
— Недзе апоўдні бусел зрабіў сваю справу — прынёс хлопчыка, — Грыцько зірнуў на Івана. — Я вярнуўся к вечару— з дровамі. А ён ужо ляжаў спавіты, побач з маці, спакутаванай, але, ведаеце, бадзёрай духам. Да сённяшняга дня не магу ўявіць, як яна знайшла ў сабе сілы, каб прыўзняцца і ўласнаручна перарэзаць і перавязаць пупавіну. Стаў я каля яе: губы зусім белыя і твар без крывінкі. А яна ласкава так на мяне паглядзела…
Грыцько скончыў свой аповед. Кожны думаў, мабыць, пра сваё, перабіраючы ў памяці перажытае.
Маўчанне парушыў Лявонка (узяў раптам на сябе такую смеласць):
— І ў нас быў падобны выпадак — у полі жанчына нарадзіла. Не адна, праўда, сын пры ёй быў, падлетак, гадоў пятнаццаць. Не разлічыла таксама, памылілася на колькі дзён. «Ідзі,— кажа, — сынок, радзіць буду, ідзі, сынок, ты не павінен быць пры гэтым. Можа, хто-небудзь пад'едзе, дык паможа…» Той не згадзіўся: «Я вялікі, кажа, я ўсё разумею, не саромся мяне, мама».
Грыцьковы госці здзіўлена закруцілі галовамі: «Бач, маўляў, які разумны…»
Лявонка, падахвочаны іх увагай, расказваў:
— Сышлі з дарогі ў жыта. Тут усё якраз і пачалося. Сын прымаў, а яна падказвала, што і як зрабіць, — і пупавіну адрэзаў і, казалі жанчыны, пупок завязаў. Летам усё было. Цеплыня, жаваранкі звіняць, аж заліваюцца. Сын разарваў сваю сарочку, загарнуў у яе нованароджаную сястрычку і, бедны, не ведае, што і рабіць. Маці заслабла. Ажно чуе — загрукатала па дарозе фурманка. Чалавек убачыў іх, пад'ехаў, забраў усіх траіх і хуценька павёз у вёску. «Гэта, кажа, мая знайда». Так тую дзяўчынку і празвалі — Знайда.
— Мянушку такую далі,— удакладніў хтосьці з гасцей.
— Так, мянушку.
Грыцько як бы і не чуў таго, пра што расказваў Лявонка, агорнуты быў сваімі ўспамінамі:
— На жаль, няма ўжо маёй Адаркі — падгадавала сына і памерла. Царства нябеснае!.. — перахрысціўся ён шырокім узмахам рукі.
— А давайце заспяваем! — прапанаваў нехта, глынуўшы, мусіць, кілішак віскі.
Загучала песня. З хору вылучаўся голас чарнявай прыгажуні з грыўкай — Люсі:
Горы мае, горы,
Мушу вас лышыты,
Волав буў у вас шыты,
Як у чужыні жыты…
Эндзі і Джэсі падцягвалі, астатнія слухалі. У некаторых на вачах нагарнуліся слёзы. Потым пачаў падцягваць муж Дароткі, засяроджана паглядаючы некуды паверх галоў, у адну кропку.
Горы нашы, горы,
Горы нашы Карпаты,
Не аддам вас, не аддам вас
За ніякія дукаты-ы… —
даспявалі да канца яны гэтую сумную ўкраінскую песню.
— Калі ты прыехаў у Амэрыку, — дык ты ўжо амэрыканец, — задумліва прамовіла Мелані, якая прыйшла паслухаць песню.
— А што мы бачылі на радзіме той? Прыгнёт і прыгон! — махнуў рукой стары Гэп.
— Паны крыўдзілі! — падтрымаў яго, прыпомніўшы нешта, фермер з доўгімі сівымі вусамі.
— Усе крыўдзілі — і палякі, і маскалі, і аўстрыякі! Усе, хто мацнейшы… — стары Гэп паглядзеў на прускаўца: — У Расіі шмат жабракоў, Амэрыка б гэтага ніколі не дазволіла.
Лявонка на гэта нічога не адказаў, змаўчаў.
— За што яе любіць — Бацькаўшчыну тую! — махнула рукой жанчына з чорнай грыўкай — Люсі.
І тут прускавец не выцерпеў і, пражаваўшы кавалак, як бы сам у сябе запытаўся:
— Хіба ж радзіма ў гэтым вінавата? Яна ж дала чалавеку жыццё…
— Мы ўжо тут пусцілі карані,— сказаў даўгавусы фермер.
— Пусцілі, пусцілі,— згодна заківалі галовамі жанчыны.
— Жывем мы не багата, але ж мы свабодныя людзі! — шырока расставіў рукі, як бы паказваючы на ўсіх прысутных, стары Гэп.
Што і казаць — усім ім было ўласціва пачуццё гэтай новай нацыянальнай годнасці і незалежнасці…
Пасля шумнага застолля свята працягвалася на паляне, пад старым высокім ільмам, які рос ля сядзібы Бузукоў. Пачуўся гармонік і разам з ім скрыпка.
— Кадрылю! Кадрылю!
Выйшлі першыя пары. Грыцько ўзяўся біць у бубен. Ганна танцавала з Пітэрам, які яе запрасіў, але, як здалося Лявонку, без асаблівага задавальнення. Ён бачыў, як мільгалі ў танцы яе новыя сіненькія туфлі, і падумаў, што была ў ёй нейкая частачка ад той Ганны — прускаўскай. Яна заўважыла яго погляд, пасміхнулася. Калі танцаваць пайшлі ўсе і ўтварыўся круг, Ганна ўцягнула ў круг і яго. Лявонка танцаваць саромеўся, хоць кадрылю і ўмеў. Пітэр таксама запрасіў кагосьці з дзяўчат. Усім было весела.
Нагамі адбівалі такт, і так моцна, што, здавалася, гудзеў ільм, які рос побач. Паводдаль стаяў Букер і, пасміхаючыся, глядзеў, як яны цешыліся. Ён таксама меў сёння святочны абед.
Люсі зноў заспявала, гулліва дзьмухнуўшы знізу ўверх, на грыўку:
Як була зовсім мала,
колыхала мене мама.
Як я стала подростать,
сталі хлопцы колыхаць.
А я хочу не старого, не малого —
козачэнька молодого…
Кацілася за гарызонт сонца. Там, у той далечыні, адкуль яно мела з'явіцца заўтра, была другая, яго Ганна…
Баль працягваўся амаль да поўначы, потым на ганак выйшла Мелані:
— Прашу ўсіх! Торт з кавай!
Стол з тортам і кавай быў накрыты ў той жа гасцёўні. Нарэшце госці пачалі збірацца дадому, развітвацца.
— Добра, містэр Грыц, на наступным тыдні ўбачымся ў царкве, — ужо здалёк махнуў рукой містэр Гэп.
Разам з бацькамі з'ехаў і Пітэр, пачціва развітаўшыся з Анет.
…Лявонка стаяў ля варот, якія яны з Грыцьком нядаўна рамантавалі. І гаспадары, і Букер даўно ўжо, відаць, пайшлі спаць. З цёмна-блакітнага неба пазіраў бледны і тонкі маладзік у акружэнні шматлікіх амерыканскіх сузор'яў. Ён падняў галаву, глянуў уверх, на зоркі. У цёмным небе мігцелі іх тысячы і тысячы. Тут яны здаваліся большымі і ярчэйшымі, чым у Прусцы. Пасміхнуўся: «Каторая з іх мая?» З поля плыў душны водар настоенага на кветках паветра. Трава і кусты бружмелю, шыпшыны поўніліся звонам цыкад.
Ён не заўважыў, як падышла Ганна, толькі пачуў яе голас:
— Усе ўжо паснулі, нават камары, а вы яшчэ не спіце.
— Збіраюся.
Яна нагнулася і сарвала белы рамонак, паднесла да носа, панюхала:
— Не пахне…
— Палявыя кветкі звычайна не пахнуць, а вось флёксы, асабліва вечарам, такія духмяныя!..
— Не чула нешта я пра такія кветкі,— на яе шчоках прыкметна абазначыліся какетлівыя ямачкі.
— У вас іх няма, — Лявонка пасміхнуўся ў начным сутонні, але яна не заўважыла яго ўсмешкі.— Бэзу таксама няма. У нас — на кожным падворку бэз.
— Дзе гэта ў вас? У Еўропе?
— Так, дома, у Еўропе.
— Ніколі там не была…
— Прыязджайце калі ў госці.
Яна ўважліва на яго паглядзела, і яму раптам захацелася прытуліцца да яе, моцна сціснуць у абдымках, але ён толькі ўздыхнуў.
— Ноч для закаханых, — прамовіла амерыканка і перавяла позірк на месяц: — Цікава, ці ёсць там людзі?
— На месяцы?
— На месяцы.
Ён паціснуў плячыма.
— Цяжка сказаць, з зямлі не ўбачыш.
Шукаючы зразумелыя словы, яна імкнулася пераадолець моўны бар'ер, які быў паміж імі. Жыццё здавалася ёй залішне аднастайным, дзяўчына прагнула нейкай навізны.
Між тым водар паветра аслаб. З поля пацягнула начной, крыху вільготнай прахалодай. На дахах, пад месячным святлом, там-сям заіскрыліся буйныя плямы начной расы.
— Ганначка, ідзі ўжо спаць! — пачулася з ганку.
Маці…
— І мне пара. Заўтра рана ўставаць.
Яны развіталіся. Ён пастаяў крыху на паветры адзін, потым адчыніў дзверы і ўвайшоў у свой павільён. Стаміўся за дзень, сон быў моцны.
Прайшоў яшчэ адзін тыдзень…
Выхадны — нядзеля. Палявыя работы на ферме спыняліся. У нядзелю ўжо некалькі разоў ён хадзіў у Маршалтаўн, быў у царкве, бадзяўся па вуліцах, піў піва. Той раз на скрыжаванні вуліц ён убачыў незвычайнае відовішча: натоўп людзей, а ў цэнтры яго — драўляная трыбуна, вакол якой гуртаваліся дзіўныя постаці ў доўгіх белых балахонах і вастраверхіх капюшонах з зацененымі проразямі для вачэй. Адзін з такіх «балахонаў», што знаходзіўся каля самай трыбуны, абапіраўся на яе жыватом, размахваў рукамі і нешта выкрыкваў, істэрычна і з надрывам. Лявонка падышоў бліжэй.
— Ку-клукс-клан — гэта высакародства і патрыятызм. Мы выступаем ад імя белых людзей, якім пагражае насілле! — Чалавек у белым камусьці пагразіў сціснутым кулаком. — Мы шчыра запрашаем усіх, хто згодзен з нашымі прынцыпамі, у нашу арганізацыю. Ку-клукс-клан абароніць белага чалавека! — надрываўся прамоўца.
Лявонка і раней заўважаў, што да неграў тут адносіліся не зусім так, як у Нью-Йорку. У Маршалтаўне для іх былі асобныя прыбіральні, асобныя лаўкі ў гарадскім парку, нават, аказваецца, як потым ён даведаўся ад гаспадара, у царкве яны мелі свой куток. У неграў звыклая прафесія — чысцільшчыкі абутку. Нехта паслужліва працягнуў яму паперку, прускавец пакруціў яе ў руках, але чытаць не было калі і ён сунуў яе ў кішэнь.
Вярнуўшыся дадому, расказаў пра свае ўражанні гаспадару, паказаў яму паперку. Гэта была лістоўка. Такая некалі трапіла да яго на мітынгу ў Брэсцкай крэпасці. У лістоўцы было змешчана папярэджанне: «Кожны негр, які прыме ўдзел у галасаванні ў наступную пятніцу, будзе знішчаны. Наш штат належыць белым. Падумайце пра сваё жыццё. Ку-клуксклан».
Грыцько растлумачыў:
— Гэта такая арганізацыя, не любяць яны неграў… — аднак, па ўсім відаць, гэтая тэма была для яго малацікавая, і ён спытаў пра іншае: — Ці чуў ты там грамафон? Дабрэнная штука!
Грамафона Лявонка не чуў і не ведаў што гэта такое.
— Гэта ў фермерскім клубе. Да чаго тэхніка дайшла — машына песні спявае! — захапляўся Грыцько, цмокаючы языком.
Праз тыдзень Лявонка зноў збіраўся ў Маршалтаўн. На гэты раз дамовіліся ісці разам з Букерам. Паснедаўшы, не марудзячы, выйшлі за браму і рушылі ў дарогу. Па нядзелях Букер, хоць і не быў моцна веруючым, час ад часу наведваў царкву. У Маршалтаўне была спецыяльная царква для чорных. Там ён разам з іншымі чытаў малітвы і спяваў псалмы. Сёння ён сабраўся з самай раніцы і зайшоў да Лявонкі, калі той яшчэ галіўся, аглядаючы ў люстэрка свой твар з чорнымі вусікамі і рэдкай, кволай яшчэ шчэццю.
На шыі ў Букера завязана чырвоная хусцінка з нейкімі жоўтымі плямамі. Лявонка заўважыў, што яго сябар любіў апранацца страката, мусіць, каб на яго звярталі ўвагу. На нагах, праўда, усё тыя ж грубыя, цяжкія чаравікі, якія ён насіў кожны дзень. Перад падарожжам у Маршалтаўн Букер ачысціў іх ад насохлага гною. Гэты раз Лявонка таксама дастаў з сундучка і апрануў свежую сарочку і касцюм, куплены ў Нью-Йорку, абуў туфлі.
— О'кэй! — сказаў Букер і паказаў вялікі палец. Выглядаеш, маўляў, на ўсе сто.
Прускавец пасміхнуўся.
Выйшлі на дарогу. Каля іх, у напрамку Маршалтаўна, узнімаючы пыл, праімчаўся аўтамабіль.
— Эх, праехацца б на аўтамабілі! — з зайздрасцю прыцмокнуў тоўстымі губамі Букер.
Лявонка таксама пра гэта падумаў, але ўголас сказаў:
— Купі, і мяне пракоціш.
Букер зарагатаў:
— Можна было б, калі б містэр Грэц крыху больш плаціў. Замест Грыцько, ці Грыц — як называлі гаспадара — негр вымаўляў Грэц, хоць той не раз настойліва яго папраўляў.
Букеру не надта шанцавала ў жыцці. Ён не раз расказваў свае бясконцыя гісторыі, як з ім дрэнна абыходзіліся. Аднойчы ён наняўся сезонным работнікам да аднаго багатага фермера ў штаце Місісіпі ўбіраць пшаніцу. Там было ўжо шмат такіх, як ён. Жылі ў бараку пад замком, працавалі пад наглядам. Белы гаспадар быў нядобры чалавек, — моршчыўся, успамінаючы, Букер. Ён трымаў лаўку, у якой рабочым выдавалі тавар па ўтроенай цане пад распіску. Даводзілася браць — куды дзенешся. Нарэшце скончылі справу з пшаніцай і хацелі развітацца з гаспадаром. «Пачакайце, — кажа ён, — трэба хмель сабраць». К таму часу якраз хмель паспеў. «Як хмель, калі дамаўляліся толькі на пшаніцу?» «Дык вы, — кажа, — вінаватыя мне па шэсць даляраў і трыццаць цэнтаў. Тавар бралі?» Выходзіла, не ён ім павінен заплаціць, а яны яму вінаватыя. Букер і яшчэ двое ўцяклі і вырашылі звярнуцца да суддзі. Той іх выслухаў, надзеў ім наручнікі і вярнуў назад.
«Верыць ці не верыць гэтаму Букеру?» Адно відавочна было: чалавечая годнасць негра прыніжалася тут у параўнанні з іншымі амерыканцамі.
…Маршалтаўн сустрэў іх гаманой выхаднога дня. Букер, як бы спяшаючыся, падаўся ў сваю царкву. Лявонка перш за ўсё наведаўся на пошту, каб дазнацца, ці няма ліста з дому. Ён заўважыў, што людзі пасміхаюцца, убачыўшы іх побач — белага і негра. Ва ўсмешках пракідалася, як яму здавалася, якаясьці незразумелая зласлівасць.
Нейкі бамбіза ў высокім шэрым капелюшы, увайшоўшы на пошту следам за Лявонкам, запытаў, скрывіўшы губы і не гледзячы ў яго бок:
— Што гэта ты ўвесь час з гэтым чорным? — і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, працадзіў скрозь зубы: — Запомні: негр — гэта не чалавек, і беламу нельга з ім сябраваць!
Лявонка, калі па шчырасці сказаць, не вельмі ўцяміў яго словы і не надаў ім значэння. Выйшаўшы з будынка пошты, прысеў на лаўку пад нейкім дрэвам і пачаў чакаць Букера, каб пайсці разам куды-небудзь выпіць піва і вяртацца дадому. Гэта быў сквер у цэнтры горада. Вакол шмат народу, асабліва жанчын. Прастытуцыя ў Амерыцы наогул забаронена, аднак нават у такім горадзе, як Маршалтаўн, можна сустрэць не толькі жанчын з зазыўнымі агеньчыкамі ў вачах, але і, кажуць, пры жаданні, патрапіць у публічны дом. Як бы патаемны. Аднак пра гэта прускавец не думаў. Няёмка было перад той, якую аддзяляў ад яго толькі акіян, але якая была заўсёды побач.
Вярнуўся, нарэшце, Букер. Аднак ісці ў салун, дзе прадавалі піва, адмаўляўся невядома па якой прычыне. Лявонка настояў. Букеру нічога не заставалася, як згадзіцца.
Гэта быў звычайны сапун з півам, віскі і бутэрбродамі. У выхадныя і вечарамі тут збіраліся навакольныя фермеры. І цяпер было поўна народу. Некаторыя з прысутных, калі Лявонка з Букерам увайшлі ў салун, дэманстратыўна пакінулі памяшканне, але прускавец не надаў гэтаму значэння.
— Што будзем піць? — паглядзеў на яго буфетчык, кінуўшы позірк і на негра, які стаяў трохі ззаду.
Лявонка загледзеўся на буфет, застаўлены бутэлькамі рознай формы з каляровымі этыкеткамі.
— Два віскі.
— Бербон-віскі? — удакладніў буфетчык.
Лявонка кіўнуў галавой:
— Бербон-віскі і піва.
Буфетчык разліў па шклянках бербон-віскі, дабавіў туды імбірнага піва, падсунуў бліжэй да кліента і паклаў на прылавак два сандвічы з сырам. Лявонка расплаціўся і са шклянкамі ў руках накіраваўся да аднаго са столікаў, што стаяў ля сцяны. Букер прынёс сандвічы і два куфлі піва. Чокнуліся шклянкамі, адпілі па палавіне, закусілі сандвічамі. Няблага…
Лявонка азірнуўся. Ля стойкі круціліся дзве жанчыны ў стракатых сукенках. Апроч густой касметыкі і распусты, на іх тварыках нічога нельга было ўгледзець. За столікамі ля супрацьлеглай сцяны гаманіла кампанія нейкіх страката апранутых мужчын у ссунутых на патыліцу капелюшах. Сярод іх — прускавец заўважыў — быў і жаніх Анет — Пітэр. На шыі ў яго была павязана зялёная ў белы гарошак хусцінка. Яны з важным выглядам сядзелі вакол стала, пілі і закусвалі, пры гэтым ігралі ў карты і шумна гаманілі, час ад часу аклікаючы буфетчыка, і той падносіў ім яшчэ нешта з яды і пітва. Лявонка не звяртаў на іх увагі, як бы прыслухоўваючыся да сябе, адчуваючы, як алкаголь пранікае ў жылы, узнімае настрой. Пасля віскі яны з Букерам прыступілі да піва. Негр некалькімі магутнымі глыткамі за адзін раз асушыў увесь куфель. Прускавец ажно раскрыў рот ад здзіўлення. Такога ён яшчэ не бачыў. Дамовіліся ўзяць яшчэ па куфлі.
— Гаспадар, два піва! — гукнуў пасмялелы Лявонка ў бок буфета, як гэта рабілі людзі за суседнім столікам.
— Гэй ты, грынэр! — пачулася адтуль.
Прускавец не адразу зразумеў што гэта магло адносіцца да яго, але адзін з тых бамбізаў, што сядзелі за суседнім столікам, аддзяліўся ад кампаніі і падышоў да яго. Ён быў у нейкім рудым капелюшы з выгнутымі палямі і цёмна-чырвонай кашулі ў вялікую клетку. На поясе целяпалася кабура. Ад яго добра-такі патыхала джынам. Кінулася ў вочы зняважлівая складка ля губ.
— Твой брат? — ён кіўнуў на Букера, які сядзеў, угнуўшы галаву.
Пытанне было з тых, якія здаўна называюць рытарычнымі. Лявонка адчуў нядобрае.
— Гэта яшчэ невядома, чаму яны ўвесь час разам, можа, яны таго… — данеслася з-за суседняга століка. Там зарагаталі.
Прускавец прамаўчаў, нічога не адказаў. Іх было больш, і яны былі мацней. Па спіне прабег непрыемны халадок. Калі што-якое — за яго няма каму заступіцца. Хіба што Букер.
Чалавек у рудым капелюшы стаяў, п'яна пахістваючыся, ля іх століка, як бы чакаў адказу, потым тупа паглядзеў на Букера. Той яшчэ больш угнуўся.
— Выйдзі! — дыхнуў джынам бамбіза. — Я не хачу, каб ты тут знаходзіўся!
Потым зноў перавёў погляд на Лявонку:
— Амерыка — краіна белых! Я не дазволю!.. — Твар яго ажно перакасіла ад злосці.
Усе навокал аціхлі, насцярожыліся. Гэты бамбіза, па ўсім відаць, меў тут адпаведны аўтарытэт. І тут хлопец пачуў унутраны голас, які гучаў крыху пагардліва, але патрабавальна: «Баішся?.. Не бойся!.. Будзь уважлівей. Ты нічога благога не зрабіў».
— Вы арыштаваць нас хочаце? — дрыжачым голасам запытаў Букер.
У душы Лявонка ўсё ж такі спадзяваўся, што Букер з яго магутнай фізічнай сілай як-небудзь дапаможа або хоць бы прыкрые ззаду. Але Букер нерухома сядзеў за сталом, угнуўшы галаву ў плечы і калоцячыся ад страху, які перадаўся і сябру. Лявонка адчуў цеплаваты струмень недзе праміж ног, на сцягне: «Піва. Хутка ж яно праходзіць праз нутро…» — паспеў падумаць ён і пачаў паднімацца. Чалавек у рудым капелюшы, выбраўшы момант, калі Лявонка прыўстаў з крэсла, ударыў яго знізу, у падбародак. Удар быў па-п'янаму неахайны, але моцны. У прускаўца ўваччу палыхнулі іскры, рэзкі боль апёк шчаку, і ў роце адчуўся саланаваты прысмак. «За што?» Ад крыўды ўзняўся ўсплёск ярасці. Ён не абдумана, а хутчэй інстынктыўна размахнуўся і сунуў крыўдзіцелю кулаком у твар. Той захістаўся, але ўтрымаў раўнавагу, схапіўшыся рукамі за столік.
— А я табе ўсю морду расквашу! — па-баявому, каб падбадзёрыць сябе, крыкнуў прускавец, успомніўшы раптам матчыну мову. І ў гэты час адчуў удар ззаду — такі, нібыта ўся столь абвалілася на галаву. Паспеў зрабіць яшчэ некалькі крокаў і ўпаў на крэслы, якія ў беспарадку стаялі ля сцяны. Узняўся слуп пылу, але гэтага ён ужо не ўбачыў. Хапіла, аднак, сілы каб пачуць, як нехта з бамбізаў сказаў:
— Схавай свой кольт! З яго ўжо дастаткова…
Ён ужо не бачыў і таго, як у салун зайшоў памочнік шэрыфа, і буфетчык пачаў яму нешта тлумачыць, бязладна размахваючы рукамі. Ачнуўся толькі праз нейкі час і не мог адразу зразумець, дзе ён. Свядомасць вярталася марудна. Балела ўсё цела, як бы хто патрушчыў косці. Букера побач не было. Знік некуды і «руды капялюш» са сваёй кампаніяй. Хлопец агледзеў пакамечаны, без гузікаў, касцюм, хапатліва памацаў кішэнь, дзе ў яго ляжалі грошы — некалькі даляраў, атрыманых надоечы ад містэра Грыца за два тыдні працы, але грошай там не было… Ад крыўды навярнуліся слёзы. Са слоў гаспадара салуна дазнаўся, што быў памочнік шэрыфа, рабіў дазнанне, але тыя бамбізы ўцяклі. Гэта былі мясцовыя хуліганы, бандзюкі, як растлумачыў Лявону буфетчык, прапанаваўшы свайму кліенту нейкую мокрую анучу, каб выцерці твар. Лявонка адмовіўся, правёў па твары тыльным бокам далоні і, намацаўшы вачыма дзверы, няпэўнымі крокамі выйшаў з салуна. На вуліцы ён убачыў Букера. Прыяцель, відаць, чакаў яго, выглядаў вельмі сумна, па твары цяклі слёзы. Яны моўчкі пайшлі ўздоўж сквера. Букер не пераставаў усхліпваць. Яго слёзы перадаліся і Лявонку, але ён хуценька выцер іх рукой і паглядзеў на негра:
— Цябе ж не білі, чаго ты плачаш?
— Яны і на гэты раз сказалі, што ад мяне смярдзіць, — Букер заплакаў яшчэ мацней.
Лявонка нічога не адказаў. Яго вадзіла, круцілася галава. За горадам яны — абодва — крыху ажылі.
Букер уздыхнуў, паціснуў плячыма:
— Хто іх зразумее, гэтых белых, чаго яны хочуць. — Памаўчаўшы, дадаў: — Але ў іх сіла! Сілу — хочаш ці не хочаш — будзеш паважаць. Хто паспачувае негру? Чарнамазы — і ўсё!
Прускаўцу стала шкада яго. Каб неяк суцешыць таварыша, сказаў:
— Як так можна? Гэта ж несправядліва!
— Няма ў нас свайго юніона! — уздыхнуў Букер так, нібы ў яго галаве ўзніклі нейкія надзеі і планы.
Лявонка ведаў, што юніон — гэта аб'яднанне людзей па прафесіі, якое існуе для сумеснай барацьбы за правы.
Букер гаварыў сваё:
— Тут я не застануся. Паеду туды, дзе мяне не ведаюць. Ёсць добрыя мясціны!.. — Нечакана павярнуўся да таварыша: — Леан, давай збяром грошы і купім сваё ранча. Самі будзем гаспадарыць. — Яго вусны кранула шырокая ўсмешка.
Лявонка таксама ўсміхнуўся, адтапырыўшы разбітую губу, але не таму, што яму захацелася засмяяцца, — гэта адбылося неяк само сабой, як бы ад нечаканасці. Усмешка нарадзілася ў глыбіні душэўнага болю, ганьбы і знявагі. Значыць, не ўсё яшчэ страчана.
За паваротам паказалася ферма.
Пасля ўчарашняга балела галава, але трэба было ўставаць, снедаць і ісці на працу. Снедалі, як і штодня, на кухні.
— Гуд монінг! — павітаўся Лявонка.
Сабраліся ўсе, акрамя Анет, якая, напэўна, яшчэ спала — уставала яна крыху пазней. Мелані глядзела на яго са спачуваннем, нават жаласліва. Відаць, Букер ужо ўсё расказаў, таму што гаспадары ўжо ведалі, што адбылося, і сіняк пад вокам сведчыў сам за сябе.
Грыцько, прыжмурыўшы вока, як бы ўпершыню аглядаў свайго работніка, яго невысокі рост, нешырокія, нават вузкаватыя плечы і, каб неяк супакоіць яго, паблажліва ўсміхаючыся, сказаў:
— Усялякае здараецца. На тое і жыццё. Я таксама некалі быў малады. Але я здачы даваў! І табе трэба было даць яму здачы. Ты ж у нас, здаецца, не квакер — гэта тыя нават зайца не пакрыўдзяць.
Лявонка ведаў, што квакеры дзічыну не дазваляюць біць на сваёй зямлі. І рыбу не ловяць. Гаспадыня падсунула бліжэй да яго талерку з яечняю.
— Я яму нічога дрэннага не зрабіў. Чаго ён на мяне кідаецца?
— Справа рызыкоўная — бараніць негра, — падаў голас Іван, які да гэтага сядзеў моўчкі.
Грыцько падтрымаў сына:
— Гэта праўда, — і дадаў.— А ўвогуле яны мелі рацыю: з неграмі не пі. Негр вып'е паўшклянкі віскі, і на яго такое находзіць — не ўзрадуешся…
Лявонка насцярожыўся.
Грыцько працягваў:
— Ён, брат, такое можа ўтварыць… І нажом можа парнуць!
— Не, Букер не парне, — засмяяўся Іван, кінуўшы галавой на падворак, у Букераў бок, — ён ціхманы.
— І ціхманага можна давесці.
Мелані падала каву.
Паснедаўшы, усе разам, прыхапіўшы і Букера, паехалі ў поле. На гэты раз яны меліся палоць і акучваць бульбу. Размова за сняданкам прымусіла задумацца. Лявонку падалося, што прускаўцы больш востра адчувалі дабро і зло і больш чуйна рэагавалі на іх праявы, чым гэтыя людзі, паміж якіх ён знаходзіўся.
Пад'ехалі да бульбянога поля. Побач, як лес, стаяла кукуруза ў сваім прыгожым зялёным убранні. Буйныя зялёныя пачаткі наліваліся цяжарам даспяваючага зерня. Букер распрог коней, пусціў на траву. Палоць і акучваць бульбу — справа нескладаная, але працаёмкая. Спіну трэба гнуць добра, і яны гнулі…
Перад тым, як зрабіць перапынак на ланч, Грыцько спытаў:
— Дык, кажаш, дастаў яго кулаком?
— Адзін раз — дастаў.
— А хто ж цябе гэтак біцца вучыў?
Хлопец уздыхнуў. Што ён мог на гэта адказаць?
— Ты, я гляджу, дужы, але біцца не ўмееш, — сказаў фермер.
— Ніхто мяне не вучыў.
— Гэта дрэнна. У Амэрыцы хто не ўмее пастаяць за сябе, той прапашчы чалавек. — Грыцько паглядзеў на работніка. — Шэрыф далёка, трэба разлічваць толькі на сябе.
Падышлі Іван, за ім Букер. Гаспадар абвёў вачыма прысутных і сказаў з важнай мінай, нібы робячы нейкае адкрыццё:
— Не рукамі трэба біцца, а галавой!
Усе зразумелі, што размова ідзе пра ўчарашні выпадак. Вядомая рэч: падумаць трэба — перш чым канфліктаваць. Але — не. Гаспадар меў на ўвазе іншае.
— Ён цябе кулаком, — а ты яго чубком! — Грыцько тыкнуў сябе пальцам у лоб.
Гэта зацікавіла ўсіх, асабліва Лявонку.
— Як гэта — галавой? — здзівіўся ён.
— А вось так! — Стары фермер зняў капялюш, прыгнуўся, набычыў шыю, падскочыў да Лявонкі і, як рогам, штурхнуў яго лбом у сківіцу. Той, клацнуўшы зубамі, паляцеў на дол, але тут жа як падскочыў — устаў на ногі, памацаў сківіцу, нос. Усё атрымалася вельмі нечакана, але, здаецца, абышлося.
— Га-га-га! — амерыканец зарагатаў. Засмяяліся і Іван з Букерам. — Гэта называецца «галандскі пацалунак». А цяпер ты мяне! — падбадзёрыў хлопца Грыцько.
Лявонка, не раздумваючы, падступіў да яго, валтузліва закруціўшы галавой ля гаспадаровага носа.
Грыцько, задраўшы галаву, адпіхваў яго рукамі:
— Не так, не так. Рэзкасць! Рэзкасці болей! Каб нечакана было для праціўніка!
— І злосці болей! — падбадзёрваў, рагочучы, Іван, які ўжо ля воза даставаў з торбы бутэрброды — ланч ёсць ланч.
А гаспадар усё настаўляў работніка:
— Калі не зможаш у сківіцу, бі сюды, пад грудзі,— і Грыцько паказаў рукою на тое месца, дзе ў яго знаходзілася дыяфрагма.
— Эфектыўна яшчэ кулаком у вуха, — сказаў Букер. — Свінг — гэта называецца.
— А ты лоўкі! — пахваліў Грыцько. — Хопіць! На сёння хопіць.
Лявонка, апусціўшы галаву, падзякаваў за вучобу.
Перад тым, як накіравацца да воза, Грыцько як бы падвёў вынік сваіх настаўленняў:
— Самае горшае — гэта страх. Ніколі нічога не бойся. Прускавец потым доўга думаў над словамі старога фермера…
Вечарам, вярнуўшыся з поля, ён сустрэў за калёсным хлевушком Анет. Яна ішла з кароўніка, дзе бацька даіў кароў, у руках трымала вядзерца, да краёў напоўненае малаком. Убачыўшы работніка з падбітым вокам, дзяўчына неяк спачувальна і разам з тым прыветна ўсміхнулася.
— Як вам ваша работа? — спытала яна, стаўшы побач. У вачах чыталіся прыязнасць і давер.
— Добра.
Яна насіла даволі адкрытыя сукенкі, і Лявонка заўважыў, што шыя ў яе і грудзі паспелі ўжо добра абсмуглець. Чамусьці здалося, што яна пахне спелымі пазёмкамі — гэтая невядомая кветка з чужога саду. Ды што там пах! Ён ажно сп'янеў ад адной яе прысутнасці. І тут жа ў думках узнікла тая, прускаўская: «А можа яна там у чыіх абдымках? Хлопцы ж ёсць — і ў Прусцы, і ў ваколіцах. Хто яго ведае, як яна там…»
— Глядзі,— падзівілася дзяўчына, — малады, а ўжо сівы волас завёўся. — Яна засмяялася, а потым неяк адразу сцішылася. — Як жа гэта здарылася? — Анет мела на ўвазе здарэнне ў Маршалтаўне.
— Ваш прыяцель бачыў, ён ўсё ведае…
— Пітэр? У яго я якраз пытацца не буду. І хто ён мне? Ніхто…
Лявонку здалося, што яна глянула на яго нейкім незвычайным поглядам і нечакана засмяялася. Ён ажно пачырванеў. Захацелася прыціснуць да сябе яе пяшчотны тварык. Погляд дзяўчыны быццам казаў яму: «Ходзіш ты, хлопец, невядома дзе, а мяне не заўважаеш…»
— Эй, Ганна! — пачуўся з хаты голас маці.
— Іду!
— Можа дапамагчы? — кіўнуў ён на вядро.
— Я сама.
І пайшла, не глянуўшы на яго. Ён падумаў: «Прыгожая! Але прускаўская Ганна прыгажэй…» Гэтая думка неяк нават усцешыла яго, сагрэўшы твар усмешкай. Але і з дачкою фермера ў яго ўстанавілася нейкая незаўважная для іх саміх таямнічая сувязь.
Жыццё на ферме праходзіла яшчэ больш манатонна, як у Прусцы. Зрэдку атрымліваў адтуль лісты, чытаў па некалькі разоў:
«Лявонка наш, пішам табе з Прускі. Дарагі сыночак, дзякуем за картачку. Як ты там пажываеш, ці добра табе ў Амэрыцы? На картачцы ты вельмі паглядны. Ты нам снішся, наш сыночак, унучак, і брат. І дзядуля наш цябе часта ўспамінае. Дзядуля кажа, хай не працуе так зацята, бо дурная праца часта і калечыць чалавека. Фядорка з Тоняй асвойваюць пакрысе мужчынскую работу. Калі цяжка здараецца, дык успамінаем пра цябе, і на душы лягчэй становіцца. У нас халады, дождж, жыта засела і не расце. Ураджай сёлета, відаць, будзе слабы. У мінулую нядзелю дзядуля ездзіў да Камянца. Цэны на збожжа падняліся на 50 капеек за пуд.
У нашу вёску адзін прыехаў, лістоўкі раздаваў, а хто хацеў, дык і кніжку мог узяць. Пыталася пра цябе Гэлька Відэрка, як яму там у Амэрыцы?
У нашага суседа Хомкі нарадзіўся яшчэ адзін сын. Пішы болей, мы чакаем. Перадае табе паклон дзядзька Хведар з Свішчова, суседзі, твае сябры.
Пісала Тоня 3 чэрвеня 1908 года».
«А як там Ганна? — падумаў ён. — Нешта пра яе нічога не напісалі…»
— Што з дому пішуць? — пацікавіўся пры сустрэчы гаспадар.
— Неўраджай у іх там, — уздыхнуў работнік.
— Засуха?
— Наадварот: халады, дажджом заліло, вымакла…
— Грошы пашлі, хоць трохі. Можа, будзе якраз дарэчы.
Некалі ён даў Лявонку дванаццаць даляраў і цяпер, напэўна, меў на ўвазе гэта. Але ж адзенне колькі каштавала, а рэшта ў салуне знікла.
Лявонка нічога не адказаў. Вечарам ён адпісаў ліст у Пруску. Апісаў сваё жыццё. Пра выпадак, які адбыўся з ім у Маршалтаўне, не паведамляў. Ды і крыўда паступова аціхала. Грошай, праўда, што з кішэні ўкралі, шкада было. Жыццё — на тое яно і жыццё — ставіла штодзённыя пытанні. Пытанне пра грошы, пра тое, як іх зарабіць, трывожыла пастаянна. Ці надыдзе той дзень, калі ён разлічыцца з прускаўскімі крэдыторамі — панам Падгурскім і дзядзькам Хведарам? Фермер плаціў слаба, прасіў пачакаць. А добра было б паслаць колькі даляраў калі не крэдыторам, дык хаця б сваім — маці, дзядулі… Сам гаспадар толькі што раіў зрабіць гэта.
Грошы, грошы, грошы…
Аднойчы, адчуўшы, што ў гаспадара добры настрой, Лявонка набраўся смеласці і звярнуўся да яго напрамую, без падрыхтоўкі:
— Дзядзьку Грыцько, — дзядзькам нечакана яго назваў,— ці не маглі б вы хоць крыху даць грошай упярод?
Містэр Бузук доўга маўчаў, не адказваў. Просьба была для яго, відаць, і нечаканай, і не надта прыемнай. Ажно ўпацеў.
— Дадому хочаш паслаць? Разумею, — гаспадар пачухаў патыліцу, — але з грашыма, дружа, прабач, я сам яшчэ банку не сплаціў таго, што пазычыў. Працэнты бяруць. Такая справа…
Адказ гаспадара не пакрыўдзіў прускаўца: «Што зробіш, кожны перш думае пра сябе». Ён ведаў, што ў мінулым годзе гаспадару ўдалося атрымаць ссуду і купіць некаторыя сельскагаспадарчыя машыны. Цяпер даводзілася аддаваць.
— Калі сплачу, — працягваў Грыцько, — можна будзе і самому пакласці пад працэнты! — І нібы прыгадваючы той выпадак, што адбыўся з работнікам у маршалтаўнскім сапуне, дадаў: — У Амэрыцы так: не пі, не куры, кладзі грошы ў банк і праз дзесяць гадоў разбагацееш. Грошы робяць грошы, — ён хлопнуў работніка па плячы. — Хіба той талент, які Бог даў мне, я павінен закапаць? Трэба ўкласці яго ў дзела! — У тоне гаспадара загучалі павучальныя ноткі.— Амэрыка кожнаму дае вялікія магчымасці. Вядома, калі пашанцуе.
— Для гэтага трэба спрыт мець! — пасміхнуўся Лявонка, што, відаць, не надта спадабалася фермеру, які строга глянуў на работніка.
— Працуй, заставайся цвярозым, не забывай пра Бога, і ты абавязкова даможашся поспеху, — сказаў ён, быццам аб'явіўшы свайму работніку вымову. — Разумны чалавек у Амэрыцы не будзе бедным.
Ён паглядзеў у бок шашы, дзе ля павароту на ферму стаялі карабы з садавінай і гароднінай — фірменнай прадукцыяй містэра Грыца. У гэты час Бузукі гандлявалі гуркамі і яблыкамі. Лявонка дапамагаў вывозіць карабы з яблыкамі і гароднінай на шашу. На кожным корабе — шыльдачка з назвай гатунку: «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза», «болдуін», «уайнсапс»… Побач знаходзілася пустое вядро.
Надпіс на паперцы тлумачыў, што вядро яблык каштуе два даляры, а вядро гуркоў — тры. Тут жа стаяла скрынка для грошай. Праезджыя аглядалі тавар, знаёміліся з цэнамі, каму трэба — бралі, самастойна расплачваліся і ехалі далей, так і не пазнаёміўшыся з гаспадаром, якому не ставала часу ды і ахвоты прысутнічаць пры гэтым. Не было падстаў не давяраць.
Яблыкі былі настолькі вялікія і прыгожыя, што прыцягвалі погляд літаральна ўсіх, хто праязджаў паўз ферму. Найбольшым поспехам карысталіся гатункі «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза». Лявонку асабліва падабаліся «болдуін» і «ўайнсапс». Пахлі гэтаксама, як на радзіме. Ён успомніў, як некалі разам з хлопцамі адвячоркам нарваў яблык у садзе ўрадніка Кастантага. Прыгадаліся яблыкі ў сене той ноччу ў Васілёвай клуні, калі ён быў там з Ганнай…
Відаць было, як нейкія праезджыя аглядалі карабы з таварам, выбіралі што па густу, нешта кідалі ў скрынку.
— Яблыкі — добрая рэч! — задаволена казаў Грыцько. — Па яблыку ў дзень — і дактары не патрэбны будуць!
— Вы б паветку пабудавалі! — параіў Лявонка. — Тавар быў бы пад дахам.
— Нічога, гэта — сезонны гандаль. Усё — свежае…
Надыходзіў час жніва. Жняярка ўжо стаяла пад паветкай, гатовая да адплыцця ў пшанічнае мора, і нарэшце яно пачалося. Грыцько ўскочыў на ногі ў пяць гадзін раніцы і адразу кінуўся будзіць работнікаў. Загрукаў у дзверы. Трэба ўставаць. Лявонка ўздыхнуў. Ноччу даймала духата, і ён увесь спацеў, вільготная прасціна прыстала да цела. Уздзеў джынсы, нацягнуў на плечы падцяжкі, спаласнуў халоднай вадою твар. На сняданак з'еў сандвіч — лусту белага хлеба з марынаваным гурком, сырам і каўбасой. Букер еў тое самае, але, як звычайна, у сваім хлевушку.
— Хэло, Букер! — павітаў ён сябра, калі той, заспаны, выйшаў на панадворак.
Негр, як звычайна, няўцямна засмяяўся, адкапыліўшы тоўстыя губы.
Пад кіраўніцтвам гаспадара яны запрэглі ў жняярку пару коней. На жалезнае сядло ўзлез сам містэр Грыц — напачатку не даверыў упраўляцца са жняяркай ні Лявонку, ні тым больш Букеру.
Выехалі на поле. Разы два ці тры містэр Грыц спыняў коней, даставаў баначку з алівай, пстрыкаў у той вузел, дзе змацоўваліся крылы жняяркі. Пачалася праца. Машына хадзіла па крузе, сутаргава махаючы крыламі і пакідаючы за сабой роўныя купкі пшаніцы. Лявонка, Букер і Іван вязалі іх у снапы.
«А мы жнём сярпамі і косамі і нічога не ведаем. Такой машыны нават у Падгурскага няма. Гэта ж за дзень столькі можна скасіць — ніякая каса не дакажа…» — гэтак сам з сабою разважаў прускавец.
Зрабіўшы колькі кругоў, гаспадар паклікаў яго да сябе:
— Сядай! Бяры лейцы…
Лявонка ўзяў у рукі лейцы, палез на месца гаспадара. Услед данесліся да яго словы:
— Глядзі, жняярка дарагая, я аддаў за яе дзвесьце пяцьдзесят даляраў!
Лявонка першы раз сядзеў на такой машыне, у жалезным сядле, моцна заціснуўшы ў руках лейцы. Твар ад гарачыні і напружанасці заільсніўся. Коні напорыста затупалі па крузе, зазвінелі вуздэчкамі.
Следам ішлі вязальшчыкі — Букер з Іванам. Жнівеньскае сонца смажыла без усякай меры. Чыстае неба і страшная гарачыня. Бліжэй да поўдня яна пераходзіла ў спёку, ад якой не схавацца нідзе. Лявонка адчуваў, як разагрэтае паветра, трапляючы ў лёгкія, абпальвала знутры. Хацелася піць.
Полудзень прынесла Анет. Лявонка праехаў адзін круг, другі, трэці, і спыніў коней. Дзяўчына, угадваючы яго жаданне, паднесла кубак халоднай вады, дастала з карзіны сандвіч.
— Уэл? — падала яго Лявонку.
Есці зусім не хацелася, але ён узяў сандвіч. Селі на ўскрайку зялёнага лужка — такія трапляюцца і на прускаўскіх палях. Там яны звычайна незаараныя — з пакалення ў пакаленне так вядзецца. Цешаць вока сваёй нечаканасцю сярод аднастайнасці шырокага поля. Містэр Грып сказаў, што восенню ён наважыўся разараць гэты лужок. У стаўленні яго да зямлі, падумаў прускавец, не было той трапяткой страсці, як у беларусаў.
Над іржышчам, за некалькі крокаў ад іх паказалася галоўка сусліка. Містэр Грыц пагразіў яму пальцам. Жывёлінка спалохана ўгнула галоўку, пакруціла носікам і знікла.
Зямля абавязана даваць прыбытак. Каб вытрымаць канкурэнцыю, фермер павінен максімальна павялічыць плошчу і ўраджайнасць, а выдаткі звесці да мінімуму.
— Горача, — паскардзіўся Букер, выціраючы далонню лоб.
Ад спёкі губы ў яго сталі яшчэ таўсцей і яшчэ больш вывернуліся. А што ўжо было казаць прускаўцу! Сорак градусаў у цяні — і каб хоць які ветрык! Аднак пад вечар спёка апала, і яны пачалі вазіць снапы. Лявонка стаяў на возе, укладваў снапы, якія яму падавалі Букер і Іван. І тут усім кіраваў, распараджаўся містэр Грыц, добра ведаючы сваю гаспадарскую справу. Стомленыя за дзень работнікі так і паснулі на абярэмку сена каля дзвярэй адрыны, дзе іх і разбудзіў Іван. Сон быў мілей, і Лявонка, адмовіўшыся вячэраць, падаўся ў свой павільён.
Пад раніцу, прачнуўшыся, пачуў, як недзе ў кустах спяваў салавей…
Перад самым заканчэннем жніва паламалася жняярка — адляцела крыло. Сам фермер быў неблагім механікам, але тут спатрэбілася дапамога з Маршалтаўна. Прыехалі двое майстроў з усім начыннем. Рамонт жняяркі абышоўся ў пятнаццаць даляраў Містэр Грыц спрабаваў патаргавацца, але мусіў заплаціць.
У Прусцы ўраджай збіралі да апошняга каласка. Тут жа рэшткі падбіралі каровы, коні, якіх выпускалі на пожню. Пасля жняяркі заставалася даволі высокае ржышча, якое трымала патрэбную глебе вільгаць. «Усюды свая завядзёнка», — не пераставаў дзівіцца прускавец.
У містэра Грыца — немалыя планы.
— Мінулы год мяне аблічылі,— сказаў ён, калі селі вячэраць. — Ну, але нічога. Сёлета не паддамся. З агентам па рэкламе я ўжо дамовіўся.
Лявонка бачыў, як усё ў ім напружылася — худы, маршчыністы твар, шчыльна сціснутыя губы пад абвіслымі вусамі, сухая, жылістая шыя.
— Можа, на гэты раз абысці тую «Экавіту»? — няпэўна азваўся Іван.
— Паглядзім.
Пры ўсёй нечаканасці і рызыкоўнасці сваіх планаў, фермер павінен заставацца цвярозым рацыяналістам.
— Урэшце ж не можа быць, каб на добрае не павярнула, — прамовіў Грыцько як бы самому сабе.
Амаль увесь ураджай пшаніцы ён прадаваў, але не заўсёды дамагаўся таго, чаго хацеў.
— Надаела быць аўтсайдэрам!
— Вы, тато, кожнага разу так кажаце… — пасміхнуўся Іван.
— Не, у гэтым годзе ён мяне хрэн абыдзе!
У містэра Грыца была свая мара, і ён нястомна ішоў да яе здзяйснення.
— Атрымаю грошы і адразу акцыю куплю — у Форда. Гэта надзейна!
Асоба гаспадара раскрывалася перад Лявонкам усё больш. З аднаго боку, шчырая набожнасць, з другога — прагавітае імкненне ў што б там ні было разбагацець. Лявонка сумна пасміхнуўся сваім думкам. Біблію чытае, а за цэнт удушыць можа, брата роднага са свету зжыў бы. А можа, я дарэмна пра яго гэтак думаю?
Плынь яго думак спыніў голас гаспадара:
— Заўтра кукурузу будзем касіць!
Сапраўды, кукуруза тым часам ужо паспела, ды высозная, як гай.
Назаўтра, пасля снедання, яны ўсе разам рушылі ў кукурузнае поле. Пабралі з сабой касары — ссякаць кукурузу. Жняяркі тут яшчэ не прыдумалі. Паперадзе, побач з Лявонкам ішла Анет. За імі — на нейкай адлегласці — гаспадар з сынам. Ззаду плёўся Букер.
…Сёння Анет прачнулася з першымі промнямі сонца і неяк імгненна. Прачнулася і чамусьці ўспомніла пра гэтага новага работніка, пра яго падбітае вока. Гэта ж і Пітэр там быў… Але падбітае вока, здаецца, паправілася, павесялеў «еўрапеец». Пітэр? А што Пітэр?..
У каледжы яна захаплялася творчасцю Эмілі Дзікенсан. Колькі ў ёй душы! Імпульсіўныя радкі Эмілі жывілі і разнявольвалі пачуцці, будзілі думкі, нязгоду з агульнапрынятай жыццёвай нормай. І сама спрабавала пісаць… Гатовая была падтрымаць тых сваіх сучасніц, якія ваяўніча выступалі не толькі за свабоду духа, але і цела. Пітэр — звычайны фермер, такім ён і застанецца. Перспектыва адносін з суседам яе не надта задавальняла — у марах мроіўся сапраўдны «раман». Вось лёс і падарыў ёй гэтага «еўрапейца» — так у думках яна называла новага работніка. І вось яны разам ідуць у поле…
Па праўдзе кажучы, і Лявонка не ўяўляў сябе побач з гаспадаровай дачкой, асабліва калі бачыў яе ў капелюшы з шырокімі палямі і пёрамі. Цяпер вось яна ідзе побач. У гэтым дзіўным капелюшы. Падкрэслена бесклапотная. Нават крыху гуллівая. Толькі хіба што ў вачах, зрэдку, калі прыгледзецца, свяцілася нейкая надзея ці нават просьба. І гэтыя вочы раптам здаліся такімі мілымі і даверлівымі, што ён здзівіўся. А можа, яна ад яго нейкага знака ўвагі чакае?..
А вось і кукуруза. Гаспадар паказаў, як дзейнічаць асаром, і яны прыступілі да працы. З вострым касаром у руцэ Лявонка ішоў па кукурузным полі, ад сцябла да сцябла, падсякаючы іх пад самы корань. Кукуруза ўзнімалася да трох метраў у вышыню, доўгія лісты ільсніліся пад сонцам. Тонка пах палын, які купкамі рос на ўзмежку, побач з кукурузным полем.
Анет, вядома, не касіла — не жаночая справа. Яна брала доўгія сцябліны і сцягвала іх на выцерабленае поле, у кучу. Час ад часу адрываліся ад працы, хадзілі піць ваду. І ў верасні тут такая гарачыня, як і летам, хоць ты ў пограб лезь. Але ж на полі яго няма, пограба таго. Букер чамусьці часта некуды адлучаўся, і, адчувалася, што гаспадар злуецца на яго.
Нарэшце селі перакусіць, адкрылі карзіну з сандвічамі. Анет дастала тэрмас, разліла па кубачках каву. «А ён нішто сабе, прыгожы», — падумалася ёй зноў, калі яна паглядзела на «еўрапейца».
— На, пакаштуй! — падала Лявонку чырванабокі яблык.
— Дзякуй.
Ён адкусваў ад яблыка і глядзеў уверх, у блакітную глыбіню высокага неба, у якім табуніліся белыя, бухматыя хмары. Такія, як і дома.
Перакусіўшы, зноў пайшлі брацца за касары. «Еўрапеец» крыху адстаў і не заўважыў, як яна падкралася ззаду і неяк артыстычна штурхнула яго ў кукурузную кучу. Не паспеў Лявонка падняцца, як яна ўпала на яго зверху, але ён тут жа выслізнуў з-пад яе, і цяпер яна стала ўцякаць, а Лявонка гнаўся за ёй па кукурузе. Вёрткая, не проста дагнаць. Аднак дагнаў ці, можа, яна сама прыпынілася, нялоўка ўхапіў ззаду, за плечы. Рукі дакрануліся да грудзей, адчуўшы іх хвалюючы выгіб.
— Ой!
— Што — ой!
Задыханая, яна не магла нічога вымавіць і адварочвала ад яго твар. Цела стала мяккім і падатлівым.
— Хопіць ужо, ну, хопіць…
Іх жарты ўжо заўважылі, хоць і рабілі выгляд, што не бачаць. І яны вярнуліся да працы.
Па абедзе лушчылі кукурузу. Ураджай яе ў гэтым годзе дасягаў сарака цэнтнераў з гектара. Урадзіла прыгажуня. Існаваў спецыяльны млын, каб абдзіраць з кукурузных пачаткаў зерне. Гэтае прыстасаванне Лявонка круціў разам з Букерам. Адрына ратавала ад спёкі, аднак кукурузны млын варочаўся цяжка — твары і спіны церабільшчыкаў змакрэлі ад поту. Першы разагнуўся Букер, прытуліўся да дзвярнога вушака і моцна з шумам пачасаў спіну.
— Для гэтай штукі трэба матор! — сказаў ён, паказаўшы на млын.
Грыцько маўчаў. На гэтыя словы работніка фермер нават не звярнуў увагі — як бы і не пачуў. Нейкі негр будзе вучыць?..
Букер яшчэ раз энергічна пачасаў спіну і дадаў:
— Вось чалавек — Форд! Зрабіў аўтамабіль — едзь куды хочаш, і каня не трэба! Разумны чалавек. Як думае містэр Грэц?
Містэр Грыц незадаволена пракашляўся, кінуў суровы позірк на сваіх работнікаў:
— Той, хто зрабіў,— гэта значыць Форд — разумны чалавек, а той, хто сядзе на тую машыну і будзе катацца на ёй — ці разумны ён?
Усе азадачана замаўчалі.
— Разумным робіць чалавека толькі Біблія. Тэхніка без Бібліі, можа, нават і небяспечная. Асабліва калі трапіць у дурныя рукі.
Пра Біблію гаспадар гаварыў з павагай.
Каб перадыхнуць, яны з Букерам спынілі млын і пачалі лушчыць кукурузу рукамі, што таксама было нялёгка. На канцах пачаткаў, якія церабіў Букер, часам заставалася некалькі драбінак зерня. Грыцько ўзяў з кучы кукурузны пачатак і тыцнуў ім негру ў нос. Той вінавата зашкроб пад падбародкам і прыгнуўся, баючыся, відаць, што гаспадар, чаго добрага, можа спляжыць кукурузінай па галаве.
— Містэр Грэц! Містэр Грэц! — замармытаў ён, як бы просячы прабачэння.
Фермер узлаваўся яшчэ больш.
— Па-першае, я не Грэц, а Грыц, а па-другое, забірай манаткі і ідзі! Каб я цябе болей не бачыў!
— Як так? — тоўстыя губы негра перасмыкнуліся ў крыўдзе і вінаватасці адначасова.
— Вон адсюль!
Букер падняўся і, аціраючы твар рукой, выйшаў. Гаспадар нават і не глянуў. У яго твары было нешта ад драпежнай птушкі.
— Гультай гэты Букер… Лайдак! Рана пачалі грамадзянскую вайну, вельмі рана. Рабы не гатовыя былі да свабоды. Нашто лайдаку свабода? Якая яму ад гэтага карысць?
Лявонка не ў стане быў зразумець, што азначалі фермеравы словы, але ведаў, што той у час грамадзянскай вайны паўночных з паўднёвымі змагаўся на баку паўночных. Гэта значыць, за неграў!
— Адно, што іх цікавіць, — белыя жанчыны, — гаспадар адвярнуўся і плюнуў. Павярнуўшыся да Лявонкі, як бы загадаў: — Ты скажы, каб ён цябе містэрам называў. Містэр Леан. А што?
Астатнюю частку дня фермер хадзіў насуплены. Выйшаў з свайго хлевушка Букер.
— Добры вечар, гаспадар!
Містэр Грыц нічога не адказаў.
У нядзелю, не зважаючы на ранішнюю гарачыню, містэр Грыц сеў на брычку, якую запрог яму Букер, і пакаціў у Маршалтаўн па сваіх патрэбах. Прускавец праз прачыненыя дзверы свайго павільёна бачыў, як з хаты выйшла Анет, і міжвольна загледзеўся на яе стройную, поўную жыцця постаць, сакавітыя, румяныя вусны. «Падфарбавала, пэўна, ці яны такія ў яе і ёсць? Прыгожая амэрыканка…»
Па шчырасці, дык яна падабалася яму ўсё больш і больш. Лявонка адчуваў: калі гэта здарыцца, ён павінен будзе застацца тут назаўсёды. Карцела… Але не мог пераступіць мяжы дазволенага, хоць бачыў, што яна б, напэўна, не супраціўлялася. А ён і рады быў бы скінуць плоцевы цяжар, аднак павінен быў стрымлівацца.
Ён таксама выйшаў на свежае паветра. Вакол хаты квітнелі высокія мальвы. Павіталіся. Анет вывела з прыбудовы веласіпед, села на яго і зрабіла круг па надворку.
— А хочаш — я цябе на байку навучу ездзіць?
Веласіпед тут называлі «байк». Гэтае дзівоснае двухколавае дзіва Лявонка прыкмеціў яшчэ ў Нью-Йорку і не мог сцяміць, як чалавек трымаецца на ім, едзе і не падае.
Не паспеў ён нешта адказаць, як яна ўжо падкаціла байк да яго. Бяры, сядай. Веласіпед меў сярэднія памеры, амаль на яго рост, крыху, можа, высакаваты. Хлопец сарамліва засмяяўся, але ўзяў веласіпед у рукі і, нясмела закінуўшы нагу, сеў у сядло.
— На педалі націскай, круці! — падштурхнула яго дзяўчына. — Рулюй!
Але было ўжо позна. Байк і ён разам з ім, не праехаўшы і кроку, паваліліся на бок ды яшчэ так, што яздок адляцеў да самага плота. Дзяўчына не магла стрымаць смех і звонка зарагатала.
Ён паспрабаваў яшчэ раз. Няўжо не атрымаецца? Падняў байк і падвёў да плота. Падышоў Букер, памог сябру ашчаперыць рукамі і нагамі непакорлівы байк, прытрымаў за сядло. Спачатку Лявонка адной рукой чапляўся за плот і павольна націскаў на педалі, потым адпусціў плот. Над ілбом утрапёна матлялася чорная чупрына.
— У які бок падаеш — у той бок руль вярні! — падказвала Анет.
Але не дапамаглі ні яе падказкі, ні Букерава страхаванне: наравісты веласіпед крутнуўся ў адзін бок — веласіпедыст паваліўся ў другі.
У вачах дзяўчыны ззяла здзіўленне: «А гэты „еўрапеец“ сапраўды незвычайны — нават на байку не можа ездзіць…» Яна хацела прадоўжыць спробы, але Лявонка адмовіўся. Каб, чаго добрага, не паламаць… Прыйшлося адвесці байк у хлевушок, дзе ён стаяў.
— Табе патрэбны чатыры колы — аўтамабіль! — рэзюміраваў Букер, паказаўшы чатыры пальцы, — і таксама пайшоў у сваё прыстанішча.
Анет глядзела на «еўрапейца» ўсё яшчэ здзіўленымі вачыма:
— А хочаш, я табе штосьці пакажу?
— Што?
Яна павяла яго ў сад. Той сад, куды ён хадзіў штораніцы. Стаяла цішыня. Даспелыя яблыкі, якія гаспадар яшчэ не паспеў зняць, час ад часу падалі на дол, аднак не парушалі цішыні, а як бы наадварот — рабілі яе яшчэ больш выразнай. Было невыказна хораша.
— А ведаеце, міс Анет, вярнуся на радзіму, дык абавязкова сад завяду!
— Сад?
— Сад.
— А чаму ты мяне так называеш — «міс Анет»? Гэта залішне афіцыйна…
Ён не адразу зразумеў сэнс яе слоў.
— А як вас інакш называць — вы ж гаспадарова дачка, — ён падняў з зямлі чырванабокі, спелы яблык.
— А ты хацеў бы кахаць мяне?
Ён, відаць, пачырванеў і не ведаў, што адказаць. Палічыў за лепшае ўхіліцца ад адказу.
— Я паназіраў: у вас тут мужчын куды больш, чым жанчын, жанчыны проста нарасхват.
Яна зразумела яго па-свойму:
— І ўсё роўна ў жанчын менш правоў!
Так, у ёй адчувалася самаўпэўненасць амерыканкі. «З гонарам дзяўчына, такая апекі не пацерпіць!» — падумаў ён і хацеў нешта сказаць, але раптам зашумеў па лісці спорны, краплісты дождж. Дыхнуў вецер, і яны, не змаўляючыся, кінуліся хавацца пад вялікі разложысты ільм, што паспеў ужо пажаўцець, хоць яшчэ і не была яго пара.
— Гэта самае старое дрэва, — задыхана сказала Анет, калі яны ўжо стаялі пад ільмам, — можа, таму яно першае і пажаўцела, — яна рэзка павярнула галаву і дакранулася да Лявонкавай шчакі — атрымалася нешта накшталт пацалунка.
І ён міжволі здрыгануўся, адчуўшы мяккасць і пяшчоту дзявочага цела, якое таксама, як яблык, пахла садам, травой, усёй прыроднай свежасцю. Анет даволі няўмела падпарадкавалася яго рухам і пацалункам. Яму відаць было, як дрыжалі яе павекі і бязгучна адкрываўся ружовы рот. Потым, як бы не вытрымала, абхапіла яго галаву далонямі і прытуліла да грудзей. «Божа, няўжо я яго кахаю?» — гаварылі ўсе яе рухі.
— Ай лаў ю…
Ён замёр, сцішыўся, спрабуючы разабраць, што яна сказала.
— Што?
— Я люблю Амэрыку і цябе.
— Амэрыку і мяне? — пасля некаторага маўчання няўцямна перапытаў ён. — Чаму?
— Чаму? — таксама няўцямна, як рэха, перапытала яна. — Не ведаю…
Раптам падумалася: «А можа, гэта яна і цягнула яго сюды, у Амэрыку, у Ілінойс? Можа, гэта і ёсць яго лёс?»
Наступіла працяглае маўчанне, і яны неяк незаўважна адхінуліся адно ад аднаго. Зноў пачуўся пошум дажджу. Часцей сталі ападаць яблыкі.
— Каханне, ведаеш, патрабуе, каб чалавек аддаваў сябе цалкам, усяго, а я не магу… — Парушыў маўчанне ён.
Анет маўчала. Потым ён прызнаўся, што дома, у Еўропе, у яго ёсць дзяўчына, якой ён даў слова вярнуцца. Бледнасць на твары Анет змянілася густым румянцам.
— Пападзе вам дома, міс Анет, — сказаў ён, нібы просячы прабачэння і нагадваючы, што трэба ісці.
— Эх, мужчыны! Не разумееце вы жанчын! — уздыхнула амерыканка.
Ён нічога не адказаў, моўчкі думаў пра сваё: «Калі застацца тут — значыць адмовіцца ад маці, ад сясцёр, ад дзядулі. А яны ж спадзяюцца на яго, чакаюць! Хто, акрамя яго, ім паможа?..»
Містэр Грыц вярнуўся к абеду, прывёз з Маршалтаўна бочачку цвікоў, мяшок мукі і некалькі нумароў газет — «Мобіл рэджыстэр» і іншых. У нядзелю — святочны абед. На стале стылі мясныя катлеты са смажанай бульбай, нязменны фасолевы суп. Мелані паставіла моркву з гарошкам, засмажаныя ў смятане. Пасярэдзіне, на саламяным падносе, чырванеліся свежыя яблыкі. Грыцько і Іван ужо сядзелі за сталом, размаўлялі.
— Абед, а іх няма! — турбавалася гаспадыня. — Дзе б гэта яны маглі быць?
— Апошнім часам яна шмат у люстра глядзіцца, — пажартаваў Іван.
— Ці не закахалася? — у тон мужу дадала Мелані.
— Нешта не падабаюцца мне іх адносіны, — азваўся Грыцько.
Усе зразумелі, што ён мае на ўвазе маладога работніка.
— Не роўня ён — парабак!
— Я нічога благога не заўважыў,— супакоіў яго сын.
— Мы ж дамовіліся, што яны пабяруцца з Пітэрам. Восенню, дасць Бог, справім вяселле, — напомніў Грыцько.
— Хто, апроч Бога, ведае, як яно будзе, — уздыхнула Мелані.
У працавітасці і чэснасці свайго работніка яны пераканаліся. Гэтыя рысы ў ім падабаліся гаспадарам, і яны вельмі добра да яго ставіліся, аднак у Амерыцы не прынята блытаць прыязныя пачуцці з бізнесам. А шлюб — у многім падобны на бізнес…
— Хай бы ўжо пажаніліся дый годзе, — сказала Мелані.
— А Гэп?
— Яго не пакрыўдзім. Калі што, заплацім адступнога…
Нарэшце ў акне паказаліся Анет разам з работнікам.
…Пасля абеду містэр Грыц запрасіў Лявонку ў той пакой, дзе ляжала Біблія. Але гэты раз ён вырашыў пачаставаць яго не Бібліяй, а свежымі газетамі. Стары вельмі ўважліва чытаў газеты, хоць і ставіўся да большасці з іх з падазронасцю і недаверам. Працягнуў пачак работніку:
— Дарэчы, тут шмат украінскіх газет.
— Украінскіх? — здзівіўся Лявонка.
— А як жа! Карпатаросаў тут шмат!
Грыцько любіў газету «Свабода», якую выдавала ўкраінскае аб'яднанне ў Дэтройце. Ён усклаў на нос акуляры, агледзеў першую старонку.
— Амерыканскія войскі адпраўляюцца ў Мексіку — там разгортваюцца важныя падзеі…
Але гэта паведамленне яго не зацікавіла.
— Рыхтуецца ўрадавы перапіс насельніцтва. Па ўсёй Амэрыцы Украінскае аб'яднанне звяртаецца да землякоў, каб запісваліся русінамі.— Грыцько прачытаў па-украінску: — «Щоб нас, русинів, не вписувано як поляків або москалів, або мадярів, а лише русинамі, і щоб не вийшло таке, що будуть в Америці веі народності, лиш русинів не буде…»
«Апошнім часам, — думаў прускавец, — у свеце многае перамянілася. Падзеі, падзеі, падзеі…»
— На Валыні неўраджай! — Грыцько ўздыхнуў, затрос галавой. — У Вільна пачала выходзіць газета на беларускай мове — «Наша ніва». Некалькі экземпляраў дасылаюць у Амэрыку для эмігрантаў з Беларусі.
— А ў нас пра гэта нават не чулі! — здзівіўся прускавец.
— У расейскай Думе была гаворка пра аўтаномію для Беларусі. Але гаворкай і абмежаваліся, — Грыцько паглядзеў на свайго работніка паверх акуляраў.— Да дэмакратыі вам яшчэ далёка!
Лявонка слухаў.
— У Расіі паставілі помнік цару Аляксандру Трэцяму. Як і Пятру — на кані…
Навіны, навіны, навіны…
У адзін з дзён ён атрымаў вестку ад сваёй прускаўскай прыгажуні. Старонка з вучнёўскага сшытка ўся спісана акуратным Ганніным почыркам.
«Дарагі Лявонка!
Ты паехаў, а я тут адна маркочуся. Вельмі часта пра цябе думаю. Успамінаю нашы прагулянкі па-над ракою, купальскую ноч і ўсё астатняе, што запала ў сэрца. Вельмі шкадую, што адпусціла цябе ў тую Амэрыку. Маці твая непакоіцца: „Росту ён невялічкага — каб не згубіўся ў той Амэрыцы…“ І праўда ж! Усё б, здаецца, аддала, каб цяпер ты быў тут са мною…»
Ён спыніўся, перавёў дыханне. Здалося, што яна побач, як тады, у клуні. Эх, каб вярнуць той пах сена і тую ноч! Пачаў чытаць далей:
«…Хлопцы за адзін вечар станцоўваюць па пары пасталоў. Мілы Лявонка, я застаюся такой жа, якой ты мяне пакахаў. Я тут і вокам ні на кога не глянула. Жыву я толькі дзеля таго дня, калі, можа, дасць Бог, убачуся з табой. Як табе там, у Амэрыцы? Ці помніш хоць трохі пра мяне? Дзяўчаты там, кажуць, прыгожыя. Я ўсё думаю, што ты ўжо, можа, і зусім перастаў мяне кахаць. Я дык цябе помню і не магу забыць усяго таго, што паміж намі было.
Ад бацькі па-ранейшаму нічога не чутно. Молім Бога, каб хоць здаровы быў. Можа, ты яго там дзе ўбачыш, Лявонка, то нагадай пра нас, што мы чакаем яго. Апошні раз ён пісаў з Дэтройта. Лявонка, я вельмі прашу, хутчэй вяртайся. Адзіноту, сам ведаеш, цяжка вынесці. Асабліва жанчыне. Некаторыя з тваіх равеснікаў ужо пажаніліся. Дзядзька Аляксей Галёнка ўзяў Міхаліну з Лісоўчыц.
Цалую цябе. Твая Ганна».
Ён спрабаваў уявіць, як яна пісала гэты ліст, як маці Васіліха дапытвалася, што яна такое піша? Калі ліст, то каму? Кахае, відаць, і пакутуе. Эх, каб я зараз быў там, у Прусцы…
Тут жа пачаў пісаць ліст у адказ:
«Дарагая Ганначка!
Ужо некалькі разоў прачытаў твой ліст і яшчэ буду чытаць. У мяне нават сэрца затрымцела ад успамінаў. Як добра было, калі мы былі разам. Як падумаю пра цябе, як успомню ўсё, дык надта цягне дадому, да цябе. Хочаш вер, хочаш не вер, але мне без цябе цяжка жыць…»
Паржавелае пяро дзерла паперу, але ён пісаў і пісаў:
«…Так ужо хочацца быць бліжэй да цябе, што ты і не ўяўляеш. Зараз ты, мусіць, крыху іншая, не тая, якой была, змянілася? Не магу дачакацца, калі ўбачуся з табой. Я не змяніўся ніколечкі, усё такі ж, як і быў тады, калі мы з табою сустракаліся. І кахаю цябе, як і раней кахаў, бо ты ў мяне адна. Працую на ферме, у сельскай мясцовасці, недалёка ад Дэтройта, але дзядзькі Васіля да гэтагу часу ні разу не сустрэў. Але надзеі не губляю. Хацелася б вярнуцца дадому разам. Можа, па часе з'езджу ў Дэтройт. Абдымаю і цалую цябе бясконца.
Твой Лявонка».
Выходзячы з павільёна, ён сутыкнуўся з Анет. Павіталіся. Сказалі колькі нязначных слоў.
«Падабаешся ты мне, дзяўчына. Прыгожая. Але ж я кахаю толькі тую прускаўскую. Яна ж чакае…» Ён ізноў успомніў усмешлівы тварык прускаўскай сваёй Ганначкі. «Але дзе ж яна? А гэта тут, побач… Не, мяжы я не пераступлю…» І ад гэтай думкі стала лягчэй і вальней.
Тут упершыню ён убачыў малатарню. Містэр Грын набыў малатарню з конным прывадам. Гэтымі днямі прывезлі з Дэтройта, і тры дні прайшло, пакуль устанавілі.
— За малатарню я заплаціў сто дваццаць долараў! — хваліўся містэр Грыц, з гонарам паглядаючы на гэты цуд тэхнікі.
Пачалі малаціць пшаніцу. Доўга захоўваць зерне не выпадала — мышы не драмалі, і гаспадар імкнуўся збыць яго адразу ж пасля абмалоту, не чакаючы, калі цана будзе лепшай. Мерна, па крузе, хадзілі коні. Паганяў Іван. Лявонка знаходзіўся ў застаронку, на самым версе, і адтуль падаваў снапы, браў іх на вілы і апускаў на стол. За гэты шырокі, збіты з сасновых дошак стол стаў сам гаспадар. Шырокім, вострым нажом ён распатрашыў некалькі снапоў і раўнамерна пасунуў пшаніцу ў барабанны зеў. Вось першы сноп са свістам палез у малатарню. Гаспадар прыкметна хваляваўся, але калі ўбачыў, як саламатрэс лоўка выкінуў перакалочаную салому на ток, супакоіўся і павесялеў. За саламатрэсам з граблямі стаяла Анет і адкідала салому ўбок.
Букеру было загадана адцягваць абмалочаную салому за адрыну, складаць яе ў кучу, што ён і рабіў, ленавата арудуючы віламі.
Містэр Грын шчыраваў, увішна ўспорваючы снапы, рассцілаючы іх на стале і шчодра кормячы прагны барабан.
Бадзёра, па-маладому глядзелі з-пад густых, абсыпаных пылам броваў яго шэрыя запалыя вочы. Пылу хапала, асабліва каля саламатрэса, дзе знаходзілася Анет. Хутка прыйшла Мелані і стала дапамагаць дачцэ.
Праз гадзіну работы спыніліся перадыхнуць. Перадышка патрэбна і людзям, і коням, якія таксама добра ўпацелі, круцячы прывад.
— Ідзі адпачні! — звярнулася Мелані да дачкі.
— А працаваць хто будзе? — не ўтрымаўся Грыцько, якога, здаецца, не брала ніякая стома.
Лявонка пазіраў на Анет, яна сапраўды прытамілася.
— Хай адпачне! — паўтарыла Мелані.
Дзяўчына стрэсла хусцінку, якой былі павязаны яе валасы, і пайшла у хату. Малатарня загула зноў.
Пшаніцу змалацілі б дні за чатыры, але здарылася непрадбачанае. У чымсьці горка вінаваціў сябе і Лявонка. Ён бачыў, як Букер задзіраў галаву і пазіраў уверх — на высокі застаронак, дзе стаяў Лявонка і падаваў снапы.
— Дай я туды залезу, — папрасіў негр у перапынку.
Лявонка вагаўся.
— Хай! — дазволіў гаспадар.
Негр залез на самы верх і, як звычайна, засмяяўся, бліснуўшы белымі зубамі. Зноў закруціўся прывад, пайшла работа. Букер скідаў снапы, якія траплялі на стол падавальшчыку. Лявонка не бачыў, як ён падаў, пачуў толькі, як штосьці моцна грукнула, ударыўшыся аб стол. Усе павярнуліся ў той бок, прадчуваючы нешта нядобрае. На момант спыніўся і захрыпеў барабан, а потым ізноў пранозліва завыў, загаласіў, ляскочучы пустым жалезным нутром. Побач з малатарняй ляжаў Букер.
«А мой ты, браціку!» — жахнуўся Лявонка, але што-небудзь зрабіць было ўжо позна…
Хавалі Букера са святаром на бліжэйшых могілках. Яго смерць доўга не давала спакою. Што гэта — трагічная выпадковасць ці свядомы ўчынак? А можа, ён хацеў даказаць, што нешта ўсё ж такі значыць у гэтым свеце, які прыніжаў і не паважаў яго. А можа, проста выпадак ды і ўсё? І нікуды не дзенешся — паспрабуй разгадай… Усё такое нетрывалае ў гэтым жыцці, нетрывалае і незразумелае. Ніколі не ведаеш, што з табой можа здарыцца. Для чаго ж існуе чалавек? Мае ён якое прызначэнне ў жыцці ці не мае? Душа разрывалася ад супярэчнасцей…
Але жыццёвыя клопаты працягваліся. Зерне гаспадар паабяцаў перакупшчыкам, і яны не прымусілі доўга чакаць. Аднак прапанаваная імі цана не задаволіла містэра Грыца. Калі перакупшчыкі з'ехалі, ён сказаў Лявонку:
— Не прадам. Буду карміць свіней!
Прускаўцу стала нават шкада фермера, які стараўся яшчэ трымацца, але ўзрост браў сваё. У абліччы ўжо ўгадвалася змаганне жыццёвай сілы з сілай вечаровай стомленнасці. Але стары не здаваўся.
Восень. Запалымнелі гаі — індзейскае лета. У асеннім убранні стаялі ільмы, дубы, бярозы з асінамі. Берагі Матушкі Волгі густа ўкрыліся апалым лісцем. Ачысцілася ад хмар і паднялося яшчэ вышэй сіняе неба. На ўсёй зямлі, здавалася, устанавілася гармонія паветра і святла.
Анет, мусіць, балюча перажывала халоднасць Лявонавых адносін. У верасні яна вярнулася ў Дэтройт працягваць вучобу.
— Тваё каханне застаецца з табой, — сказала яму напаследак. У голасе прагучаў не то жарт, не то нейкая незразумелая ганарлівасць.
Нягледзячы на гасціннасць гаспадароў, ён адчуваў сябе як ліст, адарваны ад далёкага дрэва. Вечарамі прыслухоўваўся, як у высокай траве і кустах паныла свістаў вецер.
Следам за Букерам хутка памёр і містэр Грыц. Выходзіў з хаты і ўпаў, зачапіўшыся за парог. Старога ўнеслі назад у хату, паклалі на ложак. Іван з'ездзіў у Маршалтаўн па доктара. У містэра Грыца аказаўся пералом шыйкі бядра. Доктар развёў рукамі. Нічым дапамагчы не мог. Атрымаўшы за візіт грошы, ён вярнуўся назад, у свой Маршалтаўн.
Да хворага зайшоў Лявонка, як мог паспачуваў.
Грыцько вельмі перажываў асуджанасць свайго становішча. Твар у яго зрабіўся шэры, на вачах паказаліся слёзы. Канчалася, відаць, нітка жыцця. Хворы ўзяў у рукі Біблію.
За вокнамі чуўся шум ветру.
— Гэта тарнада! — сказаў хворы, апусціўшы руку з Бібліяй.
Лявонка ўпершыню заўважыў на яго твары адзнаку пакорлівасці лёсу.
— Гэта тарнада выдувае жыццёвыя сілы і ставіць кропку, — уздыхнуў Грыцько, услухоўваючыся ў завыванне ветру.
Вецер роў моцна, роўна і пагрозліва. Так, гэта быў той самы славуты тарнада, які дасягаў гэтых мясцін амаль кожную восень, змятаючы на сваім шляху ўсё, што паддавалася яго магутнаму, хоць ўжо і абяссіленаму адлегласцю дыханню. Нараджаўся ён недзе на прасторах Мексікі, і хоць адлегласць яго стамляла, аднак на паўднёвых прасторах Сярэдняга Захаду ён нібы нанава адроджваў сваю першапачатковую сілу. Усе, хто быў у тую восень на ферме Бузукоў, сталі сведкамі, як раптам, у адно імгненне, дзённае сутонне згусцілася і ператварылася ў цемру, а з неба абрынуўся вадзяны паток. Усчалася такая бура, якой прускавец за сваё жыццё яшчэ не бачыў…
Бузукі сядзелі ў хаце.
— Зачыніце будынкі! — загадаў хворы як праз сон, трызнячы.
— Зачынілі, тато, зачынілі,— супакойваў яго сын.
— Вось да чаго не змог прывыкнуць — да ўраганаў,— сказаў Грыцько як бы самому сабе.
Праз некалькі дзён ён памёр. Вецер аціх гэтаксама нечакана, як і ўсчаўся, але Грыцько гэтага ўжо не чуў і не бачыў. Не бачыў, як бязлітасны тарнада агаліў дрэвы, як скрозь празрыстую бязлістую крону прасвечвалі клубы шэрых асенніх хмар, што наплылі аднекуль з поўначы.
Хаваць дапамагалі суседзі. Нябожчыка абмылі, апранулі, паклалі ў труну.
«Так і не скончыў ён той агароджы, — падумаў Лявонка. — Марыў прадаць пшаніцу, купіць акцыю, і вось — на табе! Шмат няўдач зазнаў у жыцці. Няўдачы, пэўна, і зламалі яго. Чалавечае жыццё не шмат каштуе. Быў — і няма. Як і не было…»
Поле аралі ўжо без містэра Брыца — з Іванам. Заканчвалася восень, але ў сухой траве з нейкім незразумелым сумам усё яшчэ звінелі цыкады, нібы нагадваючы пра немінучасць асенніх халадоў. Як толькі завяршылі асенняе ворыва і паставілі плугі пад паветку, Іван папярэдзіў:
— Зімой я табе не змагу плаціць столькі ж, колькі ў летні сезон…
Работнік як бы гэтага і чакаў — моўчкі кіўнуў галавой.
— Вядома, ты варты большага, але што зробіш…
Лявонка крыху паляжаў у сваім павільёне, потым выйшаў у сад, спусціўся да рэчкі. Павявала холадам. Па берагах Матушкі Волгі заіскрыўся тонкі лёд.
«Людзі яны добрыя, але ж мне зарабіць трэба, — гэтая думка ўсё часцей наведвала прускаўца, — столькі доўгу… Трэба было выслаць грошы Падгурскаму за тыя тры дзесяціны ў Срачы, у дадатак яшчэ і за хату столькі вінен!…У іншае месца трэба падавацца. Каб на завод! Там плацяць больш».
Ён ужо гаварыў па-англійску З моцным акцэнтам, праўда, але гаварыў Здароўя хапала, мог бы нават каму і ўзычыць.
Надоўга не адкладваючы, за вячэрай, ён сказаў маладому гаспадару:
— Я таксама, містэр Бузук, хачу выкарыстаць час і свае магчымасці.
Іван і Мелані гэтага ад яго быццам бы і чакалі.
— Згодзен з табой: час — грошы! — не стаў пярэчыць Іван. — Гэта сапраўды так. Мову ты, я бачу, збольшага ўжо ведаеш.
— Відаць амэрыканцам становішся… — дадала Мелані.— Амэрыканцы любяць мяняць і месца, і работу.
— А куды ты, калі не сакрэт? — пацікавіўся гаспадар.
— Паеду ў Дэтройт. У Форда, кажуць, заўсёды можна знайсці работу. — Думалася: «Можа, там дзе дзядзьку Васіля сустрэну!»
— У сталёвую вытворчасць усіх бяруць, — падтрымаў Іван, — толькі шкада мне цябе…
— Чаму шкада?
— Горад, трушчобы… Якое там жыццё… Я ведаю становішча імігрантаў.
— Нічога…
— Адзенне бяры з сабой!
«Чаго ж я буду пакідаць адзенне, калі яно маё!» Той прускаўскі куфэрак шукаць не трэба было — ён стаяў тут жа, у павільёне. Наблізілася пара развітвацца. На падворак выйшлі гаспадар з гаспадыняй. Перад гэтым Іван зрабіў канчатковы разлік — работнік атрымаў шаснаццаць даляраў. Малавата…
— Глядзі! Свет — гэта джунглі. Там дзейнічае закон сілы, — сказаў Іван. — Важна, каб пашанцавала.
— Ну, што ж, пажадаю табе шчасця! — дадала Мелані.
Прускавец шчыра падзякаваў ім за работу, за прытулак, за ўсё:
— Перадайце прывітанне Анет. Гуд бай!
Мелані загарнула яму з сабою некалькі толькі што звараных пачаткаў кукурузы, ад якіх ішла гарачая пара.
Лявонка падумаў, што вось яны сышліся некалькі месяцаў назад, сустрэліся, а больш ніколі не ўбачацца. Колькі ні будзе існаваць гэты свет!..