Частка пятая

І

У пошуках работы ў Дэтройт ехалі многія. Ён быў зусім блізка адсюль — адзін з найбольш развітых прамысловых цэнтраў, ужо тады сталіца сусветнага аўтамабілебудаўніцтва. Падаўся туды і Лявон Кужаль, сабраўшы сціплыя свае пажыткі ў прускаўскі куфэрак. Развітаўшыся з Іванам і Мелані, пакіраваў на чыгуначную станцыю — усё ў той самы Маршалтаўн, узяў білет, і цягнік паімчаў яго на поўнач. Праз пару гадзін сельскі ландшафт змяніўся прыгарадным, адчулася набліжэнне буйнога горада.

Дэтройт стаяў у раёне Вялікіх азёр на беразе ракі Дэтройт. За ракой ужо Канада. Гэта была новая Амерыка — урбанізаваная і індустрыяльная. У горадзе каля мільёна жыхароў, і кожны, вядома, меў працу, ці хацеў яе мець, ці імкнуўся мець лепшую. Шмат фабрык і заводаў з вялікімі комінамі, над якімі ўзнімаўся дым.

Шмат дыму — гэта было першае ўражанне, калі ён выйшаў з цягніка і апынуўся на станцыі У небе ад гэтага дыму застылі аграмадныя клубы хмар.

Цэнтр Дэтройта — вуліца Дзірнборн. На ёй высока, пад самыя хмары, як і ў Нью-Йорку, узнімаліся банкаўскія будынкі і розныя офісы. Абганяючы прахожых, туды-сюды бегалі аўтамабілі, грукочучы па бруку цвёрдымі гумовымі коламі. «Не хочуць людзі пяшком хадзіць, на машынах раз'язджаюць», — думаў ён, вандруючы па горадзе ў пошуках жытла. Тут, у Дэтройце, гэтыя аўтамабілі і рабілі. Займаўся гэтым Форд. З усіх будынкаў якраз і вылучаліся сваёй велічынёй і задымленасцю карпусы «Форд мотар-компані», акружаныя безліччу цагляных і драўляных дамкоў і баракаў.

Жыццё ў Дэтройце, у параўнанні з фермай, бурліла з неверагоднай энергіяй. Як і ў Нью-Йорку, усе некуды спяшаліся. Аднак у параўнанні з Нью-Йоркам Дэтройт паказаўся больш дэмакратычным.

Лявонка знайшоў нарэшце сякое-такое жытло — пакойчык у прыгарадзе. Гэта была звычайная каморка, у якой замест ложка стаяла кушэтка — іншай мэблі не было. На кушэтцы — саламяны матрац, засланы пасцеляй. Побач знаходзіўся начны столік для асабістых рэчаў. Мелася, праўда, яшчэ і ванна, у якой можна было памыцца. З гаспадыняй пані Джаанай — яшчэ не старой, прыветлівай жанчынай — паразумеліся хутка: кватэра каштавала чатыры даляры ў тыдзень.

— Ірландзец? — яна блізка падступіла да яго, амаль кранаючы сваімі пукатымі грудзямі.— Адкуль прыехаў?

Ён мусіў расказаць, мабілізаваўшы ўсё сваё веданне англійскай мовы. Пані Джаана здалася добразычлівай і карэктнай. Здзівілі яе вочы густога зялёнага колеру.

— Я бяру плату за месяц упярод, — папярэдзіла яна і растлумачыла: — Прабачце, але мяне пастаянна абдурваюць, — і паціснула паўнаватымі плячыма.

У пакой зайшоў хлопчык, відаць, сын, паглядзеў на новага кватаранта спадылба. Джаана пажадала ўсяго добрага і разам з сынам выйшла. За сцяною спаў сусед — такі ж самы, відаць, пастаялец. У сне ён вёў сябе неспакойна: хроп так, нібы хто яго душыў.

Назаўтра, ведаючы амерыканскія парадкі, Лявонка адразу накіраваўся на біржу працы. У адным з вокнаў, перад якім стаяла чарга, бялела паперка — спіс рабочых месцаў, на якія мелася вакансія. Чарга расцягнулася метраў на сорак. Белыя, чорныя… У Дэтройце шмат неграў, больш, чым у Нью-Йорку.

З дзвярэй выйшаў тоўсты, добра апрануты мужчына — бос. Валасы густа намасленыя і ажно ільсняцца, аддаючы нейкім жалезным бляскам. Спыніўся, азіраючы чаргу. Бос — правая рука дырэктара, асоба надзвычай уплывовая. Гэта Лявонка паспеў уведаць яшчэ ў Нью-Йорку. Аб нябеднасці яго сведчыла нахабнае і самазадаволенае аблічча. Бос яшчэ раз агледзеў усіх, хто сабраўся і, счакаўшы, паманіў некалькіх чалавек пальцам. «Бярэ, хто вышэй ростам, — адзначыў сам сабе Лявонка. — Мае шансы невялікія…»

І раптам тыцнуў якраз у яго:

— І ты!

— Згодзен, сэр! — коратка адказаў хлопец, не ведаючы нават, на што ён згодзен і колькі будуць плаціць.

Так трапіў ён да Форда. «Форд мотар-компані» — так называлася фірма. Уладкаваўся ў ліцейны цэх, які сустрэў яго не проста шумам, а нейкім грукатаннем і бабаханнем, але ён чамусьці страшэнна ўзрадаваўся, пачуўшы гэта бабаханне, якім быў ахоплены цэх, падобны на апраметную. Разгарачаныя людзі ў пыльных, замасленых камбінезонах з бразгатам пхалі перад сабой ваганеткі, загружаныя вугалем, жалезным ламаччам і яшчэ чымсьці. Ваганеткі супраціўляліся ўсім сваім цяжарам, з грукатам біліся аб рэйкі, скрыпелі, быццам скардзіліся візгатлівымі металічнымі галасамі на сваю долю. Востра пахла мазутай і жалезным гарам. Стаяла страшэнная гарачыня, рабочыя хадзілі голыя да пояса. Гэта былі індустрыяльныя трушчобы Дэтройта, тая самая «Форд мотар-компані», дымныя коміны якой відаць былі здалёк.

Узялі яго на пасаду фармоўшчыка, але напачатку давялося папрацаваць падручным. Як і ўсім, хто тут працаваў, выдалі бляшку з нумарам — 66–69. Пад гэтым нумарам ён і працаваў, і змену прымаў і здаваў, і зарплату атрымліваў — семнаццаць даляраў у тыдзень. Пра астатняе ніхто не напамінаў, і прускаўца нават здзівіла, што ніхто ні разу не пацікавіўся, хто ён і адкуль.

— Дзе працуеце? — папыталася гаспадыня, калі заўважыла што кватарант атрымаў работу.

— Форд мотар-компані,— адказаў кватарант.

— Там дрэннае паветра, вельмі бруднае.

Пані Джаана мела рацыю: чаго-чаго, а бруду там хапала. У ліцейным цэху ўсё знаходзілася ў руху — толькі паспявай. Пыл, дым — клубамі, не прадыхнуць.

«Трапіў у самае пекла. Вось яно, аказваецца, якім можа быць…»

Форман, аднак, папаўся неблагі. Спачатку паставіў яго збоку, — маўляў, назірай. Форман чымсьці нагадваў Грыцька. Такі ж нешматслоўны і непаспешлівы, патрабаваў спрыту ад іншых. Верхняя губа ў яго амаль квадратная і надавала форману нейкую павышаную сур'ёзнасць. Час ад часу ён даставаў з кішэні нешта накшталт гадзінніка і прыдзірліва, з недаверам углядаўся ў яго. Прускаўца ён спачатку паставіў на пагрузку. Трэба было грузіць шыхту — кавалкі жалеззя, старыя дэталі, нейкія колы, рысоры, вобады. Праз колькі часу Лявонка стаў ля печы. Самае галоўнае, вядома, якасць металу. Форман вучыў загружаць шыхту, трымаць тэмпературу, умела раскісліваць расплаўлены метал, сачыць за яго гатоўнасцю, акуратна разліваць па каўшах. Па нізе слаўся дым нейкага няпэўнага, гарчычнага колеру, пяршыла ў горле, хацелася кашляць, без прывычкі балелі грудзі. Моцна, як бы неўпапад, бухала сэрца. Здавалася, не вытрымае, яшчэ трохі — і ўзарвецца. Форман назіраў, як загружаюць печ, падганяў: «хары ап!» (хутчэй!), затым уважліва, праз сінія акуляры, глядзеў у завалачнае акенца на мітуслівае полымя, што гудзела ў печы, ківаў галавой рабочаму. Той, ужо вопытны ліцейшчык, упэўненымі, дакладнымі ўдарамі прабіваў лётку, і адтуль вывальваўся распалены струмень металу, ад якога адляталі жоўтыя і куслівыя, як восы, пырскі. Калі не ўхілішся — уджаляць! Струмень жвава бег па чорным жолабе ў падстаўлены коўш, які трэба было разліць у формы.

Праз колькі дзён Лявонка ўжо працаваў самастойна — фармоўшчыкам. Абавязак фармоўшчыка — падносіць формы, класці ў іх керамічныя стрыжні і разліваць метал. Асаблівае майстэрства і дакладнасць патрабаваліся пры разліўцы металу. І марудзіць нельга, і паспець трэба — расплаўлены метал чакаць не будзе. Прускавец стараўся з усіх сіл. Дапамагаў напарнік — Дэн. Таксама імігрант з Еўропы, з Галандыі, здаецца.

— Гуд бой!.. [6] — усміхнуўся нарэшце форман, агледзеўшы іх работу — атрыманыя балванкі.

Уменне і майстэрства даваліся не лёгка. Ён ужо ведаў, калі ў расплаўленым метале зашмат крэмнію. Калі зашмат, гэта — брак, і разліваць не варта. Здараецца, што таўшчыня ці шырыня балванкі парушаны ці шчыліна якая-небудзь закрадзецца. Тады таксама ў лом ці на пераплаўку. Адлітыя металічныя балванкі складалі на спецыяльныя падстаўкі, і не дай Бог, калі кантралёр знойдзе які-небудзь дэфект.

Даймала гарачыня. Валасы ў яго прыліпалі да лба. Час ад часу рабочыя аблівалі сябе вадой і пастаянна пілі піва, за якім пасылалі каго-небудзь у сталоўку. Па цэху насіліся скразнякі, і дах быў стары, з дзіркамі, не раўнуючы, як у хаце Масея Галёнкі.

Дзённая змена — з сямі раніцы да чатырох дня, вячэрняя — з чатырох да дванаццаці ночы. Адзін тыдзень — удзень, другі — уночы. Паўгадзіны — на абед. На ланч — пятнаццаць хвілін. Гэты час, Лявонка добра ведаў, святы для амерыканцаў. Уміналі свае сандвічы тут жа, у цэху. Чуўся гудок — зноў пара пачынаць работу. Абедаў ён у завадской сталоўцы: свіная катлета, шклянка кавы і кавалачак белага хлеба.

К канцу змены гарачыня ў ліцейны і кіслы, удушлівы пах жалеззя пазбаўлялі апошніх сіл. Трашчалі косці, балелі ногі і рукі і асабліва спіна. Потым боль адпускаў, але ад перанапружання цела было як драўлянае. Пасля змены ён вяртаўся чорны, увесь у копаці, змыўшы мазуту толькі з рук і твару. Кроў стомлена стукала ў скроні. Ніколі не думаў, што апынецца ў такім пекле.

Ад завадскіх варот да прыпынку даводзілася ісці яшчэ хвілін дзесяць. Ад пяці да сямі — час пік. Людзей на прыпынку звычайна аказвалася шмат, і яму ніякавата было перціся першым, таму ён саступаў сваю чаргу іншым, якія, як яму здавалася, спяшаліся больш, чым ён. У выніку ён часта спыняўся перад перапоўненым трамваем і вымушаны быў чакаць наступнага. У трамваі часцей стаяў, трымаючыся за скураныя парэнчы, каб захаваць раўнавагу і не штурхнуць каго-небудзь, хто знаходзіўся побач. Народу столькі, што ў трамваі, здаецца, прасядае падлога.

— Білеты! Білеты! — не перастаючы выкрыквае кандуктар.

Прускавец часам і не чуў яго голасу, засынаў тут жа ў трамваі, яго будзілі, і даводзілася вяртацца назад, на свой прыпынак. Аднойчы забаставалі былі трамвайныя служачыя, дык давялося дадому ісці пяшком.

Урэшце рэшт трапляў у свой сціплы пакойчык, які чакаў яго ў прыгарадзе Дэтройта, на кватэру да пані Джааны. Вярнуўшыся вечарам або раніцай дадому, распранаўся, напускаў у ванну гарачай вады, клаўся і адмакаў. Усё цела ныла і смылела ад стомы.

Заставаўся які тыдзень да Новага года. Пасля дзённай змены ён, як звычайна, вярнуўся дадому, прыняў ванну. Пасля ванны прагнуў толькі аднаго: нерухома ляжаць. Вячэраць не хацелася, і ён накіраваўся да ложка. Мімаходам зірнуў у невялічкае люстэрка, што вісела на праходзе. Адтуль на яго глянуў стомлены твар з чарнатой вакол ноздраў. Уелася, нават гарачая вада не дапамагала. І ўсё ж такі ванна падбадзёрыла, дадала сілы.

Гаспадыня чысціла бульбу.

— Давайце дапамагу, — прапанаваў прускавец.

— Гэта жаночая работа, — пасміхнулася Джаана.

«Бедная, мусіць, як і я, — падумаў ён, — але — дзіўна! — ніколі не паскардзіцца».

У другім такім жа пакойчыку жыў сусед. Ён сядзеў за сталом, трымаючы ў руках «Police Gazette». Дзверы ў пакой былі адчынены. Пад рудымі бухматымі бровамі пастаяльца міргалі пажаўцелыя вейкі. Ад скроней жаўцізна сплывала да носа, пераходзячы ў ластавінне на шчоках. У пакоі стаяў застарэлы пах тытунёвага чаду і перагару. Чалавек падняў галаву і пасміхнуўся. Лявонка таксама не стрымаў усмешкі. Пазнаёміліся. Сусед быў ірландцам, звалі яго Юджын Браян. Ён таксама плаціў чатыры даляры за тыдзень. Сёння ён, відаць было, крыху выпіў і, можа, ад гэтага быў празмерна камунікабельны. Тут жа, пры Лявонку, дастаў з-пад ложка фатаграфію нейкай жанчыны, паставіў на стол і пачаў уголас чымсьці яе дакараць, пагрозліва махаючы кулаком. Адклаўшы ў бок фатаграфію, стаў хваліцца сваёй мужчынскай сілай. Лявонка не адразу зразумеў, пра што ён гаворыць, але пасля ўсё ж такі ўцяміў.

— Не было такой, каб устаяла.

Хлопец слухаў яго як праз сон.

— Ол райт! — сказаў на развітанне.

Стомленасць штурхала ў ложак, і ён адразу ж заснуў, ледзьве дакрануўшыся да пасцелі.

У нядзелю выбраў час, каб напісаць ліст у Пруску. Нядзеля — дзень адпачынку, можна перавесці дух. Паклаў перад сабой прыпасеную паперу, макнуў пяро ў чарніла і задумаўся. Потым пачаў выводзіць словы:

«Дарагія мама, дзядуля, Тоня, Фядора і Барбарка!

У першых радках майго пісьма пасылаю вам, дарагія мама і дзядуля, і сястрычкам Тоні, Фядоры і Барбары, нізкі паклон. Цяпер я перабраўся ў Дэтройт, працую на заводзе, у ліцейным цэху…»

А што пісаць далей? Але хіба няма пра што? Столькі перажыта…

«…Працу ў Амэрыцы вельмі паважаюць. У вагоне, калі стомлены вяртаешся з работы, людзі саступаюць месца. Тут ніхто не сядзіць без працы, хіба што толькі беспрацоўныя, тыя, у каго яе няма. Праўда, іх цяпер шмат, таму што знайсці працу вельмі цяжка. Усе ж астатнія, уключаючы нават мільянераў, працуюць.

Я працую на заводзе ў Форда, дзе робяць аўтамабілі. Аўтамабіль — гэта накшталт воза на гумавых колах. Конь яму не патрэбен. Замест каня цягне матор. Едзе так хутка, што конь з ім не збяжыцца. Пераганяе каня.

Гараджане тут, у Дэтройце, жывуць па больш жорсткіх законах, чым фермеры. Тут шмат гандляроў, але ёсць і жабракі, як і ў нас…»

Лявонка крыху задумаўся.

«…Цікава тут змагаюцца з п'янствам: калі паліцыя ўбачыць на вуліцы п'янага, яго тут жа вядуць ва ўчастак, дзе здымаюць з яго фатаграфію. Назаўтра, калі чалавек працвярэзіцца, яму паказваюць яго фатаграфію, папярэджваючы, што яна будзе вывешана на вуліцы, як толькі яшчэ раз убачаць яго п'яным.

Неўзабаве праз банк вышлю частку доўгу — пяцьдзесят даляраў. Будзьце здаровенькі і шчаслівыя. Усім перадавайце паклон.

Ваш Лявон».

ІІ

Гэтым летам Лявону павінна было споўніцца дваццаць гадоў. Усё больш пачуваў сябе амерыканцам. Ён жыў у Амерыцы, і Амерыка пачынала жыць у ім. Збольшага завяліся грошы, было за што апрануцца, зрэдку зайсці ў салун, тое-сёе паслаць сваім. Праз паўгода павялічылі зарплату — надбавілі пяць даляраў. Не шмат, але ўсё ж такі крыху больш. Параўноўваў жыццё на радзіме з жыццём у Амерыцы. Вялікая розніца. Амерыка здзівіла, скаланула душу. Народу — процьма! Сустрэнеш — каго хочаш: англічан, немцаў, грэкаў, туркаў, палякаў, рускіх, галандцаў, італьянцаў… Асабліва шмат ірландцаў. Жыццё не спыняецца ні ў дзень, ні ў ночы — бурліць і бурліць. На сценах і дахах дамоў зырка гараць літары электрычных рэклам, нагадваючы тыя гіганцкія вогненныя надпісы, што з'явіліся перад біблейскім Валтасарам.

Горад блытаў пачуцці. Згубіцца ў гэтым стракатым і шматгалосным свеце прасцей простага, спакусаў тут шмат! Тут ён упершыню трапіў у кінатэатр — па палатне ходзяць жывыя людзі, хоць і нямыя. Захацелася наведаць царкву, — а можа, там дзядзька Васіль сустрэнецца? У нядзелю пайшоў, але, вядома, знаёмых сярод рэдкіх наведвальнікаў не ўбачыў. Адкуль ім быць? Адстаяўшы ранішнюю службу, вяртаўся дадому. На гарадскіх вуліцах і асабліва ў цэнтры — на Дзірнборне — панавала незвычайнае ажыўленне. Плошча кішэла людзьмі. Зычны гук труб і ёмкія ўдары барабана аддаваліся ўвушшу. Адбываўся парад у гонар Дня арміі. Ішлі прадстаўнікі ўсіх родаў войск, па баках рухаліся вайскоўцы на конях — як увасабленне амерыканскай кавалерыі часоў вайны за незалежнасць. Людзі стаялі на тратуары, многія трымалі ў руках невялічкія сцяжкі з надпісам «America», махалі імі. На высокім шчыце вісеў велізарны размаляваны плакат, вакол тоўпіліся людзі. Лявонка падышоў бліжэй. Выступаў прамоўца. Ён часта азіраўся на плакат, паказваючы пальцам на вясёлага салдата, намаляванага на ім, і нешта гаварыў, гаварыў.

— Армія — гэта для вас адзіны спосаб выратава-ання! Што можа быць ле-епш? — даносілася да прускаўца.

«А калі мне запісацца? Толькі ці запішуць…»

— Адзе-енне, абутак, харчы, ло-ожак ды яшчэ і жалаванне плацяць! — не стамляўся прамоўца.

«…Але ж тады ўжо пра вяртанне дадому не думай! Тады ўжо назаўсёды… І Ганну сваю страчу…» З гэтай думкай ён павярнуў галаву ўбок і ўбачыў нейкую палатку. Гэта была палатка Арміі выратавання. Над уваходам вісеў надпіс: «Сабакам і салдатам уваход забараняецца».

Ён міжвольна засмяяўся.

* * *

Цімоша заявіўся неяк нечакана. Як з неба ўпаў. Нязвыкла апрануты: жоўтыя, добра ўжо паношаныя туфлі, няпэўнага колеру плашч, паласатыя штаны, шыракаполы саламяны капялюш.

— Гэта ты, Цімоша? — Лявонка не паверыў сваім вачам.

— Я, я, а хто ж яшчэ? Гуд монінг! Ледзь адшукаў!

Радыя сустрэчы, землякі кінуліся абдымаць адзін аднаго.

— Даведаўся, што ты ў Дэтройце і вось, як бачыш, адшукаў.

— Як здароўе?

— Байкі[7].

Цімоша зняў капялюш, скінуў плашч, і зноў стаў падобны на прускаўскага падлетка.

— Можа, паставіш куфель піва?

Па амерыканскай завядзёнцы, калі прыходзіць госць, на стале абавязкова павінна стаяць піва. Прускаўцы гэта ўжо добра ведалі.

— Я, брат, галодны, як воўк у панскім лесе, — паскардзіўся зямляк.

Лявонка кінуўся ў бліжэйшы салун, непадалёк, які трымаў знаёмы яўрэй з-пад Пінска, прынёс некалькі галет, намазаных маргарынам, невялічкі бачок нейкага густога супу, яблыкі, апельсіны, піва. Дастаў прыхаваную бутэльку партвейну. Разліў па шклянках.

— Будзьма! — пажадалі адзін аднаму.

Выпілі, закусілі. Цімоша прыгледзеўся да земляка:

— А вусы табе ідуць.

Лявонка, смеючыся, падкруціў кончыкі.

— Можа, і мне завесці? Дзяўчатам гэта падабаецца. Га?

— Давай!

Ці мотаў лёс склаўся, як высветлілася, даволі сумна. Лявонка помніў, што у Нью-Йорку ён мыў посуд у рэстаране. Надаела — падаўся на Захад.

— Трапіў я, разумееш, пасля таго ў капальню, гэта значыць, у шахту… — пачаў Цімоша, аблупліваючы апельсін. — А ў шахце ведаеш як? То холад, то гарачыня. Там столькі гэтага чорнага пылу — вылазіш пасля змены чорны, як негр, на сябе не падобны. — Цімоша адкусіў ад апельсіна сакавітай мякаці.— Там, братка, сілікозам хварэюць, а хварэць, сам разумееш, не хочацца… Давялося кінуць.

Ён уздыхнуў, даеў апельсін, пальцы нервова забарабанілі аб стол.

— Уладкаваўся прыбіральшчыкам. Ездзіў на фургоне па вуліцах, найбольш па завулках і збіраў скрынкі са смеццем. А ведаеш, колькі яго тут! Ды і падлеткі жыцця не давалі. Бягуць ззаду і крычаць: «Сметнік! Сметнік!» Абрыдла! Прыйшлося мяняць работу. Некаторы час працаваў кур'ерам у адной саліднай фірме. Я ж усё-такі граматны, як-ніяк насіў паперы, накшталт паштальёна. Ідзеш, куды пашлюць. Спачатку гэта было нават цікава, а потым адолеў сум. Спазніўся разы два…

— О-о-о! Тут гэтага не церпяць… — паспачуваў Лявонка. — А як цяпер у цябе?

— Без працы… — уздыхнуў госць.

— Манкі бізнес! — Гаспадар яшчэ наліў партвейну. — Але не падай духам, неяк яно будзе…

— Цяжка тут!

— Затое свабода — рабі, што хочаш! — рагатнуў Лявонка і адразу пасур'ёзнеў.— Не тое, што ў нас, у Расіі. Ніякага табе паслаблення…

— Паслаблення і тут не даюць.

— А як Піліпко?

— Па-ранейшаму, відаць, у Нью-Йорку. Даўно ад яго нічога не атрымліваў.

Лявонка ўспомніў, як Піліпко першы займеў работу ў магазіне адзення.

— Я, калі падаўся на Захад, пакінуў яго ў рэстаране замест сябе — хоць галодны не будзе, думаю, — сказаў Цімоша. — Піліпко колькі часу папрацаваў, але звольніўся. Пайшоў на завод — там, вядома, больш плацяць. Але, як на тое, аб'явілі лакаўт, работы няма. Цяпер, мабыць, ізноў мые посуд. А як твае справы?

У Амерыцы не прынята пытацца ці гаварыць, хто колькі зарабляе, і Лявонка на гэты конт толькі і сказаў:

— У нас ва ўсіх справы прыкладна аднолькавыя…

— Як тут у вас у Дэтройце — можна што падшукаць?

— Трэба паспрабаваць. Заўтра я цябе на завод павяду — на той, дзе я раблю. Раптам пашанцуе…

— Трахім напісаў, што бацька наш памёр. Гэтай зімой…

Лявонка ўспомніў Дармідонта.

— Здаецца ж моцны быў…

Яшчэ налілі віна, выпілі не стукаючыся, памянулі нябожчыка.

— Я, брат, ужо і ў турме паспеў пасядзець — месяц далі за валацужніцтва, — нібы пахваліўся Цімоша. — Можа, ты мне пару даляраў пазычыш?

— Чаму ж не — пару даляраў дам! Я нядаўна трохі дадому паслаў.

— Зараблю — адразу вярну.

Начаваць ён застаўся ў земляка. Назаўтра разам пайшлі на завод.

Цімошу пашанцавала: уладкаваўся ў «Форд мотар-компані» на канвеер, дзе збіралі аўтамабілі. Плаціць абяцалі пятнаццаць даляраў у месяц. У адміністрацыі — хваліўся ён сябру — нават сказалі, што калі будзе добра працаваць, дык атрымае падвышэнне ў аплаце. А што яшчэ трэба эмігранту?!

Лявонка павіншаваў сябра, цяпер яны працавалі як бы разам.

Першы прыдумаў паточную вытворчасць аўтамабіляў на канвееры Форд. Паточная зборачная лінія на яго заводзе працавала і ў дзень, і ў ноч, бесперапынна. Цімоша ўстроіўся прыладжваць надколавыя крылы. Патрабаваліся спрытнасць і хуткасць. Хутчэй, хутчэй, хутчэй. Марудзіш? Не марудзь! Бо тады каленам пад зад і ідзі, шукай іншую работу. Усю змену — каля канвеера. Варта на імгненне якое адвярнуцца, як адразу ж пойдзе брак. Рабочыя стаялі блізка адзін ад аднаго, іх рухі даведзены да аўтаматызму. Цімоша стараўся не адставаць.

На яго форман глядзеў чамусьці асабліва строга, матляў галавой, прыспешваў:

— Хутчэй!

Побач з Цімошам стаяў амерыканец — ён за такую ж работу атрымліваў больш.

ІІІ

Пастаянна карцела перачытаць лісты, атрыманыя з дому. Здавалася, што не ўсё зразумеў, не да канца, нешта важнае стаілася паміж радкамі. Гэты ліст прыйшоў нядаўна:

«Дарагі Лявонка!

Мы пакуль, дзякаваць Богу, здаровы. Жывем, як і жылі. Грошы атрымалі — 15 даляраў. Вялікі табе дзякуй, сыночак. Справілі дзяўчатам тое-сёе з адзежы і абутку. Яны ўсе ў нас, дзякуй Богу, здаровенькія і прыгожанькія.

Прыходзіў панскі аканом, ізноў напамінаў пра рэшту доўгу, якую мы засталіся вінаватыя пану. Мы кажам яму, што Лявонка заробіць і неўзабаве вышле. А ён кажа, хай у двор ідзе Тоня — адрабляць. Тоня ў нас ужо дзеўка. Хлопцы заглядаюцца. Але што там у двары — ты ведаеш. А Тоня наша прыгажуня. Семнаццаць гадкоў ужо — як такую ў двор аддаваць! Замест яе хадзіла я, старая. Праца ў пана, сам ведаеш, не лёгкая.

Наша Тоня слаўная. У тую нядзелю пайшла на музыкі да Гальяшоў, бо ў іх хаце якраз гэта было. Пайшла босая, бо туфлі аддала старому Чапёрку падрамантаваць. Падскочыў Трахімка, запрасіў да танца. Скакалі польку. Трахім у ботах, бо каб у пасталах, дык не так. Ты ж ведаеш Трахіма, прытупваць ён не лянуецца. Неакуратна наступіў ёй на палец…»

Лявонка адвёў вочы ад пісьма. «От халера Трахім гэты!.. Вярнуся — я яму пакажу! Слабейшых крыўдзіць!»

«…І Фядорка ў нас добрая. З Барбаркаю ў школу ходзяць. Фядора ўжо другую зіму. Умее ўжо і карову падаіць, і печ выпаліць, і дранікаў нацерці.

Жыццё наша ў Прусцы ідзе сваім ходам. Пасля тых хваляванняў яно ўвайшло ў звычнае рэчышча. Праўда, ёсць некаторыя навіны. У нас ужо хутка канец зіме. А яшчэ, сынок, хочуць тут нас рассяліць на хутары, каморнікі прыязджалі. Зямлю падзялілі на тры разрады, дык нашу да трэцяга залічылі, бо, як ты ведаеш, неўрадлівая яна. На хутары, кажуць, пажар не так дастане і гаспадарыць лепш. Гэтай зімой у нас зусім не было снегу, дождж і дождж. Цяпер крыху падмарозіла, дык вельмі слізка, жывёлу з хлява не выганяем.

Ганна яшчэ больш папрыгажэла, часам да нас заходзіць, сябруе з Тоняй. Усяго толькі на нейкіх чатыры гадкі старэйшая. Дзядзька Васіль, Ганнін бацька, да сённяшняга дня яшчэ не вярнуўся, і лістоў ад яго няма. Прузына з Апраскаю пайшлі ў Кіеў Богу памаліцца. Чакаем цябе, Лявонка, не дачакаемся. А без гаспадара зямля сірата. Каб не дзядуля наш, не ведаем, як бы і жылі. Ты ж ведаеш — умее наш дзядуля і кошык сплесці і кажушок пашыць, і драўляную лыжку выразаць, і міску волавам залітаваць.

Дарагі брацік Лявонка! Гэта піша табе сястра твая Фядора. Я ўжо другую зіму ў школу хаджу і збольшага пісаць умею.

А яшчэ табе саабшчаем, што памёр Ясё Латушка.

Шлюць табе паклон дзядзька Хведар і яго сям'я. Цалуем.

Твае родныя».

Пачуццё ўнутранай прывязанасці зноў і зноў вяртала думкай на некалькі гадоў назад — у Пруску. Часцяком з сумнай, але прыемнай усмешкай успамінаў, як маці некалі ў святы перамые кошык картопляў, павыкалупвае «вочкі», яшчэ раз перамые — нажом чысціць неяк не выпадала, — патрэ на тарцы, дадасць крыху грэцкай мукі і паробіць аладкі. А потым тыя аладкі на капуснае лісце ды ў печ. Пах дабрэнны — на ўсю хату. Чакаеш — не дачакаешся, калі яны спякуцца. Нарэшце маці дастае — ужо спечаныя, абрывае крыху прыгарэлае капуснае лісце і складвае аладкі ў верцеху, а зверху палівае салам са скваркамі. Але ж хіба толькі дранікі такія? І ячменныя бліны смачныя, і аўсяныя, і праснакі!

І засумаваў ён па дзяцінстве, па тым шчаслівым узросце, калі знаходзіўся пад абаронай бацькоў і дзядулі Кірылы. Колькі часу прайшло, а не сунімаўся боль расстання з Ганнай.

«Нічога! Яшчэ паспрабую і дранікаў, і грэцкіх аладак!» — вырашыў ён напаследак і ўсміхнуўся.

Паслаў цёплы ліст дадому, паведаміў, што да яго ў Дэтройт прыехаў Цімоша. Ён у многіх месцах пабываў, цяпер разам працуюць у Форда. Ён у тым цэху, дзе збіраюць аўтамабілі. А вось дзядзьку Васіля пакуль што ніхто з іх не сустрэў. Напісаў пра тое, што быў у царкве. Тут, у Дэтройце, праваслаўную царкву называюць «рашэн чэйч». Дома ўсё будзе цікава…

На заканчэнне перадаў паклоны і прывітанні, асабліва Ганне.

Цімоша зняў кватэру — такую ж каморку, як і ў Лявонкі,— непадалёк. Час ад часу наведваўся. Сёння ён прыйшоў, ведаючы, што ўчора ў земляка была пэйда — так яны называлі дзень зарплаты. Убачыўшы аднавяскоўца, Лявонка радасна махнуў у паветры нейкай паперчынай.

— Што гэта ў цябе? — запытаў Цімоша. — Чаго гэтак радуешся?

Гэта была паштовая квітанцыя аб пераводзе грошай Падгурскаму.

— Паслаў праз Брэсцкі банк — адтуль Падгурскаму паведамяць. Дзевяноста даляраў.

— Знайшоў, чаму радавацца, — у сваю чаргу засмяяўся Цімоша, — гэта каб табе хто прыслаў — тады іншая справа, была б падстава для радасці. А так…

— Не-е, — не згадзіўся Кужаль, — аддаць доўг — добра. Засталося яшчэ чатырыста. Вышлю грошы, а там і сам буду вяртацца!

Пасля таго выпадку з Піліпком Лявонка, апынуўшыся ў Дэтройце, трымаў грошы ў банку. І такі-сякі працэнт ішоў…

— А Піліпко піша, што ўжо ланцужок упоперак жывата павесіў.

— Дзіва што! Ён — сталічная штучка, як-ніяк у Нью-Йорку жыве.

Цімоша на гэта нічога не сказаў — аб чымсьці думаў.

— Ведаеш, дзе шмат золата? — Цімоша зрабіў паўзу. — На Алясцы! Можна, кажуць, спатыкнуцца на залатой жыле!

— Я чуў, але ж гэта далёка.

Пілі піва. Цімоша любіў імбірнае, таму гаспадар яшчэ раз збегаў у салун.

— Ты бабу якую маеш?

Лявонка адмоўна пакруціў галавой.

— Без бабы дрэнна, але і з бабай таксама не лепш, — Цімоша засмяяўся. — Я тут з адной пазнаёміўся… У тым салуне, куды цябе некалі запрашаў…

Лявонка ведаў, што зямляк любіў зайсці ў адну піўную, у якой на буфетнай стойцы звычайна была выстаўлена бясплатная закуска. Узяўшы кружку піва, можна было добра пад'есці. Цімоша зачасціў туды, хоць і заўважаў, што гаспадар піўной паглядае на яго крыва. Тут яна да яго і падлабунілася. Маладая, непаседлівая, з вясёлымі вачыма і ямачкамі на шчоках. Чым ён ёй спадабаўся — невядома. На той час у яго ўжо былі грошы, і гаспадар глядзеў больш прыязна.

Цімоша махнуў рукой:

— Амэрыканка мяне абдурыла! Запрасіла да сябе, тое-сёе, а потым крычаць пачала, сарочку на грудзях дзерці. Паліцыя з'явілася. Ледзьве я ад яе адкупіўся.

— Ад каго?

— Ад той жанчыны! Ад амэрыканкі! Нібы я яе згвалціць хацеў… І паліцыю пераканала!

— Жанчыну тут падтрымліваюць! Яны тут з гонарам!

— Не тое што ў нас: музыка — бяры любую, якую хочаш!

Гаворка неяк хутка і завяла. Можа, таму, што кожны думаў пра сваё. Потым сядзелі моўчкі, быццам бы не маючы патрэбы сказаць нешта адзін аднаму ці хаця б абмяняцца рэплікамі. Пілі піва.

Цімоша зацягнуў песню:

Амэрыка люба-а,

Амэрыка міла-а,

Нашто ты, Амэрыка,

Мяне загубіла-а?

Голас у спевака быў слабаваты, але нейкі прачулы і задушэўны.

— Добрая песня. Дзе гэта ты навучыўся?

— Нашы, эмігранты, спяваюць. — Цімоша яшчэ наліў піва. — Цяжка мне тут, браце… Не радуе і свабода. Ноччу, ведаеш, сніцца канвеер і крокі формана за спіною. Каб ён прапаў!..

— Дык думаеш, што мне лёгка? — Лявонка хацеў падняць у сябра настрой.

— Але ж вось неяк прыжыўся…

Лявонка чамусьці адчуваў сябе так, нібы ў нечым быў вінаваты перад таварышам. Але ж у чым яго віна? Можа, болей пашанцавала?..

— Мне думаецца, што я тут непатрэбны, — Цімоша здзіўлена паглядзеў некуды ўбок. — Дома і працуеш, і адпачываеш адначасова. А тут ужо калі працуеш, дык не адпачываеш.

«Шалапутны ты нейкі,— думаў пра Цімошу аднавясковец, — цяжка табе. А як дапамагчы?..»

Свой няпэўны настрой Цімоша назаўтра панёс і на працу…

* * *

Пасля першай змены Лявонка вяртаўся яшчэ да вячэрняга змроку. Выйшаўшы, як звычайна, на канцавым трамвайным прыпынку і купіўшы ў разносчыка газету, заспяшаўся на кватэру. Цікавасць у яго выклікала «Чыкага Трыбюн». Будзе што пагартаць — збольшага ён ужо чытаў па-англійску.

Гаспадыня смажыла свініну з цыбуляй. Адчыніўшы дзверы, пачуў пах. Джаана накачвала прымус. Ён павітаўся з ёй, ідучы ў свой пакойчык. Учора гаспадыня частавала яго пудзінгам і кавай з белым падсмажаным хлебам. Клапацілася пра бялізну. Праўда, бялізну сама яна не мыла, а аддавала ў пральню, але і за гэта можна было быць удзячным.

Па ўсім відаць, Джаана сімпатызавала пастаяльцу і нават не супраць была дапамагчы ў патрэбах цела. Ля яе ног цёрся, выгінаючы спіну і высока паднімаючы хвост, вялікі чорны кот. Лявонка прайшоў у сваю бакавушку, прылёг на ложак, разгарнуў «Чыкага Трыбюн». Газета паведамляла пра смерць Марка Твэна. У пакойчык, без стуку, увайшла Джаана, паглядзела на кватаранта сваімі зялёнымі вачыма. У левай руцэ дымілася толькі што пачатая папяроса. Пах дыму змешваўся з водарам парфумы. Пастаяльцу нават заказытала ў носе.

— Калгейтаўская, — з гонарам патлумачыла жанчына, маючы на ўвазе, відаць, гатунак парфумы.

Лявонка паглядзеў на яе паверх газеты.

— А хочаш, я табе пагадаю? Уэл?

Правай рукой, не выпускаючы з левай папяросы, яна ўзяла яго за гузік і асцярожна прыцягнула да сябе. Дым яна выдыхала кольцамі, якія доўга трымаліся ў паветры. Лявонка склаў газету.

— Табе ўжо гадоў дваццаць ёсць?

— Першага ліпеня споўніцца роўна дваццаць.

— Ты быў бы вельмі шчаслівы, калі б быў жанаты.

— Няўжо? А чаму?

Джаана засмяялася, павярнулася і пакінула пакой. Ён падумаў, што сёння яна прыйдзе да яго. Яна і сапраўды прыйшла.

Стомлены, ён спаў і не бачыў, як яна падышла да ложка, і адчуў яе толькі тады, калі Джаана ўжо апынулася пад коўдрай і шчыльна прыціснулася да яго ўсім сваім прагавітым целам. Пачуў пяшчотны, насычаны страсцю голас:

— А хочаш пра ўсё даведацца са мной?

Ён і не заўважыў, як апынуўся ў нецярплівых узбуджаных абдымках жанчыны. Памкнуўся ўхіліцца ад яе пяшчот, але гэта было не проста. Не проста таму, што яму самому даўно хацелася жаночай блізкасці. Недзе ў глыбіні свядомасці заварушылася пачуццё віны перад Ганнай прускаўскай. «А можа, і яна там?..» Між тым Джаана станавілася ўсё больш нецярплівай…

У тую ноч ён зразумеў, што ў каханні яна мае немалы вопыт.

Што тычыла Джааны, то яна даўно ведала, што сапраўдных мужчын на свеце не так і шмат, што іх трэба цаніць. Назаўтра, калі ён вярнуўся з работы, гаспадыня прапанавала вячэру, але пастаялец адмовіўся. Есці не хацелася — пасля той ночы ды яшчэ прыйшоўшы з ліцейкі, адчуваў сябе змораным.

— А я ўжо пёрайкі пачысціла, — какетліва паведаміла Джаана.

Лявонка маўчаў.

— Што ў цябе з вачыма? — спытала яна.

Вочы, відаць, былі чырвоныя.

— А! Гэта так сабе… — адмахнуўся ён.

— А ты нейкі,— яна памаўчала, мусіць, падбіраючы патрэбнае слова, — не стандартны…

З другога пакоя, выцягваючы шыю, выглядваў яе сын.

— Табе трэба ўступаць у прафсаюз, каб было каму абараняць вашы правы.

Лявонка ўсміхнуўся:

— Я імігрант, мяне не прымуць. Ды я і не збіраюся тут надта доўга быць.

Гаспадыня зрабіла падкрэслена строгі выгляд і павучальна паківала пальчыкам:

— Ты павінен больш сустракацца з людзьмі, а галоўнае — дагаджаць.

На гэта ён нічога не адказаў.

Прыйшоў ліст з Прускі. Джаана тут жа, увечары, перадала яго кватаранту:

— Вось пошта. Вам ліст.

Лявонка нецярпліва разарваў канверт і разгарнуў складзены ў столку аркуш паперы:

«Дарагі наш Лявонка!

Мы тут, дзякуй Богу, па-ранейшаму жывыя і здаровыя, чаго і табе жадаем у тваім амэрыканскім жыцці. Апішам табе нашы навіны. Ужо больш месяца трымаецца сухое надвор'е. Усе чакаюць дажджу, а яго няма. Зямля высахла на пыл і разносіцца ветрам. Зерне вытыркаецца з коласа аголенае. Ужо жнуць. Дзядуля наш яшчэ, дзякуй Богу, жвавы. Людзі заўсёды раяцца з ім, калі што пачынаць. Вакол толькі і чуем: „Дзядзьку, а як тое?..“, „Дзядзьку, а як гэта?..“ „Дзядзьку, а калі?..“ Самае цяжкае ў нас, як ты ведаеш, жніво. Дзед касіў, мы з сярпамі памагалі яму. Без справы ніхто не сядзеў. Дзядулі нашаму дапамагае Тоня — і косіць, і жне, не адстаючы ад яго. У Камянцы жыта каштуе рубель трыццаць капеек за пуд. Дарагое. Учора мы зноў спілі цябе. Як бы ты вяртаешся дадому не на караблі, а плывеш на чаўпе па Лосьне. У нас ва ўсіх думкі пра адно: як там ты? Спадзяемся на міласэрнага Бога, на яго дапамогу.

Тут у нас здарылася такое, што пакралі ў пана Станіслава снапы…»

Лявонка перавёў дыханне. Далей у лісце паведамлялася, што пан Станіслаў пачаў будаваць крухмальню.

«…Цяперака захацеў мець крухмальню. Бо практычна: сам пан і навакольныя сяляне сеюць шмат бульбы. Пан Станіслаў удаўся не ў бацьку, гаспадарыць пачаў як бы па-новаму. Займацца адным земляробствам стала нявыгадна, уздумаў крухмальню. Ці хто падказаў. Месца выбраў на правым баку Плісы, побач з палацам. І ўжо замільгацелі людзі з тачкамі, возяць зямлю, умацоўваюць берагі. Цяпер людзі, працуючы на будаўніцтве, атрымліваюць плату. Кожнаму хочацца зарабіць капейчыну на аршын-другі крамніны на плацце ці хаця б на кофту. Кіруе ўсім паляк з Варшавы. Бегаюць наглядчыкі, асабліва Аўтух. Працуюць не толькі нашы прускаўцы — людзі прыходзяць здалёк: з Зінькоў, Бранавіч, Бучамля, Ратайчыц. Кожнаму хочацца зарабіць. Памёр Дармідонт Кандрацюк, якога ты павінен добра ведаць. Трахімаў бацька. Уляцеў у калодзеж і захлынуўся. Мусіць, быў п'яны. Ходзяць чуткі, што не сам уляцеў, а нехта туды пхнуў. Хто яго ведае…

Вось і ўсе нашы навіны. Цалуем. Твае родныя.

29 жніўня 1910 года».

Лявонка адклаў ліст убок, ведаючы, што праз нейкі час зноў захочацца яго прачытаць.

А неўзабаве атрымаў новы ліст, у якім родзічы паведамлялі пра наступную падзею. На гэты раз падзея была незвычайная:

«…Мы тут камеціну бачылі. Дзіва дзіўнае! У Амэрыцы, кажуць, яе не было, але мы вельмі баяліся і за цябе, бо некаторыя палохалі, што яна зачэпіць сваім доўгім хвастом зямлю, засыпле яе каменнем і пылам або атруціць газамі. Мы вельмі непакоіліся, са страхам узіраліся ў неба, выглядалі, калі яна з'явіцца. Дзядуля сказаў, што калі хто сядзіць на той камеціне, то ён бачыць і нас, і адначасова Лявонку ў той Амэрыцы. Напачатку, праўда, у нас тут не зразумелі: палічылі, што не камета, а нейкая вялізная кабета з вогненным хвастом, але потым усё ж такі разабраліся, што не чалавек гэта. Некаторыя даказвалі, што гэта вогненнае страшыла сутыкнецца з зямлёй і будзе канец свету. Пракоп Пахолак казаў, што камета прарочыць людзям вайну ці рэвалюцыю. Газеты пісалі, што гэткая ж камета пагрозліва чырванела над Масквой перад нашэсцем Напалеона. Перад гэтым, у пазамінулым годзе, быццам бы гэткая камета ўпала на Сібір і нарабіла шмат шкоды, папаліўшы вакол сябе ўсё на некалькі вёрст. Пруску апанаваў страх. Дзядуля наш першы ўгледзеў і ядро, і хвост. Паклікаў нас, сабраліся ўсе прускаўцы. З'явілася яна з поўдня. Зырка, на ўсё неба ззяла гэтае яе ядро, а доўгі чырвоны хвост і сапраўды нагадваў меч Божы. Цёмна стала, але зор не відаць было. З жахам глядзелі мы на нябесную госцю: куды, у які бок яна рухаецца, зачэпіць ці не зачэпіць зямлю. Хвост яна вяла на поўнач. Настаўнік Шпронька перасцерагаў, каб не глядзелі на камету голымі вачыма, бо можна аслепнуць. Таму некаторыя глядзелі праз закопчанае шкло. Праз пару-другую гадзін камета знікала за даляглядам і ў наступныя некалькі вечароў з'яўлялася пазней, нанач, меншых памераў і з карацейшым хвастом. Асабліва шырока распускала хвост у бязмесячныя ночы. Мы якраз выбіралі бульбу. Думалі: а раптам назаўтра што здарыцца. Жахаліся: „Знаменіе нябеснае!“ Кузёмка, які якраз на гэты час аказаўся ў Прусцы, пераправіў нас: „Не, кажа, мілыя, тут, мусіць, нешта большае: кара Боская! Вось што… Нядоўга ўжо, відаць, пратрымаецца сучасны свет, хутка ўжо канец“.

Бацюшка айцец Глеб адслужыў у царкве малебен і сказаў: „Усявышні папярэджвае нас, грэшнікаў. Усё ва ўладзе Бога“.

Людзі радаваліся і цешыліся, што ўсё абышлося па-добраму, што камета не кранула зямлі, паляцела сваёй дарогай.

Застаёмся, твае родныя, моцна ўсе цалуем..

2 лістапада 1910 года».

(Трэба дадаць, што вернецца гэтая «камеціна» ў 1984 годзе, але нашы героі да гэтага часу не дажывуць.)

IV

Так прайшла яшчэ адна зіма. Мінаў ужо красавік.

Перад выхадным, пад вечар, Лявонка звычайна ішоў у горад. Калі быў Цімоша — з ім. Цяпер сябар з'ехаў у Нью-Йорк або, можа, яшчэ куды. Вядома, ля канвеера стаяць было цяжка. Ад стомленасці, казаў, блыталіся думкі, і аднойчы ён, не жадаючы таго, даў сабе паслабленне, збавіў тэмп, прапусціў пару трубачак. Побач, невядома адкуль, як з-пад зямлі, узнік формай — закрычаў, замахаў рукамі. Брак! Брак! Брак!.. Давялося змабілізаваць усе сілы, папакруціцца, але нарэшце змогся, не вытрымаў і прапусціў сваю змену, праваляўшыся ўвесь дзень на ложку. На другі дзень атрымаў разлік. У акенцы не пацікавіліся нават прозвішчам, спыталі толькі нумар.

— Нумар 55–09 вызвалены! — пачуў Цімоша за сваёй спіной і нечакана для сябе самога ўзрадаваўся, нават зарагатаў.

Развітаўшыся з Лявонкам, падаўся, відаць, да Піліпка ў Нью-Йорк. На вакзале Цімоша загадкава пасміхаўся, але казаць нічога не казаў. Сеўшы ў вагон, памахаў рукой. Лявонка застаўся адзін на пустым пероне. У галаве таўкліся думкі:

«Не схацеў Цімоша працаваць. Завод. Канвеер. Праца ў Форда цяжкая, але што зробіш!..»

Сёння ён быў адзін. Паклаў у кішэню камізэлькі некалькі сігар — курыў няшмат, апрануў пінжачок, насунуў на лоб капялюш і выйшаў на вуліцу. Ноч хутка апускалася на гэты вялікі горад. Начны Дэтройт зырка асветлены электрычнасцю — нават больш, чым Нью-Йорк. У вольны час ён любіў наведваць адзін танны салун, на якім, ля ўвахода, красавалася шыльда з надпісам «Разгавор па-руску». Трымаў яго яўрэй з-пад Пінска. У гэтым месцы можна было паесці. Звычайна тут прапаноўвалі свініну з фасоллю — самае дэмакратычнае блюда. Але была магчымасць заказаць і боршч з капусты, грэчневую кашу з маслам, нават дранікі, праўда, гэта каштавала значна даражэй. Бутэрброд ці пончык або селядца кліент атрымліваў без праблем. Ідучы сюды, Лявонка старанна падлічваў свае кішэнныя грошы, бо трэба было ведаць, колькі іх, каб не нарвацца на канфлікт з афіцыянтамі.

Знаёмая шыльда: «Разгавор па-руску». Адчыніў дзверы. Наведвальнікаў было няшмат. Яны сядзелі за столікамі, ля сцен, і сумна глядзелі перад сабой на пустыя кілішкі, што стаялі перад імі. У кутку нехта іграў на балалайцы.

Ён выбраў свабоднае месца, кінуў на суседняе крэсла капялюш і стаў чакаць афіцыянта, які тут жа і з'явіўся. Гэта быў негр, ён абмахнуў столік ручніком і прапанаваў меню. Прускавец папрасіў імбірнага піва і не ўтрымаўся, каб не заказаць вэнджанага селядца.

Дзверы раз-пораз адчыняліся, і з прывітаннем «Хэло!» уваходзілі ўсё новыя наведвальнікі. Па выпіўцы першынство трымалі ірландцы. Негр прынёс і паставіў піва. Лявонка ўзяў куфель, падуў на пену і ўбачыў, як насупраць з-пад густых броваў глядзяць на яго ўважлівыя вочы. Чалавек курыў сігару і ўпарта прыглядаўся да яго. «Можа, знаёмы які?» У галаве пачалі мітусіцца няясныя думкі-здагадкі: «Дзе я яго мог бачыць? Гэтыя цёмна-шэрыя вочы… Тут, у Амэрыцы? Не, здаецца, не сустракаліся. Тады — дзе? — Але адказу не знаходзіў.— А ці не той гэта, што ў Брэсцкай крэпасці перад народам гаварыў?» Прускавец асалапеў: «Гара з гарою — а чалавек з чалавекам… Гэта ж трэба — на другім канцы свету… Тады ён яшчэ бязвусы быў, а цяпер вусы прыдбаў…»

Чалавек, як бы адчуўшы яго думкі, устаў, смела падышоў да століка, за якім сядзеў збянтэжаны Лявонка.

— Дазволіце? — спытаў па-англійску.

Лявонка звычайна не спяшаўся давярацца малазнаёмым людзям, а тут з прыемнасцю падсунуў крэсла.

— Калі ласка.

— Вы, пэўна, з Расіі, ці я памыляюся?

— З Расіі.

— І я адтуль. У мінулым годзе прыехаў. Знаёмых шукаю, — кончыкам мезенца ён скінуў попел з сігары.

— А я тут ужо тры гады з гакам, з дзевяцьсот сёмага.

— Па мове падобна, што мы землякі.

— Я з-пад Брэста.

— Дык і я адтуль! Жабінку ведаеш?

— Чаму ж не! Гэта ж з Камянцом побач!

— Тады давай знаёміцца. Андрэй! — Ён працягнуў Лявонку руку. — Прозвішча — Кляновік.

— Лявон Кужаль.

— Ну вось і пазнаёміліся.

— А я вас такі помню.

Новы знаёмы здзіўлена ўзняў бровы.

— У Брэсцкай крэпасці. Як вы выступалі. Вы тады яшчэ на маім возе стаялі…

Бровы ў чалавека яшчэ больш папаўзлі ўверх — такога ён не чакаў.

— Можа, і быў выпадак. Простаму люду я спачуваю — гэта праўда. Здаўна спачуваю. — Андрэю, відаць, нешта прыгадалася — у вачах заскакалі іскрынкі таго самага вясёлага шалу. — Доўгая гісторыя. Мне тады гадкоў дванаццаць было — тато ўзяў мяне аднойчы з сабой у Брэст. Жыта везлі прадаваць. Там вялікі базар каля Мухаўца. Стаім мы і ўжо амаль усё прадалі — пару мяшкоў засталося, як раптам — салдацік, маладзенькі такі, кволы, ускочыў да нас на воз ды за мяшок шчэміцца. Глядзім, ажно за ім афіцэр, прапаршчык, мусіць, з шабляй, і наган у руцэ. Па ўзросце таксама малады — вусікі пад носам чуць намячаюцца. Укормлены, ад злосці ажно пеніцца. На левай шчацэ ў яго — я добра запомніў — чырвоная пляма, уся набрынялася крывёй. Як цяпер помню. Я першы раз бачыў такога раз'юшанага чалавека. Крыкнуў ён нешта таму салдаціку і пагнаў у крэпасць. Я, брат, часта таго салдаціка ўспамінаю і цяпер, а тады ён мне сніцца пачаў. У чым ён мог быць вінаваты, каб бегчы за ім з наганам і шабляй? — Кляновік паглядзеў на земляка, як бы чакаючы ў яго адказу на сваё пытанне. Вусы яго натапырыліся, і ўсё аблічча стала падкрэслена сур'ёзным.

Лявонка адчуў нейкую дзіўную ўласцівасць свайго новага знаёмага: гляне на цябе і як бы наскрозь промнем прасвеціць — быццам усё ўбачыў.

— А рос я, табе скажу, цікаўным і кемлівым мальцам. Цягнула ў свет! Як толькі школу скончыў, дык у Брэст падаўся. У каморніцкім вучылішчы вучыўся.

Новы знаёмы аказаўся шчырым, гаваркім чалавекам.

— Праз колькі часу пазнаёміўся з добрымі людзьмі — сацыял-дэмакратамі. У Брэсце былі такія: Клевер, Зінаўчук… Яшчэ былі… — Андрэй, як бы што згадваючы, зацягнуўся сігарай. — Гэта я табе пад сакрэтам кажу. Гаварыць пра іх нідзе не трэба.

Тут ужо ажывіўся Лявонка. Ён успомніў брашуры, якія атрымаў з Брэста, калі вучыўся ў Камянцы. Спытаў у новага сябра, ці ведае ён што пра гэта.

— Гэта нашы табе прыслалі. Нашы людзі…— пасміхнуўся Андрэй.

Ці ведае ён тыя кнігі? «Маніфест Камуністычнай партыі», які даў яму пачытаць Зінаўчук, адкрыў, можна сказаць, вочы. Праўдзівасць і даверлівасць дапамаглі зразумець і засвоіць, што людзі, аказваецца, няроўныя, чалавечы свет падзелены на багатых і бедных, моцных і слабых, удачлівых і няўдачлівых, добрых і злых. Ідзе барацьба…

Новыя таварышы Андрэя бачылі, што хлопец ён цікавы і прагне справы. Вірлівы 1905-ы захапіў усіх. Знайшлася справа і для яго.

Да століка падышоў негр-афіцыянт, схіліўшыся ў пачцівым паклоне.

— Віскі! Дзве порцыі! — папрасіў прускавец.

Негр паказаў рукой, што ён зразумеў, пакланіўся і пабег.

Лявонка, відаць, спадабаўся новаму знаёмаму, і яны ўжо паводзілі сябе так, быццам ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Замест балалайкі заіграла іншая музыка — сцішана павёў мелодыю саксафон. Афіцыянт прынёс віскі.

— Быў выпадак, што бунтавалі салдаты ў Брэсцкім гарнізоне. Даручылі мне сказаць перад імі колькі слоў…

— Гэта я тады, пэўна, і ўбачыў! — ажывіўся прускавец.

— Магчыма.

— У Расіі вечныя бунты ды рэвалюцыі,— Лявонка ўспомніў старога Бузука.

Субяседнік паглядзеў на яго ўважліва і з нейкім дакорам у вачах: эх, маўляў, нізка ты лётаеш, чалавеча. Сам ён лётаў высока. Неўзабаве пасля таго выпадку ў Брэсцкай крэпасці — з турмы выпусцілі яго даволі хутка — параілі падацца ў Маскву, у цэнтр падзей. Уладкавалі на завод. Тут быў сапраўдны рабочы клас — не тое што ў Брэсце. Праца на заводзе пераканала ў праваце пралетарскай справы. Кемлівы, прадпрымальны, рызыкоўны — ён многае бачыў, як яму здавалася, далей, чым іншыя. Ён павінен дамагчыся, каб яму і такім, як ён, жыць стала лягчэй. Кар'еру ён мог бы зрабіць без цяжкасцей, але нашто яна — кар'ера тая? У яго свая дарога. З Масквы паслалі ў Амерыку. Кляновік згадзіўся без ваганняў. Сіл было шмат. «Не губляй сувязі з нашым рухам», — яшчэ раз напомнілі пры развітанні.

— Наіўны ты, хоць і кнігі тыя чытаў…— сказаў Кляновы. — Колькі табе гадоў?

— Дваццаць.

— Малады…

— А табе?

— Мне ўжо дваццаць два! — Ён паглядзеў на Лявонку з адчуваннем сваёй перавагі.

— Няёмка прызнавацца — амаль штоночы Пруска сніцца.

— Дзівак нейкі,— паціснуў плячыма Кляновік. — Пруска, радзіма… Хіба пра гэта сёння трэба думаць?

Кужаль ніяк не мог уцяміць, куды ён хіліць.

— Я на «Форд мотар» працую, — сказаў ён як бы дзеля таго, каб хоць як апраўдацца перад новым прыяцелем, — а вы?

— Ды мне, ведаеш, шчыра кажучы, не надта шанцуе. Напачатку быў у друкарню ўладкаваўся, газету выдавалі. «Новый Миръ», — можа, чуў?

— Не даводзілася. Тут некаторыя нашы хлопцы атрымліваюць газету з Вільна. «Наша ніва» называецца.

— Гэта не тое! — махнуў рукой Андрэй. — Давай яшчэ партвейну закажам.

Зноў паклікалі афіцыянта.

— Мне адзін чалавек казаў, што для Беларусі маюць даць аўтаномію, — Лявонка хацеў пачуць, як на гэта адзавецца Андрэй.

Той як бы нават усердзіўся:

— Не з гэтага трэба пачынаць! Нацыянальнае пытанне вялікага значэння не мае. На першым плане ў нас — сацыяльная перабудова грамадства. Мы — сацыялісты…

Памаўчалі, а потым Кляновік зноў паўтарыў:

— Як успомню таго салдаціка, дык, браце, і сляза навернецца. Не проста ўсё і ў Амерыцы! І расавай нянавісці хапае і іншага… Ку-клукс-клан, суды Лінча, сегрэгацыя…

— Тут так, — пагадзіўся Лявонка, — калі грошы ёсць — ты чалавек, а калі няма, дык ніхто твайго існавання і не заўважыць.

— Морганы і Ракфелеры ўсё прыбралі да рук! А нас тут лічаць смеццем, якое Еўропа выкінула ў Новы Свет. Мы для іх ніжэйшыя. Тут рабочы часам бядней жыве, чым у Расіі. У Расіі на Пуцілаўскім заводзе рабочы атрымлівае нават і дзвесце рублёў у месяц. А тут? Добра, калі пяць-дзесяць даляраў.— Прыгубіўшы партвейну, ён працягваў: — Але і ў Расіі рабочых прыціснулі. Пасля пятага года… Як што якое — за плот! Беспрацоўных там — процьма…

— Да гэтага часу не магу выслаць пану, у якога зямлю купіў,— як бы паскардзіўся Лявонка.

— Ты што? — Кляновік ажно падскочыў на сваім крэсле. — Высылаць пану грошы? Ашалець можна! — Яго абурэнню не было межаў.

А як жа? Я ж у яго пазычыў! Доўг, бачыш, мае ўласцівасць расці, калі яго дарэшты не выплаціць…

— Ну, брат, дзіўна ты разважаеш. Надта ты нейкі рассудачны. Прыйдзе час — зямлю раздадзім задарма!

Лявонка ўжо даўно прывык: дарма яму нічога не даставалася, таму падумаў, што таварыш агаварыўся.

— Як задарма?

— Задарма і пароўну.

Прускавец ажно рот раскрыў. Цяпер ужо ён мог сказаць: «Ашалець можна!» Але цёмна-шэрыя Кляновікавы вочы глядзелі смела і нават задзірыста. І тут, як і тады ў крэпасці, ён гаварыў так шчыра і пранікнёна, што нельга было не заслухацца.

— Пану свайму ты нічога не вінен, нават калі і пазычыў у яго. А ён табе — вінен! Абдурваў цябе і бацькоў тваіх усё жыццё…

Андрэй адкінуў плечы на спінку крэсла і, паманіўшы пальцам афіцыянта-негра, заказаў два куфлі таго ж імбірнага піва і, калі негр пайшоў выконваць заказ, блізка схіліўся над Лявонавым плячом, горача зашаптаў:

— Рэвалюцыйна-сацыялістычны рух набывае сёння вялікі размах па ўсім свеце! Лёс трэба браць ва ўласныя рукі!

Для большай пераканаўчасці Андрэй падняў свае здаровыя зграбныя рукі і патрос імі перад сабой. Вось, маўляў, гэтыя рукі і апроч іх няма нам на каго спадзявацца. Лявонка падумаў, што гэты чалавек сапраўды настойлівы і ўмее дабівацца свайго. «На Трахіма крыху падобны», — успомніў чамусьці свайго прускаўскага сябрука.

— Вы — сацыяліст?

Кляновік усміхнуўся.

— Дык што ж гэта такое — сацыялізм? Рэлігія новая, ці што?

Кляновік адмоўна пакруціў галавой.

— Не. Сацыялізм — гэта такое жыццё, парадак такі. Кожны ўносіць сваю долю працы, колькі ён можа ўнесці, а атрымлівае па патрэбах. Пры сацыялізме людзі будуць шчаслівыя, а значыць, і справядлівыя. А якая можа быць справядлівасць там, дзе аднаму належыць усё, а другому — нічога?.. Пасля адмены эксплуатацыі чалавека чалавекам дастаткова будзе працаваць дзве гадзіны ў дзень, а можа, і менш. Гэта — маё перакананне!

— Перакананне? — перапытаў прускавец.

— Так, кожны чалавек павінен мець сваё перакананне! — цвёрда адказаў Кляновік.

— Ну, а цяпер што вы робіце?

— За што мы змагаемся? Па-першае, за скарачэнне рабочага дня і павышэнне аплаты; па-другое, за страхаванне рабочых — хто пацярпеў ад няшчаснага выпадку, хваробы ці беспрацоўя; па-трэцяе, за пенсійнае забеспячэнне старых і калек, за забарону дзіцячай працы… За многае змагаемся. Дэтройтам мы пакуль што не задаволены. Сацыялістычны рух тут яшчэ адстае. Гэта не Чыкага. У Чыкага мы збіраем больш галасоў, чым дэмакраты! Тут да нас пакуль што не вельмі ставяцца…

Адчувалася, што ён ведаў настрой рабочых па ўсёй Амерыцы.

— Рэвалюцыянеры, брат, вялікія сябры! Для нас няма межаў і перашкод. Хто б ты ні быў — рускі, немец, француз, амерыканец, але калі мы з табой сацыялісты — мы сябры. Праўда, ёсць і здраднікі…

Яны нейкі час памаўчалі, потым раптам Кляновік сказаў:

— Цара мы павесім! — і ціха дадаў, гледзячы суразмоўцу ў вочы: — І іншым не будзе літасці!

Прускаўцу ажно заняло дых.

— Кіраваць будуць тыя, хто нічога не мае!

Тое, што гаварыў Андрэй, не месцілася ў галаве.

— Што ж для гэтага трэба?

— Згуртаванасць.

— Людзі ж не роўныя, адзін больш рухавы, другі — менш. Хто разумны — хто дурны? Як іх згуртуеш?

Кляновік паморшчыўся, як бы яму зуб забалеў ці што яшчэ.

— Гэта так. Але калі мы адчуем сябе адным класам, калі мы загарымся агульным пачуццём нянавісці і гневу, мы адчуем сваё адзінства. Гэта — галоўнае!

— Няўжо гэтак калі-небудзь будзе? — усумніўся Лявонка.

— Арганізаванасці нам яшчэ не стае, — прызнаўся прыяцель, уздыхнуў і прыгладзіў на галаве кучаравыя валасы. Раптам ён спыніўся і стаў глядзець некуды паверх Лявонавай галавы, у нешта ўслухоўваючыся. У вачах — мройлівасць. — Чуеш?

— Што?

— Музыку!

Лявонка прыслухаўся, але нічога не пачуў. Музыканты ў салуне якраз зрабілі перапынак — перасталі іграць. Прыяцель паглядзеў на яго з нейкім няўцямным шкадаваннем, як на блазна.

— Ведаеш? Мне яна начамі сніцца.

— Хто? Музыка?

— Рэвалюцыя!

— А калі ж гэта ўсё адбудзецца? — Прускаўцу перахапіла дых.

Кляновік заўсміхаўся:

— Дакладную дату, калі гэта выбухне, назваць цяжка, але к таму ідзе, — ён набраў поўныя грудзі паветра. — У мяне ўжо ў галаве, паверыш, гараць пажары!..

Тут яны абодва як бы знепрытомнелі.

Першы ачухаўся прускавец:

— А як жа потым?

— Што — потым? Галоўнае — уладу ўзяць, парадак навесці, па справядлівасці.

Прускавец ажно ўпацеў. Рашучасці яго новага знаёмага, здавалася, не было межаў.

— Цяжкая гэта, відаць, справа — рэвалюцыя?

Кляновік не паспеў адказаць. Да століка падышоў афіцыянт папярэдзіць, што салун хутка зачыняецца.

— Прыходзь заўтра на Дзірнборн, там мітынг мае быць. Беспрацоўныя вырашылі правесці, на раніцу назначылі,— сказаў Кляновік, калі афіцыянт адышоў.

— Які мітынг?

— Мітынг сацыялістаў. Заўтра ж Першае мая. — Кляновік устаў.— Я, браце, люблю сярод мас быць. Душой ажываю. Масы — гэта жыццё. Ну, будзь! Гуд бай!

V

З пахмелля шумела ў галаве, але пра мітынг Лявон не забыў. Апрануўшыся, выйшаў на вуліцу. Брудна-шэрыя хмары навісалі над горадам, чапляючыся за яго высокія цагляныя гмахі. Нейкае яшчэ бязлістае ці, можа, усохлае дрэва абсела чарада чорных птушак. Гэта былі звычайныя вароны. Радаваліся, відаць, вясне і ладзілі свае гульні.

Людзі ішлі па адным і групамі. Забаставалі, аказваецца, трамвайныя служачыя, таму давялося ісці пяшком. Лявонка дабраўся да Дзірнборна і накіраваўся ў самы цэнтр, на плошчу. Там ужо процьма народу — не адна тысяча. Мужчыны, жанчыны, людзі розных узростаў. Столькі і на фэст не збіраецца.

Нейкі хлюст у жоўтым капелюшы круціў галавой, як бы яна была ў яго на шарнірах, дзівіўся:

— Колькі народу! Гэта нават, калі кандыдат у прэзідэнты выступае, дык столькі не збіраецца…

«Можа, і дзядзька Васіль тут?» — мільганула раптам думка.

Многія трымалі лозунгі, транспаранты, на якіх Лявонка разабраў па літарах: «Патрабуем 8-мі гадзіннага рабочага дня», «Няхай жыве адзінства рабочых!», «Краўцы Дэтройта працуюць у цяжкіх умовах»… У цэнтры натоўпу — драўляная платформа, з якой меліся выступаць аратары. Натоўп чакаў. Гэта былі не тыя, у белых балахонах, якіх ён бачыў у Маршалтаўне. Звычайны рабочы люд.

Нарэшце на платформу падняўся незнаёмы, гарадскога выгляду чалавек, зняў капялюш, абвёў натоўп вачыма і гучна пачаў:

— Я хачу павіншаваць усіх прысутных з нашым, рабочым святам Першага мая! Гэта вялікае свята працоўнай салідарнасці, узаемапавагі, узаемадапамогі! Мы, сацыялісты, цвёрда абяцаем вам карэнным чынам змяніць становішча сацыяльных нізоў, усіх працоўных. Рабочыя павінны мець работу і высокую аплату.

Прамоўца зноў агледзеў натоўп, нібы падшукваў пад свае словы людзей. Лявонка — па тым, як змоўк натоўп, адчуў, што тут умеюць цаніць аратарскае красамоўства. Сам ён ужо добра разбіраў англійскую мову.

— Таварышы! — крыкнуў выступовец і высока падняў капялюш.

«Няўжо ён і мяне назваў таварышам? — падумаў Лявонка. — Значыць, і я — таварыш!»

— Тава-арышы! Падтрымаем забастоўку трамвайных служачых!

«А як жа я заўтра траплю на працу, калі трамваі будуць стаяць?»

— Транспарт трэба перадаць грамадству! — нібы прыслухоўваючыся да Лявонкавых думак, гаварыў аратар.

Натоўп маўчаў.

— Вы маўчыце, — абурыўся прамоўца, — бо напалоханыя, не маеце правоў!

Хтосьці крыкнуў:

— Нашто вы падбухторваеце людзей?! Тое, што вы маеце на мэце, у Амэрыцы немагчыма!

— Па этапу яго з Амэрыкі! — далучыўся да яго нехта яшчэ. — Рэвалюцыяне-ер!

— У нас свая свабода, амерыканская! — залямантаваў трэці.

Аратар, аднак, і не думаў здавацца:

— Адзіна правільнае на свеце вучэнне — гэта вучэнне сацыялізму! Гэта лад сацыяльнай справядлівасці і свабоды!

Побач з выступоўцам паявіўся аднекуль чалавек з чырвоным сцягам у руках. Натоўп яшчэ больш зашумеў.

— Гэта сцяг сацыялістаў,— сказаў Лявонкаў сусед, што стаяў побач.

— Бачыш, вучыць, як жыць. Самі ведаем! — крычалі ў натоўпе.

— Галасуйце за сацыялістаў! Тады будзе добра ўсім! — аратар нібы пацвердзіў словы Лявонкавага суседа і пакінуў платформу.

«У Прусцы такога гаваруна адразу б падмялі. Кастанты тут жа адвёў бы яго ў халодную».

На платформе з'явіўся наступны прамоўца:

— Лэдзі і джэнтльмены!

Голас належаў чалавеку з выгляду вельмі слабому і хіламу, з бледным, відаць, ад хвалявання, тварам. У натоўпе глуха засмяяліся, але прамоўца гэтага нават не заўважыў.— Шчасце чалавека не залежыць ад грошай, а толькі ад яго ўнутраных здольнасцей адчуваць сябе шчаслівым!

Людзі аціхлі.

Прамоўца працягваў дрыжачым голасам:

— Я хачу быць мільянерам!

Цішыня змянілася рогатам.

— Хопіць брахаць, стары хрэн! — сказаў хлюст у жоўтым капелюшы.

— Вы зразумееце мяне, таму што я кажу вам ісціну. Я спачуваю вашаму жыццю! — Прамоўца спрабаваў суняць натоўп. — Я ўсяго зведаў у гэтым жыцці — мыў вокны, — ён паказаў рукой на высокія будынкі, што стаялі на плошчы, — чысціў боты, пёк хлеб. А што вы думаеце! Я працаваў грузчыкам! — Ён ткнуў сабе рукою ў пах.

— Відаць, грыжу зарабіў,— зарагатаў нехта побач.

— Я быў матросам! — выкрыкваў прамоўца, але яго ўжо ніхто не слухаў, бо і сам аратар згубіў нітку сваіх разваг.

Перад натоўпам з'явіўся наступны і, не здымаючы капелюша, таксама пачаў вучыць, як жыць. Гаварыў даволі нудна:

— Рабочыя павінны змагацца за васьмігадзінны рабочы дзень, за павышэнне аплаты. Вас падманваюць, кроў вашу п'юць!..

— А падаткі? Пра падаткі скажыце! Надта ж дзяруць… — прасіў нехта, але выступоўца ўжо саступіў месца іншаму, той, аднак, нейкі час марудзіў, не з'яўляўся.

— Людзі, асцярожна, не напірайце, — прасілі спераду.

— Гэтыя сацыялісты нічога не баяцца — ні Бога, ні чорта!

— Шумяць — у газеты хочуць трапіць… — сказаў нехта побач, зласліва зарагатаўшы.

Раптам Лявонка ўбачыў свайго ўчарашняга знаёмага. Кляновік энергічным крокам падышоў да таго месца, з якога выступалі прамоўцы.

— Тава-арышы! — раскінулася па плошчы.

Няўлоўным чымсьці ён нагадваў прускаўскага каваля Пракопа Пахолка. Здавалася, што і ў Андрэя такія ж шырокія плечы і грудзі.

— Прыватны капітал хоча паставіць нас на калені! Бедным і прыгнечаным ён нясе пакуты! — гаварыў ён па-англійску, нервова пакусваючы губы. — Рабочы клас і клас прадпрымальнікаў не маюць паміж сабой нічога агульнага. Міру не будзе да таго часу, пакуль мільёны працоўных церпяць голад і галечу, а нешматлікія асобы, якія складаюць клас прадпрымальнікаў — капіталістаў, карыстаюцца ўсімі дабротамі жыцця! Гэта яны ціснуць сокі з рабочага чалавека, пакуль ён не стане ні на што не прыдатнай анучай. Яны захапілі ўсе багацці зямлі, але яны нішто без нашых дужых рабочых рук! — Гаварыў Андрэй гучна і прыгожа, маючы, відаць, немалы вопыт у гэтай справе. Ён падняў руку і тыцнуў пальцам у натоўп, які яго слухаў: — Вы ствараеце ўсе каштоўнасці свету, а карыстаюцца імі іншыя! Капіталіст мае з нашай працы дадатковы кошт!

— Далоў капіталізм! — закрычалі з натоўпу.

— Так! — махнуў рукой прамоўца. — Буржуазія якраз і нарадзіла клас, які пахавае яе. Гэта мы — рабочыя, пралетарыі!

— Хто ж, па-вашаму, павінен валодаць фабрыкамі? — абудзіўся чыйсьці густы бас.

— Вы, рабочыя! — У прамоўцы на гэты конт не было ніякіх сумненняў.

У натоўпе падняўся чырвоны сцяг.

— Вашай працай валодаюць іншыя, а вы асуджаны на пакуты. Вы наёмныя рабы. Вечная галеча — вось ваш лёс. А паглядзіце! У якой раскошы жывуць яны! Хіба што толькі птушынага малака не хапае…

Натоўп гудзеў абурэннем:

— Правільна! Яны хочуць распнуць нас на залатым крыжы.

— Драпежнікі, гатовыя на ўсё дзеля ўласнай выгады.

— Мы для іх смецце, яны плююць на нас!

— Ганьба эксплуататарам! — крыкнуў выступовец. — Ганьба крывасмокам! Мы не ўтойваем сваіх поглядаў і намераў. Пара рваць ланцугі! — У пацвярджэнне сваіх слоў ён падняў над галавой руку са сціснутым кулаком. — Мы павінны зруйнаваць існуючую капіталістычную сістэму і пабудаваць новае грамадства, у якім прадукты чалавечай працы будуць звернуты на ўсеагульную карысць!

Ён гаварыў так, быццам добра ведаў, што чакае ўсіх наперадзе.

— Яны супраць Амэрыкі! — віскліва крыкнуў нехта побач.

— Ён парушае антыманапольны закон! — пачуліся новыя галасы.

— У Амэрыцы і так усе свабодныя…

Прамоўца не звяртаў увагі на рэплікі і злыя галасы. І Кужаль адчуваў, што словы Кляновіка маюць сілу пераканання і — хацеў бы таго ён ці не — уздзейнічаюць на яго, уваходзяць у свядомасць і нешта тлумачаць у свеце.

Некалькі чалавек расцягнулі палотнішча паласатага амерыканскага сцяга і запрашалі кідаць на яго грошы.

— У карысць шахцёраў! — тлумачылі яны.

— Яны вымушаны да страйку!

На сцяг паляцелі цэнты і нават даляравыя паперкі, кінутыя чыёйсьці спагадлівай рукой. Да платформы, з якой выступалі прамоўцы, наблізіўся дзябёлы палісмен — павёў вачыма, але, відаць, не ўгледзеўшы нічога супрацьзаконнага, нетаропка завярнуўся і пайшоў у другі бок. Кляновіка змяніў новы выступовец.

Лявонка не заўважыў, а толькі адчуў, як нехта ззаду абняў яго за плечы, паціснуў руку. Азірнуўся. «Андрэй! Гэта ж трэба — убачыў яго ў натоўпе!»

— Добры дзень!

— Са святам! — Прыяцель прыгладзіў далонню сваю ўскалмачаную чупрыну.

— Слухай, Андрэй, я хацеў у цябе запытаць…

— Калі ласка.

— А што такое дадатковы кошт?

— Знайшоў пра што запытаць! Гэта, брат, складана. Быў адзін разумны чалавек, які ўсё падлічыў, усю бухгалтэрыю! І мы гэту бухгалтэрыю перайначым! Ты ж казаў, што чытаў Маркса?

Лявонка хацеў нешта сказаць, але раптам у натоўпе заспявалі. Песня нараджалася спакваля, не надта суладна, як бы абмацваючы прастору. Слоў нельга было разабраць — гаварылася ў ёй пра нейкі апошні бой, апошняе змаганне, і мелодыю ён таксама чуў упершыню.

— Ведаеш, што я табе скажу, — Кляновік зноў паклаў яму руку на плячо, — ідзі ты да нас. У адзіночку змагацца нельга. Нічога не атрымаецца. Па ўсім свеце людзі ідуць за намі. Улічы гэта, зямляк!

— Хто ж гэта «вы», якая партыя?

— РСДРП.

Непадалёк знаходзіўся, пагардліва пазіраючы з-пад шырокага казырка, палісмен з паласатай палкай у руках. Той самы, што падыходзіў да платформы. Павярнуўшыся да іх, ён голасна і адрывіста нешта выгукнуў.

— Што ён кажа? — пацікавіўся Лявонка, які стаяў крыху далей і з-за гаманы натоўпу не пачуў.

Кляновік пасміхнуўся:

— Што можа сказаць паліцэйскі! Кажа, што гэта падбухторванне да беспарадкаў…

Нейкая жанчына, маладая і вельмі прыгожая з выгляду, відаць, пазнала Кляновіка, кінулася яму на шыю і пачала цалаваць. Той ледзьве адбіўся. Гледзячы на іх, Лявонка крыху і пазайздросціў новаму знаёмаму. Што значыць быць у цэнтры ўвагі! Раптам Андрэй захваляваўся і пачаў некуды спяшацца.

— Ой, братачка, прабач, мне ж часу няма! — Ён зрабіў некалькі хуткіх крокаў, забыўшы нават развітацца з сябрам.

А далей адбылося нешта зусім нечаканае: Кляновіка перанялі двое палісменаў, узялі пад рукі, груба адштурхнуўшы Лявонку, які хацеў ім нешта растлумачыць, і, нічога не кажучы, кудысьці павялі. Праз колькі хвілін аднекуль з'явіліся пажарныя каманды і пачалі разганяць натоўп вадой са шлангаў. Дасталі і Лявонку. Ён ішоў дадому мокры. У галаве раіліся няпэўныя думкі і адчуванні. Цяжка зразумець што-небудзь у жыцці і рассмакаваць яго, калі ўсяго толькі пазіраць на яго збоку. Яно, безумоўна, хутчэй адкрыецца таму, хто прымае ў ім актыўны ўдзел, шукае, рызыкуе, імкнецца ўсвядоміць яго сэнс і праўду.

Дома яго сустрэла гаспадыня. На стале ляжала паведамленне ад Падгурскага: грошы ён атрымаў. Джаана падала разагрэты суп, паставіла яго на столік у Лявонкавым пакоі, а сама, апрануўшы квяцісты халацік, прысела на кушэтку, на якой звычайна спаў кватарант. Мацала пасцель, быццам правярала, ці мяккая, ці ўтульна на ёй спаць. Вусны яе і шчокі былі добра падрумяненыя, а пукатыя грудзі ўпрыгожвала кветка. Потым, як бы штосьці ўспомніўшы, рухава заспяшалася на кухню. Пастаялец падумаў, што яго свет абмежаваны гэтай кватэркай і яе гаспадыняй, і сеў есці. Турбаваў лёс новага прыяцеля. «Адпусцяць! Ён нічога такога не зрабіў…» Джаана хуценька вярнулася з кухні з бутэлькай нейкага пітва і двума кілішкамі.

— Віскі,— растлумачыла яна і тут жа напоўніла кілішкі.

Кватарант адкрыў рот, каб нешта сказаць, але не паспеў — Джаана паднесла яму да губ кілішак і прымусіла выпіць:

— Не люблю людзей, якія не п'юць.

Выпіўшы, ён ізноў узяўся за суп.

— У мяне сёння пыталіся, — пахвалілася Джаана, — каторы з іх твой муж?

«Каго ж яна яшчэ мае на ўвазе, апроч яго? Юджына? Відаць…» Ірландзец усё яшчэ кватараваў у суседнім пакоі.

Ён даеў суп і адсунуў талерку ўбок. Настрой быў дрэнны. Гаспадыня прынесла закускі і прапанавала выпіць яшчэ. І зноў ён не змог адмовіцца. Потым дапамог занесці посуд на кухню. Калі вярнуўся з кухні, Джаана ўжо ляжала на яго кушэтцы, халацік на ёй быў расшпілены. «Няўжо яна не адчувае, што мне гэта непрыемна?»

А яна ўжо запрашала класціся побач. У голасе чулася патрабавальнасць:

— Леан!

Ён пачаў распранацца…

Назаўтра, пасля работы, Юджын па-змоўніцку падміргнуў і засмяяўся. Прускавец пачырванеў.

— Леан, — ірландзец паказаў яму два пальцы, — яна ў два разы за цябе старэй.

Яму стала сорамна, але ён нічога не адказаў. Пасля працоўнай змены ўжо не да жартаў. Цяпер ён працаваў па дванаццаць гадзін штодзень, міжвольна пазнаючы свае фізічныя магчымасці — на што ён здольны. Аказваецца, і на заводзе не так проста зарабіць тыя грошы…

VI

У гэты дзень ён, як і кожны раз, як звычайна, заступіў на змену — апрануўся, надзеў на рукі тоўстыя брызентавыя рукавіцы. У ліцейным — новы формай. Не ходзіць, а бегае. Кінуў погляд на Лявонку. Падалося, відаць, што рабочы марудзіць.

— Тэмпо! Тэмпо!

Форду патрэбен метал. Яго аўтамабільная кампанія выпускае — ажно не верыцца — дзвесце машын у дзень! У чэраве печы шугае, раве полымя. Завалачнае акенца пагрозліва зіркае крывава-чырвонымм вокам. Да пояса голыя ліцейшчыкі — гарачыня прымусіла распрануцца ўсіх, акрамя формана — сочаць за ім і час ад часу шырокімі шуфлямі кідаюць у пабялелую ад жару печ новыя порцыі вугалю. Целы іх блішчаць, ільсняцца ад поту. Успомніўся Цімоша — наўрад бы ён тут захацеў працаваць. Ды, мусіць, і Кляновік таксама. Формы для разліўкі металу пастаўлялі з суседняга цэха, дзе іх спецыяльна апрацоўвалі ад нагару. Лявонка паглядзеў на напарніка. Сёння Дэн выглядаў настолькі стомленым, што здавалася, вось-вось спаткнецца і паваліцца з ног. Але нарэшце плаўка была гатова, і коўш з металам пачалі разліваць па формах. Запоўнілі адну, другую, трэцюю… Справа ішла нармалёва, коўш быў ужо на тры чвэрці пусты, калі з суседняга цэха, адкуль паступалі формы, паведамілі, што формы закончыліся. А рэшта расплаўленага металу? Куды яе падзець? Такога яшчэ не здаралася. Можа спыніцца вытворчасць. Пры ўваходзе паказалася постаць формана. Зменшчыкі замітусіліся, не ведаючы, што рабіць. Ад напружанасці моманту рабочы, што разліваў метал, неяк вельмі ж неасцярожна нахіліў коўш, і варыва занадта моцным струменем хлынула ў форму. Бедны Дэн не паспеў адскочыць, і пырскі, як пякучыя раз'юшаныя восы, кінуліся на яго. Загарэлася вопратка.

— Вады! — прахрыпеў ён і паваліўся, не ўтрымаўшыся на нагах.

Падскочыў Лявонка, паспрабаваў дапамагчы зняць вопратку. Хутка прыспела медыцынская дапамога, з'явіліся пажарныя. Дэна паклалі на насілкі, накрылі прасціной. Праца спынілася, у людзей ужо не заставалася ні фізічных, ні маральных сіл.

Прыбіты тым, што адбылося, Лявонка апусціўся на цэментавы дол. Зверху на яго зняважліва, як яму здавалася, пазірала чорная аграмадзіна печы. І тут у яго пайшла горлам кроў. Прускаўца таксама вынеслі на насілках. Праз непрытомнасць ён паспеў пачуць чыюсьці ўсхваляваныя галасы:

— Здзекуюцца тут над намі! Формана трэба пад суд!

— І боса!

Тыдні са тры праляжаў у бальнічнай пасцелі. Моцны жар удалося збіць пілюлямі, але доўга ляжаць не давялося. Дзень у бальніцы каштаваў два даляры. Крыху ачуняўшы, зноў падаўся на завод. Працаваў да канца зімы, адчуваючы, аднак, што не зусім здаровы. Да знясіленасці дадалася прастуда, і зноў, калі кашляў, паказвалася кроў. На ім усё часцей спыняўся погляд формана. «Чаго гэта ён? — думаў ліцейшчык. — А можа, да яго дайшло, што тады на мітынгу на тым быў? Але ж, здаецца, мяне там ніхто не бачыў… Не, мяняць трэба работу, шукаць нешта іншае…» І ён ужо канчаткова вырашыў гэтак і зрабіць, калі аднойчы перад зменай пачуў ад формана:

— На тваім месцы ўжо працуе чалавек.

Лявонка як абамлеў, а калі да яго вярнулася здольнасць гаварыць, формана побач ужо не было.

Так ён зноў застаўся без работы, апынуўшыся на вуліцы сярод беспрацоўных. Як на тое і грошы скончыліся. Пасля бальніцы іх было не шмат, але на жыццё хапала. Цяпер у кішэні заставалася ўсяго дзесяць даляраў, яшчэ менш, чым у дзень прыезду, калі ён упершыню ступіў на амерыканскую зямлю. Знайсці работу самому — справа практычна безнадзейная. Пагэтаму з раніцы ішоў на біржу працы. Гатовы быў узяцца за любую, самую чорную работу, але яе не было. З фабрык і заводаў звальнялі, начлежкі і паркі былі перапоўнены беспрацоўнымі… Ля біржы ўжо стаяў натоўп беспрацоўных — людзі самых розных узростаў, мужчыны, жанчыны… На абліччах — пячатка нястач і страху. Пагляды скіраваны ў акенца, дзе сядзеў чыноўнік у накрухмаленай сарочцы, шоўкавай камізэльцы, пры гальштуку. Біржавая акула — так беспрацоўныя называлі гэтага чалавека. У зубах у «акулы» — тоўстая сігара. Пагляды беспрацоўных гарэлі надзеяй, але яна не спяшала спраўджвацца. На твары ў «акулы» застыў тупы і нерухомы выраз. Прускавец стаў у канцы. Народу ўсё прыбывала і прыбывала. Падыходзілі і проста цікаўныя, якія мелі працу.

Адзін з такіх цікаўных, чалавек з сытым абліччам, сказаў:

— Тыя, хто хоча атрымаць працу, збіраюцца, каб вы ведалі, на прыватнай біржы.

Прыватнай біржы трэба было плаціць, калі яна прадаставіць работу. Пяць даляраў ён адклаў даўно — на ўсякі выпадак. Вырашыў заўтра падацца на прыватную біржу. У галаве раіліся невясёлыя думкі — на чыесьці спачуванне і дапамогу разлічваць не даводзілася. Прыгадаўся Кляновік: «Калі гэтак здзекавацца над чалавекам, дык сапраўды можна выклікаць рэвалюцыю».

Між тым колькасць беспрацоўных з кожным днём павялічвалася, а работы — ніякай. Хоць у Пруску ўцякай! Былі б грошы, каб тады Падгурскаму не паслаў, дык узяў бы білет і памінай як звалі.

Дома яго якраз і чакаў ліст з радзімы. Пасля звычайных прывітанняў і паклонаў паведамлялася пра будаўніцтва панскай крухмальны «…У нас ужо цёпла. На крухмальні ў Падгурскага самы разгар работы. Ужо выкапалі ставы, падвысілі берагі. Насупраць панскага саду, дзе канчаюцца насыпныя берагі, паставілі запруду. Цяпер, Лявонка, калі прыедзеш, дык Плісу не пазнаеш. Сапраўдная рака. Пад абсталяванне пачалі ўжо будаваць і сам будынак. Прывезлі і тое абсталяванне, якое пан Станіслаў выпісаў ажно з Прусіі. Каб надзейна правезці яго ў двор, давялося рамантаваць не адзін мост па дарозе. Услед за абсталяваннем прыехаў лысы немец — для яго ўстаноўкі. Прозвішча — Лявар. Родам ён з Сілезіі. На жываце целяпаецца ланцужок ад гадзінніка, а сам гадзіннік у кішэні. Усе былі вельмі здзіўлены, калі даведайся, што ён мажа галаву варотамі яйкамі, каб раслі валасы…»

Далей сямейнікі пісалі пра сваё жыццё, якое ішло сваім ходам і было нязменным, пра Ганну, якая «чакае». Ліст заканчваўся спачуваннем Лявонку ў яго становішчы (чужына — гэта заўсёды не соладка) і пажаданнем хуткага вяртання.

Ён прачытаў ліст, падняўся і пастукаў у пакой да Юджына. Той моўчкі сядзеў на сваёй кушэтцы. Гаспадыня ўсё яшчэ трымала яго на кватэры, хоць ён, як і Лявонка, таксама быў без работы. Погляд ірландца ўтаропіўся ў водаправодную трубу, што праходзіла пад самай столлю.

— Жыццё, брат, танная рэч! — сказаў Юджын, калі Лявонка ўвайшоў у яго пакойчык. — Шкада, што ў Дэтройце няма Бруклінскага моста…

Прускавец ведаў: Бруклінскі мост — у Нью-Йорку, нядаўна пабудаваны. Яго паспелі прызвычаіць да сваіх патрэб самагубцы, якія, развітваючыся з жыццём, час ад часу кідаліся з яго ўніз.

— Аднойчы я бачыў,— працягваў Юджын, — на самым версе, — ён паказаў пальцам уверх, якраз туды, дзе была прымацавана водаправодная труба, — маленькую фігурку. Чалавек! — Юджын усміхнуўся. — Праз нейкае імгненне фігурка плаўна, — ён ізноў правёў рукой, — паляцела ўніз. Можа, ён што крычаў, але я нічога не пачуў.

— Знаходзяцца ж людзі,— развёў рукамі прускавец, — якіх настолькі перастала цікавіць жыццё…

— Знаходзяцца…

Лявонка бачыў, што чалавека трэба было як-небудзь падтрымаць. Ён збегаў у магазін і амаль на апошнія грошы купіў хлеба і паўфунта каўбасы. Гэта падбадзёрыла сябра, ён нават павесялеў.

Назаўтра прускавец пайшоў на прыватную біржу, але таксама безвынікова. Вярнуўшыся дадому, адчыніў дзверы ў Юджынаў пакой і ўбачыў, што ірландзец нерухома вісіць на вяроўцы, прычэпленай да водаправоднай трубы. Побач з перавернутай табурэткай валяліся стаптаныя чаравікі. Ён упершыню бачыў самагубцу. «Няўжо такое можа здарыцца з кожным? Хто яны — тыя, хто на гэта рашыўся, — безнадзейныя аўтсайдэры або гумарысты, якім абрыдла цягнуць жыццёвую лямку, ці, наадварот, не хапае дзівакам пачуцця гумару, бо калі б хапала, дык яны таго б не зрабілі…» Смерць ірландца ціснула і прыгнятала жорсткасцю і безвыходнасцю чалавечай долі. Успомніўся Букер. Букер Вашынгтан. Не, там быў няшчасны выпадак. Тут іншае. Хоць, калі падумаць, адно падобна на другое.

Гаспадыня выклікала паліцыю.

— Бывае так, што чалавеку захочацца павесіцца, сам у пяцельку лезе, — сказала яна пасля пахавання.

Лявонка ўспомніў, што яго сусед і сапраўды заглядаўся на столь, на тую злашчасную водаправодную трубу. «Некалі, можа, на гэтым месцы чыясьці калыска вісела… У жыцці ўсё побач…»

Праз колькі дзён, вярнуўшыся з біржы працы, ён убачыў, што яго драўляны чамаданчык выстаўлены ў калідор. «Не інакш прыбіраюць пакой», — падумаў ён, але ўспомніўшы, што не плаціў ужо некалькі тыдняў, зразумеў усё. Джаана праводзіла яго моўчкі, апусціўшы вочы і нават не згадаўшы пра доўг. Кватарант паабяцаў расплаціцца першымі грашыма — як толькі заробіць.

Некалькі начэй спаў у парку, потым нехта параіў яму адну начлежку — начны прытулак. Называлася яна чамусьці — па іроніі лёсу, ці што? — «Каралеўская» і каштавала дзесяць цэнтаў у суткі. Пастаяльцы спалі проста на падлозе. Некаторыя, добра стомленыя, храплі так, што здавалася, разваляцца сцены. У пакоі стаяў застарэлы пах карболкі і нейкіх лекаў. Гаспадыня ці хто з пастаяльцаў часта, відаць, звярталіся да валяр'янавых кропель. Місіс Айрыс — так звалі гаспадыню — на сваёй палавіне трымала шмат катоў. Гэта была худая метыска няпэўнага ўзросту, прыгорбленая, з выцвілымі вачыма. У роце ў яе пастаянна тырчала папяроса. Лявонка запэўніў, што ён не валацуга які-небудзь, а сапраўды шукае работу.

— Зразумела, — пыхнула яна папяросным дымам, — няма работы, няма грошай, а калі няма грошай — нічога няма!

— А якую ж работу вы шукаеце? — умяшаўся ў размову адзін з пастаяльцаў — прысадзісты мужчына з рудымі адтапыранымі вусамі.

— Сам не ведаю, — шчыра прызнаўся новы пастаялец.

— Час зараз цяжкі,— чалавек правёў рукою па вусах, як бы жадаючы іх крыху прыгладзіць.

Лявонка даведаўся, што ён слесар, але ўжо даўно не мае работы.

— А самі адкуль? — пацікавіўся рудавусы.

— Russian.

— О! Гэта вельмі далёка.

— Чаму? Гэта Еўропа.

— І нашто вам было ехаць сюды? Злятаюцца, як мухі на мёд, — дзівілася пані Айрыс, заціснуўшы папяросу ў куток рота.

— Трэба ж свет пабачыць! Як жа без гэтага? — адказаў прускавец, каб заадно падбадзёрыць і сябе самога.

— Свет пабачыць? — паціснула сухімі плячыма пані Айрыс. — Хіба ён не ўсюды аднолькавы?

Слесар з рудымі вусамі — эмігрант з Даніі. Праўда, імя ў яго амерыканскае — Боб. Прызнаўшы ў Лявонку земляка з Еўропы, пазычыў яму два даляры.

Еў Лявонка раз на дзень у самай таннай, напэўна, сталоўцы: абед каштаваў у ёй усяго дванаццаць цэнтаў. Пасля абеду ён зноў ішоў на біржу: а раптам пашанцуе. Вулічны брук завалены розным смеццем: паперкамі, разбітай упаковачнай тарай, гнілой садавінай і гароднінай. Мітусяцца людзі. Цяжэй за ўсё было гэтае чалавечае раўнадушша, ніхто не бачыць, ніхто не хоча дапамагчы. Пачуваеш сябе яшчэ больш самотна, чым у лесе, сярод дрэў. Але ж, калі падумаць, знаходзяцца і добрыя людзі: гаспадыня гэтай самай начлежкі пані Айрыс, датчанін, што пазычыў грошы, хоць сам такі ж бядняк…

Разважаючы сам з сабой, падышоў да фантана, які аздабляў невялічкі сквер, нагнуўся, зачарпнуў у прыгаршні вады, папіў. Ззаду заўважыў індзейца, які набліжаўся з працягнутай рукой. «Просіць грошы». Намацаў у кішэні манетку ў два цэнты і кінуў у руку індзейца.

— Кормяць гэтых нікчэмных валацуг, а якая з іх карысць? — пачулася ззаду.

Але ён не звярнуў увагі на гэтыя словы — трэба было паспець на біржу.

Дарогу раптам заступіў натоўп, што вываліў з суседняй вуліцы. Чуваць былі галасы:

— Папаўся, чарнамазы!

Натоўп віраваў вакол чарнаскурага чалавека з відавочнай прымессю індзейскай крыві, пра што сведчыў ягоны твар.

— Папаўся, чарнамазы! — паўтараў сыты чалавек з вялікім падбародкам і жыватом.

— Бі яго! — хваляваўся натоўп. — Бі!

— Белыя! — лямантаваў негр. — Бог сведка, я нічога дрэннага не рабіў!

Перад Лявонкам мітусіліся налітыя крывёю твары, пырскаючыя слінаю раты з выскаленымі зубамі.

— За што ж гэта яго? — пытаўся хтосьці побач.

— Кажуць, згвалціў белую дзяўчыну. Яго ўжо вялі ў турму, але сабраўся натоўп, — расказваў чалавек з шэрым шчаціннем на твары.

— Да жанчыны прыставаў! — тлумачыў увішны тып у глыбока насунутым на вочы зялёным капелюшы.

— А хто бачыў? Можа, каму здалося, а негр невінаваты? — засумняваўся нехта.

Яго адразу ж перапынілі:

— Не ўмешвайся! Не твая справа!

— Няшчасны… — паспачуваў жаночы голас.

— Назад іх трэба — у Афрыку! — лаяўся і махаў рукамі тып у зялёным капелюшы.

— У якую Афрыку! Паглядзі — ён жа напалавіну індзеец! — пярэчыў чалавек з няголеным шчаціннем на твары.

— Годдэм! — пачулася чыясьці басавітая лаянка.

— Годдэм! Годдэм! — з асалодай паўтараў нізенькі бялявы мужчына са светлымі вадзяністымі вачыма, грэбліва скрывіўшы губы.

— Я ні ў чым не вінаваты! — плакаў негр, але яго ніхто не слухаў.

Нельга было без жаху глядзець на азвярэлы натоўп лінчавальнікаў, якія збіліся ў нейкі д'ябальскі клубок. Асуджаны апраўдваўся, крычаў, маліў аб літасці, як бы шукаючы некага сярод натоўпу апухлымі ад крывацёкаў вачыма. Лявонку падумалася, што ён ужо некалькі разоў бачыў такое забойства канакрада ў Прусцы. Ад гэтай думкі ён ажно здрыгануўся.

— Расшпілі яму штаны! Што там у яго? Пакажы ўсім! — крычаў усё той жа зялёны капялюш.

Плечы і рукі негра канвульсіўна калаціліся, з рота выпаўзалі бурбалкі белай пены. Яго павалілі і пачалі абвязваць ногі вяроўкай.

— Адрэзаць! Адрэзаць! — узвіўся над натоўпам прарэзлівы голас.

У людзях абудзіўся нейкі звярыны інстынкт, нічым не стрымліваемая жорсткасць. Асабліва стараўся, мітусіўся ўвішны чалавек у зялёным капелюшы. Ён жа і палез на тэлеграфны слуп з канцом вяроўкі, заціснутай у зубах, і перакінуў яго праз жалезны крук. Праз некалькі імгненняў негр вісеў уніз галавой. Выгляд яго наводзіў жах: твар пасінеў, вочы выкаціліся з арбіт, з рота тырчаў вялікі чорны язык. Але і гэта, відаць, не задаволіла натоўп.

— Падпаліць! Падпаліць! — раўлі лінчавальнікі.

— Нафтай яго абліць! Нафтай!

Але да нафты справа не дайшла (не знайшлі, можа, ці што), і няшчасны застаўся вісець.

Лявонку зноў падалося, што гэта Букер — той самы Букер Вашынгтан, з якім разам працавалі на ферме ў містэра Брыца. Але не — ні таго, ні другога ўжо няма на свеце.

«…Забілі невядома за што. Можа, ён і не вінаваты… Усе ж ведаюць, што Хрыстос патрабаваў, каб мы любілі бліжняга, як самі сябе…»

На біржу ў той дзень ён ужо не пайшоў. Зайшоў у парк, пастаяў сярод дрэў. «…Не, у натоўпу няма праўды, няма міласэрнасці. Хрыста некалі ніхто не пашкадаваў. Крычалі: „Распні!..“»

Пра ўбачанае ён нікому не расказваў.

Назаўтра Лявон ізноў стаяў ля біржы, але безвынікова. Зайшоў у салун, той самы — «Разгавор па-руску», і на апошнія дзесяць цэнтаў заказаў піва. Піва было пракіслым, але ён, каб перабіць голад, выпіў увесь куфель. Голад, аднак, толькі ўзмацніўся. Выходзячы з салуна, прыхапіў забытую нейкім аматарам піва ці віскі газету. Вулічная гарачыня здалася неверагоднай. Ногі зрабіліся цяжкія, як налітыя волавам. А страўнік і не думаў супакойвацца, не пераставаў нагадваць гаспадару аб сабе: «Падумай пра мяне, падумай пра мяне!» Калі яшчэ меў у кішэні колькі цэнтаў, дык мог нават два дні не есці, трываць, ведаючы, што ў любы момант можна схадзіць у сталоўку. Цяпер жа, калі ў кішэнях пуста, трываць было проста немагчыма.

Вырашыў падацца ў парк. Ад голаду пачало хістаць. «А што, калі аслабну зусім? Тады канец… Знікну, прападу, і ведаць ніхто не будзе. Можа, гэтак і здарылася з дзядзькам Васілём?..» Прыйшлі на памяць словы вярбоўшчыка: «У Амэрыцы нават самы бедны есць пірагі». Магазіны і лаўкі — што праўда, то праўда, — былі забіты прадуктамі: мясам розных гатункаў, каўбасамі, кансервамі, хлебам, булкамі. Кіруючыся ў парк, спыніўся перад вітрынаю. З вітрыннага шкла на яго глядзеў схуднелы чалавек з падупалым тварам, аброслым цёмным шчаціннем. Зусім не падобны на таго прускаўскага Лявонку, якім ён сябе заўсёды ўяўляў. Шчокі ўваліліся і шчыльна абцягвалі скулы, з-пад нізкіх броваў стомлена і прыгнечана глядзелі чорныя вочы.

Да фізічнай адзіноты дадалася яшчэ і адзінота душэўная, яшчэ больш цяжкая. Навакольны свет быў абсалютна абыякавы і раўнадушны да тых, каму не пашанцавала ў жыцці. І здалося, што ён самы самотны ў свеце, самы няшчасны і нікчэмны. Ён ішоў, прыгорблены, і ніхто не звяртаў увагі, як бы яго і не было, усе занятыя сабой. У свядомасці прускаўца запанавала пачуццё бездапаможнасці і адчаю. Ён бачыў, як хлопчык-негр выцягнуў з памыйнага вядра выкінуты кімсьці сандвіч, абдзьмухаў і пачаў есці. А можа, і самому так? Цяжка захаваць павагу да сябе і заставацца самім сабою, калі гаворка ідзе пра тое, каб выжыць. Прускаўцам авалодалі сум, маркота і адчай. «Нашто я прыехаў сюды? Прывалокся, а цяпер? Хоць ты засілься! Як той Юджын… А можа, жыццё і не вартае таго, каб жыць? Бо які ж сэнс у такім існаванні? Дзе выйсце? Нешта ж давядзецца рабіць… А што рабіць? Не, відаць, мне ўжо няма месца на гэтым свеце. Гэта ж трэба было ехаць за край свету дзеля таго, каб памерці там. А можа, я таму і прыехаў сюды, можа, лёс мой такі?» Апанаваў страх. Здалося, што ён канчаткова заблытаўся і ў думках, і ў жыцці…

У парку ён паслаў на траву газету і лёг. Цяпер ён добра ведаў, што свет цёмны і страшны. Што ж рабіць?

З дрэва на дрэва, па галінках, пераскоквала белка, але Лявонка яе не бачыў. Адолела стома, і ён заснуў…

Ачнуўшыся, ён падняў галаву і толькі цяпер заўважыў, што газета надрукавана па-руску. Вочы пабеглі па радках і дабеглі да невялічкага артыкульчыка ў канцы газетнай паласы. Па складах прачытаў:

«Мільянер Біл Крамер расшуквае Мэры Хабард, Дораці Кларк і Фані Блэквуд. Ён завяшчае ім свае грошы як удзячнасць за тое, што 50 гадоў назад яны адмовіліся выйсці за яго замуж. У мінулым годзе містэр Крамер адзначыў свой 90-гадовы юбілей. Ён да гэтага часу халасцяк і лічыць, што калі б ажаніўся, то не дажыў бы да такога ўзросту. Кожная з памянёных жанчын мае атрымаць 300 тысяч даляраў».

Прускавец міжвольна ўсміхнуўся і, адчуўшы, як смокча пад лыжачкай, перавёў погляд на суседнюю калонку:

«Невядомы чалавек выскачыў учора з дзесятага паверха гатэля „Генерал Шэрман“ на рагу Дзірнборн і 5-й авеню. Труп знаходзіцца ў моргу для апазнання».

«Гаротнік нейкі, мусіць, як і я. З дзесятага паверха. Гэта высока, не мучыўся, пэўна. Адразу. Прыехаў, магчыма, адкуль, ды вось не пашанцавала. Але адчайны! А дома, можа, не ведаюць, чакаюць, як чакаюць да гэтага часу ў Прусцы дзядзьку Васіля. А можа, гэта ён і быў? Няўжо ў гатэлі жыў? Зрэшты, паміраць усё роўна давядзецца — зараз ці на колькі гадоў пазней. Розніца невялікая. Усё адно паміраць. — У галаве шалёна закруцілася думка пра канец, пра падзенне ў бездань, закруцілася, утвараючы ў свядомасці глыбокую варонку, якая нахабна зацягвала ў сябе. — А як жа сёстры без мяне застануцца? Хто ім дапаможа? А яшчэ ж мама, дзядуля — яны ж чакаць будуць. А Ганна, Ганна? Бацька не прыехаў, і я не з'яўлюся… — Пакутлівым болем налілося сэрца. — Хіба за гэтым я сюды ехаў? Не за гэтым…» Ён устаў, атрос з калень травінкі і зноў выйшаў на вуліцу. Вакол снавалі дробныя прадаўцы, голасна рэкламуючы свой тавар: салодкую гумку, сігары, арэхі, бананы, ліманад. Сярод іх былі, напэўна, прадстаўнікі ўсіх нацый і рас, якія толькі і ёсць на зямлі, аднак усе яны выглядалі абыякавымі і чужымі. Ён і сам не надта ўглядаўся ў гэты натоўп. Проста — ішоў. І раптам нечакана — ажно ўздрыгануўся! — на самым перакрыжаванні ўбачыў… прускаўскую Ганну. Яе! Каханая ішла не спяшаючыся, роўным крокам, павольна набліжаючыся да яго. Тонкімі шнурочкамі чарнелі бровы, на шыі, на грудзях палымнелі пацеры. Здаецца, яшчэ больш пастрайнела. Станістая стала. Пасміхалася. Вачам сваім не паверыў: адкуль яна тут? Нават не паведаміла… Ён бы неяк сустрэў… Ён пабег наперад, насустрач ёй, каб яна ўбачыла яго і, не дай Бог, не абмінула. Вось яны амаль што параўняліся. Але погляд дзяўчыны прайшоў па яго твары і нават не затрымаўся. «Не яна…» І ён неяк адразу і яшчэ вастрэй адчуў, як абступіла яго з усіх бакоў адзінота…

«А можа, вярнуцца мне на тую ферму? Людзі там неблагія, прымуць. Толькі як даехаць? На білет трэба грошы…»

З гэтымі думкамі ён дабрыў да начлежкі, дзе яго чакаў Боб. Ноччу яны спалі побач. Датчанін спачуваў яму як «земляку з Еўропы», бачачы яго становішча. Сам ён брукаваў вуліцы.

— Ёсць месца! — сустрэў Боб земляка.

— Дзе?

— Ідзі заўтра з раніцы, на станцыі патрэбны грузчыкі!

— Зразумела. Я вельмі вам удзячны, — захваляваўся прускавец.

Боб паціснуў плячыма.

Назаўтра Лявонка, яшчэ не світала, пабег на чыгуначную станцыю. Там, у канторы, нават узрадаваліся і тут жа прапанавалі разгружаць вагоны. Работа, вядома, часовая. Але якое гэта шчасце — мець хаця б часовую работу! Нават такую — насіць пяцідзесяцікілаграмовыя мяшкі з цэментам. Набралася іх — такіх, як ён, — некалькі чалавек. У цэментным пыле яны і не заўважылі, як да іх падышлі нейкія незнаёмыя.

— Якога чорта табе трэба? — спытаў адзін і злосна паглядзеў на прускаўца.

— Scab! [8] — сказаў другі.

Лявонка не зразумеў.

— Go away! [9] — наступалі незнаёмыя.

— Вон адсюль, штрэйкбрэхеры! — выгукнуў хтосьці яшчэ.

У грузчыкаў апусціліся рукі. Разгрузку давялося спыніць, за нявыкананую работу ім, зразумела, нічога не заплацілі.

Зноў пацягнуліся беспрацоўныя дні. Але аднойчы Боб, які ўсё апекаваўся хлопцам, абнадзеіў:

— Схадзі, Леан, на базар, сёння мы там брукавалі плошчу, там хапае ўсяго.

— Думаеш, там будзе работа? — Лявонка паглядзеў на сябра.

— Наконт пастаяннай работы не ведаю, але тое-сёе перахапіць можна. Пакуль што лепшае падвернецца…

Пайшоў на базар. Дапамог нейкаму гандляру панасіць скрынкі з апельсінамі са склада да прылаўка і атрымаў паўдаляра. Схадзіў у сталоўку. Пры базары можна было жыць. Зарабіць — нічога надта не заробіш, а з голаду не памрэш. Палепшаў крыху настрой.

«Раз нарадзіўся на свет, братка, то трэба жыць, — з нейкай новаадкрытай радасцю думаў прускавец. — А жыць жа — добра!»

— Бі стыл, Леан, — падбадзёрваў датчанін.

Бі стыл — па-англійску азначае: не хвалюйся, усё будзе добра. «Так-то яно так, — непакоіўся Лявонка, — але ж дзе зарабіць астатнія грошы, каб адаслаць дадому і самому хутчэй вярнуцца?» Тым не менш, як ні дзіўна, гэта разважлівае «бі стыл» прыйшлося яму даспадобы і запомнілася на ўсё жыццё. Потым многія не раз пачуюць «бі стыл» і ад яго…

Аднак Дэтройт — горад вялікі, і праца ўсё ж такі знаходзілася. Мыў аўтамабілі, прадаваў абутак, ахоўваў партовыя склады. Дзе толькі не працаваў! Уладкаваўся быў паштальёнам, успомніўшы Цімошу, які таксама адведаў гэтай сабачай работы. Куды ён цяпер падаўся — Цімоша той? Так перабыў яшчэ адну зіму. Калі пацяплела, разам з Бобам масціў вулічны брук, трывала ўмацоўваючы яго трамбоўкай-двухручкай. Плацілі слабавата, але трымацца можна было.

Сябраваў з Бобам. Разам выходзілі на прагулкі, наведвалі салун. Сядзелі часам за поўнач. З надыходам зімы разам з Бобам перабраліся ў пансіён місіс Фокс, дзе ў дадатак да начлегу быў яшчэ і сняданак. Новая гаспадыня аказалася жанчынай ураўнаважанай і спакойнай. На жыллёвыя ўмовы скардзіцца, здаецца, не было прычыны. Па-ранейшаму, у нядзелю час ад часу наведваў царкву, неўсвядомлена імкнучыся ў духоўным напружанні душы пераадолець самоту і неўладкаванасць. Ды ён ужо збольшага і прывык да свайго становішча і ўжо ніколі не задаваў сабе пытання: «Навошта я прыехаў сюды?», хоць настальгічная туга і не праходзіла.

Аднойчы прысніўся сон. Яны ўдваіх — ён і Ганна. І гэткая яна гожая, якой і тады не была. Першае, пра што ён памкнуўся ёй расказаць — як аднойчы тут, у Дэтройце, абазнаўся: сустрэў дзяўчыну, ну як дзве кроплі падобную на яе. Але Ганна як бы не пачула яго і пачала дакараць: «Ты ж абяцаў мне вадзяных лілій нарваць…» Ён успомніў, што сапраўды абяцаў. «Як тады, на Купалле, помніш?» — «Помню». Яна пасміхнулася, глянула на яго як бы зверху. Вядома, яна ж крыху вышэйшая за яго. «А Трахімку не баішся?» — «Чаго ж мне яго баяцца? Я яму так дам, што ён і другому закажа!» — «О! Які ты стаў…» — «Які?» — «Пройдземся крыху па-над рэчкаю, цяпер яны якраз цвісці пачалі», — прапанавала яна. І яны нібы пайшлі, пад нагамі слалася мяккая шоўкавая трава. На другім беразе гарэла вогнішча. «Купалле, — растлумачыла Ганна, — касцёр паляць». Ён захацеў абняць яе і прытуліць да сябе, нават адчуў пах валасоў і якраз у гэты момант прачнуўся. «Гэта ж трэба — нават пацалаваць не паспеў, усё абарвалася ў самым цікавым месцы… — пашкадаваў ён. — Эх, каб яна была побач! Мусіць, і сапраўды яшчэ больш пахарашэла Ганна мая?..»

Загудзелі фабрычныя гудкі. Пара ўставаць — работа чакаць не будзе…

VII

Перажыўшы зіму, ён зноў пачаў заўважаць, як ім авалодвае бадзяжны веснавы настрой. Захацелася збегчы — хоць на край свету! — ад гэтых машын, скрыгатлівых трамваяў, пранізлівых ранішніх гудкоў, дыму і чаду, бяссонных салунаў, якія чмурылі галаву так, што назаўтра і не падняць. Цяпер ён пачуваў сябе нашмат смялей, чым раней, няблага гаварыў па-англійску. Прайшло адчуванне сваёй ніжэйшасці. Цяпер ён быў упэўнены, што стаў упоравень з усім навакольным людам. Боб, хоць і не хацеў расставацца з таварышам, параіў падацца на Вялікія азёры — там працы хапае, заўсёды патрэбны матросы. Ім добра плацяць. Сам Боб ужо працаваў па сваёй спецыяльнасці — слесарам на «Форд мотар-компані».

Прускавец падумаў і вырашыў ехаць — да станцыі Гудзон. І, як заўсёды, цюкнула думка: «Можа, дзядзька Васіль сустрэнецца? Згубіўся недзе, небарака…» Білет каштаваў тры даляры дзевяноста пяць цэнтаў.

Гудзон, дзе ён выйшаў з цягніка, — драўляны гарадок на ўзбярэжжы аднайменнай ракі, пры ўпадзенні яе ў возера Эры — адно з Вялікіх азёр. На тым баку — штат Нью-Джэрсі. Азёры толькі што вызваліліся ад зімовага лёду. Ад вады несла водарасцямі і рыбнай луской. Многія насельнікі Гудзона займаліся рыбацкім промыслам. Развешаныя на скасабочаных слупах, сохлі рыбацкія сеці. Прайшоўшы па ўзбярэжжы, убачыў купку страката апранутых людзей, якія стаялі ля прычаленага невялічкага карабля і (відаць, на падпітку) спрабавалі спяваць нейкую песню. Асабліва гучна гарланіў чалавек у капелюшы з абвіслымі палямі, размахваючы доўгімі, амаль да калень, рукамі.

«Гэта ж рыбакі-матросы з прычаленага карабля», — зразумеў прускавец, падыходзячы бліжэй.

— А вам не трэба памочнік?

— Ду ю дрынк віскі? [10] — замест адказу спытаў даўгарукі ў капелюшы з абвіслымі палямі. Яго самазадаволена надзьмутыя губы выказвалі ўласную перавагу і нічога болей. Шырокія шлейкі, на якіх віселі штаны, перакрыжоўваліся на грудзях і на спіне.

— Спачатку зарабіць трэба, — адказаў Лявонка.

— Гэта так! — пагадзіліся прысутныя.

— Спайдэр, — адрэкамендаваўся дзяцюк у капелюшы і працягнуў Лявонку шклянку з пітвом. — На, выпі! — прапанаваў ён, ссунуўшы на патыліцу капялюш і шырока ашчэрыўшы белыя дзёсны.

Яго таварышы весела глядзелі на незнаёмца. Бесцырымоннасць ужо не здзіўляла. Прускавец зрабіў некалькі глыткоў. Спайдэр стаяў, схаваўшы за спіну свае доўгія, нібы клешчы, рукі, потым узяў са стала сухую рыбіну і ўдарыў ёю аб край.

— У эл?

З палубнай надбудовы выйшаў чалавек, круглатвары і шыракагруды, з адтапыранымі вусамі, зірнуў на іх:

— А можа, чалавек і сапраўды не п'е! — У яго рухах адчуваліся самавітасць і стоеная сіла, вочы запытальна глядзелі на новага чалавека.

— Гэта — боцман, — ціха падказаў адзін з матросаў.

— Шукаю работы, — прадставіўся Лявонка.

— А што ты можаш рабіць?

— Усё, што загадаеце.

Следам за боцманам з'явіўся капітан з люлькай у зубах. «Бос», — здагадаўся хлопец. Грубыя складкі перасякалі яго абветраны твар з коратка падстрыжанымі вусікамі і доўгім чырвоным носам. Непаспешлівая, упэўненая паходка і ўладныя жэсты сведчылі, што гэта чалавек рашучы і валявы. Ён таксама абмацаў Лявонку пранізлівымі вачыма і абмяняўся з боцманам кароткім позіркам.

— Будзеш матросам! — сказаў боцман.

Так ён уладкаваўся на невялікі рыбацкі карабель, які называўся тут смакам, — лавіць рыбу. Атрымаў цёплы світэр, рыбацкія грубыя боты. Плавалі па азёрах. Нездарма яны называліся Вялікімі — берагоў не ўбачыш, усё роўна як мора. Ззаду ў смака непаспешліва лапатала па хвалях, распырскваючы азёрную ваду, шырокае кола. Як толькі вецер — пачыналася гайданка. Даводзілася за нешта трымацца. Але і тут ён няблага пераносіў марскую хваробу. Як і тады, колькі гадоў назад, калі з сябрамі плыў у Амерыку. Пяць гадоў прайшло, нават крыху больш. Дзе яны цяпер? Піліпко, напэўна, пайшоў уверх, а Цімоша?

На вадзе для яго было шмат новага. Рыбу тут лавілі зусім не так, як у Прусцы Захарка Руцкі з яго нязменным стаўком. Іншыя і маштабы, і падыход. Назапасіўшы лёду, выходзілі з вусця Гудзона і шукалі на шырокіх азёрных абсягах месца, дзе можна было пачаць лоўлю. Нарэшце знаходзілі, і смак спыняўся. У ваду на стальных канатах з дапамогаю лябёдкі апускаўся трал, які ўяўляў сабою даволі вялікую і ёмістую сетку. Прускавец з тым самым Спайдэрам, што пры першай сустрэчы прапанаваў яму выпіць, па камандзе капітана якраз і круцілі гэтую лябёдку.

— Апусціць трал! — махае рукой капітан, не выняўшы з зубоў нязменнай сваёй люлькі.

Містэр Лукас — так звалі капітана — ведае сваю справу.

— Хары ап! — паўтарае яго каманду боцман. — Хутчэй.

Грукоча лябёдка. Спачатку апускалася ў ваду матня, а потым і ўсё астатняе, уключаючы і стальныя канаты.

Гучыць новая каманда:

— Стоп! Замацаваць лябёдку!

Гэта зрабіць нескладана — Лявонка са Спайдэрам спраўляюцца ў адзін міг.

— Поўны ўпярод!

Смак, лапочучы колам па вадзе, набірае хуткасць, але ідзе цяжка, ажно дрыжыць, бо валачэ за сабой трал. Тралілі па дзве-тры гадзіны. Пры гэтым боцман сачыў, каб трал ішоў па самым дне, інакш рыба не патрапіць у сетку. Трэба быць пільным. Трал можа за што-небудзь зачапіцца, — тады, калі не спыніць машыну, парвецца сетка, а пра рыбу ўжо і не пытай. На вахце для пад'ёму трала звычайна знаходзілася чалавек пяць, астатнія адпачывалі. Гэтыя пяць працавалі хутка і зладжана, не дапускаючы лішніх ці адвольных рухаў. Зляталіся чайкі. Лявонка кожны раз дзівіўся, імкнуўся разгадаць, як яны прадчуваюць гэты момант. А можа, чайкам перадаецца іх хваляванне і яны бачаць рухі, жэсты рыбакоў, чуюць скрып лябёдкі і блокаў? Нарэшце смак стопарыцца, нават адыходзіць крыху назад.

— Падняць трал! — каманда з капітанскага мосціка.

Хвалюецца, мусіць, і містэр Лукас, бо забывае пра зашчэмленую між зубоў пагаслую люльку, якая недарэчна тырчыць у яго пад носам. Трал праз сістэму блокаў, якія тут называюць талямі, паднімаецца з вады так, каб яго канец — матня — завіс над палубай. Віруе, пеніцца, кіпіць вада ў тым месцы, дзе мае з'явіцца з вады матня. Ужо відаць, як паміж грабеньчыкамі хваль варушыцца рыба. Нарэшце з глыбокай воднай тоні паказваецца матня, уся ў ціне, зялёная ад безлічы донных водарасцей і Бог ведае яшчэ якіх дзіўных стварэнняў. Свежы вецер пранізвае рыбакоў халоднай азёрнай вільгаццю.

У нос б'е нязвыклы і непрыемны пах азёрнага нутра. Адзін з матросаў хуценька развязвае матню, трал раскрываецца, і на палубу сыплецца рыбнае срэбра: траска, пікша, сайда, палтус, чырвоны марскі акунь.

У 1909 годзе ў Вялікія азёры ўпершыню была запушчана рыба корушка, так што зрэдку трапляла і яна. Тут жа крабы, ракі, марскія зоркі, вожыкі. Драбната! Ні акулы, ні касаткі ў Вялікіх азёрах, вядома, не лавіліся. Тое-сёе паспяваюць схапіць чайкі, якія яшчэ больш мітусяцца, крычаць, апускаюцца на палубу. Налоўленую рыбу — большай часткай гэта быў палтус — пластамі складвалі ў трум і вярталіся ў Гудзон на сваю прыстань. Прадавалі ў той самы дзень, тут жа, на прыстані.

Улоў выгружаны, бак запраўлены гаручым, у трум засыпаны лёд, і зноў адпраўляліся ў чарговы рэйс. Калі знаходзілі ўдалае рыбнае месца, то назаўтра з'яўляліся туды зноў.

Мурожныя берагі Гудзона нагадвалі родныя паплавы. Ля берага з вады тырчэлі знаёмыя па прускаўскіх балацявінах сцябліны кугі з чорнымі пачаткамі на канцах. Смак набіраў хуткасць, і неўзабаве берагі Гудзона расступаліся, расплываліся некуды ўдалячынь, зліваючыся з густым папялістым туманам. З чыстага неба зырка свяціла вясенняе сонца, мякка дуў бадзёры паўночны ветрык. Азёрная свежасць добра-такі халадзіла цела. Каб як сагрэцца, бралі з сабой матроскі джын.

— Рус! Хадзі сюды, табе кажуць!

Гэта — Спайдэр. У руках у яго бутэлька і шклянка. Карак і твар да чарнаты абпаленыя сонцам. Лявонка дастаў сандвічы, халоднае мяса. Са Спайдэрам яны пасябравалі, і калі была пляшка джыну, бывалы матрос клікаў гірускаўца. Джын прыемна пах ядлоўцам, духмянай смалой і смакам сваім нагадваў прускаўскую самагонку. Неяк да Лявонкі прывязаўся быў кашаль.

— Страхоўку хоць атрымаў? — пацікавіўся Спайдэр, размінаючы ў руках сухую рыбіну. — Калі застрахавацца, то і ад хваробы можна мець карысць.

— Якую страхоўку? — здзівіўся Лявонка. — Эмігрантаў гэта не датычыць…

Спайдэр спачувальна пакруціў галавой.

У цэлым, аднак, справы пайшлі весялей. За адзін тыдзень ён зарабіў столькі, колькі ў лінейцы за месяц, — шэсцьдзесят даляраў. Грошы Падгурскаму — трыста даляраў — паслаў на адрас Брэсцкага банка і адчуваў невыказную асалоду ад таго, што нарэшце ўдалося расплаціцца з даўгамі. З'явілася думка аб асабістай незалежнасці.

«Ну вось, расплаціўся — цяпер на дарогу сабраць і — бывай, Амэрыка!..»

Адзін за адным цягнуліся дні. Сярод матросаў некалькі неграў. Такія ж працавітыя, як і астатнія матросы. Вечарам ля прыстані даймалі камары — тут яны былі нейкія асабліва вялікія і злосныя. Лявонка, калі быў свабодны ад вахты, спускаўся ўніз, клаўся на ложак і, слухаючы, як храпуць яго таварышы-матросы, думаў пра сваё жыццё. Вясёлага, калі падумаць, не так і шмат. А свят і зусім няма. Выйшаўшы на палубу, пазіраў за борт. З азёрнай глыбіні глядзела зялёная зорка, слаба пабліскваючы сваімі зменлівымі промнямі. Як тады, на Купалле, з Ганнай.

Пасля вяртання з уловам начаваў тут жа, на караблі. Часам ішоў у барак, але ўмовы там былі не лепшыя. Ноччу ўжо не раз снілася, што ўсчалася бура і на іх маленькі смак вось-вось наваляцца высокія хвалі. Прачынаўся звычайна яшчэ да ўсходу сонца…

Вядома, усё залежала ад улову. Апошнім часам шанцавала ўсё менш. Капітан выглядаў сярдзітым і задуменным. Усе з нецярпеннем чакалі таго моманту, калі адкрыецца сезон лоўлі вустрыц. Вустрыцамі тут называлі ракавінкі, што пладзіліся на плыткіх азёрных мясцінах — водмелях. «Вось гэта — дзела!» — цмокаў языком Спайдэр і ўспамінаў мінулагодні сезон, калі яны, паводле яго слоў, ледзьве не сталі мільянерамі. Работа, праўда, нялёгкая. Гадзінамі боўталіся ў халоднай вадзе, пакуль некалькі разоў не напоўняць шлюпку і не адвязуць яе на смак. Вустрыцы, расказваў Спайдэр, калі адчуваюць небяспеку, шчыльна зачыняюць свае створкі і зарываюцца глыбей у пясок. Але іх знаходзілі — нават у пяску, кідалі ў шлюпку і адвозілі на смак, складвалі, як і рыбу, у трум, і калі трум запаўняўся, смак плыў у прызначанае месца, дзе капітана чакалі спажыўцы гэтага тавару. Асабліва цікавіліся ім гаспадары рэстаранаў, салунаў Аматары елі вустрыц сырымі, запіваючы півам і віскі.

Пакуль што, аднак, трэба было пачакаць — вустрычны сезон яшчэ не наступіў…

Калі смак стаяў ля прычала, капітан Лукас амаль не выходзіў са сваёй каюты. Загады перадаваў праз боцмана. На гэты раз ён загадаў сабрацца, калі ўжо добра звечарэла.

Каманда апранула цёплыя світэры, на нагах тыя самыя рыбацкія боты. Пасярэдзіне стаяў капітан. У зубах — люлька.

— Прашу ўвагі. Ідзём за вустрыцамі,— сказаў капітан і, не вымаючы з зубоў люлькі, чмыхнуў чырвоным носам.

«Але ж і нос, — падумаў Лявонка, — як бы хто паміж шчок моркву прыткнуў».

— Уэл? — азваўся боцман, акінуўшы вокам усіх прысутных.

— Але ж гэта браканьерства, — сказаў Спайдэр.

Капітан і боцман амаль адначасова павярнуліся да яго.

Матрос адразу змоўк. Капітану падпарадкоўваліся поўнасцю і безагаворачна.

Смак скрануўся з месца і ціха адышоў ад берага.

— Поўны ўпярод! — скамандаваў капітан і пыхнуў астылай люлькай.

Лавіць вустрыц дазвалялася ў сезон — пад восень, а пакуль што — Спайдэр меў рацыю — гэта лічылася браканьерствам. Таму яны і пайшлі ноччу. Лявонка, як бы адчуваючы нешта нядобрае, супакойваў сябе: «Гэта апошні раз. Зараблю на дарогу і паеду. Хопіць! Надаела бадзяцца па свеце. Пара ўжо і да сваёй гаспадаркі вярнуцца. Тое-сёе, здаецца, зразумеў…»

Пазіраючы на хвалі, ён уяўляў, як красуе жыта на прускаўскіх палях, што падступаюць да самай Бярэзіны. А лугавая раніца над Лосьнай! Апошнім часам ізноў усё часцей яго наведвала абвостранае пачуццё шкадобы да тых, што засталіся там, далёка, дома. Адны. Без чыёй-небудзь дапамогі. А ён жа іх кармілец! Часам настальгія, з'яўляючыся невядома адкуль, пранізвала ўсю яго істоту, перахоплівала дыханне. Сёння, калі яны ішлі за вустрыцамі, гэтае пачуццё ізноў востра нагадала пра сябе.

Злева наперарэз плыла шырокая баржа, на якой грамаздзіліся горы скрынак з нейкім таварам. Капітан падаў каманду, і смак абышоў баржу, развярнуўшыся перад самым яе носам. Выплыўшы з вусця Гудзона, павярнулі на поўдзень, да мелкаводдзя. Праз якую гадзіну, калі бераг быў блізка і плысці стала небяспечна, сталі на якар і спусцілі шлюпку. Некалькі рыбакоў, у тым ліку і Лявонка, селі ў яе і падаліся ў бок берага.

— Уважліва глядзіце ў ваду! Чуеце? Уважліва! — наказваў боцман.

Побач з ім знаходзіўся капітан Лукас. Ён стаяў нерухомы і непахісны, упёршыся ў палубу нагамі, як бы ўросшы ў яе і не адчуваючы гайданкі. Люлькі не курыў, мусіць, каб не выдаць сябе агеньчыкам.

— Што можна ноччу ўбачыць? — незадаволена круціў галавой Спайдэр.

— Убачыш! — строга адказаў яму боцман, які разам з капітанам і машыністам заставаўся на смаку. — Нагой намацаеш і ўбачыш.

Спайдэр казаў праўду: убачыць ракавінку з вустрыцай цяжка — трэба будзе абмацваць дно рукамі ці нагамі. Пара. Бераг знаходзіўся побач. Яны пакінулі шлюпку і, пераваліўшыся цераз борт, апынуліся ў вадзе.

Апошнім часам здароўе ў прускаўца пайшло на папраўку, кашаль адступіў. Затое распухлі і пачалі трэскацца рукі. Праўда, трэскаліся, калі абсыхалі, а ў вадзе скура мякчэла і можна было трываць. Ракавінкі ён намацваў нагамі, потым даставаў рукою і, напоўніўшы кош, нёс у шлюпку. Так працягвалася некалькі гадзін, але стомленасці ён не адчуваў, працаваў як заведзены…

Вецер між тым мацнеў, узбуйняў і пеніў хвалі, і тыя кідаліся на збіральнікаў ракавінак усё больш варожа, як бы хацелі прагнаць іх з абсягаў гэтай воднай прасторы. Прагнаць, каб папярэдзіць што благое? Бо насоўваўся, не іначай, шторм, і трэба было вяртацца дадому. Матросаў паклікалі на смак.

— Тэмпо! Тэмпо! — прыспешваў боцман.

Лявонка ўзабраўся на палубу па вераўчанай лесвіцы, і тут жа зазвінеў якарны ланцуг. Смак нібы ажыў і загайдаўся на хвалях. Вецер дуў з паўднёвага захаду. «Той самы тарнада!» — падумаў ён і пачуў, як над ім, уверсе, голасна закрычалі нейкія птушкі. У шуме вады пазнавалася стоеная трывога. Выраслі і добра-такі ўспеніліся хвалі. Разбіваючыся аб борт, яны абдавалі веерам халодных пырскаў. Смак натужна скрыпеў усімі сваімі снасцямі. Прыбавілі абароты, і карабель стаў набіраць хуткасць. Хвалі раз'юшваліся ўсё больш, пачалі ўжо абрушвацца на палубу і з пенай перакатвацца цераз яе, губляючы сілу і знікаючы за другім бортам.

Раптам наперадзе з'явіліся нейкія агні.

— Патруль! — занепакоіўся боцман і разгублена паглядзеў у бок капітанскага мосціка.

Гэта і сапраўды быў быстраходны шлюп, які мог без асаблівых намаганняў дагнаць не разлічаны на вялікую хуткасць стары рыбацкі смак, і ў ім упаўне магла быць канадская паліцыя. Пражэктарныя агні пагрозліва абмацвалі хвалі.

— Эй, за рулём! — крыкнуў капітан. — Трымай да ветру!

Смак павярнуў убок, і вецер туга дыхнуў у твар. Агні таксама некуды адсунуліся, адсталі, быццам зніклі, але потым ізноў пачалі набліжацца. Адчувалася, што са шлюпа іх заўважылі. Капітан яшчэ раз памяняў курс. Боцман загадаў выкінуць з трума вустрыц, іх выгружалі тымі самымі кашамі, а Лявонка са Спайдэрам высыпалі за борт.

Машына надрывалася, вібрыруючы ўсімі сваімі механізмамі. Кола хрыпла, з перабоямі лапатала па вадзе. У цемнаце Лявонка бачыў, як капітан і боцман нервова пазіралі адзін на аднаго. Смак тыкаўся ў вецер, як у якую сцяну. Усё роўна як нешта павінна было адбыцца.

— Slack here а bit! [11]— крыкнуў капітан, маючы на ўвазе, відаць, машыніста, які стаяў на карме, ля машыны.

Але было позна. Смак, як нейкі падбіты арол, узнёсся ўверх, на грэбень хвалі, і раптам абрынуўся ўніз, захлынаючыся вадой. Наступная хваля ўдарыла яшчэ мацней і змыла з палубы ўсіх, хто на ёй знаходзіўся. Гэта — апошняе, што запомніў прускавец, апынуўшыся ў вірлівай каламуці. Вада выштурхнула яго на паверхню, але з-за хваляў нічога і нікога нельга было ўбачыць, і ён з жахам зразумеў, што дапамогі не будзе, што яе няма адкуль чакаць, што ён адзін у гэтым бязлітасным віры. У свядомасці нібы ў сполахах бліскавіцы адзін за адным узнікалі імгненні пражытага. Выразна паўсталі ў памяці маці, сястрычкі, дзед Кірыла. «І Ганна не дачакаецца. Абяцаў вярнуцца, і раптам такое…» Ён па-сабачы доўга валтузіўся ў вадзе, змагаўся з хвалямі, адплёўваўся і нечакана для сябе заўважыў, як яго прыціснула да нечага цвёрдага. Гэта была перавернутая шлюпка з іх смака, на ёй яны падплывалі да берага за ракавінкамі. З цяжкасцю, кожны раз саслізгваючы, абламваючы пазногці, яму ўсё ж такі ўдалося ўчапіцца за кіль і разам са шлюпкай аддацца на волю лёсу.

А Спайдэр? А астатнія? І зор чамусьці не відаць. Вада здавалася густой і вязкай, як дзёгаць. Гайдаліся і біліся аб абернутую шлюпку хвалі, заліваючы тапельца. Некуды знік і патруль, як бы яго і не было.

Чалавекам авалодаў нясцерпны адчай: «А можа, я чужы для гэтага свету? Калі чужы, то не выплыву…» Дзесьці ў глыбіні істоты самі па сабе пачалі ўзнікаць словы малітвы. Гэта было дзіўна і нечакана для яго самога — вусны самі шапталі забытыя словы: «Божа міласціў, будзі мяне, грэшнага, саздаве імя Госпадзі, памілуй мя, Госпадзі, без чысла саграшыма, Госпадзі, памілуй…»

Ён паўтараў і паўтараў словы малітвы, пранікаючыся яе містычным сэнсам. Сіл, здаецца, ужо не было, і яму спатрэбіліся невераемныя намаганні, каб не страціць прытомнасць. «А Пруска? Няўжо так і не ўбачу? Нават ведаць нічога не будуць. Што благое падумаюць… Я павінен, павінен змагчы, у мяне павінна хапіць сілы, каб зрабіць гэта…» У галаве мітусілася нейкая бяссэнсіца, абрыўкі думак: «Ну, вось табе і Амэрыка. Гэта ж трэба было ехаць за свет, каб утапіцца». Зноў успомнілася маці. З глыбіні свядомасці выплыў вобраз Ганны. «Не, я павінен жыць, я мушу жыць, я хачу жыць!» Ён яшчэ мацней учапіўся за кіль.

Неба з цёмнага паступова станавілася ружовым, але чалавека пакідалі апошнія сілы. На світанні яго ахапіў страшэнны холад, і ён зразумеў, што акалее. Вяла прамільгнула думка: «Усё…» І ён страціў прытомнасць…

Выратаваў, можна сказаць, цуд. Акалелы, ён нават не адчуў, што нехта ўзяў за плечы, а потым пад рукі і пацягнуў у лодку. Гэта быў той самы патруль, ад якога ўцякаў іх смак.

Ачуняў толькі ў бальніцы.

— Запаленне лёгкіх, — сказаў нехта побач.

«Урач, мусіць». Тапелец адкрыў вочы: перад ім стаяў не ўрач, а дзяўчына ў белай сукенцы. Валасы па модзе схоплены чарапахавымі грабянцамі. На галаве быццам капялюшык з чырвоным пяром. Ён нават адчуваў яе дыханне на сваім твары. Цёплае і пяшчотнае. «Бузукова Ганна, амэрыканка! Да бацькі прыехала, на ферму. Не! Не яна. Гэта ж прускаўская Ганна!» Ён паспрабаваў падняць галаву, каб уважлівей яе разгледзець, але дзяўчына знікла. Усю істоту працяў востры нутраны боль, і, страціўшы свядомасць, хворы ўпаў на падушку.

Прыйшоў да памяці раніцай наступнага дня. Трызненне прайшло. Сэрца страпянулася ад радаснай думкі, што не загінуў, можа жыць, рухацца, бачыць святло. «А каб утапіўся, усё б страціў!»

VIII

Той раз бура на рацэ Гудзон і на возеры Эры патапіла не адзін іх смак, а ажно шэсць параходаў, забрала трыццаць пяць чалавечых ахвяр. Гэта праз колькі дзён яму паведаміў урач. Хворы глянуў на рукі з сінімі ўздутымі жыламі: «Вось табе і на! Зноў шпіталь…» Навакольны свет здаваўся яму цяпер нейкім крохкім і кволым. Зрэшты, як і ён сам. Доўга не праходзіў кашаль.

— Лёгкія ў цябе слабыя, нельга табе на вадзе! Табе сухі клімат патрэбны! — тлумачыў урач. — Ехаў бы ты, дружа, на поўдзень!

Пасля бальніцы, паправіўшыся, з'явіўся ў свой барак, у якім жыў, калі плаваў на смаку. З каманды ніхто не вярнуўся. Загінуў, мусіць, і Спайдэр, пра якога ў прускаўца засталіся добрыя ўспаміны. У бараку жылі ўжо новыя людзі — пра тых ніхто нічога не ведаў.

Тут яго дачакаўся нарэшце ліст з Прускі, і ён адразу ж пачаў чытаць. Пасля звычайных прывітанняў Тоня, відаць, пад сямейную дыктоўку, пісала:

«…Робіцца нешта і на небе, і тут, у нас. Гэта ж пабудавалі тую крухмальню. Крухмальня дае пану, вядома, добры прыбытак. Але здарылася і ў нас забастоўка. Новы настаўнік Мірон Міхайлавіч і раней казаў: „Несправядліва з вамі абыходзіцца Падгурскі. Вунь, кажа, у Амэрыцы па восем гадзін працуюць, не болей! А вы — самае малое па дванаццаць! Хаця б да дзесяці знізілі…“ Уступаць у перамовы ніхто не асмельваўся. Праца ішла па-ранейшаму, і ўсе думалі, што так і будзе. Ніхто ні разу не памкнуўся змяніць заведзены ход справы. І толькі калі Падгурскі знізіў расцэнкі: замест дваццаці капеек у дзень стаў плаціць пятнаццаць, — пачалося абурэнне. Бо пуд бульбы на базары і той каштаваў трыццаць капеек. Пачаўся склік. Людзі шумелі, спрачаліся, не пазнаць было нашых прускаўцаў. Забастоўшчыкаў пан хацеў прагнаць з работы. Але не. Нечакана для ўсіх згадзіўся пайсці на ўступку. Але хутка бульбу паварылі і праца на крухмальні скончылася, усіх распусцілі.

Як ты там? Цяжка, мусіць? Але спадзяёмся на літасць Бога, што ўсё будзе добра.

І яшчэ паведамляем табе, што з Амэрыкі вярнуўся Цімафей Хлябіч, твой таварыш. Кажуць, што гэну забастоўку ён і ўчыніў.

Яшчэ збіралі грошы на помнік трохсотгоддзю царскага дома дынастыі Раманавых. У нас ніхто дакладна не ведае, калі тое трохсотгоддзе. Бацюшка айцец Глеб і ўраднік Кастанты кажуць па-рознаму. Настаўнік Прускаўскай царкоўнапрыходскай школы Мірон Міхайлавіч Клімчук адмовіўся даваць, сказаў, што хутчэй утопіцца, чым зробіць гэта. Бацюшка айцец Глеб празваў яго вальнадумцам. Паліцэйскі ўраднік Кастанты данёс тыя словы станавому, і той чыніў допыт…»

Ліст, як звычайна, заканчваўся шматлікімі паклонамі, у тым ліку паклонам ад Ганны, пра якую было напісана:

«…Ходзіць Ганна як ружа, уся Пруска дзівіцца яе маладосці і хараству. Але ад Васіля з Амэрыкі па-ранейшаму нічога не чутно…»

Прачытаўшы, Лявонка замаркоціўся. Думаў пра Ганну, пра тое, што трэба вяртацца дадому. Там вунь якія падзеі. Успомніўся чамусьці Андрэй Кляновік. А можа, ён і мае рацыю? Яго прысутнасць на тым прускаўскім скліку была б вельмі дарэчы. І яшчэ больш захацелася дадому. Пакутлівая хвароба — настальгія. Ён адчуваў, як неадступным ценем ходзіць за ім яго адзінота. Вяртацца, вяртацца, вяртацца…

Трэба было зарабіць на дарогу і вяртацца. Але дзе знайсці работу аслабеламу пасля бальніцы? І тут у яго ўзнікла думка падацца на ферму да Бузукоў.

Стаяла лета. Білет купіў усё да той жа станцыі Маршалтаўн. Аконныя шыбіны ў вагонах былі прыспушчаны, і пасажыры адчувалі дыханне цёплага ветру, які нёс тонкі водар далёкіх траў і кветак. Лявонка ўглядаўся ў прывычныя ўжо краявіды — мільганне рэчак, азёраў, рэдкіх фермерскіх гаспадарак. Седзячы і заснуў.

У Ілінойс прыехаў пад раніцу. Нарэшце знаёмае:

— Маршалтаўн!

Трава серабрылася пад узыходзячым сонцам, але расы не было. Вось як здараецца: не спадзяваўся, што ізноў давядзецца ісці па гэтай дарозе. Тое самае наваколле, прырода, мясціны. Тыя самыя ільмы, толькі, здаецца, яшчэ больш магутныя, разложыстыя. Пад дрэвамі — каровы, авечкі. Пойма ўсё той жа Матушкі Волгі. Буслоў толькі чамусьці няма, і думка пабегла ў Пруску: а ў нас буслы — на кожнай балацявіне, на кожнай клуні. А як прыгожа ў Прусцы раніцай, калі сонца таксама толькі ўзыходзіць. Па расе прайсці, на дымок з комінаў паглядзець. Блінцамі, бульбай свежай пахне. Прускавец глыбока ўдыхнуў у сябе паветра. Цяпер хацелася толькі аднаго: крыху адпачыць, супакоіцца, сабрацца з сіламі і, зарабіўшы грошай на дарогу, вярнуцца дадому.

Нарэшце падышоў да каменнай агароджы, што з усіх бакоў абводзіла сядзібу Бузукоў. Агароджа зарасла бружмелем і шыпшынаю і стала як бы вышэй. Ён успомніў, што ёсць у ёй і яго камяні. Усё выглядала так, як і раней, аднак заўважаліся і некаторыя змены. Дом пафарбаваны ў зялёны колер.

Іван нешта рабіў на панадворку, каля хлява, і ўбачыў яго здалёк. На галаве ў яго насунуты на лоб шыракаполы капялюш з плоскімі палямі. «Не той, не саламяны», — падумаў прускавец. Але камбінезон і боты, відаць, тыя ж. Іван сардэчна паціснуў руку былому работніку. Крыху пастарэў, паддаўся націску часу. Каля вуснаў праступілі маршчыны.

— Я гляджу — агароджа ў вас стала вышэй!

Іван засмяяўся:

— Чым вышэй агароджа, тым чысцей поле.

Замест калодзежа — калонка. Пампуе ваду з глыбіні.

На ганак выйшла Мелані. Яна зусім не змянілася. Пазнала і ўсміхнулася. Павіталіся. Госця запрасілі ў хату.

Тая ж мэбля, на падаконніках усё тыя ж кветкі герані, на сцяне — знаёмая лямпа з бліскучым адлюстравальнікам. На стале стаяў грамафон фірмы «Віктор» — павеў новага. Лявонка расказаў пра сябе, пра свае прыгоды. Працаваў у «Форд мотар-компані» ў Дэтройце. І без працы доўгі час быў. Рыбачыў на Вялікіх азёрах. Прастудзіўся, плаваючы на караблі, урачы параілі падацца далей ад вады — у глыб кантынента. Доўга ў Амерыцы заставацца не плануе, з даўгамі разлічыўся, пара дадому. Што яму тут рабіць — аднаму?

— Манкі бізнес! — паспачуваў фермер.

— Здзекуюцца над прыезджымі, эмігранты здольны многае выцерпець, — уздыхнула Мелані.

— Падсмаж нам яечню з беконам, — сказаў Іван, хочучы, відаць, падмацаваць Лявонкавы падупалыя сілы, і ўсміхнуўся госцю: — Ой! Работы ў нас шмат! Сёлета я пакуль што нікога не браў — усё роўна як ведаў, што ты прыедзеш.

Іванавы словы ўзрадавалі прускаўца. Ён і сам не мог зразумець, чаму і за што людзі да яго добра адносіліся. Вось як гэты фермер. Мог жа сказаць — шукай работы ў іншым месцы, але не сказаў. Ведае, мусіць, што не падвядзе, таму і пакідае.

— Правільна зрабіў, што вярнуўся. Земляробства, братка, аснова ўсяго! Без зямлі чалавека няма.

Прускаўцу карцела спытаць пра Анет, але ён не рашаўся. Падтрымаў думку гаспадара:

— Так, сапраўды, мусіць, нарадзіўся я земляробам, і сялянская праца мне па душы. Цягне да яе, да вясковага ўлоння.

Гаспадары згодна ківалі галовамі.

— Анет ужо скончыла каледж? — не вытрымаў ён.

— Скончыла яшчэ ў мінулым годзе. Цяпер настаўніца, у Маршалтаўне, — адказала маці.

— Дык табе, відаць, пара ўжо і натуралізавацца? — сказаў Іван.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Гэта значыць атрымаць амерыканскае падданства.

— А што гэта дасць?

— Будзеш мець голас на выбарах, правы…

Было над чым падумаць.

Праца на ферме ішла па заведзеным земляробчым календары. Адпачываць надта не было калі, і ён улёг у работу.

Не, новага на ферме шмат. Асабліва здзівіла, што ў гаспадарцы з'явіліся невядомыя дагэтуль машыны. Іван, ужо без бацькі, паспеў купіць трактар — «Фардзон». Тут Лявонка некалі ўпершыню сеў на жняярку, а цяпер, можа, трактарам давядзецца пакіраваць? Ці толькі трактарам? У гаражы стаяў форд мадэлі «Т» з адкідным верхам.

— Добрая машына! — пахваліў Лявонка. — Гэтую машыну якраз на тым заводзе ў Дэтройце і рабілі.

— Гэп «Б'юік» купіў. Кажуць, «Б'юік» лепшы. Цана аднолькавая… — развёў рукамі Іван.

Лявонка ўспомніў, што Гэпы — суседзі Бузукоў, што іх сын Пітэр лічыўся жаніхом Анет.

— Амэрыка, брат, машынная нацыя! Чалавек без машыны — на што ён годны? Нават самы дужы не пацягаецца з машынай!

— З машынай не пацягаешся, — згадзіўся прускавец.

Некалі Іван здаваўся больш мяккім у параўнанні з бацькам. Цяпер і ў ім таксама з'явіліся бацькава ініцыятыўнасць, імкненне да мэты і сама мэта.

— Людзям трэба плаціць! — засмяяўся Іван. — Машына грошай не бярэ. Праўда, яе таксама трэба змазваць, рамантаваць…

* * *

Аднойчы, вяртаючыся з поля, рана скончыўшы працу, прускавец завітаў да квакераў. За пару міль адсюль яны, аказваецца, жылі цэлым селішчам. Цікавыя людзі, і сустрэлі прыязна, пачаставалі баршчом з гародніны, шчодра запраўленым алеем. Каню далі аўса, змешанага з сечкаю.

Лявонка прыгледзеўся да незнаёмых людзей. У абліччах некаторых з іх праглядваліся рысы індзейцаў. Падышоў святар у доўгім чорным сурдуце і нізкім шыракаполым капелюшы, павітаўся. Лявонка сказаў, хто ён, адкуль.

— Бог адзін, — распавёў святар. — Але мы не прызнаём царквы, яна толькі замінае ў адносінах чалавека з Богам, — ён гаварыў з уласцівай для квакераў стрыманасцю, нават урачыстасцю.

Квакеры як бы пахваліліся, што не бяруць у рукі зброю і што ў мінулым гэта прычыняла ім шмат непрыемнасцей.

Нейкі мужчына з пакалмачанай, як пакля, барадой, уважліва пазіраючы на Лявонку, сказаў:

— Фермеры па ўчастках жывуць — кожны асобна, а мы — селішчамі, супольна.

— У вас як бы свой невялікі горад…

— Не-е! У горадзе жыве д'ябал…

У размову зноў уступіў святар:

— Бог стварыў свет, прыроду і ўсё, што ёсць на зямлі, і падарыў чалавеку, сказаўшы пры гэтым: «Жыві з усім у згодзе!» А чалавек?

Прысутныя сумна ўздыхнулі.

— А чалавек, — працягваў святар, — аказаўся разбойнікам: хапае, ірве, нявечыць, знішчае… Усё гвалтам і гвалтам. Плуг прыдумаў, машыны… Распорвае жалеззем грудзі зямлі, кідае туды зерне: «Хочаш — не хочаш, зямля, а гадуй!» Вырасце тое збожжа, ён ізноў жалеззем яго пад корань!

Прускавец ніколі не думаў, што можна разважаць вось так.

Пасля непрацяглага маўчання чалавек з пакамечанай барадой сказаў:

— Мы жывём у дабрачэсціі, заставайся ў нас. У нас будзеш здаровым і багатым. Багацце — узнагарода за ўзорнае і бязгрэшнае жыццё.

Прускавец уважліва слухаў, а ў адказ сказаў:

— Для мяне новае, што я ад вас пачуў. Адразу адважыцца цяжка.

Вусны святара кранула ўсмешка.

Развітаўшыся з гасціннымі квакерамі, Лявонка падумаў пра тое, які разнастайны і шматаблічны свет. Квакеры чымсьці нагадалі яму дзівака Кузёмку з яго развагамі пра людзей, іх жыццё і норавы.

Калі станавілася асабліва самотна, успамінаў Пруску. Напісаў ліст.

«Дарагія мае мама, дзядуля і сястрычкі! За апошнія гады я шмат дзе быў, а цяпер зноў на той самай ферме, на якой працаваў раней. Не пісаў, бо пакуль пераехаў з азёраў, дзе меў сталую працу на караблі з рыбакамі. Таго гаспадара няма, памёр, гаспадарку вядзе яго сын Іван. Вядзе спраўна і жыве няблага. Я паназіраў. Адны тут жывуць добра, а другія — па гарадах — надта ж бедна, у вельмі цяжкіх умовах, але кожны імкнецца разбагацець. Дзеля гэтага людзі ідуць на ўсё. Але не кожнаму гэта ўдаецца…»

Ён успомніў капітана смака — няшчаснага Лукаса. Ці выплыў ён? А Спайдэр?

Напісаў пра сябе:

«…Шанцуе тут мне, як Кузёмку на попрадках. Прызнаюся, думаў нават ехаць у Канаду — там, кажуць, работу можна знайсці. Хутчэй. Тут з працай дрэнна. Колькі месяцаў працуеш, а потым ізноў без працы. Перадайце, хто збіраецца сюды, што я не раіў бы пакуль што кранацца з месца. Стала цяжка з работай. Ля біржы працы вялікія чэргі. Ноччу на адной з вуліц давалі галодным беспрацоўным па шклянцы кавы і па кавалку хлеба, але жадаючых збіралася столькі, што не даступішся. Часам за тым падмацункам даводзілася стаяць усю ноч, і часта ўсім не хапала. Пішу вам не тое, што чуў, а што сам ведаю. Тут у каго больш грошай — у таго і сіла. Беднаму не толькі не спачуваюць — ім нават пагарджаюць. Тут мне прапанавалі грамадзянства, бо я ўжо жыву ў Амэрыцы больш як пяць гадоў, але нашто яно мне, калі я знудзіўся па вас.

Напішыце, як там Ганна Васілішына? Перадавайце ёй прывітанне…»

У завяршэнне ліста ішлі шматлікія паклоны. У канцы прыпісаў:

«…Учора мне снілася Пруска. Наша поле ля Бярэзіны. Будзьце здаровенькі і шчаслівыя.

Ваш Лявонка 29.VII.1913 г.»

У разгар лета прыехала Анет. Адбылося гэта ў нядзелю раніцай. Ён прыбіраў пасцель у сваім павільёне і пачуў, як Мелані сказала:

— Ой, Ганначка! Каб ты ведала, хто ў нас! Лявон!

Ён не чуў, што адказала дачка.

Селі снедаць. Анет за сталом не было. На снеданне, як і раней, гаспадыня пякла аладкі, смажыла яечню, варыла аўсянку, густую і вязкую. І ўсё — смачнае.

Праз нейкі час, адпачыўшы пасля дарогі, выйшла Анет. Апранула, напэўна, лепшую сваю сукенку, падфарбавала вусны, прынесла ў пакой свежы водар чыстага дзявочага цела. Ён бачыў, як наліліся і акругліліся яе бёдры і плечы.

Павіталіся. Яна прыязна пасміхнулася. Лявонка заўважыў, што Анет шмат у чым змянілася з таго часу, здаецца, нават падрасла, але па-ранейшаму такая ж рухавая і жыццярадасная. У размову не ўмешвалася.

Гаварыў Іван:

— Вучоныя, кажуць, прыдумалі штучную яду. З'еў таблетку і цэлы дзень сыты. І ў поле не трэба абед браць. Знай сабе працуй…

— Не можа такога быць! — не паверыла Мелані.— Няўжо жанчыну калі-небудзь вызваляць ад кухні?

Іван паціснуў плячыма — на гэта ён не мог нічога адказаць…

Пад вечар Анет падышла да яго, калі ён сядзеў на лавачцы. Пасміхнулася. У вачах замітусіліся гарэзлівыя іскрынкі. Адчуўся ледзь улоўны пах парфумы. Мужчынская прырода, вядома, патрабавала блізкасці з жанчынай. Але вось цяпер, сустрэўшы яе, ён чамусьці не адчуў ніякага хвалявання.

— Як жылося ў Дэтройце?

— Па-рознаму. Я не толькі ў Дэтройце быў.

— А дзе яшчэ?

— Рыбачыў на Вялікіх азёрах.

— Вось як!

— А ты настаўніцай працуеш?

— Настаўніцай.

— Дзяцей вучыш?

Анет кіўнула галавой.

— Цікава?

— Вельмі.

— Рады за цябе. А я тут паспеў наведаць квакераў.

— Квакераў ці яшчэ каго-небудзь у Маршалтаўне? — усміхнулася Анет, цярэбячы ў руках белую батыставую хусцінку.

Ён здагадваўся, на што яна намякала. На жанчын, не іначай. У Маршалтаўне, не сакрэт, заўсёды можна знайсці жанчыну.

— А я сапраўды быў у квакераў. Вось квакеры, дарэчы, на жанчын нават не пазіраюць.

Пра квакераў яна ведала, напэўна, не менш, чым ён.

— Гэта так. Каханне да шлюбу ў іх не дазваляецца. — І дадала: — Каханне за грошы таксама не каханне.

«Чытае мне натацыі», — падумаў Лявонка.

— Ці навучыўся ты ездзіць на байку?

Лявонка пасміхнуўся, успомніўшы, як Анет вучыла яго трымацца на веласіпедзе, і адмоўна пакруціў галавой. Потым расказваў пра сваё жыццё ў Дэтройце і на Вялікіх азёрах. Але развіталіся яны суха.

— Што гэта я ўсё гавару і гавару без перапынку ды яшчэ і на благой мове, — сказаў ён, нібы просячы прабачэння, — не ведаю я мовы настолькі, каб свабодна размаўляць на ёй.

— Не, чаму? Цікава! — не пагадзілася яна. У яе словах пачулася нейкае какецтва.

— Цікава? Хто яго ведае… — Ён паціснуў плячыма. — Квакеры наогул не паважаюць тых, хто шмат гаворыць.

— Мы ж пакуль што не квакеры…

Ён баяўся: а раптам адносіны з Анет стануць такімі, што давядзецца застацца тут, можа, назаўсёды. Дарэмна — падстаў для гэтага, здаецца, не было. Праз некалькі дзён Анет паехала. Яму чамусьці стала шкада яе. І чаму яна так нечакана знікла? Можа, на яе ад'езд паўплывала тое, што за дзень перад гэтым яна ўбачыла, як ён запрог двухколку і паехаў у Маршалтаўн? А яму трэба было даведацца, ці было ў Маршалтаўне прадстаўніцтва параходнай кампаніі, каб, калі будзе патрэбна, узяць білет да Лібавы… Развітанне з Анет доўга не выходзіла з галавы, але ён нарэшце ўпэўніўся, што зрабіў правільна.

Здавалася, можна было і жыць, але пастаянна нешта гняло. Найбольш — нейкі стан няпэўнасці, у якім ён знаходзіўся. Кожны раз лавіў сябе на думцы, што ўсё навакол было чужое, не яго. Гаспадары — мілыя людзі, але не ставала адчування прывязанасці ці, лепш сказаць, прыналежнасці да таго свету, які яго акружаў.

ІХ

Ужо ўваходзіла ў сваю пару ілінойская восень. Нізка-нізка над зямлёй слаліся сівыя туманы, рознакаляровым лісцем трымцела на дрэвах «індзейскае лета». Прыемна ў такі час пахадзіць па лесе. Нідзе чалавек не адчувае хараства зямлі і сваёй адзіноты так, як сярод асенняй прыроды. Восень на рэдкасць цёплая, можна сказаць, ласкавая, але хутка зараве тарнада. Добрае і благое мяжуюцца паміж сабой. Так заўсёды ў жыцці.

Пастаяўшы ў лесе, Лявонка вяртаўся на ферму. Пад нагамі шалясцела ржышча. Скаціна хадзіла па полі, падбіраючы ацалелыя пачаткі кукурузы і каласкі. Каровы тут былі джэрсійскай пароды — невысокія, рудаватыя, з цёмна-карычневымі плямамі па баках, з цяжкім вымем, шырокімі раскідзістымі рагамі. Адна жывёліна нядаўна ацялілася проста на лузе. Нанач цялятка разам з маці загналі ў хлеў, дзе стаяла печ, якую тапілі кукурузнымі качарыжкамі, і было добра, цёпла.

Набліжалася свята — Дзень удзячнасці. Раніцай 11 лістапада гаспадар пастукаў у дзверы Лявонкавага павільёна.

— Уставай! Сёння ў нас свята! У гэты дзень успамінаюць продкаў.

Дзень удзячнасці — гэта, па сутнасці, тое ж, што ў беларусаў Дзяды, але ў Амерыцы ён адзначаецца больш шырока і пашанотна. У гэты дзень дабрачынныя арганізацыі робяць усё, каб кожны галодны і бяздомны меў бясплатны кавалак індычкі.

— Гуд монінг! — павітаўся Лявонка.

— Гуд монінг! Пайшлі ў хату! — запрасіў гаспадар.

Прускавец памыў рукі, спырснуў твар вадой і зайшоў да гаспадароў Вакол стала, які ў Бузукоў ўпрыгожвала смажаная індычка, завіхалася Мелані. Панаваў святочны настрой. Было, як кажуць у Прусцы, і хлеба і да хлеба — стол ламаўся ад талерак з рознай ежай. Перад тым як сесці, памаліліся. Гэта была малітва ўдзячнасці.

— Схілім галовы і звернемся ў думках да Усявышняга, — пачаў гаспадар.

Лявонка падумаў, што гэтыя словы ён чуў некалі і ад старога Грыцька — Іванавага бацькі. Іван успомніў і яго, і Адарку…

Калі малітва была скончана, яны прыселі. На стале стаялі, паміж закусак, сідр і піва. Гаспадар наліў усім у шклянкі сідру.

— Ты, можа, ужо да віскі прызвычаіўся? — глянуў ён на работніка.

— Каб прызвычаіцца, дык не, але каштаваць даводзілася.

Чокнуліся шклянкамі.

— Добрае свята! — сказаў Іван, выпіўшы сідру і наразаючы хлеб. — Яно і сапраўды нагадвае, што чалавек створаны для дабра і справядлівасці. У буднія дні мы не заўсёды пра гэта помнім.

Нешта падобнае гаварылі і квакеры, калі прускавец наведаў іх селішча.

Іван зноў наліў сідру, Мелані разрэзала індычку, і яны ўзялі па кавалку.

— Квакеры, — не стрымаўся Лявонка, — таксама лічаць, што чалавек здрадзіў свайму прызначэнню і паводзіць сябе па-заваёўніцку, ірве ўсё навокал, калечыць, знішчае.

Гаспадар засмяяўся:

— Дурні твае квакеры! Што яны разумеюць! «Ірве, знішчае…» А хіба ён мала будуе, стварае дабрабыт, пра законы думае, каб парадак быў?

Як дэмакрат паводле сваіх поглядаў і жыццёвага вопыту, ён, як і бацька, не прызнаваў ніякіх аўтарытэтаў, акрамя Бібліі, недзе ў глыбіні душы тоіў думку аб сваёй перавазе над усімі. Тут такіх шмат. Але, мусіць, прускаўца не ва ўсім пераканалі ягоныя довады. У нечым мелі рацыю і квакеры: «Калі падумаць, дык вось так бясконца будуць будаваць заводы, пракладваць дарогі, пашыраць гарады — і жывога месца на зямлі не застанецца…»

Мелані частавала сваімі стравамі. Выпілі яшчэ па шклянцы сідру. У галаве захарашэла, яны павесялелі, зноў сталі закусваць.

— Зямлі ў Амэрыцы хапае! — Іван паглядзеў на свайго работніка. — Бог любіць Амэрыку!

Лявонка расказаў, як ён аднойчы трапіў на мітынг у Дэтройце, на якім выступалі розныя прамоўцы і кожны гнуў сваё, як заарыштавалі яго земляка Кляновіка.

— Выпусцяць! — махнуў рукою гаспадар, дапіваючы сваё піва.

— У вас, я гляджу, рэвалюцыянераў не надта паважаюць…

— А хто іх паважае! Гэта бязбожнікі і гультаі. Працуючы так, як мы працуем на ферме, няма часу бунтаваць!

Мелані наліла ўсім піва, выпіла сама, устала з крэсла і выйшла на кухню. Хоць свята, але спраў шмат.

— У Амэрыцы, браце, рэвалюцыя непатрэбная. Тут ніхто нікому не замінае. Жыві, займайся сваёй справай, паважай законы…

Іван, як і бацька, выпісваў мясцовую ўкраінскую газету «Свабода». Ён падняўся, выйшаў у суседні пакой і вярнуўся адтуль з газетай.

— Вось паслухай, што піша «Свабода» пра гэту РСДРП: «Пануе страшний централізм, такий нейтралізм, що центр партіі… управляе партіею, неначе цар який».

РСДРП — гэта партыя рускіх рэвалюцыянераў. Лявонка пра гэта ведаў.

— Дык вось, — працягваў Іван, — у доказ газета разбірае статут РСДРП, у якім адбіліся выразныя цэнтралістычныя тэндэнцыі. Гэта тое самае самадзяржаўе.

— Яны дзейнічаюць падпольна, — сказаў Лявонка, — а канспірацыя патрабуе дысцыпліны.

— Усё роўна да дабра гэта не давядзе!

Выйшла гаспадыня і абвясціла:

— Торт з кавай!

— Пачакай, дарагая, — спыніў яе муж, — тут у нас гаворка цікавая.

— Дык адно аднаму не шкодзіць. — Мелані ўнесла торт, кафейнік, кубачкі.

Гаспадар паглядзеў на свайго работніка, прыязна ўсміхнуўся:

— Дык вось, дружа-беларус, заставайся ў нас.

Лявонка ўжо пераканаўся, як пацяплелі адносіны да яго з боку гаспадароў. Чэснасць і працавітасць хлопца, відаць, прыйшліся даспадобы, але тым не менш запрашэнне прагучала нечакана. Ён падумаў, што калі хто з прускаўцаў перамяшчаўся ў які-небудзь іншы куток Расійскай імперыі ці выязджаў за мяжу, што здаралася надзвычай рэдка, і заставаўся там, што было ўжо і зусім рэдка, памяняўшы бацькаўшчыну на новае месца жыцця, дык, трэба сказаць, яго не асуджалі, а хутчэй згаджаліся з учынкам чалавека: значыць, там лепш. Лявонка пра гэта ведаў.

— Добра? — як бы яшчэ раз падштурхнуў Іван.

Сапраўды! Павінен жа ў чалавека быць свой дом. Над гэтым прускавец думаў не раз.

— Заставайся! — падхапіла Мелані.— Завядзеш свой бізнес!..

Ён уздыхнуў, пачасаў патыліцу і шчыра прызнаўся:

— Дадому цягне, маці ў мяне там засталася, сёстры…

— Выпішам іх сюды — і маці, і сясцёр! Работы ў Амэрыцы вунь колькі, хопіць усім!

І Мелані ўхвальна ківала галавой.

— Падданства возьмеш!

Адчувалася, што гаспадары шчыра паважалі работніка, а можа, нават мелі на яго і якіясьці свае разлікі.

— У мяне яшчэ і дзядуля ёсць…

— І дзядулю!

— Стары ён, не вытрымае дарогі. Ды і спраў шмат: хату трэба дабудаваць, можа, зямлі ўдасца прыкупіць, каня добрага, пару кароў…

Пасля гэтага яны нейкі час маўчалі.

— Што ж, у кожнага свае планы, свае мэты… — услых падумаў Іван. — О'кэй! Будзе відаць! — махнуў ён рукой і разліў у шклянкі рэшткі сідру.

Часцей сталі прыходзіць лісты з Прускі, якія ён перачытваў па некалькі разоў. Пачыналася яшчэ адна амерыканская зіма. Магчыма, пагэтаму ўзмацніліся сум, душэўная трывога. Іван і Мелані бачылі яго стан.

Неяк гаспадар сказаў:

— Чаго ты зажурыўся? Вазьмі закуры, весялей будзе!

Яны закурылі, але курыць не хацелася, і запаленая цыгарка пагасла.

Іван параіў:

— Грошай крыху пашлі. І табе, і ім весялей будзе.

Іх размову чула Мелані.

— Лявон, ты ўвесь час адзін ды адзін — гэта ненармальна. Табе патрэбна гаспадыня. — Мелані ўтаропілася на яго сваімі вялікімі чорнымі вачыма.

Ён спачатку нічога не адказаў, успомніў Анет, а потым адмоўна пакруціў галавой:

— Жаніцца мне няма як, місіс Мелані, мяне дома чакаюць. Я там за гаспадара…

— А мне, па праўдзе кажучы, — Іван падмаргнуў жонцы, — зяць патрэбен. Камусьці трэба ж ферму пакінуць…

Відаць, і Мелані гэтак думала.

— А што ты там рабіцьмеш, на радзіме сваёй? — спачувальна ўздыхнуў Іван.

— Што ўсе робяць. Поле араць…

Іван стрымана ўсміхнуўся:

— Сахою?

— Нічога! З цягам часу з Амэрыкі «Фардзон» выпішу! Калі гаспадаром стану… — чамусьці раптам шкада стала — і гаспадара і гаспадыню. Столькі добрага яны яму зрабілі.— А можа, і вярнуся. Жыццё пакажа.

— Лепш, чым у нас, ты нідзе не знойдзеш! — усміхнуліся і гаспадар і гаспадыня і разышліся — у кожнага была свая праца.

Тонкім, бліскучым лёдам пакрываліся лужыны. Патроху церушыўся снег. Лявонка чысціў сцежку ад ганка да стадолы, кінуў коням канюшыны, разам з гаспадаром пакарміў кароў. Захацелася яшчэ раз перачытаць атрыманы нядаўна ліст з Прускі. Ён зайшоў у павільён, узяў са стала ліст і разгарнуў яго. Ліст запоўнены вялікімі няроўнымі літарамі — пісала Барбарка:

«Дарагі сынок, брацік і ўнучак!

Як ты там маешся? Жывы, здаровы? О, як бы мы хацелі б глянуць хаця б здалёк на цябе, што ты там парабляеш, ці, можа, забыў пра нас. Гэта ж прайшло столькі часу. Ад Спаса мінула ўжэ шэсць гадоў, як ты ў той Амэрыцы. Добра, што ты адмовіўся ад амэрыканскага падданства. Нашто яно табе! Вяртацца пара!

Цяпер пра нашы навіны. У царкве была служба ў гонар юбілею трохсотгоддзя дома Раманавых. Усё было вельмі ўрачыста. Айцец Глеб справіў новую рызу. Кузёмка гэту зіму некалькі тыдняў пражыў у нас. Плёў пасталы. Сам, праўда, у ботах. Расказваў, што шмат народу з нашага краю едзе ў Сібір, на перасяленне. Мы іх шкадуем. Надта ж цяжка назаўсёды пакідаць бацькаўшчыну, але што зробіш — трэба. Доля такая. У школе на Ражаство была ёлка. Пан Падгурскі даў тры рублі, на якія купілі цукеркаў і пернікаў. Дзеці расказвалі вершы, спявалі, весяліліся, а потым дасталі гасцінцаў.

Ганну Васілішыну наша Фядорка бачыла з Трахімам. Ён ёй і раней праходу не даваў, усё заігрываў, але Ганна малайчына, трымаецца, цябе чакае. У Хомчыхі нарадзіўся сын. Назвалі Арывонам.

Ажаніўся нарэшце Аляксей Галёнка. Не адну дзяўчыну скрыўдзіў, пакуль ажаніўся. Паўла Гальяша забралі ў салдаты. Скончыць вучылішча яму, беднаму, не ўдалося — не хапіла грошай. Апошні час жыў пры бацьках, дапамагаў на полі і ў клуні.

У нас не перастаюць ліць дажджы. Разлілася Лосьна, і добрую палавіну сена знесла вадою. Падгурскі купіў ровэра на гумовых колах, пафарбаваных у чырвоны колер. Спрабаваў ездзіць, але па снезе колы коўзаюцца, і ровэр упаў, прываліўшы самога Падгурскага.

Дзядулю нашага раматус даймае, ногі ломіць. Збольшага дапамагае дзядзька Хведар. Усяго табе самага найлепшага. Калі б ты ведаў, як мы чакаем ліста ад цябе, то пісаў бы, напэўна, часцей.

Усе табе перадаюць паклоны, і дзядзька Хведар.

Пісала Барбарка».

Ён напісаў у адказ, што ўлетку будзе дома і што чакае не дачакаецца той хвіліны, калі яны нарэшце ўбачацца. І сапраўды, нейкая сіла цягнула яго туды, адкуль прыехаў, прымушала думаць пра тых, каго пакінуў у родных мясцінах:

«Дома, цяпер, вызваліўшыся з даўгоў, я буду вольны, ні ад кога не залежны, а тут усё не сваё… І Ганна!..» Зноў успомніў яе захапляльную прыгожасць, якой убачыў яе тады, у клуні, на світанні…

А праз некалькі дзён паштальён прынёс новы ліст з Прускі. Напісалі, відаць, не дачакаўшыся яго адказу на папярэдні. Ён разгортваў яго з трывогай. Спачатку ішлі, як звычайна, паведамленні пра здароўе, стан гаспадаркі, надвор'е, а потым ён прачытаў:

«…Лявонка, мы табе раней не пісалі, а цяпер вось вырашылі напісаць. Дарагі сыночак. Ганна Васілішына не дачакалася цябе, выйшла замуж за Трахіма. Адбылося гэта ўжо колькі часу назад. Было вяселле…»

«Не дачакалася! — мільганула думка. — Бацька не вярнуўся, дык, мусіць, думала, што і я не вярнуся… А можа, яна мяне ніколі і не кахала? Гэта быў звычайны падман, а я верыў. А Трахім… Трахімка!.. Нягоднік… І Ганна, Ганна… Што ж, няма, відаць, на свеце такога кахання, якое б устаяла перад разлукай. Дык, можа, і Цімоша тады з гэтай прычыны так загадкава ўсміхаўся?..» Па шчоках пакаціліся слёзы, ён зноў паднёс ліст да вачэй:

«…Тоня, Фядора і Барбарка, усе мы, абураны гэтым яе ўчынкам. Ох, Ганна, Ганна… Прускаўскія жанкі таксама былі супраць, бо ўсе ведалі, што ў яе ёсць ты, хай сабе і ў Амэрыцы… Трахім хадзіў на попрадкі, каб пераканаць іх. Не змогшы іх у спрэчцы, ён ушчэнт пашчапаў ім калаўроты…»

Тут Лявонка не вытрымаў і зарыдаў уголас, бездапаможна, як бы адчуўшы ў тых калаўротах адлюстраванне свайго лёсу. Плачучы, чытаў далей:

«…Трахім быў апрануты ў белую палатняную вышытую сарочку і падперазаны поясам з кутасамі. І Ганна ўбралася па-святочнаму. Сарочка вышытая, спаднічка, фартушок, на галоўцы вяночак з рознакаляровымі стужкамі, але сама маладая надта смутная выглядала. Але што дзеецца? Не паспелі справіць вяселле, як Трахім зноў стаў хадзіць на музыкі. Ты ж яго ведаеш. А неўзабаве ў Ганны нарадзілася дзіця. Сынок. Неяк гэта было для ўсіх нечакана, бо пра Ганніну цяжарнасць ніхто не чуў — не падобна яна была на цяжарную. Бацюшка малога Косцем назваў. Відаць, у гонар Кастантага, які быў за кума.

Вось такія справы. У нас ужо восень. Ты надта там не ўбірайся. Трымайся. Дзяўчына знойдзецца заўсёды.

Пісала Тоня».

Пасля гэтага ён доўга не мог супакоіцца. «Жыццё дае нечаканасці, — раз-пораз уздыхаў ён, адклаўшы ліст убок. — Спадзяваўся на адно, а выйшла іншае. Што ж, такі, мусіць, лёс…» Успомніўся чамусьці радок з даўняга Ганнінага ліста: «Хлопцы за адзін вечар станцоўваюць па пары пасталоў».

«Датанцавалася!..»

Гаспадар заўважыў яго разгубленасць:

— Што здарылася?

Работнік пачуваў сябе ніякавата, толькі і здолеў сказаць:

— Мне спешна дадому трэба.

— What did you say? [12]

— Ліст прыйшоў з дому. Лна замуж выйшла, — растлумачыў прускавец.

— Хто?

— Дзяўчына мая…

— Ол райт! — паціснуў плячыма фермер. — Тым больш няма чаго хвалявацца. Нашто ехаць, калі яна ўжо замужам?

І потым — у гэтай сітуацыі яшчэ невядома, каму больш пашанцавала… — Іван глядзеў на яго са шкадаваннем, як на дзівака.

Розумам Лявонка пагаджаўся, што фермер гаворыць праўду, а сэрца не сунімалася: «Едзь!»

Іван, а потым і Мелані спрабавалі давесці сваё:

— Сюды ж едуць людзі, каб заставацца тут! — казаў Іван.

— Завядзеш свой бізнес… — угаворвала Мелані.

Гаспадар спрабаваў суцешыць:

— Хутка на зайцоў будзем паляваць, вунь іх колькі развялося!

Але Лявонку было не да зайцоў. «Не, Амэрыку я пакідаю — раз і назаўсёды. Вярнуцца ў Амэрыку? Ніколі. Гэта ж праз яе я страціў Ганну…» Вядома, Бузукам гэтак рэзка сказаць не пасмеў. Крыху супакоіўшыся, нават палагаднеў:

— Папраўлю справы і вярнуся. Я ж маю на гэта права на працягу двух год…

Забягаючы наперад, аднак, нельга не сказаць, што і праз дзесяць, і праз дваццаць, і праз больш гадоў ён не раз будзе шкадаваць, што пакінуў гэтую такую багатую на розныя дзівосы краіну, шырокую і па-сапраўднаму свабодную.

Х

Не адкладваючы, з'ездзіў у Маршалтаўн, зняў у банку невялікія грошы, што ляжалі на яго рахунку, хуценька купіў білет на параход, астатнія, за выключэннем тых, што патрэбны былі на дарогу, выслаў дадому. Параход — «California». Ён быў намаляваны на білеце — дыміў усімі чатырма высокімі чорнымі трубамі. Тут жа, у Маршалтаўне, набыў жоўты скураны чамадан, як-ніяк — амерыканец, новы капялюш, куртку і іншыя неабходныя рэчы і падарункі. Касцюм у яго быў яшчэ той — цёмны ў шэрую палоску, які яны некалі куплялі разам з Цімошам і Піліпком. Купіў яшчэ пару белых кашуль і мацісовыя запінкі да іх.

— Ты сёння выглядаеш, як новенькі даляр! — пажартаваў гаспадар, калі Лявонка вярнуўся з Маршалтаўна.

Мелані глядзела на яго з сумам.

— Білет купіў! «California»! — абвясціў Лявонка і паказаў чамадан.

— У Каліфорнію? — не зразумела Мелані.

— Дадому. Гэта параход «California».

— Вось яно як! — Фермер пачасаў патыліцу і паправіў капялюш.

Прускавец таксама развёў рукамі. «California» адплывала праз некалькі дзён. А там, праз пару тыдняў, Лібава. Трэба было развітвацца з гасціннымі гаспадарамі. Іван зрабіў канчатковы разлік.

Вяртаўся ён з Амерыкі на зыходзе 1913-га. На дварэ ўжо стаяла няўтульная нью-йоркская зіма. Над горадам плылі, чапляючыся за дахі шматпавярховых хмарачосаў, густыя звільгатнелыя аблокі. Пранізлівы вецер даставаў да самага споду, але прускавец не адчуваў холаду. Стоячы на палубе магутнай чатырохтрубнай «California», ён думаў пра той дзіўны збег абставін, які закінуў яго ажно на другі бок зямлі, за акіян, пра наканаванасць жыцця, у якім прычыннасць і лёс дзейнічалі як бы заадно.

«Чаму гэта я раптам так хутка падхапіўся і кінуўся дадому? Як і тады, калі сюды ехаў… Ганна, Ганна, Ганна… Гэта ты мяцеліш маім жыццём. Дзівак! Лічыў сябе незалежным. Незалежным — ад каго? Хіба можна быць незалежным ад сваіх пачуццяў, ад самога сябе? Ад той сілы, што падхапіла і панесла ў гэтыя невядомыя прасторы, у Амэрыку?.. Цяпер яна несла яго, як птушку, назад — у Еўропу, дадому, у Пруску. Гэта ўсё адно як нейкі інстынкт. Інстынкт вяртання. Пруска, Пруска, як ты там?»

Побач узвышаўся Нью-Йорк. Прускавец пазіраў на гэты велічны горад — галоўны горад краіны, якую яму даводзілася пакідаць. Нью-Йорк імкнуў у вышыню. Уперагонкі з хмарачосамі ўзнімаліся ў неба дзве высокія ажурныя дугі жалезных мастоў, перакінутых над Гудзонам. Удалечыні, у бок поўначы, угадваліся грузныя абрысы маўзалея Гранта, з левага боку ўзвышаўся нядаўна пабудаваны агромністы каталіцкі сабор, назвы якога Лявонка не ведаў. У тым баку, дзе знаходзіўся порт, тоўпіліся, як жалезныя жоравы, магутныя краны, павольна рухаючы сваімі цыбатымі шыямі. Назіраючы за іх працай, ён і не заўважыў, як «California» ціха кранулася з месца.

— Леан! Леан!

Нехта крычаў, стоячы на пірсе. Яму нават пачулася: «Ляво-он!» Ён выразна чуў.

«А можа, гэта яна — Анет? Не, такога не можа быць! Гэта хтосьці чужы…»

— Я і там цябе знайду-у-у!

Не, гэта яму здалося, не іначай. А можа, гэта крычалі каму-небудзь іншаму, не яму, але чамусьці шкада стала амерыканку. Потым свядомасць запоўнілі думкі пра другую Ганну — прускаўскую. Зноў заныла душа. Ён падумаў, што ў свеце, на жаль, няма згоды ў падзеях і ў чалавечых учынках. «А можа, гэта і добра, што яна выйшла замуж — я, як-ніяк, свабодны. Можа, якраз у гэтым шчасце?..»

«California» параўнялася са статуяй Свабоды, потым мінула яе. Ён сачыў, як яна аддалялася, і непрыметна для сябе перайшоў на карму. Глядзеў назад, на зямлю, з якою даводзілася развітвацца і на якой прыйшла да яго сталасць. Тут ён прайшоў праверку на трываласць, на права нешта значыць у гэтым свеце. Пакідаць Амерыку з яе багаццем і незвычайнымі магчымасцямі, дэмакратычнымі правамі і свабодамі — гэта і сапраўды варта было жалю. Гэтая краіна і яму магла даць разгарненне для жыцця. Ён успомніў не раз чутыя ад амерыканцаў словы: «Бог любіць Амерыку». Праўда, нялёгка выкарыстаць гэтыя магчымасці. Часцей за ўсё даводзілася спадзявацца толькі на сябе самога. З нейкім шкадаваннем падумаў, што колькі ён ні знаходзіўся ў Амерыцы, а так і не зразумеў, што такое бізнес.

Выблытаўшыся з Гудзонавага заліва, «California» ўзяла курс у Еўропу. Абрысы амерыканскага берага аддаляліся і раставалі ў блакітнай імгле. Нарэшце знікла і статуя Свабоды, а за ёю і чайкі. Вакол, як і тады, сем гадоў назад, ізноў закалыхалася акіянская далячынь.

Публіка, якая вярталася назад, у Еўропу, выглядала куды больш чыстай і дагледжанай, чым тая, што некалі плыла сюды, у Новы Свет. Прускавец часта паднімаўся на палубу, азіраўся на людзей, углядаўся ў шэрую бясконцасць акіяна. Крыху прытупіліся думкі пра Ганну, пра апошнія падзеі свайго жыцця. Як такое ўжо адбылося, то ўжо відаць, нічым не паправіш. Калі яна замужам, дык ужо позна. Яе не вернеш. Нічога не зробіш. Чаго ж я так раптоўна кінуўся? Трэба было раней. Яна ж чакала!.. Але дакуль можна чакаць?.. Сем гадоў прабыў тут, сем гадоў…

Вяртаўся іншым чалавекам. Калі падумаць, то вяртаўся з багаццем — вёз энергію новага вопыту, мыслення. Цімоша ўжо вярнуўся. А цяпер і ён вось едзе. А Піліпко, напэўна, застаўся. Жаніўся, мусіць, прыжыўся… Цікава, дзе зараз Андрэй Кляновік. У Амерыцы ці, можа, ужо ў Расіі?

Новы год сустракаў на караблі. 1914-ы. Восьмы з сустрэтых у Амерыцы. Сусед па каюце — мужчына з рудымі абвіслымі вусамі — прапанаваў выпіць віскі.

— Адкуль вы?

— Russian.

— O-o!

Каюту асвятляла слабенькая электрычная лямпачка — начнічок. Сусед быў гандлёвым агентам — вёз у Лібаву ўзоры прадукцыі сваёй фірмы — пальчаткі, дамскія сумачкі і парасоны. Пілі віскі, гутарылі.

Пад раніцу выйшлі на палубу. Дзьмуў вецер. Хвалі нагадвалі вадзяныя горы, паміж якімі карабель мог, калі б раптам не пашанцавала, перавярнуцца і пайсці на дно. Вецер злымі похапкамі зрываў з гэтых вадзяных гор пену і, тут жа, расціскаючы яе на пыл, кідаў на палубу Але «California», здавалася, плыла марудна, і Лявонка губляў цярпенне. Ахмялелы ад віскі і свежага ветру, ірвануў гузікі і зняў з сябе кашулю, добра-такі паношаную, размахнуўся і кінуў яе ў акіян.

Новы знаёмы засмяяўся:

— Новы год! Старыя рэчы далоў!

Кінуўшы, аднак, Лявонка ўспомніў, што ў кішэні яшчэ знаходзілася колькі даляраў. Стала шкада, але махнуў рукой — не кідацца ж за імі ў акіян. А хвалі, як ашалелыя, усё біліся аб борт, абдаючы зявак пырскамі пены.

Новы знаёмы, які стаяў побач і, абапёршыся на жалезную загародку, глядзеў у мора, сказаў:

— Недзе пад намі ляжыць «Тытанік». Аграмадны карабель! Колькі тысяч людзей на ім плыло…

Лявонка ўспомніў, што ён чытаў пра гэтае трагічнае здарэнне ў газетах.

— Гэта ж было ў мінулым годзе?

— У мінулым.

— І ніхто не выратаваўся?

— Ніхто.

Яны надоўга замаўчалі — кожны, мусіць, думаў пра сваё.

Падарожнік з Прускі зноў пачаў перабіраць у памяці ўбачанае і напатканае ў чужым краі. Розныя моманты давялося перажыць, нават і вельмі цяжкія, усяго паспытаць, але, можа, самае галоўнае — яму ўдалося глытнуць і адчуць смак свабоды. Моцны напітак! Можна сказаць, лекавы, здольны абудзіць у чалавеку веру ва ўласныя сілы, годнасць і незалежнасць. Галоўнае — незалежнасць. Каб ні ад кога не залежаць, кіравацца сваім розумам! Цяпер ён быў упэўнены, што чалавек павінен жыць так, як ён хоча, як лічыць патрэбным. Ён нават пасміхнуўся. Лічыш сябе прускаўцам, а ў табе ўжо жыве амерыканец. Ад гэтых думак станавілася нават весела. Аднак разам з тым прабівалася і іншае адчуванне: «Адзін, без людзей, ты таксама слабак. Калі б не паверылі, не пазычылі грошы на дарогу, не дапамаглі, нічога б не было. І Амэрыкі б не ўбачыў…»

…Праз тыдзень які ці крыху больш падплывалі да Еўропы. Вецер даносіў пах зямлі. А можа, яму так здавалася? У марской прасторы пачалі з'яўляцца чайкі. Яшчэ праз колькі дзён — Лібава. Усё больш узрастала трывога…

Загрузка...